12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Станкевіч

_____________________
Партрэт выпускніка на фоне "адлігі". Аповесьць

Шчасьце — нязьменны стан,
ня створаны чалавекам у гэтым сьвеце.
Таму ўсе нашыя думкі аб ім у жыцьці аказваюцца хімерамі.
Жан-Жак Русо. «Споведзь».

Чалавек паволі крочыў праз гарадскі сквер: высокага росту, з сівізной на скронях, гожым адкрытым тварам, толькі вочы былі схаваныя за сонцаахоўнымі акулярамі. Апрануты ён быў, як зараз кажуць, дэмакратычна — джынсы і лёгкая куртка-вятроўка. Мужчына ішоў па алейцы, паглыбляючыся ў зацень. Травеньскае сонца перайшло ўжо зеніт. Было даволі цёпла, а на адкрытых месцах, дзе не расьлі дрэвы, нават сьпякотна. Мужчына знайшоў сабе лаўку, ля якой было адносна менш выкарыстаных шпрыцоў, і прысеў адпачыць. Ён расслабіўся і ледзь не задрамаў, але яго схованку абудзілі рэзкія маладыя галасы і воклічы. Гэта былі выпускнікі, бо на некаторых з іх ён заўважыў чырвоныя стужкі цераз плячо з адпаведным над­пісам. Яны хутка запоўнілі невялічкую палянку-пляцоўку непадалёку. Юнакі адразу паздымалі кашулі, а дзяўчаты пачалі сьцягваць калготкі, дэманструючы стройныя, яшчэ не загарэлыя ногі. З сумак імкліва павымалі віно і гарэлку, а пластыкавыя шклянкі пачалі пераходзіць з рук у рукі.
Мужчына хацеў устаць і пайсьці, але да яго ўжо набліжалася адна з дзяўчын. У яе былі валасы саламянага колеру і рабаціньне на твары і на аголеных плячах.
— Агеньчыку не пазычыце?
Мужчына аддаў ёй запальнічку.
— Пакіньце сабе, — сказаў ён. — Я амаль не куру.
— Я тут ля вас падымлю, — дзяўчына прысела на лаўку. — Вы ня супраць? Там, бачыце, занадта тэстастэрону, — яна кіўнула ў бок сваёй шумнай кампаніі.
— Прывыкайце, — мужчына зьняў акуляры. — Сёньня вы, так бы мовіць, выпадаеце з гнязда.
— Вылятаем ці выпадаем?
— Мяркую, выпадаеце. Вы мне напомнілі адну дзяўчыну. З маёй ма­ладосьці.
— А-а, як рамантычна. Вы б расказалі.
— Успамінаць асабліва няма чаго, акрамя аднаго выпадку. Наўрад ці вас гэта зацікавіць, дый часу бракуе, як і ў вас, дарэчы.
Мужчына падняўся з лаўкі.
— Як вас зваць? — раптам спытаў ён.
— Вераніка.
— Прыгожае імя. Вы таксама прыгожая.
— Дзякуй за камплімент. А вас?
— Ігнат. Ігнат Васільевіч. Ну, удачы ў жыцьці.
Мужчына пайшоў далей скрозь весялосьць і малады імпэт і падумаў пра тое, што вось быццам наступіў для іх першы дзень свабоды і самастойнасьці і ўвесь Сусьвет, як ім здаецца, толькі для іх — са сваімі вартасьцямі, адкрыцьцямі, радасьцямі. Сусьвет, які мы дагэтуль ня можам зразумець і наўрад ці калі зразумеем, хіба акрамя той простай рэчы, што ён пашыраецца адпаведна Хаблу. Але і гэта можа быць няпраўдай. І прафанічная навука, якую вывучалі гэтыя дзеці, таксама — мана. Магчыма, усё на гэтым сьвеце — мана. А яны — усяго толькі сьлепакі, на якіх ужо рыхтуюць напад сілы жыцьця. Так, сьлепакі.
Мужчына раптам успомніў, што птушкі іншым разам выводзяць птушанят у плафонах ліхтароў і ў дзень вылету тыя гінуць, бо іх вочы ня ба­чаць, хаця ў здаровых птушак зрок у восем разоў пераўзыходзіць чалавечы.
Школа як пачатак нашага шляху. Якая яна павінна быць, да чаго рыхтаваць? Можа, толькі даваць веды? Але вопытныя людзі кажуць: той, хто ведае і бачыць занадта многа — як і той, хто бачыць і ведае занадта мала, — можа зьбіцца са шляху і загінуць.

1
Сыход са школы адзначалі за яе будынкам, ля памыйкі. Потым яны і самі зьдзіўляліся: ну і месца выбралі. Скінулі ў “абшчак” грошы, якія мелі пры сабе, і прынесьлі таннага віна — па бутэльцы кожнаму. На закуску грошай не хапіла.
Нельга сказаць, што менавіта чарговая школьная рэформа прымусіла ўсіх чатырох, пасьля таго як здалі экзамены за дзевяць класаў, забраць дакументы. Сутнасьць той рэформы, калі спрошчана, заключалася ў тым, што ранейшае дзесяцігадовае навучаньне на базе сярэдняй школы прадаўжалася на год і мусіла спалучацца з вытворчым, якое праходзіла на бліжэйшых заводах і фабрыках. Яны ўжо хадзілі, дарэчы, на такое вытвор­чае навучаньне: спрабавалі нешта выточваць на станках, падносілі балванкі. Пасьля адзінаццацігодкі тых, хто не ўхітрыўся ці не пасьпяваў па­сту­піць у ВНУ, адразу забіралі ў войска. Тут усё было з вытанчаным разьлікам. Скончыўшы ж звычайную дзесяцігодку, паступаць у ВНУ можна было нават двойчы — фора ў два гады давалася даволі адчувальная. Ні Міхасю Астапковічу, ні Яфіму Гурскаму персьпектыва прася­дзець у школе лішні год, вядома, не ўсьміхалася: іх больш-менш забясьпечаныя бацькі ўжо пралічвалі далейшую вучобу для сваіх дзяцей. Вітас Варгуліс (яго бацька, літовец, быў рэпрэсаваны) — старэйшы за ўсіх, бо аднойчы застаўся ў пятым класе на другі год, проста хацеў быць вольным — пайсьці, пакуль тое-сёе, куды-небудзь папрацаваць; таго ж хацеў і Ігнат Канюкоў. Ён таксама быў сынам рэпрэсаванага, і яму нічога “не сьвяціла”, хаця вучыўся роўна і дакументы атрымаў з неблагімі адзнакамі, як, дарэчы, і Варгуліс.
Ля памыйкі было ціха, прыгравала сонца. Пілі з рыльца, пасеўшы на траву. Любімы напой пралетарыяў — віно пад назвай “Волжское” — паступова стукаў у голаў, “прыход” быў адчувальны.
Закурылі.
— Кайф! — блажэнна выказаўся Міхась Астапковіч.
— Не баісь, хлопцы, усё мы правільна зрабілі, а то з...лі нас тут уся­-лякай хернёй, — «разважаў» Вітас Варгуліс. — Ікс квадрат плюс ігрэк дамкрат раўняецца... гіпатэнузе акселерат, цьфу ты... Хачу свабоды, надакучыла ўсё. Я гэтую школу перарос.
— Усё, на мой сьціплы погляд, прафаніраванае выкладаюць. Мана, — падтрымаў яго Ігнат Канюкоў.
Яфім Гурскі на гэтыя пасажы тактоўна прамаўчаў. Ён быў лепшым матэматыкам у класе.
— Яно так, але ўсё роўна без атэстату нам гамон, — ахаладзіў Варгуліса Астапковіч. — І на рабоце, куды мы, можа, і ўладкуемся, адразу прыгра­буцца: давай адпаведную “ксіву”. Хіба што плоскае цягаць, круглае качаць...
— Гэта я... Не, няхай дэбілы з імбецыламі цягаюць. Я акцёрам буду, — адразу “саскочыў з возу” Варгуліс.
— Усё роўна табе давядзецца вучыцца, — выказаўся ўрэшце і Гурскі. — Ну, хоць якую тэатральную вучэльню скончыць. Сістэму Станіслаўскага засвоіць.
— Ну, можа, пасьля.
Варгуліс падумаў, раптам выцягнуў з кішэні фінку, драпежна прымружыў вочы і заціснуў яе ў зубах.
— Каўказскі танец, называецца лезгінка, — аб’явіў ён, ускочыў і па­чаў перабіраць нагамі, зноў вырачыўшы вочы і выкрыкваючы праз зубы: “ас-с-с-са!”.
— Ну, як я ў грузіна пераўвасобіўся? — урэшце спыніўся ён.
— О-о, клас, — вяла адобрылі ўсе.
— А закусіць не ўзялі, — зазначыў Міхась Астапковіч.
— Сала б, хлеба лустачку белага.
— Мо кілбасы кракаўскай?
— Лепшая закуска — цыгарэта.
І праўда, пра закуску яны, зусім нявопытныя выпівохі, не падумалі.
— Ну, а ты куды намыліўся? — спытаў Ігната Астапковіч, хаця яны з ім неяк і абмяркоўвалі гэтае пытаньне раней.
— Ты ж ведаеш, пайду на завод, мне ўжо шаснаццаць. Хаця з шаснаццаці не бяруць, паабяцалі ўзяць, праўда, на цяжкую работу.
— На якую такую “цяжкую?” — спытаў Яфім Гурскі. — Ты, гэта, да­ла­жы калектыву, не хавай.
Ігнат Канюкоў хацеў адказаць, але раптам адчуў, што язык яму не падуладны.
— Э-э-э, — ён нечакана зразумеў, што п’яны. Бутэлька была пустая.
— Ну, а я пасплю, — неспадзявана аб’явіў Астапковіч, выцягнуўся ў траве, сплюнуў і засоп.
— І мне, гэта, нешта не таго, я таксама адпачну, — Гурскі прылёг побач і заплюшчыў вочы. Твар яго стаў бледны.
Ігнат раптам адчуў, што адключаецца. Перад вачыма плыло, ногі не слухаліся. Ён паваліўся ў траву.
Праз якія паўгадзіны іх “застукала” прыбіральшчыца, якая выносіла на памыйку сьмецьце. Яна адразу пабегла да дырэктара.
Далей падзеі разгортваліся імкліва. Дырэктар, па школьнай мянушцы Сырнік (паўнаваты, сьветлавалосы і ружовашчокі), неадкладна прыбег на месца здарэньня. Ён спачатку перапалохаўся, але, убачыўшы пустыя бутэлькі, адразу ўсё зразумеў і дзейнічаў аператыўна. “Хуткая дапамога”, выкліканая ім на ўсялякі выпадак, неўзабаве прыбыла на памыйку. Усіх чатырох збольшага прывялі ў прытомнасьць, прычым Астапковіча званітавала, пагрузілі ў машыну і разьвезьлі па дамах.
Назаўтра яны павінны былі забіраць дакументы. Сырнік прыняў усіх чатырох у кабінеце, але насуперак іх перасьцярогам, паводзіў сябе прыстойна і па-мужчынску: надта не ўшчуваў і не пагражаў ніякімі карамі.
— Галовы баляць? — тактоўна спытаў ён.
— Так, — згадзіліся яны.
— Спачуваю, але дапамагчы нічым не магу.
— Мы, гэта, вінаватыя, — пачалі яны прасіць прабачэньня.
— Там за вакном, — дырэктар Сырнік загадкава паказаў пальцам, — шмат усялякай работы. Так што жадаю вам посьпехаў. І запомніце: каб піць — трэба ведаць сваю дозу і не забывацца пра добрую закуску.
З дакументамі ў руках яны выйшлі на школьны двор, з палёгкай, але і з пачуцьцём незразумелай трывогі азірнуліся ў апошні раз на школу, дзе правучыліся з першага па дзявяты клас, і — пайшлі на вуліцу, сышоўшыся ў словах і думках, што дырэктар Сырнік увогуле неблагі мужык.
Больш піць не рызыкавалі: дома кожнага ўжо чакалі бацькі.
Ігнат Канюкоў з Варгулісам жылі недалёка адзін ад аднаго і таму пайшлі дадому разам.
— Справа ў тым, — тлумачыў Ігнату па дарозе Варгуліс, — што ўлад­­кавацца на работу куды-небудзь хаця і складана, але рэальна. А вось у вячэрнюю школу давядзецца ісьці зноў у дзявяты клас. Там, як я даведаўся, у іх якраз наконт нашых выпадкаў строга і ўсё агаворана, да таго ж іншая праграма. Так што ўсё роўна выпадае адзінаццаць гадоў сядзець за партай. Думаеш, мы адны такія хітрыя ды ўвішныя? У гэтай краіне ўсё на шкоду маладым.
— Дык што рабіць? — вяла пацікавіўся Ігнат.
— А мы даведкі падробім.
— Як гэта?
— А вось пайшлі да мяне. Я ўжо ўсё прадумаў.
План Варгуліса сапраўды быў геніяльна просты. Да восені ўладкавацца на работу, падрабіць у дакументах адзнакі і даты (усяго адну-дзьве лічбы) і падаць тыя даведкі ў дзясяты, апошні, клас (у так званых СШРМ захоў­валася дзесяцігодка) і ў самую далёкую ад нашай вячэрнюю школу. Такую хутка знайшлі — гэта была дзесяцігодка для рабочых, брыгадзіраў, майстроў, у якіх не было сярэдняй адукацыі. Школа разьмяшчалася ў раёне вакзалу на базе дзённай.
Абмеркаваўшы план у дэталях, Канюкоў з Варгулісам разам і паасобку пачалі шукаць работу. Але ўладкавацца на які-небудзь завод ці фабрыку аказалася ня так проста з-за іх маладога ўзросту і таму, што яны ня мелі ніякай прафесіі. Лета заканчвалася, і разам з надыходам восені нарастала іх няўпэўненасьць.
Урэшце калі яны сустрэліся пасьля чарговых беспасьпяховых пошукаў, Варгуліс нечакана выбухнуў злосьцю:
— Трэба, лічу, уцякаць адсюль, рабіць ногі, як кажуць, бо тут пануюць хітрыя дурні і пакладанцы. Па радыё з-за “бугра” штодня балбочуць: “ад­ліга, адліга”, а што зьмянілася? З...ла мяне гэтая камунія. Толькі і чуеш: “умножим мы усилия в борьбе за изобилие…” А дзе яно — “изобилие”? Дый ня ў ім адным справа. Мне душна тут, у гэтым гноеадстойніку.
Паколькі такая ж думка не аднойчы ўзьнікала і ў Канюкова, ён з доляй скепсісу, але з энтузіязмам падтрымаў сябра, хоць вымушаны быў яго крыху ахалодзіць.
— Куды іменна мы будзем уцякаць? — спытаў ён. — Толькі не за “изобилием”, а за свабодай. Мне свабоды не хапае.
Варгуліс выцягнуў карту, пэўна даўно падрыхтаваную, схіліўся над ёй і нейкі час старанна вывучаў.
— Бліжэй за ўсіх — Фінляндыя, — урэшце аб’явіў ён.
— Нават калі мы здолеем прабрацца праз мяжу, фіны выдадуць нас Саўдэпіі. У іх узаемнае пагадненьне. Я чуў па радыё...
— Маеш рацыю. Тады трэба ўцякаць праз мора.
— На чым? На плыце з бярвеньняў?
— Дык што нам тут — падыхаць?
Ігнат Канюкоў міжволі задумаўся. Сапраўды, персьпектыва заставацца тут на ўсё жыцьцё ім, бязбацькавічам ды яшчэ дзецям рэпрэсаваных, нічога добрага не абяцала. Наперадзе былі праца, голад, холад, адзінота і марна страчаны час.
— Трэба чакаць, быць мудрымі, зарабіць грошай.
— Дзе зарабіць? Я, можа, і хачу, а не даюць магчымасьці.
— Там, дзе пашанцуе.
Варгуліс нярвова падхапіўся з крэсла. Новая ідэя раптоўна натхніла яго.
— Мы забылі, што каб выжыць, трэба скарыстаць і хітрасьць. А што калі падаць заяўку на марш-кідок міру, ну, прыкладам, па Еўропе? На веласіпедах, з адпаведнымі лозунгамі: “Мир, труд, май”?.. Яны ж абажаюць гэтую херню...
У краіне сапраўды ў разгары была так званая хрушчоўская “адліга”, пра якую яны, нягледзячы на глушылкі, слухалі па прымачах. Моднымі, адпаведна, сталі і ўсялякія “мірныя” рухі, дзеяньні і ўчынкі самых розных энтузіястаў. Пра гэта казалі па тэлебачаньні і ў кінахроніках, пісалі ў газетах.
— І што?
— Як толькі нас выпусьцяць за мяжу, мы і ўцячэм.
У гэтым наіўным і дастаткова вар’яцкім плане Варгуліса была нейкая нязначная рацыя, і Ігнат сказаў, што абдумае ўсё дома, але на работу ўладкоўвацца давядзецца ўсё роўна — так да іх будзе менш падазронасьці.
Ліст у Маскву яны пасьля ваганьняў усё-ткі адаслалі. Ігнат, які пісаў без памылак, сам склаў яго па-руску.

