12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Літаратурна-судовы працэс

_____________________
Размова пра кнігу Ярыны Дашынай
“Графіці на сэрцы”


Ісьціна, як вядома, нараджаецца ў спрэчцы. Рэдакцыя часопісу не жадае выступаць тут у ролі трацейскага суддзі, які валодае гэтай апошняй праўдай, і зачытваць нейкія вердыкты, але пэўны каментар да прапанаванага «судовага» працэсу падаецца неабходным. За­кранутыя ў артыкулах Сяргея Грышкевіча і Марыі Мартысевіч праблемы сягаюць значна шырэй за абмеркаваньне дэбютнага зборніка Ярыны Дашынай. Так, С. Грышкевіч спрабуе праз творчасьць паэткі зірнуць на «сучасны стан маладой паэзіі». У абодвух артыкулах прысутнічае як уласна паэталагічны асьпект, гэтак і «крытыка крытыкі». Самае ж галоўнае, што ў пазіцыях аўтараў выяўляюцца два палярныя погляды на разуменьне феномену паэзіі наогул. З усімі вынікальнымі – рэфлексіяй такой катэгорыі, як «жаночая паэзія», вызначэньнем суадносінаў між мастацкім тэкстам і асобай пісьменьніка і, зрэшты, ацэнкай месца і задачаў крытыка ў сёньняшняй літаратурнай сітуацыі.
«Ідэальны» крытык піша для чытача (а ня дзеля сяброўства/зьвядзеньня рахункаў з аўтарам ці задавальненьня ўласных творчых амбіцыяў) – датлумачвае, інтэрпрэтуе, дапамагае разабрацца ў падтэксьце, алюзіях і г.д. Адпаведна («у ідэале») крытыка мусіць быць палемічнай. Напэўна, ёсьць людзі, якім падасца блізкай пазіцыя як «пракурора» Грышкевіча, гэтак і «адвакаткі» Мартысевіч. Пытаньне ў тым, як гэтая пазіцыя даводзіцца.
М. Мартысевіч мае рацыю, кажучы, што найгалоўным пры вызначэньні ўзроўню мастацкага тэксту ёсьць «занудна-руплівыя крытычныя разборы». Акурат прафесійнага асэнсаваньня паэтыкі нам дагэтуль бракуе. За савецкім часам крытыка займалася тым, што дазваляла ці не дазваляла, «бласлаўляла», рэабілітоўвала і г.д. Напрыклад, крытык 1980-х, апісваючы феномен Алеся Разанава, змушаны быў даводзіць паэтава «права на пошук», «на складанасьць», на эксьперымент, тлумачыць неабходнасьць разьвіцьця нацыянальнае паэтыкі. У працах многіх літаратуразнаўцаў закладаўся базіс для структурнага ана­лізу беларускай паэзіі, але погляд на тэкст як на ўнутрана завершанае й самастойнае цэлае яшчэ ня быў сфармаваны. На хвалі нацыянальнага ўздыму, калі літаратурны працэс асэнсоўваўся-асьвятляўся сур’ёз­на й поўна, зьявілася цэлая плеяда цікавых аўтараў, якія вывелі крытыку і публіцыстыку на якасна новы ўзровень. Крытыка стала больш прафесійнай, перастаўшы «слугаваць» літаратарам і здолеўшы пераўтварыцца ў самастойны філасофска-эстэтычны жанр (адным з тых, хто распачаў гэтую тэндэнцыю быў А. Разанаў з сваімі зномамі). Але і тут, хаця аўтарытэтныя крытыкі й зьяўляліся, абстрагаванай навуковасьці бракавала.
Сёньня ж, калі эстэтычны сьпектр пошукаў беларускай паэзіі вельмі багаты, акрамя айчынных у наяўнасьці шырачэзны корпус тэарэтычных тэкстаў, навідавоку зусім кволая асэнсаванасьць сучаснай паэтыкі. Большасьць паэтычных (ды і празаічных) кніг застаецца без сур’ёзнага аналізу. Прасьцей за ўсё прыкрыцца тэзай пра індывідуальнае ўспрыманьне паэтычнага, маўляў, паэзіі наогул не патрэбны ніякі аналіз, а хірургічнае прэпараваньне тэксту й раскладаньне метадаў, прыёмаў, тропаў ды стылёвых фігураў па паліцах забівае «магію паэзіі».
Натуральна, дасьледаваньне паэтыкі вымагае дасьведчанасьці й падрыхтаванасьці (іншая рэч, што на нашых філфаках ня вучаць пісаць літаратуразнаўчыя рэцэнзіі). Апошнім часам усё часьцей назіраецца каля-літаратурная эсэістыка з бясконцымі «імха»-самавыпячваньнямі ды вынясеньнямі прысудаў у бэндаўскім духу, які мае месца і ў водгуку паважанага сп. Грышкевіча – «крытыка са стажам», якому «шкада часу на корпаньне ў графаманскай пісаніне». Падобнае грэблівае й непаважнае стаўленьне да мастацкага тэкс­ту, на вялікі жаль, адчувальнае і ў тэкстах іншых крытыкаў «новага пакаленьня», з якіх усё часьцей патыхае нават не 1970-мі – 30-мі гадамі мінулага стагоддзя. Мэтай такіх аўтараў, выглядае, ёсьць не аналіз ці інтэрпрэтацыя, а жаданьне выявіць сваю абазнанасьць-начытанасьць, паставіўшы сябе вышэй за аб’ект дасьледаваньня. Вынікам – дызарыентаванасьць чытача ў літаратурным працэсе, суцэльная замоўленасьць ды міжсобкавасьць, якую красамоўна апісвае М. Мартысевіч. І вось ужо даводзіцца чытаць словы прафесара Андрэева пра тое, што паэт Аўруцін – больш значны, чым Іосіф Бродскі. Хто наступны?..
Спадзяемся, што на гэтай публікацыі распачатая палеміка не завершыцца. У бліжэйшых планах рэдакцыі – круглы стол па праблеме буйнога жанру ў су­часнай беларускай прозе, а таксама конкурс літаратурна-крытычных артыкулаў... Адгукайцеся!

P. S. Спадзяемся таксама, што паважаная берасьцейская аўтарка «Дзея­слова» ня ў крыўдзе на часопіс за друкаваньне гэтага матэрыялу і ня вырашыць па яго прачытаньні «адпачыць ад паэзіі». Як сказаў класік, «у перашкодах дух расьце»! Тыя ж, з названых і не названых, хто точыць крытычныя пёры для чарговых пракурорскіх выступаў, няхай зробяць высновы. І пагартаюць сьпярша Ралько, Лотмана ды Барта.


Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
ПАЭТЫЧНАЯ КАМАСУТРА, альбо ВЕРШЫ ПРА ПУСТАТУ
Развагі, навеяныя “гіпербалоідам” літадваката ЛеГала
Самавыражэньне – гэта яшчэ не літаратура”.
Аляксандр Салжаніцын.

