12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Сыс

_____________________
"Дагадзіў жа ты мне, Анатоль, дагадзіў..." Успамін пра Анатоля Сыса



Натрапіў неяк у сеціве на словы Паўліны Сьцепаненка, якую “вельмі ўразіла, што найперш людзі пішуць пра сябе: альбо яны на фоне Сыса, альбо Сыс на іхнім фоне. Пішуць свае рэфлексіі. А пра чалавека ніхто й ня піша. Такое ўражаньне, што Сыса па-сапраўднаму ніхто ня ведаў, і ўспрымалі яго праз сябе…” У значнай ступені гэта так. Многія, асабліва пасьля сьмерці Анатоля, а хтосьці яшчэ раней, адзначыліся падобнымі ўспамінамі, “адмемуарыліся”. Некаторыя з публікацыяў, прысьвечаных майму земляку і цёзку па прозьвішчы, насамрэч пакідаюць пасьля сябе досыць прыкрае ўражаньне: аб творчасьці – амаль ні слова, а вось у чужую бялізьну ўлезьці – з вялікім задавальненьнем!
Анатоля Сыса і сапраўды толкам ніхто ня ведаў, хіба што кавалкамі (побытавымі, грамадскімі, творчымі) альбо перыядамі ягонага, на жаль, непрацяглага жыцьця. Ды і як тут з наскоку было раскусіць, калі актор Толя па-майстэрску мог пераўвасабляцца ў генія і тырана, трыбуна і мяккага лірыка, выкшталцонага кавалера ці падпітага, пакрыўджанага ўсімі, жыхара якой-небудзь Бухалаўкі… Гэтак жа і ў паэзіі. Варта прыгадаць славутыя Маналогі паэта. Але ня дзеля толькі аднае забавы і гульні “апранаў” ён на сябе гэтыя вобразы. На маю асабістую думку, такім чынам ён намагаўся схаваць сваю, шмат у чым безабаронную паэтычную натуру, сваё “сена на асфальце”, што часта не да месца вытыркалася, і з якога напачатку ягонага сталічнага жыцьця кпілі новыя сябры. Сыс проста хаваўся ў сябе; а там – успрымайце як хочаце, хоць праз сябе, хоць зусім не ўспрымайце, але цярпіце! (Неяк, у п’янай кампаніі, госьці пакрыўдзіліся на невыноснага Толіка і зазьбіраліся дадому. Тады ён ускочыў з канапы і крыкнуў: “Навучыцеся мяне цярпець. Я ж такі адзін!”). Аднак гульня, “мастацкая гульня, “полная гибели всерьез” (Л. Галубовіч), зацягнулася, набыла характар неабарачальнасьці, і ніхто ня змог яе спыніць, хаця сам Сыс неаднаразова прасіў: ”Мяне трэба ставіць на месца! Хто паставіць мяне на месца?” А іншым разам нават патрабаваў: “Спыніце мяне!”
Два гады як сплыла з дняпроўскай разьлівай веснавая шуга мітусьні на пахаваньні Анатоля Сыса. Але неадназначнасьць многіх словаў, напісаных і сказаных сучасьнікамі на адрас Паэта, які толькі на нейкі час ня з намі, прымусіла і мяне перагледзець уласныя адносіны да мемуарнай белетрыстыкі. Вельмі адказная справа аказваецца – выбраць з успамінаў тое істотнае, што можна з годнасьцю пакінуць гісторыі. Бо паэтамі ствараюцца толькі вершы; іхнімі ж сябрамі і паплечнікамі – легенды. І Анатоль тут не выключэньне. Падзея, факт, нават слова, якія адбыліся, адразу ж абрастаюць міфамі. Часам ісьціну ва ўспамінах сучасьнікаў знайсьці не лягчэй, чым антычную манетку на пляжы ў Гомелі. Але гэта важна, паколькі спрыяе больш грунтоўнаму асэнсаваньню яго таленту і творчасьці. У сукупнасьці з часам успаміны блізкіх і сяброў дапамогуць скрышталізаваць Памяць пра Сыса, як творцу і асобу. Таму ня стану падрабязна спыняцца на нашых прыватных стасунках з Анатолем, каб пазьбегнуць пэўнага суб’ектывізму і магчымых папрокаў, пра якія ён некалі выказаўся так: “некаторым хоць за ср...у ўшчыкнуць – абы далучыцца да вечнасьці” (у інтэрв’ю Г. Кісьліцынай). А навошта, калі мы ўсе й бяз гэтага далучаныя? А ўвогуле, гэтыя нататкі, разам з выцінкамі з дзёньнікавых запісаў, уласна і ўспамінамі назваць можна з нацяжкай. Ня стану паўтарацца і паўтараць тое, пра што пісалася раней, што з большага вядома. Хачу закрануць адну толькі тэму – стаўленьне Анатоля Сыса-паэта да Анатоля, носьбіта прозьвішча Сыс. Ясна, што маю пры гэтым уласную зацікаўленасьць, паколькі і сам – Сыс. Сутнасьць Сыса, які глядзіцца ў Сыса на вокладцы адной з паэтычнах кніжак, назва якой, з дэклараванай на ўсю Беларусь “Ягамосьці” трансфармавалася неўзабаве ў таксама “Сыс”— адзін з крокаў на шляху да разуменьня феномену Паэта як Сыса. Напэўна, нездарма на адной – ды ці адной! – тусоўцы рыфмануў хтосьці “Сыс – нарцыс”. І пайшло-паехала… Дык хто быў Сыс-Паэт для Сыса-чалавека і агулам Сысы для Сыса-Паэта? Няхай кавалачкі гэтых разважаньняў дададуць яшчэ нешта да спасьціжэньня Паэта, або для “мэбліроўкі Сысавага пентхаўза” (А. Бязьлепкіна).

“Кажы ўсім, што ты мой сваяк”
Паступленьне ва ўніверсітэт у 1979 годзе, пасьля атрыманьня атэстату аб заканчэньні дзесяцігодкі, для мяне ўрэшце стала рэальнасьцю – паштавічка ў сярэдзіне жніўня прынесла доўгачаканае паведамленьне. На хвалях душэўнага ўздыму, пасьля танцаў у засьпенскім клубе, адважыўся правесьці да хаты дзяўчыну з суседняй вёскі, з Гарошкава. Чаму “адважыўся”? Па-першае, далекавата, па-другое, а хутчэй-такі першае, паміж засьпенскімі і гарошкаўскімі хлопцамі ў тыя гады амаль без перапынкаў адбываліся лакальныя войны. Праводзіны гарошкаўскай прыгажуні лёгка маглі скончыцца банальным “мардабоем”. У той вечар мне было мора па калена: я гучна сьмяяўся, расказваючы абраньніцы звычайныя гісторыі. Ну, і падыйшлі ў прыцемках да нас мясцовыя… “Ты адкуль?” — запыталіся.
— З Заспы.
— А чый такі сьмелы знайшоўся?” – пачаўся допыт.
— Толіка Сыса, — адказваю.
— Цішка! — гукнулі некуды ў цемру вясковай вуліцы, — тут нехта тваім сынам прыкідваецца.
Да купкі мясцовых дзецюкоў далучыўся рослы зграбны юнак. “Сысоў я багата ведаю, можа ты Марыі Міхайлаўны сын?”
— Ага, яе.
— У школу ходзіш, ці дзе вучышся?
— Ды толькі паступіў ва ўніверсітэт у Гомель, на філфак.
— Тады табе пашанцавала. Я і сам там. Вучыся і ня бойся нікога, а ледзь што – скажаш, што мяне, Сыса, ведаеш… А дзеўкам, як запытаюцца, гавары, што мой сваяк.
Так на сьвет зьявіўся вядомы пасьля выраз: “Я – Сыс. Тут можаш нікога не баяцца”, а для мяне пачаўся новы этап жыцьця, у якім назаўжды пасяліўся “цень Анатоля Сыса”.

