12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Натальля Старчанка

_____________________
Белае і чорнае.
Вершы

Рамантычны раманс

Пад бязьлітасным сонцам Крыму,
Дзе ў паветры — чад рэстараны,
П’ем абсэнт з гаркатой палыну,
Ды нясьпешна жуем бананы.

Цэтлік «пятніца» зьменіць «субота»,
У чаканьні бяссонным вампіраў,
Мы ўдыхаем, як дым, сьпякоту,
Ноч працёршы вачмі да дзіраў.

Па кавалках снуюцца пазлы,
Мы чамусьці ня можам іначай,
Абрастаюць кантэкстам фразы,
Нібы сосны смалой гарачай.

Ногі песьцяць пяшчотна хвалі,
Сёньня іхні дэбют — прэм’ера...
Вабяць вока чужыя далі,
Рамантычная атмасфера.


* * *

Твае рукі на маіх сьцёгнах —
Асісталія… ноч… зіма…
Поўні позірк у чорных вокнах —
А магчыма мяне няма?

Больш ня сьпіцца, ня сьніцца неба...
І жыцьцё – нібы сон-мана,
Дзе ў каханьні няма патрэбы —
А магчыма мяне няма?

Заціхаюць пяшчоты словы,
Зьнерухомела прасьціна...
Разьліваецца ў целе стома, —
А магчыма мяне няма?

Апускаюцца крылы вольныя —
Бо я стала навек твая.
Пацалунак — пялёстак полымя.
Я згарэла... Мяне няма.


* * *

Вар’яцтву сьмелых пяем мы славу!
Каханьне ў сэрцы — сонца ў віне...
А жарсьць заўжды падобная на лаву:
Ледзь прамарудзіш — прагна праглыне.

Навошта нам прыдуманыя сагі
Пра вікінгаў, паходні і крыжы?..
Лепш адчуваньне вінаграднай смагі
На самым дне зьбянтэжанай душы.

Як белае робіцца чорным імкліва,
Так чорнае белым заўсёды было...
Для ўсіх закаханых у колер шчасьлівы
Я перафарбую самоты крыло!