12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тыматы Снайдэр

_____________________
Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну.
Заканчэньне

Заканчэньне.
Пачатак
у №11-12.

Пераклад
з ангельскай –
Вольгі
КАЛАЦКАЙ.
Рэдактар
перакладу –
Уладзімер
Арлоў,
навуковы
рэдактар –
доктар
гістарычных
навук
Захар
ШЫБЕКА.


Частка 1 з кнігі «Рэканструяваньне нацыяў:
Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569–1999 гг.)»

Разьдзел 4. Другая сусьветная вайна
і віленскае пытаньне (1939–1945 гг.)

Равесьнікі дынастыі князёў літоўскіх
У Белавежы, ў сьвіцязянскіх, кушалёўскіх
Лясах і цёмных пушчах, дрэвы – старажылы!
Вы чарамі красы калісь прываражылі
Пад шаты крон сваіх трывала і надоўга
Дзяржаўнага Вітэнаса, вялікага Міндоўга.
Калісьці Гедымін, палюючы ў Панарах,
Адпачываў на шкуры пры агні на нарах
І гладзіў поўсьць мядзьведжую, закалыханы шумным
Напевам дрэў ды і Ліздзейкі сказам думным.
Ён цешыўся з аднолькавым замілаваньнем
І зьзяньнем вод ракі Вільлі, і буркатаньнем
Крыніц Вілейкі, як двайнятак у калысцы.
А там, дзе сёньня Вільня – сьведчаць летапісцы
Яму прысьніўся воўк жалезны апаўночы.
Князь зразумеў тады, што сон быў знак прарочы,
І горад заснаваў, паклаўшы першы недзе
Свой камень закладны. З тых пор паміж мядзьведзяў,
Зуброў і вепрукоў, як рымская ваўчыца,
І Вільня ў нетры пушч. З яе саскоў карміцца
І Кейстуту з Альгердам выпала, і слаўным
Нашчадкам – воінам-князям, у бітвах спраўным
З прышэльцаў воінствам ды і не ў меншай меры
У аблавах на зуброў ці на другога зьвера.
Так нам, нашчадкам іхнім, сном таго шчасьліўца,
Нібы з гары ўказальным пальцам празарліўца,
Быў лёс Айчыны вызначан беспамылкова:
Жалеза і лясы, Літва, – твая ахова!
Адам Міцкевіч. “Пан Тадэвуш”* (1834г., Парыж)

Да верасьня 1939 г., калі нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз захапілі Польшчу, Wilno стаў па сутнасьці габрэйскім местам Vilne**. Віленскім габрэям былі ўласьці­выя ўсе тыя рысы, якія хацелі б бачыць у сваіх супольнасьцяў мясцовыя патрыёты-хрысьціяне. Габрэі больш вырозьніваліся сярод астатняга насельніцтва, чым беларусы, летувісы і нават палякі. Хоць колькасна ў Vilne габрэі і саступалі палякам, тым ня менш, яны складалі траціну жыхароў гораду. Яны жылі тут на працягу многіх пакаленьняў, іх пісьмовая гісторыя на гэтых землях налічвала не адное стагодзьдзе. Старэйшыя размаўлялі не па-польску, а па-расейску (напамін пра часы Расейскай імперыі). Але пісьменнасьці габрэйскага насельніцтва, іх адчуваньню ўласнай гісторыі маглі пазайздросьціць дзеячы ўсіх астатніх нацыянальных рухаў. Большасьць дзяцей атрымлівала адукацыю на ідышы або на іўрыце. Vilne заставаўся буйным цэнтрам габрэйскае культуры ў міжнародным маштабе. Адрэзаныя ад Кіеву й Адэсы савецка-польскай мяжой, габрэі навучаліся ў Vilne, чым часткова вярталі гораду ягоны статус часоў ВКЛ. У 1925 г. у Vilne быў заснаваны YIVO – Інстытут юдаікі. У асяродак Yung Vilne уваходзілі выбітныя паэты, якія пісалі на ідышы, як, напрыклад, Абрам Суцкевер (нар. у 1913 г.). Адсюль можна зрабіць выснову, што ў міжваенным Vilne адукаваная габрэйская грамада спрычынілася да не аднаго, а трох праектаў “нацыянальнага адраджэньня”, якія канкуравалі міжсобку. Першы палягаў у пашырэньні на тэрыторыі Польшчы габрэйскай народнай культуры на ідышы, другі – у распаўсюдзе іўрыту, бо наперадзе чакала вяртаньне ў Палестыну, трэці – у імкненьні авалодаць дзяржаўнай мовай і асімілявацца ў польскае грамадзтва.
Габрэйская грамада ўсіх узростаў, асабліва моладзь, выяўляла значна большую палітызаванасьць параўнаўча з іншымі насельнікамі гораду. Паколькі сярод габрэяў не было ні шляхты, ні сялянства, яны пазьбеглі сацыяльных канфліктаў ды комплексаў, што перасьледавалі ў міжваеннай Польшчы іншыя палітычныя групы, якія спрабавалі прапанаваць сваім нацыянальным супольнасьцям аб’яднаўчую масавую ідэалогію. Але, з іншага боку, габрэі не маглі дасягнуць згоды адносна таго, дзе знаходзіцца іх сапраўдная арэна палітычных дзеяньняў: у Польшчы ці Палестыне, а таксама ці могуць вернікі ўдзельнічаць у палітыцы, а калі могуць, дык у якой ступені. Палітычнае жыцьцё габрэйскай грамады ў горадзе было – калі такое ўвогуле магчыма – яшчэ больш размаітым і раздробненым, чым у палякаў. Тут адыграла сваю ролю ізаляванасьць у грамадзтве і скрайне няпэўны статус габрэяў у польскім горадзе. Нягледзячы на гэтыя абставіны, дасягненьні габрэйскай супольнасьці глыбока ўражвалі. Як разьвіцьцё габрэйскай культуры апярэдзіла нават самы творчы палёт фантазіі нацыянальных гісторыкаў, гэтак зварот габрэйскай грамады да навачаснай палітыкі ў ХХ ст. сваім плёнам пераўзышоў вымогі ўсіх хрысьціянскіх народаў. Не выклікала ніякіх сумневаў, што Vilne стаўся літоўскім (ці нават сапраўдным паўночным) Ерусалімам, адной са сталіцаў іншай Еўропы – габрэйскай цывілізацыі ашкеназаў, якія называлі сваёй роднай мовай ідыш і ўтваралі асобную супольнасьць, што да 1941 г. разьвівалася паводле сваёй уласнай логікі1.
Але існаваў і іншы горад – польскае Wilno. Разам з Варшавай, Львовам і Кракавам Wilno быў адным з чатырох цэнтраў польскай цывілізацыі. Да 1939 г. у Wilno польская заставалася мовай улады й культуры, мовай, прынятай у большасьці раё­наў гораду, як і ў большасьці сем’яў. Вяскоўцы таксама ўсё часьцей і часьцей зьвярталіся да польскай мовы. Юзэф Пілсудзкі аднавіў Віленскі ўніверсітэт у 1919 г. – роўна праз стагодзьдзе пасьля таго, як яго скончыў Адам Міцкевіч. Як і ў 1803–1830 гг., гэтак і ў 1919–1939 гг. у Віленскім універсітэце атрымлівалі польскамоўную вышэйшую адукацыю палякі, расейцы, беларусы, летувісы. Гэтым разам у ім навучаліся, а часам – асіміляваліся і габрэі. Праз наступствы міграцыі, а яшчэ праз тое, што дзяржаўная ўлада належала Польшчы, большасьць з 220.000 віленчукоў вызначала сябе палякамі. Сярод іх некаторую частку складалі габрэі, для якіх назваць сябе палякам азначала засьведчыць вернасьць Польскай дзяржаве і павагу да польскай культуры, або пальшчызна была проста справай меркантыльнага разьліку. Але шмат хто, нарадзіўшыся ў беларускамоўнай сям’і, зрабіўся палякам, вывучыўшы польскую ў школе ці ў войску альбо пазьней, у сталым узросьце. Ніякая нацыя­нальная супольнасьць, за выняткам габрэяў, не магла скласьці канкурэнцыі ў Wilno палякам. Міжнацыянальныя праблемы зводзіліся пераважна да таго, што пасьля сьмерці Пілсудзкага ў 1935 г. Польская дзяржава і польскія ўладныя ўстановы абмяжоўвалі правы габрэяў. Польская ўлада не абавязкова карысталася пашанай як у габрэяў, так і ў іншых меншасьцяў, але яна была рэальнасьцю і ўспрымалася як такая да 1939 г., калі Польская дзяржава спыніла сваё існаваньне.
Калі ж узяць летувісаў ці беларусаў, то іх прысутнасьць у міжваенны час у Vilnius’е/Вільні, наадварот, ледзь адчувалася*2. Заснавальнік AuљraЁнас Басанаві­чус да сваёй сьмерці ў 1927 г. узначальваў у Vilnius’е навуковае таварыства. У 1918–1925 гг. віленскім рыма-каталіцкім біскупам быў летувіс Юргіс Матулайціс. Але ўсё роўна ў горадзе жыло замала летувісаў, каб казаць пра разьвіцьцё асобнай летувіскай культуры. Вільня лічылася цэнтрам беларушчыны ў Польшчы, але гэтае азначэньне вельмі адноснае. Польскія мясцовыя ўлады разбуралі самыя асновы беларускай супольнасьці: адмаўляліся перадаваць тэлеграмы па-беларуску, кан­фіскоўвалі беларускія газеты, зачынялі беларускія школы. Некаторы час беларускую культуру калі не падтрымлівалі, дык хаця б трывалі. Вільня была цэнтрам беларускага літаратурнага жыцьця ў Польшчы. З практычных меркаваньняў і праваслаўныя, і каталіцкія сьвятары пачалі ўжываць беларускую мову. У Польшчы адрадзілася скасаваная Расейскай імперыяй вуніяцкая царква – цяпер у ёй бачылі магчымую беларускую нацыянальную інстытуцыю. Езуіты, якія адыгралі далёка не апошнюю ролю ў тым, што канцылярскую славянскую на пачатку XVII ст. замяніла польская, у 20-х гадох ХХст. дзеля зручнасьці сталі карыстацца беларускай мовай. Як мы пабачылі, адным з чыньнікаў, што абумовілі ўзьнікненьне на каталіцка-права­слаўным узьмежжы польскай нацыі ў раньнім Новым Часе, стаўся пераход мясцовых езуітаў і вуніяцкай царквы на польскую мову. Прызнаньне сьвятарствам беларускай мовы сьведчыла пра пачатак магчымага станаўленьня сучаснай беларускай нацыі3.
Vilnius жыў сваім асобным дыпламатычным жыцьцём. Фармальна ў 1920–1938 гг. Летува і Польшча знаходзіліся ў стане вайны за Vilnius/Wilno. Летувісы ў міжваенны час былі адрэзаныя ад сваёй намінальнай сталіцы. Пераехаўшы ў Каўнас, летувіскі ўрад перапыніў з Vilnius’ам тэлефонную сувязь, а таксама чыгуначны рух. Фактычна няскончаная вайна замінала падтрымліваць чалавечыя кантакты (хоць, вядома, знаходзіліся і такія, хто меў па два пашпарты)4. Летувіская дзяржава, ажыцьцяўляючы свой нацыянальны праект, разглядала Vilnius як надзённую палі­тычную праблему і пры гэтым міфалагізавала ягоную гісторыю. У адукацыі юнакоў вялікую ролю адыгрывала войска: непісьменнасьць сярод мужчынаў (а яны атрымлівалі ў войску сваю порцыю нацыянальна прыпраўленай гісторыі) зьменшылася з 15-і да аднаго адсотка. Два дзесяцігодзьдзі летувіскіх школьнікаў вучылі, што Vilnius – этнічна летувіскі горад5. У школе Міцкевічавага “Пана Тадэвуша” праходзілі ў скарочаным перакладзе, з якога прыбралі ўсе згадкі пра Польшчу і палякаў6. Старажытныя паданьні, што захаваліся дзякуючы Міцкевічу (як, напры­клад, Гедымінаў сон пра жалезнага воўка), знайшлі свой працяг у палітычным жыцьці незалежнай Летувы. “Жалезны воўк” – назва падпольнай фашысцкай арганізацыі, забароненай у 1930 г. Слупамі грамадзянскай супольнасьці ў Летуве былі “Саюз вызваленьня Vilnius’у”, фундацыя ‘Vilnius’ і газета “Наш Vilnius”. Дзень 9 кастрычніка, калі ў 1920 г. Жалігоўскі ўзяў Vilnius, стаўся днём нацыянальнай жалобы. Праз увесь міжваенны час віленскае пытаньне адыгравала надзвычайную ролю ў летувіскай унутранай палітыцы, бо палітычныя праціўнікі абвінавачвалі адно аднаго альбо ў патураньні палякам, альбо ў паслухмяным падпарадкаваньні Лізе Нацыяў.
На міжнародных форумах летувіскія лідэры заяўлялі, што найбольшая небясьпека міру ў Еўропе зыходзіць ад Польшчы. Прэм’ер-міністр Аўгустынас Вальдэмарас, кіруючыся ім сфармуляваным прынцыпам: “Вораг майго ворага – мой сябар”, – разьлічваў, што варажнеча паміж Савецкім Саюзам і Польшчай дапаможа Летуве вярнуць Vilnius. Прававой падставай летувіскіх прэтэньзіяў на Vilnius была дамова 1920 г. з бальшавіцкай Расеяй. Пакт аб ненападзеньні, падпісаны ў 1926 г. з Савецкім Саюзам, выглядаў для летувісаў так прывабна ў тым ліку і таму, што Саветы прызнавалі летувіскія прэтэньзіі на Vilnius. У 1927 г. Вальдэмарас адказаў адмовай на просьбу брытанскага, францускага й італійскага амбасадараў усталяваць дыпламатычныя адносіны з Польшчай. Крыху пазьней у тым самым годзе Вальдэмарас пераконваў свайго латыскага калегу, што Польшча ўяўляе большую небясьпеку, чым Нямеччына і Савецкі Саюз. А ў 1928 г. ён сказаў брытанскаму міністру замежных справаў Остыну Чэмберлену, што савецкая пагроза – “чыста тэарэтычная”, у той час як польская – “цалкам рэальная”7. У гэтым меркаваньні летувіскага боку не было стратэгічнага праліку. Летувіскія лідэры зыходзілі з таго, што іх культуры, а значыць, і іх нацыі, пагражае Польшча. Яны не адчувалі падобнай пагрозы з боку Расеі. Як бы дзіўна гэта ні выглядала, яны па-свойму мелі рацыю: летувіская культура ніколі не выходзіла пераможцай у спаборніцтве з польскай і ніколі не саступіла б расейскай.
Пазьней, калі Вальдэмарас зрабіў пэўныя крокі да замірэньня з Варшавай, ён сутыкнуўся з тым, што і грамадзянская думка, і летувіскае войска былі рашуча супраць любых саступак Польшчы з летувіскага боку8. Гэтая праблема ўвесь час стаяла перад аўтарытарным рэжымам Антанаса Сьметаны: у 30-я гады ХХ ст. стала зразумела, што ворагі Польшчы – СССР і Нямеччына – зусім не сябры Летуве. (Так склалася, што жонка Сьметаны была полькай, і, як і ўсё ягонай пакаленьне летувіскіх нацыяналістаў, ён добра размаўляў па-польску.) Сьметана і разам з ім шмат хто з летувіскай палітычнай эліты ўрэшце пабачылі, што варагаваньне з Польшчай не абароніць Летувіскую дзяржаву, што Vilnius – не адзінае значнае пытаньне ў міжнародных зносінах. Але ўжо самое пашырэньне летувіскай нацыянальнай ідэі зрабіла для Летувы вельмі праблематычным паварот назад у зьнешняй палітыцы. Мара вярнуць Летуве Vilnius як нішто іншае натхняла маладых летувіскіх нацыяналістаў, што атрымлівалі адукацыю ці служылі ў войску пасьля Першай сусьветнай вайны. Маладое пакаленьне ў большасьці пачало ставіцца да Сьметаны як да баязьліўца, бо той не адваяваў горад9. Патрабаваньне вярнуць Vilnius легла ў падмурак летувіскай нацыянальнай ідэі. У ягонай пастцы апынуўся і сам “бацька нацыі”. Нарэшце ў 1938 г. Летува ўсталявала з Польшчай дыпламатычныя адносіны – пасьля прад’яўленага Польшчай ультыматуму. Нават гэтай чыста фармальнай саступкі хапіла, каб адхіліць ад улады ўрад і каб сам Сьметана сутыкнуўся з апазіцыяй вялікай часткі грамадзтва.

