12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сыс

_____________________
“Уздых паэзіі і стогн малітвы...”
Прадмова,
падрыхтоўка
да друку
і каментары
Алеся
Бяляцкага


Ён быў Вялікім паэтам
Якраз сёлета мінула трыццаць гадоў з часу, як мы з Эдуардам Акуліным і Сержуком Сысам паступілі вучыцца ў Гомельскі універсітэт. Апроч усяго іншага там нас чакала знаёмства з Анатолем Сысам, які адвучыўся ўжо два гады. Улічваючы агульныя інтарэсы, найперш захапленьне прыгожым пісьменствам, а таксама даволі вузкае кола асобаў, якім гэта было цікава, сталася так, што мы, гомельская суполка студэнцкай моладзі, аказвалі даволі моцны ўплыў адзін на аднаго. Перачытваючы свае нататкі-ўспаміны, а таксама нашыя тагачасныя лісты, я зразумеў, што гэты ўзаемны ўплыў быў нават большым, чым гэта ўяўлялася раней. І адбівалася тое, як на фармаваньні творчасьці, так і на коле нашых грамадскіх інтарэсаў, агульных уяўленьняў пра сучаснасьць і будучыню Беларусі.
У вайсковых лістах Анатоля Сыса да нас, а ён амаль заўсёды пісаў лісты мне і Э.Акуліну разам, бачна, якое значэньне ён надаваў сяброўству з намі. “Як ні дзіўна, але самыя дарагія лісты для мяне вельмі рэдка прыходзяць ад вас”, – піша А.Сыс. У іншым лісьце ад 10.01.1984 г. ён паўтарае: “весткі ад вас для мяне заўсёды асаблівыя”. Трэба сказаць, што мы таксама моцна даражылі сяброўствам з Анатолем і ягоны ўплыў на станаўленьне нас як асобаў цяжка пераацаніць.
Пры перачытваньні лістоў А.Сыса з войска становіцца зразумелым, як ён працуе над вершам, наколькі яго захапляе працэс вершастварэньня, колькі адбірае гэта энергіі і сілаў. Бачна агульнае незадавальненьне сваёй творчасьцю, жаданьне ўдасканальваць вершы да бясконцасьці. У лісьце ад 16.07.1983 г. ён паведамляе: “Пішу я ў месяц тры-чатыры вершы. І толькі тады, калі мяне разрывае на кавалкі. Я кідаю ўсю службу і пішу, дзень, два, тры, магу тыдзеньу выніку гатова радкоў дзесяць. Яны мне здаюцца залатымі, але не маімі”. Дастаткова параўнаць чарнавік вершаМама, вышый мяне на падушцы сваёй”, які падаецца далей, з тэкстам, надрукаваным А.Сысам пазьней. У шасьці строфах ня зьмененымі засталіся толькі два радкі.
А. Сыс неаднаразова просіць у нас даваць заўвагі да сваіх вершаў і да паэмыАлаіза”. Атрымаўшы заўвагі, вельмі сурёзна і ўдумліва ставіцца да іх. Захаваўся чыставы машынапісны варыянт паэмыАлаіза”, дасланы ім з войска. Перачытваючы паэму, пазьней папраўленую ім ужо для друку ў першым зборніку вершаўАгмень” (1988), бачу, што некаторыя мае парады па мове паэмы былі ім улічаныя, але таксама лаўлю сябе на думцы, што гэты, яшчэнепрыгла­джаны”, не перагледжаны ім пазьней у МенскувайсковыварыянтАлаізы”, ня менш моцны і арганічны. Некаторыя праўкі нават здаюцца больш слабымі, чым было напісана спачатку. Таму ёсьць сэнс разглядаць гэты варыянт паэмы ня як чарнавы, а як другі, больш раньні.
Кранальнымі выглядаюць ягоныя адносіны ў войску да беларускай мовы: “Тут нехаця прыходзіцца размаўляць па-руску. Я з усіх сілаў стараюся падтрымліваць у сабе памяць роднай мовы, і калі земляка сустрэну, і кніжкі дастаю, даю, нават прымушаю іх чытаць беларусаў, вось тут мяне лічаць дзіваком. Вы ня ведаеце, што такое плакаць па роднай мове, а я плакаў горкімі слязьмі. О, якая гэта асалода! Я часта думаюпрыйду да вас і будзе сорамна за сваю мову, бо я ня толькі застаўся на ранейшым узроўні, але і скаціўся ўніз. Напісаць верш, у моўных адносінах, для мяне мука”, – піша Анатоль у лісьце ад 10.01.1984 г.
У войску А.Сыс даволі шмат чытаў. Прачытанае затым часта адбівалася ў ягонай творчасьці. Цікавым курёзным фактам у нашай перапісцы можа падацца ліст А.Сыса, напісаны на лісьце В.Шніпа. Але такіх курёзаў, перабіраючы свае юнацкія архівы, я знайшоў не адзін. Так, у 1984 годзе, блазнуючы, Анатоль і Эдуард падпісалі мне зборнікі Алеся Разанава ад імяаўтара. Анатоль напісаў мне на зборніку А.РазанаваШлях 360”: “Шаноўнаму Алесю ад Алеся у знак шчырага сяброўства і прыемных сустрэч. Не Беларусь для нас, а мы для Беларусі”.
Вынікам настальгіі па закончаным і, цяпер з пэўнасьцю магу сказаць, шчасьлівым і бесклапотным перыядзе майго студэнцкага жыцьця, стаўся яшчэ адзін літаратурны курёзнапісаньне ўспамінаў пра Анатоля Сыса ў… 1984 годзе. Гэтыя аркушы, выдраныя са сшытка, праляжалі 25 гадоў і толькі цяпер, перабіраючы свой архіў, шукаючы лісты Анатоля, я натрапіў на іх. Тыя запісы, якія я тады яшчэ назваўУспаміны пра Анатоля Сыса”, мне падаецца, павінны стаць фактам беларускай літаратурнай крытыкі, ня толькі таму, што ў іх прыводзяцца малавядомыя факты з жыцьця А.Сыса, але й таму, што ў іх ці не ўпершыню Анатоль Сыс быў названыВялікім паэтам”. У гэтым я ні кроплі не сумняваюся і цяпер. Магутны і фенаменальны паэтычны талент А.Сыса. Як у часы беларускага адраджэньня векавой даўнасьці ярка зазьзялі зоркі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, так і чарговае адраджэньне 80-х-90-х гадоў дало беларускай літаратуры і беларускаму народу некалькі творцаў першакласнай велічыні, сярод якіх ці ня першае месца займае паэтычны талент Анатоля Сыса.
Недрукаваныя вершы А.Сыса складаюць найкаштоўнейшую частку гэтай публікацыі. ВершыМама, вышый мяне на падушцы сваёйі “…Таварыш донарадносяцца да перыяду творчасьці А.Сыса ў войску і маюць яшчэ пэўныя вобразныя калькі, ад якіх паэт карэнным чынам ужо адыходзіць у паэмеАлаіза”. Яны цікавыя для разуменьня, якім шляхам ішло высьпяваньне творчай думкі і паэтычнага прафесіяналізму паэта. Але і ў іх ужо бачныя яскравыя праявы паэтычнага таленту А.Сыса, якія ў хуткім часе выбухнуць грандыёзным паэтычным феерверкам.
Важнымі для асэнсаваньня разьвіцьця творчасьці паэта зьяўляюцца вершы, напісаныя А.Сысам неўзабаве пасьля войска: “Паэты-мастакііЗ нагоды выхаду ў сьвет зборніка М.Мятліцкага (Міклухі Маклая) “Мой дзень зямны”. Верагодней за ўсё вершы былі напісаныя ў 1985 ці першай палове 1986 году. У іх бачна, якую грамадскую пазіцыю займае А.Сыс і якім чынам гэта ўплывае на ягоную творчасьць. Пазіцыя нонканфармізму, нязгода з існуючай афіцыйнай палітыкай уціску усяго беларускага ў БССР, кшталтаваньне уласных поглядаў па вышэйшым стандарце (недарэмна пазьней ён будзе ня раз казаць, штоябрат Багдановіча і сын Купалы), нежаданьне падладкоўвацца пад пануючыя стандарты сацыялістычнага рэалізму, – усё гэта знайшло месца ў глыбока народнай па сваёй сутнасьці творчасьці А.Сыса.
Нават у няўдалых на погляд аўтара вершах, такіх якАпошні з ненароджаных сыноў”, ёсьць строфы, якія ўражваюць дасканаласьцю формы і глыбінёй зьместу.
Насычанае грамадскае жыцьцё ў Менску ў другой палове 80-х гадоў, актыўнасьць Анатоля, надалі ягонаму таленту неабходны імпэт агульнабеларускага маштабу. У сваім лісьце ад 10.01.1984 г. ён сумняваецца: “Алесь, я нават ня ведаю ці змагу я ўліцца ўБеларусы”. Яэгаіст, а для гэтай вялікай справы трэбану ты сам ведаеш”. Але з 1985 году ён становіцца адным з лідэраў менскай нацыянальна сьведамай моладзі.
Ці ня ў кожным лісьце да мяне пра А.Сыса згадвае і Эдуард (Едрусь) Акулін, які тады настаўнічаў у вёсцы Дуброва Рэчыцкага раёну. 28 студзеня 1985 году ён піша: ““Даляглядыпакуль не набыў, “Дзень паэзііда нас яшчэ не дайшоўцікава, ці ёсьць там Сыс? Дарэчы. Дзе ён зараз, гэтывыхадзец”? Ці прыняла сталіца яго ў сваё ўлоньне? (…) Перадавай усім прывітаньне, абдымі бацьку (Сыса), пішы. Z.B.! (Што трэба чытаць як Жыве Беларусь!” – А.Б.) Едрусь”.
У лістах да мяне ў войска ў 85-86 гадах, мае сябры ды сяброўкі, пішучы пра свае клопаты ды розныя падзеі, часта пісалі і пра Анатоля Сыса. Я, будучы ў войску, атрымаў ня шмат лістоў ад яго, але добра ведаў, што робіць Анатоль Сыс. 6 кастрычніка 1985 году Едрусь Акулін піша мне: “Гляджу зараз на тваю жыцьцярадасную ўсьмешку на здымку і думаю, што нечым яна нагадвае мне блазнавата-хітрую ўсьмешку Цішкі (вясковая мянушка бацькі Анатоля Сыса Ціхана Сыса, якой мы часам называлі і АнатоляА.Б.), у ёйусё. (…) Днямі адбылося паседжаньне прэзідыуму праўленьня саюза пісьменьнікаў БССР. Абмяркоўвалася творчасьць маладых. Нарэшце спамянулі Цішку, побач з Глёбусам, пра мяненічога. Сумненьні, расчараваньні… ” 27 сьнежня 1985 году Едрусь Акулін паведамляе: “Днямі пачнуцца вакацыі. Ня ведаю, што рабіць? Прасіў Сыса А. разьведаць наконт тэрміну здачы рукапісу пасьля дапрацоўкі, а ён маўчыць, як мойвы абеўшыся...”.
Літаратурнай зьяваю 1985 году быў для нас выхад зборніка паэзіі Алега МінкінаСурма”. Першая кніжка паэта паказвала, што ў беларускую літаратуру прыйшоў выдатнейшы паэт, неардынарны, таленавіты творца, прыхільнік класічных формаў вершаў, пасьлядоўнік багдановіцкае школычыстае красыў паэзіі. Кніжка А.Мінкіна моцна ўразіла мяне і я ў войску напісаў на яе адназначна станоўчую, калі не сказаць, што хвалебна захопленую рэцэнзію ў адрозьненьне ад увогуле станоўчай, але даволі прыдзірлівай рэцэнзіі наСурмуўЛіМеАнатоля Сідарэвіча. Затым я пераслаў яе Э.Акуліну і папрасіў, каб ён перадаў яе ўМаладосць”. У працэсеўладкаваньнярэцэнзіі браў і Анатоль Сыс.
Едрусь так апісвае гэтыя падзеі ў лісьце за 1 лютага 1986 году, а за адно і апісвае свае ўзаемадачыненьні з Анатолем: “…Прабач, што доўга маўчаў. Не хацеў пісаць, пакуль ня высьветлю лёс твайго рукапісу. Поштай я яго не дасылаў, а адвёз сам у МенскЗаходзілі ўМаладосцьразам з ЦішкамДалідовіча не было. Гаварылі з Сіпаковымсказаў, што ў іх артыкул на Мінкуса (так мы тады называлі А.МінкінаА.Б.) ўжо ёсьць, яны самі камусьці заказвалі. Так што, я пакінуў яго ў Цішкі, хай паспрабуе занесьці ўПолымя” – ён пасьля табе напіша. Па меншай мерыабяцаў. Па Менску хадзіў з Сысам разам. Ён выходзіцьу людзі”. Вельмі сябе хваліцьПрасіў у Сыса вершаў пачытацьне дае, ці пераслаць у лісьценя хоча, ці то баіцца, што перайму манеру, я жвялікі плагіятарда ўсяго... Увогуле я ім вельмі незадаволены, як быў аднаасобнікам-карерыстам, так і застаўся. Проста маскіруецца словамі. Дарэчы, я вельмі, і гэта шчыра, рады, што нарэшце яго вершы павінныпайсьці”. УМаладосціяго дэбют (8-10) вершаў будзе ў 4 нумары. Абяцаюць надрукаваць уПолымііЛіМе”. Казаў, што ўПолымібыў, мо 20 разоў, пакуль нарэшце прынялі вершывось табе і незацікаўленая асоба. Крыўдзіць ня гэта, а тое, што ён ня хоча дапамагчы сябру. Кажа, што ён адзін такі ў Беларусі і сам да гэтага дайшоў. Толькі мне здаецца, што наўрад ці, каб сядзеў і зараз у сваёй Ветцы. Рукапіс мне раіць зьнішчыць і пісаць новы. Што пісаць новыя вершы трэба і на іншым узроўні, я згодны, але і адмаўляцца цалкам ад сябе ўчорашнягане зьбіраюся. А што ты думаеш? Не дачакаюся пакуль ты вернешся з войска. Поўная ізаляцыя. А ты сапраўдны сябра і дарадчыкУ Гомелі ня быў, пра Сыса С. нічога ня чуў. Цішка бачыў у Менску Кавалёва, той вельмі прасіў тваю адрэсуці варта даваць? Z.B! Пішы аб сабе. Да пабачэньня. Едрусь”.
