12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сыс

_____________________
"Самых разумных, самых сумленных..". Прамова на мітынгу, прысьвечаным памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1 лістапада 1987 г. у Менску



А сэрца ўжо
захварэла на праўду…

Сёньня многія на Беларусі чулі пра Анатоля Сыса-паэта… Некаторыя з нашых сучасьнікаў чыталі нават тое-сёе, яшчэ меней тых, хто захоплены яго палымянымі радкамі, і толькі адзінкі (блізкія сябры і таварышы) памятаюць Сыса як аднаго з пачынальнікаў новай хвалі адраджэнцкага руху на Беларусі, гарачага прамоўцу на шматтысячных мітынгах, паэта-трыбуна. Так, напачатку і ў сярэдзіне 80-х гадоў, Анатоль ня толькі стварыў свае лепшыя вершы, ён яшчэ пры гэтым быў палітыкам. Прычым нацыянальная сьвядомасьць, усведамленьне неабходнасьці пераменаў прыйшлі да Сыса амаль што адначасна з паэзіяй. Але самастойна паходняй Адраджэньня Анатоль мог і ня стаць – каб ня кола сапраўдных сяброў, якія дапамагалі яму ўсьвядоміць неабходнасьць пераменаў, і да меркаваньняў якіх ён у тыя гады прыслухоўваўся. У дні жалобы па паэту Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка пісаў: “Сыс увайшоў у гомельскае кола нацыянальна сьвядомае моладзі як адзін з яго лідэраў. Быў актыўным удзельнікам стратэгічнае нарады прадстаўнікоў моладзевых беларускіх арганізацыяў узімку 1984 году ў Смольні ля Мікалаеўшчыны, якую ладзіла «Група «Незалежнасьць» і на якой было вырашана ствараць сетку арганізацыяў па ўсёй краіне. Так узьнікла Канфедэрацыя беларускіх суполак, якая, у сваю чаргу, сталася галоўным арганізацыйным апірышчам Беларускага народнага фронту”.
Першы несанкцыянаваны мітынг на Беларусі, які ў 1987 годзе арганізавалі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс, быў прымеркаваны да гістарычнага беларускага сьвята Дзядоў. Ён адбыўся ў Менску ля помніка Янку Купалу 1 лістапада, 20 гадоў таму. Анатоль Сыс ва ўсю моц свайго маладога голасу паведаў тады праўду пра сталінскія рэпрэсіі ў дачыненьні да лепшых сыноў Беларусі, назваў сотню прозьвішчаў рэпрэсаваных дзеячаў, пісьменьнікаў, палітыкаў.
Роўна дваццаць гадоў назад ён першым, ці адным з першых на Беларусі, прамовіў на адноўленым сьвяце Дзядоў у 1987 годзе, сваё палкае слова. Затым былі іншыя мітынгі, Курапаты… Варта прыгадаць яшчэ і львоўскую гісторыю, пра якую некалі ў “Дзеяслове” падрабязна распавёў Мікола Сьцепаненка.
Зьмяніўся час, мітынговых прамоўцаў зьмянілі палітыкі – прафесіяналы, палітыкі-кабінетчыкі, якім так не стае сысавай жарсьці і пранікненага голасу трыбуна, што падымалі людзей.
Праўдзівым сьведкам таго, поўнага надзей на перамены часу, калі словы Анатоля Сыса знаходзілі водгук у тысячах сэрцаў, стаў гэты, ужо гістарычны дакумент, знойдзены ў матэрыялах Інстытута антрапалогіі і этнаграфіі Расійскай (!) акадэміі навук. Новая хваля Адра­джэньня толькі пачыналася. Маладыя патрыёты яшчэ ня ведалі ўсяго таго, што ведаем мы зараз, яны маглі памыляцца ў датах і некаторых фактах. Але іх беларускае сэрца ўжо захварэла на праўду…

«Самых разумных, самых сумленных…»
Прамова Анатоля Сыса на мітынгу,
прысьвечаным памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў
1лістапада 1987 году ў Менску.

