12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кастусь Тарасаў

_____________________
На вайне. Аповесьць


Навальніца
30 чэрвеня гарматы сапежынскай дывізіі пачалі абстрэл Менску. Гарнізону ў крэпасьці было мала, і гарматы прыстрэльваліся да брамаў і гарадскога валу. Два наступныя дні артылерыя працягвала сваю працу, і 3 ліпеня 1660 году харугва палкоўніка Вараньковіча па прабітым у варотах праёме ўвайшла ў горад. Расейскія салдаты здаліся, але з пяцісот двароў чатырыста былі спа­леныя, і гэта вызначыла сумны лёс стральцоў. Вая­водскі Менск быў другім горадам, вызваленым ад шасьцігадовага захопу расейцамі, у шэрагах дывізіі панавала весялосьць, і, дзякуючы гэтай весялосьці, ха­ругва Вараньковіча, якая першая ўступіла ў горад, атрымала двухмесячны адпачынак.
Дарысіўшы да сваіх месцаў у Ігуменскай воласьці, два дзясяткі шляхцічаў і драбаў рассыпаліся па лясных і балотных прасёлках – кожны сьпяшаўся на свой двор. Дачакаўся павароту на родныя Дымы і паручык Юры Матулевіч; тут, на раздарожжы, разьвітаўся ён з прыяцелямі, якім было ехаць далей, і забыў пра іх, радуючыся блізкай сустрэчы з бацькам, якога пяць гадоў ня бачыў.
Да Юр’я ехаў пагасьцяваць Стась Рэшка – даўні, з гадоў вучэньня ў Полацкім калегіюме, цалкам безграшовы прыяцель. Наводдаль шляхцічаў ішлі пры клуначных канях тры драбы – усе мясцовыя.
Дзень быў душны, з поўдня зьбіралася навальніца – і сабралася. Чорныя хмары, загасіўшы сьвятло, пачалі туліцца да зямлі; лес і трава замерлі ў пакорнасьці. Паветра здрыганулася, рэдка стукнулі кроплі, згусьцеў змрок. Да Дымоў заставалася пяць вёрстаў. Было ясна, што навальніцу не абагнаць, і, убачыўшы наперадзе капліцу, Юры вырашыў атуліцца пад сьвятой страхой. Аднак набожнага Стася Рэшку нешта ў капліцы зьбянтэжыла; ён хутка вышукаў што – дзьверы былі сарваныя, усярэдзіне ляжала сьмецьце, адсутнічаў на ёй крыж, толькі абломак яго бадліва тырчаў пасярэдзіне канька. Пазьней, калі дзень прыезду ў Дымы ўсплываў у памяці сваімі напамінамі, Юры пакутаваў ад таго, што не паслухаў прыяцеля, а з насьмешкай загадаў сьпешыцца. Ды і чаго было палохацца, калі столькі набачыліся за пяць гадоў спаленых касьцёлаў, абадраных грэка-уніяцкіх цэркваў, столькі пабітага ў гэтых касьцёлах народу, ды і самі не адзін раз у цэрквах, як у карчме, начавалі. Бо не нячысьцікі абразы палілі, на алтарах шаблямі шыі секлі. Ці ў гэтую капліцу нячысьцікі дзьверы выбілі, крыж зламалі і зьнесьлі расьпяцьце?..
Толькі занесьлі ў капліцу мяхі і сёдлы, як наўскось неба ўспыхнуў агністы глыбокі шнар – нібы ўрэзалася ў брушыну цемры і расьсекла яе да крыві нябачная шабля. Асьлепленую цішыню разарваў гром, і струмені грукнулі ў дарогу, траву, капліцу.
Юры, Стась і драбы перахрысьціліся. Праз дарогу насупраць каплічкі, у суцэльным патоку вады выявілася чалавечая фігура – нібы выскачыла з непрыкметнай за дажджом ямы. Юры з цікаўнасьцю чакаў падарожніка. А ён аказаўся жанчынай, пакрытай вялікай сіняй хустай. Яна ступіла пад застрэшша, ківам прывіталася і прыціснулася сьпіной да зрубу. Нядоўга так пастаяўшы, зьняла і пачала адціскаць хусту – і Юры адразу пазнаў шаптуху Эўку. Чорныя валасы крылом ляжалі на кашулі, а мокрая кашуля цесна абляпіла цела, выявіўшы дужыя грудзі; насычаная вадой чырвона-сіняя спадніца шчыльна аблягала сьцёгны.
Драбы таксама пазналі шаптуху, і хтосьці прастадушна выгукнуў: “Эўка!”, уклаўшы ў слова і радасьць, што нарэшце ўбачыўся на радзіме знаёмы твар, і нейкую непрыязнасьць, што першы сустрэчны мясцовы чалавек – шаптуха, а, можа быць, і вядзьмарка.
– Во, Пярун лупіць! – адазваўся таварыш.
Стась Рэшка запытальна паглядзеў на драбаў; тыя прысунуліся да яго і зашапталі: “Ведзьма! Ведзьма!”. Пан Стась, натхніўшыся крыжом, вызірнуў з капліцы. Матулевіча гэты небясьпечны погляд прыяцеля разьвесяліў. Паклаўшы руку на гарду шаблі, ён, усьміхаючыся, разглядаў твар Эўкі. Яму прыйшлося не да душы, што драбы торкаюць Эўку крыўдным словам, і ён грозна пакрывіўся.
– Л-л-л-лепш яе прагнаць! – заікаючыся, сказаў пан Стась. – П-п-ан Бог ня любіць!
– Яна чалавек! – запярэчыў Юры і ў запале ступіў да варажэі:
– Эўка, скажы, будзе мне бяда?
– Калі сам, пан, не наклічаш, ня будзе!
– Сам?! – зьдзівіўся Юры.
– Сам! – паўтарыла Эўка і раптам падалася ў лівень ды зьнікла за кутом капліцы.
Хутка навальніца перамясьцілася пад Бакшту. Юры, Стась і салдаты прадоўжылі шлях. І нарэшце іх сустрэла вёска і двор Юр’евых бацькоў, загароджаны частаколам і брамай. Калі яны яшчэ ехалі вуліцай, Юры налічыў восем пустых двароў, гаспадары якіх, пэўна, былі забітыя ці ўзятыя ў палон стральцамі. Але і з ацалелых хатаў ня выйшаў ніхто, каб прывітацца...

Шляхецкія абгаворы
Назаўтра адзначалі доўгачаканую сустрэчу; заехалі з дзясятак суседзяў, якія перажылі па літасьці Божай утрапёнасьць казацкага і маскоўскага разгулу. У мінулым утрая больш зьязджалася, а цяпер, на жаль, рэдкая душа ацалела: пана Залесю казакі забілі, Шэпурку і Лаевіча маскалі, Вярыгу яго ж мужыкі пранесьлі на вілах ад варотаў да могілкавых бяроз, пан Руцэвіч падаўся ў Жмудзь, каб схавацца, і па дарозе, абкрадзены, з голаду акалеў, Трызна ў войску загінуў пад Полацкам, Балевіча пад Менскам забілі... Ды і ўсе, хто цяпер сядзеў за сталом, нацярпеліся ліха, нават бацька, як зразумеў Юры з кароткага аповеду, месяц карміў крывёй камароў на балотных выспах.
Але выпілі, забыліся мінулыя страхі, і пачалася пахвальба. Юры і Стась, як непасрэдныя ўдзельнікі бітвы пад Палонкай і ўзяцьця Менску, абавязаныя былі сагрэць душу шляхецкай грамады аповедамі аб посьпехах нашых харугваў. Не чакаючы запрашэньняў, Юры пусьціўся ў пераказ знакамітай бітвы:
– Гетман Павел Сапега вырашыў узяць абозы Хаванскага і аддаў загад рухацца да Ляховіч, куды сьцягваліся харугвы. Перакрыўшы шлях князю Хаванскаму, войска стала ў полі. Дзьве харугвы крылатых гусараў і наш полк, на чале з Вараньковічам, былі вызначаныя ў запас і схаваныя ў лесе. Расейская пяхота набліжалася на нашую пяхоту… Стукнулі стрэльбавыя залпы стральцоў – першы шэраг, другі, трэці. Ліцьвіны адказалі агнём, але шум страляніны хутка заціх – войскі сышліся і схапіліся на шаблях. Затоеныя ў лесе палкоўнікі і паручыкі, сабраўшыся разам, варажылі па ляску зброі і сіле крыкаў, хто бярэ верх і ці хутка для іх наступіць час ісьці на справу... Праз гадзіну і надышоў – князь Шчарбаты, зламаўшы правае крыло, зайшоў у сьпіну. Тут гусарскія камандзіры і Вараньковіч загадалі харугвам атакаваць. Палкі Кміціча цясьнілі ваяводу Зьмяева і князя Шчарбатага, забіраючы перамогу. І забралі! Упершыню за пяць гадоў вайны зьбег з бітвы князь Іван Хаванскі. Толькі паўгоду назад спаліў ён непакорлівае Берасьце, тройчы запар адымаў перамогу ў Абуховіча і Агінскага, а цяпер сам сыходзіў у галоп, толькі пыл падняў на дарозе. Мы яго не маглі дагнаць, – Юры весяла засьмяяўся. – Кінуў абоз і параненых, сотнямі здаваліся ў палон стральцы, чатырнаццаць сьцягоў узялі. Увесь час у нас быў недахоп у артылерыі, а тут гарматы і порах расейцы пакінулі ў падарунак…
Пан Адам прыглядаў, каб ніхто не падумаў, што Матулевічы выпіць шкадуюць. І да апоўначы ўжо шмат хто спаў: ці за сталом, ці на траве перад домам.
Засталіся шасьцёра: гаспадар, пан Мацей, суседзі Лукаш Мацкевіч і пан Мяцельскі, Юры і Стась, якія асілілі іншых тым, што мноства кубкаў хоць і падносілі да роту, але праз плячо выплюхвалі. Ужо агні абплылі да дна падсьвечнікаў, у вачах вісела густая вінная павалока, калі Стась Рэшка, узіраючыся за акно ў начную цемрадзь, успомніў Эўку.
– Бачылі мы тут сёньня адну... – цяжка прамармытаў ён. – Цікава, як панове мяркуюць: сьпяць ведзьмы або ня сьпяць ніколі?
Усе схамянуліся.
– Вось гэта пытаньне! – чухаючы лоб, пагадзіўся пан Лукаш. – Эўку, калі распрануць, ня будзь я Мацкевіч, выявіцца хвост...
– Глупства, пан Лукаш! – сказаў гаспадар. – Эўку ў царкве хрысь­цілі.
– Э-э, крыж на грудзях, – адказваў Мацкевіч. – А хвост, пан Адам, таксама на адпаведным месцы.
– Глупства! – паўтарыў гаспадар ужо грубавата. – У яе і маці была.
– Памятаю, – кіўнуў пан Лукаш. – Таксама ведзьма...
Гаспадар пашукаў Мацея за сталом і знайшоў яго дужа сонным. Мацей быў шлюбным братам гаспадара, і на памяці Юр’я жыў у доме, магчыма, з-за страчанай нагі. Абудзіўшы яго, пан Адам мовіў:
– Мацей! Памятаеш, Эўчыну маці бачылі, купалася ў крыніцы... Прыгожая ці ведзьма? – і, каб ажывіць ягоны розум, працягнуў кубак: – Пі!
Мацей махам выпіў.
– Прыгожая! – прызнаў ён, утаропіўшыся чамусьці на Юр’я. – Быццам панна нябесная!
– Каго, каго ён з паннай нябеснай ураўноўвае! – жахнуўся Стась Рэшка.
Кароткая мітусьня абудзіла пана Бельскага. Дзікім поглядам абвёў ён пакой і забубніў з глыбокай трывогай: “Дзе я? Дзе я? Дзе я?”
– Дрыхні, браце, Мікалай! – пляснуў яго далоньню Лукаш. – Ты ў хаце, на печы ляжыш...
П’яны Бельскі падцягнуў да сябе талерку з грудай аб’едкаў і, улад­ка­ваўшы на іх галаву, імгненна заснуў.
...Раніцай гаворка зноў закруцілася вакол Эўкі. Плялі, бачыў Юры, і відавочную лухту: накшталт таго, што Эўка лётае на мятле, што маці яе па памылцы пагрыз у лесе ваўкалак (“Рысь!” – уставіў пан Адам), але ўсё ж старая ведзьма дапаўзла да хаты і перадала апошнім уздыхам сваю чароўную сілу дачцэ, і Эўка стала прымаўляць і шаптаць, а пазьней закахалася ў смалакура – чалавека пана Матулевіча, а пан Адам на вайну пайшоў і смалакура ўзяў да сябе драбам, а таго татары насадзілі на дзіды.
Гэтыя кругавыя ўспаміны пра Эўку, бачыў Юры, дастаўлялі бацьку непрыемнасьць, ён імкнуўся іх перапыніць і перапыніў, здагадаўшыся назваць высокія імёны.
– Эх, панове, аб чым наш клопат: старая шаптуха, маладая... – сказаў пан Адам. – Як стары Радзівіл шведу радзіму нашаптаў – вось вядзьмак!
Лаяць – не хваліць: адмерваць ня трэба, колькі ні скажаш – праз бок не перабярэш. Эўку забылі на паўслове, прычым з прыкрасьцю, што выдаткавалі столькі часу. Дружна ўчапіліся ў Радзівілаў. І Нясьвіж у іх, і Клецак у іх, і Койданава, і Копысь, і Давыд-гарадок, і Кейданы, Біржа, Любча, і Мір перахапілі ў Ільлінічаў, і Слуцкае княства перанялі ў пасаг за Алелькавіцкую дзеўку. У караля менш войска, чым у гэтых Радзівілаў. Не дае столькі людзям гасподзь Бог, толькі нячысьцікі...
Але неўзабаве дружныя абгаворы загаслі. Усе разумелі, што, каб увайшоў сюды Радзівіл – увомірг пакланіліся б і выцерлі рукавом лаўку. Усё можа Радзівіл. Ён у войска дае тысячу конніцы і паўтары тысячы пяхоты. У яго самога гайдукоў тры тысячы. І ўся шляхта на ягоных землях належыць яму нароўні з мужыкамі. Падзьме Радзівіл – і няма шляхціча...
– Так, панове, праўду ксяндзы кажуць: зламаныя ўжо чатыры пячаткі. Конь зьмярцьвелай масьці носіць па нашых дарогах сьмерць, і аблічча людзей прынялі чэрці, – загаварыў Бельскі. – Вось глядзіце, Нячай, панове! “Палкоўнік беларускі”. Спачатку шляхту рэзаў, як мясьнік, – цар яму за гэта Быхаў і Чавусы даў. Потым наш кароль Ян Казімір даў Чачэрск і стараства бабруйскае – ён расейцаў пачаў рэзаць. У нас яшчэ што, а там, у Чавусах і Быхаве, дзе карміліся казакі, і пікнуць не адважваўся шляхецкі чалавек – адразу галава з плячэй, а цела сабакам. Дзякуй Богу, да нас не дайшоў, толькі Мурашку свайго наслаў, таксама чортавага сына!
Гутарку зноў павярнулі на шведаў. Маўляў, не атрымалася рудым шэльмам узяць польскую карону! Таму што Бог не дапамог: у царкву золата не нясеце, скнары пратэстанцкія, усё ў хатнія кашалькі! Дзякуй Богу, Аліўскі мір шведы складуць з намі і палякамі – тады нам палякі дапамогуць разьбіць расейцаў. Сёмы год яны над намі сядзяць…
– Так, сядзяць, – мовіў пан Адам, задаволены пераменай тэмы. – Сядзяць. Думаеце, дарма кароль Ян Казімір надумаў абвяшчаць Богамаці каралевай Польшчы і вялікай княгіняй у Вялікім княстве? Не, нездарма! Цяпер Панна нябесная нам дапаможа ад расейцаў вызваліцца…
– Паверце майму досьведу, – узвысіў голас возны Яшчур, – а ў мяне вельмі вялікі досьвед, шведы нам дапамогуць…
– Ня дай Бог, калі сюды прыйдуць шведы, – запратэставаў пан Мацкевіч, – абдзяруць, як ліпку, і касьцёлы, і цэрквы, яны ж лютаране…