Дарэчы, падобныя звышпатрабавальныя ацэнкі да ўласнай паэзіі давялося на працягу наступных гадоў выслухаць ад Анатоля не аднаму маладому беларускаму паэту. Кагосьці гэта злавала, хтосьці крыўдзіўся, хтосьці пагаджаўся, а хтосьціне, але ў любым выпадку гэта прымушала маладых паэтаў больш патрабавальна ставіцца да сваёй творчасьці.
У лісьце ад 27 сакавіка 1986 году Генадзь Сагановіч распавядае мне пра далейшыя клопаты Анатоля Сыса наконт маёй рэцэнзіі: “Анатоль прывітаньне шле. Рэцэнзія твая на Мінкуса пакуль не ўладкаваная. УМаладосціўжо напісаная (здадзеная), уЛіМ”, здаецца, не бяруць”. 4 красавіка 1986 году Едрусь паведамляе: “У аглядзе паэзіі за год, нарэшце згадалі і маё імя. На думку Каржанеўскай, нягледзячы на пэўныя фармальныя здабыткі, мае вершы носяць эскізны характар. Мажліва гэтастыль, але ёй, як чытачцы, не хапае паўнаважкасьці зьместу. Паэткай першай велічыні Каржанеўская высунула Софю Шах. Спамянула і Сыса А., маўляў яго вершы чакаюць сваёй чаргі. У гэтым месяцы, сапраўды, мы будзем сьведкаміцішкаўскагадэбюту ўМаладосці”. Алесь, ці даслаў ён табе ліст, наконт артыкулу?”
Праз месяц, 4 траўня 1986 году Генадзь Сагановіч піша драматычны ліст, у якім апісвае разгон студэнтаў, якія зьбіраліся сьвяткаваць на Траецкім прадмесьціГуканьне вясны”, і зноў згадвае Анатоля Сыса. Дазволю сабе прывесьці гэты ліст больш падрабязна, бо ён перадае грамадскую атмасферу тых гадоў. Я таксама, перакананы, што падзеі, апісаныя ў лісьце, аказалі ўплыў і на актыўнасьць пазіцыі Анатоля Сыса, які быў у тыя месяцы частым госьцем у асьпіранцкім пакоі Генадзя Сагановіча:
Спачатку аб дробязях, бо забудуся, а потымгалоўнае. Вольны паэта на старым меjсцы. Шле прывітаньне. У чацьвертайМаладосці” – яго нізка.
(…) Ну а цяпер галоўнае.
20 красавіка сталачорная нядзеляйу гісторыі Беларусі. Той самы гурток, аб якім ты пытаеш, гэта школьнікі з Рэспубліканскай мастацкай школыінтэрнату імя Ахрэмчыка. Я вяду іх са сьнежня 1985 г. па даручэньню камсамола. У нядзельку, 20 красавіка, ў Менску афіцыйна праводзілася сьвятаВыстава аднаго дня” (разам з Гуканьнем вясны) на Траецкім. Вось і прыйшлі гэтыя дзеткі арганізавана каб узяць удзел у Гуканьні. Як і мае быць, са стужкамі зь бел. Арнаментам, з птушачкамі і інш. Толькі яны сталі вадзіць карагоды (на тым жа меjсцы, дзе j мы летась), як на іх накінулася група малойчыкаў, што аднекуль зьявілася (чалавек 50). Частка была добра пянай, у чорных пальчатках, з кастэтамі. Яны пачалі крычаць дзецям, каб тыя спыніліся, зрывалі з галоў стужкі, адбіралі ўсё ібілі кулакамінават дзяўчат. У паветры луналі пагрозы: “Перестань разговаривать по-белорусски! Сволочь, не притворяйся!” “Не разговаривать по-белорусски, не то убъем!”
Шмат хто з гэтых малойчыкаў хваліўся медалямі, атрыманымі за службу ў АўганеСярод іх быў кіраўнік, якому яны зносілі ўсё, што адбіралі ў дзяцей.
Потым аўганскія штурмавікі сказалі, што іх напярэдадні сьвята сабралі ў гаркоме камсамола і сказалі, што 20-га на Траецкім будуць пераапранутыя ў бел. строj … фашысты (?!), якія, магчыма, будуць прыкрываццабел. мовай і бел. песьнямі (?!). Словам, біць усіх, хто размаўляе па-беларуску і сьпявае.
У момант гэтага прагрому на мосьце стаяла шмат міліцыі, якая спакоjна назірала за зьбіваньнем дзяцей. Калі да яе падбягалі прасіць дапамогі, адказ быў кароткі: “Идите домой, не то вам здесь достанется”…
На другі ж дзень (калі ўжо і я прыехаў у Менск, бо 20-га быў у камандзіроўцы) кінуліся ў органы, каб знайсьці злачынцаўі штурмавікоў, і іх арганізатараў. Але ўсё аказалася не такім простым. Міліцыя замінае. Па ўсіх афіцыйных каналахчорная прапаганда, накшталт: “Да, это были действительно фашисты, с крестами и свастикой!” Гэта ўсё, што я магу табе напісаць. Але інцыдэнт гэтыупершыню ў гісторыі! Людзі ўсё робяць, каб яго раскруціць, ня даць замяць. Лецка асьмеліўся прамым тэкстам сказаць аб гэтым на зьезьдзе Бел.СП (23.ІV.86), дзе прысутнічалі дэлегаты ўсіх рэспублік. Але без Масквы, здаецца, шукаць злачынцаў ніхто ня будзе, каму б не падавалі тут скаргу.
Вось, Алесік, як у нас усё паварочваецца. Ты можаш шмат аб чым здагадацца і сам, падумаўшы надчорнай нядзеляй”. Усё яшчэ добра абышлося. І дзеці не пакалечаныя.
Пішы. Чакаю. Генусь. Хрыстос уваскрос!”
Анатоль Сыс прысутнічае на розных грамадскіх ды культурніцкіх імпрэзах, з галавою акунаецца ў беларускае моладзевае жыцьцё. Паліна Качаткова паведамляе мне: “18/V я паехала ў Ракуцёўшчыну насьвята песьні і паэзіі”. Барадулін пра Пагоню ў мікрафон чытаў верш. Я сядзела на траве-мураве на нейкім пагорку. Па мне бегалі павукі. А за мною сядзеў А.Сыс (калі я правільна зразумела) з хлопцамі”. Пра маладосьцеўскую падборку вершаў А.Сыса 11 чэрвеня 1986 году піша Э.Акулін: “Сысава падборканічогая, улічваючы 27-гадовы ўзрост, магла быць і лепшайшмат сысаўскіху чым жа соль санета? ( сказ з курсавой А.Сыса, прысьвечанай санету, як форме вершаскладаньня, які мы часта ў гумарыстычным сэньсе цытавалі між сабойА.Б.)” Добра – “З чаго пачаць, пачну з Радзімы…” ХоцьЧорны замакпачынаецца гэтымі ж словамі. (“З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?” – А.Б.) (…) І ўсё ж, усё жён малайчыная шчыра рады за яго і чакаю лімаўскай падборкі”.
Улетку 1986 году Н.Пінчук піша мне: “Я ведаю, цябе цікавіцьТалака”. Яна зараз існуе і ў Гомлі. Нас са Сьветай (Сьвятлана ТкачА.Б.) туды прывялі хлапцы, з якімі мы пазнаёміліся на камуністычным суботніку. Я як з глузду зьехала, калі пачула беларускую мову. У той жа вечар я напрасілася і паехала з адным з іх у Менск, на сьвятаВыстава аднаго дня”. Бачыла Вінцука, індзейца (Алесь СімакоўА.Б.), Толіка Сыса (ледзь яго пазнала). Потым усё закруцілася. Нядаўна мы прыехалі з Ленінграду, дзе былі на зьлёце падобных абяднаньняў. Пазнаёміліся з мінчанамі. Ты іх павінен ведаць: Вітушка Сяржук і яшчэ адзін Сяргей, прозьвішча запамятавала. Таксама быў там і Суша”.
Улетку 1986 году адгукаецца малады паэт Анатоль Дэбіш: ”Добрыя вершы напісаў А.Сыс. Я думаю, табе выслалі яго нізкі вершаў, надрукаваных уМаладосцііЛітаратуры і мастацтве”.
Тады ж я атрымаў ліст ад Анатоля Кавалёва, нашага аднакурсьніка, які служыў у міліцыйскім палку ў Менску: “Пабывалі мы, праўда, і пад Чарнобылем, у 30-кіламетровай зоне, ахоўвалі выселеныя вёскі (гэта Брагінскі і Хойніцкія раёны, тыя мясціны, дзе мы колісь быліна фальклоры” – Бабчын, і ў будатрадзе пасьля першага курса. Я нават бачыў тыя домікі, што мы тады будавалі). Былі там амаль паўтара месяца. Ну, а зараз, як і раней, служу ў Менску.
Неаднаразова сустракаў тут Анатоля Сыса, ён увайшоў у мясцовуюТалакуі нават, здаецца, зрабіўся ў ёй адным з верхаводаў.
Як можна заўважыць з лістоў маіх сяброў, энергія, якая ішла ад А.Сыса, не заўсёды была станоўчаю. Так, ужо перад самай маёй дэмабілізацыяй з войска 31 кастрычніка 1986 году Генадзь Сагановіч піша: “Сыс сказаў, што ямуБог даў дар паэта”, і ён адзін разумее Разанава, бо й сам “20 гэткіх жа вершаў напісаў” (?!). Карацей, ён зрабіўся для мяне сапраўдным тыранам. Пасьля ягонекалькі дзён ачуньваю”.
У сваіх пазьнейшых лістах я таксама часта згадваю Анатоля. Так, 6 чэрвеня 1988 году я пішу Натальлі Пінчук: ”Учора езьдзілі ў Мілавіды (паездка была арганізаваная моладзевымі беларускімі суполкамі для парадкаваньня помніка паўстанцам 1863 году. – А.Б.). Быў і Алесь (Алесь Яўсеенка, старшыня гомельскайТалак” – А.Б.) з камісарам. Яны спазьніліся і заявіліся тады, калі ўсе сабраліся ўжо адязджаць. Талакоўцы засталіся з імі на начоўку, а я вярнуўся ў Менск, бо тут багата пісаніны і хацелася сёньня, у нядзелю, троху папрацаваць. Так з Алесем і не пагаманіў. (…) А ўвечары прыйшоў Анатоль Сыс з Федарэнкам, спакушалі мяне выпіць (Анатоля ў Саюз рэкамендавалі), але я моцна трымаю­ся і да жніўня ня пю. Прасядзелі цэлы вечар, балбаталі ні аб чым. На лета разьбягаемсяу Сыса адпачынак, дык проста прыемна памяньцілі напасьледак языкамі. Вось дык папрацаваў (…) Учора быў мацнейшыЛіМ”, у якім проста фенаменальны матэрыял З.Пазьняка. Гэта нейкі жах. Дасюль не магу адысьці. Увогуле прэса разбарзелася як перад сконам. Разбор з вечарынаю, што мелася адбыцца ў інстытуце гісторыі працягваецца і заўтра, у панядзелак, будзе зноў вялізны сход. (маецца на ўвазе забароненая літаратурная вечарынаТутэйшых”, якая мусіла адбыцца ў зале інстытуту гісторыі Акадэміі навук (…) Мы тут паціху закручваем справу са школкамі”.
У іншым лісьце за 1988 год да Натальлі Пінчук я пішу: “Ніколі, як мабыць у войску, ня быў так заняты. Вось і зараз гадзіна ўжо амаль. Але працы пасьпяваю зрабіць шмат і таму ёсьць нейкае задавальненьне. Справы ідуць паціху. (…) У нас у Менску зараз вельмі неспакойна, “крызіс вярхоў”, так бы мовіць. Атэстацыю, першую частку, я прайшоў, у аўторакзацьвярджэньне на навуковым савеце. Сыса 22-га будуць у Саюз прымаць, а Глобуса і Мінкіна пракінулі, за тое набралі нейкіх графаманаў. Саюз дэградуе. Мы вельмі абурыліся, таму што рэкамендавалі адТутэйшыхусіх траіх”.
Гэтыя вытрымкі з лістоў маіх сяброў і знаёмых, мне падаецца дадаюць штрыхі да разуменьня таго асяроддзя і тых праблемаў, у якіх знаходзіўся Анатоль Сыс у сярэдзіне 80-х гадоў і што, безумоўна, адбілася на тэматыцы і праблематыцы ягоных твораў.
Паэтычны феномен Анатоля Сыса, вялікага паэта канца 20-га стагоддзя, патрабуе ўважлівага і сурёзнага вывучэньня. Ягоная творчасьць лягла ў залатую скарбонку беларускага прыгожага пісьменства. Анатоль Сыс, як і класікі беларускай літаратурыЯнка Купала, Максім Багдановічу паэтычным слове здалеў выказаць самае моцнае жаданьне беларусаў у апошнія стагоддзілюдзь­мі звацца.
Алесь Бяляцкі.


