12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Канстанцін Тарасаў

_____________________
Аўдытарская праверка ў Нясьвіжы, альбо Скарб Нясьвіжскага замку.
Аповесьць
Любімай Тацянцы
Прадмова
Шмат гадоў таму мне з маіх дасьледніцкіх інтарэсаў давялося праглядаць у Нацыянальным архіве Літвы інвентары панскіх маёнткаў пазамінулага стагоддзя. У фондзе Радзівілаў (ф. № 1280) сустрэлася мне справа № 1755-1, атрыбуцыя якой гучала так: “Нататкі ўладальніка маёнтка Ветрын Віцебскай губерні пра ўладкаваньне прыбытковых рыбных сажалак. Узгадваюцца князі Ра­дзівілы”. Выкладаньне досьведу па ўладкаваньні таварных сажалак займала восем старонак, але да іх дададзены быў непараўнальна большы па аб’ёму рукапіс аўтара з яго прыватнага жыцьця відавочна белетрыстычнага характару. Абодва дакументы былі напісаны на рускай мове, і, цалкам магчыма, з гэтай прычыны літоўскіх дасьледнікаў не зацікавілі, ва ўсялякім разе, у навуковы ўжытак рукапіс ніхто не ўключаў і нават нідзе пра яго ня ўзгадваў. У заказе на фотакопіі неабходных мне дакументаў пазначыў я і справу № 1755-1. Нядаўна, разьбіраючы незапатрабаваныя запасы архіўных выпісак і мікрафільмаў, зацікавіўся я названымі нататкамі гаспадара Ветрына. На першай старонцы мелася прысьвячэньне: “Мілым маім унукам у старэчы вольны час занатаваная быль са мной. Для іх, маю надзею, будзе цікавай незвычайная службовая прыгода іхнага дзеда. 1851”. Ня ведаю, як былі ўспрынятыя запіскі ўнукамі аўтара, але мне яны падаліся цікавымі для сучаснага чытача. Яны ў перакладзе і склалі гэтую публікацыю, усе судовыя і вайсковыя дакументы, датычныя падзей 1812 году, пакінутыя на мове арыгіналу.

Справа аб карысталюбстве
Прашэньне георгіеўскага кавалера

Уцягнуты ў гэтую гісторыю я быў у траўні 1816 году, на пятым месяцы службы маёй у Аўдытарскім дэпартаменце Ваеннага Міністэрства. Ранкам таго дня генерал-аўдытар Закрэўскі выклікаў мяне да сябе ў кабінет і, прапанаваўшы прысесьці, пацікавіўся:
– Пан палкоўнік, вы знаёмыя са справай генерал-маёра Тучкова 2-га.
Па тону яго і па прапанове заняць крэсла каля стала я зразумеў, што генерала мала цікавіць мой адказ, калі ён нават будзе станоўчы, і што ён падрыхтаваў для мяне нейкую справу. Я адказаў, што начуты аб непрыемнасьцях генерал-маёра ў ваенны час, але наколькі яны вартыя веры не магу меркаваць. Пра Тучкова я ведаў толькі тое, што ён, калі быў дзяжурным генералам Малдаўскай арміі Чычагава, патрапіў у няласку і нават быў адхілены ад пасады ў часе выгнаньня Напалеона, напярэдадні таго, як пачыналася раздача ўзнагародаў. Аднак па ваенным ведамстве ён лічыўся, хоць ня меў утрыманьня ўжо чацьвёрты год.
– Я таксама начуты плётак, – прызнаўся Закрэўскі. – Цяпер давядзецца некаторыя ўдакладняць. Тучкоў быў адстаўлены ў студзені 1813 году па абвінавачваньні ў самавольнай канфіскацыі каштоўнасьцяў ды іншых рэчаў, належачых князю Дамініку Радзівілу, да таго ж з немалым ценем падазрэньня ў карысталюбстве. Цяпер генерал-маёр даслаў прашэньне на імя гасудара з “просьбою распорядиться о расследовании несправедливости, над ним учиненной”. Так пан Тучкоў сваё прашэньне сфармуляваў, – падкрэсьліў Закрэўскі. – Яно прышло ў Галоўны штаб, і я мушу дакласьці аб ім гасудару са сваімі прапановамі, але ў гэтым лісьце і, галоўнае, ў папярэдніх абставінах зашмат таямнічых загадак…
Закрэўскі зрабіў паўзу, якая нібыта рыхтавала мяне да ўспрыняцьця важных таямніцаў, я адрэагаваў тым, што паварушыўся ў крэсьле, пазначаючы ўзмоцненую ўвагу, і тады таямніца была мне давераная.
– Гасудар неаднойчы ўзгадваў аповяды нябожчыка князя Рапніна пра неверагодныя багацьці, якімі валодалі дзед і дзядзька князя Дамініка Радзівіла – значыць, яны перайшлі да ўнука, – пра 12 залатых статуяў апосталаў, бачаных Рапніным асабіста ў нясьвіжскім замку, калі ён быў паслом імператрыцы Кацярыны ў Польшчы. Па яго словах, там залатымі зьліткамі быў застаўлены падвальны пакой, памерам як гэты вось мой кабінет. І князь Адам Чартарыйскі таксама бачыў скульптуры ў замку на ўласныя вочы. Падлеткам ён там быў разам з бацькам. Аднак пасьля візіту ў замак войскаў адмірала Чычагава ў рэляцыях ні аб зьлітках, ні аб залатых скульптурах не паведамлялася. Быццам карова іх языком зьлізала. Тучкоў у маладыя гады, пры імператрыцы Кацярыне, служыў у Літве, шмат пра мясцовых вяльможаў быў начуты. Таму: ці ўсё ім канфіскаванае дастаўлена ў дзяржаўныя ведамствы? Дзе, напрыклад, гэтыя скульптуры кожная вышынёй ці ў локаць, ці ў поўны рост?
– А ў чым іхняя каштоўнасьць для дзяржавы расейскай? – спытаў я, адчуваючы, што генерал-аўдытар атрыманае прашэньне ўжо з кімсьці абмяркоўваў і зараз паўтарае зусім не свае думкі.
– Ну для дзяржавы, можа і няма каштоўнасьці, – адказваў Закрэўскі. – Дзяржава нашая і большыя страты цярпела. А для гасудара, мяркую, каштоўнасьць не ў грашовым вызначэньні, а па прававой значнасьці сваёй. Статуі быццам бы былі здабытыя ці набытыя ў Стамбуле, гэта значыць маюць візантыйскае паходжаньне. Нешта ня ведаю выпадкаў, каб хто-небудзь адміралам і генерал-маёрам дазваляў браць на добрую памяць рэчы з чужой маёмасьці, тым больш такой даўніны залатую скульптуру. Гэтак у моду можа быць прынята, што кожны сам дасьць волю ўзнагародж­ваць сябе ў памер уласнага разуменьня заслугаў… Таму, прашу, Андрэй Юр’евіч, падрыхтаваць для азнаямленьня ўсе належныя дакументы і скласьці аб гэтай справе сваё поўнае меркаваньне…
– Сёньня ж і займуся, пан генерал-ад’ютант, – адказваў я, разумеючы, што нехта, над Закрэўскім вышэйшы, сурова выказаўся пра магчымасьць кожнага ўзнагароджваць сябе ў памер уласнага разуменьня заслугаў. Але пакуль што пад кожным разумеўся адзін Тучкоў…
– Вось і выдатна.

Службовы фармуляр

Пакінуўшы начальніцкі кабінет, я сказаў пісару адшукаць паперы генерал-маёра Тучкова 2-га па нашым дэпартаменце, што за чвэрць гадзіны было выканана. Справа генерал-маёра складалася, да майго зьдзіўленьня, усяго з некалькіх аркушаў. Першым зьверху ляжаў ліст Тучкова ваеннаму міністру князю Аляксею Іванавічу Гарчакову ад 28 траўня 1813 году. У ім істотная для мяне частка знаходзілася напрыканцы:
«Я не знаю к чему приписать несчастие, с известного времени меня преследующее. Быв дивизионным генералом и потом корпусным командиром, по просьбе некоторых поляков, во время войны, их бунта, отослан в Минск, для объясьнения по их просьбам, поданым по известному наущению, которых ничем доказать не могут; а я между тем четвертый месяц утесьняюсь, проживая здесь. Я вижу, что службы моей не хотят. Но больно мне то, что я не так служил, как другие, и что вступался в полезные для Отечества предприятия, в которых хотя и показал успех, но наделал чрез то недовольных правительством. Кому как не вашему сиятельству, по обязанности вашей, предстоит способ помочь Некрасовцам, пресечь их ропот, и отвратить вредные от того последствия.
Меж тем никто не призывает меня к действующей армии делить с ней труды походной жизни и славу подвигов, а я числюсь в армии без должности и состою под следствием”.
Прашэньне гэтае падалося мне безпадстаўным, нават адмыслова цьмяным, быццам тайнапіс, – злосныя навучаньні палякаў і гоман някрасаўцаў не маглі мець суседства па розным сваім характару і паходжаньні. Мне здалося, што генерал Тучкоў старанна сваё прашэньне адточваў, абагульняючы розныя справы сваёй дзейнасьці.
Ніжэй знаходзіўся сьпіс фармуляра Тучкова з Інсьпектарскага дэпартаменту. Ён быў прадатаваны траўнем 1812 году. З гэтага кароткага дакумента я даведаўся, што Сяргей Аляксеевіч Тучкоў, нараджэньня 1767 году, быў прыпісаны да службы ў 1773 годзе, гэта значыць шасьці гадоў узростам, у 2-гі фузелёрны полк фузелёрам на сваім кошце, і значыўся ў ім да 1783 году, праходзячы чыны сяржанта і штык-юнкера. Апошняе азначала, што ён сьпецыялізаваўся па артылерыі і служыў у артылерыйскай роце пры палку. Далей пералічваліся паходы і бітвы, у якіх ён браў удзел.
“В 1788-1790 гг. воевал против шведов. В 1792-1794 гг. действовал против польских мятежников. При восстании мятежников в Вильне с целью истребить русский гарнизон, собрал свою команду, присоединил к ней другие войска, вышел из города, спас 16 орудий и знамена Нарвского и Псковского полков, отразил нападения поляков, взял их знамя и в плен роту пехоты с командиром ее подполковником Тетау, выжег предместье и бомбардировал город. За это награжден орденом св. Георгия 4-го класса. За отличные действия там же под Вильней и овладение укреплениями сего города награжден орденом св. Владимира 4-ой степени. В 1794 г. организовал роты конной артиллерии и за это награжден орденом св. Владимира 3-й степени. В 1796 г. укротил мятеж жителей Псковской губернии и за это награжден командорственным орденом св. Анны 2-го класса.
В 1801 – 1804 гг. находился на Кавказе, приводя к усмирению Грузию и Имеретию. Как гражданский губернатор Грузии организовал действенные меры по прекращению эпидемии чумы, за что был польщен благодарностью государя.
В 1807 г. генерал-майор послан был на усмирение украинских иррегулярных полков, которое с успехом исполнил. Тогда же сформировал бригаду, которая вошла в 16-ю дивизию.
В 1808 г. командиром 16-й дивизии вступил в Молдавию, участвовал в турецкой кампании, находясь в Дунайской армии под началом Голенищева-Кутузова. В августе 1809 г. генерал-майор Тучков 2-й назначен комендантом крепости Измаил. В 1810 г. основал возле крепости посад, где поселились задунайские переселенцы.
В феврале 1812 г. представлен командующим армией Голенищевым-Кутузовым к награждению орденом св. Владимира 1-й степени.
Образован в артиллерии и фортификации, языками владеет немецким, французским и польским”.
Ніжэй старанным почыркам была зробленая прыпіска:
“В сентябре 1812 года Указом Сената крепость Измаил по просьбе
жителей переименована в город Тучков”.
Што ж гэтакага генерал-маёр нарабіў у сьнежні 1812 году, дзівіўся я, што бліскучая кар’ера георгіеўскага кавалера была прыпыненая? Які грэх трэба было яму зрабіць, каб і праз чатыры гады пасьля падзеяў знаходзіцца ў сьвядомым забыцьці ўладамі і падаваць прашэньне аб пераглядзе сваёй справы.

Скарга захавальніка княжых скарбаў

Яшчэ ў папцы была запіска, пададзеная аўдытарам Вялікай Дзеючай арміі ў 1813 годзе.
Я пачаў чытаць. Запіска паведамляла, што ў лютым 1813 году генерал-маёр быў адхілены ад камандаваньня корпусам і пакінуты ў Менску для правядзеньня дазнаньня ў сувязі з абвінавачваньнем ў вялізных стратах, нанесеных маёнткам Радзівілаў, з якіх князь Дамінік, уладальнік Нясьвіжа, які здрадзіў прысязе на вернасьць расейскаму імператару, у той час служыў нашаму ворагу камандзірам польскага ўланскага палка ў корпусе маршала Мюрата. Скарга, якая заснавала справу, паступіла ў ваенны суд з менскага грамадзянскага суда, куды пазоўнік першапачаткова зьвярнуўся. Была і копія перадачы справы, пазначаная лютым трэцяга дня 1813 году:
Из Минского гражданского в Военный суд
Минскому Военному губернатору Игнатьеву
Дело о забранных сокровищах из несвижского князя Радзивилла замка
Ваше Превосходительство, милостивый государь
При сем препровождаю в копии переведенное с польского на российский диалект донесение, полученное мною от управляющего несвижским князя Радзивилла замком дворянина Альберта Бургельского. Ваш суд усмотреть изволит, какие причинены Молдавскою армиею и господином генерал-майором Тучковым в этом замке убытки.
Людвиг Каменский
Была нарэшце, у справе і копія скаргі, адрасаваная галоўнакамандуючаму Кутузаву, якая і паклала незвычайны канец вайсковай кар’еры Тучкова 2-га.
“Ваше сиятельство,
Милостивый государь!
По отдалении из здешнего края настоящей войны и по наступлении уже спокойствия за обязанность себе постановляю донести вашему сиятельству яко главноуправлящий имениями и делами Его сиятельства князя Доминика Радзивилла, ордината алыкского и несвижского о всех убытках, причиненных войсками в несвижском замке.
Заведывая еще по поручению родителей упомянутого князя Доминика Радзивилла Скарбницей или кладовою богатств и драгоценностей по наследству трех Каролей в дом Радзивиллов поступивших, и обязанный будучи присягою, чтобы таковой клад сохранялся для памяти потомков того дома, не открывая оный никакому наследнику до тех пор, пока не будет иметь совершенных лет, в которых бы мог познать ценность оным редкостям по достоинству, и хранить такие на память того дома, вследствие чего князю Доминику Радзивиллу, ординату алыкскому и несвижскому, яко несовершенно еще летнему, их не показывал, о которых князь по сие время не знал и не знает.
Но когда проходила Молдавская армия под командою генерал-адъютанта и кавалера адмирала Чичагова, в ее авангарде Татарского Уланского полка полковник Кнорринг, прибывши 30 октября минувшего года в Несвижский замок и быв уведомленным от несвижских евреев о кладе в оном богатства князя, которое только я один открыть могу и которое находится под моим заведыванием, тотчас приказал мне отдать ему ключи от всего замка и показать Скарбец, или кладовую. Таким образом, господин полковник Кнорринг, вошед в упомянутый замок и найдя там открытыми на фронт все платья бывших князей, разные старинные ковры, некоторую часть часов антикварных, музыкальные инструменты и прочие вещи, забрал ключи от того замка и удерживал у себя, а ко мне и слугам приставил караул.
На другой день по прибытии господина кавалера адмирала Чичагова, вследствие его повеления, приказано привести нас для сьнятия допросов, где спрятано богатство и драгоценности князя, к генерал-майору Тучкову, который сперва допрашивал нас словестно, потом приказал принести плетей и палок и сказал раздавать их взятым вместе со мной людям, и, наказывая и муча их при нас, угрожал, что с нами так поступит, если не покажем того места, где спрятаны богатства и драгоценности князя Доминика Радзивилла.
Видя неизбежность такого наказания, которым угрожал нам своею строгостью генерал-майор Тучков, и страшась, дабы не быть битыми плетьми, принужден был показать место, где были те богатства закладены наглухо каменною стеною. Тогда означенный генерал-майор Тучков приказал выломать стену и, войдя в тот лех, или пещеру, забрал в оной находившиеся там разные бриллианты, серебро, золото, равно и другие дорогие вещи. О чем уведомленный генерал-адъютант адмирал Чичагов, тотчас приехавши с другими генералами, приказал отобрать у оного генерала Тучкова ключи от кладовых означенного замка и, установивши там из господ генералов и прочих офицеров комиссию, сказал оной все дорогие вещи забрать, которая комиссия, исполняя повеление адмирала Чичагова, в том лехе, или пещере, забрала, а именно:
разные дорогие камни в коллекции от давних веков собранные; бриллианты как-то в штуках обделанные и необделанные, в коллекции собранные; табакерки серебряные и золотые, бриллиантами осыпанные, в большом количестве состоящие; также в немалом числе дорогих цен перстни разные; антики, в коллекции комплектованные; дорогой заграничный фарфор персидский; в большом количестве серебряную и золотую монету и медали в коллекции собранные; дорогие заграничные живописи хинские, турецкие наметы, или палатки, значительной цены; рыцарские латы и щиты, серебряные антики, старинную посуду, медали в разные коллекции собранные; гетманские и фельдмаршальские жезлы, или булавы, золотом оправленные и дорогими бриллиантами осыпанные; знак ордена под названием Сьвятого Духа, и уборное платье к сему ордену составленное, жемчугом осыпанное; серебро и золото в разных особенных штуках; церковное серебро и золото, а более под названием монстранцы, совсем золотые и крупными высокой цены бриллиантами осыпанные; столовое серебро на несколько сот особ; разные в большом количестве шпалеры или обои, серебром и золотом вытканные; много разных часов; прибор королевского престола, рыштунок, или арсенал, в коллекции, то есть корабели и палаши, сабли, мечи, в особенности меч папы Иннокентия, подаренный королю Яну Собесскому; в золото и серебро оправленные и бриллиантами осыпанные ружья в разных коллекциях и в знатном числе, конские золотые приборы, дорогими каменьями осыпанные; библиотека в большом количестве разных дорогих книг большим коштом собранная – словом все то, что только сами Радзивиллы, прапрадеды князя Доминика собирали, равно что по наследованию трех Каролей в дом Радзивиллов поступило – весь клад.
Комиссия назначенная от генерал-адьютанта адмирала Чичагова, забрав все оное и уложив в ящики, наклала оными несколько десятков бричек, отдала их адмиралу Чичагову, который те брички с упомянутым богатством и драгоценностями забрал с собой – после чего остатки вещей: мебель, разные старинные хинские, турецкие и заграничные шпалеры, или обои, много ковров, рыштунок, сабли, палаши, ружья, театральное и балетное платье, знатным коштом справленое, зеркала разной величины и прочие дорогие вещи, когда уже генерал-адьютант адмирал Чичагов и его офицерских чинов подчиненные забрать с собой были не в состоянии, тогда позволили брать все это армии и евреям. Таким образом через трое суток беспрерывно вся армия, в ту пору в Несвиже и около оного находившаяся, все себе забирала. Главные архивы с разными привилеями и документами, равно экономическими бумагами, расчетами и прочими документами, которые удостоверяли и означали принадлежность имений князя и их границы, частью забрали, а частью поразбросали по разным местам.
По проходе адмирала Чичагова с армией в коротком времени, то есть 3 декабря прошедшего года, воротился таки до Несвижа господин генерал-майор Тучков с корпусом. Вошед, тотчас приказал полковнику казачьего полка Грекову взять меня в караул, содержать в голодном месте до тех пор, пока я еще им не открою каких-либо лехов или кладов. Таким образом был содержим несколько дней, наконец угрожали. что будут бить, как прочих, не давали даже воды пить. Словом мучили и наругались до бесконечности, но тогда не имел я чего более сказать, ибо все то забрано, что было ранее сокрыто. Тогда генерал-майор Тучков гостиничную мебель, какие еще оставались кресла, шпалеры, зеркала, гардины, постели, часть библиотеки, конские уборы, арсенал, остатки серебра, скатерти и прочие вещи какие еще только оставались, приказал забрать. Весь замок, все погреба, лехи архива, библиотека и прочее разбито и разорено таким образом от господ адмирала Чичагова, генерала Тучкова, полковника Кнорринга и прочими их подчиненными.
Причинено в одном только князя Доминика замке убытку, полагая в соответствии драгоценностям, богатству и редкостям самым умеренным образом, на худой конец десять миллионов золотых, хоть, насколько мне известно, такие редкости и богатства никак оценить нельзя. Не касаюсь здесь тех убытков, которые уже причинены в фольварках князя, которых управляющий оными конечно не упустит донести вашей сьветлости. Я же со своей стороны что только до меня относится доношу яко главноуправляющий и в доказательство того, что все здесь описанное происходило по приказанию генерал-адьютанта адмирала Чичагова и что я вынужден был открыть показанные богатства, выданное мне свидетельство при сем представляю.
В Несвиже января 9-го дня 1813 года.
На подлиннике подписано Альберт Бургельский.
Перевод подписанный скрепил минского главного суда 1-го Департамента председатель Людвиг Каменский”.
Ніжэй знаходзілася копія сьведчаньня, выдадзеная няўдачліваму захавальніку княжацкіх скарбаў, якая не дазваляла сумнявацца, што занатаваныя ім фантастычныя падзеі мелі месца. Магчыма, не ва ўсім яго выкладаньне адпавядала праўдзе, і, як усе скаржнікі, згушчаў ён чорныя фарбы, але ўсё ж я дужа быў зьдзіўлены пералікам аднятых каштоўнасьцяў і прозьвішчамі асобаў, якія гэтае выняцьце ня толькі блаславілі, але і выканалі з асабістым сваім удзелам. Ня менш дзіўнымі падаліся мне словы “галоўнаўпраўляючага” Бургельскага аб непаўнагадовым узросьце князя Дамініка Радзівіла, хоць было вядома, што ён у нашэсьце 1812 году камандаваў 8-ым уланскім палком Варшаўскага герцагства. Не юнаком жа сямнаццаці гадоў заслужыў ён эпалеты палкоўніка і гонар быць у гвардыі Напалеона. І ўжо зусім ня верылася, што паўнапраўны гаспадар Нясьвіжа ня бачыў скарбаў, чакаючы, калі пан Бургельскі палічыць яго вартым зірнуць на спадчынныя фамільныя багацьці. Само сьведчаньне, на якое паказваў Бургельскі, было звычайнай формулай для рэквізіцыяў ваеннага часу, але ўжываньне яго ў адносінах залатых і сярэбраных рэдкасьцяў падалося мне вельмі недарэчным.
Свидетельство
Главнокомандующим Западной армией и кавалером Чичаговым данное управляющему князя Радзивилла шляхтичу Альберту Бургельскому, что он вынужден был показать, где хранятся клады помянутого князя Ра­дзивилла.
Ноября 2 дня 1812 года в Несвиже
Дежурный генерал генерал-майор Тучков.
Аб чым жа цяпер генерал-маёр просіць гасудара, зьдзіўлена думаў я, дачытваючы гэтую дакументацыю, як мяркуе пераканаць у адсутнасьці сваёй віны? Міжволі ўзьнікалі ў маёй памяці параграфы Палявога Крымінальнага Укладаньня, цалкам прыдатныя да гэтай сітуацыі і дзеяньняў, але ня ўжытыя. Калі Кутузаў адхіліў генерал-маёра, вядомага яму асабіста па турэцкай вайне, а рашэньне ягонага лёсу пакінуў на волю судовых чыноўнікаў, то праўду гаворыць генерал-аўдытар Закрэўскі, тут дастаткова цёмных загадак. Бо толькі з-за славы братоў сваіх мог быць ужо дараваны. Старэйшы брат яго загінуў у Барадзінскай бітве, ды так, што цела яго, зьмятае пяхотай і коньніцай не ўдалося адшукаць. І малодшы брат на тым жа полі ў бітве сьмяротна паранены памёр. Нічога з такіх бедстваў сям’і не палічылі патрэбным узгадаць, і вось ужо чацьверты год Тучкоў 2-гі адняты з вайсковага жыцьця.
Разважаючы пра гэта, я зусім не парадаваўся, што выбар генерал-аўдытара для складаньня адказнага меркаваньня прыпаў на мяне. Разважыць ступень віны ў такой справе ніяк нельга без дадатковага расьсьледаваньня. Калі што і ўзяў сабе Тучкоў, то трэба ведаць што, у якой колькасьці. Апытаньне самога генерал-маёра не задакументаванае, ва ўсялякім разе ў справе адсутнічае. Дзе той абоз з мноствам брычак, напоўненых скарбамі, што павёў за сабой камандуючы 3-й арміяй Чычагаў? І ў якіх баявых дзеяньнях браў удзел генерал-маёр Тучкоў з 2 лістапада па 3 сьнежня, калі недабітыя карпусы Напалеона прабілі атачэньне на Беразіне і ўратаваліся з расейскай тэрыторыі? Які баявы маршрут прывёў генерала ў Нясьвіжскі замак паўторна?

Дзіўны загад адмірала

Цікаўнасьць мая была гэтак нецярплівая, што я скіраваўся ў Інсьпектарскі Дэпартамент адшукаць загады і распараджэньні за 1812 год, якія адносіліся да генерал-маёра Тучкова, і знайсьці Журнал баявых дзеяньняў арміі адмірала Чычагава.
Неўзабаве, гартаючы старонкі хронікі Малдаўскай, перайменаванай пазьней у 3-ю, арміі, знайшоў я цікавы для мяне перыяд. З фармальнага боку ўсе лістападаўскія і сьнежаньскія рухі генерал-маёра Тучкова выглядалі абгрунтавана. Згодна з загадам, падпісаным адміралам Чычагавым 10 лістапада, Тучкоў атрымаў камандаваньне 2-м корпусам, які дадаваўся да 3-й арміі на загад гасудара. Папярэдні яго камандзір генерал-лейтэнант Фёдар Фёдаравіч Эртэль тады ж быў прызначаны генерал-паліцмэйстрам усіх дзеючых арміяў. Тучкову, можна лічыць, пашанцавала. Чычагаў узняў яго з дывізіённых у карпусныя камандзіры. У лістападзе у гэтым корпусе знаходзіліся ў шыхтах да 10 тысячаў салдатаў. Корпус базаваўся паміж Мазыром і Рагачовым. 18 лістапада Тучкоў атрымаў загад рухацца на Менск на злучэньне з арміяй Чычагава. Генерал-маёр абраў маршрут, які прывёў новыя палкі ў чароўны для яго замак Радзівілаў. Хутчэй гэта сьведчыла пра недахоп шляхетнасьці Тучкова – ня кожны рэквізітар двойчы наведвае абабраны маёнтак.
Было ў Журнале яшчэ адно датычнае скарбаў распараджэньне, якое зьдзівіла мяне напачатку датай – 9 студзеня 1813 году. Праз зьбег нейкіх абставінаў менавіта ў гэты дзень у губернскім Менску старшыня 1-га дэпартаменту Галоўнага суда Людвіг Каменскі перакладаў з польскай мовы скаргу нясьвіжскага захавальніка скарбаў Альберта Бургельскага. Сваё ж распараджэньне адмірал Чычагаў аддаў, знаходзячыся ў Бронбергу, калі нашыя войскі рухаліся за межамі імперыі:
Генерал-интенданту 3-й Западной армии Рахманову
Из числа добычей взятых вверенною мне армиею от неприятеля в Несвиже, находящихся ныне в Минске, предписываю Вашему превосходительству:
1)древние медали и монеты отправить в Харьковский университет,
2) вообще церковные вещи отослать в Московский собор,
3) самые редкости и древности препроводить к действительному статскому советнику Валуеву в Москву,
4)все прочие за тем остающиеся, которые имеют весьма мало значения, продать с аукциона и сколько будет выручено денег пожаловать в церковь и Валуеву вещам доставить реестр.
Главнокомандущий армией Чичагов.
Што за вострая патрэба здарылася, каб расправіцца з такой хуткасьцю з нясьвіжскай здабычай, не разумеў я сутнасьць радыкальнага распара­джэньня. Стаяў пад аховай у Менску абоз, і няхай бы стаяў да разгляду сьпецыяльнай, гасударам прызначанай, камісіяй. Дзе Прусія, дзе Менск? Ці генерал-інтэндант Рахманаў мог быць знаўцам каштоўнасьцяў? Наогул маглі выправіць абоз у Пецярбург. Хіба ня лепш правесьці аўкцыён “непатрэбнага” там? Ды і хіба бралі ў абоз рэчы “зусім малой значнасьці”, каб трымаць пры іх варту, а потым прадаваць з малатка насельніцтву, зьбяднеламу за паўгады разбуральнай вайны? Не атрымлівалася скласьці яснае меркаваньне нават у агульных рысах. Я сказаў пісарам зрабіць копіі з усіх знойдзеных дакументаў, каб заняцца гэтым дзіўным здарэньнем мінулай вайны.

