Ярашу, Альжбэце і Восені
Месяц першы
Набрыньваем,
як пупышкі на вязе –
жыцьцё завязваецца
ўва мне
і ў чорнай вязі
літараў...
Месяц другі
Зьдзіўляюся жыцьцю.
Пакуль што
больш, чым сьмерці.
Зьдзіўляюся сабе.
Пакуль што
больш і больш.
Расьце мой месяц ясны
і хутка стане поўняй.
І крык майго дзіцяці
запоўніць гэты сьвет
зьдзіўленьнем
ад жыцьця,
зьдзіўленьнем
ад сябе...
Месяц трэці
Рушніком выціраю сьлёзы.
За дзіцятка,
яшчэ не народжанае,
удыхаю
пяшчотнасьць ружы.
Парушынка быцьця –
у вока,
парушынка нябыту –
у думкі.
У прагнозе надвор’я
сёньня
замаўчалі адсотак
вільготнасьці...
Месяц чацьвёрты
Я табе не чытаю
дзіцячыя кніжкі.
Ты са мной спасьцігаеш
самоту і шчасьце...
Як народзішся –
будуць і казкі, і вершы,
у якія паверыш,
каб потым
вярнуцца...
у самоту і шчасьце,
спасьцігаючы разам,
але ўжо
не са мною,
жыцьцё,
як каханьне...
Месяц пяты
Ты граеш на леры,
шпалеры рве котка.
Пранізвае сум,
ды зусім не самотна:
дзіцятка ўва мне
б’е то ручкай,
то ножкай.
І лера сьціхае,
і Восень прыходзіць,
вуркоча ціхенька:
«Хутчэй нараджайся!
Пакуль грацьме лера,
мы разам з табой
будзем драпаць шпалеры...»
Месяц шосты
Цяжарнасьць
і лёгкасьць
Быцьця,
невыносная,
вынасіць
мару дзіцяці
пра маму,
што заплюшчыла вочы
і марыць
і ня змораная,
а змараная
за-сын-ае,
за-дачка-е…
Месяц сёмы
І вось ужо
нібыта ліска я,
што зьела
найсмачнейшы калабок.
І нельга мне
на сьпінцы паляжаць,
а толькі правы бок,
а толькі левы бок.
Цяпер качуся я,
а не іду
і, гледзячы
ў нябеснае паўшар’е,
нібыта поўня,
цэласна жыву,
хоць ведаю,
што ветах мой настане,
як толькі прыйдзе час
настаць
маладзіку...
Месяц восьмы
Аднойчы жнівеньскім ранкам
зьбяжыць ад мяне
цяжарнасьць
і толькі лёгкасьць Быцьця
застанецца
для каханага, мяне
і дачушкі Альжбэты,
пакуль і да яе
ня прыйдзе цяжарнасьць,
каб потым лёгкасьць
ізноў засталася
невыносная
без цяжарнасьці
твайго працягу...
Месяц дзявяты
Аддаленыя ад усіх,
набліжаныя да працягу
ў дворыку радзільні
таньчым
павольны танец
пад цяжкі рок
маёй відавочнай
і тваёй прыхаванай
цяжарнасьці...
Месяц першы
Сонца заходзіць за радзільняй
Чырвонае
ад крыку немаўляці,
якое яшчэ не крычала,
калі сонца ўзыходзіць.