Сёньня мы павінны ўспомніць тых, чыё жыцьцё было, бадай, самым трагічным ва ўсёй шматпакутнай нашай гісторыі. Беларускія інтэлігенты пачатку ХХ стагоддзя – частка нацыі. Іхні лёс – гэта лёс беларускага Адра­джэньня. Мэтай і сэнсам жыцьця гэтых людзей была барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленьне свайго народу. Гэта яны выдавалі першыя газеты і кнігі на беларускай мове, вяртаючы ёй былую славу. Яны былі званарамі-абуджальнікамі нацыянальнай, гістарычнай самасьвядомасьці беларусаў. Яны ішлі па нерушы. І, як у любой новай справе, непазьбежнымі былі памылкі, ваганьні, пошукі, аднак яны ішлі наперад, да агульнай мэты, абіраючы часам розныя шляхі. Таму яны апынуліся ў розных лагерах падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Пасьля завяршэньня гэтага найвялік­шага зруху ў душах, намерах і зьдзяйсьненьнях народаў ня толькі нашай краіны, але і ўсяго сьвету, мы бачым іх на чале будаўніцтва беларускай савецкай дзяржаўнасьці, частка працягвае барацьбу з рэжымам Пілсудскага ў Заходняй Беларусі, частка апынулася за межамі Беларусі ў эміграцыі.
Але вось у Савецкай Беларусі пачынаецца мірнае жыцьцё і разам з ім ажыцьцяўленьне ленінскай нацыянальнай палітыкі ў форме «беларусізацыі». Адчыняюцца беларускія школы, засноўваюцца Беларускі універсітэт, Інстытут беларускай культуры – парастак будучай Акадэміі навук. Беларуская мова выкарыстоўваецца ва ўсіх партыйных, дзяржаўных, навуковых установах, за два заходы павялічваецца тэрыторыя БССР з пераважным беларускім насельніцтвам. Не было падставаў сумнявацца, што менавіта тут зьдзяйсьняюцца ідэалы беларускіх адраджэнцаў. Шматлікія эмігранты вяртаюцца на радзіму, займаюць высокія пасады ў культурных і навуковых установах: Ластоўскі В. – дырэктар Дзяржаўнага гістарычнага музею БССР, Цьвікевіч А. – супрацоўнік Акадэміі навук БССР, Некрашэвіч А. – віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, Лёсік Я. – выкладчык Белдзяржуніверсітэту, Гарэцкі М. – пісьменьнік, Мядзёлка П. – культурны дзеяч, Жылка У. – паэт, шматлікія іншыя. Здавалася, што наперадзе толькі шырокая дарога да росквіту. Але пачынаецца невытлумачальнае. Нашыя гісторыкі сарамліва маўчаць, чаму ў 1929-1931 гг. абрываюцца жыцьцяпісы шматлікіх выбітных беларускіх дзеячаў. Гэта не гады іх сьмерці. Проста ў энцыклапедычных даведніках няма зьвестак пра далейшы жыцьцёвы шлях гэтых людзей. Пракацілася першая хваля рэпрэсіяў – гэтак званая барацьба з нацыянал-дэмакратыяй. Пачалі з продкаў. Адначасова з заклікамі да «беларусіфікацыі» аб’яўляюцца сярэднявечнымі цемрашаламі Скарына, Будны, Цяпінскі; Скарына – «сярэднявечны манах з феадальна-зладзейскай ідэалогіяй», сьвяткаваньне 400-годдзя беларускага кнігадрукаваньня расцэньваецца як «шумная нацыяналістычная дэманстрацыя». Абвяшчаецца «песьняром прыгоньніцтва” В.Дунін-Марцінкевіч, «песьняром нова-народжанай буржуазіі» – Ф.Багушэвіч. Потым узяліся за жывых. Вінавацяцца ў апяваньні дробнабуржуазнай ідэалогіі: М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча, М.Зарэцкі, У.Жылка. У стварэньні міфічных контррэвалюцыйных арганізацыяў вінавацяць Я. Лёсіка, У. Ігнатоўскага, В. Ластоўскага, А. Некрашэвіча, навешваюцца цэтлікі «нацдэмаў з партбілетамі ў кішэнях» (словы Гая, першага сакратара ЦК КПБ) на З. Жылуновіча, З. Чарнушэвіча (сакратара Цэнтральнага Выканаўчага камітэту БССР), М. Чарота (рэдактара газеты «Савецкая Беларусь»), А. Сташэўскага (наркама юстыцыі БССР). Ці існавалі гэтыя арганізацыі на самой справе? Ні суд, ні навуковыя працы пра гэта ня сьведчаць. Затое ведаем, што вялікая частка абвінавачаных пазьней была рэабілітаваная (Я. Дыла, А. Бабарэка, Я. Пушча, У. Дубоўка).
