12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Тарановіч

_____________________
Яны.
Згадка дзён мінулых....

«Да найбліжэй найблізкага мы заўсёды
ідзем праз далеч далёкага»
Хайдэгер
Хтосьці сказаў, што мінулае ніколі не належыць толькі аднаму чалавеку.
Яно калектыўнае.
Мы ўсe абяднаныя адным поглядам на гісторыю, як на асабісты досьвед.
Успамінгэта таксама частка жыцьця.
Часам я паддаюся поклічу прайсьціся па закутках памяці, а калі атрымлiваецца, то i падсьвядомасьці, каб адчуць астральны палёт душы.
У маладосьці рэдка калi прыходзiць жаданьне азiрнуцца назад. Але цяпер, азіраючыся на пражытыя гады, пачаў задумвацца аб сэньсе жыцьця. Парадаксальна, але шмат што з нядаўняга мінулага, ужо ня памятаецца, а вось эпізоды дзяцінства бачацца да драбнюткіх падрабязнасьцяў. Верагодна пасродкам памяці ажыцьцяўляецца арганічная сувязь паміж мінулым і сучаснасьцю ў жыцьці чалавека, дасягаецца цэласнасьць асабістага «я». Памяцьгэта эстафетная палачка, яна сама па сабе зьяўляецца прыладай. Некаторыя ўспаміны дзяцінства з гадамі не губляюць водару рэальнасьці. Я перастаў верыць у рэчаiснасьць, у цэласнасьць яе тканіны.
Час, як рытм.
Час памірае і ажывае тады, калі ён жадае.
Некаторыя людзі жывуць у сучаснасьці, некаторыя ў мінулым, некаторыя ў будучыні.
Я жыву ва ўсіх трох вымярэньнях адразу. Часам дастаю пачак пажоўклых фотаздымкаў, тых, што прывёз з сабою ў эміграцыю. Калі доўга ўзірацца ў твары людзей, то можна ўбачыць, як ажываюць вочы пад саламянымі капялюшамі, цяплее цела пад старадаўнiмi кофтамі і пінжакамі, усьмешкi закранаюць вусны, чуюцца іх галасы, якія з кожным годам становяцца ўсё цішэй... вось яшчэ адна расколiна з мінулага прарасла ў сучаснасьць і цягнецца ў будучыню... яны былі...

Кансервавы нож памяці ўскрывае вечнасьць, душа лунае над агністай затокай зямных сноў, са смугі ўспамінаў раптам выплываюць фрагменты-выспы, яны ўзьнікаюць заўсёды чамусьці ў адваротным парадкуад дзелі да агульнага. Выключнасьцi лепяцца адна на другую і з іх паступова ўтвараецца карціна даўняй мінуўшчыны, любаснай сэрцу мроi, якая адбываецца на іншых берагах... З нябыту зьяўляюцца людзі, пакутліва капаючыся ў захламленных кутках памяці. Я адшукваю іх імёны... пагаслае неба з аблокамi... ціхая вулачка... бярвеністыя хаты-тапельцы ў вішнёвых садах, якiя зьніклi яшчэ да таго, як ня стала фатографа, што захаваў бы іх. Сёньня на гэтым месцы паміж безаблічнымі бетоннымі скрынкамі равуць плыні машынаў. І гэтае раптоўнае зьнікненьне хаты i вуліцы гораду майго дзяцінства выклікала куды большы шок, чым эміграцыя... але гэта было...
Быў сад з цвыркунамі, няўрымсьлівымі працаўнікамі цёмных прысадаў. Была вялікая хата, дзе жылі чацьвёра дарослых і адно дзіця, хата са страхавітай зяпай склепа, з якога заўсёды цягнула холадам, з вабным гарышчам, дзе ў саламянай пацярусе можна было адкапаць старажытныя рэчы. Хата, дзе душа без падказкі пераабувалася ў хатнія тэпцікі, хата, дзе ў вокнах захраснулі абрыўкі сноў. Дзе жнiвеньскай цёплай ноччу ледзь патрэскваючы, гасьлi на небе зоркi i падалi бязгучна за хату.
Калi гэта было? Усё ператварылася ў бягучы радок на манiторы...

Часта чапляюся поглядам за гэтую вуліцу і гэтую хату. Навошта?
Мабыць, каб утрымацца ў хаосе будняў. Бо ў той хаце засталася простасьць і наіўнасьць жыцьця, прыязнасьць родных твараў, у гэтай хаце я зьведаў крызіс спазнаньнязразумеў тое, што ня вечны ў гэтым сьвеце...

