12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Сіўчыкаў

_____________________
Мюнхгаўзенаў камень,
або Крыўская пілігрымка



Прывітаньне, Браце!
Гэтым разам хацеў бы расказаць Табе пра нядзельную вандроўку ў Крывію, а калі дакладней і прасьцей – пра аўтобуснае падарожжа па Браслаўскім краі.
Патрапіў я на яго ў канцы месяца ня тое каб выпадкова, але ж і досыць нечакана. Дзяўчаты мае прачыталі ў “Нашай ніве” абвестку-запрашэньне Задзіночаньня беларускай моладзі “Беларускі шлях” і сталі падгаворваць-агітаваць. Прызнаюся, меў спакусу выправіць іх у нядзелю, каб самому застацца на самоце дый спакойна папрацаваць. Тым болей, што дочкі з жонкаю збольшага з разуменьнем ставяцца да маіх “адасабленьняў”, звыкліся да іх, хаця калі-нікалі ставяцца да іх і раўніва. Але прыгадаў, як тры гады таму адмовіўся быў ад паездкі на Купальле на Полаччыну, а потым, калі паслухаў аповеды Алесі з Хрысьцінаю дый пабачыў іх фотаздымкі, дужа шкадаваў. За экскурсавода па Полацку і ягоных навакольлях аказаўся тады Уладзя Арлоў, а лепшага знаўцы таямніцаў полацкае зямлі, мабыць, і няма.
Гэтым разам узброіліся мы перафразіраваным выказваньнем класіка і ператварылі яго ў слаган “Мы – нелянівыя і цікаўныя!” На золку прыгатавалі канапкі, запарылі ў тэрмасе каву, апрануліся зусім не па-летняму, прыхапілі парасон і выправіліся на аўтапляцоўку пры Акадэміі навук. Дзякаваць Богу, гэта ў пяці хвілінах хады ад нашага дому.
Дочкі селі ў так званы маладзёвы аўтобус, а я з Раяй – у галаўны, дзе “Народ то быў ужо не такоўскі!” З прыязнасьцю павіталіся з даўнімі знаёмцамі-навукоўцамі – з культуролагам Валянцінай Іўчанка і фалькларыстам Уладзімірам Васілевічам. А ў крэслах (цесны сьвет!) аказаліся поруч з радыёжурналістам Севярынам Квяткоўскім, сынам майго даўняга сябра-мастака Алеся.
Інфармацыйнае забесьпячэньне было за вядомым краязнаўцам Антосем Астаповічам. Покуль аўтобус вырульваў па заспаных вуліцах нядзельнага мегаполіса, наш Антось прамовіў, як прынята ў падобных выпадках, словы вітаньня дый уступна-арганізацыйны маналог. Колькі сказаў было з гістарычнага экскурсу па засяленьні тэрыторыі Беларусі славянамі, і, у прыватнасьці, крывічамі, пра іх узаема­дзеяньне з балтамі. Гаварылася і пра геаграфію Паазер’я, пра ледавікі, якія пакінулі пра сябе такія напаміны, як безьліч азёраў, озавыя дзюны і, зразумела, шматлікія валуны-рапаківі.
Але шаноўны Антось крыху схібіў, калі заявіў, што другім па вышыні пунктам зьяўляецца Лысая гара на Лагойшыне, пры якой пабудаваны пісьменьніцкія лецішчы. Але, па-першае, пісьменьніцкія лецішчы месьцяцца пад Заслаўем і тамтэйшая гара не вызначаецца асаблівай вышынёю. Аднак паблытаць тут ня цяжка – на Беларусі нямала аднайменных тапонімаў. Шмат, да прыкладу, паселішчаў з назвамі Буда, Гарадок, Залесьсе, Рудня, Слабада... Мабыць, наш Антось спаку­сіўся тым, што можа расказаць пра Ведзьмака-Лысагорскага і ягоны знакаміты “Сказ пра Лысую гару”. А як па мне, дык шкада, што легендарная ананімная паэма перастала быць такою. Шкада, што Ніл Гілевіч раскрыў псеўданім і пуб­лічна, у друку высьвятляў адносіны наконт ступені ўдзелу свайго суаўтара Міколы Аўрамчыка ў напісаньні шэдэўра.
Якраз праз Лагойшчыну, радзіму Ніла Сымонавіча, велешаноўнага прафесара, майго універсітэцкага выкладчыка і кіраўніка дыпломнай працы, выпраўляліся мы на поўнач краіны. Па гэтай бетоннай шашы ня раз выбіраўся я ў грыбы, езьдзіў у старадаўні Лагожаск гасьцяваць да радзіны мастака Пётры Багданава, які, у сваю чаргу, пазнаёміў з выдатным керамістам Сямёнам Рыгоравічам Саўрыцкім, творы якога займаюць пачэснае месца ў маёй калекцыі. Хадзіў па старадаўніх валах і ў рамантычным парку, аглядаў руіны палаца пачынальнікаў беларускай навуковай археалогіі, этнаграфіі дый музейнай справы графаў Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў...
Выбачаюся тут, Браце, што аповед мой, мажліва, будзе дзе-нідзе “рваны”, але ня ўсё ўбачанае і пачутае цікавіла ў роўнай ступені, а часам, бывала, і драмалася ў пераездах паміж пунктамі прыпынкаў: зазвычай спасьцярожліва, трывожна сплю перад дарогаю дый падняліся рана. Таму мясьціны, дзе навальваўся, адужваў Марфей, увогуле варта было б пазначаць зоркамі-адбіўкамі?
Неўзабаве прамінулі паваротку на мемарыяльны комплекс Хатынь. Калі цікава, дык перакажу Табе трагічную гісторыю вёскі ў версіі, якую не прымала афіцыйная савецкая і наўрад ці прыме цяперашняя афіцыйная гісторыяграфія. Дык вось, менавіта ў бок Хатыні вялі па сьнежным цаліку сьляды ад шашы, на якой партызаны абстралялі машыну-легкавушку. Аказалася, што сьмяротна паранілі яны нямецкага капітана-сувязіста. Капітан той быў выдатны спартоўца-лёгкаатлет, у 1936 годзе стаў чэмпіёнам Берлінскай алімпіяды, а праз гэта аказаўся адным з улюбёнцаў Адольфа Гітлера. Па тэлефоне фюрэру далажылі пра гэтую сьмерць, а ён загадаў правесьці карную аперацыю. Зьдзейсьнілі яе – спалілі вёску разам з яе жыхарамі – два батальёны, прычым адзін складаўся пераважна з літоўцаў, а другі – з украінцаў-заходнікаў. Але казаць пра гэта неяк не прынята. Дзіва што! У нас любяць расказваць, што менскія падпольшчыцы падарвалі мінаю гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, але чамусьці забываюцца дадаць, як гітлераўцы папомсьціліся за гэта. Былі арыштаваныя дзесяць тысяч закладнікаў, мірных, ні ў чым не вінаватых менчукоў! Тысячу з іх фашысты пасьпелі расстраляць. Каб не заступніцтва “калабаранта” Вацлава Іваноўскага перад тагачасным кіраўніком СД Готбергам, загінулі б і астатнія...

