12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Станкевіч

_____________________
Клон Чэ і яго жонка. Апавяданьне



Аднойчы, гледзячы ў люстэрка, адносна малады чалавек па прозьвішчы Цьвіль, заўважыў у сабе падабенства з Чэ Геварам. Зьлёгку зьдзіўлены, а пасьля і ўсьцешаны гэтай думкай, школьны настаўнік вайсковай падрыхтоўкі спачатку не надаў таму асаблівай увагі, але думка пра тое запала яму ў падсьвядомасьць.
У вольны ад работы час Цьвіль перыядычна наведваў мясцовую тэатральную студыю, якая існавала пры гарадскім народным тэатры, і дзе ён лічыўся ак­цёрам-аматарам. Выпадковая роля Чэ Гевары ў невялічкай пастаноўцы, якую яму неўзабаве адмыслова даверылі, на думку тэатральнага крытыка гарадской газеты, яму асабліва ўдалася. Ваенрук Цьвіль, сын ваеннаслужачага, да таго ж і сам калісьці адвучыўся два гады ў вайсковай вучэльні, адчуваў з цягам часу, што неасэнсаваны ўнутраны покліч, які гучаў у ім у дзень выкананьня ролі палымянага рэвалюцыянера, няхай сабе і ў самым малым, але быў сугучны знакамітай асобе Чэ Гевары. Неўзабаве народны тэатр мусіў ставіць усё тую ж п’есу, прымеркаваную да чарговага ўрачыстага юбілею, у якой роля кубінскага рэвалюцыянера была значна пашыраная, а выкананьне яе пасьля перамоваў са сталічным рэжысёрам, што апекаваўся тэатрам, зноў даверылі Цьвілю. Спакваля Цьвіль ужываўся ў ролю. Неўзабаве яго цёмнавалосую, зьлёгку кучаравую галаву, стаў упрыгожваць адмысловы бярэт, а потым ён адрасьціў і ўласьцівую Чэ Гевары бародку. Зьмянілася і вопратка. Цьвіль пачаў насіць салдацкія чаравікі і штармоўку. Падабенства не засталося без увагі, і ў Цьвіля неяк незаўважна і нечакана для яго самога зьявілася прыклеенае вучнямі “паганяла” — “Чэ”.
Цьвіль быў жанаты на сваёй былой вучаніцы, якая толькі скончыла дзесяць класаў і была, зразумела, значна маладзейшай за яго. Невялікага росту, цёмнавалосая, яна б выглядала зусім непрыкметнай, калі б не яе стройная постаць, тонкая талія, сьціснуты ў загадкавым маўчаньні рот і незразумелы агеньчык, што раз-пораз прабліскваў з яе вачэй. Яна скончыла кароткатэрміновыя бухгалтарскія курсы і ўладкавалася працаваць ў дробную гандлёвую фірму, дзе яе цанілі за стараннасьць і акуратнасьць і нязвыклую для жанчын стрыманасьць у словах, і нават маўклівасьць, — вядома ж не сакрэт, што значную частку рабочага часу іншыя жанчыны праводзяць менавіта ў неістотных размовах.
Працуючы значна раней з выхаванцамі дзіцячага дому — а будучая жонка Цьвіля была на той час ужо сіратой, ваенрук Цьвіль доўга ўвогуле зусім не заўважаў гэтую дзяўчыну, пакуль аднойчы не прыкмеціў яе цікавасьць да зброі, што адразу вылучыла сьціплую вучаніцу з кола сябровак, якія за рэдкімі выключэньнямі агулам рыхтаваліся ў прафесійна-тэхнічныя вучэльні, каб, урэшце рэшт, апынуцца швачкамі на мясцовай фабрыцы. Мэтанакіраванасьць і прыхаваная схільнасьць дзяўчыны да неасэнсаваных ім самім праяваў брутальнасьці, закранула ў ім падсьвядомы інтарэс да яе. Ваенрук Цьвіль ведаў пра сябе, хоць асабліва і не аналізаваў пачуцьці, што яго самога цягнула і цягне да ўсяго вайсковага менавіта таму, што ў глыбіні душы ён занадта інфантыльны, з-за чаго калісьці змушаны быў пакінуць вайсковую вучэльню, бо не вытрымліваў суровых абмежаваньняў, муштры і жорсткасьці будняў. Але можа якраз таму яго і цягнула да сілы ў яе шматлікіх праявах.
