12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Тарановіч

_____________________
Мадэрнізм учора, сёньня ...заўтра?
Споведзь былога мадэрнiста


Выстава ў галерэі «End Art» (Канец мастацтва).
Жанчына прысела «па-маленькаму», толькіне, і «па-вялікаму» таксама.
Фігура гэтая выразаная з дрэва. Выразаная груба, на ўзроўні неандэртальскага мастака, але ўгадваецца.
Цела размаляванае ружовай фарбай, валасычорнай. Тое, што «па-вялікаму» – размаляванае карычневай фарбай... Зроблена шчыра, нават занадта шчыра.
Галерэя гэтая знаходзіцца ў Кройцбергу, у Берлiне.
Фігура стаiць ужо шмат месяцаў у вітрыне галерэі. Сотні людзей праходзяць штодня побач, 99 адсоткаў яе не заўважаюць. Гэта ім проста не цікава, як не цікава ўсё сучаснае мастацтва...

Але так было не заўсёды. Калі б зьявілася такая фігура ў 60-я гады, тут, у Кройцбергу, яна выклікала б вялiкi рэзананс. Яшчэ большы рэзананс яна выклікала б у тыя ж гады ў Менску, у час барацьбы з «бязроднымі касмапалітамі». Тады гнеў тых, хто трымаў уладу, выклікалі простыя карціны з каляровымі трохкутнікамі і квадратамі. За іх мастакоў-авангардыстаў звалі «пидарасами» і хавалi ў псiхушкi.
А сёньня ў Менску ёсьць скульптары і перформеры ня горш за нямецкiх.
Але і тут іх, як і ў Берліне, ужо амаль не заўважаюць.

Да галерэі «End Art» мы яшчэ вернемся.
А цяпер іншая выстава.
Назва яе «Art Forum» і праходзіць яна штогод у Берліне ў вялізных залах цэнтральнага выставачнага комплексу.
Вось палатно памерам пяць на пяць метраў, якое адлюстроўвае акты гомасэксуалістаў. Вось партрэты, створаныя па прынцыпе: «точка, точка, запятаявышла рожица кривая». Вакол карціны, скульптуры і iнсталяцыi, якія паказваюць тыя ж сюжэты, або хаос і разбурэньне. Аўтары з такой асалодай смакуюць фізічную і маральную антысанiтарыю, што дэзінфiцыраваць патрэбна іх уласныя галовы...
Усяго гэтага так шмат, што нават тыя нешматлікія «нармалёвыя» краявіды і партрэты ўспрымаюцца з недаверама ці няма і тут падвоху?

Яшчэ адна выстава.
Вершнік з расьсечанай напалам галавою трымае ў выцягнутaй руцэ ўласныя мазгі. Ніжэй подпіс: «Korperwelten. Die faszination des Echten» (Мiр цела. Захапленьне аўтэнтычнасьцю). Гэты яркі, маляўнічы плакат шмат месяцаў «упрыгожваў» сцэны і афішныя тумбы Берліну. Гаворка ідзе аб выставе, што карысталася папулярнасьцю ў горадзе, была рэкорднай па колькасьці наведвальнікаў, настаўнікi прыводзілі на яе школьнікаў цэлымі класамі... Цяпер гэтая выстава вандруе па сьвеце: Лондан... Вена... Токіо... Але я на гэтую выставу не хадзіў...
Справа ў тым, што і вершнік, і яго конь, цяжарная жанчына з плодам унутры, і астатнія 200 экспанатаў гэтага жудаснага паноптыкумутрупы, часткі целаў, або чалавечыя органы. Адным словамбылыя людзі і жывёлы.
Гэта выклікала шок. А за шакаваньнем гледача хаваўся вiвiсектарскi эксьперымент над ім.
Аўтар твораўпрафесар хайдэльбергскага інстытуту пластынацыi (разьдзел анатоміі) Гюнтэр фон Хагенс. Шоўмэн са зьнешнасьцю шлюбнага аферыста. Дзіўна падобны на Ёзэфа Бойсатаксама ўсюды і заўсёды ў капелюшы.
Вось метад яго творчасьці.
Спачатку Хагенс праектуе будучую кампазіцыю на кампутары. Затым адсылае праект у Кітай, дзе ў адпаведным цэнтры 200 сьпецыялiстаў апрацоўваюць целы разнастайнымі прэпаратамі, якiя кансервуюць тканкi. Калі ёсьць неабходнасьць, целы расчляняюць, здымаючы па міліметры пласт за пластом, надаюць ім патрэбную форму. Па словах аўтара, выстава з самага пачатку была разьлічаная на скандал і канфлікт. І таго, і іншага хапіла з лішкам. Напрыклад, забілі трывогу сьвятары: «Гэтая выставазьдзек над разумным сэнсам! Гэты чалавек гуляе з мёртвымі людзьмі, як з лялькамі Барбi. Хто былі гэтыя людзі? Як яны жылі і як памерлі? Што хаваецца за голай сенсацыяйАдзін з часопісаў адказаў на некаторыя з гэтых пытаньняў. Высьвятлілася, што на скуры некаторых «экспанатаў» засталіся татуіроўкі, тыповыя для расейскага крымінальнага сьвету. Аказваецца, у доктара Хагенса была дамоўленасьць з навасібірскім універсітэтам, і ён без праблемаў атрымліваў целы памерлых, у якіх не было сваякоў. Карацей кажучы, у Расіі, без вялікай цяжкасьцi можна набыць цела, якое завешчaнaе для медыцынскіх дасьледваньняў.
Ха-а-а! Зноў Расiя «наперадзе планеты ўсёй»...

