12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Стус

_____________________
З лагернага сшытку. Запісы.
Уступнае слова і пераклад з украінскай Ціхана Чарнякевіча


Васіль Стус: феномен эпохі

Яго халодны верш падобны да чалавека з паходняй, які – ты бачыш – прыступка за прыступкаю сыходзіць уніз па лесьвіцы ў непраглядную цемру і губляецца недзе там, пакідаючы па сабе адно водсьветы. Ці ведае ён сам, куды ідзе? Наўрад ці. Верш, кожны новы радок – заўсёды нечаканасьць, якая, нібы птушка з яйка, вырастае ў душы, латашыць крыламі, рвецца на свабоду. Васіль Стус усё жыцьцё прагнуў свабоды: “Ува мне ўжо нараджаецца мой Бог...” Прагнуў свабоды і ў больш вузкім сэньсе – для сваёй краіны. Стус быў упэўнены, што за Радзіму трэба змагацца. Але ці ведаў Стус меру сваёй сугестыўнай паэтычнай сілы? Крытыкі часам і сёньня могуць паспрачацца пра суадносіны паэта і палітыка, выказаць каштоўныя меркаваньні, як скрайнія, так і кампрамісныя. Ён сам, мяркуючы па ўсім, ня надта на гэтым засяроджваўся. Проста безупынна працаваў, рабіў тое, што трэба: унутры верша, у шахце, у складзе Хельсінкскай Групы. Уласнаруч сьвідраваў падземныя калідоры і сам хадзіў па іх з паходняй. І вось цяпер яго няма, а мы глядзім на гэтыя катакомбы, блукаем у іх, спрабуючы ахапіць думкай маштабы пабудаванага...

Няпростым быў ягоны лёс.
Васіль Сямёнавіч Стус нарадзіўся 6 студзеня 1938 году ў вёсцы Рахнёўка Віньніцкай вобласьці, малодшы з чацьвярых дзяцей. Калі хлопчык зьявіўся на сьвет, бацька, кімсьці папярэджаны аб магчымым арышце, перабраўся са старэйшай дачкой у г. Сталіна (сёньня – Данецк) і шукаў працу. Праз год у Сталіна пераехала ўся сям’я, апроч маленькіх Марыі (н. 1937) і Васіля. Вось як пісаў пра той час сам Стус: “Памятаю, як у Рахнёўцы, дзе я застаўся з бабуляю (тата і мама паехалі на Данбас), я прамаўляў за ёю “Отче наш, иже еси на небеси”. Два словы кажа яна – я паўтараю. Памятаю, як плёхаўся ў сажалцы (мне было год-два). Памятаю, як ляжаў у калысцы, а нікога няма. Калыска вісіць на круку, прыбітым да бэлькі... я мокры, пэўна, плакаў – і надакучыла. Сумна ляжаць, дык я гуляю са сваімі вушамі – мну іх у далоньках... Памятаю, як мяне быў напалохаў чужы сабака – шаптуха “вылівала перапуд”, водзячы белым яйкам вакол галоўкі маёй і кажучы: сабака-сабака-сабака, конь-конь-конь, авечка-авечка-авечка. Дапамагло, хоць у дзяцінстве я трохі заікаўся – нават у школе”. У 1940 г. бацька забярэ дзяцей у горад. Многа што яшчэ помнілася Стусу з тых дзіцячых часоў: кпіны з украінскамоўнай і рэлігійнай сям’і на заводзе, жахі вайны, як у 44-м садзілі кукурузу на скрозь зарослай палыном зямлі, як падарваўся на міне і неўзабаве памёр на руках у маці брат Іван, жудасны пасьляваенны голад. Сапраўды шмат чаго было ў Стусавым дзяцінстве...
Пасьля – школа. Вучыўся на выдатна, вельмі шмат чытаў, захапляючыся гераічнымі ўчынкамі персанажаў. Падчас летніх канікулаў працаваў на чыгунцы, мяняў шпалы, рэйкі, забіваў “кастылі” – усё, каб дапамагчы сям’і. Марыў пра вандроўнае жыцьцё, хацеў паступаць на геалогію. Але аднойчы натрапіў юнак на паэму Івана Франка “Майсей”, цудоўную паэму, што зьнітоўвала біблейскі сюжэт блуканьня народу па пакутах з украінскім (ды хіба толькі ўкраінскім?) нацыянальным лёсам. І нешта зрушылася, нешта зьмянілася. “Пасьля прачытаньня гэтай паэмы я забыўся на сваю геолага-выведку і стаў літаратарам”, – пісаў Стус у лісьце да сына.
У 1954 годзе Васіль Стус спрабуе паступаць на журфак Кіеўскага універсітэту. Не дапусьцілі 16-гадовага, маўляў, малады яшчэ. Упарты юнак становіцца студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэту Сталінскага педінстытуту. Яшчэ не былі добра збалансаваныя асобныя для кожнай сьпецыяльнасьці праграмы, і таму ўсе вывучалі поўны курс гісторыі і поўны курс філалогіі. Васілю, у адрозьненьне ад іншых студэнтаў, двайная нагрузка была даспадобы. Сын паэта, дасьледчык і папулярызатар яго творчасьці Дзьмітро Стус адзначае: “З інстытуцкіх кансьпектаў можна зрабіць высновы, што асабліва шмат часу Васіль аддае на вывучэньне гісторыі Украіны і філасофіі. Пераважна класічнай. Найбольш яго цікавіць этычная праблематыка. Праз прызму этыкі Васіль глядзіць і на грамадскія працэсы, што распачаліся ў Савецкім Саюзе пасьля ХХ зьезду КПСС”. Разам з тым, Стус працягвае штудыі па літаратуры. Адзін з ацалелых дзеячаў 20-х гадоў – крытык Андрэй Клочча дапускае цікаўнага студэнта да сваёй бібліятэкі: літаратурная перыёдыка, даваенныя выданьні, зусім не падобная на цяперашнюю літаратура... Гэта ўражвае, захапляе, натхняе. Другі вектар інтарэсаў вызначае заходняя мадэрнісцкая паэзія: тут важную ролю адыграў Цімафей Духоўны, які бліскуча выкладаў замежную літаратуру і ахвотна дзяліўся са студэнтамі ўласнымі кнігамі. Тут, у інстытуце, і высьпявае талент Васіля Стуса. Але друкаваць свае творы ён не сьпяшаецца. Увогуле, Стуса ледзь не да трыццаці гадоў ведалі як удумлівага крытыка, які часам піша вершы. Прычына гэтаму, відаць, ва ўсё тым жа этычным імператыве паэта: ён не хацеў друкавацца, бо лічыў свае творы недасканалымі, і таму працягваў пісаць “у стол”. А потым усё, што павінна было адбыцца, – адбылося...
Па заканчэньні інстытуту (дарэчы, з “чырвоным” дыпломам), паэт некаторы час настаўнічае, неўзабаве яго прызываюць у армію. У 1963 г. Васіль Стус паступае ў асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН УССР, дзе займаецца вывучэньнем тэорыі літаратуры. У гэты ж год у друку зьяўляецца шэраг яго крытычных артыкулаў, пішацца першы разьдзел будучай дысертацыі “Крыніцы эмацыйнасьці мастацкага твору”. Але дысертацыя не была абароненая. Стус знаёміцца з “шасьцідзясятнікамі”. На кватэры ў Сьвятлічных зьбіраюцца Іван Дзюба, Міхайліна Кацюбінская, Яўген Сьвярсьцюк, Васіль Сіманенка і шмат хто яшчэ з літаратурнай і акадэмічнай эліты Кіева. Вось як апісвае паэта публіцыст і крытык Іван Дзюба: “Ён не належаў да людзей, лёгкіх у таварышаваньні. Нешматслоўны, але напружаны ня толькі ў гаворцы, але і ў маўчаньні, ён не прымаў удзелу ані ў беззьмястоўных размовах, ані ў патрыятычнай рыторыцы, пазьбягаючы неабавязковага ўвогуле. У кожную справу ўносіў сур’ёзнасьць і, так бы мовіць, непрамоўлены маральны рыгарызм... Незвычайная сіла яго волі выяўлялася заўжды, і ў сітуацыях, вырашальных для лёсу, і ў побытавай штодзённасьці, нават у драбніцах. Васілёва пастаянная маральная наэлектрызаванасьць вельмі б абцяжарвала атачэньне, калі б не яго бездакорны ўнутраны такт і далікатнасьць. Нават – велікадушнасьць, бо бязьлітасная патрабавальнасьць яго была скіраваная на самога сябе, а не на іншых. У гэтым яго прынцыповае адрозьненьне ад агрэсіўных маралістаў і максімалістаў. У яго былі сябры і сярод мастакоў, скульптараў, музыкаў, тэатралаў, і сярод маладых вучоных, філосафаў, “тэхнароў” – сябры не для застольля, а для інтэлектуальнага сумоўя”.
Эйфарыя “адлігі” скончылася ва Украіне ў апошнія дні жніўня 1965 году: улада правяла серыю палітычных арыштаў у Кіеве, Львове, Івана-Франкоўску, Луцку ды іншых гарадах. Многія дзеячы руху, у тым ліку і пісьменьнікі, апынуліся за кратамі. 4 верасьня ў кінатэатры “Украіна” на прэм’еры кінастужкі Сяргея Параджанава “Цені забытых продкаў” адбылася акцыя пратэсту супраць палітычных арыштаў. Удзельнічаў у ёй і Васіль Стус. Праз некаторы час ён быў адлічаны з асьпірантуры, спыніліся публікацыі, зачыніліся многія дзьверы. Падрабляў перакладамі бюракратычнай пісаніны з рускай на ўкраінскую ў розных кіеўскіх установах. Працавала жонка, падрастаў сын. Вандруюць па знаёмых рукапісныя зборнікі “Зімовыя дрэвы” і “Вясёлыя могілкі”. Імя паэта пачынае трапляць у самвыдатаўскія дысідэнцкія выданьні. Урэшце, Стус ад пачатку ня быў антысаветчыкам. Проста ў яго была абвостраная прага справядлівасьці. Ён бачыў зло і гаварыў пра яго, вось і ўсё. Стус па-іншаму проста ня мог. Паказальна, што ў псіхічнай лякарні, дзе яго абсьледавалі перад судом, быў пастаўлены дыягназ – “паталагічна шчыры”.
У 1970 годзе ў Бруселі (выдавецтва “Літаратура і мастацтва”) выходзіць першы зборнік паэта “Зімовыя дрэвы”. Дарэчы, гэтая кніга, што пабачыла сьвет бяз згоды аўтара, дзякуючы дзіўным “добраахвотнікам”, была адным з галоўных абвінавачваньняў супраць Стуса. Другая хваля арыштаў прайшла па Украіне ў ноч з 12 на 13 студзеня 1972 г. Пасьля арышту, за кратамі, ён вельмі плённа працуе, многа піша. Вершы тыя потым склалі зборнік “Dichtenszeit/Час творчасьці”. За выняткам дзевяці кіеўскіх месяцаў (1979-1980), з 1972 г. і да самай сваёй загадкавай сьмерці ў верасьні 1985 г. паэт праводзіць сваё жыцьцё ў турмах і лагерах, на катаржных работах. Тут адбываецца перараджэньне Васіля Стуса: менавіта за кратамі ён становіцца, не пабаюся гэтых словаў, адным з лепшых паэтаў Украіны ХХ стагоддзя. Феномену Стуса няма аналагаў у славянскай паэзіі. Гэта сінтэз нацыянальнай ідэі, класічнай і мадэрнісцкай еўрапейскай лірыкі, філасофіі, хрысьціянства, прасякнуты такім болем, які проста скалануў украінскую інтэлігенцыю другой паловы 1980-х. 19 лістапада 1989 г., у дзень перапахаваньня памерлых у турмах дысідэнтаў Юрыя Літвіна, Алексы Ціхага і Васіля Стуса на вуліцы Кіева выйшла каля 100 тысячаў чалавек. Гэта было прадвесьцем Незалежнасьці...
У 1994-1999 г. пабачылі сьвет поўны збор твораў Васіля Стуса ў шасьці тамах (дзевяці кнігах) і зборнікі ўспамінаў, рэгулярна выходзіць выбранае паэта, яго творы ёсьць у кожнай школьнай бібліятэцы. Па творчасьці Стуса абароненыя і працягваюць абараняцца дысертацыі. Пэўны час адбывалася міфалагізацыя Васіля Стуса, вяліся грамадскія дыскусіі вакол ягонага імя. Выйшаў нават культуралагічна-філасофскі зборнік “Стус як тэкст”, закліканы “паглыбіць рэцэпцыю” твораў паэта. Цяпер усё больш-менш усталявалася, рака ўвайшла ў сваё натуральнае рэчышча, а рэцэпцыя дайшла да такога класічнага стану, калі нейкі чалавек у нейкім горадзе проста бярэ з паліцы кнігу і аціхае на некаторы час, ведучы маўклівы дыялог з ПАЭЗІЯЙ...
Сёлета Стусу стала б толькі 70 гадоў.

