12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Спрынчан

_____________________
Арэлі дзяцінства.
Вершы

КVАTERRA

У кагосьці – кватэра,
у мяне ж – КVАTERRA –
зямля жабак.

I.
Жаба-каханьне
заглынула мяне
сваім імгненным языком
у краіну лілеяў,
а потым кінула
ў балота
сямейнага жыцьця.

II. Метамарфоза

Калі я кажу,
што зьяўляюся
жабкай,
усе пачынаюць
сьцьвярджаць,
што я –
царэўна.
А калі сказаць:
“Я – царэўна”?

III. У апошні чэрвеньскі дождж
ХХ стагоддзя

У вялікіх калюгах
скачуць
жабкі-пухіры.
Бяру басаножкі ў рукі
і далучаюся да іх.
А ты, як бусел,
падхопліваеш мяне...

IV.
Царэўна-жабка
на лісьце лілейным
назірала
за нашым пацалункам.
«Якая непрыгожая» —
сказаў пра яе ты.
Забыўся, што і я,
пакуль не сустрэла
тваё каханьне,
была такою ж.

V.
Балотная жаба
ў балотныя вочы мае
зазірнула
і абурылася:
— Гэта ж трэба,
як вылупілася!
Аж вочы сталі,
як мая скура.

VI.
У Беларусі
дзьве душы –
бусел і жаба...
А мы хаваемся ад іх
за выявамі
зуброў...

VII.
Мне сказалі ў краме «Прырода»:
«Беларускія жабы не жывуць у няволі,
Будуць марыць яны ў тваёй хаце аб волі,
І сама засумуеш паволі па волі».
Так, няхай я ня жаба, ды імкнуся да волі,
Бо… даволі.

* * *

Гістарычны,
дэтэктыўны,
інтэлектуальны,
любоўны,
навукова-фантастычны,
прыгодніцкі,
сатырычны,
сацыяльна-псіхалагічны,
утапічны,
філасофскі.
І ўсё гэта
пра наш з табою
раман.


* * *

А Віцебск зараз
у тваіх вачах,
і ты лятаеш
у яго нябёсах.
Так проста тут
Шагала прыгадаць,
так лёгка мне
над Лунінцам лунаць,
не маляваць,
не мроіць,
не ўміраць –
гучаць,
як Прыпяць,
у палескім слове.
І ў гэтым слове
вымавіць цябе,
і ў гэтым слове
вымаліць цябе,
і ў гэтым слове
вымаўчаць цябе
І лёсна,
і нябёсна,
і балесна...

* * *

Такое
поўнае жыцьцё,
што вось-вось,
здаецца,
перальецца
ў нябыт.

І ніхто
не наважыцца
адпіць...


* * *

На грушы засохлай
вяроўка
ад арэляў дзяцінства
сохне па мне.
А вытрымаць можа
хіба што стэндалеўскія колеры
божай кароўкі...
«Божая кароўка,
ляці на неба, там твае дзеткі...»
Там —
маё дзяцінства...


* * *

У мяне ёсьць нешта
ад пантэры і пумы.
У мяне ёсьць нешта
ад ільва й ільвіцы.
У мяне ёсьць нават
рысы ад рысі.
Я ведала: табе
падабаюцца коткі,
але аказалася –
толькі свойскія...


* * *

А мне няма з кім
памаўчаць –
мову маўчаньня
ня хоча ніхто вывучаць.


* * *

Скралі журавель
з калодзежа ля дзедавай хаты,
дзе даўно ніхто не жыве,
ці выратавалі
ад адзіноты?
— Журавелю мой!
Не набраць без цябе мне вады,
толькі крыкнуць,
Як у дзяцінстве, магу
у глыбокі калодзеж:
— А-а-а-а-а-а!
І пачуць,
Як адгукаецца мне:
— А-а-а-а-а-а!