12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сыс

_____________________
А мне ня трэба шлях, дзе скрозь падковы...
Вершы

Ручаі няхай мыюць золата

Сябрам-аднакашнікам
Алесю Бяляцкаму і Едрусю Акуліну
Ручаі
няхай мыюць золата,
а ракавінам скамянелым —
няхай самы бясцэнны жэмчуг.

Калі ж я, нібыта апошні з магіканаў,
буду брысьці да Радзімы зьнябытай,
то ня выберу дарогу паўз рэкі сьцюдзёныя,
каб смага ня мучыла
і ня выберу дарогу паўз чужыя палі жытнія,

каб з голаду не памерці,
а пайду наўпрасткі —
пустыняй.
Ручаі кіну тыя з золатам,
кіну ракавіны жамчужныя —
застануся з бацькоўскай моваю.

Толькі вер, што дайду,
Радзіма!

6 ліпеня 1983 г.



Я папрасіўся нанач незнаёмы

фальклорнага дзёньніка)

Матрац набіты верасьнёўскім сенам,
Сухім і хрумсткім, як калядны сьнег.
Драўляны ложак – можа даваенны –
Утульным скрыпам прывясьціў мяне.
Я папрасіўся нанач незнаёмы:
Цяпер – студэнт, калісь – касец, пастух,
І хоць адзеў у джынсы мяне Гомель, —
Прызналі: свой, сялянскі за вярсту.
Паілі потым пахкім сырадоем,
Настоеным на ліпеньскіх лугах.
І покуль захад дымна не ачах,
Я канапасаў слухаў за ракою.
А ноччу зноў мне сьніліся паданьні,
О, сны мае – Дняпра сівога сплаў.
Па месяцы, як па дарозе саннай,
Я кветку шчасьця –
Папараць шукаў.

Ямб лаўровым вянкам

Лаўровыя вянкі нам не да твару,
Мы не прывыклі лаўры пажынаць.
Хіба ў баршчы для лепшага навару,
Каб потым ямбы моцныя пісаць.
Лаўровыя вянкі нам не кароны,
Яны падушкі нашым чуйным снам,
Што, як Дняпра рахманага паромы
Даюць утульнасьць дзюнным берагам.

“Гомельскі універсітэт”, 11 красавіка 1981 г.



* * *

У пахавальных, у галашэньнях
Маці-Радзімай апетыя,
Салдаты забітага пакаленьня
Вярталіся з таго сьвету.
Ці быў гарачы грузінскі вечар,
Ці наш – з бліскавічным громам,
Хто рэйкавым шляхам,
а хто – Млечным, —
Салдаты ішлі дадому.
Далоні нылі ад прыкрых мыліц,
Натужна рыпелі пратэзы…
І вось ужо маці кашулю памые,
А бацька хлеба нарэжа.
За ціхай вячэрай, пры белым абрусе
Сьлязой частавалі сына…
Сеў на страху пасівелы бусел,
Нанова спраўляць радзіны.

“Гомельская праўда”, 10 лістапада 1984 г.

Жыцьцё

А мне ня трэба шлях, дзе скрозь падковы,
І ў сьветлы дзень я словы прыгублю,
І ў злыбяду суцешуся высновай:
“Жыцьцё – бівак. Ды я яго люблю”.
Мяняў я коней, стомленых дарогай,
Каханьне прыгажунь жыватварыў,
Я верыў ім, я верыў ім, як Богу.
І быццам чорту, я ня верыў ім.
Быў я ў сябрах, як брыганціна ў чайках,
Калі ж у іх выходзілі хлеб-соль –
Сваю салдацкую дзяліў між імі пайку,
Закон такі – пароўну хлеб і соль.
І мне ня трэба шлях, дзе скрозь падковы.
І ў сьветлы дзень я словы прыгублю,
І ў злыбяду суцешуся высновай:
“Жыцьцё – бівак. Ды я яго люблю!”



* * *

Я думаў пра вайну пісаць ня маю права –
Мой белы конь ня пасьвіўся
на мінным полі,
Мой белы верш не захлынаўся барвай –
Я думаў, пра вайну не напішу ніколі.
Ды высьпеў дзень, калі асколкі, кулі
Скрозь сэрцы дрэў маё дасталі сэрца,
Скрозь душы дрэў маю душу кранулі,
Нібы па мне прайшла
Мяжа жыцьця і сьмерці.



* * *

Кажуць мне: не жыві ілюзіяй,
Мёртвай хваткай жыцьцё трымай, —
Але жыць так жадаю, людзі, я,
Як пад небам расьце трава.
Так, я чуў, як шапталі ў сьпіну,
Што наіўны з мяне паэт,
Што ў жыцьці я і ў вершах дзіўны,
Бачу толькі ружовым сьвет.
Папракаюць мяне за дзівоцтвы
Але нават і ў гэты век,
Калі шчыры ты – значыць, моцны,
Як паэт і як чалавек.

“Гомельская праўда”, 20 лістапада 1984 г.


Я сяброў частаваў стогадовымі вінамі

Сто разоў па сябрах бедаваў я самотна,
дождж, як сьлёзы,
сьцякаў па расчыненых вокнах.

Я верлібры сябрам прысьвячаў
сторадковыя,
засяваў іх пяшчотай,
нібы поле жытнёвае.

Я сяброў частаваў стогадовымі вінамі,
каб мяне ў злыбяду аднаго не пакінулі.

Ды аднойчы, калі
іх прыход адзначалі,
было выпіта ўсё,
і віна не падалі,

ды аднойчы, калі,
нібы птушкі-калібры,
задрамалі ў палёце
мае вершы-верлібры, —

я застаўся адзін. І са мной разам плакаў
мной забыты суздром,
мой любімы сабака.