12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Франц Сіўко

_____________________
Наўздагон.
Запісы

Што Калюгава проза, што Ластоўскага, – неба і зямля, як з савецкаю хрэстаматыйнаю ці з цяперашняю нашаю параўнаць. Лексіка, стылістыка, фразеалогія – усё нібы такое ж, і ўсё – іншае. А суладнасьць спосабу выражэньня думкі і асаблівасьцяў мысьленьня не такіх ужо і далёкіх нашых прашчураў! Пачытаеш і міжволі падумаеш, як незваротна страцілі мы адметнасьці ўласнае мовы, як далёка зайшлі ў грэбаваньні яе самасьцю. А найкепскае — людзей, што смак таго, даўняга слова здольныя адчуць, менее ды менее. І ня мовы толькі, а і аўры жыцьця прамінулага, клопатаў усіх ды прымхаў сялянскіх, з якіх яно, слова, нараджалася. І скуль ім узяцца, тым людзям, калі і па сёньня даробак майстроў, што служылі яму, роднаму афіцыёзу воўкам пахне.

l l l
Простае выйсьце, як нехта не спадабаўся, — зьнішчыць яго, забіць. А разам і тых, што побач з ім мелі няшчасьце аказацца, сьцерці ў пыл, скалечыць, пазбавіць рукі-нагі... Штогод гэткага планетарнага маштабу дзікунствы маем за прыклад: Афганістан, Ірак... Большасьць асуджае, ды нічога супрацьпаставіць разбою ня можа, меншасьць – стратэгі так званыя, што кепскую звычку зазіраць на сто гадоў наперад маюць, – падтрымліваюць, на канфармізм першых датычна няўгодных шторазу наракаючы. Але што такое стратэгія і ці абавязаны кожны, заняты собскімі клопатамі чалавек браць на сябе клопат яе ажыцьцяўленьня? Ды яшчэ калі і невядома, колькі Богава ў той стратэгіі, а колькі д’яблавага?

l l l
Паводле Фройда амаль.
Ноч. Мы з бацькам на ложку, упобачкі пад кажухом: зіма, у старой хаце, пераробленай пад жытло з нейкае стадолы, сьцюдзёна, няўтульна. Ціснуся да бацькі, сьпелячы спадзеў сказаць важнае, што вярэдзіць дзіцячую душу, а яшчэ больш – сустрэць разуменьне, хоць бы элементарную зацікаўленасьць маімі справамі.
— А, што табе? Сьпі!
Расчараваньне, крыўда, горыч. І ўсё, што ні было потым, — з іх пры­смакам.

l l l
У пражскім абменьніку. І так, і гэтак паказваю дзяўчыне, што трэба, — адно пасьміхаецца моўчкі. І раптам:
— Говорите по-русски! Мы вас еще помним…

l l l
Сваякі Быкава на юбілейнай вечарыне ў Вушачы – сьціплыя людзі, шчырыя па-сялянску. Во, пэўна, зьдзівіліся б, каб уведалі, колькі чаго (каго пасадзіць дзе, каго пусьціць, а каго не да мікрафону) напярэдадні вакол тае вечарыны ў ягамосных сферах круцілася-варылася.

l l l
Раней, па маладосьці, чаго, бывала, не пасьпееш зрабіць за дзень. Зараз якую-небудзь справу распачнеш зранку – і цэлы дзень адно пра яе клопат. Да прыкладу, выклічаш сантэхніка адрамантаваць кран, і ўжо толькі і думкі, як яно там будзе. Што зробіш: стар... сталасьць.

l l l
Сантэхнік. Адзіны за паўмесяца з новых знаёмцаў больш-менш прыемны чалавек. А былі да яго: з пяток начальнікаў, консул. Усе – у сабе, “кувшинные рыла”, адзінае, што вызначыш адразу, бяз рызыкі памыліцца: за крэселкі моцна трымаюцца. А тут – сантэхнік-душа! Казаў той, дробязь, а – прыемна.

l l l
Нашумелы “Код да Вінчы” Браўна — сімпатычна, утульна, камерна. Антураж (піраміда, залы Луўра, шэдэўры геніяў пэндзля) – тое, што ў немалой ступені, прынамсі, прасторава, безумоўна, выводзіць твор у ранг бестсэлера. Наогул жа — аўтарская фантазія, якая і ня надта перакананага верніка наўрад ці ад веры адверне.