Я, крытык са стажам, паламаў мазгі. Прычым двойчы. Першы раз: калі прачытаў “Слова ў дарогу” Леаніда Галубовіча, якое распачынала дэбютны зборнік вершаў “Графіці на сэрцы” маладой берасьцейскай паэткі Ярыны Дашынай (Мінск, “Литература и Искусство”, 2007 год). І другі: калі пазнаёміўся непасрэдна з ягоным зьместам. Няхай мяне абвінавачваюць у літаратурным расізме, але ўласны чытацкі ды жыцьцёвы вопыт прымушае сьцьвярджаць, што сапраўдная місія жанчыны ў зямным сьвеце заключаецца ў самарэалізацыі праз сям’ю і каханьне (сьпяваць серэнады – мужчынскі занятак). Калі гэта адсутнічае, пачынаюцца ідэйныя хістаньні, якія ў рэшце рэшт прыводзяць да алкагалізму, паталагічнага працалюбства, фемінізму, а часам і да паэзіі. Але за метафарамі не схаваеш душэўную неўладкаванасьць і псіхалагічныя комплексы. Адно другім так проста не замяшчаецца. Жаданае і немагчымае зьмешваюцца, ператвараючыся ў роспачны крык збалелай душы, стомленай філасофскім асэнсаваньнем пройдзенага і далейшага шляху.
Я рэдка пішу рэцэнзіі на вершаваныя зборнікі, асабліва жаночыя. Уразіць мяне ў паэзіі цяжка. А корпацца ў графаманскай пісаніне – шкада часу і нерваў. Тым ня менш прайсьці міма кнігі Я. Дашынай я ня змог. Не таму, што напісанае моцна ўразіла, а таму, што яно яскрава адлюстроўвае сучасны стан маладой паэзіі, над чым варта паразважаць. А паколькі аўтар зборніку прыкрылася абарончай прадмовай літадваката Л.Галубовіча, то мне нічога не застаецца, як выступіць у ролі літпракурора. Ва ўсім павінна быць раўнавага. У тым ліку і ў літаратуры. Такім чынам, запрашаю на віртуальны чытацкі суд.
Пракурор: Шаноўны чытацкі суд! Дазвольце зьвярнуцца да вас з зыскам, які нядаўна паступіў да нас ад групы раззлаваных чытачоў. Яны патрабуюць прыцягнуць аўтара кнігі “Графіці на сэрцы” Ярыну Дашыну да літаратурнай адказнасьці за псеўдафіласофскае пустаслоўе, паэтычнае штукарства і дыскрэдытацыю сапраўднай паэзіі. Азнаёміўшыся са справай, заведзенай у адносінах да Ірыны Іванаўны, літпракуратура лічыць неабходным даць суду аргументаванае пацьвярджэньне суб’ектыўным заўвагам зыскоўцы, каб падвергнуць сумненьню творчы метад падобнага рыфмаваньня, раз і назаўжды паклаўшы канец падобным зьявам у айчыннай літаратуры.
Адвакат: Быць паэтам у сучасным грамадстве – выпрабаваньне для жыцьця неадольнае. Па-набокаўску кажучы, — гэта як “запрашэньне на кару”, іспыты на адзіноту сярод людзей... Самакатаваньне. Там, дзе магчыма жыць толькі Словам, чалавека надоўга не хапае, паколькі такое жыцьцё патрабуе поўнай самааддачы і растраты ўсяго жыцьця. А паколькі паэзія выбірае маладых і жарстлівых, то ад слова задыхаюцца хутка, на самым узьлёце. Вопыт тут не дапаможа. Усё вырашаюць інтуіцыя і прадчуваньне. Сумоўе з Небам – без перакладчыка, наўпрост...
І калі, скажам, я прыйшоў да чытача з вершамі толькі ў трыццаць, а асобнай кніжкай і ўвогуле ў 34 гады, то цяпер Гасподзь так позна на прылюдныя пакуты паэтаў не асуджае.
Пракурор: Пратэстую! Гэта ня мае ніякага дачыненьня да сутнасьці справы. Ня трэба рабіць з паэтаў сьвятых, сьвядома абраўшых адзінотнае плаваньне па жыцьцёвым акіяне. Самакатаваньне... Дзеля сьцьвярджэньня банальных ісьцінаў ці наўмыснага самалюбаваньня? Чаму чытач павінен спачуваць паэту? Хочацца чалавеку пісаць – няхай піша. На здароўе! Але ня варта ўзносіць вершатворцаў да богачалавекаў, памечаных Небам пячаткай таленту. Аднак ня будзем зьбівацца на лірыку...
Адвакат: У анатацыі напісана: “Вершы Ярыны Дашынай, зьмешчаныя ў гэтай кнізе, уражваюць арыгінальнасьцю мастацка-паэтычнага адкрыцьця з першых радкоў. Гэта гаворыць аб тым, што як сама паэтка, так і яе лірычная гераіня – неардынарныя асобы, якія пастаянна знаходзяцца ў экзістэнцыяльным пошуку. Імправізуючы на струнах душы, мастачка слова спрабуе раскрыць свой духоўны сьвет, суадносячы яго з вечнасьцю і наводзячы на філасофскі роздум”.
Пракурор: Вершы Дашынай сапраўды ўражваюць.

Я ведаю, за небакраем
па-іншаму паміраюць,
шчасьліва й звонкагалоса
ўліваючыся ў нябёсы...

Па-мойму, гэта звычайны самападман, а не мастацка-паэтычнае адкрыцьцё з экзістэнцыяльным ухілам. Навошта шукаць апраўданьне абсурду? І чаму духоўны сьвет паэткі суадносны з вечнасьцю? Гэта ніякая не філасофія, а калялітаратурныя штукарствы, якія праяўляюцца праз псіхалагічную закамплексаванасьць аўтара-лірычнай гераіні, што хавае за арыгінальнымі вобразамі і незразумелымі метафарамі невылечную душэўную пустату і няведаньне, як жыць... Таму і даводзіцца чытаць наступнае:

Я не прыгожая, не сексуальная –
проста мачалка сентыментальная.
Не зразумелая, не персьпектыўная –
бібліятэкарка дэпрэсіўная.
Не імянная і не пародная...
Амёбападобная...