2
Праз тыдзень Вітас Варгуліс уладкаваўся падсобнікам на завод аўтаабс­таляваньня і пачаў выконваць там самую чорную работу: абточваць загатоўкі, прыбіраць і цягаць да станочнікаў балванкі.
Ігната Канюкова па пратэкцыі ўладкавалі на фабрыку зьбіваць скрыні, паабяцаўшы, што праз месяц-другі, напэўна, перавядуць вучнем у цэх. Ён трапіў у брыгаду некалькіх змрочных, абыякавых да ўсяго, акрамя гарэлкі, дзядзькоў. Яны ўручылі Ігнату малаток, шынку і паказалі, дзе браць дошкі і цьвікі.
Вячэрніх школаў у горадзе было некалькі, і ён разам з Варгулісам пробна, больш дзеля разьведкі, панесьлі дакументы ў бліжэйшую. Але там іх згадзіліся прыняць не ў дзясяты, а зноў у дзявяты клас — пэўна, ужо дзейнічала адпаведная інструкцыя ў сістэме адукацыі. Заставалася адно — падрабіць даведкі, што яны і зрабілі на кватэры ў Варгуліса.
Паколькі ім выдалі і яшчэ па даведцы з месцаў працы, то або­двух адразу і залічылі ў дзясяты клас. Вячэрняя школа на базе дзённай была побач з вакзалам. На занятках Ігнат з Варгулісам па звычцы селі за апошнюю парту, з цікавасьцю аглядаючы незнаёмае “дарослае” асяроддзе. Некаторыя вучні мелі ўжо лысіны, іншыя — сівізну, але былі і маладзейшыя на выгляд. На сяброў таксама зьвярнулі ўвагу, бо заняткі ішлі ўжо амаль тыдзень, і яны аказаліся ў ролі навічкоў. Аднаго з вучняў іх дзясятага класа Ігнат з Вітасам адразу пазналі: гэта быў майстар з заводу агрэгатаў, на якім яны, яшчэ ў дзённай школе, праходзілі абавязковую вытворчую практыку. Майстар быў невялікага росту, у гадах, з вострым тварыкам і ўхілістымі вочкамі, якія нейкі час зьдзіўлена і падазрона сьвідравалі хлопцаў.
— Як ты думаеш: пазнаў ён нас ці не? — змрочна спытаў Вітас у Ігната.
— А якая розьніца?
— А такая, братка, што калі пазнаў, то нашы справы — гамон. Не падабаецца ён мне. І на заводзе ад яго на ваніты цягнула. Дастаў, вылучэнец хрэнаў. Халоп. Як ты думаеш: “заложыць” ён нас ці не?
— А навошта гэта яму? Мужык жа, быццам. Якая яму карысьць?
— Не, тут небясьпека, — не згадзіўся Варгуліс. — Я нутром адчуваю гэтую гніду. Хоць бы далі які месяц-два павучыцца, а там мо ў іншую школу далей перавесьціся можна было б, у завочную напрыклад.
Прайшоў урок, другі, і хлопцы паспакайнелі. На перапынку нават зьбегалі ў вакзальны буфет за пончыкамі. Але ў пачатку чарговага ўроку ў клас зайшоў дырэктар школы — хваравітага выгляду мужчына гадоў пяцідзесяці.
— Канюкоў Ігнат, Варгуліс Вітас, устаньце! — загадаў ён.
Сябры падняліся з-за парты.
— За падман адміністрацыі і махлярства вы выключаецеся са школы. Забярыце вашую “ліпу”, — дырэктар кінуў на стол іх паперы — і каб мы вас больш ня бачылі. Тут вучацца сур’ёзныя людзі. Зараз жа пакіньце клас, а то я выклічу міліцыю.
Унурыўшыся, абодва забралі са стала даведкі і пайшлі да дзьвярэй. Апошняе, што ўбачыў Ігнат, быў радасны тварык майстра з заводу агрэгатаў. Вочкі яго трыумфальна блішчэлі.

l l l
На фабрыцы Ігнат моцна стамляўся. У такарным цэху стаяў пастаянны грукат малаткоў і віск цыркулярнай пілы. Ад скразьнякоў часта прастуджваўся, але малады і моцны арганізм не даваў захварэць. Пра школу ён пакуль ня думаў, а ў вольны час прыахвоціўся да кніжак, да якіх меў цягу з дзяцінства.
Недалёка ад дому, дзе ён жыў, яшчэ значна раней Ігнат заўважыў невялічкую бібліятэку з даволі прыстойным наборам кніг па замежнай, беларускай і рускай літаратуры. “Адліга”, пра якую штодня ўспаміналі варожыя радыёстанцыі з Захаду, нечакана дазволіла шматлікім увішным літаратарам перакласьці сур’ёзных заходніх пісьменьнікаў, асобныя кніжкі якіх аселі на палічках гарадскіх бібліятэк. Вядома, яны былі ня надта запатрабаваныя, але ацаніць для сябе сам гэты факт Ігнат здолеў толькі пазьней, калі пачаў фарміравацца яго літаратурны густ. У бібліятэку прыходзілі літаратурныя часопісы, сярод якіх ён аддаваў перавагу “Иностранной литературе” і “Новому миру”. Ігнат адкрыў для сябе Дастаеўскага, Чорнага, Гарэцкага, Фіцджэральда, Фолкнера, Хэмінгуэя, Голсуорсі, братоў Манаў, Гамсуна і яшчэ многа якіх пісьменьнікаў. Урэшце, гэта была не яго віна, што частку жыцьця ён пазнаваў спачатку па кнігах: ва ўсякім разе яны хаця б выхавалі яго густ.

3
Варгуліс паведаміў Ігнату, што плануе занесьці дакументы ў завочную школу, толькі не гарадскую, а раённую. Там таксама дзесяцігодка, бяруць усіх, і стукачоў там, напэўна, няма, ну, можа, менш, чым у гарадской. Толькі езьдзіць далекавата.
— Пойдзем? — прапанаваў ён.
— Не пайду, — адказаў Ігнат. — Вельмі стамляюся на рабоце і да­лёка езьдзіць ня здолею. Ну, хіба пасьля, калі мяне перавядуць у цэх.
У выхадны ён схадзіў да Гурскага. Той расказаў яму, што ўжо лічыцца нейкім лабарантам, а вучыцца пайшоў у дваццаць шостую вячэрнюю школу адразу ў дзясяты клас. “Там мая старэйшая сястра матэматыку выкладае”, — шматзначна дадаў ён.
Дваццаць шостая школа знаходзілася ў ваенным гарадку.
Маці Гурскага прынесла гарбаты, а потым у пакой зайшла і яго сяст­ра-настаўніца, даволі прыгожая маладая жанчына.
— Чаму ж вы ня вучыцеся? — пацікавілася яна ў госьця.
Ігнат адказаў, што яшчэ пасьпее. А пакуль не выпадае, гэта значыць — не шанцуе.
— Але ж вы добра вучыліся ў дзённай школе, — заўважыла яна. — Фіма кажа, нават бяз троек.
— Я б здолеў лёгка дагнаць дзесяцікласьнікаў па іх праграме і ў вя­чэрняй школе, але там мне не спадабалася.
— Дзе гэта — там? У якой менавіта?
— У гарадской вячэрняй рабочай моладзі, ля вакзалу. Атмасфера ня тая, асяроддзе, — Ігнат пераводзіў усё на жарт.
— А што кажуць дома? — спытала Яфімава сястра. — Вам жа трэ­ба думаць пра інстытут.
— Бацькі ў мяне няма, а свае справы я вырашаю сам, — незалежна адказаў Ігнат.
Яфімава сястра скрушна пакруціла галавой і пакінула іх.
Яны згулялі з Гурскім партыю ў шахматы, і Ігнат пайшоў дадому. З раніцы назаўтра трэба было скалочваць скрыні. Рукі ў яго былі ў сіняках і дробных гематомах: ружовых — сьвежых і чорных — старых.
А праз дзень, увечары, Гурскі сам прыйшоў дамоў да Канюкова. Шчокі яго зьзялі румянкам, на вуснах блукала загадкавая ўсьмешка.
— У школу яшчэ не ўладкаваўся? — спытаў ён Ігната.
— Не.
— Чаму так?
Той паціснуў плячыма.
— Дэпрэсія. Я, можа, і хачу вучыцца, а народ супраць.
— Не напускай туману. Ідзі да нас, у дваццаць шостую.
І тут Ігнат збольшага расказаў яму пра тое, як яны з Варгулісам былі выкрытыя, і пра падробленыя даведкі.
— Разгаданыя і адрынутыя — гэта пра нас, — падрахаваў Ігнат свой аповед. — Чаму ў той дваццаць шостай мне пашанцуе? Даведкі назад не адновіш — там усё пашкрабана. Убачаць. І ў мяне няма там сястры-настаўніцы.
— Затое ёсьць у мяне, — усьміхнуўся Яфім. — Карацей, прынось дакументы. Да-моў-ле-на... Цябе аформяць, толькі... нікому, зразумеў? Будзем, спадзяюся, вучыцца разам.
На другі дзень Ігнат павёз дакументы ў ваенны гарадок. Дырэктарка дваццаць шостай вячэрняй школы — сярэдніх гадоў жанчына з прос­тым тварам і гладка забранымі ў вузел на патыліцы валасамі — уважліва агледзела просьбіта і спытала:
— Дзе працуеце?
Ён адказаў.
— Давайце дакументы.
Яна нейкі час вывучала падробленыя даведкі.
— І вы спадзяваліся, што гэта не заўважаць? — яна памахала паперкай у паветры. — У вас ёсьць бацькі?
Ігнат раптам сказаў праўду, што бацька прапаў у лагерах, а ёсьць толькі маці.
Дырэктарка падумала і вырашыла:
— Добра. Бяром вас у дзясяты, выпускны, клас, але з дзьвюма ўмовамі.
— Гэта якімі? — пацікавіўся ён.
— Першая: я вашым даведкам... паверыла. Разумееце? І другая: бу­дзеце вучыцца нармальна і заняткі не прапускаць. Дарэчы, я б вас не прыняла, калі б вы былі адстаючым ці двоечнікам. А вы ж у сілах падцягнуцца па праграме. Да таго ж, я сазванілася з вашым былым школьным дырэктарам, ён станоўча ахарактарызаваў вас. Вам падыходзіць тое, што я прапаную?
— Так, так. Дзякуй Вам!
— І яшчэ зазначу. Ваш узрост, можа, самы цяжкі і небясьпечны. Вы­трымаеце, не пахісьнецеся — значыць адваюеце сабе месца ў жыцьці.