Я не выпадкова згадаў доктара Хагенса. Гэты чалавек сёньня зьяўляецца культавай фігурай у мастацтве Нямеччыны, пра яго шмат пішуць i гавораць, напрыклад такія аўтарытэтныя часопісы, як «Der Spiegel». Фактычна, ён мадэрніст нумар адзін, і ня толькі ў Нямеччыне. Як і любы сапраўдны авангардыст, Хагенс прытрымiваецца прынцыпаў самавыяўленьня і стварэньня новай рэальнасьці; пры гэтым рэальнасьць гэтая не суадносіцца з aбектыўнaй рэчаіснасьцю, а мае абсалютна самагоднае значэньне. Ён лезе са скуры, імкнучыся зацьвердзіць фізічную пераканаўчасьць сваiх абектаў, створаных з халоднай разважнасьцю асабістага iрэальнага сьвету. Чалавек гэты сьвядома пайшоў на замену агульнапрынятага эталону прыгажосьці яго гіпертрафаваным эрзацам.
Ці ня гэта меў на ўвазе С. Далi, калi казаў пра «метад сьвядомай ірэальнасьці, дзе паранойя ўяўляе сабой сістэматычнае дзеяньне, якое дамагаецца скандальнага ўварваньня ў сьвет чалавека»?
І тут адно маленькае адступленьне.
У адрозьненьне ад нямецкіх мастакоў, мае расейскамоўныя калегі, дзеляць «мэтраў» мадэрнізму на дзьве катэгорыі: майстроў, якія маюць добрую школу, і авантурыстаў, якiя дамагліся прызнаньня ўсімі праўдамі і няпраўдамі. Да першых, напрыклад, адносяць С. Далi, О. Дыкса, Р. Магрыта i г.д., да другіхА. Мацiса, П. Клее, І. Бойса і г.д.
Гюнтэра фон Хагенса ўсе адносяць да другіх, больш таго, некаторыя наогул ня лічаць яго мастаком, а ягоную творчасьцьмастацтвам.
Мне давядзецца іх засмуціць.
Хагенсгодны прадстаўнік мадэрнізму. Сьпецыялiсты прылічаюць ягоную творчасьць да кірунку, які называецца ў мадэрнізме «Kunstwollen” (воля мастака), якая навязвае гледачу сурагат, замест зробленага традыцыйным метадам твору. Гэтак жа і да «mort art» – кірунку, прыдуманаму тымі, у чыёй сьвядомасьці жывуць «пачвары, народжаныя сном розуму». У рамках гэтага накірунку ў Берліне скінулі з верталёту карову, у Маскве на вернісажы забілі сьвіньню, а ў Токіо да яго адэптаў, прылічыў сябе чалавек, якi кiнуўся з вакна хмарачосу.
Але самае галоўнае, мастаком сябе лічыць сам Хагенс, а свае «творы» — скульптурамі. А гэта, па меркаваньні тэарэтыкаў мадэрнізму, і ёсьць aсноватворнае.
Вось вытрымка з каталогу выставы Гюнтэра фон Хагенса: “Мая мэтапрапаганда арыгінальнага метаду, выхаваньне цьвярозага і здаровага сумленьня. Мастакі і пласцынатары выкарыстоўваюць адну і тую ж мову, адны і тыя ж метады. Таму анатомія зьяўляецца мастацтвам. Я зачараваны прыгажосьцю чалавечага цела. Наш час сасьпеў для таго, каб зноў зрабіць прыгажосьць цела цэнтрам творчасьці, як i ў часы Рэнесансу...»
«Доктар Сьмерць», як завуць Хагенса ў Нямеччыне, умела маскіруе сваю пазіцыю навукападобнай фразеялогіяй аб імкненьні спалучыць сьвет сучаснага чалавека з асновамі сьветапабудовы. Ці разумее доктар Хагенс, што яго эксьперыменты падобныя на тое, чым займаліся ў III рэйху ўрачы-садысты Й.Менгеле, А.Хiрт, З.Рашэр, Б.Бергер? Розьніца толькі ў тым, што яны рабілі гэта з жывымі людзьмі, а Хагенсз трупамі. Але вынікі надта ўжо падобныя...
Менавiта Гюнтэр фон Хагенс падвёў рысу пад агульным разьвiцьцём мадэрнiзму ўвогуле.
Бо зьявіўшыся са сваім «мастацтвам» у самым канцы XX стагоддзя, ён адразу выйшаў у лiдэры, лёгка абскакаў, як у свой час С. Далi, слабых канкурэнтаў, прадстаўнiкоў розных там «рэсайклiнг-арт» (творчы погляд на сьмецьце), «фекалiен-арт» (творчы погляд на фекалii) i г. д. Бо далей iсьцi проста няма куды. Усё, што было, або прыйдзе пасьля яго, гэта будзе паўтор, самапаўтор, кампіляцыя... назавіце гэта як заўгодна, усё гэта ўжо пройдзены этап.
Зьяўленьне такой фігуры, як Хагенс, несумненна, ёсьць апошні, і пры тым крывадушны выкрунтас мадэрнізму.
Яго тупік. Агонія...
У XXI стагоддзе мадэрнізм ужо не ўвайшоў.