У той жа час Цьвіль лічыўся даволі зайздросным жаніхом, бо меў сваё жытло, і ў гэтым сэнсе ні ад каго не залежаў. Да таго ж ён быў студэнтам-завочнікам гістарычнага факультэту аднаго са сталічных ВНУ, што дадавала яму персьпектывы на будучыню. Тым ня менш, неяк прачнуўшыся ўначы, ён вырашыў, што не знайшоў сябе ў жыцьці: пэўна, варта яму было б, да прыкладу, стаць акцёрам і, не якімсьці аматарам, як цяпер, а прафесіяналам, працаваць у сталіцы, нават здымацца ў кіно… Але зьмяняць накірунак шляху ўжо, бадай, позна, — падумаў ён.
Побач з ім у ложку спала чарговая кандыдатка на ролю жонкі, але Цьвіль у думках ужо разьвітваўся з ёй — занадта падатлівая, занадта стараецца дагадзіць — пэўна, і з іншымі будзе такой жа, а вось гэтага яму якраз і ня трэба.
Калі б хто-небудзь спытаў Цьвіля, як ён упершыню сустрэўся са сваёю будучай жонкай, ён наўрад ці ўспомніў бы. Усё пачалося і ішло да свайго завяршэньня, нібы ў тумане. Цьвіль нават ня мог дакладна аднавіць у памяці была яго жонка цнатлівая да першай шлюбнай ночы ці не? Увогуле, ці была цнатлівай?
Апошнім часам яго крыху зьдзіўляла яе непрыхаванае жаданьне ўзьняць яго на прыступках сацыяльнай лесьвіцы, што ён лічыў звычайным правінцыяльным снабізмам, а сваё магчымае ўзвышэньне — справай праблематычнай. Хоць Цьвіль і не лічыў, што ён паставіў не на той нумар у жыцьці і прайграў, і што ён — звычайны “лузэр”, хоць калі-нікалі жонка кідала яму ў твар гэтае слоўца. Так, без намеру пакрыўдзіць.
Неўзабаве пасьля вясельля Цьвілю, калі ён быў дома адзін, патэлефанавала нейкая жанчына. Яна адразу сказала, што не належыць да кола яго знаёмых, але Цьвіль пасьля таго як выслухаў яе, вырашыў: пэўна, гэта адна з тых помсьлівых жанчын, да якіх ён калісьці паставіўся з пагардай. Жанчына таропка паведаміла яму, што ягоная цяперашняя жонка яшчэ да знаёмства з ім была згвалтаваная ў прыгараднай лесапаласе двума прыблатнёнымі, але не зьвярнулася ні да міліцыянтаў, ні па якую іншую дапамогу, а здолела прасачыць за імі, даведалася, дзе яны жывуць, а пасьля ўжо наадварот, па сваёй ахвоце, прымусіла іх абодвух уступаць з ёй у сувязь, і не аднойчы. “Ведайце, што яна за птушка”, — скончыла брыдкую размову незнаёмая зласьлівіца і адразу кінула слухаўку. Цьвіль толькі плюнуў і хутка забыў пра тую тэлефонную зайздросьніцу, але аднойчы напаўжартам расказаў пра тое жонцы, і яны добра пасьмяяліся разам.
Уласны дом Цьвілю дастаўся ў спадчыну. Ён быў вялікі, драўляны, абкладзены звонку цэглай і дзяліўся на дзьве паловы. Яшчэ больш западаю­чы на сваё дзівацтва, Цьвіль перанёс лішнюю мэблю ў адну з паловаў, а ў іншай пачаў ствараць нешта накшталт музею: зьбіраў друкаваныя матэрыялы, прысьвечаныя Чэ Гевару, муляжы асабістых рэчаў Чэ, фотаздымкі.
На Цьвіля пачалі зьвяртаць увагу на вуліцах і ў грамадскім транспарце. У аўтобусе, калі ён уваходзіў, сталага веку людзі пачыналі радасна ўсьміхацца, здаралася, што нехта нават уставаў і саступаў яму месца.