l l l
Вандроўка нашая мусіла праходзіць пераважна па былых мястэчках па маршруце Глыбокае – Удзела – Мосар – Слабодка – Браслаў – Опса – Відзы. Зазначу тут, што мала якім з беларускіх мястэчак пашчасьціла атрымаць статус гарадоў ці хаця б пасёлкаў гарадскога тыпу. Большасьць з іх здрабнела, ператварылася ў вёскі, а насельнікаў – пераважна рамесьнікаў і гандляроў – бальшавіцкая ўлада ператварыла з адносна вольных людзей у сацыялістычных калгасьнікаў, прывязаных да зямлі, без пашпартоў і бяз права выезду з вёскі. Дык ці ня гэтым у пэўнай ступені тлумачыцца негатыўнае стаўленьне многіх вяскоўцаў да традыцыйнай вясковай культуры, да беларускае мовы, а таксама памкненьне як мага хутчэй пакінуць вёску дый вырвацца ў горад?
Дарэчы, нашыя спадарожнікі-суседзі, з выгляду патомныя гараджане, інтэлігенты-навукоўцы ахвотна паказвалі фотаальбомы са здымкамі, зробленымі ў ранейшых падарожжах. Асабіста мяне чамусьці мала хваляваў гэтым разам безумоўна прыгожы і багаты на помнікі Львоў. Куды болей сагравалі нашыя мясьціны. Вёска Мураванка, а ў ёй – выдатная Маламажэйкаўская царква-крэпасьць, помнік Цётцы ў Астрыне неагатычны Петрапаўлаўскі касьцёл і царква, што месьціцца ў будынку былой сінагогі, у вёсцы Рожанка. Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава, Траецкі касьцёл і помнік Ларысе Геніюш у Зэльве...
Перад Бягомляю зрабілі тэхнічны прыпынак.
Дарогу дагэтуль някепска ведаю, але раней заўсёды паварочваў на Лепель, калі езьдзіў у Полацак з Пятром Васючэнкам, даўнім сябрам і колішнім суседам па Уруччы. З прычыны тых паездак уключыў ён і маю персаналію ў свой “Крыўскі слоўнік”, які складае не адзін ужо год. Трапляе ў той слоўнік тое, што зьнітаванае з Крывіяй, у тым ліку і людзі, якія пабывалі на землях колішняга Полацкага княства.
Але гэтым разам рушылі мы на паўночны захад, мінулі Докшыцы і неўзабаве пад’ехалі да Глыбокага. На ўезьдзе ў горад пабачылі помнік – самалёт-зьнішчальнік СУ-19 на пастаменьце, – прысьвечаны авіяканструктару Паўлу Сухому. Як па мне, дык ня лепшы спосаб ушанаваць знакамітага земляка. Ведаеш, Браце, усе гэтыя гарматы, танкі, самалёты – усё ж ёсьць сродкамі зьнішчэньня людзей. Дык наколькі этычна і гуманна выстаўляць іх на пастаменты? А апафеозам гэтай недарэчнай завядзёнкі зьяўляецца, мабыць, маскоўская цар-гармата, якая ані разу ня стрэліла. Задумвалася яна нібыта як пішчаль для абароны Крамля, але скажы, супраць каго ці чаго можно было абараняцца ядрамі калібра 890 (!) у 1586 годзе?! Вось і атрымаўся ў майстра А.Чохава ня помнік ліцейнага мастацтва, а саракатонны помнік бязглуздасьці – ваяўнічы, пыхлівы і недарэчны.
А між тым гісторыя вучыць, што вялікае – не заўсёды добрае. Вось і бітва, якая адбылася пад Глыбокім у 1660 годзе, пацьвярджае гэта. Восем тысячаў ваяроў Вялікага княства Літоўскага на чале са Стэфанам Чарнецкім ушчэнт разьбіла трыццацітысячны корпус маскоўцаў, якім камандаваў І.Хаванскі. А вынік бітвы вырашыў магутны націск цяжкаўзброеных гусараў, крылатых вершнікаў, якія прарвалі фронт непрыяцеля. Ну, а калі зачапіў я пытаньні гісторыі, дык скажу яшчэ колькі словаў.
Упершыню згадваецца Глыбокае пад 1514 годам як мястэчка, якое мела свой замак. Падзялялася яно ракой Бярозаўкай на дзьве няроўныя часткі. Больш за тое – было падзелена паміж двума ваяводствамі! Паўднёва-заходняя частка з маёнткам Зяновічаў была большая і ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства, а паўднёва-усходняя частка з маёнткам Корсакаў была ў Полацкім ваяводстве. У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка патрапіла ў склад Расейскай імперыі, а з 1921 па 1939 год уваходзіла ў склад буржуазнай, як пісалі савецкія гісторыкі, Польшчы. Дарэчы, на тамтэйшых могіл­ках пабачылі мы алею з крыжоў, пад якімі ляжаць польскія жаўнеры, якія баранілі мястэчка ад савецкіх войскаў у 1920 годзе. Аднолькавыя крыжы прымусілі згадаць крыжы растыражыраваных Галівудам Арлінгтонскіх могілак – усе роўныя перад Богам! На нашых жа могілках агароджы нярэдка стаяць усутыч, так што часам немагчыма і прайсьці...
Зьбярогся на глыбоцкіх могілках і помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя Ільінская капліца. Напрыканцы таго самага стагоддзя, а дакладней – у 1791 годзе там была ўзьведзеная і калона ў гонар Канстытуцыі 3 Мая. У трэці дзень траўня нарадзіўся і я, а таму аніяк ня мог упусьціць момант, каб не сфатаграфавацца пры калоне. Але, каб узабрацца на пагорак, давялося прайсьці па сьцяжыне, амаль зарослай высокай травою, мокрай пасьля дажджу. Крыху суцяшала тое, што яшчэ болей змок бусел, які зладзіў сваю бусьлянку на самой калоне. Шкадаваў я, што не захаваліся памятныя надпісы на ёй. Яшчэ бянтэжыла тое, што стаіць яна пасярод могілак. Хаця гэта ў пэўнай ступені і сімвалічна: Канстытуцыя пахавана ў нас поруч з нябожчыкамі. У Польшчы 3 мая адзначаецца як нацыянальнае сьвята, а ў нашай краіне пра гэтую дату ведае далёка ня кожны. Хаця я, здаецца, пісаў Табе колісь пра тое, што гэта і нашая, беларуская Канстытуцыя, а таму павінна было б быць і нашае сьвята. Але, можа, варта ўспрымаць бусла на калоне як добры знак, як сімвал надзеі?
Але ёсьць яшчэ на тых могілках, як я ўжо сказаў Табе, ня толькі капліца ў стылі класіцызму, у якой адпявалі нябожчыкаў, але і наш, беларускі... барон Мюнхгаўзен! На жаль, час быў лімітаваны, а таму не пасьпеў адшукаць, каб пабачыць на свае вочы надмагільны камень з адпаведным надпісам. Але тэлекампанія НТВ летась адмыслова прысылала здымачную групу, каб зрабіць сюжэт пра месца баронавага спачыну. Ня верыш? Але ж які мне сэнс выдумляць, як герой Рудольфа Эрыка Распэ?!