Пан Юры
Назаўтра госьці пачалі разьязджацца. Юры падаўся праводзіць пана Катовіча, які цяжка ўздыхаў у прадчуваньні хатняй сустрэчы. Марылася Катовічу затрымаць Юр’я да цемры, каб з павагі да госьця перагарэла ў душы грознай жонкі вялікая частка парахавога зараду. Але пані Катовіч налілася нязгаснай і за тры дні лютасьцю. Яна, праўда, выставіла і кубкі, і штоф, і закускі на стол, але не пілося віно пад яе нецярплівым поглядам. Юры, здужаўшы сябе, выпіў за сустрэчу і панскае здароўе, адседзеў пяць хвілінаў, якія расьцягнуліся, напэўна, для пані ў пакутлівую вечнасьць чаканьня, і пакінуў Катовіч сам-насам. Не ад’ехаў ён і дзесяці крокаў за вароты, як узьвіўся з хаты да неба, палохаючы жаўрукоў, тонкі, у зьмяінае джала, крык: “Жлукта!”.
Пераязджаючы ўброд Волму, пан Юры нечакана ўбачыў Эўку – нешта вышуквала ў лугавой траве і хавала ў торбу. “Не, ня можа быць, каб бацька ёю зачараваўся”, – з недаверам падумаў Юры і, гледзячы на Эўчыну сьпіну, на калыханьне чырвона-сіняй спадніцы, падумаў яшчэ: “Трэба сёньня да Мяцельскіх зьезьдзіць, там тры паненкі нудзяцца”. Але, сам ня ведаючы навошта, Юры зьвярнуў каня і па вадзе накіраваўся да Эўкі.
– Дабрыдзень! – сказаў ён.
– Дабрыдзень, пан Юры! – усьміхнулася шаптуха, узьняўшы на імг­неньне да падарожніка шэрыя вочы.
– Траву зьбіраеш? – спытаў Юры і зьдзівіўся нікчэмнасьці свайго пытаньня. – Заўчора, Эўка, ты адказала, што сам на сябе магу бяду наклікаць, – сказаў ён таму толькі, што нішто іншае ў галаву ня лезла. – Растлумач...
– Сказаць? – спытала Эўка, і вочы яе звузіліся. – А пан не пакрыў­дзіцца?
– Чаго крыўдзіцца, калі сам прашу.
– Слабы ты, пан Юры!
Юры асалапеў.
– Як слабы? – спытаў ён пасьля маўчаньня.
– Так даецца, – сказала Эўка. – Той моцны, той слабы – які лёс. Заяц – слабы, воўк – злы, сава – мудрая. Такімі на сьвет зьявіліся.
– Гэта зьвяры, – запярэчыў Юры, злуючыся, што лёгка прыраўняла яго шаптуха да зайца.
– І сярод людзей так! – патлумачыла Эўка. – Адзін глядзіць – авечка, іншы зірне – дрыжыкі бяруць.
– Маёй шаблі кожны баіцца! – сказаў Юры.
– Цябе, пан Юры, не баяцца, – не згадзілася Эўка, – тваёй шаблі баяц­ца, бо ў ёй – жалеза, а мяне й бяз шаблі баяцца!
– Не цябе баяцца, – усьміхнуўся Юры. – Нячысьцікаў, якія пры табе ходзяць, баяцца.
– Дзе ж яны ходзяць? – спытала Эўка, аглядаючыся вакол і рассоўваючы рукамі траву.
– Ім шмат месца ня трэба, яны палком на тупым канцы іголкі зьмесь­цяцца.
Вочы Эўкі загарэліся.
– І ты, пан Юры, іх палохаешся? Шабляй іх не перамагчы, яны ма­ленькія, напалам не разваліш.
– Трэба будзе – і нячысьціка развалю, – адказваў Юры.
– Калі нічога пан не баіцца – сябе трэба баяцца, – сказала раптам Эўка сухім, варожым голасам.
– Добра, Эўка! – ледзь знайшоў што адказаць Юры, запусьціўшы, аднак, у адказ грозную інтанацыю.
Не пачуўшы пярэчаньняў, ён, адчуваючы прыкрасьць за непатрэбную гаворку, паскакаў дамоў.

Паненкі Мяцельскія
Тут вярнуліся да яго здаровыя інтарэсы, і ён адразу адправіў парабка да Мяцельскіх спытаць, ці прымуць суседа і з ім таварыша па зброі. Хоць было зразумела, што прымуць, але зваліцца як сьнег на галаву – не сваякі, а пасьля паведамленьня і панны будуць чакаць з нецярпеньнем, і стол будзе накрыты. Паненак было трое, для роўнасьці бакоў бракавала рыцара, і Юры паслаў яшчэ аднаго парабка да халастога суседа, пана Міхала, – сказаць, каб ён, калі ёсьць ахвота пагуляць у Мяцельскіх, чакаў іх па шляху.
Бліжэй да вечара Юры і Стась Рэшка прыбраліся. Стась для выразнасьці мовы выпіў траціну штофа, і выехалі. Хутка ім сустрэўся пан Міхал, і ўжо ўтрох прыпусьцілі коней лясной дарогай.
Іх чакалі, дзеўкі ўзрадаваліся, Мяцельскі выйшаў абдымацца і, як належала добраму гаспадару, стаў угаворваць – выпіць трэба, выпіць за сустрэчу, за шчасьлівае вяртаньне з вайны! Адразу прыезджых гасьцей павялі за стол.
Паненкі сядзелі побач. Волька – старэйшая – перасьпявала, з вачэй яе прамянела нецярпеньне замужжа, але Юр’ю яна заўсёды была нецікавая. Меншыя сёстры, у апошняе спатканьне пяць гадоў назад бесьцялесныя, цяпер сталі вельмі прыемныя, асабліва сярэдняя – Аленка. Юры адразу яе вылучыў, на яе глядзеў і, зіркаючы, лавіў на сабе яе зьбянтэжаны погляд. Малодшая – Альбінка – толькі ўвайшла ва ўзрост выданьніцы.
Ацэньвалі гасьцей і старэйшыя Мяцельскія, але больш Стася Рэшку. Пра Міхала ім усё было вядома – па сухасьці правай рукі ў войска не хадзіў, сядзеў на багатым двары, каб лічыцца добрым жаніхом. Пан Юры, як уладальнік Дымаў за бацькам таксама прымаўся сур’ёзна.
Стась Рэшка быў незнаёмы Мяцельскаму. І даведаўся апошні, што пану Стасю дадзены былі яркі кунтуш ды вострая шабля, а да іх больш не нічога. Ні бацькі няма, ні маці, ні сясьцёр, ні братоў. Жывы быў, праўда, дзядзька – слонімскі канонік, здольны па завяшчаньні пакінуць спадчыну, але атрыманьне яе залежыла ад даўгалецьця каноніка, а тэрмін жыцьця вядомы толькі Богу. Але і так магло стаць, што пан канонік, адыходзячы ў лепшы сьвет, адпіша сваю маёмасьць ня Стасю Рэшку, а касьцёлу. Што будзе – таго няма, і ўсім дочкам паслана было строгім бацькоўскім вокам указаньне мяжы пачуцьцяў.
Кроячы тоўстымі лустамі вэнджанае і смажанае мяса, Юры і Стась не забывалі і пра свой доўг – насыціць гаспадароў аповедамі аб хвалебных і горкіх гадзінах, спазнаных шляхтай у бітвах. Якога гербу і дому сын, у якім баі і як пасечаны – аб кожным было распаведана годна. Панны хрысьціліся за спачын душаў няшчасных, хвалюючы зоркіх апавядальнікаў дакрананьнем ручак да чароўных пышнасьцяў, якія затуляюць сэрца і ўтоеныя вопраткай.
Пан Мяцельскі пад уплывам пачутых геройстваў вырашыў распавесьці гісторыю аб зьдзеках над прахам вялікага канцлера Льва Сапегі, выкінутым казакамі з касьцёлу сьвятога Міхала.
– Загон Залатарэнкі абрынуўся на Вільню, як навальнічная хмара, – пачаў Мяцельскі. – Быццам статак ашалелых кабаноў уляцеў у горад. Нашыя чатыры харугвы былі высечаныя; я, па літасьці Божай, апынуўся ў завілейскім баку. У сталіцы стаяла сьпякота, быў жнівень пяцьдзясят пятага году. Горад дастаўся казацкай набрыдзі, і пачалося пекла: рабунак, разбой, гвалт, забойствы… Дзесяць тысячаў каталіцкага народу пасеклі! Ці можна такое ўявіць! Дзесяць тысячаў пакрышылі старых і маладух, а дзяцей, толькі народжаных, аб кут печы білі, каб не раўлі…
Пан Мяцельскі апісваў казацкі пагром касьцёлу сьвятога Міхала і дзікае буйства казакаў, калі яны ўбачылі труну пана Льва Сапегі. Дзесяць п’яных казакаў, не здымаючы шапак, выцягнулі труну на вуліцу, яна стаяла пад сонцам і пад дажджамі сем дзён...
Выпілі. Пан Юры надумаў задаць пытаньне, што пасьля тых сямі дзён стала з прахам Сапегі, але Мяцельскі апярэдзіў яго з чарговым тостам:
– Трэба выпіць, каб царскія стральцы, казакі, гультаі нашай шляхтай пасечаныя былі! Усіх іх у пекла!
І Юры забыў пра пытаньне, а што стала з прахам Льва Сапегі – засталося для яго невядомым.
Затым былі танцы. Таньчылі і яшчэ садзіліся за стол, і яшчэ таньчылі, і яшчэ маглі б таньчыць, ды бацькі паклалі канец, мераючы радасьць па бацькоўскіх мерках. Госьці пайшлі спаць на сьвежае сена.
Раніцай, дамовіўшыся з Мяцельскімі сустрэцца праз некалькі дзён, Юры і Стась ад’ехалі дадому. Міхала ж, прыкмеціўшы яго цікавасьць да Волькі, пан Мяцельскі затрымаў.
Сябры перайшлі Волму, ужо набліжалася купа клёнаў, якія атачалі двор, калі Юры зноў заўважыў на дарозе Эўку. “Што яна да мяне прыляпілася, – падумаў Юры. – Пагаварыць трэба, можа, адчэпіцца”.
Ён паехаў да яе а дзясятай гадзіне. Стась набіваўся суправаджаць – Юры адмовіўся.
Хутка Юры стаяў каля Эўчынай хаты. Гэта была мужыцкая хата пад замшэлай саламянай страхой. Куры блукалі па двары, наўскасяк ад хаты стаяў хлеў – там рохкала сьвіньня; за хлявом рунелі грады, а за імі стужкай – хто араў? Хто сеяў? – сьвятлела жыта. Адчуваньне, што Эўка гаспадарыць на мужыцкі лад – сама жне, рыхтуе кабану, цягае гальлё, – ацьверазіла Юр’я. Ён прайшоў да хаты, піхнуў дзьверы і апынуўся ў сенцах. “Эўка!” – паклікаў, але ніхто не адгукнуўся. Юры прысеў на лаўку і агледзеўся. На сьценах і пад стольлю віселі вехаці травы. Астатняе ўсё: карыта, чыгуны, сіняя посьцілка на ложку, сам ложак, куфар, стары стол – усё было мужыцкае. Была ў хаце рэч і зусім нечаканая – расьпяцьце...
Прарыпелі дзьверы і ў хату ўвайшла дзеўка з жаласьлівай застылай усьмешкай на прыгожым твары. Убачыўшы Юр’я, спалохалася і, уціс­каючыся сьпіной у печ, а затым у сьцяну, ахоўна склала на грудзях рукі і зажмурылася. Юры паціснуў плячыма, уздыхнуў і выйшаў на двор, прыгнечаны выглядам дурнаватай дзеўкі і меркаваньнем: ці не дачка гэта Эўкі?