Значыць, паклёп? Чаму тады не рэабілітаваныя астатнія? Можа, за старыя грахі? Аднак яшчэ ў 1925 годзе была абвешчаная амністыя, дзякуючы якой многія вярнуліся з-за мяжы, каб сапраўды працаваць на карысьць Радзімы.
Другая хваля рэпрэсіяў пачынаецца ў 33-м годзе. Ахвярамі становяцца дзеячы Беларускай рабочай грамады, партыі, якая змагалася ў Заходняй Беларусі супраць прыгнёту і апалячваньня беларусаў. Многія з грамадоўцаў апынуліся ў БССР. Іх сустракаюць кветкамі і высокімі пасадамі. А ў 1933-м годзе абвінавачваюць у стварэньні антысавецкай арганізацыі «Беларускі нацыянальны цэнтар». Лідэр Грамады Браніслаў Тарашкевіч яшчэ нічога ня ведае пра гэтую трагедыю. У 1933-м ён быў абмяняны Савецкім урадам і прыехаў з польскай турмы. Вялізная папулярнасьць Б. Тарашкеві­ча (завочна ён быў абраны ў прэзідыум антыфашысцкага камітэту ў Парыжы разам з Горкім і Тэльманам) не дазваляе расправіцца з ім адразу. Яго пазбаўляюць магчымасьці займацца літаратурнай і палітычнай дзейнасьцю.
Самы змрочны перыяд генацыду пачынаецца ў 1933-м годзе і працягваецца да 1939 году. Ён быў абгрунтаваны вядомым лозунгам пра ўзмацненьне класавай барацьбы. Стваральнікам чарговай антысавецкай арганізацыі абвяшчаецца Цішка Гартны, які пазьней звар’яцеў у Магілёўскай турме. Гінуць шматлікія з арыштаваных напачатку 30-х гг. нацдэмы, разам з імі расстрэльваюць і перакананых камуністаў – партыйных і дзяржаўных работнікаў, адбываецца разгром Акадэміі навук і Саюзу пісьменьнікаў БССР. У 1939-м годзе абвяшчаецца партыяй правакатараў Кампартыя Заходняй Беларусі. Пры вызваленьні Заходняй Беларусі войскамі Чырвонай Арміі арыштоўваецца і зьнішчаецца вялікая частка беларускай інтэлігенцыі. Органамі ўнутраных справаў падпісваецца загад аб расстрэле 13 беларускіх пісьменьнікаў, у тым ліку – Коласа, Купалы, Куляшова, Лынькова.... Чаму мы ўважаем іхні лёс за самы трагічны? Была грамадзянская, Айчынная войны, якія забралі значна болей жыцьцяў. Але там быў вораг. Можна было змагацца і перамагаць. Была вера, што памяць будзе захаваная нашчадкамі. І, у рэшце рэшт, там, як гаворыцца, сьмерць не выбірала. А тут – выбірала... Самых разумных, самых сумленных, тых, хто ня ўмеў і не жадаў схіляць галаву... Інтэлектуальны патэнцыял нацыі, яе гонар і сумленьне.