Падобнае рыфмаванае самапрыніжэньне – малазразумелае і пакідае чытача ў разгубленасьці... Як ставіцца да перлаў кшталту “... я – паскудная, сьцярвозная і безідэйная”? Няўжо гэтымі якасьцямі можна ганарыцца і з непрыхаванай радасьцю выстаўляць іх напаказ? Чаму вучыць, гаворачы сацрэалістычнай мовай, упадніцкая жыцьцёвая пазіцыя лірычнай гераіні? Пазбаўленая аптымізму, яна акцэнтуе ўвагу на ўласным эгацэнтрызме, зацыкліваючыся на штучна-манерным бічаваньні непрыглядных парокаў грэшнай Я-персоны. Ад паказнога надакучлівага аўтарскага яканьня становіцца ніякавата і хочацца самому стаць больш сьціплым: маўляў, я такая-растакая, няшчасная, пашкадуйце мяне... Душэўная аголенасьць павінна мець меру, не ператвараючыся ў нахабна-разьвязны псіхалагічны стрыптыз...
Адвакат: У Ярыны Дашынай – вечны ўзрост Максіма Багдановіча... Якраз той – грахоўна-дзявочы – калі рубам паўстае пытаньне: спыніцца ці прадоўжыцца? Яе задыханыя вершы, як прахуканыя адталіны на марознай шыбе, праз якія аддалена ясьнее знадворны холад зямнога сьвету. Вымкнуць адсюль туды, як нырнуць у сьцюдзёную рачную палонку... жадаючы застацца там і баючыся не вярнуцца назад... Ці не таму і арытмічная абрывістасьць яе твораў – бы зязюліна кукаваньне на кавадле сэрца...
Пракурор: Пакінем, таварыш адвакат, туманную метафорыку ў спадчыну філосафам і зьвернемся да канкрэтных фактаў. Багдановічаў узрост паэткі не зьяўляецца апраўданьнем неадэкватных паводзінаў, якія дэманструе ў сваіх творах Дашына і якія ніколі не дапускаў класік. Каб прамаўляць ісьціны, варта разабрацца ў самім сабе, а не ператвараць паперу ў сродак прапаганды сумніўных ідэйна тупіковых высноваў. Напрыклад: “Ты мне не патрэбны, мілы, // мне патрэбен Бог”; “Я сябе, любімую, люблю”; “Я мудрэйшая за стогадовую // ў 25 з невялікім хвосьцікам”; “А я мудрая за мудрэйшага”... Сьціпласьць тут адпачывае... Але паэтка часам спахопліваецца: “Мне – 27. Ня ўмею жыць...”; “Я так доўга жыла, // што нарэшце забыла ўсё, // нават сэнс...”
Як можна паверыць лірычнай гераіні, якая на адной старонцы сьцьвярджае адно, а на другой – адваротнае? Калі блытаешся ў трох соснах – ня блытай чытача, каб ён не ўсьміхаўся з цябе, як з вар’ята. З твораў Дашынай ня бачна, у чым яна мудрэйшая за іншых, на чым трымаецца яе выключнасьць... Гэта словы, не падмацаваныя фактажом. Іван Шамякін на гэты конт заўсёды гаварыў: каб пісаць, трэба прайсьці вялікую жыцьцёвую школу. Калі ж за плячыма няма нічога цікавага, пачынаюцца гульні са словамі, нястрымнае фантазёрства, драбнатэм’е, хваравітае самакапаньне ў псіхіцы, што сьведчыць аб нежыцьцяздольнасьці пісьменьніка.
Адвакат: На перападах высокага духоўнага ўздыму і глыбіннага псіхалагізму і паўстае сутнасная аснова паэзіі Ярыны Дашынай. Яна не для лёгкага чытаньня і ня чыстай красы. Але вызнаўшы і засвоіўшы яе, як пераменны стан уласнай душы, у рэшце рэшт нават пераборлівы чытач становіцца спагадным і ўдзячлівым прыхільнікам яе неардынарнай творчасьці.
Пракурор: Калі паэтычныя агрэхі Дашынай сьпісваць на жаночую пераменлівасьць характару ды яшчэ пад прыкрыцьцём уяўнага глыбіннага псіхалагізму, то можна дагаварыцца да апраўданьня любых графаманскіх тэкстаў: маўляў, за імі таксама стаіць нешта неспасьцігальнае. Аўтар піша: “Я чую паролі Сусьвету ўва мне і мяне ў Сусьвеце...” Ні больш, ні менш. Колькі стагоддзяў навукоўцы б’юцца над разгадкай сусьветных таямніцаў, а тут берасьцейская паэтка заяўляе, што расчула паролі... Аднак дзяліцца імі з чалавецтвам яна не сьпяшаецца. Што гэта за паролі і з чым іх ядуць, Дашына не гаворыць і, упэўнены, наўрад ці скажа, бо за гэтым сьцьвярджэньнем няма нічога, апроч пустаты, суадноснай з пустатой Сусьвету...

Калі-небудзь мне б прысьніцца
ў трыдзясятым сьне па-царску
каму-небудзь каму-ністкай
ў каму-фляжы каму-нарскім
з пісталетам і гранатай
быць ні ў чым не вінаватай.

Уяўляеце апакаліпсічную карціну: валадар Сусьвету – яна ж Дашына – з паролямі ў галаве ды патрантажам на дзявочым целе. Адным словам, дзяўчына як мае быць завершавалася ў неўтаймоўным каляпаэтычным запале...
Гэта праяўляецца і ў інтымнай лірыцы, дзе душа Я-гераіні наросхрыст усім любоўным эксьперыментам, ад якіх хочацца быць як мага надалей: “Хочаш, нараджу сыночка - // твае ямачкі на шчочках”; “Я ўспамінаю тваё цела // ў снах, дзе час так проста зблытаць // з сьвядомасьцю. Я буду плакаць // й лязо вастрыць”; “Я стануся вясёлаю блудніцай, // чаго, у персьпектыве, ўсе чакалі. // Ці бачылі, як полымя скакала, // і занімалася мая спадніца?” Прызнаюся шчыра: ня бачыў і жаданьня ўбачыць ня маю, больш за тое – мне ўсё роўна, ці стане Я-гераіня блудніцай ці застанецца кансерватыўнай феміністкай. У кожнага чалавека ёсьць выбар і адпаведная жыцьцёвая дарога паводле яго.
Сексуальная ненажэрнасьць і непераборлівасьць Я-гераіні не пакідае раўнадушным: “Адольвала цябе на слых, // навобмацак цябе хацела. // Напрасткі, напралом, унутр, // да перасыці уладаньня, // дзе толькі гузік-перламутр -- // апошняе выратаваньне”. Ледзь суняў страшэнную тахікардыю ад падобнага грэшна прыемнага секс-гвалту... Аб гэтым, думаю, марыць кожны мужчына... Але ня ўсе любяць, калі іх партнёрам карыстаюцца направа і налева: “Мяне пераходзяць уброд // сьляпыя, глухія, кульгавыя... // Любімыя і ласкавыя // ідуць у абход”. Не зайздрошчу. Не жыцьцё, а суцэльная пакута. Вечная праблема: дзе ж ты мой ідэал, прынц на белым кадзілаку? Варта помніць словы з песьні Валерыя Меладзе аб тым, што “прынцаў на ўсіх не хапае”... Таму, верагодна, Я-гераіні “хочацца стаць жонкаю і сьцервай...” Жыцьцё пабудаванае на кантрастах, у тым ліку душэўных. А наогул, лічу, што Я-гераіня зусім ня ведае, чаго хоча і да чаго варта імкнуцца. Рыфмаваныя тэксты – гэта маска, якая прыкрывае ўласную няўпэўненасьць і няздольнасьць зносіць жыцьцёвыя паразы... Па гэтай прычыне словы “я заслужыла пакараньня радком” успрымаюцца лагічна і заканамерна.
Адсюль і пішацца наступнае:

Паўналецьце лета. У сабе па шыю
выю – пазваночна-дэпрэсіўны збой.
Усякая пустэча – бы шызафрэнія,
ўперамешку з нецьвярозасьцю тупой.