Я і цяпер адчуваю цяпло яе печы, пах варанай бульбачкi, попелу, зьмешаны з людскім пахам. І гэты пах для мяне лепшы, чым водар вытанчанай парфумы. Часам мне здаецца, што я так і не прачнуўся ад дзяцінства.
Там былі металічныя ложкі з бліскучымі шарамі і гарамі вялізных пуховых падушак, былі вялізныя памаранцавыя абажуры з махрамі, былі старажытныя шафы ручной працы, прапахлыя нафталінам, паліцы з кнігамі класікаў, вялікі кухонны стол з цяжкімі самаробнымі зэдлікамі вакол, масіўны дзьвярны вушак са штогадовымі засечкамі майго росту... гэта было...
Маўчаньне ночы такое глыбокае, што я чую тэмбр сваіх думак, і тады я сілай сваёй волі звыкла спыняю плынь часу, сартую гады, падзеі, твары, праглядаю тапаграфію чужых жыцьцяў... Вось яны, тыя, хто былі да нас... Цяпер, у гэты момант, я адчуваю, што яны тут, бачу іх фігуры, заварожаную міміку твараў, бачу сьвятло, што зыходзіць ад іх. Яны глядзяць праз плячо: што я пішу, зазіраюць у вочы...
Я спрабую замарозіць іх выявы ў лядоўні сваёй падсьвядомасьці, каб падзеі новага жыцьця, якія існуюць па-за кантролем памяці, не разбурылі вобразы дзяцінства. Цяпер, калі іх душы кранулі зорную глыбіню зямнога дна, калі на адным баку стужкі Мёбiуса апынуўся я, а яны на другiм, я па-іншаму гляджу на тыя гады, калі мы жылі разам. Часам мне хочацца набраць не iснуючы ўжо нумар тэлефону, пачуць знаёмы голас... Хочацца пазнаць у каржакаватай мужчынскай постаці, што брыдзе наперадзе, знаёмыя абрысы, паклікаць...
Часам лаўлю сябе на думцы, што шукаю ім замену ў іншых людзях. Навошта? Мабыць, дзеля таго, каб папрасiць іх даць мне магчымасьць зьявіцца на сьвет зноў, пачаць усё з чыстага белага ліста, самому выбраць сабе імя, характар, ментальнасьць. Вярнуцца ў той адрэзак часу, у якім нічога яшчэ не адбылося. Што я шукаю? Мабыць, аднекуль са шпалераў вывалiцца старая касета, i я пачую свой дзiцячы голас, якога ня ведаюголас чысьцiнi i нявiннасьцi.
Вярнуцца, далюбiць, дараспавесьці, даказаць... дадаць...
Перадаць ім, што нічога не забыў. Бо прыйшлі і сышлі з майго жыцьця, як цягнікі... Пачаць пісаць сваю біяграфію па законах яшчэ ня сьцертых ісьцінаў, па-іншаму выбіраць сяброў, не рабіць непатрэбных учынкаў, не прамаўляць непатрэбных фразаў... папрасіць прабачэньня, зьмяніцца, выправіцца... прабачыць...
Яны былі... былі...былі.
Вось маленькi фотаздымак 1955 году.
Я часта гляджу на яго, нібы спрабую ўбачыць нешта новае. Гэта як выявіць у песьнi, якая падабаецца, новыя хады вакалу і iнструментаў.
Каля сьценаў сьвежазрубленай хаты, тонучы ў моры квітнеючай бульбы, стаiць гурт худых, скуластых мужыкоў у кепках, з вялікімі натруджанымi рукамі. Былыя партызаны, яны ўсе з аднаго атраду. Сярод іх, як арыстакраты глядзяцца бацька і маці. Немаўля на каленях у мацігэта я. Бульба ў Беларусі квітнее ў ліпені, значыць мне два месяцы. Бацька, як звычайна, у белым фрэнчы. Адкуль у яго была гэтая прыхільнасьць да фрэнчаў, зразумець не магу. Быў ён усяго толькi радавым штрафбату пару месяцаў у канцы вайны. Мабыць, гэта нейкі комплекс. Насіў белыя і колеру хакі фрэнчы, такія, як у Сталіна. Правадыра ўсіх народаў ня лаяў ніколі. Трыццаць сёмы год успамінаў часта, свой «Гулаг» таксама ўспамінаў, але з імем Сталіна гэта не спалучаў...
Спазмы памяці выціскаюць на паверхню з віру мінулага новыя фраг­­­­­­­мен­ты...
Шруб яго лёсу рыпеў іржавай разьбой, жыцьцё складалася з вострых вуглоў. Хлапчуком ён бачыў цяжкі поступ палкоў Людэндорфа па вуліцах Менску, затым канфедэраткі Пілсудскага, яму на зьменубудзёнаўкi Тухачэўскага. Распавядаў, як у трыццатых, яны, штангісты і баксёры са спорттаварыства АСАВIAXIМу, аднойчы на танцах адлупцавалі маладых энкавэдыстаў. Пасьля чаго, далей ад граху, падаўся на Азоўскае мора, у Таганрог, яшчэ застаў там казакоў у башлыках, з іх характэрным гоманам.
Вярнуўся ў Менск напярэдадні вайны... і тут сустрэў танкі Гудэрыана.
Загрымеў у нямецкі канцлагер, дзе аднойчы цыбаты, рабы мужык, гледзячы яму ў вочы, сказаў: «Нешта рожа твая мне не падабаецца. Ці не жыдок ты часам? Вось заўтра скажу каму трэба, глядзіш, пайку мне і павялічаць...». Але заўтра для рабога ўжо не надышло. Бацька меў склад цела рымскага легіянера, насіў піяніна на сьпіне, гнуў пятакі пальцамі...
Потым былі жахі акупацыі, зноў прыход рускага войска, трэцяга рускага войска ў ягоным жыцьцi.
Паранаідальна-актыўны капітан СМЕРШу на допыце крычаўЧаму, застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, вы працавалі на ворага
«Усе павінны былі дзесьці працаваць, інакшлагер», – адказваў яму бацька.
«Вы павінны былі лепш застрэліцца, чым працаваць на ворагаў Радзімы і Сталіна
Бацька нічога не сказаў у адказ, разумеў, бескарысна.
Наперадзе ў яго былі штрафбат і ГУЛАГ.

За яго скажу я.
У імя чаго ён павінен быў абарваць сваё жыцьцё? У імя нейкага кавалку зямлі, названай гучным словам «Радзіма»? У імя грамадска-палітычнага ладу той краіны, каштоўнасьці якой сёньня абсьмяяныя і пагарджаныя нашчадкамі? Або ў імя кіраўніка гэтага ладу, якi дзеля свайго капрызу загадаў узяць Берлін менавіта да 1 траўня, заплаціўшы за гэта дзясяткамі тысячаў жыцьцяў?
Дзеля ўсяго гэтага ён павінен быў скончыць сваё жыцьцё, і тады б не было і мяне...
Бацька падаваўся мне радавым бясколерным чалавекам, які жыве ў сьвеце чорна-белага кіно, як і ўсе яны. Сьціпла апранаўся, сьціпла паводзіў сябе, рабіў усё, як трэба. Пісаў віншаваньні на ўсе «чырвоныя» сьвяты радні, хваліў Брэжнева, над якім усе мы сьмяяліся. Але толькі цяпер я зразумеў, што яму было з чым параўноўваць, ён жыў у іншай сістэме каардынатаў, мерыў іншымі меркамі, валодаў сістэмай першасных знакаў быцьця, яе базавымі каштоўнасьцямі, мiма якіх мы, сёньняшнія, пралятаем.
Толькі цяпер я ўсьведамляю, што ён быў чалавекам бліскучай жыцьцёвай тактыкі, якая дазволіла яму перажыць дзьве вайны, бандытаў, трыццаць сёмы год, два лагеры. Аднойчы, калi мне было пяць-шэсьць гадоў, ён упершыню адлупцаваў мяне рамянём. Я езьдзіў у вёску да раднi, дзе аднагодкі навучылі мяне «вялікаму і магутнаму». Памятаю, неяк увечары, сядзім, глядзім тэлевізар, а я старанна каментую, што адбываецца на экране «трохпавярховымі» выразамі... памятаю як выцягнулiся твары родных, бацьку, што ідзе з папругай на «зайчыка», які выдаў сябе з трыбухамі....