— Гэй, Чэ! — крычалі яму праз адчыненыя вокны рабочыя, якіх вазілі на завод на працу, — калі будзе рэвалюцыя?
— Змагайцеся, таварышы! — падыгрываючы ім, крычаў у адказ Цьвіль, — Patria et mouerte! Cьмерць капіталу! Рэвалюцыя будзе! Абавязкова! Яшчэ пакамісарым!
Прыкладна праз месяц пасьля ўсіх гэтых падзеяў жонка Цьвіля, у якой у сувязі з захапленьнем і ўчынкамі мужа пачаліся непаразуменьні з калегамі ў фірме, зьвярнулася, хоць ёй ніхто і ня раіў, да гарадскога псіхіятра. Яна моўчкі, сьціснуўшы вусны, адсядзела ў чарзе, якая ўтварылася ў прыёмнай лекара, пасьля сьціпла села на крэсла, і з большага расказала пра дзівацтвы мужа, дадаўшы, што яны пачалі спакваля выходзіць за межы прыстойнага, і што муж не рэагуе ні на якія ўпрошваньні і перакананьні, а працягвае і далей западаць на сваё адхіленьне.
Адхіленьне ваенрука Цьвіля, як сьцісла паведаміла яго жонка, было выяўлена ім самім не на голым месцы, а мела пад сабой хаця і ўскосную, але даволі верагодную, з іншага боку нават праўдападобную на першы погляд падставу. Справа была ў тым, што ў канцы пяцідзясятых мінулага стагоддзя маці Цьвіля разам са сваім мужам (а ён быў кадравым вайскоўцам) апынуліся на Кубе, дзе яны пражылі некалькі гадоў. На высьпе Свабоды яна працавала ў нейкай невялічкай дзяржаўнай краме. Ганд­ляваць там асабліва не было чым, працоўнае месца хутчэй за ўсё было створанае штучна, як і для некаторых іншых жонак савецкіх вайскоўцаў, і калі зацяжарыла, то яе накіравалі на радзіму — назад, за акіян. Бацька Цьвіля, беларус, сьветлавалосы і беласкуры (урэшце, якім іншым мог быць сялянскі хлопец, сын простых калгасьнікаў, для якога армія і потым вайсковая вучэльня былі верхам жыцьцёвай кар’еры), а маці — русачка аднекуль з-пад Астрахані, заўсёды вясёлая, аматарка песень і ўсялякіх вечарынак і пасядзелак, але таксама сьветлавалосая, з бледнай, у рабаціньні пяшчотнай скурай, якая не выносіла сонца і сьпёкі. Некалькі гадоў таму ўжо тут, у Беларусі, яна спачатку пахавала мужа-пенсіянера, а потым амаль праз год памёрла і сама, раптоўна захварэўшы на лейкемію. Ваенрук Цьвіль шкадаваў, што ўжо ня зможа задаць ёй пытаньня, на якое акрамя яе ніхто яму адказаць ня мог. Разглядаючы сябе ў люстэрку, Цьвіль зноў і зноў адзначаў, што ён цёмнавалосы, з вельмі смуглявай скурай, амаль мурын, з чорнымі вачыма, і што такога быць на яго разуменьне, увогуле не па­вінна. Калі б не які таямнічы выпадак. Ну, прыкладам, мог зазірнуць у тую краму, дзе працавала маці, Чэ Гевара? Вядома, мог. Маглі маладыя людзі адчуць адзін да другога раптоўны непераадольны сантымент і пачаць таемна сустракацца? Урэшце, меркаваў Цьвіль, усё магло адбыцца і прасьцей — праз імклівае знаёмства на якім бязьлюдным пляжы ці яшчэ дзе? Цьвіль ня раз браў аловак і падлічваў тэрміны: калі нарадзіліся бацька, маці, калі яны апынуліся на высьпе Свабоды, калі маці накіравалі назад і калі, урэшце рэшт, зьявіўся ён сам. У агульным супадзеньне было відавочнае — вось толькі прамых доказаў ён ня меў. Рабіць жа нейкі генетычны аналіз, каб выявіць у сабе чужародныя гены, ён, вядома, ня мог і нават не спадзяваўся ў будучым — гэта было надта складана і, пэўна, каштавала вялікіх грошай. Тым ня менш на падпітку, а потым і цьвярозы ваенрук Цвіль ня раз спрабаваў сьцьвярджаць, што ён сын вядомага кубінскага рэвалюцыйнага барацьбіта, паплечніка самога Фідэля, Чэ Гевары.