* * *
А як усё пачыналася?
Сто пяцьдзясят гадоў таму ў Францыі, чалавек, iмя якому Дагер, вынайшаў фотаапарат i вымавіў сакраментальную фразу: «Сёньня памёр жывапіс
Лічыцца, што мадэрнізм паўстаў у Францыі ў 70-х гадах XIX стагоддзя, і першай яго праявай быў сімвалізм у літаратуры і iмпрэсiянiзм у жывапісе.
Адразу абмоўлюся, што тэрмінам «мадэрнізм» я карыстаюся, каб пазьбегнуць блытаніны ў шматлікіх азначэньнях сучаснага мастацтва, такіх як «авангард», «трансавангард», «постмадэрнізм» і г.д.
Сто гадоў таму ў еўрапейскім мастацтве сфармаваўся накірунак, якi ўзяў курс на адмаўленьне мастацкай традыцыі і прыгажосьцi чалавека, як вышэйшай каштоўнасьці ў мастацтве. Яго дэкадэнцкія тэндэнцыі тады яшчэ не былі вылучаныя ў «чыстым выглядзе». Яны выявіліся выразна ў пазьнейшых накірунках, такіх як «фавiзм», «кубiзм», «экспрэсіянізм».
Замест глыбокай пашаны прыгажосьці чалавечага цела, над ім сталі зьдзек­вацца, і ў авангардзе гэтага зьдзекваньня ішлi ня хто іншы, як П. Пікасо i А.Ма­цiс. Але тады яшчэ яны апраналі маску абнаўленцаў і мадэрнізатараў мастацтва, выдавалі свае творы за прагрэс мастацкай формы. Да прыкладу, творчасьць такіх мастакоў, як О. Дыкс i Г. Гросс, спачатку насіла прагрэсіўны характар, у прыцэле іх нянавісьці быу мiлiтарызм. Але вельмі хутка боль за чалавека перарастае ў лямант роспачы і крык жаху. Толькі паступова лініі прагрэсу і рэгрэсу цалкам адасобіліся адзiн ад другога. І пачаткам гэтага адасабленьня варта лічыць разбурэньне рэальнай выявы ў жывапісе, адмовы ад танальнай i меладычнай арганiзацыi гукаў у музыцы, разбурэньне вобразнасьці, граматыкі і стылістыкі ў літаратуры.
На працягу ўсяго XX стагоддзя разбуральныя дзеяньні гэтых тэндэнцыяў становяцца ўсё больш выразнымі, пакуль не прыводзяць да поўнага распаду мастацтва.
У гэтым артыкуле я ня стаўлю за мэту паказаць увесь шлях разьвiцьця мадэрнiзму, яго шматлікія напрамкi i мадыфiкацыi. Гэта зрабiлi ўжо да мяне.
Mадэрнізм ведаў перыяды заняпаду і росквіту. Пышна квiтнеў ён да пачатку і пасьля сусьветных войнаў і рэвалюцыі ў Расii. Сказваўся закон палярызацыіпры вялікім узрушэньні ў грамадстве ўзьнікае ўздым у мастацтве.
Але тое, што мадэрнізм, па сутнасьці сваёй, рэакцыйны накірунак, шмат хто зразумеў ужо напачатку XX стагоддзя.
Мы прысутнічаем пры крызісе мастацтва наогул, пры найглыбейшых узрушэньнях у тысячагодных яго асновах» — пісаў Мікалай Бярдзяеў у 1918 годзе.
Яшчэ раней, у 1909 годзе падобным чынам выказваўся А. Блок: «Сучаснае жыцьцё ёсьць блюзьнерства перад мастацтвам, сучаснае ж мастацтва ёсьць блюзьнерства перад жыцьцём».