“Высокае неба”
Вясна, 1981 год. Гомель. Верагодна, быў травень, бо шчыра прыпякала лагоднае сонца. Цішком уцякаю з лекцыйнай пары ва ўніверсітэце – аднакурсьнікі зрабілі гэта раней і цяпер чакалі мяне ў піўбары пад назваю “Тэлевізар” з кухлямі піва. На ганку філфакаўскага корпусу “гомельскага універмагу” перастрэў мяне Анатоль: “Што, ізноў сц...кі піць сабраліся? Хадзем лепей са мной, тут недалёка”. (Сыс тады амаль, або наогул, ня піў.) Зайшлі ва ўніверсітэцкую кнігарню, дзе ён падышоў да стэлажоў і, з гонарам разгарнуўшы адну з кніг, працягнуў яе мне. “Глядзі, бачыш, вось – Карал Сыс. Паэт з Чэхіі. А ты п’еш піва замест таго, каб пісаць. Старацца трэба, каб і на Беларусі такія Сысы былі, як гэты чэх.” Толіка расьпіраў гонар, быццам гэта ягоны том стаіць на паліцы. Кніга перакладаў з чэшскай мовы мела назву “Высокае неба”.

Чаму Сыс?
Анатоль колькі разоў задаваўся пытаньнем: чаму ён усё-ткі носіць прозьвішча Сыс, калі навокал яго плойма Герыловічаў, Гапоненкаў, Цыбульскіх, Чарнашыяў. Няпраўду сьцьвярджаюць зараз, што ў Гарошкаве Сысоў шмат, — у Засьпе было набагата болей, хаця і там многія паўміралі. На маю думку, сваю адметнасьць Толя адчуў ня толькі праз наяўнасьць дару Божага – паэзіі, але нейкім чынам (як ні дзіўна гэта гучыць!) і ў сваім прозьвішчы. Усё разам і прывяло яго да ўсьведамленьня ўласнай абранасьці, выключнасьці свайго зьяўленьня “тут і цяпер”. Але вернемся да прозьвішча паэта. Адкуль яго карані?
Згодна з адной версіяй, якая найбольш распаўсюджаная, у ранейшыя часы дзетак, якія доўга смакталі матчыну цыцку альбо свае пальцы, адорвалі мянушкай “сыса”, якая і трансфармавалася ў “сыс”. Але гавораць і па-іншаму. Напрыклад, кіеўская паэтка Ала Сыса паведаміла мне наступнае: маўляў, прозьвішча Сыс паходзіць ад імя Сысой, якое ў сваю чаргу мае старажытнагабрэйскі корань “Сісі” – шосты; гэтак называлі звычайна шостага сына ў сям’і. Але імя Сысой сталася таксама прозьвішчам, навошта яшчэ трансфармаваць яго ў Сыс? Анатоль жа прытрымліваўся думкі, што Сысы – гэта тыя, хто ссаў альбо цыцку, альбо пальцы. Аднак, каб пусьціць пылу ў вочы, мог пры выпадку заявіць, што ў прозьвішча скандынаўскія карані, а на Беларусь яно трапіла пад час наладжваньня шляху “з варагаў у грэкі”. І меў таксама рацыю, бо Сяргей Панізьнік, які перакладаў чэшскіх паэтаў і меў стасункі з Каралам Сысам, расказаў, што у Карала ёсьць і асабістая версія, згодна з якой прозьвішча Сыс мае чэшскія карані.

“Лепшыя словы я ўжо выбраў”
Анатоль ведаў, што я ціха зайздросьціў яму з-за кніжкі Клышкі “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў ”, — вельмі часта ў інтэрнатаўскім пакоі ў Гомелі я гартаў той, зялёнага колеру, томік. Аднойчы, паклікаўшы да сябе, падаў мне кніжку са словамі: “Забірай, Сыс, дару на памяць. Усё адно лепшыя словы адсюль я ўжо выбраў”, а потым дадаў, што сінонімы трэба шукаць не ў падручніках, а з жыцьця, ці з галавы, — дакладна зараз ня памятаю. Тую кнігу са шматлікімі Анатолевымі дапіскамі і ўстаўкамі я ў сваю чаргу некаму прэзентаваў. Можа калі на аўкцыён выставяць (калі надыйдзе такі сьветлы час!) – выкуплю назад.

У пошуках трэцяга
“…Я маю да паэзіі вялікія прэтэнзіі, а ці заслугоўвае гэтага мой “сьветлы лоб”? А Яна (паэзія) сапраўды сьветлая і чыстая, і такіх змрочных тыпаў, як я і мае страданьні, аформленыя па яе законах і незаконах, прымае ў сто год усяго адзін раз…. Пра гэта я думаю ўсё часьцей і часьцей. А ЯНА мне ўжо амаль шэсьць гадоў перашкаджае жыць, як усе людзі. Напэўна, таму я стаў нелюдзем, філантроп і мізантроп ува мне, як сіямскія блізьняты, як тэатр і жыцьцё. Хто я – першы ці другі? А можа трэці? Вось яго я і шукаю. Бачыў ня раз, але толькі са сьпіны. Бяз твару і яго ісьціны можна са спакойнай душой павесіць сваю Музу на самым відным суку перад СП БССР, маўляў — быў такі “сьлімак, Карпеч гарбаты,” глядзіце якая ракавіна засталася бязрэхавая. Ёсьць і другі выхад: самому… Але я ў сабе штосьці вельмі люблю, хутчэй за ўсё сквапнасьць да жыцьця” – гэта словы з ліста радавога Анатоля Сыса з польскай Легніцы ў карэльскія Лехтусі, дзе служыў у 1982 годзе аўтар гэтых радкоў, усе два гады аднасіўшы па вайсковых шляхах за халяваю салдацкага бота, як і Сыс, разанаўскі “Шлях 360” – падарунак Алеся Бяляцкага. На жаль, супраць сусьветнае адзіноты ня выстаяла і тая Сысава сквапнасьць да жыцьця – перамог трэці, а дакладней трэцяя, – Паэзія, якая і забірае чалавека цалкам.

Сысы яго не падпісалі
Пад час першых сходак будучых бацькоў “Тутэйшых”, ці то напрыканцы 1985, ці ў 1986 годзе, Сыс жыў у інтэрнаце на Авангарднай. Трапіўшы ў Менск і ведаючы горад толькі ў межах Чыгуначнага вакзалу ды прасьпекту Скарыны, я наважыўся паехаць увечары да Анатоля прасіцца на начлег. І хаця Сыса ў інтэрнаце на той час не аказалася, жыхары пакою, у якім ён жыў, прынялі мяне прыхільна, нават гарэлкай пачаставалі – варта было толькі прызнацца, што да Сыса. Памятаю, мяне вельмі ўразілі купіны старэзных кніжак на падлозе. Іх адшукалі хлопцы недзе на Беларусі ў занядбаным памяшканьні колішняй бібліятэкі. Са стосу выпала нешта з разадранай вокладкай. Глянуў – сумна вядомы Ліст беларускіх пісьменьнікаў да айца ўсіх народаў Іосіфа Сталіна. Тут вярнуўся дахаты Анатоль. “Бачыш, Сяргей, — угледзеўшы ў маіх руках кніжку, адрэагаваў ён, — як добра, што ў гэтым важнецкім сьпісе пісьменьнікаў няма ніводнага Сыса”. Радаваўся, што ён – іншы, што вольны і сьмелы, а ўрэшце рэшт і сам трапіў на кручок да Азаронка.