l l l
З “Дзесяці правілаў для пісьменьнікаў” Акутагавы Рюноскэ:
“Той, хто імкнецца стаць пісьменьнікам, падобны да кіроўцы, які ня скончыў аўтамабільнай школы і на поўнай хуткасьці гоніць па вуліцы машыну. Ён ня можа спадзявацца, што жыцьцё яго будзе ціхамірным”.
“Паколькі пісьменьнік ня можа спадзявацца, што жыцьцё яго будзе ціхамірным, ён павінен ускладаць надзеі толькі на жыцьцёвыя сілы, грошы, філасофскае стаўленьне да жыцьця (быць гатовым весьці жыцьцё неўладкаванае). Трэба цьвёрда памятаць, што, як гэта ні нечакана, ціха­мірнае жыцьцё і пісьменьніцтва – рэчы, як правіла, несумяшчальныя. І тым, хто імкнецца да жыцьця ціхамірнага, лепш за ўсё не станавіцца пісьменьнікам. Варта памятаць, што пісьменьнік, пра якога можна сказаць, што ён жыве адносна ціхамірным жыцьцём, — гэта пісьменьнік, бія­графія якога ў дэталях проста невядомая”.
“... калі пісьменьнік усё ж жадае жыць адносна мірным жыцьцём, ён перадусім павінен загартаваць свой талент жыцейскі. ...Мець талент жыцейскі – значыць быць гаспадаром свайго лёсу ..., быць ветлівым і абыходлівым з любым, самым адпетым ідыётам”.
Усё правільна, ды як нашмат па-рознаму разумее кожны з нас тую згаданую ціхамірнасьць.

l l l
Офіс.
Усюды – паперкі нейкія, брудна, бы ў стадоле. За кожным сталом – па маладзёну, усе ваўкаватыя, занураныя ў сябе. Два дні мітрэнга, як справу элементарную да ладу давесьці: адзін не пытаецца толкам, што да чаго, другі – пра клопат свой як сьлед не распавядзе. Пыхі ж – на дзесяцярых хопіць. Бы адмыслова пра іх у песьні: “Я не такой, не такой, как все, – я ведь работаю в о-фи-се»! Мілая была песенька, ды неяк падазрона хутка зьнялі з тэлеэкрану.

l l l
Адкрытая душа – прыцягвае. Аголеная – адпужвае, а то і адштурхоў­вае. Рацыянальныя амерыканцы ўзьнёсла-пачуцьцёвай паэзіяй Уітмэна дзесяцігоддзямі грэбавалі. Тым больш пасьмяротнае прызнаньне паэта было безумоўным, абсалютным. Што ў знаёмцу (ці сучасьніку) раздражняе, тое ў староньнім (ці ў нябожчыку), наадварот, прываблівае.

l l l
Ёсьць паняцьце культуры жыцьця, ёсьць, адпаведна, — як аналогія – культуры сьмерці. І адно, і другое падразумеваюць, апроч усяго астатняга, наяўнасьць гармоніі цела і душы, суладнасьці ўчынкаў, адэкватнага рэагаваньня як на станоўчае, што адбываецца з намі, так і на негатыўнае. Яркі прыклад апошняга давялося пабачыць колькі год таму на пахаваньні дзядзькі Чэся. Утульна было на тых хаўтурах, цёпла, прыгожа – пад сьпевы рэлігійныя, успаміны. Не галасілі амаль па нябожчыку, і цётка Тамара, жонка, – ці ня менш за ўсіх. Згадвала, як добра было ім разам і якою радаснаю, мабыць, будзе хуткая сустрэча на тым сьвеце.

l l l
Дабрабыт заўжды чымсьці аплачаны: працаю, здароўем, часам. Часта – сумленьнем, і добра яшчэ – калі толькі ўласным. Што ва ўмовах татальнае асьцярогі, як у нас сёньня, згубіць і тое малое, што маеш, – звыклая рэч, можна сказаць, хрэстаматыйная.

l l l
Маці аповеды Кузьмы Чорнага незадоўга да сьмерці чытала. Так кранула яе тое чытво, што папрасіла яшчэ што прывезьці. “Трэба ж, акурат як у нас усё, падгледзеў ён, ці што, нашае жыцьцё, а не чувалася ж, здаецца, каб калі прыязджаў”.