Расказваючы пра ўсё гэта гарадскому псіхіятру, жонка Цьвіля раз-по­раз быццам нясьмела пыталася ў таго, што ёй рабіць, і асабліва цікавілася, як увогуле можа разьвівацца далей гэтая, на яе погляд, двухсэнсоўная сітуацыя?
— Я не наведваю аматарскія сьпектаклі, — падумаўшы адказаў лекар, — але нешта пра вашага мужа я чуў. Урэшце, наш горад не такі ўжо і вялікі. Можна сустрэць знаёмага і дзе-небудзь на вуліцах, і не аднойчы. Пакажыце мне яго.
— Ён не згаджаецца.
Лекар разьвёў рукі.
— Завочна, на жаль, не практыкую.
— Можа, хоць што параіце?
Лекар сустрэўся позіркам з маладой жанчынай, раптам спатыкнуўся на словах, урэшце зноў падумаў і нечакана ўзгадаў:
— А калі ён не памыляецца? Што тады?
— Не, — ветліва аспрэчыла жанчына. — Гэта трызьненьне. І да таго ж ён занадта ўвайшоў у ролю. Яго заўважаюць на вуліцах. З мяне пачалі кпіць на працы.
— Што ж, — лекар працытаваў Ясьперса, — “сьвет шызафрэніі шырокі...” Трэба быць гатовымі і да такога дыягназу. Але, вядома, у вашым выпадку ня варта перабольшваць. Сьвет дзівацтваў таксама шырокі. Да­рэчы, як у яго з сексуальнай арыентацыяй?
— Не разумею, — сказала жонка Цвіля. — Пры чым тут гэта? Урэшце, ён пакуль што не даваў падставаў...
— Маё пытаньне не выпадковае, — патлумачыў лекар. Ён устаў з крэсла і прайшоўся ўзад-уперад па кабінеце: мажны і зьнешне холадна абыякавы. — Шмат хваробаў пачынаецца менавіта з парушэньняў у гэтай, так бы мовіць, інтымнай сферы. А што тычыцца “арыгіналу” — я маю на ўвазе баевіка рэвалюцыі Чэ Гевару, то ён, наколькі я ведаю, быў звычайны “блакітны”. Ён, верагодна, усяляк падаўляў у сабе гэты цьмяны покліч — ад таго і яго псеўдасьмеласьць, псеўдарэвалюцыйнасьць, псеўдаахвярнасьць, і ў той жа час імкненьне да мужчынскага кола асобаў — няхай сабе і ў гарах, джунглях, у паходных абставінах: затое там ён мог выявіць сваю падсьвядомую сутнасьць гея. Патлумачце гэта свайму мужу.
— Вось-вось, я ж і мяркую, — пасьля паўзы ўставіла жонка Цьвіля. — Калі, як вы сьцьвярджаеце, Чэ Гевара быў звычайным геем, то як мой муж мог стаць ягоным сынам? Гэта тым больш нерэальна.
Лекар спыніўся і ўважліва агледзеў наведвальніцу.
— Бісексуальнасьць у шэрагу выпадкаў не выключаецца. Хоць я думаю, у вашым мае месца нязначнае праяўленьне псіхозу, магчыма, анейроіднае растройства, пакуль што зародкавае, можа, простае дзівацтва. Але напэўна сьцьвярджаць не магу: мне трэба пагаварыць з вашым мужам сам-насам. І, верагодна, не адзін раз.
— Я пачала размову, але ўсё дарэмна. Ён ня хоча. Катэгарычна. Толькі пасьмяяўся з маіх словаў.