“З лагернага сшытку” – апошняе з напісанага, што трапіла на волю. На твор-дзёньнік адгукнуўся Генрых Бёль. Пачалася падрыхтоўка да намінацыі Стуса на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. За тыдзень да сьмерці Стуса быў надрукаваны англійскі пераклад (A Gulag Notebook. – The Washington Times. – 1985. – August, 28).
Твор гэты – вельмі сьпецыфічны. Нават такі ліберальны дасьледчык, як Дзьмітро Стус, называе яго “можа, і занадта катэгарычным”. Шаноўны чытач марна будзе шукаць тут стылявых эскападаў. Пісалася ўсё ўрыўкамі, хавалася невядома дзе ад наглядчыкаў, ва ўмовах жудаснага ўціску. Мова часам пераходзіць на пратакольна-юрыдычную, і гэта зразумела. Адзінае, што дазвалялася пісаць, – гэта скаргі да кіраўніцтва (усе тыя паперы, вядома, не даходзілі да адрасатаў) і – зрэдку – лісты дадому. Сьпецыфіка яшчэ і ў градацыі настрою аўтара: ён то спакойна-апавядальны, то бязьлітасна-жорсткі, выкрывальніцкі, як у запісе 9-10. Вешаючы ярлыкі на хрысьціянства, выяўляючы яго як быццам “антыўкраінскую” сутнасьць, Стус (а ў яго ж праз верш – Гасподзь, Хрыстос, Багародзіца!) у наступным, 11-м запісе, нібы спахапіўшыся, гаворыць: “Магчыма, гэтыя развагі не зусім прадуманыя, чарнавыя. Але жыцьцё ў мяне тут такое...” Зрэшты, для Стуса цэнтрапалеглае хрысьціянскае паняцьце “смирения” было абсалютна непрымальным і нават заганным. Перадусім супраць яго, на маю думку, і былі скіраваныя жорсткія словы ў адрас нацыянальнай рэлігіі. Шчыра кажучы, мне было цяжка перакладаць гэты “кавалак”...
У тэксьце ахоплены перыяд часу з 1977 па 1982 год. Менавіта тут – сапраўдны, супярэчлівы, часам зусім не паэтычны Стус, яго лёс, яго псіхалагічны партрэт.
За перасланы дзёньнік “З лагернага сшытку” Васіль Стус атрымаў год камеры-адзіночкі.

P.S. Дзеля “падсьветкі” твору былі пададзеныя як мага больш шырокія каментары. Магчыма, некаторыя зьвесткі састарэлі. Інфармацыя бралася з разнастайных украінскіх энцыклапедыяў, Збору твораў Васіля Стуса ў 6 тамах (Т.6), кнігі ўспамінаў “Васіль Стус у адлюстраваньнях”(Палтава, 2007), выкарыстоўваліся і Інтэрнет-рэсурсы, асабліва – сайт па гісторыі ўкраінскага дысідэнцкага руху (archive.khpg.org.ua). Такое мнагаслоўе каментароў спачатку падалося мне залішнім, але “на выхадзе” атрымаўся як бы “тэкст у тэксьце”, прачулася цэлая эпоха ў гісторыі Украіны, пра якую мы, урэшце, ня так і шмат ведаем...

Ціхан Чарнякевіч.
Васіль Стус
З лагернага сшытку

Запіс 1

Дык вось, пятага сакавіка1 я апынуўся на Калыме. За сьпінай засталіся 53 дні этапу, амаль два месяцы. Прыгадваю камеру чалябінскай турмы з процьмаю прусакоў насьценах; наглядзеўшыся на іх, я адчуваў, як сьвярбіць усё цела, а пасьля – новасібірская перасылка, перабытая побач з В. Хаўстовым2 , жудасная іркуцкая турма – мяне ўкінулі ў камеру да бічоў-аліментнікаў: завашыўленыя, брудныя, атупелыя, яны разносілі смурод перыферыйнай задушлівай свабоды, ад чаго хацелася выць ваўком: выяўляецца, і так можна жыць, і так пакутаваць ад цяжару турмы. П’яныя наглядчыкі Іркуцку – нібы ўзятыя з кагорты жандараў-самадураў эпохі Мікалая І ці Аляксандра ІІ. Адзін з іх ледзь ня зьбіў мяне за тое, што я сказаў уголас пра яго грубыя паводзіны. Нарэшце, Хабараўск, а тады – пасажырскі самалёт, дзе вольныя і зьняволеныя падзеленыя шэрагамі крэслаў: тут ужо саромецца няма каго. Мяне скавалі кайданкамі з нейкім рэцыдывістам, і так мы перачакалі з ім дзьве гадзіны палёту.
А вось і Калыма. Халоднае нізкае неба, маленькая турма на нейкім выгане, параўнальна добрая ежа і цёплая цёмная адзіночка. Пасьля прапалкі можна ўжо было цярпець сваю адзежу. Выклікаў начальнік турмы: ён быццам бы ніколі ня бачыў палітвязьня.
За некалькі дзён варанок з буржуйкаю ўнутры дакінуў мяне да Усьць-Омчуга. Гэта 400 кіламетраў ад Магадану. Пасадзіўшы ў камеру КПЗ і пратрымаўшы там некалькі дзён, мяне выклікалі да начальніка міліцыі Пераверзева, і той абвясьціў, што працаваць я буду на рудніку імя Матросава шахцёрам, жыць – у інтэрнаце ў пакоі № 6, а калі я паскардзіўся на нездароўе, абяцаў паказаць лекарам. За нейкіх 20 хвілінаў прайшоў медагляд; усе лекары адзначылі, што я здаровы.
Увечары 5 сакавіка мяне прывезьлі ў пасёлак. У пакоі, як быццам чакаючы мяне, сядзелі п’яныя дзецюкі і пілі гарэлку. Ніхто мне не зьдзівіўся. Раўло радыё, вішчаў магнітафон і транзістар: ім было весела.
Пачалася мая праца. Брыгада [...] – ударная, камуністычная. Ці не палова работнікаў – партыйныя. Гэта ўзорная брыгада. Яны мусілі мяне перавыхоўваць.
У забоі страшэнны пыл, бо вентыляцыі няма: сьвідруюць вертыкальныя глухія штрэкі. Малаток важыць каля 50 кг, штанга – да 85 кг. Калі сьвідруюць “вокны”, даводзіцца браць рыдлёўку. Рэсьпіратар (марлевая павязка) праз паўгадзіны робіцца непрыдатны: ён макрэе і пакрываецца шарам пылу. Тады скідаеш яго і працуеш без абароны.
Кажуць, што маладыя хлопцы (адразу пасьля войска) за паўгады такой пякельнай працы становяцца сілікозьнікамі3 . З-за пылу ня бачыш рыдлёўкі, якой махаеш. Як скончыш працаваць – ніткі сухой няма – выходзіш да клеткі на ледзяное паветра, якое не падаграецца. Пнеўманія, міязіт4 , радыкуліт – пера сьледуюць кожнага шахцёра. А яшчэ ж вібрацыя і сілікоз. Але за 500-700 руб. у месяц людзі нічога не баяцца. Праз 5 гадоў ён зьбярэ грошы на машыну, калі не сап’ецца ці не скалечыцца.
Траўматызм на рудніку – даволі высокі. То абваліцца столь, прыдушыўшы ахвяру “заколам”, то бурыльшчык упадзе ў “дучку”, то трапіць пад ваганетку, перабітыя рукі, ногі, рэбры – ці ня ў кожнага другога. Але калымчукі – людзі моцныя. Яны ведаюць, што дабрабыт лёгка не даецца. За яго трэба плаціць – маладосьцю, здароўем, а то й цэлым жыцьцём. Жыцьцё жорсткае – нічога ня зробіш. А на Калыме ёсьць прадукты, хоць і не заўсёды знойдзеш мяса. Але дзе яно ёсьць, тое мяса?

Запіс 2

Я вяртаўся ў інтэрнат і падаў, як забіты. Былі праца і сон. Прамежкаў не існавала. Так я змог вытрымаць тры месяцы. Давялося заявіць, што такая праца – не для майго здароўя. Міліцыі гэта не спадабалася, пачаліся перасьледаваньні. Да таго ж, я зьмяніў пакой, перайшоў у іншы. Гэта зноў было парушэньнем: як я насьмеліўся, калі мне, насуперак палажэньню пра высылку, загадана жыць менавіта ў гэтым пакоі і менавіта з гэтымі людзьмі. Але іх бясконцыя п’янкі перашкаджалі мне адпачываць.
У траўні мяне выклікалі ў райцэнтр і пачалі пагражаць: за наступнае парушэньне рэжыму будуць судзіць. Я спаслаўся на палажэньне пра высылку, якое дазваляе мне пражываць у межах азначанага раёну, абіраць месца жыхарства па сваім жаданьні. Пераверзеў толькі нядобра пасьміхаўся, а тады перайшоў на брудную лаянку. Давялося паставіць яго на месца. “Са мною нават у канцлагеры не размаўлялі гэткім тонам, таму кіньце лаяцца, іначай я пайду. Я не зьбіраўся да вас ехаць, а выклікалі – дык размаўляйце па-людску”.
Неўзабаве прыехала жонка – нас пасялілі ў г. зв. гатэлі, адначасна падсяліўшы двух кагэбістаў, якія спакойна праслухоўвалі ўсе нашыя размовы. Неяк раз яны ўварваліся да нас, селі да стала, а адзін з іх выцягнуў нож і пачаў выпрабоўваць мяне на нервы. Я проста не прарэагаваў на гэтую танную прыдумку. Іншы сусед хацеў падараваць мне нож; я адмовіўся ад падарунку, нават ня ведаючы, што гэта правакацыя, за якую могуць судзіць (захоўваньне халоднай зброі)!
Калі жонка зьехала, са мною здарыўся няшчасны выпадак: жадаючы прабрацца ў пакой (сусед выправіўся на некалькі дзён у залёты, не пакінуўшы мне ключ), я спрабаваў залезьці праз акно, але ўпаў – і зламаў абедзьве пяткавыя косьці, мяне адвезьлі ў бальніцу, наклалі гіпс, а ў пакой падсялілі новага жыхара. Я ўжо прывык да таго, што за мною арганізоўвалі татальны кантроль, і не сумняваўся, адкуль гэты жыхар. Праваляўшыся два месяцы, я вярнуўся ў інтэрнат. На нагах быў гіпс з металічнай дужкай – ніжэй Plattfus’а. На вуліцы мароз, сьнег. Прыбіральня – за 200 метраў. У мяне пара мыліцаў і гіпсавыя чаравікі, з якіх пальцы выглядаюць. Прынесьці вады, схадзіць у буфет ці па патрэбе – стала вельмі сур’ёзнай праблемай. З гэтых падарожжаў я вяртаўся, адчуваючы на ілбе цыганскі пот. Было нявесела.