Я жыву нясьпешна, а таму заўчасна,
непраўдападобна – непрабудным сном
і шукаю выйсьця... ці ўваход запасны
паміж першым і апошнім пазванком.

Мінорна-могілкавым настроем прасякнуты і верш “Дыфузія пацалунка”:

Я – адмычка Сьвету.
Ночы фрагмент:
зьнічка-шызафрэнічка
не разьбілася ўшчэнт,
а патрапіла ў лунку
душы зямной. Я –
дыфузія пацалунка
сьмерці-жыцьця.

Сэнс па-дашынску цьмяны, ад чаго разумееш уласную разумовую нягегласьць. Жанчына – гэта загадка, а жанчына-паэт – гэта загадка ў загадцы. Таму нават вопытнаму крытыку тут часьцяком даводзіцца расьпісвацца ў бездапаможнасьці, бо ўехаць у паэтычны сьвет на здаровай логіцы і пры здаровай псіхіцы немагчыма і проста нерэальна. Даводзіцца прымаць правілы паэтычнай гульні па-жаночы альбо пакідаць вершаваную “заумь” за кадрам быційнага сэнсу...
У гэтым плане вылучаецца апошні разьдзел зборніку “Па той бок нябёсаў”, які сьмела можна перайначыць на “Па той бок здаровага розуму”. Ад вершаў, аб’яднаных адмысловым абсурдам, адчуваеш, наколькі цесна ўласнаму мозгу ў чарапной каробцы – і рука міжволі цягнецца да тэлефону, каб набраць 103... Але “хуткая дапамога” ня ў стане абязболіць узрушаны мозг. Мяркуйце самі:

пульс губляецца
рух электрычнасьці
перыядычнасьцю
ў вечнасьць...
па той бок нябёсаў
граюць аркестры
папсовых тамтамаў
пра ўсё і каханьне
штучнае раньне без цябе
злом іголкі
стотысячнадоўгі
палёт ценю
у зямным прыцягненьні
нябёсаў адпіхваньне...
ціханьне-ціканьне
ідэй Канфуцыя
начныя галюцы-
нацыі і народы
цяжкія роды
верша ў радок...
дыхаеш па той бок
нябёсаў...

За разгадку сэнсу гэтага верша варта прысуджаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры і медыцыне. Твор – паказальны ўзор сучаснай маладой паэзіі, альтэрнатыўнай па сваёй сутнасьці вершам пра любоў да Радзімы, каханьне, прыроду... Але падобная альтэрнатыва нежыцьцяздольная і разбуральная, бо не падмацаваная на­дзейным рэалістычным грунтам. Нібыта і прыгожа напісана, а што хаваецца за зьнешняй прыгажосьцю? За ёй, гаворачы словамі самой паэткі, — анічоганяма... Вось вам уласны прысуд уласнай творчасьці...

Форма душы абрастаецца
падаткамі і векселямі.
Падвіды любові ствараюцца
Канчаткамі і флексіямі.
У клетцы тваёй абясточылі
Пачуцьці...
Пацешная –
Лезеш на сьцены – хочацца
грэшнага!!!

Гэта агонія па няспраўджаным, рэквіем па цягніку, які схаваўся за паваротам, вой пярэваратня ў месячную ноч... Шчыра кажучы, шкада аўтара падобных вершаў і ягоных патэнцыяльных чытачоў.
Задумайцеся: што такое графіці, вынесенае ў назву зборніка? Нешта яркае і стракатае, як змаляваныя падлеткамі сьцены. Што хаваецца за гэтай мазьнёй? Прага самавыяўленьня любым коштам – абы выпендрыцца, быць круцейшым за астатніх... Любы пагодзіцца, што ГЭТА НЕ МАСТАЦТВА. Дый у перакладзе з італьянскай мовы graffito азначае зусім ня ўзвышанае паняцьце, а звыклае – надрапаны... Тое, што надрапана на сэрцы Я-гераіні, выклікае адпаведныя эмоцыі, суадносныя з прымусовым лячэньнем ад шызафрэніі...
Адвакат: Ярына Дашына – паэт па прыродзе свайго нараджэньня. Ня быць ім яна ўжо ня можа, бо гэта – як жыць альбо памерці... І адракацца ад створанага яна ня будзе, бо ня толькі жыве вершамі, але і перажывае іх... Дзеля Паэзіі, якую перажыць немагчыма.
Пракурор: І, па вялікім рахунку, ня трэба. Як і адракацца ад напісанага. Жыць вершамі можна толькі ад безвыходнасьці. Прычым уласна створанай. Жыць неабходна паўнацэнным жыцьцём, не адмаўляючы сабе ні ў чым. Нават дзеля Паэзіі. Яна таго не заслугоўвае. Адзінае, што заслугоўвае ўвагі ў гэтым непрытульным сьвеце, — гэта сапраўднае каханьне да таго адзінага, самага любага чалавека, дзеля якога здольны ахвяраваць усім. Бо жыцьцё адно – і ператвараць яго ў бясконца пакутлівы паэтычны шлях недаравальна. ТАМ, па той бок нябёсаў, гэтага не зразумеюць...
Зборнік Дашынай нагадвае паэтычную камасутру з безьліччу адмысловых вершаваных поз, ад якіх немагчыма атрымаць літаратурную асалоду, бо за механічнымі рухамі-рыфмамі няма жывога, трапяткога пачуцьця, паяднанага з жыцьцёвай праўдай і разладжаным унутраным сьветам.
А ўрэшце, няхай канчатковы вердыкт выносіць непрадузяты чытацкі суд, самы справядлівы і гуманны ў сьвеце...

Марыйка Мартысевіч.
ПАЭТКА Ў ЗАКОНЕ: ЯРЫНА ДАШЫНА МЯНЯЕ АДВАКАТА

Два тыдні таму я бачыла ў моднай краме Камеран Дыяз
і адгаварыла яе купляць неверагодна пачварны швэдар з аранжавай ангоркі.
Той, кто хто сьцьвярджае, што аранжавы – гэта новы ружовы,
мае сур’ёзныя праблемы з галавою.
Legally Blonde (Бландынка ў законе; ЗША 2001 г.)

Марыйка Мартысевіч, літаратарка і адвакатка, асьцярожна прабіраецца калідорамі Берасьцейскага СІЗА-7, што на беразе Мухаўца, з кошыкам у руках. З нядаўняга часу цэлы паверх гэтага сьледчага ізалятару аддадзены пад патрэбы Берасьцейскай філіі Саюзу Пісьменьнікаў – дзясяткі літвязьняў чакаюць тут справядлівага прысуду “неперадузятага чытацкага суда”. Марыйка сядае за стол перад кратамі ў памяшканьні для спатканьняў, чакае некалькі хвілінаў. У суправаджэньні міліцыянта ўваходзіць Ярына Дашына, паэтка і падсудная. На Ярыне – жаночы арыштанцкі халат, які, зрэшты, мала чым адрозьніваецца ад будзёнага дрэс-коду беларускіх хатніх гаспадыняў. У руках, закаваных у кайданкі, – вязаньне. На голых нагах – пантофлі.