Можаш тады не даваць веры і вучоным, якія сьцьвярджаюць, што на Глыбоччыне каля возера Шо знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы. Але колькі ўжо тых цэнтраў вызначалася! Нашыя суседзі-жмудзіны перакананыя, што цэнтр Еўропы прыпадае на іхнюю тэрыторыю, украінцы заяўляюць, што гэты прыярытэт застаецца за імі, а расейцы паказваюць кропку на Валдаі. Канешне, яно спакусьліва – паставіць невялічкі абеліск і вазіць да яго даверлівых турыстаў.
Ну, а калі не давяраеш геадэзістам, дык, можа, паверыш, што ў Глыбокім на плошчы, якая, як і ў многіх іншых заходнебеларускіх мястэчках, носіць імя 17 верасьня, стаіць помнік Ульянаву-Леніну? Але ж які! Мала таго, што выкананы ён у амаль што натуральны рост дый пафарбаваны ў шэра-блакітны казённы колер! Ён да ўсяго яшчэ клышаногі і крываногі. На маёй памяці толькі дзьве выявы, якія могуць параўнацца з глыбоцкім вобразам. Першая – гэта профільны партрэт Ула­дзіміра Ільіча, выкананы ў Ленінскім пакоі вучэбнага батальёну сувязі мастаком-казахам Алжасам Саітавым падчас маёй службы ў войску. Агульнавядома, што правадыр меў у сваіх жылах з чвэрць калмыцкай крыві, але выява тая мела такі выраз, як быццам Ільіч хранічна пакутваў на запор. Але і сёньня спрачаецца з казахскім шэдэўрам скульптурная выява перад палацам культуры аўтамабілебудаўнікоў у Жодзіне. Пасьля таго, як хуліганы падчас так званай перабудовы гранатай разарвалі Ільічу геніяльную галаву, той некалькі месяцаў стаяў на плошчы ў драўляным макінтошы. Нарэшце недзе адшукалі і прыладзілі галаву, але настолькі непрапарцыянальна малую, што пралетарыі-маладзёны, якія выходзяць пасьля рэгістрацыі шлюбу, не нясуць да пастамента кветкі, а сьпяшаюцца як мага хутчэй ускочыць у легкавікі вясельнага картэжу.
Ня ведаю, хто ў Глыбокім больш ня любіць правадыра сусьветнага пралетарыяту, – скульптар, які выдаў гэткі шэдэўр, або мясцовыя ўлады, якія церпяць падобны зьдзек з Ільіча, але выяву тую, у адрозьненьні ад жодзінскай, хоць трошкі прыхоўваюць хмызьнякі скверу.
Затое парадавала, што мясцовая бібліятэка носіць імя ня Леніна, ня Пушкіна і не Талстога, а польскага пісьменьніка Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, які жыў у Глыбокім. Я, ведаеш, ніякім чынам ня супраць рускіх і іншых класікаў, але лічу, што найперш трэба было б нам як сьлед ушаноўваць сваіх, беларускіх ці хаця б тых, хто жыў і тварыў на нашай зямлі. Да прыкладу, і сёньня мала хто ведае, што ў Глыбокім нарадзіўся “бацька рускага дэкадансу”, паэт і філосаф Мікола Мінскі...
На гэтай жа, цэнтральнай плошчы стаіць Траецкі касьцёл, пабудаваны ў канцы ХVІІІ стагоддзя ў стылі позьняга барока. Гэта быў мураваны храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і двухвежавым фасадам, аздобленым вязкамі пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі праёмамі і высокім франтонам з валютамі. На пачатку ХХ стагоддзя пад наглядам дойліда Ю.Заро прыбудавалі трансепт, бакавыя нефы і сакрысьціі, што надало касьцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю крыжовай базілікі, а вежы павялічылі яшчэ на два ярусы, што зрабіла іх яшчэ больш выносістымі.
Агледзелі таксама старую гарадскую забудову. Асабліва цікавымі аказаліся дамы, у якіх спалучаюцца драўляныя і мураваныя сьцены.
У цэнтры разьмешчаная і другая гарадская архітэктурная дамінанта – касьцёл і кляштар кармелітаў. Мураваны храм, пабудаваны ў 1639-1654 гадах у стылі раньняга барока па фундацыі Язэпа Корсака, быў перабудаваны ў 1735 годзе дойлідам Янам Глаўбіцам, і зьяўляецца першым узорам віленскага барока на Беларусі. У свой час быў ён значным цэнтрам – працавалі пры ім школа, бібліятэка, фізічны кабінет, шпіталь, аптэка і нават аркестр з сарака музыкаў! Але ў цяперашнім сваім стане стварае неадназначнае ўражаньне. Справа ў тым, што пасьля паразы паўстаньня 1830-1831 гадоў царскія ўлады зачынілі кляштар, а пасьля паўстаньня 1863-1864 гадоў аддалі і касьцёл праваслаўным, які дзейнічае з таго часу як Сьвята-Ражства-Багародзіцкі сабор. Адсюль – недарэчныя цыбу­ліны на баракальных вежах, а сёньня яшчэ і бялюткія вокны-шклопакеты, якія асабліва кідаюцца ў вочы па кантрасьце з атынкаваным, але не пафарбаваным і праз гэта брудна-шэрым фасадам. Але што тут скажаш! Сам я хрышчаны ў праваслаўнай царкве, але ж бянтэжыць мяне тое, што з таго часу, як імперыя прыўласьціла беларускія землі, мноства ўніяцкіх і каталіцкіх храмаў былі фактычна захопленыя, а потым пераасьвечаныя ў праваслаўныя. Нават галоўны, Сьвята-Духаў кафедральны сабор у Менску – з гэтага шэрагу. Быў пабудаваны ён у 1642-1687 гадах як касьцёл, як прыкметны помнік ізноў жа “віленскага барока”, што не прыхаваюць ні непрапарцыянальна-вялікія праваслаўныя крыжы, ні мазаіка на шчыце! Ня ведаю, як Ты, а я дык не прыгадаю на сёньняшні дзень аніводнага праваслаўнага храма, у якім служылі б набажэнствы каталікі!
А вось дачок маіх гэта на той час не турбавала. З гумарам і самаіроніяй заявілі Алеся з Хрысьцінаю, што на пытаньне, што лучыць іх з Глыбокім, адказалі б – мясцовая кансерваваная “тушонка” ў бляшанках, а яшчэ болей – “згушчонка”! Дадаў бы ў гэты гастранамічны сьпіс яшчэ і сычужны сыр джыл, які адкрыў для сябе летась. І праўда – файная рэч да піва!
Ну, а калі сур’ёзна, дык прыгадаў яшчэ, што родам адсюль супрацоўніца нашага выдавецтва Аліна Эдвардаўна Дубовік, якая гэтымі днямі выправілася ў сапраўдную пілігрымку ў Будслаў. Яна і пазнаёміла мяне са сваім земляком, гэтаксама ўраджэнцам Глыбоччыны. Зазначу тут, што ксёндз-магістр сталічнага касьцёлу сьвятога Сымона і сьвятой Алены Уладыслаў Завальнюк надзвычай многа робіць ня толькі для духоўнага, але і для культурніцкага жыцьця на Беларусі.