Мой маёнтак
Разбураная сядзіба

Тут, мілыя мае ўнукі, я мушу крыху збочыць ад тэмы, каб праліць сьвятло на сваё маёмаснае становішча ў тыя дні, якое пасунула мяне з палкавых камандзіраў у обер-аўдытары. Па прыродным характары сваім ніколі ня быў я старанным служакам, тым болей ня меўся ім стаць на чыноўнай службе. Маці казала мне, што я падобны на дзеда, яе бацьку, – той быў надта дзейны, калі прымушалі абставіны, а калі не прымушалі, аддаваўся сузіральнаму настрою, не імкнучыся ні да публічнай дзейнасьці, ні да сьвецкіх забаваў. Бацька мой наадварот быў энергічнай натуры, хвіліны ня мог пасядзець без занятку, у сядзібе сваёй нудзіўся ад бязьдзейнасьці, а ў мушкецёрскім палку, якога быў палкоўнікам, адразу маладзеў, нібыта выпіўшы жывой вады. З гэтай прычыны ня мог ён дапусьціць, каб я вырас сядзібным цельпуком, як жадалі для мяне дзед з бабуляй, і выправіў у кадэцкі корпус. Стаў я афіцэрам, але з патаемнаю марай вярнуцца да свабоды ўчынкаў няхай і на малым абшары свайго маёнтку. Калі можна так параўнаць, то ў сядзібе я адчуваў сябе бліжэй да прызначэньня, пастаноўленага мне небам, чым на палкавым пляцы.
Таму мяркуючы аб шляхах адшуканьня праўды ў справе генерал-маёра Тучкова, найперш я падумаў, што ўзьнікае добрая магчымасьць наведаць Ветрын – маёнтак па маці ў Віцебскай губерні, дужа пацярпелы ад французаў. Пасьля гібелі байцькі майго ў шведскую вайну ў Лядовым паходзе 1809 году стаў я спадчыньнікам бацькавага маёнтка ў Пскоўскай губерні. Але маці, пабыўшы год ўдавой, прыняла прапанову рукі ад свайго аднагодка, які з бацькавым маёнткам меў мяжу. Яшчэ перад вайной мусіў я атрымаць грашовую кампенсацыю ў сорак тысячаў за саступку на карысьць маці бацькавага маёнтка, нашмат большага па лясных і ворыўных угоддзях. Аднак выплата гэтых сродкаў, як часьцяком здараецца між сваякамі, зацягнулася. З пачаткам напалеонаўскай кампаніі згубіўся я на дарогах ад Вільні да Масквы, удзел мой у Барадзінскай бітве і вялізныя ахвяры, што пацярпела там армія, спарадзілі чуткі і аб маёй гібелі. Думаю, тады быў я шчыра матуляй аплаканы, але адначасна зваліўся з карка новага сужонца яе груз кампенсацыі. Потым атрымалі маці і айчым маё пасланьне з Францыі, і зноў, спадзяюся, былі сьлёзы радасьці ў яе і сум у ейнага спадарожніка жыцьця, потым я быў паранены і зноў зьнік ў безьвядомасьці. І толькі напачатку 1815 году ўдалося паведаміць з аказіяй, што з ласкі божай застаўся я жывы і еду на пабыўку ў свой Ветрын, і буду ўдзячны парадзіцельніцы маёй, калі зможа яна перадаць грошы, бо пасьля лазарэтаў і шпіталю зусім застаўся бяз сродкаў. Пісьмо ў адказ з апісаньнем мацярынскага шчасьця я атрымаў, але без дадатку грошай. Відаць, адчулі матуля з айчымам, што гасудар, набыўшы выдатны настрой на парадзе войск, загадаў узнагародзіць афіцэраў выплатай запазычанасьцяў па жалаваньні за шэсьць месяцаў, атрыманьне якіх і надало мне сілы для вандроўкі на радзіму.
Маёнтак Ветрын Аршанскага павету, хоць і быў ён удвая меншы за пскоўскі, любіў я болей. Тут пад прыглядам бабулі я ўзрастаў, і ўсе мае вакацыі ў кадэцкія гады праходзілі тут, усе азёры тут былі мне знаёмыя, і ўсе сьцежкі ў лясах, і ўсе мясцовыя людзі, словам, на гэтай зямлі я адчуваў сябе сваім.
Таму пасьля пераможнага паходу арміі ў Францыю і падзеньня тырана, які прынёс незьлічоныя бедствы еўрапейкаму і расейскаму жыхарству і надта адчувальныя, як стала неўзабаве вядома, асабіста мне, я, ачуняўшы ад штыкавой раны, прыехаў выздараўліваць у родныя мясьціны. Цяжка пераказаць сум, які ахапіў мяне, калі замест радавога гнязда, убачыў я руіны, ужо аблюбаваныя палыном. З усёй утульнай сядзібы ацалелі вартоўня пры каменных слупах брамы і флігель, у мірныя дні займаны эканомам. Сядзібны дом паловаю пагарэў, а мансарда згарэла цалкам. Папя­лішча засталося ад стайні і хлявоў, павець стаяла, але ўсе брычкі, вазкі і калёсы былі рэквізаваныя захопнікамі. Круглы кветнік перад домам зарос пустазельлем, сад прыкметна зьдзічэў, адбіткам запусьценьня было пазначанае кожнае памятнае мне месца.
Як даведаўся я ад сялянаў, у доме маім кватараваў непрыяцель, а менавіта баварцы, яны і спалілі сядзібу. Па словах жа былога нашага конюха, ня самі ўдзельнікі нашэсьця спалілі дом, а мясцовыя патрыёты з маіх жа сялянаў, узначаленыя энергічным і зладзеяватым мужыком з прозьвішчам Салавей. Партызанамі было вырашана спапяліць захопнікаў, што аднойчы ўначы і было ўчынена. Аднак, як высьветлілася з допытаў, праклятыя баварцы ў пажары ацалелі, павыскоквалі ў вокны, ахвяраю ж барацьбы з ворагам на тэрыторыі майго маёнтка апынулася выключна мая маёмасьць – збудаваны прадзедам дом і ўсё, што ў ім знаходзілася. Баварцы ж, якім пашчасьціла ўратавацца ад агню, тым ня менш ня зьбеглі ад помсты – іх узялі на вілы, доказам чаго была вопратка маіх сялянаў ды іхніх паросткаў, перашытая з трафейных мундзіраў. Пры рэканструкцыі карціны гэтай пераможнай бойкі, склалася ў мяне моцнае падазрэньне, што ветрынскія мсьціўцы падпалілі дом пасьля ўцёкаў ворага, папярэдне яго абрабаваўшы. Ва ўсялякім выпадку, калі я выказаў Салаўю такую сваю здагадку, вочы гэтага самазванага правадыра па-зладзейску забегалі, хоць рука лёгка ахрысьціла галаву і сэрца, а язык без замінкі выдаў клятву, што зрабіць гэтак супраць свайго пана ніхто б ніколі не асьмеліўся. Ведаючы яго з гадоў дзяцінства як хітрага хлуса, ня мог я паверыць ягонай клятве, але ня меў і доказаў яе злачыннасьці. Каму мне было жаліцца? Склалася, што апроч крыві сваёй усклаў я на ахвярнік перамогі і сядзібны дом з усім яго зьмесьцівам і будучыя сродкі ад маёнтка. Разбурэньні, якія пакінуў у краі непрыяцель, не дазвалялі спадзявацца на прыбытак з маёнтку, працоўнае насельніцтва якога складала вёска ў трыццаць двароў. І ў мірныя часы гэтыя прыбыткі не перабольшвалі дзесяці тысячаў, а цяпер, пасьля рэквізіцыяў акупацыйнай адміністрацыі і страты цяглавых коней, былі ў відочным мінусе.

Шчырая радасьць маіх сялянаў

Адзінае, што суцяшала мяне ў гэты пасьляваенны візіт на радзіму, – шчырае зьдзіўленьне з доляй радасьці на некаторых сялянскіх тварах; аказалася, што вясковая пагалоска лічыла мяне забітым французамі. Для простадушных маіх падданых я быццам бы зьявіўся з таго сьвету. Радасьць, як заведзена, мела практычныя прычыны – набыцьцё гаспадара ў выгля­дзе свайго добрага пана. Пужала ж іх зьяўленьне больш жорсткага, якім па іхнім перакананьні, трэба зазначыць небезпадстаўнаму, быў другі муж маёй маці. Да іх радасьці, ён тут не аб’яўляўся, што нарадзіла сярод мужыкоў спадзею, што гаспадары і ўлады на іх забыліся, і можна будзе непрыкметна жыць для сябе. Наіўнасьць простых людзей лёгка зразумець – многія з іх нічога ня бачылі ў жыцьці апроч кірмаша ў павятовай сваёй сталіцы, якой і абмяжоўваўся ў іхнім разуменьні рэальны сьвет. Усё астатняе па-за яго межамі прыналежала да казачнай сферы – як трыдзявятае царства.
Склаўшы разам сабраныя па драбніцах зьвесткі, я папрасіў Салаўя назваць чальцоў ягонага баявога аддзелу. Пералік імёнаў пераканаў мяне ў тым, што ўсе яны паходзілі з сем’яў былых кантрабандыстаў і, значыцца, мелі прыроджаныя ці прышчэпленыя бацькамі звычкі незаконнага абагачэньня. Пасьля далучэньня Віцебскай губерні да Расіі ў 1772 годзе наш мясцовы цэнтр Талачын аказаўся расьсечаны на дзьве часткі новай мяжой па рацэ Друць. У мястэчку былі пабудаваныя мытныя магазіны, браўся падатак з імпартнага тавару, там жылі даглядчыкі і аб’ездчыкі, па адным на пяць вёрстаў, а ўсяго дзесяць чалавек. Забясьпечыць на такім працягу мяжы надзейную абарону ад кантрабанды яны не маглі, ды, зразумела, і жаданьня такога ня мелі, прыцягваючы да супрацьзаконнай дзейнасьці сялянаў. Бацька Салаўя займаўся гэтым промыслам і прывучыў да яго сына. Але і іншыя прыгонныя майго дзеда, схільныя да рызыкі, па начах выпраўляліся на таемныя сустрэчы з такімі ж парушальнікамі дзяржаўнай мяжы з польскага боку, і глухімі сьцежкамі пераносілі забаронены тавар чарговаму зьвяну кантрабандыстаў – у асноўным гэта быў тытунь. Дзед, як апавядала мне бабуля, заплюшчваў вочы на такі адхожы занятак сваіх земляробаў, атрымліваючы, відаць, адкупное натурай ці манетай. Перанос межаў у 1793 годзе ў бок Польшчы быў успрыняты мясцовым жыхарствам як бязьлітаснае скасаваньне прывілеяў і эканамічная катастрофа. Зьяўленьне ў 1812 годзе баварцаў абудзіла заснулыя рэфлексы. Таму, гледзячы ў хітрыя вочы Салаўя, я абвясьціў яму сваё жаданьне, каб усё, з дому майго зьніклае, вярнулася калі не на свае месцы, дык у недагарэлыя пакоі. А інакш мне прыдзецца правесьці жорсткае дасьледаваньне сярод удзельнікаў партызанскай вайны на маім сядзібным участку.
На працягу наступных некалькіх начэй у дом непрыкметна вярнуліся некаторыя кнігі з бібліятэкі дзеда, нават партрэт яго ў раме, люстэрка, два пісталеты, сядло і груд неабходных гаспадарчых рэчаў ад хамутоў і рыдлёвак да бронзавага падсьвечніка і дзясятка васковых сьвечак.
Са Смаленскай бітвы быў у мяне ў дзеншчыках немалады салдат нашага егерскага палка, удачлівы, разумны, пісьменны і надзейны. Звалі яго Дзяніс. Яшчэ ў 1813 годзе па заяўленым мной сьпісе атрымаў ён Знак Ваеннага ордэна, што паляпшала яго будучыню пры выхадзе ў ветэраны. Паколатыя штыкамі ў бітве за Парыж, апынуліся мы разам у шпіталі, хоць і ў розных пакоях, але ў адным манастырскім будынку. А потым разам дабіраліся на радзіму. Служыць яму заставалася тры гады, і ён імкнуўся заставацца пры мне, а мне не хацелася шукаць новага чалавека. Заняўшы флігель, я пасяліў Дзяніса ў вартоўню, ператвораную адначасна і ў кухню. Два месяцы жылі мы бівачным у адносінах да камфорту жыцьцём.

Сярэбраны скарб майго прадзеда

Салавей, якога за дзелавітасьць я прызначыў старастам, сабраў людзей на талаку, і сядзіба атрымала нейкія прыкметы жылога кута. Вечарамі, калі загараліся на небе зоркі, запальваў я сьвечкі ў падсьвечніку і садзіўся чытаць захаваныя кнігі мінулага стагоддзя. Сумна трапяталі агеньчыкі, кроплі воску расплываліся ў лужыцу на стале, позірк мой сьлізгацеў па радках цяжкаважкіх перакладаў вальтэр’янаўскіх аўтараў, і ўзгадвалася мне, як некалі, у дзіцячыя мае гады, бабуля сядзела за сталом і пры сьвечках чытала праз павелічальнае шкло нейкія загадкавыя творы. Магчыма тыя ж, што ляжалі цяпер перада мной. І аднойчы ноччу сярод кранальных успамінаў прыгадаўся мне даўні аповяд бабулі пра свайго цесьця, прадзеда майго, будаўніка гэтай сядзібы. Трымаючыся старых звычаяў і прыкметаў, ён, калі пачалі класьці падмурак, закапаў у цэнтры яго куфэрак з золатам – на шчасьце, каб не выводзілася з нашага дому багацьце. І вось хачу адзначыць такую дзіўнасьць – некалькі вечароў, як толькі садзіўся чытаць, прыгадвалася мне гэтая бабуліна гісторыя – але як нейкі мілы кур’ёз з даўняга жыцьця, і ніякіх прагматычных пачуцьцяў у мяне не ўзьнікала. Але ў нейкі вечар я раптам успрыняў аповяд бабулі пра золата ўсур’ёз, і нават уразіўся абыякавасьці сваёй – чаму лянуюся праверыць, а калі сапраўды ляжыць у адкрытым цяпер падмурку сямейны скарб, не дарэмна ж гэтак настойліва прыгадваецца гэтая падказка любімага мной чалавека.
Ці варта казаць, што я дрэнна спаў і з сонейкам быў на нагах. Першае абсьледваньне дому паказала мне, што дзьве дыяганалі прамакутніка, створанага падмуркам, перакрыжоўваюцца ў пункце, які знаходзіцца пад нявыгарэлымі масьніцамі сенцаў.
Схапіўшы сякеру, я абнадзеяна прыступіў да справы. Масьніца была прыбіта капейкавымі цьвікамі, і я аддаў нямала часу, каб прыўзьняць першую дошку. Да таго ж яна не хацела адрывацца ад суседніх масьніцаў і неяк адчайна рыпела, быццам прасіла аб літасьці. Такі трывожны шум маёй працы абудзіў у вартоўні Дзяніса, ён прыбег, падазраючы нейкую бяду ці непрыемнасьць, і быў зьдзіўлены маімі цясьлярскімі намаганьнямі, ня бачачы ў іх зразумелага яму сэнсу. Хутчэй па звычцы служыць свайму пану вырашыў ён прапанаваць паслугі:
– Ваша высокаблагароддзе, што ж вы мне не сказалі, я ў момант аддзяру…
У тую ж хвіліну прыкмеціў я на сядзібнай алеі таропкага Салаўя. Падобна лісе, абуджанай далёкім голасам нясушкі, пасьпяшаў ён цяпер на цьмяны сігнал, які сыходзіў з сядзібы. Адчуваючы таямніцу, ён таксама прапанаваў сваю дапамогу – ня мог пан проста так поркацца з бруднымі дошкамі.
Адказам маім быў сухі загад абодвум выдаліцца. Гледачы мае адышлі на пэўную адлегласьць, якая дазваляла, аднак, назіраць за маёю працай.
Нарэшце мне ўдалося падняць дошку таўшчынёй з два дзюймы, другую і трэцюю падняў я ўжо з меншымі намаганьнямі. Вачам маім адкрыўся ў неглыбокім падпольлі пакрыты векавым пылам камень невялікага памеру, якім прынята масьціць вуліцы, менавіта сярэдні пункт ён акрэсьліваў. Для зручнасьці адарваўшы яшчэ пару масьніцаў, я скокнуў у падпольле і, ссунуўшы камень у бок, пачаў капаць. Двух гледачоў гэтага майго занятку, прыкмячаў я, разьдзіралі пякельныя пакуты цікаўнасьці. Хоць гэта ніяк іх не датычыла, але не маглі яны разысьціся па сваіх справах з нявырашанай загадкай – што ён там, у падпольлі, шукае, што там можна знайсьці? Напружаныя іх твары адлюстроўвалі пытаньне аб таямніцы, якую я захоўваў ад іх, – бяз веданьня яе адчувалі яны сябе абдзеленымі і па-сіроцку чакалі хоць нейкай яе часткі. Пясчаную засыпку капаць было няцяжка, і яма хутка паглыблялася. На глыбіні ў локаць рыдлёўка грукнула аб жалеза – гучаньне званоў ніколі мяне так не хвалявала, як гэты глухі сігнал аб сустрэчы са скарбам; сэрца маё моцна забілася, і неўзабаве ў маіх руках апынуўся вызвалены са стагадовага зьняволеньня жалезны куфэрачак, месцамі ўзяты ржой. Намагаючыся яго адчыніць, зьведаў я ашаламляльнае пачуцьцё зьдзіўленьня і ўдзячнасьці бабулі за яе расказы, а прадзеду за прадбачлівы клопат. Але пачуцьцё гэтае моцна саслабела, калі ўдалося адкінуць вечка – ляжала ў куфэрку адна сярэбраная манета, шведскі талер, сучасьнік Карла XII.
Рэч гэтая, у якую я ўглядаўся, магнетычнай сілай цікаўнасьці прыцягнула да мяне абодвух назіральнікаў. У вокамгненьне яны апынуліся побач.
– Шанцуе вам, ваша высокаблагароддзе, – ветліва адгукнуўся на маю знаходку Дзяніс, не хаваючы расчараваньня. – Вось бы вядзерца такіх!
Салавей жа, як было напісана на яго твары, адчуваў шкадаваньне, што за некалькі гадоў маёй адсутнасьці не даўмеўся сам узяць у рукі рыдлёўку.
Загадаўшы Дзянісу згатаваць сьняданак, я вярнуўся ў свой флігель і за сталом пачаў разглядаць дарунак прадзеда. На ўнутраным баку крышкі прыкметны былі нейкія ўпарадкававаныя драпіны; прыгледзеўшыся, я прачытаў пасланьне векавой даўніны, напісанае лацінскімі літарамі: “У заклад шчасьця. Павел і Феліцыя Стаўскія. 1724 год”.
– Дзяды мае, дзяды! – уздыхнуў я ў адказ на старадаўнія шчымлівыя іх словы. Ці было шчасьце, і ці магла распавесьці аб ім манета, якую продкі мае ахвяравалі духам сядзібы? Я адчуў сябе неразумным разбуральнікам чужой таямніцы і выкрадальнікам скарбу, ня мне прызначанага. Сарамліва схаваў я манету ў куфэрак, пайшоў у зруйнаваны сядзібны дом і вярнуў прадзедаў заклад на ранейшае месца. Бяз сьведкаў і назіральнікаў, толькі сумленьне папікала мяне за дзіцячае жаданьне выратавальнага падарунку…

Сустрэча з жонкай суседа

Калі б маёнтак быў у лепшай захаванасьці, не памарудзіў бы я выйсьці ў адстаўку, але нават сядзібу падняць з руінаў і накрыць дом гонтам мог я толькі планаваць. Планы гаспадарчай скіраванасьці мяне ў гэты час болей за ўсё іншае і суцяшалі. Сеўшы выкурыць люльку пад старым клёнам каля напаўзгарэлага дому, я аглядаў даволі нудны пейзаж сядзібы, і бачыліся мне круглая сажалка ў садзе, а за ёй рыбныя сажалкі, поўныя карпаў, а на пустцы за садам – гаспадарчы двор з галандскімі каровамі, а на пагорку, дзе цяпер без карысьці дзьмулі вятры, высокі вятрак з размашыстымі крыламі, а на рацэ вадзяны млын з чароўным шумам вадаспаду на запрудзе і абозы з зернем да млына ў бясконцай чарзе. Малюнкі гэтыя, народжаныя ўсьведамленьнем беднасьці, сілкаваліся маімі нямецкімі і французскімі ўражаньнямі, якія атрымаў я ў замежным паходзе войска на Парыж. Аднаго не хапала дзеля зьдзяйсьненьня мары – сродкаў; калі б вярнулі мне маці з айчымам доўг – не паехаў бы я шукаць службу. Але вёска без адзінага каня і каровы не магла вярнуць маёнтак да жыцьця. З верай у свае гаспадарскія планы выбраўся я ў кампаніі Салаўя і Дзяніса ў Оршу, дзе выбралі мы двух цяглавых коней мясцовай літоўскай пароды, званай “конікам”, і неблагога трохгодку пад сядло. Яшчэ адной неабходнай пакупкай сталі чатыры каровы, якія я аддаў пад дагляд шматдзетным сем’ям. На гэтых разумных набытках, якія крыху ўмацавалі гаспадарку, рэсурсы мае скончыліся…
Атрымаўшы верхавога каня, наважыўся я на прагулянку па знаёмых дарогах. Бліжэйшым суседам маім быў Лявон Сакольскі, з ім некалі ў падлетках праводзілі мы разам канікулярны час, у мяне захоўваліся да яго самыя лепшыя сяброўскія пачуцьці. Бацькоўская воля, як ўжо я ўзгадваў, накіравала мяне на ваенны шлях, бацькі Лявона для свайго сына аддалі перавагу мірным заняткам – паслаўшы ў Полацкі калегіум і ва універсітэт. Калі мы бачыліся апошнім разам ён быў удачлівы віленскі адвакат, а я – егерскі маёр у 3-й дывізіі, якая стаяла паблізу Вільні. Па словах Салаўя, Сакольскі ваяваў з намі ў літоўскіх палках, сфарміраваных Напалеонам, і з вайны не вярнуўся, цяпер гаспадарыла ў сядзібе яго жонка ці, магчыма, удава.
Мінаючы сядзібу Сакольскіх убачыў я, што ў адрозьненьне ад маёй яна не пацярпела. Ва ўсялякім выпадку і дом быў цэлы, і ўсе іншыя пабудовы пазьбегнулі агню. Мае ж як прыналежныя расейскаму афіцэру баварскія ды французскія рэквізітары фуражу і прадуктаў, зразумела, ня мелі падставы шкадаваць. З гэтай жа прычыны і з сялянскіх маіх двароў вымелі ўсё, што прыкмеціла іх пільнае вока. Салавей запэўніваў, і гэта быў нячасты выпадак, калі я верыў яго словам, што рэквізавалі ўсіх кароў і коней, авёс і сена, жыта, гарох, крупы, ну ўсё, што гаспадар не пасьпеў добра схаваць. А яшчэ садралі па тры сярэбраныя рублі з кожнага двара. А да тых, хто служыў французам, ставіліся з большай літасьцю.
Цяпер жа ў маёнтку Сакольскага маятнік лёсу хіснуўся ў іншы бок. Такі вось свавольны пераменны расклад мае ўдача. Каля брамы, якой у нас па звычцы азначаюць уезд у шляхецкую сядзібу, убачыў я жонку Сакольскага – маладую абаяльную прыгажуню з яркасінімі вачыма, якія праменіліся дзіўнай сумесьсю пяшчоты і моцнай волі. Звалі яе пані Аляксандра, некалі Лявон, у адзіную, здаецца, нашу сустрэчу, так яе прадставіў. Побач яе стаяла дзяўчынка гадоў пяці, рысамі твару падобная на маці, але зялёныя вочкі дасталіся ёй ад Сакольскага. Спыніўшыся каля іх, я павітаўся, не сыходзячы з каня, і вырашыў назвацца – ваш сусед, Андрэй Лунін.
– Я вас памятаю, – прыветліва адказала Сакольская. – Вы да нас заязджалі некалькі гадоў таму.
Я згодна заківаў, мне таксама той даваенны візіт быў памятны, тады дачка яе, адзетая ў карункавы каптурчык і накрытая ружовай карункавай посьцілкай спала ў маленькім ложку, абкружаная ўвагай шчасьлівых бацькоў. За прамінулыя гады гэты маленькі анёл ператварыўся ў чароўную дзяўчынку. Тэмы для размовы не было, распытваць аб Сакольскім, зьніклым на вайне супраць нас, здалося мне недарэчным, чамусьці я засаромеўся спытаць аб ім.
– Ці хоча паненка, – зьвярнуўся я да дзяўчынкі, – пакатацца вярхом?
Яна зірнула на маці, чакаючы дазволу, тая ёй дазволіла.
Я схіліўся, падняў малую і пасадзіў наперадзе сябе.
– Як тваё імя? – спытаў я.
– Аленка, – назвалася яна і шчыра ўсьміхнулася.
Жадаючы даць ёй задавальненьне, я паскакаў да Друці, і дзяўчынка была ў захапленьні, калі на водмелі мой конь фантанамі распырскваў ваду.
І нашто, думалася мне, панесла Сакольскага з юрыстаў у войска? Жыў бы ў сваім маёнтку, ня маючы абавязку ваяваць. Сядзеў бы ціха, як казала мая бабуля, ня зьведаў бы ліха. Шмат хто так пераседзеў тыя бурлівыя падзеі. Што зьмянілася б для яго на гэтай зямлі з перамогай Напалеона? А ўжо і самога няма, і дачку сваю з жонкай пакінуў на бедствы. Даставіўшы Аленку да маці, якая чакала нас каля брамы, я ўсё ж набраўся рашучасьці спытаць, што з Лявонам, дзе ён. Радасьць, якая прамільгнула ў вачах Аляксандры пры маім пытаньні, растлумачыла мне, што сусед жывы, а пачуў я, што ён быў у палоне і хутка павінен вярнуцца. “Дзякуй богу!” – шчыра парадаваўся я.

Прыемныя наступствы добрага ўчынку

Набліжалася восень з дажджамі і раскіслымі ў балаты дарогамі – самы нязручны час для далёкіх паездак. Склаўшы для Салаўя гаспадарчы наказ, я выправіўся ў Пецярбург вызначацца са сваім становішчам. Дабразычлівасьцю лёсу магу патлумачыць, што на другі дзень прыбыцьця майго ў сталіцу, ля ўваходу ў ваеннае міністэрства аклікнуў мяне генерал-лейтэнант Канаўніцын – былы мой дывізіённы камандзір, а цяпер ваенны міністр. Каб прыйшоў я на чвэрць гадзіны раней ці пазьней, сустрэчы гэтай магло б ня быць, і не было б гісторыі, пра якую тут я апавядаю, ды і маё жыцьцё пайшло б іншай каляінай. Чакала яго ля пад’езду карэта, але ён паўгадзіны са мной прыяцельскі гутарыў. Я яму адказаў, што пасьля выздараўленьня прыбыў даведацца аб магчымай вакансіі і атрыманьня запазычанасьці па жалаваньні. Праз два дні мне было перададзенае запрашэньне зайсьці да тагачаснага генерал-аўдытара Панова. Я зразумеў, што Канаўніцын пасьпеў распавесьці пра выпадак з выратаваньнем свайго сваяка ў бітве пад Астроўнай ад французскіх марадзёраў. У падачы Канаўніцына гісторыя гэтая выглядала надзвычай высакародна. Там на трох вярстах дарогі да Віцебска праз кожны крок ляжаў забіты наш салдат ці француз з палякам. У любым палку ёсьць марадзёры, схільныя абіраць параненых і забітых, пакуль таварышы іх вядуць бой. Вось у той бітве я, тады яшчэ маёр, застаў двух французскіх нягоднікаў, якія сярод груды ахвяраў штыкавога бою абдзіралі расейскага параненага карнета. Бог па­слаў юнаку выратавальніка; аднаго марадзёра я застрэліў ва ўпор, другога закалоў шпагай. І даручыў сваім салдатам вынесьці маладога чалавека з пекла бою, што было найвялікшай літасьцю.
Рэальнасьць, павінен прызнацца, адрозьнівалася ад такога рамантычнага выкладаньня, бо марадзёрамі выступілі не французы і ня польскія ўланы, а нашыя расейскія грэнадзёры. І яны былі сярод першых, каго мне давялося забіць на той вайне з захопнікамі, чым, безумоўна, я ня меў жаданьня вы­хваляцца, каб не патрапіць пад расьсьледаваньне. Беднага карнета я выратаваў, бо ён адчайна закрычаў, калі два злодзеі, палічыўшы яго мёртвым, сарвалі з яго медальён і палезьлі абшукваць кішэні. Раптоўнае ажыўленьне іхняй ахвяры пабудзіла нягоднікаў да забойства. Рана карнета была ня надта цяжкая, куды болей ён быў ашаломлены падзеньнем з каня і агульнай жорсткасьцю бітвы, для яго першай. Пераход ад жыцьця да сьмерці, які яму давялося перажыць, бачачы занесеныя над сэрцам сваім цесакі, а потым расправа мая з забойцамі ўрэзаліся яму ў памяць, думаю, да канца жыцьця.
Праз тры гады, дзякуючы гэтаму выпадку, я апынуўся начальнікам першага стала ў Аўдытарскім дэпартаменце Ваеннага міністэрства з акладам дзьве з паловай тысячы гадавых і дадаткам шасьціста рублёў на ўтрыманьне дзеншчыка. Колькі афіцэраў палічылі б такое становішча маё за ўдачу. Я, зразумела, таксама парадаваўся нечаканай фартуне, але ў глыбіні душы не адчуваў поўнага задаволеньня. У маладыя гады па-рознаму ўяўляліся мне ўдачы маёй ваеннай службы, але ніколі ня марылася мне, каб зенітам яе сталі стол з зялёным сукном і самота выкананьня чыноўнага абавязку. Болей за тое, у першую гадзіну сваёй новай службы, толькі прысеўшы за стол і разглядаючы стос папак са справамі, якія мне неабходна было чытаць і ацэньваць чыесьці ўчынкі і парушэньні статутаў, адчуў я безвыходны сум, які можа быць толькі пры здачы ў палон ворагу. Быццам канец жыцьця адкрыўся мне перад вачыма. Ды чалавек, на жаль, такая істота, што, падманваючы сябе спадзеямі на ўдачу, робіцца звычны да любых абавязкаў. Мае надзеі былі злучаныя з атрыманьнем доўгу за пскоўскі маёнтак, а ў чаканьні яго існаваў я на свой обер-аўдытарскі аклад.
Таму не хацелася мне ўпусьціць паездку, у якой дарожныя выдаткі да Талачына нічога б мне не каштавалі, а там ад паштовай станцыі да Ветрына завёз бы мяне за рубель любы фурман. І, падпарадкаваўшы службовыя інтарэсы асабістым, прыступіў я да збору розных зьвестак, карысных для дарасьсьледаваньня справы генерал-маёра Тучкова.