Іслацкая легенда
“Сыс пабіўся з Сысам за тое, хто з іх сапраўдны Сыс” – так паведамлялася ў “Масонскай лажы”, насьценнай постмадэрновай газеце, якую ў 1988 годзе выпусьцілі маладыя літаратары Чаропка, Сапач, Пацюпа ды нехта яшчэ, падчас семінару маладых літаратараў у Іслачы. Насамрэч жа адбылася нецьвярозая спрэчка з расейскім паэтам-шавіністам, і я супакойваў Сыса, каб ён ня дужа пабіў госьця, якога, дарэчы, сам і прыцягнуў у Камінную залу. У выніку – ня вытрымаў каўнер на адной з кашуляў. Чаго толькі не навыдумляюць!
А характар нашых узаемаадносінаў найбольш яскрава высьвечвае наступны факт (Дарэчы, падрабязна апісаны Алесем Бяляцкім у яго ўспамінах “Трагедыя Толіка Сыса”). У студэнцкім будатрадзе ў вёсцы Бабчын, што ў Хойніцкім раёне, выйшла непаразуменьне з мясцовымі “пеўнямі”. Яны некалькі дзён літаральна вышуквалі мяне (па адной прыкмеце – стрыжаны) па ўсіх будаўнічых пляцоўках, каб разабрацца капітальна, а я адседжваўся ў школьнай кінабудцы. Анатоль прапанаваў тады нечаканае выйсьце. І вось у выхадны дзень у Хойніках пастрыглася “пад катоўскага” з дзясятак чалавек. Пасьля чаго пазнаць мяне стала праблематычна. Такім чынам Сыс выратоўваў другога Сыса. Гэта не адзіны выпадак яго апекаваньня, які сьведчыць аб тым, што чалавечнасьць і спагаду да блізкіх людзей ён далёка хаваць ня ўмеў.

“Ён яшчэ за мяне дурнейшы”
У менскі шпіталь, на скрыжаваньні вуліцаў Багдановіча і Купалы, дзе ў 1995 годзе залечваў сваю язву Анатоль Сыс, завіталі каляжанкі па творчаму цэху Людка Сільнова і Галіна Дубянецкая. Прыйшлі ў адведкі да паэта… Між іншым, на пытаньне Дубянецкай (маёй будучай жонкі), ці чуваць што пра Сяргея Сыса, Анатоль адказаў: “А падаўся недзе ў бізнэс. Ён яшчэ за мяне дурнейшы!”. Трэба меркаваць, пахваліў такім чынам… Або хацеў сказаць, што адзін Сыс ужо ёсьць, навошта болей?

Прыдняпроўскія пасіянарыі
Узорам пасіянарыя, чалавекам адной місіі, Анатоля Сыса першай назвала Аксана Бязьлепкіна. Тады Міхась Скобла… Але што такое пасіянарнасьць? Няўрымсьлі­вае служэньне адной ідэі? Калі так, то для Сыса гэта ідэя нацыянальнага Адраджэньня. Так і было, але калі да ўлады вярнуліся “манкурты”, а з “народам гутарку весьці” не атрымалася – усё скончылася. Трагедыю пасіянарыя і творцы давяршыла “анестэзія”, у дадзеным выпадку – алкаголь. Філосаф Леў Гумілёў у сваёй працы “Этнагенез і біясфера зямлі” пісаў: “Найбольш трагічна гінуць пасіянарыі ў канцовыя фазы этнагенезу, калі іх становіцца мала і ўзаемаразуменьне паміж імі і масамі абываталяў губляецца… Так, пасіянарыі асуджаныя на сыход, але калі б заўжды яны гінулі, не пасьпеўшы нічога зрабіць, то мы да гэтага часу прыносілі б у ахвяру немаўлятаў, паядалі целы забітых ворагаў… Не было б ні пірамідаў, ні Пантэону”, ні сапраўднай грамадзянскай Паэзіі.” Але паходняй Адраджэньня Анатоль мог і ня стаць – каб ня кола сапраўдных сяброў, якія дапамагалі яму ўсьвядоміць неабходнасьць пераменаў і да меркаваньняў якіх ён напачатку пры­слухоўваўся.
У інтэрв’ю “Ня трэба мяне шугацца”, якое было зьмешчана ў 1997 годзе ў “Звяздзе”, Анатоль Сыс разважаў пра тое, што “ў адным калгасе (нарадзіліся) і ён, і Віктар Ярац, і Віктар Стрыжак і аднафамілец Сыс, а за ракою – Нэлі Тулупава. Навокал жа – хоць венікам мяці. Мусіць зноў планеты сыйшліся”. Можа, і сыйшліся, але ў той момант я задумаўся: тут жа ў нас, у Рэчыцкім Падняпроўі, паэты і сапраўды непрытульна-трагічныя, пазначаныя рысамі сацыяльнага бунтарства. Глядзіце самі. Скажам, гомельскі паэт Віктар Ярац, той, хто сабраў рэйтынгавую сотню імёнаў найлепшых беларускіх паэтаў. У маладосьці быў адлічаны з БДУ за ліст у падтрымку беларускай мовы. Нябожчык Віктар Стрыжак зьмяніў шмат месцаў жыхарства і працы, шукаючы… не, не заспакаеньня, а хаця б прыблізнай гармоніі творцы і грамадства. Можна прыгадаць і паэта Міхайлу Грамыку з вёскі Чорнае, якога не абмінулі рэпрэсіі як пры царызме, так і пры савецкай уладзе. Тым ня менш ён выстаяў, не зламаўся. А калі дадаць да гэтых імёнаў яшчэ і Бенчука? Анатоль ня мог быць іншым. Хіба што ягоная пасіянарнасьць набыла акрэсьлена адраджэнцкія рысы, ды сапраўды элітарна-нацыянальны характар. Таму хачу паспрачацца з тымі, хто сьцьвярджае, што Сыса стварылі час і абставіны. Думаю, вялікі талент і бунтарства духу яму былі дадзеныя па праву нараджэньня і па максімуму. Як быў наканаваны і трагізм менавіта такога сыходу.

Радавы Стэфан Сыс
Некалькі разоў, пад час свайго сталічнага жыцьця, прыязджаў на Чарвякова да Анатоля. Ведаючы, што наконт ежы ў кватэры не заўсёды густа – тое-сёе набываў у краме (каўбасу, макароны, алей, здаралася, і бутэльку). Аднаго разу, пры сустрэчы, Сыс даволі гэтак сур’ёзна зьвярнуўся да мяне: “Ты – кажа – Сяргей, не палянуйся, ды выбярыся на вайсковыя могілкі. Казалі мне, што недзе там пахаваны Сыс, які загінуў у Турэцкай вайне. Ты б паглядзеў сам, разабраўся – а раптам зямляк наш, з нашага роду” (Адзін з яго знаёмых узгадваў пазьней, што аднойчы Сыс з пляшкай хадзіў-такі па Вайсковых могілках і шукаў нейкую магілу).
Толькі сёлетняй зімою надарыліся час і магчымасьць нешта высьветліць. На жаль, даведаўся я зусім небагата. А канкрэтна, толькі тое, што ёсьць у тамтэйшай царкве Аляксандра Неўскага дзьве мемарыяльныя дошкі з прозьвішчамі ваяроў, што загінулі пад Плеўнай у вайне з туркамі 1877-78 гадоў. Сярод іх – радавы 119 пяхотнага Каломенскага палка Стэфан Сыс. Забіты ён 18 ліпеня. Але, як патлумачыў мясцовы сьвятар, на могілках пахавана толькі некалькі вышэйшых афіцэрскіх чыноў. Побач з царквой – дзьве брацкія магілы воінаў, аднак гэта пахаваньні пазьнейшага часу. А мемарыяльныя пліты зьявіліся таму, што Каломенскі полк перад адпраўкай у Балгарыю дафарміроўваўся ў Менску і сярод яго салдатаў было нямала тутэйшых месьцічаў. Чатыры разы на год у царкве ла­дзяцца памінальныя набажэнствы, пры якіх гучаць усе імёны воінаў. Так і засталася таямніцай магчымая ступень радства радавога Стэфана Сыса і Сысоў новага часу, а вось верагоднасьць таго, што Стэфан быў беларусам – застаецца.
Яшчэ адна легенда, якой Анатоль некалькі разоў “частаваў” мяне, тычылася маці Петруся Броўкі. Маўляў, яе дзявочае прозьвішча было Сыс. Гэтага сьцьвярджэньня я ўвогуле не высьвятляў. Думаю, дастаткова й таго, што ў найбліжэйшую радню Сыса залічваліся Купала і Багдановіч. Але падобныя спробы адшукаць нейкія адметныя родавыя ўзаемасувязі ў Анатоля здараліся. У пацьверджаньне – гісторыя зусім анекдатычная. Знайшоў я на гарышчы роднай хаты ў Засьпе кніжку паэзіі Петруся Броўкі “А дні ідуць” з надпісам: “Анатолю Сысу на доўгі ўспамін! 1962 год” (падпісана майму бацьку). Паказаў неяк Толіку: рэакцыя – звычайная. Але прыкладна праз паўгоду ён прыгадаў яе і прапанаваў зрабіць выгадны абмен. Не атрымалася нешта ў нас, так і засталася кніжка пыліцца на гарышчы.

