12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сыс

_____________________
“А я так самарэалізуюся...” Невядомыя творы Анатоля Сыса.
Публікацыя Віктара Шніпа і Сяргея Сыса


Сёлета споўнілася пяць гадоў, як не стала
Анатоля Сыса. За гэты час выйшла некалькі кніг
паэта, у якіх надрукаваная ягоная спадчына,
“Дзеяслоў” некалькі разоў друкаваў творы і лісты
Анатоля да сяброў. Здавалася б, Анатоль жыў
адкрыта і ніякіх таямніцаў не павінен быў пакінуць
па сабе. Якія цяпер могуць быць “знаходкі”
і “невядомыя творы”, калі ўсё, што друкавалася,
лёгка знайсці ў бібліятэках, калі ўсё сябры
і знаёмыя Анатоля жывуць побач з намі…
Аднак ніхто з літаратуразнаўцаў так і не ўзяўся
сур’ёзна за даследаванне творчасці Анатоля Сыса,
за збор ягонай спадчыны. А сябры паэта, між тым,
адкрываюць усё новыя і новыя невядомыя старонкі
жыцця і творчасці паэта…
Гэтым разам “Дзеяслоў прапануе адшуканае ў сваіх,
сяброўскіх і бібліятэчных архівах Віктарам Шніпам
і Сяргеем Сысам.

Гэта было даўно, але гэта было…

Напрыканцы ліпеня, рыхтуючыся да напісання артыкула пра Леаніда Галубовіча да яго 60-годдзя, сярод лістоў ад Леаніда знайшоў ліст ад Анатоля Сыса, які яшчэ нідзе не друкаваўся. Пасля гэтага недзе праз дзён дзесяць мне патэлефанаваў мастак Алесь Квяткоўскі і паведаміў, што знаходзячыся ў Чэрвені, пазнаёміўся з Ірынай Вабішчэвіч, якая ў свой час вучылася ў адным універсітэце з Анатолем і ў яе захаваліся ягоныя вершы, якіх няма ў кніжках. Я зтэлефанаваўся са спадарыняй Ірынай, і яна праз тыдзень прыслала ўспаміны пра Анатоля Сыса і вершы. Сабраўшы ўсё разам, і ліст Сыса, і ўспаміны пра яго, і ягоныя вершы, я з прыемнасцю прапаную іх увазе чытачоў часопіса “Дзеяслоў”.