* * *
З мадэрнізмам змагаліся магутныя таталітарныя рэжымы... і нічога не маглі з ім зрабіць. Ён памёр сам, разбурыўшы сябе знутры.
Як гэта адбылося?
Я лічу, што шлях мадэрнізму першапачаткова быў шляхам памылак.
Памылкай была адмова ад гуманістычнай традыцыі.
Памылкай была ідэя самарэфлексii ў мастацтве.
Памылкай была эстэтызацыя пачварнасьцi.
Памылкай быў разрыў з мінулым.
Памылкай быў шлях татальнага адмаўленьня і нігілізму.
Памылкай было сьцьвярджэньне прымата дысгармоніі над гармоніяй.
Памылкай было адступленьне ад законаў унутранай логікі мастацтва.
Памылкай былі мэты, несумяшчальныя з эстэтычнай функцыяй мастацтва.
Памылкай было даць дарогу мастацтву «аўтсайдараў».
Мадэрнізм ня быў пачаткам новай рэальнасьці, як здавалася тады. Ён быў толькі канцом старой, эпілогам класічнай традыцыі. Па-маім глыбокім перакананьні ён ня быў эвалюцыяй, як у свой час Рэнесанс, які нёс у сабе апрыёрнае паняцьце формы, перайманае ад Арыстоцеля.
Тое, што еўрапейская культура, у свой час узяла курс на мадэрнізм, на мой погляд, сьведчыць аб яе адноснай маладосьці, несфармаванасьцi. Яна знаходзіцца ў працэсе пошуку. Магчыма, узьнікненьне мадэрнізму было выклікана імкненьнем знайсьці хоць нейкі, няхай ілюзорны, выхад з таго псіхалагічна-ідэалагічнага тупіку, у які зайшло еўрапейскае мастацтва ў XIX стагоддзі.
Да параўнаньня, магутная культура краінаў Усходу, якая была непадуладнай уплыву моды, не прыняла і не адаптавала ў сабе ідэі, створаныя на базе Еўропы.
І калі я бачу, як дрыгаецца на сцэне, зацягнуты ў скуру патлаты ветнамец, з электрагітарай у руцэ, гугнявячы «Sugar baby love...», або як індус у брудных джынсах старанна выводзіць абстрактную мазьню, то разумею, што ўсё гэтае трэцяраднае эпігонства і прафанацыя выкліканыя гарачым жаданьнем ісьці ў нагу з сусьветным культурным працэсам.
І ідуць.
Ужо не адно дзесяцігоддзе.
Вось толькі ні аднаго хоць трохі значнага імя ў абойму мадэрнізму краіны Усходу не далi.
Я лічу, што крызіс быў закладзены ў самім прынцыпе падыходу да мастацтва, як да мадэрнізацыі, дзе аксіёмай выступае задача бесперапыннага яго абнаўленьня.
Артэга-і-Гасэт, адзін з правадыроў, так вызначаў псіхалогію мадэрнізму: «Зьдзек­ваньне агрэсіўнасьці, пераўтворанае ў фактар эстэтычнага задавальненьня... якi складаецца з пратэсту супраць старога».
Яго падтрымлівае заснавальнік дадаізму Трыстан Тцара: «Сучасны мастак не абавязаны рабіць нічога з таго, што завецца высокім словаммастацтва”. Ад Бетховена я ванітую. Мастакгэта той, хто такім сябе лічыць. Каб стаць мастаком, досыць паказаць публіцы ўласную задніцу».
Адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму Васіль Кандзiнскi казаў: «Прыгажосьць стварае сілу, якая вядзе не да духу, а ад яго. Павінен дамінаваць прымат дысгармоніі над гармоніяй, бязладзіцы над парадкам, унутраныя злучэньні пераважаюць над зьнешнімi разыходжаньнем, сувязь усталёўваецца праз распад і разрыў...»
Нямецкі мастак Курт Швiттэрс: «Я аддаю перавагу нонсэнсу, і гэта выключна мая асабістая справа».
Ідэолаг «новых левых» Герберт Маркузе заклікаў авангардыстаў руйнаваць «вышэйшую культуру найнізкімі і дэструктыўнымі формамі», зьмяніць саму гістарычную місію мастацтва.