Маці.
У яе быў ясны і спакойны ў сваёй высакароднай скрусе погляд. Часам я адчуваю знаёмы пах яе парфумы. Так пахла тое далёкае жыцьцё, так пахне тваё мінулае...
Маладосьць майго сына прыходзіцца на супрацьстаяньне «Біблія-Каран».
Мая маладосьць прыйшлася на супрацьстаяньне «СССР-ЗША».
Яе маладосьць «Сталін-Гітлер».
Мяне заўсёды зьдзіўляла, чаму некаторыя яе фатаграфіі датаваныя 1942-43 гадамі. Гады акупацыі. На іх яна з купкай аднагодак. Гарэзныя, вясёлыя, прыбраныя, з кветкамi. Чаму гэтыя фатаграфіі на нямецкай фотапаперы? Тыя, што зроблены ў атэлье, гэта зразумела. Але на прыродзе! У каго з мясцовых жыхароў тады наогул мог быць фотаапарат. І пытаньне ўсіх пытаньняў: як магла яна, уладальніца такога носу, смуглай скуры і чорных, павойных валасоў пазьбегнуць гета? Знакамітага менскага гета... Памятаю, як распавядала, што яе, схапіўшы на вуліцы ў падазрэньні на «жыдоўку, што хаваецца», людзі з “Hiwi” – “Hilfswilliger” прывялі ў СД, але неўзабаве адпусьцілі. Нешта тут ня тое. І азначала гэта толькі адно. Што ў яе быў усёмагутны апякун. Немец.

Васіль Гроссман у сваёй кнізе «Жыцьцё і лёс» піша, што ў Сталінградзе ва ўсіх, ня толькі ў афіцэраў, але і ў простых нямецкіх салдатаў былі рускія жанчыны. Вось яна, праўда вайны! У свой час Гiмлер спрабаваў наладзіць вытворчасьць сэкс-лялек для салдатаў на Усходнім фронце. З гэтага нічога ня выйшла і ён вярнуўся да традыцыйнай ідэі бардэляў. Ён быў у шоку, калі на нарадзе ваенных юрыстаў у траўні 1943 году даведаўся, што амаль кожны камандзір войск СС мае сувязь з полькай або з якой-небудзь іншай жанчынай на Усходнім фронце. Але зрабіць з гэтым нічога ня мог. У рэшце-рэшт, на сувязь арыйцаў са славянскімі жанчынамі махнулі рукой і думалі толькі аб адным, як забясьпечыць войскі дастатковай колькасьцю супрацьзачаткавых сродкаў.
А вайскоўцаў Вермахту абслугоўвалі франтавыя бардэлі. У савецкім войску нiчога такога не было, i таму гэта прывяло да таго, што гвалтаваліся ня толькі мільёны немак і полек, уключаючы 70-80-гадовых, але і савецкія жанчыны, вызваленыя з фашысцкіх канцлагераў.
Нядаўна ў Берліне сустрэліся дзеці вайскоўцаў Вермахту з некалькіх краінаў Еўропы. Дзеці розных народаў стварылі «Бюро дзяцей вайны». У Даніі налічваецца тысячы такіх дзяцей, у Нарвегіі яшчэ больш, у Бельгіі дзясяткі тысячаў, больш за ўсiх у Галандыіпяцьдзясят тысячаў. Як ні дзіўна, існуе і лічба дзяцей Вермахту з акупаванага СССР. Паўтара мільёны. Ні адна з жанчын не магла тады прызнацца, што бацька яе дзіцяці немец. Аборты былі забароненыя. Адзін з маіх сваякоў, які нарадзіўся ў Менску ў 1944 годзе, мае арыйскі профіль і харызматычны нораў. Адкуль гэта, пры яго кірпатых, ціхіх бацьках... Што рухала немцамі, гэта зразумела. Можа быць, гэта мая першая і апошняя жанчына... Часта так яно і было. Але што кіравала рускімі прыгажунямі, камсамолкамі? Кім былі гэтыя прышэльцы для сямнаццацігадовай маладзіцы, якая трапіла ў вялікі горад з глухога беларускага хутару. Ні бацькі, ні маці жывых ужо не было, сёстры вывелі яе ў «сьвет». На фатаграфіі тых гадоў яна вясёлая, паўнагрудая, яркая, як вясновая кветка, што заявiла ўсімвось я зьявілася на сьвет, сустракайце мяне. Дайце мне той кавалачак шчасьця, які належыць мне! Я чую, як стукае яе маладое сэрца, сэрца жанчыны, якая верыць, што сустрэне ў гэтым горадзе сваю марушчасьлiвы лёс, яе абранага.
Хто ведае, можа i ёй пашанцуе, асаблiва, калi яна сама сябе ў гэтым пераканае...

Прышэльцы сталі для яе ўвасабленьнем рэкламных прыгажуноў з плакатаў АСАВIAXIМу трыццатых гадоў. Тых бялявых, з блакітнымi вачыма, станістых і жыцьцярадасных атлетаў у прыгожай уніформе, якіх краіна пасылала «штурмаваць далёка мора». Немцы былі апярэджаныя гэтымі плакатамі, яны былі прышэльцамі з іншай планеты, носьбітамі іншай культуры, галантнымi кавалерамі, якiя дарылi кветкі і шакалад. Мясцовыя, нязграбныя, выглядалi неандэртальцамi на іх фоне, ды і тых было мала.

Вось песьня тых гадоў: «Маладзіцы, вайна дайшла аж да Урала, ах маладзіцы, што, маладосьць прапала
Тры гады акупацыі.
Лёс сясьцёр і брата яна ня ведала. Потым аказалася, што цётка Марыя і цётка Надзя насілі зброю, падзялялі нягоды вайны нароўні з мужчынамі. Забівалі? Магчыма. «З ваўкамі жыць, па-воўчы выць». Брат з вайны не вярнуўся. Што думалі яны, маладыя дзяўчаты, на што спадзяваліся? Фронт далёка. Лёс Масквы не вядомы. Часта бачылі сьмерць, часамштодня. А побач... Вось ён мужчына маёй мары, самец моцнага народу, які заваяваў наш край. Ён абароніць, за ім, як за сьцяной, у яго заўсёды ёсьць прадукты, карткі. А раптам пашанцуе, пакахае і павязе да сабе, у вялікую Нямеччыну...
Ці верылі ў ідэалы камунізму, партыі, Радзімы? Ня больш, чым тыя, хто ў перабудову выкінуўшы партбілеты, гандляваў гэтай самай Радзімай на разьвес.
Ці стане хто-небудзь іх асуджаць?
Не асуджалі і тады, і потым. Нават галовы не галілі ім, як рабілі гэта пасьля вайны ў Польшчы і Францыі.
Пра вайну маці ўспамінала мала.
Вайна перайшла для яе ў тую зьменлівую, напалову выдуманую рэальнасьць, якую кожны стварае сабе сам. Мне, напрыклад, падаецца, што і я быў на фронце, у партызанскім атрадзе. Маці інтуітыўна выпрацавала правілауспамінаць пра вайну гомеапатычна малымі дозамі, часамтолькі для таго, каб імгла рэтрасьпектывы адцяняла сёньняшні дзень. Міф аб вайне для яе разбурыўся, дзякуючы індывідуальнасьці чалавечага ўспрыманьня. У адрозьненьне ад франтавікоў і партызанаў, вайна страціла для яе арэол мiфалагiзацыi, зьляцелі штампы. Вайна ператварылася ў тое, чым па сутнасьці і зьяўляласяу жах. Бясконцыя выклікі сьмерці разам з варяцкiмі захапленьнямі выратаваньня. Жыцьцё было адно на ўсіх, а сьмерць у кожнага была свая. Паводле прынцыпу: «Ты памрэш сёньня, а я памру заўтра». Але кожны жадаў выжыць...
Пасьля вайны яна ажыла. Стала вучыцца, займалася спортам. Уваходзіла ў зборную Беларусі па лыжах. Насіла шыракаполы фетравы капялюш, з вэлюмам на палову твару. Па-ранейшаму падабалася фатаграфавацца з сяброўкамі. Шукала, палявала за сваёй «палавiнай», прызначанай ёй Богам. У яе фотаальбоме засталіся фатаграфіі нейкіх мужчынаў у мятых двухбортных гарнітурах, глянцаваных афіцэраў... канец саракавых, пачатак пяцідзясятых. Відаць ня лёс ёй быў...
Але не здавалася, дзесяць гадоў змагалася, пакуль не сустрэла моцна зьбiтага бландына ў целагрэйцы і ботах, але з высакародным тварам арыстакрата. Па берыеўскай амністыі ён нядаўна выйшаў з лагера... Гэта была яна, тая самая «палавiна», « i стануць двое як адно цела...»