4
Ішла ўжо восень. Ігната так і не перавялі ў цэх, і ён па-ранейшаму зьбіваў скрыні. З першых невялікіх заробленых грошай набыў сабе сьвітэр і нават, у растэрміноўку, прыстойны плашч. Сьвітэр, даволі танны, але прыгожага колеру, прадала яму маці Яфіма — яна працавала загадчыцай секцыі ў прамтаварнай краме.
Пасьля работы ён ехаў дадому, але доўга адпачываць не выпадала: трэба было зьбірацца ў школу. Першы вечар там, на новым месцы, занялі ў асноўным знаёмствы. Будучыя выпускнікі дзясятага класу ўяўлялі сабой стракатую сумесь з вайскоўцаў і цывільных самага рознага ўзросту і полу: за партамі сядзелі пасівелыя маёры і радавыя, старшына і лейтэнант, жонкі афіцэраў і некалькі рабочых, дзяўчаты і сацыяльна неакрэсьленыя асобы сталага і маладога ўзросту. Ва ўсіх іх, як урэшце і ў Ігната з Гурскім, была адна мэта: атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі.
На першую вызначальную сходку іх выпускнога 10 “А” Ігнат Канюкоў прыехаў разам з Гурскім. Той курыў зрэдку і таму адразу пайшоў у клас, а Ігнат апынуўся ў курыльні — пакойчыку з адчыненай форткай, адны з дзьвярэй якога вялі ў прыбіральню. Перад ім адзінока дакурваў папяросу сярэдняга росту, цёмны з твару, вусаты жаўнер, паходжаньнем яўна з Каўказу. Урэшце так і аказалася.
— Веліеў, — прадставіўся той і спытаў: — Таксама давучвацца? Не служыў яшчэ?
Ігнат кіўнуў.
— Не.
— А я вось загрымеў, ды не са сваім годам. Мне ўжо дваццаць пяць. Гэ-х-х, як мне дрэнна!
Званок перапыніў іх размову.
Калі зайшлі ў клас, Ігнат пашкадаваў, што адразу не заняў зручнага месца ля вакна. Там ужо сядзелі некалькі жанчын, але па дзьве. Веліеў сеў ля ўвахода з краю.
Ігнат пашукаў вачыма Яфіма Гурскага, але і побач з ім вольнага месца не было. Давялося ісьці далей, дзе адзінока сядзеў лысы капітан у летняй вайсковай форме. На выгляд яму было далёка за сорак. Урэшце, ён быццам абрадаваўся Ігнату і, схіліўшыся да таго, працягнуў руку і прашаптаў:
— Маё прозьвішча Дзівіцкі.
— Канюкоў.
У клас тым часам зайшла дырэктарка, а за ёй сьветлавалосая, худзенькая, коратка стрыжаная маладая настаўніца ў даўгой, ніжэй каленяў, сукенцы, якая аблягала вузкія, хлапчуковыя клубы.
— А гэта ваш класны кіраўнік, — прадставіла яе дырэктарка. — Яна, дарэчы, будзе выкладаць вам рускую мову і літаратуру, а завуць яе... урэшце, хай скажа сама.
— Паліна Мікалаеўна.
Голас у класнай настаўніцы быў нізкага тэмбру, тым ня менш зусім дзявочы, з нязвыклым для Ігната чыста рускім вымаўленьнем. Кагосьці яна яму нагадала, падумаў ён. Каго?
Дырэктарка пайшла, а класная пачала выклікаць кожнага па прозьвішчы, зьвяраючыся з журналам.
— Конюхаў Ігнат, — урэшце назвала яна.
Ігнат падняўся з-за парты.
— Я не конюх, — сказаў ён мякка, але рашуча.
— А як правільна? І я ж не сказала: конюх.
— Канюкоў. Націск на о. Вялікая розьніца.
Класная нечакана пачырванела.
— А ў чым розьніца? Патлумачце.
— Прозьвішча Конюхаў мае ў сваёй аснове слова “конь”, ну і адпаведную сацыяльную скіраванасьць. А прозьвішча Канюкоў ад слова “канюк” — гэта птушка з сям’і сакаліных, па латыні: archibuteo lagopus. Верагодна, спачатку прозьвішча было прасьцейшым і карацейшым: Канюк, але расейцы ўсім часта дадавалі свае канчаткі. У ходзе русіфікацыі.
— Як вы ўсё талкова растлумачылі. Асабліва пра расіян. Выбачайце.
— Ды нічога, — Ігнат раптам і сам засаромеўся.