Віктар ШНІП

Кастрычнік 1978 года. Мы, дзве першакурсніцы гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта, вяртаемся з “чыталкі”, дзе да цёмнага ў вачах канспектавалі “крыніцы” класікаў. На вуліцы імжа, волклы вецер, і мы спяшаемся да інтэрната на вуліцы Кірава, каб сагрэцца ў пакоі. Адчыняем дзверы і застываем на парозе. У нашым пакоі поўна хлопцаў, некаторых мы ведаем, як жыхароў суседніх пакояў, а ў цэнтры невядомы мне раней, перавязаны рушніком юнак. Прыгожы… Адразу ж узгадваюцца язычніцкія багі з падручніка па гісторыі старажытнага свету. Атлетычная фігура, льняныя валасы, а вочы блакітныя-блакітныя, шырока адкрытыя, і нешта гарыць у іх, вар’яцкае, паганскае. “Заходзьце, свахі, – крычыць ён, – у нас першакурснік Міша, у вас Людка, будзем іх жаніць”. “Маладыя” сядзяць на ложку, вельмі збянтэжаныя. А “сват”, не зважаючы ні на кога, працягвае крычаць сваё, як быццам сапраўды прыйшоў у вясковую хату па нявесту.
Так адбылося нашае першае знаёмства з Анатолем Сысам, тады студэнтам другога курса беларуска-рускага аддзялення. З гэтага моманту і да заканчэння вучобы мы, вітаючыся, заўсёды казалі: “Здароў, сват!”. “Прывітанне, свахі”, – адказваў Сыс. Жылі побач, разам смажылі бульбу ў так званай “кубавой”, пазычалі адзін у аднаго акрайчыкі хлеба, або шарыкавую ручку, яшчэ неаднойчы былі сведкамі Сысавых “блазнот”. То ён, 13 студзеня, патушыўшы святло, з кадзілам і свечкай ходзіць па калідорах, а за ім хлопцы носяць накрытага белай прасцінай “нябожчыка”; то заяўляецца на дыскатэку і, адключыўшы магнітафон, з якога гучыць модны ў той час “Чынгіз-хан”, пачынае спяваць “Мы – беларусы…”, размахваючы чырвона-зялёным беларускім сцягам, а яму падцягваюць яшчэ некалькі хлопцаў; то палохае да дрыжыкаў дзяўчат, замыкаючы ў пакоі.
Так бы і застаўся Толік Сыс у маіх студэнцкіх успамінах крыху дзівакаватым гарошкаўскім хлопцам, колькі іх такіх шпацыравала па пяці паверхах інтэрната, але аднойчы, на факультэтскім мерапрыемстве, я пачула, як Анатоль чытае свае вершы. Гэта нельга забыць. Сыс выходзіць на сцэну, на ім сіні пінжак, белая кашуля. Ён чытае “Баладу аб музейным экспанаце”. У зале цішыня. Замаўкаюць нават тыя, якім справы няма да ніякіх вершаў, і яны разумеюць – на сцэне Паэт. Я не ведаю другога аўтара, які б так чытаў свае творы. Толькі нядаўна даведалася, што Сыса ў свой час не прынялі ў тэатральны інстытут, няўжо чужы верш ён прачытаў горш за свой?
Даведаўшыся, што я пішу вершы, Сыс прымусіў мяне даць іх яму пачытаць, а потым зацягнуў на пасяджэнне літаратурнай суполкі “Крыніца”, якую курыраваў Віктар Ярац. Там Сыс зноў здзівіў мяне сваёй сур’ёзнасцю, дабразычлівасцю. Уважліва слухаў тых, хто чытаў свае творы, разбіраў, аналізаваў, даваў парады. Другі чалавек, зусім непадобны на інтэрнацкага блазнюка. На жаль, я нядоўга наведвала гурток, адразу зразумеўшы, што мае юнацкія вершы – гэта хутчэй рыфмаваныя эмоцыі, чым сапраўдная паэзія. А людзі там збіраліся цікавыя: Людміла Дземідзенка, Ірына Грабянюк, Эдуард Акулін, Алесь Бяляцкі, Вольга Куртаніч.
На старэйшых курсах лёс развёў нас з Сысом па розных паверхах, а потым і па розных інтэрнатах. Апошні раз убачыла яго вясной 1983 года. Толік адыходзіў у войска, а на свае “провады” прыехаў запрасіць усіх, каго памятаў па інтэрнату на Кірава. А інтэрнат на рамонт зачынілі, жыхароў рассялілі на Савецкай, невядома дзе каго шукаць. “Прыязджай, сваха, я аўтобус заказаў, каб усе памясціліся”, – запрашаў ён. Я ведала, што не паеду, але паабяцала, не змагла адмовіцца, гледзячы яму ў вочы, такія ж глыбокія і блакітныя, але яшчэ больш вар’яцкія, чым раней.
На працягу многіх гадоў мы, разам з аднакурснікамі, сачылі за тым, як Сыс узнімаўся на крылах таленту, як паэт, і гінуў, як чалавек. У гаворках чамусьці неаднаразова ўсплываў улюбёны мной у маладосці верш Караткевіча “…Зноўку блукаю па вуліцах сумных…”, дзе ўпамінаецца “Клуб адрынутых”, таленавітых людзей, што так і не знайшлі сваё каханне. На маю думку, добрая жанчына побач можа кардынальна змяніць жыццё любога мужчыны. А мая сяброўка спытала аднойчы: “А ты б змагла пакахаць Сыса?” Я падумала і адказала: “Не… Але такая жанчына ёсць, толькі яны пакуль яму не сустрэліся…”
Вестка аб смерці Сыса ўразіла да глыбіні душы. Вечарам ўсё круціўся ў галаве вывучаны калісьці на памяць верш пра музейны экспанат. Стала шукаць сшытак, у які запісвала вершы ў студэнцкія гады, не знайшла, патэлефанавала другой “свасе” ў Мазыр, яна свой знайшла адразу. А там пяць вершаў, перапісаных у інтэрнаце з Толікавага сшытка. Наташа Васілевіч (зараз Красоўская), даражэнькая мая кума, я вельмі табе ўдзячна, ты зберагла не толькі памяць аб нашай студэнцкай маладосці, але і вершы Сыса, пра якія і ён сам можа забыўся, а шматлікія прыхільнікі яго творчасці прачытаюць упершыню.
Напрыканцы яшчэ адна замалёўка. Начытаўшыся твораў Караткевіча, я ўпершыню напісала верш па-беларуску:

Не здраджваю, не адракаюся
Адзінай сваёй Бацькаўшчыны,
Даруй жа мне, мова родная,
За тое, што ты мне мачыха.