Дзядзька Лёня.
Дзякуючы яму, аповеды аб вайне я стаў слухаць раней, чым казкі.
Твар, як скамечаны папяровы ліст, маска з губчатым, сінім носам.
Погляд які вяжа, разоры маршчынаў, зьедліва-жоўтае іржышча драцяных валасоў, мовасаракаградусная настойка мацюкоў. Словы ён рэзаў яркай і траскучай зваркай, яны стыгнулі, камянелі ў памяці. Памятаю, я любiў у дзяцінстве замест цацак гуляць ягонымі ардэнамі і медалямі. У бацькі іх не было.
Яму кантужанаму, нельга было піць. Але ён часам піў запоямі. Бачу яго каля печы. Памяць у зімовыя доўгія вечары вярталася да яго перакручаным жмутaм трывогі і роспачы.
Ён сядзеў і ўтыкаў у глейкую цемрадзь за вакном свае бясконцыя пы­таньні.
З яго апісаньняў нараджалася цалкам іншая праўда аб вайне. Як яна адрозьнівалася ад кніжных і кіношных штампаў! Напаўняючы свае аповеды апантанай ашалеласьцю і коснаязыкай няскладнай мовай, ён імкнуўся выплакаць, палегчыць непраходзячы душэўны боль...
...Хлеб рабілі з травы, кары і пiлавіньня, самагонку гналі з ласінага гною, ён служыў яшчэ і наркозам, калі адпілоўвалі канечнасьці нажоўкай, нічога іншага ў лесе не было. Рабавалі вёскі, ваявалі сябар з сябрам, жанчын у атрадзе пускалі па крузе... Немцаў не баяліся, развучыліся баяцца.
Тыя ў лес ня сунуліся, гэта была ня іх тактыка. Толькі калі фронт ужо на­блізіўся, сталі накіроўваць для барацьбы з партызанамі рэгулярныя воінскія часткі. Супраць партызанаў Віцебшчыны ў 1943 годзе ваявала цэлае войска выхадцаў з Расіі. І гэта не была армія Уласава. Гэтыя не баяліся нічога, маглі зімовай ноччу раптам атакаваць партызанскую базу...

Дзядзька Жора.
Манументальны, як айсьберг.
Ён ваяваў яшчэ разам з Чан Кай Шы супраць японцаў.
Цяжкая, быццам камень галава, магутная сіла ў твары, васiльковыя праталіны вачэй. Погляд без натугі. Чалавек, які ўмеў перакладаць аптымізм у разрад рэалізму. На паліцах яго эмоцыяў лянота перабірала павольна абрыўкі думак. На рыбалцы ён мог сядзець гадзінамі бяз руху, часам падавалася, што яго цела ўяўляла сабой абалонку, гаспадар якой адлучыўся па справах. Ён быў нешматслоўны, слоўнікавы запас насяляў яго глыбока ў сярэдзіне. Ён выпраменьваў татальны пазітыў, крэдыт яго самавалоданьня ніколі не сканчаўся. Яму падабалася выступаць у школах, начапіўшы ўвесь свой вялізны гербарый ордэнаў і медалёў. Патрабавальна вучыў мяне любіць Радзіму, ёнчалавек, якi на сто адсоткаў упiсаўся ў яе пракрустава ложа.
Я тады напітваўся яго нягучнай праватой, ад якой на душы рабілася лёгка і спакойна. Усё ж хацелася спасьцігнуць сакрэт таго залатога сячэньня, якое дазваляла яму хадзіць па штармах жыцьцёвага мора, як па сухому...
Як не хапае твайго штурмавіка, дзядзька Жора, на гэтую зграю, што грызецца з-за месца каля кранiка на трубе з нафтай, у разграбленай імі краіне.
А памятаеш, колькі мы з табой таранi і сулы на Азоўскім моры пера­цягалі!
Прабач, я так і не ўпісаўся ў тваю сістэму, дзядзька Жора, i цяпер, лаўлю сулу ў Шпрэi, толькі завуць яе тут Zander...
Ты не крыўдуеш на мяне, стары рыбак?

Я заўважыў, што многія з тых, хто наогул ня ведаў вaйны, да «вечару» свайго жыцьця становяцца цьвярдзей. А яны мякчэлi. Асабліва мацёрыя франтавікі. Людзі, якiя адкрывалi пасьля бою кансервы штыкамi ў крыві, былі мяккія і добрыя да канца жыцьця. І самaй мяккай і добрай сярод усіх была цётка Марыя.
Лёгкае, танцуючае цела, сетка горка-вясёлых маршчын вакол пралескавых вачэй, што вылучаюць цеплыню. Прырода жыла ў ёй як сьвятло паміж дрэвамі. Усё ў ёй было прасторна, сьветла, ціха... Здавалася, яна несла лёгкі цяжар шчасьця. У яе з Васілём Сiдзякiным, партызанскім камандзірам, было пяцёра дзяцей. А папярэднія пяць загінулі ў яе на вачах, у сoрaк трэцім на Лагойшчыне, у блакаду.