l l l
Калі прыпусьціць, што занятак літаратурай — дурноцьце, то якое ж тады дурноцьце – гаварыць пра яе без супынку. І, мабыць, толькі такая распаўсюджаная і модная ў правінцыйным напаўпрафесійным літасяродку рэч, як чытаньне напісанага сябрам па тэлефоне, пераўзыходзіць па дурасьці і першае, і другое.

l l l
Усё, што ні напісана, – з вуліцы, з натоўпу. Бывае, так “нагрузішся” на дварэ сюжэтамі ды “паваротамі” – ледзь дахаты прывалачэш. Адно на паперу застаецца перанесьці. “Удог” гэтак “прыйшоў”, з запісаў гэтых добрая палова таксама. З куту глухога прыдруйскага, з Кухальшчыны напаўхутарской, дзе воля ажно сьвішча з усіх шчылінаў, і дзе хата адзіная, якраз тая, у якой на сьвет собіла-шчасьціла зьявіцца, ацалела, звычка.

l l l
Саракагадовае даўніны ўспамін.
Цётка па хлеб у краму за шэсьць вёрст, дачуўшыся, што нібыта прывезьлі ўрэшце, пайшла. Прыцягнулася сяк-так.
— Спазьніліся вы, — прадавачка кажа. – Усё прадала, нічога не засталося.
— А вунь жа пяць боханаў адкладзеныя, — цётка паказвае. — Дайце хоць адзін.
— То для чалавека аднаго з сельсавету пакінула. Не, не магу даць, не прасіце.
— Ну не, дык і не, я ж папыталася толькі... Другім разам тады.

l l l
Прачытаў гэтае, пра цётку і хлеб, чалавеку маладзейшаму – плячыма той неўразуменна паціснуў: што тут такога? Ну, не пашанцавала старой, ну, не хапіла бохана, іншым разам хопіць; і наогул, што вы з гэтымі старымі ўсё – быццам і ня дваццаць першае стагоддзе на дварэ!

l l l
З алкаголікам суіснаваньне – жорсткая дылема з жыцьцём на коне. Сам не памрэ – іншага, таго, хто побач, угоніць у магілу. Адыдзе той другі, – і сам ці засіліцца, ці згарыць, ці атруціць сябе дарэшты зельлем. Адзіны паратунак для цьвярозага другога – адпрэчыць учасна, адцурацца. Жорстка, ды такая дылема – з жыцьцём на коне.

l l l
Бывала, са школы вернешся ды і кульнешся, здарожаны (шэсьць вёрст як-ніяк у адзін бок), на ложак. Бацька разбудзіць: тое трэба памагчы, тое зрабіць. “А ўрокі! – маці заступіцца. – Хай вучыцца, самі зробім” – “Гэткая праца – урокі, — пасьміхнецца бацька. – Наўчыўся-наўчыўся хуценька – і займайся справаю”.

l l l
Штогод сьвяты новыя: Дзень таго, Дзень гэтага, пятага, дзясятага... Яшчэ атрамант пад пяром іхшэці на ўказе як сьлед ня высах, а ўжо, паабураўшыся, віншаваць сьпяшаемся — маму, тату, цёцю. У паўзе між тымі віншаванкамі на падпісоўца дзеля прыліку панаракаем, анекдотамі адзін аднаго пачастуем і змоўкнем сабе. Да аб’яўленьня чарговага Дня, што нядоўга чакаць.

l l l
Самае кепскае ў жыцьці – ня мець чалавека, які ведаў бы пра цябе ўсё. Прад якім і за лепшага сябе ўдаваць няёмка, і горшым, чым ёсьць насамрэч, з боязі страціць прыязнасьць, якою даражыш, не хацелася б.

l l l
Міжволі падслуханая размова атэіста са сьвятаром.
— Ну, дык калі ёсьць Бог, і ён стварыў чалавека, то чаму ж ня зробіць так, каб чалавек злога не чыніў?
— А Бог вольным стварыў кожнага, як зробіць сабе ці іншаму, так і будзе…
Што дадаць?