Адсюль, з Глыбоччыны, паходзяць і бацькі рэжысёра Ежы Хофмана, які зьняў фільм паводле рамана Даленгі-Мастовіча “Знахар”. Але яшчэ больш знаныя ягоныя гістарычныя эпапеі, напрыклад, “Патоп” паводле Генрыка Сянькевіча. Галоўны герой гэтага знакамітага фільма Анджэй Кміціц меў рэальнага прататыпа, аршанскага паручніка Андрэя Кміціча, а многія натурныя сцэны Гофман здымаў на Глыбоччыне каля вёскі Вялец.
А калі браць шырэй, дык на Глыбоччыне нарадзіліся стваральнік нашага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі і выбітны мастак Язэп Драздовіч. Макаткі – маляваныя дываны – апошняга яшчэ і сёньня можна адшукаць у навакольных вёсках, а ў адной з іх, у Лужках, праводзяцца мастакоўскія пленэры.
Антось Астаповіч расказаў, што ў зімовай вандроўцы ўдзельнічаў Генадзь Трафімавіч, дзядок з Дзісеншчыны. Дык вось той распавёў, што аднойчы і да іх у хату завітаў дзядзька Язэп. Прынялі мастака вельмі прыязна, накармілі, паклалі адпачываць. Дзядзька Язэп смаліў люльку, лежачы пры печы, а непадалёк завіхалася з чыгунамі гаспадыня. Дык вось яе партрэт і намаляваў мастак проста на печы. Але як намаляваў – заціснутым паміж пальцаў нагі вугольчыкам!
Дарэчы, не паленаваўся я зазірнуць ужо дома ў грунтоўную манаграфію “Язэп Драздовіч”. Усьцешыўся, калі знайшоў рэпрадукцыі з ягоных малюнкаў, датаваных 1925 годам, на якія ня вельмі зважаў раней – “Мястэчка Глыбокае. Выгляд на Траецкі касьцёл з Кармеліцкага саду”, “Кармеліцкі касьцёл і кляштар”, “Кармеліцкія муры”, “Гасьцінец”, “Беразьвецкі кляштар” і іншыя з драздовічавага альбома “Глыбокае”.
Другім пунктам на нашым маршруце значылася Удзела, але не адразу знайшоў у атласе аўтадарог кружочак з подпісам “Удело”. (Нярэдка найменьні розьняцца ў напісаньні і вымаўленьні вельмі істотна, а таму ўсім нам трэба быць удзячнымі Валянціне Пятроўне Лемцюговай за падрыхтаваныя ёю грунтоўныя атласы і даведнікі па беларускай тапаніміцы). Тамтэйшы касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі быў пабудаваны з цэглы на месцы папярэдняга драўлянага пры кляштары францысканцаў па ўзоры Беразьвецкага касьцёла, які, на жаль, не зьбярогся. Гэта помнік дойлідства з рысамі барока і класіцызму. Каб паказаць, што за сто гадоў тут амаль што нічога не зьмянілася, наш забесьпячальнік інфармацыяй Антось адгарнуў адпаведную старонку ў альбоме “Хрысьціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ стагоддзя”. Прыемна было ад таго, што маю гэтае выданьне ў асабістай бібліятэцы. І чамусьці згадалася, што ў такіх самых, сіенава-вохрыстых колерах атрымлівала паштоўкі ад каляжанкі-палячкі, з якой перапісвалася школьніцай, кузіна Валянціна ў канцы 60-х гадоў мінулага ўжо (ніяк ня звыкнуся, што трэба пазначаць і гэта) стагоддзя. Яна езьдзіла з нашага Жодзіна з сяброўкай Жанаю, тады яшчэ зацятай каталічкаю, у Краснае (Ушу), у іншыя заходнебеларускія мястэчкі і сама рабіла здымкі, друкавала іх найчасьцей у цёплых, карычняватых танах...
Пры гіганцкіх зарасьніках растаропшы, падобнай да дзівосных кактусаў ці сукулентаў, каля касьцёльнае агароджы Уладзімір Васілевіч расказаў мне, як патрапіў быў у аўтобуснае падарожжа, удзельнікаў якога цікавілі найперш крыніцы, старадаўнія капішчы і гарадзішчы, адметныя валуны. Дарэчы, не ўстрымаюся, каб ня выказаць тут сваё абурэньне. Колькі гадоў, як зьявілася і ў нас ідыёцкая завя­дзёнка. Знаходзяцца нейкія ёлупы-“прыродаахоўнікі”, якія фарбуюць алейнымі фарбамі прыдарожныя валуны, а потым пішуць на іх заклікі-загады кшталту “Любите природу!”або “Берегите лес!” Няўжо ня цямяць яны, што самі нішчаць, гвалтуюць тыя ж камяні як помнікі прыроды?!
А мы аглядалі найперш архітэктурныя помнікі, найчасьцей культавыя каталіцкія, а таму вандроўку нашую ў вузкім сэнсе слова можна было называць і пілігрымкаю. А ў пераносным, шырокім сэнсе гэта была пілігрымка-пакланеньне малазнаным або зусім яшчэ невядомым нам куткам Беларусі.
Неверагодна ўразіла вёска Мосар, што на рачулцы Моргва. У нядзелю там быў вялікі фэст, і людзей наехала з навакольляў столькі, што аўтобус наш ледзьве сунуўся паміж прыпаркаваных паабапал дарогі машынаў. Настрой быў, і праўда, прыўзьнята-сьвяточны. Ледзь ня подбегам, але можна было пасьпець агледзець надзіва дагледжаныя могілкі, прайсьці да крыніцы, асьвечанай у гонар Маці Боскай Лурдскай, палюбавацца на шыкоўны дэндрарый з ідэальна пастрыжаным газонам. Можна было падзівіцца на капліцу, прысьвечаную Маці Божай Вострабрамскай, на скульптуру “П’ета” і іншыя, на альтанкі, а таксама на ажурныя мосьцікі, што выгнуліся па-над сажалкамі, усю паверхню якіх пакрывалі лілеі.
Класічны касьцёл Сьвятой Ганны ўяўляе з сябе простакутны мураваны будынак, пакрыты двусхільным дахам. Быў ён пабудаваны ў 1792 годзе па фундацыі Раберта і Ганны Бжастоўскіх і намаганьнямі айца-езуіта Буйноўскага. Фотаздымак Яна Балзункевіча сьведчыць, што была перабудавана вежа па-над трохвугольным франтонам, а пры агароджы напачатку стагоддзя не было трохяруснай мураванай званіцы.
Прыслухоўваўся да гамонкі тубыльцаў – гаварылі па-беларуску абсалютна натуральна, нязмушана. Прычым ледзь ня ўсе – ад сівых бабуль да саракагадовых дзядзькоў і нават маладзёнаў!
Думаецца, тое, што мы пабачылі і пачулі, сталася яваю дзякуючы ня толькі імпэту пробашча Язэпа Булькі, якога завуць часам і Ёзасам, бо ён ад нараджэньня летувіс, дарэчы, неўтаймаванага змагара з п’янствам і самагонарабленьнем, але і шчодрым фундатарам, прычым, мяркую, ня толькі мясцовым. Прызнацца, не хацелася і выязджаць з гэтага рукатворнага аазісу.