Ад Чарнобыльскага мутанта
Вуліца ў Гарошкаве, на якой стаіць хата Анатоля, акурат вядзе ў суседнюю вёску Заспа. Можна яшчэ праехаць лоеўскай шашой, але, выбіраючыся на радзіму, да маці, збочваю з аўтатрасы менавіта ў Гарошкаве. (“…І цяпер, скрозь штодзённых нягод каламуць // Пуцявіны мае праз Гарошкаў вядуць…”)
Спыняўся ля Цішкавай хаты, хаця нярэдка і не заставаў Сыса дома: то ён у Менску, а то дзе-небудзь на Дняпры. Аднаго разу (верасень 2002 году), убачыўшы мяне, Анатоль так настойліва запрашаў зайсьці да яго ў дом і выпіць хоць кропельку, што адмовіцца, хаця і быў за рулём, не выпадала. У пакоі вольна пачувалі сябе суседзі і землякі Толіка. Нехта з іх працягнуў напоўненую напалову шклянку з танным “кампотам”. У тое ж імгненьне Сыс выбіў яе ў мяне з рук, віно пралілося на падлогу. “Ты што, хочаш на яго біркулёза свайго напусьціць? – накінуўся на хлопца Анатоль, — Колькі табе гаварыць, са сваёй чаркі пі сам. Гэта ж да мяне Сыс заехаў, Сяржук, а ты…”
Выпіўшы з чыстага посуду, я зазьбіраўся ехаць далей, у Заспу. Але Сыс папрасіў затрымацца яшчэ трошкі, а сам са сьветлага пакою вынес кніжку і, прысеўшы на ўскраек услончыка, стаў яе падпісваць. Сказаў сур’ёзна, быццам і ня п’яны зусім: “Гэта, Сяржук, трэба перадаць у Чэхію, Каралу. Няхай ведае, што на Беларусі таксама вумныя Сысы ёсьць”. Я прачытаў надпіс: “Сыс, кроў мая, ты, у параўнаньні са мною – карлік! Я перакладаў твае вершы на беларускую мову! Чарнобыльскі мутант, Сыс”. Менавіта тады я яшчэ прапанаваў Анатолю: “А што, калі зладзіць супольную творчую вечарыну, гэткую паэтычную сысію з Каралам Сысам ці ў Менску, ці ў Празе? Вось бы народ паабсысаўся!” Толік тады надзвычай эмацыйна падтрымаў гэтую маю спантанную прапанову, якой ужо ніколі ня суджана ажыцьцявіцца. А вось аб тым, ці перакладаў калі Анатоль творы Карала Сыса на беларускую мову, казалі многія. Аднак бачаныя нібыта на ягоным стале густа сьпісаныя на палях старонкі, дагэтуль не адшукаліся.
Яшчэ цікава, што ў творчасьці Анатоля нярэдка праглядаюцца сьляды Каралаўскіх вобразаў і матываў. Напрыклад: “Хворы хлопчык з цацкай лёд на шыбе ліжа…” сугучна з “Хлопчык асеў на мурог, // хворасьці ціхенька ўкленчыў…”, або:

Начаваў я ў вульлі
Пад крылом у пчалінае маткі,
Пчолы казкі гулі,
Трутні ноч казыталі
Мне пяткі…

Што гэта, як не паглыбленьне тэмы вульля і яго боскага пачатку – пчалінай Маткі ў вершы Карала Сыса?:

Была і мая душа як разбуджаны рой
І пачуцьці з яе выляталі бы пчолы на ўзятак
Ды Матка пчаліная
Якая нясе эстафету роду
гэта – Ты

Аб’ядноўвае паэтаў таксама і прывязанасьць да братоў нашых меншых – чатырохногіх сяброў:

Я кінуў яму ў малако
фарш, перамешаны з хлебам…
Як быццам з тым шчанюком
Мне размаўляць на небе.

Толік таксама вельмі любіў сабак, быў нават за сваю прывязанасьць аднойчы пакусаны нейкім Шарыкам.
Кніжачка “Сыс” з аўтарскім надпісам яшчэ доўга была са мной. Час ад часу спрабаваў знайсьці каардынаты Карала і выканаць волю цяпер ужо нябожчыка Анатоля. Зьвязваўся з пражскімі беларусамі – безвынікова. Але лёд скрануўся: дапамагчы ўсталяваць кантакты з Каралам Сысам паабяцаў мне Сяргей Панізьнік.

“І сонцам быў я”
Зараз цяжка прыгадаць, калі дакладна, але верагодна пасьля 2001 году, ізноў жа ў Гарошкаве ў Анатоля сьвяткавалі і гасьцявалі. Завітаў спадарожна і я, разам са старэйшай дачкой Тацянай. Пасьля таго, як накаштаваліся розных лахардзікаў, прысутныя пачалі фатаграфавацца на памяць: хто з Сысом на пару, хто са сваякамі разам, хто з Раманавай Ларысай. Раптам Анатоль зьвяртаецца да маёй дачкі: “Ты ж, Тацяна, ва ўніверы вучышся. То зараз я сяду табе на каленцы, а нехта няхай зробіць здымак. Як пакажаш якому вы­кладчыку, што Сыса няньчыш, дык адразу пяцёрку паставяць на экзаменах.” Сказаў быццам і жартам, але з усьведамленьнем сваёй значнасьці і велічы таленту. Памятаеце: “…я – паэт найпершы”?
А сёлета, здаецца, “Наша ніва” друкавала ўспаміны Уладзіміра Някляева, у якіх ён прыводзіць словы-крык Анатоля да неба: “Я цябе зрушу!… Я – С-ы-ы-с!” Так, ён быў гэткі вось вялікі С-Ы-С, хаця і ў такім вялікім Сысу яму было цесна і ён замахваўся на большае: “…і Сонцам быў я”, і “немым Страцімам”, і “боскай птушкай”, і ледзьве ня Богам. А што?… Хаця Бог ягоны, хутчэй за ўсё быў не праваслаўны (як дакларавалася), а веры паганскае.
Цішка і Мішка
Блізкія знаёмыя і асабліва землякі зьвярталіся да Анатоля проста – Цішка. Гучыць гэта неяк больш натуральна, па-гарошкаўску. У вёсцы, “апранаючы” на сябе Цішку, Сыс рабіўся больш чалавечным, спагадлівым, камерным. Аднойчы на імпрэзе ў Доме літаратара Анатоль, можа, і не зусім цьвярозы, падпісаў сваю новую кніжку “Сыс” паэтцы Галіне Дубянецкай. Доўгі час яна зьдзіўлялася са звароту “Мішка”. Чаму гэта Анатоль надумаўся падпісаць кніжку ейнаму нябожчыку бацьку, — ды яшчэ гэтак па-свойску да яго зьвяртаючыся? І толькі калі патрапіла на радзіму паэта ў Гарошкаў, скеміла: калі Ціханавіч — Цішка, тады, лагічна, Міхайлаўна – Мішка, і гэта яе так назваў Сыс.
Магчыма, такім спосабам Анатоль выказваў сваю павагу да творцаў, якіх лічыў вартымі сябе.

Па чым “Сыс”?
Да дому маці ў Засьпе, на Лугавой, з грукатам падкацілі калёсы. “Тпру, зараза бешаная” – пачуўся знаёмы голас. Выходжу з двара і шчыра любуюся Сысом. У адных драных шортах, збранзавелы, як бюст Грамыкі ў гомельскім скверыку, лысы, здаровы і “трохі ўмазаны”. А побач з ім на вазку – шчасьлівая Раманава.
— Сяржук, братка, прывітаньне! Кажуць суседзі, што ты быў у Гарошкаве ды не засьпеў нас, дык я каня пазычыў – і да цябе ў Заспу. Калі што ёсьць, дык давай вуп’ем!
— Я ўжо вам вып’ю, дык вып’ю! – пачула размову і ня вельмі злосна абурылася маці.
— Цётачка Марыйка! Гэта ж я па справе прыехаў. Сабраўся ў Менск на зьезд пісьменьніцкі, дык ня ведаю, па чым там кніжку сваю прадаваць, можа, Сяргей параіць, ён жа разумны, — перайшоў на хітрыкі Сыс.
Маці, адчуўшы важнасьць моманту, вынесла-ткі ў альтанку пад гару і “вупіць“, і закусіць, а адыходзячы, спыталася:
— Як жа хоць называецца, кніжка твая, Толя?
— А так і называецца – “Сыс”.
— Цьфу, ну што гэта за назву ты прыдумаў?
— Гэта ня я, мне мастакі так параілі.