Праз пяць дзён зноў гулялі ў Мяцельскіх. Музыкі гэтым разам не было, трыма парамі хадзілі да ракі, гулялі ў фанты, сьпявалі ў шэсьць галасоў, бянтэжылі паненак і бацькоўскую строгасьць шкалярскімі за­гадкамі. “Хай паненкі адкажуць, – пытаў Стась Рэшка, – як завецца самы сарамлівы орган чалавечага цела?” Наступала цішыня. Пан Мяцельскі ўдакладняў: “Якое пан Стась мае ў дадзеным выпадку цела – рыцарскае або па Эвінай лініі?” Пані Мяцельская пакрывалася плямамі маркоўнага колеру, дзеўкі зьбянтэжана глядзелі адна на адну. Немалое ўсе выказвалі зьдзіўленьне, чуючы беласьнежнай цноты адказ: “Самы сарамлівы орган цела чалавечага – вока!” Але пан Мяцельскі ня мог стрываць: “Гэта як... вока! Дурасьць, пан!”.
Вярталіся дамоў Юры, Міхал і Стась праз лес, заліты сонцам. Думкі трох маладых людзей былі занятыя паненкамі, але пан Міхал перапыніў маўчаньне глыбокадумнай заўвагай:
– Вось мы езьдзім да Мяцельскіх, а самога Мяцельскага зьнікненьне гербу і прозьвішча чакае.
– Як? – не зразумеў Стась.
– Тры паненкі ў яго, а сына няма. Ёсьць цяпер Мяцельскі, а потым ніколі і ніхто Мяцельскіх ня ўспомніць. Дзеўкі толькі памятаць будуць, ад каго пайшлі – і ўся памяць…

У палоне
У нядзелю паехалі ў касьцёл – бацька захацеў пахваліцца Юр’ем перад народам. Пан Адам стаў у першым шэрагу, справа быў Юры, а потым – Стась. Усе на іх глядзелі, бо гадоў пяць ня бачылі, асабліва – маладыя паненкі.
Пасьля касьцёлу адправіліся да хроснага пана Мацкевіча, дзе заначавалі; толькі вярнуліся ад яго, як зьявіўся пан Пётр Катовіч з сынам, а сьледам возны Яшчур – зноў ішла бяседа да цемнаты... Нарэшце выдаўся спакойны дзянёк, і пан Мацей спакусіў Юр’я і Стася пайсьці на Волму з броднікам. Што рыба – ня рыбы хацелася, знайшлося б каго паслаць дзеля рыбы; занадзіла тая даўняя радасьць, калі дужы яшчэ Мацей браў Юр’я цягнуць сетку супраць плыні, і яны, перакрыўшы рэчышча, зьнікаючы з галавой, выводзілі на залатую пяшчаную водмель здабытае срэбра ляшчоў, а потым грэліся на траве, і сьветлая таямніца прагледжвала з няблізкага часу.
Па дарозе сустрэлася бачаная Юр’ем у шаптухі дзеўка, толькі замест жаху цяпер у блакітных яе вачах бліскацела радасьць нейкай выратавальнай думкі.
– Гэта хто, Эўчына дачка? – спытаў Юры, успамінаючы сваё зьдзіў­леньне.
– Адкуль! – адказаў пан Мацей, кіўнуўшы дзеўцы галавой. – Пры­тулілася... Насьця, дачка Васіля Крывога. Помніш Васіля Крывога? За­білі яго расейцы, бо дачку сваю абараняў. У палоне разам з Эўкай была. Калі сталі ў гарадах маскоўскія палкі, не забылі і на Дымы: вілы збродных хлопаў пад атаманствам сотніка Мурашкі прайшліся па іх. Вось тады сядзелі мы разам з Мяцельскімі на балотнай купіне тры тыдні пад ліпеньскімі ліўнямі. Каб ня Эўка, здохлі б галоднай сьмерцю. Так! – працяглым уздыхам падсілкаваў аповед пан Мацей, і ўздых гэты азначаў убачанае ў перажытым часе: раніца, дрыготка ад мокрай вопраткі, туман, як няшчасьце. У гэтай смузе павольна ўзьнікала смутным слупом самотная фігура, і набліжалася, набліжалася, трымаючы ў руках выратавальны вузельчык з сухарамі і застылай па форме чыгуна аўсянкай... – А потым надакучыла шляхце трываць паасобку свой гнеў, дамовіліся зьехацца і дзьвюма харугвамі Менскага і Ашмянскага паветаў сустрэлі мужыцкі полк Мурашкі ля вёскі Прусавічы. І ўсіх пасеклі да сьмерці.
Вар’яцтва згвалтаванай дзеўкі, якая спазнала цяжар стралецкай юрлі­васьці, забойства ейнага бацькі ў трох кроках ад месца забавы, мала за­кранула б Юр’я. Ведаў ён добра казацкія і стралецкія звычкі, самому даводзілася бачыць вёскі на дзесяць двароў, дзе жылі адны бабы, а мужыкі былі высечаныя, – нічым ня зьдзівіш. Але ж Эўка...
Пашкадавалі Юры і Стась няшчасную Насьцю, пахвалілі цьвёрдасьць бацькоўскай рукі. Пашкадаваў Юры і бацьку, але зусім не за балотныя пакуты: пашкадаваў за нейкую сумную маршчыну на твары, за таямніцу журботнасьці.
Дайшлі да ракі, пацягнулі броднік, запляскаў хвастом аб траву першы язь – і размыла цёплая вада пачутыя аповеды...

Рабаваньне
Назаўтра разбурыў цішыню абедзеннай дрымоты тупат каня. Прыскакаў сьлёзамі амыты пан Міхал. Сталася: на яго напалі, распранулі, зьбілі. Хто? калі? дзе? як? Пасярод белага дня, панове, у сонцапёк, на дарозе – Пашута з прыжываламі, усе дужа п’яныя, адабралі шаблю, кунтуш, боты, каня, яшчэ і кулаком заляпілі ў вуха за пратэсты; парабка таксама распранулі да кашулі і таксама зьбілі. Восем вёрстаў басанож плёўся дахаты, мужыкі вочы вытарэшчвалі, рагаталі за сьпіной. Калі Матулевічы лічаць яго суседам і прыяцелем, дык ён просіць пайсьці з ім у наезд...
Пашута быў вядомы буян, але з Міхалам, без сумненьня, пераступіў дазволеную мяжу: адна рэч у вуха заляпіць, іншая – распрануць да першароднага стану. Справядлівасьць патрабавала гэтак яго ўшанаваць, каб памяталася на любой прыступцы ап’яненьня, што навакольная шляхта зьдзекавацца з сябе ніякаму Пашуце ніколі не дазволіць. Сёньня – Міхал, заўтра – Катовіч, пазаўтра – Мяцельскі…
Адразу сталі зьбірацца, выслалі людзей да Мацкевіча, Катовіча, вознага Яшчура, Мяцельскага, Бельскага ды іншых суседзяў. Усе да зьмярканьня прыбылі на двор пана Міхала. Зьехалася, апроч Матулевіча, Мацея, Юрыя і Стася, шляхты дзесяць шабель, і пры кожным быў адзін выпрабаваны на руку мужык.
Так, наезд, наезд!.. Патрабуе дакладнага плану ўдалы наезд, а план – рады, дзе кожнаму можна агучыць сваё меркаваньне, запярэчыць, калі прыйдзе на розум штось, заспрачацца, стукаючы аб стол кулаком, каб падскоквалі да столі гліняныя місы, паказаць, што і ён не абдзелены розумам. Для таго шляхта пасела радзіцца; падавалася для бойкасьці дум­кі віно. Старэйшым па ўзросьце і становішчы быў возны; звычай прымушаў чакаць ягонага слова. Яшчур жа маўчаў у гетманскай як бы задуменнасьці, – толькі пасьля трэцяга кубку думка склалася.
На ягоны погляд і вялікі досьвед, сказаў возны, найлепшы час для наезду – сьвітанак. Нападаць да ночы – Пашута і сябрукі яго п’юць, пачнуць адбівацца – без аблогі, страляніны і рубкі не абыдзецца, дарма выдаткуюцца людзі. Па сьвітанку ж, калі самы п’яны сон возьме двор, толькі вартаўнікоў давядзецца суцішыць, сабак прырэзаць, астатнія з лаўкі не пасьпеюць устаць.
Вознаму падзякавалі, і тут кожны выклаў свой погляд, таму што зага­манілі ўсе разам. Гудзелі аб тым, як дзейнічаць. Нарэшце вырашылі адправіцца ў шлях паасобнымі групамі і чакаць сонца зблізку ад двара.
Пану Юр’ю даручылі весьці авангард, у які апроч яго ўвайшлі Стась Рэшка, малодшы Катовіч, парабак Матулевіча Ягор і шэсьць мужыкоў. Не даязджаючы паўвярсты да Пашуцінай сядзібы, спыніліся ў лесе і пра­бавілі там астатак начы, грэючыся віном. Калі з узыходу пацягнуліся па небе ружовыя водбліскі, авангард прабраўся нізінамі да агароджы двара, перамахнуў праз тын і кінуўся глушыць вартаўніка, адчыняць вароты, займаць сенцы. Уваходныя дзьверы, аднак, былі на завале.
Разьлютавалася зграя дваровых сабак. Шалёны брэх зрываў раптоў­насьць наезду. Юры загадаў выбіваць дзьверы бярвеньнем: на трэцім удары засаўкі зламаліся, дзьверы расхінуліся, бярвеньне паляцела ў сенцы. З сенцаў грукнулі пісталетным залпам. Кулі ўпіліся ў слупы канавязі, а на ганак выскачыў з п’янай адвагай паўапрануты Пашута. “Бі, панове! За мной!” – вантробным з перапою крыкам зваў ён кагосьці, махаючы шабляй. Але не наканавана яму было ў гэтую раніцу біцца: Юры падставіў нагу, ён паваліўся падсечаным кабаном, і шабля Катовіча прытулілася лязом да яго шырокай сьпіны. Тут заехаў у вароты ўвесь атрад. Прыяцелям Пашуты нічога не засталося, як здацца.
Палонным пачалі вязаць рукі, і Міхал заўважыў на адным з рабаў­ні­коў свой кунтуш. Гэтага лотра прымусілі распрануцца і тут жа яго, а потым і іншых, змалацілі кулакамі і ботамі, пакуль нябогі маглі ва­рухнуцца.
Пашута за кароткі час расправы працьверазеў, а працьверазеўшы, успомніў, што па законе наезду пачнецца разгром і спусташэньне двара.
– Пан Міхал! Панове! – закрычаў ён сьлязьлівым голасам. – Прашу, пан Міхал, міласэрна прабачыць. П’яны быў, розум адсекла праклятае віно. Пашуту вы ведаеце: калі каму зрабіў зло, дык потым утрая дабра зробіць. Хай пан Міхал усё, што хоча, забірае, каб маё сумленьне было чыстым!
Калі шляхціч просіць – грэшна адмовіць, усе пайшлі ў хату. Пакуль Пашута і парабак мітусьліва ставілі на стол штофы, шляхта запатрабавала і прасачыла, каб пану Міхалу было вернута зьнятае і дадзена адчэпнае. Ад Пашуціных кунтуша і ботаў пан Міхал адмовіўся, але шаблю і дзесяць талераў узяў.
Узнагароджваючы сябе за бяссонную ноч, шляхта задалася мэтай усё зьесьці і выпіць: мноства курэй, якія, каб ня здарыўся наезд, сустрэлі б наступную вясну, пайшлі пад нож; шынкі, каўбасы, якія захоўваліся з зімы, зьнікалі, ледзь крануўшыся стала, нібы правальваліся ў бяздонную яму.
Падабрэўшы ад Пашуціных вінаў, курэй і мяса, шляхта вырашыла, што лотры даведзеныя да рабаваньня вайной, і трэба іх адпусьціць.