l l l
У часы савецкія за дзецьмі вайскоўцаў ды партдзеячоў, на якіх пралетарыі ды асабліва сяляне бяспашпартныя гарбаціліся, нідзе было не прабіцца. Усе да ідэалогіі бліжэй ціснуліся, дзе ня шуфлем, не сярпом, ня віламі трэба завіхацца, а слоўкам больш палымяным да завіханьня таго заклікаць, – у журналісты, актывісты, прапагандысты. У партшколах узровень свой ідэйны пападвысілі, людзям галовы сьветлаю будучыняй папатлумілі. Цяпер, волі смаку паспытаўшы ды страціўшы яе, да тых сялянскіх з ушчуваньнем: што ж вы, маўляў, у шыхты на змаганьне не становіцеся? А тыя – хвігу ў адказ: вам трэба – вы і станавіцеся. А мы не бацькі вам нашыя дурныя пра вашую сьветлую будучыню дбаць.

l l l
З выданьня Іштвана Рат-Вега “Камедыя кнігі” зьвесткі. У 1806 годзе імператар Франц выдаў указ, паводле якога ўводзілася дзяржаўнае кіраваньне творчасьцю раманістаў. Згодна з ім забараняліся: сентыментальныя любоўныя раманы, раманы пра геніяў, раманы пра прывідаў, разбойнікаў і рыцараў і наогул раманы як жанр. Не пашанцавала і п’есам. Так, згодна з рэкамендацыямі нейкага Хэгеліна, цэнзара з 35-гадовым стажам, у пастаноўках, дзе закранаюцца праблемы сям’і, усе шлюбныя пытаньні трэба было вырашаць толькі станоўча, бо “ў інтарэсах дзяржавы садзейнічаць законным шлюбам і законнаму дзетанараджэньню”. Скарыстаўшы гэткую рэкамендацыю, адзін з цэнзараў, напрыклад, калі спатыкнуўся аб эпізод, дзе закаханая пара ўваходзіла ў дом, “дапамог” няўмеламу аўтару: уставіў у твор натарыуса, што ўвайшоў у дом разам з ёю — такім чынам публіка мела адысьці са сьпектакля з упэўненасьцю, што там, у доме, будзе заключаны шлюб. Яшчэ далей пайшла ў 18 стагоддзі шведская цэнзура, якая патрабавала да разгляду ня толькі вершы, але і лінгвістычныя працы, вясельныя ды іншыя віншаванкі, прамовы і нават надмагільныя эпітафіі.

l l l
Што кіруе нашымі ўчынкамі? Напэўна, любоў, напэўна, грошы, напэўна, зайздрасьць. Самы ж магутны кіроўца – усё-ткі страх. Боязь не займець, не адпавядаць, не пасьпець, не прычыніцца, страціць. Колькі разоў спрабаваў кінуць паліць – усё дарэмна. А як прыціснула фізічна – само кінулася, і змушаць сябе не давялося. Пяць год пратрымаўся, а адчуваньне небясьпекі мінула – і ўсё нанова пачалося. І гэта пасьля ўжо амаль што паталагічнага непрыманьня і самога паленьня, і тых, хто паліць.

l l l
Бабульцы васьмідзесяцітрохгадовай, якая дагэтуль ведала пра паэзію толькі тое, мабыць, што яна ёсьць, пасьля вячэрняй радыёперадачы ў сьне сюжэт вершыка прытрызьніўся. Пра маці, што сына ў Чачні страціла, — чульлівы, з адпаведным наборам клічных сказаў вершычак. Уранку дачку паклікала старая: “Во, верш напісаўся, занясі ў рэдакцыю, хай падправяць і друкуюць. Нумар тэлефона ім пакінь, папросяць, – можа, і яшчэ што напішу”.

l l l
Некаторыя лічаць, што пісьменьніцтва – падсьвядомае жаданьне валадарыць душамі. А найперш, пэўна, усё-ткі ўсё таго ж страху вынік. Страху зьнікнуць дарэшты, нічога па сабе не пакінуўшы. Інакш адкуль часам у старых літаратараў гэтулькі імпэту ўсюды пасьпець, усюды адзначыцца, усюды засьведчыць уласную прысутнасьць? Калі ні дзеці, ні ўнукі, ні праўнукі, у якіх, здавалася б, павінен быў бы чалавек бачыць натуральны свой шанц на тую ж духоўную – ды і фізічную – несьмяротнасьць, — не ў разьлік, яны – самі па сабе, ён – сам па сабе. У выніку – адчужэньне, неразуменьне, папрокі, трагедыя расчараваньня. Не заўсёды, вядома, так бывае, але ж як часта даводзіцца ўсё тое назіраць.

