12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Тамашэвіч

_____________________
Белыя ветразі.
Вершы


ДЗІВАК

Дзівак танцуе на канаце.
Глядзі ўвесь сьвет, які дзівак!
Бы рыцар на жыцьцёвай варце,
Не чараўнік і не мастак.

Якая сьмеласьць і адчайнасьць
Лятаць бяз крылаў над зямлёй.
Якая сьлепасьць, нават марнасьць
Жыцьцё стаўляць на кон. А ёй?

Ці не пляваць, што дурань дзіўны
Рукамі ловіць ўвесь сусьвет.
Натоўп людзей, а ён адзіны
Нябёсам шле ад нас прывет.

Жыцьцё і сьмерцьмарнеюць сілы...
Падскок і крок, і піруэт
Сарваўся ўніз анёл бяскрылы,
Згарэў, як зорка, як паэт.

А сэрца, сэрца яшчэ бецца
І птушкай рвецца ўдалячынь.
Маўчаць усе, а ён сьмяецца,
Глядзіць увысь і зноў ляціць.

Непадуладнае жаданьне,
Як мары чыстай пачуцьцё
Каму, Дзівак, тваё прызнаньне,
Любоў і неба адкрыцьцё?


БЕЛЫЯ ВЕТРАЗІ

Белыя ветразі
Лёгкія плыні,
У сьветлыя далі
Імчыце мяне.

Чыстыя вобразы,
Срэбныя ліўні,
Ёсьць насамрэч вы?
Ці толькі ў сьне?

Белыя ветразі,
Зорныя лебедзі
Зьзяюць у памяці
Вечнай красой.

Белыя мары,
Дзе ж вы падзеліся?
Зьніклі дазваньня
За шэрай смугой.

Самыя першыя,
Самыя ціхія
Словы каханьня
Ў салодкай тузе.

Белыя ветразі,
Птахі цнатлівыя,
Вы да каханага
Імчыце мяне.


* * *

Магутны клён ля нашай хаты
Раскінуў гольле, ціха сьпіць,
Што валадар, вяльможа знатны,
Лісьцёвым строем зіхаціць.
А на двары палова лета:
Травіца высахлая ўся,
І матылёк у плыні ветру
Танцуе прагна вальс жыцьця.
Цурчыць вада з старой калонкі,
І час да вечара бяжыць,
А з вокан водар хлеба тонкі
Мяне чаруе -- шчасьцем быць.
Дзіцячы сьмех ліецца вольна,
Нішто ня рушыць дум спакой,
І нават хмарак статак мройна
Крыляе ў небе нада мной.
Нагу прымае мякка глеба,
Пясок між пальцаў шалясьціць.
У кожным кроку чую неба,
Душа увысь, як птах, ляціць.


* * *

Адна кропка і Сусьвет.
Інфармацыя, энергія, рэчыва
Сьвятая Троіца.
Тут нараджаецца думка,
Першая і апошняя,
Крык немаўляці і вечаровая малітва.
Учора, сёньня, заўтра,
Амін.
Тваё, маё, нашае,
Адзінае і вечнае слова
Бог.


ДЗЯКУЙ

Дзякуй за кожны дзень,
Дзякуй за кожны верш,
Дзякуй за кожны ўздых,
Дзякуй, мой Божа, дзякуй.
За незламаны крыж
І за дзіцячы сьмех
Дзякуй, вялікі дзякуй.
Дзякуй за сонца й дождж,
І за вясны разьліў,
Што над маёй зямлёй
Марай лунае ціха.
Дзякуй за зоры й ноч,
За урадлівасьць ніў
І за жывых бацькоў --
Дзякуй, вялікі дзякуй.
Дзякуй табе, жыцьцё,
Дзякуй за ўсё, што ёсьць:
Гора, каханьне й радасьць.
Дзякуй табе, жыцьцё,
Дзякуй за кожны міг.
Дзякуй Табе за Цябе,
Дзякуй, мой Божа, дзякуй.