5
На ўроках было сумнавата. Ігнат не любіў матэматыку, хімію, абыякава ставіўся да фізікі, але астраноміяй захапляўся. А больш за ўсё паважаў літаратуру. Праўда, беларускай мовы і літаратуры ў праграме не было ў сувязі з тым, што большасьць вучняў былі ці дзеці вайскоўцаў, ці самі вайскоўцы, і ў іх вячэрняй школе пра беларускую мову і не нагадвалі.
Нягледзячы на тое, што адставаньне па праграме было даволі значнае, вучоба давалася яму, як і Яфіму Гурскаму, з лёгкасьцю. Побач з імі сядзелі за партамі самыя розныя людзі, але большасьць з іх з вялікай цяжкасьцю засвойвала праграму.
Капітан Дзівіцкі, саромеючыся, сьпісваў у Ігната заданьні. Ігнат яго разумеў: Дзівіцкаму, каб атрымаць чарговае званьне, трэба было прадставіць па месцы службы атэстат аб сярэдняй адукацыі. “А потым, — казаў капі­тан, — выйду на пенсію і займуся рыбалкай. Усё, братка, надакучыла”.
На першай парце проста перад настаўніцкім сталом сядзеў старшына Траўкін — невысокі, з дробным зморшчаным тварам чалавек аднекуль з Расіі, мэтай жыцьця якога ў апошні час было стаць лейтэнантам і атрымаць афіцэрскія пагоны. Маладыя жонкі афіцэраў, а іх у класе было тры, якія не пасьпелі калісьці скончыць школу, бо рана павыходзілі замуж, пасьмейваліся з яго і расказвалі розныя непрывабныя гісторыі. Казалі, што Траўкін неверагодна скупы і трымае сям’ю ледзь ня ў гола­дзе, што салдаты прыляпілі яму мянушку “мачалка”, бо ён не дае ім спакою ні ўдзень, ні ноччу, і што Траўкін, каб дасягнуць сваёй мары, гатовы на любыя прыніжэньні. І сапраўды, Траўкін паводзіў сябе як халоп: кідаўся выціраць дошку, абмахваў перад настаўнікамі крэсла, з усімі адразу згаджаўся. Ён быў да таго ж неверагодна тупы. Самыя прос­тыя заданьні па школьнай праграме даваліся яму з вялікай цяжкасьцю, але ні ў адной настаўніцы не падымалася рука паставіць яму “нездавальняюча”: яго шкадавалі, нібы ўбогага.
Веліеў моўчкі праседжваў урокі, а ў перапынках ішоў курыць. У курыльні ён таксама змрочна маўчаў і перакідваўся толькі двума-трыма словамі з Ігнатам, які неяк пачаставаў яго віном. Віно Ігнат калі-нікалі прыносіў у біклазе, якую трымаў у кішэні курткі, на перапынках раз-пораз робячы глыток пад цыгарэту: так рабілі героі з прачытаных ім кніг Хэмінгуэя. Веліеў у адказ частаваў яго “траўкай”, якую, па яго словах, яму прысылалі з радзімы ня толькі ў пасылках, а нават і ў канвертах. Ён выцярушваў тытунь з папяросы, спрытна набіваў яе “траўкай”, потым прыпальваў, зацягваўся і паважліва казаў заўсёды адно і тое ж:
— О-о, кайф!
Маладыя афіцэрскія жонкі сядзелі за адной партай, часта цягнулі ўгору рукі і адказвалі, карыстаючыся кансьпектамі. Гаварылі пра “злавесны імперыялістычны альянс”, “прагрэсіўных лейбарыстаў”, “сяброў-камуністаў з Афрыкі” і г.д. Усе, у тым ліку і настаўнікі, ведалі, што яны карыстаюцца кансьпектамі сваіх мужоў, але рабілі выгляд, быццам нічога не заўважаюць.
Адна з іх — Аксана — была даволі сексапільнай: смуглявая, з акуратнай цёмнавалосай галоўкай, разьвітай і зграбнай постацьцю каханкі. Яна ся­дзела крыху наперадзе, з краю і цераз праход. Часта ня ведала элементарных рэчаў па праграме, ня кажучы ўжо пра тое, што іншыя засвоілі яшчэ ў дзённай школе ці дома, мала чытала, але не саромелася гэтага, а белазуба ўсьміхаючыся, тлумачыла ўсё занятасьцю. Заставалася толькі здагадвацца, чым яна была занятая. Ігнату яна падабалася, і ўсё часьцей яго позірк спыняўся на ёй. Пэўна, Аксана адчувала гэта: жанчыны імгненна заўважаюць такія рэчы, бо калі-нікалі яна азіралася і ўсьміхалася яму, а то яшчэ мела звычку іншы раз, пэўна наўмысна, падцягваць панчохі так, што агаляліся ногі вышэй каленяў, і глядзела пры гэтым у яго бок сьмела і па-змоўніцку.
Сум зьнікаў на ўроках літаратуры. Вучні іх выпускнога дзясятага класу мала чыталі і ўвогуле ня ведалі, хто такія і што напісалі Сартр, Фолкнер, Фіцджэральд, Селін, Джойс, Голсуарсі, Камю і іншыя вядомыя пісьменьнікі. Нават у іх маладой настаўніцы Паліны Мікалаеўны Ігнат, не жадаючы таго, выявіў прабелы. І яго адхіленьні ад праграмы, вядома, не засталіся незаўважанымі на ўроках. “Ну, а што скажа на гэта Канюкоў?” — часта пыталася класная, і вяснушкі на яе твары амаль зьнікалі пад лёгкім румянкам. Кагосьці яна Ігнату ўвесь час нагадвала. Толькі каго?
На ўроках рускай мовы іншым разам пісалі дыктоўкі, каб пасьля выявіць, разгледзець і прааналізаваць памылкі, а на ўроках літаратуры даволі часта ўжывалася такая форма, як сачыненьні: па тэме і на вольную.
Першая зададзеная праграмная тэма — па рамане Чарнышэўскага “Что делать?” — выклікала ў Ігната ўнутраны пратэст, які ён ня крывячы душой і выказаў у кароткім тэксьце за сорак пяць хвілінаў школьнага ўроку.
“Клоповоняющий роман клоповоняющего молодого человека” — так назваў ён свой літпасаж. У караценькім уступе Ігнат паведамляў, што рызыкоўны тэрмін “клоповоняющий”, вядома, належыць не яму асабіста, а пісьменьніку Фёдару Дастаеўскаму, які назваў так свайго калегу па пяры. А тое, што назва і мянушка трапная, у яго, Канюкова, сумненьня не выклікае. На некалькіх старонках у школьным сшытку Ігнат распавёў далей, чаму ён лічыць раман “смрадным явлением русской действительности”. Аўтар раману ня толькі мазахіст, даводзіў Ігнат, а і зласьлівы ненавісьнік сваёй радзімы, рэнегат і графаман. Героі раману — тупыя радыкалы і вычварэнцы, а гераіня — Вера Паўлаўна — ня што іншае, як замаскіраваная німфаманка і дурнаватая феміністка.
— Канюкоў! — мякка загадала яму праз дзень Паліна Мікалаеўна. — Застаньцеся, калі ласка, пасьля ўроку на некалькі хвілінаў.
Класная была ў вязанай аранжавай кофце і зялёнай сукенцы, якая толькі падкрэсьлівала яе хлапчуковую постаць. На дзявочым твары яе чыталася крыўда і, тым ня менш, некаторая няўпэўненасьць.
— Паслухайце, Ігнат, — пачала яна. — Чым вы растлумачыце гэты ваш опус? — Яна паклала на стол сшытак. — Я маю на ўвазе вашае сачыненьне.
— Я выказаў сваё меркаваньне, — паціснуў плячыма Ігнат.
— Вы і ў дзённай школе выказваліся ў такой катэгарычнай форме? Але навошта? Мяркую, гэта вам пагражае толькі непрыемнасьцямі.
Ігнату сапраўды стала няёмка.
— Выбачайце мне, — запозьнена засаромеўся раптам ён. — Я са­праўды вінаваты, бо згодны з тым, што ня ўсё трэба гаварыць як ёсьць, я разумею, да таго ж я і вас мог падставіць: раптам якая праверка.
— Ня ў гэтым справа, Ігнат. Вы яшчэ вельмі малады і можаце нашко­дзіць сабе. Вы, дарэчы, па гуманітарным профілі зьбіраецеся паступаць?
— Бадай што так.
— Ну і калі вы на ўступным экзамене ў інстытут напішаце, што Вера Паўлаўна з раману Чарнышэўскага скрытая распусьніца, то што тады будзе? Вы разумееце?
— Трэба было выказацца інакш. Німфаманка, напрыклад.
— Дзе вы толькі нахапаліся ўсяго? І ўсё-ткі вы згодны, што так нельга?
— Так. Толькі згодны з вамі.
— Яшчэ горш тое, што вы ў сваім сачыненьні сумняваецеся ў рэвалюцыйнай справядлівасьці, у камуністычнай ідэі...
— Я Салжаніцына днямі прачытаў. Яго аповесьць у часопісе “Новый мир” надрукавалі. Называецца “Один день Ивана Денисовича”. Дык у ёй ён увогуле ва ўсім сумняваецца. Пра гэтую аповесьць шмат гавораць, і самае рознае: і ў газетах, і па радыё, і па тэлебачаньні. Вы хіба ня чулі?
Класная раптам сумелася.
— Я... я яшчэ не чытала. Муж сказаў, што лухта.
— А муж у вас, прабачце, ён хто?
Паліна Мікалаеўна нечакана зачырванелася.
— Ну, ён служыць, калі вам, Ігнат, гэта цікава. Афіцэр. Вы ж таксама дзесьці працуеце? А кім?
— Наўрад ці вам гэта нешта праясьніць, — сказаў Ігнат. — Я на фабрыцы рабочым працую. Пакуль, вядома. Як атэстат атрымаю, па­спрабую паступіць у інстытут.
— Мне б хацелася, каб у вас, Ігнат, усё атрымалася. Вось забярыце, — яна вярнула яму сшытак.
На аўтобусным прыпынку Ігнат разгарнуў яго. У канцы пасьля апошняга сказу ў яго амбіцыйным, як ён ужо і сам зразумеў, сачыненьні чырвоным алоўкам была выведзеная адзнака “5”.
У другі раз даволі гарачая дыскусія адбылася на ўроку па тэме “Пушкін і дзекабрысты”. Паліна Мікалаеўна пачала размову аб сувязі вялікага ра­сійскага паэта са змоўшчыкамі, гаварыла пра тое, што дзекабрысты кінулі ў народ “іскру”, працытавала з гэтай нагоды і Правадыра, увогуле, усё сказанае ёй можна было прачытаць і ў падручніку. Успомніла пра Гогаля, Лермантава, але раптам гутарка яе нібы спатыкнулася, бо настаўніца ўбачыла скептычную ўсьмешку Ігната Канюкова, зачырванелася і пакрыўджана спытала:
— Чаму вы так весяліцеся, Канюкоў? У вас, пэўна, ёсьць нейкая аса­бістая думка на гэта?
Ігнат падняўся з-за парты і патлумачыў, што сапраўды ў яго якраз такія думкі і ўзьніклі. І пытаньняў тут шмат. Чаго яны, дзекабрысты, насамрэч хацелі: шчасьця народу? А можа, перадзелу ўлады? І пры чым тут Пушкін? Ну, ведаў некаторых, можа, і сябраваў з тым-сім. Быў і сам, як чалавек сенсітыўны і таленавіты, незадаволены сваім атачэньнем, царскім дваром, які, дарэчы, аўстрыйская імператрыца назвала “зборышчам бабуінаў”. Але пры чым тут шчасьце народу, рэвалюцыя? Дзекабрысты былі ці проста змоўшчыкамі, што хутчэй за ўсё, ці, прабачце, дурнямі. І апошняе ня выключана. Ва ўсякім разе тут трэба яшчэ грунтоўна разабрацца...
— А можа, тут проста вашыя домыслы, так бы мовіць, мроі сваёй гадоўлі? — спытала класная мякка, але ўпэўнена.
— Зусім не, — адказаў Ігнат. — Вось, напрыклад, расейскі граф Рас­топчын, які на той час славіўся сваім розумам і дасьціпнасьцю, выказаўся так: “Я магу апраўдаць французскіх шаўцоў, краўцоў і карэтнікаў, якія зрабілі рэвалюцыю, каб стаць баронамі, віконтамі і графамі, але не магу зразумець, чаму раптам рускія дваране, спадчыньнікі Рурыкавічаў, вырашылі стаць шаўцамі, краўцамі і карэтнікамі?”
У класе заўсьміхаліся, прыціхлі, чакалі, што скажа настаўніца.
— Але з вашага пасажу, Ігнат, якраз і вынікае, што мы гаворым пра дурняў? — спытала Паліна Мікалаеўна.
— Так, згодны з вамі. Дурняў якраз і бачна па іх справах. — Ігнат ужо гаварыў амаль са злосьцю, яму чамусьці хацелася зачапіць класную за жывое.
— А Пушкін чым вам не дагадзіў? Хіба ён не хацеў дабра для свайго народу?
Але Ігната ўжо занесла.
— Рускі народ, — зьедліва заўважыў ён, — паняцьце адноснае. Ён розны па крыві. І вялікую рускую літаратуру, а я згодны з тым, што ў дзевятнаццатым стагоддзі яна лепшая ў сьвеце, стварылі якраз і не зусім рускія. Дастаеўскі — наш, беларус. Гогаль, Чэхаў — украінцы, Пушкін, Лермантаў, Тургенеў — таксама ня рускія ў поўным сэнсе гэтага слова.
— Ну, няхай, а Тургенеў чаму ня рускі?
— А таму што слова “турген” па-татарску азначае “хуткі”. Значыць, карані ў яго не славянскія.
— У тваіх словах нейкая непрыязь да рускіх, — пакрыўдзілася класная. — Я, між іншым, таксама руская.
Іх нярвовую размову перапыніў званок.