l l l
Веру ў Бога, як добра ўсё ў жыцьці, гарманічна хоць бы збольшага, — і падтрымліваць, і мацаваць нескладана. А варта нейкай благой падзеі, прыкрасьці парушыць тую гармонію, – і ня тое што лёгкасьць сплывае, а і вера сама чэзьне, на другі ці яшчэ які план незаўважна адсоўваецца. І моц трэба немалую мець, каб вярнуць усё на ранейшыя кругі. Вера – гэта ня проста “памаліўся”, “паспавядаўся”,“папрасіў” аб нечым. Вера — вельмі няпросты, а нават і цяжкі, так бы мовіць, занятак. Калі мець на ўвазе сапраўдную яе, вядома, з захаваньнем усіх належных пастулатаў, а ня тую, што дзеля прыліку ці староньніх вачэй.

l l l
У дзяцінстве і юнацтве цяжка зразумець прычыну тых ці іншых паво­дзінаў дарослага чалавека. Сварыцца – значыць злы, маўчыць – значыць ваўкаваты і т.д. А ўжо даўмецца, што дарослы можа пакутаваць тымі ж хваробамі характару, што і дзіця, — неймаверны цяжар. Алена Іванаўна, настаўніца нашая выдатнейшы знаўца прадмету, дарэчы, за каго ні была толькі ў нас, якія заганаў ні прыпісвалі мы ёй. А яна ўсяго толькі і мела адну – крыўдлівасьць. Тую, што з адзіноты зазвычай вырастае і ёю ж, адзінотаю, ды яшчэ няўпэўненасьцю, ці патрэбны ты хоць каму наогул, сілкуецца праз усё жыцьцё.

l l l
Дзядзька быў, Цярэшка, — чырванатвары, руды, дзівакаваты. Піва крамнае скрынямі купляў. Накупляе і п’е потым паціху, выправіўшыся да става ці да возера з вудаю рыбу лавіць. Ці слота, ці заліваха, ці сьцюжа – усё яму нішто, абы ў хаце не сядзець, абы рухацца, барукацца са стыхіяй. Нават калі захварэў і канец ужо свой непазьбежны адчуваў, ня кінуў звычкі, не пажадаў нічога мяняць напрыканцы.

l l l
Рукапіс чалавек прынёс – старонак пад шэсьцьдзясят прозы пра вайну, з прозьвішчамі чыноўнікаў, да якіх з просьбаю паспрыяць выдаць зьвяртаўся. Паперадзе – аўтарская прадмова, у якой паміж развагамі аб важнасьці тэмы і такому знайшлося месца: “Калі вы прачытаеце гэты рукапіс, вам, не сумняваюся, не аднойчы па сьмерці аўтара захочацца прыйсьці пакласьці кветкі на яго магілку”.

l l l
Паэтка, вершы ў пяцьдзесят сем пачала пісаць. Усе дзьвесьце з каптурком – пранумараваныя, гісторыя напісаньня кожнага – сюжэт для асобнага аповеду. Прадмет асаблівага гонару аўтаркі – вершык пра каханьне “О, моя утонченная, нежная осень!”. “Не здаецца вам, што занадта пафасна?” – пытаюся. – “Ну, что вы, — не пагаджаецца. – Это же ведь так красиво звучит!».

l l l
У Люды Сіманёнак: “І невыноснай робіцца пустэча – адсутнасьць неабходных мне людзей”.
Ад маленства да сталых гадоў арбіту свайго зямнога існаваньня спадарожнікамі насяляем. У выніку — хто толькі ні круціцца на ёй, хто толькі ні трапляе на тую арбіту міжвольна ці наўмысна. Тым часам і самі за спадарожнікаў – міжвольных або прынаджаных – на чыіхсьці арбітах круцімся.
Церпім. Нас церпяць.

l l l
Ні наконт грамадскага ўладкаваньня, ні наконт беларушчыны – ані погляды з чалавекам не супадаюць. Расеец, сын вайскоўца да таго ж, у Віцебск па сканчэньні інстытуту трапіў на сталае жыхарства. Дваццаць гадоў знаёмыя, і ня памятаю выпадку, каб хоць раз за гэты час па-расейску міжсобку размаўлялі, заўжды – па-беларуску. І што мне погляды ягоныя, што думкі на тое ж уладкаваньне, калі – вось ён, учынак. Даражу.