Запіс 3

Я сядзеў за вершамі, вырашыўшы транспартную праблему (проста давялося зрэзаць гіпс, які я павінен быў насіць яшчэ два месяцы). Зрэдку хадзіў на пошту, бо для ссыльнага яна была паловай жыцьця з сустрэчамі і кантактамі: пошта яднала нас, ссыльных, вяртала голас Чарнавола5 і Шабатуры6 , Садунайтэ7 і Кацюбінскай8 , прыносіла навіны замежжа.
За лісты даводзілася весьці сапраўдную вайну з КДБ. Дзясяткі і дзясяткі лістоў папросту зьнікалі. А на мае скаргі адказвалі вельмі цікава: “У магаданскім аэрапорце мяшок, у якім носяць карэспандэнцыю, дзіравы”. Давялося некалькі разоў выбіваць тэлеграмы да Андропава: “Вашая служба крадзе мае лісты”. Тэлеграмы адсылалі, але карысьці не было. Хіба наадварот: гэта стала добра відаць па штомесячных наведваньнях у міліцыю (г.зв. рэестрацыя). Езьдзіць туды трэба было за 30 км (пас. Гастэла). Адчувалася, што насоўваецца навальніца.
10.11.78 году, калі я, ледзьве соваючыся, ужо працаваў у шахце, мяне выклікалі ў аддзел кадраў. Выявілася, наляцелі на мяне з вобыскам. Групу ачольваў маёр Грушэцкі з Украіны. Вобыск быў па справе Лук’яненкі9 . Ім усё роўна, што я з Лук’яненкам не знаёмы, хіба абмяняліся з ім адным-двума лістамі, – у мяне канфіскавалі чарнавікі маіх лістоў да Гамзатава10 , Грыгарэнкі11 , некаторыя лісты іншых сяброў, сшытак вершаў. Потым тры дні дапытвалі ў Усьць-Омчузе. Сьведчаньняў я ня даў, хіба выказаў абурэньне.
Цяпер цкаваньне выйшла на новы этап. У пакой падсялілі п’яніцаў (гэта яны праз нейкі час выступілі сьведкамі на новым працэсе). Яны пілі, і пры мне адзін з іх нават пасцаў у чайнік. Калі я пратэставаў, мне адказвалі: “Молчи, а то опять попадешь, где был”. Я патрабаваў, каб іх выселілі – беспасьпяхова. Я намагаўся знайсьці іншы пакой – мне было забаронена гэта рабіць.
Даведаўся, што КДБ, міліцыя, парткам нацкоўваюць на мяне людзей. Аднаму з іх, напрыклад, прапанавалі падкласьці ў мае рэчы стрэльбу ці нож, іншаму – падпаіць мяне. За гэта абяцалі ўзнагароду – 1500 руб. (то бок два месячныя калымскія заробкі). А да якога стану? Ды каб хоць трохі пах быў – адказалі яму. Але я пра тое яшчэ ня ведаў.
Штовечар да мяне хоць нехта ды наведваўся – то камсамольскі патруль, то міліцыя. Размовы былі недобразычлівыя, правакацыйныя. Асабліва назаляў капітан Любавін. Даводзілася проста не рэагаваць на ягоную прысутнасьць.
І тут атрымаў я тэлеграму, што бацька памірае. Але міліцыя мяне не адпусьціла – давялося абвясьціць галадоўку ў знак пратэсту. Праз тыдзень яны ўсё-ткі далі дазвол, але перад тым пратрымалі цэлую ноч у КПЗ – за тое, што на дзьвярах у пакой я павесіў аб’яву: “Прашу не трывожыць. Галадоўка з патрабаваньнем даць магчымасьць пахаваць бацьку”. Увесь час – ад Усьць-Омчуга да Данецка – мяне суправаджаў атрад шпіёнаў з КДБ. Так было ў аэрапорце, так было ў Данецку. Пахаваўшы бацьку, я вярнуўся на Калыму – быццам у турму. Я адчуваў, што ў любы дзень мяне могуць зноў кінуць за краты.

Запіс 4

Калі я вярнуўся ў Магадан, у аэрапорце мяне чакаў выклік – неадкладна зьявіцца ў абласны КДБ. Начаваць давялося ў гатэлі. У панядзелак паехаў у горад (гэта 60 км дарогі). Прымаў мяне намесьнік начальніка Сафонаў. Ён прачытаў мне другое папярэджаньне – з пагрозай неўзабаве асудзіць.
У Усьць-Омчузе, калі я зайшоў да начальніка міліцыі Пераверзева, атрымаў новы сюрпрыз – намесьнік рэдактара райгазеты “Ленинское знамя” абвясьціла, што зьбіраецца пісаць пра мяне артыкул, і задала некалькі правакацыйных пытаньняў. Я сказаў, што гэткі жанр мне вядомы, і таму размаўляць не жадаю.
І сапраўды, праз нейкі час зьявіўся вялікі артыкул “Друзья и враги Василя Стуса”. У ім прыгадалі ўсё. І тое, што я атрымліваю пасылкі з-за мяжы, і што парваў свой прафсаюзны білет, даведаўшыся, што самі прафсаюзьнікі выступаюць супраць аказваньня мне медыцынскай дапамогі; і “сьведчаньні” многіх работнікаў рудніка. Як потым выявілася, Супрага не марнавала часу: пакуль я быў у Данецку, яна бегала па рудніку, рыхтавала матэрыял. Шмат хто казаў мне пасьля, што такога яны і блізка не гаварылі, але журналісцкія абавязкі Супрага, забясьпечаная дапамогай КДБ, разумела па-свойму. “Стус готов грабить и убивать”, – сьведчыла адна медсястра з Транспартнага. – “Он похож на фашиста, такой на моих глазах убивал детей”, – гнулі камедыю іншыя.
Прыкра было ад такога. Неяк я адмовіўся працаваць, бо не далі рэсьпіратараў. Мне паабяцалі выдаць персанальны. Я адмовіўся, падкрэсьліваючы, што рэсьпіратар – гэта сродак абароны абавязковы для кожнага шахцёра. Вось жа, я адстойваю агульны прынцып, [пратэстуючы] супраць парушэньня тэхнікі бясьпекі. Рэсьпіратары потым знайшліся. Зразумела, іх выдалі ўсім. А мяне пакаралі за “страйк”. Супрага і гэтага выпадку не абмінула, перавярнуўшы на свой капыл усе факты.
Якраз у гэты час прыехала жонка. Газета паўплывала на людзей. Яны баяліся мяне, рыхтык чумнога. Я зразумеў, што маніпуляваць грамадскай думкай – вельмі проста. Асабліва, калі самога грамадства – няма, дык няма ў яго і сваёй думкі. І вось, убачыўшы, што прад’явіць зыск Супразе немагчыма (ніводзін суд у Саюзе ня будзе разглядаць такую справу), я пачаў націскаць на тое, каб даць ёй публічны адказ. На гэта адміністрацыя пагадзілася. Зрабілі пашыранае паседжаньне рудкаму, куды запрасілі падрыхтаваную публіку. Быў і журналіст з газеты (Супрагі не было). Я пачаў выкрываць хлусьню досыць рэзка і аргументавана. Рэжысёры ўбачылі, што сьпектакль можа праваліцца – наладзілі абструкцыю, не даючы мне гаварыць. Нічога іншага не заставалася, як пакінуць залу разам з жонкай, абвінаваціўшы публіку ў баязьлівасьці.
А ў прэсе не сьціхала віхура: дзясяткі чытачоў паводле добрай савецкай традыцыі працягвалі абурацца маімі паводзінамі. Цяпер маё становішча стала яшчэ больш драматычным. Разьвітваючыся з жонкай, я сказаў ёй: “Адчуваю, што ў наступны раз пабачымся, напэўна, у лагеры”. Хаваючы сьлёзы, яна згадзілася з гэтым. Але сьпіны гнуць я не зьбіраўся, што б там ні было. За мною стаяла Украіна, мой прыгнечаны народ, за гонар якога я мусіў змагацца да апошняга.

Запіс 5

Цягам гэтага часу я практычна ня меў медыцынскай дапамогі. Вяртаючыся з працы, не адчуваючы ног, я грэў ваду ў місе і, паклаўшы туды электранагравальнік, рабіў сабе солевы раствор, каб папарыць ногі. Левая пятка зраслася няправільна: хірург проста не заўважыў гэтага. Парафінавыя аплікацыі даводзілася рабіць уласнаруч.
Затое правакацыяў пабольшала. Аднойчы пасьля цяжкай прастуды (у той вечар вярнуўся з “мацерыка” мой сусед па пакоі) я выпіў з іншымі 100-150 г каньяку, яшчэ ня ведаючы, што мне гэта забаронена. Міліцыя адразу прарэагавала на гэта – і пачала мяне падпільноўваць. Калі ўвечары, амаль перад сном, я выйшаў на хвіліну з інтэрнату, – на мяне тут жа накінулася міліцыя і павезла ў выцьвярэзьнік. Я абвясьціў, што пачну палітычную галадоўку пратэсту, калі яны ня спыняць камедыю. Лекар, выкліканы міліцыяй, выявіў ап’яненьне ў лёгкай стадыі. Я сеў пісаць пратэст пракурору. За гэты час нападнікі перайгралі сітуацыю: адвезьлі мяне ў інтэрнат. Пасьля гэтага я і даведаўся, што міліцыя вырашыла аформіць мяне на прымусовае лячэньне ад алкагалізму – ім патрэбны быў хоць нейкі эпізод. Вось тады яны і паабяцалі 1500 руб., каб мяне падпаілі. Але нумар не прайшоў. Давялося абшукваць свае рэчы ў пакоі, каб папярэдзіць выпадак падкідваньня: стрэльбы, нажа, парнаграфічнага тэксту і г.д. Вяртаючыся ўвечары з працы, я ня раз бачыў перад сабой выламаныя дзьверы. Вось жа, давялося зьвярнуцца да пракурора са сьпецзаявай: калі ў маіх рэчах будуць знойдзеныя зброя, выбуховыя рэчывы, залаты пясок і г.д. – гэта будзе наступствам рэалізаванай правакацыі.
Даведзены да мяжы, я склаў заяву ў Вярхоўны Савет СССР з другой просьбай пра адмову ад грамадзянства. Гэта было напрыканцы 78 году. У ёй я пісаў, што забарона займацца творчай працай, штодзённае прыніжэньне маёй чалавечай і нацыянальнай годнасьці, стан, праз які я адчуваю сябе рэччу, дзяржаўнай маёмасьцю, якую КДБ запісала на свой рахунак; сітуацыя, з-за якой маё пачуцьцё украінскага патрыятызму перавялі ў ранг дзяржаўнага злачынства; нацыянальна-культурны пагром на Украіне – усё гэта вымушае мяне прызнаць, што мець савецкае грамадзянства – рэч для мяне немажлівая. Быць савецкім грамадзянінам – г.зн. быць рабом. Я на такую ролю згоды не даю. Чым больш пакутаў і зьнявагаў я зазнаю – тым трывалейшы будзе мой супраціў сістэме зьдзеку з чалавека і яго элементарных правоў, супраць майго рабства. Праз нацыянальную скіраванасьць.
Гэтая заява ад 18.Х.78, ужо другая такога кшталту (першую я напісаў у лагеры), зразумела, засталася без адказу. Пасьля, у сакавіку 1979 году, мяне выклікалі да дырэктара рудніка Вайтовіча. У кабінеце сядзела каля 20 чалавек г. зв. грамадскасьці, некалькі невядомых мне асобаў і начальнік міліцыі Пераверзеў. Гэты апошні абвясьціў, што па даручэньні Прэзідыуму Вярхоўнага Савету ён дасьць мне адказ на маю заяву. І пачаў яе чытаць, увесь час паўтараючы, што гэта паклёп, за які мяне трэба судзіць.