6
Замораныя на працы і вучобе, Ігнат Канюкоў з Варгулісам забыліся пра ліст да “т. Хрушчова”. Нечакана іх пісьмова выклікалі ў гаркам камсамолу. Вядома, іх наіўны вандроўна-псеўдапатрыятычны імпэт за апошні месяц значна сьцьмянеў: яны пасталелі і больш упэўніліся ў тым, што іх бок жыцьця — у зацені, і што іх акаляе і будзе спадарожнічаць ім толькі адна пастаянная паўсюдная варожасьць.
Тым ня менш яны былі крыху ўстрывожаныя. Варгуліс, хоць і быў скептыкам, не пакідаў падстаў для надзеі: а раптам, меркаваў ён, у іх там нешта замкне і “міралюбівую” ідэю адобраць?
У кабінеце першай камсамольскай сакратаркі сядзелі дзьве жанчыны і мужчына. Сама сакратарка — Надзея Пацюк (яе прозьвішча хлопцы прачыталі на шыльдачцы) — была кучаравая фарбаваная бландзінка гадоў дваццаці пяці. Узбоч ад яе займала крэсла, як яна прадставілася, загадчыца аддзелу прапаганды і агітацыі гаркама партыі — пыхлівая жанчына ва ўзросьце, а ў кутку ўладкаваўся нехта лысаваты з нядобрым позіркам ва­дзяністых вачэй. Ён маўчаў, змрочна аглядаючы хлопцаў з ног да галавы.
Як толькі Ігнат убачыў камсамольскую сакратарку, то адразу яе ўспомніў. Справа адбывалася гады два назад на рацэ, каля маста; дзяўчына-сакратар з таго часу амаль не зьмянілася, але, пэўна, зьмяніўся ён, бо зараз яна яго не пазнала.
Летам, два гады назад, Ігнат пайшоў на раку, каб крыху ахаладзіцца. За мастом быў вялікі вір і метры ў тры глыбіня — там купаліся тыя, хто не баяўся вады і ўпэўнена ныраў і плаваў. На віры ў гэты час амаль нікога не было, толькі далей на водмелі плёхалася малеча. Ён тады па­плаваў, вылез на бераг і прылёг. Сонца пакрысе скочвалася за гарызонт, але было яшчэ даволі горача. Па шашы праз мост зрэдку праязджалі машыны. Гэта была шаша Масква — Менск. Ігнат Канюкоў разгарнуў узятую з сабой кніжку і пачаў чытаць. На пятнаццатым годзе жыцьця ён ужо ведаў шмат пісьменьнікаў, асобных з іх вылучаў, а некаторымі захапляўся. Кнігі былі яго асноўным захапленьнем. У рэчаіснасьць яго вярнуў чыйсьці дотык.
— Уставай!
Ён узьняў галаву і ўбачыў маладую жанчыну — коратка стрыжаную бландзінку з завіўкай і чорнымі вачыма, позірк якіх быў, на яго думку, яўна вар’яцкі. На Ігнатаў погляд дзяўчына ўвогуле была ў псіхапатычным стане, бо зноў піхнула яго ўбок і зайшлася робленым, істэрычным сьмехам.
— Ха-ха-хе-хе!
— У чым справа, мадам? — зьдзіўлена і незадаволена спытаў ён.
Рот дзяўчыны неяк ненатуральна скрывіўся, і яна прашыпела ў яго бок паміж новым прыступам сьмеху.
— Ш-ш-ш! Ты, эта, канешне, камсамолец? Унь зірні — двое: мужчына і жанчына, бачыш? — Хе-хе-хе! А машыну іх за мастом бачыш?
Метрах у дваццаці ад іх малады мужчына і дзяўчына, распрануўшыся, ледзь не галышом заходзілі ў ваду. На дзяўчыне не было станіка.
— Ну, дык што?
— А тое, што гэта — англічане. Едуць, сволачы, шпіёніць. Спыні­ліся тут сьпецыяльна, мост, пэўна, сфатаграфавалі. Ты бачыў?
— Не. А мост усяго два пралёты, навошта яго фатаграфаваць? Каму ён патрэбны?
— Ну, ты не задавай пытаньняў. Яны, сволачы, можа, і прыехалі, каб усе масты сфатаграфаваць. Я за імі сачу, а наша машына ззаду спынілася, ты зразумеў? Зрабі такі выгляд, быццам ты мой брат ці як...
І яна зноў істэрычна зайшлася:
— Хе-хе-хі-хі-хі!
— Ды пайшла ты! — не стрываў Ігнат і ўскочыў на ногі. — Ты што, вар’ятка?
— Вось-вось, так, — прашыпела яна, — правільна, пакрычы на мя­не, замахніся, ну? Няхай падумаюць, што мы сваякі!
Мужчына з дзяўчынай між тым акунуліся ў ваду і, пераплыўшы невялікую рэчку туды і назад, вылезьлі з вады. Яны абцерліся ручніком і пераапрануліся ў сухое: спачатку мужчына збольшага засланіў дзяўчыну, а потым яна яго.
— У, сволачы, — сказала новасьпечаная “сваячка”. — Зараз пачнуць фатаграфаваць. Нельга гэтага дапусьціць. Хоць бы цыцкі схавала, курва...
Але замест таго парачка скіравала ў іх бок. Яны падышлі ўсутыч і спыніліся. Ігнат упершыню ўбачыў так блізка англічан. Мужчына быў малады спартыўнага выгляду хударлявы шатэн з праборам на яйкападобнай галаве. Дзяўчына — стройнай, рыжаватай. Мілавідны твар яе быў усыпаны рабаціньнем. Яна па-ранейшаму была бяз станіка.
— Здрастэ, — шчыра павіталася яна на ламанай рускай мове.
— Здрасьце, здрасьце! — сказала за Ігната і за сябе “сваячка” і зноў роблена захіхікала. — Хе-хе-хе!
— Извинить, я плёхо говорить по-руски, а эта речка куда течь? — спытала англічанка і белазуба ўсьміхнулася. На Ігнатаў погляд, яна была вель­мі прывабнай. Плечы і невялікія грудзі яе былі таксама ў рабаціньні.
— Гэтая рэчка называецца Пліса і цячэ ў Бярэзіну, — патлумачыў ён, але “сваячка” піхнула яго ў бок локцем і прашыпела ў вуха:
— Ш-ш-ш, маўчы.
Уголас жа яна сказала, тыцнуўшы ў Ігната пальцам.
— Гэта мой брат. Ён — камсамолец! Зараз ён зробіць стойку на ру­ках. — І загадала катэгарычна: — Ну, давай! Пакажы ім!
Хоць ён гэта і ўмеў, але ня стаў бы рабіць.
— Не хачу! — адмовіўся ён.
Але ўвага маладой англічанкі раптам скіравалася на яго кнігу, якая ляжала на зямлі.
— Я филёлог, — сказала яна з моцным акцэнтам. — Я учить рус­-кий язык, читать книги. Это что за книга?
— Гэта кніга называецца “Как закалялась сталь”, — злосна адказала за Ігната лжэ-сястра. — Нашая моладзь чытае толькі правільныя кнігі.
Англічанка зрабіла крок наперад і падняла з зямлі кніжку. Твар яе выказаў зьдзіўленьне.
— A bout, features, you only see, that he reads Richard Oldington “Death of the hero”1, — зьвярнулася яна па-англійску да свайго спадарожніка.
— Really? About it is interesting, — той зьдзівіўся. — This guy should be photographed. Together with you2.
Мужчына пайшоў да сваёй вопраткі на беразе і вярнуўся з невялікім фотаапаратам. Ён нацэліў на Ігната аб’ектыў, але лжэсястра замітусілася і, няшчыра ўсьміхаючыся, ледзь ня гвалтам адсунула хлопца ў іншы бок.
— Мост жа ззаду, — прашыпела яна яму ў вуха. — Ледзь не сфатаграфавалі. У, сьцерва, хоць бы апранулася...
Мужчына сфатаграфаваў Ігната аднаго і ў іншым ракурсе, а потым падышла англічанка і стала ўсутыч. Яна аказалася ніжэй за Ігната на галаву. Раптам яна рашуча паклала яму руку на плячо і, прыхінуўшыся халодным, гнуткім целам — ён нават адчуў дотык яе аголеных грудзей, — зрабіла свайму спадарожніку знак.
— Photograph, — сказала яна мужчыну. — Together with this boy who reads Oldington1.
Шчоўкнуў спускавы механізм.
— It is time to us!2, — сказаў мужчына, і яны, забраўшы вопратку, рушылі да сваёй машыны. Машына была адметная: маленькая, двух­месцавая, кроплепадобнай формы.
— Сволачы, шпіёны! — замітусілася “сваячка” і, нават не разьвітаўшыся з Ігнатам, пабегла да шашы. Як толькі ангельская пара на сваёй малалітражцы кранулася і ад’ехалася метраў на дзьвесьце, насупраць спыніўся “ўазік” і лжэсястра спрытна заскочыла ўнутр. “Уазік” ірвануўся сьледам за іншамаркай.
Усё гэта імкліва пранеслася цяпер у галаве Ігната. Тая “сваячка”, якая адсочвала англічанаў, і гэтая першая сакратарка гаркаму камсамолу — былі адной асобай.
...Іх з Варгулісам зноў пільна агледзелі, але сесьці не запрасілі.
— Вы, пэўна, ведаеце, навошта мы вас выклікалі, — урэшце суха сказала загадчыца аддзела прапаганды. — Гэта вы напісалі ліст у Маскву, у Крэмль?
Яны кіўнулі.
— Так.
— Дык вось, — сказала загадчыца. — Ваша ініцыятыва дачасная. Маршаў міру дастаткова, і ў вашых, так бы мовіць, паслугах, мы ня маем патрэбы.
— А калі трэба, то вас паклічуць, — дадала ёй ва ўнісон першая сакратарка камсамолу Надзея Пацюк. — Але гэта калі трэба, а пакуль рабіце, што вам загадваюць. Вы дзе вучыцеся?
— Мы працуем, а вучымся ў вячэрняй школе.
— Вось і працуйце.
Лысаваты мужчына ў кутку раптам паварушыўся.
— А хто ў вас галоўны? — задаў ён нечаканае пытаньне і зьвярнуўся ў бок Варгуліса: — Ты?
Варгуліс маўчаў. Канюкоў паціснуў плячыма.
— Мы хутка больш дакладна высьветлім, хто вы, — працягваў лысаваты. — Чаму, дарэчы, вы пішаце такія лісты? Пра вашых бацькоў мы ўжо тое-сёе ведаем. Вы лічыце, што наўкол адны дурні? Нас усіх за іх трымаеце?
— Незразумела, — сказаў Ігнат, — у чым мы вінаватыя і чаму лі­-чым вас дурнямі.
— А чаму гэта вы не ў камсамоле, хоць па ўзросьце падыходзіце? — раптам злосна спытала першая сакратарка Надзя Пацюк. — Як вы растлумачыце такі факт? У камсамол не ўступілі, а за мяжу вам карціць неадкладна?
Хлопцы маўчалі.
— Досыць, — прыціснула далоньню нейкія паперы на стале загадчыца аддзелу прапаганды. — Мы вас больш не затрымліваем. Ідзіце і працуйце. Вашыя намеры... э-э, хаця і патрыятычныя, але зьдзяйсьняць іх у вашым узросьце і становішчы яшчэ рана.
Хлопцы выйшлі з будынка гарвыканкаму. Варгуліс змрочна маўчаў, а калі параўняліся з харчовай крамай, прапанаваў:
— На “сухач” скінемся?
— Так. Можна і на партвейн.
У скверы на лаўцы яны расьпілі бутэльку віна. Ігнат закурыў і расказаў сябру пра мост, шпіёнаў-англічан і “сваячку” Надзю Пацюк.
Варгуліс выслухаў і з горыччу адзначыў:
— Здохнем мы тут, братка, сярод гэтых чырванапузых. Ня бачыць нам ні волі, ні гораду, ні сілаў, ні Анёла...
— Анёл пры чым?
— Прытча такая ёсьць, — патлумачыў Варгуліс. — Ходзіць конь вакол млынавага каменя і дзень, і ноч, і месяц, і гады, урэшце сьлепне, але... аказваецца на тым жа месцы, адкуль яго і вядуць на скуралупню. Так і ўсе тут. Хіба мы — людзі?
І ён перацьвеліў:
— Працуйце, працуйце...
— Я вось шмат думаў пра тое, чаму тут у нас нешта накшталт гноеадстойніка, — сказаў Ігнат, — і прыйшоў да высновы. Адзінай, на мой погляд, правільнай.
— Ну, і якая тая выснова?
— Уся справа ў крыві. Я пра тое і ў вячэрняй школе нядаўна спрачаўся. На ўроку па літаратуры.
— У якой крыві? — праз паўзу спытаў Вітас.
— Ну, можа, у голасе крыві, калі больш дакладна.
Варгуліс зацікавіўся, але не падаў выгляду.
— Ты, гэта — растлумач.
— Тлумачу. У нас тут набрыдзі ўсякай панаехала, асабліва цяпер, пасьля вайны. Кроў ва ўсіх розная. А яшчэ горш тое, што едуць сюды ня проста прыхадні, а тыя, хто на сваёй радзіме не прыжыўся, злодзеі, прайдзісьветы, люмпены адным словам. Ім усё нашае — чужое: мова, звычкі, паводзіны. Аддзяліць бы нашу Беларусь ад гэтай набрыдзі. Ну, вось той масьцярок-стукачок, што нас залажыў: навошта яму гэта было трэба?
— Так, — згадзіўся Вітас. — Пысу б яму начысьціць. Трэба падумаць як.

l l l
У адзін з выхадных Ігнат з Варгулісам зайшлі да Міхася Астапковіча. Той жыў у невялікім прыватным доме. У двары бегала спушчаная з ланцуга аўчарка.
Міхась Астапковіч быў дома. Ён начапіў сабаку на ланцуг, сябры зайшлі ў хату, зьнялі чаравікі, і гаспадар правёў іх у свой пакойчык. “Маці паехала на рынак, а бацька на нейкай нарадзе”, — патлумачыў ён. Старэйшая сястра Міхася пайшла на гулянку да сяброўкі.
— Ну як ты? — спытаў Варгуліс. — Вучышся, працуеш? Расказвай!
— Усё пуцём, — адказаў гаспадар. — Я вучуся ў вячэрняй школе, толькі ў восьмай. Там дырэктар — бацькаў сябрук. І ў армію, можа, не загрымлю, у мяне плоскаступнёвасьць быццам знайшлі.
— Ага. А... хітрасьць у цябе не знайшлі?
— Ды годзе вам, хлопцы. Выпіць хочаце? У мяне ёсьць віно — сваё. Бацьку цэлую бутлю прывезьлі.
— Давай, — згадзіўся Варгуліс, — і закуску нясі.
Ігнат з вялай цікавасьцю разглядаў жытло гаспадара. Ён быў у Астапковіча ўпершыню. На століку стаяў магнітафон, збоку на падстаўцы — прымач. Крэслы, канапа, палічкі з кнігамі. Але нічога вартага сярод кніг Ігнат ня выявіў: месьціліся ў асноўным падручнікі і дэтэктывы.
Астапковіч прынёс віно ў літровым слоіку, шклянкі і кавалак каўбасы з салам.
— Шукай яшчэ і цыбуліну, — запатрабаваў Варгуліс. — І хлеба жытняга парэж.
Сябры выпілі па шклянцы. Віно было слабае (градусаў дзесяць-дванаццаць), але пілося прыемна. Узяліся за каўбасу, сала.
— А дзе ты працуеш? — не адставаў ад гаспадара Ігнат. — Каб вучыцца ў вячэрняй школе, патрэбна даведка з месца працы.
— І не зьбіраюся. Я рыхтавацца буду. У інстытут. Тое-сёе падвучу. Бацька сказаў: калі што трэба, то будзе наймаць рэпетытара.
Ігнат ведаў, што бацька Міхася Астапковіча — старшыня аднаго з прыгарадных калгасаў, былы партызан.
Ад школьных справаў гутарка перакінулася на тое, што адбывалася ў горадзе. Астапковіч, у якога было многа вольнага часу і які чуў шмат чаго ад бацькоў, расказаў гасьцям, што ў выкрытага ў Маскве амерыканскага шпіёна Манькоўскага ёсьць стрыечны брат, які носіць такое ж прозьвішча і працуе ў іх горадзе дырэктарам прамтаварнай базы. Дык вось да яго наведаліся са сталіцы гэбісты-аператыўнікі і правялі вобыск. Ва ўсіх камсамольскіх арганізацыях, распавядаў далей Міхась Астапковіч, ідуць сходы, на якія вынесеныя два пытаньні: першае — асуджэньне кнігі Аляксандра Салжаніцына, а другое — падрыхтоўка да блізкага юбілею, стагоддзя з дня нараджэньня Правадыра, так што гэтую “адлігу” ў бліжэйшы час, па словах бацькі, прыціснуць такія маразы, што ўсе толькі вішчэць будуць.