— Назірайце, — падрахаваў лекар. — Яго паводзіны могуць палепшыцца ў бок нормы, хоць паняцьце нормы само па сабе адноснае, а могуць і пагоршыцца. Па сваім профілі я сутыкаюся з самымі рознымі адхіленьнямі. Вось, напрыклад, я еду ў аўтобусе ці трамваі. Позьні вечар, у салоне акрамя мяне — нікога. На прыпынку дзьверы адчыняюцца і заходзіце вы, аглядаецеся і... сядаеце побач са мной, хоць навокал процьма вольных месцаў. Што я ў гэтым выпадку думаю пра вас? То-та... А такую жанчыну я ведаю. Іншая зьбірае з гарадскога асфальту чарвякоў (а пасьля цёплага дажджу яны часам масава выпаўзаюць на паверхню) і вязе іх на лецішча, дзе і выпускае, бо ёй іх... шкада. Трэцяй цыганка наваражыла, што яе будучы муж прыедзе па справах да яе на працу на ўласным аўтамабілі, яны пазнаёмяцца і неўзабаве пажэняцца. І вось як толькі яна бачыць з акна кабінету чарговага “прынца” на машыне, то адразу выбягае і кідаецца да яго з абдымкамі. Чацьвёрты накладае на сябе нешта кшталтам епітым’і і паўзе на жываце да царквы некалькі кіламетраў, хоць мог бы лёгка дайсьці туды пехам. А вось вам прыклад, калі мяжа паміж дзівацтвам і хваробай сьцертая, і паталогія вылазіць на паверхню. Год таму адзін мой пацыент сьцьвярджаў, што валодае таямніцай левітацыі, і на гэта доўга ніхто не зьвяртаў увагі, пакуль ён ня вырашыў вучыць лётаць у паветры іншых. Пачаў жа чамусьці не з сябе, а з трохгадовага сына, якога выпусьціў з рук з балкону дзявятага паверху. Можа вы памятаеце гэты выпадак? Пра яго пісалі ў газетах. Прымусіць падобных хворых лекавацца мы зараз, пакуль у іх не ўсплыла яўная паталогія, ня маем права, акрамя тых, хто стварае прамую сацыяльную небясьпеку. Так што аніякай іншай дапамогі я вам аказаць ня ў стане. Тым больш, што ваш муж магчыма абсалютна адэкватная асоба. Праўда, тут ёсьць адзін нюанс: вы, часам, ня ведаеце, чаму ён калісьці пакінуў вайсковую вучэльню? У чым прычына? Можа, яго адлічылі. Можа, здарылася што іншае. Часам зьвесткі пра такія, быццам нязначныя на зьнешні погляд учынкі ў мінулым, бываюць вельмі важныя.
— Я, я... ня ведаю, — з робленым зьдзіўленьнем адказала жонка Цьвіля. — Ён неяк абыходзіў гэта. А я не цікавілася.
— Вось і пацікаўцеся, — параіў лекар.
Ён раптам злавіў сябе на пачуцьці нейкай незавершаннасьці і пад­сьвядомай трывогі, а таксама на думцы, што яго размова з гэтай жанчынай завяршылася нічым. Да таго ж гаварыў у большасьці ён сам. Навошта яна прыходзіла? Што схавана ў яе акуратнай галоўцы?
Жонка Цьвіля ішла дадому. Вусны яе маленькага роту былі сьціснуты, твар паглыблены ў сябе. Ніхто ў гэты момант ня мог ведаць, пра што яна думала, тым больш яе муж. Але калі б ён пра гэта неяк і ўведаў, то ўся яго ўпэўненасьць, магчыма, выпарылася б з яго, як выпарваецца вар з каструлі над агнём. Але ён ня ведаў.