Яны жылі бедна, але лёгка і проста. Чаму?
Ведалі кошт праўдзівых пакутаў, пасьля якіх усё было лёгка. Ня ведалі пра сваю беднасьць, усе вакол так жылі. Лёгка праходзілі праз каравую ісьціну сонных хрушчоўскіх будняў. Хоць і былі раскрыжаваныя паміж грубым побытам і татальнай ідэалогіяй, ахвярамі сябе не лічылі. Была страха над галавой, на вуліцах не стралялі, было што апрануць і што паесьці. Ніхто не імкнуўся выкарыстаць сёньняшні пастулат: «Усе ў гаўне, а я ў белым касьцюме».
Ніколі не крытыкавалі ўладу. Адзначалі ўсе яе чырвоныя дні каляндара, радаваліся і напіваліся. Кніг чыталі мала, у асноўным рускую класіку. Кнігай кніг была сталінская «Кніга аб смачнай і здаровай ежы».
Ведалі правіла: « Памнажаеш ведыпамнажаеш скруху» і « Менш ведаешлепш сьпіш».
Ведалі, што жыцьцёбарацьба, часамбой.
Не дажылі да песьні БГ: « Нам паўтаралі, што жыцьцёгэта бой, але па новых дадзеных разьведкі, мы ваявалі самі з сабою». А калі б і чулі, сэнс яе не зразумелі і не прынялі б.
Нацыянальная розьніца калі і была, то ў лёгкай форме, не такая, як зараз. Антысемiтызму не было, былі толькі анекдоты пра жыдоў. Паважалі ўчастковага тэрапеўта Гольдберга, які хадзіў па хатах узімку і ўлетку.
Польскія, беларускія, рускія, яўрэйскія, татарскія дзеці гулялі разам, як пад маім акном гуляюць турэцкія, арабскія, кітайскія, афрыканскія, нямецкія... «Я жыд, я даўжэй буду жыць, а ты, яўрэй, памрэш хутчэй» — гучала ў дзіцячай кампаніі.

Нагадваю, гаворка ідзе аб Менску 50-60-х гадоў.
Разводаў у іх асяроддзі не было, жылі разам да самай сьмерці. Разам выжыць было лягчэй, і гэтае ўяўленьне аб правілах выжываньня ўвайшло і мне ў кроў. Ніколі не былі за мяжой, не вучылі і ня ведалі замежных моваў, так зьлёгку, польскую і ідыш. Хаця не, хлушу, некаторыя ведалі пару дзясяткаў словаў па-нямецку, кшталту: «Хенде хохТолькі маці гаварыла па-нямецку бегла. Паміж тым, самі таго ня ведаючы, ужывалі вялізную колькасьць нямецкіх словаў, якія зьяўляюцца састаўной часткай беларускай мовы – “дах, шпiталь, фарба, цукар, цэгла, ганак, цэбар, швагер”... Паміж сабою размаўлялi на «трасянцы» – сумесі беларускай і рускай.
Лазьнягэта асобная песьня, бяз лазьні сурёзная гутарка не вытанцоўваецца. Мыліся ў грамадскіх лазьнях, дзе ў усіх было аднолькавае мылашэрае, аднолькавыя жалезныя тазікі-ражкi, аднолькавыя белыя рушнікі і аднолькавыя бярозавыя венікі, з якімі ішлі па вуліцы, засунуўшы іх пад паху. Раз маці ўзяла мяне, пяцігадовага, з сабою ў жаночае аддзяленьне. Шматгалосы гул, віслы ў парным, туманным паветры, шматгучны плёскат вады вакол, бляшанае бразганьне ражак аб камень доўгіх лавак. Чарга каля двух кранаў з вялікімі, драўлянымі ручкамі. Памятаю тоўстых цётак з вялізнымі цыцкамi, у райтузах да калена, у доўгіх белых камбінацыях, некаторыя прышпiльвалi панчохі да трусоў, калготак тады ня ведалі...
Навошта ўзяла такога вялікага з сабою, ён усё разумее!
У мужчынскім аддзяленьні памятаю мужыкоў без адной рукі або нагі, усе ў чорных трусах да калена і белых саколках. Памятаю, я баяўся парыльнi, больш адной хвіліны там ня мог вытрымаць. Усё зьдзіўляўся, як гэтыя голыя мужыкі ў фетравых капялюшах, сядзяць там цэлую гадзіну і лупяць адзін аднаго венікамі...
Мужчыны павінны былі стрыгчыся пад «канатку», а жанчыны насіць доўгія да пояса валасы, якія запляталі ў косы, укладвалі ў вянок на галаве, як Юлія Цімашэнка. Улетку варылі сочыва ў вялікіх медных тазах з маліны, якую зьбіралі самі ў лесе. Сушылі грыбы і ягады. На зіму квасілі капусту ў вялікіх дубовых бочках, у такіх жа ставілі і салёныя агуркі. Дарэчы, усяго гэтага навалам і тут, у Нямеччыне, але па смакусаступае. Ці то бочкі ў немцаў ня тыя, ці то смакавыя адчуваньні дзяцінства іншыя.
На сьвяты варылі халадзец, які атрымлiваўся малочна-белым, у якім было шмат часнаку. Самі рабілі каўбасу, якую называлi «пальцам пханая». Нямеччынарадзіма каўбасы, але роўнай той, памятнай з дзяцінства, я яшчэ не сустракаў. На вялікдзень пяклі калачы, вялізнай, неверагоднай вышыні. Разнастайнасьцю кухня не адрозьнівалася, галоўнай на стале заўсёды была бульбачка, праўда ў вялiкiм выбары: ад дранікаў да невядомых у Расіі «цэпелiнаў».
На застольлях сьпявалі пад гармонік «Вот кто-та с горачки спустился», «Чаму ж мне ня пець». «Бывайце здаровы, жывіце багата». Танчылі вальс і танга. Круцілі пласьцінкі з песьнямі Шульжэнкi і Уцёсава, заходніх песьняў наогул ня ведалі... Куплялі адзін тэлевізар, адзін халадзільнік, адзін набор мэблi на ўсё жыцьцё. На сьценах віселі карціны выкананыя алеем па шклу, з белымі лебедзямі на чорнай вадзе, рэпрадукцыі карцін Шышкіна «Раніца ў хваёвым лесе» і КрамскогаНезнаёмка”. Ва ўсіх усё аднолькава. Аб тым, што ёсьць нейкi абстрактны жывапіс, нейкі там Пікасо, ніхто і паняцьця ня меў...
Парнаграфію ведалі, памятаю бачыў у мужыкоў чорна-белыя фатаграфіі, некаторыя размаляваныя анілінавымі фарбамі, некаторыя з класічных карцінаў тыпу «ДанаРэмбрандта. Калі брат, марак, у канцы 70-х прывёз першы «Playboy” – яны былі ў шоку. Але слова «порна» ня ведалі, i тым больш «софт-порна», «хард-порна», «групэн-сэкс» і г.д. Зараз, калі я пішу гэтыя радкі, у Нямеччыне заведзены справы на 12 тысячаў аматараў дзіцячай парнаграфіі, і гэта не шакуе грамадства. А яны б ніяк ня ўцямiлi, што можна з пяцігадовымі дзецьмі рабіць... Бачылi б яны «нармалёвы» сёньняшні порнажурнал, дзе якая-небудзь хвацкая цётка «трахаецца» адразу з пяцьцю партнёрамі, проста не зразумелі б, навошта. Уласна і слова такога «трахацца» ня ведалі. Нават слова «блакітны» ня ведалі. Як і гей, трансьвестыт, трансэксуал, фетышыст, мінет, цёлка. Ня ведалі ніякiх там «траўка, кайф, хохана, стафф, нарката, экстазі, перадазiроўка, наркадзiлер, шырнуцца, рухацца па вене, СНІД, гламур, піар,VIP...»
А заадно і словаў «стрэс», «дэпрэсія» з прыстаўкай «перманентная», або «падлеткавая». Ня ведалі гэтак жа словаў «цэлюлiт» і «эмансіпацыя», і жылі адпаведна.
Вось чаму ў нас былі добрыя і любячыя маці і бабулі. Ім пашанцавала, яны не былі знаёмыя з гэтым слоўным трызьненьнем, здольным разладзiць разумовую арыентацыю нармалёвага чалавека. У іх галовы не намяло гэтага сьмецьця сучаснай цывілізацыі...