1939-ы год: перадача Vilnius’у.
Калі ў верасьні 1939 г. нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз зьнішчылі Польскую дзяржаву, у цэнтры ўвагі зноў апынулася віленскае пытаньне. У сакрэтным пратаколе да пакту Молатава-Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 г. Савецкі Саюз і Нямеччына адзначалі, што неабходна паважаць “інтарэсы Летувы ў Віленскім краі”. Або­два бакі спадзяваліся выкарыстаць Vilnius у сваіх інтарэсах, каб маніпуляваць летувіскім урадам. Калі 1 верасьня 1939 г. нямецкія войскі пачалі імклівы наступ на Польшчу, гэта азначала, што віленскае пытаньне зноў адкрытае. Летувіскі ўрад адмовіўся ад прапановы немцаў – Vilnius у абмен на сумесныя баявыя дзеяньні ў Польшчы. Брытанія і Францыя былі б супраць такога кроку, а як адрэагуе Савецкі Саюз, на той час дакладна ніхто ня ведаў10. Сьметана і ягоны ўрад разьлічвалі, што ў кароткатэрміновай персьпектыве нямецкая ўлада будзе горш за савецкую, у сярэднетэрміновай – што Савецкі Саюз выйдзе пераможцам у меркаванай вайне з Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай – што калі за Vilnius давядзецца заплаціць незалежнасьцю, то лепей заключыць гэткае пагадненьне з СССР11. Такі вось прагматызм – цьвярозы погляд на рэчы з пазіцыі адсутнасьці сілы. 19 верасьня 1939 г. Чырвоная армія заняла Вильну, а летувіскі прадстаўнік у Маскве зьвярнуўся з просьбай перадаць горад Летуве. 28 верасьня Сталін і Рыбентроп перагледзелі ранейшае пагадненьне, так што цяпер Летува і Вильна апынуліся ў савецкай зоне ўплыву.
Як і летувіскія дыпламаты, беларускія дзеячы – і ў Польшчы, і ў БССР – выказвалі свае прэтэньзіі на Вільню. Пасьля падзелу Польшчы між Нямеччынай і СССР Сталін атрымаў усе землі міжваеннай Польшчы, дзе жыло беларускамоўнае насельніцтва. Гэты крок вітаўся – прынамсі, спачаткушмат якімі беларускімі дзеячамі, якія сьцьвярджалі, што прадстаўляюць 3-мільённую беларускую супольнасьць у Польшчы. Апрача ўсяго іншага, яны не сумняваліся, што дзякуючы савецкай экспаньсіі Вільня апынецца ў межах Беларускай ССР. Гэта была не звычайная незьдзяйсьняльная мара, якую спарадзілі ўяўленьне пра Беларусь як спадкаеміцу ВКЛ, рэпрэсіі палякаў супраць беларускай культуры і любоў да Вільні. Гэтую веру ў беларускіх дзеячах міжваеннай Польшчы падагравалі беларускія камуністы з СССР – яны самі чакалі, што БССР прырасьце Віленшчынай. Зрэшты, і Камінтэрн вызначыў, што “Заходняя Беларусь” уключае ў сябе Вільню і Віленскі край. Ад ЛітБелССР узору 1919 г. са сталіцай у Вільні БССР тады аддзялялі ўсяго нейкіх дваццаць гадоў.
Падчас падрыхтоўкі да захопу Вільні ў верасьні 1939 г. усё сьведчыла за тое, што горад аддадуць Савецкай Беларусі. Іван Клімаў, які ўзначальваў савецкую адмі­ністрацыю Заходняй Беларусі, на пачатку верасьня атрымаў паўнамоцтвы абвясьціць Вільню сталіцай Заходнебеларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі*. 15 верасьня на пасяджэньні беларускага НКВД Вільня разглядалася як частка былых польскіх земляў, што трэба далучыць да БССР. У Віленскім краі акупацыю 17 верасьня і скасаваньне польскіх дзяржаўных інстытутаў падтрымлівалі беларускія, габрэйскія і польскія камуністы. Калі 19 верасьня савецкія войскі ўвайшлі ў Вільню, пачаў ажыцьцяўляцца план перадачы гораду. Савецкія акупацыйныя ўлады вялі прапаганду па-беларуску. Савецкія газеты даводзілі гістарычную абгрунтаванасьць правоў Беларусі на Вільню і тлумачылі, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржавай. 24 верасьня на сходзе беларускіх актывістаў Клімаў заявіў, што Вільню далучаць да Савецкай Беларусі12. Людзі, якія шмат ахвяравалі дзеля ідэі беларускай Вільні, радасна віталі гэтае паведамленьне. Што і Вільня, і Беларусь будуць савецкімі, за радасным узрушэньнем, мабыць, забылася.
Сярод перакананых у неабходнасьці перадаць Вільню БССР быў Антон Луцкевіч – заснавальнік народжанай у 1918 г. пад нешчасьліваю зоркаю Беларускай Народнай Рэспублікі і вядучы беларускі дзеяч у міжваеннай Польшчы. Усе значныя асабістыя дасягненьні і палітычныя няўдачы Луцкевіча зьвязаныя з Вільняй. У Вільні ён пачаў сваю палітычную дзейнасьць як сацыял-дэмакрат і патрыёт. У Вільні перад Першай сусьветнай вайной ён дапамагаў заснаваць і рэдагаваць першую беларускую газету. У Вільні ўзначаліў Беларускую Раду, якая ў 1918 г. абвясьціла незалежнасьць Беларусі. У Вільні надрукаваў ліст пратэсту супраць інкарпарацыі беларускіх земляў Польшчай пасьля 1921 г. У Вільні выкладаў у Беларускай гімназіі (пакуль яго ня звольніла польская адміністрацыя). У Вільні стаяў на чале беларускіх асьветніцкіх арганізацыяў (пакуль яго не арыштавалі польскія ўлады). У Вільні амаль дваццаць гадоў быў дырэктарам Беларускага музею. У Вільні завершыў пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову. Колішні прыхільнік аднаўленьня ВКЛ, Луцкевіч за два дзесяцігодзьдзі польскага панаваньня пранікся такою агідаю да польскае ўлады, што быў гатовы паверыць: Савецкая Беларусь і савецкая Вільня адпавядаюць гістарычным чаканьням беларускага народу*13.
Напрыканцы верасьня 1939 г. Сталін усё ж вырашыў аддаць Вильну Летуве і стварыць на яе тэрыторыі вайсковыя базы. Луцкевіч і іншыя беларускія лідэры ў Вільні, якія паверылі, што горад перададуць ім, апынуліся за кратамі. Луцкевіч памёр у савецкай вязьніцы. Беларусы сталіся першымі – і забытымі – ахвярамі рашэньня Сталіна далучыць Вільню да Летувы. Тое, што надзеі беларусаў атрымаць Вільню не апраўдаліся, зашкодзіла беларускай справе значна болей, чым нават арышты і сьмерць лідэраў беларускага руху. Па-першае, гэта азначала, што беларускамоўнае насельніцтва з прылеглых да Вільні земляў на дадзеным этапе не далучыцца да беларускай нацыянальнай ідэі. Па-другое, перадача Вільні Летуве (неўзабаве яна стане Літоўскай ССР) пацьвярджала агульнапрынятае меркаваньне, што спадкаеміцай Вялікага Княства Літоўскага выступае не Беларусь, а Летува. Паколькі адбылося зьліцьцё старой палітычнай назвы і новага этноніма “Літва”, то небеларусы ня бачылі сувязі паміж сучаснай Беларусьсю і Вялікім Княствам Літоўскім. Беларускіх камуністаў, якія ў верасьні 1939 г. увайшлі ў Вільню з вялікімі надзеямі на будучыню, таксама спасьцігла расчараваньне. Як і уніяцкія сьвятары ў ХІХ ст., беларускія камуністы займаліся ў горадзе сваёй мары зьбіраньнем архіўных дакументаў Вялікага Княства. Калі Сталін аддаў горад Літве і яны вымушаныя былі зьехаць, то прыхапілі з сабою ў Менск тэчкі, якія скралі з Віленскага архіву14.
1 кастрычніка 1939 г. летувіскі міністр замежных справаў Юозас Урбшыс даведаўся, што за Vilnius давядзецца расплочвацца прысутнасьцю савецкіх войскаў у Летуве і што, паводле дамовы паміж нацысцкай Нямеччынай і СССР ад 28 верасьня 1939 г., Летува апынулася ў савецкай зоне ўплыву. 2 кастрычніка летувіскі ўрад дэмабілізаваў сваю армію. 10 кастрычніка 1939 г., роўна праз дзевятнаццаць гадоў і адзін дзень пасьля таго, як войска Жалігоўскага захапіла Wilno, Урбшыс падпісаў з Савецкім Саюзам пагадненьне, згодна з якім Vilnius адыходзіў Летуве. 20 тысячаў савецкіх салдатаў у Летуве – такі быў кошт Vilnius’у і прылеглых земляў (агульная плошча – 2.750 кв. міляў, насельніцтва – 475.500 чалавек)15. Летувіскія лідэры і ўсё летувіскае грамадзтва пераважна рэагавалі на гэтае пагадненьне радасьцю ад далучэньня Vilnius’у і ўсплёскам сімпатыяў да СССР. Страх перад савецкай уладай зьмякчала вера ў тое, што як бы ні скончылася вайна, Масква пакіне Vilnius за Летувою. Летувісы меркавалі, што з прыходам савецкай улады спыніцца повязь Vilnius’у з Польшчай, і такім чынам Віленскі край можна будзе літуанізаваць16. Далей мы пабачым, што гэтыя, здавалася б, дзіўныя разьлікі, абумоўленыя страхам не перад расейскай, а перад польскай культурай, выявіліся даволі слушнымі. Сёньня гэта выглядае цяжкавытлумачальным, але шмат якія тагачасныя летувіскія інтэлектуалы нават спачувалі савецкаму рэжыму. Напрыклад, выбітны летувіскі правазнаўца Міколас Ромерыс, які пісаў у сваім дзёньніку: “Я сам ставіўся з вялікай сімпатыяй да Саветаў, покуль з імі не сутыкнуўся. І ў любым выпадку я аддаваў перавагу савецкай рэвалюцыі перад гітлераўскім нацыянал-сацыялізмам”17.
Вось так дзякуючы супадзеньню інтарэсаў Савецкага Саюзу і Летувы Vilnius апынуўся ў складзе пакуль яшчэ незалежнай Летувіскай дзяржавы. Нязгодных з такім паваротам мясцовых беларусаў дэпартаваў з пакуль яшчэ незалежнай Летувы савецкі НКВД. Польскаму ўраду ў выгнаньні летувіскія ўлады заявілі, што ўвесь міжваенны час Vilnius з прававога гледзішча належаў Летуве18. Не зважаць на дэмаграфічныя рэаліі было цяжэй. Калі 28 кастрычніка 1939 г. летувіскія вайскоўцы прайшліся па горадзе, то адчулі шок, пабачаўшы “замест казачнай князёўны вуліцы чужога Wilno, невядомага места, дзе размаўлялі на чужой мове”19. Гэта толькі пераканала летувіскіх інтэлектуалаў у іхняй веры, што польскамоўнае насельніцтва – насамрэч “паланізаваныя летувісы”, якіх трэба літуанізаваць. Ідэю паклалі ў падмурак летувіскай палітыкі. Як казаў галава віленскай адміністрацыі і прэм’ер-міністр Летувы Антанас Мяркіс, яе мэтай было “прымусіць усіх думаць, як летувісы,” і “вывесьці з Віленскага краю ўсялякі чужынскі элемент”20. Палякам і габрэям* , нават тым, якія нарадзіліся ў горадзе, часта адмаўлялі ў летувіскім грамадзянстве. Ромерыс у сваім дзёньніку адзначаў, што падзел паводле этнічнага, а не геаграфічнага ці палітычнага прынцыпаў ускладніў у Vilnius’е фармаваньне хоць якой лаяльнасьці да Летувіскай дзяржавы. Мясцовая летувіскамоўная газета “выкрывала” палітычных дзеячаў, якія прынялі ў 1920 г. польскую ўладу. Такім чынам ім адразалі усе шляхі, каб стаць вернымі грамадзянамі Летувы ў новых умовах 1940-га году21. Маладая нацыя хутка пазбавілася ад пэўнай долі няшчырасьці, неабходнай у дарослай палітыцы. Асьлепленыя радасьцю, летувісы перасталі рэальна ўспрымаць астатні сьвет. Калі войскі Вермахту занялі Парыж, палякі і летувісы спрачаліся за польскія тэатры ў Wilno/Vilnius’е. Калі на пачатку 1940 г. Летуву запаланілі савецкія войскі, у Каўнасе абмяркоўвалі пагрозу з боку разьбітай, расьсечанай на кавалкі Польшчы22.
У чэрвені 1940 г. Савецкі Саюз скасаваў незалежнасьць Летувы. 14 чэрвеня міністар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў прад’явіў ёй ультыматум з патрабаваньнем стварыць новы ўрад. На наступны дзень Чырвоная армія ўвайшла ў Vilnius. У ліпені ў атмасферы ўсеагульнага жаху адбыліся выбары, якія “ўзаконілі” новы рэжым. Саюз працоўнага народу на чале з камуністамі аб’явіў, што набраў 95% галасоў. “Просьбу” Летувы аб уваходжаньні ў склад Савецкага Саюзу задаволілі 3 жніўня. Да 6 жніўня Чырвоная армія яшчэ большымі сіламі заняла новыя пазіцыі ўжо ў Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. З чэрвеня 1940 г. да чэрвеня 1941 г. савецкі НКВД дэпартаваў у Сібір і Казахстан ад дваццаці да трыццаці тысячаў летувісаў, палякаў, габрэяў23. У ліпені 1940 г. дэпартавалі былога прэм’ер-міністра Мяркіса і міністра замежных справаў Урбшыса. Прэзідэнт Сьметана быў вымушаны ўцякаць.
Як і ў міжваеннай Польшчы, у Летуве часоў Сьметаны дзяржаўная ўлада фармавала адзіную нацыю. І летувіскія, і польскія ўлады выхоўвалі грамадзянаў у духу нацыяналізму; і адныя, і другія ўсяляк спрабавалі зьменшыць уплыў нацыянальных меншасьцяў на палітыку і культуру. Абедзьве дзяржавы ўжывалі фізічныя рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў нацыянальных меншасьцяў, якія, лічылася, пагражаюць дзяржаве. І ў абедзьвюх краінах да канца 30-х гадоў афіцыйнай палітыкай стаўся антысемітызм (праўда, у Польшчы – у большай ступені, чым у Летуве). Аднак калі нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз зьнішчылі ў 1939 г. Польскую дзяржаву, а ў 1940-м – Летувіскую, на іх тэрыторыях склаліся ўмовы, каб праводзіць абсалютна новую нацыянальную і расавую палітыку. Нацысты і савецкія камуністы рабілі тое, чаго ніколі не было ў незалежнай Польшчы і Летуве: яны дэпартавалі і фізічна зьнішчалі сотні тысячаў, мільёны людзей на падставе нацыянальнай ці расавай прыналежнасьці. Нацысцкі і савецкі рэжымы праводзілі якасна зусім іншую лінію, чым Польшча і Летува.
Гэта відаць нават на прыкладзе польска-летувіскіх дачыненьняў пры нямецкай і савецкай уладзе. У 1940-41 гг. мэта савецкай палітыкі была ў тым, каб абезгаловіць польскую, а затым і летувіскую супольнасьці праз дэпартаваньне нацыянальных элітаў. Нямецкая палітыка ў дачыненьні да палякаў у Летуве пасьля 1941 г. калі й адрозьнівалася формаю, дык вельмі нагадвала савецкую сваёй жорсткасьцю24. Нацысты дазволілі летувісам стварыць паліцэйскія атрады самааховы Saugumas, якія ўзаконілі ў Wilno напады летувісаў на палякаў25. Калі ў 1939-40 гг. Летувіская дзяржава ажыцьцяўляла дыскрымінацыю палякаў у Wilno, а ў 1940-41 гг. Савецкі Саюз дэпартаваў палякаў з Wilno, то ў 1941-44 гг. летувіская самаахова на чале са сваімі нямецкімі гаспадарамі забівала палякаў у Wilno. Пры нямецкай уладзе змаганьне паміж летувісамі й палякамі за Vilnius/Wilno, якое раз-пораз выбухала ў 1939-40 гг., перайшло на ўзровень грамадзянскай вайны мясцовага маштабу. З восені 1943 г. падпольная польская Армія Краёва ў Wilno і прылеглых раёнах нападала на падразьдзяленьні летувіскіх паліцыянтаў-калабарантаў і раззбройвала іх. У адказ летувіскія паліцыянты каралі сьмерцю цывільнае польскае насельніцтва. Каб адпомсьціць, палякі нападалі на летувіскія вёскі26.