Зацікаўленыя асобы
Візіт у Кунсткамеру
Хоць у скарзе захавальніка скарбаў Бургельскага залатыя скульптуры ня ўзгадваліся, спасылка гасудара на даўнія ўспаміны нябожчыка князя Рапніна і падлеткавыя ўражаньні Чартарыйскага сьцьвярджала іх безумоўную наяўнасьць у нясьвіжскай скарбніцы на той дзень, калі генерал-маёр загадаў прабіць у яе ўваход. Хто яго ведае, якія мастацкія рэчы разумеў захавальнік скарбаў Бургельскі пад цьмяна акрэсьленымі ў скарзе “залатымі штукамі”. Магчыма, думаў я, гэта і былі скульптуры. Імкнучыся наблізіцца да праўды, я накіраваўся на Васільеўскі востраў да сваяка другога мужа маці маёй Паўла Аляксеевіча Пярова, які займаў пасаду вучонага сакратара пятроўскай Кунсткамеры. Гэта быў падгалісты, хударлявы, сталага веку чалавек, вывучаны ў Германіі, адораны моцнай памяцьцю, начытаны гістарычных твораў, заўжды паглыблены ў нейкае сьветлае здзіўленьне перад навуковымі навінкамі, ва ўсялякім выпадку, болей дасьведчанага ў розных навуках знаёмца ў мяне ў Пецярбургу не было, і я шанаваў яго як жывое сховішча ведаў.
Я засьпеў Паўла Аляксеевіча ў зале пасярод мноства чучалаў птушак, рыб і шкілетаў, з якіх ён мяцёлкай са стравусіных пёраў абмахваў пыл. Мы ня бачыліся некалькі гадоў і аддалі даніну ўзаемнай увазе да здароўя і самаадчуваньня, што на фоне невядомага шкілета і калекцыі шклянак з засьпіртаванымі монстрамі, якіх прывёз з Галандыі яшчэ Пётр Вялікі, гучала некалькі недарэчна, нават камічна, па меншай меры, я так адчуваў. Ня лепш сярод такіх анатамічных экспанатаў прагучала і маё пытаньне да Паўла Аляксеевіча: “Ці вядома яму ў якіх прыватных або палацавых расейскіх ці еўрапейскіх калекцыях ёсьць такія рэдкасьці як дванаццаць залатых скульптураў апосталаў ці, магчыма, меншай колькасьцю?”
Адказ яго зьдзівіў мяне тым, што сярод уладальнікаў такіх каштоўнасьцяў першым назваў ён нашу расейскую дзяржаву. Па словах Пярова, у гаспадараньне Барыса Гадунова былі адлітыя ў Маскве з чыстага золата ня толькі дванаццаць апосталаў, але яшчэ статуі Ісуса Хрыста і арханёла Гаўрыіла, усе чатырнаццаць у рост чалавека. А таксама была выкаваная залатая труна Госпада. Праўда, на нашу рускую ганьбу, нядоўга гэтыя унікумы сярод царскіх каштоўнасьцяў пабылі. Па царскай волі Васіля Шуйскага статуі пераплавілі ў зьліткі для чаканкі залатых грывенікаў і пятакоў. Магчыма, і залатая дамавіна зьведала такі ж непаважлівы лёс. Але цалкам магчыма, што каштоўная дамавіна была скрадзеная палякамі, якія ў Смутны час гаспадарылі ў захопленым Крамлі. Хоць, па праўдзе, і нашыя ўласныя ліхадзеі, дапусьціў Пяроў, маглі скрасьці ня горш за палякаў і паказаць на іх. У любым выпадку нават сьледу не засталося. Яшчэ вядома, што падобнымі залатымі скульптурамі валодала Брауншвейгскае герцагства, але таксама ў пачатку XVII стагоддзя апынуліся яны на пераплаўцы з грашовымі мэтамі. Яшчэ Партугалія, калі прывозіла тысячамі пудоў золата з амерыканскіх калоніяў, праславілася залатымі скульптурамі, якімі аздабляліся каталіцкія храмы, аднак і яны не зьберагліся, за­браныя ў казну зноў жа для вырабу звонкай манеты.
– У Індыі ёсьць залатыя скульптуры, – скончыў Павел Аляксеевіч сваё падлічэньне, – але гэта Буды.
– Па чутках, у калекцыі князёў Радзівілаў у іхнім Нясьвіжскім замку былі залатыя скульптуры апосталаў, – сказаў я.
– Па чутках, на сьвеце не зьлічыць было цудаў, – скептычна адрэагаваў Пяроў. – Толькі відавочцаў ніколі не ўдаецца адшукаць. А што тычыцца калекцыі князёў Радзівілаў, то тут менавіта такі, думаю, выпадак.
Ён змоўк, нібыта цалкам выклаў пераканальныя доказы. Заінтрыгаваны недахопам падставаў, я спытаў:
– Чаму?
– Правінцыйныя княжацкія калекцыі звычайна закрытыя для агляду. Ніхто іх цалкам ня бачыў, ніхто апісаньня на публіку не выстаўляў. Якой пробы золата, хто аўтар, хто адліваў, калі – акружана непрагляднай цемрай. Ды і такая загадка: адкуль паходзіць золата для скульптуры? У Літве і Польшчы залатых руднікоў няма. Значыць, трэба было прывезьці ці захапіць у патрэбнай колькасьці. Калі прывезьлі? Дзе купілі ці здабылі? Чыё на іх кляймо? Паказаны год ці не? Не пры мне, а яшчэ задоўга да мяне, у гэты музей паступіла калекцыя скіфскіх залатых рэчаў, якую падараваў Кацярыне І заводчык Дзямідаў. Было ў ёй 1250 залатых выяваў зьвяроў. На жаль, усе гэтыя бясцэнныя старажытнасьці забралі ў Эрмітаж. Але пра кожную было вядома, дзе знайшлі пры раскопках. А яны на тысячы гадоў старэйшыя, чым гэтыя твае апостальскія статуі, якімі ты цікавішся…
– Ну а дапусьцім, у Маскве той жа, Павел Аляксеевіч, у смутны час?
– Шмат хто там быў, судар мой, ды Радзівілаў не было. Ня выпала ім.
– У іншых месцах былі, – сказаў я. – Вось, у мяне ёсьць сьпіс іх скарбаў. Не адмовіцеся зірнуць, – і працягнуў яму скаргу Бургельскага.
Толькі кінуўшы позірк на дакумент, Пяроў зацікавіўся і паклікаў мяне да сябе ў кабінет.

Кабінет вучонага сакратара

Ён жыў пры Кунсткамеры ў казённых двух пакоях, з якіх першы называўся ў яго гасьцёўняй, а наступны – кабінетам, хоть абодва былі аднолькава абстаўлены мэбляй – стол і па адным крэсьле, але ў кабінеце была яшчэ канапа, якая служыла Паўлу Аляксеевічу ложкам і, здаецца, ніколі ў іншых мэтах не выкарыстоўвалася. Сталы ж былі завалены кнігамі і аркушамі паперы з выпіскамі, так што госьць адразу пачуваўся ў пакоях як рэч абсалютна лішняя.
Вось у гэты кабінет мы ўвайшлі, сакратар прысеў да стала чытаць сьпіс каштоўнасьцяў, забыўшыся, зразумела, прапанаваць мне крэсла з гасьцёўні, і я цярпліва стаяў у яго за сьпіной. Некалькі разоў ён вымавіў “Гэта цікава!”, адносячы сваю ацэнку да наступных радкоў:
разные дорогие камни в коллекции от давних веков собранные;
антики, в коллекции комплектованные;
в большом количестве серебряную и золотую монету и медали в коллекции собранные;
турецкие наметы, или палатки, значительной цены;
много разных часов;
ружья в разных коллекциях и в знатном числе.
– Так, ёсьць тут цікавыя рэчы, – абагульніў Пяроў, – асабліва гадзіньнікі і медалі. А дзе гэта ўсё, можа ведаеш?
– Спадзяюся, у Збройнай палаце, – адказаў я. – А можа ўжо у Палацавым ведамстве.
– Але аб статуях тут не гаворыцца, – узгадаў мой інтарэс Пяроў. – Хоць хто-небудзь іх бачыў?
– Князь Рапнін, калі ў Польшчы пасольстваваў.
– Князь Рапнін… – з роздумам паўтарыў Пяроў, нібыта ўзважваў магчымую верагоднасьць яго сьведчаньняў. – Хто там ведае нашто казаў, калі пасольстваваў. Можа і не залатыя былі, а пазалочаныя. Вось на цэрквах купалы называюцца залатаглавыя, а гэта сусальнае золата па медных лістах. Ды і мала розуму, Андрэй Юр’евіч, залатыя скульптуры адліваць, нельга атрымаць высокай мастацкай якасьці адліўку, рэдкі скульптар возьмецца з золатам працаваць.
– Мне вядомы толькі два значныя творы ў жанры залатой скульптуры, – працягваў ён. – Італьянскі майстар Чэліні на заказ караля Францыска I зрабіў залатую салонку ў алегарычным выглядзе мужчыны і жанчыны, да і тое вышынёю ў фут, яна цяпер у венскай імперскай калекцыі. Ды яшчэ статуэтку пяці вяршкоў. Ну кароны, канешне, з золата рабілі, ланцугі да рэгаліяў, кубкі. А больш усё ювелірныя вырабы. Яшчэ для царквы, зразумела, падарункі. Дамскія цацкі розныя, флакончыкі… Але ў гэтым я мала дасьведчаны. Трэба да болей адукаваных зьвярнуцца. Толькі ня ведаю да каго… Але павер, мілы чалавек, калекцыя Кунсткамеры шматкроць даражэйшая за залатыя скульптуры. Тут – натура, а там простая прагнасьць…
– Напэўна, – пагадзіўся я, – але як многа людзей перакананы ў адваротным… А вось калі, дапусьцім, хцівы чалавек скрадзе залатую скульптуру, ці зможа ён яе прадаць…
– Безумоўна зможа, – сказаў Пяроў. – Пераплавіць ці разаб’е ў лом і збудзе перакупшчыкам, якіх заўсёды напагатове, як варон…
– А ці магчыма, Павел Аляксеевіч, – вырашыў спытаць я, – што залатыя скульптуры апосталаў трапілі да Радзівілаў са Стамбулу? У часы крыжовых паходаў ці пазьней гандлёвым шляхам?
Пры гэтых словах вучоны сакратар Кунсткамеры з абурэньнем павярнуўся да мяне, быццам я ўкалоў яго ў сьпіну шпількай.
– Залатыя апосталы! Са Стамбулу! Гэта значыць з Канстанцінопалю! – у яго голасе гучала непрыхаваная агіда. – Які грамацей выказаў вам гэткую ідэю?
Я палічыў немагчымым утойваць і назваў імя:
– Генерал-ад’ютант Закрэўскі. Думаю, ён польскае меркаваньне пераказваў.
– Спытайце ў яго, ці вучыўся ён гісторыі? – саркастычна параіў мне Пяроў. – Калі крыжаносцы разрабавалі Канстанцінопаль, Радзівілы яшчэ ў лесе сядзелі. Хоць ведае ён, у якім годзе Літва хрысьцілася? А калі туркі захапілі другі Рым, усё золата ў султанскую скарбніцу пайшло. Ды там хрысьціянскай нагі не было з таго часу. Толькі палонныя ды дыпламаты. Палякі любяць выхваліцца, а рускія, – ён непахвальна паглядзеў на мяне, быццам выкрыў мае таемныя заганы, – любяць разьвесіць вушы і слухаць розныя глупствы. Калі б была у туркаў такая рэліквія, пра яе ўся Еўропа гула б. Не, судар мой, на сьвеце нашмат меней золата, чым малюе сабе варварскае ўяўленьне… Нашае варварскае еўрапейскае ўяўленьне прымушае верыць, што ў шаснаццатым стагоддзі індзейцы хавалі ад вядомага канкістадора Пісаро вялізны залаты ланцуг вагой 625 пудоў, які падымалі дзьвесьце дужых мужчынаў разам. Ужо трыста гадоў яго намагаюцца адшукаць бессаромныя і безгаловыя прахадзімцы. І залатых апосталаў са Стамбулу, – пакрывіўся Пяроў, – будуць таксама шукаць, бо глупства і прагнасьць заўсёды маюць больш прыхільнікаў, чым веды…
Апошняя заўвага сакратара Кунсткамеры закрыла пытаньне пра тузін залатых скульптураў апосталаў ранейшай невядомасьцю. Бяз вопісаў ці паказаньняў сьведкаў, зразумеў я, ніяк мне яго ня вырашыць.

Некаторыя зьвесткі пра нясьвіжскага князя

Асноўныя ўдзельнікі нясьвіжскай рэквізіцыі былі пайменна названыя ў скарзе захавальніка скарбу, а сьведкамі вопісаў маглі быць толькі генералы і афіцэры 3-й арміі. Склаўшы кароткі сьпіс, я перадаў яго аўдытарам дзеля атрыманьня дадзеных па фармулярах ці з іншых крыніцаў, каб мець уяўленьне пра цікавых для мяне асобаў. Назаўтра ўсё запатрабаванае ляжала на маім стале, і я змог азнаёміцца з кароткім жыцьцяпісам уладальніка Нясьвіжу ды іншых асобаў, якія пасьпелі падзіваваць на скарбы князёў Ра­дзівілаў. Натуральна, першае месца ў ім займаў апошні валадар Нясьвіжа:
Дамінік Геранім Радзівіл, князь. Нарадзіўся ў 1786 г. Бацька Геранім Радзівіл – памёр ў 1786 г. Маці – князёўна Соф’я Турс-Таксіс. Сканала ў 1800 г. У 1799 г. на маёмасьць кн. Дамініка накладзены секвестр, каб прымусіць да вяртаньня ў Расію з Аўстрыі. У 1801 г. прыняты на выхаваньне кн. Адамам Чартарыйскім, жыў паблізу Варшавы. У 1805 г. кн. Дамінік як паўнагадовы прыбыў у Пецярбург для складаньня прысягі, пасьля чаго ўступіў у валоданьне ардынацыяй. Таго ж году пашлюбаваўся з Лізаветай Мнішак з польскага роду, з якой не зьлюбіўся. У 1807 г. зьехаў у Вену разам з замужняй Тэафіляй Мараўскай. У гэтым сужыцьці ў 1808 г. 29 лютага нарадзіўся сын Аляксандр. У 1809 г. кн. Дамінік і Тэафіля ўзялі царкоўны шлюб у Нясьвіжы, праз тры месяцы ў іх нарадзілася дачка Стэфанія. У красавіку 1811 г., ня маючы вайсковага досьведу, прыняў камандаваньне палком уланаў у войску Варшаўскага герцагства, выдаткаваўшы 216 тысячаў рублёў на экіпіроўку і рыштунак салдатаў і афіцэраў.
У 1812 г. полк Радзівіла быў у складзе французскага корпусу кавалерыі Мюрата. Полк удзельнічаў у баях пад Астроўнай, Смаленскам, Мажайскам, на Барадзінскім полі, уваходзіў у Маскву, рэшткі яго ўратаваліся на Беразіне. Узнагароды: ордэн Ганаровага легіёну, польскі ордэн Віртуці мілітары. У бітве пры Ганау 30 кастрычніка 1813 г. сьмяротна кантужаны, праз два тыдні сканаў. Дачка Стэфанія залічаная на выхаваньне ў Кацярынінскі інстытут для сіротаў шляхецкага паходжаньня.
З гэтага пункцірнага апісаньня лёсу нясьвіжскага князя змог я вывесьці, што яго галоўная вартасьць палягала ў агромністай маёмасьці, а галоўны пралік таіўся ў сьляпой веры ў Напалеона, якая прывяла яго на Барадзінскае поле і ў Маскву. Пасьля знаходжаньня князя ў спаленай даўняй сталіцы нешаноўнае стаўленьне расейскіх войскаў да яго маёнткаў і каштоўнасьцяў было непазьбежным. Выпадак распарадзіўся, каб ролю маёмаснага мсьціўцы прыняў на сябе камандуючы 3-й арміяй, ну а падначаленыя дзейнічалі па загадзе, хоць і ў поўнай згодзе з настроямі грамадства.
З уласных назіраньняў на палях бітваў я ведаў, што бальшыня ў арміі ўспрымала палякаў зьлейшымі ворагамі, чым французаў. Расейскі гонар адчуваў сябе абражаным зьяўленьнем польскіх войскаў у Маскве праз двесьце гадоў пасьля іх паходаў за царскай каронай. Сама думка, што Панятоўскі, уланы Радзівіла прагульваліся па Крамлі, уваходзілі ў праваслаўныя храмы і адзначыліся рабункамі маскоўскіх дамоў, дзейнічала раздражняльна, як дотык крапівы. У нашэсьце з Напалеонам на Расейскую дзяржаву палякі выправілі 17 пяхотных і 16 уланскіх палкоў, агульнай колькасьцю 60 тысячаў салдатаў. Ды яшчэ у склад французскіх дывізіяў уваходзілі чатыры палкі ветэранаў (“Легіён Вісла” ў складзе гвардыі Напалеона). Напалеон стварыў таксама і ў літоўскіх губернях 6 пяхотных, 6 конных палкоў і 3-ці гвардзейскі лёгкаконны полк са шляхты. Усіх літоўскіх войскаў разам з нацыянальнай гвардыяй было 22 тысячы. Польскіх і літоўскіў палкоў разам – 80 тысячаў з гакам.

Некаторыя зьвесткі пра адмірала Чычагава

Старое пакаленьне расейскіх афіцэраў і салдат памятала навуку Суворава штыкавому бою: немец – раз калоць, француз – два калоць, паляк – тры разы калоць! За што Аляксандр Васільевіч не любіў палякаў, цяжка меркаваць, бо менавіта за ўзяцьце Варшавы атрымаў ён фельдмаршала. Але вось як заклаў ён традыцыю, так яна і працягвалася: палякаў лічылі здраднікамі, а самай мяккай формай помсты было разбурэньне. Чычагаў і яго афіцэры таму не сумняваліся, што чыняць справядлівасьць, здабываючы княжскую маёмасьць. Ды яшчэ апроч палкоўніка Дамініка быў у напалеонаўскай арміі ў дывізіі Гранжана генерал Міхал Радзівіл, з прускай лініі роду, – камандзір брыгады, якая складалася з двух польскіх пяхотных палкоў. Хоць гэты Радзівіл усю вайну ціха прастаяў са сваімі палкамі пад Рыгай і ня меў мажлівасьці атрымаць сумную ці слаўную вядомасьць. Але гэтага было дастаткова, каб служыць перакананьню ў вінаватасьці Радзівілаў перад нашай дзяржавай. Наўрад ці адмірал Чычагаў мог трымацца іншага меркаваньня.
Чычагаў Павел Васільевіч. Нарадзіўся ў 1767 г. Вучыўся ў марскім корпусе. У 1779 г. залічаны сяржантам лейб-гвардыі Прэабражэнскага палка. За храбрасьць у бітвах пры Выбаргу і Рэвелі ў 1790 г. узнагаро­джаны ордэнам св. Георгія 4-й ступені. У 1792 г. з дазволу імператрыцы разам з братам Пятром год вывучаў у Англіі марскія навукі. У 1794 г. Чычагаў камандуе караблём “Рэтвізан” і крэйсіруе ля англійскага ўзьбярэжжа. У Чатаме закахаўся ў дачку начальніка мясцовага порта Лізавету Пробі і вярнуўся ў Расію яе жаніхом. У 1797 г. адмірал Пробі сканаў, і Чычагаў прасіў цара дазволіць яму выехаць за мяжу для ўступленьня ў шлюб. Павел I адмовіў: “У Расіі дастаткова дзяўчат, і няма патрэбы ехаць шукаць іх у Англію”. Адначасна імператар надаў Чычагаву чын контр-адмірала і прызначыў камандаваць эскадрай, якая выпраўлялася ў Англію для дзеяньняў супраць Галандыі. Непрыяцелі адмірала падалі цару жаніцьбу Чычагава як зачэпку для перахода на англійскую службу. Павел абвінаваціў яго ў здрадзе і загадаў зьмясьціць у равелін Петрапаўласкай крэпасьці. Адмірал пачаў пярэчыць, спасылаючыся на прывілегію ордэна св. Георгія. Цар загадаў сорваць з яго Георгіеўскі крыж і эпалеты, Чычагаў у адказ скінуў мундзір і ў адной камі­зэльцы быў дастаўлены ў равелін. Дзякуючы заступніцтву генерала Палена вызвалены, адноўлены ў чынах і атрымаў дазвол ажаніцца з а­б­раньніцай. З пачаткам панаваньня Аляксандра прызначаны віцэ-адмі­ралам. З 31 сьнежня 1802 г. марскі міністр. З 1805 г. сенатар, з 1811 г. чалец Дзяржаўнага Савету. У траўні 1812 г. прызначаны камандуючым Дунайскай арміі, галоўным начальнікам Чарнаморскага флоту, генерал-губернатарам Малдавіі і Валахіі. 1 жніўня вырушыў з арміяй на Валынь і Літву. 9 лістапада заняў Барысаў, выбіўшы з гораду польскую дывізію Дамброўскага. Арганізаваў перасьлед французаў пасьля Беразіны. 3 лютага 1813 г. са спасылкай на хваробу адышоў ад камандаваньня. Дэвіз Чычагава на пячатцы: “Быць, а не здавацца”. Жонка Лізавета Пробі памерла ў 1811 г. Асірацелыя дочкі: Адэлаіда (1800г.), Юля (1803 г.), Кацярына (1807 г.) выхоўваліся ў Англіі ў сястры маці. У 1814 г. адмірал Чычагаў , атрымаўшы згоду на бестэрміновы адпачынак, выехаў да дачок. Пры гэтым павёз з Расіі прах сваёй жонкі, які пахаваў у англійскім горадзе Бедынгтон побач з царквой, дзе ў 1799 г. адбыўся іх шлюб.
Біяграфія генерал-ад’ютанта, адмірала Чычагава падказвала, што чалавек, здольны кінуць мундзір пад ногі імператару, здольны і да іншых неардынарных учынкаў. Напрыклад, весьці армію ў бітву з Напалеонам, не пабыўшы ў ніводным сухапутным баі, а таксама выправіць у складзе авангарднага аддзелу на ўзяцьце Менску сорак вазоў каштоўнасьцяў на 10 мільёнаў залатых, лёс якіх ахутае густы туман. Але ж разумеў патрабаваньні законнасьці, ствараючы камісію з высокіх чыноў сваёй арміі. Усе яны пабывалі ў радзівілаўскім замку, бачылі патаемную скарбніцу і ўсе каштоўнасьці, адтуль забраныя. А можа і патрымалі іх у руках, выглядаючы сабе сувеніры.
Ніхто з высокіх асобаў чычагаўскай камісіі цяпер у Пецярбургу не знаходзіўся, і ўспаміны іхнія аб нясьвіжскай рэквізіцыі можна было атрымаць хіба што праз адпаведныя карпусныя аўдытарыяты, што патрабавала шматмесячнай перапіскі бяз бачнай карысьці. Калі хто і быў сьведкам парушэньняў, то ўзгадваць пра іх ня будзе.
Пакінулі белы сьвет два сьведкі, вельмі значныя для дасьледаваньня справы Тучкова:
Валуеў Пётр Сьцяпанавіч. Галоўны начальнік над крамлёўскай эксьпедыцыяй і Збройнай палатай. Памёр у 1814 г.
Рахманаў Сьцяпан Мікалаевіч. Генерал-інтэндант 3-й арміі адмірала Чычагава. Памёр у 1815 г.
Сьмерць гэтых службовых асобаў абрывала ясны сьлед вывезеных з Менску скарбаў княжага роду Радзівілаў. Што Рахманаў даставіў у Маскоўскі сабор, а што патрапіла Валуеву ў Збройную палату, ці пасьпеў быў Валуеў разабраць дастаўленыя яму багацьці, ці адаслаў нейкія рэчы ў Эрмітаж, дзе цяпер знаходзяцца вопісы прынятых каштоўнасьцяў – усё гэта заставалася невядомым і незразумелым.

