12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Франц Сіўко

_____________________
Тыдзень Вялікай Коткі.
Аповесьць


I
Вось так яно ўсё і выплывае на сьвет Божы, – з выглядам чалавека, які неспадзеўна згубіў падчас стыхійнае навалы ўсіх сваіх крэўных, прамаўляе Алуша, і гэтак знаёмая Дарашэнку напятасьць жончынага голасу канчаткова пазбаўляе яго надзеі на які-кольвек дыялог. – Дык у вас з гэтаю Люсяй, можа, і дзеці ёсьць? Можа, і ўнукі таксама? А мы і чуць пра іх ня чулі, і ведаць ня ведаем. Пазнаёміў бы ўжо, ці што... Ёсьць? Колькі? Ну, прызнайся!
Твар яе пярэсьціцца плямамі, колер вачэй імкліва перамяняецца з шэрага на рудаватыпершая прыкмета, што прыступ злосьці будзе працяглым. А гэта значыцьспрачацца ня варта. Бо цяпер яна будзе гаварыць ды гаварыць, як заведзеная, аж пакуль ня стоміцца, і кожнае ягонае неабачлівае слова толькі падліе масла ў агонь. Такая ўжо ў кабеціны заюшлівая натура, нездарма ж нібытамастачка.
Алуша вырабляе батык і прадае яго пасьля прэзентацыяў у музеі прыватных калекцыяў праз ралет на кірмашы. Галоўным чынам гэта выявы дзявочых твараў і экзатычных кветак на тле бляклых пасаў дажджу ці, наадварот, да рэзі ўваччу яркіх сонечных прамянёў. Да таго, як заняцца батыкам, жонка працавала настаўніцай маляваньня ў школе для дзяцей з затрымкамі псіхічнага разьвіцьця, што, відаць, і паўплывала, хоць сама яна так ня лічыць і баронь Бог лішні раз нагадаць ёй пра тое, на яе творчуюабо толькі чорнае, або толькі белае, і ні пядзі ўбокпалітру.
Алуша, ну чаму нельга пагаварыць спакойна? – употай сьпелячы спадзеў хоць на якое, хоць на самае кволае замірэньне, прамаўляе Дарашэнка. – Мы ж ня дзеці, здаецца... Можна высьветліць усё цывілізавана...
Во-во, цывілізавана! Цы-ві-лі-за-ва-нао, як гэта ўпісваецца ў тваю тэзу: паводзіны ў адпаведнасьці з узростам і каб усё пры тым было цывілізавана і ціха! А дакладнейшыта-крыта. І гэтаму ты моладзь вучыш? Нішто сабе навука!
Апошняенамёк на Дарашэнкаву працу ў тэхнікуме, дзе ён па выхадзе на адпачынак, каб крыху падперці хісткі сямейны бюджэт, застаўся выкладаць на чвэрць стаўкі сваю фізіку. І хоць словы Алушыны па-ранейшаму гучаць злосна і твар яе ўсё яшчэ гарыць абурэньнем, ён, аднак, ня можа не заўважыць, што гэта ўжо ня тыя неўтаймоўныя злосьць і абурэньне, што былі напачатку. Значыць, неўзабаве яна супакоіцца, і прыступ агрэсіі зьменіцца апатыяй. Вось толькі калі тое будзе?
І собіла яму вымкнуцца з тым двухгадовае даўніны Люсіным лістом! Быццам Люсі, з якою яны ня бачыліся сорак з гакам гадоў, адно і клопату, што чакаць ягонага прыезду. Тым больш што і не адпісаў ён тады Люсі, хоць, папраўдзе, напачатку і карцела. Але як ты давядзеш Алушы, што ягоная пуцёўка менавіта ў той самы дом адпачынку, дзе два гады таму рабіла Люся, – чыстая выпадковасьць. І што ня дзеля спатканьня з Люсяй, а адзіна каб крыху падлячыцца ды пабыць сам-насам, падалей ад абрыдлых хатніх клопатаў, ён туды выпраўляецца?
Спадзяюся, ты хоць не забыўся пра наш заўтрашні візіт да Кірыкаў, – кажа Алуша, і перамена тэмы размовы, ды яшчэ ў такім неспадзявана ціхамірным тоне, міжволі прымушае Дарашэнку насьцярожыцца. Алушын характаряк надворе ўвосень: на тыдзень зьменаў восем. І галоўнае, ніколі ня ведаеш, якім сюрпрызам абернецца праз хвіліну ўдаваная ціхамірнасьць.
Не забыўся.
Ну, і на тым дзякуй... Хоць нешта ўрэшце...
Кірыкісямя Алушынага стрыечнага брата-бізнэсоўца Андрэя, неблагія, хоць, папраўдзе, ня так ужо блізкія Дарашэнкам людзі. Узмажнеўшы ў бурапенны час перабудовы на вывазе ў Польшчу прасаў і рознага іншага побытавага прычындальля, Андрэй і Нэля, ягоная жонка, былая доктарка, так удала распарадзіліся займетымі ад таго паўлегальнага гандлю сродкамі, што сёньня могуць дазволіць сабе рэчы, якія Дарашэнкам і ня сьнілася. Да прыкладу, тую ж выправу ў Берлін і Прагу, з якой днямі вярнуліся, нагружаныя пад завязку бра ды люстрамі з праўдзівага чэшскага шкла. Заўтра спаўняецца дзесяць гадоў, як ня стала малодшай дачкі Кірыкаў Олі, адной з дзьвюх забітых нейкім маньякам з інтэрвалам у паўмесяца дзяўчын-падлеткаў. Злачынствы тады шмат нарабілі галасу ў мікрараёне і ва ўсім горадзе, ды так і засталіся, здаецца, дасюль не раскрытымі.
Не забыцца купіць чаго-небудзь. Лікёру можна, Нэля любіць лікёр. Ці каньяку... Цукерак якіх, печыва альбо торт... А то заявімся без анічога, з пустымі рукамі, няёмка будзе.
Перавод гаманы ў практычнае рэчышча канчаткова супакойвае Дарашэнку. Да таго ж з калідору даносіцца званок. Алуша ідзе адчыняць, і праз хвіліну ў дзьвярах вырастае мажная Ігарава постаць. Іх дваццацісямігадовы сын-асьпірант, які паставіў сабе за мэту не жаніцца раней, як абароніць кандыдацкую, жыве асобна ад бацькоў, у інтэрнаце, і ягоны прыходдадатковая гарантыя, што вяртаньне да тэмы пра Люсю сёньня не пагражае. Ігарвялікі майстар мірыць продкаў, і робіць ён гэта так спрытна, з выкарыстаньнем такіх тонкіх прэвентыўных захадаў, што Дарашэнка і Алуша часам і міргнуць не пасьпяваюць, як тэма спрэчкі ўжо надзейненька зачынена.
А, дыпламат наш сямейны, як добра, што завітаў! Заначуеш у нас? – кажа Алуша і, атрымаўшы станоўчы адказ у выглядзе сьцьвярджальнага сынавага кіўка, дастае з серванту бутэльку “Merlot”у. Заўтра з раніцы, перад тым як выправіцца да Кірыкаў, яна яшчэ мае намер схадзіць у капліцу, а якая ж малітва ў гэткім растузаным стане... То вось, можа, фужэрчык напою якраз і адцягне думкі ад прыкрае перапалкі з сужэнкам ды дадасьць раўнавагі перад споведдзю?
Што ў сына непрыемнасьці з абаронай дысертацыі, бо ягоны навуковы кіраўнік акурат за месяц да яе ўмудрыўся грунтоўна перасварыцца з-за нейкай драбязы з калегамі з атэстацыйнай камісіі і цяпер немінуча чакай помсты з іх боку, яна, як і муж, ведае ня горш за самога Ігара. Але распачынаць прыкрую размову не жадае: карысьці з тае гамонкі, толькі разьвярэдзіш душу перад ноччу ды сапсуеш дарэшты і без таго далёка не мажорны настрой.

Палова дзявятай, а на дварэ, нягледзячы на задуху апошніх дзён, шэра і хмурна, як у верасьні. Гэтаксама шэра і ў кватэры, толькі блікі ад экрану сьлізгануць раз-пораз па адпятай на палову вакна гардзіне, сфакусуюцца на міг вузкім пукам сьвятла на паставах мужчынаў пры тэлевізары і зноў рассыплюцца веерам па шчыльна завешанай батыкам сьцяне.
Не дрэнкен коп!1 – дэманструючы, як заўсёды ў хвіліну ўзруху, ашмёткі ведаў з замежных моваў, якія яна раз-пораз папаўняе праз гартаньне розных турыстычных ды іншых размоўнікаў (рэцыдыў колішняга, нязьдзейсьненага намеру вывучыцца на перакладчыцу), – кажа Алуша, і выраз яе твару, і без таго не сказаць каб лагодны, робіцца яшчэ больш незадаволеным. – Што мне да вашага салону ды ўсёй гэтай аўталухты? Толькі і чуеш з дня ў дзень: стырно, запальваньне, каробка перадачаў... Быццам ужо і размаўляць больш няма пра што. Я ў такім мандражы, а вы са сваімі глупствамі. – Яна ўсторквае на ногі туфлі, зьнікае ў ванным пакоі.
Глупствы, на яе думку, – мужава з Ігарам пустое (“ані яны вам калі сьвецяць, гэткія машыны!”) захапленьне найноўшымі аўто. Прычына яе мандражусповедзь, дзеля якой яна зьбіраецца ў капліцу ледзь не ад самага золаку і дзеля якой нават адмовілася ад звыклай ранішняй цыгарэты. Ды, як захапленьне мужчынаў машынамі яна лічыць бессэнсоўным, бо і насамрэч яно ў практычным плане далей прагляду ды абмеркаваньня перадач тэлеканалу Discovery не сягае, так і яе набожнасьць, у сваю чаргу, ім таксама чымсьці надзвычайным не здаецца. Дзесяць год таму Алуша выбрала канфесію так пасьпешліва, у такім эмацыйным запале, што наўрад той выбар можна лічыць абгрунтаваным. За выняткам хіба таго няпэўнага, нічым не пацьверджанага прыпушчэньня, нібыта хтосьці з яе продкаў быў католікам. Пра што быццам сьведчыць яе метрычнае каталіцкае імя Альдона, якое яна сама падчас вучобы ў інстытуце памяняла на больш звыклае Ала. Дарашэнку часам нават здаецца, што яна ўжо ўпотай шкадуе аб зробленым выбары і пры выпадку зноў вярнулася б да зручныхжыві, як жывецца, і ніякага табе рэлігійнага дбаньнячасоў нікуды не належаньня.
Вось, я ў поўным ажуры, – абзываецца Алушаяна ўжо ў калідорыі застывае перад люстэркам. – А вы што седзіцё? Ігар, разьвязеш нас? Я спачатку ў капліцу, а адразу па споведзіда Кірыкаў. Так што чакай мяне там, Зянонавіч, чуеш? – Яна нахіляецца да мужа, праводзіць пяцярнёй па ягоных валасах. Жэстняйначай, дзеля прыліку, але Дарашэнку бачыцца ў ім жаданьне канчатковага прымірэньня пасьля ўчорашняга непаразуменьня, і ён згодна хітае галавой.

Жытло Кірыкаў месьціцца на восьмым паверсе, і ўсё тут іначай, як у Дарашэнкаў: перагародка з нержавейкі перад ліфтам, дыванок у самім ліфце, падвойныя масіўныя дзьверы з надпісам +К+М+В угары. Надпіс сьведчыць, што гаспадары жытла, як і Алуша, – католікі. Насамрэч каталічка толькі гаспадыня, Нэля, якая, у адрозьненьне ад Алушы, ведае свой радавод да шостага калена. А прозьвішча аднаго з прашчураў, сына зьбяднелага шляхціца, нядаўна нават адшукала ў сьпісе мніхаў разбуранага з прыходам Саветаў накрэсыфранцішканскага кляштара часоў Рэчы Паспалітай. Жанчыны калі-нікалі разам ходзяць у капліцу, хоць сказаць пры гэтым, што надта сімпатызуюць адна адной, не выпадае. Алушы недаспадобы Нэліна меркантыльнасьць. Нэлю раздражняюць у Алушы катэгарычнасьць меркаваньняў і празьмерная схільнасьць да суфражызму, то бок шчыраваньня ні ніве роўнасьці між мужчынамі і жанчынамі. Што, аднак, зусім не перашкаджае ім супрацоўнічаць падчас дабрачынных акцыяў, якія штомесяц наладжвае мясцовае аддзяленьне “Caritas”а1 для дзяцей-сіротаў і інвалідаў.
Букет пахаў ірвецца Дарашэнку насустрач з кухні, і ён у думках хваліць жонку за падказку купіць лікёру.
Памятаеце, які сёньня дзень? Ну, дзякуй, – кажа Нэля і падае мужу знак адкаркаваць напой. – А мне здаецца часам, усе забыліся пра нашу дачушку. Людзі так хутка пра ўсё забываюцца... І тым больш прыемна, што хоць вы з Алушай памятаеце.
Яна вядзе госьця ў пакой, дзе пры Олінай фотцы на стале са стравамі наўзбоч новага чэшскага бра з шыкоўнымі падвескамі гарыць сьвечка, бярэ з падваконьня альбом.
Вось, як жывая дзяўчына на здымку. Як быццам учора ўсё было. Трэба было мне заснуць тады на радасьць таму гаду... Ніколі сабе не дарую, ніколі...
Нэля ўпусьціла Олю ў падезд праз дамафон, а сама тым часам прыснула на канапе. А калі прачнулася, дачкі ў кватэры ўсё яшчэ не было. Пайшла шукаць па падезьдзе ды і знайшла нежывую, з шалікам на горле ў закутку пляцоўкі перад уваходам на гарышча.
Андрэй уносіць паднос з ежаю, ставіць на стол збоч падваконьня. Ён, відаць, чуў размову, бо тут жа пачынае супакойваць жонку. Дарашэнка таксама мкнецца зрабіць унёсак у справу, зазначае, што, маўляў, адліюцца забойцу матчыны сьлёзы. Але парыў ягоны, наўзьдзіў, не знаходзіць у гаспадыні адабрэньня.
Што ты! – кажа яна і рашуча адсоўваецца ад яго, бы ад нясьветнага ерэтыка. – Крый Бог! Хай застаецца ўсё, як ёсьць. Яго зловяцьі ёй горай будзе на тым сьвеце. Што заўгодна, ды толькі ня помста. Айцец Зьміцер, наш сьвятар, кажа, нішто так ня есьць чалавека знутры, як яна, помста. Пачнеш помсьціцца, а ў вынікусам сабе толькі нашкодзіш. Сточыць помста вантробы, бы шашаль гаржэтку...
Андрэй падтаквае ёй, і Дарашэнкава маўклівая нязгода з гэткаю высновайдараваць забойцу, як можна? – ціхамірна патанае ў суладнай цьвердзіні іх хрысьціянскай усёдаравальнасьці.
Дык што, едзеш адпачыць? – пераводзіць размову на іншае Андрэй. – Надоўга? Добра табе... А мы вось з Нэляй ніяк не зьбярэмся за слугаваньнем мамоне1. Сьцягаліся на тыдзень у Прагу ды Берлін, але хіба гэта адпачынак? Дарога такая цяжкая, ды і ўражаньняў тых кот наплакаў, адно пасьпяваеш падчас язды ад прыбіральні да прыбіральніМакдональдсыз іхнімі варяцкімі фаст-фудамі за вакном аўтобусу лічыць...
Гаворыш абы-што, – кажа Нэля і лагодна падміргвае Дарашэнку. – Прыдумаўмамоне! Падумае чалавек, мы тут няведама які крымінал разьвялі. Можна і наогул нічым не займацца, а такому мамоне слугаваць, што і чорту не прысьніцца. Тым большне для сябе стараемся, хочацца ж Жэні памагчы.
Жэнядругая, старэйшая Андрэева і Нэліна дачка, равесьніца Ігара. Два гады таму яна выйшла замуж за кіпрыёта турэцкага паходжаньня і зьехала з ім да яго на радзіму. Зьехала насуперак нязгодзе бацькоў, таму напамін пра яе з вуснаў Нэлі, якая зазвычай балючай тэмы не чапае, выглядае дзіўнавата.
А вось у палітычныя авантуры менш трэба лезьці, – працягвае Нэля і моршчыць лоб. – Такі складаны час для прадпрымальнікаў, адну за адной фірмы зачыняюць, а ён, бач, у страйкавы камітэт упісаўся. Паведаміць хто ззычліўцаўкуды сьледі гамон справе, шукай тады вінаватых. Ну, ня так, Саша?
Можа, і так, – кажа Дарашэнка і зноў чамусьцікаторы раз за апошнія днізгадвае Люсін ліст. Згадка такая ліпкая, што нават тады, калі Андрэй заводзіць гаману пра нюансы працы ў фірме па продажы радыёапаратуры, якую ён пяць гадоў таму адчыніў у складкі з яшчэ адным сваяком, Дарашэнка не дае рады ад яе адчапіцца. І толькі Алушын прыход ненадоўга, бо жанчыны амаль адразу зачыняюцца ў пакоі, каб патэтатэчнічаць, крыху зьнівелёўвае яе.

А прызнайся, што ўсё яшчэ неабыякавы да гэтай Люсі, – кажа Алуша і з выглядам пакрыўджанага дзіцяцізвычайная яе манера паводзінаў неўзабаве па замірэньніадводзіць пагляд убок. Злосьць усё яшчэ прабіваецца ў яе голасе, але гэта ўжо хутчэй злосьць на мяжы дараваньняусьцешны вынік доўгай начной размовы Дарашэнкі з жонкаю напярэдадні ягонай выправы ў дом адпачынку. – Цяпер мне зразумела, чаму ты ажно тры гады мітрэнжыўся з прапановаю пабрацца... Ніяк яе ня мог забыцца!
Ага, так і ёсьць, якая ж ты здагадлівая, – кажа ён, імкнучыся надаць голасу як мага болей сарказму.
Канешне, ён пакрывіў бы душой, калі б працягваў даводзіць, што едзе ў той дом без таемнага намеру пабачыць Люсю: з песьні слова ня выкінеш. Не жадаў бы ён спатканьня з Люсяйхто б прымусіў яго ехаць, такіх дамоў колькі ні панаадчыняна апошнім часам паўсюль. І Алуша не такая дурніца, каб да гэтага не датумкаць. Так што яе рэакцыю на ягонае рашэньне ехаць цалкам можна зразумець: хто ж узрадуецца, што яго спрабуюць трымаць за дурня? Абраза і падман, хай сабе і ў выглядзе маўчанкі, заўжды ходзяць поруч. І не жанчыну, які б вынаходлівы і спрытны ні быў мужчына, на зазуб тае маўчанкі беспакарана падсякаць.
Гэта была першая іх размова, падчас якой ён распавёў жонцы ўсё пра свае дзяцінна-юнацкія стасункі з Люсяй Гарнак. Але што значыцьусё? Як можна распавесьці ўсё іншаму чалавеку пра тое, чаму і сам нават у паважным ужо ўзросьце ня ў стане даць дакладнага азначэньня? Ня кажучы ўжо пра нейкія там інтымныя нюансы, што суправаджаюць падобныя гісторыі. Кшталту гэтак абсьмяянага рознымі цынікамі ды ўсё адно гэтак помнага кожным з нас ад гадоў маленства камяка ў горле ад доўгачаканага пагляду, дотыку, усьмеху, што апячэ душу праяваю прыязнасьці ды застанецца ў памяці на тле абыякавасьці іншых людзей як ледзь ня самае дарагое, што здарылася з намі ў жыцьці.
Адзіным, чаго ён баяўся падчас размовы, былоці дасьць Алуша яму веры. Жанчын заўсёды найперш цікавіцьці было, а калі было, то што? І тут паспрабуй даць рады не патрапіць у нерат. Скажаш, што былозначыць, юрлівец, валацуга, скажаш не былозначыць, хлус, бо ня быць пры гэткім жаданьні сустрэцца праз гады папросту ня можа.
Як ні дзіўна, Алуша такога пытаньня яму не задала. Быццам адчула яго недарэчнасьць ды дыпламатычна ўнікла, хоць, магчыма (і хутчэй за ўсё, што так), і круцілася тое пытаньне ў кабеціны на языку.
Галава цягніка з кропкаю сьвятла паперадзе вынырвае з-за павароту, набліжаецца да станцыі.
Дык штонеабыякавы? – нагадвае пытаньне Алуша і саступае пад ціскам патэнцыйных пасажыраў з пляцоўкі на суседнія рэйкі. – Ну, што тут скажаш! Тэлефануй, як што спатрэбіцца... Дарэмна Ігараў мабільнік ня ўзяў, вось і будзеш мучыцца, шукаць якой будкі, калі наогул яны там ёсьць. – І дадае быццам паўжартам ужо пад самы адыход саставу: – Глядзі ж, хоць там бяз глупстваў...
Яна нешта кажа яшчэ, але словы яе патанаюць у гудку цеплавоза. І неўзабаве і сама яна, ухутаная завесаю ці то дыму, ці то шэранінадвячоркам прайшоў пасьля невыноснае паўдзённае сьпёкі спорны дождж, а прыпарка так ані і не паменшалазьнікае з вачэй пад вясёлы акампанемент колаў цягніка.