Успаміны пра Анатоля Сыса
Запісы 1984-85 гадоў*
Восень 84 г. Надыходзяць хвіліны, калі тое, што накапілася ў табе і бегла разам з імклівым жыцьцём, што было тваёй часткай, раптам спыняецца, аддаляючыся. І глядзіш на ўсё з узрастаючай цікавасьцю, як на нешта і не зусім знаёмае. “Госпадзе, няўжо ўсё так і было?” Гэта называюць: яшчэ адзін скончаны этап жыцьця. І хаця ты вырас з яго і сотні нітак будуць да скону зьвязваць цябе з ім, але там, там, усё так і застанецца ўжо нярушаным, некранутым.
Гады студэнцкага жыцьця майго.
З мудрасьцю глядзіць на мяне Купала, падпёршыся рукою, так як глядзіць на мяне ўжо трэці год1. І нязвыклы сум падкочвае да сэрца. Наперадзе яшчэ ўсё жыцьцё, аднак нешта застанецца ўжо як памяць, яшчэ яркая і шматфарбная, але якая з кожным днём аддаляецца і ня блякне, проста, становіцца празрысьцей, сьвятлей
Я хачу апісаць сваіх сяброў такімі, якімі яны былі. Магчыма потым, у творах, вобразы іх будуць падпарадкаваны нейкай мэце, нешта будзе зьнята, нешта дабаўлена, нешта спрошчана, нешта ўскладнёна, а зараз хай яны застануцца самімі сабой

Анатоль Сыс
Упершыню я ўбачыў яго на пачатку першага курсу. На перапынку да нас зайшоў нейкі сьветлы хлапец у сінім летніку і, гледзячы трохі вырачанымі вачыма, здаецца некуды па-за нас, павольна гэтак, акцэнтуючы кожнае слова, абявіў аб тым, штонекалі тамадбудзеццаКрынічка”2, і што ўсе паэты запрашаюцца на яе. Вершы на рускай мове я кінуў пісаць у канцы ліпеня, яшчэ перад паступленьнем, зрабіўшы для сябе дзьве высновыпісаць буду па-беларуску і прозу. Таму такі заклік мяне трохі пакрыўдзіў. Але ў падсьвядомасьці ўвесь гэты час цягнула на вершы. Перашкаджала дрэннае веданьне мовы, баяўся. Сядзелі мы побач з Едрусем1, хлопец той нам падаўся сьмешным, але наКрынічкумы вырашылі пайсьці, тым больш, што туды ж запрашаў нас і Ярац2.
На першым курсе, а Анатоль быў тады на трэцім, у нас былі толькі асобныя сустрэчы. Я жыў на кватэры і ў інтэрнат не хадзіў. Сустракаліся, звычайна, наКрынічцы”. Памятаю, ці не на першым пасяджэньні абмяркоўвалі яго вершы, і тады, на мой неўмацаваны густ, вершы падаліся мне нейкімі дзіўнымі, хваравітымі, ці штозараз я разумеюішоў пошук на ўзроўні свайго разьвіцьця, пачварна няроўнага, дзе некаторыя эстэтычныя крытэрыі былі ссунутыя, але гэта асобная тэма. Запомніўся верш пра забітага чалавекам дэльфіна, мазгі якога плылі па хвалях. Да ўсяго даходзяць інтуітыўна, у параўнаньні з вопытам. Але і тады я разумеўмазгі на хвалях у гэтым месцыантыэстэтычна, не для гэтага верша, і ў той жа час выкінуць іх з вершаамаль немагчыма, тое ж, што адпілаваць у нованароджанага ўразьлівую руку ці нагу. Зараз я магу сказацьперарабляемасьць твору, нат пры яго недасканаласьціпрыкмета таленту. У Едруся прыроднае, інтуітыўнае адчуваньне верша, але канкрэтнае, без уяўленьня яго персьпектывы, разьвіцьця. Але тады, хаця як і ў 90 выпадках са 100 і потым, характарыстыкі нашыя супалі: гэта добра, але недасканала, хаця лепш, чым у каго.
Потым быў яго вянок санетаў, зноў, на наш з Едрусем погляд, ня вельмі ўдалы, нат мы проста ня ведалі, што і сказаць, але ўражвала агромністая праца, зробленая ім. Ён першы даваў нам прыклад адказных адносінаў да літаратуры, паказваючы, што пісаньне, гэта ў першую чаргу праца.
Добра запомнілася яшчэ адна сустрэчанедзе пад вясну. Я сядзеў на падваконьні, на 2-м паверсе, чытаў падборку квантэмаў А.Разанава ўМаладосці”. Падышоў ён. На мае захопленыя словы на адрас Алеся, прачытанага і зьведанага мною ўпершыню, адказаў, што піша па Някляеву, Пашкову і Разанаву курсавуюдасьледуе іх новатворы. Ён лічыў іх тады самымі персьпектыўнымі з маладых. Наконт першага і трэцяга словы яго збыліся.
Зараз згадваю і не магу дакладна згадаць, магчыма, што з творчасьцю Разанава ён пазнаёміў нас і раней, боКаардынаты быццядайшлі да нас (мяне і Едруся) праз яго рукі. Разанаў быў для яго доўгі час Богам. Вялікі ўплыў паэзія Алеся аказала і на нас. На мянесваім выпраменьваньнем энергіі. Багата чытаць яго я проста не магу. А зараз літаральна баюся браць у рукі, два апошнія яго зборнікі моцна ўзьдзейнічаюць на мяне. Хаця да канца я яго не разумею і не хачу зразумецьтаямнічая загадкавасьць паэзіі.
Вось тады мы размаўлялі пра паэзію А.Разанава і яшчэ пра нешта. У мяне было імкненьне выказацца, паказаць самастойнасьць думкі, што характэрна для 17 год, нат калі ты і рэзкі і бескампрамісны ў меркаваньнях...
Манера чытаць вершы ў яго захавалася. Ужо тады было адчувальна, што вершы для ягожыцьцё. І ўжо тады я адчуў, што расьце Вялікі паэт, па магчымасьцях сваіх, па таленце, а як ён іх скарыстае, як здолее разьвіцьгэта яго справа. Ужо тады я абараняў яго ад зьедлівых насьмешак, верачы ў ягоны талент. Саня Мякаценка3, якому я сказаў, што Сыс таленавіты паэт, адказаў, што сам ён ня ведае, але хлопцы, што вучацца на 5-м курсе, гавораць, што ён піша абы-як, на што я адказаў, што гэтыя хлопцы нічога ў паэзіі не разумеюць. Час спраўджвае, хто з нас быў правы. Сьмяяліся над Анатолем і некаторыя з выкладчыкаўГенаш1, Каваленка2.

***
Ідзе дождж. Толькі прачытаў кнігу Арабей3 пра Цётку. Толік напісаў паэмуАлаіза”, прысьвечаную Цётцы. Моцную паэму, хаця, мабыць кнігу Арабей ён не чытаў, там цікавыя факты.
Потым, летам, быў будатрад4, куды Толік прыехаў праз некалькі дзён. Трэба сказаць, што ўжо тады яго Асоба мела прыцягальную сілу. Людзей проста цягнула да гэтага чалавека. Абсалютна спакойны, дабразычлівы, аматар хохмаў і кпінаў, ён любіў тых, што любілі яго (з жанчынамі было па-іншаму, з жанчынамі ён быў жорсткім, хаця яны аддана кахалі яго і ляцелі да яго бы матылькі на агеньчык).
Ізноў, у вакне, які ўжо раз, скрыпячы, ляціць клін жураўлёў, вяселікаў, як тут у Грабянях кажуць. Восень.
Там, у будатрадзе, мы і пазнаёміліся па-сапраўднаму, сышліся, хаця гады, розьніца ў іх, была адчувальнай. Ён быў старэйшым, вопытнейшым, зьведаў багата такога, да чаго мы яшчэ не падышлі. Добра запомніліся некалькі эпізодаў. Мы працуем, заліваем фундаменты пад дамы і размаўляем пра паэзію. Спрэчка зайшла аб паэтычных канонах і правамернасьці розных эстэтычных кірункаў у паэзіі, як то плыні ў паэзіі ў ХІХ, пач. ХХ ст. Я абараняўзбачэнцаў”, налягаючы насвабоду слова і выказваньня”, яны з Эдуардам былі супраць. Спрэчка насіла юнацкі характар і хутка мы пачалі абзываць адзін аднаго, яны мяне – “дэкадэнтам”, я іх – “рабакамі”, што далей свайго носу ня бачаць.
У асноўным я прытрымліваюся тагачаснай думкі і цяпер, хаця тыя канцэпцыі багата ў чым выглядаюць сьмешнымі. З часам перанёсься і акцэнт, нанайбольшае ўзьдзеяньне любымі слоўнымі і графічнымі сродкамі паэзіі”. Увогуле, ёсьць некалькі праблемаў паэзіізьмест і форма, графіка і сэнс, прыгажосьць і інфармацыйнасьць, грамадзянская паэзія і эстэтычная, па якіх мне хацелася б выказацца і я гэта калі-небудзь зраблю. І творчасьць хлопцаў зрабіла карэктывы ў іх выказваньнях. Як казаў Толік, вярнуўшыся з Каралішчавічаў: “Мне сказалі, вельмі сьмела пішаш. Цяжка будзе што-небудзь надрукаваць”. Я скажу большу апошніх лепшых творах ён больш, чым рэаліст. Пра гэта можна многа гаварыць і да канца яшчэ не асэнсавана, але калі адным словамсюррэалізм. І ў яго ён ужо ярка індывідуальны.
Тады ж, у будатрадзе, мы купілі ў Хойніцкай кнігарніпаэмы” “Каардынаты быцьцяРазанава і я дабіваўся сэнсу некаторых словаў; мы даўмяваліся разам. Там жа, у Хойніках, 11 чалавек, сярод іх і мы, – пастрыгліся налыса, а мы з Сысамі нат пагалілі галовы. Так і хадзілі, паўбандытамі. Тады ж, я добра памятаю яго напружаную, бы ў пантэры, постаць, ён сядзеў на ложку, калі да нас прыйшлі разьбірацца мясцовыя. І яшчэ, мы гулялі, калі работы не было, указла”. Як ён скакаў! Ходзіць, разваліўшыся, ці стаіць, сьмеючыся, і раптамраз! – ужо імкліва ляціць такая маса пад 90 кг, як спружына.