Шабельны замах
Два дні пасьля наезду Юры і Стась адсыпаліся, а на трэці зноў быў пасланы парабак да пана Міхала сказаць, каб рыхтаваўся ехаць да Мяцельскіх. Самі ж прыяцелі адправіліся да ракі купаць коней.
Быў той рэдкі працяты сонцам дзень, калі паказваецца жывому на­роду, якім быў згублены рай і якім ён вернецца пасьля ўсеагульнага аб­наўленьня. Юр’ю падалося, што сёньня з ім здарыцца штосьці асаблівае; ён прымяркоўваў гэтае пачуцьцё да вячэрняй сустрэчы з Аленкай. Аленка, Аленка!.. Блакітныя вочы, сьветлыя валасы... Эх, Сокал, верны конь, на­перад, прысьпешым час...
На скрыжаваньні, якое дзяліла лясную дарогу на два рукавы, Юры і Стась прытрымалі коней.
– Пан Юры, давай; ты – зьлева, я – справа, хто раней прыйдзе!
І – панесьліся. Конскі тупат гучаў у соннай цішыні пушчы. І раптам Юры ўбачыў Эўку, якая ішла насустрач. Праімчаўся паблізу, абсыпаўшы пырскамі, і адскакаў ужо ўдалячынь, але быццам аркан пацягнуў яго спыніцца. “Вось выпадак пагаварыць”, – сказаў сабе Юры, павярнуў каня і пад’ехаў да Эўкі. Яна з месца не скраналася, нібы ведала, што ён вернецца.
– Сёньня вясёлы пан Юры. Радасна пану, – сказала Эўка, усьміхаючыся прамяністымі вачыма. – Гавораць, пан адвагай удаўся.
У голасе Эўкі, у шэрых праніклівых яе вачах улоўлівалася Юр’ем па­блажка.
– Цябе шукаў, – адказаў Юры, і тут жа ўзгадалася жаданьне пры­крыкнуць на шаптуху за лішак адвагі.
– Навошта я пану Юрыю? – Эўка пільна ўзіралася яму ў вочы.
– Эўка! – хмурна сказаў Юры. – Лезеш на ражон. Добра, я... Ня ўсе такія... Іншы не прабачыць...
– Чым жа я пана Юр’я магла пакрыўдзіць? – са строгасьцю спытала Эўка.
Тут Юры задумаўся: сапраўды, чым? – але і знайшлося:
– Хто цябе ведае. Пра цябе рознае гавораць.
– А ты, пан Юры, у бацькі спытай!
Згадка пра бацьку застудзіла Юрыя менавіта намёкам на нейкія баць­коўскія ўтоеныя веды.
– Ня вельмі ты ўдзячная, – упікнуў Юры. – Каб не яго да цябе слабасьць, цябе на кавалкі пасекла б шляхта за цёмных сябрукоў.
– Я, пан Юры, не баюся, – сказала шаптуха. – Хто мяне кране – сам паспытае...
На дарозе пачуўся тупат каня Рэшкі – усё ж шукаў прыяцеля зьдзіўлены пераможца. Але Стась праскакаў, нічога не адчуўшы, і коні, якія чулі адзін аднаго, не абмяняліся чамусьці вітальным іржаньнем.
Юры выхапіў шаблю і – сек! сек! сек! – зьявілася ў травяным насьціле дзюра з цёмнай, як магіла, зямлёй.
– А калі б шабляй пагладзіў? – сказаў Юры. – Тады як?
– Хто мяне шабляй пагладзіць, – адказала Эўка са злой нудой марнага тлумачэньня, – таго таксама шабля пагладзіць!
– Паспрабаваць, ці што? – хацеў пажартаваць Юры, але словы вырваліся з хрыпотай, як аб’яўляецца прысуд. Ён пасьпешна дадаў: – Ды шкада!
– Няма ў пана шкадобы, – сказала Эўка. – Хочацца секануць – ды пан баіцца.
Апошняе слова абпаліла яго, на нейкае імгненьне асьляпіўшы розум, і ў гэтае імгненьне шабля сама па сабе ўзьляцела, успыхнула і дакранулася белай кашулі Эўкі... Пану Юр’ю ўбачыліся вялікія вочы і далёка ў глыбіні зрэнак – маленьне аб літасьці і абароне...
Раптам Эўкі ня стала; яна павалівася ў чорную, ім высечаную ў папараці, яму; гэтае зьнікненьне жахнула Юрыя. Ён пабег, ня бачачы, што побач рысіць конь. Шаблю кінуў у ваду, але адразу і падняў: крыві на клінку не было – гэта супакоіла. Юры абцёр шаблю аб кунтуш і ўсадзіў у похвы. З высілкам сеў у сядло і пагнаў каня ў Дымы.

Пакуты сумленьня
Ну, і што рабіць такому чалавеку, калі па выезьдзе з няшчаснага лесу на божае сонечнае сьвятло ў яго абудзілася сумленьне?..
Тут дагнаў Юрыя прыяцель, які кружляў увесь гэты час побач, і задаў жэстам пытаньне: дзе той быў? Лепш бы Юр’ю нож атрымаць ля сэрца, чым гэтае пытаньне. Дзе быў? Ці проста адказаць? Дзе быў – там ужо няма, і знаць ніхто не павінен, дзе быў.
– Заблудзіўся, – адказаў Юры. – І ведаеш што... – Ён зноў замоўк. Стась Рэшка чамусьці перахрысьціўся, і гэты крыж вывеў Юр’я са спакусы адкрыць праўду, падказаўшы паважлівы для Стася адказ. – І ведаеш што... – Панна нябесная ўбачылася мне... глядзела на мяне сумнымі вачыма і паказала рукой туды, і я зразумеў... Я зразумеў: яна кліча, вялікая нашая княгіня, радзіма ў небясьпецы, уся сумленная шляхта ў палках, а мы п’яных валацугаў хапаем і езьдзім да дзевак скакаць!
Пан Юры паўтарыў бацьку і пану Мацею сваё бачаньне, узмацніўшы яго шчырай дрыготкай голасу, паколькі баяўся, што Эўка ўжо ідзе па дарозе, разматваючы ад месца зладзейства крывавую нітку.
Сын і на ноч застацца ў роднай хаце не хацеў: ён, як вар’ят, сьпешна зьбіраў дарожныя мяхі.
Але разьвітальны вечар давялося адцярпець, давялося піць і есьці, разьдзіраючыся страхам, што ў любую хвіліну зарыпяць дзьверы, стане на парозе Эўка ў крывавай кашулі і пакажа на яго помсьлівай рукой. Ня лезла ў горла адборная ежа, і ў кубку для пана Юр’я было ня больш хмелю, чым у балотнай вадзе.
Уначы думалася, што і родныя Дымы больш ня ўбачыць, і бацьку ня ўбачыць, і наогул скляне або застрэліць яго бацька, калі Эўка распавядзе праўду, і пана Мацея ня ўбачыць, і навошта была яму гэтая Эўка, і таямніца бацькавай дабрыні да Эўкі таксама яго не датычылася, і якая яму справа, дзе бачыў яе голай бацька – у ручаі, у хаце, – што яму да чужых забаваў…
Надышла раніца, Юры і Стась расцалаваліся з бацькам і Мацеям, селі на коней, драб узяў за павады клуначных – і зарысілі прэч ад бацькоўскага гнязда. Хутка паказалася каплічка, дзе чакалі навальніцу ў дзень прыезду, і калі параўняліся з ёй, Юры ўспомніў Эўчына абяцаньне і ўразіўся хуткасьці яго выкананьня. Ну, наклікаў, наклікаў, адказваў Юры, хай Бог вырашае, што я магу вырашыць? Можа, і прабачыць, таму што без намеру, а ў гневе, і нават ня ў гневе, а чорт ведае чаму і навошта.
Прыбыўшы ў Слонім, Юры таго ж дня пайшоў у касьцёл паспавядацца. На пляцы сустрэўся яму канонік, які таксама ішоў у касьцёл. Даверная зьнешнасьць ксяндза падказала Юр’ю пайсьці на споведзь менавіта да яго. Надзея, што канонік дадзенай яму ўладай і нажытай за доўгі век сьвятасьцю здыме з яго цяжар пакутлівага граху, – надзея гэтая ажыўляла Юр’я. Раптам сьвяты айцец спыніўся і, павярнуўшы галаву ўбок, заціснуў вялікім пальцам левую наздрыну – адразу з правай вылецела вялікая сапліна і цяжка пляснулася на камяні. Ксёндз доўга размазваў яе ботам. Звычайная гэтая справа адхіліла Юр’я ад рашучай споведзі. У касьцёле ён дзьве гадзіны перад выявай Хрыста распавядаў пра ўсё і маліўся. Але Юр’ю ня стала лепш.

Шлюбныя браты
Неяк з вечара адолелі пана Юр’я сумненьні ў сваёй будучыні: падавалася яму, што адсякуць яму руку, страціць ён нагу, і куды ён пойдзе на мыліцы і бязрукі? Каля касьцёлу стаяць з працягнутай левай рукой? Ды там усе месцы занятыя, прагоняць яго ад касьцёлу. Вось ім трэба са Стасем аб’яднацца, заняць сваё месца сілай. Стась безграшовы і без свайго дому, і я безграшовы і без свайго дому. Даўно пара нам шлюбнымі братамі стаць. Ці далёкая тая гадзіна бітвы, дзе я руку страчу і нагу панясе гарматным ядром, а можа, пасьля гэтай бітвы абодва мы пацерпім аднолькава, вось і будзем хадзіць па міласьці…
Раніцай пан Юры распавёў Стасю аб сваіх начных бачаньнях, і Стась горача яго падтрымаў: “Увесь час марыў стаць тваім шлюбным братам! Гэта для мяне вялікі гонар!” Знайшлі знаёмых сьведак і зазірнулі ў касьцёл. Тут не было людзей і ўзьнёсла гучаў арган. Хударлявы ксёндз, выслухаўшы Юр’я, іх блаславіў, за што яму далі грошай.
Абодва апусьціліся на калені перад расьпяцьцем і вымавілі непарушную клятву:
“Божа Пане наш! Мы ўступаем у шлюбное братэрства і на каленах заклікаем Цябе высьвяціць наш непарушны саюз, для чаго мы даем Табе нашую клятву братэрскай любові. Мы абяцаем Табе, Пане наш, вечны наш сьведка, што калі б абодва толькі адзін грош мелі, тады палова належаць будзе аднаму, а палова – другому. А калі б на нас абодвух адна рука засталася, тады тая рука будзе працаваць на хлеб дзеля абодвух. А калі б на абодвух толькі дзьве застануцца нагі, тады тыя ногі будуць насіць целы абодвух. І даем гэтакую прысягу на век да нашага скону. Амэн!”
Пан Юры і Стась расцалаваліся. Два сьведкі таксама вырашылі стаць шлюбнымі братамі, тым больш, што ня трэба было шукаць сьведак – Стась і Юры сказалі, што гатовыя. Дзьве пары братоў пайшлі ў карчму, каб клятва ў вечнай дапамозе была запітая. Кармчар прынёс ім чатыры кружкі віна, і яны выпілі ў гонар гэтага дня.
На наступны дзень Стась і Юры падлічылі свае грошы – пры сьціплым жыцьці хапала дзён на дзесяць. Калі грошы заканчваліся, сустрэўся сябрам палкоўнік пан Вараньковіч. Заўсёды быў ён вясёлы, а цяпер з шэрым тварам і тужлівымі вачыма. “Вось, іду пасьля памінальный імшы, – сказаў Вараньковіч, – сын загінуў месяц назад ад стралецкай кулі пад Віцебскам. Саракавіны пройдуць, пайду ў войска. Пойдзеце да мяне?”
Яны сядзелі ўтрох у карчме за кубкамі віна – разьяднаныя рознасьцю клопатаў, і ў перапынкі паміж рэдкім словам змрочна ўзіраліся ў чырвоны адліў віна, нібы чакалі зьяўленьня на ім, як у варажбовай місцы, адказу з будучыні. А на разьвітаньне Юры папрасіў Вараньковіча грошай у доўг. Той высыпаў з кашалька палову талераў і толькі два словы сказаў: “Бярыце, панове!”
На другі дзень пайшлі адведаць Стасевага дзядзьку – айца Паўла. Селі ўтраіх абедаць. Ксёндз Рэшка гаварыў:
– Пан Юры, хоць я і грэшны, але ўсякай ганьбы ад людзей баюся. А мы, грэшныя, сьляпыя, няшчасныя, суддзямі адзін аднаму быць ня можам, таму што, калі чысты ў адным і судзіш іншага, дык грэшны ў другім, у чым ён чысты, і будзе ня суд, а хлусьня...
– Калі Бог судзіць, навошта самому сябе судзіць?
– Пан Юры, любы, – адказваў ксёндз Рэшка, – Бог праз сумленьне судзіць... Калі варвары абразы секлі, я ў іх жыцьцё адабраў... Вось мая чысьціня – у крывавых пырсках... Я іх не шкадую – гэта неразумныя людзі, я сябе шкадую, што заплямлены крывёй...
Пан Юры здранцьвеў, нібы канонік пракраўся ў ягоную таямніцу.
Стары ксёндз гаварыў несуцішна, але прасочвалася ў яго прамовах прыкметная касьцёльная набожнасьць:
– Уся бяда мая ў тым, што я стары і нямоглы. Каб быў я малады, як мой пляменьнік пан Стась або ты, пан Юры, па-іншаму забілася б маё сэрца. Трэба зрабіць шмат спраў, карысных людзям, сплесьці іх у вянок, ўскласьці на галаву і ісьці ў ім на вышні суд. А за адзін дзень, і за месяц, і за год столькі добрых спраў ня зробіш. Мне ўжо позна. Пан Бог думае: завошта літасьць? Грэх, скажа ён, змываецца цяжкай працай. А калі я адкажу, што кроў мая вывяргаецца разам са словамі, дык ён скажа: калі сьвінапас, зьдзейсьніўшы грэх, працягвае клапатліва пасьвіць сьвіньняў, або шляхціч адважна секчыся, гэта што ж – подзьвіг адкупленьня?..
У словах старога была цяжкая праўда.
– А якая, айцец Павел, добрая справа можа быць больш працы? – спытаў Юры.
– Каханьне, – адказваў канонік. – Каханьне дае чалавеку душу, ка­ханьнем душа захоўваецца і абнавіцца можа толькі праз каханьне...