Яны вадзілі мяне ў наш старэнькі драўляны кінатэатр «Вымпел» на «Гусарскую баладу», «Верных сяброў», «Два плюс тры», «Карнавальную ноч». Гэтыя фільмы майго дзяцінства я з задавальненьнем гляджу і цяпер. Любы з іх варты ўсіх разам узятых сёньняшніх «Брыгад», «Ваўкадаваў», «Бандыцкіх Пецярбургаў» і ім падобных. Гэта былі фільмы іншай цывілізацыі.
Я заўсёды дзівіўся іх жыцьцёвай сіле і ўстойлівасьці, яны нібыта былі забясьпечаныя іншай нервовай арганізацыяй. Ніколі не памятаю, каб хтосьці з іх скардзіўся на бяссоньнiцу. Пісалі лісты сваякам, часам па некалькі ў месяц, і гэта абядноўвала іх значна лепш, чым нас сёньня тэлефон, кампутар, курс еўра або даляра і мексіканскія серыялы. Любiлi адзiн-аднаго толькі за тое, што жывуць побач, а не за выгаду або таўшчыню кашалька. Грошай не зьбіралі, не станавіліся іх рабамі, іх арганізмы не былі неадпаведна зношаныя грашыма...
Якое цяжкае сёньня жыцьцё! — скардзяцца немцы адзiн-аднаму, лежачы на пляжах Маёркi.
Я б не хацела, каб мае дзеці спазналі гэтае страшнае жыцьцё! – прызнаецца маці, якая забіла нядаўна пяцёх сваіх дзяцей...
Гэтыя людзі пражываюць ва ўласных катэджах, заваленых бытавой апаратурай, патрэбнай і не патрэбнай, у кожнага свая машына...
А ў іх тады не было нічога, акрамя абавязковай радыёкропкі, халадзільнік убачылі ў канцы жыцьця, хатняга тэлефону некаторыя так і не дачакаліся...
Але яны былі шчасьлівымі людзьмі.
Ясна ўсьведамлялі і прытрымліваліся сюжэту свайго існаваньня.
Для іх мэтай жыцьця было проста само жыцьцё. Не блукалі ў пошуках шчасьця, якое прадаецца на разьлiў, іх шчасьце звалася здабыцьцё душэўнай раўнавагі і рэальнасьці гамеастазу, жыцьцё ў згодзе з самім сабой, з саюзам усьведамленьня і падсьвядомасьці. Валодалі майстэрствам жыць побач, разам, сакрэт якога сёньня многімі страчаны. Мабыць, нешта парушылася ў людскім уяўленьні аб шчасьці. Яны ўсё прымалі спакойна. Любыя чалавечыя ўчынкі, любое словаблуддзе. Спакойна праходзілі дыстанцыю ад каханьня да страты, ад страты да набыцьця. На адных вагах у іх былі абломкі вясёлых сьвятаў і асколкі горкіх сьлёз... Былі не анёлы, многа пілі, часта ўжывалi мудрагелістыя мацюкi. Але ведалі свой маштаб. Спакойна існавалі ў выбранай сістэме каардынатаў. Струмень жыцьця не вадзіў iх, яны яго вадзілі.
Інстынкт самазахаваньня працаваў у іх у біялагічным рэжыме. Нават калi iм давялося прайсьцi праз неверагодныя выпрабаваньні, засталіся вернымі простым чалавечым ісьцінамлюбоў, вернасьць, дабро, справядлівасьць. Разьмяркоўвалі ўсё ў жыцьці раўнамерна на графіку падзеяў так, каб выходзіла роўная, плаўная лінія, бяз рэзкіх скокаў і падзеньняў.