l l l
Зіма была зацяжная, з моцнымі маразамі. Праца ў тарным цэху вы-мотвала Ігната. Толькі на выхадны, у нядзелю, ён з асалодай адсыпаўся да абеду. Але ўжо назаўтра яшчэ ў ранішняй цемры па ўсім горадзе пачыналі раўсьці фабрычныя і завадскія гудкі — так склікалі на працу. У трухлявыя аўтобусы з незалатанымі дзіркамі на прыпынках ціснуліся і шчаміліся людзі, віселі на дзьвярах і прыступках. Плацілі на фабрыцы мала, але шматлікія “аднаўсельцы”, якія здолелі вырвацца з вёскі ў горад, і гэтаму былі рады. У крамах амаль нічога вартага не прадавалася: дэ­фіцытам было ўсё — ад чаравікаў да трусінай шапкі. На вуліцах віравалі блатныя ды прыблатнёныя.
А потым неяк раптам зіма скончылася. Надышоў Вялікдзень, стала цёпла, а зямля зазелянела неўміручымі дзьмухаўцамі.
У школе пачыналі пагаворваць пра тое, што набліжаюцца выпускныя экзамены. Бадай, менавіта ў сувязі з гэтай маючай адбыцца падзеяй актывізаваўся старшына Траўкін, які яшчэ больш лісьліва запабягаў перад настаўнікамі. Капітан Дзівіцкі сарамліва прасіў у Ігната дазволу і акуратна сьпісваў сабе ў сшытак рашэньні задач па матэматыцы, фізіцы і слова ў слова дыктоўкі па рускай мове.
Смуглявая Аксана загадкава маўчала, толькі іншым разам млява ўсьміхалася Ігнату. Калі яе напарніцы не было за партай і месца пуставала, Ігнат падсаджваўся да яе. Аксана ўсьміхалася яму роўным радком белых зубоў, вусны яе пажадлівага роту былі ярка нафарбаваныя, цёмныя. Часам вочы, якія нічога не выяўлялі, глядзелі на яго з патаемным разуменьнем. Так, нібы казаў іх выраз, я табе падабаюся і ведаю гэта, як ведаю і тое, што ты пра гэта ведаеш. Блізкасьць яе цела хвалявала яго. Часам іх рукі сутыкаліся, а то Аксана нібы незнарок дакраналася да яго нагі сваім гарачым сьцягном.
Яфім Гурскі, як заўсёды румяны і сьвежы на выгляд, у вольны час і нават на ўроках рашаў складаныя задачы па матэматыцы і фізіцы. “Да жыцьця трэба падыходзіць стратэгічна, — неяк сказаў ён Ігнату. — Зараз у мяне адна і асноўная мэта — паступіць у політэхнічны інстытут. І паступіць я павінен буду з першага разу, бо другога можа і ня быць. Таму ніякіх да сябе патураньняў — потым буду расслабляцца”.
Якраз у гэты час з іх вячэрняй школы і, як яны даведаліся, са сваёй ваеннай часьці зьнік радавы Веліеў. Паколькі зброі ён з сабой не захапіў, то аператыўных групаў на яго пошукі не падымалі. Меркаваньні былі самыя розныя. Веліева ў часьці быццам не ўціскалі, дома, па чутках, таксама нічога кепскага ня здарылася. “Шукаюць і будуць яшчэ нейкі час шукаць, — сказаў Ігнату капітан Дзівіцкі. — Каўказцы паміж сабой ва­рагуюць, так што яго маглі і “замачыць”, да таго ж яны ў адлучках нястрыманыя і там ад іх заўсёды чакай толькі непрыемнасьцяў, а ўвогуле, у іх служыць у арміі — ледзь не ганебны занятак. Іх ваенкаматы толькі дурных і бедных і засілоўваюць”.
Наступіла па-летняму сьпякотнае надвор’е. У школе абвясьцілі расклад выпускных экзаменаў, раздалі сьпіс пытаньняў. Здаваць трэба было іспыты па рускай мове і літаратуры, гісторыі СССР і ўсеагульнай гісторыі, Канстытуцыі СССР, фізіцы, хіміі, замежнай мове.
Варгуліс, з якім Ігнат перадусім пабачыўся, сказаў, што рыхтавацца да іспытаў ён увогуле не зьбіраецца. “У нашай завочнай школе, — патлумачыў Вітас, — усё роўна паставяць кожнаму хоць які “траяк”. Не пакідаць жа нас на другі год — ха-ха. Так што вучыць нічога ня буду. Зубрыць нейкую псеўдаканстытуцыю, якая ніколі не выконваецца? Іх с...ю гісторыю? Там жа ўсё — мана...”
— Але ж мне трэба хоць якія прыстойныя адзнакі ў атэстаце, — заўважыў яму Ігнат. — Гэта ўлічваецца пры паступленьні.
— Тады зубры.
Рыхтавацца да іспытаў і сапраўды было цяжка. Вымотвала праца, а ў рэдкі вольны час цягнула на раку, дзе ўжо купаліся дзеці. Ігнат распранаўся і з асалодай плаваў, потым ляжаў на траве, вяла аддаючыся думкам.
За дзень да першага экзамену па гісторыі да яго прыйшоў Яфім Гурскі — як заўсёды таямніча ўсьмешлівы і загадкавы.
— Рыхтуешся? — спытаў ён.
— Большасьць адказаў на пытаньні ня ведаю, — прызнаўся Ігнат. — Часу не хапае.
— Тады трымай, — Яфім працягнуў яму белы ліст паперы з пячаткай. — Твой білет будзе чатырнаццаты. Адказ напішаш дома і прынясеш з сабой. Але ўсё гэта канфідэнцыяльна і — паміж намі. Зразумеў?
— Так.
— Рады, што хутка кеміш. Ну, рускую літаратуру і мову, лічы, ты ўжо здаў, а вось хімію і фізіку давядзецца падагнаць. Але ж у крайнім выпадку сястра табе паспрыяе. Тым больш што ты будзеш па гу­манітарным профілі паступаць. Так ці не?
— Ну, дакладна куды — яшчэ падумаю. Але ж ты добра ведаеш: мне ў тэхнічных навуках нічога ня сьвеціць.