***
І цяпер, і тады Толік вельмі любіў мыцца. У інтэрнаце сыходзіў у душ на гадзіну.
Там жа, у будатрадзе ён вельмі лаяўся на нас з Едрусем, калі мы гулялі ў храпа, крычаў, што нас абдураць, а мы выйгралі. Ён ухваліў маё першае апавяданьне, параіўшы больш чытаць па-беларуску. Але гэта было ўжо потым, на другім курсе. З будатраду Толік зьехаў раней за нас дні на чатыры, калі стала вядома, што мы там нічога не заробім.
Любімымі тады нашымі мелодыямі былі песьні Доны Самар і музыка гуртаЗадыяк”.
Пачаўся другі курс. Курс нашага разброду і пошукаў. Тады ў Едруся зьявіліся першыя неблагія вершы. З другога курсу я зразумеў, што ён стане Паэтам. Пасьля яго вершыка пра бярозавік, што кранаецца пад карой, калі сыходзіць першы сьнег. Ад Сысавых вершаў яны ўжо тады пачалі адрозьнівацца прыроднай натуральнасьцю, музычным гучаньнем радка, разпрыгоненасьцю. Форма ў Едруся блішчэла ярчэй. Тады ўжо Толік пачаў уліваць яму. Накшталт таго, што бракаваў усе вершы, пакідаючы адзін вобразСонца ў хмары язём нырае”. Максімалізмрыса характару Толіка.
Але ў адносінах да творчасьці Едруся, псіхалогіі яго твораў, Сыс адыграў, безумоўна, станоўчую ролю. Той злаваў, але гэта прымушала яго і працаваць. Абектыўна, тады вершы ў яго яшчэ былі нямоцнымі, яны былішматабяцаючымі”. Толік жа не даваў яму гэтай форы. Што тычыцца ўсёй паэзіі Едруся, то гэта той выпадак, калі ўнутраная прыгажосьць яе вышэй значна за звычайнасьць чалавецкай асобы са звычайнымі недахопамі. Ён такі, як усе, яго Паэзіялепшая, чым ва ўсіх.
Тады ж, на другім курсе, пачаўся вельмі моцны ўплыў Сыса на Едруся як на чалавека. Той не хаваў свае благія рысы (багемнасьць, страшэнны эгаізм, эгацэнтрызм, (індывідуалізмзакрэсьлена) індывідуалізму ўсё ж такі не было, манера апашляць усё), але яны ў сумесі і адначасова з альтруізмам, таварыскасьцю, праўда, тады страшэнна няпэўнай, спакоем, дабрадушшам, праўдзівасьцю, нейкай безабароннасьцю і давалі той надзвычай супярэчлівы сплаў характару, які можна назваць Сысам. Таму да яго адносяцца такія супярэчлівыя ацэнкі іншых як: ”дурань”, “ненармальны”, “трохі вальтануты”, “сапраўдны сябра”, “таленавіты паэт”, “чоткі хлопец”. Таму яго і кахалі жанчыны. Асоба. Надзвычай анархічная і свавольная, ня звыклая падпарадкоўвацца нікому. Анархіст.
Я супрацьстаяў дрэннаму ўзьдзеяньню Сыса на нас, як і Толік Казлоў1. Гэта пазбавіла нас, бо маё ўзьдзеяньне было і на Едруся, ад непатрэбных вялікіх памылак. Хаця ўплыву анархізму не пазьбеглі і мы. Ужо потым я пачаў заўважаць, што гэта дае і душэўную жорсткасьць, зьневажае людзей, што недапушчальна. Тэорыя элітарнасьці, бліскуча прадэманстраваная Сысам, замацавалася і дала нечаканыя парасткі. А спачатку гэта ўсё было арыгінальнічаньнем. Поўная безадказнасьць за дзеяньні і словыасноўная рыса. Сыс мог прыгалубіць, прыгрэць, а потым даць высьпятка. Ён яшчэ не лічыў нас роўнымі.
Гэты чалавек прыносіў і добрае, і нядобрае. Яму не было роўных, таму ён і вырас такім, да ўсяго даходзіў сам, таму надзвычайныя здольнасьці і адчуваньне самай складанай філасофскай паэзіі ў яго жывуць побач з прымітыўнымі ўяўленьнямі аб некаторых рэчах. Ды гэта заўважна і ў яго паэзіі.
У нас ужо было ня так. Можна сказаць, што мы ішлі калектывам (Едрусь, я і Толік Казлоў) і ўзьдзейнічалі адзін на аднаго. Гэта сфармавала і напрамак творчасьці кожнага. З Едрусем мы сябравалі на працягу 5 год вучобы, нас лічылі ледзь недвайнюкамі”, бо мы заўсёды хадзілі разам. У нас не было таямніцаў адзін ад аднаго.
А потым было празрэньне. І адмова Сыса ад бязьверя і адмова Едруся ад няверя ў сябе1. Але тое, што не атрымалася наскокам, ужо я, самастойна, стараўся закласьці ў іх паступова. Што, безумоўна, безвынікова не прайшло і ня пройдзе. А тадыбылі змрочныя перыяды, калі я цалкам адхіснуўся ад Сыса. Ён ішоў ня тым шляхам, па якому трэ было ісьці. Мы самі, багата ў чым, пракладвалі сабе шлях. Гэта надало нам самастойнасьці. Гэта прымусіла нас больш сурёзна ставіцца да жыцьця, чым гэта рабіў ён.
І калі ён запрасіў мяне на дзень нараджэньняя не пайшоў, ён азьліўся на мяне. Потым мы разам езьдзілі на сустрэчу з пісьменьнікамі ў чыгуначны ДК (пісьменьнікі так і не прыехалі). На 5-м курсе ён хадзіў у тоўстым паліто на ваціне са штучным, пад сабаку, каўняром. Ён быў ня шмотачнік, хаця любіў прыгожае адзеньне, а калі не было чаго, то апранаў і сьмешнае паліто.
На пятым курсе ён езьдзіў у Каралішчавічы2. Мы сустрэліся з ім у душы і ён распавёў, каго ён там бачыў, што яны там рабілі. Паехаў ён туды праз Сяркова3, бо з Ярцам яны ўжо тады пасварыліся. З-заКрынічкі”. Сыс сказаў яму, што той нічога ня робіць з маладымі. А трэ хоць трошкі варушыцца. Той пакрыўдзіўся, хаця гэта была праўда. І пачалосяСыс займае першае месца на абласным конкурсе самадзейных паэтаўЯрац гаворыць Балогу4, што гэта лухта, і той здымае яго падборку з газеты. Ярац пры нас крытыкуе паэзію Сыса (у групе), той піша ў яго дыпломі Ярацпадкузьміваеяго так, што Сыс ледзь абараняецца на чацьвёрку. Урэшце яны перасталі здароўкацца адзін з адным.
Крыху пазьней Сыс пазнаёміў мяне з Алегам5. Тады ўжо нашыя адносіны крыху наладзіліся, ды сапсаваліся ў яго з Едрусем. Едрусь канчаткова вырашыў выйсьці з-пад яго ўплыву і па-юнацку зрабіў гэта рэзкава ўсім пачаўцапаццаз Толікам.

21 лютага 85 г.
Шмат вады ўжо сплыло. Я, як пісаў Едрусь у эпіграме, “здуру ўсунуўся ў асьпірантуру”. А ўвогуле нічога. Забіраюць у войска, а потымвольны чалавек. Так што ў любым выпадкуусё нічога. У Грэбянях было цікава. Але ня ўсе гэтую маю цікавасьць падзяляюцьвойска над шыяй увесь час вісіцьпсіхалагічнанепрыемная рэч.
Хлопцы мае зьмяняюцца. Пакуль усё ідзе нармальна. У Каралішчавічах заўважылі Казлова. Хутка яго аповеды пойдуць у друк. Праўда, калі пусьцяць. Усе трыасобы неадынарныя і ў творчасьці, а гэта заўсёды цяжкасьці ў выхадзе ў сьвет. У лепшы бок пайшла творчасьць Сыса. Вельмі добрыя, проста цудоўныя апошнія вершы. “Пацір”, “Радзіма”, “Хлопчык шыбу ліжа”, “Зьніч”. Паглыбленьне пайшло і ў бок нацыянальнага. Невядомана колькі яго хопіцьнадта ён пераменлівая натура, алегэта магутны, адзіна правільны стрыжань.


“Самыя дарагія лісты для мяне
вельмі рэдка прыходзяць ад вас...”

Выбраныя лісты з перапіскі Анатоля Сыса з сябрамі

Ліст Анатоля Сыса да Алеся Бяляцкага і Эдуарда Акуліна*
Добры дзень, Алесь, Едрусь і астатнія!
Як ні дзіўна, але самыя дарагія лісты для мяне вельмі рэдка прыходзяць ад вас. Месяц ніхто мне ня піша, забыліся пра мяне. Хоць я, бывае, у памяці перабіраю нават тых людзей, якіх бачыў можа адзін раз у жыцьці. Можа я, напрыклад, Казанцавай1 ці Куртаніч2 і не адказаў бы, а калі б адказаў, дык пасьмяяўся б, але дзеля прыстойнасьці, па былой памяці маглі б напісаць. Каго-каго, а дзяўчат тут не хапае. Здаецца, адзін бы дотык самай непрыгожай дзяўчыны нашага факультэту спаліў бы мяне. Хаця многа энергіі спатрэбілася бя ўжо важу амаль 90 кг. Вось такія пірагіА ў гаспадарчым узводзе яны самыя большыя і самыя смачныя, ды і сьпім да 8 гадзінаў. Кабаны стаяць на фазе (шухеры).
У мяне многа якіх навінаў з асабістага жыцьця, салдацкага, многа розных уражаньняў, пераасэнсоўваньняў, пераацэнак. Пра ўсё не напішаш. Мо калі раскажу, дасьць Бог. Мне здалося, што ў паэзіі я знайшоў сябе, цяпер жа, калі ў шуфлядзе ляжыць закончанаяАлаіза”3, зразумеўня тое, мабыць. А можа я ішоў у правільным напрамку? Доўга думаў і ўсё ж дасылаю вам адзін экземпляр. Калі не палянуецеся, скажыце больш падрабязна ўсё, што думаеце пра яе. Дзе знаходкі, дзе правалы, дзе мова кульгае і г.д. Але, каб лепш зразумець Алаізу, трэба прачытаць яе прозу, нататкі з дарог, пісьмы, кнігі пра яе.
Я ўсё часьцей думаю: можа лепш прачытаць адну добрую кнігу, чым напісаць паганую
ПрачытаўНарачанскія сосны”4 на рускай, “МіровічДанілеўскага5, “Знак бяды”6, “Верасына беларускай Матэвушава7, ЧытаюДзень паэзіі-71”, там вершы і пераклады Разанава. Хлопцы ехалі цераз Брэст з водпуску, купілі мне пачак цывільных цыгарэтаў (я, здаецца, ужо куру) і двухтомнік Макаля, каторы Пятрусь. Шніп8 мне пісаў, што яго сына паранілі ў Афганістане і бацька езьдзіў да яго. Дарэчы, вышлі мне артыкул Шніпа (…)
Я табе высылаў аднойчы панскую газету, ці атрымаў ты яе? Калі я быў у ссылцы на сьвінарніку месяц, дык там здаецца наладзіў справу наконтНівы”9, але цяпер я зноў у горадзе, у батальёне. ПразГолас Радзімы”10 даведайся адрас, дай мне і сам напішы туды. Можа як зьвяжамся. Там друкаваўся Мазго11, я яму напісаў два лісты, адказу няма, відаць жонка яго добра прыбрала к рукам.
Вельмі добра, што вы езьдзіце па Беларусі1. Вядома, зайздрошчу вам. Жывем мы ў казармах, у якіх яшчэ жылі салдаты Кайзера, польскія жолнежы. Капалі яму пад фундамент на КП і знайшлі кайзераўскі посуд у скрынцы, шаблю. А ў падвалах многа, мне здаецца, хованак. Знаходзяць часта што-небудзь. Я прыкладна ведаю, дзе трэба бурыць сьцяну, каб трапіць у падземныя хады. Ды і наогул тут такая зямля, дзе не капані, штосьці ды знойдзеш.
Прыйшлі новыя салдаты. Цяпер у нас у клубе рамонт і іх чалавек па 6 даюць нам на дапамогу. Я над імі жартую, хлопцы мае ўсцыкаюцца. Сёньня ў нас па праграме танцы-манцы пад Алу Пугачову, пад яе апошні дыскКак тревожен этот путь” – ён мне вельмі падабаецца.
Як там жыве Юрык Лаечка2?
Як там жыве Крупенька3?
Як там жыве яго Ленка, я ім помніцца абяцаў пісаць з арміі.
Ці друкуецца Едрусь уГомельскай праўдзе”? Каго ён цяпер любіць? Акрамя сябе. Ці паспраўнеў?
Я быў на вучэньнях у лесе. Мы кармілі маскоўскую камісію. З намі было 15 дзяўчат-афіцыянтак. Ноччу быў у іх палатцы качагарамДнём загараў. Спаліў лысіну. Я два разы падрад нядаўна пабрыўся. Хаджу лысы і з вусамі. У нас у клубе часта бываюць генералы, мы да іх прывыклі, яны да нас, за руку, і лёгка, здароўкаемся. Тут у мастацкай майстэрні хлопец добра малюе. Зрабіў мне партрэт.
У батальёне сярод салдат свой жаргон. Прывык, толькі на ім і гавару.
Калі вам трэба што надрукаваць, прышліце.
Ну, да відзэньня!