Госьці, яйкі, малако
Тры рэчы найболей любіў Толік, прынамсі, у Гарошкаве. Гэта па-сапраўднаму шчыра сустракаць у бацькоўскай хаце гасьцей (“Мая хата без сяброў -- ня хата”), частаваць аднавяскоўцаў і выпадковых падарожных сьвежым малаком, якое, калі захварэла маці, з задавальненьнем надойваў сам. Нярэдка проста на лаўцы перад хатай стаяў літровы слоік малака: можа, каму трэба? Але самая вялікая прага ў Анатоля была да сырых вясковых яек. І куды ў яго яны толькі лезьлі? Прычым, здаралася, што часам нават за курамі паляваў: у якое кубло палезе несьці яйка? І тады абавязкова яго “возьме яшчэ цёпленькім” і “спажыве”. Прапанаваў неяк сырога яйка мне, а на адмову адрэагаваў так: “Гэта ж карысна для страўніка”. Такая вось ахілесава пята была ў Толіка. Самы сапраўдны яйцапіт, па вызначэньню Беларуска-расійскага слоўніка Яна Станкевіча.

Дзьве Марыі
Адгасьцяваўшы колькі часу на Дні нараджэньня ў сваёй маці, я вяртаўся праз Гарошкаў у Гомель. Спыніўся каля дома Сыса. Яшчэ ў “Нісане” пачуў – сьпяваюць. Зайшоў у хату і трапіў “з карабля на баль”. Як жа я мог забыцца, што 14 верасьня – дзень нараджэньня ў маці паэта – Марыі Сыс. Нарваўшы ў суседскім гародчыку восеньскіх кветак, павіншаваў яе з 80-годдзем. Марыя Іванаўна тады ўжо амаль не ўставала. Апроч радні ў той дзень у Сыса гасьцявалі Андрэй Мельнікаў і Ларыса Раманава. Толік вельмі шчыра і пранікнёна чытаў свае вершы, Андрэй сьпяваў. Скончылася ўсё ліхаманкавымі паездкамі па вёсцы, пошукамі, затым і аглядам старадаўняга, на думку Сыса (ХІХ стагоддзя), абраза ў аднавяскоўцаў.
Дні нараджэньня ў маёй мамы і маці Анатоля амаль супадаюць – розьніца ў адзін дзень. Абедзьве Марыі. Некалі нават блытаніна выйшла пры выдачы ў калгасе грошай – выдалі ня тыя заробкі, якія пасьля ім давялося перадаваць адна адной. Так сталася, што маці мая лічыцца старастай у засьпенскай царкве, і паколькі “бацюшка”, айцец Сергій, не мясцовы, то ключы ад храма захоўваюцца ў маці. Нярэдка здараецца, што прыезджыя просяць паказаць славуты абраз, які Анатоль ахвяраваў царкве (работа Алеся Марачкіна), тады яна адмыкае замкі і праводзіць гасьцей у царкву.

Брат па духу
Пасьля таго, як Сыс паслухаў упершыню рускага паэта Агафона ў аўтарскім выкананьні, – заўважыў толькі адно: “А я думаў, што вершы я адзін чытаць умею”. Мяне ж Анатоль жартаўліва аднойчы папрасіў, каб я навучыў Валодзю пісаць па-беларуску. “Будзе яшчэ адзін добры паэт на Беларусі” – казаў ён. Толькі Уладзімір Агафонаў пасьміхаўся: каму трэба – зразумее і так.
Агафон – ня меней эпатажны і нахабны, і такі ж безабаронны перад жыцьцём, як Сыс. А яшчэ – надзвычай справядлівы (зэдлік раструшчыўся аднойчы ў знаёмага на галаве толькі за некалькі няшчырых словаў!). Ён мог давесьці паўнюткую залу сытага люду да экстазу, што і рабіў нярэдка ў сталіцы, выступаючы з сябрамі ў кавярнях ды рэстаранах. Пражыўшы колькі год бяз пашпарту паміж Крымам, Менскам і Гомлем, Уладзімір вырашыў легалізавацца ў Гомлі і, неяк аднавіўшы даведкі, выправіў сабе сінюю кніжачку ды яшчэ і з прапіскай у знаёмай. У першы ж дзень пашпарт скралі разам з рэчамі. “Напэўна, ня лёс”, — глыбакадумна зазначыў Агафон з гэтай нагоды. Праз нейкі час ён быў затрыманы пры нелегальным пераходзе беларускай мяжы і канчаткова дэпартаваны на Украіну. Паводле крыху састарэлых зьвестак, жыве ў старадаўніх пячорах каля Кактэбелю…
А ў мяне засталася крыўда на самога сябе, што некалі ня змог далучыцца да апошняй сустрэчы Сыса і Агафона ў Гомлі, на кватэры ў славутай Жаны, дзе нават на размаляванай мастакамі лядоўні зроблены сакральны надпіс “Ежы няма”. На суцяшэньне мне дасталася толькі фотакартка: два прыгожыя паэты красуюцца ў атачэньні ня менш пекных Вальжыны Цярэшчанкі і Ларысы Раманавай. А яшчэ засталіся некалькі дзясяткаў Агафонавых вершаў, адзін з якіх друкуецца ў перакладзе ўпершыню (Пераклад мой):

* * *
Пуцявінамі якімі ходзіць Бог,
З кім і дзе ён часам вечаруе?
Я яго, дальбог, дагнаў бы, калі б змог,
Ці насустрач выбег, хай даруе.

Сумаваў ён на шляху ў Ерусалім:
На Галгофу – цяжкая дарога.
Ён з усімі быў, а значыць – быў адзін;
Чалавеку дрэнна аднаму і дрэнна Богу.

Сам сыйду, дык будзеце шукаць…
Без мяне – і сьцежкі-сіраціны,
На шляхі касьмічныя глядзяць,
Сузіраюць зорныя ільдзіны.
Мне нічога больш ня трэба наўздагон,
Толькі б выпадкам хацеў яго сустрэць я,
Каб сказаць аб тым, што без яго
Мы зусім адны на белым сьвеце.

Хто народны?
“Нашаніўскае” апытаньне не пакінула Анатолю аніводнага шанцу хаця б віртуальна паспрачацца за званьне народнага. Быццам, і ня ўкладваецца ягоная творчасьць і жыцьцё ў існую формулу народнасьці, бо паэзія Сыса – элітарная. Можа, і ёсьць тут рацыя, паколькі “Сыс заўжды цягнуўся да нацыянальна вузкага філасофскага ды інтэлектуальнага кола пісьменьнікаў (Вярцінскі, Разанаў, Наўроцкі, Купрээў)”(Л. Галубовіч). Аднак жа вось кола гэтае трапіла ў рэйтынг “НН”, а Сыс – не. Хаця мог ён і народ узьняць ды павесьці, і гарэць паходняй у цемры. Мой швагер Мікола Гапоненка, гарошкаўскі сусед Анатоля, які даўно жыве ў Гомлі, любіць і зараз чытаць на памяць несьмяротныя народна-вясковыя творы паэта. Ці ён адзін? Такіх прыхільнікаў можна знайсьці ў суседнім Бронным, або ў Засьпе, нават у Рэчыцы. Гэта таксама праявы народнасьці паэта, хаця крыху іншага кшталту. Думаецца, надыйдзе час, калі і гэтая творчасьць стане даступнай чытачу. Такое ў гісторыі здаралася.