Састаў то гайданецца на павароце, то суцішыць рух, то зусім спыніцца на чарговым паўстанку. Субота, люду ў цягніку няшмат. Купэ, у якім Дарашэнку дастаўся квіток, – бадай, адзінае цалкам укамплектаванае пасажырамі ва ўсім вагоне. Ззаду паўгадзіны язды, і вось ужо, асвойтаўшыся збольшага сярод незнаёмых людзей, то адзін, то другі з Дарашэнкавых суседзяў адзавецца асьцярожлівай рэплікай у спадзеве намацаць глебу для размовы.
Найбольш гаманкая з чацьвёркіпажылая кабета-медычка з Таліну. Яе сусед, маладзён гадоў трыццаці, таксама талінец і таксама, як і жанчына, беларус з паходжаньня. Абое хваляць не нахваляць жыцьцё ў сваім Таліне (“палтус такі танныледзь не штодня ямо!”), і разам з тым абаіх родніць нейкі неўразуменна-глыбінны асьцюк помсьлівае незычлівасьці да тамтэйшых аўтахтонаў, што раз-пораз вымкнецца з вуснаў то аднаго, то другога.
Паспытаюць яшчэ і нішчымнага, палтус, ведаеце, таксама не бясконцы, – падагульняе тэму кабеціна і з мінаю чалавека, што належным чынам выканаў свой грамадзянскі абавязак, застывае над сканвордам.
Чацьвёртая пасажырка, дзяўчына з фінгалам пад левым вокам, зьнеш­не, асабліва неахайнасьцю прычоскі, нагадвае ці то ўлюбёную Ігараву сьпявачку Бёрк, ці то маладую Пугачову. Яна, як і Дарашэнка, тутэйшая, раз-пораз выходзіць у тамбур папаліць. Фінгалам яна абавязаная свайму сталічнаму каханку-суценёру, які ўзлаваўся на яе за тое, што прыхавала ад яго частку заробку. Два тыдні таму яна зьбегла ад мучыцеля да бацькоў, але ў правінцыі жыць сумна, ніякіх табе забаваў, вось яна і вяртаецца зноў у сталіцу, каб быць бліжэй да цывілізацыі.
Час бяжыць, што ўхопіш, тое і тваё, – кажа і прыхільнаужо хто-хто, маўляў, а мы з табою дамо рады паразумеццаусьміхаецца маладзёну.
Ну, гэта як каму што даспадобы, – шматзначна, быццам ведае штосьці такое, чаго ніхто на сьвеце больш ня ведае, зазначае медычка. – А не баяцеся, што зноў ваш каханак вас пабе? Нос паламае ці яшчэ што... Гэтак і калекай нядоўга застацца. Вунь колькі выпадкаў, у газетах пішуць ды па тэлебачаньні распавядаюць...
Ужо лепш застацца калекай, чым так марнець, як некаторыя ў нашым заштатным горадзе марнеюць. Ні пайсьці табе куды, ні шашні якія завесьці, – парыруе дзеўка. – Да таго жкаханьне ёсьць каханьне, і нікуды ад яго ня дзенешся. Я свайму Артурчыку ўсё-ўсенька, усе ягоныя выверты дарую, абы толькі побач з ім быць!
Яна паварочваецца тварам да Дарашэнкі, сьлізгае вачыма па канверце, які ён толькі што дастаў з валізы і зараз з мінаю, быццам у ім затаілася ды зараз вось высунецца ды ўджаліць вужака, трымае перад сабою.
І вам дзеўкі пішуць? – кажа, і зрэнкі яе туманяцца, набрыньваюць вільгацьцю ў чаканьні працягу размовы. Аднак Дарашэнка ўдае, што ня чуе яе, і яна, памуляўшыся хвіліну-другую ў нерашучасьці, ці сьлед ча­паць яго зноў, з выглядам абражанае цнатлівасьці накіроўваецца ў тамбур папаліць.
Дарашэнка вымае з канверта ліст, пачынае павольна, быццам усё яшчэ не вырашыў, ці сьлед гэта рабіць, вадзіць вачыма па зжоўклым, сьпярэшчаным знаёмымі літарамі-крывулямі аркушы.
Люся... Люська-Люсінда... Як даўно ўсё было, быццам і ня ў гэтым зусім, а ў іншым нейкім, аддзеленым ад цяперашняга кавалкам сама меней у чатыры з добрым гакам дзясяткі год жыцьці.

Ноч яшчэ не запанавала над мястэчкам, але і дзень дарэшты ня скончыўся. Водбліскі сьвятла раз-пораз вымыкаюцца над альтанкаю з захаду танюткімі пасамі, ясьняць на хвіліну двор і дрывотню па той бок ценькага і дробнагалета сёлета з перападамі, то занадта сьцюдзёна, то, наадварот, нясьцерпна горачамаліньніку.
Ні тры, ні два, – кажа дзядзька Зюзялёк і цяжка ўздыхае. Ён надоечы вярнуўся з суседняга раёну ад брата, на котлішчы якога здарыўся пажар, і ніяк ня можа ад выгляду таго папялішча ачомацца. Паліць адну за адной папяросы, ды ўздыхае, ды соты раз распавядае падрабязнасьці жахлівага (“уяўляеце, сусед падпаліў, помсьцячы за нейкую даўнюю крыўду, і ўсёдашчэнту, на прысак, добра, самі жывыя засталіся”) няшчасьця.
Зюзялёкдзядзькава мянушка, што прыліпла да яго ў маленстве пасьля таго, як маці-ўдава аддала сына на выхаваньне ў сямю сваякоў, ды прыліпла так грунтоўна, што сапраўднае ягонае прозьвішчаКапічніхто ўжо амаль і ня ўзгадвае.
Дзьверы ляпаюць, на двор выходзіць Люся, прымошчваецца побач з мужчынамі на лаве.
Люсявасьмігадовая дачка лясгасаўскай прыбіральшчыцы цёткі Любы Гарнак, Сашкава равесьніца. Яны з маткаю жывуць у бараку-прыбудове побач з домам. І, хоць там і няблага, і зручнасьці нават сякія-такія маюцца, чакаюць не дачакаюцца ўласнага жытла. Яны прыехалі ў пасёлак аднекуль з Поўначы. Абедзьве, што маці, што дачка, вельмі маўклівыя, і суседкам, якія прывыклі ўсё пра ўсіх ведаць, гэта вельмі абыходзіць.
Ну, вось, Люся-Люсінда, будзе табе сяброўка, – кажа дзядзька Зюзялёк і запальвае чарговую папяросіну. – Вазьму да сябе пляменьніцу, хай пажыве, пакуль адбудуюцца пасьля пажару. Усіх не магу ўзяць, няхай выбачаюць, цеснавата, а дзеўку вазьму... Сваякі, куды дзенешся. Ужо ж, можа, не абесьць.
Люся штосьці мармыча яму ў адказ, абхоплівае рукамі калені, заглыбляецца ў нейкія свае, ёй адной дасяжныя думкі-мроі.
Вакно прыбудовы расчыняецца, і голас цёткі Любы працінае вечаровую цішу:
Лю-юся...
Люся паслухмяна падхопліваецца з месца, брыдзе дахаты. У яе праблемы з пісьмом, і яны з маткай вырашылі іх за лета зьліквідаваць, дзеля чаго штовечар пішуць дыктоўкі.
Зэня, Сашкаў бацька, выходзіць з хаты, садзіцца на лаву побач з дзядзь­кам Зюзяльком.
Зімна, як увосень, халера, – кажа і дастае з кішэні шваркі капшук з тытунём, пачынае скручваць папяросіну. Тытунь сыпецца паўз скалечаныя на фронце пальцы яму на калені, але ён, заняты гамонкаю з суседам, на тое не зважае.
Дзядзька пазірае раз-пораз на вакно Гарнакоў, нахіляецца да бацькавага вуха.
Дзіўныя нейкія яны, гэтыя Гарначышкі, што матка, што дачка, – шэпча, і папяросіна няўклюдна торгаецца ў такт ягоным словам у куце вуснаў. – Ні да іх хто, ні яны да каго. Што дзе ні дзеецца, а імані шум баравы, нішто не абыходзіць. А ўчора двое мужыкоў з раёну прыходзілі, цікавіліся Любаю. З выглядубы вайскоўцы, і гамонка нянаская. Што за дзівосы?
Ну, мала што, – цэдзіць праз занятыя папяросінай зубы бацька. – Мала якая можа быць нагода ў людзей.
Ён падымаецца, каб ісьці дахаты, і Сашка тае ж хвіліны ўскоквае з бервяна, сунецца паўз калюжыныіх поўна ў двары з заўчорашняга дажджуза ім сьледам.
Зазвычай яны сьпяць усе асобна: маціна лаве ў кухні, бацькана тапчане, Сашкана палку пры печы ці, калі занадта горача, – далавах за перабойкаю. Побач з бацькам спаць нязручна, бо ён храпе ды і папаліць падымаецца ўначы, растузаны бяссоньнем, раз-пораз. Але сёньня Сашку хочацца конча легчы побач з ім, і ён пераносіць з-за перабойкі да яго на тапчан падушку і караценькую сваю, зладаваную маткаю са старых бэбахаў коўдру.
На тапчане цёпла, хоць, папраўдзе, крыху і мулка. Сашка прыціскаецца плячом да бацькавага дужага цела, упэўнены, што ён ахвотна адкажа, пытаецца, што такое Поўнач і ці далёка яна знаходзіцца ад мястэчка. Бацька хвіліну маўчыць, быццам абдумвае, што адказаць, затым рашуча гасіць лямпу ва ўзгалоўі.
Бач, што ўзбрыло табе ў голаў, – кажа і рэзка, ажно заходзяцца енкам дошкі тапчана пад тонкім сеньніком, адварочваецца тварам да сьцяны. – Чаго захацеў: пра Поўнач! У нас тут свая Поўнач! Сьпі!
І тае ж хвіліны амаль засынае.
Сашка счэквае, пакуль ён як сьлед усьпіцца, сасьлізгвае з тапчана, асьцярожна сунецца да дзьвярэй. Яму прыкра і вельмі, аж да сьлёз, крыўдна. Ведаў бы загадзя, якім будзе бацькаў адказ, ці ж пайшоў бы класьціся на той тапчан...
На дварэ цёмна, толькі на лаве ў альтанцы бялеецца штосьці, ды з пакою Гарнакоў прабіваецца паўз фіранку на панадворак скупы пасак сьвятла ад лямпы, ды з клеці дзядзькі Зюзялька даносіцца заклапочаны голас курыцы-квактухі.
Люся сядзіць у альтанцы, абшчаперыўшы, як заўсёды, калені рукамі, штосьці ціха мармыча, нібыта прамаўляе пацеры. Ён садзіцца побач, і яна адразу замаўкае, і насьцярожаная цішыня запаноўвае наўкола. Сашку карціць загаварыць з ёю, але ён баіцца: раптам і тут напаткае адлуп, як колькі хвілінаў таму ад бацькі?
Што карысьці сумаваць, — кажа Люся і кладзе сваю далонь на ягоную. – Вось хочаш, пра Поўнач табе распавяду? Хочаш?
Хачу.
Ну, дык... ліст напішу, – кажа яна і, перш чым хлопец пасьпявае што-колечы скеміць, бяжыць паўз цемру ўсьцяж ліпняку да свайго бараку.

Наступны дзень наўзьдзіўучора яшчэ было гэтак сьцюдзёнасьпякотны, з прыпаркаю, і на дварэ ні душы, толькі ценькая Люсіна пастава ўзвышаецца самотным ценем на бервяне пры альтанцы. Сашка сядзіць у кухні ля вакна, назірае пад гукі патэфону, што даносяцца аднекуль з суседняй вуліцы, як мітусіцца ў доме насупраць па кватэры Зюзялькова жонка цётка Каруся: то ходзіць з кута ў кут, то вызірне ў вакно, то раптам пабяжыць ні з таго ні з сяго ў калідор. Сёньня субота, дзень прыходу цягніка, і дзядзька Зюзялёк выправіўся пад яго з раніцы на падводзе сустракаць дачку брата-пагарэльца Лёлю. Вось з чаго цётка гэтак хвалюецца, вось з чаго і Сашку, хоць і чужыя яму тыя Зюзялькі, а тым болей іхнія сваякі, неяк не па сабе. Прыезд новага чалавеказаўсёды новыя ўражаньні, і якія то яны, менавіта вось гэтыя, будуць?
Люся саскоквае з бервяна, моўчкі, як заўжды, прастуе да бараку. Вымае са сшытка прыхаваны сярод старонак аркуш, падае Сашку знак выйсьці. Яму ня надта хочацца тое рабіць, бо турботы цёткі Карусі займаюць яго на гэтую хвіліну куды болей. Але ён пераадольвае сябе, ідзе на двор.
Я абяцала напісаць табе ліст, – кажа Люся і падае самаробны, з аляпістымі плямкамі клею па баках канверт.
Лісты паштарка носіць, вось што, – абражаны простасьцю дзеі, кажа ён і з абыякавым выглядам кладзе канверт у кішэню.
Праз паштарку нельга перадаваць, – пярэчыць яна. – Трэба асьцярожна, бо скрозь вушы...
Яна яшчэ штосьці дадае, але што, ён ня чуе, бо з-за ліпняку чуюцца гукі колаў, і падвода дзядзькі Зюзялька з незнаёмым дзеўчанём паперадзе ўязджае ў двор, спыняецца пад вокнамі пад радасныя воклічы цёткі Карусі.

Ужо і шарэць пачало на дварэ, а Лёлі Сашка з Люсяю яшчэ зблізу ня бачылі. Раз-пораз выходзяць на двор то цётка Каруся, то сам Зюзялёк, а госьця быццам зьнікла куды, ні слыху пра яе, ні дыху. Сашка з Люсяй ся­дзяць у альтанцы, знэнджаныя абрыдлым чаканьнем, з надзеяйа раптам раздобрыцца-такі прыезджая прынцэса, выйдзе пазнаёміццапазіраюць на вокны Зюзяльковай кватэры.
Сашка, ты ліст мой пачытаў? – кажа Люся і ўстае з месца. Цётка Люба яшчэ не клікала яе, але яна і сама, мабыць, адчувае важнасьць тых штодзённых пісанак перад школаю.
Сашка чакае па яе адыходзе яшчэ колькі часу, і толькі калі наўкола зусім цямнее, брыдзе, зьнявераны ў спадзеве на новае знаёмства, дахаты, і забыты на час марнага чаканьня Люсін ліст самотна шорхае ў кішэні ў такт ягоным знарок гучнымведай, хто тут, у гэтым двары, галоўныкрокам.
У кватэры гэтаксама цёмна, як і на дварэ, бо бацька і маці ўжо сьпяць. Ён прабіраецца ў свой пакой, запальвае ва ўзгалоўі сьвятло, цягнецца рукою да кішэні, дзе стаіўся ў прыціхлым здранцвеньні канверт з Люсіным лістом.
І што ў ёй, гэтай паперчыне, такога сакрэтнага, што нельга нават дасылаць яе па пошце? І што за ліст гэта: каб табе знак прыпынку, суцэльны тэкст, а літарыбы калочкі-слупкі толькі што пасаджаных вербалозінаў усьцяж брукаванкі ад цэнтру мястэчка да чыгункі?

Ліст Сашку незразумелы, ды і як тут даць рады што-кольвек зразумець, калі замест апісаньняспрэс адны недаказкі-недагаворкі. Ну, хай сабе гурбы, хай сьцюжа, хай хвоя-спарыш з арэлямі, гэта зразумела. А пры чым да ўсяго нейкая пайка ды братавы пялюшкі, якія цётка Люба мусіць сушыць, абгарнуўшы іх вакол уласнага цела? І чаму яна выносіць цела брата, а назад не вяртаешто гэта значыць? Нішто сабе Поўнач, нішто сабе аповед. Ці тое гэта, пра што то адзін, то другі з суседзяў не-не ды і згадае паўшэптам у размове? Хоць папытайся ў каго са старэйшых, напрыклад, у бацькі або ў дзядзькі Зюзялька? Але ж пытацца ў абыход Люсінай персоны не выпадае. Як-ніяк яны з Люсяю сябры, а што такое праўдзівае сяброўства, ён, Сашка, ужо няблага кеміць. Асабліва зараз, па прыезьдзе Лёлі, якая і глядзець у іх з Люсяю бок, фанабэра, не жадае. Ды і цьмяная здагадка, што крыецца за Люсіным лістом штосьці больш сурёзнае, чым проста занурыста-зацятая звычка бязбацькавіцы рабіць з усяго таямніцу, стрымлівае Сашкаву дапытлівасьць.
Ён сядзіць у самоце на звыклым месцы, у альтанцы, чакае, калі выйдзе з барака госьць Гарнакоў. А разам падчэквае і Люсю, якая выправілася з паўгадзіны таму з цёткаю Карусяй ў пассавет па сахарыну.
Госьць Гарнакоў зьяўляецца ў двары першы. Гэта моцна зьбіты мужчына год трыццаці з тонкімі, як намаляванымі вусікамі і спружыністай хадою, што хутчэй за ўсё выдае ў яе ўладальніку або вайскоўца, або службоўца міліцэйскай сістэмы. Па ягоным расчырванелым твары бачна, што ён не ў гуморы. Ён выцірае насоўкаю пот на ілбе, сыходзіць з ганка, шырокім крокам, ажно разьлятаюцца ўбакі полы дыхтоўнага на тле сьціплае што­дзённае апраткі тутэйшага люду плашча, прастуе прэч ад бараку. Цётка Люба праз хвіліну выскоквае на двор, подбегам імчыць за ім, і яны ўдваіх зьнікаюць неўзабаве па-за ліпавымі прысадамі.
Хахаль, няйначай, – хіхікае-цьвеліцца з вакна Зюзялёк, і бацькаў стрыманы голас, таксама з вакна, толькі насупраць, асаджвае яго:
Сьціхні ты! Чым вярзьці абы-што, пад жонку лепей падышоў бы. Там, можа, гэтулькі тае сахарыны, што і не прывалачэш адною ходкай. Гэтулькі, можа, што і каня, глядзі, ня лішне было б запрэгчы.
Кулепадобная пастава цёткі Карусі вымыкаецца з-за прысадаў, і па яе панылым твары няцяжка здагадацца, што ня толькі каня, а і блыху, бадай, запрагаць дзеля гэткага багажу было б ня варта.
Лёля пераймае цётку Карусю ля дзьвярэй падезду, штосьці кажа напаўголасу. І хоць ні гуку не далятае да альтанкі з тае нячутнае гаманы, па непрыязным паглядзе, які кідае ўпотайкі Лёля на вокны Гарнакоў, Сашку зразумела, пра каго размова. Дзядзька Зюзялёк перахоплівае пагляд пляменьніцы, усьмешліва хмыкае:
От табе прырода жаночая: колькі тае дзеўкі, а ўжо натурыцца, быццам суперніцу ў іншай адчувае. А што будзе, як падрастуць?

Што здарылася нешта надзвычайнае, першымі даведваюцца Сашка з дзядзькам Зюзяльком. Навіну прыносіць паштарка. Яна толькі што з таго канца мястэчка, і там, калі даваць ёй веры, дзеецца штосьці неверагоднае: люд стабуніўся ля млына, а на доле пад вакном, на камянях нібыта ляжыць мярцьвяк.
Сьцягацца паглядзець, – кажа дзядзька Зюзялёк і перакідвае праз падваконьнік (ісьці праз дзьверы яму ці то лянота, ці то боязна, што ня пусьціць на тыя гледзіны цётка Каруся) хударлявае сваё, з непрапарцыйна даўгімі рукамі цела. Бацька далучаецца да яго, яны скіроўваюць з двара. Сашка спрабуе прыпусьціць сьледам за імі, але яны тут жа спыняюцца, гоняць яго прэч. Яны адыходзяць, а ён, счакаўшы колькі хвілінаў, ідзе да бараку. Люся (яна толькі што вярнулася сьледам за цёткаю Карусяй з пассавету) паказвае яму на мігі з-за шыбіны, каб уваходзіў, і цёмнае, праніцанае пахам спарахнелага дрэва і тарпытак называюць у пасёлку торф для палівапрадоньне калідору праглынае яго.
Люся сядзіць у здранцьвеньні пры вакне, лічыць пігулкі сахарыны. У пакоі цемнавата, але, здаецца, нават і самая густая цемра не перашкодзіла б Сашку, далёка ня выбрэду, чарговы раз уразіцца яго беднасьцю: самаробны старэнькі стол у куце, тапчан, два зэдлі-калечкі ля парэпанага, складзенага сяк-так з карыстанае цэглы шчытка.
Ты ліст мой прачытаў? – пытаецца Люся і строга дадае: – Калі прачытаў, то аддай яго мне.
Які ж то ліст, крыжаванка нейкая, а ня ліст, – адказвае Сашка. – Што ў ім зразумееш?
Усё адно аддай. Які б ні быў...
Ён хоча запярэчыць, што дасланыя лісты не вяртаюць, але не пасьпявае: з двара даносяцца галасы.
Люся падымаецца з зэдля, напружана, ажно падрыгваюць павекі, глядзіць праз фіранку ў вакно.
Дзьверы ляпаюць, трывожны тупат чыіхсьці таропкіх крокаў урываецца ў пакой. Сашкава маці кідаецца да Люсі, прытуляе да грудзей бялявую галаву дзяўчыны з няўцямна вытарапленымі вачыма.
Пігулкі высьлізгваюць з Люсіных рук, падаюць на падлогу, і глухое рыпеньне масьнічынаў пад нагамі, калі яна падхопліваецца з месца, каб бегчы на двор, паглынае яе роспачлівы, кароткі, як пошчак грому ўдалечыні, енк.

Тыдзень ад паховінаў цёткі Любы прамінае пад знакам прысутнасьці ў двары староньніх людзей. Найбольш назаляюць дазнаўцы. То адзін, то другі прымчыць у лінейцы з раёну, пачне доўга і нудотна распытваць, што ды як, і вось ужо, ледзь пасьпее атрамант падсохнуць на паперчыне з паказаньнямі сьведкаў, трэці тут як тут, ды палохае дарослых і дзяцей суворасьцю і моцаю голасу, ды маніцца конча пераплюнуць папярэднікаў мудрагелістасьцю высноваў. Найбольш усім траім чамусьці абыходзіць дазнацца, ці мела нябожчыца спадкаемную схільнасьць да самазабойства.
Пра мужчыну, сьледам за якім цётка Люба пайшла ў той дзень, ніхто не распытвае. А калі дзядзька Зюзялёк нагадвае пра яго трэцяму дазнаўцу па прозьвішчы Бібік, той заспакойвае дзядзьку, што версія правяраецца, але, хутчэй за ўсё, працягу мець ня будзе, бо чалавек тойсвой і падазраваць яго ў такім цяжкім граху, як забойства, аніяк не выпадае.
Люся ўсе гэтыя дні, пакуль яе бабуля Настазя, сьвякрова нябожчыцы, даводзіць да ладу гаспадарку ў вёсцы, жыве ў Дарашэнкаў. Яна старанна пазьбягае ўсіх і паводзіць сябе надзіва спакойна. Сядзіць цэлымі днямі ў куце пад абразамі падалей ад вакна, за якім бушуюць жарсьці нядаўняе трагедыі, ды малюе ў сшытку выявы паўночных гурбаў і засьнежаных хвояў-спарышоў з жалязякамі для арэляў паміж камлямі. А ўначы доўга ня сьпіць, і тады Сашкава маці бярэ яе да сябе ў ложак, і яны напаўголасу штосьці адна адной распавядаюць.
Праз два тыдні баба Настазя перавозіць сваё няхітрае майно ў барак, і Люся пакідае Дарашэнкаў. Гэта і добра, бо ў іх даволі цесна. І разам з тым кепска, бо Сашка прывык да ненавязьлівай Люсінай прысутнасьці і ахвотна згадзіўся б мець такую дзяўчыну за сястру.