***
Федэрыка і Альберта — двое кубінцаў — зьявіліся ў горадзе напрыканцы лета. Ніхто дакладна ня мог вытлумачыць іх раптоўны прыезд, але многія ведалі, што ён наўпрост зьвязаны з ваенным заводам, прадукцыяй якога, пэўна, цікавіліся ў далёкай заморскай краіне. Кубінцаў часова пасялілі ў гасьцініцы за горадам, але яны пачалі часта апынацца на гарадскіх вуліцах, іх бачылі вечарамі ў адным з мясцовых рэстаранаў і даволі часта ў кавярні. Старэйшы з іх — Альберта — быў гадоў трыццаці, афрыканскага тыпу, амаль што чорнаскуры, жвавы як ртуць, а другі — Федэрыка — гадоў на пяць маладзейшы, вышэйшы ростам і па выглядзе мулат. Абодвум паказалі гарадскія славутасьці, павазілі па навакольлі і, нарэшце, правялі на аматарскі сьпектакль, у якім ваенрук і ў вольны час акцёр-аматар Цьвіль выконваў ролю Чэ Гевары. Кубінцам патлумачылі, што Цьвіль іграе бяз грыму, што ён стварыў музей Гевары, а яго бацька і маці калісьці працавалі на Кубе і нават намякнулі, што магчымае яго падабенства да героя рэвалюцыі невыпадковае. Кубінцы згодна паківалі галовамі, яны дрэнна валодалі мовай і не надалі асаблівага значэньня таму, што пачулі, але калі праз нейкі час выпадкова сутыкнуліся з Цьвілем на вуліцы, то не маглі схаваць зьдзіўленьня: насустрач ім ішоў сапраўд­ны клон Чэ, менавіта такі, якім пастаянна бачылі Гевару на шматлікіх фотаздымках, плакатах і ў кінахроніцы.
Кубінцы пасунуліся насустрач і пачалі ціснуць Цьвілю руку, успомнілі і пра сьпектакль.
— Si, si, amamos a Gevara!1 — паўтаралі яны горача, ляпалі Цьвіля па сьпіне і плячах.
Цьвіль, які да гэтага часу ўжываючыся ў ролю, пасьпеў вывучыць каля ста іспанскіх словаў і некалькі выразаў, сарамяжліва, але з энтузіяз­мам падтрымаў іх.
— Companeros! —узьнёсла гаварыў ён. — Socialismo o muerte!2 – і за­прасіў Альберта і Федэрыка да сябе дамоў.
Кубінцы патлумачылі яму, што цяпер ідуць па неадкладнай справе, але ўжо заўтра абавязкова наведаюцца ў госьці.
— Si, si, — казаў Цьвіль, адшукваючы ў кішэні асадку, каб запісаць ім адрас.
Назаўтра ўвечары Федэрыка і Альберта пастукаліся ў дзьверы. Цьвіль, які быў не зусім упэўнены ў тым, што яны прыйдуць, абрадаваўся.
Пазнаёміліся. Жонку Цьвіля звалі Лілія. Кубінцы ўважліва агледзелі створаны гаспадаром музей, ухвалілі, і без цырымоніяў паселі за стол, на якім Лілія падрыхтавала ежу і гарэлку. Гутарка, спачатку сумбурная і крыху нярвовая з-за несупадзеньня моваў, паступова, з кожнай выпітай чаркай, выроўнівалася. Гаспадыня таксама выпіла некалькі чарак, агеньчык у яе вачах разгараўся, што міжволі адчулі і госьці, акрамя самога Цьвіля. Звычайна той хутка п’янеў, што адбылося і на гэты раз. Хістаю­чыся, ён пайшоў у свой пакойчык і вярнуўся з малакаліберным кара­бінам у руках. Некалькі такіх самых карабінаў захоўваліся ў школьных сейфах, а адзін Цьвіль, як ваенрук, трымаў дома.
— Viva la Revolucion!1 — закрычаў ён, узьнімаючы зброю над галавой.
Кубінцы падтрымалі яго гучнымі воклічамі і ўзьнятымі кулакамі, але, між тым, спрытна адабралі карабін і зноў прымусілі гаспадара сесьці.
Ваенрук Цьвіль выпіў яшчэ адну чарку, схіліўся галавой на рукі і заснуў за сталом.
Кубінцы паімкнуліся было перанесьці яго на канапу, але жонка Цьвіля спыніла іх намаганьні, збольшага патлумачыўшы, што спаць яму і так зручна, а калі ён працьверазее, то знойдзе сабе месца і сам.
Яна кінула позірк на абодвух мужчынаў, потым кранула Альберта за руку і прапанавала яму агледзець іншую палову дома. Той згадзіўся, і дзьверы за імі зачыніліся. Федэрыка перасеў на канапу і пачаў разглядаць гаспадара, які спаў.