Канец габрэйскага Vilne.
Самай адметнай рысай нацысцкай палітыкі ў акупаваным 24 чэрвеня 1941 г. Vilnius’е. сталася вынішчэньне габрэяў. Нацысты мелі на мэце забіць у Летуве кожнага габрэя без выключэньня, і ім гэта амаль удалося27. Сапраўды, у захопленай немцамі Еўропе Летува была першай краінай, дзе габрэяў пачалі зьнішчаць у масавым маштабе. Vilnius адрозьніваўся ад астатняй Летувы тым, што тут са зьяўленьнем фашыстаў летувісы нашмат больш засяродзіліся на паляках, чым на габрэях. Летувіская эліта намагалася пераканаць немцаў, што менавіта летувісы, а не палякі заслугоўваюць права кіраваць горадам. Толькі ў Vilnius’е летувісы меркавалі, што пагромы дэстабілізуюць іхную даволі хісткую ўладу. У Vilnius’е польскае пытаньне мела для летувісаў большую значнасьць, чым габрэйскае28.
На землях, два гады таму акупаваных Савецкім Саюзам, пачалося “канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня”. Як і на астатнім Усходнім фроньце, у Vilnius’е і ў Летуве нацысты скіроўвалі гнеў прыніжаных, паняволеных саветамі народаў супраць габрэяў29. У ліпені 1941 г. на ўсёй тэрыторыі Летувы фашысты ўвялі наўпроставае ваеннае кіраваньне. 2 ліпеня 1941 г. у Vilnius прыбыла айнзацкаманда-9 Нямецкага рэйху. Папоўніўшы свае шэрагі тысячамі летувіскіх добраахвотнікаў, яна пачала вынішчаць віленскіх габрэяў. У ліпені – жніўні 1941 г. нямецкія і летувіскія жаўнеры з айнзацкаманды схапілі сотні габрэяў. Тыя знайшлі сваю сьмерць у пясчаных ямах Панарскага лесу. У значнай ступені да забойстваў у Панарскім лесе спрычыніліся летувіскія добраахвотнікі з гэтак званага “сьпецаддзелу” (Ypatingas Burys). У верасьні 1941 г. да пясчаных ямаў сагналі і там расстралялі 3.700 габрэяў. 6 верасьня 38.000 габрэяў зьмясьцілі ў два невялікія гета, яшчэ 6.000 расстралялі ў пясчаных ямах. Падчас сямі “акцыяў” у кастрычніку – лістападзе 1941 г. больш за 12.000 габрэяў з гета вывезьлі да ямаў і там расстралялі. Да канца 1941 г. – усяго за паўгода акупацыі – фашысты (з дапамогай летувісаў) зьнішчылі прыкладна 21.700 віленскіх габрэяў. Пасьля лістапада 1941 г. тэмпы ліквідацыі габрэяў запаволіліся, бо Вермахту патрабавалася рабская працоўная сіла, і асуджаныя на сьмерць габрэі такім чынам атрымалі адтэрміноўку. Гета зьліквідавалі ў верасьні 1943 г. З 10.000 габрэяў, вывезеных адтуль гэтым разам, 5.000 загінулі ў газавых камерах Майданэку, некалькі сотняў – у пясчаных ямах,30 астатнія трапілі ў працоўныя лагеры ў Эстоніі, дзе большасьць з іх зьнішчылі перад прыходам у 1944 г. Савецкай Арміі. З прыкладна 70.000 габрэяў, што жылі ў Vilnius’е ў 1939 г., не загінулі ў вайну, магчыма, тысячаў сем31.
Захаваліся некаторыя габрэйскія ўстановы. YIVO неверагодным чынам удалося перабрацца ў Нью-Ёрк. Але габрэйская цывілізацыя Vilne была цалкам разбураная. І асноўнай тэмай пры ўвекавечаньні памяці пра яе сталі некалькі гадоў ейнага зьнішчэньня, а ня некалькі стагодзьдзяў яе існаваньня. З дзясяткаў літаратараў, што належалі да Yung Vilne, выжылі толькі тры. Адзін з іх, паэт Абрам Суцкевер, пераехаўшы з літоўскага Ерусаліму ў сапраўдны Ерусалім, зрабіўся сімвалам пераносу габрэйскай культуры на зямлю Ізраілю32. Зьнічшэньне літоўскага Ерусаліму азначала, што гістарычная Літва незваротна страчаная. Панарскі лес, дзе пачалося “канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня”, – гэта той самы лес, які апяваў Міцкевіч. Геніяльны паэт не ўяўляў Літвы без габрэяў.