II
Дзьверы то прастуджана керхнуць, то зойдуцца тоненькім рыпеньнем, то адгукнуцца на пазоў скразьняку рэзкім, кароткім пошчакам. А то дарэшты аціхнуць, бы тая котка перад скачком падчас паляваньня, замоўкнуць у чаканьні нагоды абвясьціць навакольлю аб сваёй прысутнасьці. Дзьвярэй у будынку шмат, люду, наадварот, мала, таму будынак хутчэй нагадвае кляштар суворасьці сярэдняе рукі, чым корпус дома адпачынку. Ды і памяшканьне сталоўкі з напалову абпалымі рогамі плакату з выяваю дзяржаўнага гербу ў міжваконьні і цытатаю пра ролю культуры абслугоўваньня тут, здаецца, выглядае іначай, як звычайна ў падобных установах: ні грукату посуду з-за перагародкі паміж залаю і кухняй, ні галасоў абслугі.
Дарашэнка азіраецца ў надзеі ўбачыць хоць бы адзін новы твар, але дарэмна. Нічога новага, за выняткам хіба таго, што шэрагі адпачывальшчыкаў за суткі яшчэ больш парадзелі. Бо напярэдадні зьехала сямя з Чарнобыльскай зоны, якая сядзела за ім пры вакне, а цяпер яе месца заняў стары па прозьвішчы Зелянуха з пакою ў канцы калідору. Старому пад восемдзесят, калі не за. Але ён яшчэ такі жвавы ды порсткі, што кульба, з якою ён, падобна, не разьвітваецца ні ўдзень, ні ўначы і якой, напэўна, з гэткае прыхільнасьці больш пасаваў бы шляхецкі назоўляска”, выглядае пры ім ня як прадмет ужытковага прызначэньня, а хутчэй як модная прычындаліна з побыту амбіцыйнага падпанка якога-небудзь пазамінулага стагоддзя.
Стары падымае кульбу ў знак прывітаньня, і яго шчыльна прылеглыя адно да аднаго бровы павольна рассоўваюцца ўбакі, у накірунку скроняў, а твар асьвятляе кволая, з дамешкам незадаволенасьці, быццам яна каштуе яму немаведама якіх фізічных высілкаў, усьмешка. Ён сядзіць колькі хвілінаў нерухома з узьнятаю кульбай, пераводзіць пагляд на вакно, за якім шчыруе пры клумбе з гвазьдзікамі ды астрамі прыбіральшчыца Міла Сьцяпанаўна. Жанчына ўздымае голаў, зіркае спадылба на вакно, усьміхаецца Зелянуху, і нязмушаная суладнасьць іх дзеяньняў міжволі зноў вяртае Дарашэнку да ўчорашняга роздуму.
Што лучыць гэтых дваіх, Зелянуху і прыбіральшчыцу? Здаецца, быццам прырасьлі адно да аднаго, быццам так моцна трымае іх нейкая нутраная повязь, што ўжо і не парваць яе. Амаль два тыдні Дарашэнка назірае за старым і Мілай Сьцяпанаўнай. І чым далей назірае, тым менш знаходзіць тлумачэньняў сяброўству-прыяцельству паміж імі. Папраўдзе, часам яму нават здаецца, што гэта і не сяброўства наогул, а нейкая мусовая зьвязка, якую ні адзін, ні другі чамусьці ня ў стане рашуча адпрэчыць.
Міла Сьцяпанаўна была першая, каго Дарашэнка тут, у доме адпачынку, спаткаў у дзень прыезду. Цётка ў выцьвілым халаце, са швабраю ў руцэ і вантузам пад пахай, у якой ён Люсі ў іншым месцы ды пры іншых абставінах нізавошта не прызнаў бы. Што робіць час з чалавекам!
І яна таксама яго, здаецца, на шчасьце ці на жаль, не пазнала. Ва ўсялякім разе на тую хвіліну абышлася з ім, як з абсалютна староньнім чалавекам. Хіба што пасьля даведалася прозьвішча. Але дзеля чаго прыбіральшчыцы спраўджваць ягонае прозьвішча? Магчыма, ён скажа ёй, хто ён, але не раней, як у дзень адезду. Калі, вядома, не надарыцца іншай якой нагоды.
Зэдаль ззаду ціха рыпіць: мабыць, то адыходзіць Зелянуха. Ён заўсёды адыходзіць ад стала ў адзін і той жа час, з дакладнасьцю да хвіліны, і адзін і той жа рыплівы гук зэдля той да педантызму дакладны адыход педантычна абвяшчае.
Прыбіральшчыца зноў кідае ад клумбы пагляд на вакно, на месца, дзе толькі што сядзеў стары, і выраз ні то разгубленасьці, ні то радасьці застывае на яе твары. Яна рэзка падхопліваецца, ідзе насустрач Зелянуху, які ўжо пасьпеў высунуцца на ганак, і жылка няпэўнасьці ў куточках яе вуснаў ледзь заўважна торгаецца ў такт шырокім, не па-жаночы размашыстым крокам.
Гэтыя крокі...

Яшчэ неба не пасьпела як сьлед заірдзецца на даляглядзе таемным паўкругам апошняга перадночнага зьзяньня, а Лёля ўжо на рамарэнце: то выскачыць на двор паваксаваць і без таго наваксаваныя да глянцу туфлі, то высунецца ў вакно з люстэркам у руцэ, то з гучным сьпевам схіліцца над парэнчаю сходаў. Субота, на танцпляцоўцы пры клубе вечарына, і яна чакае не дачакаецца, калі ж урэшце агалосяць прыклубную прастору прызыўныя гукі прайгравальніка. Тыдзень з двух яе гасьцяваньня ў дзядзькі Зюзялька ўжо мінуў, і яна, абражаная адсутнасьцю ўвагі да сваёй персоны з боку мясцовых кавалераў, спадзяецца ўзяць рэванш перад іншымі дзяўчатамі за кошт заляцанак электраманцёра Вітака Дунчонка, аднаго з брыгады маладзёнаў, што вядуць лінію элетраперадачаў ад цэнтру мястэчка да нядаўна пабудаванага ў трох вярстах адсюль новага элеватару. Што Вітак нібыта жанаты, яна, канешне ж, начутая, ды што ня зробіш дзеля падвышэньня собскага прэстыжу? Лёлі, як і Сашку з Люсяю, – сямнаццаць. Але ў параўнаньні з тою ж Люсяй яна выглядае і значна больш дарослай, і значна больш дасьведчанай у жыцьцёвых пытаньнях. Бо жыве вось ужо колькі гадоў у горадзе, да якога заштатнаму мястэчку-гэпэ з яго паўразбуранай інфраструктурай, як верабю да бацяна.
Яны сядзяць у пакойчыку на канапе, разглядаюць аблігацыі пазыкі, што засталіся Люсі ад бабы Настазі, якая памерла тры месяцы таму, пакінуўшы ўнучку сам-насам са шматлікімі побытавымі і рознымі іншымі клопатамі, ды абменьваюцца меркаваньнямі наконт уступных экзаменаў у тэхнікум. Яны сядзяць амаль устыч на разьдзеленай валікам канапцы, і іх ногі міжвольна раз-пораз судакранаюцца, і гэта робіць размову сумбурнай і крыху нярвовай.
Ініцыятыва паступаць у вучэльню належыць Сашку, і Люся, зразумела, сумняваецца. Тым больш зараз, па сьмерці бабулі, калі і спадзявацца на чыю-колечы матэрыяльную помач не выпадае, і іншыя, ня менш страхавітыя турботыадна анкета да таго паступленьня чаго вартаядаймаюць. Усё гэта надае персьпектыве іх сумеснага навучаньня адценьне прывіднасьці. Да таго ж у Люсі, хоць яна і лічыць сябе стоадсоткавым гуманітарыем, як ні дзіўна, ўсё яшчэ праблемы з пісьмом. Дакладней, са звычкаю адмалку пісаць суцэльным тэкстам, без жадных знакаў прыпынку і прапісных літараў, ад якой настаўнікі так і не далі рады дарэшты яе адвучыць. Якая асабліва дае знаць пра сябе, варта ёй крыху пахвалявацца.
Лёля чарговы раз выбягае на ганак, кідае ганарлівы позірк на вакно Дарашэнкаў, мчыць праз двор насустрач Вітаку, што цягнецца, відаць здалёку, прысадамі ў накірунку клуба.
Цётка Каруся высоўваецца ў вакно, праводзіць пляменьніцу няўхвальным – “от жа знайшла сабе залётніка, дурніца!” – паглядам. Зноў зьнікае ў прыцемненым чэраве пакою, штосьці кажа незадаволеным голасам стомленаму хваробінайу небаракі рак горла, і ўсе ў навакольлі пра тое, апроч яго самога, ведаюцьдзядзьку Зюзяльку. Слабое сіпеньне даносіцца ёй у адказ, і зноў усё аціхае.
Сашкавы з Люсяю ногі чарговы раз датыкаюцца адна да аднае і тае ж хвіліны спуджанымі верабямі зноў разьлятаюцца па розныя бакі валіка.
Бог сьвяты, Люсінда, як яму гэта сказаць! Як? Хто паможа яму выпхнуць з роту тыя сьнёныя-перасьнёныя словы, што, прамоўленыя ўрэшце, ўвобміг зробяць яго (а можа, і яе таксама) шчасьлівым? Ці, можа, ты, натхнёная прыкладам раскавана-вальяжнае Лёлі, наважышся прамовіць іх першая?
Яны падымаюцца з канапы, пакліканыя гукамі прайгравальніка, дружна: ёнімкліва і дробненька, яна, наадварот, – размашыста, як касец на сенажаці, – крочаць да дзьвярэй. Бяз чвэрці адзінаццаць, зазвычай у такі час там, ля клуба, адзінай ацалелай з вайны будыніны на водшыбе мястэчка, усё і пачынаецца.

Бадай, канцу сьвету наканавана хутчэй прысьпець, чым ім расшчапіць вусны, гэткі ён, першы Сашкаў з Люсяй пацалунак, смачна-ўтрапёны. Люся схіляе голаў, мкнецца вырвацца з ягоных абдоймаў, але як ён можа цяпер яе адпусьціць?
Пачакай... Яшчэ... – кажа і адчувае, як ні то дужэе, ні то, наадварот, слабее, перакрапаная павуціньнем трывогі ад усьведамленьня, што вось зараз, крый Бог, усё яно, ледзьве пачаўшыся, і скончыцца, ягоная вызваленая ўрэшце ад абрыдлых правінцыйных табу воля.
Вечарына ў самым разгары, і паўз рэдкія галінкі адцьвілага бэзу, што атуляе з усіх бакоў таямніцу іхняга першага з Люсяй мілаваньня, бачна, як вальсуюць на памосьцеу клубе занадта горачапорсткія маладыя пары. Паперадзе ўсіх імпэтна танчыць, мяняе раз-пораз партнёраў Лёля. Сёньня яна як ніколі ў гуморы: усьмешка не сыходзіць з твару, а сама яна як ня вылузьнецца з сукенкі. Час ад часу яна кідае пагляд акурат у тое месца, дзе стаяць Сашка з Люсяю, і выраз ці то радасьці, ці то нейкага таемнага, адной ёй ведамага змыслу сьлізгае па яе вуснах, бяжыць хваляю па шчоках, павольна зьнікае ў прадоньні падцененых тушшу вачэй. Яна кідае на іх пагляд, і Сашка адчувае, як сьцінаецца пад ім міжвольна, уздрыгвае, бы патрывожаная подыхам вятрыска гронка бэзу ўгары, ценькае Люсіна цела.
Чаму ты яе баішся? – пытаецца ён, і пытаньне ягонае патанае ў мелодыі чарговага танца. Што Люся асьцерагаецца Лёлі, яму вядома даўно, але чаму такяны ніколі не высьвятлялі. І цяпер, калі ўсё гэтак добра між імі ўсталявалася і растварылася дарэшты ў хвалях пяшчоты заўсёдная боязь непаразуменьня, ён адчувае, што можа, прынамсі мае якое-ніякое права пра тое запытацца.
З чаго ты ўзяў, што баюся? – Люся адкідвае голаў, і твар яе відочна хмурнее. – Вось яшчэ... – Яна прыгінаецца пад гольлем, хуткаён нават не пасьпявае зразумець, што здарылася, – шыбуе прэч з кустоўя.
Ён кідаецца Люсі наўздагон, мкнецца загаварыць, але яна ўпарта адмоўчваецца. І толькі ўжо на падыходзе да двара нібыта спахопліваецца, адорвае яго знэнджаную нечаканаю зацятасьцю істоту літасьціваю ўсьмешкай.
Памятаеш, ліст табе калісьці пісала? Пра Поўначпамятаеш? Дзе ён?
Божа, ліст, ты б яшчэ што прыдумала запытацца... Калі тое было! Гадоў дзевяць прамінула, сама меней...
Калі б ні было, – кажа яна і кранае пальцамі клямку весьніц. Ён хоча спыніць яе, каб прадоўжыць размову, але дарэмна. Люсін твар робіцца непранікальным, і сухмень яе зрэнак, колькі яшчэ хвілінаў таму вільготна-прыязных, ашаламляе яго выразам нясьветна-вусьцішнае адстароненасьці.

Шэпт то аддаляецца, то, наадварот, бліжэебыццам хтосьці гуляе ў хованкі, а што за правілы ў той гульні і кім і дзеля чаго яна змысьлена, нізавошта не здагадаешся. Ён вызірае ў вакно, каб паглядзець, хто там. Дзьве няясныя плямы-постаці бялеюць на тле дрэваў няпэўнымі абрысамі, дружна падымаюцца, сунуцца з двара. Трэцяя, гэткая ж няясная, як і тыя дзьве, што толькі што патанулі, атуленыя цямрэчаю, за рогам Зюзяльковага дома, вымыкаецца з шэрані, зладзеявата шмыгае ў прагалак паміж баракам і шыхтам скрыняў для тарпы, з няўмольнасьцю лёсу, што конча вырашыў учыніць Сашку іспыт на трываласьць натуры, набліжаецца да вакна.
Люся?
Постаць замірае, дзьве рукі ўспырхваюць па-над падваконьнем, перакрыжоўваюцца абручам на ягонай шыі.
Ат, далася яна табе, гэтая Люсіндора, гэтая ...
Лёля?
Рукі слабеюць, быццам зьбянтэжаныя нотаю расчараваньня ў ягоным голасе, паволі ападаюць долу. Але праз імгненьне зноў узьлятаюцьцяпер ужо каб і яго сьцягнуць на дол, сашчэпліваюцца на ягоных перадплеччах.
Ён саскоквае на зямлю і акурат трапляе ў Лёліны абдоймы. Яна сьці­шана хіхікае, моўчкі, быццам гэтая начная прыгода загадзя між імі ўзгодненая, цягне яго за руку з двара ў тым накірунку, дзе зьніклі колькі хвілінаў таму плямы-постаці, і дзе ўздымаюцца па-над соннымі забудовамі ліпы прысадаў.
Куды? Што ты надумалася?
Спужаўся?
Цемра імкліва радзее, дзьве цьмяныя постаці порстка, толькі ша­шчыць, чуваць, пад нагамі сухое гольле, кідаюцца ў розныя бакі, заміраюць у зарасьніках бэзу.
Ну, годзе вам хавацца, каханкі, – кажа Лёля і шпурляе ў гушчар адзін за адным колькі каменьчыкаў. – Выходзьце ўжо!
Яна дастае з сумачкі ліхтарык, са сьмехам, што больш нагадвае шатанскае хрыпеньне, водзіць пукам сьвятла па кустоўі. Водзіць настойліва і доўга, аж пакуль не натыкаецца пасярод яго на зьніякавелыя, вінаватыя твары Люсі і Вітака.

Ужо амаль раніца, а ён яшчэ і на хвіліну ня зьмежыў павек. Стаіць прад вачыма тое праклятае кустоўе, і Лёлін сьмех лунае над ім, аддаецца ўвушшу дябальскім звонам, ад якога вось-вось, здаецца, абрынецца на голаў зьніжэлая дарэшты столь звузелага ўвобміг да абрыдласьці, сьцясьнелага пакою. Так звузелага вачавідзь ды сьцясьнелага, што адно жаданьне і ўзьнікаепадхапіцца з ложку і бегчы, бегчы далей ад яго.
Лёгкія, ледзьве чутныя крокі даносяцца з двара і тут жа аціхаюць, прыглушаныя ціўканьнем цвыркуноў ды бацькавым храпеньнем за перабойкай.
Яму няўсьцерп паглядзець, што там у двары, і ён ужо прынікае тварам да шыбіны, як бацька падымаецца з тапчана, сунецца вобмацкам да вядра з вадою.
Белы прыпол сукенкі ў воддальлі ірвецца на ветры, нібы напалоханы звонам конаўкі, дваіцца, чэзьне ў завесе густой перадранішняй шэрані. Дваіцца, ці, можа, насамрэч іх там два?
Халерная сьпёка. – Бурклівы голас бацькі вяртае яго ў яву.
Ён падымаецца з ложку і, як толькі бацька заціхае на тапчане, не раздумваючы куляецца ў цьмянае, сьпярэшчанае прывідна-зыбкімі абрысамі падзеяў-прыпамінаў прамінулага дня прадоньне вакна.
У двары прахалодна і ціха, толькі з кватэры дзядзькі Зюзялька далятаюць да альтанкі гукі радыё. Дзядзька слухае радыё і ўдзень, і ўначы, гэта, кажа цётка Каруся, нібыта дапамагае яму не зваряцець ад пякельнага болю.
Ён прыхінаецца плячом да дошак альтанкі і толькі пасьпявае збольшага супакоіцца, як яшчэ адзін гук, гэтым разам зводдалеку, ад студні, даносіцца да ягоных вушэй. Але ён такі глухі, такі непрывабны на тле чароўных гукаў вясковае ночы, што ён не надае яму значэньня.
Белы прыпол вымыкаецца з-за рогу дому, імкліва набліжаеццае да Люсінага падезду. Яму карціць падхапіцца насустрач, але крыўда не пускае.

Ад тае хвіліны, як Лёлю выцягнулі са студні ды зьвезьлі ў райцэнтр у бальніцу, мінула гадзіны дзьве з паловаю. І прыезджы дазнаўца ні на хвілю не адыходзіць з двара, то аднаго з суседзяў пакліча для размовы, то другога, то ў цёткі Карусі возьмецца штосьці высьвятляць, то зноў распарадзіцца гукнуць Вітака. Адзіны, каго ён пакуль што не чапае, – дзядзька Зюзялёк. Ды яшчэмабыць, з увагі на кволасьць дзявочае натурыЛюся, якая ўвесь гэты час, што цягнецца дазнаньне, сядзіць у кватэры і толькі зрэдку, нібыта каб знарок спраўдзіць, што яна тут, на месцы, віхне паставаю ў вакне.
Узрушаныя неспадзеўнаю прыгодай ды гнаныя пугаю цікаўнасьці жыхары іншых вулак час ад часу зазіраюць у двор, і дазнаўца Бібік, строгі, крыху хамаваты дзядзька гадоў пяцідзесяці, той акурат, што дзевяць гадоў таму вёў справу Люсінай маткі, калі тая разьбілася ля млына, голасам, што не ўдае і намёку на мяккасьць характару, вытурвае ўсіх прэч. Усіх, апроч дзятвы, што раямі абляпіла гольле дрэваў і толькі і чакае нагоды ўставіць у размову старэйшых слова-другое.
Апоўдні дазнаўца вырашае апытаць і Люсю. Яна апошняя ў даўгой чарадзе сьведкаў, мужчына стаміўся, таму размова між імі цягнецца нядоўга. Так нядоўга, што, калі Люся хвілінаў праз пятнаццаць выходзіць з кватэры, Сашку здаецца, што ён бачыць на яе твары расчараваньне. Ён мкнецца да яе ў спадзеве хоць на якое, хоць на самае кароткае замірэньне, але дарэмна. Яна з абыякавым выглядам праходзіць міма, і нечаканая, няведамая раней жорсткасьць яе пагляду апякае яго трывожным прадчуваньнем новых неспадзянак.
Ну, дык што, так ты нікога і ня бачыў уначы са сваёй альтанкі? – пытаецца, болей, відаць, дзеля прыліку, чым дзеля пацьвярджэньня нейкай канкрэтнай гіпотэзы, дазнаўца і зашчапляе на тэчцы з паперамі парэпаную спражку з выяваю вужакі. – Ну, не дык і не, што тут скажаш...