Вякамі не прыкмячалася
Твая чысціня крынічная,
Казалі, што непрыгожая,
Казалі – немеладычная.

Ды ўсё ж такі між заваламі
Крыніца на свет прабілася,
Вось толькі маімі продкамі
Чамусьці ў вяках згубілася.

Цябе на пачатку існасці
Не чула я з вуснаў матчыных.
Даруй жа мне, мова родная,
За тое, што ты мне мачыха.

Чытаю Сысу, ён слухае ўважліва-ўважліва, вочы свецяцца, хваліць. Потым хапае з маіх рук сшытак з вершам, чытае сам, губы варушацца. І ўжо чорцікі ў вачах:” Ведаеш, Іра, твае вершы на слых так цудоўна ўспрымаюцца, а пачынаеш чытаць вачыма – шмат хібаў, не працуеш ты над імі. Для чаго ты пішаш?” “А ты для чаго?”, – амаль ужо крыўджуся я. “А я так самарэалізуюся, у людзі выбіваюся.” Ізноў вочы цяплеюць: “Ды добры верш…” І блазноцкая ўсмешка: “А слова “існасць” у Алеся Разанава спісала”. Ну, вядома, ты ж сам яго кніжку мне прыносіў і прымусіў прачытаць. За доўгае жыццё больш нікому мне так і не захацелася прачытаць гэты верш.

Ірына Вабішчэвіч (у дзявоцтве Забаўчык).
Жнівень, 2010 год


Анатоль СЫС

Ферэнцу Лісту
Раяль цалуе тонкая рука.
М.Багдановіч.
Гранёныя падсвечнікі стаялі,
Ён падышоў да чорнага раяля.
А за акном зіма бярэ пачатак,
Прырода піша для яе раман.
Цямнела. Кампазітар зняў пальчаткі
І кінуў іх стамлёна на дыван.
Гарачы воск аплыў на нотны ліст,
Даўно агонь ачахнуў у каміне.
Іграе ціха на раяле Ліст
Пра добры горад у белым серпанціне.


Балада аб музейным экспанаце
У невялікім правінцыйным музеі стаяў старадаўні,
злёгку запылены раяль. Ад другіх ён амаль нічым
не адрозніваўся, але адно было цікава.
Пасля трагічнай смерці здольнага музыканта
ў даніну яго таленту на раялі забаранілі іграць навечна.
І цяпер ён стаяў, як нікому непатрэбная рэч.

Празрысты звон чырвонага крышталю
Прарэзаў памяць пыльнаму раялю,
І ён прыпомніў пальцы музыканта
І шалясценне белых дамскіх плаццяў.
О, рукі майстра! Вы даўно змярцвелі,
Ды клавішы праз сотні, сотні год
Крывёю, як зарой запунцавелі.
Чыёй крывёю?
Можа музыканта,
Што апантана ноччу падымаўся,
Каб выправіць фальшывую настройку.
А можа майстра,
Што тугія струны нацягваў
І тонка рэзаў пальцы.
А клавішы маёй рукі чакалі,
Ды я не мог нічым дапамагчы.
Бо не іграў ніколі на раялі.


Маёй мадонне
Пакладзі мне далонь на губы…
Ул. Караткевіч
Ты не станеш маёю згубай –
Прагну рук тваіх, воч і плеч,
Пакладзі мне далонь на губы,
Як пячаць нашых тайных стрэч.
Ты не станеш пустой уцехай,
Прад табою я не грашыў.
Тваё сэрца вар’яцкім рэхам
Аддаецца ў маёй душы.
Ты не станеш маёй рабою,
Путы рабства я ўзяў сабе.
Ведай, думкі мае і мроі –
Аб табе, аб табе…
Табе…


Санет

Твой беглы погляд, быццам раздарожжа
Чужых грахоў, уласнай чысціні,
І хоць на міг, на момант загляні,
Калі навек застацца ты не можаш.
Ды прыйдзе час, ты пісьмы ўсе разложыш,
Калі заб’юць мінулага званы,
І зразумееш – не было маны
Ў маім прызнанні над туманным Сожам.
А дзень сышоў. Пялёсткі яблынь белых
Кранаюць вусны свежасцю самлелай,
Але мяне не ўцешыць пустацветам
І я пішу апошняе пасланне
Без кроплі крыўды, рэзкіх нараканняў.
“Прыдзі, вазьмі усе свае партрэты”.