Канец польскага Wilno (1944 – 1946гг.).
Калі фашысты ліквідавалі ў Vilnius’е гета, вермахт адступаў па ўсёй лініі фронту. У 1944г. у Вильну вярнулася Чырвоная армія. На горад тады прэтэндавалі, па-першае, палякі, якія хоць і паменелі ў ліку, але, безумоўна, складалі большасьць насельніцтва, па-другое, летувісы, пачуцьці якіх распальвала ўласная вера ў тое, што яны сталіся ахвярамі польскай, савецкай і нацысцкай акупацыяў Vilnius’у, і, па-трэцяе, саветы, у руках якіх зноў апынулася рэальная ўлада. У тым, што палякі і летувісы ня здолелі выступіць супраць саветаў адзіным фронтам, няма нічога дзіўнага33. Польская Армія Краёва змагалася ня толькі за незалежнасьць Польшчы, але і за вяртаньне ёй Wilno. Большасьць яе жаўнераў не ўяўляла аднаго без другога. Таму летувісы бачылі ў Арміі Краёвай агента польскага імперыялізму34. Калі ў 1944 г. Чырвоная армія падышла да Вильны, польская Армія Краёва ўжо заняла прылеглыя тэрыторыі. Атака палякаў на нямецкія пазіцыі ў Wilno не прынесла жаданага выніку. Толькі 13 ліпеня 1944 г. Чырвоная армія пры падтрымцы палякаў захапіла Вильну. Потым саветы інтэрнавалі польскіх салдатаў, а Сталін аднавіў Літоўскую ССР са сталіцай у Vilnius’е. Польскія палітычныя дзеячы прыязджалі ў Маскву, прасілі, каб ім вярнулі Wilno, але Сталін разьлічваў, што больш выйграе, калі пакіне горад за летувісамі35.
Сталін ведаў, што з гледзішча культуры горад быў польскі*. Пасьля “канчатковага вырашэньня габрэйскага пытаньня” ён больш чым калі раней быў польскі і “этнічна”. Сталін таксама ведаў, што для палякаў няма нічога горшага за летувіскую ўладу – так яго інфармаваў Лаўрэнці Берыя (1899-1953 гг.), які ачольваў НКВД. Тэкст сьведчыць сам за сябе: “Стаўленьне насельніцтва да вызваленьня Вильны з-пад нямецкай улады станоўчае. Насельніцтва выказвае задавальненьне, што імша ў касьцёлах будзе цяпер служыцца па-польску, а не па-літоўску. Насельніцтва таксама спадзяецца, што Вильна будзе далучаная да Заходняй Беларусі – абы не да Літвы”36. Зразумела, што на той час, пасьля вынішчэньня габрэяў, пераважную большасьць жыхароў гораду складалі менавіта палякі, хоць Берыя ніводнага разу не ўжывае гэтага слова. Аднак на палітыку Сталіна самавызначэньне народу ніяк не ўплывала, і меркаваньне віленчукоў нічога не вызначала. І, вырашыўшы аддаць Vilnius Летуве, Сталін зрабіў захады, каб горад ніколі больш ня быў арэнай барацьбы паміж палякамі і летувісамі. Тут, як і ўздоўж усёй астатняй савецкай мяжы, на тэрыторыях, што да вайны належалі Польшчы, нацыянальныя пытаньні вырашалі­ся пры дапамозе этнічных чыстак. Як толькі ў ліпені 1944 г. яшчэ неафіцыйна новая савецка-польская мяжа пралегла далей на захад, Савецкі Саюз пачаў праводзіць палітыку “абмену насельніцтвам” паміж Літоўскай ССР і Польшчай. У 1939-41 гг. саветы дэпартавалі эліту на ўсход, углыб СССР. У 1944-46 гг. польскае насельніцтва як такое дэпартавалі з заходніх раёнаў СССР у Польшчу. У 1944-48 гг. запісаліся палякамі і зьехалі з Vilnius’у ў камуністычную Польшчу 100.000 чалавек*. Як заўважыў у лістападзе 1944 г. Ромерыс, за некалькі месяцаў польскае пытаньне ў Vilnius’е “перастала існаваць”37.
У 1945 г., пасьля таго, як Савецкі Саюз зноў авалодаў Vilnius’ам, Сталін вырашыў не ўтвараць Польскай Савецкай Сацыялістычнай ці Польскай Аўтаномнай Рэспублікі, а перанесьці польскую мяжу далей на захад. Ён вырашыў утварыць Літоўскую ССР са сталіцай у Vilnius’е і выслаць палякаў у камуністычную Польшчу. Калі ў Wilno не засталося польскай інтэлігенцыі, колішняя федэралісцкая традыцыя польскага патрыятызму зусім прыйшла ў заняпад. Федэралісцкая ідэя заўсёды палягала на тым, што цэнтрам распаўсюду элітарнай польскай культуры было Wilno. Са зьнікненьнем у горадзе адукаванага польскага насельніцтва ад гэтай ідэі нічога не засталося. Пасьля дэпартацыі палякаў у 1944-46 гг. у Wilno скончылася панаваньне польскай культуры, якое зазвычай храналагічна прывязвалі да стварэньня ў 1569 г. Рэчы Паспалітай. Пераселеныя на захад, у камуністычную Польшчу, літоўскія палякі не маглі адстойваць федэралісцкую ідэю на сваім новым месцы жыхарства. Для шмат каго зь іх цэнтральная Польшча заўсёды была чужой краінай. Адарваныя ад родных мясьцінаў, яны не маглі праводзіць ідэю мясцовага патрыятызму. Ва ўмовах цэнзуры яны не маглі надрукаваць свае прапановы датычна земляў, захопленых Савецкім Саюзам, або нават свае мемуары. Трапіўшы ў пастку новых грамадзкіх рэаліяў, яны гадавалі дзяцей, якія сваім нацыянальным самаўсьведамленьнем нічым не адрозьніваліся ад астатніх маладых палякаў, што выхоўваліся ў “аднароднай” камуністычнай Польшчы. “Літва” ў гістарычным сэнсе зьнікла, Wilno стаў, як гаворыцца ў знакамітым пасьляваенным вершы, “безыменным горадам”38.
Як мы пабачым, ён набыў імя Vilnius.

1 Ezra Mendelsohn. The Jews of East Central Europe. Bloomington: Indiana University Press, 1983, 11-84; Jerzy Tomaszewski (рэд.). Najnowsze dscdeje Їydуw w Polsce, Warsaw: PWN, 1939,179-198. Гл. таксама Czesіaw Miіosz, Rodzinna Europa, Paris: Instytut Literacki, 1980, 78-89.
2 Перапіс 1931г. выявіў, што ў горадзе з 195.100 насельнікаў 65,9% былі палякі, 28,0% - габрэі, 0,9% – беларусы і 0,8% летувісы. Летувіскія дэмографы прызнавалі, што ў горадзе было мала летувісаў. Piotr Eberhardt. «Przemiany narodowoњciowe na Litwie»//Przegl№d Wschodni, 1, 3 (1991), 468-469.
3 Пра беларускую культуру – Nicholas Vakar. Belorussia. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1956,121-135; Aleksander Wabiszczewicz, «Sytuacja szkolnictwa biaіoruskiego na Biaіorusi zachodniej»// Maіgorzata Giїejewska and Tomasz Strzembosz (рэд.). Spoіeczeсstwa biaіoruskie, litewskie i polskie na ziemiach pуlnocno-wschodnich ІІ Rzeczypospolitej. Warsaw: ISP PAN, 1995,190, 198; Aleksiej Litwin, «Problem Biaіorusi w oficjalnej polityce polskiej,» ibid., 17-21.
4 Miіosz. Rodzinna Europa. 58.
5 Algis Kasperaviиius «Relituanizacja i powrуt do macierzy»// Robert Traba (рэд.). Tematy polsko-litewskie, Olsztyn: Borussia, 1999, 103; Nerijus Udrеnas, «History Textbooks and the Making of the Nation State», магістэрская дысертацыя, Brandeis University, 1995, 14.
6 Tomas Venclova. «Native Realm Revisited» цытуецца паводле рукапісу, 23, надрукававана па-польску ў Zeszyty Literackie, 70 (2000).
7 Цытуецца паводле Iver Neumann. «Poland as a Regional Great Power»// Iver Neumann (рэд.). Regional Great Powers and International Politics. New York: St. Martins, 1992, 134-135. Гл. M. Anysas. Der litauische-polnische Streit um das Wilnagebiet. Wurzburg: K. Triltsch, 1934, 1-2, 10; Augustin Voldemaras. La Lithuanie et ses problemes. Paris: Mercure Universel, 1933,15-18.
8 Alfonsas Eidintas, Vytautas Ћalys. Lithuania in European Politics. New York: St. Martins, 1999,140-141.
9 Ibid., 122.
10 David Crowe. The Baltic States and the Great Powers. Boulder, Colo.: Westview Press, 1993, 83.
11 Eidintas, Ћalys. Lithuania in European Politics. 180-181.
12 Marek Wierzbicki. Polacy i Biaіorusini w zaborze sowieckim. Warsaw: Volumen, 2000,155-156; Iwanow. «Sprawa przynaleїnoњci Wilna i problemy narodowoњciowe na Biaіorusi»// Giїejewska, Strzembosz. Spoіeczeсstwa, 85-89.
13 Polski Sіownik Biograficzny, vol. 18, Wrocіaw: Ossolineum, 1973, i, 514; Aнтон Луцкевіч. Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацый. Miнск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1991; Arnold McMillin Die Literatur der Weiss-russen. Giessen: Wilhelm Schmitz, 1997,122.
14 Regina Ћepkajte. «Okupacja Wilna przez Armie Czerwona»// Giїejewska, Strzembosz. Spoіeczeсstwa, 305.
15 Crowe. The Baltic States, 99-106, Alan Bullock. Hitler and Stalin. New York: Knopf, 1992, 645; Ћepkajte. «Okupacja Wilna przez Armie Czerwona» 302; Algis Kasperaviиius. «Stosunek wіadz i spoіeczeсstwa Litwy do Polakуw ne Wileсszczyџnie»// Giїejewska and Strzembosz/ Spoіeczeсstwa, 307; Krzysztof Tarka «Spуr o Wilno»// Zeszyty Historyczne, 114 (1995), 60; Sabaliыnas. Lithuania in Crisis, 151-153. Hillel Levine. In Search of Sugihara. New York: Free Press, 1996.
16 Leonas Sabaliыnas. Lithuania in Crisis. Bloomington: Indiana University Press, I972, 153; Kasperaviиius. «Relituanizacja i powrуt do macierzy». 108.
17 Запіс ад 9 ліпеня 1941г. у ягоным дзёньніку (Dziennik). Аддзел рукапісаў (Rankraриiu Skyrius) бібліятэкі Віленскага універсітэту, F75-13. Herector VUBR.
18 Прававой падставай гэтых прэтэньзіяў было пагадненьне з бальшаваіцкай Расеяй ад 12 ліпеня 1920г.
19 S. Kairys. «Iр Vilniaus sugrizus?»// Mintis, 10, 1939, 330, цытуецца паводле Kasperaviиius. «Relituanizacja,» 109.
20 Sabaliыnas. Lithuania in Crisis, 162. Гл. таксама Crowe. The Baltic States, 143.
21 Дзёньнікавыя запісы ад 4 лютага 1940г. і 21 сакавіка 1940г., VUBR F75-13. Гл. таксама Longin Tomaszewski. «Spoіeczeсstwo Wileсszczyzny wobec wіadzy Litewskiej i sowieckiej» // Giїejewska, Strzembosz. Spoіeczeсstwa, 329; Eberhardt. Przemiany narodowoњciowe na Litwie, 1997,151.
22 Kasperaviиius. «Stosunek wіadz i spoіeczeсstwa Litwy do Polakуw na Wileсszczyџnie», 313; Ћepkajte. «Okupacja Wilna przez Armiк Czerwona», 310-314.
23 Eberhardt. Przemiany narodowoњciowe na Litwie, 153-154.
24 У дадзенай працы не разглядаецца падабенства нацысцкага і савецкага рэжымаў. Гл. Charles Maier. The Unmasterable Past. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1988; Hans-Ulrich Wehler, Entsorgung der deutschen Vergangenheit? Munich: Beck, 1988; Peter Baldwin (рэд.). Reworking the Past. Boston: Beacon Press, 1990; Franзois Furet. Le passй d’une illusion. Paris: Calmann-Levy, 1995; Timothy Snyder. «Coming to Terms with the Charm and Power of Soviet Communism»// Contemporary European History, 6, i (1997), 133-144; Stephane Courtois (рэд.). Le livre noir du communisme. Paris: Robert Laffont, 1997.
25 Пад прыкрыцьцём нямецкае ўлады летувіскія нацыянал-экстрэмісты заклікалі нацыстаў ачысьціць Vilnius ад палякаў і былі расчараваныя, калі выявілася, што немцы маюць іншыя планы. Kasperaviиius, «Relituanizacja,» 114—115.
26 Статыстычная справаздача за сакавік 1943г., (34/67), F. R1399, A1, B. 9; «Lagebericht. Wilna, IV A i (Gestapo),» F. R1399, A1, B. 100; «An den Herrn Hцheren SS-und Polizeifьhrer Ostland und Russland Nord in Riga. Verhalten litauischer Sonderkampfverbдnde,» 11 траўня 1944г.; «Lagebericht. Bandentдtigkeit,» 24 красавіка 1944г., F. R1399, ai, B. 100, L. 1; Даклад каменданта СС Тытэля Екельну ў Рыгу, 15 траўня 1944г., F. R1399, ai, B. 106; усё ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Летувы, Vilnius.
27 Dina Porat. «The Holocaust in Lithuania»// David Cesarini (рэд.). The Final Solution, Routledge: New York, 1994,160.
28 Yitzhak Arad. «The “Final Solution» in Lithuania»// Yad Vashem Studies, 11 (1976), 241; Yitzhak Arad. Ghetto in Flames. Jerusalem: Hava, 1980, 43—48.
29 Konrad Kweit. «Rehearsing for Murder»// Holocaust and Genocide Studies, 12, 1 (1998), 3–26. Пра ролю летувіскіх габрэяў падчас савецкай акупацыі – Dov Levin. Baltic Jews under the Soviets. Jerusalem: Hebrew University 30, 43.
30 Arad. Ghetto in Flames. 429-432; Marc Dvorjetski. Le Ghetto de Vil’na. Geneva: Union O.S.E., 1946; дзёньнік Іcchak Rudaszewski. Lithuania. 3 (1991), 35-49; Michael MacQueen. «The Context of Mass Destruction»// Holocaust and Genocide Studies, 12, 1 (1998) 27-48. Гл. таксама Knut Stang. Kollaboration und Massenmord. Frankfurt am Main: Peter Lang, 1996,73-112.
31 Апроч таго, у 1939-41гг. у Vilne ўцяклі 15.000 габрэяў з Варшавы і цэнтральнай Польшчы. Большасьць зь іх напаткалі сваю сьмерць у Летуве.
32 Abraham Novershtern. «Yung Vilne»// Yisrael Gutman, Ezra Mendelsohn, Jehuda Reinharz, Chone Shmeruk (рэд.). The Jews of Poland Between the two World Wars. Hanover, Mass.: Brandeis University Press, 1989,386.
33 Tarka. «Spуr o Wilno», 83.
34 Kasperaviиius. «Relituanizacja», 117.
35 Sovetskii faktor, 73.
36 Teczka specjalna J. W. Stalina, 48.
37 Дзёньнікавы запіс ад 6 лістапада 1944 г., VUBR, F75-13.
38 «Хто будзе шанаваць безыменны горад?» пытаецца Чэслаў Мілаш у першым радку вершу “Безыменны горад” (надрукаваны ў 1969 г.). Czesіaw Miіoszs «Miasto bez imienia». Пра лёс летувіскіх палякаў гл. Jerzy Surwillo. Rachunki nie zamkniкte. Vilnius: Magazyn Wileсski, 1992, напр. 318.