Марыйка (працягвае праз краты руку): Вітаю! Мяне завуць Марыя. З нядаўняга часу весьці тваю справу даручана мне. (Уважліва аглядае Ярыну) Ня ведала, што ў вас тут усё так... па-хатняму.
Ярына (разгублена рукаючыся): А чаму тут ты? Дзе Галубовіч?
Марыйка: Абставіны перамяніліся. Працэс зайшоў у тупік, і адвакацкая калегія палічыла за лепшае больш не даручаць такой адказнай справы, як твая, чалавеку, які будуе абарону на факце, што яго кліентка знаходзіцца ў “вечным [грахоўна-дзявочым] узросьце Максіма Багдановіча” і дазваляе сабе ў судовай прамове два шматкроп’і на адзін абзац.
Ярына: Зрэшты, я ня мела нічога супраць…
Марыйка: Даруй, няёмка ўтручвацца ў вашыя высокія стасункі. Але, спадзяюся, мы таксама пасябруем. (Прасоўвае наперад кошык) Я прынесла табе прадметы першай неабходнасьці. Джынсы. Нататнік. Асадку. І (выцягвае з кошыка апошняе выданьне “Паэтычнага слоўніка” В. Рагойшы) – Біблію.
Ярына: Дзякуй вялікі, але ўсё марна: цэрберы не прапусьцяць. Яны ж усё пазабіралі: кампутар, кнігі, нават (усхліпвае) сшытак з алоўкам. Сказалі, чым паэзію разводзіць, лепей “дзелам” займайся (бязрадна падымае рукі з пруткамі і вязаньнем; з кішэні турэмнага халату вытыркаецца клубок нітак).
Марыйка (у вусьцішы): Божухна? І як ты тут трымаешся???
Ярына (даверлівым шэптам): Я… я, вядома ж, усё адно пішу. У галаве. І адразу на памяць завучваю. А каб не забыць, засечкі прутком на сьценцы драпаю. Адна засечка – мужчынская рыфма. Дзьве – жаночая. Тры – да… да… (заходзіцца ўсхліпамі).
Марыйка (аператыўна прасоўваючы цераз краты пакунак папяровых насовачак): Дактылічная. Твая любімая.
Паўза.
Бліжэй да справы. Ты, дарэчы, з ёй азнаёмленая? (выцягвае з кошыка пульхную канцылярскую тэчку)
Ярына: Вельмі павярхнёва.
Марыйка: Ясна: сяджу за тое, ня знаю за што. Давай хуценка пройдземся па пунктах абвінавачваньня. Іх даволі шмат – у суме цягнуць на пажыцьцёвае...
Ярына (пакорліва): Ну давай.
Марыйка: “Адсутнасьць аптымізму, няздольнасьць рэалізавацца праз сям’ю і каханьне, прага самавыяўленьня, няведаньне, як жыць, самакапаньне ў псіхіцы, самакатаваньне...”
Ярына: Гэта што, язда на самакатах?
Марыйка: Не, я думаю, гэта пра мазахізм. “Драпаньне графіці, расьпяваньне серэнадаў, неадэкватныя паводзіны...”
Ярына: “Лаялася матам, размахвала рукамі, выкрыквала антылітаратурныя лозунгі...”
Марыйка: “...адсутнасьць вялікай жыцьцёвай школы...”
Ярына: Жыцьцёвай школы? Гэта як?
Марыйка: Гэта як у Івана Шамякіна.
Ярына: А...
Марыйка: “Кансерватыўны фемінізм...”
Ярына: А гэта як?
Марыйка: А гэта як у Маргарэт Тэтчэр. Хаця няясна, што мелася на ўвазе. Кансерватары і фемінізм – гэта як арабы і сала.
Ярына (з павагай): Аксюмаран. Паэтычны троп. Можа, калі хоча!
Марыйка: Увогуле, ніколі не сустракала каго-небудзь, з такой непрабівальнай паэтычнай глухатой. Ён нібы бачыць, што тэкст запісаны не ў радок, а слупочкам, а ў імені і прозьвішчы – жаночыя канчаткі – і на гэтых двух фактах будуе ўсю разгромную крытыку. Во, глядзі: “Вершаваная “заумь”, псеўдафіласафічнасьць, калялітаратурныя штукарствы, рыфмаванае самапрыніжэньне, сэксуальная ненажэрлівасьць і непераборлівасьць, грэшна-прыемны сэкс-гвалт...”
Ярына: Ён увогуле нармальны?
Марыйка: Ня ведаю, але ён на волі, а цябе замкнулі. “Мінорна-могілкавы настрой...”
Ярына: Мажорна-вясёлкавы ён наш...
Марыйка: і, урэшце – “Графаманія”. (Пашамацеўшы паперамі). Некаторыя пунк­ты давядзецца проста праігнараваць. Я ня ведаю, як у ХХІ стагоддзі ў інтэлектуальным асяроддзі можна сур’ёзна рэагаваць на заяву, што адсутнасьць асабістага жыцьця прыводзіць да алкагалізму, фемінізму і паэзіі, ці што жанчына павінна рэалізавацца ў сям’і, а не пісаць вершы. Ці вось: “Жыцьцё адно – і ператвараць яго ў бясконца пакутлівы паэтычны шлях недаравальна”.
Ярына: Бедненькі. Так пераняўся. Можна падумаць, я суткамі толькі й раблю, што пішу вершы.
Марыйка: Чалавек – мера ўсіх рэчаў: існых, што яны існуюць, і няісных, што іх не існуе.
Ярына: Пратагор.
Марыйка: Будзь спакойная. Я выцягну цябе адсюль, а аўтар усіх гэтых прэтэнзіяў будзе пакараны ўжо самім фактам, што яму давядзецца іх агучыць прылюдна. Ня кажучы пра тое, што ён яшчэ адкажа за іх на судзе.
Ярына: Ай не, ніякіх больш судоў, я ў гэтым удзельнічаць ня буду.
Марыйка (строга): Я пра Страшны Суд.
Ярына: Дык што нам рабіць?
Марыйка: Ну... У мяне ўжо гатовы накід абарончай прамовы. Хочаш зірнуць?
Ярына: Давай (бярэ працягнуты стосік паперак, ружовых і надушаных, і хуценька прабягае вачыма):