Ліст Анатоля Сыса да Сержука Сыса*
Добры дзень, Жорж Кунц! (Наколькі я зразумеў у цябе ўжо новы псеўданім). Можаш, Сяргей, пакінуць сваё сапраўднае прозьвішча. Ты, відаць, у літаратурнай Беларусі будзеш адзін мець яго. Мяне ніколі не прызнаюць: я нават сам ня ведаю, што сабой уяўляю, маю да паэзіі вялікія прэтэнзіі, а ці заслугоўвае гэтага мойсьветлы лоб”? А яна (паэзія) сапраўды сьветлая і чыстая, і такіх змрочных тыпаў, як я і мае страданьні, аформленыя па яе законах і незаконах, прымае ў сто год усяго адзін раз. Баюсяя лезу не ў сваё карыта. Можа апамятаюся, ды будзе познаПра гэта я думаю ўсё часьцей і часьцей. А ЯНА мне ўжо амаль шэсьць год перашкаджае жыць, як усе людзі. Напэўна, таму я стаў нелюдзем, філантроп і мізантроп ува мне, як сіямскія блізьняты, як тэатр і жыцьцё. Хто япершы ці другі? А можа трэйці? Вось яго я і шукаю. Бачыў ня раз. Але толькі са сьпіны. Бяз твару і яго ісьціны можна са спакойнай душой павесіць сваю музу на самым відным суку перад СП БССР, маўляўбыў такіСьлімак, Карпеч гарбаты”4, глядзіце, якая ракавіна засталася бязрэхавая. Ёсьць і другі выхад: самому…, але я сябе штосьці вельмі люблю, хутчэй за ўсёсквапнасьць да жыцьця.
Прабач мяне за гэты наплыў. Гэта я думаў учора. Сёньня пастараюся больш па-людску пісаць.
Сапраўды, служу я ў Польшчы. Але ў гэтым няма нічога асаблівага. Жыўцом польскую мову тут няма магчымасьці вучыць. У горад нас не выпускаюць, сам разумееш. Кой-калі, праўда, хаджу. Удаецца толькі ў кіёск заглянуць. Трэба Беламу1 адаслаць пару панскіх газетаў. А Міцкевіч ніколі мяне не хваляваў. У мяне свой, вельмі малы, штат паэтаў (штось няма ахвоты пісаць).
Яшчэ адна праўда твая: зразумець, што я ў арміі, маўчаць, не шукаць справядлівасьці. Але тутэйшыя бюракраты толькі загартуюць мяне для гражданкі. А ад іх я ўжо нацярпеўся. Ну і яныад мяне. Калі ж казаць пра казарму, то ні адзін дзед ня сьмее паглядзець на мяне коса. У самым пачатку я пару чалавекам даў атарвацца.
Сёньня мне паставілі касьцяны зуб. Трэці раз прыступаю да ліста. Зараз будзе фільмДадатковы сьлед”.
Пра армію я ніколі ня буду пісаць. На тэмы ў мяне свае віды. А пра армію ты напішаш, Эдзік2…
Чорт вас ведае, што вы там пішаце, цэлую вечнасьць ня бачыў вас. Пра цябе я ўспамінаў. Ну, а так, каб вельмі, дык неКалі б ня твой лістДы і наогул у памяці мы знаходзім месца якому дзясятку чалавек.
Чацьвёрты раз зьвяртаюся да цябе. Штось вы ўсе цьвердзіце Міцкевіч, Міцкевіч! Бяляцкі ўсё чытаў яго. А я неяк тут узяў яго вершы, пісьмы, штось ня вельмі ён мне па душы.
Адрас Сьцешаца3 дай абавязкова.
Я абсалютна ня ведаю, як справы ў БАСКаў4. Чым займаецца Бяляцкі? Ён даволі сурёзна захапіўся беларусазнаўствам. Штосьці, відаць, з яго будзе. Мне б яго настойлівасьці, ды табе б не пашкодзіла. Я сумняваюся, што ты за армію стаў іншым. Бяляцкіаднаверац. Трымайся яго. З ім не прападзеш, але гора цяпнеш.
Можа яны табе вершы дасылаюць? Ці яшчэ што цікавае, дык ты перасылай мне. Цікава, што цяпер піша Эдзік? Вялікі плагіятар. Жартую. Ён каго прачытае і калі яму падабаецца, то абавязкова, сьвядома ці несьвядома, падрабляецца пад яго.
Што ў іх атрымалася з рок-суполкай? З кім Бяляцкі падтрымлівае сувязі? ЯкКрыніца”? Калі ў яе прыйдзе сапраўдны талент? Мне здаецца, ніколі. Калі Дні гістфіла? Як там кантуюцца твае палюбоўніцы?
Вершаў я не пішу з самай вясны. Нават самаму цікава, што б я цяпер напісаў? Тым не менш дасылаю табе штосячкі з 3 сакавіка 82 году. Больш няма нічога.
Віншую цябе з Днём Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту!5
Жадаю добра даслужыць і вярнуцца ў Альма Матэр!
Да пабачэньня, дзед Сяргей!
Сыс А.Ц.
Палявая пошта 70634


Ліст Анатоля Сыса да Алеся Бяляцкага і Эдуарда Акуліна*
Добры дзень Алесь і Едрусь!
Урэшце дачакаўся ад вас ліста, а калі стаў чытаць бяляцкавы іерогліфыНадалей прашупішыце друкаванымі літарамі.
Два месяцы мне не было ні ад кога зьвестак, і вось тры дні запар ідуць лісты. Апошняе ад Шніпа. Ён там, здаецца, паміраў. Кроў ішла з носу, не маглі супыніць. Апошні раз у бальніцыз 8 да 13 гадзінаў. Піша, што выступаў на вечарыМаладосціў СП ад маладых, здымалі для тэлебачаньня. Вёў вечар Быкаў Васіль. Восеньню ідзе ў войска Глобус1, здаецца табе Бяляцкі, яго вершы падабаліся. Ён здаў зборнік на 85 год. Сам ён мастак, працуе ў напрамку абстракцыі. Ліст мне Шніп друкаваў на машынцы, югаслаўскай. Купіў за аванс, які атрымаў за зборнік. Стаіць у плане на 84 год, калі ж усё будзе добразборнік выйдзе ў гэтым годзе.
Якія вы сьціплыя! Спасу няма. Узнаю ад Шніпа, штомае гомельскія хлопцыжывых класікаў цярэбяць за ўсю мазуту2. Глядзіцекаб гэта вам вобмегам ня вылезла. Хаця б той жа Акулін, сьпіць і сьніць сябе ў СП. А калі ў камісіі будуць сядзець пацярпеўшыя? Жартую. Так ім і трэба, каб не апухалі. (…)
Дарэчы, Бяляцкі, ці атрымліваў ты польскія газеты? Ухваляю Казловага Толіка. А таксама К…3 чмо лысае. Зьвярніце ўвагу на слова ч м о, у апошні час яно зьяўляецца дамінуючым у маім лексіконе. Хаджу злы, як сабака. Ня дай Бог хто мяне зачэпіць, а калі гэта прапаршчыкмагіла і чорныя вошы
Адное, што я буду ўспамінаць з арміігэта сьвінарнік, мой ляўкоўскі перыяд, мая болдзінская восеньІ канцэрт на стадыёне, на газоне футбольнага поля, яна хадзіла над намі, пела, гладзіла па галоўках лысыхАла Пугачова. Шарыць маладзіца. Распусная.
Пішу я ў месяц тры-чатыры вершы. І толькі тады, калі мяне разрывае на кавалкі. Я кідаю ўсю службу і пішу, дзень, два, тры, магу тыдзеньу вынікугатова, радкоў дзесяць. Яны мне здаюцца залатымі, але не маімі. Прыгледжусяаказваецца перад гэтым я начытаўся Гамзатава4. Спыніцца не магу, і паехаўПа сутнасьці я магу паўтарыць любога амаль паэта. Сябе паўтараю рэдка, але перад гэтым я стараюся чытаць толькі сябе, праўда, ня ўсё зразумела. Забываюся, што я меў на ўвазе, калі пісаў. Я вам магу высылаць вершы рэгулярна, але вы іх усурёз не ўспрымайце. Але ўсё ж прыйдзецца з іх рабіць зборнік. Шніп мне загадаў, каб я пасьля арміі здаў першую кніжку. Высылайце і вы мне свае рэчы. Праўда, крытык з мяне ня важны, але я магу дакладна сказаць дзе дрэннадзе добра. Да арміі я чытаў толькі беларускую паэзію, цяпер жа чытаю ўсе рускія часопісы і знаходжу, што ў некаторай меры мымацней за іх. Па крайняй меры Разанава ў іх няма. Хутка будуць уЛіМевершы Алеся. У Мятліцкага5 памёрла маці.
А зараз пра Алаізу. Вялікі дзякуй Алесь за боль, цень, сьверб (я меў на ўвазе горб, вядома ў пераносным сэнсе), брусьніцы (калька, відаць, з рускай). Астатняе я пакіну. І к о н атак пішуць у нас усе, пачынаючы ад Чорнага Кузьмы, вядома, больш па беларуску а б р а з. Родзічразмоўнае. І наадварот мне падабаецца. К а н і н агэта слова Цёткі, як напрыклад хваравекі, моў, злыбеды, жаваранчыхіЯ таксама ўжываў, вярней, ужыўляў цэлыя яе радкіой рэчкі павысахлі.
Але мне хацелася б паразмаўляць пра саму паэзію: дзе добрыя мясьціны (мне асабіста больш падабаецца ІХ глава і эпілог, з якога ўсё пачалося). Павінны быць слабыя мясьціны, хаця тут цяжка раіць, аб густах не спрачаюцца. І ўсё ж. Чаму маўчыць Акулін?
Там, напэўна, Сыс1 прыйшоў з войска
Ну хопіць. Прыйшлі салдаты ў клуб, трэба рэгуліраваць: мыць, прасаваць, масьцічыць і многа іншай работы, што датычыцца бібліятэкі: рабіць выстаўкі, афармляць стэнды палітзаняткаў прапаршчыкаў і салдат. Заўтра прыязджае генерал, будзе трымаць прамову.
Усяго найлепшага вам на раскопках. Мне здаецца ў Едруся хутка прападзе ахвота капаць.
Да пабачэньня! Прывітаньне суайчыньнікам!
Буду дасылаць вам вершы. Калі будуць якія агрэхіпішыце, не саромейцеся. Вершы дасылаю ў храналагічным парадку, адзін за адным, як яны пісаліся.
16.7.83 г.
СыС