Гарэлка і Сысы
Кажуць, Сокалаў-Воюш папярэджваў сяброў, што не падасьць рукі таму, хто будзе піць з Сысом, — непакоіўся, што спояць. Стараліся многія, але дзякуй Богу, што самі не сьпіліся… У Гарошкаве, як і ва ўсіх палескіх вёсках, п’юць ад раніцы да цямна. Карову выгнаў, павітаўся з суседам – па чарцы; сякеру патачыў альбо чаранок замяніў суседцы – калі ласка, стопку; сена перавёз пад страху – бутэлька; агарод пасеяў, бульбу скапаў, рыбай пачаставаў, парсючка забіў, дровы прывёз – чаркі, чаркі, чаркі… Ну, а калі якое сьвята? Уцякай, мае браты! А што гарадскія? Мой гомельскі знаёмы нават прызнаўся неяк, што “піць у горадзе – не разгонішся, а вот прыеду да сваякоў на выхадныя, дак п’ю там да сьвінячага віску.”
З Анатолем “да віску” мне піць не даводзілася, хаця… хто яго ведае; хіба такое ўспомніш? Прыгадаю толькі адну, але характэрную і “прыгожую” п’янку. Патэлефанаваў швагер Мікола, які нядаўна стаўся бацькам. “Дапамажы, — кажа, — праставіцца гарошкаўскім родзі­чам ды сябрам за нараджэньне сына.” “Якім чынам?” — пытаюся. “Ды проста разьдзялі са мной гэты нялёгкі абавязак.” Выбраліся ў Гарошкаў, захапіўшы з сабой пляшак 10 айчыннага віна. З кожным ня вып’еш – некалькі бутэлек мімаходзь уручылі. Затое ад швагравага суседа Сыса проста так, без “пагаварыць”, не адчэпішся. Вырашылі пайсьці на гарадзішча. А было нас пяцёра, ці мо болей трохі, якая розьніца! Галоўнае – расклалі закусь, утульна паселі над абрывам на маладую травеньскую зеляніну і за мужчынскімі размовамі прыступілі непасрэдна да піцьця. Пустыя бутэлькі спачатку рэдка, а потым усё часьцей і часьцей каціліся па схіле абрыву ўніз. Дзіўна, але раніцай не балела галава і высьветлілася, што абыйшлося без прыгодаў, — ніхто не пабіўся; відаць, аўра на тым гарадзішчы спрыяльная. Вось у гэтым і прыгажосьць! Даруйце за такое адступленьне, захапіўся.
Толіка, на шчасьце, абмінула юнацкае захапленьне алкаголем, калі пераважная большасьць сяброў і знаёмых уваходзілі ў дарослае жыцьцё пад канвоем бутэлькі. Гэта потым, у сталіцы, яму “дапамаглі” далучыцца больш грунтоўна. Хто? Ва ўсялякім разе, ня столькі тыя, пра каго ўзгадваецца ў пазьнейшых успамінах, і не сябры, але слабейшыя талентам — зайздросьнікі. Ды можа яшчэ і сапраўды:
“…паэзія у гэтым вінавата // так што ні пры чым зялёны змій”?
Тым болей, што Толік цягнуўся ня столькі да чаркі, колькі да непрадказальнай застольнай размовы.
“А калі б не гарэлка? Не было б Сыса? ” – запытаўся аднойчы Віктар Корбут, і сам жа адказаў: ”Не бы-ло б! Быў бы хтосьці іншы”. Словы Корбута ў “Калосьсі” – не зусім праўда! Гарэлка была, ёсьць і будзе, проста з-за яе сёньня няма Анатоля. А гэта горка!

Гісторыя аднаго перакладу
Наколькі вядома, многія Анатолевы вершы перакладзеныя на ангельскую, польскую, украінскую і расейскую мовы. Хаця адчуваю, што сьпіс гэты няпоўны. Пасьля сьмерці паэта перакладчыкі сталі ахвотней зьвяртацца да паэтычнай спадчыны Сыса. Толькі ў мінулым годзе сьвет пабачылі пераклады Любові Турбіной у часопісе “Дружба народов”, а таксама Віктара Маскаленкі ў “Нёмане”. Дзіўна, але мне здаецца, што на рускай мове Сыс гучыць ня так узьнёсла і магутна. Да таго ж перакладам асобных вершаў бракуе якасьці. Летась у інтэрнэтаўскай версіі часопісу “Неўскі альманах”, быў зьмешчаны пераклад невядомага мне Сысавага верша, зроблены піцерскім паэтам і бардам Віктарам Пенцюком; прынамсі, сярод надрукаваных твораў Анатоля такога верша сустракаць не даво­дзілася. Сам Віктар – асоба досыць каларытная і цікавая. Шмат падарожнічаў з пляцаком ды гітарай па Расіі, здаралася, трапляў у Беларусь. Верагодна, што тут аднойчы і скрыжаваліся шляхі двух паэтаў. Верш гэты, на маю думку, ня надта высокай мастацкай вартасьці, што можа сьведчыць або аб недакладнасьці перакладу, або аб тым, што напісаны ён напачатку паэтычнай творчасьці Анатоля. Мяркуйце самі:
……………………………………
Жаль, из бездонного ковша
Не дал испить я недругам,
Чтоб их иссохшая душа
Цветущим стала берегом…

Не мне судить, где я не прав –
Во вспышках ли, в затмениях…
Лишь смерть, строки не написав,
Даст вечность
иль забвение…

Прызнаюся, спрабаваў зрабіць адваротны пераклад гэтых радкоў, які, на жаль, не дапамог мне ў пошуку магчымага арыгіналу.

Як Сыс, дык і пісь…?
Толік добра ведаў аб тым, што ў літаратуры ягонае прозьвішча зусім не адзінае. У таго ж Карала – дзясяткі кніг паэзіі, прозы, баек, гумару, дзіцячых твораў і афарызмаў. Цікава, што вядомы чэшскі літаратар нейкі час ачольваў нават эратычны часопіс “Сэкстант”. Ягоныя творы былі вядомыя Анатолю. У сеціве можна знайсьці, дарэчы, спасылку яшчэ на аднаго Карала Сыса, які жыў і памёр у Бельгіі.
А яшчэ ходзяць чуткі, што дабраліся Сысы і да Злучаных Штатаў.
На Падоліі добра ведаюць Тамару Сыс-Быстрыцкую – краязнаўцу, гісторыка, лаўрэатку прэміі ў галіне фальклору і этнаграфіі, ганаровага сябра Сусьветнага саюзу украінак. Яна зьяўляецца аўтарам серыі кніг «Перліны Тоўр-Медабораў», у якой сабраныя легенды, народныя песьні падольскага краю. Арыгінальныя фантастычныя навэлы стварае расіянка Юлія Сыс.
Да гэтага сьпісу можна таксама далучыць і Алу Сысу (Ачасаву). “Юна-жаноцка-лірычная” паводле тэматыкі, паэтка жыве і працуе ў Кіеве выкладчыцай Нацыянальнага аграрнага універсітэту. Член літаратурнага аб’яднаньня “Трэці цэх”. Сваё прозьвішча лічыць рэдкім, а свайго прадзеда – украінцам, хаця прызнаецца, што зьявіўся ён на Херсоншчыне пасьля Сталыпінскай рэформы, дзе і заснаваў хутар Шырокі Яр. А адкуль перабраўся – невядома. Можа, і з Палесься.