Ні слова, ні паўсловахто так робіць! – кажа цётка Каруся і безуважна падносіць мужу кубак нішчымнага вару замест прыгатаванагаужо колькі хвілінаў падтомліваецца на пліцекурынага булёну. Яна ўсё яшчэ ніяк ня дасьць рады ачомацца ад падзеньня пляменьніцы ў студню, і, каб не капрызьлівасьць зьнябожанага нямогласьцю дзядзькі Зюзялька, якому то адно падай, то другое прынясі, і ўсё ня так, не па-ягонамуведама, хворы чалавек, – наўрад наогул здолела б выйсьці з нярвовага ступару. Неспадзеўны ж начны адезд Люсі (хтосьці з суседзяў бачыў, як яна садзілася на паўстанку ў цягнік), здаецца, толькі ўзмацніў яе пакуты. Зьехаць, нават не разьвітаўшыся, быццам ня маеш большых ворагаў на сьвеце? Цётцы такія паводзіны і не зразумелыя, і не сімпатычныя.
Куды зьехала Люся, нікому няведама. І хоць сёй-той сьцьвярджае, што паехала паступаць, даць веры таму цяжка. Гэтак вось з бухты-барахты? Ды і час іспытаў яшчэ не прысьпеў, хіба што навострылася дзеўка ў якую-небудзь задрыпаную вучэльню, дзе бяруць усіх бяз вынятку, абы мелася ў чалавека якое-кольвек жаданьне. Адзіным, хто, магчыма, у курсе, куды ўсё-такі Люся зьехала, зьяўляецца Вітак. Але зьвяртацца па дапамогу да супернікахто там ведае, як і што між імі былоСашку ня хочацца. Да таго ж і сам Вітак неўзабаве нібыта зьязджае, ашчасьлівіўшы цяжарнасьцю дзеўку-заіку з другога канца пасёлку.
Абставіны таемнага Люсінага зьнікненьня праясьняе паштарка, дакладней, ліст, які яна прыносіць Сашку праз тыдзень. Стандартны канверт з выяваю сярпа і молата зьмяшчае шмат намёкаў, апроч намёку на іх сумесную будучыню. І гэта ўяўляецца яму найгоршым з усяго, што здарылася напрыканцы сьпякотнага гэтага, азмрочанага Люсінай здрадаю ды няшчасьцем з Лёляю ліпеня. І хоць цьмяная здагадка, што абедзьве падзеі міжсобку нейкім чынам зьвязаныя, не пакідае яго, распавядаць пра яе дазнаўцу Бібіку ні намеру, ні ахвоты ён ня мае. Тым больш што нават і сама Лёля нічога яму распавесьці не пажадала, сабралася ды зьехала моўчкі праз два дні па выпісцы з бальніцы ў свой горад.

Яшчэ толькі восем гадзінаў вечару, а ў корпусе так ціха, быццам на дварэ ноч. Адзінае, што парушае цішыню, – гукі радыё пры канцы калідору ды абрывістая гамана гульцоў у даміно ў нішы наўзбоч дзьвярэй сталоўкі. Ды яшчэ шоргат анучы па падлозе, якую прыбіральшчыца Міла Сьцяпанаўна то акуне ў вядро з вадою, то з гучным усплёскам апусьціць на дол. Яе дзяжурства сканчваецца а дзявятай, і яна, як заўсёды, сьпяшаецца дахаты, бо ў дзесяць пачынаецца па тэлеку яе ўлюбёная перадачаТыдзень Вялікай Коткі”, і яе яна прапусьціцьгэта ўсе ў доме адпачынку ведаюцьніяк ня можа. Час ад часу жанчына падыходзіць да дзьвярэй пакою Зелянухі нібыта з намерам штосьці спытаць, але не наважваецца, і няспраўджаны намер тонкімі лініямі зморшчынаў заклапочанасьці асядае на яе ілбе.
Адміністратарка падымаецца з долу на паверх, голасам, што выдае перасьцярогу перад рэакцыяй чалавека, які нікога і нічога не баіцца і прывык рабіць толькі тое, што яму самому даспадобы, просіць Мілу Сьця­панаўну прыбраць аскепкі толькі што разьбітае парывам ветру вазы ў холе будынка.
Міла Сьцяпанаўна скідвае з плячэй халат, кладзе яго на падваконьне, з бурклівым выглядам спускаецца па вільготных сходах сьледам за адміністратаркай на першы паверх. І ў калідоры адразу робіцца яшчэ цішэй, так ціха, што чутно, як ходзіць у сваім пакоі, то адчыніць дзьверку шафы, то ляпне кульбаю па падлозе, то кашляне з прысьвістам стары Зелянуха. Дзьверы ягонага пакоя адчыняюцца, заінтрыгаваны прамінулаю гаманою жанчын стары выходзіць у калідор, азіраецца, прастуе да вакна. Похапкам пераварочвае пакінуты прыбіральшчыцай халат, зладзеявата шнарыць рукою ў кішэні, вывуджвае нейкую паперчыну.
Ён стаіць да Дарашэнкі бокам, і той бачыць, як сунецца ўгору па меры прачытаньня паперчыны брыво старога ды бялее, зьліваецца з колерам валасоў на скроні ягоны твар. Затым ён кладзе паперку назад у кішэню, ідзе да пакою. І акурат у той момант, калі палову ягонага цела разам з кульбаю праглынае паўпрыцемак памяшканьня, на сходах зноў зьяўляецца прыбіральшчыца.
Ці бачыць яна сілуэт Зелянухі, невядома, але гук дзьверыны, за якою той зьнікае, яе вушэй дасягае несумненна. Яна кідае заклапочаны пагляд на вопратку, пядзя за пядзяй абмацвае ільсьністы, з тоўстымі швамі іспод халата. Натыкаецца, відаць, на паперчыну, і твар яе набывае звыклы выраз паважнае непранікальнасьці. Яна апранае халат, ідзе да Зелянухавых дзьвярэй, далікатна стукае далоньню па аўшаку:
Ну, дык што, а сёмай заўтра адыходзім, Васіль Іванавіч? Га?
А сёмай, дык а сёмай, – адказвае стары і прыадчыняе дзьверы. – Чарвякоў я ўжо накапаў. Вопратку і абутак таксама падрыхтаваў, так што ўсё як сьлед.
А я да юшкі прыправаў ды яшчэ сяго-таго прыкупіла. Такі ўладзім баль пасьля рыбалкі, што зьвярю навакольнаму моташна стане. Праўда?
Гэта ўжо як з клёвам нам з вамі падфарціць, Міла Сьцяпанаўна, хто ведае.
З клёвам як з клёвам, а вось нага б вашая не разгулялася на зьмену надворя. Ну, але як будзе...
Яны яшчэ колькі хвілінаў стаяць моўчкі па розныя бакі дзьвярэй, затым адначасна, быццам кожны ўзгадаў неўпрыцям пра неабходнасьць штосьці конча дарабіць недаробленае, разыходзяцца.
Разыходзяцца так імкліва, так шпарка, што Дарашэнку, які назірае за абаімі праз паўрасчыненыя дзьверы працэдурнага пакою, зноў міжволі прыходзіць у голаў думка пра ўдаванасьць дзіўнага іхнягані то прыяцельства, ні то варажнеча, ні то тое і другое адначаснаяднаньня-супольніцтва.


III
Міла Сьцяпанаўна зірнула з долу на вакно, але, надзіва, сьвятла ў ім ня ўбачыла. Быццам яго яшчэ і наогул там, у Зелянухавым пакоі, не запальвалітолькі пасак прамяня, які прабіўся, відаць, у памяшканьне паўз дзьверы ды тае ж хвіліны і згубіўся, ня даўшы рады вымкнуцца вонкі, дзесьці ў міжсьценьні, ды яшчэ кволы адбітак ліхтара пры ўваходзе ў будынак на гардзіне, што тут жа і зьнік, патрывожаны асьцярожным, ледзь заўважным рухам тканіны.
Што стары назірае за ёю з пакою, яна не сумнявалася. Адчувала ягоны пагляд хутчэй усім целам, чым вачыматакое ўжо аднойчы было з ёю, падчас першага яе наведваньня ў засьнежаны А., неўзабаве пасьля выпадкаў з Лёляй ды Натальляй. Калі яна брыла вулкаю да цягніка, а ён, тады яшчэ значна маладзейшы, спрытнейшы ды жвавейшы, чым цяпер, цікаваў за ёю праз фіранку, і гэткае ж, як зараз, адчуваньне таемнага ягонага змыслу працінала яе сьвядомасьць прадчуваньнем чагосьці да вусьцішу, да дрыжыкаў кепскага.
Тады ўсё абышлося, бо яна проста зьехала з А., а як будзе зараз? Ці дастаткова абачлівай яна была ўвесь гэты час, што ён тут жыў, каб ня выклікаць падазрэньняў наконт уласнае персоны? Ці здолела гэтак пераадолець сваю нянавісьць, каб, удаючы прыязнасьць, няўрокам не пасеяць да сябе недавер? Якая гэта пакутаудаваць кагосьці іншага і з дня ў дзень штохвіліны думаць пра тое, каб падман не раскрыўся.
Рука яе міжвольна пацягнулася да кішэні халата. Што, калі ён насамрэч, як падалося ёй, пасьпеў-такі пашнарыць па кішэнях, калі яна пайшла на дол прыбіраць вазу, ды прачытаць на пасьведчаньні аб рэабілітацыі сямі яе дзявоцкае прозьвішча? Ад заплечных справаў майстра што заўгодна можна чакаць. Колькі разоў давала сабе слова не насіць больш тое пасьведчаньне ў кішэні, пакідаць дома, ды што зробіш, калі да такой ступені ўелася звычка. Маці заўжды насіла яго пры сабе на ўсялякі выпадак і яе навучыла ў маленстве. Маўляў, ці мала што здарыцца, то хай будзе заўсёды для надзейнасьці паперчына пад рукой... Вось і носіць, лічы, паўстагоддзя.
Хоць, папраўдзе, карысьці з яе, гэтай паперчыны... Сямю Гарнакоў рэабілітавалі ў 56-м, вунь колькі часу сплыло. Тым больш што і пасадзілі бацькоў (яна сама ўжо ў лагеры нарадзілася) ні за што ні пра штоза царкоўны шлюб. Хтосьці з суседзяў з нейкай помсты, няйначай, паведаміў у органы, і закруцілася... У дзень вясельля забралі маладых, нават як сьлед з крэўнымі не дазволілі разьвітацца. І сем гадоў з гакамкату пад хвост. Гэта калі на тое, што пасьля давялося перажыць, не зважаць...
Яна мінула наўскос пляц, за якім адразу, праз агароджу, пачыналіся жылыя дамы, шмыганула ў абсаджаны хвоямі цёмны, замглёны шэраньню прагалак брамы. Азірнулася наастатак і скаланулася ад нечаканасьці: сьвятло ў Зелянухавым пакоі на тле астатніх цёмных вокнаў ня проста гарэла, а было такое яркае, што ажно нават зводдалеку сьляпіла вочы, – непапушчы як у А. напрыканцы дня, калі змрок апускаўся на баракі для зьняволеных, і магутны пражэктар нечакана заліваў навакольле ня тое пукамвадаспадам сьвятла.

Яна пасунулася да пліты ў спадзеве хоць крыху сагрэцца, але дарэмна: цагліны былі зусім халодныя. Такія халодныя, што нават здаліся ёй больш халоднымі за паветра ў пакоі. Яна легла дагары, упетрылася паглядам у сьвятло пражэктара за вакном, што лілося з вышкі на тэрыторыю складу, на суседнія баракі, на шыхт хвояў з хваінаю-спарышом пасярэдзіне з прыладжанымі між камлямі арэлямі. Сьвятла было так шмат, што здавалася, яго хопіць ня толькі каб асьвяціць навакольле, а і напоўніць цяплом настылыя за дзень будынкі баракаў.
І сапраўды, нібыта стала цяплей. Але толькі яна пачала сагравацца, як Паўлік заквіліў у зыбцы ў сваім закутку за фіранкаю, просячы нечага, голасна заплакаў. Яна зьлезла з тапчана, падалася да дзіцяці, тыцнула руку ў зыбку. Пялюшка пад братам была мокрая, воблачка пары падымалася ад яе ўгору і адразу ж таяла, астуджанае сьцюжаю, у паветры па-над зыбкаю.
Яна выцягнула пялюшку з-пад Паўлікавага цела, падсунула пад бок замест яе сухую, глянула на ходзікі. Палова дванаццатай, звычайна ў такі час маці ўжо дома. Зьмена заканчваецца толькі апоўначы, але жанчыны-напарніцы адпускаюць яе з тартака крыху раней, каб даць магчымасьць хоць крыху больш пабыць з дачкою і Паўлікам, бо а пятай ураньні пачынаецца новая зьмена, і ў чатыры яна ўжо адыходзіць. Пакідае ім з братам рэшту пайкі і сыходзіць на ўвесь дзень, і яны застаюцца ўдваіх аж да яе прыходу. Такі парадак усталяваўся пасьля таго, як бацьку перавялі ў іншы лагер, і доўжыцца ён вось ужо амаль паўгоду.
Наогул, усё ня так блага. Адзінае, што даймае яе, Люсю, нават больш, чым даймаюць заўсёдная адсутнасьць маці і сьцюжа, – смурод ад Паўлікавых пялюшак. Але куды ад яго дзенешся: пакой зусім невялічкі. То трэба трываць, не заўсёды ж брат будзе малы, калісьці падрасьце і пачне сам прасіцца на гаршчок.
Кароткі хісткі цень прабег па шыбіне, маці таропка, быццам ад кагосьці ўцякала, выбегла з-за хвояў на пляц, асьлепленая пражэктарам, захінула даланёю вочы ад сьвятла. Мужчынская постаць дагнала яе, схапіла за крысо ватніка, пацягнула да сябе. Яна вырвалася з рук мужчыны, не марнуючы ні хвіліны, шмыганула ў прагалак між хвояў. Мужчынацяпер, калі ён стаяў тварам да барака, Люся пазнала ў ім бацьку Зелянухі Вадзькі з адміністратыўнага домунезадаволена зморшчыўся, штосьці злосна жэкнуў ёй наўздагон, пераскочыў праз гурбіну, памчаўся прэч.
Маці ўвайшла ў пакой, узялася распальваць грубку. Але заплакаў Паўлік, і яна кінулася да яго. Выцягнула з-пад малога пялюшку, пачала шнарыць у закуцьці ў пошуках сухой. Сухой, аднак, не аказалася, і яна пачала хуценька распранацца. Распрануўшыся, абкруціла мокрую пялюшку вакол аголенага пояса, ускінула наверх швэдар і ватнік, і гузак на яе скроні (адкуль ён, учора ж не было?) разгладзіўся, зрабіўся не такім страхавітым, як напачатку, калі яна толькі ўвайшла, і вочы прыкметна пасьвятлелі.
Яна гатавала ежу ды мацала гузак на скроні, і выраз заклапочанасьці на яе твары то гусьцеў, то, наадварот, радзеў, прытуплены, мабыць, думкамі аб новых, што чакалі заўтра, клопатах. Але яна была побач, і рэзкае сьвятло ад пражэктара больш ня поўніла Люсіну істоту трывогаю, і хвойка-спарыш з арэлямі між камлямі наўзбоч суседняга барака здавалася ёй куды больш прыветнай, чым дагэтуль. Супакоеная, яна так моцна заснула, што нават ня чула, як маці паднялася, каб зьняць з пояса падсохлую пялюшку ды ўхутаць ёю Паўліка.

Як маці сышла ўраньні на працу, яна таксама ня чулатолькі лёгкае рыпеньне масьнічыны пад нагамі ды мяккі, бы хтосьці шмаргануў вяхоткаю, дотык вуснаў да ілба. А калі прачнулася, у пакоі было зусім сьветла. Але не ад пражэктару. Проста дзень стаяў на дварэ, і бясконцы, як заўсёднае чаканьне маці напрыканцы зьмены, сьнег валіўся густою завесаю з неба на зямлю і хвоі, поўніў бельлю прагалкі паміж баракамі.
Луста хлеба, варанае яйка і шклянка астылае гарбатызвыклы паёкчакалі на стале. Але есьці не хацелася, і яна вырашыла спачатку пакарміць брата. Прыслухалася, як ён там: з-за фіранкі не даносілася ні гуку. Яна паднялася, каб паглядзець Паўліка, падскокам хіснулася за перабойку.
Паўлік, до спаць, – сказала і адшморгнула фіранку. – Час сьнедаць.
Брат спаў так моцна, што нават не адазваўся ані гукам, як рабіў тое заўсёды, на яе пазоў. Яна падышла бліжэй, каб пабудзіць яго, датыкнулася далоньню да шчакі.
Шчака была халодная і белая, як сьнег за вакном. І гэткая ж халодная, як шчака і ўсё цела, была пялюшка пад Паўлікавым бокам.
Яна апромецьцю выскачыла на двор, рынулася да суседняга бараку, дзе жыла сьвякрова адной з напарніц маці цётка Галя Кудзельская. Спадзеў, што за гэты час брат апрытомнее, не пакідаў яе. Але калі яны з цёткаю Галяй вярнуліся, Паўлік па-ранейшаму прыкмет жыцьця не падаваў. Цётка Галя роспачліва заенчыла, пабегла да тартаку па маці, а Люся засталася ў пакоі, і сьнег усё ішоў ды ішоў, і здавалася, яго неўзабаве стане так шмат, што ня тое што ад цётчыных сьлядоў, а і ад суседніх будынкаў абапал двара не застанецца напаміну.
Разам з маці прыйшлі яшчэ дзьве жанчыны, адна з іх незнаёмая, другаянявестка цёткі Кудзельчыхі Ліда. Маці ўхутала Паўліка ў прасьціну, у разгубленасьці застыла з целам на руках пасярод пакоя. Затым жанчыны і цётка Галя ўзялі прасьціну за рагі, памалу панесьлі ношку на двор. Але навошта і кудыне сказалі, і Люся правяла рэшту дня ў чаканьні, што яны, мабыць, вось-вось вернуцца разам з братам.
Але яны не вярнуліся. І ёй нічога не засталося, як сядзець пры вакне ды глядзець, як патанае пад пластамі сьнегу самотная хвоя-спарыш ды менее, менее, чэзьне пад сьнегам ніз сьцяны бараку насупраць.
Ёй хацелася конча дачакацца маці, каб спытаць, куды яны занесьлі Паўліка, але яна не дачакалася. Зьела хлеб, спачатку свой, затым братаў, і, як толькі запаліўся на вышцы і асьвяціў усё наўкола пражэктар, кульнулася на тапчан, радая, што гэтак во неспадзеўна паболела ежы і пачысьцела ў пакоі паветра, бо не сьмярдзіць болей мокрымі Паўлікавымі пялюшкамі, моцна заснула.

Яна ўключыла тэлевізар, не чакаючы, калі зьявіцца на экране карцінка, – навошта, праграма “Animal planet” – адзінае, што яна глядзіць апошнім часампайшла ў кухню па гарбату. Падсела да стала, на якім з раніцы грувасьцілася горка прыдбанага для заўтрашняе выправы з Зелянухам да ракі харчу ды прыправаў, адхлюбнула з кубка раз, другі. Хацела ўжо падняцца, каб пайсьці зноў у пакой, як раптам убачыла за вакном постаць.
Мужчына стаяў на ходніку, прыхінуўшыся плячом да газетнага шапіку, і паліў цыгарэту.
Канешне, ён, Аляксандр Зянонавіч, Сашка, хто ж яшчэ, падумала яна і засталася сядзець пры вакне. Падумала, што, можа, няблага было б запрасіць яго зайсьці, але тае ж хвіліны адагнала спакусу прэч.
Запрашаць? З якое нагоды? Вось скончыцца ўся гэтая мітрэнга з Зелянухам, тады, можа... І то ці варта? Вунь жа не адказаў два гады таму на яе ліст, а, пэўна ж, атрымаў яго. Не пажадаў адказацьтакой бяды, казаў той, вольнаму воля. Зрэшты, меркаваць проста, а вось на справе... Як бы двое адмалку не зрасьліся, бы тыя спарышы, душамі, чаго ўсё тое вартае, калі целыурозь... Што тая хваінка-спарыш у А.: карэньне і ніз камля агульныя, сам жа камель ды ствалыкожны па сабе. Цела ж, вядома, без душэўнае спажывы, як і душа без цялеснае, – пустая абалонка, ня болей.
Але найбольш сумненьняў у яе наконт собскага зьнешняга выгляду: як-ніяк пяцьдзясят восем кабеціне. Ды і занятак, што ні кажы, накладвае адбітак. Тры гады з вантузам пад пахай і вядром ды швабраю ў руцэня жартачкі. Быў бы ён жанчынайусё прасьцей тады было б. Як вось з Лёляю. Шэсьць гадоў таму (яна тады яшчэ на пошце рабіла) прыслала ліст, прасіла прабачэньня за прадаўнюю прыкрасьць. І яна адпісала, і ўжо дамовіліся спаткацца. Шкада, ня лёс: памерла Лёля за месяц да спатканьня, а то, глядзіш, і добрае што магло б між імі наладзіцца... І напэўна наладзілася б, калі ўжо за гэтулькі гадоў пра той яе (ды і свой, напэўна) паскудны ўчынак ля студні нікому не распавяла...
Яна зашмаргнула фіранку, пайшла зноў у пакой.
На экране львіца Тора ляжала ў зарасьніку побач з дрэвамі, высочвала здабычу. Па тым, як напружылася ўся яе істота, ды па шчыльна сьціснутай пашчы драпежніцы было бачна, што хвіліна пачатку атакі зусім блізка. Гэтым разам ахвяраю мусіла стаць цяля, матка якога, аднарогая буйваліха, ва ўчорашняй серыі ўсьмерць забіла рогам аднаго з дзіцянят Торы, калі тая адлучылася да вады, а зараз сама выправілася ў спадзеве спатоліць смагу да бліжэйшага ручая, пакінуўшы цяля сярод кустоўя.
Гэтыя перадачы пра жывёлаў! Яна прызвычаілася глядзець іх ня так даўно, з паўгоду таму, як толькі падключылася да спадарожнікавага тэлебачаньня. І з таго часу не прапускае ніводнай серыі. Глядзіць ураньні, удзень, увечары, абы вольная хвіліна. Глядзіць з такім утрапеньнем, што, здаецца, неўзабаве сама, наглядзеўшыся ўсяе тае жорсткае экзотыкі, абрасьце поўсьцю ды ператворыцца ў зьвера, а то, глядзіш, і рыкне па-львінаму. Глядзіць з такім імпэтам, так унікліва, што ўжо цалкам магла б быць кансультантам па фаўне у якім-небудзь заапарку, ва ўсялякім разе аленя пуду ад антылопы куду адрозьніць так лёгка, быццам усё жыцьцё побач з імі пражыла.
Але асабліва даспадобы ёй тыя перадачы, дзе на паляваньне выходзяць не зьвяры, а людзі. Чаму? Было б проста адказаць: хто ж ведае. Так адказацьзначыць, пакрывіць душою, як крывяць тыя, што ў пашанотным ужо нават узросьце, шукаючы дурняў, даводзяць іншым, быццам не разумеюць вытокаў уласных учынкаў. Усе ўсё ведаюць, усе ўсё разумеюць. Іншая рэч, ці гэтак тыя вытокі прывабныя, каб жадаць дзяліцца веданьнем пра іх з іншымі.
Так і з гэтымі праграмамі пра паляваньне... Бо яна ня проста іх глядзіць, яна імібез перабольшаньня жыве. Яна глядзіць, як зьнешне сімпатычны чалавек з выкшталцонымі манерамі дэманструе з экрану без аніякіх пакутаў сумленьня галаву забітай хвіліну таму прыгажуні антылопы або аленя, і яе ўласныя пакуты з нагоды колісь учыненага ёю зла здаюцца ёй на тле ўсяго таго калі ня марнымі, то дакладна мізэрнымі. Яна слухае прыемны, наліты абертонамі гонару ад перамогі над безабароннаю жывёлінай дзе-небудзь у Кеніі ці ў Замбіі прывабны голас паляўнічага і міжвольна адчувае сябе часткаю пераможнай сілы. Яна глядзіць на пераможцу і бачыць у ім сябе. Яна быццам бачыць сябе вачыма староньняга чалавека, і, што вельмі ёй важна, той чалавек не асуджае яе. І рашучасьць выканаць сваю ролю да канца, паставіць апошнюю кропку ва ўласнай гісторыі поўніць яе. Нават калі, накшталт тых птушанят пярэстае казаркі, што, рызыкуючы жыцьцём, скачуць са скалы, з радзіннага гнязда сьледам за бацькамі ў памкненьні да вады, давядзецца рынуцца стоць галавою ў самы небясьпечны, непрадказальны вір.
Яна выключыла сьвятло, асьцярожна падсунулася да вакна. Адпяла даланёй рог фіранкі, зірнула на дол. Але там ужо нікога не было, толькі пара сьлядоў вяла паўз намецены ветрам друз ад ходніку да брамы дому адпачынку.
А ўсё-такі цікава, чаму ён не адказаў тады на яе ліст? Проста не пажадаў ці, можа, збаяўся, што яна прадявіць (сьмяхоцьце, па гэтулькіх гадах!) нейкія прэтэнзіі? Ці, можа, не дазволіла жонка? Зрэшты, ён ніколі жаданьнем пісаць не вылучаўся. Ня тое што яна: хоць бы той першы ліст у маленстве ўзяць, у якім яна апісвала Поўнач ды гісторыю Паўлікавай сьмерці, і які потым гэтак адгукнуўся ёй праз Лёлю.
Тым часам Тора ўжо пасьпела паваліць цяля на дол ды ўпіцца зубамі ў шыю няшчаснага ў спадзеве як хутчэй задушыць. Буйваліха кінулася напрасткі паўз зарасьнік на ягонае адчайнае мычаньне, і вось ужо дзьве маткі сышліся ў жорсткім, як бывае, калі на кон пастаўлена само жыцьцё, паядынку. Цяля ўзбрыкнула, узбадзёранае падмогаю, адскочыла ўбок, і праз хвіліну яны ўдваіх з буйваліхай зьніклі па-за хмызам. Львіца праводзіла іх вачыма, прынаджаная зьяўленьнем на даляглядзе нейкай іншай, мабыць, больш лёгкай здабычы, стаілася ў зарасьніку.
Міла Сьцяпанаўна адвяла пагляд ад экрану, зноў зірнула на вакно, за якім чарнеўся шыхтам дрэваў бераг ракі. Вось там якраз, дзе рака робіць паварот, і знаходзіцца самае прыдатнае, калі даваць веры тутэйшым мужыкам, месца для рыбалкі. Праўда, абрыў там ня надта высокі, усяго метраў з пяць, ня тое што на пляцы ля млына, які яна дасюль памятае і будзе памятаць, напэўна, да скону, а ўсё ж...