Шаркоўшчына, якая ляжала на нашым далейшым шляху, вядомая ў Вялікім княстве Літоўскім з 1503 году як маёнтак, які належаў Зяновічам, а потым Сапегам, Дамброўскім, Лапацінскім. Пазьней мястэчка сталася гандлёва-рамесьніцкім цэнтрам – рэчка Дзісна ў ХVІ стагоддзі была ня толькі сплаўной, але і суднаходнаю. Аўтобус наш тут не спыняўся, а толькі прытармазіў, і таму Усьпенская царква пачатку ХХ стагоддзя, лічы, адно мільганула за вокнамі. А калі мінулі рачулку Янку, дык мімаволі згадаў я сваю ўнучатую пляменьніцу Яну, Янку, Яначку, Янульку!
Не спыняліся і ў Ахрэмаўцах, якія, як на мой густ, мелі куды больш мілагучную назву Бяльмонты. Гэта была рэзідэнцыя Плятараў, нашчадкаў шведскага роду, які прыйшоў на нашыя землі ў канцы ХVІ стагоддзя ў сьвіце Жыгімонта Аўгуста Вазы. Самай знанай і рамантычнай асобаю сталася паэтка і фалькларыстка Эмілія Плятар. У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830-1831 гадоў яна сфарміравала і ўзначаліла атрад у трыста шабель! На жаль, пражыла яна толькі дваццаць пяць гадоў. Партрэт прыгажуні напісаў у свой час жывапісец-рамантык, мінчук Валенці Ваньковіч. Апетая Эмілія і ў многіх іншых мастацкіх творах, але самы знакаміты, для якога яна была прататыпам, – гэта верш “Сьмерць палкоўніка” Адама Міцкевіча. Паэт-рамантык нават павысіў Эмілію ў званьні: яна ж была толькі капітанам паўстанцкага войска.
Больш як на шэсьдзясят пяць гектараў раскінуўся парк ХVІІІ стагоддзя. Бяльмонты – пры жаданьні найменьне гэтае можна перакласьці з французскай мовы як Прыгожая гара – самы буйны сярод беларускіх паркаў эпохі рамантызму. Растуць там лістоўніца сібірская, таполя канадская, дуб звычайны, піхта сібірская – сапраўдны інтэрнацыянал! Ну і як абыйсьціся такому парку без неагатычнай капліцы?
А вось вёска Слабодка, у гістарычных крыніцах вядомая яшчэ як Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова і знакамітая тым, што летам 1919 году была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстаньня “зялёных”, асабіста мяне расчаравала. Дакладней, не спадабаліся п’янаватыя і хамаватыя дзецюкі, якія смалілі “Беламор” дый бессардэчна-гучна рагаталі пры касьцёле Прадбачаньня Божага або Сэрца Ісуса.
Гэты неараманскі храм пабудаваны ў 1903 годзе. Уяўляе з сябе трохнефавую базіліку, галоўны фасад якой сфарміраваны дзьвюма пяціяруснымі вежамі з вострымі гранёнымі шатрамі. Сьцены прарэзаныя паўцыркульнымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі. Кажуць, што вельмі хораша глядзіцца храм здалёк – бялюткі, ён нібыта плыве па-над возерам Поцах.
А вось мастакі, што папрацавалі тут у васьмідзясятых гадах, проста зганьбілі слаўнае імя віцебскай школы. Іхнія роспісы алейнымі (!) фарбамі непасрэдна на скляпеньнях і столі, а таксама на кавалках кардону, якія мацуюцца да сьценаў, – гэта, даруй мне, проста жахлівы кіч і безгустоўшчына! Уражаньне ратавалі жалезныя акоўкі дзьвярэй, якія выканаў мясцовы каваль (мімаволі усплывае імя Паўлюка Багрыма!). Асабліва арыгінальную, багатую па форме і складаную па малюнку кампазіцыю маюць акоўкі дзьвярэй цэнтральнага ўваходу, якія нагадваюць раскошныя букеты.
Дазналіся мы, што акрамя звыклых сельсавету, школы, Дому культуры месьцяцца ў Слабодцы, а дакладней пры Слабодцы, летнія базы адпачынку, лабараторыя азёразнаўства Белдзяржуніверсітэту і турысцкая база нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, другога ў нашай краіне пасьля знакамітай “Белавежскай пушчы”.
Скажу колькі словаў пра сам рэгіён Браслаўскае Паазер’е, але так, каб ня надта “грузіць” Цябе. Адносна бедная ў ім сельская гаспадарка – пераважаюць пяскі, а ворыўнай зямлі ўвогуле мала, бо да паловы тэрыторыі займаюць азёры і балоты. Таму сельская гаспадарка Браслаўшчыны на семдзясят адсоткаў датуецца з бюджэту краіны. Найбольш разьвітыя ў раёне мясцовая і харчовая прамысловасьць дый, натуральна, турызм. Улетку насельніцтва краю ўзрастае за кошт адпачыньнікаў у некалькі разоў. Яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя ўпадабалі наязджаць туды ня толькі віленцы, але й варшавяне! І адпачывалі больш чым актыўна: праводзіліся рэгаты, дзейнічаў планерны клуб, не пуставалі тэнісныя корты. Сёньня да паслуг адпачыньнікаў туркомплексы, базы адпачыньнікаў, прыватны сектар, дамы рыбака і паляўнічага, дваццаць абсталяваных стаянак.
У лясах вядуцца касулі, мядзьведзі, ваўкі, лісы, рысі, алені, дзікі. Ад апошніх нахабаў мясцовыя сяляне пакутваюць асабліва. У азёрах Дрывяты, Струста, Снуды, Несьпіш дый іншых водзіцца багата рыбы, у тым ліку такой каштоўнай, як вугор, налім, судак, сьняток, сялява. Праўда, на трыццаці дзевяці азёрах рыбалка платная. А што Ты хочаш — Беларусь гэта Еўропа, таму пасьля азіяцка-бальшавіцкіх звыкаймася нанова да еўрапейскіх парадкаў! А супраць зарастаньня азёраў травою змагаюцца з дапамогаю... таўсталобікаў і белых амураў. Колісь, калі памятаеш, іх вельмі багата запусьцілі былі і ў водасховішча на Плісе пры нашым Жодзіне.
Прамысловасьці ў самім Браславе амаль што няма, таму браслаўцы-мужчыны — гэта пераважна міліцыянты, мытнікі, памежнікі — поруч межы з Латвіяй ды Літвою. А яшчэ яны... бракань’еры! А што зробіш — трэба неяк карміць сем’і, або, як кажа прымаўка – хто ў лесе ня злодзей, той у хаце не гаспадар!