Польскія прыхільнікі пры асобе гасудара

Блізкіх да імператара палякаў, якіх генерал-маёр у лісьце сваім да ваеннага міністра падазраваў у інтрыгах супраць сябе, мне налічылі трох, але вельмі ўплывовых і для Аўдытарскага дэпартаменту па гэтаму дасьледаваньню зусім недаступных:
Марыя Антонаўна Нарышкіна. Нарадзілася ў 1779 г. Дачка князя Антона Станіслава Чацьвярцінскага, кашталяна перамышльскага, за­бітага паўстанцамі ў Варшаве ў чэрвені 1794 г. за прарасейскую сваю скіраванасьць. У 1795 г., адразу па ўцёках з Польшчы ў Расію, была аддадзеная за гафмейстара Дзьмітрыя Львовіча Нарышкіна. Чацьвярцінскія – стары літоўскі род, вядомы з 1387 г. уладаньнямі на Валыні.
Не ў паходжаньні, зразумела, палягала моц гэтай маладой жанчыны. Усе ведалі, што яна дзесяцігоддзе была абраньніцай сэрца імператара, як бы яго грамадзянскай жонкай, і, па чутках, маці трох дзетак ад Аляксандра; у нейкія гады ён пільна прыслухоўваўся да яе ласкавага шэпту. Жаданьне Нарышкінай паслужыць інтарэсам і гонару першай сваёй ра­дзімы і сваім сваякам, якія там засталіся, шмат хто бачыў у недазвольнай мяккасьці імператара да польскіх прэтэньзіяў.
Князь Адам Чартарыйскі. Нарадзіўся ў 1770 г. Удзельнічаў у ваенных сутыкненьнях 1792 г. з рускімі войскамі. У бунце 1795 г. ня ўдзельнічаў, бо быў прысланы разам з братам сваім па жаданьні імператрыцы да яе двара, каб пазьбегнуць канфіскацыі маёнткаў. У 1803 г. атрымаў прызначэньне апекуном Віленскай вучэбнай акругі і памочнікам дзяржаўнага канцлера Варанцова. Потым кіраваў Міністэрствам замежных справаў імперыі. У 1810 г. выехаў у Вільню і займаўся справамі асьветы ў сваёй вучэбнай акрузе. У часе вайны 1812 г. трымаў расейскі бок. На Венскім кангрэсе садзейнічаў імператару Аляксандру дамагчыся ўтварэньня Царства Польскага.
Гэтыя фармальныя зьвесткі істотна дапаўняліся настойлівымі чуткамі, што юная жонка імператара Аляксандра, найпрыгажэйшая жанчына вышэйшага сьвету, Лізавета Аляксееўна нарадзіла ад Адама Чартарыйскага дачку. Гэта здарылася яшчэ пры жыцьці імператара Паўла, які разьярыўся ад такога і хацеў саслаць няўдзячнага паляка ў Сібірскі полк; толькі развага аб непазьбежнай ганьбе яго сына і вялікай княгіні ўратавалі Чартарыйскага ад Сібіры. Тым ня менш ён быў выдалены з Пецярбургу і паехаў паслом да караля Сардыніі. Пераняўшы карону, Аляксандр вярнуў сябра юнацкіх гадоў і стварыў для яго вялікія магчымасьці, даручыўшы весьці міністэрства замежных справаў. Ворагі князя намагаліся пераканаць цара, што тайная мара Чартарыйскага – стаць каралём адноўленай Польшчы. Заходзячы далёка наперад, магу тут сказаць, мілыя мае ўнукі, што пасьля падаўленьня недарэчнага бунту ў Польшчы і ў нас на Літве, польскія эмігранты ў Парыжы ў 1834 годзе абвясьцілі Чартарыйскага каралём Рэчы Паспалітай. Ці варта казаць, што дваццаць два гады перад тым ня мог ён быць супраць таго, каб армейскі замах на замак Радзівілаў і фамільныя іх скарбы атрымаў вядомага адказчыка з генеральскімі эпалетамі .
Падобна і літоўскі паляк Агінскі наўрад ці прапусьціў зручны выпадак абгаварыць перад імператарам генерал-маёра Тучкова, памятаючы бамбаваньне яго артылерыйскай ротай Вільні ў 1794 годзе.
Князь Міхал Клеафас Агінскі. Нарадзіўся ў 1765 г. У 1791 г. прынёс прысягу на вернасьць імператрыцы Кацярыне II, каб захаваць маёнткі, якія апынуліся на землях, вернутых ад Польшчы ў 1772 г. У 1793 г. сьцьвярджаў сваім подпісам Акт аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Пры пачатку паўстаньня Касьцюшкі хацеў выехаць з Літвы, але быў арыштаваны літоўскай стражай і ледзь пазьбег сьмяротнага пакараньня. Пасьля гэтага ўвайшоў у склад Вышэйшай Літоўскай рады, якая ачольвала паўстаньне, ахвяраваў 118 тысячаў рублёў на ўзбраеньне коннага палка, узброіў за свой кошт батальён стральцоў з 480 чалавек. Прыняўшы над ім камандаваньне, прыняў удзел у баях, потым эміграваў, у сувязі з чым яго маёнткі ў літоўскіх губернях былі канфіскаваныя, ён страціў каля мільёну залатых гадавога даходу. У 1801 г. атрымаў дазвол вярнуцца ў Расію. Прынёс прысягу і пасяліўся ў маёнтку Залесьсе. У 1810 г. яму былі дараваныя імператарам званьне сенатара, тытул тайнага дарадцы і расейскія ордэнскія ўзнагароды. Вайну 1812 г. сустрэў у сьвіце імператара. Складаў праект аднаўленьня Вялікага герцагства Літоўскага ў межах 1772 г. пад кіраваньнем Расейскага гасудара. Вядомы таксама як аўтар модных паланэзаў.
Зразумела, тры такія польскія душы, думаў я, маглі толькі вінаваціць Чычагава і Тучкова перад царом, выстаўляючы іх дзеяньні як перашкоду польскаму даверу да Расіі і нагнятаньне боязі ў багатых сем’ях польскага накірунку думак у літоўскіх губернях. Для іх скарга нясьвіжскага каменданта стала нібыта сьведчаньнем божага жаданьня пакараць крыўдзіцеля польскіх сядзібаў. Ды і сам цар, у адрозьненьне ад бабулі сваёй, адчуваў да палякаў палітычную ласкавасьць, знаходзячы дастойным сваёй асобы ўвайсьці ў еўрапейскую гісторыю ў ролі адраджальніка Польшчы. Таму генерал-маёр Тучкоў, выказаўшы неразуменьне гасударавых пачуцьцяў, ня мог быць пакінуты без непрыемнасьцяў.
Здагадкі мае маглі быць і памылковымі, маглі быць і праўдзівымі, але ўсе сапраўдныя падзеі, што адбыліся ў Нясьвіжскім замку, мелі пакуль асьвятленьне толькі ад пацярпелага боку, за які была ўспрынятая дробная службовая асоба княжацкай рэзідэнцыі. На такім сьлізкім падмурку выказваць генерал-аўдытару якія-небудзь папярэднія меркаваньні, аздобленыя дзясяткам пытальнікаў, я палічыў немагчымым.

Найвысачэйшы загад
Мой удачлівы аднакашнік

Закрэўскі быў маім знаёмцам яшчэ па Шклоўскай кадэцкай вучэльні да пераводу яе ў Гарадзенскі новы замак пасьля пажару, які зьнішчыў гэты твор знакамітага генерал-маёра Сямёна Зорыча. Ён быў нашым дырэктарам, утрымліваў вучэльню на свае сродкі, кадэты былі яму замест дзяцей, усе любілі яго за спагадлівасьць і шчыра сумавалі, калі ў лістапа­дзе 1799 году ён пакінуў гэты сьвет. Мы з Закрэўскім не сябравалі, яго выпусьцілі ў васемсот другім годзе ў мушкецёрскі полк, мяне наступным годам – у егерскі, але аднойчы нам давялося разам зьнемагаць у карцары і нават быць хвастанымі за самавольнае купаньне ў Нёмане. Калі б мы цяпер, праз шмат гадоў, былі ў аднолькавых чынах, нам, пэўна, было б прыемна ўзгадваць тую кадэцкую прыгоду, але няроўнасьць службовага становішча не заахвочвала да збліжэньня.
Абавязацельстваў перад Закрэўскім я ніякіх ня меў, у Дэпартамент я быў прыняты пры яго папярэдніку і ўсталёўваць нейкія асаблівыя адносі­ны з начальнікам мне не хацелася. На службе фартуна яго прыкмеціла, мяне – не, а мы былі з ім амаль аднагодкі. З гэтай прычыны я выконваў службу па Дэпартаменту старанна, каб не ствараць мажлівасьці начальніцкіх дакораў. Аўдытарская служба была мне зусім не па душы, ды я быў змушаны яе цярпець, і таму адстойваў сваю годнасьць не сяброўскімі ўспамінамі, а добрай працай. Закрэўскі адчуваў такі мой настрой і паважліва яго прыняў, ва ўсялякім выпадку не дазваляў сабе панібрацтва, да чаго быў схільны па сваім характары, кампанейскім і шумлівым. Быў ён чалавек шчыры, сьмелы, праўдзівы, і супраць яго нічога ня мог я казаць ці думаць адмоўнага. Ды і сярод падначаленых яму чыноў аўдытарскага ведамства атрымаў ён немалы аўтарытэт, зьдзейсьніўшы рамонт кабінетаў і абнавіўшы мэблю. Да яго Дэпартамент месьціўся ў старых пакоях даўняй Ваеннай калегіі, нікчэмны выгляд якіх мог спаборнічаць з канцылярыямі забытых Богам паветаў. Сьцены былі пакрытыя павуціньнем, якое зьберагалі як рэліквію першых дзён існаваньня новай сталіцы, за сталамі карчомнага тыпу, парэзаных сьцізорыкамі і запэцканых чарніламі, на лаўках, зьвязаных вяроўкамі, драмала пісарская служба. Чарнільніцамі служылі ахвяраваныя пісарам іхнімі дамамі памадныя шклянкі. Пад сталамі і ўсюды на падлозе валяліся пакрытыя пылам стосы дакументаў, з якіх пры любым да іх дакрананьні разьбягаліся ў розныя бакі шайкі прусакоў. Калі ў сьнежні пятнаццага году я атрымаў прызначэньне ў Дэпартамент, тут нявырашаных справаў і дакументаў было некалькі тысячаў. Дасланыя ў Архіў новыя справы засоўвалі­ся бяз вопісу наўздагад у любую шчыліну паміж старымі, і самая малаважная даведка патрабавала месяцу пошукаў, некаторых зьвестак і зусім адшукаць было немагчыма. З прыходам Закрэўскага Дэпартамент атрымаў шафы з чырвонага дрэва, выдатныя сталы для ўсіх, для обер-аўдытараў з зялёным сукном, бронзавымі падсьвечнікамі і чарнільніцамі. Замест састарэлых паламаных лавак зьявіліся крэслы, і ўсё разам ужо не выклікала таго пачуцьця адчаю, што ты трапіў на ўскраіну чыноўнага жыцьця. Абагаўляючы парадак і стараннасьць чыноў, генерал-аўдытар жорстка рэгламентаваў службовы дзень, акрэсьліўшы час працы з шасьці раніцы да абеду і з абеду да дзявятай гадзіны вечару. Бяда была пісару, калі ён парушаў гэты распарадак. На падставе такой прускага ўзору строгасьці былі разабраныя ўсе справы, дакументы расстаўлены згодна са сваім відам і па алфавіце, і ўжо не патрабавалася даходзіць да белага каленьня, адшукваючы неабходнае. Праўда, да месца будзе адзначыць, што такі парадак быў зручны найперш самому генерал-аўдытару, паколькі ён, выконваючы абавязкі дзяжурнага генерала Галоўнага штабу яго Імператарскай Вялікасьці, адначасна ўзначальваў Інсьпектарскі і Аўдытарскі дэпартаменты; валоданьне разнабаковымі службовымі зьвесткамі рабіла яго незаменным дарадцам гасудара, і ніці мноства кар’ераў засяроджваліся ў ягоных руках.
Генерал-аўдытар зьявіўся ў дэпартамент а шостай гадзіне вечара, і я з падборкай дакументаў зайшоў за ім у кабінет.
– Сядайце, Андрэй Юр’евіч, – запрасіў Закрэўскі. – Бачу, вы падрыхтаваліся, – усьміхнуўся ён, прымаючы ад мяне паперы.
– Не магу пахваліцца. Пакуль што цьмяны абрыс…
– Ну і ў мяне ёсьць некаторыя контуры, – у тон мне паведаміў генерал-аўдытар, выймаючы з партфелю некалькі аркушыкаў.
– Вы, пан егерскі палкоўнік, – з усьмешкай спытаў Закрэўскі, – князя Дамініка Радзівіла, спадзяюся, сустракалі дзе-небудзь у баях?
– Бачыў яго ўланаў пад Астроўнай і ў бітве за Смаленск.
– І як вы да яго ставіцеся?
– Шкадую пра лёс яго, – адказаў я. – Ён загінуў.
– Так, загінуў, – кіўнуў Закрэўскі і не ўтрымаўся ад піке: – Па іроніі лёсу не ад егерскай кулі пад Смаленскам, а ў бітве пры Ганау ад баварцаў, якія здрадзілі Напалеону.
– Невялікая была б для яго розьніца з гэтакім вынікам, – адзначыў я.
– У прынцыпе – так. Але, магчыма, яму было б менш крыўдна.
– Баварцы – вядомыя злодзеі, – сказаў я з такой шчырай горыччу, што на твары Закрэўскага адбілася зьдзіўленьне:
– Чым жа такім асаблівым яны вам вядомыя?
– Рабункамі, зразумела. У ліку іншага яны і мой сядзібны дом спалілі!
– Спачуваю, – адгукнуўся Закрэўскі, хутчэй з вясёлай, чым са спачувальнай інтанацыяй. – Але нашых рабаўнікоў ніякі баварац не пераплюне. У князя Радзівіла сто дваццаць пяць тысячаў мужчынскага полу было ва ўладаньні, маёмасьць меў у дзьвесьце пяцьдзесят мільёнаў залатых. А яго нашы генеральскія чыны абабралі, як разбойнікі габрэйскую карчму…

Змрочныя артыкулы ПКУ

– Не зусім так, Арсен Сяргеевіч, – запярэчыў я, – усё ж ён у варожай арміі засьведчыў сваё стараньне. У Смаленскай бітве яго запомнілі, у Маскве пастаяў са сваім уланскім палком, Напалеон у гвардыю залічыў… Шмат было падставаў лічыць яго здраднікам.
Закрэўскі прамаўчаў, і мая рэпліка, не атрымаўшы адказу, бясьсьледна растала ў паветры.
– А ці зможаце вы, Андрэй Юр’евіч, цікаўлюся проста так, для ўсебаковай карціны, назваць параграфы Палявога Крымінальнага Укладаньня, – вярнуўся ён да сваёй тэмы, і было ясна, што ня з простай цікаўнасьці, а з асэнсаванай задумы, – назваць такія параграфы, згодна з якімі вінаватых у падобным рабаўніцтве маёмасьці без загаду можна прыцягнуць да адказнасьці, і якое іх можа чакаць законнае пакараньне? Калі абапірацца, зразумела, на канкрэтныя абставіны таго драматычнага часу.
– Строга па Укладаньні? – перапытаў я.
– Менавіта так, – быў цьвёрды адказ, і я зразумеў, што гэтая тэма ім нядаўна з кімсьці абгавораная, магчыма, і само Укладаньне ён уважліва перачытаў.
– На мой погляд, можна прымерыць параграф 13-ты, – адказаў я. – Адлучка ці няяўка да месца бітвы. Пакараньне акрэсьліваецца як грама­дзянская сьмерць, гэта значыць пазбаўленьне ўсіх грамадзянскіх правоў і ссылка ў Сібір на пасяленьне з наступнай забаронай жыць у сталіцах.
Закрэўскі засяроджана слухаў.
– Яшчэ можна прыкласьці параграф 64-ты – замах камандай на рабунак. Пакараньне зусім жорсткае – дэцымацыя, расстрэл кожнага дзясятага ў шэрагах. Але наўрад ці магчыма падаць такое рашэньне на канфірмацыю.
– Чаму ж нельга? – спытаў Закрэўскі.
– Прэцэдэнту не было.
– Канфірмаваць, магчыма, і нельга, – паправіў Закрэўскі, – а падаць – чаму б і не?
– Яшчэ параграф 73-ці – расстрэл для афіцэра ці камандзіра, які павёў каманду на рабунак.
– Вось яно, – задаволена пасьміхнуўся Закрэўскі. – Павёў жа Тучкоў свой корпус. Праўда? Ну і пра што ён думаў, калі падпадаў пад дзеяньне параграфаў 13-га і 73-га? Калі іх прыкласьці літаральна трымаючыся закону. Але які быў бы скандал!
– Яшчэ б, – адгукнуўся я. – Трох давялося б расстрэльваць – палкоўніка Кнорынга, адмірала Чычагава, а між імі паставіць генерал-маёра Тучкова…
Закрэўскі праігнараваў маю змрочную фантазію, але пра Тучкова не забыў.
– Генерал-маёр яшчэ ў маладыя гады ўмеў не пазьбягаць непрыемнасьцяў, – сказаў ён. – Гавораць, яму пагражала ссылка за прыяцельства з Радзішчавым ды іншымі вольналюбцамі. То ўратавала, што некалькі ранаў атрымаў у галерным баі са шведамі, імператрыца пашкадавала за мужнасьць. Ён і сам вершаплёт, оды ствараў, сатыры розныя… Братам яго не пашанцавала на вайне, – нечакана падсумаваў Закрэўскі. – Вось, да месца будзе прачытаць, – ён працягнуў мне аркуш, на які былі каротка сьпісаныя фармуляры Тучковых:
Тучкоў 1-шы Мікалай Аляксеевіч. Генерал-лейтэнант. Нарадзіўся ў 1761 г. Удзельнічаў у руска-шведскіх войнах 1788-1790 і 1808-1809 гг, а таксама ў Швейцарскім паходзе. У вайну 1812 г. Тучкоў 1-шы камандаваў 3-м пяхотным корпусам. У Барадзінскай бітве корпус Тучкова змагаўся з корпусам Панятоўскага ля вёскі Уціца на Старой Смаленскай дарозе. Уціцкі курган быў адбіты ў французаў контратакай. Тучкоў ачоліў контратаку і быў сьмяротна паранены ў грудзі.
Тучкоў 4-ты Аляксандр Аляксеевіч. Генерал-маёр. Нарадзіўся ў 1777 г. Сямнаццаці гадоў атрымаў капітана, у дваццаць два гады – палкоўніка. У траўні 1807 г. удзельнічаў у авангардных баях пад камандай Багра­ціёна і заслужыў ордэн св. Георгія 4-й ступені. У 1808 г. – генерал-маёр. У Барадзінскай бітве каля вёскі Сямёнаўская брыгада Тучкова несла вялікія страты. Тучкоў сам узьняў сьцяг 1-га батальёна Рэвельскага палка, павёў полк у атаку, але быў забіты карцеччу.
Тучкоў 3-ці Павел Аляксеевіч. Генерал-маёр. Нарадзіўся ў 1769 г. У 1791 г. пачаў службу капітанам у 2-ім бамбардзірскім батальёне. У 1798 г. нададзены чын палкоўніка, у 1800 г. – генерал– маёра. У 1812 г. брыгада Тучкова змагалася ў ар’егардзе да Смаленску. 7 жніўня яго атрад перакрыў Маскоўскую дарогу ля Лубіна. Тучкоў павёў у штыкавую контр­атаку Кацярынаслаўскі грэнадзёрскі полк. У сутыкненьні паранены штыком ў бок, шабельнымі ўдарамі ў галаву. Быў захоплены ў палон і адпраўлены ў Францыю. Вызвалены ў 1814 г. і прызначаны камандаваць 8-й пяхотнай дывізіяй.
Дачытаўшы, я выказаў свае пачуцьці такой фразай:
– Бедная іх маці, калі была жывая і ў адзін месяц атрымала такія зьвесткі.
– М-да, гэта праўда, бедная, – пагадзіўся генерал-аўдытар. – Менавіта была жывая і атрымала. Напакутвалася, канешне…, – на імгненьне ён перапыніўся і вярнуўся да ацэнкі іншай драмы сям’і: – Але ж як ёй было б даведацца, што другі яе сын, брат палеглых герояў, пакараны гасударом імператарам па артыкулах Палявога Крымінальнага Укладаньня? Як бы, цікава ведаць, вы прапанавалі пакараць вядомага генерала з заслужанай высокароднай сям’і?
– Ня ведаю, – адказаў я. – Невядома, ці ўзяў Тучкоў 2-гі нейкія каштоўнасьці са скарбніцы Радзівілаў у якасьці трафею ці только перастараўся ў жорсткім абыходжаньні з захавальнікам скарбаў.
– Трафеі, – пасьміхнуўся Закрэўскі. – Каб трафеі… Шмат хто браў трафеі, іншымі словамі, рабаваў. Не таямніца. Але, каб замак пусьціць пад разгром – толькі ён выказаў рашучасьць. Вы ж ведаеце, у якую непрыемнасьць патрапіў цяпер генерал-маёр Ансіё Аляксандр Ягоравіч? Таксама георгіеўскі кавалер. І таксама дзяжурным генералам у арміі Чычагава быў… – Тут Закрэўскі некалькі нават зьдзівіўся свайму адкрыцьцю. – Дзіўную навуку яны прайшлі ў пана адмірала. А цяпер звольнены за злачынныя дзеяньні сваіх падначаленых, асуджаны гараваць з сям’ёй. Усе разумеюць, што генерал Ансіё капейкі сабе ня ўзяў, але халатна камандаваў… І Тучкоў павінен быў уяўляць, якія народзяцца наступствы з агрэсіўнага настрою да чужой маёмасьці.
– Ня выключана, пан генерал-лейтэнант, – дапусьціў я, – што скаржнік нясьвіжскі перабольшыў свае пакуты і замкавыя страты. Ды і ў самой скарзе прама акрэсьлена, што каштоўнасьці павёз на мностве брычак камандуючы арміяй. Здаецца мне, што ён мусіў загадаць паставіць у замку ахову, хоць бы ўланскі эскадрон узяць ад Кнорынга. І справе канец. Не вывозіць абоз, не дапускаць да крадзяжу казакаў, не цягаць абоз пры арміі ў Менск. Не марнаваць на гэта конскія рэсурсы і людзей. Цяжка гэта лучыцца з хуткім пераходам да Беразіны.
– У тым і справа, – быццам задаволены маімі заўвагамі падкрэсьліў Закрэўскі, – шмат тут учынкаў, незразумелых з ваеннага пункту гледзішча. – Вось яшчэ раю вам пазнаёміцца, – ён пасунуў да мяне два шчыльна сьпісаныя аркушы.

Хадайніцтва Кутузава і верш Тучкова 2-га

Першы быў копіяй ліста камандуючага Малдаўскай арміяй Кутузава ваеннаму міністру Барклаю-дэ-Толі, пасланага з Бухарэсту ў траўні, напярэдадні французскага нашэсьця:
“Вашему высокопревосходительству известно, что генерал-майор Тучков 2-й, за отличие, сего года в экспедиции на правый берег Дуная, всеподданейше представлен от меня ко всесмилостивейшему награждению орденом Св. Анны первого класса, коего он не удостоился еще получить. Отличныя заслуги и достоинства сего генерала меня обязывают повторить мое о нем представительство. Он с 1810 года начальствует левым флангом, крепостями в Бессарабии и Браиловым, равно и отрядом флотилии, управляя при том артилерийской и фортификационой частями. Он успел склонить и перевести к Измаилу до ста семей известных казаков под наименованием Некрасовцев, удалившихся с давних времен с Дону и служивших с большой верностью Порте Оттоманской, о которых в царствование императрицы Екатерины II, все покушения о вызове их под державу России оказались тщетны. Да и прочие Некрасовцы чрез письма обещали ему, при первом удобном случае переселиться под державу Россиии. Наконец благоразумным его распоряжением, деятельностью и усердием к службе открыто и остановлено контрабанды более, нежели на миллион рублей, и тем пресечен ввоз в Россию запрещенных товаров. Все сии заслуги генерал-майора Тучкова убеждают меня просить покорнейше ваше высокопревосходительство о исходатайствовании ему испрашиваемого мною всемилостивейшего награждения. С истинным почтением и пр. имею честь быть граф Михаил Кутузов”.
Чытаючы, міжволі спачуваў я генерал-маёру Тучкову. Ужо калі Кутузаў, галоўнакамандуючы ўсімі арміямі ў вайну з Напалеонам, у пераможны час пакінуў увагай баявога генерала, якога асабіста ведаў і ўхваляў, і перад тым за паўгода выстаўляў да ўзнагароды, і раптам не заступіўся, адхіліў ад баявых дзеяньняў, пазбавіўшы магчымасьці высунуцца ў баях, выправіць пралік нейкімі новымі заслугамі, то дзейнічалі супраць Тучкова вельмі магутныя інтарэсанты, пра якіх мог ведаць Кутузаў. Хоць, канешне, гэта да ўзнагародаў за подзьвіг рэкамендуюць пісьмовым хадайніцтвам, а за вінаватага заступаюцца з аглядкай. Прамы начальнік Тучкова мог і павінен быў хадайнічаць за свайго генерала. Ці заступаўся ён? Ці знайшоў зачэпку, каб сказаць слова ў абарону перад гасударам? Да ўзнагароднай рэкамендацыі была прыкладзена старонка вершаў, якая мела назву “Ода по случаю присоединения части Молдавии и Бессарабии к России”. Ода складалася з мноства строфаў, я прачытаў дзьве апошнія:

Где Августы, Трояны
Побед сбирали плод,
Где гордые тираны
Страшили сьмертных род,

Там ныне процветает
В спокойствии страна
И слава повторяет
Россиян имена.

Прыкмеціўшы, што я адарваў позірк ад тэксту, Закрэўскі з непрыхаванай іроніяй патлумачыў:
– Так, так. Генерал-маёр Тучкоў гэту песьню напісаў свайму галоўнакамандуючаму, відаць, у дарунак. Па чутках, Міхаіл Іларыёнавіч быў дужа крануты і вырашыў пазнаёміць гасудара. “Россиян имена” – безумоўна, лашчыла ягоны слых.
Одай быў крануты, падумаў я, але загад аб адхіленьні ад камандаваньня корпусам усё ж прадыктаваў, не зьдзівіўся відавочным недарэчнасьцям. Цар наўрад ці быў закрануты вершамі, аднак вось жа генерал-аўдытара вырашыў з одай азнаёміць. Ці Закрэўскі сам выпадкам раскапаў у канцылярыі Галоўнага штаба гэты паэтычны твор, навеяны Бухарэсцкім мірам?
На другім аркушы зьмяшчалася дакладная адмірала Чычагава гасудару аб баявых дзеяньнях яго арміі, але з устаўкамі цалкам парадаксальнага характару:
“Полк князя Доминика таял от голода. Остатки его князь отправил в Несвиж с обозом из 50 возов с награбленною в Москве добычею. Они прибыли в то время, когда мы входили в город и попали в наши руки. Князю Доминику Радзивиллу это не понравилось, и он позволил себе некоторые оскорбительные для русских войск намеки.
За это в отместку я позволил порыться в подвалах его дома. Там нашли сокровища: жемчуг, бриллианты и т. п. Я увез все, что мог, это будет сложено в Бобруйске или другом месте, и вы изволите решить, что с этим делать. Я не видал, но говорят, есть вещи достойные музеев. Все оценивают более, нежели на миллион рублей”.
Пад данясеньнем стаяла дата – 7 лістапада. Гэта былі дні, калі войскі нашыя перасьледавалі Напалеона да Барысава, і нейкі кур’ер, рызыкуючы жыцьцём павёз гэтае гульлівае паведамленьне цару, калі той чакаў зьвестак пра ход і посьпех заключных бітваў. Ды і дзе мог чуць адмірал Чычагаў абразьлівыя намёкі Радзівіла? І што было князю Радзівілу ківаць, калі ён служыў французам і быў сваім сярод ворагаў Расіі. І ці патрэбны намёкі для таго, каб лічыць трафеям маёмасьць здрадніка, калі сама здрада дае для гэтага важкія падставы? І як сорак вазоў з маскоўскімі каштоўнасьцямі галодныя зьнямоглыя салдаты правялі да Нясьвіжа? І нашто везьці ў Нясьвіж нарабаванае, калі ўсьлед ідзе армія Кутузава? Ды і ці былі гэтыя вазы? Ніколі раней аб выратаваньні маскоўскай здабычы Напалеона не было размоваў, і ніхто ня чуў аб узнагароджаных за гэты подзьвіг? І дзе болей ісьціны: захавальнік багацьця Бургельскі ацэньвае забранае ў 10 мільёнаў, адмірал Чычагаў – у мільён. Хто яму ацэньваў з гэтакім зьмяншэньнем вартасьці?
Закрэўскі чытаў гэтыя напоўненыя зьдзіўленьнем пытаньні па маім твары.
– Так, гасудар быў моцна ўражаны ўчынкамі пана адмірала, – сказаў ён. – Гасудар па сёньняшні дзень схільны лічыць, што Чычагаў адчыніў французам шлях з пасткі. Таму і быў вызвалены ад камандаваньня пры асадзе Торна. Наколькі я памятаю, першага лютага ён здаў камандаваньне арміяй Барклаю-дэ-Толі і выехаў у Пецярбург, а неўзабаве – за мяжу, пакрыўджаны на ўсіх, што яго ледзь ня ўслых называюць здраднікам. Імператар не хацеў скандалаў і высьвятленьня адносінаў у час вайны. Дыпламатыя прымушала захоўваць твар. Хоць бы для гісторыі…
– А як цяпер аднавіць для гісторыі падзеі з неабходнай акрэсьленасьцю? – зазначыў я. – Фельдмаршал князь Галенішчаў-Кутузаў памёр, адмірал Чычагаў, кажуць, у Італіі ці ў Англіі, скарбы падзелены на тры часткі, а часткова, падаецца, прададзеныя. Што яны ўяўлялі сабой першапачаткова – пакуль што застаецца невядомым…
Генерал-аўдытар палічыў за неабходнасьць вызначыць прыярытэты.
– Гэта меншая бяда, – сказаў ён. – Ёсьць большая. Маці гэтага няшчаснага Дамініка і імператрыца-маці Марыя Фёдараўна – кузіны. Марыя Фёдараўна, трэба думаць, пакрыўджана, што з ёй не параіліся. Шмат што тут сыходзіцца… Тое, што князь загінуў, – божая воля, але маёмасьць у пыл разьнесьці – па-за правамі адмірала Чычагава і тым болей нейкага генерал-маёра. Яны ў ваенным запале занадта перабольшылі свае кампетэнцыі. Мне, канешне, Тучкова шкада, але пытаньне куды што з замка падзелася не падлягае забыцьцю. Калі гасудар у часе вайны змаўчаў – не азначае, што забыўся.