l l l
Падчас інтэрв’ю з каталіцкай сям’ёю для “Ave Maria” – пра абставіны забойства шаснаццацігадовай дачкі гаспадароў размова.
— Хоць злавілі нелюдзя? – пытаюся напрыканцы.
— Не, — маці адказвае.
— Шкада.
— Што вы! – не пагадзілася. – Зловяць – ёй на тым сьвеце горай будзе.
Кватэра – праз два паверхі ад пляцоўкі, дзе забойства чынілася, і жыць у ёй – як штодня тую жудасьць трываць. Дзесяць гадоў неўзабаве споўніцца, як трываюць.

l l l
Псіханеўралагічная клініка, памежных станаў аддзяленьне. Гадоў сарака чалавек, выхаваны, інтэлігентны: “А я вось – адыходжу, здаецца...”. Яшчэ памяць пры ім, яшчэ боязь страціць повязь з рэальным жыцьцём дарэшты не пакінула. У вачах – адчай, што вось-вось не такім, як быў дагэтуль, інакшым (а якім – хто дасьць рады падказаць?) стане – і што тады? Пагляд, што гасьне-цьмянее спакваля, у сябе занурваючыся, — мяжы іншасьвету, дзе да скону неўзабаве атабарыцца, прыкмета. І тут чалавек яшчэ, і ўжо ня тут, і што самае жахлівае – сам гэта ўсьведамляе.

l l l
Сястры вясельле ладзілі. Партманецік маці дала з сямюстамі (на той час карова акурат гэтулькі каштавала) рублямі, не абы-якім потам здабытымі-заробленымі:
— Едзь у Мёры, купі сяго-таго к вясельлю.
Паехаў. У гаспадарчай краме, куды зазірнуў з цікаўнасьці па дарозе ў мясакамбінатаўскую, паклаў партманецік у кошык ды і забыўся, выхо­дзячы, на палку. На пошце толькі спахапіўся, дзесьці праз паўгадзіны, што няма ў кішэні, паляцеў назад. Як не задыхнуўся ад радасьці, убачыўшы на тым самым месцы, дзе паклаў.
Маці дома распавёў пра прыгоду – з твару ажно зьмянілася.
— Ну, то як ужо абышлося добра, бяры сабе партманет, хай будзе на памяць.
Праз месяц у Віцебску, у гаспадарчай зноў жа краме, выцягнулі з кошыка, і не адчуў нічога. Праўда, не з сямюстамі – са ста дваццацьцю рублямі, месячным заробкам настаўніцкім.
Шкада было, але не да вусьцішнасьці, як тады, калі ў сьне часам ці ў яве згадваў пра тыя семсот.

l l l
Вось і пратэз зубны.
— У стакане з вадою, ці як, уначы конча трымаць яго, доктар?
— Хто вам сказаў? Неабавязкова.
Радасьць.

l l l
Цёмнае, вычварнае, нялюдскае прэ з усіх шчылінаў. Вось ужо і бібліятэкарам у размовы са староньнімі на працоўным месцы “рэкамендавана” не ўступаць, і настаўнікам – ад галоўнай тэмы ўроку ні на сантыметр не адхіляцца, і таго ды гэтага ў аўдыторыю да люду паспалітага не пускаць. А часта ў якасьці падбухторшчыкаў да такіх “рэкамендацыяў” – п’яніцы вядомыя, абібокі, нікчэмнасьці. Напярэдадні Караткевічавых угодкаў, праз пару дзён пасьля ўстаноўчага сходу “правільнага” пісьменьніцкага саюзу аднаму з такіх патэлефанавалі, каб да ўдзелу ў чытаньнях пры бібліятэцы запрасіць. “З гэнымі? Ні ў якім разе! — адказаў абурана. – І наогул ведайце: апошні раз сатана баль правіць!”. Сатана – калегі па літцэху, якімі без малога два дзясяткі гадоў кіраваў і насуперак якім каго і адкуль толькі мог – і тых, каго брудам неаднойчы абліў, і тых, каго ня тое што за творцаў — за людзей ня лічыць, — агітаваў-валок дзеля лічбы на памянёны зьезд. От ужо насамрэч – САТАНА.