Чаму Дынько можа быць Сысам?
Напрыканцы 90-х гадоў у незалежнай перыёдыцы ды на сайтах колькі разоў зьяўляўся таямнічы подпіс: “Ева Сыс”. (Напрыклад, у першым нумары “АРХЭ” за 1998 год, “Глобус беларускі”). З гэтае нагоды Глобус Адам абураўся: “Чаму Дынько можа быць Сысам, пішучы пра мяне, а я ня маю права быць Дынько, пішучы пра Гальпяровіча?” Можа, таму, што шмат якой праўды пра Глобуса мог сказаць толькі Анатоль. Мог, ды не сказаў. Аднак навошта менавіта такі псеўданім абраў Андрэй Дынько? Стала модна быць Сысам, або Сысам можа быць кожны? Я спадзяюся, што з цягам часу гэты момант урэшце праясьніцца. Калі ўжо тут закранутая няпростая і складаная лінія Сыс-Глобус, цікава будзе параўнаць такія іх выказваньні. Сыс: “Чытаў я цябе. Ня ўмееш ты… (пісаць)”. Глобус: “Пісаў я пра цябе…” Што паробіш – класікі! Але куды прыкольней, калі “Бум-бам-літаўскі” ідэолаг Зьміцер Вішнёў, які вельмі ня любіць слова “Сыс”, узброіў­шыся непад’ёмным пафасам, заяўляе расейскаму паэту Глебу Шульпякову: “Пісаў я пра цябе, а ты, такі-растакі, ня хочаш прызнавацца, што думаеш пра беларускую літаратуру”.

Маўклівыя тэлефоны
У маім разбэрсаным старым нататнічку ўсё больш і больш маўклівых тэлефонных нумароў: нехта з абанентаў пайшоў у лепшы сьвет, з іншымі разьвяло жыцьцё. Аднак колькі ні браўся за перапісваньне зашмальцаваных, зацёртых старонак у новы блакнот, ніколі справу не давёў да канца; кожны запіс, адрас, тэлефон – пэўная зачэпка для дарагіх сэрцу ўспамінаў. Насупраць Анатоля Сыса пазначаны тэлефонны нумар 36-42-14. Можа, нехта і памятае: лічбы нумару тэлефону кавярні ў Доме літаратара. Некаторы час гэта была адзіная магчымасьць датэлефанавацца да Сыса пасьля яго пераезду ў Менск. Шмат хто, нават у Гарошкаве, ведаў гэты нумар. Некалькі разоў з Гомля тэлефанаваў і я, але, можа, толькі двойчы Сыс быў “на месцы”, і мне ўдалося пагаварыць з ім. Пазьней і такой магчымасьці ня стала, а дома, на Чарвякова, тэлефоннай сувязі Толік так і не займеў… Можа, гэтая акалічнасьць і каштавала яму жыцьця?
Пад бел-чырвона-белым сьцягам
Ёсьць агідныя словы. Агідных паэтаў няма.
І таму, як памру – закапайце ў палескую гліну,
Жыць хачу, землякі, і легенду аддам задарма,
А за тое, што жыў – пасадзіце ў нагох арабіну.

Жалобны травень 2005 году быў наканаваны даўно. Многія задаваліся пытаньнем: “Наколькі Яго яшчэ хопіць?” Гэтым настроем заўважна прасякнутая крынічная “Постаць” Анатоля Сыса яшчэ ў чэрвені 2001 году. Якраз тады нехта зьвярнуў увагу на змрочны зьбег лічбаў у нумарацыі часопісу: 66 ад пачатку выданьня і шосты ад пачатку году. Пра жывога пакуль яшчэ паэта і чалавека, у фармаце “аbgemacht” (зьдзейсьнена!), суперажывальна разважае Леанід Галубовіч. Сыс “ужо ня здатны вярнуцца назад, у “сёньня”, ад якога вее распадам і энтрапіяй. Паэт назаўсёды застанецца там, у сваім вясковым дзя­цінстве” — працягвае Міхась Тычына. Канстатацыя творчага і асабовага фінішу паэта ў той ці іншай ступені зьмяшчаецца ў нататках Кісьліцынай, Васючэнкі, Гарачкі. Менш таленавітыя калегі па рамястве адпомсьцілі праз друк за свой ранейшы дзіцячы спалох і “апушчэньне” асабістых амбіцыяў Сысам, цынічным смакаваньнем ягоных слабасьцяў і нібыта сыходу ягонага імя з рэйтынгу беларускіх паэтаў. Хаця павінны былі б ведаць, што прэвентыўная агрэсія Анатоля насіла ўсяго толькі абарончы характар. Гэтак сама ж, за напускной бравадай і нахабствам, хаваў сваю ранімасьць вялікі Лермантаў. Ды што ўжо казаць! Анатолева недарэчная сьмерць сталася бомбай, што, разарваўшыся, параскідвала ў бакі слоўныя камякі і чарназёму, і гліны.
Той вясной, у красавіку, памятаю, гарошкаўцы першымі адчулі няладнае: “нешта Цішка ня едзе садзіць агарод, можа, штосьці здарылася.” Мусіць, шчырымі былі ягоныя радкі: “…адпусьціце мяне дахаты. //Як жа так – прапусьціць сяўбу?” Не памыліліся. 10 траўня Толя вярнуўся са сталіцы дамоў назаўсёды. Увесь доўгі шлях ад ягонае роднае хаты да могілак я сядзеў побач з труной у кузаве аўтамабіля. Рэзкімі парывамі налятаў вецер і даводзілася моцна трымаць бел-чырвона-белае палотнішча, якім было пакрытае вечка труны, а пасьля пахаваньня – і магіла Анатоля. Нараніцу сьцяг той, прыціснуты да магільнага жвіру вянкамі і кветкамі, бясьсьледна зьнік.

Нялёгкая ношка асязальнага ценю
У той самы ненажэрны на сьмерці год, 22 кастрычніка, памёр мой бацька, таксама Анатоль Сыс. Пахавалі яго на могілках у вёсцы Красны мост. Дакладна на тым месцы, якое ён сам і вызначыў: над дняпроўскаю стромай, над ракой, дзе рыбаліў апошнія гады жыцьця…. Дарэчы, на гэтых жа могілках, літаральна ў некалькіх кроках ад магілы бацькі – апошняя “прыстань” яшчэ аднаго паэта, найлепшы верш якога застаўся недапісаны, – Віктара Стрыжака.
Праз нядоўгі пасьля пахаваньня час нарадзілася некалькі радкоў з запозьненым прысьвячэньнем бацьку:
“Разальецца Дняпро па вясьне,
Зноў вада зацурчыць за кармой –
Не плыві на той бок без мяне,
Забяры мяне, татка, з сабой!…”

Неўзабаве адна маладая паэтка, прачытаўшы гэты верш і прысьвячэньне да яго – “Анатолю Сысу, бацьку” – спыталася ў мяне: “Божухна! Дык ён ваш бацька?” “Так”, — адказаў я, не задумваючыся аб тым, пра каго ідзе размова. А пазьней падумаў: як проста нараджаюцца міфы! Прыгадаю яшчэ адзін выпадак падобнага кшталту. Летась, на калідоры аднаго са сталічных выдавецтваў, дзе я адшукваў патрэбны кабінет, да мяне зьвярнуўся адзін з супрацоўнікаў: “Прабачце, а Вы хто?” Адказаў як ёсьць: “Я – Сыс”. “Чакайце, Вы ж, здаецца, памёрлі!”. No comments – як кажуць .
Цяжка пасьля Анатоля заставацца Сысам, хаця і пры ім было не лягчэй. Такім самым, двайніком – ва ўсіх сэнсах! – ня станеш, а іншым проста ня зможаш. Хоць ты ўцякай ад Сыса! Ну, і спрабаваў гэтак рабіць. Частку твораў, асабліва вершаў, друкаваў пад псеўданімамі Жорж Кунц і Сяржук Рэчыц. Гэта быў пошук варыянту бязстратнага для мяне суіснаваньня. Мяркую, што і Анатоль, асабліва напачатку свайго творчага ўзьлёту, таксама думаў пра гэта. Аднойчы, напрыклад, ён прызнаўся ў сваім лісьце: “…наколькі я зразумеў, у цябе новы псеўданім. Можаш, Сяргей, пакінуць сваё сапраўднае прозьвішча. Ты, відаць, у літаратурнай Беларусі будзеш адзін мець яго. Мяне ніколі не прызнаюць: я нават сам ня ведаю, што сабой уяўляю…” Не адразу, а цягам часу я зразумеў, што гэта была звычайная Сысава гульня. Як і многае іншае. У засьпенскай сталоўцы, дзе ладзілася гадавіна Анатолевай сьмерці, мастак Алесь Пушкін доўга пераконваў мяне ў неабходнасьці пазьбегнуць уплыву гэтага “СЫС”, схаваўшыся ізноў жа або за псеўданімам, або ўвогуле паставіць крыж на паэзіі. Што тут сказаць… Некалі ў вершы, прысьвечаным Анатолю, я напісаў:
“…я ня той, я ня Сыс,
толькі ўсё-такі Сыс…”
Збольшага, праблема нават не ў блытаніне. І ня ў тым, што ў жыцьці, часьцей за ўсе астатнія, разам узятыя гады, я адказваў на пытаньне: ”Скажыце, а кім вам даводзіцца Сыс?” Праблема ў абстрагаваньні асабістага ўнутранага ад асабістага зьнешняга (паводзіны, творчасьць, ненаўмысная персаніфікацыя і гэтак далей). Галоўнае, каб ня надта замінаў быць самім сабой узровень адгезіі існуючага на гэты час вобраза Сыса.