Літасьць гасудара да палякаў-здраднікаў

Усё гэта гучала вельмі цьмяна, я ня мог уявіць, у якіх адносінах да справы Тучкова апынуся з-за памятлівасьці цара, і дазволіў сабе запытацца:
– А ў чым болей віны Тучкова: ці ў тым, што прымяніў да замкавых слугаў сілу, ці ў недахопе зьвестак пра залатыя скульптуры?
– Ня ў тым, Андрэй Юр’евіч, бяда, – адказваў Закрэўскі, прыведзены маім пытаньнем у некаторую зьбянтэжанасьць; было прыкметна, як ён задумліва шукае ў маіх словах нейкую хібу, – ня ў тым бяда, што зьбілі служак, а золата забралі з замку, мажліва, залатыя скульптуры пайшлі гуляць у невядомым накірунку. Вынікалі з гэтага, пан обер-аўдытар, – сказаў ён ужо ўпэўнена, – адчувальныя непрыемнасьці палітычнай якасьці менавіта для дзяржаўнага нашага гонару. Бо ніхто ня можа меркаваць, што бяз царскага дазволу, ліхой воляй некалькіх армейскіх чыноў княжацкая фамілія пазбаўленая спадчынных каштоўнасьцяў і рэліквіяў. Аказалася горш за канфіскацыю. А на іх нават арышт не накладаўся. Вось прачытайце гэты дакумент таго часу, – ён падаў мне аркуш паперы з друкарскім тэкстам.
Гэта быў “Высочайший Манифест” аб амністыі асобам, якія парушылі расейскую прысягу, падпісаны царом 12 сьнежня 1812 году ў Вільні. Яшчэ з таго часу я памятаў гэты тэкст асаблівай красамоўнасьцю стылю, які болей падыходзіў для малітоўнага вымаўленьня ў царкве, што падахвочвала перасьмешнікаў дэкламаваць яго на афіцэрскіх застольлях для забаўленьня кампаніі. Мне і за сталом Закрэўскага хацелася расьсьмяяцца, калі я чытаў: “…другие, которых число меньше, но преступление несравнимо больше, пристали, еще прежде нашествия на их земли, к стране чуждого для них пришельца и подъемли вместе с ним оружие против Нас, восхотели лучше быть постыдными его рабами, нежели нашими верноподданными… объявляем Наше Всемилостивейшее общее и частное прощение, предая все прошедшее вечному забвению и глубочайшему молчанию, и запре­щая впредь чинить какие-либо по делам сим притязания или изыскания, в полной уверенности, что сии отпавшие от нас, почувствуют кротость сих с ними поступков и чрез два месяца от сего числа возвратятся в свои области”.
Далей зьмяшчалася неабходная маёмасная пагроза, але выказаная не ультыматыўна, а з дабратворнымі іншасказамі: “Когда же и после сего останется кто из них в службе наших неприятелей… таковых, яко совершенных отступников, Россия не примет уже в свои недра и все имущества их будут конфискованы”. Памятаю, усіх весяліла скарыстанае недарэчна слова “недра”, паколькі ў тыя ваенныя месяцы “недра” былі сінонімам “магілы”.
Зірнуўшы на тэкст і на дату, я запытальна паглядзеў на генерал-аўдытара: якую значнасьць, апроч гістарычнай, мог мець маніфест, выдадзены тры з паловай гады назад, калі ўсё з таго дня зьмянілася – і шмат хто з адступнікаў ужо прыняты ў нетры, калі ня ў нас, то ў іншых краінах, і Польшча сталася часткай імперыі, і палякам усім даравалі, нават далі ім Канстытуцыйную Хартыю, аб якой у нас нават мара лічылася за ерась.
– Справа ў тым, – патлумачыў Закрэўскі, – што гэты найвышэйшы маніфест, якім абвяшчалася манаршае дараваньне, даставілі ў студзені месяцы і князю Дамініку Радзівілу, але ён адказваў, што пасьля атрыманага ім паведамленьня аб разгроме родавага яго замку, зьдзейсьненага рускай ар­міяй яшчэ за месяц да маніфесту, а не праз два месяцы пасьля яго, як галосна абвешчана, ня бачыць магчымасьці верыць у шчырасьць словаў расейскага імператара. – Закрэўскі ўзяў аркуш з маніфестам і зачытаў услых:
“Уступая вопиющему в Нас гласу милосердия и жалости, объявляем Наше Всемилостивейшее общее и частное прощение, предая все прошедшее вечному забвению и глубочайшему молчанию, и запрещая впредь чинить какие-либо по делам сим притязания или изыскания”.
– Вось такі казус, Андрэй Юр’евіч, – уздыхнуў ён. – Вы разумееце?
– Так, пан генерал-аўдытар.
Усё ж Закрэўскі палічыў за неабходнасьць пракаментаваць прачытаную цытату:
– Якое ж гэта дараваньне, калі ня проста каштоўнасьці, а сямейныя ўсе рэліквіі былі канфіскаваныя з рашучым апярэджаньнем? А ў той час было ў Польшчы ў Панятоўскага дваццаць пяць тысячаў сваіх і літоўскіх войскаў за нашай сьпіной. І многія павярнулі б дадому сьледам за князем Радзівілам. Свавольства Чычагава і Тучкова дорага абышлося, у тым ліку і жыцьцямі.
– Даволі цяжка паставіць за віну Чычагаву, – засумняваўся я, – што канфіскацыя маёмасьці здрадніка паўплывала на зыход кампаніі і павялі­чыла ахвяры ў замежным паходзе. Гасудар прыехаў у Вільню, калі на Смаленскай дарозе ляжала сто тысячаў трупаў, і прама ў яго на шляху гналі калонамі абмерзлых палонных, і Вільня была заваленая мерцьвякамі. Калі гэта не паспрыяла здраднікам даўмецца і скласьці зброю, і не цягнуцца ўсьлед Напалеону, што магла зьмяніць рэквізіцыя скарбаў…
Закрэўскі не ўстрымаўся ад настаўніцкага задавальненьня пашырыць мой палітычны досьвед.
– Слушна. Але дыпламатыя існуе на больш высокім узроўні, чым сутыкненьні людзей на полі бою, – паведаміў ён. – Там іншая значнасьць. Як гасудару такую самадзейнасьць успрымаць? У 1772 годзе замак таксама часткова спустошылі, дзядзька Дамініка тады наважыўся бунтаваць супраць імператрыцы Кацярыны. Аднак толькі бібліятэку вывезьлі ў Пецярбург з найвышэйшага дазволу, з іншага – цьвік ня зьнік. А тут бяз царскага слова дывізійны генерал свавольна нясьвіжскае гняздо вычысьціў да пылінкі! Рапнін-Валконскі паведамляў гасудару, што гэта хваравіта было ўспрынята прускім дваром. Гасудар, не сваю віну загладжваючы, вымушана аддаў Нясьвіж прускаму Радзівілу. А мог бы не аддаваць. Вось такія наступствы…

Загад выехаць на месца здарэньня

– Калі ўсё дакладна вядома і асэнсавана, – спытаў я, наіўна гледзячы генерал-аўдытару ў вочы, – што прапануецца мне дадаткова расьсьледаваць?
– Ня ведаю, – паціснуў плячыма Закрэўскі, пазьбягаючы ўдакладненьняў. – Усе абставіны. Шмат ёсьць пакрыўджаных, каго цяперашняе становішча Тучкова мала замірае са сваімі стратамі. Удава князя Дамініка княгіня Радзівіл…
– Ды яна пры чым да генерал-маёра? – зьдзівіўся я.
– Чароўныя жанчыны надзеленыя, спадзяюся, вы гэта ведаеце, дарам таямнічага ўплыву, – шматзначна пасьміхнуўся Закрэўскі. – Яна ўжо як бы і не ўдава, а нявеста ад’ютанта сьвіты гасудара. Была б, пэўна, больш багатая, калі б не нясьвіжскае спусташэньне.
– А ці нельга даведацца, Арсен Сяргеевіч, — натхніўся я разумнай, як мне падалося, ідэяй, — што з рэквізаваных нясьвіжскіх каштоўнасьцяў перадаў нябожчык Валуеў у дварцовыя сховішчы? Магчыма і поўны вопіс будзе пры іх?
– Ахвота вам жартаваць у сур’ёзнай справе, Андрэй Юр’евіч, – іранічна адгукнуўся Закрэўскі. – Як вы гэта сабе ўяўляеце? Што я пайду да гафмаршала Нарышкіна і папрашу паказаць каштоўнасьці Радзівілаў, здабытыя Чычагавым? Хто ж мне іх пакажа? Ды і хто іх глядзеў? Яны і не патрэбныя зусім дварцовай скарбніцы. Ну што рабіць, напрыклад, з сярэбраным посудам на сотні персонаў, на які ў скарзе паказана? Хто ж не пагрэбуе есьці з чужых талерак і чужым відэльцам? Ды і хіба гонар для гасудара маёмасьць уланскага палкоўніка? Будзе ляжаць гадоў сорак у куфрах, пакуль разьбяруць.
– Іншымі словамі, – выказаў я сваю думку, – ня ў скарбах справа, а ў трыманьні законнасьці ў часе вайны.
– Менавіта ў межах аўдытарскай праверкі, – пагадзіўся Закрэўскі. – Гасудар жадае яснасьці, а паколькі генерал-маёр прыязджае ў Менск аднавіць свае паказаньні, то прыдзецца вам, Андрэй Юр’евіч, як начальніку першага стала нашага дэпартаменту прыняць справу пад асабісты дагляд. І асабіста расьсьледаваньне правесьці, улічваючы няпростую падкладку і супрацьлеглыя інтарэсы пэўных уплывовых асобаў. Усю ад мяне магчымую дапамогу вы атрымаеце. Вось, гасудар ужо акрэсьліў сваю волю, – тут Закрэўскі паказаў мне распараджэньне:
Управление Дежурного генерала
Главного штаба
Его Императорского Величества
По его канцелярии № 1978
8 мая 1816
Аудиторскому Департаменту
По докладу оного Департамента, о состоянии по армии генерал-майора Тучкова С.А, отставленного от исполнения должности корпусного командира в 1813 году в связи с подозрениями в неприличествующем генеральскому званию поступке и с прошением генерал-майора, несогласного с выставленными ему обвинениями, Государь Император Высочайше повелеть соизволил:
Провести дорасследование всех обстоятельств начатого в указанный год дела и представить результаты аудиторской проверки для ознакомления и принятия решения.
Предлагаю Аудиторскому Департаменту привести в исполнение означенную Высочайшую волю безотлогательно.
Дежурный генерал
Закревский
– Усё ацаніць, пан палкоўнік, давядзецца на месцы. Я давяраю вам: калі нічога не адшукаецца ў дзеяньнях генерал-маёра Тучкова і адмірала Чычагава на іх карысьць ці ім на шкоду – вы так і выкажыце свае меркаваньні, ад сябе нічога не дадаўшы і не ўтаіўшы. Усе паўнамоцтвы вы атрымаеце. Паперы, на мой погляд вам неабходныя ці для дадзенай справы цікавыя, будуць падрыхтаваныя на працягу тыдня.

Ветрын
Прыемныя прыкметы аднаўленьня сядзібы

Дзякуючы даручэньню па дэпартаменце, якое зрушыла мяне ў дарогу, я напрыканцы траўня, дасягнуўшы Талачынскай станцыі, адхіліўся ад службовага маршруту і знаёмымі прыветлівымі прасёлкамі прыбыў у родны Ветрын. Ня ведаю, мілыя мае ўнукі, ці будзеце вы так прывязаныя душой да Ветрына, як быў прывязаны я. У маладыя гады, відаць, гэта і ня трэба, і супраць прыроды сядзець у бацькоўскім гнязьдзе, любая істота рвецца з яго выляцець на прастору: сьвет такі вялікі і цікавы, хочацца прайсьці яго дарогамі, знайсьці сяброў, выявіць сябе, даведацца невядомага, але, спа­дзяюся, застанецца ў вас памяць і аб ветрынскіх сьцяжынах, па якіх вучыліся вы хадзіць, аб ціхай плыні Друці, аб доме, дзе гучалі вашыя дзіцячыя галасы, і вырасьлі вашыя любімыя бацькі, і заўсёды думалі і дбалі пра вас вашыя дзед і бабуля. Мяркую цяпер, што і мяне, калі прабіў адмераны час, пацягнулі ў Ветрын такія нябачныя ніці. Мноства дзіцячых успамінаў усплывалі ў маёй памяці, калі я пад’язджаў да сядзібы, сэрца падказвала мне, што толькі тут адчую я сябе ў родным месцы і шчасьлівым. Нават позірк мой на вакольны пейзаж зьмяніўся: не проста мілаваўся я ім, як божым дарункам, а глядзеў вачыма дбайнага гаспадара – як узарана, што пайшло ў рост, што дасьць луг пры першым укосе.
Стан сядзібы і вёскі знайшоў я лепшым за мінулагодні: ніхто за зіму не памёр, наадварот, нарадзіліся два дзіцяці мужчынскага полу, якім я па дзедаўскім звычаі зрабіў падарунак – паднёс па сто рублёў; над ацалелай паловай дома была пастаўленая страха і залаціўся цяпер саламяны дах; на двары падсыхаў нарыхтаваны зімой лес на аднаўленьне дому; падлога ў сенцах, мной узарваная, была старанна перацягнутая, усю зіму тапілася ў доме печ – сьцены прасохлі, і мог я ў ацалелых пакоях жыць пры ўмове, што зашклю вокны, цяпер шчыльна забітыя дошкамі. Павялічыўся натуральным шляхам і статак маіх конікаў – адна з набытых летась кабыл ажарабілася; таму я вырашыў купіць яшчэ некалькі цяглавых коней для ворыва.

Сустрэча з таварышам юнацтва

Прыемнай для мяне мясцовай навіной, якую паведаміў Салавей, было вяртаньне суседа Сакольскага – аказаўся ён дараваны найвышэйшым указам з прычыны далучэньня Царства Польскага да Расеі. Лявону Сакольскаму я мог жадаць толькі дабра, але ўсё ж адчуваў пэўную зайздрасьць: і дах у яго не пацярпеў, і шкло ўцалела ў вокнах, і былі ў яго жонка і дачка, і вярнулася ўраўнаваньне ў правах. Не бяруся сказать з дакладнасьцю, чаго я раззайдросьціўся. Хутчэй за ўсё з тае прычыны, што жонка яго была прыгожая, маленькая дачка вельмі мілая, а я быў халасты палкоўнік з таго мноства такіх чыноў, якія з прычыны ваеннай службы, калі не пасьпяваюць загінуць у маладыя гады, робяцца старымі буркунамі і няўдачнікамі.
Неўзабаве давялося нам з Сакольскім сустрэцца, я сам захацеў яго пабачыць і паехаў вярхом да яго ў сядзібу. Балючым было маё зьдзіўленьне, калі замест дужага дзейнага мужчыны, якім я звыкся сустракаць яго раней, паўстаў перад мной зламаны, зьнямоглы, сухотнага выгляду інвалід без жывых агеньчыкаў у вачах. Апрануты ў цёплы сурдут, ён цяжка прагульваўся па ўяздной сядзібнай алеі, як можа прагульвацца стары ў сумным роздуме аб мінулых днях маладосьці і аб даўніх таварышах сваіх, ужо пакліканых госпадам на неба. Горасная незваротнасьць мінулых гадоў убачылася мне ў яго паходцы і постаці. Некалі мы гулялі разам і па гэтай алеі, навыперадкі несьліся да Друці, я заставаўся начаваць ў ягоным пакоі, і мы падоўгу не маглі заснуць, абмяркоўваючы кнігі, жыцьці вялікіх лю­дзей, нашыя магчымыя падарожжы, знаёмствы, неабходныя для посьпеху ў жыцьці мовы, зазіраючы ў невядомасьць будучыні, якая здавалася не­аглядна вялізнай і для кожнага з нас удачлівай, і ўвесь сьвет напоўнены быў цудоўнымі загадкамі – зоркі, крык невядомай птушкі, самі нашыя словы, нашыя лёсы, і канец шляху быў нябачны і неўяўляемы, а цяпер з яго зьляцелі ўсе таямнічыя покрыўкі, і прыяцель маіх падлеткавых гадоў быццам і падышоў да нейкай брамы, якую адчыняюць бяз грукату, а нашы маладыя твары яшчэ бачацца ў паветры і чутны яшчэ нашыя маладыя галасы, але гэта рэха гучыць з далёкіх мясьцінаў, гэта памяць гайдае ў туманах адбіткі прывідных карцінаў, вось яны падплываюць і расьсейваюцца ў сумны пыл…
Я прывязаў каня ля брамы і пайшоў насустрач Сакольскаму. “Жывы, Андрэй! Слава богу! Рады бачыць цябе!” – сказаў ён безуважна, нібыта вымушаны даўнім нашым знаёмствам да ветлівасьці. “А як ты?” – спытаўся я болей са спачуваньнем, чым з цікавасьцю, паколькі ўсё прачытвалася па яго зьнешнасьці. “Прыхварэў быў дужа!” – адказваў ён без жаданьня апавядаць падрабязнасьці. Мы прыселі на валун, нагрэты сонцам, і паступова разгаварыліся. Яго трэці гвардзейскі лёгкаконны полк валанцёраў, які Напалеон уключыў у сваю Маладую гвардыю, у кастрычніку 1812 году быў разьбіты ў Слоніме казакамі з авангарду Чычагава. Каму пашанцавала, тыя ўцяклі да Варшавы на перафарміраваньне, а трыста чалавек патрапілі ў палон. Гэта я ведаў з выпісак сваіх пра графа Ламберта і казачага палкоўніка Дзячкіна і шчыра паспачуваў Сакольскаму з поўным разуменьнем яго няўдачы: французам было кепска ў палоне, а палякам даводзілася цярпець найбольш, да іх ні салдаты, ні ўлады літасьці ня мелі, яшчэ пашчасьціла, што не застрэлілі на месцы. І давялося ў лютую зіму, казаў Сакольскі, цягнуцца ў Маскву для расчысткі пажарышчаў і паленьня трупаў, а потым ісьці этапам у Пермскую губерню, каб застудзіць па дарозе грудзі. “А цяпер хаджу думаю, – казаў Саколькі, – нічога не зьмянілася. Усхваляваліся мы, быццам напіліся. Вось яно, якое выцьверазеньне!” Маё кароткае апавяданьне аб ранах некалькі зьмякчыла яго адчужаную суровасьць, і ён настояў, каб я застаўся ў іх на абед.

Знаёмства з юнай паклоньніцай Напалеона

У сядзібе гасьцявала вельмі прыемная асоба – мадмуазель Лізавета, як яе назваў пры знаёмстве сусед (яна адразу ж паправіла – пані Эліза), малодшая сястра Сакольскай, гэткая ж абаяльная, але з відочна большай рашучасьцю палітычных меркаваньняў. У прыватнасьці, яна паведаміла як сапраўднасьць, што Бог яшчэ пакарае англічанаў, якія вызваліся ўскласьці на сябе ганебную ролю турэмшчыкаў такога геніяльнага чалавека як Напалеон, а ўсё чалавецтва не аднойчы ў гэтым пакаецца. “ А як вы думаеце?” – спытала яна мяне з выклікам. Я адказваў, што мне, на жаль, ня дадзена ведаць Божую волю, але я сумняваюся ў геніяльнасьці чалавека, які забыўся забясьпечыць сваё войска неабходнымі рацыёнамі харчаваньня, а коней – аўсом. “Вы – інтэндант?” – спытала яна, афарбаваўшы пытаньне прыніжальнай ацэнкай. “Элька!” – дакарыла яе сястра. На мой погляд, у часе вайны гэтая Элька была падлетак і наслухалася спадзяваньняў на Напалеона, дапамагаючы маці скубсьці корпію, што тады лічылася неабходным унёскам шляхцянак у перамогу Францыі і палякаў. “Не, – сказаў я. – Цяпер я аўдытар”. Сакольскі палічыў неабходным патлумачыць сваячцы: “Месье Лунін камандаваў егерскім палком. Ён прайшоў усю Германію і Францыю да Парыжу”. Мой вопыт ваеннага падарожніка юную пані Элізу абсалютна не зацікавіў. “Як я рада, што аднавілася Польскае каралеўства! – абвясьціла яна. – А вы, месье Лунін?” – “Так, безумоўна!” – кіўнуў я. “Вы ж паляк?” – спытала яна. “Ня ведаю, – засумняваўся я, – у пэўным сэнсе я ілюструю ўладкаваньне нашай цяперашняй дзяржавы: польская аўтаномія пад расейскай каронай. Мая маці лічыла сябе полькай, мой бацька быў перакананы рос!” – “А што вам падказвае сэрца?” – вырашыла дазнацца адназначнага адказу юная паненка. “Нічога! – адказаў я. – Напэўна, я глухі!” Аляксандра Сакольская намагалася скіраваць увагу сястры на меней містычныя сферы, але веданьне таго, што палкоўнік гасударавай арміі ды яшчэ з юрыдычным ухілам, служыла для пані Элізы раздражняльнікам патрыятычных пачуцьцяў.
“Я мару аб тым дні, – заявіла яна, – калі Польшчы аддадуць усе яе ранейшыя землі. А вы?” Я шчыра прызнаўся, што мае мары менш рамантычныя: я мару завесьці ў сваім маёнтку вялікія рыбныя сажалкі, якія бачыў у Саксоніі, калі выздараўліваў у манастырскім лазарэце. “Там плёскаліся карпы па дзесяць фунтаў, але былі і ўдвая большыя, – сказаў я. – Яны вельмі прыгожа выскокваюць з вады. Выскокваюць ва ўсю сваю даўжыню. У промнях сонца гэта падобна на жывое золата, узьнятае ў паветра. У нямецкім тракціры мы з дзеншчыком аднойчы частаваліся такім веліканам, запечаным на вугольлях. Недалёка ад нашага стала круціў ручку катрынкі стары, простая мелодыя плыла ў паветры, і было такое адчуваньне, што мы патрапілі ў рай”. – “У раі не ядуць рыбу!” – нагадала мне пані Элька, разжалаваўшы мяне позіркам у бюргеры за такія нікчэмныя мары. Сакольскі ж наадварот зацікавіўся і нават пажартаваў: “А што, Андрэй, твая праўда! Мне так абрыдлі каровы, іх галасы, мухі, сырадой з мёдам, што з радасьцю зьмяніў бы іх на статак карпаў. Будуць сілы, так і зраблю. Добра, друг мой?” – зьвярнуўся ён да жонкі. Сакольская адразу, але неяк бяз веры, пагадзілася, і я адчуў, што яго хвароба затуманьвае ў гэтым доме ўсе далёкія персьпектывы. Але яна знайшла падставу зьмяніць тэму гутаркі, прапанаваўшы мне прасьпяваць мелодыю катрынкі. Напяваць я катэгарычна адмовіўся, але прайшоў да клавікордаў і тую музыку найграў. Гэта падштурхнула сесьці за інструмент Эльку, і яна сыграла некалькі модных паланезаў, потым маленькая Аленка пазнаёміла ўсіх са сваімі посьпехамі ў выкананьні розных адаптацыяў, заслужыўшы неабходную юнаму таленту пахвалу.
І над абедам, і над музыкай паланезаў неадступна навісаў настрой прыхаванага смутку; пакашліваньне Сакольскага, чырвань, што запалялася на яго шчоках, гасілі шчырыя вясёлыя ноткі ў размове. Вядома, ніхто ня гнаў суседа майго ў конны полк, тым больш, што ён і не ваяваў ніколі раней, да слонімскага сутыкненьня з казакамі і гусарамі, але нібыта ляжала на мне віна за яго прастуду ў нашым палоне, якая вылілася ў сухоты. Ва ўсялякім выпадку, менавіта з такім адчуваньнем я разьвітваўся з Сакольскімі і іх юнай патрыятычна настроенай сваячкай. Лявон выйшаў мяне праводзіць. Мы шлі па дарозе, я вёў каня за повад, Сакольскі стомлена крочыў побач, усё было гэтак зразумела і горасна, што мы пазьбягалі марных словаў. Цішыня стаяла над полем, дарога была пустэльная, толькі конскія капыты адбівалі аднастайны рытм, пазвоньвала аброць ды зрэдку пралятаў міма жук. Мы прайшлі так з чвэрць вярсты. Перад пагоркам Лявон спыніўся і на разьвітаньне, пасьміхнуўшыся, сказаў мне: “А ведаеш, здаецца мне, ты Эльцы спадабаўся. Пікіравалася яна з табой, гэта знак увагі! Заязджай да нас!”. Я паабяцаў і запрасіў яго з сям’ёй наведаць Ветрын.

Сакольскія едуць у Талачын

Не магу сказаць, што сэрца маё было адразу захопленае ў палон вобразам Элькі. Але назаўтра я паслаў Салаўя ў Талачын заказаць шкло для сядзібнага дому, што надало руінам, калі не шляхетны, то нейкі ачунялы выгляд. І яшчэ з эстэтычнай мэтай была абвешчаная ад майго імя ў вёсцы катэгарычная забарона выпускаць жывёлу на прагулянкі па маёй сядзібе. Мяне ніколі не раздражняла сьвіньня, якая салодка парохквала ў лужыне перад варотамі, ці каза з сямействам сваім на палянцы перад флігелем, ці ўзвод курэй, абраўшых для днёўкі руіны дому, але сустракаць маладую паненку, калі б яна вырашыла прыехаць разам з Сакольскімі, мне хацелася бяз гэтакай дваровай сьвіты.
У нядзелю задумаў я абнавіць калодзеж на сядзібным двары. Старая рассоха ўжо даўно сыпалася парахнёй, ды і журавель быў непрыймальна трухлявы. Да таго ж хацелася мне зьмяніць і старыя вянцы калодзежнага зрубу. Паклікаўшы Салаўя і былых яго партызанаў, якім паабяцаў за­плаціць па тры рублі за працу і пачаставаць, ранкам прыступіў я да справы. Дзень быў сьпякотны, усе распрануліся да кашуляў, сякеры весела сьпявалі, Дзяніс гатаваў мяса ў катле, пах яго прыманіў дваровых сабак, па недаглядзе апынулася каля флігеля на зялёнай траўцы каза з двума казьлянятамі, прывандравалі куры з несуцішным вывадкам кураняткаў, і вось на гэтую патрыярхальную ідылію зьявіліся ў брычцы Сакольскія, і з імі Элька ў суправаджэньні двух вершнікаў – адным цывільным у нашых з Лявонам гадах і маладым уланскім паручыкам у польскай сіне-чырвонай форме з сярэбраным арлом на канфедэратцы. Сакольскія сышлі з каляскі, я пайшоў да іх вітацца, увесь мой двор – ад сялянаў да курэй – моўчкі паглядаў на нашую сустрэчу. Лявон пазнаёміў мяне са сваімі спадарожнікамі – аднапалчанінам і яго маладым сваяком, які пачаў службу ў чацьвёртым палку войска Царства Польскага. На мне яшчэ пот не астудзіўся, і я ня мог працягнуць руку нават Лявону. Пані Аляксандра пасьпяшалася сказаць, што яны выбраліся на запрашэньне ксяндза ў Талачын, дзе будуецца касьцёл, і хацелі паклікаць мяне з сабой проста на прагулянку. Пані Элька адразу ж пацікавілася, ці быў я ў Талачыне на тым месцы, дзе імператар Напалеон загадаў спаліць сьцягі сваіх палкоў, якія загінулі ў бітвах. Юны паручык, для мяне яго назвалі Юрыем, а між сабой зьвярталіся да яго “пан Юрэк”, таксама зацікавіўся паслухаць мой адказ. У гэты момант нейкае надта непрыемнае пачуцьцё прымусіла мяне азірнуцца – ззаду мяне, у пяці кроках, асіставала мне самая непажаданая пры такім спатканьні божая істота – худая брудная сьвіньня. Позірк, які я кінуў у бок Салаўя, сарваў яго ў атаку, якая завяршылася перамогай і жахлівымі просьбамі жывёліны аб літасьці, якія заціхлі ў нейкім далёкім хляўцы.
У здабытай такім чынам цішыні я адказаў, што бачыў гэтае кастрышча на зімняй дарозе сваімі вачыма, яно знаходзіцца пры ўезьдзе ў мястэчка па Аршанскай вуліцы, і сярод жыхароў павінна быць дастаткова людзей, якія могуць распавесьці, як сьцягі з вышытай золатам літарай N пад барабанны бой склалі ў груду і паднесьлі да іх агонь. “А пазьней па гэтым кастрышчы праехалі нашы артылерыйскія і палкавыя абозы, – сказаў я, – і яно бясьсьледна зьнікла пад коламі”.
– Талачын! – вымавіў паручык Юрэк. – Хто б мог падумаць! Кажуць, Напалеон там плакаў!
– Цалкам магчыма, – адказаў я. – Страціўшы армію ў чатырыста тысячаў, можна праліць некалькі сьлязінак.
Элька стрэліла ў мяне позіркам, які ганьбаваў маю такую цынічную трактоўку імператарскіх пакутаў.
Увесь час гэтай малацікавай гутаркі Аленка, адзетая ў белую накрухмаленую сукенку, глядзела на мяне з нейкім важным для яе пытаньнем, якое не насьмельвалася задаць. Я пайшоў ёй насустрач:
– Што, Аленка?
– Дзядзя, – спытала яна, – гэта вашыя козачкі?
– Так, – адказаў я, – гэта мае любімыя казьляняткі.
– Можна іх палашчыць?
– Безумоўна. Ім будзе вельмі прыемна.
Агульная ўвага перайшла на казьлянятак і дзяўчынку, якая пяшчотна гладзіла іх па галоўках, і гэтае відовішча ўяўляла ледзьве не біблейскі сімвал чысьціні і міру. Але праз некалькі імгненьняў адно казьлянятка гульліва баданула Аленку сьпераду, другое зьдзейсьніла напад з тылу, і дзіцё распластавалася на траве ў зьдзіўленьні ад такога адказу на свае добрыя пачуцьці. Я пасьпяшаўся падняць малую і супакоіць, кажучы, што казьляняткі ня мелі злога намеру, а хацелі пагуляць з ёй, аднак беласьнежная сукенка, у якой везьлі Аленку ў касьцёл і да месца сьлязьлівага разьвітаньня Напалеона са сьцягамі, была запэцканая пылам і зялёнымі сьлядамі травы, і яна не магла адыйсьці ад крыўды. Сакольскія ўсёй кампаніяй глядзелі на “маіх любімых казьлянятак” з пачуцьцём варожасьці, а я раптам убачыў сябе іх вачыма: стаяў перад імі ўладальнік пагарэлай сядзібы з нешматлікай сваёй гаспадаркай – сьвіньнёй, казой з нашчадкамі, дзясяткам курэй, некалькімі мужыкамі, падобнымі на злодзеяў, сам непадперазаны і ў прапацелай кашулі – надта незайздросны кавалер для дамскай увагі.
І вось што я ў тую хвіліну падумаў, больш дакладна будзе сказаць, адчуў. Адчуў жа я нешта накшталт крыўды, што ня быў у 3-й арміі, калі яна займала Нясьвіж, і не патрапіў у замак, калі ішла рэквізіцыя княжацкіх скарбаў; уявілася мне карціна, як я бяру сабе ў якасьці ўзнагароды залаты кубак або ланцуг, і раблюся багаты, і ўжо ззаду мяне не сьвіньня, козы і былыя кантрабандысты, а прыстойны двор, і новы дом, а з вокнаў яго гучыць музыка, і я запрашаю туды маіх гасьцей… Ды вось прамільгнуў гэты прывід дастатку, і зноў я пачуў далёкае рохканьне, і ўбачыў суседзяў сваіх, якія жадалі як хутчэй сесьці ў каляску.
Сакольскія дзеля ветлівасьці пагасьцявалі яшчэ некалькі хвілінаў і са словамі “ня будзем вам перашкаджаць, прыязджайце да нас, будзем вельмі рады вас бачыць” паехалі ў Талачын шукаць сьляды памятнага вогнішча, якое зьнішчыла сьцягі разьбітых батальёнаў, а мы ўзяліся дарабляць сваю працу.
Але пабачыцца з Сакольскімі да ад’езду майго ў Менск у мяне не атрымалася.