Палкоўнік Матулевіч
Cкончыліся саракавіны ў палкоўніка Вараньковіча. Да гэтага дня сабралася немалая харугва, пайшлі сьпешна на Аршаншчыну. Вараньковічу не цярпелася паквітацца за сваю страту.
Каля вёскі Лазьні здарыўся бой з расейскай сотняй стральцоў. Яны гналі палон на продаж – дзьве сотні сялянаў і баб, з якіх у Маскву дайшла б палова, а палова засталася пры дарозе, дай Бог, каб закапаная. Вараньковіч сказаў сваім паручыкам затаіцца ў лесе і, калі палон уцягнецца ў лес, секчы ахову. Матулевічу ён загадаў напасьці на авангард – ніводзін не павінен сысьці. Харугва пакінула коней і засьпяшалася па схованках. Першым стрэлам палова стральцоў была забітая. Юры сам застрэліў сотніка з пісталету, а Стась шабляй паклаў дваіх. Бой быў імклівы, Вараньковіч страціў параненымі траіх. Кінулі зброю дваццаць чалавек, іх павязалі, а ўвесь палон распусьцілі па хатах.
Увечары Юры дрымотна ляжаў на сене; цёмна было на душы. Стась побач заточваў шчарбіны з джалу шаблі; маркотна рыпаў камень, змрочна адбліскваў клінок, нагадваючы Юр’ю Эўкіна абяцаньне. Юры думаў, што праклён ня ёсьць сама сьмерць, а чаканьне яе, смутак аб ёй, супраць якой нямоглыя віно, весялосьць таварышаў, іх пахвалы і клопаты. Жывеш – што ў яме сядзіш, няма рукі, каб дапамагла выбрацца. Заб’юць – ніхто і ведаць ня будзе, за што...
Юры, ня вытрымаўшы, распавёў Стасю пра свой неадвольны грэх.
– Эх, пан Юры, што пакутаваць, – адказаў Стась. – Ведзьма таго ня вартая. Я іх сотню скрышу, абы ты быў шчасьлівы.
– Чаму ж мне няшчасна? – спытаў Юры.
– Можа, табе, пан Юры, такое прызначанае?
Нічога споведзь не зьмяніла, наадварот, дадалася новая пакута: што таямніца вырвалася і цяпер вярнуць яе пад замок у таемную душэўную скрыню ўжо нельга...
Праз тыдзень далучылася іхняя харугва да вялікага атраду пана Кміціча. Каб ня думаць, жывая ці мёртвая Эўка, Юры адправіў дахаты драба з лістом да бацькі і наказаў выведаць усе мясцовыя навіны, прытым пералічыў аб кім: бацьку, Мацеі, Эўцы ды іншых. Драб паскакаў з неахвотай скрозь небясьпечныя вёрсты – пан Юры маліўся, як анёл-ахоўнік, аб цэласьці гэтага чалавека.
Кміціч дайшоў да Чарэі, якую трымала расейскае войска. Каб выманіць непрыяцеля, ён загадаў харугвам Вараньковіча і Ліпскага высунуцца наперад, а астатніх схаваў. Грымелі рэдкія залпы, ніхто на іх не зьвяртаў увагі. Раптам палкоўнік паваліўся з каня. Да яго кінуліся – кунтуш на грудзях быў прабіты куляй. Атака зрывалася, і Юры вырваўся наперад ды ўладна скамандаваў:
– За палкоўніка Вараньковіча! Сячы!
Ён скакаў наперадзе лавіны. Справа нёсься ў бой полк Ліпскага. Два­ранская коньніца прыняла гэтыя дзьве харугвы нямоцнымі і сустрэла іх неасьцярожна, маючы за сьпіной яшчэ палкі Хаванскага. Завязаўся бой, Кміціч абрушыў галоўную сілу, і расейцы зьбеглі ад Чарэі пад Полацак.
Увечары гетман Сапега ўручыў пану Юр’ю палкоўніцкі буздыган. Юры затыкнуў яго за пояс, і з віном віншавальнага кубку ўвайшоў у яго нібыта сьвежы струмень жыцьця.
Вярнуўся з Дымоў драб. Пан Юры накінуўся на яго з пытаньнямі: як бацька? як Мацей? як Мяцельскі? як Эўка? На ўсе пытаньні драб даў адказы: бацька бласлаўляе цябе, Мацей жадае пану посьпеху, Мя­цельскія цябе вельмі чакаюць, Аленка па пану смуткуе. З Эўкай драб не размаўляў, але бачыў яе разы тры, прычым аднойчы яна прыходзіла да пана Матулевіча, просячы даць каня, і той даў. Пан Юры ў імгненьне прасьвятлеў і паклікаў таварышаў выпіць: “Шчасьлівы ліст атрымаў, – сказаў ён. – Ад бацькі!”

Даўжнікі
Пасьля Чарэі перасьледваць Хаванскага, які адарваўся на Полаччыну з моцнымі гарнізонамі, Кміціч не рашыўся, а вярнуўся і стаў каля Барысава, дзе павінны былі пачаць мірныя перамовы камісары ад абодвух бакоў.
Ішоў лістапад. Маркотная нуда ахапіла Юр’я. Быў ён адзін – мог бы паехаць да бацькі і Мацея, але страшыўся паявіцца з таямніцай замаху на Эўку, а ад Стася Рэшкі, які з параненымі выехаў да Слоніму, не прыходзіла ніякіх вестак. Сум па Стасю падбіла пана Юр’я паехаць у Слонім. Праўда, патрабавалі яшчэ паездкі ў Слонімскі павет адведкі ўдавы Вараньковіча, каб аддаць доўг, узяты ў яе нябожчыка мужа. Можа, жонка і ня ведала аб тым доўгу, але Юры заўсёды аб ім памятаў. Захапіўшы з сабою чатырох драбаў, ён выправіўся ў дарогу.
Стась расчуліўся да сьлёзаў ад сустрэчы. Ягоны дзядзька, стары бернар­дзінскі канонік, вярнуўся ў поўнае здароўе розуму і адпісаў яму маёнтак Рэшкі, а месяц таму памёр. Давялося намучыцца ад страхаў невядомасьці, таму што ішлі кацінымі зграйкамі канонікі і манахі, каб вырваць Стасеў кавалак для слонімскага або лідскага касьцёлаў. Чаго толькі раней не гаварылі дзядзьку праклятыя шэльмы, ледзь ці ня Панна нябесная загадала гэтую воччыну ў дзядзькі прасіць...
Юры шчыра паспачуваў і пачаў прыглядацца. Усё ў доме зьмянілася пад характар Стася: ахмістрыня, пані Юсьціна, вымушана сысьці ў кляштар, яе пакой заняў драб, і ён спаў на яе пасьцелі, на сьцяне замест абразоў віселі Стасевы пісталеты і шабля, кнігі айца Паўла былі складзеныя ў кабінеце і пакрытыя пылам. І ў кухні панавала запусьценьне.
– А чаго ж у цябе настрой невясёлы? – пацікавіўся Юры.
– З чаго яму быць радасным? – адказваў Стась. – На гэты дом бер­нардзінскі касьцёл зубы точыць: дом дубовы, тры пакоі, акрамя кухні, паспрабуй сёньня пабудаваць – ня так проста. Ксяндзы лічаць, што дом айца Паўла належыць ім – маўляў, ён тут так маліўся, так маліўся, што граху ніякага не засталося. А ў мяне грошай няма даць каморніку, каб вырашыў як трэба, а інакш сьвятошам саступіць…
Юры дастаў кашалёк з талерамі:
– Бяры, колькі трэба.
Стась стаў дзякаваць за ўвагу і перапрошваць:
– Я з-за гэтага дому нікуды не выходжу. Варта мне выйсьці, як ксяндзы дом захопяць, і трэба будзе дваццаць драбаў, каб іх выкурыць. Цябе Бог паслаў мне на дапамогу! Вось аформлю яго на сябе, а тады й прадам – тым жа ксяндзам. А куплю сабе ў Лідзе...
Юры ўважліва паглядзеў на сябра, дзівячыся ягонай хватцы: хутка ж праходзіць у Стася непрыязь да ксяндзоў – усё за талеры.

Кушлікі
У атрадзе Паца полк хадзіў браць Вільню, але маскоўскі ваявода зачыніўся ў Ніжнім замку; тут яго і пакінулі, вырашыўшы не марнаваць людзей на аблогу, і пайшлі да Гародні, дзе царскі атрад, ня маючы сілаў абараняцца, здаў горад. Зноў вярнуліся да Барысава і дарма правялі ў аблозе тры месяцы.
Увосень рушылі на Віцебск, дзе царскі ваявода Хаванскі і дворны маршалак Жэромскі сышліся недалёка ад Глыбокага ля вёскі Куш­лікавы горы. Кожны прывёў войскаў на гэтую бітву па тысячаў дзесяць, але і князь, і гетман разумелі важнасьць перамогі для пералому вайны, якая зацягнулася. Перамога Хаванскага азначала б заключэньне не­абходнага цару Аляксею міру. За апошнія тры гады цар правёў у Расеі тры наборы людзей у войска і паставіў у палкі восемдзесят тысячаў салдатаў. Усе магчымасьці былі вычарпаныя, паколькі перад тым хадзіў па расейскай зямлі мор, бунтавалі гарады, незьлічоныя сталі сялянскія ўцёкі, апусьцела казна. Перамога Жэромскага выракала на здачу царскія гарнізоны...
Раз здрадзіўшы князю, фартуна не хацела да яго вяртацца; на вайне такая здрада прыводзіць да паразы... Вось завагаліся стралецкія палкі на левым крыле, іх сакрушылі, і ўжо нішто, нішто – ні каманды, ні лупцоўка, ні асабістая адвага князя, – не маглі спыніць распачаты разгром... Войска адчувае, што да яго сьпяшае няшчасьце, і пачынае адступаць, а потым бягуць маладушныя. на самых адважных абвальваецца лавіна панцырнай коньніцы, а ўцякачам садзяцца на плечы лёгкія харугвы Ліпніцкага, Матулевіча, Нарбута – і ўжо вось на некалькі вёрстаў мігцяць шаблі, падаюць людзі, усмоктвае кроў восеньская зямля... Дужы конь выносіць няўдачлівага князя ад ганьбы палону, і яшчэ малы атрад адрываецца ад пагоні, але войска... было войска – і няма Яго... Яно яшчэ б’ецца асобнымі агменямі, але гасяць іх клінкі палкоўніка Матулевіча, а там – наваградскія харугвы, а побач – гусарскія шаблі. І ўжо вядуць павязаных афіцэраў і зганяюць у натоўп простых ратнікаў...
Пасьля Кушлікаў царскі ваявода Мышэцкі, калі падышло да гораду войска, разважыў, што не ўтрымаць яму Ніжні віленскі замак сваім гарнізонам у восемдзесят чалавек. Але і здавацца на літасьць ліцьвінам было ганебна для царскага баярына. Ён перацягнуў у замкавае падпольле дзесяць бочак пораху, прымайстраваў кнот і вырашыў падпаліць яго, калі сыйдзецца ў пакой па ягоным выкліку ўвесь ягоны атрад. Гулка прагучаў бы гэты выбух, зьвярнуўшы каменную цьвярдыню на беразе Вяльлі ў памятную магільню, выплюхнуўшы ў нябесную вышыню слуп парахавога дыму і сноп з васьмідзесяці душаў. Толькі не пашанцавала яму. Усё прадугледзеў ваявода, акрамя аднаго: што не ва ўсіх моцны дух і трывалая вера, і слабасьць чалавечая абараняе сябе іншы раз надзейней, чым зброя. Дзясятак салдатаў, якія ведалі аб тым плане, не захацелі паміраць, зьвязалі ваяводу і адкрылі вароты...
Праз два дні на пляцы перад касьцёлам сьвятога Станіслава вырас памост, пасярэдзіне яго паставілі дубовую калоду. Сабраўся шматтысячны натоўп. Ужо ведалі, што кароль спытаў ваяводу, якой літасьці ён жадае. Мышэцкі адказваў, што літасьці ад караля не жадае, а жадае кары, і кароль на дзёрзкі гонар коратка кіўнуў. Хутка варта, прарэзаўшы натоўп скразным калідорам, прывяла князя. Выканаць прысуд падахвоціўся княскі кухар, які зьмяніў дзеля вольнага жыцьця грэцкую веру на лацінскую. Князь не глядзеў на здрадніка. На памост узышоў падсудак і, разгарнуўшы зьвіты ў трубу ліст, прачытаў, выкрыкваючы словы ў пахавальную цішыню пляцу, што караюць ваяводу Мышэцкага не за верную службу цару Аляксею, не за адважную абарону гораду, а пазбаўляюць яго галавы за тыранства, калецтвы людзей, мукі і разбой. Мышэцкі адказваў, што бог аб ім усё ведае. Затым сказаў кухару: “Ці магу, кат, памаліццца?” Той перад мноствам народу і па звычаі дазволіў. Мышэцкі пакланіўся на чатыры бакі, перахрысьціўся апошнім крыжом і апусьціў галаву на калоду. Кухар занёс над былым гаспадаром завостраную сякеру, і звалілася ў кошык галава маскоўскага ваяводы…
Увечары Юры пайшоў у Ніжні замак на каралеўскую бяседу; не пайсьці туды ён ніяк ня мог, і ня толькі таму, што не зразумелі б такую абыякавасьць вярхоўныя людзі, але і самі таварышы. Ды і самому хацелася – не на кожны год выпадае выпадак пасядзець у такім зборы, папіць віна сярод лепшых людзей. Ужо да дванаццаці дайшло, а канца застольлю ня бачылася. Тут да пана Юр’я прыйшло разуменьне, што ён мае адну з апошніх роляў на гэтай бяседзе. Ці ёсьць тут палкоўнік Матулевіч, ці няма яго – нікога не цікавіць. Ён палкоўнік, таму што спусьцелае месца Вараньковіча заняў адразу, а не заняў бы адразу – гетман Сапега паставіў бы свайго стаўленіка, у якога зямлі больш. Вось яны сядзяць цэлай суполкай – Сапегі, Пацы, Радзівілы, Агінскія, Хмары. Дык што табе на гэтым застольлі рабіць?
Юры падняўся і паехаў у сваю карчму. Бачачы палкоўніцкую шапку, не чапалі яго начныя дазоры. На вузкай Бернардзінскай вуліцы выскачыў на яго з падваротні з нажом нейкі зладзей, але, не дабегшы трох крокаў, паваліўся на зямлю, нібы зачапіўшыся нагой за нацягнуты ланцуг...
У Вільні, якая моцна пацярпела ад казакаў і расейцаў, не было месца для харугваў, і войска пацягнулася да Барысава ламаць змардаванага доўгай аблогай і голадам ваяводу Хлопава. Падавалася ўсім, што важна перамагчы ўпартую барысаўскую абарону – два гады трымаў горад царскі атрад Хлопава. Думалася, вернем – і прыйдзе канец вайне...
Толькі нікому ня дадзена ведаць усё наперад... Вось харугвы абступілі Барысаў, хутка і Хлопаў пакіне крэпасьць, са сьценаў якой глядзяць галодныя стральцы на сытнае, абознае жыцьцё аблогі... Іншы страх апаноўвае стральцоў – што ў адну з начэй перарэжуць іх, галодных, мясцовыя жыхары, як перарэзалі трохтысячны гарнізон у Магілёве. Зразумела гэта Хлопаву, зразумела гэта харугвам, якія вядуць аблогу і гультаявата чакаюць, калі адчыняцца гарадскія брамы…
Вось і адчыніліся – атрад ваяводы здаўся на літасьць ліцьвінаў. Ім далі двое саней з харчам і адпусьцілі, разумеючы, што палова гэтых змардаваных стральцоў загіне па дарозе...
Бацькоўскі ліст
Юры нечакана атрымаў бацькоўскі ліст. Прывёз яго пан Пашута, які паўстаў з забыцьця паўп’яны і шумны, кінуўся цалавацца. Потым пляснуў сабе па лобе кулаком і запусьціў руку ў глыбокую кішэню: “Скачы, пан Юры, табе ліст ад бацькі!”
“Дарагі сын! – прачытаў ён. – Прымі маё блаславеньне, посьпехаў табе жадаю ў рыцарскіх справах і перадаю табе з панам Пашутам грошай, хоць і ня вельмі многа. Пан Міхал, нарэшце, пасватаўся да Волькі Мяцельскай, дай ім Бог шчасьця. Аленка Мяцельская аб табе ўспамінае і за тваё здароўе моліцца. Трэба і табе, пан Юры, ёй напісаць ласкавы ліст. Пан Пётр Катовіч, дзякаваць Богу, даў хрост больш ня піць і зьбіраецца ў войска падацца…”
Пакуль Юры дзякаваў за дастаўленыя грошы, ён ліст не чытаў, а калі прачытаў апошнія радкі, да яго вярнулася ранейшая боязь.
“Яшчэ жадаю паведаць, – прачытаў ён, – што хварэў мне красьцец, але Эўка два разы пашаптала – як і не было нічога. Цяпер, сын, вырашыў у войска пайсьці, хочацца мне паслужыць радзіме, калі мне хопіць сілаў выехаць на кані ды сабраць чалавек пяць шляхты, то чакай мяне да сябе, разам будзем маскалёў секчы. І пан Мацей едзе. Пасьля сыходу ў тваю харугву пана Пашуты сорамна нам сядзець у хаце, як нямоглыя старыя. Добра было б яшчэ раз, Юры, цябе ўбачыць, іншых радасьцяў няма, акрамя цябе нікога ў мяне не засталося”.
Праз месяц у лагер прыбыў Стась, прычым не адзін, а ў кампаніі з панам Адамам, Мацеем, возным Яшчурам, Пятром Катовічам, малодшым сынам Катовіча, Міхалам Бельскім і іншымі. Нечанакае зьяўленьне бацькі побач з трымальнікам таямніцы ўразіла Юр’я. Вядома, усё хутка растлумачылася. Бацьку надакучыла сядзець у Дымах у нудзе адзіноты. Два вечары яны праседзелі за віном, але нічога Стась не сказаў, аднак веяла небясьпекай ад зьбліжэньня ў цесным палкавым коле гаманкога па выпіўцы Стася і здагадлівага бацькі...