Яны стаялі на пляцоўцы амаль пад самым дахам млыну, і іх постаці то аддаляліся адна ад адной, то зноў зьліваліся ў адну. Яны былі так высока, так далёка ад яе, што, каб хаця збольшага ўсачыць іх рухі, ёй трэба было шторазу ўскідваць голаў угору. І кожны раз, як толькі яна тое рабіла, пігулка сахарыны высьлізгвала паўз яе пальцы на дол, гублялася ў траве. Раз-пораз яны штосьці казалі, і іх нягучная гамана бязладным ашмецьцем ледзь улоўных гукаў працінала паветра, таяла па-над сьценамі млыну, і насоўка ў руцэ маці то трапяталася на ветры, то хавалася ў далоні.
Яна чакала, што яны, мабыць, яшчэ больш наблізяцца адзін да аднаго, і інтуіцыя не падманула яе.
Першы крок зрабіў мужчына. Ён так рэзка падаўся да маці, што яна на хвіліну, здаецца, зьніякавела ад нечаканасьці. Яна ўскінула рукі нібыта каб абараніцца ад яго, але не пасьпела. Ён схапіў яе за запясьце, са спрытам дзікага зьвера ірвануў да сябе. Іх целы судакрануліся, але толькі на момант. Маці вольнаю рукой ударыла яго па галаве, выхапіла другую з ягонай далоні. Невядома, ці моцны быў той удар, але мужчыну ён, безумоўна, прыйшоўся недаспадобы. Ён гэтак жа груба, як колісь у А. пад пукам сьвятла ад пражэктару, схапіў маці за руку, цяпер ужо за локаць, тузануў да сябе. Ягоны плашч абвіўся вакол яе цела, і цяпер абрысы іх сплеценых у адно паставаў нагадвалі абрысы камля хвоі-спарыша ў А..
Маці зноў паспрабавала вызваліцца з абдоймаў мужчыны, але не дала рады. Ён трымаў яе так моцна, што яна ледзь-ледзь магла паварушыцца. Вецер вымкнуўся з надстрэшша, зухаватым сватам пранёсься над пляцоўкай, абляпіў твары абаіх поламі ягонага плашча. Мужчына абхапіў маці за стан, штурхнуў убок. Яна павалілася на дол, нерухомым кулем застыла на самым краі пляцоўкі. Ён счакаў хвіліну, рашуча накіраваўся да яе. Шпаркасьць і ўпэўненасьць ягонае хады сумневу наконт таго, што мае быць далей, не выклікалі, скрыўленыя злосьцю вусны мужчыны надзеі на іншы ход падзеяў не пакідалі. Ён падышоў да маці, выпрастаў руку і лёгка-лёгенька да яе дакрануўся...
Жах ахапіў яе. Яна штосьціздаецца, ці немама!” – закрычала і ўпала ніцма на траву.
Калі яна зноў узьняла голаў, на пляцоўцы нікога не было. Толькі насоўка кружляла, бы планер, па-над краем выступу, але і яе неўзабаве зьнесла ветрам кудысьці ўбок.
Яна падумала, што, мабыць, яны ўжо пайшлі з пляцоўкі, і, не зважаючы на пігулкі сахарыны, што цурком сыпаліся са скрутка на дол, кінулася наўцёкі. Цела яе зрабілася такім бязважкім, што яна яго амаль не адчувала. Яна ляцела праз кустоўе няведама куды, і каросьлівая лёгкасьць ягонага дотыку пранікала ў яе глузды, штурхала прэч са сьвядомасьці ўсе іншыя рухі і жэсты, якія яна ведала дагэтуль.

Вось так яна тады займела лёгкасьць дотыку. Як няўчаснае раставаньне антарктычнага айсбергу выклікае метамарфозы клімату за дзясяткі тысячаў вёрст ад яго, так выпадкова падгледжаная лёгкасьць дотыку Зелянухавай рукі стала падмуркам фармаваньня яе новай сутнасьці. Сутнасьці, якая суправаджае яе ўсё жыцьцё і пра якую яна нікому, бадай, ніколі не наважыцца сказаць. Хоць, можа, і варта было б. Тым больш, што гэта было б апошняе, што яна наогул хацела б сказаць перад тым, як паспрабаваць той лёгкасьці пазбыцца.
Менавіта гэтакпазбыцца. І менавіта праз зьдзяйсьненьне замысьленага. Бо гэткая лёгкасьцьтой жа цяжар, як валіза за плячыма, толькі шматкроць большы. Двойчы яна ўжо спрабавала тое зрабіць. Першы разпраз лекара-псіхатэрапеўта. “Вы да кагось датыкнуліся? – сказаў ён з мілым усьмехам і паклаў ёй далонь на лоб, быццам хацеў памацаць глузды. – Ну, гэта ня страшна, мы вас вылечым”. Другі разпраз сьвятара. Ды зноў няўдала, бо сьвятар быў глухаваты і наўрад зразумеў з яе блытанага аповеду, пра што гамана.
А як жа Бог? О, калі гэта праўда, што Бог бачыць намі ўчыненае, то як ёй хацелася б, каб ён насамрэч, як прынята тое лічыць, бачыў усё. Бо тады, можа быць, і ёй застанецца які-ніякі шанц на выратаваньне душы. Вось толькі як яна яго, той шанц, скарыстае? Хутчэй за ўсёзьедзе ў А., адзінае месца на сьвеце, што, адчувае, ніколі не адпрэчыць яе. Успамін пра якое цьвіком сядзіць у яе памяці адмалку і прыцягвае, бы магнітам, жорсткай праўдай дзяцінных мрояў-прыпамінаў. Месца, якое так шмат вызначыла ў яе жыцьці, і ў якім яна магла б (а можа, ёй толькі так уяўляецца, што магла б) заставацца сабой.
Тора ашчэрыла пашчу, пазяхнула, легла на пясчанік побач з ручаём, і жоўтыя вочы яе зьліліся колерам з фарбамі пустэльні.
Яна выключыла тэлевізар, затым сьвятло, легла на канапу. Уявіла, што яна Тора, і мроя лісьліваю ласкай абвіла яе голаў, стаілася ў зьвілінах глуздоў: што з таго, што невысокі той рачны абрыўчык. Затое пад ім, мабыць, шмат каменьня, і пэўна ж яно зусім не такое мяккае, як пясчанае дно абмялелай за лета студні...

Яна выйшла на двор і па нязвыклых Лёліных паводзінахкінулася да яе, бы да роднай, калі такое было? – адразу зразумела: штосьці дзеўцы трэба. Але што?
Лёля дастала з кішэньчыка нейкую зжоўклую паперчыну, тыцнула ёй пад нос:
Ліст, дзе ты ўсё распавядаеш Сашку пра жыцьцё з маткаю і братам у лагеры. З гэткім лістом, варта аддаць яго куды сьлед, ня тое што ў інстытуту самае задрыпанае ПТВ ня возьмуць. Дык ня ўзносься высака, а ідзі во з Вітакам. А тады, як вернецеся, і ліст аддам.
Вітак вымкнуўся з-за альтанкі, наблізіўся да іх, абдаў перагарам.
А што, пайшоўшы, рабіць маем? – спанталічаная Лёліным нахабствам, спытала яна.
А гэта ўжо мяне не датычыць. Хочацебіцеся, хочацемілуйцеся, хочацехоць пацеры адмаўляйце, мне не абыходзіць.
Вітак стаў упобачкі, і дотык ягонай далоні апёк яе плячо. Яна хацела скінуць руку з пляча, але вырашыла не сьпяшацца: не такая ж ужо яна ў рэшце рэшт бездапаможная, каб у выпадку чаго ня даць рады адбіцца ад нецьвярозага.
Зрушыліся яны з Вітакам з месца, пасунуліся ў накірунку танцпляцоўкі. Мінулі прысады, вось і да клуба ўжо блізка, рукой падаць. І тут хапель Вітак яе ўпоперак ды ў хмыз бэзавы, дзе перад тым яны з Сашкам цалаваліся, павалок. Завалок у сярэдзіну кустоўя і трымае, як воўк казу перад раздраньнем. Трымае за плечы ды пазірае скоса ў бок сьцежкі, быццам чакае каго, ды перагарам смуродлівым яе абдае.
І тут хтосьці яшчэ зьявіўся на сьцежцы. Хацела яна паглядзець, хто там, але ж як даць рады ў цямрэчы, ды яшчэ праз хмыз, пазнаць? Хоць галасы быццам і знаёмыя.
І толькі калі ліхтарыкам пачалі вадзіць са сьцежкі па кустоўі, пазнала яна прыхажаяў: Лёля, а з ёю Сашка.
Кроў ударыла ёй у голаў: Сашка з Лёляй? Ды ці ня ў змове яны? Хацела ўбок куды шмыгануць, каб незаўважнаю застацца, ды ногі падранцьвелі, не жадаюць слухаць.
Сашка зьбег адразу, ледзь іх з Вітакам сярод кустоўя пабачыўшы. Неўзабаве і Лёля, нацешыўшыся, відаць, зьбянтэжанасьцю яе, пайшла. І вось і Вітак яе адпусьціў, быццам толькі і трымаў дзеля таго ў кустоўі, каб тыя двое іх разам пабачылі. Тут і зразумелы ёй стаў дябальскі, нялюдскі Лёлін змысел.
Як было такое перажыць? Думала за Сашкам сьледам бегчы, каб растлумачыць яму ўсё, ды сорам не пусьціў.
Доўга-доўга, ледзь не да сьвітанку цягалася, растузаная прыкрасьцю, па навакольлі. А як першы раз певень кукарэкнуў, пайшла дахаты з цьвёрдым намерам ліст той дзевяцігадовае даўніны, у якім пра Поўнач Сашку распавядала, і які Лёля абяцала аддаць, калі пойдзе яна з Вітакам, запатрабаваць.
Як абяцалато хай жа і аддасьць!
Пастукала Лёлі ў вакно. Выйшла Лёля.
Ліст узяла? Давай!
Які ліст? Я ж пажартавала, што ён у мяне. Я яшчэ тады, калі малыя былі, чытала яго, а пасьля і ня бачыла ніколі. Якая ты даверлівая. Вось і плаці за гэта. Сашка твой на цябе зараз, пасьля таго, як з Вітакам у хмызе засьпеў, і не зірне ніколі.
Сказала так і да студні (папіць ёй гэтак конча захацелася) пайшла.
І вось ля студні яны, і вось нахінаецца Лёля, каб вядро ў зрубе адчапіць з цьвіка. Нахінаецца, каб дацягнуцца рукой да вядра, шнарыць рукою па сьцяне, і ўсё дарэмна.
А ёй нібыта варажына-шатан глузды засьціў. Глянула на Лёліны лыткі, што агаліліся напалову над зрубам (віднець акурат пачало), і замест іх мокрае цела маці з абгорнутымі наўкола пояса Паўлікавымі пялюшкамі перад сабою ўбачыла. І так ёй нясьцерпна захацелася да тых малочна-белых, са шнарамі ад гумак вышэй каленяў лытак датыкнуцца, што ажно сама спалохалася таго жаданьня.
А Лёля ўсё кешкаецца з вядром, ніяк ня дасьць рады адчапіць. То так павернецца, то гэтак, а ўсё непярэліўкі. Целанад зрубам, плечы і галавау зрубе, і сукенка ўсё вышай і вышай падкасваецца, і ногі сьнегу паўночнага ў А. пры хваіне-спарышы бялей.
Як датыкнулася да тых ног лёгенька-лёгенька, як узмылі ўгорунічога амаль у памяці не засталося. Адно, што засталося, – гэта як калодзеж раўнуў, быццам прымаць староньняе не жадаючы, ды як рэхам глухім навакольле на міг ад падзеньня староньняга таго ў прадоньне агаласілася. Іусё.
Пастаяла яна крыху ля студні ды пасунулася дахаты.
Дабрыла да двара, глядзь: Сашка ў альтанцы сядзіць. Зайшлося сэрца ад жаданьня падысьці, а ў вуха нібыта нашэптвае хтосьці: ня трэба, ня трэба, не сьпяшайся. Пайшла ў пакой, на ложак кульнулася ды і пракачалася бяз сну да раньня.
Ураньні падняласягармідар на дварэ, вэрхал. Суседзяў цягаюць па адным на дазнаньне, а ёйкаб знак хто падаў ісьці. Сядзіць яна, чакае. Паўдня гэтак сядзіць ні жывая ні мёртвая, дзень, вечар. Заснуласон сасьніўся. Быццам гоняцца за ёю нейкія людзі, а яна, каб уратавацца ад іх, у неба ўзьлятае. І лятае там, лятае... А на доле маці-нябожчыца ўдзьвюх з цёткай Галяй Кудзельскай сігналы перасьцярогі па чарзе ёй, як толькі наблізіцца каторы з перасьледнікаў, падаюць.
А назаўтра прыйшлі па яе. Ды нядоўга мучылі-дапытвалі. Так, сполахам лёгкім абышлося. Яна б ужо, папраўдзе, з пярэпалаху таго ды з пакутаў сумленьня і рада была б арышту, але, казаў той, – ня лёс. Пераначавала, а ўраньні, ледзь золак заняўся, да цягніка, сёе-тое з майна ў заплечнік, пасьведчаньне аб рэабілітацыі ды аблігацыі бабуліны ў запазуху запхнуўшы, пасунулася.
Куды далей, што, якім чынамні пра што ня думала, нічога сама сабе не загадвала. І толькі як ужо састаў падышоў да паўстанку, схамянулася ў одуме, і А. з засьнежанаю хвояй-спарышом, якім адмалку трызьніла, ды твар цёткі Галі ўзбрылі ёй у голаў.
А. дык А., падумала і скочыла ў вагон.

Яна прахапілася ад дрэмы, зірнула на ходзікі: палова адзінаццатай, у гэткі час яна звычайна сьпіць. Падумала, што няблага было б раскласьці канапу, як пачула з вуліцы нейкі гук. Адхінула фіранку, каб паглядзець, што там, але дарэмна: пагляд утыкнуўся ў густую завесу цемры, застыў на вершаліне хвоі па-за будынкамі дома адпачынку. І тае ж хвіліны амаль зноў сасьлізнуў долу, прынаджаны кропкаю сьвятла ад цыгарэты. Нехта цёрся ў прагалку між брамаю і ходнікам і нясьпешна, раз-пораз падносячы да вуснаў цыгарку, паліў.
Зноў ці ня ён, падумала яна і напружыла зрок у спадзеве хоць што-небудзь выхапіць вачыма, што пацьвердзіла б прыпушчэньне. Але цемра была занадта густая, а ўспышка ад цыгарэты, калі чалавек падносіў яе да роту, занадта слабая, каб яго пазнаць. І ўсё ж... хай бы ён і быў.
Як яны цалаваліся тады ў хмызе наўзбоч танцпляцоўкі! Яна іх, тыя пацалункі, і заразбес у рабрынузрэдчасу згадвае. Згадкі прыходзяць раз-пораз так неспадзеўна, што яна літаральна ад іх дранцьвее. Дранцьвее і доўга-доўга пасьля ня можа вярнуцца ў яву. Стаіць, бы засьпеты градабоем сярод поля вандроўнік, і бязгучна варушыць вуснамі ў адчайным жаданьні прымусіць стрэлкі часу спыніцца на тым прамінулым імгненьні. Варушыць вуснамі і думае пра тое, як шкада, што ад пацалункаў не нараджаюцца дзеці. Гэта адзінае шкадаваньне, якое выяўляе яе слабасьць. І яна беражэ яго ў сабе як сьведчаньне другой сваёй, няспраўджанай, ды не забітай дарэшты сутнасьці.
Але наўрад гэта ён. З чаго б яму тут цэлы вечар цікаваць? Ды і энергетыка, падказвае ёй інтуіцыя, у гэтага зусім інакшая: занадта злавесная, ці што, каб быць ягонай.
Чалавек кінуў цыгарэту, і яна, апісаўшы ў цямрэчы дугу, упала па той бок тыну. Гэткі ж, як і напачатку, калі яна толькі прачнулася, гук, быццам хтосьці тыцнуў цьвёрдым у глебу, данёсься паўз шыбіну да яе вушэй, спарадзіў іншую здагадку. Фара аўто прарэзала змрочную гушчыню, сьлізганула па ходніку, высьвеціла ногі незнаёмца з кульбаю наўзбоч і зьнікла па-за дрэвамі.
Яна паўзіралася яшчэ колькі часу ў цемру, захінула фіранку, расклала канапу.
Авохці! То каб хто пад вокнамі, а то водвое адразу!” – падумала і наравіста, як колісь у маладосьці тое рабіла, трасянула галавою ў спадзеве як хутчэй пазбавіцца трывожнага, як тады, падчас першага спатканьня з Зелянухам у А., прадчуваньня.