ПРАМОВА
Шаноўнае спадарства! Ваша Мосьць! Пачну з таго, што мне ўскрай не сімпатычны фармат прамовы ў судзе, які мне навязаны, якога я змушаная прытрымлівацца. Мне здаецца праявай дурнога густу – гуляцца ў “пракурораў” і “адвакатаў” у той час, калі для многіх годных грамадзянаў нашай краіны судовыя працэсы – далёка не літаратурныя забавы, а суворая рэальнасьць і жыцьцёвая трагедыя. Тым ня менш, я лічу, што на сур’ёзныя абвінавачваньні, высунутыя на адрас паэткі Ярыны Дашынай трэба адказваць, у якой форме гэтага б не даводзілася рабіць, інакш, даруйце таўталогію, крытычная маса крытыкі, з узорам якой мы ўсе толькі што мелі гонар азнаёміцца, неўзабаве заўважна адаб’ецца на літаратурным працэсе. І я ня думаю, што адаб’ецца пазітыўна.
Перад тым, як пачаць адказ па асноўных пунктах позвы, я заклікаю Вас, Ваша Мосьць, а таксама вас, шаноўныя слухачы, задумацца, ці этычна паводзіцца бок абвінавачваньня, калі закідвае “адсутнасьць аптымізму” аўтарцы вершаванага зборніку, прысьвечанага “сьветлай памяці мамы”. Ці карэктна паступае, перайначваючы назву разьдзелу “Па той бок нябёсаў”, гаворка ў якім ідзе пра сьмерць і Бога, у “Па той бок здаровага розуму”? Ці валодае ён сам здаровым розумам, называючы тэксты, зьвернутыя да дарагіх аўтарцы памерлых, “вершамі, аб’яднанымі адмысловым абсурдам”? Вы думайце, а я пачну.
Пачну я з абвінавачваньня па самым сур’ёзным артыкуле Паэтычнага Кодэксу. Шаноўны крытык заяўляе: “...Корпацца ў графаманскай пісаніне – шкада часу і нерваў. Тым ня менш прайсьці міма кнігі Я. Дашынай я ня змог.”
Творчасьць Ярыны Дашынай прыраўноўваецца тут да графаманіі. Абсалютна беспадстаўнае і вельмі неабачлівае абвінавачаньне. Як бы выславіліся суседзі паэткі па турэмных нарах: “Начальнік, ты на каго наехаў?” Разгортваю вершаваны зборнік на выходных дадзеных. Чытаю: “Літаратурна-мастацкае выданне. Дашына Ярына (Дашына Ірына Іванаўна). Графіці на сэрцы. Вершы. Рэдактар М. Н. Мінзер (...) Карэктар М. І. Гусева (...) Тыраж 1200 экз. (...) Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Литература и искусство”. Па-мойму, тут патыхае ўжо не камедыяй пра бландынку, якая вырашыла падацца на юрфак, а паўнафарматным gangster movie. Сюжэт: дзёрзкі крытык-адзіночка выстаўляе неабгрунтаваныя прэтэнзіі ўплывоваму літаратурна-мафіёзнаму клану і ўвесь фільм уцякае ад помсты, адстрэльваючыся, штосекунды рызыкуючы апынуцца ў водах Гудзону з мяшком па галаве. Прынамсі, з прадстаўленых мной фактычных доказаў вынікае, што ў графаманіі абвінавачваецца ня проста паэтка Ярына Дашына, а салідная выдавецкая інстытуцыя, якая правяла рукапіс паўз усе колы рэдактарскага пекла і выпусьціла ў сьвет цэлы даволі вялікім, як на беларускі кніжны рынак, накладам. Сумняюся, што супрацоўнікі “ЛіМу” надзялілі б такой увагай графаманію. Гэта што да якасьці вершаў Дашынай. Што да колькасьці, то тут нам на дапамогу прыходзіць аўтабія­графізм, які так нервуе шаноўнага крытыка. 25, 27 – такі лік гадоў праскоквае ў радках суседніх вершаў ня надта аб’ёмнага зборніку 30-гадовай аўтаркі. Але і бяз гэтага, як выслаўляецца шаноўны крытык, “фактажу”, ясна: “Графіці на сэрцы” – плён некалькіх гадоў творчай працы, прычым – дбайны выбар, зроблены самой паэткай і/ці рэдактарам. Плён, трэба сказаць, доўгачаканы: Ярына Дашына – імя, добра знаёмае тым, хто сочыць за разьвіцьцём беларускай паэзіі, і кніга, што выйшла друкам пасьля гадоў яскравых публікацыяў у перыёдыцы, выклікае заканамерную цікавасьць у чытачоў як “прафесійных”, так і “простых”, суд якіх, наколькі я разумею, у гэтую хвілю мае месца.
Пойдзем далей. “Ад паказнога надакучлівага аўтарскага яканьня становіцца ніякавата і хочацца самому стаць больш сьціплым: маўляў, я такая-растакая, няшчасная, пашкадуйце мяне...” – іранізуе Сяргей Грышкевіч. Самому стаць больш сьціплым – менавіта гэтай літасьці і хочацца ласкава ў яго папрасіць. Але калі рабіць дэдуктыўныя высновы з гэтага “наезду”, аднаго з тых, якімі поўніцца артыкул, становіц­ца заўважным: сучасны беларускі літпрацэс ніяк ня можа дарасьці да скрайне неабходнага разуменьня: варта аддзяляць прафесіяналізм ад тусовачнасьці.
Натуральная зьява – беларускія пісьменьнікі і крытыкі праз прыналежнасьць да аднаго цэху або знаёмыя міжсобку, або неўзабаве пазнаёмяцца, а пакуль што кантактуюць з агульнымі знаёмымі, зьбіраючы плёткі і пераціраючы адно адному косткі. Але бяда ня ў гэтай, лагічнай і натуральнай зьяве. Бяда ў тым, што – і гэта цягне на вядучы метад сучбелкрытыкі – даволі часта крытык кампенсуе адсутнасьць доступу да цела аўтара спробай вылічыць яго недахопы, комплексы і ўнутраныя перажываньні, маючы перад сабою адно літаратурны тэкст. Ува ўсіх нас ёсьць нейкія ўнутраныя праблемы, і з іх, памножаных на падзеі навакольнага сьвету, вырастаюць нашыя рэфлексіі, у тым ліку, нашыя вершы, нашая проза... нашыя рэцэнзіі. Гэта даўно даведзена літаратуразнаўцамі і псіхолагамі, у гэтым шматкроць прызнаваліся геніяльныя паэты, гэта настолькі агульнае месца тэорыі літаратуры, што ў вуснах шаноўнага крытыка выглядае зноў жа, банальнасьцю, дурным тонам і няветлівым пераходам на асобы. Ёсьць моцнае падазрэньне, што перад намі – не крытычны артыкул, а канкрэтныя прэтэнзіі канкрэтнага Сяргея Грышкевіча да канкрэтнай Ярыны Дашынай. Я ня ведаю, што гэтыя чароўныя жыхар і жыхарка Берасьця не падзялілі міжсобку, і, па шчырасьці, мне ня надта хочацца ведаць. Але, ня выключана, пра нюансы стастункаў “маладой паэткі” (1978 г. н.) Дашынай і “крытыка са стажам” (1980 г. н.) Грышкевіча карціць даведацца шаноўнаму чытачу – заўважны брак жоўтай прэсы ў Беларусі прыводзіць да таго, што шыкоўнай кампенсацыяй айчыннай сьвецкай хронікі стаюцца сваркі літаратараў на старонках салідных часопісаў. Гэта, канешне, таксама прыкмета культурнай сітуацыі, і я не крытыкую яе, а канстатую. Аднак прагрэс літаратуры вымяраецца ўсё-ткі не такімі папулісцкімі скандаламі, а занудна-руплівымі (як варыянт – папсова-феерычнымі) крытычнымі разборамі. Тэкстаў – ніяк ня аўтарскіх смуткаў і радасьцяў.
Што да “паказнога надакучлівага аўтарскага яканьня”, якое інкрымінуецца Дашынай, то, відаць, дарма шаноўны крытык “рэдка [піша] рэцэнзіі на вершаваныя зборнікі, асабліва жаночыя”. Калі б рабіў гэта рэгулярна, магчыма б, з гадамі заўважыў бы падставовую розьніцу паміж мужчынскай і жаночай лірыкай. Паэт праводзіць выразную мяжу паміж сваёй асобай і лірычным героем сваіх вершаў. Герой паэта-мужчыны часьцей за ўсё – староньні назіральнік, аналізатар, рупар аўтарскай пазіцыі, згадайма хаця б байранаўскага Чайлд-Гарольда. Калі гэтага не вымагае сам твор (жанр гутаркі, напрыклад), паэт прамаўляе ад першай асобы толькі ў выпадку, калі атаясамлівае сябе з лірычным героем. Паэткам жа, наадварот, уласьціва зжывацца са сваім лірычным героем у адну асобу, гаварыць за яго, нават калі герой – мужчына. Класічным прыкладам тут, відаць, будуць вершы Марыны Цьвятаевай (хоць тая і адмаўляла слова “поэтесса”) “Афелія – Гамлету”, “Федра”, “Эўрыдыка – Арфею”. Цьвятаева прамаўляе ад асобы Дыдоны, Манон Леско, і толькі пра сваю “суперніцу”, Натальлю Ганчарову, яна падкрэсьлена кажа ў трэцяй асобе. Маўленьне ад першай асобы, уласьцівае жаночай паэзіі ўвогуле, у творчасьці Дашынай (хоць нешта шаноўны крытык заўважыў слушна) абсалютызуецца. Чытаем, напрыклад, цудоўны ўзор грамадзянскай лірыкі, – адвечную беларускую песьню пра заняпад мовы і нацыі, які Дашына даволі арганічна спалучае з тым самым адзначаным Галубовічам “экзістэнцыйным пошукам” і выслаўляе ў жанры маналогу1 . Працытую верш цалкам:

МАНАЛОГ НАСТАЎНІЦЫ

Паскудна так,
што нават вершы ня пішуцца...
І толькі крэйда
ў тонкіх пальцах раскрышыцца:
адна палова –
на асфальтавыя сонейкі,
другая – трупная,
для крымінальнай хронікі.

І я – паскудная,
сьцярвозная і безідэйная.
Атрутнасьць дозаў –
уваскрашэньні пахмельныя.
Зарыфмаваная,
але не ямбічная.
Сьвятая ўся й часткова педагагічная.
Расьпятая на дошцы далонямі:
і пальцаў выпэцканасьць,
і рук агонія.
– Не пакідайце... каб не памерці...
“Дзень добры, дзеці!” –
росчыркам дробным.
Дзень добры, добры, добры...

Шаноўны крытык, нібы Авоська, пад чыёй падушкай ляжыць салодкая ватрушка, успрымае вышэйпрацытаванае абсалютна літаральна, лічачы маніфестам асабістых якасьцяў, якімі прыстойнай дзяўчыне наўрад ці да твару “ганарыцца і з непрыхаванай радасьцю выстаўляць іх напаказ”. Разуменьне паэтычнага тэксту літаральнае – гэта, як мне заўсёды здавалася, тэхнічная прычына, па якой чалавек няздольны займацца літаратурай і па якой яго трэба вызваляць ад працы літкрытыка, як прызыўнікоў ад войска праз пласкаступ’е. Нават няёмка пытацца ў прафесіянала: а як жа паэтычная гіпербала? Алегорыя? Персаніфікацыя? Мастацкі вымысел? Метафара, урэшце рэшт??? Літаратура – яна ж фікцыя, умоўнасьць, праўдападобная няпраўда – гэта разумеюць усе, хто ў дзяцінстве чытаў ці слухаў казкі. Дазволю сабе крамольную параду: можа, ня варта вымяраць лірыку – Іванам Шамякіным?
Спадзяюся, я дапамагла шаноўнаму крытыку лепей разабрацца ў тым, што ён азначае як “Я-гераіня”, і адказала на яго пытаньне: “Як можна паверыць лірычнай гераіні, якая на адной старонцы сьцьвярджае адно, а на другой – адваротнае?”
Трэцяе сур’ёзнае абвінавачваньне, якое вылучае шаноўны крытык, мае форму каментара да верша з ужо згаданай назваю “Па той бок нябёсаў”: “Твор – паказальны ўзор сучаснай маладой паэзіі, альтэрнатыўнай па сваёй сутнасьці вершам пра любоў да Радзімы, каханьне, прыроду... Але падобная альтэрнатыва нежыцьцяздольная і разбуральная, бо не падмацаваная надзейным рэалістычным грунтам. Нібыта і прыгожа напісана, а што хаваецца за зьнешняй прыгажосьцю?”
Але ж у тым і рэч, што вершы Ярыны Дашынай – гэта вершы “пра любоў да Радзімы, каханьне і прыроду”. Проста, як зноў жа слушна заўважыў шаноўны крытык, “не падмацаваныя надзейным рэалістычным грунтам”. Рэалізм у вершах – гэта як увогуле? Такое яшчэ бывае?
Тут і тоіцца адказ на пытаньне, чаму бяскрыўдны, сьціслы, як і належыць Прадмове да Зборніка Вершаў, дзяжурна-паэтычны і, па сутнасьці, чыста функцыянальны тэкст “Слова ў дарогу” Леаніда Галубовіча быў успрыняты шаноўным крытыкам як абарончая прамова адваката. Адказ просты – таму што ёй ён і зьяўляўся. Абодва бакі – “абарона” і “абвінавачваньне” стаяць па адзін бок эстэтычнай барыкады, па іншы бок якой – уся гэтая “сучасная маладая паэзія”. Ярына Дашына стаіць на самай верхавіне гэтай барыкады, балансуючы і ня ведаючы, куды лепей скокнуць. Яна – з тых аўтараў, якія максімальна абстрагуюцца ад традыцыяналістычный беларускай паэтыкі1, але ў той жа час выхаваныя і сфармаваныя ёю. Гэтая памежнасьць яе творчага метаду і зьбівае абодвух шаноўных крытыкаў з тропу. Але калі Леанід Галубовіч, гадаванец гуманістычнай атмасферы свайго пакаленьня, спрабуе зразумець паэтыку Дашынай, патлумачыць яе самому сабе, перавесьці ў сваю мастацкую сістэму каардынат, Сяргей Грышкевіч арганічна няздольны ўспрыняць яе.
Паэзія Ярыны Дашынай – плюшавы фармалізм. Нечакана з аднаго слова праСТУПАе іншае, або – верш абрываецца ў б
я
з
д
о
н
ь
н
е,
або – какетлівы пера-
нос,