* * *

Раіш – рай мне.
Я ж пекла прагну,
Каб спазнаць на сабе пажар.
Не,
Не так, як спазнаў Ікар,
Распалены,
Нібыта магній.


Анатоль Сыс да Віктара Шніпа
Добры дзень, Віця!
Апошнім часам жыву ад ліста да ліста з радзімы. Як апошні лішэнец лічу дні. Здаецца ніколі не скончыцца гэтая мука. Пасля заўтра едзем на вучэнні. Прыеду з іх, а там і дамоў. Звальняцца буду ў канцы красавіка. Напэўна буду ехаць праз Мінск. Вельмі рады за цябе, што трапіш на нараду ў Маскву. Табе, відаць, трэба думаць пра літінстытут, так што там гэтую справу пастарайся вырашыць. Сёння ў апошняй “Літгазеце” прачытаў крытыку на паэзію А. Разанава. Здаецца і ў Расіі пачынаюць разумець, што Разанаў выключны ў маштабах Саюзу.
Ты вельмі мала пішаш, дзе ты ходзіш, з кім сустракаешся, які дух царыць у сталіцы. А я хоць з пальца высасваю, але стараюся табе што пабольш пісаць. Заў­важ: ты — у мільённым горадзе, я — сярод лесу. Мог бы падрабязней расказаць пра сустрэчы, напрыклад з Л. Арабей. Барадуліным... Вельмі рады, што Лідзія Львоўна добра аднеслася да мяне. Што ж, чым чорт не жартуе, буду чакаць ад яе ліста. Нас зараз пастроілі. Рыхтуемся да лагероў. Узяў часопіс і на ім, стоячы, пішу табе. Паедзем на Одэр. Пераправы будзем наводзіць ноччу. У нас у каравуле салдат прыстрэліў салдата. Кулі са змешчаным цэнтрам цяжару ў аўтаматах. Зачапіла каску і пайшла ў галаву, адным словам з мазгоў зрабіла кашу. Уяві: загінуць у мірны час. Развітваліся з ім на плацы, нельга было стрымаць слёз.
Атрымаў ліст ад дзяўчыны. Першы раз за ўсю армію, калі не лічыць паштоўкі. Кур­таніч Вольга. Студэнтка майго факультэта. Быў у нас маленькі раман. Я яе не кахаў, яна кахала і, відаць, кахае. Рэзала вены, кідалася ў вокны, білася ў істэрыках. Нават пераследвала мяне. Наогул яна добрая дзяўчына, але я раўнадушны да жаночай паловы. Так, бывала на ноч... Відаць назло мне выйшла замуж за ваеннага, лётчыка, здаецца. Я ведаў, што яна не вытрымае і прышле ліст. Наколькі я зразумеў з яе сум­бура, яна кінула свайго арла. Калісьці я сказаў ёй, жартуючы, каб пачала пісаць вершы на бел. мове. Яна з гораду Жлобін. І яна ўсё сваё замуства пісала. Зараз просіць дапамагчы — настрой падняць, з мовай памагчы... і вельмі хоча сустрэчы. Дарэчы, калі яна сур’ёзна возмецца за вершы і мову, будзе добрая паэтка. Вось такія справы.
Я вельмі не люблю, калі ка мне навязваюцца, хоць сам такі. Ведаю, што мне там не рады, не чакаюць, а ўсё адно лезу, ды ты і сам, напэўна, адчуў гэта. Узяць бы тую ж паэзію і тут я нахабнік, а можа так і трэба? Як кажуць, твары свой лёс сам. Ці чуў ты пра знаходкі А. Мальдзіса ў Англіі? Якіясь куцыя вершы ў мяне пайшлі. Эх, дзе мая Легніца. Успамінаю яе, як родны дом. Пішу вершы і пастаянна падладжваюся пад рэдактара, крытыкаў. Калі ж пачынаю пісаць так, як мне хочацца, як сам навучыўся — праклятая думка: такое не надрукуюць. Дзіўная рэч — пачаў я так пісаць яшчэ да Разанава. Не, я ні на што не прэтэндую. Разанава іншага не будзе. Гэта божы дар нашай паэзіі. Ад яго пачнецца адлік новаму бел. вершу. Ну, ладна. Трэба ісці рыхтаваць кацялкі, лыжкі... Прачытаў “Дзень паэзіі-81”.
Да пабачэння!
Вечар, 30.1.84 г. Да прыказа 56 і ноч!
РS. Аб такіх вершах не шкадуй, сячы іх. А то будзе дзе развярнуцца пара­дыс­там. А. Сыс