Ліст Анатоля Сыса з войска да Э.Акуліна*
Добры дзень, Эдзік ці Едрусь (як цябе называць, ня ведаю!)
Сёньня пачаў пісаць верш на тваім канверце і таму вырашыў адказаць на твой ліст. Ведаеш я апошнія тры месяцы вершы пішу выключна на канвертах2. Прычым, чым даражэй адправіцельтым лепшы настрой і мой, і верша. Больш за ўсё напісаў на канвертах Шніпа. Дасылаю табе вершы, якія напісаў вясной. Яны ўсе ідуць у храналагічным парадку пасьля тых, што даслаў раней. Я не выбіраю. Для мяне ў іх парадку ёсьць пэўная сувязь. Ведаеш, я табе (зусім забыўся пра Бяляцкага), я вам іх дасылаю не для таго, каб вы прачыталі і змаўчалі. Вы пакуль адзіныя мае дарадцы. Шніпу я не дасылаю, хоць ён і просіць мяне і ўПолымя”, і ўМаладосць”. Так, даў яму тры вярлібры, напэўна аднёс уДзень паэзіі-84”. Ён бачыўДзень паэзіі-83”. Маіх вершаў там няма. А Разанаў сам аддаў іх Спрынчану3 і той пры мне, ухваліўшы таксама, паклаў іх у папку. Я зразумеўкаб друкавацца, трэба, каб верылі, што ты не матылёк-аднадзёнка. А можа гэтыя крошкі паэзіі ў цябе атрымаліся выпадкам? Таму трэба, каб ты прымялькаўся ў газетах, часопісах, нават размовах. Тут цэлая палітыка. Можа таму я вырашыў даслаць тую ж задрыпануюЛіпу”4 ўЧырвонку”. Іпатава5 –малайчына. Яна мне і на астатнія вершы пісала, каб я іх дапрацаваў для друку. Але я вырашыў лепш напісаць новы верш, чым… (лепш купляць новы трусьняк, чым пасьціраць пару старых). Дык вось, асабліва паказвайце пальцам, дзе ў мяне памылкі.
Сысу трэба ісьці да пракурора, таму што ня маюць права яго не аднаўляць6. Як там жывуць Лаечкі1? Я нават забыўся, як аднаго зваць. Скажы Юру2, каб павіншаваў мяне з Днём нараджэньня, усё такі я да яго з сімпатыяй адносіўся. Хай паштоўкай згладзіць маю нялёгкую службу. Бывае і такое, ня сплю, а загад хоць кроў з носу, трэба выканаць. Ну гэта бывае раз у месяц, а так займаюся толькі сабой: чытаю-пішу, падыхаю, потым зноў чытаю-пішу. Дай Бог Бяляцкаму такую службу. Прышліце мне ваш артыкул! Прышліце мне вашы вершы! Ды зрабіце хоць якуюКрыніцу”3 для стымулу, хаця, у вас часу няма.
Казанцава ў людзі выбіваецца. Як ваш Валодзя-калека4 пажывае? Я б вам напісаў пра службу, ды пра гэта многа трэба пісаць, а калі малалепш зусім ня трэба. Можа для пародый які матэрял ёсьць? Цікава было б паглядзець на сямейку Крупенькаў. Мо каго бачылі з маёй групы? Мне засталося сем месяцаў. Прыйду вясной, яшчэ вас засьцігну ў інтэрнаце і разьляціцеся потым па ўсёй Беларусі, можа быць назаўсёды.


Паштоўка Анатоля Сыса з войска
да Э.Акуліна, А.Бяляцкага, С.Сыса*
Эдзік, Алесь, Сяргей!
Ад усяго сэрца віншую вас з Новым Годам!
Плёну вам у вучобе, удач у жыцьці, натхненьня ў творчасьці, радасьці і здароўя!
Р.S. Мне засталося 94!5
Вы не ўяўляеце як ідзе марудна час. Цяпер я пантанёр, г.з. наводзім пантонныя пераправы. Змрочныя войскі. Часу няма. Два месяцы нічога не пішу. Казармы, як лядоўні якія. Новы Год, напэўна, буду адзначаць у сястры6. Тут добрая бібліятэка. Зараз чытаю Швейка7 на украінскай мове. Прыслаў пісьмо з газетамі сваімі Сьцешац8. Надрукаваў тры мае вершы. Піша, што хоча перабірацца ў Беларусь. Лічу кожны дзень. Ня так хочацца дамоў, як на волю. Ня дай Бог вам трапіць у армію, ды яшчэ за мяжусамая сапраўдная турма.
Чаму вы ня пішаце? Як у вас справы? Што новага? Прывітаньне Лаечкам, Крупенькам
086675 П/п 86675-Ж
Сысу А.Ц.


Ліст Віктара Шніпа да Анатоля Сыса**
19.ІV.82 г. (1)
Добры дзень, Толік!
Ты ўжо даруй мяне такога-сякога, што не напісаў табе да гэтага дня. Па­праўдзе, я думаў напісаць, алеСёньня атрымаў фотаздымкі. Здаецца, ты паслаў 31 сакавіка. Трэба было даплаціць 10 капеек. Відаць, таму яны так паўзьлі да мяне. Вялікі табе дзякуй.
На мінулым тыдні прыязджаў у Мінск Лёня Галубовіч1. Мятліцкі вадзіў яго да ўрачоўвыявілі язву. Лёня зусім згубіў настрой. 13 красавіка я быў на вечарыЛіМа”. Цікавы быў канцэрт. У мінулы чацьвер выпадкова сустрэўся з Алегам Мінкіным. Ён працуе над фантастычнай казкай. Пачытаў мне невялікі ўрывакцікава2. Завёў я яго ў выдавецтва да У.Паўлава3. Алег прывёз рукапіс кніжкіСурма”. Ён пазнаёміў мяне са сваім сябрам, які працуе ў Белдзяржкіно. Зьдзіслаў Сіцько4. Мо чуў? У яго можна дастаць пачытаць цікавыя гістарычныя матэрыялы. У гэтую сераду ён абяцаў даць пачытаць адну цікавую рэч, якой няма ў бібліятэках.
Раней прыязджалі Алесь Жыгуноў5, В.Сахарчук6, А.Шушко7.
В.Сахарчук таксама прывозіў рукапіс у выдавецтва. Цяпер ён з 15 красавіка па 5 мая, відаць, знаходзіцца ў Балгарыі. Ён пісаў, што паедзе, а як там выйшланя ведаю.
Бачыў неяк С.Украінку8, С.Верацілу9. Часьцяком бачуся з У.Мазго і М.Мятліцкім. Пасьля семінару стаў пісаць мала, больш чытаю.
Крыху пахвалюся: у 5 “Полымя”, у 6 “Маладосці”, у 7 “Беларусідрукуюцца мае творы.
Нядаўна прачытаў кніжку Н.Рубцова10. Цяпер чытаюДень поэзии» (Избранное. 1956-1981).
Я чуў, што ў 1981 годзе выйшла кніжка У.ВысоцкагаНерв”. Ці сустракаўся з гэтай кніжкай? В.Сахарчук казаў, што У.Высоцкі нарадзіўся ў Жабінцы. Ці так? Перапісваюся я з А.Жыгуновым, В.Сахарчуком, Л.ГалубовічамА ты з кім?
Атрымаў ад цябе гэты пакет і стала весялей. Ёсьць чалавек, які помніць мяне, а я хоць і помню, але не падаю голасу. Тут неяк і сорамна.
У вёску я езджу кожныя выходныяблізка, усяго 50 км11.
6 мая еду ў свой родны Валожын, дзе буду праводзіць літабяднаньне пры раёнцы. Ужо хутка будзе год, як я арганізаваўРунь”. Каля 15 чалавек у актыве літабяднаньня. Ёсьць у нас Пятро Бітэль12, які пераклаўПана Тадэуша”. Цікавы ён чалавекПятро Бітэль. А так у большасьці прыходзяць школьнікі. Як там у цябе справы? Пішы. Калі ёсьць яшчэ якія-небудзь здымкі, прышлі, калі ласка. Буду ўдзячны.
Усяго табе найлепшага!
Пішы. Чакаю.
Віця.


Ліст Анатоля Сыса да Алеся Бяляцкага*
(напісаны у працяг на лісьце Віктара Шніпа).
Добры дзень, Алесь!
Штурхнуў мяне табе так раптоўна напісаць А.Мальдзіс1. Не было пад рукамі паперы, таму пішу на лісьце ад Шніпа. Цікавы ён чалавекШніп! Усю армію ён мне акуратна піша, а мы з ім толькі і бачыліся, вярней размаўлялі хвілінаў пяць. Тым больш, што свае вершы я яму даслаў толькі нядаўна, і ён не ўяўляў з кім мае справу. Ня вам у прыклад. Каб не забыццапішы разборліва, а то ня буду чытаць тваіх лістоў. Жартую. Вы ж, як я памятаю, ганарлівыя, бы шляхцюкі, можаце і сапраўды мяне адцурацца.
Эх, калі б была воля і я б тут палазіў па архівах! Вось такія справыадкрываем сваіх пісьменьнікаў на Брытанскіх астравах.
Прачытаў Б.Акуджавы раманПутешествие дилетантов”2 – лухта, часу шкада.
Як тамЖалейка”3? Гэта ты так загарэўся, а пойдзеш у армію, што потым, хто застанецца? Мне здаецца, калі за гэта брацца, то брацца сапраўды, аж да таго, што ставіць на прафесійную аснову. Энтузіязмвялікая справа, але гэтага мала. Тут цэлая палітыка і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.
Гляджу я панскае тэлебачаньнеі 70% лексікі са слоўнікаў па якіх я вучыўся бел. мове. Ці не замнога ў нас паланізмаў? Ці ня вымесьці іх напалову, знайсьці на Палесьсі, Віцебшчыненашае, скласьці новыя слоўнікі. Яшчэ з Грынчыкам4 мы пра гэта гутарылі.
Дарэчы перакладзі мне на беларускуюблудны сын”5, можа так і будзе?
Калі ў беларускім друку зьявіцца што-небудзь наконт гэтага артыкулу Мальдзісавышліце.
Да пабачэння! А.Сыс.
Дзе малодшы Сыс? 70 і ноч6.

Ліст Алеся Бяляцкага да Анатоля Сыса ў войска**
Прывітаньне, хлапец з ухваткамі і манерамі дзівака ці Паэта. Нешта даўно ўжо не атрымоўвалі ад цябе тваіх шалёных пасланьняў, а прыемна было. Прышлі што-небудзь пачытаць, калі не палянуешся. Твой сябра Шніп выпусьціў, здаецца, неблагую для першага разу ксёнжачку (палова вершаў у якой, праўда, напісаны яшчэ ў школе)7. ВыйшаўДзень паэзіі-83”. Цябе там няма, але падборкі 4 – проста цудоўныя, у параўнаньні з леташнімякасна вышэй. Ужо за гэтыя паўгоду прачытаў 4 падборкі Разанавацэльнай карціны няма. Зразумела адноеён іzе далей, ці на карысьць гэтаня ведаю, хаця сам заўсёды абараняю яго.
Заг. катэдры бел. літ. зараз Штэйнер8 (адзіны разумны чалавек (…)). Практыку мы сьпіхнулі, хутка апошняя сесія.
Яшчэу апошняй тваёй нізцы (Акулін зажыліў і таму няма пад рукой) некалькі недаравальных русізмаў (чыстых) – гэтая тая бяда, ад якой табе трэба будзе пазбавіцца па вяртаньні на Радзіму. Чысьціня нашай мовыадна з асноўных праблемаў.
Едрусь зараз на семінары ў Каралішчавічах1 – адзінае карыснае, што для яго зрабіў Ярац, як для паэты. Колца знаёмых-беларусаў павялічваецца, пазнаёміўся з Гараzенчукамі-гісторыкамі2, дыхаць усё лягчэй.
І ўсё часьцей прыходзіць у голаў думкакалі ў рускіх ёсьць Масква і Піцер, у літоўцаў Вільня і Коўна, у хахлоў Кііў і Харкіў, то чаму б у беларусаў не зьявіцца Мінску і Гомелю? (у культурных адносінах), (гарадзенцы могуць апярэдзіць).
Багата ў чым тут, у нас, у Гомлі, лягчэй дыхаецца (дакладнейменш сьмярzіць), добра, каб і ты падумаў над гэтымнапішы свае меркаваньні, для пачаткуядро ў нас было б, каб усе толькі не пазьяжzалі. Я зараз пішу аповесьць пра будатрад, якраз скончу, калі прыйzеш (калі, дарэчывясной ці восеньню?)
Пішы. Алесь.