Разьдзел 5. Эпілог: Vilnius у Савецкай Літве (1945–1991 гг.)
Вось гэтак струны лютні ад удару
Зазвоняць і парвуцца. Гулкім тонам
Пачнуць мелодыю, як быццам звонам,
Але канца яе ўжо не бывае.
Адам Міцкевіч. “Конрад Валенрод”* (Пецярбург, 1828 г.)

Эпіграфам да гэтай часткі кнігі былі першыя радкі з “Пана Тадэвуша” – шэдэўра, створанага Міцкевічам у 1834 г. У ХІХ-ХХ ст.ст. зьмест фразы O Litwo! Ojczyzna moja… істотна зьмяніўся. Калі мы пачынаем аналізаваць кожнае з трох словаў у першым радку, сутнасьць гэтых зьменаў прасочваецца. Першая зьвязаная з тым, як нацыянальныя дзеячы ХІХ ст. вызначалі сябе і свае нацыі, – са зьместам першага слова – “Літва”. Мы назіралі, як туга па колішнім Вялікім Княстве Літоўскім з ягонай палітычнай нацыяй саступіла жаданьню стварыць новыя нацыянальныя дзяр­жавы. У апошняй траціне ХІХ ст. выявіліся супярэчнасьці Міцкевічавага рамантызму, стала зразумела, якія эканамічныя, грамадзкія, моўныя праблемы нясе ў сабе ідэя пальшчызны раньняга Новага Часу і які патэнцыял для іх вырашэньня мае навачасны нацыяналізм. Расьцярушаныя пасьля 1863 г. па асобных перакладах на нацыянальныя мовы, тропы настальгічнага рамантызму паслужылі справе нацыя­налістаў, апанаваных ідэяй “адраджэньня” нацыянальных дзяржаваў. У той час, як польскія федэралісты і беларускія патрыёты захавалі вернасьць духу Міцкевіча, мадэрныя польскія і летувіскія нацыяналісты да канца ХІХ ст. увянчалі яго лаўрамі свайго “нацыянальнага паэта”. У сьвеце складанай міжнароднай палітыкі прапанаванае этнічнымі нацыяналістамі прачытаньне Міцкевіча выявілася больш плённым. Горшыя чытачы апынуліся лепшымі прарокамі.
Наступная зьмена зьвязаная з тым, што дзяржаўная незалежнасьць вядзе да пэўнай прымітывізацыі ў разуменьні панятку “нацыя”, з тым, шту адбываецца, калі жаданьне ператвараецца ў валоданьне, – са зьместам слова “мая”. З развалам імперыяў напрыканцы Першай сусьветнай вайны носьбіты розных нацыянальных ідэяў: навачаснага нацыяналізму, раньнемадэрнага федэралізму, бальшавіцкага інтэрнацыяналізму – уваходзяць у канкурэнцыю між сабою на палітычным, вайсковым, дыпламатычным узроўні. На тэрыторыі былога ВКЛ пераможцамі ў гэтай барацьбе выйшлі польскія і летувіскія нацыяналісты, а таксама (у пэўнай ступені) бальшавікі. У выніку ўтварыліся незалежныя дзяржавы: польская і летувіская, якія праіснавалі два дзесяцігодзьдзі, і Беларуская ССР, якой было наканавана пражыць семдзесят гадоў. Мы бачылі, што ў тым, каб зрабіць нацыянальны склад аднародным, Другая сусьветная вайна, “канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня” і сталінскія дэпартацыі адыгралі непараўнальна большую ролю, чым палітыка міжваеннай Польшчы і Летувы. Пасьля вайны праз палітыку Савецкага Саюзу ад раньненавачаснай традыцыі федэралізму зусім нічога не засталося. Найбольш істотную ролю ў гэтым адыграла рашэньне аддаць гістарычна шматнацыянальны Vilnius Літоўскай ССР.
Як Wilno, горад, дзе да 1939 г. пры польскай уладзе летувісы складалі абсалютную меншасьць, у 1991 г. зрабіўся сталіцай нацыянальнай Летувіскай дзяржавы Vilnius’ам? Каб узьвесьці новы будынак, спатрэбілася зруйнаваць стары. Нацысты і камуністы сваімі дзеяньнямі стварылі фізічную і палітычную прастору, у якой Vilnius мог адрадзіцца летувіскім горадам. Новая акупацыя Летувы і Vilnius’у саветамі дала штуршок да пераасэнсаваньня Міцкевічавага “айчына”. Пасьля Другой сусьветнай вайны Vilnius стаўся летувіскім у мадэрна-нацыянальным сэнсе. За гады савецкай улады ў месьце, дзе калісьці вучыўся Міцкевіч, запанавала летувіская культура. Спраўдзілася старая мара летувіскіх нацыяналістаў. Як мы бачылі, зразумець і вытлумачыць гэтую падзею можна толькі ў кантэксьце вынішчэньня ў Vilne/Wilno габрэйскай і польскай культураў. У Халакост загінула каля 90% віленскіх габрэяў, пасьля вайны пераехала ў Польшчу каля 80% віленскіх палякаў. Савецкая ўлада праводзіла агульную палітыку перасяленьня, якой на мясцовым узроўні кіравалі летувіскія камуністы. Праз некалькі тыдняў пасьля капітуляцыі Нямеччыны, 30 траўня 1945 г., палітбюро ЦК Кампартыі Літвы вырашыла скіраваць усе сілы рэспублікі на тое, каб выселіць з Vilnius’у палякаў1.

Летувіскі Vilnius.
Па ўсёй тэрыторыі Літоўскай ССР, за выняткам Vilnius’у, з тых, хто запісаўся палякамі, перасялілі ў Польшчу толькі траціну. Дзясяткі тысячаў палякаў-вяскоўцаў ніхто не змушаў да рэпатрыяцыі, яшчэ дзясяткі тысячаў з тых, хто падаў заяву на пераезд у Польшчу, атрымалі адмову. Супраць гэтай палітыкі, якую адкрыта праводзіла летувіская камісія па рэпатрыяцыі, пры кожнай нагодзе пратэставалі польскія камуністы. Увесну 1945 г. шмат палеткаў у Польшчы ляжалі неўзараныя, і польскі бок чакаў польскіх сялянаў з Летувы. У некаторых выпадках афіцыйныя асобы Літоўскай ССР, адказныя за рэпатрыяцыю, патрабавалі ад кандыдатаў выдадзеных за немцамі дакументаў, якія б пацьвярджалі, што іх уладальнікі – палякі. Як мінімум, у адпаведнасьці з літарай пагадненьня аб рэпатрыяцыі, яны патрабавалі даказаць, што кандыдат меў польскае грамадзянства. Аднак у Vilnius’е ўсё адбывалася зусім іначай. Тут рэпатрыяцыйная камісія зыхо­дзіла з таго, што палітыка СССР палягала ў стварэньні новага – летувіскага – Vilnius’у. Кожнага віленскага паляка змусілі напісаць заяву аб рэпатрыяцыі, і 80% тых, хто запісаўся палякамі, сапраўды перасялілі ў Польшчу2. Так адбылася дэпаланізацыя Wilno, якая сталася паваротным пунктам у гісторыі летувіскай нацыі. З самага свайго ўзьнікненьня летувіскі нацыянальны рух марыў пра тое, каб здабыць Vilnius. У 1905-м і 1918-м гадох летувіскія нацыянальныя дзеячы любілі працаваць менавіта ў Vilnius’е. У міжваенны час галоўнай праблемай Летувы нязьменна заставаўся захоп Vilnius’у ў 1920 г. палякамі. Аднак Vilnius ніколі ня быў летувіскім горадам з гледзішча навачаснага нацыяналізму – з гледзішча нацыянальнай прыналежнасьці яго жыхароў.
Паводле зьвестак перапісаў, што праводзіліся ў СССР, можна прыблізна ўявіць, як разьвіваліся далейшыя падзеі. У 1959 г. з 236.100 віленчукоў 79.400 (34%) назваліся летувісамі, 69.400 (29%) – расейцамі, 47.200 (20%) – палякамі, 16.400 (7%) – габрэямі, 14.700 (6%) – беларусамі. Упершыню ў новай гісторыі летувісы былі самай шматлікай нацыянальнай супольнасьцю ў Vilnius’е. 34% у 1959 г. супраць 1-2% у 1939 г. – такі рост ня можа ня ўражваць. Але разам з тым, летувісы ўсяго крыху колькасна пераўзыходзілі расейцаў і амаль удвая саступалі ўсім славянам разам узятым (расейцам, палякам, беларусам). Да 1989 г., калі ў Савецкім Саюзе праводзіўся апошні перапіс, насельніцтва Vilnius’у павялічылася больш як удвая і дасягнула 576.700 жыхароў, з якіх летувісы складалі большасьць – 50,5%. Колькасьць расейцаў, палякаў і беларусаў зьменшылася адпаведна да 20-і, 19-і і 5-і адсоткаў. Нават усе разам славяне цяпер саступалі летувісам3. Калі прыняць пад увагу распаўсюджаную версію пра русіфікатарскую савецкую палітыку, калі прыняць пад увагу, што за той жа час савецкая ўлада зрусіфікавала Менск, Рыгу і Талін, гэтыя лічбы вымагаюць абавязковага тлумачэньня.