Мсьцівец
Гетман Пац вырашыў ісьці да Мсьціслава і Крычава і адняць гарады ў ваяводы Даўгарукага. Войска скранулася і пацякло да дняпроўскіх берагоў некалькімі ручаямі сярод палёў, якія зарасталі драбналесьсем.
На Мсьціслаўскай зямлі цяжка было глядзець на поўнае згаленьне. Дзясяткамі вёрстаў ні каровы на лузе, ні чалавека ў полі, ні псіны за загараддзю. Ды і вёсак засталося праз дзесяць дзьве, у астатніх або печы стаяць у чорным крузе вогнішча, або занятыя пацукамі хаты з голай страхой – зьнялі салому з вымерлых хатаў жывыя людзі ў неўраджайны год. І нідзе ня стукне сякера аб дрэва – няма каму будавацца...
Напрыканцы жніўня ўзялі Мсьціслаў, затым вярнулі Крычаў. Але пасьля гэтага ўдача зноў перайшла да маскоўскага князя. Палкі рассыпаліся па дарогах, пераймаючы маскоўскія абозы з порахам і харчамі, – ды што з таго? Адно атрымалася ў Кміціча – бітва пад Шкловам з князем Пятром Даўгарукім. Кміціч перамог, але тут жа давялося адступіць насустрач Хаванскаму, які ішоў з Полаччыны з сабраным войскам.
У полк да Матулевіча заехаў паручык Хлявінскі, з канфедэратаў Вя­лі­кага Княства Літоўскага. Заехаў ён нібы выпадкова, але ўвечары за штофам гарэлкі прапанаваў пану Юр’ю далучыцца да Братэрскага саюзу – так звалі толькі што створаны саюз канфедэраты. Хлявінскі гаварыў, што харугвы ня хочуць падпарадкавацца Міхалу Пацу і Паўлу Сапегу, абодва гетманы адзін аднаго ўтапіць жадаюць, кароль даў Пацу і Сапегу сто тысячаў талераў, і тыя ўзялі іх сабе, а ўсе харугвы галадаюць, як і летась. І ёсьць яшчэ пытаньне: куды ідуць мільёны шэлегаў кракаўскай чаканкі? Там іх чаканяць, вязуць у Літву – а тут іх няма? Абавязкова патрэбен кантроль Братэрскага саюзу…
– Нікому я ня веру, пан Хлявінскі, – адказаў Юры. – Усе гавораць “айчына ў небясьпецы”, “вызваліць радзіму”, а робяць што? Свае інтарэсы на першае месца ставяць. Нада мною Кміціч галоўны – ён пакуль нікуды не ўступае, дык і мне нядобра папярок бацькі да Братэрскага саюзу сьпяшацца. Давай мы аб чым-небудзь іншым пагутарым…
Хлявінскі выпіў кубак гарэлкі і лёг спаць.

У апошні дзень кастрычніка, калі халодны вецер ганяў непатрэбнае жаўталісьце, Пац і Хаванскі сышліся на ўзгоркаватых палях каля вёскі Міхновічы. З аднаго боку застыў на гнядым кані, узьехаўшы на ўзвышэньне, князь Хаванскі ў падбітай мехам апанчы па-над дасьпехамі, з іншага, праз вярсту ціхага яшчэ поля, гетман Пац у цёмна-чырвоным кунтушы і сабалінага меху магерцы з пяром, прышпіленым залатой брошкай. Абодва з задуменным халодным прыжмурваньнем разглядвалі варожыя войскі, мясцовасьць, рэдка пакрытую нізкімі кустамі, чорную галоту асінавага гаю, кудлатае, шэрае неба з цьмянай сонечнай плямай, падобнай на сатанінскае вока, зьвілісты ручай, у якім неўзабаве захлынуцца прызначаныя ахвяры, – і цягнулі апошняе імгненьне шматлікіх жыцьцяў. І ўскінуліся ўверх гетманская булава і княская шабля, паслухмяна вырваліся наперад палкоўнікі абодвух бакоў: “З Богам! Бі!”, і пайшлі цяжкай хадой адзін на аднаго ў сьмяротную расколіну ліцьвіны і маскалі.
Вось і надышоў час палкоўніка Матулевіча падняць буздыхан, азірнуц­­ца на бацьку і пана Мацея і, выцягнуўшы шаблю, павесьці харугву на вора­га. Але ў засяроджанасьці бою, сярод мільгаценьня шабляў, у пісталетным ды­ме, сярод крыкаў, звону зброі, хрыпу і стогнаў Юры адчуў на сабе нябачны погляд. “Эўка прыйшла!” – падумаў Юры. Яна марудзіла, ён здагадаўся, чаму яна марудзіць: чакае, каб ён азірнуўся, прызнаў справядлівасьць удару – тады яна блісьне занесенай шабляй. У нейкае імгненьне гэты погляд стаў невыносна гарачым, Юры азірнуўся – глядзелі на яго амаль ва ўпор тры чорныя вочы – нацэленае вока пісталета і налітыя злосьцю вочы пана Пашуты...
Як хутка пераходзіць пакора ў лютасьць! Сталь урэзалася ў горла пана Пашуты паміж нагруднікам і падбародкам... І ўсё – няма хвацкага пана, ня выпіць яму больш гарэлкі, ня выбухнуць сьмехам у карчме, не смуткаваць без таварышаў у доўгі калядны вечар, успамінаючы былыя дні... І чаго ён захацеў адпомсьціць? Які гонар яго абпальваў, каб замест ворага забіваць свайго палкоўніка і суседа? Ды ўжо што разьбірацца – позна, назаўжды закрыў вочы пан Пашута…
Назаўтра пан Адам і Мацей разьвіталіся з Юр’ем і, атрымаўшы ад яго ліст для Аленкі Мяцельскай, штоф віна, каб заглушыць боль ранаў, адправіліся з войска з абозам.
Да Стася таксама прыйшла радасьць, можна сказаць, падвойная. У палку Матулевіча загінуў паручык Людовіч, і пан Кміціч падпісаў загад аб прызначэньні Стася паручыкам. Вядома, да гэтага руку прыклаў Юры, але Стась перажыў сапраўднае шчасьце, калі назаўтра без дапамогі віна заіканьне яго нібы адрэзала шабляй. Усе ўразіліся, што ён аддаваў распараджэньне сваёй сотні без запінкі.
У пачатку сьнежня дайшлі жудасныя чуткі з лагеру канфедэратаў. “Вось і Братэрскі саюз”, – падумаў пан Юры. Гэта трэба ж было зрабіць такое: Хлявінскі і Навашынскі з атрадам у пяцьсот вершнікаў арыштавалі маршалка Жэромскага і палявога гетмана Гансеўскага. Нічога сабе пры­думка! Ніколі ў нас маршалка і гетмана не арыштоўвалі, тым больш падчас вайны. Павезьлі іх дапытаць у лагер канфедэратаў, але толькі яны селі ў вазок, як спрацавала сьляпая помста. Жэромскага забілі на ўскраіне Вільні – спачатку ў лоб чэканом; потым на дарозе на Веркі выцягнулі з вазку і пасеклі шаблямі, ён ляжаў там тыдзень, каб усіх карумпаваных прабіла страхам. Нават пахаваць яго забаранілі. Вось, новая ўлада!
А Гансеўскага давезьлі да лагеру, дзе галодныя разьлютаваныя салдаты абсыпалі яго праклёнамі. Допыту таксама не атрымалася і атрымацца не магло: яго паставілі на груду камянёў, і ён стаў каяцца перад ксяндзом. Можа, і зусім не было здрады, але падчас каяньня ашалелы Навашынскі стрэліў з пісталету яму ў галаву...

Пабыўка
Зімой не ваявалі. Стась пачаў прасіць, каб палкоўнік Юры Матулевіч з харугвы яго адпусьціў. Ён як валадар Рэшак хоча перайсьці ў Лідскую харугву – там землякі, трэба з імі добрасуседскія адносіны наладжаваць. Юры, разумеючы Стасева жаданьне спачатку ўладкавацца ў Рэшках, а ўжо потым паехаць у Лідскую харугву, усё ж трохі пакрыўдзіўся. Але Стась на радасьцях добра пачаставаў сваіх таварышаў, і з весялосьцю на душы паехаў у Ліду.
Юры на пабыўку падаўся дахаты. Думалася яму, што шабельнае ра­неньне бацьку падкасіла, і ён убачыць хворага старога – і хада ў яго ўжо не свая, і левая рука не працуе, і рэбры зрасьліся крыва. І ён убачыць засыпаны сьнегам двор, самотны сьлед санак на вуліцы, а ў хаце седзьма сядзяць бацька і Мацей ды ўспамінаюць свае лепшыя дні. Але пан Адам выглядаў нават лепш, чым да бітвы. І пан Мацей выглядаў нядрэнна, толькі надрыўна кашляў, быццам у яго былі лёгкія прастуджаныя. Гасьцявалі ў бацькі блізкія госьці – Лукаш Мацкевіч і Андрэй Мяцельскі. Да зьдзіўленьня Юр’я пан Адам быў абраны новым возным у сваёй воласьці.
Мяцельскі пачаў распавядаць аб вясельлі Волькі з панам Міхалам і іх шчасьлівам жыцьці – цэлымі днямі буркуюць, як галубкі.
Юры распавёў, што заўсёды зьбіраўся ў сваты да Алены і цяпер дахаты прыехаў, каб высватаць сярэдняю дачку Мяцельскага. У Мяцельскага насьцярожана зазьзялі вочы, і ён абачліва сказаў: “Добрая справа. Я за Аленку, вядома, адказваць не магу, хто ведае, што ў паненак на розуме... А калі ты хочаш сватоў прыслаць?” Юры, чуючы бацькоўскае нецярпеньне, сказаў: “Праз тры дні!” У Мяцельскага ў тое ж імгненьне насьцярожанасьць у вачах зьмянілася радасьцю, і ўвесь вечар прайшоў весела.
Раніцай пан Мяцельскі засьпяшаўся на свой двор дзяліцца прыемнай весткай з жонкай і дочкамі. А Юры сеў у сядло і зарысіў да Эўчынай хаты.
На страсе ляжаў сьнег, над сьцежкай сьнег быў вышэй калена, і хата здалася Юр’ю маленькай. Ён націснуў на клямку і пераступіў у сенцы. Убачыў драбіны на гарышча, пад імі дзьверы да каморы, а насупраць – дзьверы ў хату. “Ну, з Богам!”, – падумаў Юры.
Эўка мяшала цеста. На сьценах і пад стольлю, як і ў папярэдняе наведваньне, віселі вехаці травы. У куту, пакрыты вышытым рушніком, красаваўся абраз.
Эўка разагнулася і стала ўважліва глядзець на Юр’я, чакаючы пытань­няў.
– Прабач мне! – сказаў Юры.
– Прабачыць? – зьдзіўлена адказала Эўка. – Я не магу прабачыць. Ты зьбег. Там, у лесе зьбег, і бяжыш, і бяжыш. Вось спыніўся – трэба параненага бацьку наведаць, паненка ў цябе ёсьць. Паблізу іх не пранясецца. Што табе да мяне: я – словам, ты – шабляй. Не, не магу прабачыць. Ты, пан Юры, ня бойся, бацьку я нічога не казала і ніколі ня скажу, калі, вядома, сам ня скажаш...
– Выпадак, – адказаў Юры. – Нічога не было ў мяне на душы!
– Быў выпадак або не было выпадку, няма ў мяне патрэбы табе пра­бачаць, – цьвёрда сказала Эўка. – А калі страшыцца, што недараваным памрэш, то нічога – ніхто ня ведае…
Юры адчуў сябе лішнім і пакінуў хату.
У ягонай галаве біліся Эўчыны словы: “Я бацьку не казала…”. Чаму Эўка сказала “бацьку”, а не “твайму бацьку”? Хіба ў нас адзін бацька – пан Адам? Ня можа быць, думаў Юры, ня можа быць, што ў мяне ёсьць сястра, і што сваю сястру я пасёк шабляй?..