На тры гады раней…

Да росшукаў невядомых старонак творчасці Анатоля Сыса мяне падштурхнулі наступныя радкі з ліста маці Анатоля Марыі (“Самыя дарагія лісты для мяне вельмі рэдка прыходзяць ад вас...” , “Дзеяслоў”, №42) : “…Толик, еще сообщаю, пришел гонорар из редакции газеты “Камуніст Палесся”. Засталося толькі выправіцца ў Нацыянальную бібліятэку і пакорпацца ў зжаўцелых падшыўках Мазырскай раённай газеты. Урэшце рэшт гэтая праца захапіла. Шмат цікавага знайшлося. Пад час гартання беларускай перыёдыкі. Знайшоўся і мазырскі верш… І высветлілася, напрыклад, што дэбют Сыса ў рэспубліканскім друку адбыўся не ў 1986 годзе, а на тры гады раней. У першым нумары за 1983 год часопіс “Маладосць” надрукаваў некалькі пародый (верасень №2, 2010)… Прапаную чытачам “Дзеяслова” тое, што ўдалося расшукаць у архівах:
невядомае апавяданне і колькі вершаў.

Сяргей СЫС

Анатоль СЫС

ВЯСЕЛЛЕ
Апавяданне

Маці не магла наглядзецца на дачку. Яшчэ не сцёрся ў памяці той час, калі яна сваю маленькую Светку няньчыла на руках, а цяпер Святлана стаіць перад ёй у шлюбным убранні. Праз два дні – вяселле.
– Ну, дачка, вось я і дачакалася – ты ўжо нявеста!
– Мама, а ты памятаеш сваё вяселле? Ты мне ніколі не расказвала пра сваю маладосць, – паглядзеўшы ў твар маці, запытала Света.
Нейкі час яны моўчкі стаялі, маці і дачка, такія падобныя і такія розныя. Стаялі старая і маладая, два лёсы. Маці адчувала сябе шчаслівай, таму што пражыла такое жыццё, таму што сустрэла Сцяпана, і што ў яе такая дачка. Святлану таксама перапаўнялі радасныя пачуцці. А як жа інакш, калі ты маладая, калі цябе кахаюць і ты кахаеш.
Маці падняла вочы, чорныя, прыгожыя, здаецца, што час пабаяўся крануць іх прыгажосць.
– Я добра памятаю сваё вяселле. Я табе ніколі пра гэта не расказвала, а цяпер – пара. Давай прысядзем.
І маці пачала расказваць пра сваю самую трывожную частку жыцця. Яна ведала: рана ці позна давядзецца ўзварушыць сваю душу ўспамінамі, якія стаялі за высокай сцяной часу.
– У той незабыўны дзень было маё вяселле. Сяброўкі прыбіралі мяне ў шлюбнае ўбранне, спявалі вясельныя песні, а калі зацягнулі песню пра дзяўчыну, якую аддавалі замуж за нялюбага чалавека, я не вытрымала і заплакала.
Адна бабулька нахілілася да мяне.
– Паплач, паплач, дачушка, прамый душу слязьмі, яно ж і лягчэй стане. Па сабк ведаю. Думаеш, я па каханні пайшла? А вось і зжылася. Было гэта так і будзе, дачушка. Такая наша доля жаночая. Ідзі ў сад, як спатрэбіцца, мы паклічам.
І яна пад руку вывела мяне з хаты.
Добра памятаю, што тады былі спелая яблыкі. Я ўпала на траву, закрыўшы твар скамечаным вэлюмам, доўга плакала. Я хацела толькі аднаго – пабачыць Сцяпана, пабыць з ім. Няўжо ён не прыйдзе на вяселле? Ён жа ведае, што я кахаю яго, што мяне аддаюць замуж толькі таму, што жаніх з багатай сям’і.