“Дух – гэта людзі, я!”
На першы ягоны незямны дзень нараджэньня, “узяты анёламі да Пана Бога”, да Анатоля чакалася шмат гасьцей. А сабралася за тры дзясяткі сваякоў, аднавяскоўцаў, і проста сумленных людзей. Крыўдна, але многія са знаёмых у Гарошкаў ехаць забаяліся: не пусьціў страх за магчымыя наступствы на казённай службе. І харошыя ўсе людзі, памяркоўныя… Што мог бы сказаць з гэтае нагоды Сыс: “Вось вам на хлеб…”? Тым ня меней, чытаньні адбыліся і, спадзяюся, будуць праходзіць надалей, набіраючы размах, памнажаючы рэха Паэтавых словаў: “…дык пакуль ты яшчэ жывеш, // запалі прад Купалам сьвечку, // прачытай і спалі мой верш, // а вандалам скажы: я вечны!”
Хаця, калі быць справядлівым, дык першая спроба літаратурнага сьвята ў Гарошкаве адбылася годам раней, 17 сьнежня 2005 году.

“…Я не самотны, я кнігу маю”
“У Анатоля ніколі ня будзе Збору твораў ці нават томіка ў цьвёрдай вокладцы. Ён напісаў занадта мала, меней за Максіма Багдановіча ці нават Сяргея Палуяна” – рэзюмавала Аксана Бязьлепкіна. На шчасьце, усе мы часам памыляемся. Не прайшло і двух гадоў пасьля сьмерці паэта, як сьвет пабачыў “Лён”. Добрае выданьне, якое Леанід Галубовіч назваў “сапраўдным рарытэтам”, які “дадае класічнай саліднасьці самому паэту”. Кніга, бясспрэчна, атрымалася зьмястоўнай: больш за 40 невядомых дагэтуль твораў, фотаархіў, інтэрв’ю, артыкулы. Карацей, падзея ў беларускай літаратуры. Не аспрэчваю: і папера шыкоўная, і цьвёрдая вокладка, і наклад прыстойны. Але заўжды чакаеш большага… Скажам, афармленьне вокладкі, як на мой густ, дык не зусім выразнае: шрыфт для назвы выбраны сьляпы, а выява джутавай мешкавіны аніяк не нагадвае лён. У тэкстах трапляюцца памылкі, але на гэтым – усё, маўчу!
Файна, што кніга, пра якую так марыў Анатоль, адбылася. А выдаўцам наступных тамоў паэтавых твораў і ўспамінаў пра яго важна памятаць пра вялікую далікатнасьць пры ажыцьцяўленьні такіх праектаў. А яны будуць. Летась у мясцовым (гомельскім) друку паведамлялася аб тым, што ўпраўленьне культуры Рэчыцкага райвыканкаму адкрыла рахунак для збору ахвяраваньняў на кнігу А. Сыса. Браўся за падрыхтоўку яе да выданьня мясцовы журналіст Пятро Рабянок. Што з гэтага атрымаецца – невядома, але людзі грошы ў банк пералічвалі. У Гомлі, напрыклад, распаўсюджвае саматужны мемуарны “блокбастэр” пад назвай “Шлях да Музы” Лідзія Возісава (Лідзіана). Маюцца свае задумкі ў сяброўкі апошніх гадоў Сыса, веткаўскай паэткі Ларысы Раманавай. А ў інтэрнэце “прамышляе адловам Сысіяны” таямнічы Аncalot.
Верагодна, куды лепей скаардынаваць агульныя намаганьні і зрабіць сапраўды добрыя, высокамастацкія кнігі пра паэта, выдаць іх прыстойным накладам, каб хапіла на ўсіх аматараў і цікаўных, у тым ліку і для бібліятэк. Бо скардзіўся раней Анатоль, што ў Рэчыцы яго кніг у бібліятэках няма.
Неўзабаве насьпее неабходнасьць збору і выданьня літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, якія зьмяшчаліся ў перыёдыцы, або яшчэ рыхтуюцца пабачыць сьвет. Чакае рэалізацыі і песенная спадчына паэта. Да месца сказаць, на студзеньскай прэзентацыі кнігі “Лён” на Рабкораўскай, выступоўцы падкрэсьлівалі, што першую прафесійную спробу аналізу паэтычнай спадчыны Анатоля Сыса зрабіў прафесар Гомельскага універсітэту імя Скарыны Іван Штэйнер, зьмясціўшы ў “Дзеяслове” грунтоўны артыкул “Маналог Анатоля Сыса”. Хаця, дзеля аб’ектыўнасьці трэба адзначыць: творчасьць Сыса трапіла ў перыскопы крытыкаў значна раней. Сярод тых, хто ў ліку першых спрабаваў разабрацца ў феномене творчасьці Сыса – крытык Сяргей Кавалёў. У сваім артыкуле “Метро ля замчышча” (“Маладосць”, 1987) ён нават зьвярнуў увагу на адсутнасьць мастацкай глыбіні ў многіх гістарычных вершах А. Сыса. Сярод тых, хто рабіў спробы аналізаваць Сысавую паэтыку і патэтыку – выкладчыца ГДУ імя Скарыны Вольга Шынкарэнка. Па-свойму цікава дасьледаваў паэтычную спадчыну паэта Арнольд Макмілін у артыкуле “Анатоль Сыс – пакутная душа”. Праўда, аўтар не пазьбегнуў некаторых недакладнасьцяў, заўважаецца адарванасьць яго ад рэальнага літаратурнага працэсу на Беларусі. Але цікава, што і ён называе апошнюю прыжыцьцёвую кніжку Сыса – “Вершы”, не разабраўшыся, што Сыс гэта і ёсьць назва.

l l l
“Быў Сыс” – застаўся стаяць перад маімі вачамі чорны загаловак-аншлаг у “Нашай Ніве”. Быў? Ня веру дагэтуль, што быў. Можа, дзе схаваўся, ды піша. Здаецца, зьявіцца вось-вось, ды і заявіць: “Што прыціхлі? Пажартаваць нельга?” Аднак такое немагчыма, ён — Там, я сам зазіраў пад вечка Толевай труны.
А што далей? Адкажу словамі Віктара Шніпа: “Што будзе… Будзе Анатоль Сыс”. Сыс-паэт ужо застаўся ў літаратуры, такім як быў: жывою паходняй, шалёным, няўрымсьлівым, часам невыносным, але бясспрэчна таленавітым, забраўшы з сабой у вечнасьць і Сыса-чалавека.

Анатоль Сыс
* * *
Напішыце на мяне музыку,
на дарогу дамоў – я гэта.
На дарогу, шкатулку гузікаў
з сюртукоў бадзяг і паэтаў,
на крыло незнаёмай птушкі,
што прыкрыла дарожны камень,
што згадала мне пах падушкі
мамінымі рукамі.

Напішыце на мяне музыку,
як апошнюю, напішыце,
кіньце шлягеры,
кіньце мюзіклы…
напішыце, напішыце,

як сьлязяцца радзімай вочы,
калі, кінуўшы белы сьвет,
па дарозе дадому крочу,
панацэі (-яй?) ад тысячы бед.
Не пазьней за 1982 год.


* * *
Дарэшты гарошкаўскіх коней
Пабілі, раскралі, збылі…
Як быццам іх ржаньне сёньня
Залішняе на зямлі.
Не пазьней за 1999 год.