На другой палове жонка Цьвіля паказала Альберта нешта не зусім істотнае, потым замоўкла і, павярнуўшыся да таго амаль усутыч, млява зірнула яму ў твар. Рука яе дакранулася да яго грудзей, а пальцы раптам пачалі расшпільваць гузікі на кашулі.
Альберта не адразу зразумеў, што ад яго хочуць, і зьнерухомеў у нерашучасьці. “Так, так, — урэшце нізкім, як у коткі голасам сказала яна ўхваляюча і зусім дала волю рукам. Альберта падхапіў яе і пацягнуў на ложак. Моўчкі яны накінуліся адно на аднаго. Каб гучна не крычаць, жонка Цьвіля прыкусіла вугал падушкі і толькі стагнала, ашчаперыўшы мужчыну нагамі.
Праз колькі часу Альберта прыадчыніў дзьверы, высунуў голаў, агледзеўся, выйшаў да свайго сябра Федэрыка і, зашпільваючы штаны, кіўнуў галавой у бок дзьвярэй і сказаў:
— O, Que puta!2
Ваенрук Цьвіль па-ранейшаму спаў за сталом у крэсьле і, склаўшы пад галавой рукі.
— I Porqe tu te tardas? — прамармытаў між тым Альберта і тыцнуў пальцам у бок дзьвярэй. — Aqelante! Passa! Ella espera!3
Федэрыка спачатку не зразумеў, а потым толькі ўсьміхнуўся і моўчкі зьнік за дзьвярыма, але хутка высьлізнуў назад і сказаў сябру:
— Cono! Ella quere con los dos huntos.1
Альберта азірнуўся на гаспадара, які па-ранейшаму спаў, і зьнік за дзьвярыма разам з сябрам.

***
Ваенрук Цьвіль прачнуўся раптоўна, як іншым разам прачынаюцца многія з тых, хто ня звыкся з вялікімі дозамі алкаголю. Ён сядзеў за сталом адзін, у галаве тонка зьвінела, аддаючыся ў вушах, а ў роце было поўна сьліны. Нечаканы ўскрык за дзьвярыма, які перамежаваўся стог­намі, канчаткова яго абудзіў. Па голасе ён адразу зразумеў, што крычала Лілія, яго жонка. А паколькі кубінцаў за сталом не было, то выснова напрошвалася імгненна. Цьвіль ускочыў на ногі і хацеў ужо кінуцца ў суседні пакой, але позірк яго, амаль падсьвядома знайшоў тое, што яму было і трэба: руля адабранага ў яго раней карабіна выторквалася з-пад канапы, куды зброю схавалі госьці, але няўдала. Цьвіль выхапіў карабін, таргануў затвор і, упэўніваючыся на хаду, што карабін зараджаны, нагой выбіў дзьверы і ўваліўся ў пакой. Хоць там было амаль цёмна, ад сьвятла за сваёй сьпіной ён адразу ўбачыў выгнутую, як сакавіцкая котка, жонку і двух кубінцаў над ёй і маланкавае падазрэньне, якое ўзьнікла ў ім паўхвіліны назад, ператварылася ва ўпэўненасьць, што над жонкай учынілі гвалт.
— Лілія! — роспачна крыкнуў ён, не марудзячы нацэліў рулю і адразу націснуў курок. — Вось вам, выблядкі!
Грымнуў стрэл, але ў ліхаманцы ён прамазаў. Федэрыка, а Цьвіль цэліў у яго, ускочыў на ногі і закрычаў нешта па-свойму, засланяючыся, як малы, рукой, а старэйшы, Альберта, пэўна, быў больш спрытны і спрактыкаваны, бо яму хапіла тых двух-трох секундаў, пакуль Цьвіль перазаражаў карабін, каб выхапіць нож і кінуцца на гаспадара. Нож быў кнопачны, такія раскрываюцца імгненна, кубінцы носяць іх у кішэнях, і лязо ўвайшло Цьвілю ў грудзі, пад сэрца — той пасьпеў толькі выдыхнуць паветра і адразу асунуўся на падлогу. З роту ў яго паказалася крыху крыві, карабін выпаў з рук і бразнуўся на падлогу.
Ваенрук Цьвіль ляжаў мёртвы. Кубінцы замітусіліся, ліхаманкава перакідваючыся паміж сабой словамі. Відавочна, яны цьмяна ўяўлялі, што ім рабіць далей.