Запіс 6

Ён пачаў мяне пужаць, што адправіць на Амчак (пасёлак за 6 км ад Матросава, дзе знаходзіўся лагер асобага рэжыму). Я ацаніў сітуацыю як скрайнюю і вырашыў адказваць яму адпаведна. Калі дырэктар спрабаваў трохі палагодзіць атмасферу, я спыніў яго: “Пра што гаворка? У яго ў адной кішэні ордэр на арышт, а ў другой наручнікі”. Гэтае кабінетнае судзілішча доўжылася ці не гадзіну. На гэтым эпізодзе, здаецца, скончыліся спробы КДБ узяць мяне штурмам. Аж да заканчэньня ссылкі, бадай што, непрыемнасьцяў ня меў. Толькі на судзе12 ўжо я пабачыў, што першыя судовыя допыты г.зв. сьведкаў датуюцца красавіком 1979 году. Збольшага тое былі ўсе, каго Супрага прыгадала ў сваім артыкуле: вось толькі тон хлусьні стаў яшчэ больш крыўдны і пачварны. Чытаць гэтыя сьведчаньні было сьмешна. Мабыць, на судзе некуды падзелася маё пачуцьцё гумару, калі для аднаго такога ілжэсьведкі, лагернага крымінальніка-бытавіка Сірыка (за супрацоўніцтва з КДБ ён атрымаў датэрміновае вызваленьне з 19 лагеру), зрабіў выключэньне – сам як адвакат – пачаў задаваць яму каверзныя пытаньні. Памылкай гэта называць не выпадае, – але трохі шкадую: няхай хоць сам д’ябал ладзіць свае суды, клапоцячыся, каб тыя камедыі мелі нейкую ступень верагоднасьці, што мне да таго? Так я вярнуўся ў Кіеў. Там мяне чакаў сюрпрыз. Выявілася, што за тыдзень да майго прыезду кадэбісты ўлезьлі ў маю кватэру, а жонку, якая ў гэты час ішла дадому, схапілі на вуліцы, гвалтам укінулі ў машыну і дзьве гадзіны вазілі па Кіеве, пакуль нападнікі не пайшлі з нашага памяшканьня.
У Кіеве я даведаўся, што людзей, блізкіх да Хельсінкскай групы, рэпрэсуюць самым жорсткім чынам. Так, прынамсі, судзілі Аўсіенку13 , Горбаля14 , Літвіна15 , так трохі пазьней разабраліся з Чарнаволам і Разумным16 . Такога17 Кіева я не хацеў. Убачыўшы, што Група засталася фактычна пакінутай на волю лёсу, я ўвайшоў у яе склад, бо іначай проста ня мог18 . Калі жыцьцё аднялі – крошак мне ня трэба. Давялося займацца ўратаваньнем сваіх вершаў, рабіць інфармацыйныя матэрыялы Групы. Праца на заводзе імя Парыжскай Камуны (мяне ўзялі туды фармавальнікам) была для мяне вельмі цяжкай: нанасіўшыся апок, я ледзь хадзіў (так балела нага). Давялося адшукаць іншае месца; зноў жа не па сьпецыяльнасьці. Стоячы на канвееры, я шоргаў шчоткай па падэшвах абутку; за гэта мне плацілі ад 80 да 120 руб. штомесяц.
Псіхалагічна я разумеў, што турэмная брама ўжо адчыненая для мяне, што днямі яна зачыніцца – і зачыніцца надоўга. Але што я павінен быў рабіць? За мяжу ўкраінцаў не выпускаюць, дый ня надта і хацелася – за тую мяжу: бо хто ж тады тут, на Вялікай Украіне, стане голасам абурэньня і пратэсту? Такі ўжо лёс, а лёсу не абіраюць. Вось жа, яго прымаюць – які ён ужо ёсьць. А калі не прымаюць, тады ён сілком абірае нас.
14 мая кадэбісты прыйшлі на працу. Уночы адвезьлі ў КДБ, там я заўважыў, што ордэр на мой арышт выпісаны яшчэ ў панядзелак. Вось жа, два дні мне падаравалі. Ордэр падпісалі пракурор Глух і намесьнік Федарчука генерал Муха. Тут ужо нічога ня зробіш. Суд – непазьбежны. А сьледства – дарэмная і непатрэбная працэдура. У СССР трэба сядзець два разы – вось тады ўсё зразумела і проста. Ніякіх нечаканак.

Запіс 7

Спроба дзёньніка ў гэтых умовах – спроба адчайная: такіх умоваў, як тут, людзі ня бачылі ані ў Мардовіі, ані ў Сасноўцы. Адным словам, рэжым, што пануе ў Кучыне, – гэта апагей паліцэйства. Якая-кольвек апеляцыя да вярхоўнай улады застаецца без адказу, альбо – найчасьцей – пагражае пакараньнем. Літаральна за паўгады мяне тройчы пазбаўлялі спатканьня, ці не праз месяц г.зв. “кіёска”, тры тыдні запар адседзеў у ізалятары. Здаецца, нідзе такога не было, каб за галадоўку пазбаўлялі спатканьня, бо галадоўка – гэта парушэньне рэжыму. Мяне двойчы каралі за галадоўку – 13 студзеня 1982 году і ў гадавіну сьмерці Ю. Кука19 , ён праходзіў па адной справе з Мартам Ніклусам20 . Нідзе не даходзіла да таго, каб наглядчык зьбіваў вязьня, як гэта сталася з Ніклусам. Март сядзеў у ШІЗА і пісаў скаргі. П’яны наглядчык Кукушкін21 адчыніў камеру, ударыў яго кулаком у твар, а потым пачаў біць нагамі. Ніклус закрычаў. Мы ўсе пачалі зьвінець і гучна пратэставаць, і гэта спыніла п’янага хама, які нават трохі перапужаўся. Але адміністрацыя ўзяла яго пад сваю абарону, а ў адказ на патрабаваньні пакараць Кукушкіна стала перасьледаваць Ніклуса: за быццам бы паклёп на стараннага наглядчыка.
Адным словам, Масква надзяліла мясцовую ўладу ўсімі паўнамоцтвамі, і калі хто-кольвек цешыцца ілюзіяй, што нейкі там закон рэгулюе нашыя стасункі з адміністрацыяй, той моцна памыляецца. Закон поўнага беззаконьня – вось адзіны рэгулятар нашых г. зв. узаемаадносінаў.
Ні ў якім лагеры не забаранялі распранацца да поясу падчас шпацыру, – тут забараняюць і караюць любога, хто хоча злавіць крышачку сонца. Вобыскі праводзяцца надзвычай груба: забіраюць усё, што толькі пажадаюць, нават без акта і паведамленьня. Мы цалкам страцілі права належаць сабе, ня кажучы пра тое, каб мець свае кнігі, сшыткі, запісы. Кажуць, калі Гасподзь хоча некага пакараць, Ён забірае розум. Так доўга працягвацца ня можа – такі ціск магчымы перад пагібельлю. Ня ведаю, калі прыйдзе сьмерць да іх, але асабіста я пачуваюся сьмертнікам. Бадай, усё, што я мог зрабіць за жыцьцё, я зрабіў. Займацца творчасьцю тут немагчыма абсалютна: кожны вершаваны запіс забіраецца на першым жа вобыску. Даводзіцца вывучаць мовы. Калі я за гэты ліхі час агораю французскую і англійскую мовы, будзе хоць нейкі клёк. Увогуле, і чытаць няма чаго, хоць мы ў камеры бярэм кнігі (В. Бялова, Ч. Айтматава), але на ўкраінскай – няма нічога абсалютна. Культ бяздарных Яварыўскіх, іх час надышоў. Таленавітыя аўтары альбо маўчаць (як Андрыяшык22 ), альбо займаюцца богведама чым (напрыклад, Дрозд ці Шаўчук). Ліна Кастэнка23 прарвалася з некалькімі таленавітымі кніжкамі, але так і засталася на маргінэсе сёньняшняга бясчасься. Бо не яе час. Бо ня час Вінграноўскага24. Бо ня час Драча25 – капітулянта паэзіі. Час выпрабоўвае кожнага мастака на цярпеньне, на цьвёрдасьць. Калі пачалі цягнуць жылы – першымі скарыліся таленавітыя. З кожным годам усё яскравейшыя робяцца ў Драча гэтыя жаночыя рысы. Сёньня ён – як балбатлівая цётка. Гэткаю ж балбатлівай цёткаю зьяўляецца і Дзюба26. Яму хочацца старой сваёй стылістыкі, але з аглядкаю на новыя ўмовы. І атрымліваецца, што ён далдоніць-далдоніць, а карысьці ніякай няма. Яго артыкул пра “Кіеў” Вінграноўскага – і добры, і грэшны. Бо часы твае, Іван, прайшлі. Бо немагчыма сёньня пісаць пра Вінграноўскага, паэта пачатку 60-х гадоў. Зрэшты, і сам Дзюба – гэта крытык пачатку 60-х гадоў. А ў 80-х яны пачуваюцца як не ў сваёй атмасферы. Яны выкінутыя са свайго часу на волю лёсу. Таленавітыя людзі (які майстар – Дрозд!), але дзе яму можна прыкласьці сваё майстэрства? І ён размалёўвае грамадскія прыбіральні – бо гэта адзіная дазволеная форма служэньня ўкраінскаму мастацтву.

Запіс 8

Прыгадваю ліст Паўлычкі27 да Юрыя Бадзя28. Гэта быў ліст-адказ на рэпліку Ю. Бадзя пра тое, што Паўлычка дарэмна ў нейкім з публічных выступаў гаварыў пра Франка29 як змагара з украінскім буржуазным нацыяналізмам – ці не найгалоўнейшая (на савецкае гледзішча) адзнака геніяльнасьці Франка. Паўлычка быў страшэнна абураны рэплікай – яго апанаваў праведны гнеў, скіраваны супраць аблуднай філасофіі, якой аддаў даніну і Дзюба (гэта – словы Паўлычкі). Ніколі не хваліце мяне, – завершыў свой ліст Паўлычка, дэманструючы сваю палярную што да Бадзя пазіцыю. Адбывалася гэта ўсё недзе ў 1978 годзе. Потым Бадзё быў рэпрэсаваны як аўтар нацыяналістычнай працы “Права на жыцьцё”. Нацыяна­лістычнай, бо, паводле Бадзя, кожны народ мае права дыхаць, а не гібець пад ігам імперыі. Цікава, як пачуваецца Паўлычка цяпер, калі Ю. Бадзё ў турме?
Не разумею, няўжо не абрыдла г.зв. украінскай інтэлігенцыі таўчыся на адным месцы – паміж мазэпаўскім патрыятызмам і качубееўскім інтэрнацыяналізмам на рускі капыл, то бок спавядаць філасофію меншай ці большай нацыянальнай здрады. Няўжо ёй, гэтай інтэлігенцыі, не дастаткова таго, што мы ўжо атрымалі? Калі ў нас забралі гісторыю, культуру, увесь дух, а наўзамен дазволілі прыдумляць душу малодшага брата? Няўжо гэткім падбрэхваньнем можна служыць чамусьці добраму?
Толькі вар’ят можа спадзявацца, што афіцыйная форма нацыянальнага жыцьця можа нешта даць. Мастацтва, створанае на Украіне за апошнія 60 гадоў, атручана вірусам немачы. Як можа разьвівацца нацыянальнае дрэва, калі вырублена паўкроны? Што гэта за ўкраінская гісторыя – без гісторыкаў, калі няма ані казацкіх летапісаў, ані гісторыі Русі, ані Кастамарава30, Маркевіча31, Бантыш-Каменскага32, Антановіча33, Грушэўскага34. Якою можа быць літаратура, калі яна пазбаўленая добрай паловы аўтараў? І аўтараў першакласных – такіх, як Вінічэнка35 Хвылявы36, Підмагільны37. Вось і маем прозу калгасных падлеткаў – і каго ні возьмеш, такі ўжо сьпявучы, такі ўжо салодкі. З мовай вясковае бабулі, якая бяз “енька” слова ня скажа, то бок тыповую каланіяльную літаратуру-забаўку. “Кіеў – гэта такая цудоўная флора, але ж фаўна!..” – казаў Віктар Някрасаў38. І як з ім не пагадзіцца, пазіраючы на гэты набор лёкаяў ад літаратуры, абозных маркітантак эстэтыкі, якія з нацыянальнай трагедыі шыюць сабе крамныя шаравары блазнаў-танцораў, што на трупе Украіны выдаюць хвацкага гапака. І сапраўды, прасьцей сказіцца і ня быць сабою – няма ж зубіла, няма і малатка39.
Уласная бездапаможнасьць перад крыўдай – прыкрая. Калі ведаеш, што недзе там, за сьцяною Алекса40 – у крытычным стане, а з яго зьдзекуюцца – як змоўчаць? Але голас тут ня чуюць. Як ня чуюць і скаргі да пракурора (у кожнай з іх абавязкова знойдуць “недопустимые выражения” – і пакараюць: мяркую, караюць за самую форму скаргі-пратэсту); калі на шпацыры – насуперак савецкім кодэксам – забараняюць распранацца да поясу, а хворага Скаліча прымушаюць сядзець у бушлаце ў страшэнную сьпёку; прыкра весьці гутарку з пракурорам і начальнікам калоніі, што на ўсе скаргі цынічна адказвае, як аўтамат, “не положено”, і тады пераходзіш на крык: альбо перастаеш размаўляць з капітанам Далматавым (начальнік участку), альбо мянуеш яго катам, забойцам і г.д.
Формы існаваньня тут ня вынайдзеныя (няма такіх, якія б ідэальна сябе паводзілі, бо ідэальныя паводзіны тут – проста немагчымыя). Март Ніклус, напрыклад, узяў за правіла часта пісаць доўгія скаргі: ён верыць, што яны могуць прынесьці карысьць. Нехта супраць масавых галадовак (як правіла, гэта 30.Х і 10.ХІІ, але сёлета мы адзначалі 10-годдзе рэпрэсіяў на Украіне і гадавіну з дня сьмерці Ю. Кука), бо лічыць, што яны неэфектыўныя. І ўсе пазіцыі добра аргументаваныя. Вось жа, кожны дзейнічае, як яму падказвае ўласная годнасьць і сумленьне.
Праца вельмі марудная: каб зрабіць норму, трэба працаваць усе 8 гадзінаў безупынку. Але да чаго толькі не прывыкаеш. Абражае, калі ў камеру ўтыкаюцца наглядчыкі і забіраюць усе запісы, усе кніжкі, пакідаючы толькі па 5 кніжак (улучна з часопісамі). Абражаюць канфіскацыі лістоў: амаль ні да каго не даходзяць лісты ад сяброў і някрэўных сваякоў. У кожнага ёсьць толькі адзін дазволены адрасат, але і ад яго лісты даходзяць не заўсёды. Адным словам, урад дазволіў рабіць з намі усё, што заўгодна.
Лякарня практычна не існуе, медыцынская дапамога – таксама. Стаматолага чакаюць па 2-3 месяцы, а то і болей. Калі ж ён і зьяўляецца, дык толькі для таго, каб павырываць зубы. Амаль усе вязьні – хворыя. У надзвычай цяжкім стане пакутнік Сямён Скаліч, Ю. Фёдараў, В. Курыла41, А. Ціхі. Але астатнія – пачуваюць сябе не нашмат лепш.
Цягам году зона колькасна не зьмянілася. Некаторыя ваенныя вязьні (паліцаі) перайшлі на чорную зону, іншыя – дадаліся (І. Кандыба42, В. Аўсіенка, крымінальнік Астрагляд). Павінен прыехаць М. Горынь43, вязьні з турмы (сярод іх – І. Сакульскі44). А зона трымаецца на 30 мужыках (20 з іх – пад замком) або на адной траціне, то бок у адкрытай [турэмнай?] секцыі – пакуль што там толькі тры [дысідэнты?]: А. Берднік45, Яшкунас46 і Еўграфаў (колішні бытавік). Цікава, ці не запросіць КДБ сюды другую частку бытавікоў, бо дамешак паліцаяў скарачаецца з кожным годам (цяпер іх недзе 10-12 душ, але праз год пад замком можа ўвогуле нікога не застацца). Пакуль што, апрача ваенных, жыцьцё нашае атручваюць двое: В. Федарэнка і бытавік Астрагляд. Што будзе далей?