Сватаўство
Раніцай Юры і пан Адам з Мацеем выехалі да Мяцельскіх. Пакрыты вышытай посьцілкай вазок вёз сьціплыя падарункі сватоў – кумпяк і два штофы медавухі – для бацькоў нявесты. Выгаленаму Мацею, абранаму за другога свата, былі ўручаныя стрэльбы, паходні і абкручаны ў рагожу чыгун з вугольлямі, якія ён схаваў пад салому. За вазьніцу сеў Ягор. Пан Адам і Юры ехалі ззаду вазку.
Дзень не абяцаў сьнегу, сонца паднялося над лесам. Мацей, загорнуты ў кажух, заснуў. Бацька і Юры трохі пагаварыўшы, замоўклі; абодва аддаліся сваім думкам.
Дабраўшыся да гасьцінца, бацька вырашыў памаліцца ў капліцы, але дзьверы была забітыя дзьвюмя таўшчэзнымі дошкамі. Натхніўшы сябе крыжом, пан Адам сеў у вазок, накрыўся посьцілкай, як баба, і аддаўся дрымоце. Конь яго ішоў ззаду, зачэплены за вазок. Так і ехалі...
Нарэшце ўдалечыні паказалася вёска Мётлы, а за ёй, займаючы ўзгорак, двор Мяцельскіх. Тут, як і ў Дымах і астатніх вёсках, амаль палова двароў была без гаспадароў.
З флігелю выскачыў мужык і пачаў адчыняць вароты, у гэтае ж імгненьне Мяцельскі выйшаў на ганак і закрочыў насустрач бацьку і пану Мацею. Пан Адам вылез з вазка, яны абняліся і расцалаваліся. І пан Мацей таксама расцалаваўся з Мяцельскім. У сенцах зьнялі задубелыя кажухі і прайшлі ў сьвятліцу, дзе на стале былі выстаўлены штоф гарэлкі і міскі з закускамі.
Юры паглядзеў на сваю заручоную – станістая, з русай доўгай касой, са здаровай чырваньню; аднаго погляду хапіла, каб у ім ажылі пазалеташнія пачуцьці, нават сэрца ўсхвалявалася.
– Пан Юры Матулевіч сватаецца да цябе, – сказаў Мяцельскі. – Твая поўная воля – ісьці за яго або не! Ты падумай!
– Пайду! – адказала Аленка, адхіліўшы запрашэньне падумаць.
Юры ступіў да Аленкі і выняў з кунтуша падарунак.
– Вось, каралі, – працягнуў ён. – Насі ўвесь век. Можна, я надзену на цябе?
Аленка кіўнула, і тады Юры стаў ззаду і пад шчасьлівыя сьлёзы Мя­цельскіх, пад сардэчныя словы Мацея, пад бацькоўскі крыж зашпіліў каралі на яе шыі…
Пачало шарэць, калі Матулевічы выехалі дахаты. Пан Мяцельскі пра­­водзіў іх да варотаў, дзе яны з бацькам і Мацеем разьвіталіся, нават прыхварэлая пані Тэкля, надзеўшы кажух, стаяла на ганку...
Было ўжо цёмна, калі яны ехалі лесам. Месяц асьвятляў засьнежанную дарогу, коні спакойна рысілі, як раптам Юры адчуў, як дрыжыць ягоны конь. Азірнуўся – на дарогу шырокімі махамі выходзілі з лесу шэсьць ваўкоў. “Ягор! Ваўкі! – крыкнуў Юры. – Гані!”.
Пачуўшы зьвярыны пах, усе коні сталі хвалявацца. Першым імчаў мацёры важак, за ім у шасьці кроках – ваўчыца. Ваўкі ішлі нашмат хутчэй, чым рухаўся іх вазок. Пан Адам прачнуўся і ўзяў стрэльбу. Наперадзе быў невялікі ўзгорак, і Юры вырашыў, што там ён спыніцца. Ён выцягнуў з-за поясу пісталеты.
Важак ішоў бясшумна, і адлегласьць паміж ім і Юр’ем усё карацілася. На ўзгорку Юры павярнуў каня бокам, нацэліў пісталет на ваўка. У сьвятле месяца Юр’ю бачыліся белыя зубы, яго страшныя іклы. Ён стрэліў, і мёртвы важак праляцеў у паветры і цяжка зваліўся на дарогу. Юры стаў даганяць бацьку і Мацея, потым спыніўся і выстраліў у ваўчыцу, аднак не патрапіў. Стрэлілі і з вазка – ваўчыца тузанулася, падламілася, і кроў яе стала выцякаць на сьнег. Набеглыя пераяркі не прамінулі цела маці і адчайна завылі.
Дома бацька, Мацей, Юры і Ягор разьлілі штоф гарэлкі па кружках, і пан Адам сказаў: “Магло нас ужо і ня быць!”. А Мацей удакланіў: “Магло пана Юр’я ня быць, калі б у нас стрэльбаў не было!”.

Павятовы соймік
Па-мёртваму выглядае зямля, затаптаная вайной. Згінулі ў пажарах вёскі, жытныя і грачаныя палі заняў хмызьняк. Вымыла людзей з гнезьдзішчаў, расталі яны ў галодныя гады, натоўпамі вымярзаючы на дарогах, і няма нікога – толькі дагнівае плот ды трухлее развалены млын на разбуранай плаціне...
Атрад ігуменскіх землякоў ехаў у Менск на соймік. Калі праязджалі ля­самі, настрой ва ўсіх быў лепшы, але варта заехаць у нейкую вёску, як выгляд згарэлых двароў перапыняў агульнае вясельле. У Смалявічах стаяла дзевяць двароў, а дваццаць тры былі разбураныя пажарам і запусьценьнем. У Трасьцінцы адзін двор на адзінаццаць разбураных. У Сьляпянцы нічога няма, акрамя загарадзяў і печаў.
Назаўтра дайшлі да ваяводскага Менску. Ва ўсіх сэрца зашчымела: пастараліся расейцы – амаль усе драўляныя хаты з пяцісот двароў спалілі. Дзякуй богу, засталіся манастырскія будынкі, уніяцкі храм і дамініканскі касьцёл, хоць абабраны, але з цэлай страхой. І засталася цэлай праваслаўная Петра-Паўлаўская царква, не пашкоджаная ні знадворку, ні ўсярэдзіне, хоць старыя абразы пакрадзеныя за пяць гадоў.
Пасяліліся бацька, Мяцельскі, Мацкевіч, Пётр Катовіч, Міхал і Юры, малодшы Яшчур у пакоі бернардзінскага манастыра, куды Ягор перацягнуў стол, дзьве лаўкі, саломы для спаньня і груду дроваў. Запалілі печ, выпілі за пачатак сойму і пайшлі да ратушы, пакінуўшы Ягора прыглядваць за рэчамі. Каля ратушы было чалавек семдзесят, між якіх Юры адзначыў барысаўкага ротмістра Глеба Новаша і ўладальніка Бакштаў Завішу. Адзначыўшыся ў пісара, выйшлі на вуліцу да іншай шляхты. Мяцельскі, бацька, Лукаш Мацкевіч і Катовіч сталі шукаць сваіх аднагодкаў, якіх ня бачылі на сойміках гадоў дзесяць. Як заўсёды на павятовых сойміках, амаль траціна шляхты былі п’янымі або вока на тое паклаўшымі.
Юры, якога ўсюды супраждаў Яшчур, адшукаў пана Новаша, якога ведаў па бітве пад Кушлікавамі гарамі.
– Ну, як, пан Глеб, справы? – спытаў Юры. – На зіму дахаты ад­пусьцілі?
– Адпусьцілі, – усьміхнуўся Новаш. – Толькі лепш бы не адпускалі, шляхце і салдатам карміцца няма чым.
– Твая, брат, праўда. Як з лістападу па сакавік – ідзі на хатняе кармленьне. Добра яшчэ, што шляхта дом мае, а калі ні зямлі, ні хаты?
У тую хвіліну ў цэнтры натоўпу хтосьці важна загаварыў. Аказалася, што прыехаў з Варшавы пан Агінскі: апавядаў, як суд Рэчы Паспалітай судзіў забойцаў Вінцэнта Гансеўскага і Казіміра Жэромскага. Іх судзілі не за тое, што яны былі канфедэраты, гаварыў Агінскі, а за забойства двух самых яркіх людзей. Пачуцьцё справядлісьці Міхала Паца прымусіла іх арыштаваць і трымаць у турме далей ад Княства…
Назаўтра ў бернардзінскім касьцёле соймік выбіраў маршалка. Хтосьці дамоўлены прамовіў “Завішу”, адразу ўсе ўскінулі рукі, і Завіша стаў усім дзякаваць. Юр’я вылучылі павятовам мечнікам.
У наступныя дні шляхцічы абавязаны былі дакласьці аб стратах, якія пацярпелі іх землі падчас вайны, а таксама аб шляхецкіх прозьвішчах, хто ад дзеяньняў казакоў і расейскіх стральцоў на векі загас.
Заставалася ўхваліць дэкларацыю, якую зачытаў маршалак Завіша:
“Менскі павет разбураны і зьнішчаны амаль дачыста загонамі казакоў і войскамі Хаванскага, з 182 тысячаў чалавек, што жылі ў павеце да вайны, на сёньня засталося 68, з 32240 сялянскіх гаспадарках застаюцца 12380, мястэчкі выпаленыя, палова земляў зьдзірванела, у Менску 400 двароў спалілі, і няма каму іх адбудоўваць, на Барысаўскіх землях з 19 сёлаў засталося 6 двароў, у Астрашыцкім мястэчку з 24 двароў засталіся 4, Бабруйск тройчы разбураны загонамі бандытаў і засталося 170 двароў, а 239 спалілі, у Койданаве палову двароў папалілі, у Заслаўі са 150 двароў засталося 72, Бяроза ўся зьнішчаналая, у Валожыне са 112 двароў захавалася 41, у Маладэчна з 228 двароў захавалася 124…”
У гэтую хвіліну нейчая рука легла Юр’ю на плячо, ён азірнуўся – Міхал прысунуў галаву і прашаптаў на вуха: “Ягор тэрмінова просіць цябе прыйсьці”.
На вуліцы яго сустрэў асунуты Ягор, і пакуль яны беглі ў манастыр, ён сказаў, што пан Адам памірае.

Сьмерць бацькі
Быў марозны дзень. Бярозавы гай, дзе клаліся на вечны пакой дымаўскія жыхары, упрыгожыўся шэраньню. Цяжкую труну апусьцілі ў яму, суседзі і мужыкі кінулі разьвітальныя жмені жвіру, загрукалі лапаты…
Паўстаў крыж, і з гэтай магілы ніколі не пачуць родны голас, словы “Любімы сын!”, і ніколі ён ня ўбачыць унука, можа, толькі зьверху, з паднябеснай вышыні. Вось стаіць Аленка, гатовая ўнука нарадзіць, думаў Юры, вось стаяць Міхал і Волька, Лукаш Мацкевіч, Мяцельскія, Катовіч, Сямён Яшчур, сёньня будуць піць за тваю памяць, а твая гарэлка застанецца некранутай...
Да дзевяцінаў пражыў Юры ў нейкім аглушэньні. Прыязджалі знаёмыя, далёкія суседзі, заставаліся начаваць, да цемры цягнуліся гутаркі; неяк па-іншаму, ледзь ніжэй, чым раней, кланяліся яму пры сустрэчы мужыкі, пыталі яго распараджэньняў парабкі, – памалу ўступала ў сваю сілу іншае жыцьцё. Усё – застаўся пан Юры адзін. Няма каго цяпер баяцца, стаў ён поўным уладальнікам Дымоў, каханая жонка пачала ўжо лічыць тыдні да зьяўленьня першынца, – глядзіш, і новы Адам закрочыць спачатку пад стол, а там і ў сядло сядзе...