Самай спакойнай з іх усіх аказалася жонка Цьвіля. Яна моўчкі і хутка апранулася, паказала Федэрыка і Альберта, каб пачакалі і, укленчыўшы, памацала мужу пульс. Упэўніўшыся, што той нежывы, яна сьцягнула з ложка покрыўку і загадала закатаць у яе цела мужа. Кубінцы падпарадкаваліся.
Неўзабаве, перавязанае вяроўкамі, захутанае ў тканіну, яно нагадвала кокан. Федэрыка выцер анучай кроў.
— Bien2,— сказала на гэта гаспадыня, і пачала тлумачыць гасьцям, што трэба машына ці яшчэ які транспарт, каб вывезьці труп з дому і закапаць.
Кубінцы на ўсё згаджаліся. Альберта знакамі, перамяжоўваючы іх словамі на іспанскай, паказаў гаспадыні, што яны пойдуць, каб знайсьці машыну, але тая затрымала ля сябе Федэрыка, і Альберта згодна кіўнуў на гэта галавой і пайшоў адзін.
Як толькі ён зьнік, жонка Цьвіля пачала супакойваць узьнерваванага Федэрыка, пагладжваючы таго рукой, і рухі яе рукі, а потым і абедзьвюх набывалі ўсё больш адмысловае адценьне. Урэшце яна расшпіліла яму дзягу, але ў Федэрыка, якога білі нярвовыя дрыжыкі, нічога не атрымлівалася, і яна пакінула яго ў спакоі.
Была ўжо глыбокая ноч. Яны стаміліся чакаць, часам кубінец зусім губляў над сабой кантроль, але праз гадзіны паўтары вярнуўся Альберта і патлумачыў, як мог, гаспадыні, што ўгнаў нечы пікап, які стаіць зараз непадалёку ад дому.
Цела ваенрука Цьвіля вынеслі, Альберта сеў за руль, побач з ім Федэрыка, і пікап растварыўся ў цемры.

***
Жонка Цьвіля больш ніколі ня бачыла забойцаў свайго мужа. Праз некалькі дзён кубінцы, тэрмін знаходжаньня якіх на ваенным заводзе і ў краіне падыйшоў да канца, зьехалі. А яшчэ праз дзень яна пайшла ў міліцэйскі пастарунак свайго раёну, дзе зрабіла заяву пра зьнікненьне мужа. У ёй жонка Цьвіля патлумачыла, што апошнім часам яе муж паводзіў сябе неадэкватна, не аднойчы выказваў пажаданьне сыйсьці з дому і быццам рыхтаваць недзе нейкую рэвалюцыю, пра што яна нікому не расказвала, але зьвярталася да гарадскога псіхіятра, каб той агледзеў мужа, які пасьпеў ужо праславіцца ў горадзе сваімі дзівацтвамі, у прыватнасьці пастаянна індэнтыфікуючы сябе са славутым Чэ Геварам.
Справа аб зьнікненьні ваенрука Цьвіля так і засталася вісець “глушаком”. Урэшце, пра яе хутка забыліся: ці мала ўвогуле зьнікае людзей? Псіхіятр пацьвердзіў яе словы часткова, маўляў, самога Цьвіля ён не назіраў, каб паставіць дыягназ, але жанчына сапраўды зьвярталася да яго па дапамогу.
Суседзі і знаёмыя штодня бачылі Лілію Цьвіль — як яна ішла на працу, а потым вярталася дадому: танклявая, у цёмных акулярах — на выгляд сарамлівая, нібы вучаніца, маленькі рот заўсёды сьціснуты, галава паніклая. Блізкіх сябровак у яе не было. Ніхто ніколі ня ведаў, пра што яна думае. Калегі па працы спачувалі ёй. “Муж, такі дзівак, крыху не ў сабе, пайшоў ад яе, — гаварылі яны. — Бедная жанчына.”
Сьпектакль, у якім акцёр-аматар Цьвіль іграў Чэ Гевару спачатку адклалі, каб знайсьці зьнікламу замену, а потым і ўвогуле адмянілі — тэма рэвалюцыі паступова апынулася ў зацені.