Запіс 9-10

Кіеў сьвяткуе сваё 1500-годдзе. Рэстаўравалі Залатую браму, праз якую ніхто ня езьдзіць. Для мяне сімвалам Кіева была брама Забароўскага. Замураваная. Бо гэты Кіеў запячатаны. Чым прыгажэйшы робіцца Кіеў, тым больш ён вусьцішны. Бо, замест жывога гораду, ператварыўся ў маскарад, маску вампіра, які п’е кроў сваіх сыноў і дачок і праз гэта прыгажэе. Прыгадваю жанчыну з “Сонечнай машыны”47, чыя галава была падобная да зьмяінай. Залатагаловы Кіеў – зьмеягаловы. Ніяк не пазбудуся відзежу, што па-над юбілейным Кіевам вісіць труна Івана Сьвятлічнага48 (ці жывы ён?) – як статуя Ісуса Хрыста па-над Рымам. Выхваляюцца юбілеем Кіева адно прыблуды і падбрэхічы. Сапраўднага гонару ня маюць, любіць могуць толькі хамскаю любоўю. Права на афіцыйную любоў да Кіева мае толькі сонм чыноўнікаў – г.зв. інтэлігенцыя па-савецку.
Уласна, ці існуе ўкраінская інтэлігенцыя? Мяркую, ці яе наогул няма, ці яна ўся маладая і зялёная. Яна згубіла сваю існасьць, альбо ніколі яе не дасягала. Украінскі інтэлігент на 95% чыноўнік і на 5% патрыёт. Таму ён і патрыятызм свой хоча прапісаць бюракратычным параграфам, ягоны патрыятызм неглыбокі і ні да чаго не абавязвае. Бо на Украіне дагэтуль няма патрыятычнай гравітацыі. Уведзеная ў дзяржаўную сістэму, гэтая інтэлігенцыя зусім не адчувае сваіх абавязкаў перад народам, які так і не пазбыўся ўласнага аблічча. Ён жа таксама шматаблічны янус, савецкі Сьвітавід. Гэтая інтэлігенцыя афіцыёзу, хапаючыся за жыцьцё, прастуе да бясслаўнай сьмерці, мы, вязьні гісторыі, – рушым у жыцьцё (толькі калі ж яно прыме нас, праз колькі пакаленьняў?)
Думаю пра 1000-годдзе хрысьціянства на Украіне. Разважаю, ці не было гэта першай памылкай – візантыйска-маскоўскі абрад, які нас, самую ўсходнюю частку Захаду, далучыў да Усходу. Наш індывідуалістычна-заходні дух, зацугляны дэспатычным візантыйскім праваслаўем, так і ня змог выблытацца з гэтай дваістасьці духу, дваістасьці, што спарадзіла пасьля комплекс крывадушша. Мусібыць, пасеістычны дух праваслаўя стаўся цяжкім каменем для маладой і нясталай душы народу – прывёў да жаночасьці духу як атрыбуту нашай духоўнасьці. Жалезная дысцыпліна татара-манголаў апладніла рускі дух, умацавала яго агрэсіўнасьцю і пірамідальнасьцю будовы. Украінскі дух так і ня змог выкараскацца з-пад цяжкога каменю пасеістычнай веры. Быць можа, гэта адна з прычынаў нашай нацыянальнай трагедыі. Не люблю хрысьціянства. Не.

Запіс 11

Магчыма, важна яшчэ і тое, што велізарная глыба духоўнага хрысьціянства апусьцілася на вельмі ўжо маладую душу, на яе слабенькія плечы. Так ці інакш, але ад праваслаўя мы пацярпелі найбольш. Пазбыцца яго ўсходніх вабаў мы не змаглі. Гэта вынішчыла нашу вітальную, жыцьцёвую энергію.
Негатыўны ўплыў хрысьціянізацыі на мову таксама можна вылучыць. Але тое ўжо быў паток, плынь нацыянальнай гісторыі.
Магчыма, гэтыя развагі не зусім прадуманыя, чарнавыя. Але жыцьцё ў мяне тут такое, што негатывізм да пасеістычнага праваслаўя ня можа не разьвівацца.
Думаю пра сьветапогляд: як на маё, дык паняцьце гэтае дужа метафізічнае. Больш дзейснае пачуцьцё – суадносіны адказнасьці і жаданьня, свабоды і логікі, свабоды і адказнасьці. Сьветапогляд – гэта па вялікім рахунку пытаньне тэмпераменту і годнасьці, нашай жыцьцёвай актыўнасьці. Часам сьветапогляд абумоўлены магчымасьцю выжыць, уплываць на грамадства, масавасьцю. Але зьмяняюцца жыцьцёвыя варункі, а з імі – і складнікі сьветапогляду. У маім цяперашнім становішчы ніякія эгаістычна-меркантыльныя чыньнікі на яго не ўплываюць. Што ж тады? Позірк вечнасьці ці адчаю? Як жа надакучылі выгіны лёсу, ламаныя лініі жаданьняў і набыткаў, грымасы наступстваў.
Моташна жыць бяз краю свайго, без народу; іх мусіш ствараць сам, сваім зболеным сэрцам. Можа, патрапіла нарадзіцца ў перыяд міжчасься, можа, калі гістарычныя ўмовы зьменяцца (але – ці ў лепшы бок?), рэальна будзе выявіць гэтую жыцьцёвую плынь народу, яго жыцьцёвы парыў. Пакуль што – не відаць. Адсюль і наш звышадчай, ваўкаватасьць душы, што ёсьць і сярод найлепшых. Але пакуль што я ня бачу – нікога і нічога. Ніводнае прычыны для надзеі.
Улетку 1981 года ў ШІЗА ўкінулі Алексу Ціхага – тры разы запар па 15 сутак. Было вельмі холадна, і яго пачаў мучыць хворы страўнік. У час гэтых 45 сутак ён перастаў уставаць. Заўважыўшы яго катастрафічны стан, лекар дазволіў яму мець пры сабе ўначы грэлку з гарачай вадою. Проста з ШІЗА Алексу перавялі ў бальніцу, дзе ён праваляўся яшчэ тры месяцы і, як з крыжа зьняты, вярнуўся ў камеру.
Балюча тое, што ў нашых умовах немагчымая звычайная чалавечая салідарнасьць – усеагульная галадоўка і пратэст. Па-першае – людзі зьнясіленыя працяглай барацьбой, па-другое – абсалютная неэфектыўнасьць якога-кольвек супраціву ў гэтых цалкам закрытых умовах. Але як гэта раніць душу – калі ты бачыш і маўчыш.
Віталь Калінічэнка49 зрабіў колькі спробаў зьвязацца з воляй – і ўсё беспасьпяхова. Яму ня шчасьціць. У рукі КДБ патрапіла ягоная вострая заява пратэсту – пасадзілі на год у адзіночку (15.Х.1981). Праз паўгады (з 8.IV.82) год адзіночкі атрымаў Март Ніклус. Я быў на чарзе – пасьля трох пазбаўленьняў спатканьня і трох тыдняў ШІЗА. Апошні раз за тое, што, не стрымаўшыся, я назваў кадэбіста Чаркасава фашыстам і гестапаўцам. Заявы пісаць кінуў – праз поўную іх безвыніковасьць.