Яшчэ ў пачатку 1930-х гадоў маральна быў забіты Купала... Вось вынікі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Мы не павінны забываць пра тыя трагічныя для нашай нацыі гады, каб падобнае ніколі не паўтарылася...
Рэпрэсаваныя:
Дзяржаўныя дзеячы БССР Я. Дыла – наркам працы першага ўраду БССР, М. Гікала – першы сакратар ЦК КПБ, Я.Адамовіч – старшыня СНК у 1920-я гады, А.Сташэўскі – наркам юстыцыі БССР, А.Бенек – наркам земляробства, А.Чарнушэвіч – наркам асьветы, І. Убарэвіч – галоўнаркам Беларускай вайсковай акругі, М. Галадзед – старшыня СНК, З. Чарнушэвіч – наркам сацыяльнага забесьпячэньня, Я. Нёманскі – дырэктар Інстытуту эканомікі АН БССР, Я. Каранеўскі – рэктар Белдзяржуніверсітэту, а таксама Дзеніскевіч, Дубовік, Дубіна, Залескі, Капуцкі. У.Ігнатоўскі – прэзідэнт АН БССР, З. Некрашэвіч – віцэ-прэзідэнт АН БССР, В. Ластоўскі – сакратар АН БССР, акадэмік, Я. Лёсік – акадэмік, Г. Гарэцкі – дырэктар інстытуту, М. Байкоў і У. Дзеружынскі – мовазнаўцы, Воўк-Левановіч, Касьпяровіч, Я. Бяльковіч – мовазнаўцы, У. Пічэта – акадэмік, Шчакаціхін – мастацтвазнаўца, Петуховіч, Замоцін – дактары навук, А.Уласаў – рэдактар «Нашай нівы».
Палітычныя дзеячы Заходняй Беларусі – А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, Я.Бабровіч, М. Брусевіч, П. Валошын, Ф. Валынец, Я. Гаўрылік, Я. Рак-Міхайлоўскі, Гарэцкі, Дварчанін, Лагіновіч, Канчэўскі і іншыя.
Паэты і пісьменьнікі – М. Гарэцкі, У. Галубок, А. Дзяркач, М. Багун, Н.Ва­тацы, А. Вечар, А. Вольны, П. Галавач, Ю. Гаўрук, М. Грамыка, С. Грахоўскі, У. Дубоўка, К. Грывіч, Б. Пасканьеў, А. Гурло, С. Дарожны, Ф. Гінтаўт, С. Дзяргай, А. Дудар, Я. Ермаловіч, У. Жылка, М. Зарэцкі, А. Звонак, У.Коваль, У. Казлоўскі, Л. Калюга, Т. Кляшторны, Р. Кобец, С. Куніцкі, С. Ліха­дзіеўскі, Ю. Лявонны, В. Маракоў, Б. Мікуліч, А. Пальчэўскі, Я. Пушча, С.Ракіта, Э. Самуйлёнак, Я. Скрыган, В. Сташэўскі, Ю. Таўбін, С. Фамін, У.Хадыка, С. Хурсік, Н. Чарнушэвіч, Л. Чарняўская, М. Чарот, В. Шашалевіч, С. Шушкевіч, Л. Радзевіч, А. Салагуб, М. Краўцоў, С. Новік-Пяюн, Я.Багдановіч і іншыя.
Акадэмія навук СССР. Інстытут этналогіі і антрапалогіі АН СССР.
Цэнтр па вывучэньні міжнацыянальных зносінаў. “Грамадзянскія рухі
ў Беларусі. Дакументы і матэрыялы 1986-1991 г.г.”
Тэкст стэнаграмы захоўваецца ў прыватным архіве.
Падрыхтаваў да друку і пераклаў з расейскай мовы Сяржук Сыс.