Ня толькі бацька, але і ўсе яны падаваліся мне тады прэснымі, маркотнымі людзьмі, якiя вырасьлi па сьвістку ў этыцы абмежаваньня і зьневажаньні, якія ляцяць на аўтапілотах па жыцьці. Ніякіх бур і запалу. Проста водарасьці нейкія, якiя мірна пагойдвалiся на глыбіні свайго ўнутранага спакою.
Але калі жыцьцё валіла мяне з ног, я прыпаўзаў і залізваў раны, паклаўшы галаву ім на каленi.
Валодалі здольнасьцю зьняць любую праблему, разумна разважаць, расстаўляць усё па сваіх месцах, рабіць толькі правільныя ўчынкі.
І сакрэт гэтай правільнасьці знаходзіўся дзесьці за межамі майго разу­­меньня!
Ich verstehe nicht!
Яны не вучылі мяне, але іх вопыт, іх справы, ляглі тады кудысьці на дно маёй душы, у яе схованкі, і зараз прасочваюцца па кроплі на паверхню...
На шчасьце, ня многія дажылі да ельцынскай эпохі, бязьлітаснай да старых. Ніхто з іх не дасягнуў васьмідзесяці гадоў. Адышлi усе, быццам згаварыўшыся, адзін за другiм у 80-х гадах.
Спакойна рыхтаваліся да сьмерці, практыкаваліся ў пакорнасьці да лёсу, як і ва ўсякім іншым мастацтве. Рыхтавалiся, сыходзілі ў апошнюю сваю восень ціха, павольна, як возера рыхтуецца да зімы. Гутарак і філасофстваньняў на гэтую тэму пазьбягалі.
Проста часам хто-небудзь, купляючы новае паліто, мімаходзь кідаў: «Гэта апошняе».
Або: «Вось памру, усё што на кніжцы табе застанецца».
Але несумненна думалі, як будуць пераходзіць мост праз Стыкс, як будуць гандлявацца з Харонам, каго перавязе першым, каго другім да тых апошніх варотаў, у якія ня трэба біцца. Павольна рыхтаваліся да шлюбу са сьмерцю. Да існаваньня толькі ў маёй памяці, да гутарак са мной унутры мяне.
Не шукалі спосабаў амаладжэньня. І не таму, што іх ня ведалі, а таму, што тады, у той ГАЛОЎНЫ РАЗ, сьмерці пазьбеглі, і гэтага было досыць. Ніякіх крэмаў, ласьёнаў, масак для твару ў іх не было, «дэзiкаў» таксама не памятаю. Толькі «Трайны адэкалон». Мне тады падавалася, што гэта наогул быў адзіны адэкалон у той час.
Былі шчасьлівыя ад таго, што ведалі, памруць у сваiм ложку ў асяроддзі блізкіх, ня важна, у бальнiцы або дома, пахаваныя будуць на могілках, а не ў брацкай магіле, расстрэльнай яме, балоце, у печы крэматорыя, канцлагеры...
Сыходзілі з пачуцьцём выкананага доўгу, з годнасьцю людзей, выканаўшых сваё прызначэньне на зямлі. Выжылі ў вайну, стварылі семі, нарадзілі дзяцей, вывелі іх у людзі, дачакаліся ўнукаў...
Неіснаваньне закралася ў іх жыцьцё даўно. Спакваля, цішком. Іх жыцьцi былі складзеныя ў штабелi, не для іх, для іншых, але целы ўсё яшчэ знахо­дзіліся ў старой прасторы, як пні на месцы высечанага лесу. Іх аднолькавыя гадзіньнiкi маркі «Прамень» усё яшчэ ішлі, але час ім ужо не належыў. Яны сталі справай выпадку, прыватным мінулым. Маятнік ценю кіўнуўся ў іх бок, каляіна скончылася...
Усё гэта я запомніў, хоць і быў малады. Я толькі фатаграфаваў і пакідаў негатывы на сятчатцы вачэй, запісваў кампакт-дыскі на адваротным баку падсьвядомасьці. І зараз выяўляю ўсё гэта на вялікім экране плазьменнага TV майго жыцьцёвага досьведу. Бачу, як яны павольна вучыліся ня жыць, як рыхтаваліся да гэтага, адкладвалі грошы на пахаваньне, апраналі старэчую вопратку, набывалі кульбачкі, высяляліся з уласных галоў. Іх марудлівыя гады апускаліся ў багну будняў...
Памятаю гэты іх апафеоз смутку, які ня спраўдзіўся. Пакорнасьць, якая вяршыла iх лёс, прымала безвыходнасьць перад цішынёй, што набліжаецца. Сьмерцьяк варонка ад снараду. Яна запаўняецца толькі з цягам часу і ніколі да канца. Яны сышлі і не вярнуліся проста таму, што намацалі маленькія патаемныя дзьверы ў сьцяне, зазірнулі... і апынуліся ў таямнічай гармоніі іншага боку быцьця.

Анёлы-навігатары перасталі пракладаць ім шлях. Яны ператварыліся ў ба­рэльефы, якія пайшлі ў камень, у мiкеланджалаускiя фігуры сну, пагружаныя ў тканіну часу. На iх сайт прыйшло прызнаньне i збаўленьневечнасьць. А гэта ўжо мiнулае. Аспрэчваць яго нiхто ня здольны, а тым больш, ня здольны выкупiць.
А яшчэ я думаю, што ім пашанцавала. Яны былі шчасьлівыя.
Шчасьлівыя, што перажылі вайну, засталіся цэлымі і здаровымi.
Шчасьлівыя, як усе, хто жыве ва ўласным вымярэньні, па ўласнай шкале каштоўнасьцяў, апрабаваных жыцьцём.
Шчасьлівыя, як і ўсе, хто жыве ў свой тэрмін.
Чалавек прыходзіць на гэтую зямлю, ня маючы нацыянальнасьці, расы, радзімы, партыйнасьці. Ён не нараджаецца наркаманам, садыстам, нацыстам, экстрэмістам. Адны нараджаюцца ў багатай краіне са сталымі традыцыямі дэмакратыі і гуманізму, а іншыя наадвароту беднай, з дыктатурай і таталітарным рэжымам. Але ўсім ім даводзіцца прайсьці свой шлях на зямлі так, як гэта запланавана творцам. Ім было запланавана ўзважваць чалавечыя жыцьці. І свае, і чужыя. Стаць і ахвярай і катам. Штурмавікі дзядзькі Пеці і дзядзькі Жоры прасавалі нямецкую зямлю.
Яны адпомсьцілі за ўсіх. Бог зрабіў іх сваёй каральнай рукой.
Ім пашанцавала.
Маці пашанцавалаяна ня трапіла ў «Яму».
Бацьку пашанцавалаяго жыцьцё не прайгралі ў карты крымінальнікі ў лагеры.
Цётцы Надзi пашанцавалаяе параненую ня зьелi ў тую зіму сорак трэцяга, калі іх атрад трапіў у блакаду.
Дзядзьку Жору пашанцавалау тым баi над Кітаем ён прыняў дакладнае рашэньне і ня быў расстраляны перад строем потым, пасьля бою.
Цётцы Мані пашанцавалаяна прайшла ўвесь Сталінград бяз драпіны.
Дзядзьку Пецю пашанцавалаяго падбіты самалёт усё-ткі дацягнуў да свайго аэрадрому.
Дзядзьку Лёню пашанцавалатады пад Кенігсбергам яго танк стрэліў першым.
Не пашанцавала тым, іншым, у каго стралялі яны, і ў чыіх хатах зараз жывем мы...
Сёньня я дасягнуў ужо таго ўзросту, калі гады зьмяняюць нумары з кулямётнай хуткасьцю. Люстэрка па раніцах часта хлусіць: «Гэта ты проста ня ў форме, але да абеду ўсё будзе о,кей».

Я гляджу ў вакно.
Яно абдымае стракатасьць стрэх.
Непадалёк віднеецца вежа Karstadt на Hermann Platz.
У красавіку 45-га фрацузскiя эсэсаўцы пад камандаваньнем капітана Анры Фене, падбілі там з фаўстпатронаў чатырнаццаць савецкіх танкаў. Пасьля чаго пераапранулiся ў грамадзянскае адзеньне i выдалі сябе за прымусовых працоўных.
Шчасьлiва дажывалі потым сваё ў Францыі...
У акне сфакусаваліся дзьве перасякальныя ў ідэальна збалансаванай кропцы бясконцасьці. Гарызантальная бясконцасьць часу і вертыкальная бясконцасьць будынкаў усіх эпох.. Нямеччынакажу я, і час пачынае расьцягвацца, як гумовая... Чпок! — час расьцягнуўся да мяжы і са звонам лопнуў...
Шэраг файлаў з мінулага жыцьця сьцерліся ў галаве. Ці было гэта? Ці жыў я ў той хаце?
Можа гэта быў толькі сон? Куфар з чыімі ўспамінамі стаiць ў мяне пад ложкам? Хто яго забыў? Магчыма Артур разам з іншымі рэчамі...
За вакном iдзе сьнег.
Мароз стромка пасыпаў сольлю зялёныя кусты і траву.
Узрываюцца навагоднія петарды.
Натужліва гундосіць паліцэйская сірэна.
У бэзавым зьмярканьні, скрозь мудрагелістыя хітраспляценьні зацярушаных сьнегам галінаў платана, у вокнах насупраць, гараць калядныя зоркі.
Над галавой стаiць яркі, зьзяючы ілюмінатар месяца.
Сьнег падае і на мяне, і ня толькі зьверху, але і знутры.