Ліст Анатоля Сыса да Алеся Бяляцкага*
Добры дзень, Алесь!
Атрымаў твой ліст і адразу ж даю адказ. Таму што весткі ад вас для мяне заўсёды асаблівыя. Я вам напісаў ужо ліст і вы напэўна атрымалі яго з вершам Ул.Някляеву3 і ведаеце, што я на новым месцы службы і што яна ўяўляе. Нікому не пішу, нават Шніпу лянуюся адказаць.
Я не разумею цябе, чаму ты называеш мяне дзіваком. Ня ведаю, магчыма па вашых мерках, прыйшоўшы вясной з арміі, я ім зноў стану, аднак тут мяне ніхто дзівакаватым ня лічыць. Ніхто ня ведае, што я пішу вершы, дарэчы, я іх ужо не пішу тры месяцы, як перавялі ў гэты полк4. Сумясьціць у сабе паэта і пантанёра ў Венджыне вельмі цяжка, часу няма зусім. Праўда, на пасту ў каравуле я спрабаваў штосьці пісаць, але, відаць, развучыўся, ды і холад зьверскі, сон забівае, а спаць нельга. Вакол лес, ноччу прама пад вышку, калі ціха стаіш прыходзяць казулі, вяпрукі. У пачатку лютага выязджаем на вучэньніДружба-84”, камандаваць будзе польскі міністр абароны. Гэта будуць змрокі, так што можаце мяне і не дачакацца з праклятага Одэру. Хлопцы расказваюць будзем па шыю ў вадзе і нікога гэта не яе, тысалдат. Пра службу можна многа расказваць, ды як-небудзь потым, калі вас гэта цікавіць.
Тут нехаця прыходзіцца размаўляць па-руску. Я з усіх сілаў стараюся падтрымліваць у сабе памяць роднай мовы, і калі земляка сустрэну, і кніжкі дастаю, даю, нават прымушаю іх чытаць беларусаў, вось тут мяне лічаць дзіваком. Вы ня ведаеце, што такое плакаць па роднай мове, а я плакаў горкімі слязьмі. О, якая гэта асалода!
Я часта думаюпрыйду да вас і будзе сорамна за сваю мову, бо я ня толькі застаўся на ранейшым узроўні, але і скаціўся ўніз. Напісаць верш, у моўных адносінах, для мяне мука, а ты нават ня можаш хоць штосьці пра іх напісаць. Дарэчы, вершы я дасылаю ня толькі Акуліну, а і ўсім. І няхай Акулін імі не захапляецца
(Толькі цяпер біліся два салдаты, далі ім магчымасьць пабіцца да крыві. Я тут стаў зьверам. Кожны дзень праходжуся па мордах).
не захапляецца, хто-хто, а я ведаю ім цану. Я вельмі-вельмі рады за Акуліна, хоць сьвет пабачыць. Я жыў у Каралішчавічах адзін у пакоі, як падымаешся па лесьвіцыадразу налева. Хай напіша мне хто там быў, што, як
Разанава я чытаў уЛіМе”. Мая думка нязьменная.
Абавязкова перадай прывітаньне Івану Фёдаравічу1. Пабольш бы такіх вучоных ад нас.
Пра гарадзенчукоў я чую першы раз. Хто такія? Алесь, я нават ня ведаю ці змагу я ўліцца ўБеларусы”. Яэгаіст, а для гэтай вялікай справы трэбану ты сам ведаеш. А я хачу прыгожа жыць. Мара дзяцінстваМінск. Нават ня ведаю, што і напісаць, тым больш, што мне ўжо трэба сапраўды думаць пра асабістае жыцьцёні кала, ні двара, а ўжо 25-ы год. Ці не затрымаўся я ў дзяцінстве. Ня ведаю, я такі чалавек, што калі ў галаву што ўвабю, ці ўвабюцьЯкая абстаноўка ў Гомлі? Мне здаецца ўсё засталося так, як было і пры мне. Калі і знайсьці добрую работу, можна застацца і ў Гомлі. Ды і мне здаецца, што ўсе паразьязджаюцца.
Хоць коратка напішы, што з сябе ўяўляе твая аповесьць. У мяне таксама ёсьць задумкі наконт прозы, але для гэтага трэба зьбіраць матэрыял, а тут немагчыма. Я яшчэ ва універсітэце быў пачаў пісаць аповесьць, ды кінуўадчуваю рана.
Што табе яшчэ напісаць? Пераначавалі мы. Прыйшлі з зарадкі. Працягваю ліст. Зараз будзе хімтрэнаж. Я можа застануся ў ленпакоі, раблю стэнд па ПНР2. Засталося да загаду 753. Шніп кажа, што ў Мінску яго кніжэнцыю раскупілі.
Калі табе ня цяжка, то вазьмі абрэж яе ці па палове перашлі мне.
Пра маіх старых знаёмых вы ня пішаце. Лаечкі, Скачынскі, Казанцава, Куртаніч, Грабянюк, “Ветразі”, Крупенькі, “Крыніца4”.
Быў я на Новы Год у сястры5 ў Старгардзе тыдзень. Нармальна адпачыў. Лазіў па горадзе. Ёсьць антыкварная лаўка, але ўсё дорага вельмі, не па салдацкаму бюджэту.
Хачу купіць кішэнны магнітафонСоні” (14 000 злотых). Ну гэта ня вельмі многа, як здаецца. Дзень нараджэньня справіў на 4 000. Цяпер сяджу бяз грошай. Ёсьць толькі кішэнныя.
Ці дасылаў я вам фотаздымак? Укладваю ў канверт кавалачак фотаплёнкі. Зрабі і мне некалькі картак. Негатыў не згубі, потым забяру.
У гэтай часьці прачытаў першы том Г.Лоркі6, раманы Г.Сэлінджэра7 і Ваненгута8, чытаюБуранный полустанокАйтматава9, прачытаў А.Вазьнясенскага 10 “Витражных дел мастеріБезотчетное”, дачытаў Зарыня11 фантасмагорыюФальшивый Фауст”. У сястры прачытаў выбранае Ахматавай1, “НервВысоцкага2, Раждзественскага3 “Посвящение”.
Прабач, што не дасылаю вершаў. Проста няма чым пахваліцца, вярней, зусім няма нічога.
Хай Акулін, ды і ты, прышліце мне хоць па вершу, каб толькі яны мне спадабаліся.
Да пабачэньня!
10.01.84 г.
А.Сыс
086675 Полевая почта 86675-Ж
С.А.Ц.


Ліст Анатоля Сыса да Алеся Бяляцкага*
Прывітаньне, Алесь!
Адчуваю, што табе хутка здаваць экзамены, таму пішу. Я быў у Мінску і меў добрую размову з Гілевічам4. Гаварылі пра Гомель, пра ўсё і пра цябе. Ён цябе ведае па ЛіМу. Да асьпірантуры ён, здаецца, ня мае прамога дачыненьня, але, калі ў цябе будуць якія цяжкасьці, то зьвярніся да яго5. Ён сказаў, што слова закіне.
Вось яго тэлефоны: рабочы – 36-00-12, хатн. – 22-12-19.
Калі будзе трэба яшчэ якая парада, то пазвані Міхасю Тычыну6 (х. – 22-82-62), скажы, што ад мяне, ён вельмі добразычлівы.
А заадно перадавай ім прывітаньне.
Я зараз у пакоі Казлова, а жыву ў Лаечкі (п.155)7. Работы яшчэ не знайшоў. Але па ўсяму відаць пайду ў якую раёнку.
Ну ўсё.
Жадаю посьпеху!
А.Сыс
21.09.84 г.


Ліст Едруся Акуліна да Анатоля Сыса**
Добры дзень, Толік.
Атрымаў твой ліст, быў шчыра рады, і не таму, што там была газета з маім вершам (хоць гэта мойдэбютуПер.каст.”8, а проста таму, што мне напісаў ты. Каго я лічу сваім сябрам. Ня ведаю, што табе казаў Лаечка, але я перадумаў усе драбніцы нашае размовы ды так нічога і не ўзгадаўкаб я цябе назваў, ды яшчэ па-рускупадлец”. Казаў, што твае вершы пра вайну мне не падабаюцца, дык гэта я і табе самому гаварыў. А болейня ведаю. Але знай, і гэта ня дзеля прыгожага слоўца, я цябе паважаю, як паэта. А такіх людзей у нас у Беларусі для мяне ня вельмі шмат існуелічы мяне радыкалістам, я такіТы мне сябра і… “бацька”.
Толік, наконт апавяданьняў, паслаў я яго, адно з іх (пакуль іх у мяне 3) Бяляцкаму, каб той ацаніўпершая ўсё ж такі спроба, адноаддаў уДняпровец”1 іГумарэску” – туды ж, а адноуБярозкупаслаў. Калі прышле Белы назад, або прышлю, або прывязу ў Гомель
Дасылаю зараз толькіГумарэску” – паглядзі, можа падыдзе?
Дняпровецмаю падборку з анатацыяй Рабянка2 і маім фотаздымкам даваў, ня ведаю, як ты глядзеў, але яна выйшла за 24 лістапада. Хоць вершаў я даваў 8, а зьмясьцілі толькі 5. Нядрэнна было б, каб ты зьмясьціў штосьці падобнае ўПер.кастр.”, па магчымасьці, канешне. Усё такі Веткаўшчына – “Радзімамая, “бабуля мая”. Сыс, можа ты там езьдзіш у камандзіроўкідык заедзь да маёй бабы3 ў госьці, скажы хто тыяна цябе ведае. Дарэчы, можаш і артыкул напісаць нядрэнны аб маёй старой бабульцы4 – яна родная сястра Брытава, іменем якога названая вуліца ў Малых Нямках. Ёнбылы камуніст, удзельнічаў у рэв-х падзеях на Веткаўшчыне. Можаш запытацца ў рэдакцыі наконт яго, у іх павінны быць архівымне казаў рэдактарДняпроўца”, ён колісь працаваў у Ветцы ў вашай газеце. Ну гэта, так да слова, калі табе некалі, можа я сам што-небудзь напішу, але ж ты там цяпер бліжэй чым я. А, бабуля яшчэ да таго ж і старажыл – 95 г.
Падумайдвух зайцоў беш.
Дасылаю табе вершы, будзе магчымасьцьдрукуй, я не пакрыўджуся, ды й бабам маім будзе прыемна прачытаць вершы ўнука.
Ну вось здаецца покуль і ўсё.
Дасылай мнеПер.каст.” з літ.стар., нават калі маіх вершаў там ня будзе, мне цікава чытацьтвае, творы Казлова і наогулцікава.
Да збачэньня. Эдзік. 29.ХІ.84


Ліст Марыі Сыс, маці Анатоля Сыса*
Здравствуй Толик!
Нового пока ничего, все по старому. Папа в плохом состоянии, наверное поподет в больницу.
Витя с Ниной5 получили ключи на квартиру. Толик, я решила написать тебе копию сГомельской правды”.
Пишуть: “Добры дзень, Анатоль Ціханавіч!
Калі ласка, дапоўніце заметку пра механізатара М.Вайцянковапакажыце яго працу зараз. Ці займаецца ён на курсах камбайнераў? Па матэрыялуМікалай марыць авалодаць яшчэ адной сьпецыяльнасьцю.
У нас узьнікла пытаньне: чаму вы прыслалі нам другі экземпляр заметкі? Звычайна ж адзін матэрыял друкуецца ў адной газеце.
З павагай. Загадчык аддзела пісем і масавай работы. (П.Ельскі)”
Толик, еще сообщаю, пришел гонорар из редакции газетыКамуніст палесся”1 и пришло письмо с Петрикова, наверное от Сережи Доваль2.
Толик пиши, как устроился, что нового, как здоровье. Может чем нуждаешся, я вышлю.
С хорошими пожеланиями
Родные отец и мать.
14/ІІ