А. сустрэў яе з абыякавасьцю незнаёмца. Пасьля пакутлівых перажываньняў з-за разрыву з Сашкам і адезду з дому гэта было першае яе новае ўражаньне, таму яна вырашыла не марнаваць часу і адразу накіравалася ад станцыі шукаць патрэбнае месца. Яна прайшла каля вярсты ўздоўж чыгуначнага палатна і трапіла ў падказаны адным з мінакоў раён. Раён месьціўся ў нізябіне і ўвесь быў забудаваны хрушчоўкамі. Ён заўжды асацыяваўся ў яе памяці са сьнегам, а цяпер было лета, так што выглядаў ён непазнавальна, прынамсі, зусім ня так, як яна памятала. Так непазнавальна выглядаў, што сумнеў ахапіў яе: ці туды яна трапіла, куды мкнулася? Разам з тым інтуіцыя ёй падказвала, што прыйшла правільна.
Яна падышла да маладой жанчыны, якая разьвешвала ў двары бялізну, і сказала, што шукае. Жанчына зьдзіўлена глянула на яе і адказала, што гэта акурат тут. Маўляў, баракі зьнесьлі пяць гадоў таму, і вось якраз на месцы гэтае пяціпавярхоўкі насупраць месьціўся адзін з іх.
Яна зірнула на будынак. Ён бліснуў ёй насустрач вокнамі, але ніякага знаку на гасьціннасьць не падаў. Тады яна вырашыла абысьці яго наўкола. Павінна ж што-небудзь застацца, што яна пазнала б, падумала і ступіла за рог дому.
Адразу за домам пачынаўся яр. Гэта давала надзею, бо пры бараку, дзе яны колісь жылі з маткаю і Паўлікам, яр таксама быў. Усьцяж яру цягнуўся падковаю, паўтараў ягоныя зьвілістыя лініі шыхт паўночных хвояў. Яе ўвагу міжвольна прыцягнула адна з іх напрыканцы шыхта. Яна падышла бліжэй, і тут яе сумнеў канчаткова разьвеяўся. Гэта была тая самая хваіна-спарыш, толькі значна падрослая, яна пазнала яе па жалязяцы між камлямі, да якой звычайна дарослыя мацавалі для дзятвы ўлетку арэлі.
Усьцешаная, што вандроўка сюды, на Поўнач, не была дарэмнай, яна вярнулася да дому, каб запытацца ў жанчыны, ці ня ведае яна цётку Галю Кудзельскую. “Ведаю, – адказала тая. – Але цяпер яе няма, бо яна зьехала да сына ў Саратаў і вернецца ў А. толькі напрадвесьні”.
Навіна расчаравала яе, бо пазбаўляла магчымасьці сёе-тое распытаць пра маці і пра тадышняе іх жыцьцё ў А..
Яна спытала, ці не здае хто-небудзь паблізу кватэру. ”Якраз я і здаю, – адказала жанчына. – Я жыву адна, у мяне двухпакаёўка, і вам было б у мяне няблага”. Жанчына спытала, дзе яна працуе, і яна адказала, што яшчэ не працуе, але мае намер уладкавацца куды-небудзь, напрыклад, паштаркай у аддзяленьне сувязі. Жанчына сказала, што плата за пакой будзе невялікая, бо ёй сумна адной і яна даўно падшуквае каляжанку дзеля баўленьня часу, і павяла яе ў кватэру.
Яна паказала гаспадыні аблігацыі і папрасіла памарудзіць з аплатаю жытла да пачатку тэрміну іх пагашэньня, што вось-вось павінен быў пачацца. Жанчына згадзілася. Назаўтра яны выправіліся ўдзьвюх на пошту, дзе якраз рабіла гаспадыніна сваячка, і яе ўзялі паштаркаю. Так яна засталася ў А..
Удзень яна разносіла па кватэрах газеты і лісты, увечары, калі заставаліся сілы, блукала па мясцовасьці. Відарысаў у навакольлі, якія яна магла дакладна ўзгадаць з маленства, было няшмат. Але тыя, што згадваліся, выклікалі ў ёй такую буру эмоцыяў, што яна пасьля тых шпацыраў доўга не магла заснуць. Дадавала маркоты і расстаньне з Сашкам, якога яна згадвала штодня і пра сустрэчу з якім марыла кожную хвіліну.
Аднаго разу яна так задумалася падчас прагулянкі, растузаная ўспамінамі, што не заўважыла, як забрыла на могілкі. Паманулася адшукаць магілку брата Паўліка, але не дала рады: клады былі занадта вялікія, да таго ж многія магілкі на іхбяз помнікаў. А калі яна дома спытала ў Натальлі, гаспадыні, як усё-такі знайсьці братава захаваньне, тая ў адказ толькі махнула рукой: якое захаваньне, хутчэй за ўсё ляжыць твой брат дзе-небудзь у яры, тады так шмат мерла тут люду, асабліва дзяцей, што было не да пахаваньняў. Здаралася, што і ў зямлю нябожчыка не закопвалі, такая яна была каляная, а прысыпалі сьнегам ды і пакідалі пад гурбаю.
Увесь гэты час ёю ніхто не цікавіўся, і яе тое цалкам задавальняла. Як і роўныя адносіны з Натальляй, што ўсталяваліся між імі ад першага дня і якія, бадай, толькі штосьці экстраардынарнае магло парушыць. Яна распавяла сваёй гаспадыні збольшага пра сябе (апроч студні, вядома). Натальля ўспрыняла яе гісторыю спакойна, і гэта нібыта давала надзею на яшчэ большае паразуменьне надалей. Наколькі яна тады памылялася, паказаў час. Што да неспадзяванак кшталту спраўджаньня асобы, то іх яна не баялася: пасьведчаньне аб рэабілітацыі заўсёды было пры ёй.
Праз тры месяцы пасьля яе прыезду ў А. начальніца пошты папрасіла яе падмяніць на працы занямоглую паштарку з суседняга ўчастку. Яна згадзілася, і клопатаў ды беганіны ёй значна дадалося. Яна прапрацавала на два ўчасткі два тыдні і ўжо амаль дачакалася вяртаньня каляжанкі, як здарылася нечаканае. Яна панесла ў адну з кватэраў тэлеграму і спаткалася там з Зелянухам, старым знаёмцам. Тым, што быў за наглядчыка ў лагеры і колісь сфатаграфаваў яе са сваім сынам Вадзькам, і які прыязджаў у мястэчка ў дзень сьмерці маці, і якога яна бачыла з маці на пляцоўцы млыну перад тым, як маці загінула.
Ён яшчэ не пасьпеў адчыніць дзьвярэй, а яе ўжо быццам абдало сьцюжаю. Ён стаяў у дзьвярах і разглядаў яе ва ўпор з такой настойлівасьцю, што ёй тае ж хвіліны захацелася зьбегчы куды падалей. Яна глядзела на яго і ня ведала, як сябе паводзіць: ці то загаварыць, нагадаць, што яны знаёмыя, ці то змаўчаць. А ён усё сьвідраваў ды сьвідраваў яе неверагодна блакітнымі сваімі вачыма, быццам сіліўся ўплішчыцца паглядам у думкі. На нейкі міг ёй нават здалося, што ён пазнаў яе. Страх загнанага зьверу, гэткі самы, як у той дзень, калі ён прыязджаў у мястэчка і аб нечым угаворваў маці, а тая не пагаджалася з ім, мільгнуў у блакітных вачах, і яна скураю адчула небясьпеку, што зыходзіла ад усяго ягонага лядашчага цела. Яна вырашыла нізавошта сябе не называць. Тут ён спытаў, як яе завуць.”Мілай”, – адказала яна, інтуітыўна адарваўшы палову ад свайго поўнагаЛюдмілаімя і пайшла прэч.
Сустрэча з Зелянухам ускалыхнула яе, ды галоўная неспадзянка падчэквала ўсё-такі дома. Быў перадабедзенны час, ёй захацелася перагле­дзець старыя фоткі. Яна палезла ў альбом, дзе яны ляжалі заўсёды побач з аблігацыямі. Фоткі былі на месцы, затое аблігацыі, адзіны яе спадзеў хоць на якую ў прышласьці капейчыну, быццам карова зьлізала языком. Яна ператрэсла ўсе свае рэчы, але дарэмна, аблігацыі зьніклі.
Ёй захацелася гарбаты, яна вырашыла запаліць пліту, але ўбачыла, што ў кухні няма запалак. Яна пайшла ў Натальлін пакой, каб узяць карабок з энзэ ў шуфлядцы стала, і там натыкнулася на сваю згубуаблігацыі. Знаходка ашаламіла яе. Але ўзаемаадносіны з гаспадыняй не давалі падставы для нейкіх кепскіх высноваў, і яна вырашыла пачакаць яе рэакцыі на зьнікненьне злашчасных паперак з шуфляды. Яна прыхавала знаходку ў сваім пакоі і пачала чакаць прыходу Натальлі.
Натальля прыйшла а палове другой і адразу пачала рыхтаваць сабе абед. Запалак не было, і яна пайшла па іх у пакой. Было чутно, як яна адчыняе па чарзе шуфляды, тым часам як запалкі ляжалі на самым бачным месцы, спрыхаду.
Яе вяртаньне канцэнтрацыяй жарсьці нагадвала рэакцыю сярэднявечнага ваяра на зьнікненьне паса вернасьці ў юрлівае жонкі. Натальля моўчкі прайшла ў кухню, запаліла пліту, кінула запалку ў бляшанку з-пад часьціка. Затым павярнулася да яе тварам, не гледзячы ў вочы, сувора сказала:
Ня думала, што ты гэткая неахайная. Паглядзі, колькі бруду паўсюль у калідоры. Няўжо цяжка падмесьці?
Зачэпка для больш грунтоўнаеразмовыбыла такой выразнай, а заўвага была прамоўленая такім зласьлівым тонам, што яна зьнямела ад нечаканасьці. Аднак Натальля, відаць, інтэрпрэтавала яе маўчаньне як вышэйшую ступень абыякавасьці да яе словаў, таму прадоўжыла наступ яшчэ больш жорстка:
І хто дазволіў табе шнарыць у маёй шуфлядзе? Ты штодазнаўца? – Тут яна канчаткова страціла кантроль над сабою і закрычала што мела моцы: – Варагіня народу! Спадзяешся абвесьці ўсіх вакол пальца. Дзе аблігацыі? Вярні іх на месца, ня то будзе блага! Я табе так зраблю, што ніколі нікуды больш са сваім паскудным мінулым не ўладкуешся, і пасьведчаньне тваё гаўнянае табе не дапаможа!
Яна схапіла балейку з прапаласканаю ўраньні бялізнай, кінулася на гаўбец яе разьвешваць. Злосьць усё яшчэ трэсла яе, і, здавалася, мокрыхвілін дзесяць таму на дварэ працерусіў кволы дожджыкдол гаўбца без парэнчаў наўкола ня вытрымае той распаленай не на жарт злосьці, вось-вось засіпіць пад босымі Натальлінымі нагамі.
Богведама, як так сталася, але раптоўна спакой ахапіў яе. Яна пабыла колькі хвілінаў у пакоі, выйшла сьледам за гаспадыняю на гаўбец.
Натальля стаяла да яе сьпінаю з зашчэпкамі ў зубах, і пара злымі шэрымі аблочкамі выштурхвалася разам са словамі з яе рота, слалася над галавой. Яна ніяк не магла спыніцца і ўсё гаварыла, гаварыла... Яна была такая непрыгожая ў прыступе злосьці і разам з тым такая кранальная ў няведаньні сваёй незайздроснай будучыні, што Люсі міжволі захацелася да яе датыкнуццалёгенька-лёгенька, быццам муху адагнаць ад талеркі са страваю ці восьвіну. Так лёгенька, што яна, мабыць, і сама не заўважыла б ні таго дотыку, ні таго, што сталася б у наступную хвіліну. Так хутка, што бялізна, як колісь насоўка з далоні яе маці, не пасьпела б выпасьці з Натальліных рук.
Яна ўявіла, як Натальля ляжыць з раскінутымі ўбакі рукамі і нагамі на доле пад гаўбцом і ў немым зьдзіўленьні, быццам хоча штосьці запытацца, глядзіць на яе нежывымі вачыма, і... рашучасьць пакінула яе. Яна адвяла пагляд убок, стрымгалоў кінулася назад у пакой. Паклала ў партманет аблігацыі і хуценька пайшла з кватэры. На яе шчасьце, пошта была ўжо цалкам пасартаваная, таму ні з кім спатыкацца на працы ёй не давялося. Яна разьнесла рэшту пошты, пакружляўшы па А., пабрыла на станцыю. Падумала, што няблага было б, напэўна, вярнуцца ў кватэру па рэчы, але не насьмелілася: раптам гаспадыня ўсё яшчэ не супакоілася, і як потым, калі што якое, каму давядзеш, што чалавек гэткі ж зьвер, як і астатнія зьвяры, і што будзіць у ім жывёлінунебясьпечная справа?
Вось так, пракантаваўшыся паўдня на станцыі, яна зьехала тады з А.. Хвоя-спарыш, адзіны матэрыяльны напамін з яе маленства, праводзіла яе маркотным шапаценьнем голак, ды стрыклівы, ня менш стрыклівы ад крапівы вакол тае хвоі пагляд Зелянухі кальнуў з-за фіранкі наўздагон у сьпіну, калі яна праходзіла з валізаю паўз ягоны дом.

Яна ўзьняла голаў, зноў глянула на ходзікі: палова дванаццатай. Акурат ці ня гэткаю во парою сышла яна тады без капейчыны, але з аблігацыямі ў кішэні на станцыі па дарозе з А. ды і захрасла ў чужым гарадку на без малога трыццаць гадоў. Нават на трыццаць два, калі браць пад увагу, што, уладкаваўшыся ўжо на працу ў дом адпачынку, не-не ды і вярталася ў гарадок, зазвычай увесну ці ў восень, каб то магілку мужа дагледзець, то забраць сёе-тое з пакінутых у цёткі Кудзельчыхі рэчаў.
З мужам ёй пашчасьціла, безумоўна, хоць і выйшла за простага каюра, даглядчыка сабак. Пётра Баговіч (так звалі каюра) чалавек быў добры, а галоўнаеаднае з ёю крыві, з аселых на Поўначы ссыльных беларусаў. І разумеў яе. Калі яна, да прыкладу, дзесяць гадоў таму надумалася ўзяць да сябе нямоглую цётку Галю, сын і нявестка якой загінулі ў аўтааварыі, ня тое што словам не запярэчыў, наадварот, памагаў даглядаць старую, як мог. Шкада, рана памёр, але тут ужо каму як наканавана.
Ад цёткі Галі яна тады шмат чаго даведалася пра сваё з маці жыцьцё ў А. падчас высылкі. Нават пра такія дробязі, як матчыны гузакі на скронях у дзень сьмерці Паўліка, якімі яе, аказваецца, усё той жа Зелянуха ўзнагародзіў, жаноцкае прыхільнасьці дамагаючыся. А яшчэ пра тое, як мітусіўся пасьля расстрэлу Берыі, баяўся, каб каторая з жанок не заявіла куды сьлед, ды паляцеў расшукваць адну з найбольш ім пакрыўджаныхЛюбу Гарнак.
Вось тады, даведаўшыся пра ўсё, яна і вырашыла папомсьціцца...
Але што значыцьвырашыла? Рашэньне само прыйшло, і значна раней, яшчэ ў дзень сустрэчы са старым падчас яе першай вандроўкі ў А. І якая ёй справа да ўсіх гэтых мудрагелістых развагаў пра марнасьць помсты ды наступстваў, якімі яна абарочваецца для таго, хто помсьціць? Гэта праўда, на сьвеце шмат людзей, і з соцень, тысячаў, дзясяткаў тысячаў заўсёды ёсьць шанц выбраць найбольш табе сімпатычных. Але ж і міма подласьці праходзіць не выпадае. Ёсьць рэчы, якіх не ўнікаць трэба, а наадварот, – набліжацца да іх, каб ня даць ім мажлівасьці паўтарыцца ў прышласьці. Так што і не даравацьтаксама навука. І яе яна спасьцігла дасканала. І цяпер дакладна ведае: яе час настаў.
Настаў... Яна гэтак часта, з гэткімі падрабязнасьцямі складала ў галаве план помсты, што ён урэшце стаў неадемнаю часткай яе сутнасьці. Яна так доўга выношвала ды песьціла той план у глуздах, што ён, напэўна, ужо нізавошта, нават каб яна таго вельмі пажадала, яе не адпусьціў бы. Як не адпускала яе ўсе гэтыя гады адчуваньне віны з-за Лёлі. Якому яна, праўда, навучылася-такі збольшага даваць рады, забіваючы сябе працаю ды рознымі альтруістычнымі ўчынкамі, за што тут, у гэтым заштатным доме адпачынку, яе і клічуць усе не іначай, як маці Тэрэзай. І гэта калі не выкупляе дарэшты (вядома ж, не!) былых яе правінаў, то хаця б робіць іх у яе ўласных вачах не такімі злавеснымі. А калі і гэтага недастаткова ёй для самазаспакаеньня, яна ўключае тэлевізар і глядзіць праграмы пра паляўнічых.
Сёньня чацьвёрты тыдзень, як яна наблізілася ўшчыльную да ажыцьцяўленьня сваёй задумы. Бо тры тыдні таму ў доме адпачынку зьявіўся нарэшце Зелянуха.
Ён прыехаў уначы, і яна была першая, з кім ён сутыкнуўся ў прыёмным пакоі. Ён не пазнаў яе, ды і яна яго, прызнацца, – з цяжкасьцю: мінула гэтулькі гадоў. Ён пасяліўся на паверсе, дзе яна за прыбіральшчыцу, і вось яна ўжо тры тыдні прыбірае ягоны пакой. Яны нават, можна сказаць, у пэўным сэнсе пасябравалі, як могуць пасябраваць два пажылыя, з розьніцай у нейкія два дзясяткі гадоў, чалавекі. Такія адносіны расслабляюць яе, і яна, каб не паддацца старэчай абаяльнасьці Зелянухі, змушае сябе ўяўляць яго калі ня монстрам, дык хаця б нягоднікам. Гэта няцяжка, варта толькі ёй згадаць эпізоды з аповеду цёткі Галі пра тое, якую ролю адыграў ён у жыцьці маці ў лагеры ды прыпушчаньне наконт вытокаў трагедыі на млыне. Нічога гэтага сам ён, вядома, ня ведае і калі і ўведае, дык не раней, як у апошнюю сваю хвіліну. А яна, гэтая хвіліна, не за гарамі.
Заўчора ён прапанаваў ёй выправу на прыроду напрыканцы ягонага тэрміну адпачынку. Яна згадзілася. Не адразу, памулялася крыху дзеля прыліку, але згадзілася. І па тым, як загарэліся ягоныя вочы, яна зразумела, што для яго яе згода чамусьці вельмі важная. Гэта яе насьцярожыла: ці не вядзе і ён якуюсь гульню? Ад гэтых пенітэнцыярыстаў-адстаўнікоў што заўгодна можна чакаць. Ці ня вызнаў ён выпадкам, хто яна, і ці не ладуе якую-небудзь пастку? Што, калі злаўчыўся-такі пашнарыць учора ў кішэнях халата?
Ды ў любым выпадку пікнічок адбудзецца.
Яна добра ведае мясцовасьць і прапануе пайсьці да ракі. Туды, дзе самы высокі, стромы бераг і наўкола шмат віроў. Яны раскладуць вогнішча, і, пакуль ён будзе вудзіць з абрыву рыбу, яна зоймецца прыгатаваньнем перакусу. Затым пакліча яго есьці, але ён, захоплены ўдалым клёвам, нават яе не пачуе. Тады яна падыдзе да яго, каб паклікаць зблізку. Крок, другі, трэці, вось ён усё бліжэй, бліжэй... Ён будзе стаяць да яе сьпінаю і з утрапеньнем маладзёна, што ўпершыню выйшаў на ловы каханкі, гля­дзець, як гайдаецца на вадзе паплавок. Ён будзе такі кранальны ў сваёй зачараванасьці хараством хвіліны ды чаканьні ўзнагароды за цярплівасьць, што ёй захочацца да яго датыкнуцца.
І яна падыдзе і датыкнеццалёгенька-лёгенька, як колісь да Лёлі. Так лёгенька, што ён і зразумець нічога не пасьпее. Яны будуць стаяць так блізка адно да аднаго, што яна будзе чуць ягонае дыханьне, бачыць, як пульсуе жылка на ягонай старэчай, у шызаватыя пупырышкі, патыліцы. І калі што пойдзе ня так, як сьлед, яна тут жа выправіць аблуду. Не, ня скочыць з адчаю на дол, гэтага яна ніколі ня зробіць, ні-ко-лі ня дзеля таго гэтулькі гадоў чакала! Янадатыкнецца да яго, і вецерадзіны сьведка доўгачаканай дзеіпадхопіць ягоны крык і разьнясе рэхам па бязлюдным навакольлі, як колісь разнёс ейны па ваколіцы млыну.
Яна датыкнецца, і гэта будзе першая яе параза, якую яна прыме бяз горычы і шкадаваньня. Цень якой, у адрозьненьне ад папярэдніх, ні на хвіліну не азмрочыць рэшту адпушчаных ёй лёсам гадоў. І за мажлівасьць якой удзячнасьць яе Богу будзе такой вялікай, што яна нават сходзіць у сьвятыню ды шчыра-шчыра, як толькі зможа, да Яго памоліцца. Толькі б даў вытрымку не саступіць у апошнюю хвіліну, як колісь у А., на мокрым тым Натальліным гаўбцы. Чаму яна тады сышла? Збаялася? Аказалася не гатовай да гэткага ўчынку? Можа быць...
Штосьці шорхнула на дварэ, быццам хто шпурнуў у сьцяну з расшпару жменю пяску, і працяглы енк руберойднае аббіўкі гаўбца агаласіў навакольле. Яна паднялася, каб паглядзець, што там, адшмаргнула фіранку.
Вецер на дварэ быў такі моцны, што ажно згіналіся ледзь не напалам пры ходніку кустоўе і маладыя дрэўцы.
Дажджу толькі не хапала”, – падумала яна і націснула кнопку тэлепульту.
Экран успыхнуў, абрысы пустэльні калыхнуліся на даляглядзе зыбкім мроівам, адцяняючы самотна-ўтрапёную постаць Торы наўзбоч ракі з высокім, метраў у дзесяць абрывам, у колькіх кроках ад якога знайшлі пад дрэвам ратунак ад бязьлітаснага сонца аднарогая буйваліха з цялём.
Львіца смачна пазяхнула нібы ў прадчуваньні ўдалага паляваньня, выгнула сьпіну дугою, пасунулася краем берага да абрыву. Але тут жа зьнікла з поля зроку, бо на экране зьявілася застаўка, і знаёмы голас Сабы Дуглас-Гамільтан па-за кадрам абвясьціў канец серыі.
Мабыць, гэта апошняя”, – падумала яна і незадаволенавось жа конча ім, гэтым вядоўцам, перапыняць дзею на самым цікавымвыключыла тэлевізар.