l l l
Сапраўды, экзамены прайшлі без здарэньняў, амаль спакойна, па адпрацаваным менавіта для іх, “вячэрнікаў”, сцэнарыі. Іспыты вытрымалі ўсе, нават старшына Траўкін. Ігнат здаў усё на “выдатна”, акрамя матэматыкі, фізікі і хіміі: па гэтых прадметах ён атрымаў адзнаку “добра”.
Ужо назаўтра, а больш дакладна вечарам у вячэрняй школе мусіў адбыцца выпускны баль. З раніцы Ігнат пачаў ламаць галаву, што яму апрануць. Адзіны стары касьцюм, які ён меў, быў, на яго погляд, недастаткова прыстойны, да таго ж з таннага матэрыялу, і, пасьля роздуму, ён вырашыў яго не надзяваць. Ён нават схадзіў да Варгуліса параіцца, але таго не аказалася дома, а Яфім Гурскі сказаў, што выглядаць нармалёва можна і ў джынсах, калі яны ў яго ёсьць, бо гэта таксама дэфі­цыт.
— Але ж ты сам будзеш у касьцюме? — спытаў Ігнат.
— Так.
— Дык што рабіць? У мяне касьцюм хрэновы.
— Дапамагчы табе ніхто ня здолее. Раней трэба было думаць. Унь які ты высокі і ў плячах шырокі — каб і хацеў хто пінжак пазычыць, дык не падыдзе.
— Чорт з ім, з касьцюмам. Апрануся проста і бяз жлобства: у тое, што маю.
Выпускны баль у 10 “А” класе, урэшце, аказаўся звычайнай масавай вечарынкай. Напярэдадні кожны з выпускнікоў мусіў перадаць у агульны “кацёл” пэўную суму грошай. Усе былі дарослыя, усё разумелі, так што на ссунутых сталах Ігнат заўважыў і гарэлку, і добрую закуску — тут ужо вызначыліся жанчыны-выпускніцы.
На непазьбежным кароткім сходзе былых вучняў павіншавалі з заканчэньнем сярэдняй школы. Слова ўзяла дырэктарка, а таксама настаўнікі. Потым усе селі за сталы. На першым перапынку нехта прынёс непазьбежны магнітафон і той-сёй пачаў і танчыць.
Ігнат з Гурскім сядзелі ў канцы стала. Яны добра бачылі ўсіх калегаў-выпускнікоў, якія з кожнай выпітай чаркай рабіліся ўсё больш раскаванымі і натуральнымі. Усе вайскоўцы зьявіліся на баль апранутыя ў цывільнае. Некаторым з іх апошняе надало ледзь не карыкатурныя рысы. Так, старшына Траўкін, нягледзячы на адпрасаваны касьцюм, белую кашулю і гальштук, адразу ператварыўся ў несамавітага чалавечка з дробным тварам, які нагадваў сапрэлую грушу-дзічку. Корабам вісела цывільнае і на капітане Дзівіцкім. Незагарэлая яго лысіна была белай, як крэйда. Некаторыя дзяўчаты і жанчыны, на погляд Ігната, перастараліся з уборамі, што кідалася ў вочы і выглядала надта правінцыйна. Побач з Аксанай, якая раскашавала ў пачатку стала, сядзеў незнаёмы мужчына гадоў трыццаці ў цывільным.
— Слухай, Яфім, а хто гэта? — пацікавіўся Ігнат у Гурскага.
— Сястра казала — муж. Ён вельмі раўнівы і таму прыпёрся разам з тваёй абраньніцай, каб яе хто ня скраў, ха-ха...
Настрой у Ігната крыху сапсаваўся, але пасьля дзьвюх-трох перакуленых чарак зноў быццам прыйшоў у норму.
— Ты, гэта, закусвай, а то ап’янееш, — перасьцярог яго абачлівы Гурскі.
Яны запрасілі дзяўчат і крыху патанчылі, а потым нехта з жанчын аб’явіў белы танец. Да Ігната ўжо ішла класная, Паліна Мікалаеўна. Настаўніца па рускай мове і літаратуры была ў лёгкай, простай сукенцы, туфлях на высокіх абцасах. На яе тонкай незагарэлай шыі мігцелі пацеркі з маленькіх блакітных каменьчыкаў. Твар з каротка падстрыжанымі пад хлопчыка валасамі быў яшчэ больш усыпаны рабаціньнем. Ігнат узяў левай рукой яе правую далонь, а другой рукой абняў тонкую, дзявочую талію. Бялявая галава класнай даставала яму да пляча. Ён адчуў пах яе валасоў, блізкага цела і раптам зразумеў, каго яна яму ўвесь час неўсьвядомлена нагадвала: маладую англічанку, што два гады назад сфатаграфавалася з ім на рацэ. Толькі цяпер ён, нечакана для сябе, выявіў іх падабенства. Штосьці прыемна і разам з тым трывожна варухнулася ў яго душы.
Тая выпадковая сустрэча на рацэ з вандроўнікамі з-за мяжы доўга не выходзіла ў Ігната з галавы. Упершыню ён сутыкнуўся з абсалютна свабоднай і разьняволенай адукаванай і прыгожай маладой жанчынай, якая значна, на яго погляд, адрозьнівалася ад тых дзяўчат і жанчын, якіх ён бачыў што­дня. Увогуле, пасьля знакамітага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве, нягледзячы на забароны, умоўнасьці і ўсялякія табу, нешта неасэнсаванае, што стрымлівала ўсіх наўкол, нібы часткова адышло, сплыло з гнілой вадой праз гаць, і дарэмныя былі высілкі вярнуць усё назад. Пэўна, сьвет пачынаў нейкі новы, абсалютна незнаёмы віток, і гэта ўжо адчувалася.
— Чаму вы маўчыце, Ігнат? — спытала класная.
— Я вам потым скажу.
— Хутка дырэктарка пойдзе, а мы з вамі тады сядзем і пагаворым. Вы ня супраць, Ігнат?
— З кім жа мне тут размаўляць, як ня з вамі, Паліна Мікалаеўна?
— Завіце мяне проста Паліна. З сёньняшняга вечару мы з вамі, Ігнат, роўныя ва ўсім. Я вам не настаўніца, а вы мне ўжо ня вучань.
Ігнат зноў сеў за стол. Гурскі між тым знайшоў талерку з бутэрбродамі з дэфіцытнай чорнай ікрой і падсунуў яе бліжэй.
— Давай, націскай. Тут у ваенным гарадку, нават такое дзіва знайшлося.
Машынальна Ігнат выпіў яшчэ і прыняўся за ежу, але кінуў і пайшоў выкурыць цыгарэту.
Праз гадзіну-паўтары вечарынка ўжо заканчвалася. Пайшла дырэктарка, некаторыя з выкладчыкаў. Яфім Гурскі на таксі павёз дамоў сястру-настаўніцу. Зьніклі Аксана з мужам.
Увесь гэты час Ігнат міжволі сачыў за класнай, калі-нікалі суст­ра­каючыся з ёй позіркам. Потым запрасіў яе на адзін з апошніх танцаў, бо магнітафон уключалі ўжо зрэдку. За сталом тым ня менш яшчэ пілі, елі і размаўлялі выпускнікі і большасьць настаўнікаў.
Але Паліна Мікалаеўна на сярэдзіне танцу пацягнула яго за руку ўбок, а потым па калідору.
— Пайшлі пагаворым, Ігнат. Там, у канцы, пусты клас. Хоць яны ўсе, пэўна, зараз пустыя.
Яны пайшлі ў клас. За вокнамі было цёмна, нават сьвятло ліхтара сюды не трапляла, яшчэ больш цёмна было ў калідоры.
Класная села на край стала і зьняла туфлі.
— Па-мойму, вы, Ігнат, жанчын не баіцеся. Тым больш п’яных. Ідзі­це сюды.
Паліна Мікалаеўна ўзяла яго за руку і пасадзіла верхам на парту перад сабой. Ігнат паслухмяна сеў. Нягледзячы на тое, што галава адчувальна была затуманена алкаголем, сэрца яго моцна забілася. Руку настаўніцы ён знарок ня выпусьціў са сваёй, а крыху сьціснуў яе вузкую далонь і раптам адчуў, як яна сьціснула яго пальцы ў адказ. Гарачая хваля прабегла ў яго па сьпіне.
— Знойдзецца ў цябе цыгарэта? Дарэчы, гавары мне “ты”.
— Зараз пашукаю. Вось яны. Вы... ты курыш? — Ён не хацеў ад­пускаць яе руку.
Класная сама выцягнула ў яго з кішэні пачак і прыпаліла цыгарэту. У сьвятле запалкі ён убачыў яе хударлявы, птушыны твар, пульхныя, амаль дзіцячыя вусны, прамы нос і бліскучыя вочы. І яму падумалася раптам, што тут, у цёмным класе, з ім побач зусім не яго настаўніца, а звычайная дзяўчына, амаль яго пагодак, якая таксама не ва ўсім упэўненая і якую, як і яго, часам адольваюць страхі і сарамлівасьць.
— У цябе моцныя, але, як бы гэта сказаць, жорсткія рукі, мазалі, пальцы зьбітыя, я заўважала. Кім ты працуеш на сваёй фабрыцы? Урэшце, ня хочаш — не гавары, але мне твае рукі падабаюцца.
— Мне вашы... твае таксама. — Ігнат паднёс яе руку да вуснаў і пацалаваў раскрытую далонь. Жанчына ўздрыгнула і на секунду прыхінулася да яго тварам, але нібы зноў вярнулася ў рэальнасьць.
— Зусім ня трэба, каб нас так убачылі, — праз паўзу сказала Паліна Мікалаеўна шэптам. — Зачыні дзьверы. Здолееш? Устаў ножку крэсла. Маладзец, які ты кемлівы.
— Вы... ты вельмі прыгожая, Паліна.
— Гэта ў цемнаце, калі вяснушак ня бачна.
— Наадварот, яны табе да твару.
— Праўда? А чаму ты тады ўвесь навучальны год на гэтую, як яе — Аксану заглядваўся? Я ж усё бачыла.
— Ня ведаю.
— Затое я ведаю. Таму што яна дурнаватая самка.
Класная патушыла цыгарэту.
— Ты мой лепшы вучань, Ігнат. Са сваім асабістым поглядам на сьвет, на жыцьцё, са сьвежымі, арыгінальнымі думкамі. Такіх вучняў у мяне яшчэ не было. Я цябе буду памятаць і хачу, каб і ты мяне запомніў. Не куры больш, давай я выкіну тваю цыгарэту.
Інстынкт ужо дыктаваў яму, што рабіць. Спрыялі цемра і алкаголь. Ён абняў яе і пацалаваў. Рот яе прыадкрыўся, язык аблізаў яго губы, сустрэўся з яго языком.
Класная падцягнула сукенку і рассунула ногі. Вочы яго ўжо адаптаваліся ў цемры, і ён убачыў яе стройныя сьцёгны і белую палоску трусікаў.
— Здымі, — яна пацягнула ўгору яго тэніску. — Хораша, што ты лёгка апрануты. Цяпер дай руку. Пакладзі сюды.
Рука яго сьлізнула за гумку яе трусікаў уніз, між сьцёгнаў, пальцы адчулі вільготную гарачыню.
— Так. Як добра. Чакай. Хоць досыць. Мужчыны ня любяць доўга чакаць.
Паліна Мікалаеўна хуткімі рухамі сьцягнула з сябе панчохі і трусікі. Расшпіліла яму папругу на джынсах і пацягнула замок “маланкі”, потым адкінулася на стале сьпінай назад, абапіраючыся локцямі.
— Пачакай. Спачатку рукой. Вось так. Ты ўсё разумееш. Вышэй, так, тут...
Яна зьлёгку застагнала ад асалоды, стогны яе сталі рытмічнымі, нагамі яна ашчаперыла яго сьпіну. Ён адчуў, як яна падцякае гарачай вільгацьцю.
— А-ах! — вырвалася ў яе.
Тады ён увайшоў у яе і адчуў, як яна затрымцела ад задавальненьня. Рухі іх абоіх набылі адзіны рытм, ён адчуваў, як сэрца білася ў грудзях.
— Не сьпяшайся, толькі не сьпяшайся, зараз, ах-х!
Раптам яна выгнулася ў яго пад рукамі і здаўлена ўскрыкнула, а потым нечакана пачуліся яе кароткія рыданьні, і яны скончылі разам — ён непрацягла, а яна яшчэ нейкі час сутаргава скаланалася і дрыжала.
Хвілінная паўза і маўчаньне, здаецца, канчаткова зблізілі іх. Класная зноў села і пацалавала яго ў лоб, потым пацягнулася за сваёй сумачкай.
— Тут у нас суцэльны патоп. У цябе ёсьць насоўка?
Ён пацягнуўся да кішэняў.
— Добра. Я і сваю знайшла. Запаліш яшчэ цыгарэту, адну на дваіх? Не, пакуль ня трэба. Гэта няблага, што ты выпіўшы. У рэшце рэшт і я пад чаркай, хоць мне ўсё роўна сорамна. Заўтра хутчэй усё забудзем. Ты мяне забудзеш, а я — цябе. Не зьвяртай увагі на мае паводзіны. Усе жанчыны розныя, але ўсе яны крыху німфаманкі, як Вера Паўлаўна, якую ты не адабраеш. Давай я і цябе вытру. Ды ты не саромейся.
Але як толькі яна дакранулася да яго, у ім адразу зноў узьнікла жаданьне. Яна адчула гэта і, як і раней, напаўлягла, абапіраючыся на локці, рассунула ногі, і ён зноў увайшоў у яе цяпер ужо без ліхаманкавасьці першых хвілінаў, а смакуючы кожны дотык і атрымліваючы ў адказ асалоду. Правай рукой ён падтрымліваў яе за сьпіну, а раскрытую далонь яго левай рукі яна паклала сабе на твар, водзячы па ёй гарачым і вільготным языком. Потым ёй захацелася агаліць свае грудзі — яна скінула з плеч шлейкі сукенкі, станіка на ёй не было, і ён пачаў мілаваць яе саскі, яна толькі ціха ўскрыквала ад задавальненьня. Грудзі яе былі маленькія і шырока расстаўленыя.
Праз нейкі час яны зноў скончылі амаль разам. Ногі ў Ігната дрыжэлі ад напружаньня, ён падцягнуў джынсы і сеў на парту верхам. Класная абняла яго і прыціснулася тварам да яго шчакі. Нейкі час яны сядзелі моўчкі. Потым яна засунула ў сумачку панчохі, трусікі і насоўку, накінула шлейкі і абцягнула сукенку.
— Вось і ўсё, Ігнат, — сказала Паліна Мікалаеўна. — Нам трэба ісьці.
— Я цябе праводжу.
— Лепш не мітусіся. Сама дайду. Адчыні дзьверы. Спачатку я выйду, а ты — крыху пасьля мяне.
Вечарынка, пэўна, ужо даўно скончылася, але ў класе, дзе яна прахо­дзіла, яшчэ чуліся галасы, у дзьвярах зрэдку мільгалі постаці. Незаўважаныя, настаўніца і вучань высьлізнулі за дзьверы школы. Моўчкі яны прайшлі праз лясок, выйшлі на заасфальтаваную вуліцу і хвілінаў праз дзесяць падышлі да аднаго з дамоў. Класная спынілася. Ужо ледзь-ледзь сьвітала на ўсходзе.
— Далей не ідзі, — сказала яна. — Прыйшлі. Пакінь мне адну цы-гарэту.
Са шчымлівым і нязвыклым пачуцьцём пяшчоты ён акінуў позіркам яе тонкую хлапчуковую постаць, прыгожы твар, на якім ужо былі бачныя вяснушкі, і замаўчаў: словы не прыходзілі яму ў галаву.
— Ну, давай разьвітвацца, Ігнат.
— Бывай, Поля. Я заўтра...
— Не, — рэзка і рашуча перапыніла класная. — Ніякіх заўтра і пасьлязаўтра. Зразумеў?
Ён кіўнуў.
— Ну вось і выдатна. Мне было з табой вельмі добра. А цяпер бывай.
Яна павярнулася і пакрочыла ў бок дамоў. Ён яшчэ пастаяў і нейкі час глядзеў ёй усьлед, пакуль яна ня зьнікла ў цемры.