Ліст Анатоля Сыса да А.Бяляцкага*
Дзень добры, Алесь!
З прывітаньнемАнатоль!
Раздабыўшы твой адрас, урэшце вубраўся напісаць. А што пісаць? Вось зараз сяджу ў Чыгуна3. Даўнавата ня бачыліся. Паразмаўлялі. Але мне гэта хутка надакучае. Навогул у апошні час акрамя футболу не хачу ведаць нічога. Ня пішацца, не чытаецца. Генадзь, калі даведаўся ад Ткачова4, што беларусы не насілі бародаў, -- сваю згаліў. І правільна зрабіў. І я хаджу нават без вусоў, у радняных нагавіцах. У нядзелю зьбіраемся ехаць на тысячагодзьдзе Заслаўя. Зь Ліды да мяне прыедзе дзясяціклясьнік, будучы археолёг, пазнаёміліся ў Наваградку. Ведаеш, напісаць ёсьцяка пра штоАле зараз пазаглохла ўсё. Хтосьці штосьці робіць, але гэта, нават няўзброеным вокам відаць, -- мітусьня. Як той Глёбус казаў: сядзь і проста пішыбольш карысьці будзе. Дарэчы з Глёбусам у мяне была вялікая спрэчка на некалькі гадзінаў. Бачыў Сьцяпана5. Ну б іхпрыхільнікі чыстага мастацтва. Глёбус, Сяржук6, здэцца, і Акулін выходзяць у агульным зборніку. 1987 год. Напаткалі з Мокрым7 Крыўскую кнігу8, але ніяк нельга выманіць і яшчэ многа чаго. Акулін мне напісаў ліст. Хоча, каб вуйшла кніжка. Мне аж сьмешна. Я за гэты час анідзе не надрукаваў ні аднаго верша, акром двух пародый. І не плянуецца. Хіба толькі што ў 87 годзе выходжу ў агульным зборніку гумару і сатыры, а ў 88 выходзіць зборнікКраіна верасоў”9 (пакуль умоўная назва).
Друкую я табе на Чыгуновай машынцы за 400 рэ. Хоць будзе дзе друкаваць. Ня ведаю, карацей, што табе пісаць, хаця даўно думаў перагукнуцца. Пытайся. (абарвана паўрадка) ужо быў стаў думаць, што... (абарвана паўрадка).
Да Відзэня.
23.08.85


Ліст Алеся Бяляцкага да Юрася Лаечкі**
Добры дзень, Юрэк!
Ня ведаю, ці заязджаў Сыс да цябе, але ў сераду ён паехаў у Гарошкаў. Жыў ён увесь час у мяне. І паштоўку дадому паслаў крышку раней, чым твой ліст прыйшоў. Так што ўрозшукуяго не шукалі. Уладкаваўся ён на тэлебачаньне і, здаецца, яго ўзялі, бо перад самым адездам я яго ня бачыў, але ён ішоў на сугутарку і афармляць паперы. Бяруць нейкім там інжынерам па нечым. Але галоўнае для яго зараззачапіцца, бо ў Менску гэта без прапіскі надта цяжка. Ну ўсё, Прывітаньне Генусю1.
Алесь.


Паштоўка А.Сыса да А.Бяляцкага*
Белы, зьбіраемся ў суботу а 7-й гадзіне2. Хуценька разашлі запрашэньні. Ніл3 у трансе. Схадзі да Канапелькі4, яна распавядзе. Ён сказаў, што наступны раз абавязкова павінны прысутнічаць пісьменьнікі па працы з маладымі. Схадзі да Верабя5, вазьмі сьпіс у яго адказных за працу з маладымі і выберы каго запрасіцьхто спадабаецца. Да прыкладу Зуёнка6. Я думаю, няхай вядзеТутэйшыхКавалёў7. Абмоўце зь ім гэта. Пінцэт8 будзе чытаць лекцыю пра мову9. Я прыеду ў пятніцу.
А.


Ліст Алеся Аркуша да Анатоля Сыса**
30 траўня 1987 г.
г.Жодзіна
Прывітаньне, Анатоль!
Захацелася з табой пагаварыцьі вось пішу ліст.
Апошняе пасяджэньне Таварыства10 нагнала багата думак. І ўсе яны, як хмары.
Мяне непакоіць гэтая ваяўнічасьць, з якой Глобус і Ко прапіхваюць сваюновую хвалю”. І заўважне ў паэзіі, а ў прозе11. Хутка перабудаваліся, бо канкурэнцыю з табой, Мінкіным, нават са мной (праз некалькі год) ня вытрымаць. Нават не выносяць свае вершы на люд.
Я ня супраць гэтай плыні. Ну добра, калі б так працавалі Глобус ды яшчэ Сьцяпан. А то зьбіраецца гайня. І моладзь арыентуюць. Бо нязвыкла, цікава.
Яны ўжо нават і тэорыю займелі. Рэклама ідзе поўным ходам. Нельга дапусьціць вакол гэтага вялікага гвалту.
Я супрацьгрупаўшчыны”, аднак нічога не застаецца, як утварыць сваю хвалю. Гэта будзе ня цяжка, бо яна ўжо існуе (Мінкін, Сокалаў, ты…). Ня трэба ніякіх боек. Мы за спаборніцтва. А час рассудзіць.
Як гэта ні пагана, аднак неабходна неяк рэкламаваць сваю хвалю. Каб крытыку пхнуцьпысайу тую, і другую.
Галоўнае, што ў нас ёсьць агульныя рысы (сацыяльнасьць, экспрэсіўнасьць, родныя карані).
Мая казачнасьць, іронія, драматызм ідуць ад Францішка Багушэвіча. Можна сказаць, ён мой настаўнік. Багата я ўзяў і ад Разанаваформа, філасафіч­насьць, пабудова верша.
Трымайся. Ня падай духам.
Твой Алесь Аркуш.
Р.S. Трохі выбаўлюся з часам і дашлю табе новую падборку вершаў. Іх у мяне багата. Толькі трэба пашукацья пішу на розных паперках, цыдулках. Можна знайсьці добрыя вершы. Я сам ня ведаю, што я маю.


Вершы з лістоў Анатоля Сыса

* * *
Мама,
вышый мяне на падушцы сваёй
Федэрыка Гарсія Лорка.

Мама, вышый мяне на падушцы сваёй1
памякчэюць грачыныя пёры,
сон, бы ў сьпёку крыніца з халоднай вадой
перапоўнены будзе мною.
Блудны сын, блудны сын, – чую голас званоў Беларусі
Блудны сын, блудны сын, – нібы Рэмбрант аклікнуў мяне.
Блудны сын, блудны сын, – гэта гусі крычаць, гэта гусі
нараклі блудным сынам мяне.
Ты ўбачышпабе твайго сына жыцьцё
і калі цябе сьлёзы разбудзяць, –
знак трывогі: я рукі к табе распасьцёр,
вінаваты прыйдуне асудзіш
Агрубелы прыйду за пяшчотай тваёю
нібы хворы паломнік за жывою вадой
думка сэрца дзяўбе:
ці ня шэпчуць мне гэта: “Ізгоі”?
Я вярнуўся, няхай нават позна,
не сьцярпець мне праклятую ноч
маму будзяць халодныя сьлёзы
сьлёзы прыкрыя з маміных воч.
Я вярнуўся, радне пакланюся,
выбачайце Вы, землякі,
выбачайце Купалавы гусьлі,
выбачайце, Хатыні званы.


Таварыш донар!1

Уладзіміру Някляеву
Твары!
уздых паэзіі і стогн малітвы
як поле творыць колас жытні,
як вочы старцы сьлёзы твораць,
як творыць чаек блакітных мора.
Твары!
уздых паэзіі і стогн малітвы
калі цалуешБог! – Аэліту,
калі вас клікнуць:
Таварыш донар!
А шакалад?..
То вам, мадонна.
Калі ў каўказцаў віно наславу,
і бецца ў сэрцы прыбой Браславаў.
Твары!
уздых паэзіі і стогн малітвы
для вінаградных лоз налітых,
для шлюбных песень лебядзіных
Твары!
Ты творыш так Радзіму.


Паэты-мастакі2
Паэты-мастакі
з Дзяржаўным знакам якасьці,
вы пішаце радкі,
я ведаю, бяз радасьці.
А дзе ёй быць, калі
ня Маці, славім мачыху,
скрывіўшы карані
пад ТанкаваюМачтаю”3.
Няхай сабе, ёнТанк,
бяз пораху хоць з Зоркаю,
сьпявае пра ката
над Ленінавай койкаю.
Няхай сабе, ёнТанк,
такая ў яго доля
лукішкаўская, там
мы не былі ніколі.
Ня нам яго судзіць,
але ж спытаць павінны:
ну як бяз Маці жыць?
Сьпяваць чужыя гімны?
Мацейка не сьпяваў!
Купала не скарыўся!
І Княжычу з каня
да сьмерці не зваліцца!
Паэты-мастакі,
пляваў я са званарні
на вашыя радкі
для гэтакай жа псярні.
А хтопаэт, пагодзім,
адкажа люд і час.
Нас тысячы ў народзе,
Ня выкарчаваць нас.


З нагоды выхаду ў сьвет зборніка вершаў М.Мятліцкага (Міклухі Маклая) “Мой дзень зямны”1

Як дрэву ад агню
не уцякчы ад радзімы.
Міклуха Маклай.

Зямляк, я згодны, ой як згодны
асьвенцяцца агнём усе,
камусь навек ён стане родным,
камусь пакуту прынясе.
Зямляк,
я згодны, ой як згодны
маланка трапіць і ў мяне,
о, каб у сэрцакалі годны
няхай нікога не міне:
ні пілігрыма, ні паэта,
ні цемраша, ні сьветара,
каб шнар на сэрцы быў прыкметай
і болем здраднікаў караў.
Зямляк,
я згодны, ой як згодны
нажэрліся Крамлёўскіх блюд
аж ванітуе, ды галодны
і абшальмованы наш люд.
Зямляк,
я згодны, ой як згодны
напэўна ў кожным з нас жыве
маскаль-вужака падкалодны
і кроў адрыжкамі псуе.
Таму гартуй душу і цела,
як гартаваў Купала верш,
і разам са сваёю венай
вужаку горла перарэж.
Зямляк,
я згодны, ой як згодны,
але нябыт такім сынам,
хто пра Пагоню і Паходню
крычыць за чаркаю віна.
Зямляк,
я згодны, ой як згодны,
любы паэт, любы мастак
павінен быць ушчэнт народным,
не прадавацца за пятак
ні дяблу, ні чужому богу
і каб вярнуцца да Зямлі
сам асвятлі сабе дарогу
апошні зборнік свой спалі.


* * *
Напішыце на мяне музыку,1
на дарогу дамоўя гэта.
На дарогу, шкатулку гузікаў
з сюртукоў бадзяг і паэтаў,
на крыло незнаёмай птушкі,
што прыкрыла дарожны камень,
што згадала мне пах падушкі
мамінымі рукамі.

Напішыце на мяне музыку,
як апошнюю, напішыце,
кіньце шлягеры,
кіньце мюзіклы
напішыце, напішыце,

як сьлязяцца радзімай вочы,
калі, кінуўшы белы сьвет,
па дарозе дадому крочу,
панацэяй ад тысячы бед.


* * *
Апошні з ненароджаных сыноў – 1
мой гулкі верш ва ўлоньні безязыкім
ці вырвеш мову з хцівых кіпцюроў,
абудзіш Край Пагоні слынным зыкам?
Я не распусту слаўлю
слаўлю цноту,
але заўжды Жанчыны стан у поўні,
бясьсільнай і магутнаю з-за дроту
зямлю сваю забраную запомню.
Пакутны лёсмець сонца рукакрылае
і зроку невідушчаму ня даць
Адрынуў вусны чужаніца сілаю
каб янычар забыў на сваю маці.
Нямеў пагляд, сьцінаў вагонь халодны
круцей танка павольная лука
як нішчыў кат галовы і імёны,
сіберскай глюгай слова выпякаў.
Я не распусту слаўлю
слаўлю цноту,
і ўсё ж (ляці) на волю верш-бастард,
каб сэр(цы да)ць сынам зямлі гаротнай,
што Бацькаўшчыну выбавяць з-за крат!