На задворках маёй cьвядомасьцi гуляе CD пад назовам «Berlin». Я «падсеў» на іголку тэлевежы з Alexander Platz, шпілі цэркваў беспамылкова знаходзяць цяпло маіх венаў... Цi было ўвогуле тое жыцьцё? Было: для кагосьцi яно стала яваю, а для кагосьцікрохкiм фотаздымкам. У спадчыну дасталася змучанае кампрамiсамi з рэальнасьцю сумленьне, змучанае хуткасьцю бегу жыцьця сэрца...

Здымаю слой за слоем напластаваньне часу. Для мяне яно не існуе, як не існуе і адлегласьць. Плынь сьвядомасьцi, вызваленая мной, кружыць вакол, зацягваючы ў вір.
Нешта ўчапілася за краёк памяці...
Вуліца павольна тоне, расплываючыся ў часе... будынкі разбураюцца, абсыпаецца цэгла, тратуараў не відаць, толькі сярэдзіна дарогі вольная. Па ёй ідуць танкі Т-34.
Шмат танкаў. Яны ідуць бязгучна, нібы прывіды. Ідуць ад Hermann Platz праз маю Prinzen Strasse, на канцылярыю Гітлера...
Яны нават не падазраюць аб маім існаваньні, яны аддзеленыя ад мяне не фізічнай дыстанцыяй часу, а безданьню духу. Я выразна разумею, што гэта адбываецца шэсцьдзясят гадоў таму назад, гэта сьлед, які застаўся на сятчатцы вачэй таго, хто жыў у гэтай кватэры, чый дзёньнік захоўваецца ў мяне. І тое, што гэтае сьледства незвычайнай экзальтацыi духу. Толькі памяць ратуе чалавека ад бясьсьледнага расьсейваньня ў прасторы...

З кожным годам тое далёкае сыходзіць, губляе афарбоўку, становіцца пляс­катым. Я стаў, ужо набліжацца да іх узросту, якімі яны сфакусаваліся ў абектыве маёй памяці. Стаў шмат ведаць, умець, разумець... адсоўваць на паліцу ўспамінаў. Пачынаю адмаўляцца ад тых правілаў, якія раней здаваліся нормай... Часам задаюся пытаньнем, — цi зразумелі б яны мой УЧЫНАК, маю эміграцыю? Мне падаецца, што зразумелі б.
Асабліва калі б даведаліся, што «ТЫХ» немцаў больш няма. Вайна была для іх нейкай змрочнай гульнёй у хованкі са сьмяротным зыходам. Слова «немец» у іх жыцьцi было раўназначна слову «сьмерць»... І потым усё сваё жыцьцё яны былі асуджаныя вызваляцца ад гэтага грузу.
Немцынарод, якi навучыў чалавецтва філасофіі, які падарыў геніяў музыкі...
Як тут мог узрасьцi Гітлер!?
Такое немагчыма было зразумець, а зразумеўшынемагчыма з гэтым жыць.
Хто будзем мы для іх? Цывілізацыя, якая праз самаразбурэньне спрабуе знайсьці сябе? Людзі, якiя малююць нярвовую лінію дэпрэсіі са знакамі пунктуацыі... ідзем праз гады, па выгнутым варонкай калідоры, увешаным крывымі люстэркамі, бяжым па каналізацыйных трубах. Праходзiм мiма сяброў, набліжаем да сябе ворагаў, радуемся ўзьлёту, які становіцца падзеньнем...
Жывем з раскурочанымi ахоўнымі механізмамі, загнанымі ў глыб вечнымі праблемамі. Ня можам пазьбегнуць цынізму. Ённаш сродак зносінаў, ён неабходны нам, каб проста даказаць, што з намі ўсё ў парадку.
Замотваем унутраную пустэчу дрэс-кодам. Існаваньне ў атмасферы пустэчы. Псіхалагічную напоўненасьць гэтага існаваньня шукаем у пагоне за рэчамі і забаўкамі.
Людзi, целы у якіх знаходзяцца ў разнос з душой...
Чаму дарогі, якія мы выбіраем, не заўсёды выбіраюць нас!
Чаго дасягнулі мы з нашай прагай ідэалу, абсалюту, цуду?
Чаму пошук гэты носіць празьмерна ілюзорны, самазьнiшчальны характар? І ў вынiкуні шчасьця, ні гармоніі, ні спакою.
А яны, у адрозьненьне ад нас, тых, хто ўсё жыцьцё чакае, што вось-вось пачнем жыць, проста жылі кожным днём...
Я ведаю, яны не адышлі ў нябыт, як камяні ў глыбокую студню. Проста яны аднойчы зазірнулі за далягляд... і не вярнуліся. Яны чакаюць нас там, дзе ня будзе ўжо ні гадоў, ні дзён, ні хвілінаў. Але кожная хвіліна нашага жыцьця, усе нашыя справы і ўчынкі запісаныя Тым, хто будзе нашым суддзёй. Яны сышлi бясконца далёка, але пры гэтым чуюць нас кожнае iмгненьне...

Я ведаю, там яны зноў разам, у нашай старой хаце, на маленькай вулачцы, патанулай у квітнеючых вішнёвых садах. Зьбіраюцца за старым сталом пад вялікім памаранцавым абажурам, дзеляцца навінамі, радасьцямі і нягодамі.
А пакуль мы, наступныя, застаемся ў прыцягненьні вялізнага шару, дзе ў кожнага, над шэрым попелам радасьці і гора, зьзяе свая зорка...

Летаргічнае бязмоўе... перакручаныя стрэлкі гадзіньнiка... недапiты кубак вiна... сэрцабіцьцё цемры... скальпель, што бяжыць па прасторы часу... абрыўкі сноў вачамі Бога... дагарэлы круг імёнаў... палёт у мінулае, як у студню... вера ў бясконцасьць кожнага імгненьня на Зямлі... усё, што магу...
Nota Bene...
Берлiн, 2008 г.