Неаднаразова праводзілі тут раскопкі археолагі. Даводзяць яны, што Браслаў узьнік у VIII стагоддзі на месцы спаленага паселішча латгалаў і крывічоў, але хронікі згадваюць яго ўпершыню значна пазьней – пад 1065 годам. Паходжаньне назвы гораду (летапісны Брачыслаў, Браціслаў) зьвязваюць найперш з іменем князя Брачыслава Ізяслававіча. Яшчэ адна верагодная версія існуе дзякуючы латышскаму слову brasl — брод, мелкаводдзе. А цэнтр гораду знаходзіцца якраз на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навяты. Таму досыць лагічнаю бачыцца этымалогія: Браслаў — горад пры бродзе.
Акрамя гэтага існуе і некалькі легендаў, якія па-свойму вытлумачваюць назву гораду. Перакажу Табе хіба што адну: жарсьці, як у старажытнагрэцкай трагедыі!
Некалі сярод шматлікіх азёраў стаяў на вялікай гары прыгожы горад, умацаваны вежамі. А сярод гораду ўзвышаўся замак. І жыў у тым замку заможны князь Дзьвін. У бітвах ён заўсёды перамагаў сваіх ворагаў, усе ў навакольлях дрыжэлі перад ім. Слава, багацьце, улада – усё ў яго было, але князь той сумаваў. Усе ведалі – пахмурны і злосны ён таму, што ня мае сына-нашчадка, які прадоўжыў бы слаўны род. Затое меў князь прыгожую дачку Дрыву, і кахалі яе тры маладыя княжычы – Брас, Ноў і Снуд.
Аднойчы князь Дзьвін з дружынаю выправіўся ў доўгі паход. Засталася Дрыва са сваёй маці Друйкаю дома. Пацяшалася Дрыва з маладых закаханых княжычаў. Сказала яна кожнаму з іх паасобку, што пойдзе за таго, хто пакіне ў суперніку свой меч. Змовіліся Ноў са Снудам дый вырашылі забіць Браса. Наладзілі яны засаду пры дарозе, па якой брат павінен быў везьці князёўне падарункі. Але той нібыта прадчуваў бяду і выправіў з падарункамі свайго слугу. Забілі таго небараку Ноў са Снудам і накіраваліся ў замак. Але ведалі абодва пра жорсткую ўмову: жывы павінен застацца толькі адзін. Зноў зазьвінелі мячы. Снуд патрапіў у братава сэрца, але і сам загінуў ад ран.
Даведаўся Брас пра гібель братоў і прыехаў у замак. Выбегла Дрыва яму насустрач і сказала:
– Любы мой, браты твае загінулі і няма ў цябе болей супернікаў!
Паглядзеў на яе Брас з пагардаю і прамовіў:
– Злосная княжна! На табе кроў маіх братоў! Не патрэбна мне тваё каханьне!
У роспачы кінулася Дрыва ў возера. Ня вытрымала страты дачкі і памерла Друйка. Вярнуўся з пераможнага паходу князь Дзьвін, але таксама пражыў нядоўга. Застаўся валадарыць над горадам Брас. Слаўны гэта быў князь, мужны і справядлівы, але ўсё жыцьцё пражыў ён самотны...
Можа, і праўда, жыў і валадарыў колісь магутны князь Дзьвін. І была ў яго дачка Дрыва, якую кахалі тры браты. І ці ня іхнія імёны захаваліся ў найменьнях горада Браслава, рэк Дзьвіны і Друйкі, азёр Дрысьвяты, Снуды і Навяты?
Нямала легендаў зьвязана і з Замкавай гарою, з падземнымі хадамі, якія нібыта выводзяць з дзяцінца за возера Дрывяты. У падзямельлях нібыта можна адшукаць незьлічоныя скарбы або сутыкнуцца з ценем княгіні. Маецца на ўвазе, хутчэй за ўсё Алена, жонка Вялікага князя Літоўскага Аляксандра Ягелончыка, які падарыў ёй Браслаў у 1501 годзе. Горад перад гэтым атрымаў няпоўнае Магдэбургскае права і настолькі спадабаўся Алене, што пасьля адыходу мужа ў лепшы сьвет яна заснавала ў ім невялікі жаночы манастыр дый сама памерла на Замкавай гары.
У 1795 годзе, пасьля сумнавядомай падзеі, Браслаў трапіў у склад імперыі, стаў цэнтрам павету, а з 1808 году яшчэ страціў у статусе – стаў цэнтрам воласьці Новааляскандраўскага павета Ковенскай губерні. У 1918 годзе быў акупаваны кайзераўцамі, у 1919-21 гадах пераходзіў ад бальшавікоў да пілсудчыкаў. З 1921 па 1939 год быў цэнтрам павету ў другой Рэчы Паспалітай, з канца 1939 году райцэнтрам Віленскай вобласьці БССР, а з канца чэрвеня 1941 па 6 ліпеня 1944 году знаходзіўся пад фашыстоўскай акупацыяй.
З-за пахмурнага надвор’я або з-за сталёва-шэрых хваляў Дрывятаў падаўся горад даволі змрочным, хаця ў чымсьці нагадваў мне польскі курорт Закапанэ. А яшчэ падаўся надзіва пустэльным і малалюдным, хаця колісь адсюль штодня лётаў у Менск “кукурузьнік” з пасажырамі. Назваў яго для сябе таго дня горадам Зера.
Высадзіліся мы з аўтобуса на былой вуліцы Вялікай. Можа і здавалася яна колісь браслаўцам вялікаю, але сёньня цяжка паверыць у гэта. У 20-я – 30-я гады насіла яна імя слыннага беларуса, начальніка Польскае дзяржавы Язэпа Пілсудскага, а ў суверэннай Беларусі мае імя начальніка дзяржавы савецкай, завецца Ленінскаю.
Пры ёй знаходзіцца старажытнае гарадзішча, з якога адкрываюцца шыкоўныя далягляды як на горад, які амаль не зьмяніўся за апошнія сто гадоў, так і на на навакольныя азёры і лясы.
Поруч з гарадзішчам стаіць касьцёл Раства Божай Маці. Першапачаткова быў ён драўляны і заснаваны на сродкі віленскага ваяводы Войцэха Манівіда, аднаго з герояў Грунвальда. Каменны храм быў узьведзены ў 1824 годзе, а перабудаваны і пашыраны ў 1897-м. Гэта прамакутны ў плане, трохнефавы будынак з двухскатным дахам. Ягоны фасад упрыгожвае трохярусная вежа з шатром. Асноўная частка сьцен складзена з расколатых палявых камянёў, а прастора паміж імі закладзена дробным каменьнем, што надае ўражаньне мазаічнасьці. А самыя старыя сьцены — паўночная і ўсходняя — складзены ў разынкавай тэхніцы. Гэта значыць, што прастору паміж валунамі запаўнялі растворам, які засейвалі ўзорамі з дробных каменьчыкаў, калі ён пачынаў падсыхаць ды схоплівацца. Інтэр’ер касьцёлу аздоблены скульптураю і абразамі пачатку мінулага стагоддзя. Галоўная сьвятыня — абраз Маці Божай Браслаўскай, які лічыцца цудадзейным. Абраз-арыгінал знаходзіўся раней у Браслаўскім уніяцкім манастыры на возеры Несьпіш, а ў касьцёле захоўваецца копія са старажытнага абраза. Але гэта не зашкодзіла касьцёлу тры гады таму стаць санктуарыем — месцам паломніцтва каталікоў.