Студзёнка на Беразіне
Месца пілігрымак

Быў сонечны чэрвеньскі поўдзень, калі я ў суправаджэньні Дзяніса старым паштовым трактам прыбыў у Барысаў. Апошнім разам былі мы тут у лістападзе 1812 году, праз тыдзень пасьля ўцёкаў Напалеона. Тады выпалены горад быў засыпаны сьвежым сьнегам і ўяўляў белую раўніну, над якой, як капліца на могілках, узвышалася царква. Цяпер выгляд быў непараўнальна весялейшы дзякуючы асьляпляльнаму сонцу ў бясхмарным небе і яркаму зялёнаму колеру ландшафту. У астатнім жа адноўлены на папялішчах Барысаў меў убогае відовішча заштатнага мястэчка. Небрукаваная вуліца прывяла нашую брычку да перадмоставага ўмацаваньня на беразе Беразіны. З пагорку адкрыўся від на раку, якая тут цячэ ў некалькі рукавоў, ствараючы лугавыя астравы, аблюбаваныя чародамі гусей. Налева ад гарадка зелянелі жытныя палі; гледзячы на мірны пейзаж цяжка было ўявіць, што тут у дні разгрому Напалеона страціла дзьве тысячы забітымі і здалася ар’егардная французская дывізія.
Перадмоставае ўмацаваньне, каля якога мы спыніліся для агляду, збудаванае было на месцы таго тэт-дэ-пона, які ня здолела абараніць ад войскаў Чычагава польская дывізія генерала Дамброўскага. Ваеннага сэнсу ў новай фартэцыі бачылася мне няшмат. Хіба толькі страх перад паўторным нашэсьцем Банапарта, які ўратаваўся з пасткі, заахвоціў да такіх вялізных выдаткаў інжынернай сілы. Мы пераехалі на левы бераг па мастах агульнай працягласьцю ня менш за паўвярсты і маляўнічай дарогай, якая ляжала на пагорках, накіраваліся ў Студзёнку. Паездку нашую вызначаў сентыментальны характар увагі да гістарычнай мясьціны, наўпрост паса­дзейнічаць расьсьледаваньню майму па справе Тучкова 2-га яна, бясспрэчна, не магла. Але ўсё ж шэрагам абставінаў некаторыя персанажы расьсьледаваньня аказаліся моцна зьвязаныя са Студзёнкай. Баі ў гэтай мясцовасьці паслужылі славе нашай зброі нашмат меней, чым чакаў расейскі гонар, сімвалізаваны ў асобе гасудара імператара. Тут ня здарылася для Напалеона сакрушальнае Ватэрлоа, ён ня быў аточаны, войскі яго ня склалі зброю, і ня зьведалі разгрому, які мог стаць дзяржаўным трыумфам Расеі. Сэрца кожнага расейскага салдата заўсёды будзе шчыміць сумам аб страчанай тут мажлівасьці паланіць французскага імператара і паказаць заслужаную яго зьнявагу. Але нехта ж быў вінаваты, што гэта не ўдалося, і на думку некаторых ацэншчыкаў дапусьцілі гэта адмірал Чычагаў, абцяжараны нясьвіжскай здабычай, і яго дзяжурны генерал. Са зразумелым недаверам да гэтай версіі крыўднай няўдачы аглядаў я гістарычную вёску.
Новая Студзёнка адбудоўвалася, кажучы высокімі словамі, на ранейшых падмурках, гэта значыць на тых чатырох камянях, на якія ў нашых вёсках кладуць ніжнія вянцы хатаў; ужо стаялі тут уроскід двароў дзесяць. Падчас выгнаньня французаў, калі аглядаў я гэтае пагібельнае месца, думалася мне, што зьнішчаная вёска ніколі не адродзіцца. Усе хаты тут былі раскіданыя французскімі пантанёрамі на матэрыял для пабудовы мастоў, адзіны ацалелы дом, у якім начаваў Напалеон, раскаталі на бярвеньні, як толькі імператар ступіў на наладжаны да вёскі Брылі мост. У тыя дні Студзёнка ўяўляла сабой чалавечы мурашнік са зьнямоглых людзей, якіх голад, мароз і паніка выкошвалі з такой жорсткасьцю, што ўсе палі і агароды вёскі, руіны яе хатаў і хлявоў пакрытыя былі скразным пластам мерцьвякоў розных нацыянальнасьцяў. Аднак жыхарам, ацалелым у ямі­нах і акопах за паўвярсты ад сваіх дамоў, не было куды перасяліцца, і гэта, відаць, стала першай падставай аднаўленьня жытла на месцы пабоішча. Такая маральная нязручнасьць аднак была кампенсаваная той здабычай, якая засталася ім пасьля казакаў, што першымі правялі тут збор ваенных лупаў. Драматычнае месца пераправы дазволіла прыкметна палепшыць сваю маёмасьць мноству мясцовых жыхароў.
У Студзёнцы барысаўскія гандляры сувенірамі адразу па прыезьдзе нашым прапанавалі мне набыць на памяць здабытыя імі ў рацэ крыжыкі, манеткі, гузікі, пустыя кашалькі, салдацкія лыжкі і нажы, астрогі і розныя іншыя рэшткі амуніцыі і экіпіроўкі. Ды і проста на нашых вачах некалькі чалавек сялянаў хадзілі па грудзі ў вадзе, абшукваючы дно з дапамогай вілаў на доўгіх палках. З адным гандляром-габрэем я завёў размову, спытаўшы, калі тут найбольш знаходзілі французскіх рэчаў. Ён шматслоўна патлумачыў, што самым удачлівым было для такіх знаходак наступнае за ўцёкамі Напалеона лета. Тады тут вылавілі тысячы куфраў, чамаданаў, скрынак, напоўненых рознымі рэчамі, выцягвалі з вады таксама гарматы і экіпажы, добрую вупраж і кавалерыйскія сёдлы. У куфрах і чамаданах і ў вопратцы тапельцаў знайшліся серабро, золата і каштоўныя камяні. Навакольныя паны сабралі багатыя калекцыі агнявой і халоднай зброі, ордэнскіх знакаў, набытых у салдатаў, а таксама знойдзеных іх прыгоннымі. Магчыма, і жыхароў вярнулі ў вёску на загад свайго гаспадара з разьлікам пошуку ў зямлі і вадзе рэчаў, якія маглі пайсьці ў гандлёвы ўжытак, паколькі невядомая раней Студзёнка набыла прывабнасьць для рамантычных пілігрымак. Асаблівую ж цікаўнасьць да гэтай мясцовасьці забясьпечыла ёй трагічная слава – тут адбывалася апошняя бітва вайны і тут, на беразе Беразіны, мог укленчыць літасьці ў расейскага манарха самаўлюбёны карсіканскі прыхадзень.
Камандуючы 3-й арміяй адмірал Чычагаў пры сваім кароткачасовым заняцьці Барысава нават пасьпеў выставіць сябе ў камічным выглядзе, калі выдаў для спрашчэньня пошукаў Напалеона сярод уцекачоў ці палонных прыкметы імператара:
“Наполеонова армия в бегстве; виновник бедствий Европы – с нею. Мы находимся на путях его. Легко быть может, что Всевышнему угодно будет прекратить гнев свой, предав его нам. Посему желаю я, чтобы приметы сего человека были всем известны. Он роста малого, плотен, бледен, шея короткая и толстая, голова большая, волосы черные. Для вящей надежности ловить и привозить ко мне всех малорослых. Я не говорю о награде за сего пленника: известныя щедроты Монарха нашего за сие ответствуют”.
Аднак нікому не пашанцавала атрымаць шчодрую ўзнагароду, а шкада – такі герой навечна ўвайшоў бы ў гісторыю разам са сваім палонным.
Шмат падарожнікаў прыцягваюць у Студзёнку чуткі, што тут на беразе на пляцоўцы даўжынёй з паўвярсты сустрэлі пакутлівую сьмерць болей за дваццаць тысячаў чалавек. Не бяруся меркаваць чаму, але мноства людзей не абыходзяць стараной тыя сумныя мясьціны, дзе лёс кінуў на пакуты і пагібель тысячы ім падобных. Душа замірае ад спачуваньня няшчасным і разуменьня бясьсільнасьці сваёй у такой гораснай сітуацыі, калі пакінутыя правадыром, якому яны прастадушна даверылі свой лёс, ня ведалі куды падзецца, і не было ў іх моцы ўратавацца, і ня чуў Бог іх апошнюю малітву. А пазьней прышлі на месца смутку магільшчыкі, сьцягнулі крукамі мёртвыя целы ў груд і падпалілі, каб пазьбегнуць заразы. У Студзёнцы так ператварыліся ў попел дваццаць пяць тысячаў ахвяраў паходу свайго ў наш край…

Думка нашага паўночнага Эзопа

За ракой далёка ўглыбіню ляжала забалочаная нізіна, парэзаная пратокамі, якія Напалеон і частка яго арміі пасьпяхова прамінулі па хісткіх мастах. А маглі не прамінуць, калі б выказаў адмірал Чычагаў большае стратэгічнае разуменьне ці хоць бы прыслухаўся да парадаў дасьведчаных сваіх генералаў. Такое меркаваньне аб бярэзінскіх справах яго знайшло шмат прыхільнікаў, а талент вядомага літаратара Івана Крылова, які пры­сьвяціў амбіцыям адмірала сваю байку, надаў падобнай ацэнцы шырокую і неадменную папулярнасьць. Перад тым, як выпраўляцца з Пецярбургу, набыў я ў дарогу томік вершаў гэтага сатырычнага паэта. Асабліва палюбілася яго творчасьць Дзянісу майму. Не зважаючы на трасяніну ў тарантасе па калдобістых дарогах, ён перачытаў усе вершы, зьмешчаныя ў томік, па некалькі разоў і мог расказаць большую частку з іх на памяць, што, хачу адзначыць, у яго добра атрымлівалася. Злашчасная байка “Шчупак і кот”, на мой густ, была сярод самых недасканалых у кнізе вершатворцы, але Дзяніс з ахвотай яе чытаў, калі рабілася нам нудна, і я згаджаўся слухаць ягоныя дэкламацыі. Тады ён з акцёрскай сьмеласьцю паказваў у розных інтанацыях і аўтара-мараліста, і шчупака, які ў байцы азначаў адмірала, і хітрага наетага ката Ваську, пад якім неабходна было разумець фельдмаршала Кутузава:
«Да полно, знаешь ли ты эту, сьвет, работу? –
Стал Щуке Васька говорить. –
Смотри, кума, чтобы не осрамиться:
Недаром говорится,
Что дело мастера боится». –
«И, полно, куманек! Вот невидаль: мышей!
Мы лавливали и ершей». –
«Так в добрый час, пойдем!» Пошли, засели.
Натешился, наелся Кот,
И кумушку проведать он идет;
А Щука, чуть жива, лежит, разинув рот, –
И крысы хвост у ней отъели.
Тут видя, что куме совсем не в силу труд,
Кум замертво стащил ее обратно в пруд.

У адпаведнасьці з аўтарскай задумай Шчупак у прастадушным выкананьні Дзяніса выглядаў поўным дурнем, а кот Васька падымаўся на Алімп розуму і ўдачы. І колькі ж гэта тысячаў чытачоў дэкламуюць гэтыя радкі, думаў я, нявольна спачуваючы адміралу Чычагаву, у якога дастаткова грубая байка павінна была выклікаць пачуцьцё абразы. І колькі яшчэ наперадзе прачытаюць і дзецям сваім скажуць прачытаць для займальнага зразуменьня глыбіняў айчыннай гісторыі. Паколькі сам аўтар гэтага іранічнага твору ня быў на тэатры ваенных дзеяньняў, дык сэнс сюжэту мог ён узяць выключна з ацэнак нядобразычліўцаў Чычагава і прыхільнікаў Кутузава, хоць, на маю думку, абодва заслужылі роўныя правы на непрывабнае параўнаньне са шчупаком, у якога Напалеон ад’еў хвост.

План і выкананьне – белае і чорнае

Увесь шлях ад Талачына да Барысава чытаў я тлумачэньні, нататкі і выпіскі, як мной сабраныя, так і перададзеныя мне Закрэўскім, датычныя вядомых асобаў і асабліва дзеяньняў 3-й арміі Чычагава, якая выконвала сваю частку накрэсьленага гасударам плана разгрому французаў. Паколькі да Барысава я рухаўся ў складзе 1-й арміі, то аб яе дзеяньнях я ўсё ведаў з уласнага досьведу. План, складзены ў Пецярбургу, палягаў у адначасным наступе войскаў на флангах арміі Кутузава. Галоўная роля выпадала Малдаўскай арміі Чычагава, якому трэба было ўзяць Нясьвіж і Менск, і, заняўшы лінію ракі Беразіны, заступіць шлях адступленьня французаў. Войскі графа Вітгенштэйна, наступаючы ад Полацку, павінны былі заняць лінію ракі Улы і заступіць Напалеону адступленьне ў прасторы паміж Беразіной і Дзьвіной. А Галоўная армія на чале з Кутузавым, выціскаючы французаў ад Масквы, павінна была завяршыць атачэньне. Меркавалася, што для маштабнага закрыцьця шляхоў уцёкаў засяродзяцца 160 тысячаў войскаў. Палову з іх загадвалася прывесьці адміралу Чычагаву, з гэтай мэтай яму ў дадатак да Малдаўскай арміі падпарадкавалі 3-ю Рэзервовую армію генерала Тормасава і рэзервовы корпус Эртэля. Рэальнасьць, якая ў нас заўсёды зусім не паважаецца, спусьціла гэтыя планы з нябёсаў на зямлю, прыму­сіўшы да непрыемных карэктываў. У тлумачэньнях Чычагава гасудару склад яго арміі выглядаў зусім інакш, чым быў намаляваны ў плане:
“Я оставил берега Дуная с 35 тысяч человек. Присоединив к себе армию Тормасова (в которой согласно письму военного администратора Барклая-де-Толли считалось 80 тысяч человек), я нашел в ней только 20 тысяч человек. Следуя на Минск и Борисов, я вынужден был разделить войска на две части, оставив часть Сакену, стоявшему у Бреста против Шварценберга, и часть Эссену, стоявшему у Пружан. Затем у меня осталось 25 тысяч человек. На марше от Буга до Березины болезни, битвы на дороге к Минску, взятие приступом Борисова сократили мою армию до 20 тысяч человек.
С этим слабым и расстроенным войском я должен был бороться против Наполеона, который имел род ружьем более 40 тысяч, из коих 27 тысяч участвовали в сражении при переправе. А еще были толпы безоружных численностью в 45 тысяч человек”.
Пра тую вайну ва ўсіх яе падзеях і пра пераправу войскаў Напалеона бліз Барысаву напісана цяпер дастаткова многа і сьведкамі падзеяў, і ваеннымі гісторыкамі, таму ня буду паўтараць таго, што мае агульную вядомасьць, а закрану толькі тыя моманты, якія мелі хоць нейкае дачыненьне да майго сьледчага даручэньня. Хоць адначасова мушу адзначыць, што ўсё, напісанае сьведкамі і гісторыкамі, адпавядае праўдзе толькі ў пэўных асьпектах – мазаіка не дае закончанага твору.
Авангард арміі Чычагава 18 кастрычніка на подступах да Слоніму атакаў 3-ці полк літоўскіх уланаў гвардыі Напалеона, якім камандаваў генерал Канопка, і ў якім закончылася пакутлівым палонам змаганьне за адраджэньне польскай дзяржавы майго суседа.
Праз тыдзень авангард выступіў са Слоніму на Нясьвіж і Менск. Губернатар Менску польскі генерал Бранікоўскі выправіў чатыры тысячы ад свайго сямітысячнага гарнізона, які складаўся з двух пяхотных, егерскага і ўланскага літоўскіх палкоў, і яшчэ французскага маршавага батальёна, малаздольнага да сур’ёзнага бою. Гэты атрад на чале з генералам Касецкім вырушыў насустрач корпусу графа Ламберта. Першага лістапада граф разьбіў літоўскую пяхоту і ўланаў каля Новага Сьвержня і ўзяў у палон каля дзьвюх тысячаў. А двума днямі раней Татарскі ўланскі полк палкоўніка Кнорынга, які ўваходзіў у корпус Ламберта, заняў Нясьвіж і ўвайшоў у замак Радзівілаў, дзе завязалася гісторыя з родавымі скарбамі, паведаная скаргай захавальніка скарбніцы Бургельскага. Суровы допыт яго самога і слугаў, агляд падвалаў і ўзяцьце каштоўнасьцяў не павінны былі заняць шмат часу, бо бітвы на шляху руху арміі працягваліся безупынна. Рэшткамі атрада генерал Касецкі вырашыў даць бой авангарду Ламберта каля Койданава, але трэцяга лістапада кавалерыя графа зноў яго разьбіла, а назаўтра рэшткі польскага гарнізону зьбеглі з Менску, пакінуўшы ў шпіталях больш за дзьве тысячы хворых і параненых і ў захаванасьці вялікія склады правіянту, якія забясьпечылі нашую армію харчовым утрыманьнем на цэлы месяц. Чычагаў прызначыў ваенным губернатарам палкоўніка Кнорынга, аддаўшы пад яго каманду Татарскі ўланскі і Ражскі пяхотны палкі. Адно з пытаньняў, якое мне хацелася задаць пану адміралу, было такое: чаму камендантам Менску, куды прывялі абоз з каштоўнасьцямі, апынуўся менавіта Кнорынг, які першым выказаў стараннасьць у пошуках скарбніцы Радзівілаў?
Без адказу для мяне заставалася і надта істотнае пытаньне пра абоз у сорак ці пяцьдзясят брычак са скарбамі, які пазьней загадам Чычагава быў перададзены генерал-інтэнданту арміі Рахманаву. Чаму ён аказаўся ў горадзе паблізу немінучых баёў з войскамі Напалеона? Які канвой асьцерагаў вялікія гэтыя каштоўнасьці ад пагрозы захопу? У якім дачыненьні мог быць з абозам Тучкоў, што як дзяжурны генерал і камандзір дывізіі мусіў быць засяроджаны на рашэньні баявых задачаў. Ці маглі афіцэры, скліканыя Чычагавым у Нясьвіж на агляд скарбаў, прысвоіць сабе нейкую частку ваенных трафеяў з радзівілаўскіх багацьцяў? Ці затрымала рэквізіцыя скарбаў у замку рух арміі ці яе авангарда хоць на дзень, паўплываўшы такім чынам на падзеі, якія здарыліся пры заняцьці Барысава? Усё гэта ня мусіла выпасьці з майго аўдытарскага асэнсаваньня.
У генерала Бранікоўскага, выгнанага з Менску, заставалася восемсот чалавек, з імі ён пасьпяшаўся да Барысава, куды ўсьлед хуткімі пераходамі прышоў дзявятага лістапада ад Бабруйску генерал Дамброўскі, маючы ў сваёй дывізіі дзьве тысячы пяхоты і дзьве сотні кавалерыстаў. Барысаўскі гарнізон дзякуючы гэтаму ўзрос да чатырох тысячаў салдатаў. У той жа дзень генерал Ламберт заняў ускраек лесу, які атачаў перадмоставыя ўмацаваньні, і раптоўнай атакай узяў левы рэдут, а да абеду дастаў правы рэдут і рэтраншэмент. Пяхота і кавалерыя Ламберта пасьпяшалі цераз мост у Барысаў.
У баі граф Ламберт атрымаў рану. У сувязі з гэтым я падумаў, што здабыча афіцэрамі значнага нясьвіжскага трафею наўрад ці мела сэнс, паколькі свавольнага здабытчыка маглі забіць у наступным баі. Цяжка прыняць на веру, што ўсе вышэйшыя афіцэры арміі Чычагава, якія бачылі скарбы і нешта сабе ўзялі, спадзяваліся на ненадзейную фартуну і вазілі лупы ў сваіх асабістых экіпажах разам з пасьцельлю і сталовым посудам. Але абоз афіцэрскіх экіпажаў, які сьледаваў за арміяй ад Нясьвіжу на Менск і да месца вырашальнай бітвы, выходзіў за межы дазволенага. Гэты абоз увайшоў у Барысаў разам з Чычагавым і ўсім штабам арміі. У гэты дзень Тучкоў атрымаў загад аб прызначэньні камандзірам рэзервовага корпусу замест генерал-лейтэнанта Эртэля. Ці быў ён у Барысаве, ці адбыў у Мазыр з Менску заставалася мне невядома.
Самаздаволенае асьляпленьне ад першай удачы на Беразіне ўтрымала адмірала прыняць неабходныя меры па абароне здабытага гораду ад магчымых атак французаў. У наступных тлумачэньнях камандуючага 3-й арміі гасудару не было названа ніякіх абставінаў, якія даравалі б такі грубы пралік, а былі непаважныя спробы абвінаваціць сваіх падначаленых. Празьмерны абоз і стаў прычынай важкай няўдачы арміі:
“10 ноября Ламберт без моего приказания вступил в город с частью своих войск и огромным обозом. Я сейчас же велел выехать обозу, но приказание мое исполнялось медленно, потому что многие находили удобным иметь с собою экипажи, так что на другой день я был вынужден подтвердить этот приказ.
Я выслал отряд Палена на дорогу к Бобру, чтобы препятствовать отступлению неприятеля и войти в связь с графом Витгенштейном. Но едва успел Пален отойти на 15 верст от Борисова, как наткнулся на первую колонну французской армии под началом маршала Удино.
Увидев его превышающие силы, наш авангард поспешно отступил в Борисов. Я приказал выдвинуть несколько орудий на дорогу, чтобы остановить неприятеля и дать время выехать обозу, наполнявшему еще город”.
Іншыя сьведкі бою паміж атрадамі графа Палена і маршала Удзіно малююць некалькі адрозную яго карціну. Авангард Палена выказаў бясьпечнасьць, ня выслаўшы разьведку, французы ж, скарыстаўшы мясцовасьць, разьбілі яго кавалерыю, якая ішла наперадзе, яна сама зьмяла свае пяхотныя падмацаваньні, і авангард пабег да Барысава, а за ім, на сьпінах, акрылены посьпехам вораг уварваўся ў горад. Усе войскі Чычагава, што знаходзіліся ў Барысаве, панічна памкнуліся да маста, які хутка быў загрувашчаны артылерыяй і абозамі. Камандуючы пасьпяшаўся перабрацца на правы бераг ракі і, каб ачысьціць для яго дарогу, з маста сьпіхвалі павозкі. Аказаліся страчанымі абозы з коньмі, экіпажы самога адмірала з усёй маёмасьцю, каштоўнымі рэчамі і сярэбраным сервізам, падрыхтаваным для абеду, і, што было абсалютнай ганьбай, у рукі французаў патрапілі ўсе рускія параненыя, ужо дастаўленыя ў горад. Наўрад ці тыя страчаныя рэчы маглі быць паднятыя з ракі; каштоўнасьці лёгка здабытыя лёгка зьніклі ў вадзе, і парадавалі наступным годам мясцовых золатаздабытчыкаў.
“Но мы не потеряли ни одного орудия, – супакойліва паведамляў Чычагаў гасудару. – Полагаю однако, что несколько зарядных ящиков остались в руках неприятеля. Борисов был в его власти, но мы удержали за собою мостовое укрепление. Я велел уничтожить часть моста. Эта неудача моего авангарда, первая, которую потерпела армия, до сих пор победоносная, была представлена недругами моими как совершенное поражение. Рассказывали, что я потерял четыре тысячи убитыми и ранеными; экипажи мои, канцелярия, секретные бумаги, все это досталось будто бы в руки неприятеля”.
Адзіным непрыяцелем, які так выставіў у сваіх рэляцыях гасудару Барысаўскую паразу Малдаўскай арміі, быў Кутузаў. Няцяжка ўявіць сабе змрочныя пачуцьці Аляксандра, які, калі ён пасьля гэтага чытаў паведамленьне камандуючага 3-й арміяй, на якую ўскладаў немалыя спадзевы і абавязкі. Здабыты з цяжкім боем у французаў Барысаў ня быў умацаваны нават траншэямі, вораг вярнуў сабе горад бяз бітвы, нанёс нашай арміі страты; ашаломлены адмірал страціў ініцыятыву, а Напалеон стварыў сабе пралаз і, прыбыўшы ў горад, нават заначаваў у ім. На фоне такой засмучальнай канфузіі сьмяшлівае апавяданьне Чычагава пра полк князя Дамініка, які нібыта раставаў ад голаду, і пошук каштоўнасьцяў у родавым замку Радзівілаў, брыльянты і перлы, дастойныя музеяў, выглядала надта недарэчна. Такі пасаж, на маё разуменьне, быў бы прачытаны добразычліва ці даравальна, калі б ён меў наперадзе ці ў заключэньне вестку аб адбіцьці ад гораду корпуса маршала Удзіно і немалых стратах, нанесеных яму ружэйным ці артылерыйскім агнём. Чычагаў меўся пазабавіць цара, падносячы яму горкую пілюлю. Што мог думаць гасудар аб генералах, якія не паленаваліся загрузіць пяцьдзясят вазоў скарбамі, але не паклапаціліся запасьціся брычкамі з шанцавымі прыладамі?