…Сцяпан прыйшоў. Ён сядзеў на другім канцы стала, і я бачыла яго хваляванне, яго гора, улоўнае толькі мне адной.
У вокны глядзела ноч. Вяселле, увайшоўшы ў самы разгар, шумела на ўсю хату. Мой жаніх штосьці гаварыў мне, але я не чула ягоных слоў, а ўсімі сваімі імкненнямі была накіравана да Сцяпана. Мы абое зразумелі, што нам трэба сустрэцца, і не калі небудзь, а ў гэтую ноч.
Нарэшце госці пачалі вылазіць з-за сталоў і распачалі на двары танцы. Жаніх, ужо п’яны, пацягнуў мяне танцаваць у круг. Ногі мае не слухаліся, здаецца, угрузалі ў зямлю. Сяброўка Вера, якая танцавала побач са мной, нечакана ўзяла мяне за руку, і перабіраючы нагамі ў хуткім танцы, моцна прагаварыла:
– Танцуй, танцуй, нявеста, адзін раз у жыцці такое свята бывае.
А потым, каб чула толькі я, прашаптала:
– Сцяпан будзе чакаць цябе ў садзе.
Было за поўнач. Я чакала зручнага моманту, каб пазбавіцца ад свайго абрыдлага жаніха. Госці зноў пайшлі за стол.
Думка напаіць жаніха прыйшла адразу. Мне не давялося доўга чакаць. Мой нарачоны сам наліў мне і сабе па поўнай чарцы. Ён выпіў, я пад стол выліла. Потым я напоўніла шклянкі, і мы зноў выпілі. Ён – гарэлкі, я – вады. Прапанаваўшы выйсці на свежае паветра, я ўзяла яго пад руку і вывела з хаты. Ён ледзь трымашся на нагах. На двары нікога не было. Адкрыўшы хлеў, я штурхнула яго ў салому, і праз некалькі мінут мой жаніх адразу ж заснуў.
Я тут жа апынулася ў садзе. Сцяпана не прыйшлося шукаць. Ён сам выбег насустрач з цемры саду і, падхапіўшы мяне на рукі, панёс паміж спелых яблынь да ракі, якая ў месячным святле пляскалася за садамі. Апамяталася я толькі ў лодцы пасярод ракі.
Сцяпан, заграбаючы цёмную ваду, упэўнена глядзеў наперад. Там, на тым беразе ракі, было наша шчасце.

Маці скончыла расказваць, падняла вочы, паглядзела на дачку.
Нечакана ў дзвярах з’явіўся высокі сталы мужчына. Ён так і застыў на парозе, гледзячы на Свету. Памяць сама занесла яго ў той час, калі былі спелыя яблыкі. У сваёй дачцы ён бачыў тую нявесту, з якой пераплыў на той бераг, каб знайсці сваё шчасце.

“Гомельскі ўніверсітэт”, 18 сакавіка 1978 года.


ТОЙ ДЗЕНЬ…

Зашклёны дзень, як дом зашклёны –
Дажджу самотнасць у акне.
Я стогнам восеньскага грому
Даю жыццё на палатне.
Мой гром распяты на маланках:
Зліццё прыроды і душы.
Я ў дождж той восеньскі ажыў,
І, здзёршы сонныя фіранкі,
Акон зняможаных крыжы
На дзень той помны разлажыў.
“Гомельская праўда”, 2 чэрвеня 1981 год.
“Гомельскі ўніверсітэт”, 13 чэрвеня 1981 год.


ЗАКАХАНАЯ

Закаханая – май і лістапад,
Закаханая – сястра муз,
Закаханая – белых яблынь сад,
Закаханая – свята руж.
Закаханая – сны крылатыя,
Закаханая – спеў бяроз,
Закаханая – вусны мятныя,
Закаханая – слодыч слёз.
Закаханая – апантаная,
Ох, Джульета з-пад Мазыра,
Знай: міражная ёсць зара,
Ёсць каханне яшчэ падманнае.
“Камуніст Палесся” (Мазыр) , 19 студзеня 1985 г.
Верш напісаны напрыканцы 1984 года.