Непадалёк ад яго стаіць царква Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы, збудаваная ў псеўдарускім стылі, а таксама будынак былой царкоўнапрыходскай школы, у якім цяпер месьціцца праваслаўная нядзельная школа.
Кажуць, што блізкае суседства храмаў — не на карысьць браслаўцам. Час ад часу спрэчкі вернікаў у талерантнай, як модна цяпер казаць, Беларусі даходзяць да гарачых сутычак і нават боек!
Затое ціхамірна ляжаць у цэнтры гораду нябожчыкі ў каталіцкай і праваслаўнай частках могілак. Ёсьць там кампактныя пахаваньні старавераў і татараў, салдатаў расейскага войска часоў першай сусьветнай вайны і польскіх жаўнераў, палеглых у 1920 годзе. А вось паўночную частку гораду называлі Юдаўкаю, мяркую таму, што ў канцы ХIХ стагоддзя ў Браславе, як і ў многіх іншых беларускіх мястэчках, пераважалі яўрэі. Называлі іх тады жыдамі, але слова гэтае азначала толькі нацыянальную прыналежнасьць і ня мела, як Ты, ведаеш, абразьлівага адценьня!
Арганізатары нашага падарожжа закладалі і наведваньне (па жаданьні) музеяў. Але, пры такой насычанасьці маршруту, гэта аказалася несур’ёзным. Спадзявацца на тое, што музеі акажуцца адчыненымі ў нядзелю пасьля шаснаццаці гадзінаў, асабліва не выпадала. Хаця аматары гісторыі і даўніны знайшлі б нямала цікавага ў экспазіцыі Гісторыка-краязнаўчага музею, разьмешчанага ў драўлянай сядзібе, збудаванай пад прыватную друкарню. У прыватнасьці, упэўнены, Хрысьціна, якая рыхтуецца да міжнароднага летніка, прысьвечанага рунічным культурам, з задавальненьнем агледзела б калекцыю костак жывёлаў з малюнкамі і надпісамі, па­кінутымі скандынавамі ў ХI-ХIII стагоддзях. А я з цікавасьцю наведаў бы комплекс, прысьвечаны выдатнаму мастаку, ураджэнцу вёскі Стаўрова Пётру Сергіевічу.
Трэба спадзявацца, што добрыя персьпектывы мае і мясцовы музей традыцыйнай культуры. Музей рамёстваў разьмешчаны ў старым млыне. Найчасьцей млын уяўляецца драўляным, а гэты — з каменьня і цэглы. Экспазіцыя адлюстроўвае найбольш характэрныя накірункі народнай творчасьці на Браслаўшчыне — ткацтва і ганчарства, пляценьне з лазы і саломкі...
Таму застаюся пры сваім меркаваньні – куды лепей было б выдаткаваць час на музеі дый помнікі дойлідства, чым заязджаць на паўгадзіны ў Акменіцкае ўрочышча на так званы адпачынак. Было досыць холадна, церушыла мжака, даймалі камарыхі. Ні пра якое купаньне ў возеры Струста не магло быць і гаворкі! Але хтосьці захацеў перакусіць пад павецямі, хтосьці – прайсьціся да вусьця рачулкі Акменіца, а хтосьці — пакаштаваць вады з Зімніка, крыніцы, якая сапраўды надта сьцюдзёная і лічыцца лекаваю...
Затое ў Опсе мы толькі прытармазілі, каб палюбавацца на касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля, неараманскі (з рысамі неагатычнага) помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Будынак з чырвонае цэглы аднанефны, а пры фасадзе мае вежу-званіцу з гранёным шатром. Дэкор храма даволі сьціплы, ледзь не аскетычны, але гэта ў пэўнай ступені кампенсуе прыгожая агароджа з каменю і цэглы. На жаль, не пабачылі мы ні тамтэйшага двухсотгадовага дуба-патрыярха, ні Опсаўскай сядзібы. Часткова кампенсаваў гэта ўжо дома, зазірнуўшы ў “Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі”. Вельмі цаню гэтае выданьне, але яшчэ раз пераканаўся ў ягонай пэўнай заангажаванасьці. Уяўляеш, знайшоў там артыкулы “Опсаўская сядзіба” і нават “Опсаўскі народны хор” з фотаілюстрацыямі, але чамусьці ня тое што артыкула – ніводнага радка няма там ні пра Опсаўскі касьцёл, ні пра касьцёл у Слабодцы!
Апошнім пунктам нашай вандроўкі значыліся Відзы, заснаваныя ў сярэдзіне ХV стагоддзя родам Нарушэвічаў. Частка мястэчка і навакольных зямель належылі віленскім біскупам. У розныя часы тут мелі ўладаньні і пабудовы берна­дзінцы, канонікі-рэгулярныя, канонікі-лютэранскія, а таксама дамініканцы. Першы касьцёл збудавалі ў 1481 годзе, але ж дзейнічалі таксама пратэстанцкая, стараверская, праваслаўная, іўдзейская і магаметанская абшчыны. У сярэдзіне XVI стагоддзя відзскія землі набыў віленскі ваявода А.Гаштальд, потым Відзы сталі ўладаньнем Пацаў. Напачатку XVIII стагоддзя езуіты адкрылі касьцёл, рэзідэнцыю і школу. Паводле люстрацыі 1794 года ў Відзах было тысяча дзьвесьце семдзесят жыхароў і сто восемдзясят два дамы, пяцьдзясят з якіх належала Ваўжэцкім. Самы знакаміты прадстаўнік гэтага роду — Тамаш Ваўжэцкі, грамадска-палітычны і вайсковы дзеяч ВКЛ, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая, кіраўнік паўстаньня 1794 году на ўсёй Рэчы Паспалітай пасьля паланеньня Тадэвуша Касьцюшкі. Тамаш таксама патрапіў у палон, таксама быў зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, а пасьля амністыі вярнуўся на радзіму. Пасьля вайны 1812 году быў ён міністрам юстыцыі і пажыцьцёвым ваяводам у Каралеўстве Польскім. Памёр у Варшаве, але пахаваны ў родных Відзах. Цяпер ягоную магілу ўпрыгожвае пліта з чорнага граніту з памятнымі надпісамі на беларускай і польскай мовах.
У 1860 годзе ў Відзах жылі тры з паловаю тысячы чалавек, тры разы на год праводзіліся кірмашы.
Далей ня буду стамляць Цябе лічбамі і фактамі: улады мяняліся тут гэтаксама як і ў Браславе.
Адна з асаблівасьцяў былога мястэчка — шматнацыянальны склад насельніцтва. Акрамя беларусаў жывуць там палякі, рускія-стараверы, літоўцы, татары, цыганы. А вось шматлікая яўрэйская абшчына была зьнішчаная падчас фашысцкай акупацыі.