l l l
Што прыезду Гілевіча моладзь чакае, – ведаў, што сустрэча цёплаю будзе, – не сумняваўся, ды каб ажно гэтак – не ўяўляў. Шэсьцьсот чалавек без усялякіх падказак ды загадаў бы хваляю з месцаў падняло, і авацыі, авацыі, авацыі... Пасьля ў бібліятэцы: зала поўная, ніводзін праз га­дзіну чаканьня – затрымаліся ва універсітэце з-за аўтографаў — не сышоў, гэткі ж уздым, гэткая ж атмасфера роднасьці-ўзаемаразуменьня. Расчу­ліўся паэта, расхваляваўся, і ня дзіўна. “Уразілі вы мяне, віцябляне, вель-мі, — сказаў на разьвітаньне. – Так уразілі, што прыйдзецца сёе-тое і перагледзець са сваіх меркаваньняў на персьпектыву беларускай справы”. Потым ужо, па выступленьнях, дэпешы-перасьцярогі наўздагон ляцелі з інстанцыяў: што ж там казаў Народны?

l l l
Цяпер, праз гэтулькі гадоў пасьля ягонай сьмерці, разумею, наколькі гэта ня проста горка, а горка да вусьцішнасьці – разьмінуцца, не пасьпеўшы стаць роднымі. Быццам быў чалавек у тваім жыцьці, і быццам яго не было. Повязь крэўная ў повязь духоўную не трансфармавалася. Намінальны Сын, намінальны Бацька. Канешне, у жыцьці здараюцца і горшыя сітуацыі, але гэта – слабое суцяшэньне. Калі наогул можа быць суцяшэньнем.
Словы Татка, Татулька мне былі невядомыя, ці не таму заўсёды гэтак дзіўна чытаць іх у творах калегаў. Нейтральнае, але не пазбаўленае пэўнай цеплыні Тата я перастаў прамаўляць класе ў восьмым. Замяніў яго сухім Бацька або, пад настрой, — Юльянавіч.
Як і ў многіх схільных да Бахуса людзей, п’янаватая чульлівасьць ужывалася ў ім з невытлумачальнаю цьвярозаю эгаістычнасьцю. І вось настаў моманту, калі і першае, і другое перастала мяне кранаць. Але гэта ўжо была кульмінацыя адчужэньня, а не яго пачатак.

l l l
Ужо ледзь дыхае чалавек ад пераяданьня, а яму ўсё валакуць ды валакуць у палату харч. І нічога не застаецца беднаму, як спажываць. Усё смачнае, хатняга прыгатаваньня – не выкідваць жа. Такое “лячэньне”. А між тым нясмачная бальнічная ежа, хто б і як яе ні кляў, – самая збалансаваная і карысная. Ды так яно: што карыснае – неапетытнае; да чаго маем схільнасьць, што любім – сабе на шкоду. Клін клінам, толькі наадварот.

l l l
Цётка на пахаваньне ўласнае загадзя запрасіла:
– Глядзі ж, прыедзь, як памру, абавязкова...
Семдзесят дзевяць гадоў кабеціне, жыцьцё на сябе адно прывучыла спадзявацца – і не ўяўляе, як можна што на чужы розум пакінуць.

l l l
Лясьнік, сярэдняга ўзросту чалавек, ушчэнт, да чарноцьця выпетраны сонцам ды ветрам. Зубы ў роце – бы плот падзіраўлены, плечы брудныя. Сена парадкуючы, зваліўся з возу, парушылася штосьці ў грудзях, трапіў у бальніцу. Тут жа – незнаёмае ўсё, нязвыклае. У прыбіральню сходзіць, а змыць пасьля сябе ня дасьць розуму.
— Трэба змываць, — санітарка падкажа.
— Змываць? – пацісьне няўцямна плячыма. – Я ж па “малой” хадзіў, што там змываць?

l l l
Няроўна-ткі, сапраўды, Бог дзеліць.
Раматус – жорсткі, неадчэпны, неадступны, а яму – сорак пяць ад сілы. Ногі пухнуць, сэрца баліць, плечы бы ільдом скаваныя – па грыпе ўскладненьне. Уначы колькі разоў падымаецца, гімнастыку цішком, каб не пабудзіць каго ў палаце, робіць. Кожная хвіліна, кожнае імгненьне для яго – змаганьне за сябе, за больш-менш прыстойнае існаваньне. А побач “чарнільшчыкі” з тварамі абабітымі, у якіх праз цэлы дзень аднае турботы – высьлізнуць употайкі ў паўзе між працэдурамі ў прылеглы да бальніцы мікрараён ды хутчэй “атаварыцца” запаветным зельлем. І ніякая трасца іх не бярэ.