ці лесь
віч
ка.
Адно толькі частае ўжываньне дактылічнай клаўзулы істотна перастаўляе акцэнты і робіць рытм крыху расхістаным бяз яўных адступленьняў ад сілаба-тонікі. Фармалізм дэкляраваны: “Плагіятна нябёсам у рот зазіраць – па рыфмы – / нібы ў грыбы”.
Вядучы пафас зборніка – антычная прага метамарфозаў (Рукі мае – арабінава-гронкавыя. / Каго хочуць, любяць, / каго хочуць згубяць...) У вершах Дашынай аўтарка не памірае – яна стаецца ўласным тэкстам. Цела вершу і цела паэта зьліваюцца ў адно цэлае: Стану вершыкам маленькім / правільным аксюмаранам / паміраючы ціхенька / недарыфмаванай; Я хацела б памерці вершамі / на якія паэты ўродзяцца. На апошні і на першы я замкнёная на вершык; цяжкія роды / верша ў радок; я (...) зарыфмаваная, / але не ямбічная; ува мне зашмат мяне – / ціхіх вершыкаў прарочых. Назву кнігі Дашынай можна, такім чынам, зразумець як перыфраз. Верш балюча ўдрапаны ў аўтара, як недарэчны надпіс у сьцяну цёмнага пад’езду, ён – “графіці на сэрцы”.
Зрэшты, мы зусім забыліся пра шаноўнага крытыка. Паслухаем, што на гэты конт кажа ён: “Задумайцеся: што такое графіці, вынесенае ў назву зборніка? Нешта яркае і стракатае, як змаляваныя падлеткамі сьцены. Што хаваецца за гэтай мазьнёй? Прага самавыяўленьня любым коштам – абы выпендрыцца, быць круцейшым за астатніх... Любы пагодзіцца, што ГЭТА НЕ МАСТАЦТВА. Дый у перакладзе з італьянскай мовы graffito азначае зусім ня ўзвышанае паняцьце, а звыклае – надрапаны...
Адразу запярэчу, што са сьцьверджаньнем “графіці – не мастацтва” пагодзіцца далёка не любы. Наколькі я ведаю, мастацтвазнаўцы і камунальныя службы яшчэ не прыйшлі да канчатковага пагадненьня, чым ёсьць графіці – street art ці злосным хуліганствам. Але ў рамках нашага працэсу ня мае значэньня, мастацтва графіці ці мазьня1. Істотна іншае. Італьянскае graffito/sgraffito – гэта ня толькі “звыклае надрапаны”, гэта яшчэ і архітэктурна-мастацкі тэрмін, які пазначае спосаб дэкору фасадаў, вынайдзены ў Італіі ў ХІІІ ст. На мур наносяцца два пласты тынкоўкі, і мастак прадрапвае па верхнім малюнак так, каб быў відаць ніжні пласт. Зграфіта – візітная картка італьянскага рэнесансу; зграфіта вабіць шанавальнікаў высокага мастацтва з усяго сьвету ў Аўстрыю, Чэхію, Паўночную Італію. У Беларусі элементы тэхнікі зграфіта можна пабачыць на касьцёле кляштару брыгітак у Горадні2. Я, канешне, разумею, што дэкараваць фасад – гэта так не па-рэалісцку, бо галоўнае – тое, што ўнутры, Зьмест... Тым ня менш, чарговы дзякуй шаноўнаму крытыку, які дапамог прыйсьці да высновы: паэзія Ярыны Дашынай – вершаванае зграфіта.
У якасьці заключэньня дазволю сабе пракаментаваць яшчэ адно мудрагелістае выказваньне шаноўнага крытыка: “Літпракуратура лічыць неабходным даць суду аргументаванае пацьвярджэньне суб’ектыўным заўвагам зыскоўцы, каб падвергнуць сумненьню творчы метад падобнага рыфмаваньня, раз і назаўжды паклаўшы канец падобным зьявам у айчыннай літаратуры”.
Адкуль гэтая катэгарычнасьць, гэтае веданьне, якім творчым метадам трэба рыфмаваць? Жаданьне штосьці спыніць, камусьці забараніць, чамусьці пакласьці канец, кагосьці, урэшце, засудзіць, пасадзіць? Гэтая рыторыка таварыскага суду, гэтае рэтра “Ленін-Партыя-Камсамол”? Здавалася б, слаўнавядомая “новая літаратурная сітуацыя” даўно даказала несумяшчальнасьць ідэалогіі з эстэтыкай. Адказ, зноў жа, просты. Гэтак жа, як, гарадзенскага тэарэтыка літаратуры Юрася Пацюпу вярэдзіць “туга па беларускім барока, ракако, класіцызме”, берасьцейскаму крытыку Сяргею Грышкевічу не дае спакою настальгія па беларускім сацрэалізме. І, гэтак жа, як Пацюпа – свае ўлюбёныя стылі, Грышкевіч трансплантуе сацрэалізм у наш час адзінымі магчымымі сродкамі – постмадэрністычнымі. Але калі беларускія барока і класіцызм прыўкрасныя тым, што мінулі беспаваротна, то беларускі сацрэалізм небясьпечны тым, што ўсё яшчэ прэтэндуе на рэінкарнацыю. Якой вельмі б не хацелася. Менавіта таму, Ваша Мосьць, я і пагадзілася на гэты выступ.
З павагай,
Марыя Мартысевіч
Марыйка: Ну як?
Ярына: Месцамі сьмешна, месцамі слушна, месцамі страшна. Думаеш, дапаможа?
Марыйка: На судзе і пабачым. Галоўнае – нічога ня бойся, бо ты ні ў чым не вінаватая. Дарэчы, іншыя паэты пераняліся тваім лёсам і ладзяць паэтычную акцыю ў тваю падтрымку. Яны зьбіраюцца заняцца “яканьнем” на прыступках суда. Агучваць уласныя вершы, кшталту “Я – слуп, прыбіты да ганебнага чалавека”, “Я – торфабрыкетны паўфабрыкат...”, “Я – звышманументальны, і больш такіх няма...”, “Я без цябе, як верш недапісаны, нібы каханкам паламаны бэз...”, “Я вясёлая занадта дзеўка...”, “Я тоненькая, як твае вейкі”, “Я ДУРНАЯ, ТЫ ДУРНЫ І НАШТО НАМ ДЗЕЦІ?” – і ўсё такое. Думаю, будзе займальна. Ну ўсё, шчасьліва! Трымайся!
Ярына: Дзякуй. Пайду я і сапраўды адпачну ад паэзіі. Крыху павяжу.
Марыйка: А што вяжаш?
Ярына: Шапачку. Леаніду Галубовічу.