Хто толькі не прапаноўваў «спаліць Луўр» або «скінуць класікаў з карабля сучаснасьці».
Колькасьць разбуральнікаў і тых, хто ганьбаваў класічнае мастацтва была такой вялікай, і часта яны былі такiя аўтарытэтныя, што ў рэшце рэшт яны дамагліся свайго, і мы сёньня маем тое, што маемграмадства адвярнулася ад мастацтва наогул.
Якiя б ні былі незвычайныя i разнастайныя акцыі мастакоў і іх ідэіяны не выклікаюць ніякіх рэвалюцыяў, неспакою ў розумах, зьмены вех у мастацтве, яны ўжо не трымаюць ва ўзрушанасьці прэсу і публіку. Грамадства іх папросту не заўважае.
Сёньня мадэрнiзм асацыюецца з непрыстойнасьцю, разбурэньнем, зьдзекам. Мастацтва стала сацыяльна дэтэрмiнаваным.
«Усё, што я нахаркаюмастацтва, бо ямастак» — сказаў Курт Швiттэрс некалькі дзесяцігоддзяў назад.
Сёньняшняму пакаленьню творцаў даводзiцца разграбаць завалы і плаваць у моры нахарканага. І робяць яны гэта так, як умеюць.
Найглыбейшая памылкаапісваць гэтую сумную падзею, як сутыкненьне стыляў і пакаленьняў. Разглядаць некаторыя ідэі сучаснага мастацтва на ўзроўні ідэізначыць зьняважыць яе. Аб гэтым гаворыць і той факт, што апошнія плыні авангарду на Захадзе абяўляюць дзейнасьць папярэдніх пакаленьняў мадэрнiстаў пустым эстэцтвам, а ўсю эпоху мадэрнізмускончанай.

* * *
Безумоўна і сёньня на Захадзе мастацкая думка складаная і разнастайная. Выходзіць вялізная колькасьць кніг і сьпецыяльных часопісаў па мастацтве, дзе сотні крытыкаў і мастацтвазнаўцаў удасканальваюцца ў здольнасьці зьнерваваць разумовую арыентацыю чытача. Вось, да прыкладу, вытрымка з артыкулу ў каталогу аднаго нямецкага мастака: «Эстэтызацыю штампа, злучэньне бязьмежнай выразнасьці і трызьненьня, аўтар меў заўсёды, зараз жа, на больш вольным узроўні... Яго фетыш ня трэба ўспрымаць адназначна, каб не парваць тыя нябачныя ніткі, на якіх трымаецца складаны ўнутраны сьвет мастака... таму ня варта спадзявацца на поўнае і канчатковае яго разуменьне...» Гэта напісана мастацтвазнаўцам, зрэшты, магло б належаць і пяру псіхіятра.
Тое, што мадэрнізм памёр даўно, разумеюць усе. І тыя хто справа, і тыя хто зьлева.
Але войску галерыстаў, мастацтвазнаўцаў, гандляроў, цi проста «тусоўшчыкаў» — ён патрэбен. Хаця б для таго, каб мець сэнс быцьця, або проста зарабляць грошы. І яны дружна, закасаўшы рукавы, рэанімуюць, бальзамуюць, падфарбоўваюць, прыпудрываюць гэты труп. І будуць рабіць гэта столькі, колькі спатрэбiцца.
Грошы, грошы, і яшчэ раз грошыгэта адзінае, што яшчэ трымае сёньня мадэрнізм на плыву. Дарэчы, мадэрністы пачатку XX стагоддзя былі бяссрэбнiкамi, некаторыя з іх памерлі ў глыбокай галечы. Камерцыя і эстэтычны сабекошт карціныгэта рэчы розныя.
Пытаньне коштаўтварэньнягэта адмысловае пытаньне. Да яго мы яшчэ вернемся.