Запіс 12

Ці не ад самога Кіева сачу за падзеямі ў Польшчы50. Няхай жывуць валанцёры свабоды! Усьцешвае іх, палякаў, няскоранасьць савецкаму дэспатызму, іх усенародная ўзрушанасьць уражвае; працоўныя, інтэлігенцыя, студэнцтва – усе, апрача вайскоўцаў і паліцыі. Калі падзеі так і будуць разьвівацца, то заўтра полымя ахопіць і войска. Што тады будуць рабіць Брэжневы-Ярузельскія? У таталітарным сьвеце няма ніякага іншага народу, які б так аддана бараніў свае чалавечыя і нацыянальныя правы. Польшча дае Украіне прыклад (псіхалагічна мы, украінцы, шмат у чым, можа, найбольш маем агульнага з польскай натурай, але ў нас няма галоўнага – сьвятога патрыятызму, які кансалідуе палякаў). Як шкада, што Украіна яшчэ ня ў стане браць урокі ў польскага настаўніка.
Але рэжым СССР і афіцыйнай Польшчы, наважыўшыся змагацца з уласным народам найгрубейшымі паліцэйскімі метадамі, зноў пацьвердзіў сваю антынародную дэспатычную сутнасьць. Пасьля Польшчы – так мне падаецца – верыць у маскоўскія ідэалы можа толькі апошні дурань і апошні нягоднік. На жаль, ня ведаю, якое ўражаньне зрабілі польскія падзеі на народы СССР і ўсяго лагеру.
Прафсаюзны варыянт вызваленьня быў бы надзвычай эфектыўным і для СССР. Калі б пачатак, зроблены інжынерам Клябанавым51, быў падтрыманы па ўсёй краіне, урад СССР меў бы перад сабою найсучасьнейшага антаганіста. Бо Хельсінкскі рух – вышэйшая матэматыка для гэтай краіны, як, бадай што, і нацыянальна-патрыятычны. Затое рух за жытло і кавалак хлеба, рух за нармальную аплату працы – гэта мова агульназразумелая, прымальная.
Я захапляюся польскімі ваярамі духу і шкадую, што я не паляк. Польшча творыць эпоху ў таталітарным сьвеце і рыхтуе ягонае крушэньне. Але ці будзе польскі вопыт і нашым – гэта пытаньне. Польшча падпальвала Расію ўсё 19 ст., працягвае спрабаваць і цяпер. Зычу лепшай долі для польскіх інсургентаў, спадзяюся, што паліцэйскі рэжым 13 сьнежня не задушыць сьвятога полымя свабоды. Веру, што ў прыгнечаных краінах знойдуцца сілы, якія падтрымаюць вызвольную місію польскіх валанцёраў свабоды.
У сьвятле польскіх падзеяў яшчэ больш прымітыўнымі выглядаюць патугі Хельсінкскага руху – баязьліва-рэсьпектабельнага. Калі б гэта быў масавы рух народнай ініцыятывы, з шырокаю праграмай сацыяльных і палітычных патрабаваньняў, калі б гэта быў рух з планам будучае ўлады – тады б ён меў нейкія надзеі на посьпех. А так – Хельсінкскі рух падобны да немаўляці, якое хоча гаварыць басам. Зразумела, яго і павінны былі разграміць, бо ён сваімі жалобнымі інтанацыямі зрабіў перадумовы для гэтага пагрому. Магчыма, з будучым абнаўленьнем ўлады ў СССР шанцы вырастуць, але пакуль што сацыяльны песімізм савецкіх дысідэнтаў жалезна аргументаваны.
Нарэшце, прашу не забывацца, што цэлы шэраг тутэйшых вязьняў патрабуе матэрыяльнай, грашовай дапамогі – хаця б на тое, каб атрымліваць літаратуру. Вось жа, па магчымасьці, недзе 50-100 руб. у год істотна дапамагалі б такім вязьням, як М. Ніклус, І. Кандыба, В. Аўсіенка, В. Стус, В. Калінічэнка, А. Ціхі.
Бальшавікі, аглушыўшы народ сваёй рэпрэсіўнай прапагандай, выпрацавалі свой, заснаваны на суцэльнай хлусьні, метад. Факты ніколі не правяраюцца, у якасьці аргументаў вылучаюцца бальшавісцкія версіі фактаў. Такім, напрыклад, зьяўляецца артыкул Кураедава ў “Литературной газете” (ліпень 1982). Там прыгадваецца С.Ф.Скаліч, украінскі пакутнік52, пацярпелы ад польскае палітыкі санацыі і бальшавіцкага вызваленьня.
У 16 гадоў (1936) ён захварэў на туберкулёз ног, стаў інвалідам-калекам. У 1945 годзе бальшавікі выправілі яго на Балхаш: за тое, што знайшлі ў яго партызанскую брашуру. Пакутаў, якія ён зазнаў за 10 гадоў зьняволеньня хапіла б на сьвятога вялікамучаніка. З 1953 году ён зьвязаў сваё жыцьцё з пакутніцтвам – цікавай народнаю версіяй украінскага месіянізму. Але тое, што піша Кураедаў – 100-адсоткавае шальмоўства. У АУН ён, напрыклад, ня быў. Ён Божы чалавек, да таго ж вельмі сумленны, веруе ў другое прышэсьце Хрыста з фанатычнаю адданасьцю. Марыя Куц, якую згадвае Кураедаў, да пакутніцтва ніякіх адносінаў ня мела. Яна скалечылася праз вар’яцтва. Але бальшавікі выкарысталі гэты факт для дыскрэдытацыі пакутніцтва. За што судзілі Скаліча? За рэлігійныя перакананьні, за небясьпечную для Масквы нацыяналістычную версію хрысьціянства. 700 вершаў, канфіскаваных у Скаліча, – гэта плён яго роздумаў над сьветам, вераю, хрысьціянствам. Як можна было судзіць Скаліча? За што? Большага злачынства, чым тое, што зрабілі са Скалічам, я ў лагеры ня бачыў. Я веру, што лёсам украінскага мучаніка пранікнуцца ўсе годныя людзі сьвету. Асаблівае падтрымкі ён патрабуе з боку сусьветных канфесійных арганізацыяў. Чалавек, які не атрымлівае ні лістоў, ні грошай (іх няма нават на тое, каб набыць прадукты на 4 руб. у месяц), ён трымаецца з надзвычайнай годнасьцю. Перадаўшы сябе ў рукі Божыя, ён упэўнены, што тут, на гэтым крыжы, і загіне. Але не наракае на долю: яна ў яго цудоўная – ён жа за веру пакутуе.
Нядаўна пазбавілі спатканьня А. Ціхага. Украінцаў заціскаюць перадусім. Гэтая турма – антыўкраінская паводле прызначэньня. Вось жа, пагроза ўкраінскага бунту вельмі палохае ўладу.
Прашу не пакінуць на волю лёсу маю маму, Стус Алену Якаўлеўну 1900 году нараджэньня. Яе адрас: 340026 Данецк-26, Чувашская, 19. Жыве яна з дачкой, Марыяй Сямёнаўнай (1935 году нараджэньня, настаўніца матэматыкі). Патрэбная маме найбольш маральная падтрымка, бо выплаквае вочы з-за сына. Людзі добрыя, пішыце ёй, хай не будзе яна самотнай у сваім няшчасьці – падтрымайце яе дух!

[1982]