Чычагаў пільнуе свой абоз

Наступныя тлумачэньні драматычных абставінаў узмацнілі мае падазрэньні, што нейкую частку каштоўнасьцяў адмірал вазіў пры сабе. Па-за межамі гэтага дапушчэньня цяжка было зразумець сэнс частых узгадваньняў аб асабістых стратах і ўласным абозе, злучаных з імёнамі Напалеона і яго генералаў, супраць якіх змагаліся, маючы вялізныя страты, тры арміі:
“Спереди я ожидал Наполеона, с тыла опасался нападения Шварценберга. Жители до того были нам враждебны, что бросались грабить мои экипажи, которые я поставил сзади в лесу для защиты от обстрелов. Вследствии сего я вынужден был послать моего конвоя, чтобы разогнать грабителей”.
З абвінавачваньнямі ў адрас варожа настроеных жыхароў адмірал, хоць і пісаў праўду, некалькі перастараўся; пагроза гэтая не магла ставіцца ў шэраг з чаканьнем французскага нападу. Рабаўнікі, накшталт майго прыгоннага Салаўя, зразумела, ня будуць абцяжарваць сябе роздумам: чый гэта экіпаж стаіць у лесе – французскі ці расейскі, і паважліва яго не крануць, калі, скажам, ён належыць французскаму генералу. Галоўнае для такіх рабаўнікоў – не атрымаць дастатковы адпор. У раёне баявых дзеяньняў арміі шайкі рабаўнікоў ціха сядзяць па хатах ці ў ямах, баючыся выклікаць на сябе залпавы батальённы агонь. Зразумела, адзінокі экіпаж ці падарожнік лёгка можа стаць іх ахвярай. Я палічыў гэтую названую адміралам небясьпеку надуманай, а саму выдумку няўдалай – ня мог паспачуваць гасудар такой бядзе і тым болей ухваліць выкарыстаньне ніжніх чыноў для аховы ў лесе экіпажаў з адміральскімі рэчамі ў самы адказны бой вайны. Але вось што істотна, думаў я, што ж гэта за нагэтулькі дарагія рэчы былі ў асабістым абозе пана адмірала, што для захаваньня іх патрабаваўся канвой?
Хутчэй за ўсё дакоры на адрас Кутузава, у параўнаньні з якім адмірал хацеў паказацца лепшым выканаўцам плана, былі справядлівыя, але адчувалася, што адмірал хоча адбяліць імі свае ваенныя пралікі:
“Продолжив оборону, я надеялся дать Кутузову средство придти к Березине в одно время с Наполеоном, за которым он (как писал в своих реляциях) следовал по пятам. Мог ли я представить себе, что он останется на Днепре в 175 верстах позади в то время, когда Наполеон подходил к Березине.
Таким образом вместо 160 тысяч, которые по расчету должны были бы собраться на правом берегу Березины, оказались только моих 20 тысяч человек для встречи и задержания Наполеона, которого Кутузов должен был теснить сзади. Никто кроме меня не явился к назначенному месту”.
Раскватараванаму ў навакольлях Мазыра атраду генерал-лейтэнанта Эртэля загадзя быў аддадзены загад прыбыць да арміі генерала 20 кастрычніка, але яшчэ 10 лістапада, у дзень бітвы за Барысаў, ён заставаўся на сваім наседжаным месцы, нават не зьбіраючыся падымаць корпус для пераходу, што апраўдваў спасылкамі на “падзеж конскага парку” і “недахоп харчовых рацыёнаў”. Дзёрзкая непаслухмянасьць Эртэля не была пакараная; наадварот, яго пазбавілі адказнасьці, паставіўшы загадам Кутузава паліцмэйстрам усіх трох арміяў. Такім чынам вызвалілася месца, якое заняў генерал-маёр Тучкоў, а вінаватых у месячным невыкананьні загаду падпарадкавацца Чычагаву і прывесьці корпус да Беразіны ня стала. Неабходнасьць прыняць корпус пазбавіла Тучкова магчымасьці ўзяць удзел у баях пры Студзёнцы. Неўзабаве гэта павярнулася супраць яго.
Ноч з 13 на 14 лістапада Напалеон правёў у Старым Барысаве ў доме Кор­сака, загадчыка маёнткамі князя Радзівіла. Менавіта тут ён вырашыў перапраўляцца ля Студзёнкі, дзе ўначы французскія сапёры пачалі будаваць масты. Удзень быў гатовы першы мост, і пачалася пераправа, а праз некалькі гадзінаў скончылі ладаваць другі мост, прызначаны для артылерыі і абозаў. Гэты вялікі мост двойчы разбураўся, давялося яго аднаўляць, што патрабавала часу, а між тым войскі і абозы ўсё прыбывалі і зьбіваліся ў натоўп на беразе.
“Наступило 15 ноября. Семь дней уже мы стояли на Березине, – паведамляў Чичагов, – в протяжение пяти дней сражались мы с авангардом, потом с разными корпусами большой Французской армии. Ни Витгенштейн, ни Кутузов не явились. Они оставляли меня одного с ничтожными силами против Наполеона, его маршалов и армии втрое большей и сильнейшей, тогда как сзади меня были Шварценберг и восставшее польское население. Условленное ранее соединение, с тем чтобы нанести решительный удар неприятелю, очевидно не удалось. Пока Наполеон оканчивал постройку мостов и продолжал переправлять войска, мне более ничего не оставалось делать, как скорее собирать все отряды, которые я расставил вдоль берега Березины”.
Можна, вядома, зразумець Чычагава, якому неўзабаве выставілі той дакор, што Напалеон падмануў яго з месцам пераправы. Але ў рэальнасьці немагчыма ўспрымаць Беразіну поўнаводнай ракой накшталт Віслы ці Эльбы – на ёй хапае бродаў і вузкіх месцаў, зручных для пераправы. Выбар быў шырокі, вялікай хітрасьці ці мастацтва ў гэтых адносінах ад Напалеона не патрабавалася.
В чем же состоял обман? – апраўдваўся Чычагаў. – Переправы были заняты нами в месте, которое он выбрал, он встретил дивизию, под огнем которой он навел мосты. Если обман в том, что ему не могли помешать навести мосты, то это потому, что эта дивизия не была достаточно сильна, чтобы уничтожить все то, чем неприятель мог рискнуть в этом случае”.

Ледзяныя статуі на Беразіне

Ранкам 16 лістапада, тыднем пазьней арміі Чычагава да Беразіны падыйшоў Вітгенштэйн. Авангард яго высунуўся да Студзёнкі, і дванаццаць гарматаў, пастаўленых на пагорак, адкрылі агонь па пераправе. Тысячы людзей у паніцы кінуліся да мастоў, кожны сьпяшаўся дабрацца да супрацьлеглага берагу, скідваў з моста іншых у ваду. Шмат людзей было расьціснута коламі і конскімі капытамі, зарадныя павозкі, узарваныя гранатамі рускіх артылерыстаў, узьляталі ў паветра, коні з гарматамі падалі ў раку. Чалавечы лямант заглушаўся гулам ядраў, трэскам і выбухамі бомбаў, перакатамі страляніны. У часе бою, калі Напалеон даведаўся, што ўсе баяздольныя пераправіліся, ён загадаў зьнішчыць масты, пакінуўшы на левым беразе вялізны абоз экіпажаў і ўвесь натоўп цывільных асобаў. Тады ж пяхота, коньніца, адсталыя і ўсе, што цягнуліся за арміяй жанчыны і дзеці, кінуліся на мост. Перайсьці яго ім не ўдалося. На мастах, якія часткамі абваліліся ў раку пад цяжарам гарматаў, сотні людзей проста скочваліся ў ледзяную ваду. Ранкам рака была пакрытая лёдам, празрыстым, як шкло: пад ім было бачна ва ўсю шырыню мноства патанулай пяхоты, жанчыны з немаўлятамі, каля мастоў ляжалі цэлыя эскадроны, шмат хто кінуўся ў раку і захраснуў у ёй, сярод гэтых трупаў, якія ўзвышаліся над паверхняй вады, стаялі, як помнікі, акачанелыя кавалерысты на акачанелых конях.
“Граф Витгенштейн с большею частью сил своих хладнокровно смотрел на битву, которая должна была бы решить судьбу французской армии, – тлумачыў цару Чычагаў. – Между тем как мы с 5-ти часов утра, с малыми силами, дрались на правом берегу с большею частью войск Наполеона, он ввел в дело на левом берегу только ничтожные силы против маршала Виктора, который командовал аръегардом. Дав слово атаковать в одно время с нами, в 5 часов утра, он начал атаку только в 10 часов и не помешал Виктору стоять на позиции целый день. Он ввел в дело всего 14 тысяч, тогда как у него было 45 тысяч, все войска его стояли в отдалении без всякого дела. В свое оправдание он говорил, что “заставил Наполеона переправиться через Березину”. Как мне кажется, ему вменено было в обязанности помешать этой переправе”.
Дзейная частка французскай арміі здолела ўратавацца разам з імператарам, а з шматтысячным бяззбройным лішкам жорстка расправіўся люты мароз. Сярод ацалелых войскаў быў і князь Дамінік Радзівіл, і дзесяць тысячаў палякаў Панятоўскага, і рэшткі літоўскіх палкоў, ну а галоўную прыкрасьць выклікала ўратаваньне Напалеона. Пятнаццаць тысячаў яго салдатаў і дзесяць тысячаў цывільных, ім пакінутых, не адпавядалі значэньню вялікай перамогі. Відовішча было жахлівае, але помсту болей зьведалі малавінаватыя; наўрад ці такога змрочнага фіналу мог жадаць для іх гасудар.
“Эта картина, – пісаў Чычагаў, – не производила большого впечатления на наших казаков, которые только и делали, чтобы воспользоваться случаем поживиться; однако не так много досталось добычи, как казакам Платова и Витгенштейна на правом берегу, которые взяли повозки с золотыми, серебряными и другими драгоценными вещами, награбленными неприятелем в Москве. Поэтому мои казаки вытаскивали тела и обыскивали платье их, отнимая часы и кошельки. Так как этот промысел казался им недовольно выгодным, то они снимали платье с оставшихся живых французов. Эти несчастные громко кричали; им было холодно и, ночью отдыхая в крестьянской избе, я слышал вопли их. Многие в борьбе со сьмертью стремились перелезть ко мне через забор, и это последнее усилие окончательно убивало их; так по выходе моем я нашел их замерзшими”.
Памятаючы тыя дні, толькі і магу сказаць у роспачы: «Божа, ці ведаеш ты, што немагчыма выдумаць такое злачынчства, якое не было б учыненае людзьмі!»
Калі б Чычагаў з большай часткай арміі заняў пазіцыю, насупраць якой Напалеон пачаў пераправу, ён не пазьбег бы зьнішчэньня. Тады Напалеон рушыў бы на Менск – тут ён мог спыніцца і сьцягнуць да сябе войскі. Галоўная армія была зьнясіленая пераходамі ад Малаяраслаўца; ёй патрабаваліся падмацаваньні. Таму Кутузаў надта не жадаў уступаць у бой з Напалеонам і цягнуўся за ім сьледам на адлегласьці пяці дзённых пераходаў, разьлічваючы ўзяць перамогу з дапамогай марозу і тых баёў, якія праводзілі армія Чычагава і корпус Вітгенштэйна.
Нідзе, вядома, не называлася ўслых, але ўсе ведалі непрыхільнасьць Кутузава да адмірала Чычагава, якім імператар замяніў Кутузава ў Дунайскай арміі, прычым праз два дні па заключэньні Міхаілам Іларыёнавічам міру з туркамі. Кутузаў асьцерагаўся, што слава пераможцы перайдзе на адмірала, і намагаўся выстаўляць усе яго дзеяньні ў адмоўным асьвятленьні.
Нечаканае зьяўленьне скаргі нясьвіжскага каменданта на генерал-маё­ра Тучкова дало магчымасьць высунуць Чычагава ў непаважлівай ролі карысьліўца, і Кутузаў скарыстаў яе, вызваліўшы сваім загадам ад выкананьня абавязкаў карпуснога камандзіра Тучкова на час сьледства па выстаўленых абвінавачваньнях. Ён адзіны ў тыя дні мог заступіцца за генерал-маёра, які быў яму вядомы па сумеснай службе, аднак не зрабіў гэтага, бо падазрэньні ў вінаватасьці Тучкова падказвалі гасудару падазраваць і Чычагава.
Мажліва, ён не заступіўся, паколькі быў малапаважаным героем у вачах цара. Хутчэй за ўсё ён ведаў такое меркаваньне Аляксандра аб сабе, выказанае даволі шчыра:
«Мне известно, что фельдмаршал ничего не исполнил из того, что следовало сделать, не предпринял против неприятеля ничего такого, к чему бы он не был буквально вынужден обстоятельствами. Он побеждал всегда только против воли; он сыграл с нами тысячу и тысячу штук в турецком вкусе. Однако дворянство поддерживает его, и вообще настаивают на том, чтобы олицетворить в нем народную славу этой кампании. Отныне я не расстанусь с моей армией и не подвергну ее более опасности подобного предводительства».
Іншая справа, што ніхто не прымушаў Тучкова наведваць нясьвіжскі замак паўторна, маючы пры сабе вядомых схільнасьцю да спажывы пры любым зручным выпадку данскіх казакаў.

Версія генерал-маёра Тучкова
Горад над Сьвіслаччу

Усе дастойныя цікавасьці будынкі ў губернскім Менску сабраныя на Саборнай плошчы, састарэлая ратуша, пасярод якой, памятае скандальны расстрэл Валадковіча, вінаватага ў п’янай бойцы ў памяшканьні суда і сьвятатацкім удары шабляй па сярэбраным расьпяцьці, які пазбавіў выяву Збавіцеля пальцаў. Вакол гэтага злашчаснага месца стаяць некалькі прыкметных касьцёлаў, пераасьвячоная уніяцкая царква і дзьве каталіцкія кляштарныя пабудовы, занятыя пад гімназію і службовыя ўстановы. За межамі гэтай плошчы ваенныя разбурэньні скарацілі горад утрая, хоць і раней ён быў невялікі.
Па літоўскай традыцыі менская шляхта стала жыве ў родавых сядзібах, часта за сто вёрст ад горада, і таму лічыць за лепшае не выдаткоўваць грошы на палацы ці камяніцы ў сваім цэнтры, задавальняючыся ўтрыманьнем невялікага двара на выпадак прыезду на сьвята, кірмаш ці ў суд. Мноства гэтых сьціплых прытулкаў ляжалі цяпер у папялішчах. Праўда, трэба зазначыць, забудова Траецкага зарэчнага прадмесьця выгарэла яшчэ за год да вайны, калі начны пажар адным махам зьлізаў сямсот двароў. А іншыя кастрышчы былі ўжо вынікам ваенных дзеяньняў, навязаных нашэсьцем Напалеона і яго выгнаньнем. Моцныя пабудовы, агароджаныя мураванымі сьценамі, у Менску можна пералічыць па пальцах. Усе яны, ацалелыя ў агні бітвы літоўскіх палкоў гарнізону з авангардам Ламберта, былі ўжо адрамантаваныя і шчыльна населеныя мноствам чыноўных установаў губернскай значнасьці. Аглядаючы гэтыя нешматлікія архітэктурныя творы, я стараўся адгадаць, дзе палкоўнік Кнорынг мог трымаць пад аховай паўсотні вазоў з нясьвіжскімі каштоўнасьцямі. Не пакінуў жа ён іх на адкрытым ратушным двары. Адзіным месцам, якое адпавядала такому прызначэньню, мог служыць які-небудзь з касьцёлаў, але хутчэй за ўсё ўланы ахоўвалі толькі вонкавы доступ да яго.
Уладкаваўшыся ў гасьцініцы, адзінай на губернскую сталіцу, я накіраваўся да грамадзянскага губернатара Дабрынскага, якога не застаў, затое пазнаёміўся з губернскім сакратаром. Імя яго – Людвіг Каменскі – здалося мне знаёмым, у памяці маёй усплыло, што подпіс яго я сустракаў на судовых дакументах. Я назваў прычыну майго зьяўленьня ў горадзе і ўдакладніў наколькі сапраўднае маё меркаваньне аб службе яго ў судзе зімой 1813 году. Аказалася, што менавіта пан Каменскі прыняў скаргу ад няўдалага захавальніка каштоўнасьцяў Бургельскага аб рабунку скарбаў з Нясьвіжскага замка і засьведчваў пераклад заявы з польскай мовы на рускую. Па выразу вачэй сакратара я зразумеў, што ён зьдзіўлены працягам расьсьледаваньня. Таму я вырашыў правесьці ў хуткім часе размову і з гэтым панам пра некаторыя дэталі рэквізіцыі, якая здарылася ў лістападзе 1812 году.
Генерал-маёр Тучкоў, як паведаміў губернскі сакратар, прыбыў да майго прыезду за тыдзень і жыў у сваіх сваякоў, што мяне заінтрыгавала – якія маглі быць сваякі ў самарскага па паходжаньні чалавека ў літоўскім Менску? Я папрасіў паведаміць генералу аб маёй прысутнасьці ў гора­дзе і жаданьні з ім сустрэцца заўтра ў памяшканьні гарнізоннай камендатуры.
Пакінуўшы дом губернатара, выправіўся я на прагулянку па гарадскіх вуліцах – тут мяне найбольш дзівіла звычка менскіх абываталяў вымазваць фарбай толькі фасадныя сьцены сваіх дамоў, пакідаючы бакавыя ў поўнай супярэчнасьці з фасадам. Не магло ж усё менскае жыхарства гэтак строга трымацца правілаў дробнай эканоміі фарбы. Ці за такім захаваньнем канонаў менскай прыгажосьці сачыў паліцмейстар? Разважаючы аб гэтай дзіўнай менскай загадцы, прайшоў я ў канец вуліцы, спакушаны рамантычным выглядам замка з чатырма вежамі, які, да майго расчараваньня, аказаўся губернскай турмой сьвежай пабудовы. Скрозь закратаваныя вокны гэтай менскай Бастыліі тужліва паглядалі на вольны пейзаж невядомыя арыштанты, схіляючы да невясёлых думак аб зьменлівасьці лёсу.
Правінцыйныя гарады летам набываюць прывабную таямнічасьць дзякуючы садам, якія закрываюць каронамі простыя ці зусім убогія пабудовы. Зімой аголеныя двары ўяўляюць сабой нуднае відовішча, асабліва ж для дзейнага чалавека, якому ня дадзена іншага занятку апроч чаканьня канца вайны. Упершыню я пашкадаваў Тучкова, пакінутага сядзець у пагарэлым горадзе ў той час, як армія ў некалькі плыняў рухалася цераз Польшчу ў нямецкія землі, асаджала крэпасьці, уваходзіла ў гарады, а генералы і афіцэры рабілі кар’еры, атрымлівалі ордэны і залатыя шпагі за храбрасьць. Праз Менск рухаліся ў еўрапейскім напрамку рэзервовыя палкі, а генерал-маёр нудзіўся тут з абразьлівай плямай падазрэньня ў карысьлівых учынках. Хоць адных толькі прамых прызнаньняў адмірала Чычагава гасудару было б дастаткова, каб вярнуць Тучкову корпус. Усё гэта паходзіла на тое, што яго пасьпяшаліся паставіць да ганебнага слупа, ня ведаючы, што трэба запісаць у абвінавачваньне. І цяпер мне даверана адшукаць дастатковыя падставы для зьдзейсьненай тры гады назад маланкавай расправы…

Маё знаёмства з Тучковым 2-ім

Гарнізонная камендатура займала былы бенедыктынскі манастыр на схіле ад плошчы да ракі. Дакладна ў абумоўлены час Тучкоў увайшоў у кабінет каменданта. Генерал-маёр быў дужага складу, твар меў рамантычнага профілю, валявы падбародак кантраставаў з мяккім выразам вачэй, у якіх сьвяціўся цьвярозы розум. Трымаўся ён са шляхетнай упэўненасьцю. Камендант нас пазнаёміў і пакінуў пакой, аб чым я з ім папярэдне дамовіўся. Мы з Тучковым пасядзелі нейкую хвіліну моўчкі, прыглядаючыся адзін да аднаго. Потым я сказаў:
– Мае службовыя абавязкі прымушаюць мяне задаваць вам пытаньні, якія адносяцца да лістапада – сьнежня 1812 году, бо ў сувязі з воляй гасудара мне даручана дарасьсьледаваньне абставінаў здарэньня, якое тады мела месца ў нясьвіжскім замку князёў Радзівілаў. Размова наша не пратакольная, я хачу напачатку зразумець сэнс і акалічнасьці справы…
– Я гатовы адказваць, – сказаў Тучкоў. – Болей за тое, я хачу гэтага. У тым і скрайні горыч мой, што ніякіх пытаньняў па сутнасьці справы да мяне не было. Больш за тры гады прамінула, як быў я пакінуты ў разбураным дашчэнту Менску, усё тут было спалена, жыў у галечы шэсьць месяцаў, чакаючы хоць якіх сьледчых дзеяньняў, але паперы недзе хадзілі ці, па завядзёнцы, ляжалі пад сукном, а я не патрапляў у поле ўвагі. Я двойчы зьвяртаўся тады да ваеннага міністра Гарчакова, але нават кароткім адказам ня быў прывечаны…
– Ваш цяперашні зварот на імя гасудара імператара выкліканы гэтымі акалічнасьцямі?
– Часткова – так. Хто ж, застаючыся жывы, пагодзіцца, што яго ўспрымаюць бяз сьледу зьніклым. Але ёсьць і іншая прычына. Пасьля далучэньня да Расіі польскіх зямель і стварэньня Царства Польскага амніставаны з ласкі гасудара ўсе былыя ворагі нашай Айчыны, якія са зброяй у руках нам супрацьстаялі. Ім даравалі, ім вярнулі правы дзейна служыць дзяржаве, якую яны ж імкнуліся распнуць. Наколькі мне вядома, з карпусных камандзіраў адзін толькі я адхілены ад службы ў арміі, з якой зьвязанае было ўсё маё папярэдняе жыцьцё. Абвінавачваньні мне не сфармуляваны. Тыя, што былі прынятыя для разгляду ў 1813 годзе, няслушныя і беспадстаўныя. Ніводзін сьведка, мной названы, ня быў апытаны. Не прымаліся да разгляду дзеяньні іншых асобаў, непасрэдных маіх начальнікаў ці роўных па правах і абавязках генералаў.
– Напрыклад? – спытаў я.
– Найперш былога камадуючага 3-й арміяй адмірала Чычагава. Ніхто не зьвярнуў увагі, што менавіта Павел Васільевіч прыняў пад апеку абоз з усімі ў Нясьвіжскім замку рэквізаванымі каштоўнасьцямі… Мушу назваць яшчэ адну крыніцу непрыхільнасьці да маёй асобы. Вы, пэўна, знаёміліся з маім фармулярам і ведаеце, што гэта я быў тым афіцэрам, які ў 1795 годзе пры пачатку польскага бунту ў Вільне адзіны аказаў супраціў польскім паўстанцам. Многія дзеячы таго бунту ці іх натхняльнікі, потым велікадушна дараваныя і да ўладных абавязкаў вернутыя, скарысталі сітуацыю, каб ачарніць мяне ў вачах гасудара. Варта дадаць, што адмірал Чычагаў, які абавязаны за мяне заступіцца, бо я дзейнічаў па ягоным загадзе, цалкам адстараніўся, выказаўшы дзіўнае няведаньне. Можна вас спытаць?
– Зразумела?
– Вы, думаю, былі ўдзельнікам вайны?
Я згодна кіўнуў.
– А служылі?
– У першай арміі, у корпусе вашага брата, у трэцяй дывізіі, камандаваў егерскім батальёнам, а пазьней палком…
– Значыць, вы выдатна ўяўляеце, што я ў якасьці дзяжурнага генерала арміі ня мог без загаду ці супраць загаду стаяць некалькі дзён у Нясьвіжы, калі адбываўся баявы марш у раён Беразіны. Ды і сам пошук скарбаў ініцыяваны быў ня мной, а шэфам Татарскага ўланскага палка Кнорынгам, у той час палкоўнікам, а затым тэрмінова прыімчаў адмірал Чычагаў і патрабаваў для слугаў Радзівіла зацятага допыту. І гэты палячышка, які прысягаў захоўваць таямніцу захаваных каштоўнасьцяў, якога і пальцам не кранулі, нахлусіў на мяне, намагаючыся завуаляваць нікчэмнасьць свайго ўчынку ці свае ж нейкія грахі.
– Магчыма, – пагадзіўся я. – Але ў гэтай гісторыі для мяне незразумелыя прычыны, якія падштурхнулі вас, па прыняцьці пад каманду рэзервовага корпуса, прыйсьці ў Нясьвіж у сьнежні. Якая неабходнасьць, пан генерал-маёр, зноў прывяла вас у замак?
– Найкарацейшы маршрут ад Магілёву на Менск, Маладэчна, Вільню, – адказаў Тучкоў, зьдзіўлены пытаньнем. – Іншага шляху проста няма. Дапусьцім, мая памылка ў тым, што я зайшоў у Нясьвіж. Аднак на маршруце руху мала месцаў, дзе можна станавіцца на начлег, а час быў сьнежаньскі, ня ў голым жа полі разьбіваць бівак… І тое не было ўлічана, што я толькі прыняў корпус ад генерал-лейтэнанта Эртэля. У ім дысцыпліна не была звычкай ні афіцэраў, ні ніжніх чыноў. У Мазырскім павеце, дзе да таго корпус кватараваў, было на яго шмат скаргаў ад мясцовага насельніцтва. Віна Эртэля пераклалася на мяне. Я ўступіў у камандаваньне 10 лістапада, а загад весьці корпус атрымаў 18-га. Пагадзіцеся, няшмат часу, каб прыбыць з-пад Барысава ў Мазыр і зьняць у паход раскінуты па кватэрах корпус, не падрыхтаваны камандзірам да маршу. Запасаў пра­віянту і фуражу зусім не было створана. Забясьпечваць дванаццаць тысячаў салдатаў даводзілася за кошт канфіскацыі прадуктаў у фальварках і сядзібах…
– Пан Тучкоў, вы, зразумела, ведаеце, што Аўдытарскі дэпартамент канстатуе вынікі распытаньняў і ацэнкі сітуацыі на адпаведнасьць артыкулам Статуту. Як вы лічыце, могуць выглядаць расьсьледаваньні, якія праводзіў палявы аўдытарыят Галоўнай арміі ў тую драматычную зіму і цяпер прызначаны правесьці я?
– Палявы аўдытарыят ніяк не праводзіў. Але калі б меў настрой правесьці, дык чальцы яго мусілі б прызнаць, што галоўным вінаватым зьяўляецца той, хто прыняў рашэньне аб рэквізіцыі. У мяне такой кампетэнцыі ня мелася… Да таго ж князь Радзівіл быў ня проста вораг, як французы ці аўстрыйцы, ён быў здраднік прысягі на вернасьць імператару, ваяваў у корпусе Мюрата, забіваў расейскіх салдатаў, пераўзышоў у злачынствах сваіх многіх французаў, і маёмасьць яго не ахоўвалася тымі законамі, якімі ахоўваюцца маёмасьць і правы вернападданых нашага гасудара…
– Скажыце, пан генерал-маёр, – спытаў я, – вы ж уваходзілі ў склад камісіі і падпісвалі вопіс забраных у замку скарбаў?
– Так, канешне.
– А што вам падалося найбольш каштоўным сярод рэквізаваных рэчаў і каштоўнасьцяў?
– Усё, – адказаў Тучкоў. – Усё было каштоўнае. У вопісу, перададзеным адміралу Чычагаву, пазначаныя ўсе залатыя і сярэбраныя вырабы, асобныя калекцыі, антычныя рарытэты… А цяпер, наколькі я ведаю, Чычагава ў Расіі няма… Няўжо і вопісу няма? – пацікавіўся ён іранічна. – Вы хоць ведаеце, пан палкоўнік, дзе вопіс і дзе цяпер каштоўнасьці?
– Гэтага я пакуль ня ведаю, – мусіў прызнацца я. – А ці былі сярод каштоўнасьцяў скульптуры дванаццаці апосталаў? Сярэбраныя ці залатыя? Вышынёй прыкладна з локаць…
– З даўніх гадоў службы маёй у гэтым краі, – пасьміхнуўся Тучкоў, – яшчэ да ўзгаданага мной бунту, ведаў я па чутках, што ў Нясьвіжы ёсьць дванаццаць залатых скульптураў апосталаў. У арміі нашай шмат пра гэта гаварылі. Палкоўніку Кнорынгу, напрыклад, расказваў яго бацька, Багдан Фёдаравіч, генерал-паручык, які ў год польскага паўстаньня стаяў з гарнізонам у замку Радзівілаў. І я быў у тым замку ў 1796 годзе, але, праўда, нядоўга. Вось тады я ўпершыню ўбачыў нясьвіжскі палац ва ўсёй прыгажосьці ягоных залаў. У патаемнай скарбніцы, у 1812 годзе намі адкрытай, залатых скульптураў не было, у вопісе, падпісаным чальцамі камісіі, яны не пазначаныя. Думаю, знайшоў у сабе мужнасьць гэты Бургельскі не раскрыць таямніцу іх захаваньня. Але разрабаваньне скарбаў, мне прыпісанае, ня мела месца. Мяркую, што з княжых слугаў некаторыя маглі пагрэць там рукі, пераадрасаваўшы потым свае злачынствы на нашую армію.
– Сяргей Аляксеевіч, – зьвярнуўся я да Тучкова, – з якой мэтай вы падалі на імя гасудара просьбу я разумею. Але які сэнс вашага прыезду ў Менск?
– Тры гады пражыў я ў Ізмаіле, у якім у гады турэцкай вайны пасяліў нячаеўцаў. Зараз па завяршэньні вайны вярнуўся з французскага палону мой малодшы брат Павел. Хачу яго пабачыць. У Менску, паўгода чакаючы сьледства, а потым у Ізмаіле, дакладней, у заснаваным мной горадзе, каб мець варты занятак, заняўся я літаратурнай творчасьцю, і еду ў Маскву, дзе маю намер апублікаваць сваю працу – два тамы перакладаў і ўласныя некаторыя творы…
Пачуцьцё аўтарскай задаволенасьці адлюстравалася на яго твары. “Віншую”, – адгукнуўся я. – Дзякуй богу, што не бывае ліха без дабра!”
– Так, наўрад ці атрымаў бы я вольны час для заняткаў паэзіяй, калі б быў на службе, – сказаў Тучкоў. – Тым ня менш ня з уласнай волі. Я, канешне, грахоўны чалавек, але ў нашым родзе яшчэ нікога не вінавацілі ў рабунках ці, што яшчэ горш, у крадзяжы…Хачу сьледства – і пакараньня, калі вінаваты, ці прызнаньня невінаватым і вяртаньня да армейскай службы… Гэта ня вельмі прыемна, Андрэй Юр’евіч, існаваць у ролі прывіду. Толькі з тае прычыны, што я камусьці не падабаюся. Не магу ж я пра гэта ня думаць. Пастаянна ўсе думкі мае пра гэта. Я ўжо неяк і не спа­дзяваўся, што наш чыноўны воз скранецца з месца. Шчыра прызнаюся, што моцна ўчора быў зьдзіўлены, калі пасыльны паведаміў мне вашае запрашэньне на гэтую сустрэчу…
Па твары яго, зьмякчаючы валявыя рысы, прабег сумны цень адлучанасьці, быццам ён перанёсься ў іншыя абставіны. Так і аказалася.
– Каля дома, дзе я жыву, – сказаў Тучкоў, – б’е крынічка, маленькая, ледзь прыкметная сярод травы. Ёй увагі хочацца, а яе ніхто ня бачыць. Вось і ў мяне так: ніжэй травы, цішэй вады жыву. Раней не разумеў я гэтыя словы, а калі сябе ўявіў, існую цяпер і ніжэй травы, і цішэй вады, прызнаў, што вельмі паэтычны чалавек іх прыдумаў у гадзіну сваіх бедстваў. У мяне такога таленту няма, але таксама элегію запісаў у блакнот…
Нечакана ён пачаў чытаць ціхім голасам, але са значнасьцю словаў і зачароўвальнай інтанацыяй:

Тебе подобно я скрываюсь,
Не виден я среди людей,
Названием стран не украшаюсь
И блеском суетных честей.
Известен только ты на сьвете
Сих стран пастушкам, пастухам,
Так я в цветущем жизни лете
Известен лишь моим друзьям.