Яна прачнулася а шостай. Дакладней, не прачнулася, а прахапілася ад забыцьця. Бо праз ноч амаль не заснула, толькі ўжо на самым дасьвецьці на колькі хвілінаў зьмежыла павекі ды акунулася ў кароткую цяжкую дрэму.
На дварэ было сьветла, але бязьлюдна. І зусім, надзіва, бясхмарна. Гэта дадало ёй гумору. Яна хуценька зьлезла з канапы, пачала апранацца. Падумала, што няблага было б глытнуць перад адыходам кавы або гарбаты, пасунулася ў кухню. Але запальваць пліту ня стала. Наліла ў кубак астылага ўчорашняга кіпеню, густа засаладзіла варэньнем. Падняла кубак, каб выпіць, але ўзгадала, што шэсьць дзён не прымала, занятая думкамі аб выправе на прыроду, лекаў ад страўніка, зноў паставіла кубак на стол. Вылузнула з пласьціны пігулчыну, сунула ў рот, запіла вадою з гарбатніка. І толькі накіравалася ў ванны пакой, каб пачысьціць зубы ды навесьці збольшага марафет на твары, як азваўся тэлефон.
У слухаўцы не чутно было ні гуку, але яна не сумнявалася: тэлефануе Зелянуха. І, пэўная, што не памыляецца, бадзёрым голасам сказала:
Выходжу праз пяць хвілінаў, чакайце мяне на дварэ, Васіль Іванавіч.
На тым канцы лініі, аднак, працягвалі маўчаць, і гэта крыху зьбіла яе з тропу: а раптам і не Зелянуха тэлефануе, а хто іншы?
Але гэта быў ён, што і пацьвердзілася ў наступную хвіліну:
Не забудзьцеся прыправу для юшкі. І хлеба паболей вазьміце. Раптам не захочуць кляваць на чарвяка... Ды і я сам бяз хлебані кроку, такая звычка.
Яго голас гучаў спакойна, але неяк нязвыкла ціха, гэта яе насьцярожыла.
Вы кепска сябе адчуваеце?
Не, з чаго вы ўзялі? Проста недаспаў, мабыць...
Ну, гэта не страшна, галоўнаекаб імпэт да лоўлі быў. Як нага?
Нішто.
Ён паклаў слухаўку гэтаксама нечакана, як і патэлефанаваў. І зноў яна, як перад пачаткам размовы, адчула сябе так, нібыта яе акунулі з галавою ў бязважкасьць.
Што ў яго наўме? Чым скончыцца ўся гэтая яе авантура? Што, калі пойдзе ўсё зусім ня так, як яна плануе?
Яна выняла з лядоўні падрыхтаваны зьвечару правіянт, хуценька склала ўсё ў сумку. Падумала, што няблага было б прыхапіць і гарэлкі, пасунулася ў пакой да шафачкі. Пстрыкнула па дарозе пультам тэлевізару ў надзеі ўбачыць хоць кавалак чарговае серыі з жыцьця львоў, але ёй не пашанцавала. Серыя, відаць, ці то толькі што скончылася, ці яшчэ не пачыналася. Тора з разяўленаю пашчаю схілілася на застаўцы перад магутным, вялізным, як гара, старым львом-адзінотнікам у памкненьні абараніць ільвяня ад небясьпекі.
Цяпер можна было і вырушаць з кватэры, але яна не сьпяшалася. Старанна абгледзела сябе з усіх бакоў у люстэрку і тады толькі падалася да дзьвярэй.
І ўсё адно штосьці было ня так. Але што?
Пагляд яе сьлізгануў па пакоі, запыніўся на грудцы вопраткі пры рабрыне канапы. Ну, канешне ж, пасьведчаньне аб рэабілітацыі, як яна магла забыцца?
Яна пераклала пасьведчаньне з кішэні халата ў кішэньчык кофты, пайшла на пляцоўку.
На дварэ акурат перад яе вокнамі двое мужчынаў у жэкэгоўскай апратцы торкалі ў ямкі пры ходніку невысокія, сантыметраў пад шэсьцьдзесят, саджанцы хваінаў. Сьледам за імі сунулася кабеціна з вядром і ашчадна, быццам тут наўкола бракавала вады, палівала з конаўкі саджанцы рудаватаю жыжай, і зьнябожаныя сушшу тонкія іглістыя дубчыкі порстка ўздрыгвалі пад вадзянымі струмянямі.
Яна прайшла паўз тройцу, мінула браму, папраставала да корпуса дома адпачынку.
Зелянухі на дварэ не было. Яна пачакала колькі хвілінаў, зірнула на ягонае вакно, але нічога ня ўбачыла, апроч гардзіны, і пайшла ў будынак.
У калідоры на другім паверсе было ціха, толькі з-за Зелянухавых дзьвярэй даносіліся гукі радыё.
Яна пераклала сумку з правай рукі ў левую, стукнула костачкамі пальцаў па аўшаку.
Чакаю вас, Васіль Іванавіч, – сказала і стукнула яшчэ разпа аббіўцы. – Бяз чвэрці сем, пара адыходзіць. А то гэтак і ўвесь клёў прапусьцім.
Адыходзіць дык адыходзіць, – азваўся ледзь чутна стары і расчыніў дзьверы.
Пагляды іх сустрэліся на імгненьне, адцягненыя тупатам у сталоўцы, куды толькі-толькі пачала зьбірацца на зьмену абслуга, цьмянымі пытальнікамі завісьлі ў паўзмроку калідору.
Што вы так ціха гаворыце, быццам чаго перасьцерагаецеся? – спытала яна паўжартам, аддаючы яму сумку з правізіяй.
А мала што, – гэтак жа паўжартам адказаў ён і лёгка перакінуў сумку цераз плячо. – Раптамскрозь вушы? Ну, Міла Сьцяпанаўна, зьдзіўляеце вы мяне. Не вучылі вас ніколі асьцярожнасьці, ці што?


IV
Дарашэнка расчыняе дзьверыну, ціха, каб не пабудзіць няўрокам каго з суседзяў, высоўваецца на гаўбец. Вятрыска вее з-за рогу будынку, казытлівым бесянём сьлізгае па шыі, валасах, улагоднены сонечнымі прамянямі, што ўсё настойлівей прабіваюцца на дол праз рэдкую, амаль празрыстую завесу хмарак, суцішваецца ў прагалку паміж вакном і плітою гаўбца.
На дварэ сьвежа, але ня холадна і галоўнаена дождж, які адзіны можа стаць перашкодаю для абяцанага Алушынага прыезду, быццам не паказвае.
Што жонка мае намер наведаць яго ў доме адпачынку, Дарашэнка даведаўся напярэдадні ўвечары з тэлефоннае размовы з ёю. Нэля едзе ў М. па тавар для фірмы, гэта якраз па дарозе, вось Алуша і вырашыла скарыстацца нагодаю пабачыцца з ім. Пабудзе ў доме адпачынку паўдня, а на зваротным шляху Нэля зноў яе забярэ з сабою.
Дзьве постаці, адна бездакорна роўная, бы гатычная калона, другая прыкурчаная і пры кульбе, мільгаюць пад брамаю, таропка прастуюць ходнікам у накірунку сьцежкі, што вядзе да ракі.
Ён думае, што няблага было б аклікнуць іх, але не пасьпявае. Хтосьці ляпае дзьвярыма, і голас медсястры працінае відочна пасьвяжэлае праз расчынены гаўбец паветра пакою:
Ціск будзем сёньня мераць, Аляксандр Зянонавіч? Не?
Ён хоча адмовіцца ад працэдуры, каб хутчэй вярнуцца на гаўбец ды павіжаваць з вышыні за выпраўшчыкамі, але перадумвае: што з таго віжаваньня? Похапкам вызваляе з-пад кашулі локаць, абыякава, быццам усё яшчэ знаходзіцца ў думках на доле з Зелянухам і Мілай Сьцяпанаўнай, кладзе руку на стол.
Ігруша стэтаскопу віскоча раз-другі нібы ў знак пратэсту, зьмірыўшыся з моцаю рукі, пакорліва аціхае ў спрактыкаванай далоні медычкі.
Сто трыццаць на дзевяноста, даражэнькі. Норма.
Медсястра адыходзіць, і ён зноў застаецца адзін. Выходзіць на гаўбец, зіркае на дол.
Дзьве постаці абмінулі ўжо сажалку, мерна зыбаюцца абрысамі на тле кустоўя.
Санлівасьць раптам ахоплівае яго, і ён вяртаецца да ложку. Кладзецца, не распранаючыся, паверх накрыўкі, зьмежвае павекі. “Трэ было не адмаўляцца ад мабільніка, а то вось прыедзе Алуша зьнячэўку, а яніякі, быццам усю ноч дзесьці бадзяўся”, – думае і правальваецца ў сон.

Прачынаецца ён ад гуку клаксону. І хоць ні Кірыкавага аўто, што высьлізнула, пакуль ён спаў, з-пад брамы пад самае вакно, ні пасажыраў у ім ён ня бачыць, адразу здагадваецца: Алуша з Нэляю. Сапраўды, гэта жонка і Нэля. Ён яшчэ не пасьпявае збольшага апаласнуць пад кранам твар, як жанчыны ўжо ў пакоі. Абедзьве выглядаюць здарожанымі, да таго ж Нэля, – рэдкі выпадакнешта не ў гуморы.
Штосьці здарылася? – ачомаўшыся ад пачуцьця няёмкасьці, што вось у гэткім непрэзентабельным выглядзе сустракае гасьцей, пытаецца ён.
Ай, не кажы! – Нэля махае рукой, сядае на зэдаль. – Андрэйка мой ... Дурань! Казала ж: ня лезь у гэты дурацкі страйкавы камітэт, дык не... Знайшоўся хтосьці, данёс куды сьлед, і вось ужомаем непрыемнасьці. Мала таго, што фінансавую праверку фірмы ўсчалі, дык яшчэ па тэлевізары на ўсю краіну ў пазаўчорашніх навінах зьняславілі, ледзь ня здраднікамі радзімы абявілі. Амаль шэсьць дзясяткаў чалавеку, а розуму...
Яна падхопліваецца, нярвова ходзіць з кута ў кут.
Ну, можа ўсё яшчэ і абыдзецца, – кажа Алуша. – Не хвалюйся гэтак, машыну ж весьці...
Ага, лёгка сказаць: не хвалюйся! Я б таму даносчыкуня ведаю, што зрабіла б. Далібог, яйцы паадрывала б. Зрабіў паскудства, і хоць бы што яму, як не героем пачуваецца, два вечары запар не сыходзіць з экрана...
І халера з ім. – Алуша дастае з сумкі пакецікі кавы, адданая схільнасьці да слоўнае замежчыны ды поўная жаданьня хоць крыху разьвесяліць сяброўку, зьвяртаецца да мужа: – Саша, як наконт кохі1? Ці тут у вас праблема з варам?
Можна ў сталоўцы папрасіць, – адказвае ён.
Ну, піце сабе свой кохі, а я паехала, – маркотна кажа Нэля і ідзе да дзьвярэй.
Яна адыходзіць, і Дарашэнка з Алушаю застаюцца ўдваіх. Нібыта ў чаканьні, хто першым загамоніць, моўчкі сядзяць, забыўшыся пра намер папіць кавы, насупраць адно аднаго хвілінаў пяць, аж пакуль не абзываецца з калідора, абвяшчаючы поўднік, раздатчыца Зінаіда. Тады адначасна падымаюцца з месцаў, радыя неспадзеўнаму ўмяшальніцтву староньняга, падаюцца ў калідор.
Вось, усяго тыдзень мінуў, як ня бачыліся, а нібыта чужыя адно аднаму”, – жахаецца Дарашэнка, сутаргава падшукваючы ў думках тэму для далейшае размовы. Алуша, аднак, апераджае яго.
У Ігара, ведаеш, нібыта наладжваецца з абаронаю, – кажа і бярэ яго пад руку. – Пры Нэлі не хацела табе казаць, дык цяпер скажу... Чын адзін са службаў, з тых, што на размову яго выклікалі летась перад паездкаю на сімпозіум у Швецыю, абяцае паспрыяць. Не за так, канешне, сам разумееш, давядзецца хлопцу адпрацоўваць. Але ж хоць нейкая надзея...
Адпрацоўваць? – агаломшана перапытвае ён. – Як гэта? Хочаш сказацьбудзе стукачом?
Ды супакойся, нічога страшнага. Усялякую ж справу па-рознаму можна рабіць...
Ён хоча запярэчыць, але не пасьпявае. Раздатчыца Зінаіда заўважае яго са сталоўкі праз расчыненыя дзьверы, нецярпліва кліча да сябе. Яна вялікая прыхільніца тэлесерыялаў, а праз чвэрць гадзіны акурат пачынаецца чарговая серыя, і ёй карціць як хутчэй скончыць працу.

Толькі жанчыне дадзена гэтак адчуваць, толькі жанчыне, – кажа Алуша і са шкадаваньнем глядзіць на экран, дзе курчацца ў перадсьмяротным любоўным экстазе змарнелыя целы персанажаў яе ўлюбёнага, бачанага-перабачанагаНачнога парцье”. – Каханьне, што па-над усім, – хіба мужчына, які б ні быў ён тонкі ды далікатны, такое зразумее? Наогул, мужчына такі фільм наўрад і зрабіў бы. Калі б нават і вельмі захацеў. Малайчына гэтая Кавані1. Праўда, Нэля?
Ну, вядома, – з выглядам чалавека, які ня дасьць рады ўцяміць, з чаго гэтулькі эмоцыяў, адказвае Нэля. Яна толькі што ўвалілася ў пакой пасьля ўтомнага шляху з М. і зараз прагна прыгублівае раз-пораз з гарляка бутэлькі прыхоплены ў прыдарожнай забягалаўцы напой. – На тое яны і мужчыны, каб уносіць у жыцьцё каліва чэрствасьці ды грубасьці. Хоць, з іншага боку, вось Макс гэты з фільма, да прыкладу, – хіба ня ўзор абыходлівасьці ў дачыненьні да каханкі?
Садыст, нягоднік, забойца! – прамаўляе Алуша, і ў голасе яе выразна чуецца захапленьне. – Але ж затое які рызыкант!
І віжам умее даць рады, – вяртаючыся да ранішняй гамонкі пра набалелае, кажа Нэля.
Апроч непярэлівак са страйкавым камітэтам у Кірыкаў яшчэ, аказваецца, непрыемнасьці, зьвязаныя са здачай у арэнду памяшканьня нейкай апазіцыйнай грамадскай структуры. Арэнда выгодная што адным, што другім, але хтосьці парупіўся данесьці пра яе куды сьлед, і цяпер тую дамову аб арэндзе, каб не паляцеў ў тартарары адладжаны, пасьпяховы кірыкаўскі бізнэс, трэба тэрмінова скасоўваць.
І здольныя ж людзі на вось такія бессаромныя ўчынкі. Я маю на ўвазе тых, што даносяць. І гэта пасьля ўсяго распаведзенага ды напісанага пра тое апошнім часам. Поп Гапон ды Паўлік Марозаў у параўнаньні з імісьвятыя. І сумленьне іх ня мучыць, і сьпяць сабе яны спакойна... Як такое назваць? Поўная дэвальвацыя каштоўнасьцяў...
Не дэвальвацыя, а зьмена парадыгмы, так цяпер гэта мянуецца, – адзываецца Алуша. – Якую можна выкарыстаць дзеля апраўданьня якога заўгодна паскудства. А як чаго заўгодна, ды яшчэ без належнага падмурку прынцыповасьці ў людскіх галовах, – то, лічы, і любой амаральшчыны. Ты згодны, Саша?
І галоўнае, – апераджае Дарашэнку Нэля, – куды ні паткніся, каб высьветліць, адкуль вушы растуць, – нідзе ніякіх канцоў. І калі яно гэткае скончыцца і ці скончыцца калі ўвогуле? Ну, пастраляць толькі гадаў...
Во-во, пастраляць! То яй... геніталіі паадрываць, то ўжо вопастра­ляць... А яшчэ каталічка, як ня сорамна! Ня ведаеш хіба: апантаны помстаю дзьве магілы капаетаму, каму помсьціць, і сабе, – кажа Алуша і дадае праз хвіліну: – Адзіны спадзеў застаеццана маладых, можа, яны што зьменяць... Ды на гэтых яшчэ... нацыяналістаў.
Аднак усьцешнасьць яе высновы падвяргаецца рэзкаму крытычнаму нападу Нэлі:
Ат, усе яны адным возам па піва едуць! Ці ты ня бачыла ні разу па тэлевізары, з якім понтам маладыя часам сваімі стукацкімі замашкамі выхваляюцца? А нацыяналісты? Мы вось з Прагі з Андрэем ехалі з адным гэткім, усё сьпевы круціў нейкага Суніцкага1, ці як яго там... Андрэй пра неабходнасьць каардынацыі дзеяньняў падчас акцыяў пратэсту завёў гамонкукуды там, на сьмех падняў! Вы, кажа, з Прагі, са сьвятога для кожнага сьведамага грамадзяніна месца вяртаецеся, а вось гэтага сьпевака, што ў самой Ла Скала сьпяваў, мясьціны ці парупіліся наведаць? Не? А пра Ларысу Генюсь што ўведалі? Нічога? То пра якую каардынацыю можа быць размова, калі мы з вамі, манкуртамі, на розных планетах жывем? Такая парадыгма атрымліваецца.
Што дзіўнага, адвеку ў нас так: утраіх сярод трох хвояў заблукаем і не заўважым адзін аднаго... А як што якое, непярэліўкі якіяабставіны ў нас вінаватыя, парадыгма. Зручна: на іншых панаракаў, а сам і чысты нібыта застаўся.
Мабыць, праўда твая... Вось маёй адной знаёмай мужык, пісьменьнік, да прыкладу, таксама пра парадыгму любіць паразважаць. Толькі не пасіўна, як мы зараз, а з прыцэлам на будучыню. Кніжак ягоных людзі не чытаюць, дык вырашыў, ведаеце, па-новаму пісаць. Маўляў, няма чаго боты апісваць, трэба больш прынадныя сферы асвойваць. І во толькі што, хваліўся, аповед мадэрновы выдаў на-гарапра эякуляцыю ў гумовік.
Варят, – рэзюмуе ўчынак героя аповеду Алуша і глядзіць на Дарашэнку. – Саша, што ты маўчыш?
А што казаць. І так усё зразумела, – прамаўляе ён і паціскае плячыма.
Усё, час адязджаць, а то да раньня не дабярэмся дахаты, – кажа Нэля і дапівае напой.
Жанчыны ўадначас падымаюцца і, перш чым Дарашэнка пасьпявае хоць бы дзеля прыліку запярэчыць, ідуць да дзьвярэй.
Ну, не сумуй надта, – Алуша счэквае, пакуль выйдзе з пакою Нэля, цмокае яго ў шчаку. – Дарэчы, працу маю новую не жадаеш паглядзець? Знарок везла, каб табе паказаць.
Ён ідзе сьледам за жанчынамі да прыторкнутага скрай пляцоўкі аўто, паслухмяна лезе сьледам у салон.
Вось, скончыла ўрэшце распачатае, – кажа Алуша і дастае з-за ся­дзеньня батык. – Нічога асаблівага быццам, а сілаў шмат запатрабавала.
І дзе гэта ты бачыла зялёны мухамор? – ахае Нэля. – Ну, я разумею, гарошына там зялёная, ці травіна якая, ці яшчэ што, а то мухамор... Верх зялёны, іспод чырвоны, плямы блакітныя, аж вочы адбіраену і грыб! Дзівосы, а ня грыб! Сюр-шыза дый годзе! Зусім на цябе не падобна, поўная зьмена парадыгмы. З чаго б гэта?
А табе як, Саша? – запальваючы цыгарэту, пытаецца Алуша, і надзея на мужаву ўхвалу гучыць у яе голасе так непасрэдна і разам з тым так нечакана, што Дарашэнка не адразу дае рады знайсьці належныя словы ў адказ.
Ён глядзіць на ўвасоблены ў ядвабе Алушын грыб і ловіць сябе на думцы, што яму хочацца адшчыкнуць ад яго кавалачак. І тае ж хвіліны другі, з адшчыкнутым ужо краем шляпкі, Люсін, паўстае перад ім, і думка, што нішто-нічагуткі на гэтым сьвеце не зьнікае бясьсьледна, а значыць, не дарэмна, лагодзіць яго.

Яшчэ толькі пачатак жніўня, а дажджы ліюць такія, быццам ужо восень. З раніцы сонца выблісьне на пару гадзінаў, наабяцае богведама якога шчадроцьця, і вось зноў аднекуль наплывуць хмары, зацягнуць ад краю да краю неба, і пачынаецца залева. Яна такая густая, што на двор не высунеш носа: імгненна змочыць да ніткі. Ды і з абуткам у хаце напруга. У Сашкі з маці адны боты на дваіх, іх па чарзе яны і абуваюць, выходзячы на двор па патрэбе. Сьлед бы купіць яшчэ хаця б адны, але не выпадае: ёсьць рэчы ў гаспадарцы пільнейшыя.
Маці сядзіць пры вакне, лапіць бацькавы нагавіцы, то падчэпіць корт голкаю, быццам выпрабоўвае тканіну на трываласьць, то порстка-порстка запрацуе нажніцамі.
Тым часам залева пакрысе цішэе, і вось ужо зноў на дварэ сьветла і сонечна. А гэта значыць, што Сашкава з Люсяю выправа па грыбы ўсё-ткі адбудзецца.
Сашка скідвае з ног атопкі, улазіць ступнямі ў падсушаныя з вечара пры шчытку боты. Боты яму велікаватыя, і ён перад тым, як іх абуць, стараннабацькава навука: як абуешся, так і паходзішабгортвае ногі анучамі.
Акуратна там, глядзі, ня ўзьбіся дзе на патарчаку, – кажа маці і здымае з пальца напарстак. – Падзіравіш апошніябудзем да зімы басанож хадзіць.
Ужо ж пастараюся ня ўзьбіцца, – рады персьпектыве набадзяцца, урэшце, удосталь па ачмурэлым ад несупынных дажджоў навакольлі, адказвае ён і глядзіць на ганак барака, дзе чакае ўжо ўхутаная ў падкарочаны на траціну непрамакальны вайсковы Зюзялькоў плашч Люся.
Вакно насупраць з рыпам расчыняецца, і Лёлін (яна тры дні таму прыехала пагасьцяваць у Зюзялькоў) тонкі, але гучны, не раўнуючы як у цёткі Карусі, калі тая нярвуецца ці злуе, голас урачыста абвяшчае:
Мухаморынайлепшыя грыбы! Паясі іхі адразу па полі паляціш. Паляціш, ажно хвоі замільгацяць прад вачыма і неба бялей гурбаў сьнегу паўночнага здасца.
Што яна трылузіць пра хвоі ды пра сьнег, гэтая дзеўка? Сьнег сярод лета, авохці! – кажа маці і паціскае плячыма. – От жа дзіўная. А гамоніць складнапавучыцца ў яе.