Каментары

1 З сакавіка 1977 г. да жніўня 1979 г. Васіль Стус адбываў тэрмін высылкі ў пас. Матросава Ценькінскага раёну Магаданскай вобласьці (07.09.1972 паэт быў па палітычных прычынах асуджаны на 5 гадоў турмы і 3 гады высылкі).
2 Віктар Хаўстоў – рускі праваабаронца. Упершыню арыштаваны ў 1967 г. за арганізацыю дэманстрацыі супраць палітычных рэпрэсіяў, асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі. У 1973 г. за перадачу за мяжу дзёньнікаў Э. Кузняцова быў зноў кінуты ў турму.
3 Сілікоз – хранічнае прафесійнае захворванне лёгкіх. Спараджае боль пры дыханьні, адышку, сухі кашаль.
4 Міязіт – запаленьне цягліцаў. Міязіту ўласьцівы наяўнасьць болевага сіндрому пры скарачэньні хворае цягліцы, ацёкі тканак, атрафія цягліцаў.
5 Вячаслаў Чарнавол (1937-1999) – журналіст, палітычны дзеяч. Арганізатар акцыяў пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў, парушэньня правоў чалавека. Упершыню арыштаваны ў 1967 г., асуджаны на 3 гады за “паклёпніцкую дзейнасьць”. Выдаваў нелегальны часопіс “Украінскі весьнік”. У 1972 г. асуджаны зноў (7 гадоў турмы і 5 – высылкі). Пакараньне адбываў у мардоўскіх лагерах разам з Васілём Стусам, высылку – ў Якуціі. Па вяртаньні з турмы ачольваў дэмакратычны рух на Украіне. Быў дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны І, ІІ і ІІІ скліканьняў, кандыдатам у Прэзідэнты Украіны. Займаўся палітычнай і праваабарончай дзейнасьцю. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі (1996), Герой Украіны (2000).
6 Стэфанія Шабатура (нар. 1938) – львоўская мастачка, актыўная ўдзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху. Арыштаваная ў 1972 г., асуджаная на 5 гадоў турмы і 3 – высылкі. Пакараньне адбывала ў мардоўскіх лагерах, высылку – ў Курганскай вобласьці. Цяпер жыве ў Львове, актыўна ўдзельнічае ў аднаўленьні культурна-рэлігійнага жыцьця. Старшыня Марыянскага брацтва. Узнагароджаная ордэнам Княгіні Вольгі ІІІ ступені (2005).
7 Ніёле Садунайтэ (нар. 1942) – дзяячка летувіскага праваабарончага руху. Выдаўца самвыдавецкай “Хронікі Літоўскай каталіцкай царквы”, што адыграла значную ролю ў адраджэньні Летувы. За распаўсюд “Хронікі...” была асуджаная на 3 гады турмы і 3 – высылкі. Па вяртаньні жыла на нелегальным становішчы, працягвала праваабарончую дзейнасьць. Ліставалася з украінскімі дысідэнтамі, арганізоўвала дапамогу для іх.
8 Міхайліна Кацюбінская (нар. 1931) – пляменьніца класіка ўкраінскай літаратуры М. Кацюбінскага. Літаратуразнаўца, калега Васіля Стуса па Інстытуце літаратуры імя Т. Шаўчэнкі АН УССР, блізкі сябар паэта. У 1968 г. за сувязь з дысідэнтамі была звольненая з Акадэміі навук (пасьля таго 18 гадоў працавала рэдактарам у выдавецтве “Вышэйшая школа”), на 15 гадоў была пазбаўленая магчымасьці друкавацца. Аўтар шэрагу кніг. Укладальнік і рэдактар пасьмяротных зборнікаў Стуса, у тым ліку і шматтомнага Збору твораў.
9 Ляўко Лук’яненка (нар. 1927) – праваабаронца, палітычны дзеяч. Паводле адукацыі – юрыст. Працаваў на Львоўшчыне, там жа быў у 1961 г. арыштааны як арганізатар Украінскага работніцка-сялянскага саюзу. Мэтай УРСС было здабыцьцё незалежнасьці Украіны на падставе арт. 17 Канстытуцыі СССР, што гарантаваў кожнай саюзнай рэспубліцы права на выхад са складу Савецкага Саюзу. Суд пастанавіў расстраляць Лук’яненку, а пасьля замяніў прысуд на 15 гадоў катаргі. Па вяртаньні працаваў у Чарнігаве электрыкам, стаў сябрам Украінскай Хельсінкскай групы. У сьнежні 1977 г. – зноў арыштаваны. Разам з іншымі украінскімі дысідэнтамі адбываў пакараньне ў ВС 389/36 пас. Кучына Пермскай вобласьці (месца сьмерці Васіля Стуса). У часе “перабудовы” – вызвалены, займаўся праваабарончай і палітычнай дзейнасьцю. 1990 г. – старшыня Украінскай рэспубліканскай партыі. 1993 г. – пасол Украіны ў Канадзе. Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны І, ІІ, IV, V скліканняў. Мае дзяржаўныя ўзнагароды. Герой Украіны (2005).
10 Расул Гамзатаў (1923-2003) – знакаміты аварскі паэт, грамадскі дзеяч. Аўтар шматлікіх вершаваных зборнікаў, сярод якіх “У гарах маё сэрца” (1959), “Пісьмёны” (1963), “Кніга каханьня” (1975) і інш. За савецкім часам займаў кіруючыя пасады ў СП СССР і Вярхоўным Савеце СССР.
11 Пятро Грыгарэнка (1907-1987) – савецкі генерал, удзельнік вайны. З 1945 г. выкладчык ваеннай акадэміі. У 1961 г. выступіў з крытыкай сталінізму і Хрушчова. У 1964 г. – пазбаўлены званьняў і рэгаліяў. Неаднаразова арыштоўваўся, быў пад прымусовым лячэньнем у вар’ятні. Адзін са стваральнікаў Хельсінкскага руху ў СССР, каардынатар яго дзейнасьці. У 1977 г. высланы за мяжу. Памёр і пахаваны ў ЗША.
12 У канцы верасьня 1979 г. Васіль Стус быў асуджаны да 10 гадоў лагеру і 5 гадоў высылкі.
13 Васіль Аўсіенка (нар. 1949) – праваабаронца, грамадскі дзеяч. Паводле адукацыі – філолаг.За ўдзел у акцыях пратэстаў 1972 г. быў асуджаны на 4 гады лагераў строгага рэжыму. Пакараньне адбываў у мардоўскіх лагерах разам з Васілём Стусам. У 1979 г. асуджаны паўторна па сфабрыкаванай справе “супраціву супрацоўнікам міліцыі” на 3 гады. У 1981 г. як “асабліва небясьпечны рэцыдывіст” асуджаны на 10 гадоў турмы і 5 гадоў высылкі. Адбываў пакараньне ў ВС 389/36 пас. Кучына Пермскай вобласьці разам з іншымі ўкраінскімі дысідэнтамі. Па вяртаньні (1988) займаўся праваабарончай і палітычнай дзейнасьцю, быў сакратаром Украінскай рэспубліканскай партыі. Аўтар публікацыяў пра украінскіх праваабаронцаў, каштоўных успамінаў пра ”мардоўскі” і “кучынскі” перыяд жыцьця Васіля Стуса.
14 Мікола Горбаль (нар. 1941) – настаўнік музыкі, паэт, грамадскі дзеяч. Асуджаны ў 1971 г. на 5 гадоў турмы і 2 гады высылкі. У 1979 г. асуджаны на 5 гадоў лагераў па сфабрыкаванай справе “згвалтаваньня”. За дзень да канца тэрміну зноў асуджаны на 8 гадоў турмы і 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у лагеры ВС 389/36, што ў пас. Кучына Пермскай вобласьці. Вызвалены ў 1988 г. Па вяртаньні займаўся палітычнай дзейнасьцю. Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ІІ скліканьня. Лаўрэат прэміі імя В. Стуса (1992). Узнагароджаны ордэнам “За заслугі” ІІІ ступені (2005).
15 Юрый Літвін (1934-1984) – пісьменьнік, паэт, праваабаронца. У 1974г. быў зьняволены “за распаўсюд паклёпніцкіх матэрыялаў” на 3 гады турмы. Па вяртаньні ўдзельнічаў ва Украінскай Хельсінкскай групе. У 1979 г. асуджаны “за супраціў органам міліцыі” на тры гады. Напрыканцы тэрміну зноў асуджаны на 10 гадоў лагеру. Пакараньне адбываў у ВС 389/36 пас. Кучына Пермскай вобласьці. Памёр пры загадкавых абставінах. Афіцыйная версія – самагубства.
16 Пятро Разумны (нар. 1926) – выкладчык ангельскай мовы, праваабаронца. У 1979 г. па сфабрыкаванай справе асуджаны на 3 гады. Быў сябрам УХГ. У часы незалежнасьці прымаў актыўны ўдзел у працы Украінскай рэспубліканскай партыі. Палітычны і рэлігійны дзеяч.
17 Тут і далей вылучэньні Васіля Стуса.
18 Узгадвае Дзьмітро Стус: “Добра памятаю тыя візіты ўвосень 1979-га. Амаль шэптам вельмішаноўныя людзі пераконвалі бацьку адмовіцца ад “правакацыйнай” ідэі ачоліць Хельсінкскую групу:
– Васіль, ты ж разумееш, што гэта непазьбежны арышт. Ты ж – паэт. Ты павінен працаваць, а не сядзець у турме. Ты – геній!
– А ты ачоліш Групу? – гэта ўжо Васіль Стус аднаму з наведнікаў.
– Не, гэта ж – бязглузда!
– Тады навошта прыйшоў?
І прысаромлены чалавеча, да якога напярэдадні размовы тата ставіўся з пэўнай павагай, вымушаны ня толькі пайсьці, але і забіраць пляшку добрага каньяку, якую прыхапіў для рашучасьці (сустракацца з Васілём Стусам у 1979-1980 гг. было вельмі небясьпечна для кар’еры) і падтрымання размовы”.
19 Юрый Кук – эстонскі дысідэнт. Кандыдат хімічных навук, супрацоўнік Тартускага універсітэту. У 1979 г. падаў заяву аб выхадзе з партыі. У тым жа годзе – звольнены з працы. У 1980 г. быў арыштаваны. Улады хацелі абвясьціць прадстаўніка навуковай інтэлігенцыі псіхічна хворым. Кук чатыры разы праходзіў эксьперытызы ў псіхічных лякарнях і кожны раз прызнаваўся нармальным. Асуджаны на два гады лагеру. У турме раптоўна памёр – “няшчасны выпадак”.
20 Март Ніклус (нар. 1934) – эстонскі дысідэнт. Па прафесіі арнітолаг, першы перакладчык Дарвіна на эстонскую мову. За “дапамогу міжнароднай буржуазіі” ў 1960-1966 гг. знаходзіўся ў турме. У 1981 г. як асабліва небяспечны рэцыдывіст быў арыштаваны зноў (10 гадоў лагеру і 5 – высылкі). У 1988 г. вызвалены. 1991 г. – надрукаваў успаміны пра Васіля Стуса (Радуга. – 1991. – №10). 1992-1995 гг. – дэпутат эстонскага парламенту. Сябра многіх праваабарончых арганізацыяў, таварыстваў палітвязьняў. Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў Ніклуса ордэнам “За мужнасьць” І ступені (2006).
21 На сёньняшні дзень Кукушкін працуе ў Музеі палітычных рэпрэсіяў, што месьціцца ў былым кучынскім лагеры ВС-389/36. (www.hro.org/editions/press/0202/18/18020238.htm)
22 Раман Андрыяшык (нар. 1933) – празаік. Першая ж кніга – раман “Людзі з вусьцішы” (1966), у якім былі адлюстраваныя падзеі І сусьветнай вайны на Заходняй Украіне – паставіла Андрыяшыка ў шэрагі лепшых майстроў прозы. Зазнаваў цэнзурныя абмежаваньні. Напрыканцы 70-х – у пачатку 80-х напісаў некалькі твораў пра шахцёраў, ракетчыкаў etc.
23 Ліна Кастэнка (нар. 1930) – паэтка. Выдала зборнікі вершаў “Праменьне зямлі” (1957), “Вандроўкі сэрца” (1961), “Над берагамі вечнае ракі” (1977), “Непаўторнасьць” (1980) і інш. У 60-х гадах была раскрытыкаваная і пазбаўленая магчымасьці друкавацца. Аўтар гістарычнага раману ў вершах “Маруся Чурай” (1982, Дзяржаўная прэмія імя Т.Шаўчэнкі ў 1987 г.), мае дзяржаўныя ўзнагароды. Творы Ліны Кастэнкі (паэзія і раман у вершах) выходзілі асобнай кнігай у беларускім перакладзе (Менск, 1989). У “Дзеяслове” друкавалася ейнае эсэ “Гуманітарная аўра нацыі, альбо Дэфект галоўнага люстэрка” (№6, 2003), пераклад М. Скоблы, а таксама нізка вершаў “Мелодыя любові” (№6 (13) 2004).
24 Мікола Вінграноўскі (1936-2004) – паэт, сцэнарыст, рэжысёр, кінаакцёр. Аўтар кніг паэзіі “Атамныя прэлюдыі” (1962) – шумна абмяркоўвалася ў літаратурным друку, “Сто вершаў” (1967), “На срэбным беразе” (1978), “Кіеў” (1982), “Губамі цёплымі і вокам залатым” (1984), “Любоў, не адыходзь!”(1997). За паэзію для дзяцей быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Т.Шаўчэнкі (1984).
25 Іван Драч (нар.1936) – паэт, крытык, удзельнік руху “шасьцідзесятнікаў”. Разам з Л. Кастэнкай і М. Вінграноўскім патрапіў пад перасьлед у перыяд хрушчоўскай “антымадэрнісцкай” кампаніі. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, сярод якіх “Сланечнік” (1962), “Пратуберанцы сэрца” (1965), “Балады будняў” (1967). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі УССР імя Т. Шаўчэнкі за зборнік “Корань і крона” (1974), Дзяржаўнай прэміі СССР за зборнік “Зялёная брама” (1983). Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ІІІ скліканьня. Герой Украіны (2006). На беларускай мове выйшла выбранае І. Драча “Мелодыя каліны” (1981), пераклад Р. Барадуліна. У “Дзеяслове” друкавалася нізка вершаў “Душа” (№3 (10) , 2004).
26 Іван Дзюба (нар. 1931) – крытык, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Адзін з ідэолагаў украінскага “шасьцідзясятніцтва”. Ягоная праца “Інтэрнацыяналізм ці русіфікацыя”, што хадзіла ў самвыдаце па ўсім Саюзе, значна паўплывала на сьветапогляд тагачаснай інтэлігенцыі (мае дачыненьне гэтая кніга і да беларускай справы “Акадэмічнага асяродку”). Арыштаваны разам з паплечнікамі ў 1972 г., Дзюба быў выпушчаны пасьля напісаньня публічнага пакаяннага ліста (“Літературна Украіна”, 09.11.73). Доўгія гады займаўся літаратуразнаўчым аналізам творчасьці каўказскіх і сярэднеазіяцкіх літаратараў. У 1992-1994 гг. – міністр культуры Украіны. З 1996 г. – акадэмік-сакратар НАНУ, Прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі ўкраіністаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі (1991), Герой Украіны (2002). Вось як распавядае пра супярэчлівыя адносіны Стуса да Дзюбы дысідэнт Васіль Аўсіенка: “І цяпер бачу: стаіць Васіль пад баракам са сьвежым нумарам часопісу “Вітчізна”, прабягае вачыма Дзюбаў артыкул пра якога-небудзь Ювана Шэсталава ці Юрыя Рытхэу і шэпча: “Крэйсер у калюжыне... Бядача Іван, што з цябе зрабілі”. Калі хто-кольвек крытычна выказваўся пра “пакаянную” Дзюбы, Васіль як мага больш далікатна перапыняў: “Ня ведаеце вы, што ён зазнаў падчас сьледства. На яго ж, як на галоўнейшую фігуру, і ціск быў найбольшы” – “Але ж ён ужо быў сьцягам, трэба было памерці, але не паддацца, няхай хтось іншы і мог “пакаяцца”, але ня ён, аўтар такой эпахальнай працы” – “І ўсё ж такі не павернецца ў мяне язык асудзіць яго”. Таксама Васіль Стус быў аўтарам “Адкрытага ліста да Івана Дзюбы”, у якім выяўляў сваё, пераважна негатыўнае, стаўленьне да былога сябра: “Вялікі Іван Дзюба скончыўся, пачаўся гамункул з краіны ліліпутаў, чыё найбольшае шчасьце ў тым, што ён меў некалі да вялікага Дзюбы непасрэднае дачыненьне. Праз тое самае і я сёньня не магу адвярнуцца ад цябе. І я спрабую прыгадаць падзабытае ўжо тваё рыцарскае аблічча – і ў вачах маіх стаяць сьлёзы”. У той жа час Стус шкадаваў, што даслаў гэты жорсткі ліст (гл. Василь Стус у віддзеркаленнях, Палтава 2007 с. 70).