– Пэўна вы і непрыяцелям сваім таксама вядомы, – адгукнуўся я на зьмест, пазьбягаючы ацэньваць вершатворнае майстэрства. – Ці зможаце, Сяргей Аляксеевіч, растлумачыць, чаму Кутузаў, які вас асабіста ведаў і прадстаўляў да ўзнагародаў, гэтак проста і пасьпешліва па неправеранай скарзе адставіў ад пасады ў дні вайны…

Магутны мсьціўца генерал-маёра

– Вы зьдзіўляеце мяне сваёй недасьведчанасьцю, пан обер-аўдытар, – сказаў Тучкоў і, сапраўды, твар яго выяўляў моцнае зьдзіўленьне, якое можна пабачыць у тэатры, калі акцёр намагаецца данесьці яго да ўсіх гледачоў, нават і ў апошніх крэслах. – На маю бяду менавіта я быў тым генералам, высілкамі якога цяперашні любімец цара граф Аракчэеў быў пры бацьку яго імператары Паўле адстаўлены ад службы за сфальшаваны рапарт. Прычым проста з балю прагнаны прэч. На вачах дам і кавалераў. Некалькі гадоў яго кар’еры пайшлі ў пясок. Такое ніхто не забывае, тым больш Аракчэеў, помсьлівасьць якога можа служыць узорам.
Відаць, у маіх вачах адбілася ня меншае зьдзіўленьне, бо Тучкоў з прыкметным задавальненьнем ад эфекту словаў сваіх вырашыў завяршыць іх рэзюмэ:
– Нябожчык князь Міхаіл Іларыёнавіч, безумоўна, быў чалавек вялікай асабістай мужнасьці, але ўступаць у баталію з Аракчэевым на палацавым паркеце, ведаючы добрае стаўленьне да яго гасудара, палічыў для карысьці сваёй ня вартым… Ды і мяркую, немалое меў жаданьне пакінуць адмірала Чычагава ў пройгрышным становішчы, навекі праславіць яго няўдачаю на Беразіне. Аднак, як кепска ні правёў Чычагаў сваю частку аперацыі, менавіта яго дзеяньні разбурылі арганізаванае адступленьне французаў. Ня мог гэтага зрабіць Міхаіл Іларыёнавіч, бо знаходзіўся за сто пяцьдзясят вёрст ад Студзёнкі і шчыра туды не сьпяшаўся. Уласна кажучы, ён пакінуў Чычагава адзін на адзін з Напалеонам. Але ж не аднаго пана адмірала, а ўсю армію яго, можаце не пагаджацца, аднак, на маю ацэнку, даволі жорсткае рашэньне. І помсьлівасьць сваю ўвекавечыў. Ня мог ён проста ў лоб Чычагаву выставіць прэтэнзіі за Нясьвіж. Хто б яму дазволіў! А са мной можна было жорстка абыйсьціся – Аракчэеў, не памылюся, займеў падставу надзвычайна парадавацца…
Усё гэта магло цалкам адпавядаць сапраўдным прычынам, а ў далейшым і пацьвердзілася, але я быў зьдзіўлены ня гэтак неахвотаю князя Смаленскага канфліктаваць з Аракчэевым у справе, дзе той імкнуўся натоліць сваю даўнюю злосьць, колькі маўчаньнем генерал-аўдытара, які ні слова не прамовіў пра такую ўплывоваю асобу, зацікаўленую, падобна фанатычнаму інквізітару, у вечных пакутах генерал-маёра Тучкова. Я адчуў сябе абражаным, што быў прыцягнуты да справы, у якой было шмат патаемных інтарэсаў даваеннага паходжаньня, а замест іх гучала цікаўнасьць да параграфаў Палявога Крымінальнага Укладаньня. Ня ведаючы яшчэ ў паўнаце ўсіх абставінаў справы, я наперад вырашыў, што даклад мой па Аўдытарскім дэпартаменце не прынясе графу Аракчэеву жаданага задавальненьня.
– Прашу прабачыць, Сяргей Аляксеевіч, але зусім ня ведаў аб гэтым канфлікце, – быў змушаны сказаць я. – У той час мяне толькі ў кадэты залічылі. Пра адстаўку графа, вядома, чуў, аб вашым у ёй удзеле – ня меў уяўленьня. Буду ўдзячны, калі палічыце магчымым падзяліцца.
– Чаму ж не, – не працівіўся ён. – Паданьне мілай даўніны. Некалі яго шмат хто ведаў, ды армейскі афіцэрскі корпус знаходзіцца ў пастаянным аднаўленьні. Вось як было. У артылерыйскім арсенале сярод рознага барахла знаходзілася старая павозка для сьцягоў, якой з-за старасьці не карысталіся. Нейкі дробны ліхадзей тайком ад вартавых пралез за агаро­джу, зрэзаў з павозкі бархат і залатыя кісьці. Тады аб любым учынку ў войску трэба было дакладваць гасудару, што і мусіў зрабіць Аракчэеў як інсьпектар артылерыі. Начальнікам батальёну, з якога былі вартавыя, служыў яго родны брат. Каб пазбавіць брата ад спагнаньня, Аракчэеў сказаў Паўлу, што на варце стаялі людзі з палка, якім камандаваў генерал-лейтэнант Вільдэ Іван Іванавіч. Гняўлівы Павел, словам Аракчэева даў веры, і дзённым загадам адставіў Івана Іванавіча ад службы. Я быў з ім у сяброўскіх стасунках, ён паведаў пра сваю бяду, і я зьвярнуўся да графа Кутайсава, прыяцеля бацькі майго, з просьбай паведаміць гасудару, наколькі несправядлівая адстаўка Вільдэ. Кутайсаў пагадзіўся. У той жа дзень на бале ў Гатчыне Павел убачыў Аракчэева і загадаў флігель-ад’ютанту не марудзячы выставіць яго за вароты, а наступным днём, 1 кастрычніка 1799 году, генерал-лейтэнант граф Аракчэеў 1-шы, за хлусьлівае данясеньне, а брат яго генерал-маёр Аракчэяў 2-гі за выпадак крадзяжу ў арсенале загадам адстаўленыя былі ад пасадаў. Па зьбегу абставінаў я ў гэты дзень пажалаваны быў генерал-маёрам. Натуральна, з той хвіліны, калі імператар Аляксандр вярнуў Аракчэева да страчаных пасадаў ніводнае прадстаўленьне мяне да ўзнагародаў не было выкананае. Ніводнае. Магчыма, вы зьвярнулі ўвагу на гэта ў маім фармуляры. А ўжо выпадак са скаргай быў, мяркую, як дарунак з нябёсаў…

Генерал-маёр падазрае масонскую інтрыгу

– Вы думаеце, зараз абставіны зьмяніліся?
– Ня ведаю, – адказаў Тучкоў, – але ўпэўнены, што абвінавачваньні супраць мяне недарэчныя, і знойдзецца чалавек, які здолее растлумачыць гэта гасудару. Патрактавана ж было такім чынам, нібыта я з некалькімі афіцэрамі дзеля асабістай карысьці разрабаваў скарбы Радзівілаў. Ды яшчэ ў кампаніі з нясьвіжскім кагалам. Як гэта ўявіць? Што я, граф Ламберт, Ланжарон, Сабанееў, палкоўнік Кнорынг і іншыя генералы арміі нейкія рэчы па кішэнях пахавалі і дамовіліся маўчаць аб сваёй зладзейскай удачы? І якія гэта габрэі прыйшлі рабаваць Нясьвіжскі замак? Вы можаце ўявіць, што Татарскі ўланскі полк Кнорынга ўваходзіць у замак разам з габрэямі? Агульнымі шыхтамі?
– Не магу, – пасьміхнуўся я.
– Ды іх там і не было ніколі. Хто б пусьціў? Тым больш у палац гля­дзець багацьці. Усе габрэйскія веды – гэта плёткі і чуткі, узбагачаныя іўдзейскай фантазіяй. Калі менскім губернатарам быў Туталмін, ён у замку Радзівілаў ладзіў балі. Там сотні афіцэраў зьбіраліся. Усе чулі аб скарбах. Можа, хто і шукаў. Тысяча карцінаў на сьценах, сто ці больш пакояў, падвалы ня выхаджаныя, некаторыя на пяць сажэняў ніжэй паверхні зямлі, дамскія прывіды гуляюць па галерэях пры месячным сьвятле…
– Сяргей Аляксеевіч, – перапыніў я ўспаміны, – а ў тыя месяцы, калі вы жылі ў Менску, чакаючы судовага расьсьледаваньня, ці адбыўся тут аўкцыён малакаштоўных рэчаў з ліку рэквізаваных у замку?
– Наколькі ведаю, было такое дзіўнае ўказаньне інтэнданту арміі Рахманаву ад адмірала Чычагава. Не хачу меркаваць, пра што Павел Васільевіч думаў, калі яго пісаў. Які аўкцыён маглі праводзіць у Менску ўзімку 1813 году? Колькі тут людзей засталося пасьля вайны? У іншай вёсцы болей было жыхароў. Хто б змог купляць? Варта прайсьці па вуліцах і паглядзець на тутэйшых пакупнікоў. Хто з навакольных памешчыкаў паехаў бы ў выпалены горад набываць сабе рэчы, ведаючы, што яны належаць Радзівілам? Ды проста езьдзіць па дарогах было небясьпечна. Хапала рабаўнікоў. Напрыканцы лютага скрыні пагрузілі на сані і павезьлі. Можа, і ў Маскву. Ня ведаю. Мяне гэта ўжо не займала ў той час. Я ў тыя дні за выемкі з радзівілаўскіх прадуктовых магазінаў меўся даваць тлумачэньні. Пра некаторыя толькі тут упершыню дазнаўся…
– А з цяперашнім губернскім сакратаром, – пацікавіўся я, – у вас не было нейкіх стасункаў па судовай частцы? Ён у той час служыў старшынём дэпартаменту ў Менскім галоўным судзе.
– Не давялося. Але перакананы, што менавіта ён быў галоўным аўтарам той скаргі, якую падаў замкавы захавальнік Бургельскі. Дакладней, уся мудрагелістасьць дакументу – яго юрыдычны плён. Хаця, думаю, што і сама ідэя нарадзілася ў яго галаве. Справа ў тым, што Каменскі служыў адвакатам у Дамініка Радзівіла. Ну, не галоўным, а, можа, па асобных справах. Бургельскі і скарыстаўся паслугамі добрага знаёмца. Ды і недастаткова сказаць знаёмца – дапамогай брата! – Тучкоў падкрэсьліў апошняе слова іранічнай інтанацыяй. – Пан Каменскі – аўтарытэтная асоба ў менскай масонскай ложы “Паўночная паходня”, масон сёмага градусу, па іхняй іерархіі – рыцар. Не зьдзіўлюся, калі і Альберт Бургельскі будзе перакананы “вольны муляр”. Мураваную сьцяну патаемнай скарбніцы цалкам добра зрабіў… Я за паўгоду, што тут правёў, атрымаў энцыклапедычныя веды аб губернскім жыцьці і мясцовых адносінах, – патлумачыў ён, бачачы на маім твары зьдзіўленьне. – Праз сваякоў сваіх, зразумела.
– А як вашы сваякі, цікава ведаць, апынуліся на Літве?
– Па лініі сужоніцы маёй. Я быў жанаты з пляменьніцай Сямёна Гаўрылавіча Зорыча, якому імператрыца Кацярына падаравала ва ўладаньне Шклоў. У яго было многа сваякоў, усе ў беларускіх і літоўскіх губернях і аселі.
– Я вучыўся ў Шклоўскім кадэцкім корпусе, – сказаў я, паведамляючы такім чынам, што маю пэўнае ўяўленьне аб шклоўскіх справах, ва ўсялякім выпадку, аб ландшафтах мясцовасьці. – Праўда, год толькі, да майскага пажару ў дзевяноста дзявятым годзе. Потым нашыя роты перавялі ў Гродна.
Тучкоў зьвярнуў увагу на мае словы, паглядзеўшы на мяне з асаблівай цікавасьцю, быццам прызнаваў мяне за даўняга знаёмага.
– Так, была бяда. Пажар гэты для Сямёна Гаўрылавіча стаў забойчы. Ён болей за ўсё свой корпус і любіў. Чатырыста дваранскіх падлеткаў утрымліваў у Шклове за свой кошт, будынак узьвёў, набыў бібліятэку, выпускнікам даваў ад сябе мундзір, афіцэрскі экіпаж ды сто рублёў. Ці шмат у нас такіх дабратворцаў? А яго вінавацілі ў растратах на картачныя даўгі.
– Кадэты вельмі паважалі Зорыча, – падтрымаў я. – Пасьля пераводу ў Гродна часта яго ўзгадвалі за вясёлы характар і добрую душу…
– Мяне гэтае сьледства больш за ўсё крыўдзіць, – пахмурна сказаў Тучкоў, вяртаючыся да тэмы сваякоў, – што ў год вайны страціў я любі­мую жонку маю, а дзяцей у нас не было. Мне патрэбы няма быць карысьлівым, красьці рэчы на памяць у здраднікаў прысягі. У адмірала Чычагава, – дадаў ён, і прагучала гэта шматсэнсоўна, – тры дачкі, ім яшчэ да шлюбу расьці і расьці…
Мы замаўчалі. Я падумаў, што абмеркаваньне сямейных абставінаў можа завесьці нашую размову далёка ад галоўнага майго інтарэсу. Таму я выбраў аркуш са скаргай Бургельскага і падаў Тучкову.
– Наколькі, Сяргей Аляксеевіч, адпавядаюць сапраўднасьці паказаныя ў заяве захавальніка нясьвіжскіх багацьцяў вашы ды іншых асобаў канкрэтныя дзеяньні ў сьнежаньскае наведваньне замку?
Генерал-маёр узяўся перачытваць вядомы яму дакумент з непрыхаваным пачуцьцём агіды.
– У першае знаёмства з гэтай подласьцю, выкладзенай Бургельскім, – сказаў Тучкоў, вяртаючы мне паперу, – думаў я, што ня здолею сьцярпець, паеду і застрэлю хлусьлівага паляка. З праўды тут толькі тое, што корпус сапраўды заходзіў у Нясьвіж, а казакі Грэкава – у замак. І Бургельскі сапраўды быў пад замком у паўпадвале, аднак натопленым, там вельмі добрая печ. А ўсё астатняе – адны гіпербалы. Як можа казачы полк ды і ўсе іншыя вывозіць мэблю з гасьцёўняў, рушачы да арміі? Нашто яна ім? Калі б хто і захацеў, якім транспартам везьці канапы ў стылі ракако – загрузіць мэбляй карпусны абоз замест правіянту, бомбаў, інструменту? Ну, а люстры нашто ў замежным паходзе? І адкуль узяліся “рэшткі серабра”? І “рэшткі” – гэта колькі? Адзін кубачак ці поўны сталовы сервіз на тузін персонаў? І конская вупраж якая? Для запрэжкі цугам ці для верхавога каня? Апошнія, зразумела, маглі прыхапіць казакі палкоўніка Грэкава. Сумняваюся, што яны пыталіся пра дазвол у свайго камандзіра. І кнігі на невядомых мовах зусім не казачая мара! Усё гэта агульныя словы, туман, у якім неабмаляваныя фігуры, скарыстаўшы выпадак, хітра расьцягнулі з замка розныя рэчы па мясцовых сваіх мядзьведжых фальварках…
– На што ж мог разьлічваць заяўнік, ствараючы такую сваю скаргу? – спытаў я.
– Калі скарга гэтая стваралася, князь Дамінік Радзівіл быў жывы. Канешне, спадзяваліся, што вернецца пераможцам. Тут уся шляхта верыла, што і Напалеон вернецца з яшчэ большай арміяй і расьцісьне Расію, як вош, пазногцем. Корпусу Эртэля, а потым майму, усе прыпасы, узятыя ў фальварках пад расьпіскі, залічвалі як жорсткае разарэньне ад расейскіх войскаў, а французаў, палякаў і свае літоўскія палкі ўтрымлівалі без гуку пратэсту. Князь Радзівіл вернецца – не ў каменданта-здрадніка пытацца яму пра свае каштоўнасьці. З арміі Чычагава, з корпуса Тучкова, з казакаў Грэкава. Шукай іх на расейскіх абшарах. У 1794 годзе ў Вільні лічыўся я за першага ворага, бо выпадкам была пашкоджаная сьвятая ікона пры артылерыйскім абстрэле капліцы на Вострай Браме, з вокан якой стралялі ў разьлікі маіх гарматаў. Цяпер я чацьвёрты год пад сьледствам як раскрадальнік пасьцеляў і рэштак серабра. Але чаму я адзін? Дзе Чычагаў? Жывы і здаровы за мяжой, аднак гасудар пакінуў яго ў Дзяржаўным Савеце з выплатай пенсіёну. Дзе палкоўнік Грэкаў? Ён цяпер генерал-маёр. Дзе генерал-маёр граф Ламберт? Ён цяпер генерал-лейтэнант. Дзе палкоўнік Кнорынг. Ён цяпер генерал-маёр. Пажалаваны чынам ў сьнежні 1812 году за лістападаўскія баі, у тым ліку і за ўзяцьце Нясьвіжа…

Тучкоў дазваляе сабе вінаваціць гасудара

– А дзе вас, Сяргей Аляксеевіч, засьпеў загад аб адхіленьні ад камандаваньня корпусам? – вырашыў спытаць я.
– Каля Варшавы, пры асадзе крэпасьці Модлін.
– Адмірал Чычагаў накіраваў каштоўнасьці па трох адрасах – у музей Валуеву, у маскоўскі сабор, у Харкаў. Цікава, ён сам прыняў такое рашэньне ці яно абмяркоўвалася з генераламі арміі?
– Не магу ведаць, – адказаў Тучкоў. – Са мной і ў маю бытнасьць дзяжурным генералам не абмяркоўвалася. Але наўрад ці сам. Думаю, ён выканаў падказку ці пажаданьне гасудара…
Такое меркаваньне выглядала вельмі праўдападобна. Гасудар ня выказаў Чычагаву ўдзячнасьці за яго ініцыятыву ў вывазе нясьвіжскіх скарбаў і, нават не зірнуўшы ў іх бок, аддаў для музейнага выкарыстаньня, магчыма, і на аўкцыён параіў выставіць просьценькія рэчы. Адмірал, як памятаў я з дакументаў, бачыў куфры з каштоўнасьцямі апошні раз, калі ўсьлед за авангардам арміі сьпяшаўся да Барысава. Нашто ж камандуючы 3-й ар­міяй прыгнаў абоз з княжацкімі каштоўнасьцямі ў толькі што вызвалены Менск на захаваньне, быццам гэта была салома ці мука? Я пацікавіўся ў Тучкова яго ацэнкай тагога рашэньня.
– Паступіць інакш Чычагаў ня меўся, – быў нечаканы адказ генерал-маёра. – На Нясьвіж рухаліся аўстрыйцы, па тым становішчы маглі рухацца – скарбы дасталіся б ім. Тады ўзьнікае пытаньне – нашто шукалі? Не забярэ армія, знойдуцца рабаўнікі на такі трафей. Значыць, трэба пакідаць пры іх гарнізон. Перад захопам замка там зьявіліся ўланы з палка Радзівіла, была з імі перастрэлка ў Кнорынга. Частка з іх ўцякла, камендант Бургельскі выпусьціў праз падземны ход… Слуг яго давялося дапытваць – пасьпелі ці не пасьпелі ўланы забраць менавіта каштоўнасьці. Думаю, што галоўная памылка Чычагава ўтойвалася ў тым, што замест жывога ці мёртвага Напалеона рашыў ён парадаваць гасудара нясьвіжскімі скарбамі. Польскія прыхільнікі пры двары адразу ж надалі гэтаму палітычную значнасьць…
Пры гэтых словах я выказаў свой сумнеў:
– Дзе Нясьвіж, дзе палякі! Бяз іх відочна: вось князь з напалеонаўскім ордэнам Ганаровага легіёна – вось рэквізіцыя яго скарбаў. Што пецярбуржскія палякі маглі абвергнуць?
– Эх, Андрэй Юр’евіч, гэта па вашай логіцы правільна, – уздыхнуў Тучкоў. – А на польскі розум – наўмысная абраза і нацыянальнае пры­ніжэньне. Гавораць, Адам Чартарыйскі нават сьпецыяльны артыкул упісаў у Канстытуцыю Царства Польскага перад яе найвысачэйшым зацьвяр­джэньнем. Патрапіць вам у рукі, зможаце прачытаць, літаральна не памятаю, але прыкладна гэтак сфармуляваны: “…Всякая собственность, находится ли она на поверхности земли или в ее недрах и кому бы ни принадлежала, объявляется сьвященною и неприкосновенной. Никакая власть не может посягнуть на нее под каким бы то ни было предлогом. Всякий, посягающий на чужую собственность, почитается нарушителем общественной безопасности и, как таковой, наказывается”. Вось уласна я і выстаўлены на агляд як пакараны парушальнік грамадскай бясьпекі палякаў. Хоць яшчэ, на іх погляд, і не пакараны.
– Прабачце, Сяргей Аляксеевіч, – запярэчыў я, – але ці не перабольшваеце вы значэньне нясьвіжскага інцыдэнту?
Тучкоў стомлена і безнадзейна ўздыхнуў, што адносілася, як я адчуў, да хібаў агульнага неразуменьня, ад якога ня быў свабодны і я, і марнасьцю высілкаў тлумачыць відавочныя рэчы. Усё ж ён заявіў:
– Андрэй Юр’евіч, не было ніякага інцыдэнту і быць не магло. Хіба армія вінаватая, што гасудар утойваў свае планы дзяржаўнага адраджэньня польскага каралеўства? Палякі нас атакуюць, а мы даруем ім Хартыю вольнасьцяў. Калі такі напрамак мае палітыка, то трэба яго абвясьціць галосна, па меншай меры, хоць бы па арміі, каб пазьбегнуць непаразуменьняў…
– Вядома, – працягваў ён, – але толькі па чутках вядома, прабалбатаўся нехта з зацікаўленых персонаў, што адноўленае польска-літоўскае каралеўства павінна было зьявіцца ў складзе Расіі пасьля бітвы пад Аўстэрліцам. Аднак Кутузаў бітву ня выйграў, і радасьць палякам замест імператара Аляксандра змог даставіць Напалеон, утварыўшы Варшаўскае герцагства. Цяпер ён для іх сьвяты, нават тут прапольскае насельніцтва чакала яго, як месію. Толькі Бог ведае, чаму гасудар вырашыў, што палякі будуць яму верныя і ўдзячныя болей, чым Напалеону. Разарэньне палякамі Смаленску, польскія намаганьні на Барадзінскім полі, абарона ўланамі Панятоўскага пераправы на Беразіне засьведчылі, наколькі далёкі гасудар ад разуменьня польскай натуры і магчымасьцяў іх удзячнага стаўленьня да Расіі.
– Сяргей Аляксеевіч, – зьвярнуўся я да яго цьвярозасьці, – вы ж лепш за мяне разумееце, што я ў аўдытарскай справаздачы не змагу ацэньваць настрой думак гасудара, мне даручана аб’ектыўна ацаніць падставы скаргі нясьвіжскага каменданта – колькі там праўды, у чым там выдумка…
– Менавіта аб праўдзе і ўсе мае думкі, – сказаў Тучкоў. – Што называюць інцыдэнтам? Тое, што інтэнданты бралі гарох на салдацкую кашу і сена для коней? Але ў адрозьненьне ад польскіх рабункаў маскоўскіх палацаў, у нясьвіжскім замку каштоўнасьці канфіскаваныя былі па вопісе, нікога да сьценкі не паставілі і факелы ў вокны дамоў ня кідалі, як у Маскве, а трое слугаў былі пакараныя розгамі за ўкрыцьцё варожых салдатаў, хоць па абставінах ваеннага часу такая дапамога магла каштаваць ім жыцьця. Цяпер жа палякам – Канстытуцыя, гасудар будзе павінен ехаць у Варшаву каранавацца. Выходзіць, – заключыў Тучкоў з горыччу, – польскія палкі не дарэмна паклалі людзей, дапамагаючы Напалеону браць Сямёнаўскі рэдут, рабуючы і палячы Маскву. Ні ў чым яны не вінаватыя, усё ў іх сьвятое і недатыкальнае! А я пакінуты ў злачынцах ім на суцяшэньне…
– Падобна на тое, – пагадзіўся я, разумеючы, што сьнежаньскі начлег у замку данскіх казакаў Грэкава з наступным зьнікненьнем шмат чаго добрага, што слугі кепска схавалі, ня можа мець спасылак на нясьвіжскіх габрэяў, на аскепкі ўланскага палка князя Дамініка, нават на марозныя ночы, бо астатні склад корпусу таксама правёў ноч не ля бівачных вогнішчаў пад зорным небам. Усе ж не лазарэт разьмясьціўся ў замку, і ня лекі для параненых патрабаваў ад каменданта генерал-маёр. Адсюль вынікала, што хацелася пану Тучкову ў сьнежні паўтарыць лістападаўскую ўдачу адмірала Чычагава. Я разумеў яго матывы: у яго два браты былі забіты ў Барадзінскай бітве палякамі Панятоўскага, а трэці паранены і нацярпеўся ў палоне… Хто ў тыя дні дапускаў, што палякам ня толькі даруюць віну, але і падаруюць Хартыю, і які-небудзь юны паручык адноўленага польскага войска прыедзе ў Талачын падпітваць свае патрыятычныя фантазіі на месцы спаленьня сьцягоў разьбітых ушчэнт напалеонаўскіх палкоў?
Мы з Тучковым разьвіталіся незадаваленыя адзін адным: ён – паколькі не адчуў майго разуменьня перажытых ім непрыемнасьцяў, я – паколькі тлумачэньні сьнежаньскага візіту ў нясьвіжскі замак ня мелі дастатковай важкасьці, а выняткі рэчаў, зробленыя казакамі, немагчыма было абгрунтаваць з той дастатковасьцю, з якой абгрунтоўвалася неабходнасьць рэквізіцыі скарбаў. Пакуль што я ня мог прыстойна заматываваць сэнс наведваньня замка рэзервовым корпусам, а падтрымліваць скаргу было мне не па душы…

(Заканчэньне ў наступным нумары)