Нацыянал-камунізм.
Часткова літуанізацыя Vilnius’у тлумачыцца тым, што летувіскія камуністы пайшлі на кампраміс з савецкім кіраўніцтвам. У другой палове 40-х гадоў летувіскія камуністы праводзілі палітыку Сталіна – зьнішчалі тых, хто змагаўся супраць савецкай улады, праводзілі дэпартацыю, калектывізацыю. Летувіс Антанас Сьнечкус (1903-1974 гг.) быў сакратаром ЦК Літоўскай камуністычнай партыі з 1936 г. да самай сваёй сьмерці. Ён перажыў закалоты міжваеннага часу, вайну, пасьляваенныя чысткі, перажыў Сталіна і Хрушчова, пражыў немалы адрэзак брэжнеўскай эпохі. У камуністычнай гісторыі даўжэй узначальваў партыю толькі Мао. Сьведка міжваенных палітычных перыпетыяў, ён разумеў, што цэнтральным пытаньнем для летувіскіх нацыяналістаў быў Vilnius4. Атрымаўшы яго насуперак беларускім камуністам, Сьнечкус разьлічваў распарадзіцца гэтым найкаштоўнейшым здабыткам з максімальнай карысьцю. Можна меркаваць, што, дэпартаваўшы палякаў, Сьнечкус са сваімі летувіскімі таварышамі зусім не хацеў пабачыць на іхным месцы расейцаў. Вядома, камуністы іншых нацыянальнасьцяў разумелі, шту азначае Vilnius для летувісаў. Урэшце, на пачатку існаваньня Літоўскай ССР большасьць Літоўскай кампартыі складалі не-летувісы5. У імя ўмацаваньня савецкай улады ў рэспубліцы нацыянальнымі сродкамі кадры, прысланыя зь іншых рэспублік, кіравалі ўласным адыходам на другасныя ролі ў палітыцы Літоўскай ССР.
Разам з савецкімі Латвіяй і Эстоніяй Летува атрымала дазвол весьці выкладаньне ва ўніверсітэце на мясцовай мове. Пасьля Другой сусьветнай вайны наноў ад­крыўся – гэтым разам як летувіская навучальная ўстанова – Віленскі ўніверсітэт, заснаваны ў XVI ст. як езуіцкая акадэмія, падтрыманы ў першай траціне ХІХ ст. царом Аляксандрам, адноўлены палякамі ў 20-я–30-я гады ХХ ст. Увосень 1945 г. 86,4 % студэнтаў значыліся летувісамі і толькі 1,6% – палякамі. Да вайны, у 1937-38-м навучальным годзе, роднай мовай 72,6% студэнтаў была польская і толькі 2,7% размаўлялі па-летувіску. Наўрад ці можна ўявіць больш радыкальную перамену. Сапраўды, па трох пазіцыях у савецкай Летуве нацыянальны характар універсітэту выяўляўся больш яскрава, чым у міжваеннай Польшчы. Па-першае, дакладная лічба ў 86,4% сьведчыць пра выразны намер прыцягнуць у Vilnius вяскоўцаў-летувісаў. Па-другое, калі ў міжваенны час Віленскі ўніверсітэт быў установай, дзе беларусаў асімілявалі, то пасьля вайны Віленскі ўніверсітэт стаў установай, куды беларусаў не прымалі. Нягледзячы на тое, што вакол Vilnius’у месьціліся беларускамоўныя вёскі, што ад Vilnius’у да мяжы з БССР – толькі 40 км, колькасьць беларускіх студэнтаў трымалася на ўзроўні прыкладна 1%6. Па-трэцяе (і гэта самае галоўнае), у Савецкім Саюзе нацыянальнасьць замацоўвалася ў асабістых дакументах. Статыстычныя дадзеныя пра родную мову студэнтаў 1937-38 гг., пры Польшчы, грунтаваліся на зьвестках, атрыманых са словаў студэнтаў. У пасьляваенным – летувіскім – універсітэце “нацыянальнасьць” студэнтаў вызначалася паводле запісу ў іхных агульна­грамадзянскіх савецкіх пашпартах.
Гэтыя карэнныя перамены стварылі адметны мясцовы фон, на якім ажыцьцяўлялася агульная савецкая палітыка ўрбанізацыі. Пасьля вайны Vilnius застаўся фактычна пусты, а побач жылі летувіскія сяляне – значыць, іх колькасьць у горадзе мусіла павялічыцца. Аднак, як сьведчыць прыклад русіфікаваных паўднёвых і паўночных суседзяў Літоўскай ССР, урбанізацыя па-савецку не прадугледжвала, каб тытульная нацыя рэспублікі вяла рэй у яе сталіцы. Выяўляецца, што ў Летуве павольная індустрыялізацыя спрыяла міграцыі ў сталіцу мясцовага насельніцтва, а ня масаваму прытоку перасяленцаў з усяго СССР, які зазналі Талін, Рыга, Менск7. Апроч таго, часткова праз забарону на планаваньне сям’і і аборты з боку каталіцкага касьцёлу ў 50-я-60-я гады ХХ ст. у летувіскіх сем’ях было вельмі шмат дзяцей. І ўсё ж пытаньні нацыянальнага вызначэньня нельга зьвесьці да нараджальнасьці і дэмаграфіі. Калі былыя вяскоўцы і іх дзеці называюць сябе летувісамі, то гэты палітычны факт выяўляе зьмену сацыяльнай сітуацыі. Цягам прыкладна чатырохсот гадоў уздым па сацыяльнай лесьвіцы ў Wilno суправаджаўся засваеньнем польскай культуры. Цяпер, пасьля зруйнаваньня цэнтраў польскай культуры на землях гістарычнай Літвы, гэты шлях быў перакрыты. Літуанізацыю Vilnius’у трэба разглядаць у рэчышчы ня толькі фізічнага выдаленьня палякаў з гораду, але і скасаваньня польскай цывілізацыі як увасабленьня гарадзкога ладу жыцьця.
Нават праз стагодзьдзі асіміляваньня ў гарадзкую культуру вяскоўцы могуць збольшага нечакана сьцьвердзіць перавагу ўласнае культуры ў гарадзкіх мурох8. Дзеля гэтага трэба, каб тыя, хто раней вёў рэй у горадзе, страцілі сваю зьвершнасьць або ўвогуле сышлі са сцэны. У Wilno гэта датычылася палякаў. Да перасяленьня ў 1944-46 гг. палякі ня проста складалі колькасную большасьць – яны выступалі носьбітамі гарадзкой (вышэйшай) культуры. Якасьць азначала ня менш, чым колькасьць. Напрыканцы ХІХ ст. расейскія губернатары Вильны баяліся польскай шляхты акурат таму, што польская культура мела вялікую асіміляцыйную моц. Тыя, хто стаяў ля вытокаў летувіскага руху, баяліся нават не саміх палякаў, а прывабнасьці польскай культуры, гэткай знаёмай ім з уласнага досьведу. У міжваенны час летувіскія дзяржаўныя дзеячы, якія патрабавалі вярнуць Vilnius, баяліся польскай цывілізацыі. У 1944-46 гг. праведзенае летувіскімі камуністамі перасяленьне палякаў перакрэсьліла шматвекавую традыцыю польскага культурнага панаваньня ў Wilno. Рашэньне выселіць палякаў з Vilnius’у, але пакінуць іх на вёсцы прымалі людзі, абазнаныя ў гісторыі нацыянальнасьцяў. У выніку палякі зрабіліся ў Летуве тым, чым ніколі не былі, – сялянскай нацыяй. Яны ня проста скараціліся ў колькасьці – яны панізіліся ў стане.
Дзьверы перад летувісамі расчыніліся. У 50-х гг. ХХ ст. яны змаглі стаць тымі, кім ніколі раней не былі, – гарадзкой нацыяй. Упершыню ў новай гісторыі лету­віская мова зрабілася ў Vilnius’е адзнакай статусу. Каб узвысіцца ў грамадзтве, польская больш не патрабавалася. Дзеці бацькоў-вяскоўцаў ці местачкоўцаў, якія нарадзіліся ў Vilnius’е ў 50-я–60-я гады, маглі навучацца ў гарадзкіх летувіскамоўных школах. За першыя дзесяць гадоў савецкай улады колькасьць агульнаадукацыйных сярэдніх школаў павялічылася ў чатыры разы. У школах Літоўскай ССР вывучэньню летувіскай мовы надавалася больш увагі, чым у даваенных летувіскіх школах9. У 60-я гады ў Vilnius’е большасьць шаснаццацігадовых юнакоў і дзяўчатаў, у якіх летувісам быў адзін з бацькоў, лічылі сябе летувісамі10. Хоць у Vilnius’е ніколі раней не было летувіскага ўніверсітэту, шматлікае новае пакаленьне моладзі ўспрымала ягонае існаваньне як штосьці само сабой зразумелае. Паводле перапісу 1989 г., прыкладна 10% летувісаў мелі аднаго з бацькоў іншай нацыянальнасьці. А ў некаторых выпадках нават абодва бацькі не былі летувісамі11. Пры савецкай ула­дзе летувіскасьць у Vilnius’е набыла асіміляцыйную моц.
Яшчэ адзін асобны кампраміс заключылі між сабою летувіскія камуністы і летувіская інтэлігенцыя. Каля 20.000 летувісаў змагаліся супраць савецкай улады. Большасьць з іх альбо загінула, альбо зазнала высылку ў Сібір. З 1945-га па 1953-і год з савецкай Летувы дэпартавалі 120.000 жыхароў, ці 5% насельніцтва. У выгнаньні апынуліся шмат вядомых летувіскіх пісьменьнікаў і навукоўцаў, а таксама 1.000 з 1.300 рыма-каталіцкіх сьвятароў12. Пасьля 1953 г. шмат хто з дэпартаваных вярнуўся на радзіму. Яны пабачылі савецкую Летуву са сталіцай у Vilnius’е, які ператвараўся ў горад летувіскай культуры. Адразу пасьля сьмерці Сталіна пачаў расьці працэнт летувісаў у Літоўскай кампартыі. Шмат хто з летувіскай інтэлігенцыі прыняў пагадненьне, згодна зь кім у абмен на ўступленьне ў кампартыю яны атрымлівалі адносную свабоду захоўваць летувіскую культуру. І гэта прынесла велізарны плён. Адбылося ўнармаваньне летувіскай літаратурнай мовы, яна ўзьнялася на ўзровень мовы навукі. Заўважныя посьпехі мела летувіская паэзія і проза. Віленскі ўніверсітэт зрабіўся цэнтрам балцкіх дасьледаваньняў13.