Наваражыла Лёлька-варажбітка, – кажа Люся і кладзе мухамор паверх накрыўкі вярэні. Шляпка грыба такая вялікая, што дарэшты хавае пад сабою і накрыўку, і астатнія, ядомыя, грыбы.
Яны стаяць на горняй пляцоўцы паўразбуранага млына, перачэкваюць чарговы напад калючых пасаў дажджу. Холадна, і яны (ці, можа, Сашку так здаецца, што яны, а насамрэчтолькі ён?) ціснуцца адно да аднаго ў спадзеве хоць крыху сагрэцца. Яны ціснуцца целам да цела, і кожны іхні дотык адзываецца ў яго ў грудзях дробным, як ціўканьне верабят пападстрэшшу, лекаценьнем. Ён штосілы мкнецца суняць лекаценьне, і Люся быццам адчувае гэта: то пасунецца ўбок, то адступіць паўкроку назад, то наогул павернецца да яго бокам.
Гэта першы іх за шэсьць гадоў пасьля сьмерці цёткі Любы сумесны падём на пляцоўку і першае Люсіна пераадоленьне справакаванае тою даўняю трагедыяй фобіі. Люся панічна баіцца вышыні, але сёньня яна сама пажадала падняцца на пляцоўку, і, мабыць, толькі Бог ды анёлы-ахоўнікі ведаюць, што дзеецца зараз у яе галаве.
Яна нахіляецца над выступам муру, доўга, быццам жадае як болей увабраць у сябе з убачанага на доле, глядзіць на каменьне ўнізе. Глядзіць і бязгучна, бы прамаўляе малітву, варушыць вуснамі. Затым безуважна выпроствае руку да вярэні, адшчыквае малюсенькі, як зьмясьціць на краі пазногця, кавалачак мухамора, падносіць яго да роту. І, перш чым Сашка пасьпявае спытаць, ці не зьбіраецца яна яго зьесьці, зьлізвае языком з пальца.
Яна глытае, і роспачлівасьць ягонага пагляду адбіваецца ў яе прыцемненых няведамым змыслам зрэнках.
Што ты робіш? — крычыць ён і адчувае, як блытаецца ад жаху ў вузкай прасторы між нёбам і зубамі ягоны скалянелы, спалярушаны ўбачаным язык. — Што?
Што з табой? – прамаўляе яна, і голас яе гучыць спакойна і крыху расчаравана.—Гэта ж усяго толькі грыб. Грыб!
Гэта атрута! Ці ты не разумееш? Выплюнь!
Ну, не! – пярэчыць яна і, быццам баючыся, што ён зараз пачне гвалтам змушаць яе да ванітаў, адыходзіць ад краю ў глыб пляцоўкі. – Нічога ня здарыцца, ні-чо-га. Ня будзь нярвозай!
Яна прамаўляе апошняе так рашуча, што яму нічога не застаецца, як змоўкнуць.
Яны стаяць сьпінамі адно да аднаго, і цень непаразуменьня ўпершыню разьдзяляе іх. Упершыню ягоная мяккасьць закаханага пятнаццацігадовага падлетка разьбіваецца на аскепкі аб яе каменна-спарудлівы спакой.
Яны маўчаць, і нясьцерпнае жаданьне, каб як найхутчэй гэтае дурное маўчаньне ўрэшце скончылася, вярэдзіць яго.
Ён думае, як зрабіць крок насустрач, і тут адчувае дотык Люсінай далоні да свайго пляча. І хоць дотык такі лёгкі, што ён ледзьве яго адчувае, радасьць ягонаявось і замірэньне! – такая вялікая, што пераважае ўсе сумневы.
Навошта ты гэта зрабіла?
Захацела і зрабіла, – кажа Люся, і ўсьведамленьне недасяжнасьці яе думак-мрояў, хоць яна і не выдае ўжо такой страхавітай, як напачатку, зноў ахоплівае яго.

І хто ж гэта кладзе атрутныя разам з ядомымі, – кажа баба Настазя і асьцярожна здымае мухамор з вярэні. – Ды яшчэ такі аграмадны грыб, гэткім паўмястэчка можна атруціць.
Паўмястэчка як паўмястэчка, а сяго-таго ня шкодзіла б, – адзываецца Люся, і твар яе зноў, як паўгадзіны таму на млыне, робіцца ўтрапёна-зласьлівым.
Яна падыходзіць да вакна, за якім зноў дождж сячэ па лістоце кустоўя, што ўжо нават і ня ўздрыгвае ў марным памкненьні працівіцца стыхіі, гля­дзіць на зацягнуты плёнкаю шэранінеўзабаве ночхвойнік удалечыні. Яна ўзіраецца ў дрэвы, што то цьмянеюць, то, наадварот, сьвятлеюць на тле небасхілу, і здаецца, што нічога болей важнага за тыя хваіны на памежжы сьвятла і ценяў зараз для яе не існуе. Яна сьвідруе вачыма зьнябожаныя непагаддзю дрэвы, і адстаронена-няўлоўная таемнасьць яе пагляду і намёку на жаданьне шчырасьці з кім бы то ні было не дакляруе.

Машына меддапамогі падрульвае да будынку, прыпыняецца побач з уваходам у корпус. Другая, міліцэйская, абганяе яе, утыкаецца перадам у сходы ганку. Двое мужчынаў у цывільным вылазяць з салону, дружна, бы па камандзе, запальваюць па цыгарэціне. Зелянуха мкнецца вылезьці з аўто сьледам за імі, але яму падаюць знак, каб заставаўся на месцы, і ён пакорліва ўцягвае зноў у салон разам з кульбаю высунутую напалову вонкі нагу. Маладзейшы з мужчынаў кідае ў сьметніцу ледзь раскураную цыгарэту, ідзе ў корпус. Другі, старэйшы, што вельмі з твару ды паставы кагосьці Дарашэнку нагадвае, застаецца пры аўто.
Дарашэнка стаіць на гаўбцы наўзбоч ганку, і ўсё, што дзеецца ля аўто іхуткай”, яму добра бачна. Ён сіліцца ўгледзець у салоне паставу Мілы Сьцяпанаўны, але зрабіць гэта паўз танаванае шкло немажліва, і яму нічога іншага не застаецца, як чакаць. Але і чакаць доўга не выпадае, бо маладзейшы з хаўрусьнікаў заўважае яго з лесьвіцы паміж паверхамі, адчыняе фортку, гучна, быццам баіцца, што на доле яго не пачуюць, кажа старэйшаму:
Тут на гаўбцы чалавек, таварыш Бібік, можа, з ім паразмаўляць? Можа, ён што бачыў...
Старэйшы ўздымае голаў, глядзіць у задуменьні хвіліну-другую на Дарашэнку.
З гаўбца? Адсюль да ракі вярсты тры, калі ня болей, – адказвае сіплаватым голасам і адмоўна круціць галавой. – Ды і не стаяў жа ён там, на гаўбцы, цэлы дзень. Ну, ты даеш, Галыга!
Галыга падымаецца ў калідор, ідзе да пакоя абслугі і праз колькі хвілінаў зноў зьбягае на долз халатам Мілы Сьцяпанаўны ў руцэ. Мужчыны па чарзе абмацваюць халат, нічога не знайшоўшы, кідаюць яго ў салон.
Зелянуха зноў падае голас, штосьці кажа ім, высоўвае з салону кульбу.
Не-не, – спыняе яго Бібік і, счакаўшы хвіліну, пакуль стары ўцягне кульбу назад, зачыняе дзьверку аўто, загадвае кіроўцухуткайадязджаць.
Хуткаяскранаецца з месца, паварочваецца бокам да будынку, і Дарашэнка выразна бачыць праз шыбіну на лежаку накрытае прасьцінаю цела. Мяркуючы па абутку, што вытыркаецца з-пад рога прасьціны, – цела жаночае. Але разьлядзець яго больш пэўна ня даць рады, бо аўто дазнаўцаў ужо мчыць наперад, засланяе сабою і шыбіну, і руку ці то медыка, ці то санітара ў белым, што таропка нагінаецца над целам, каб прыкрыць ногі прасьцінаю.

А я дык і не сумнявалася, што гэтак скончыцца, – кажа раздатчыца Зінаіда і падцінае танюткія, быццам усохлыя з-за недахопу плоці, што ўся пайшла на фармаваньне іншых частак неабдымнага, альбжымага1 – Алушына слоўкацела, вусны. – З такога сяброўства калі што добрае атрымлівалася? У вочысю-сю, у вачах жаспрэс нянавісьць... Вось ён яе, гэты старэча, і ўходаў. Вось паглядзіце: ён забойца, швэнда буду, калі не пацьвердзіцца маё прыпушчэньне.
Зінаіда заўсёды ўсё ведае, таму і на гэты раз ёй даюць веры без залішніх ваганьняў. Балазе, што і навіну пра сьмерць прыбіральшчыцы яна даведалася першая. І цяпер ахвотна дзеліцца ёю з кожным, хто таго ні пажадае. Хоць ужо, папраўдзе, нікога, хто б быў ня ў курсе справы, у корпусе, відаць, няма.
У пастарунак нізавошта не пацягнуць, – рэзюмуе наастатак раздатчыца, і гэтаапошняя кропля, пасьля якой ні ў каго нават каліва сумневу наконт Зелянухавай вінаватасьці ў сьмерці Мілы Сьцяпанаўны не застаецца. Тым больш, што ўжо гадзіны тры мінула, як аўто дазнаўцаў іхуткаяадехалі ад будынку, а яго ўсё няма і няма. Значыць, штосьці такое ёсьць: хто б гэтак доўга трымаў у пастарунку невінаватага, тым больш старога ды ў дадатак не надта здаровага чалавека?
Штосьці ёсьць”, – думае Дарашэнка і брыдзе калідорам да свайго пакою. Думае, што няблага было б як сьлед адаспацца, але класьціся яму зусім ня хочацца, і ён выходзіць на гаўбец. І адразу натыкаецца паглядам на кропку сьвятла ўдалечыні. Кропка няўхільна большае, і вось тое самае аўто, у якім Галыга з Бібікам павезьлі надвячоркам Зелянуху, спыняецца ля ганку. Стары вылазіць з яго, памалу ступае па жвіры да ўваходу ў корпус.
Дойдзеце самі, ці памагчы, дзядуля? – пытаецца праз прыспушчанае шкло кіроўца, і Зелянуха грэбліваадчапіся, маўляў, што за глупствыадмахваецца ад запытанта кульбаю.
Ну, глядзіце самі, мне што. Мне загадалі зрабіць чын чынамя і раблю. Каб потым не наракалі...
Аўто зьязджае з двара, і стары доўга-доўга глядзіць яму наўздагон. Глядзіць так утрапёна, так пільна і разам з тым так насьцярожана, быццам баіцца, што яно, крый Бог, вернецца. І толькі калі чэзьне сярод зарасьніку кропка сьвятла, ажывае, плюе сабе пад ногі, з выглядам паляўнічага, якому нясьветна пашэнціла падчас ловаў, сунецца да дзьвярэй.
І ахвота ж людзям мерзнуць на гаўбцы, – кажа, і ягоны хрыплівы голас зьедлівым тэнарком працінае паветра. Працінае так неспадзеўна, што Дарашэнка нават не пасьпявае даўмецца, да каго той тэнарок скіраваны. А калі ўрэшце дапетрвае, што да яго, адказваць ужо няма каму.

Палова дванаццатай, а сонца яшчэ ні на хвіліну як сьлед ня вызірнула з-за хмараў, і неба, што сям-там сьвіціцца кволаю сінечаю на тле іх шматкоў, нагадвае сурвэтку з бруднымі плямамі ежы па абедзе. Быццам хто там, угары, сядзіць з мяшалкаю ды наўмысна, каб дадаць маркоты ўсяму, што на доле, зьбівае іх у бязладны гурт. Але і дажджу няма, ды гэта ці ня горш, бо толькі дадае навакольлю вусьцішу і няпэўнасьці.
Дарашэнка сядзіць у альтанцы наўзбоч уваходу ў корпус, згадвае ўчорашні візіт Алушы. Дакладней, жончыны словы пра Ігара, наконт ягонага супрацоўніцтва з органамі. Ягоны сынстукач? Дажыліся! З другога боку, як непярэліўкі, – што зробіш, чалавек мяркуе, а Бог кіруе... Хлопец гэтулькі сілаў паклаў на кандыдацкую, а цяпер штоаддаць усё на волю лёсу? Быццам няведама, як часам лёс абыходзіцца з чалавекам... І зноў жа, ці не занадта вялікая плата за нейкую паперку? Нікуды тая дысертацыя не ўцякла б, ну, не абараніўся б заразабараніўся б пазьней. Але ж, бывае, і на хвіліну спазьненьне вунь як той жа лёс перакруціць. Думаеш, на хвіліну спазьніўся, а яно ўжо, глядзь, – незваротна сплыло, што мела быць. Зрэшты, што прыпушчаць, ліха ведае, як яно ўсё там насамрэч, хай сам вырашае, не дзіця... Як вырашыць, так і будзе, кожны сам сваю сьцяжыну ў жыцьці цярэбіць. Ды, можа, і праўду Алуша кажа: па-рознаму можна супрацоўнічаць...
Іншамарка, вельмі падобная да той, што ўчора павезла Зелянуху ў пастарунак, уязджае ў двор, павольна паўзе да пляцоўкі пры канцы алеі, абуджае іншую згадку. Бібікці не сваяк ён дазнаўцу, што колісь вёў у мястэчку справу Люсінай маці? Так падобныя, што, калі б побач паставіць, далібог, ня даў бы рады адрозьніць, хто каторы. Сын, можа, ці нават унук? А можа, так аднафамілец, ці мала здараецца гэткіх супадзеньняў?
Дзьверы ляпаюць, на двор выходзіць Зелянуха ў суправаджэньні Зінаіды, шкандыбае да іншамаркі. Мужчына гадоў пяцідзесяці ў плямістай камізэльцы вылазіць з аўто насустрач старому, моўчкі вітаецца, штосьці кажа. Зелянуха колькі хвілінаў стаіць побач з аўто, затым спахопліваецца, паважна, бы леў падчас прагулянкі пасьля ўежнага абедупаўрасчынены рот з шыхтам бліскучых устаўных зубоў, грыва выцьвілага, але ўсё яшчэ даволі густога валосься над ілбом, – вяртаецца разам з прыбіральшчыцай да корпусу.
Зінаіда бярэ старога пад руку, стульвае сэрцам ледзь заўважныя сярод шчочна-сківічных наростаў тлушчу вусны:
Адязджаеце ўсё-такі, Васіль Іванавіч... І правільна, пасьля такогашто тут вам заставацца? Вось як яно бывае, хто б мог падумаць...
А не кажыце, – прамаўляе ахвотна, быццам толькі і чакаў, што яго зачэпяць, Зелянуха і махае рукой. – Жах! Гэта ж уявіце сабе: ледзь-ледзь датыкнуўся да яе пляча, каб загаварыць, а яна, дурніца, – скок ні з таго ні з сяго з абрыву на каменьне. Быццам знарок чакала таго майго дотыку. Ведаў бы, што гэткая неўрастэнічка, нізавошта б не пайшоў з ёю на той бераг. Яна скокнула немаведама навошта, а тыадказвай, нішто сабе! Вось і навука будзе старому дурню, як асьцярожна трэба паводзіць сябе з людзьмі... Што ж, век жыві, казаў той, – век вучыся.
Яго зрэнкі на міг затрымліваецца на Дарашэнкавым твары, заміраюць быццам у здранцьвеньні і тут жа падаюць долу.
Памагчы з рэчамі, тата, ці без мяне дасьцё рады? – пытаецца кіроўца.
Колькі там тых рэчаў, – адказвае за старога Зінаіда і лагодна ўсьміхаецца кіроўцу. – Галоўнае, не забыцца што з майткоў ды скласьці ўсё як сьлед, каб надта не пакамечылася... Дарога ж няблізкая.
Ну, глядзіце самі, як лепей. А то магу памагчы, няцяжка...
Стары і прыбіральшчыца зьнікаюць у будынку. Дарашэнка яшчэ колькі хвілінаў застаецца ў альтанцы, пацепваючысяна дварэ халаднавата, пранізьліва-кусьлівы вецер так і гуляе па плячахідзе сьледам за імі. Падымаецца ў пакой, уключае тэлевізар. Але ледзь пасьпявае зірнуць на экран, як з двара зноў даносяцца галасы Зелянухі і прыбіральшчыцы. Ён падыходзіць да вакна, ды запозна. Аўто ўжо праязджае пад брамаю, і рука прыбіральшчыцы са сьціснутаю між пальцаў шакаладкаюняйначай, плата за турботы падчас збораўвесела махае яму наўздагон.
Дарашэнка колькі хвілінаў узіраецца ў аўто, затым вяртаецца да тэлевізара, у тупым здранцьвеньні ўтаропліваецца вачыма ў экран, дзе львіца Тора мчыць па пустэльні з намерам упаляваць эмпалу. І хоць адлегласьць паміж драпежніцай і ахвяраю то меншае, то, наадварот, павялічваецца, здаецца, зыход гонкі сумненьняў не выклікае. І ўсё ж у апошні момант эмпале ўдаецца-такі ў нейкім неверагодным скачку пазьбегнуць кіпцюроў перасьледніцы, і яна, зьбіўшы львіцу з панталыку собскімі спрытам ды адвагаю, зьнікае ў прырэчным зарасьніку. Тора са шкадаваньнем глядзіць усьлед уцякачцы, з выглядам істоты, за якою заўжды будзе апошняе слова, брыдзе ў логава прайду.
Гэтаапошняе, што Дарашэнка бачыць. Дрэма, цяжкая, як хмары за вакном, авалодвае ім, і ён паступова правальваецца ў сон. Адна з думак, што мільгае ў ягонай галаве ў гэты кароткі паміж яваю і забыцьцём момант, – пра тое, што дарэмна ён усё-ткі не паразмаўляў з Мілаю Сьцяпанаўнай. Ды пра тое, як чамусьці яму карцела, калі стаяў апошні раз на гаўбцы, скочыць на дол і датыкнуцца да Зелянухілёгка-лёгенька, як колісь павуцініна да шчакі ў кароткую пару бабінага лета на вузкім лапіку пожні пры альтанцы насупраць кватэры дзядзькі Зюзялька і цёткі Карусі.
І калі Зінаіда ўваходзіць у ягоны пакой быццам каб штосьці запытацца, а насамрэч болей з ахвоты пагаманіць пра страхавітае здарэньне з Мілай Сьцяпанаўнай, ён ужо так моцна сьпіць, што жанчыне нічога не застаецца, як расчаравана ўздыхнуць ды пакінуць яго ў спакоі.

Цягнік спыняецца, і Дарашэнка пасьпешлівастаянка ўсяго пяць хвілінаў, а пасажыраў даволі шматулазіць у гарачы, напалены сонцам за дзень тамбур, ідзе калідорам да вызначанага правадніцай купэ. У абвешаным усьцяж вокнаў гронкамі штучных кветак калідоры яшчэ гарачэй, як у тамбуры, і думка, што то будзе за ноч у гэткай задусе, дарэшты псуе ягоны і без таго маркотны настрой.
Рашэньне зьехаць з дому адпачынку дачасна, не дабыўшы тэрміну пуцёўкі, высьпела ў яго неўпрыцям, само сабою. Яно, мабыць, і някепска, што высьпела, бо неўзабаве мінае год кантракту на працу ў тэхнікуме, і трэба афармляць усе паперы нанова, то няхай будзе на тыя турботы дзён з запасам. Апроч таго, і сумнеў наконт сынавай дысертацыі, абарона якой прызначана на наступны аўторак, не дадае ахвоты адпачываць.
У купэ цемнавата і амаль пуста, толькі з лежака насупраць ягонага месца зьвісае на дол жаночая рука з бранзалетам на запясьці. Жанчына ўздымае голаў, і гучны, з адмысловаю інтанацыяй выкліку голас дзеўкі з прычоскаю ні то Бёрк, ні то маладой Пугачовай, той самай, што ехала тры тыдні таму ў сталіцу да каханка-суцянёра, напаўняе купэ:
Вы, дзядзька? Ну ж сустрэча! Хваліцеся, як адпачылі!
Дзякуй, добра. А вы як? Вяртаецеся дахаты? Надакучыла ў вялікім горадзе?
Якое там! – Дзяўчына падхопліваецца з лежака, сядзіць колькі хвілінаў моўчкі нібы ў здранцьвеньні, затым зноў пачынае гаварыць. – Пакуль я ў бацькоў гасьцявала, Артурчык, гад балотны, з сяброўкай маёй, Ан­жэлкай, скруціўся. То не заставацца ж мне трэцяй! Але і выдала абодвум на разьвітаньне, доўга будуць памятаць. Будуць памятаць паскуднікі, ня хутка забудуцца!
А самі што будзеце рабіць?
А што мне, прыткнуся дзе-небудзь. У камерцыі, да прыкладу, можна... Вунь сястра мая з мужыком каторы год курэй возяць з Расіі на продажпрыбытковая справа. У Турцыі, кажуць, таксама няблага на зборы ўра­джаю можна зарабіць. Пару месяцаў напрыканцы лета парабіў і адпачывай сабе рэшту году. Або ў Маскву падацца, там ёсьць дзе разгарнуцца. А ня выгарыць нідзедома справу адчыню, ахвотных зарабіць дзяўчат вунь колькі наўкола, толькі прапануй. Досьвед маю, што ды як, дам рады. Паглядзім... А на іх заяўлю куды сьлед пра б...і іхні бізнэс, хай пацягаюць разумнікаў...
Яна гаворыць хутка, і выраз яе твару штохвіліны робіцца ўсё больш помсьлівым, і ўрэшце ён, спапялёны злосьцю, ператвараецца ў непрыгожую, пачварную маску.
Дарашэнка куляецца ніцма на ляжак, стараючыся не слухаць, што гаворыць дзеўка, бо гаварыць яна, адчувае, можа доўга, адварочваецца тварам да сьцяны. На дзіва, і яна адразу ж змаўкае.
Колькі хвілінаў мінае ў цішыні, затым цішыню нечакана пранізвае слабы ўсхліп. Ён такі па-дзіцячы жаласны і так няўмольна набірае з кожнаю хвіляю моцы, што Дарашэнку робіцца не па сабе.
Ён мяркуе, што б сказаць дзяўчыне такое, каб супакоіць яе, але не знаходзіць словаў. Глыбей унурваецца шчакою ў падушку, намагаецца ўспомніць, як зваць (вось жа казала колісь Люся, а ён забыўся) Зелянухавага сына.
Думка пра тое, якая гэта нялёгкая справазьдзяйсьняць учынкі ў адпаведнасьці з узростам, яшчэ хвіліну трымае яго ў палоне, павольна чэзьне ў нетрах растузаных падзеямі тыдня глуздоў.