Сямёра драбаў
Час гоіць душэўныя раны – раней балела, што няма бацькі, а цяпер не баліць. Цяпер у яго жонка, месячны сын, і ён на гаспадарскім месцы. Адзіная няёмкасьць – адносіны з Эўкай: у яе не было хоць бы звычнага прывітаньня, і ён не асьмельваецца з ёй вітацца. На пахаваньні бацькі Эўка заходзіла разьвітацца і потым прайшла шлях ад ганку да могілкаў, але нічым не адрозьнівалася ад іншых – усе плакалі, калі праводзілі пана Адама.
А ў апошні дзень чэрвеня заехалі ў Дымы пятнаццаць коньнікаў на чале з паўсотнікам Сястрэвічам, якія гналі сотню кароў. Статак быў недагледжаны, трэба было б раздаць яго сялянам, але на гэтакую справу ні паўсотнік, ні яго драбы пайсьці не маглі – вырашылі па бядноце салдат неяк прадаць кароў або абмяняць. Сястрэвіча Юры бачыў на павятовым сойміку, нават частаваў яго, гэтае знаёмства заахвоціла даць згоду на просьбу пераначаваць у вёсцы адну ноч – каровы стомленыя, затое заўтра ён дазволіць узяць па адной на двор. Юры падлічыўшы, што атрымае пятнаццаць кароў, дазволіў і сам прызначыў салдатам хаты.
Праз дзьве гадзіны ён абедаў на кухні з Аленкай. Яна карміла ма­ленькага Адама грудзьмі, а Юр’я бавіла, што той так прагна пацягвае матчына малако. Але шумныя крыкі, выбухі рогату, якія даляталі з вёскі, падточвалі яго спакой.
Ён выйшаў на ганак, і нястрыманы рогат урэзаўся ў вушы – мабыць, знайшлася ў хатах гарэлка ў абмен на кароў. І раптам ён убачыў, як сем п’яных драбаў ідуць да хаты Эўкі. Яму ўбачылася: драбам распавялі, што там жыве шаптуха – маладая, здаровая, мужа няма, прыёмная дзеўка ёсьць...
Ён уляцеў у гасьцёўню, схапіў шаблю, запіхнуў за пас пісталеты і хацеў імчаць на стайню. Жонка стала ля дзьвярэй: “Юры, міленькі, не пушчу!” Ён жудасна паглядзеў на Аленку, у блакітныя вочы, якія хацелі міру і дзеля гэтага ціхенькага міру жадалі, каб ён стаў здраднікам, і адкінуў яе ад дзьвярэй. У стайні ён сьпешна надзеў сядло, махам ускочыў на каня. З дому выбег парабак, Юры крыкнуў яму: “Бяры стрэльбу! Скачы ўсьлед”. Той рынуўся ў дом.
У хаце Эўкі пачуліся разьлютаваныя жаночыя крыкі і п’яны рогат. Юры ў галоп панёсься падворку і ўбег у хату. Тры гвалтаўнікі заламалі Насьцю. Эўку тры п’яныя несьлі на стол, яна адбівалася нагамі. Юры перарэзаў шабляй шыю таго, хто быў над Насьцяй. Лютасьць захапіла яго, і жорсткімі ўзмахамі ён зваліў тых, хто трымаў дзеўку за рукі. Гвалтаўнікі кінулі Эўку і схапіліся за шаблі. Яны нешта зьдзіўлена лямантавалі, Юр’ю падавалася, што яны крычаць “Пся маць! Халера!”. Юры дастаў пісталет і стрэліў у драба. Куля патрапіла ў сэрца, ён паваліўся пад стол. Затым палкоўнік Юры шабляй пасек і астатніх...

Апошні бой
31 сьнежня 1665 году сканаў Павел Сапега. Сьмерць вялікага гетмана ўзрадавала суперніка Радзівіла, бо зьніклі, здавалася яму, галоўныя пе­рашкоды на шляху да чыну канцлера Вялікага Княства. Радзівіл у суправаджэньні гвардыі гусараў заехаў у Вільню і без дазволу караля заняў месца віленскага ваяводы. Усе ягоныя хітрыкі ператварыць Трыбунал Вялікага Княства ў ваяводскі суд, каб пазбавіць Пацаў званьняў, ня мелі посьпеху. Канцлерам Княства быў Крыпшат Пац, які гасіў асабістыя ініцыятывы Радзівіла, а палявым гетманам быў Міхал Пац.
Надзеі шляхты, што са сконам вялікага гетмана пачнуцца перамены, скончыліся нічым. Ранейшыя спадзяваньні, што кароль Ян Казімір кіне ўсе сілы Рэчы Паспалітай на тое, каб вызваліць Полаччыну і Задняпроўе, засталіся марнымі, кароль выправіў войскі Польшчы на Украіну.
Міхал Пац меў пяць тысячаў войска для адпору ваяводам Чаркаскаму і Празароўскаму, у якіх на мэце было забраць як мага больш Падняпроўя. Казалі, што ў іх тысячаў пятнаццаць войска, але магло быць і больш. Юры Матулевіч на пачатку красавіка прывёў сваю харугву ў войска, што стаяла ў Мсьціслаўі. Дзякуючы ўказу караля, да харугвы прымкнулі суседзі: пан Пётр Катовіч, Лукаш Мацкевіч, Сямён Яшчур, сын Катовіча, Андрэй Мяцельскі, нарэшце вызвалены ад сямейных клопатаў. Зімой Альбіна выйшла замуж за Лявона Мацкевіча, і дома ў Мётлах заставалася толькі пані Тэкля.
Палкоўнікі былі незадаволеныя, што гэтакімі малымі сіламі выступілі супраць расейскіх ваяводаў. На іншую дапамогу разьлічваць Пацу не даводзілася.
Юры ў харугве Нарбута знайшоў паручыка Стася Рэшку. Два гады яны ня бачыліся, і цяпер селі на траву, дасталі штоф ды выпілі за нечаканую сустрэчу. Юры распавёў, як пан Адам памёр ад сардэчнага прыступу. А Стась распавёў, што ажаніўся на маладзіцы з дваццацьцю валокамі, яго жонка, хоць і цяжарная, але раней усіх устае і ўсім у хаце кіруе. А Юры распавёў, што ажаніўся на Аленцы і цяпер у яго сын гадавалы. А яшчэ распавёў, што на сойміку, дзе ў бацькі быў сардэчны ўдар, ён вылучаны павятовым мечнікам. А Стась сказаў, што важнейшай справай ён лічыць перасяленьне кінутых сем’яў у пустыя хаты. У Юр’я адразу паўстала жаданьне перагарадзіць ручай, які ўпадае ў Волму, і паставіць там вадзяны млын. І ён распавёў, што летась засёк гвалтаўнікоў над Эўкай і яе прыёмнай дачкой, і гэтае забойства схіліла Эўку памірыцца з ім...
Назаўтра ўначы расейскія ваяводы пераправілі цераз раку войска, і ніякага бою Міхал Пац даць ня мог. Каб ня страціць войска, Пац загадаў адыходзіць да Магілёву.
Апошнай ішла харугва пана Матулевіча і Гальяша Сурына. Здарылася бяда са Стасем, праўда, сам Юры гэтай бяды ня бачыў, а Нарбут распавёў, што ў яго правая рука ледзь ніжэй локця, а можа, ледзь вышэй локця, перабітая куляй. Як ні хітры – руку не прыставіш, таму павезьлі Стася да лекара ў Магілёў; там руку адымуць, рана загоіцца, і паедзе пан Рэшка на свой двор, а шмат хто ўжо не паедзе на родны двор – забітыя, казаў Нарбут.
Стральцы перасьледавалі харугвы літаральна па пятах. Чатыры тысячы шляхты і драбаў, гарматы і абозы ўкаціліся ў брамы гараду з ліхаманкавай хуткасьцю. Гараджане радаваліся харугвам Паца – гэта была сіла, якая магла ўтрымліваць Магілёў ад хцівага плану расейцаў. Войска зьмясьцілася за гарадскім валам, паставілі гарматы, шляхта і драбы занялі сваё месца ля байніцаў. Праз дзьве гадзіны зьявіліся палкі ваяводы Чаркаскага і атачылі горад з усіх бакоў. Стральцы зрабілі для гарматаў акопы, і расейскія пушкары пачалі абстрэл валу. Гарматы Магілёву адказвалі, і паядынак пушкароў доўжыўся да вечару.
Харугвы назіралі, як кладуцца стрэлы пацаўскіх артылерыстаў. Юры з Мяцельскім стаялі недалёка ад валу. Пушкары паднялі на паветра дзьве серпанціны з абслугай. Расейскія пушкары білі ў брамы. Часам ядры не даляталі, часам пераляталі і ўзрываліся на вуліцах або ў дварах. Юры пайшоў да свайго каня, сказаў, што сьпяшаецца, каб адшукаць у лекаря Стася. Ён уставіў нагу ў стрэмя, ды раптам гохнуў выбух. Юры зьмярцьвеў: гарматнае ядро ўзарвалася там, дзе толькі што ён сачыў за працай пушкароў, пяць драбаў і Мяцельскага разьнесла ў пыл. Ён адчуў рэзкі боль у правай назе і страціў прытомнасьць. Да яго падбеглі, аднесьлі ў лячэбніцу, і лекар, даўшы кружку гарэлкі, пачаў рэзаць з нагі ўсё крывавае мяса.
Калі ён ачуўся, то ўбачыў забінтаваную нагу, якая нясьцерпна балела. З вуліцы даляталі пераможныя крыкі: учора пад вечар пушкары патрапілі ў намёт ваяводы Якава Чаркаскага, ён сам і некалькі стралецкіх сотнікаў узьляцелі ў паветра. Без ваяводы расейскае войска зьнялося з умацаваньняў і пайшло на Копысь...
Прачнуўся Юры ў цесным пакоі, пэўна, гэта была камора, чыста прыбраная, засланая сяньнікамі на дзесяць чалавек. Праз вакно ўлівалася яркае сонечнае сьвятло. Побач з ім ляжаў Стась. Па іншы бок працягла хрыпеў з забінтаванамі грудзьмі малодшы Яшчур. Іншых Юры ня бачыў.
– Вось мы з табой і адваявалі, – сказаў Юры Стасю. – Пара нам на адпачынак!
– Так, пара! – адказаў Стась. – Вось толькі ў мяне рукі няма...
– А ў мяне галёнка выдрана, правая нага будзе сухая, – сказаў Юры. – Вось, халера, Вільню мы бралі, і Гародню, і Полацак, і Мсьціўслаў, і Барысаў. А паранены ў Магілёве. Памятаеш Мяцельскага, Мацкевіча, Катовіча? Таксама ў Магілёве загінулі. І Мяцельскі мой цесьць, і Лукаш Мацкевіч мой хросны, і Катовіч мой стары знаёмы…
Яны перахрысьціся.
– Калі тваё дзіця павінна зьявіцца? – спытаў Юры.
– У жніўні, можа быць, у верасьні. А ты аб чым думаеш?
– У мяне адна думка ў галаве, – адказаў Юры. – Хачу дом паставіць у Менску, хай Эўка з прыёмнай дачкой у тым доме жыве. Яна сястра мая, на сябе і Эўку запішу, якім будзе ёй жыцьцё ў Дымах? Нуднае жыцьцё. А ў Менску, можа, мужа знойдзе. І мне будзе прыстанак на ваяводскі або павятовы сойм...

* * *
У ліпені, калі войскі Міхала Паца выйшлі з Магілёву, разам з харугвамі выехалі вазы з параненымі. Палкі сьпешным парадкам пайшлі на Случчыну, дзе насіўся загон украінскіх казакоў, высякаючы мужчынаў і беручы ў палон маладух і дзевак. Каля вёскі Асташына, дзе пачынаўся Слуцкі шлях, яны пакінулі параненых на апеку дзесяці драбаў. Юры, абапіраючыся на мыліцы, і Стась (з паўпустым правым рукавом кунтуша) доўга пазіралі ім усьлед. Прарысіла панцырная харугва, полк Нарбута, полк Ліпніскага, полк Будніка, харугва Матулевіча (толькі цяпер яе вёў палкоўнік Юргелевіч), дванаццаць гарматаў… Дзень быў сьпякотны, дурманліва пахла сьвежае сена, набітае ў вазы; яны прылеглі на яго, падставіўшы грудзі сонцу і радуючыся, што назаўжды вяртаюцца пад мірны прытулак…
Гасподзь ты наш, якія наіўныя гэтыя думкі, калі глядзіш на іх з бу­дучыні, калі ведаеш, што ўсё паўторыцца праз трыццаць сем гадоў: зноў заб’юць дроб шведскія і расейскія барабаны, і вайна зальле зямлю, зьлізаўшы толькі ў Беларусі мільён чалавек. І зноў заняпадуць гарады, згараць вёскі, а чужацкая пяхота выдратуе ўзараныя палі. І чорнай воспай магілаў пакрыецца твар зямлі...


Заўвагі
Шлюбныя браты – у беларусаў існаваў у той час звычай, калі два таварышы, выпраўляючыся на вайну, давалі адзін аднаму клятву пры капліцы або ў касьцёле да канца веку клапаціцца аб тым, каго скалечыць бітва.
Лотр – нягоднік, разбойнік.
Возны – ураднік у Вялікім Княстве Літоўскім. Прызначаўся ваяводам па рашэньні суду і шляхты. Возны праводзіў сьледства, уручаў позвы. За забойства вознага пагражала сьмяротная кара.
Павятовы маршалак – начальнік павятовага войска.