Рамантызм праз вякі.
Гэты кампраміс трымаўся дзесяцігодзьдзямі. У 1970 г. прапарцыйная колькасьць летувісаў у кампартыі ўжо не была несувымернай з доляй летувісаў сярод грама­дзянаў рэспублікі (адпаведна 66% і 80%). У той год Літоўская ССР заняла трэцяе (пасьля Эстоніі і Латвіі) месца ў СССР паводле даходаў на душу насельніцтва14. У рамках савецкае ідэалогіі летувіскія камуністы маглі ганарыцца ня толькі эканаміч­нымі посьпехамі, але і разьвіцьцём летувіскае культуры. І першы сакратар ЦК Кампартыі Літвы Сьнечкус у выдадзенай у 1970 г. кнізе зьвязаў народную любоў да сваёй сталіцы Vilnius’у з прыездам у горад у 1895 г. Леніна15. Мелася на ўвазе, што Летува абавязаная сваёй сталіцай клопату камуністычнай партыі. Сапраўды: пераемнік Леніна Сталін аддаў Vilnius Летуве. Сталіну і яго наступнікам нельга адмовіць у разуменьні таго, шту істотна для летувісаў. Дзеля кампрамісу з летувіскім народам яны пайшлі нават на зьмены ў расейскай мове. Ленін, калі быў у горадзе, называў яго па-расейску “Вильна”. Гэтую назву ў расейскамоўных гістарычных выданьнях замянілі на летувіскую “Вильнюс”. Мы бачылі раптоўнае гвалтоўнае зьнішчэньне габрэйскага Vilne і польскага Wilno, разважалі, чаму не апраўдаліся надзеі стварыць беларускую Вільню. Неабходна патлумачыць, чаму пры савецкай уладзе расейская Вильна саступіла летувіскаму Vilnius’у.
Мы заўважылі, што ў міжваенны час летувіскія палітыкі баяліся расейскай культуры менш, чым польскай, а ў 1939 г. чакалі, што з прыходам савецкай улады разбурыцца повязь гораду з польскай культурай і Летува атрымае магчымасьць літуанізаваць Vilnius. Слушнасьць гэтага цьвярозага разьліку, зробленага ва ўмовах надзвычайнага ціску, ніяк не дазваляе лічыць летувіскі нацыяналізм іррацыянальным. У пасьляваеннай Летуве пацьвердзілі сваю палітычную жыцьцяздольнасьць неаспрэчна рамантычныя ідэі. Тое, што расейская мова саступіла перад летувіскай, змушае нас яшчэ раз зьвярнуцца да моўнага чыньніку, які адыгрываў значную ролю ў станаўленьні летувіскай нацыі. Як мы пабачылі, яскравая адрознасьць балцкай летувіскай мовы ад славянскіх у вялікай ступені абумовіла посьпех летувіскага нацыянальнага руху напрыканцы ХІХ ст. У міжваенны час Летувіская дзяржава разьвівала асьвету на летувіскай мове. У савецкай Летуве летувіская зноў жа служыла сімвалам пераемнасьці з гістарычным мінулым. Розьніца паміж славянскімі і балцкімі мовамі кідаецца ў вочы. Думку пра большую чысьціню летувіскай мовы ў параўнаньні са славянскімі выказалі рамантыкі. У народнай сьвядомасьці ўяўленьне пра шчыльную сувязь летувіскай мовы з санскрытам (што навукова пацьвярджаецца мовазнаўцамі) дасюль застаецца магутнай крыніцай нацыянальнага гонару. Гэта сьведчыць пра жыцьцяздольнасьць рамантычных традыцыяў, іх пасьпяховую прапаганду пры розных палітычных рэжымах і ўрэшце канчатковую перамогу пры савецкай уладзе16.
Як жа саветы падтрымлівалі рамантычны нацыяналізм? У разьдзеле 2 паказвалася, што летувіскі нацыяналізм канца ХІХ ст. палягаў на рамантычных тропах, пушчаных у абарот нямецкай літаратурай пасьля Вялікай францускай рэвалюцыі, пераствораных Міцкевічам у 20-я–30-я гады ХІХ ст., спляжаных летувіскімі нацыянальнымі дзеячамі ў 80-я гады ХІХ ст., перакладзеных на мову палітыкі падчас рэвалюцыі 1905 г. У разьдзеле 3 ішла гаворка пра тое, як летувіскія нацыяналісты з прапагандысцкай падтрымкаю незалежнай Летувіскай дзяржавы засяродзіліся на захопе Польшчай у 1920 г. нібыта летувіскага Vilnius’у. Пасьля 1920 г. раньненавачасная, гістарычная ідэя Літвы амаль што сышла ў нябыт. За асобнымі выняткамі і сярод палякаў у Wilno, і сярод летувісаў у Каўнасе да 1939 г. ўжо стала замацавалася этнічная ідэя нацыі. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў Vilnius’е, які належаў савецкай Летуве, перамагла этнічная летувіская нацыянальная ідэя.
Стары жарт: “Vilnius – Летуве, Летуву – расейцам” – насамрэч не адпавядаў рэчаіснасьці. Летува зрабілася савецкай, а паміж “расейскім” і “савецкім” выявілася пэўная адрознасьць, асабліва ў Vilnius’е. Мары летувіскіх рамантыкаў ХІХ ст. у версіі летувіскіх нацыяналістаў ХХ ст. спраўдзіліся пры савецкай уладзе. Ажыцьцявілася паяднаньне Сярэднявечча і сучаснасьці. Калі ў Vilnius’е запанавала летувіская мова, гэта азначала, што перакінуты мост над безданьню паміж марамі пра уласную зьвершнасьць і сярэднявечным магуцьцем. Захаваньне мовы зьмякчыла ў Vilnius’е (як у свой час і ў астатняй Летуве ў міжваенны перыяд) удар, нанесены ў раньнім Новым Часе “безьдзяржаўнасьцю”. Вядома, пры савецкай уладзе мова была для летувісаў, (дарэчы, і для ўсіх прыбалтаў) адзнакай адметнасьці. Але пры гэтым савецкая ўлада дазволіла летувісам пацьвердзіць на практыцы ідэі рамантыкаў, што даўніна і хараство нацыі захоўваюцца ў яе мове. Першую гісторыю летувіскай мовы па-ангельску, у якой для сусьветнай навуковай супольнасьці раскрываецца роднаснасьць летувіскай мовы і старажытнай протаіндаеўрапейскай, напісаў выпускнік Віленскага (за савецкім часам) універсітэту17.
Этнічны нацыяналізм – ня толькі ў Летуве, але і па ўсім сьвеце – не шануе неадназначных раньненавачасных традыцыяў і ўслаўляе мроі пра сярэднявечную чысьціню і магутнасьць. У Vilnius’е савецкая ўлада парвала са спадчынай раньняга Новага Часу больш рашуча, чым можна было б чакаць ад усіх летувіскіх уладных структураў. Пакт Молатава-Рыбентропа перакрэсьліў Люблінскую вунію. 1939-ы год перакрэсьліў год 1569-ы. У 1841 г. гісторык-рамантык Нарбут метафарычна пераламіў сваё пяро, каб выказаць пратэст супраць утварэньня польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. У 1939 г. Молатаў і Рыбентроп сваім пяром падпісалі дакумент, які скасоўваў повязі паміж Польшчай і Літвой. У 1569 г. утварылася найвялікшая раньнемадэрная нацыя ў Еўропе. У 1939 г. пачаўся канчатковы падзел летувісаў і палякаў на невялікія мадэрныя этнічныя нацыі. Пры гэтым Савецкі Саюз даў летувісам магчымасьць зьвесьці да мінімуму старыя гістарычныя сувязі з Польшчай. Калі летувіскія камуністы выконвалі ролю пасярэднікаў у пошуку вялікага кампрамісу паміж савецкай уладай і летувіскім грамадзтвам, то ўсе бакі ўспрымалі Польшчу як агульнага ворага. Павялічыўшы тэрыторыю Летувы за кошт Польшчы, Сталін і яго пераемнікі маглі называць сябе гарантамі існага status quo18. Праз усе савецкія часы летувіская інтэлігенцыя ганьбіла палякаў за “акупацыю” Vilnius’у ў 1920 г. Гэтая іх пазіцыя ў прынцыпе стасавалася з агульнай лініяй Савецкага Саюзу на выкрыцьцё “імперскіх закідаў” Польшчы, і таму закіды летувісаў улады трывалі спакойна. Нават у 80-х гадах ХХ ст. летувіскія палітычныя дзеячы, як правіла, верылі, што палякі апантаныя ідэяй вярнуць Vilnius і ні перад чым ня спыняцца дзеля сваёй мэты19.
Як і ва ўсім Савецкім Саюзе, у Літоўскай ССР забаранялася згадваць пакт Молатава-Рыбентропа. У гарбачоўскія часы на масавых дэманстрацыях летувісы называлі яго нацыянальнай трагедыяй. Гэта сьведчаньне мужнасьці. Яны абвяшчалі сябе непавіннымі ахвярамі сакрэтных дамоваў. Гэта сьведчаньне няпамятлівасьці – у іх выніку Летува атрымала Vilnius. Акупацыя ў 1939 г. Летувой Vilnius’у калі і згадвалася, дык толькі як яго “вяртаньне”. Для летувісаў было само сабою зразумела, што пакт Молатава-Рыбентропа – незаконны, але наступнае далучэньне Vilnius’у да Летувы – законнае. Напрыканцы 80-х гадоў ХХ ст. летувіскі нацыянальны рух разгортваўся пад лозунгам: “Скасаваць пакт Молатава-Рыбентропа”20. У літаральным сэнсе скасаваньне пакту Молатава-Рыбентропа азначала б перадачу Vilnius’у Польшчы. Калі на пачатку 90-х адбываўся распад Савецкага Саюзу, савецкае кіраўніцтва ў Маскве і палякі ў Vilnius’е адразу пра гэта загаварылі*.

Імёны і факты.
Цягам стагодзьдзя летувіскі нацянальны рух, незалежная Летува і Літоўская ССР усяляк падрывалі сувязі з Польшчай, абумоўленыя традыцыямі Вялікага Княства Літоўскага, – і пры гэтым ўвесь час спасылаліся на Міцкевіча. Панятак “Літва” напоўнілі новым зьместам: “сучасная нацыянальная адзінка са сталіцай у Vilnius’е”. У ідэалогіі да гэтага спрычыніўся нацыянальны рух, у сьферы нацыянальных чаканьняў – Летувіская дзяржава міжваеннага часу, а на практыцы – савецкая Летува. Як мы пабачылі, Vilnius у Літоўскай ССР даў рады з тым, што не атрымалася ў польскага Wilno міжваеннай пары: у 1984 г. у Vilnius’е адкрылі помнік нацыянальнаму паэту Міцкевічу (Міцкявічусу). Каля помніка Міцкявічусу праходзілі мітынгі летувіскага нацыянальнага руху, які падштурхнулі да актыўных дзеяньняў рэформы генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова ў другой палове 80-х гадоў ХХ ст**.
Адным з лідэраў гэтага руху быў Вітаўтас Ландсбергіс (нар. у 1932 г.). Гісторыя яго сям’і наастачу яшчэ раз красамоўна нагадае нам пра сутнасную розьніцу паміж раньнемадэрнай ліцьвінскай і мадэрнай летувіскай нацыямі. У ХІХ ст. сям’я Ландс­бергаў, як і астатняя ліцьвінская шляхта, атаесамляла сябе з раньненавачаснай польскай цывілізацыяй. На пачатку ХІХ ст. Казімеж Ландсберг навучаўся па-польску ў Віленскім універсітэце Расейскай імперыі. Як і Міцкевіч, ён не сумняваўся ў вышэйшасьці польскай мовы і вяртаньні польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. Падчас паўстаньня 1830-31 гг., параза ў якім натхніла Міцкевіча на стварэньне “Пана Тадэвуша”, Казімеж Ландсберг змагаўся ў Варшаве супраць улады Расейскай імперыі. Як мы бачылі, пасьля паўстаньня ў Літве зачынілі польскія школы і Віленскі ўніверсітэт. Але ўсё адно паміж 1831-м і 1863-м гадамі ніхто не аспрэчваў перавагу польскай культуры на землях гістарычнай Літвы.
Аднак гісторыя наступнага пакаленьня ў сям’і Ландзбергісаў нагадвае нам, што пасьля паўстаньня 1863-64 гг. сфармавалася новая расейская нацыянальная палітыка. Габрыэль Ландсберг таксама выхоўваўся ў польскамоўнай сям’і, але, адрозна ад свайго бацькі, навучаўся ў летувіскай гімназіі. Атрымаўшы магчымасьць вучыцца ў расейскім універсітэце, ён вярнуўся з Масквы дзеячам летувіскага нацыянальнага руху. Габрыэль узяў шлюб з полькай і размаўляў з жонкай па-польску. Хоць сам ён так дасканала і не авалодаў летувіскай мовай, але ганарыўся, што ўсе пяцёра яго дзяцей добра гавораць па-летувіску. Яго малодшыя дзеці дасягнулі паўналецьця ў Расейскай імперыі пасьля рэвалюцыі 1905 г. Мы ўжо бачылі на прыкладзе Міколаса Ромерыса, што менавіта пасьля 1905 г. шмат якія літоўска-польскія шляхецкія сем’і пачалі ўсур’ёз успрымаць мадэрную летувіскую нацыянальную ідэю.
Гісторыя наступнага пакаленьня ў родзе Ландсбергісаў сьведчыць, наколькі істотным было віленскае пытаньне для летувіскіх дзеячаў і як захоп гораду палякамі ў 1920 г. азмрочыў здабыцьцё незалежнасьці. Наймалодшы з пяці дзяцей Габрыэля вырас і стаў архітэктарам Вітаўтасам Ландсбергісам-Жэмкальнісам (1893-1993 гг.). Адзін з ягоных твораў міжваеннага часу зьвязаны з замкам Гедыміна ў Vilnius’е. Горад на той час належаў Польшчы, і для летувіскіх нацыяналістаў замак быў як адвечная мара. У пэўным сэнсе Другая сусьветная вайна паспрыяла ўвасабленьню мастацтва ў жыцьцё. Калі ў 1939 г. Савецкі Саюз аддаў Vilnius Летуве, Ландсбергіс-Жэмкальніс першым з летувіскіх жаўнераў увайшоў у замак Гедыміна – ці, прынамсі, так ён распавядаў свайму сыну. У 1939-40 гг., у кароткую паўзу перад далучэньнем Летувы да СССР, і потым у Літоўскай ССР Ландсбергіс-Жэмкальніс праектаваў летувіскі Vilnius. (“Жэмкальніс”, дарэчы, – гэта проста летувіская калька з “Ландсберг”.) Сёньня яго імем завецца адная з вуліцаў Vilnius’у.
Пры абмежаваньнях, што існавалі ў Літоўскай ССР, ягоны сын Вітаўтас Ландсбергіс прысьвяціў сябе мастацтву не такому маштабнаму. Вітаўтас Ландсбергіс-малодшы – прыклад таго, што магла дасягнуць летувіская інтэлігенцыя пры савецкай сістэме. У 1955 г. ён скончыў кансерваторыю па класе фартэпіяна, у 1969 г. абараніў доктарскую дысертацыю па музыказнаўстве. Трыццаць гадоў выладаў, напісаў шмат кніг. Ён дасьледаваў музыку летувіскага мастака і кампазітара Мікалою­са Чурлёніса (1875-1911 гг.). У 1961 г., пасьля таго, як за сталінскім часам мастака ўсяляк бэсьцілі, яго вярнулі ў летувіскі нацыянальны пантэон. Восем кніг Ландс­бергіса, прысьвечаных Чурлёнісу, сьведчаць пра адданасьць аўтара летувіскай нацыянальнай культуры, якая, вядома, павінна разьвівацца і ўзбагачацца новымі творамі. Урэшце, Вітаўтас Ландсбергіс належаў да першага ў сям’і Ландсбергісаў пакаленьня, якому роднай мовай была ня польская, а летувіская. Дарэчы, Мікалоюс Чурлёніс, якога цяпер усе летувісы ведаюць як “мастака нацыі”, у дзяцінстве ня ўмеў размаўляць па-летувіску – яго роднай мовай была польская. Летувіскай ён навучыўся ў сваёй жонкі Соф’і Кімантайтэ (1886-1958 гг.). Ня варта бачыць тут нейкае “вяртаньне да народных вытокаў” – жонка яго, пісьменьніца і перакладчыца, правяла вызначальныя для станаўленьня асобы гады ў кракаўскім мастакоўскім асяродку, вядомым пад назвай “Маладая Польшча”. Чурлёніс пачаў называць сябе летувісам толькі пасьля рэвалюцыі 1905 г. У выпадку з Ландсбергісам і аб’ектам ягоных навуковых зацікаўленьняў нацыянальнасьць трэба разглядаць не як наканаванасьць, а як палітычны выбар у акрэсьленых гістарычных абставінах21.
Гэткі гістарычны выбар ў сучаснасьці зьліваецца ў дзіўным сугуччы з супольнымі міфамі нацыянальнай гісторыі. У летувіскім выпадку выбар на карысьць навачаснага летувіскага нацыяналізму азначаў разрыў з яшчэ адчувальнымі традыцыямі Рэчы Паспалітай за раньнім Новым Часам дзеля гістарычнага міфу пра сярэднявечнае Вялікае Княства Літоўскае. Гэта было адмаўленьне ад аднаго прачытаньня Міцкевіча на карысьць іншага: адкідаўся той факт, што Міцкевіч ушаноўваў раньнемадэрную Рэч Паспалітую, палітызаваліся створаныя ім рамантычныя міфы пра сярэднявечнае Вялікае Княства. Гісторыя роду Ландсбергісаў (ці, дакладней, родавага імя) нагадвае, якім чынам раньненавачасную польскую нацыю падмяніла мадэрная летувіская, як на зьмену ідэі польскамоўнай “палітыкі элітаў” прыйшла ідэя летувіскамоўнай “палітыкі масаў”. Летувіская нацыянальная палітыка імкнулася спалучыць Сярэднявечча з сучаснасьцю насуперак раньняй Новай гісторыі. Ад раньнемадэрных прынцыпаў законнасьці, шляхецкай улады і палітычных інстытутаў Рэчы Паспалітай адмовіліся. Даўніна і хараство сярэднявечнай гісторыі надавалі ў наш час законнасьць спробам захапіць уладу дзеля народу.
Імя Ландсбергіса – Вітаўтас – нагадвае міф пра сярэднявечную Літву, які лічыцца нацыянальнай гісторыяй. Вітаўт Вялікі – вялікі князь літоўскі часоў Сярэднявечча – выступаў супраць вуніі з Польшчай. У міжваеннай Летуве імя Вітаўта Вялікага зьвязвалася з “залатым векам” Літвы да Люблінскай вуніі 1569 г. і з рэваншысцкімі планамі летувісаў адносна Vilnius’у. У Літоўскай ССР імя Вітаўта па-ранейшаму сімвалізавала варожасьць да пальшчызны22. Калі летувісы вызваліліся ад савецкай улады, Вітаўта Вялікага зноў узвысілі да найвыбітнейшых нацыянальных герояў. Вітаўтас Ландсбергіс мацаваў палітычнымі сродкамі тую ідэю нацыянальнага адраджэньня, сімвалам якой быў Вітаўт Вялікі, – аднаўленьне старажытнай Літвы асобна ад Польшчы. У 1988 г. Ландсбергіса абралі лідэрам летувіскага нацыянальнага руху ‘Sаjыdis’. У 1990 г. ён старшыняваў на сесіі парламенту, калі абвяшчалася незалежнасьць Летувы. У 1991 г. Ландзбергіс абраны старшынём парламенту незалежнай Летувіскай Рэспублікі са сталіцай у Vilnius’е. У верасьні таго ж году ўрад Ландсбергіса пачаў дыпламатычныя перамовы з Польшчай, у ходзе якіх Ландсбергіс патрабаваў, каб Польшча прызнала летувіскі статус міжваеннага (у 1920-39 гг.) Vilnius’у.
Гэткую нязвыклую дыпламатыю спарадзіла своеасаблівае бачаньне мінулага, якое адмаўляла повязь з Польшчай за раньнім Новым Часам на карысьць рамантычнай ідэі сярэднявечнай Літвы. У гэтым была адметнасьць летувіскага нацыяналізму, мэтанакіраваны адказ на панаваньне польскай культуры, прывабнасьць якой добра ведала кожнае пакаленьне летувіскіх нацыяналістаў. Нават рамантычную ідэю сярэднявечнай Літвы – гэтага Эдэмскага саду ў летувіскай міфалогіі – найпрыгажэй выказаў па-польску Міцкевіч. Конрад Валенрод, герой аднайменнай паэмы Міцкевіча, радкамі з якой адкрываецца гэты разьдзел, – сярэднявечны ліцьвінскі рыцар. Яго подзьвіг у тым, што, схаваўшы сваё сапраўднае імя, ён бязьдзейнічае на службе ў ворага, покуль не надыходзіць вырашальны момант. Прыдуманае Міцкевічам для сваёй гераіні імя – Гражына – увайшло ў летувіскую мову. Гэтак звалі, напрыклад, жонку Ландсбергіса. Зварот да Сярэднявечча і адмаўленьне раньняй мадэрнасьці спалучаліся са стварэньнем мадэрнай этнічнай нацыі ды ім і абумоўліваліся. Даўніна летувіскай мовы ператварылася ў хараство летувіскай культуры, а затым хараство культуры ператварылася ў моц масавай пісьменнасьці і ўсеагульнае выбарчае права. Гэтыя чыньнікі, вядома, мелі велізарную сілу самі па сабе.
Як і пасьля Першай сусьветнай вайны, летувіскія ўлады пасьля распаду СССР замацоўвалі гістарычныя міфы ў масавай сьвядомасьці. Патрэбу народу ў гістарычнай праўдзе задавальнялі перавыданьні гісторыкаў міжваеннага часу, асабліва найбольш вядомага нацыянальнага гісторыка і міфатворцы Адольфаса Шапокі. У 90-х гадах па-летувіску выйшла нават неверагодных памераў праца Нарбута, напісаная па-польску. Як і пасьля Першай сусьветнай вайны, па распадзе СССР існавала небясьпека, што гістарычныя міфы, замацаваўшыся як палітычны дыскурс, не дадуць летувіскаму ўраду праводзіць разумную міжнародную палітыку. Можна было небеспадстаўна меркаваць, што страх перад польскай цывілізацыяй, дарэчны ў сітуа­цыі нацыянальнага адраджэньня, аслабіць Летувіскую дзяржаву на міжнароднай арэне. І першыя крокі летувісаў не давалі падставаў для аптымізму. Першапачатковая халоднасьць Ландсбергіса ў дачыненьнях з Польшчай сустрэла разуменьне нацыі. Прычым нацыянальны кансэнсус склаўся надзіва хутка і выявіў адметную зьнітаванасьць усіх пакаленьняў у летувіскім грамадзтве. Калі на пачатку 90-х гадоў летувіска-польскія дачыненьні забуксавалі, а летувіскіх школьнікаў папрасілі назваць самую ганебную падзею ў нацыянальнай гісторыі, тыя найчасьцей згадвалі вунію 1569 г. з Польшчай23.


