12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лера Сом

_____________________
Мы хворыя на Беларусь...
Вершы


* * *
Неба такое блакітнае,
Што проста хочацца мець
Яго у жылах замест
Пунсовай тлустай крыві...
Лета. Ніякай сьпёкі.
Прыватныя думкі пра сьмерць,
Да якой яшчэ так далёка,
Бы за хвост несьмяротнасьць злавіў...

Неба такое высокае,
Што немагчыма ўявіць
Сябе на такой адлегласьці
Ад чорнай праўды зямлі...
Ды кожны раз пры магчымасьці
Ты выбіраеш «быць»,
Крый божа, чужымі бедамі –
За кошт уласнай крыві.

Неба такое свабоднае,
Што дзейныя каралі
Абачліва не вышуквалі
Ніякіх сьпецкайданкоў.
Неба – тваё і кожнага,
Хто ёсьць яшчэ на зямлі,
Блакітнае і высокае,
Свабоднае і далёкае,
Бязмэтнае, бездакорнае,
Сваё для любых вякоў.


* * *
Мы хворыя на Беларусь,
На яе незалежнасьць, сьвятую свабоду.
Мы хворыя на Беларусь,
І самая хвароба нам за ўзнагароду.
Мы хворыя на Беларусь
Як героі яе і хварэлі спрадвечна,
Мы хворыя на Беларусь,
Ты мяне супакойваеш, што невылечна
Любоў.

Мы хворыя на Беларусь,
На яе залатую, салодкую мову,
Мы хворыя на Беларусь,
І душу працінае нам кожнае слова...
Мы хворыя на Беларусь...
І для нас яе замкі, палацы і храмы,
Мы хворыя на Беларусь,
Ты мяне разумееш, бо хворы таксама,
Як я.

Мы хворыя на Беларусь!
Трэба годна хварэць на любоў да Радзімы.
Мы хворыя на Беларусь,
І яна застанецца навечна адзінай.
Мы хворыя на Беларусь,
У жыцьці гэта толькі аднойчы бывае.
Мы хворыя на Беларусь,
І яна нам адказвае, ты адчуваеш
Яе?..

* * *
Год за годам
Праходзіла побач
З гэтым няўклюдным домам
Па вечна разьбітай вуліцы...

Год за годам
Сьпяшалася на спатканьні
З непатрэбнымі сябрамі
І несапраўднымі ворагамі...

Год за годам
Пад голым небам
Перажывала завеі і сьпёку,
Ня ведаючы,
Што ў гэтым доме
Усе гэтыя гады
Мяне чакаў
Ты.


* * *
Там, за вокнамі, — дождж...
Там, за вокнамі, — сон.
Там, за вокнамі, — ноч
Без маланак і зор.
Я сяджу ля вакна,
Гэтай ночы крысо
Ахінае мяне,
Быццам похвы лязо...

Ды мяне не схаваць,
Ды мяне не спыніць,
Да мяне не дайсьці,
Ля мяне не сканаць.
Адзінокая здань,
Ты мяне будзеш сьніць,
І імя, як заклён,
У трызьненьнях шаптаць...

А за тое, што ты
Даў імя мне — зіма,
Даравала даўно,
Без абвесткі прычын.
У апошнюю ноч
Я з’яўлюся сама,
І прысутнасьць сваю
Не азмрочу нічым.


Ноч у Вільні
Я пішу табе
На паперы гатэля «Congress»,
Седзячы самотна
У гасьцёўні нумара
на дзьве асобы,
Куды я так і не запрасіла нікога
Пагасьцяваць на ноч,
(Хоць вымалёўваліся
Вельмі прывабныя
прапановы),
І шкадую пра тое,
Што цябе няма побач,
Каб падзяліць са мной
Цыгарэту «Рarliament»,
Келіх ночы,
Белыя прасьціны
Двухспальнага ложка,
Свабоду,
Вільню.


* * *
О, як нясьцерпна і прагна
Свабоду сваю люблю!
Яна — і бездань, і багна,
І небам робіць зямлю.

Яна — ня тая каханка,
Каб штосьці прабачыць мне,
І ейная калыханка
На яве са мной і ў сьне.

І толькі калі пры стрэчы
Я дотык адчую твой,
На міг ці на гэты вечар
Я веру табе, ня ёй.

* * *
Пасьля кожнага разьвітаньня
Я хачу цябе яшчэ болей.
Нам ня будзе з табой даволі
Тых кароткіх гадзін спатканьня.

Ні на што не мяняю волі,
Толькі зноўку згадала зраньня:
Пасьля кожнага разьвітаньня
Я хачу цябе яшчэ болей.

* * *
Тая чорная бранзалетка,
Выпадковая непазьбежнасьць,
Я надзела яе, бо восень
Стала шэраю з залатой.
Лёс падкінуў маю манетку,
Перавызначыў прыналежнасьць,
У сцэнар асабістых зносін
Прыцягнуў падарунак свой.

Калі нават ня будзе выйсьця,
Акрамя як у ноч і замець,
На руцэ маёй чорнай кветкай
Расьцьвіце прызначэньня збой.
Лёс гуляе апалым лісьцем...
Сон міне — застанецца памяць
Тою чорнаю бранзалеткай,
Не падоранай мне табой.

* * *
Я так сумую па табе,
Што вымавіць ня маю сілы
Нічога, акрамя: «Мой мілы,
Я так сумую па табе».

* * *
Агмень той купальскай ночы
Ніхто яшчэ не сурочыў...
Ды колькі гадоў чакаю,
Што вымавіш ты «кахаю».