27 Дзьмітро Паўлычка (нар. 1929) – паэт, перакладчык, крытык. Аўтар некалькіх дзясяткаў зборнікаў вершаў. Быў галоўным рэдактарам часопісу “Всесьвіт”. Выбіраўся сакратаром Саюзу пісьменьнікаў Украіны і СССР. Перакладаў і беларускую паэзію (Купалу, Багдановіча, Куляшова, Танка, Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі УССР імя Т. Шаўчэнкі (1977). Беларускія пераклады аб’яднаныя ў кнігу “Таямніца вобліку твайго” (Менск, 1987).
28 Юрый Бадзё (нар. 1936) – крытык, перакладчык. Вучыўся ў аспірантуры разам з Васілём Стусам. На палітычныя арышты 1972 г. адгукнуўся кнігай “Права на жыцьцё”. Арыштываны ў 1979 г., асуджаны на 7 гадоў турмы і 5 – высылкі. У 1989 г., пад ціскам міжнароднай грамадска сьці, вызвалены з высылкі. Адзін з арганізатараў Дэмакратычнай партыі Украіны, аўтар яе “Маніфесту”. Цяпер – супрацоўнік Інстытуту філасофіі НАНУ.
29 Іван Франко (1856-1916) – класік украінскай літаратуры, паэт, празаік, драматург, перакладчык, вучоны-філолаг, грамадска-палітычны дзеяч. У 1976-86 гг. пабачыў сьвет 50-томны Збор твораў І. Франка, што зьяўляецца прыкладна паловай яго творчай спадчыны. Многія творы Івана Франка перакладзеныя на беларускую мову.
30 Мікола Кастамараў (1817-1885) – гісторык, пісьменнік, публіцыст, вучоны-філолаг. Заснавальнік Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва. Напісаў больш за 200 працаў па гісторыі Украіны і Расіі. Найбліжэйшы сябар Тараса Шаўчэнкі, выдавец і папулярызатар яго творчасьці. Аўтар шматлікіх драматычных твораў на гістарычную тэматыку. У першай кнізе Васіля Стуса “Зімовыя дрэвы” зьмешчаны цыкл вершаў “Кастамараў у Саратаве” (за свой “сепаратызм” і “антыманархізм” прафесар гісторыі Кастамараў быў – пасьля году зьняволеньня ў Петрапаўлаўскай крэпасьці – высланы на 10 гадоў у Саратаў).
31 Мікола Маркевіч (1804-1860) – гісторык, этнограф, паэт, лексікограф. Аўтар фундаментальнай пяцітомнай працы “Гісторыя Маларосіі” (1842-1843), якая была крыніцай натхненьня для Т. Шаўчэнкі (у прыватнасьці, для твораў “Гайдамакі”, “Трызна”, Гамалія”). Сабраў больш як 6000 рукапісаў, актаў і дакументаў па гісторыі Украіны, склаў да іх паказальнік. Сябраваў з М. Гогалем, І. Катлярэўскім, Т. Шаўчэнкам, А. Пушкіным, К. Рылеевым.
32 Дзьмітро Бантыш-Каменскі (1788-1950) – украінска-рускі гісторык. Апрацаваўшы дакументы з дзяржаўных архіваў Масквы, Чарнігава, Палтавы, прыватных калекцыяў, напісаў і выдаў абагульняльную працу “Гісторыя Малой Расіі” ў чатырох тамах (1822). У дадатак да яе пасьля сьмерці аўтара пабачылі сьвет двухтомныя “Крыніцы для маларасійскай гісторыі”.
33 Уладзімір Антановіч (1834-1908) – гісторык, крытык, этнограф, археолаг. Аўтар працаў “Дасьледаваньне пра казацтва...” (1863), “Манаграфіі з гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Русі” (1885). Разам з М. Драгаманавым выдаў 2 тамы “Гістарычных песень маларускага народа” (1874-75). Прымаў удзел у падрыхтоўцы да друку шматтомнага “Архіву Паўднёва-Заходняй Расіі”.
34 Міхайла Грушэўскі (1866-1934) – гісторык, літаратуразнаўца, грамадска-палітычны дзеяч. Адзін з ідэолагаў украінскага нацыянальнага адраджэньня і эміграцыі. У 1920-х перайшоў на пазіцыі “зьменавехаўства”, вярнуўся на радзіму. Працаваў на Украіне і ў Маскве. Асноўная гістарычная праца – “Гісторыя Украіны – Русі” (1898-1936, у 10 т., 13 кн.). Адмаўляў еднасьць украінскай і рускай культуры.
35 Уладзімір Вінічэнка (1880-1951) – вядомы празаік. Актыўна друкаваўся як публіцыст у перыяд рэвалюцыйнага міжчасься. З 1920 г. – на эміграцыі ў Францыі. Нязручны праз сваю адкрытую скіраванасьць на еўрапейскія літаратурныя традыцыі, Вінічэнка ў савецкія гады замоўчваўся і не перавыдаваўся. У І томе “Украінскай літаратурнай энцыклапедыі” (1988) характарызуецца між іншым як “эратаман” і “рэнегат”.
36 Мікола Хвылёвы (1893-1933) – паэт і празаік з кагорты “расстралянага” пакаленьня. Адзін з заснавальнікаў літаб’яднаньня ВАПЛІТА (Вольная Акадэмія Пралетарскай ЛІТАратуры). Яго раман “Вальдшнэпы” трапіў пад вострую крытыку і стаўся прычынай закрыцьця часопісу ВАПЛІТА (выйшла 5 нумароў).
37 Валяр’ян Підмагільны (1901-1941) – празаік. Аўтар раману “Горад” (1929), шэрагу аповесьцяў і аповедаў.
38 Віктар Някрасаў (1911-1987) – рускі пісьменьнік-дысідэнт (нарадзіўся ў Кіеве). Аўтар шматлікіх кніг прозы, у тым ліку “У акопах Сталінграда” (1946, Сталінская прэмія ў 1947), “Першае знаёмства”, “Па абодва бакі акіяну”. Апошняя – жорстка раскрытыкаваная М.С. Хрушчовым (1963). Пасьля таго – выключаны з партыі і СП СССР. У 1969 г. падпісаў калектыўны ліст у абарону В. Чарнавола (гл. заўвагу 5). З 1974 г. – на эміграцыі ў Францыі.
39 “Прасьцей сказіцца і ня быць сабою – няма ж зубіла, няма і малатка” – радкі з верша Васіля Стуса “Так і жыву: як малпа сярод малп...” (зб. “Зімовыя дрэвы”).
40 Алекса Ціхі (укр. Тихий) (1927-1984) – праваабаронца. Аўтар публіцыстычных артыкулаў пра катастрафічны стан украінскай мовы і парушэньні правоў чалавека. Адзін з заснавальнікаў Украінскай Хельсінкскай Групы (УХГ). Вывучаў філасофію ў Маскоўскім універсітэце. У 1956 г. удзельнічаў у пратэстах супраць разгону рэвалюцыі ў Венгрыі; арыштаваны і асуджаны на 7 гадоў турмы і 5 – пазбаўленьня правоў. У 1977 г. арыштываны зноў (10 гадоў лагеру і 5 – высылкі). Памёр у турэмнай лякарні.
41 Васіль Курыла (1921-2005) – удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху. У гады вайны – у складзе АУН і УПА, распаўсюджвае ўлёткі, выдае газеты і часопісы. 1946 г. – асуджаны на 10 гадоў турмы. 1953 г. – удзельнічае ў лагерным паўстаньні на 29-й шахце, дзе загінула 386 палітвязьняў. 1957-1980 гг. – удзельнічае ў самвыдавецкай дзейнасьці, аўтар шматлікіх публіцыстычных артыкулаў пра становішча ўкраінцаў у СССР. 1980 г. – асуджаны на 10 гадоў лагеру і 5 – высылкі. У 1987 г., амаль сьляпы, быў памілаваны, неадбытыя гады Вяхоўным Саветам СССР замененыя ўмоўным тэрмінам і пільным адміністрацыйным наглядам.
42 Іван Кандыба (1930-2002) – праваабаронца. Паводле адукацыі – юрыст. Разам з Л. Лук’яненкам быў арыштываны за стварэньне Украінскага работніцка-сялянскага саюзу. У 1961 г. асуджаны на 15 гадоў турмы. Па вызваленьні ўвайшоў у склад УХГ. У 1981 г. – асуджаны 10 гадоў лагеру і 5 – высылкі. Пакараньне адбываў у ВС 389/36 (Кучына). Вызвалены ў 1988 г. Займаўся палітычнай дзейнасьцю. Адзін з заснавальнікаў палітычнага аб’яднаньня “Дзяржаўная незалежнасьць Украіны”.
43 Міхайла Горынь (нар. 1930) – праваабаронца, грамадскі дзеяч. Паводле адукацыі – псіхолаг. У 1965 г. – асуджаны на 6 гадоў лагеру, пакараньне адбываў у Мардовіі. Па вызваленьні працаваў мулярам, вартаўніком. У 1981 г. – асуджаны ў другі раз (10 гадоў лагеру і 5 – высылкі). У 1987 г. – выпушчаны. Займаўся палітычнай дзейнасьцю: быў дэпутатам Вярхоўнай Рады, кіраўніком Украінскай рэспубліканскай партыі.
44 Іван Сакульскі (1940-1992) – паэт, праваабаронца. Ужо ў юнацтве быў выключаны з універсітэту за напісаньне “нацыяналістычных” вершаў. Працаваў бібліятэкарам, матросам, пажарнікам. У 1968 г. выступіў адным з аўтараў “Ліста творчай моладзі Днепрапятроўску”, у якім выкрывалася антыўкраінская і антыкультурная савецкая палітыка; ліст агучваецца на “Радыё Свабода”. 1969 г. – арышт. Прысуд – 4,5 гады лагеру за “антысавецкую агітацыю і прапаганду”. На свабодзе працягваў “падрыўную” дзейнасьць, увайшоў у склад УХГ. 1981г. – новы тэрмін (10 + 5). Адбываў пакараньне ў ВС 389/36 Кучына, Пермскай вобласьці. Па вызваленьні быў адным з заснавальнікаў Таварыства ўкраінскай мовы імя Т. Шаўчэнкі, Народнага Руху Украіны, “Мемарыялу”. 20.05.1991 быў жорстка зьбіты падчас пікету за наданьне незалежнага статусу Украіне; траўмы паскорылі яго сьмерць. Пасьмяротная кніга вершаў “Уладар камня” пабачыла сьвет у 1993 г. У 1960-х гг. Іван Сакульскі перакладаў беларускую паэзію для часопісу “Вітчизна”.
45 Алесь Берднік (1926-2003) – пісьменьнік-фантаст, мастак, кампазітар. У 1943 г. дабравольцам пайшоў на вайну. 1946-49 гг. займаўся ў тэатральнай студыі пры тэатры імя І.Франка (Кіеў). Абураўся, што ўкраінская класіка перакройваецца партыйнымі цэнзарамі. 1950 г. – асуджаны на 10 гадоў лагеру, 5 гадоў высылкі і 3 – пазбаўленьня правоў. Памілаваны ў 1955 г. Вярнуўшыся на Украіну, пачаў літаратурную дзейнасьць. 1957-1972 гг. выйшла каля 20 кніг фантастыкі. З 1972 г. перасьледаваўся. Усе яго кнігі былі выкінутыя з бібліятэк і кнігарняў. Друкавацца забаранілі. А. Б. працуе дэкаратарам-вітражыстам. 1976 г. – спроба асудзіць “за захоўваньне парнаграфічнай прадукцыі”. 1979 г. – сябар-заснавальнік УХГ, у тым жа годзе арыштаваны. Прысуд – 6 гадоў лагеру і 3 – высылкі. Пакараньне адбываў у ВС 389/36 пас. Кучына. 1984 г. – памілаваны. 17.05.1984 г. у “Літаратурнай Украіне” была надрукаваная заява А. Б., што УХГ – гэта “справа рук імперыялістычных дзяржаваў” і г.д. Адноўлены ў Саюзе пісьменьнікаў. Заснаваў некалькі тэасофскіх і сафіялагічных, паводле ідэалогіі, таварыстваў. Па вызваленьні выдаў яшчэ каля 15 кніг фантастыкі.
46 Генрыкас Яшкунас (нар. 1927) – летувіскі дысідэнт. У 1953 г. асуджаны па арт. 58 на 25 гадоў турмы. У 1976 г. асуджаны ў другі раз за распаўсюд Маніфесту Саюзу арганізацыяў свабодных народаў. Па сьведчаньні В. Аўсіенкі, Яшкунас заставаўся перакананым марксістам, нягледзячы на рэпрэсіі.
47 Кніга У.К. Віньнічэнкі, першы ўкраінскі раман у жанры сацыяльнай утопіі; напісаная ў 1921-1924 гг.
48 Іван Сьвятлічны (1929-1992) – літаратар, крытык, мовазнаўца. Да пачатку перасьледу працаваў у слоўнікавым аддзеле Інстытуту мовазнаўства УССР. Цэнтральная фігура кіеўскага дысідэнцкага асяродку 1960-х гг. (В. Сіманенка, І. Драч, А. Горская, І. Калінец, В. Стус і інш.). Перакладчык французскай паэзіі (Бадлер, Беранжэ). Неаднаразова арыштоўваўся. У 1972 г. – асуджаны на 7 гадоў лагеру і 5 – высылкі. У 1981 г., пасьля інсульту, стаў інвалідам. Аўтар кніг “Закратаваныя санеты” (1977, выйшла за мяжой), “Сэрца для куль і для рыфмаў” (1991), “У мяне – толькі слова” (1994). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі і прэміі імя Васіля Стуса.
49 Віталь Калінічэнка (нар. 1938) – публіцыст, праваабаронца. Ужо ў студэнцкія гады зрабіў спробу ўцячы з СССР. Трапіў пад перасьлед. Нядоўгі час працаваў інжынерам і ў 1967 г. быў асуджаны на 10 гадоў лагеру “за спробу здрадзіць радзіме”. У 1974 г. падае заяву аб зьняцьці савецкага грамадзянства. Па вызваленьні ўваходзіць у склад УХГ, пасьля чаго – звольнены з працы. У 1980 г. асуджаны на 10 гадоў лагеру і 5 – высылкі. 1980-83 гг. – у ВС 389/36 пас. Кучына. Вызвалены ў 1988 г. Вясной 1989 г. выехаў у ЗША, жыве ў Вашынгтоне.
50 Маецца на ўвазе рух, арганізаваны прафсаюзам “Салідарнасьць”, што актыўна апаганьваўся ў савецкай прэсе.
51 Уладзімір Клябанаў (нар. 1932) – працаваў горным інжынерам у Данбасе. Выступаў супраць парушэньня правоў працоўных. У 1968 г. – арыштаваны і адпраўлены ў сьпецпсіхлякарню на 5 гадоў. На волі ня змог уладкавацца на працу. У Маскве, патрабуючы аднаўленьня на працы, сышоўся людзьмі падобнага лёсу. У 1977 г. на прэс-канферэнцыі з удзелам замежнай прэсы яны падпісалі калектыўны “Адкрыты ліст да сусьветнай грамадскасьці пра сапраўднае становішча працоўных і служачых напярэдадні 60-годдзя СССР”. Пера­сьлед працягваўся. На пачатку 1978 г. Клябанаў арганізоўвае Свабодны прафсаюз працоўных (падпісалася ў новы прафсаюз каля 200 чалавек – пасьля арыштаў арганізацыя распалася). З мая 1978 г. знаходзіцца на прымусовым лячэньні ў савецкіх СПЛ. Напрыканцы 1987 г. вызвалены, рэабілітаваны, прызнаны псіхічна здаровым. Займаецца праваабарончай дзейнасьцю, кіраўнік “Свабодных прафсаюзаў”. Жыве ў Маскве.
52 Пакутнікі – секта, якая сьцьвярджае, што Другое Прышэсьце Хрыста ўжо адбылося, на зямлю прыйшло “новае евангельле”, якое і трэба спавядаць. Шануюць сьвятую гару Сярэднюю (Прыкарпацьце). Сямён Скаліч (Пакутнік), 1920 году нараджэньня жывы і сёньня, яго прытулілі львоўскія адзінаверцы.