1 Wіodzimierz Borodziej, Stanisіaw Ciesielski, Jerzy Kochanowski. «Wstкp»// Przesiedlenie ludnoњci polskiej 23— 25; Valentinas Brandiљauskas. «Migracje i przemiany demograficzne na Litwie»// Krzysztof Jasiewicz (рэд.). Europa nie prowincjonalna. Warsaw: Rytm, 1999, 1123.
2 Przesiedlenie ludnoњci polskiej, ІІІ; 109ff; 159; 361-364.
3 Piotr Ebeihardt. Przemiany narodowoњciowe na Litwie. Warsaw: Przegl№d Wschodni, 1997,167; Piotr Eberhardt. Polska ludnoњж kresowa. Warsaw: PWN, 1998, 114-123; Benedict Anderson. The Spectre of Comparison. London: Verso, 1998, 36-45.
4 У афіцыйных квазі-мемуарах гэты перыяд падаецца як барацьба за ўратаваньне „летувіскае нацыі”. M. Бердонайте. Товарищ Матас, Vilnius: Mintis, 1986, 89.
5 Barbara Christophe. Staat versus Identitдt. Cologne: Wissenschaft und Politik, 1997, 41.
6 A. Бенджюс і інш. История Вильнюсского университета. Vilnius: Mokslas, 1979, 154, 194; Marceli Kosman. Uniwersytet Wileсski 1579-1979. Wrocіaw: Ossolineum, 1981, 57.
7 Н.A. Aйтов, В.Г. Мордкович, М.Х. Титма. Советский город. Масква: Мысль, 1988, 212-222; Romuald Misiыnas, Rein Taagepera. The Baltic States. London: Hurst, 1983,106,125.
8 A.J.P. Taylor. The Habsburg Monarchy, 1809-1918. London: Hamilton, 1948.
9 Vytautas Vaitiekыnas. «Sovietized Education in Occupied Lithuania»// V. Stanley Vardys (рэд.). Lithuania under the Soviets. New York: Praeger, 1965,186-187,194.
10 V. Stanley Vardys. «Modernization and Baltic Nationalism»// Problems of Communism, September-October 1975, 43.
11 Marek њliwiсski,Valerijus иekmonas. «Њwiadomoњж narodowa mieszkaсcуw Litwy i Biaіorusi» // Przegl№d Wschodni, 4, 3 (1997), 585; Vesna Popovska. National Minorities and Citizenship Rights in Lithuania. Houndmills: Palgrave, 2000, 45-49.
12 Eberhardt. Przemiany narodowoњciowe na Litwie, 176-179; Nicolas Werth. «Apogйe et crise du goulag»// Stephane Courtois (рэд.). Le livre noir du communisme, Paris: Robert Lafont, 1997, 262.
13 Zigmas Zinkeviиius. The History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopediju leidykla, 1996,32.2-324; Misiunas,Taagepera. The Baltic States, 159-165.
14 Vardys. «Modernization and Baltic Nationalism», 38-40; Eberhardt. Przemiany narodowoњciowe na Litwie, 203.
15 Антанас Снечкус. Советская Литва на пути расцвета. Vilnius, 1970.
16 Параўнайце з: Leonidas Donskis. «Lithuania at the End of the Twentieth Century»// Aleksandr Dobrynin, Bronius Kuzmickas (рэд.). Personal Freedom and National Resurgence. Washington, D.C. Paideia, 1994,59-74; Douglas Spitz, William Urban. «A Hindu Nationalist View of Baltic History»// Journal of Baltic Studies, 24 3 (1993), 297.
17 Zinkeviиius. History of the Lithuanian Language.
18 Virgil Krapauskas. «Marxism and Nationalism in Soviet Lithuanian Historiography» // Journal of Baltic Studies, 23,3 (1993), 255; Tomas Venclova, «Litwo, ojczyzno nasza»// Lithuania, 26-27 (1998), 78; Jacek Borkowicz. «Polska—Litwa» // Polska w Europie, 12 (1993), 34-35; Alicja Nagуrska. «Jкzyki—narody—kultury»// Lithuania, 5 (1991), 194; Stephen Burant, Voytek Zubek. «Eastern Europe’s Old Memories and New Realities»// East European Politics and Societies, 7, 2 (1993), 375.
19 Greta Lemanaitл. «Stereotyp Polaka w oczach Litwina»// Teresa Walas (рэд.). Narody i stereotypy. Cracow: Miкdzynarodowe Centrum Kultury, 1995, 90-94. Гл. таксама Marek Њliwiсski. «Conscience nationale et la perception gйopolitique des habitants de la Lithuanie» // Pierre Allan, Jan Њkaloud (рэд.). The Making of Democracy. Prague: Economics University Press, 1997,134-140; Kultura, 441-441 (1984), 133-135; Њliwiсski and иekmonas, «Њwiadomoњж narodowa mieszkaсcуw Litwy i Biaіorusi,» 538-585.
20 Alfred Erich Senn. Gorbachev’s Failure in Lithuania. New York: St. Martin’s, 1995, 31; Izidors Vizulis. The Molotov-Ribbentrop Pact of 1939. New York: Praeger, 1990; Christophe. Staat versus Identitдt. 104-122. Гл. таксама V. Stanley Vardys. «Lithuanian National Politics»// Problems of Communism, July-August 1989, 54, 62; Aleksandra Niemczykowa, «Litwa na drodze do suwerennoњci»// Lithuania, 17 (1995), 105.
21 Vytautas Landsbergis. Lithuania: Independent Again. Seattle: University of Washington Press, 2000; пра Чурлёніса гл. A.E. Senn. «The Lithuanian Intelligentsia of the Nineteenth Century»// Aleksander Loit (рэд.). National Movements in the Baltic Countries. Stockholm: Center for Baltic Studies, 1985, 314; Misiыnas, Taagepera. The Baltic States, 148. Гл. таксама Popovska. National Minorities, 57; Vytautas Landsbergis, «Pieњс o tym, kim jesteњmy»// Lithuania, 1 (1990), 16-21. Рэабілітацыя Чурлёніса была часткова вынікам намаганьняў Антанаса Венцлавы.
22 Alvydas Nikћentaitis. «Der Vytautaskult in Litauen und seine Widerspiegelung im Denkmal»// Nordost Archiv, 6, i (1997), 131,138-141. Параўнайце з: Antanas иaplinskas. Vilnius Streets. Vilnius: Charibde, 2000.
23 Vytautas Toleikis. «Historia w szkole litewskiej w perspektywie stosunkуw polsko-litewskich»// Robert Traba (рэд.). Tematy polsko-litewskie. Olsztyn: Borussia, 1999, 210-212; Birute Vareikiene. «Od konfrontacji do zrozumienia»// ibid., 216-225; Christophe. Staat versus Identitдt. 141-165; Adolfas Љapoka. Vilnius in the Life of Lithuania. Toronto: Lithuanian Association, 1962.