Несумненна, што галоўная славутасьць гарадскога пасёлку — касьцёл Сьвятой Тройцы. Гісторыя гэтага храму даволі драматычная. Неўзабаве пасьля яго ўзьвя­дзеньня і асьвячэньня ў 1913 годзе пачалася сусьветная вайна. Увосень 1915 году Відзы занялі кайзераўцы і амаль тры гады лінія фронта праходзіла за некалькі сотняў метраў ад касьцёлу. Зразумела, што як ад нямецкіх так і ад расейскіх артабстрэлаў храм моцна пацярпеў. Таму, калі ў 20-х гадах яго рамантавалі, дык як напамінак умуравалі ў сьцены некалькі 152-міліметровых снарадных галовак. Храм пацярпеў і падчас другой сусьветнай вайны, пасьля якой гаспадарнікі-камуністы наладзілі ў ім склад хімічных угнаеньняў. Столі і сьцены так набрынялі агрэсіўнымі выпарэньнямі, што і дагэтуль растаўратары ня могуць даць рады...
Лічу гэты касьцёл за адзін з шэдэўраў нашай неаготыкі. Вока проста раскашуе! Храм уражвае найперш прыгажосьцю і зладжанасьцю прапорцыяў, маналітнасьцю і дынамізмам. Але ўражвае ён і памерамі. Належыць касьцёл ня толькі да ліку самых высокіх культавых пабудоваў на Беларусі. (Праўда, у адных крыніцах вышыня вызначаецца лічбаю пяцьдзясят дзевяць, а ў другіх – шэсьдзясят восем метраў!) Гэта яшчэ і самы вялікі ў Еўропе неагатычны касьцёл паводле плошчы. Храм уяўляе з сябе трохнефную базіліку з чырвонай цэглы, галоўны фасад якой фар­міруюць дзьве вежы з васьміграннымі шатрамі, а таксама трохвугольны франтон, завершаны высокімі зубцамі. Такія самыя франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Галоўны ўваход вылучае персьпектыўны партал з вімпергам і акном-ружаю па-над ім...
Злавіў сябе на думцы, што, як ні намагайся апісаць помнік архітэктуры, колькі ні наварочвай тэрмінаў і азначэньняў, усё роўна не дасі поўнага ўяўленьня! Храм, а тым болей такі выдатны, трэба бачыць непасрэдна, у прывязцы да мясцовасьці, у скрайнім выпадку — адзьняты на відэакамеру!
Прыемна зьдзівіла мяне Хрысьціна: падчас вандроўкі напарабіла ў сваім сшытку вельмі прыстойных — выразных і пазнавальных — накідаў архітэктурных помнікаў, пазанатоўвала цікавыя дэталі з аповеду нашага забесьпячальніка інфармацыяй. Нездарма вучыцца ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў... Вось толькі каб яшчэ акуратней афармляла занатоўкі і шкіцы ў сваім сшытку! Хіба што перапіша і перамалюе дома пазьней?
Выпраўляліся мы да Менску зусім іншым маршрутам. Шлях наш ляжаў праз Паставы, дзе вельмі хораша гасьцявалася мне пазалетась у Семянасаў-бацькоў, і праз Мядзел, які збольшага ведаю па паездках на возера Нарач. Але ні іх помнікі, ні прыдарожны касьцёл у Ільлі, што прамільгнуў за акном, ня здольныя былі ўзрушыць: па-першае, былі перанасычаныя аўдыёвізуальнай інфармацыяй, а па-другое, проста стаміліся, бо наезьдзілі за дзень нямала — каля шасьцісот кіламетраў!
Хацелася асэнсаваць пачутае і ўбачанае, зрабіць сякія-такія высновы, а то і проста падрамаць! Гэта я і рабіў...

l l l
Казалі, што раней арганізатары ледзь набіралі ў такія вандроўкі людзей на аўтобусе, а цяпер ахвотнікаў столькі, што вымушаныя арэндаваць два аўтобусы.
Дзіва што! Як падумаеш — калі б гэта выбраўся ў такую пілігрымку сам, дзе знайшоў бы такога гіда як Антось Астаповіч?! Хіба прамінуў бы я з ім Радзівілаўскі палац у вёсцы Паланэчка, як гэта здарылася, калі пазалетась езьдзіў на пленэр па мясьцінах Ігната Дамейкі?! Але нават калі едзеш з абазнаным гідам, варта хоць збольшага падрыхтавацца. Да прыкладу, прагледзець маршруты на мапе, пагартаць даведачную літаратуру, вызначыцца, што найперш хочаш пабачыць, пра што даведацца. Яшчэ раз пераканаўся, што трэба не ленавацца рабіць запісы ў нататніку або нагаворваць на дыктафон, што нельга шкадаваць фотастужку. А яшчэ мабыць варта браць у дарогу “глушылку” — плэер са сваімі ўлюбёнымі аўдыёзапісамі. Падчас паездкі, асабліва на зваротным шляху проста задзяўбла касета, якую раз за разам пракручваў кіроўца. Уяўляеш — выходзіш з храма, сядаеш у аўтобус і вымушаны слухаць перлы кшталту: “Я душу дьяволу отдам за ночь с тобой!” І гэта яшчэ ня з горшага! Мяркую, што хлопцы-арганізатары павінны былі б мець па дзясятку касетаў з беларускімі ці хаця б з проста прыстойнымі запісамі. Яны ж плацяць шафёрам, дык у прамым і ў пераносным сэнсах павінны былі б замаўляць і музыку. Не зашкодзіла б таксама даць кожнаму падарожніку інфармацыйны ліст пра маршрут: хіба цяжка вычытаць тэкст, каб не было памылак, дый раздрукаваць на прынтары з сотню старонак?! Варта было б падрыхтаваць яшчэ і анкеты, хай сабе самыя просценькія, якія можна было б папрасіць вандроўнікаў запоўніць пад канец падарожжа. Сам, да прыкладу, пажадаў бы ўключаць, можа, меней пунктаў, каб не было залішняй сьпешкі на прыпынках ці нярвовасьці, што некуды не трапляем...
А яшчэ цяпер думаецца пра тое, што шмат чаго мы ўсё ж маем, але нам няма калі пабачыць гэта за штодзённай мітусьнёю.
Таму, калі дазнаўся, што праз два тыдні мяркуецца аналагічная вандроўка па Іўеўскім і Воранаўскім раёнах, дык вырашыў: абавязкова паеду, калі толькі ня будзе абсалютна неадкладных справаў. Ніколі ня быў у мястэчках і вёсачках Лаздуны, Трабы, Жамыславы, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Беняконі, Гайцюнішкі. Варта адно толькі ўслухацца ў гучаньне гэтых найменьняў і пачуюцца-адгадаюцца ў іх балцкія, славянскія, а дзе і фіна-угорскія карані! У запрашэньні-абвестцы прапануюцца да агляду некалькі касьцёлаў, сядзібна-паркавы ансамбль ХVIII-ХIХ стагоддзяў, магіла Марылі Верашчакі, унікальны дом-крэпасць (“замачак”), кальвінскі збор ХVI стагоддзя і шмат іншага.
Таму, калі будзеш у Менску ў сярэдзіне месяцу, неадменна далучайся! Паведамі мне, калі заахвоцішся, каб замовіў месца і Табе. Упэўнены – не пашкадуеш.
А цяпер, Браце, разьвітваюся, але спадзяюся на хуткую сустрэчу.
Мае найлепшыя Табе зычэньні.