l l l
Але праз два дні Ігнат з аўтамату (дома тэлефону не было) патэлефанаваў у школу і спытаў у тэхнічкі, калі там будзе і ці будзе ўвогуле Паліна Мікалаеўна.
— А яна якраз зараз тут, — адказала тая абыякава і паклала слухаўку.
Ігнат хутка прычасаўся, накінуў сьвежую кашулю і паехаў у гарадок.
Ішло ўжо лета. Буялі зелянінай дрэвы, а калі аўтобус праязджаў праз мост, Ігнат убачыў раку і на берагах людзей у купальніках.
— Ну вось, — сказала Паліна Мікалаеўна, — ты не выконваеш слова. Мы ж дамовіліся: той вечар — першы і апошні.
— Давай лічыць, што мы сустрэліся выпадкова, — сказаў уражаны яе халодным тонам Ігнат. — Дарэчы, мне трэба забраць са школы сякія-такія паперы.
— Не хлусі. Табе што, ня выдалі дакументы?
— Выдалі.
Класная замаўчала, павярнуўшы да яго твар. Стройная, як падлетак. Валасы колеру саломы. Аголеныя плечы таксама ў рабаціньні. Ён ужо ведаў, што кахае яе, як нікога і ніколі.
— Пакажы атэстат.
Ён выцягнуў з сумкі дакументы. “Добра, што яны пры мне”, — падумаў.
Паліна Мікалаеўна прабегла вачыма па адзнаках.
— Як я і меркавала, усё на выдатна, акрамя матэматыкі, фізікі і хі­міі. Кажаш, ты па хіміі адказваў на пяць балаў, а паставілі чатыры? А ты што, хацеў сярэбраны медаль? Ці, можа, залаты? А на “ліпавую даведку”, якую ты так удала падрабіў, у абласным аддзеле адукацыі як пагля­дзяць? Праз лупу? Не, Ігнат, усе медалі ўжо былі расьпісаныя. Правільна, і Гурскаму — залаты. Але ж ты ня Гурскі. Радуйся таму, што ёсьць, і рыхтуйся ў інстытут. У цябе мала часу. Ці ты паступіш, ці...
— Дагаворвай, Поля.
— Я не хачу быць тваім тормазам. Забудзь мяне, Ігнат. Не губляй на мяне час!
— Я цябе кахаю, Поля.
— Я вінаватая. Так. Не, я не вінаватая. Як гэта сказана ў паэткі: “с змеёю в сердце и с клеймом на лбу, я утверждаю, что невинна”…
Ён узяў яе за руку, сьціснуў.
— Ну, навошта, Поля? Мы з табой — аднолькавыя. Як аднаяйкавыя блізьняты. Хіба ня так?
— І што з таго, Ігнат?
Ён зьнерухомеў, нібы перад ім аказалася суцэльная непераадольная сьцяна. Тупік. Але і назад ужо дарогі не было.
— Нам жа добра разам. Мы маглі б падумаць над гэтым.
— Вось табе і ня трэба надта задумвацца. Калі кураня задумалася, значыць, яно захварэла. Прабач, Ігнат, я скажу тое, што ёсьць. Я старэйшая за цябе на пяць гадоў. Я замужам. Але нават ня ў гэтым прычына. Ты, калі не паступіш у інстытут, пойдзеш служыць на два гады, калі паступіш — у цябе пачнецца зусім іншае, новае жыцьцё. А я цалкам залежу ад мужа. Мне трэба думаць пра будучае дзіця, бо з цягам часу раджаць больш цяжка і рызыкоўна. Жыцьцё жорсткае, Ігнат. Несправядлівае. Хуткаплыннае. А я з беднай сям’і, і мне ніхто не дапаможа.
— Але ж ты не кахаеш свайго мужа. Ты сама казала.
— Тут усё складаней. У мяне былі дзьве сяброўкі ў педінстытуце. Мы і зараз перапісваемся. Абедзьве пасьля разьмеркаваньня апынуліся ў вясковых школках. А ты ўяўляеш, што такое расейская вёска? Яна адрозьніваецца ад вашай беларускай. П’янства. Дзікунства. Адлегласьці. Хваробы. А фізіялогія жанчыны патрабуе свайго: раджаць.
— Пры чым тут фізіялогія?
— А пры тым, Ігнат, што адна з тых маіх сябровак нарадзіла ад стар­шакласьніка, другая знаходзіцца ў сужыцьці з якімсьці тупым мужыком. І абедзьве мне зайздросьцяць: я жыву ў трохсоттысячным горадзе, муж — афіцэр, а гэта значыць здаровы, забясьпечаны чалавек, які грошы дадому прыносіць, кватэру маем. Ты мяне асуджаеш, а калі б я ня выйшла тады за яго — кім і дзе б зараз была?
— Але ж ты яго не кахаеш?
— І гэта ўсё ўмоўна, Ігнат. З часам і ты зразумееш, ты ж так хутка расьцеш, хутка кеміш. У цябе будзе яшчэ шмат жанчын — ты і ў гэтым здольны.
— Ня думаў, што ты такая, такая...
Класная мякка зірнула на яго. Абсыпаны рабаціньнем твар яе з зялёнымі неспакойнымі вачыма пацямнеў.
— Не — якая? Не рамантычная? Не “ўдалец” у спадніцы? Мне не падабаецца тваё ныцьцё!
— Згода, ня буду. — Ён насупіўся, нібы скамянеў.
— Ты і мне прабач. За рэзкасьць.
Раптам яна прыхілілася да яго: галава з валасамі колеру саломы, птушыных абрысаў твар, вяснушкі. Худыя яе рукі абхапілі яго шыю.
— А, чорт! Трэба ж было мне ў гэта ўліпнуць!
— Не пакідай мяне, Поля. Мы можам сустракацца. Няхай зрэдку. Як ты сама захочаш.
— А калі я зацяжару ад свайго законнага, мы таксама будзем сустракацца? А калі нараджу?
— Мне непрыемна чуць такое ад цябе.
— Гэ-х ты, канюк з сям’і сакаліных. Але, пэўна, і ўва мне яшчэ дзіцячага хапае. Можа, у нечым недабрала? Хіба інакш я б з табой зьвязалася? Навошта мне ўсё гэта?
— Годзе журыцца, Поля. Што здарылася — тое і добра.
— Так, канешне. Усё канчаецца, скончыцца і гэта. Нешта я раскісла. А пакуль скажы: у цябе ў тваёй біклажцы ёсьць што-небудзь?
— Ёсьць крыху. Неблагое віно. Чырвонае.
— Ты б ня ўцягваўся ў гэта, Ігнат.
— Не хвалюйся. Я валявы.
Класная адхілілася, усьміхнулася белазуба.
— А зараз пайшлі са мной. Тут недалёка ёсьць ціхае месца. Пасядзім, напасьледак цыгарэту выкурым. Дарэчы, табе і курыць ня варта.
— Як загадаеш, Поля.
Яны пакрочылі па сьцяжынцы. Рэдкія сосны ледзь чутна шумелі ў іх над галовамі. Уводдалі часам мільгалі постаці. Яны збочылі, і лес адразу пагусьцеў, зьявілася і кустоўе. На невялічкай палянцы Паліна Мікалаеўна спынілася.
— Прыйшлі. Здымай куртку і дай мне біклагу. Я прысяду.
Ён прылёг побач, пазіраючы на яе зьнізу ўверх, прыкурыў і падаў ёй цыгарэту.
— Ты б рыхтаваўся да іспытаў, Ігнат. У цябе мала часу. Не шукай мяне, мы ж быццам бы дамовіліся.
— Ды мне толькі пабачыць цябе, Поля, я і рады буду.
— Калі ты паабяцаеш мне, што добра падрыхтуешся і паступіш, няхай. Можа, і пабачымся. Адзін раз. Больш не абяцаю.
Ён узяў яе за руку, пачаў зьлёгку пакусваць пальцы, потым вышэй, да лакцявога згібу. Пасьля пацягнуў угору сукенку, так што агаліліся яе ногі, і правёў языком ад калена па сьцягне.
Класная адкінула цыгарэту.
— Ты мяне небясьпечна разгойдваеш, Ігнат.
Ён ужо сьцягваў з яе трусікі.
— Можна я іх зьніму, Поля?
— Ня трэба тут, Ігнат. Я сама.
Ён ужо наблізіў да сябе яе твар і правёў языком па губах настаўніцы. Яна ўздрыгнула і ўцягнула яго язык у рот. Жаданьне блізкасьці гарэла ў абоіх, яны задыхаліся.
— Не, — сказала Паліна Мікалаеўна. — Ты ўнізе. Ляжы. Так. Ня буду ж я валяцца на зямлі, як бамжыха.
Яна сама расшпіліла яму штаны, скінула з ног туфлі і, перакінуўшы цераз яго сваю нагу, апынулася зьверху.
— Заплюшчы вочы і не глядзі, — прашаптала класная. — Не глядзі на мяне, Ігнат. Калі ласка.
Але ён глядзеў, і тады яна страсянула галавой, і яе сьветлыя, колеру саломы, валасы ўпалі ёй на вочы.
Ігнат сьцягнуў з яе плеч шлейкі сукенкі і накрыў рукамі яе грудзі: два незагарэлыя ўзгорачкі, якія якраз умясьціліся пад яго далонямі. Праз некалькі хвілінаў яна задрыжала і здаўлена ўскрыкнула, дасягнуўшы аргазму. Адчуўшы гэта, ён амаль сінхронна выліўся ў яе. Яны сьцішыліся разам.
Класная паправіла шлейкі і прыкрыла сукенкай грудзі.
— Адвярніся на секунду.
Яна хутка адзела трусікі і сунула босыя ногі ў туфлі.
— Ну, вось і ўсё, — сказала яна. — Цяпер ужо сапраўды. Я не хачу быць вінаватай, калі ты не паступіш і цябе забяруць у армію. Армія, дарэчы, занадта жорсткая рэч, а ты зусім не ваяр.
— І хто я па-твойму, Поля?
— Нешта ў табе ёсьць, Ігнат. Калі мне было, здаецца, трынаццаць, я пазнаёмілася з хлопцам тваіх гадоў, моцна закахалася. Чымсьці ты мне яго нагадаў. Хоць ты, можа, і лепшы: больш адукаваны, эмацыянальны, больш прыгожы.
— А з тым хлопцам што, было як і ў нас?
— Менш будзеш ведаць — лепш для цябе.
Ён моўчкі выцягнуў з пачка цыгарэту, прыпаліў.
— І яшчэ — чаму ў нас так атрымалася: ты хоць і маладзейшы, а ў многім, калі і не мацнейшы за мяне, то разумнейшы, ты цэльны характарам, у цябе востры розум. Але годзе, не скажу больш нічога, а то перахвалю. І вось яшчэ адно: мой бацька таксама быў рэпрэсаваны. Ён у вайну ў Власава служыў. З лагероў не вярнуўся. Ну, ты ж гэта разумееш. Так што ня злуй, што я цябе крыху прытарможвала на ўроках. Табе трэба навучыцца хаваць ад людзей свае думкі, інакш яны цябе зьнішчаць. Думаеш, мне даспадобы гэта херня штодня пра іх правільную ідэйную скіраванасьць, камуністычныя ідэалы, маральны кодэкс? Ды мне гэта горш за месячныя.
— А муж? Ты кахала яго, калі дала згоду пайсьці за яго замуж?
— Ня памятаю, Ігнат. Ён быў ужо афіцэр, а я — маладая дзеўка. Студэнтка. Вось і выбрала. Можа, і фізіялогія пасадзейнічала. А зараз ён мне абыякавы, асабліва калі даведалася, кім ён служыць.
— Кім, Поля?
— Байцом нябачнага фронту, ха-ха, скажам так. Табе ўсё зразумела?
Ён моўчкі выдыхнуў дым.
— Дай і мне. — Яна забрала ў яго цыгарэту, зацягнулася некалькі разоў і выкінула недапалак.
— А цяпер, як кажуць, расход. Не праводзь мяне, Ігнат. Калі ўсё будзе добра, пагаворым восеньню. А лепш — расстанемся зараз. І лепш назаўсёды.
Паліна Мікалаеўна ўстала, паправіла сукенку, забрала сумачку і пайшла.

l l l
Мінуў месяц. Ігнат Канюкоў рыхтаваўся да экзаменаў — ён выбраў факультэт журналістыкі. Паліна Мікалаеўна катэгарычна забараніла яму ўсялякія асабістыя кантакты з ёй. Некалькі разоў ён езьдзіў у гарадок, хадзіў там па вуліцах, якіх было ўсяго дзьве, спадзеючыся сустрэць класную выпадкова, але з гэтага нічога не атрымалася.
Потым надышоў час экзаменаў. Ігнат напісаў на выдатна сачыненьне, здаў таксама на выдатна французскую мову, але на вусным іспыце па літаратуры атрымаў толькі «добра», хаця ведаў матэрыял дасканала. Гэтага аднаго балу яму і не хапіла для паступленьня, бо конкурс быў дастаткова высокі, а пры роўнасьці балаў залічвалі, вядома, тых, за каго маглі па­клапаціцца ўплывовыя бацькі.
Пасьля таго як вярнуўся дамоў, Ігнат некалькі разоў тэлефанаваў у настаўніцкую дваццаць шостай вячэрняй школы, але заняткі там яшчэ не пачыналіся. Урэшце ў тэхнічкі яму ўдалося атрымаць хатні тэлефон Паліны Мікалаеўны і ён адразу пазваніў ёй у першай палове дня, калі, па разьліках, яе муж павінен быць на службе. Але незнаёмы жаночы голас адказаў яму, што Паліна Мікалаеўна тут больш не жыве, бо яе мужа перавялі служыць у іншае месца, і яны зьехалі яшчэ тыдзень назад. Іх новага адрасу яна ня памятала.
А яшчэ праз некалькі дзён Ігнат атрымаў павестку з ваенкамату.
Ужо ў войску з далёкай Поўначы Ігнат Канюкоў даслаў некалькі лістоў у школу з просьбай паведаміць яму пра Паліну Мікалаеўну. На два лісты адказу не было, а на трэці яму напісала настаўніца школы, сястра Яфіма Гурскага.
“Дарагі Ігнат, — чытаў ён у пісьме, — па вашай просьбе паведамляю вам усё, што ведаю. Фіма паступіў у політэхнічны інстытут (ліст ад яго я прыкладаю), а вашы некаторыя аднакласьнікі пайшлі працаваць ці служыць. Так старшына Траўкін урэшце стаў лейтэнантам, начальства быццам яго хваліць, але салдаты ня любяць, капітан Дзівіцкі атрымаў званьне маёра, радавога Веліева, па чутках, недзе злавілі і пасьля суда накіравалі ў дысцыплінарны батальён. Пра Паліну Мікалаеўну, вашую настаўніцу па рускай мове і літаратуры, мы даведаліся нядаўна, што яе напаткала вялікая страта. У каравуле атрымаў сьмяротнае агнястрэльнае раненьне яе муж. Кажуць, што гэта быў няшчасны выпадак. Ён чысьціў сваю зброю. Паліна Мікалаеўна, а яна на гэты час была цяжарная, пасьля хаўтураў аформіла продаж кватэры і зьехала, не пакінуўшы нікому адрасу. Вось і ўсё, што мы можам вам паведаміць. Усе мы вельмі шкадуем, што вы не паступілі вучыцца далей, але ў вас усё яшчэ наперадзе...”
У кароткім лісьце Яфім Гурскі паведамляў: “Ты, Ігнат, служы, але беражы сябе. Калі што трэба даслаць, паведамі. Спачуваю, але што зробіш. Вернешся, яшчэ паступіш. Я жыву пакуль на прыватнай кватэры, бо інтэрнату не далі. Падпрацоўваю рэпетытарам.
Калі ты яшчэ ня ведаеш пра нашых, то паведамляю: Міхася Астапковіча бацька ўладкаваў у сельгасакадэмію, а Вітас Варгуліс зьехаў у Літву да сваякоў. Можа, яшчэ напіша...”

l l l
Служыць Ігнату Канюкову было цяжка, амаль на мяжы чалавечых магчымасьцяў — нават нягледзячы на яго прыродную цягавітасьць. Схільнаму да адзіноты, яму асабліва невыноснай была пастаянная прысутнасьць побач падчас ня вельмі разумных, нетактоўных, бяздушных, неахайных і, у большасьці, амаральных людзей. Менавіта тады ён пачаў занатоўваць свае думкі і назіраньні, што даводзілася хаваць, а нататнік заўсёды трымаць пры сабе: як толькі іх падымалі па трывозе, наляталі асабоўцы са шмонамі. Як і ўсе, штодня ён выкрэсьліваў з каляндарыка неяк пражыты дзень. Нявыкрэсьленых яшчэ заставалася шмат.