l l l
Пляменьнік дзесяцігадовы, якога ў дзеда ў вёсцы на тыдзень пакідалі, дахаты ў горад вярнуўся з плачам:
— Не паеду больш! Масла няма-а, хлеб чарствы-ы-ы...
І такое гора людзям бывае.

l l l
Дзе што ледзь прыстайнейшае, выгоднейшае – тут яны ўжо, савецкія ды партыйныя ўчорашнія. Добра, пігулка доўгажыхарства ня вынайдзеная, а то як бы хутка з гэткім іх спрытам адны спадкаемцы тых учорашніх і засталіся б на сьвеце.

l l l
У Камейшы – пра падабенства рэчаў да іх уладальнікаў. А як быдла, асабліва каровы, бывае да гаспадароў падобнае! Гаспадар рахманы – і Рыжуня гэткая ж ціхамірная, пралётны гаспадар – і Бялюня такая ж няўседлівая. Неяк аднаго разу ў студэнцтве, павяртаўшыся ўлетку ў вёску на вакацыі ды сабраўшыся на папасе, пачалі адгадваць, каторая чыя ў статку. І амаль на дзевяноста адсоткаў паадгадвалі. Што дзіўнага: селянін з быдла жыве, быдла – з селяніна, хочаш ня хочаш – трэба прыстасоўвацца адно да аднаго. І прыстасоўваньне тое, у адрозьненьне ад таго, што між людзьмі, — бяскроўнае зазвычай, бяз злосьці ды гвалту.

l l l
Пруст. Міжволі прыйдзеш да высновы, што грунт геніяльнага – тое ж банальнае, пераканаўчасьцю, што моцаю пачуцьця ды грунтоўнасьцю жыцьцёвага досьведу сілкуецца, адшліфаванае.

l l l
Ахвочасьць выліваць на іншага кепскія эмоцыі, — у пэўнай ступені праява хамства. І чым больш ты, “адрасат”, церпіш, тым з большым імпэтам на цябе “выліваюць”. Сказаць, што сваіх справаў вышэй галавы, — няёмка, ды і крыўдзіць чалавека ня хочацца. А ён (яна), глядзіш, і “спавяданьне” гэткае сваё, і цярпеньне тваё ўжо як належнае пачынае ўспрымаць. Доўга цярпеў, пакуль неяк аднаго разу ў газеце “рэцэпт” ня вычытаў. Аказваецца, усё проста: ён “ліе”, а ты трымай слухаўку пры вуху ды прагаворвай у думках: “Ідзі да д’ябла! Ідзі да д’ябла!”. Паспрабаваў – памагае, ва ўсялякім разе галава па тых “споведзях” гэтак не баліць, як раней.

l l l
З аўтаркай кніжкі нягеглай, што прыйшла з заяваю аб рэкамендацыі да ўступленьня ў творчую суполку, размова.
— А як не дамо рэкамендацыі, што будзеце рабіць?
— Падам заяву аб уступленьні ў міжнародную.
— А як і там “зарэжуць”?
— Ну, тады... буду як Ахматава!

l l l
Мае.
Іх так няшмат, што можна было б пералічыць на пальцах бязрукага. Людзі, з якімі мне хацелася быць блізкім, заўжды аддаляліся ад мяне, каб вярнуцца праз гады — у абалонцы тых, хто мне ўжо нецікавы. З імі лёгка, бо няма таго, што надае падобным адносінам штрых абавязковасьці. Сказаў, зрабіў – і чао. Пастскрыптум, нікчэмны адбітак калісьці жаданага.

l l l
Не мае.
Гэтых, наадварот, так шмат, што, здаецца, каб яны зьніклі, на Зямлі наогул нікога не засталося б. Стасункі з імі маюць спарадычны, хаатычны характар: выпадковая сустрэча, абыякавая размова, сёе-тое пра надвор’е і г.д. Колькасьць візітаў да іх, якімі грашу на працягу году, рэдка калі дасягае пяці. Пяць на дванаццаць месяцаў – ня так і мала з улікам таго, што ёсьць яшчэ і візіты абавязковыя, так бы мовіць рытуальныя – дні наро­дзінаў, імяніны і інш.