* * *
Сёньня няма ня толькі вялікай ідэі, якая абядноўвае людзей мастацтва, няма і надзеі на яе ўзьнікненьне. Няма буйных мастакоў за выключэньнем ветэранаў, няма буйных тэарэтыкаў мастацтва. Нямецкія мастакі ня ведаюць прозьвішчаў сучасных французскіх мастакоў і наадварот. А ў 20-я гады XX стагоддзя пачынаючая мастачка Надзя Хадасевiч, якая жыла ў глухой беларускай вёсцы, ведала аб існаваньні ў Парыжы мастака Фернана Лежэ. У вынiку, яна прыехала ў Парыж і стала яго жонкай. У тыя ж гады, шмат хто ведаў у Нямеччыне аб існаваньні ў правінцыйным Віцебску школы Казіміра Малевiча.
Цяга да наватарства закладзеная ў прыродзе шматлікіх творцаў, але калі «хату будаваць не на цьвёрдым падмурку», то галоўным у творчасьці робiцца постаць самога мастака, каталізатар яго ўяўленьня, які зашкальвае за мяжу разумнага сэнсу, яго рэфлексія і празьмерная ўвага да сабе. У вядомую формулу: «Першую палову жыцьця мастак працуе на імя, другую паловуімя працуе на яго», мадэрнізм прыўнёс папраўку — «працуе на імя любым коштам». Самыя рэакцыйныя ідэі выступаюць пад выглядам радыкальнага абнаўленьня духоўнага гарызонту сучаснасьці. У мастацтве філасофiя больш, чым мастацтва, бо яна выяўляе панаваньне сілы і факту над яснай думкай, дэманструе сьвядомасьць, пазбаўленую ўласнай думкі.
Як і раней, сярод мастакоў шмат «эстэстствуючых» хуліганаў, ідэалагічных правакатараў, папулістаў усіх масьцяў і проста псіхічна неўраўнаважаных людзей. Прычым адсотак апошніх асабліва высокі сярод мастакоў. Гэтыя людзі заўсёды прыкрываліся правілам: «А хто і як пакажа мяжу паміж здароўем і хваробай?». Вядома, што вядучыя майстры мастацтва ўсіх эпохаў у масе сваёй былі псіхічна здаровымі людзьмі. Менавіта мадэрнізм рэзка зьмяніў гэтыя суадносіны. Нямала літаратараў, такіх як Ф. Кафка, Ш. Бадлер, Ф. Ніцшэ, А. Брэтон зрабілі сваю хворую падсьвядомасьць прадметам творчасьці. Але яшчэ больш мастакоўС.Далi, М. Эрнст, І. Тангi, К. Швiттэрс, І. Бойс і г.д., дасьледавалі свае галюцыйна-шызафрэнічныя бачаньні. Мадэрнізм усюды і ва ўсе часы зьбіраў пад свае сьцягі людзей са складанай псіхалагічнай арыентацыяй. Ужо ля вытокаў гэтага руху стаялі пацыенты псiхлячэбнiцаў В. Ван-Гог, Э. Мунк, Д. Энсор і г.д.
Сучаснае мастацтва заўсёды прыцягвала лекараў-псіхіятраў. Галоўны ўрач любой псiхбальнiцы мае калекцыю жывапісу сваіх пацыентаў. Самая знакамітая калекцыя была сабраная ўрачом клінікі ў Гайдэльбергу (родных пенатах доктара Хагенса) Гансам Прынцборнам. Ягоная кніга «Жывапіс псіхічнахворых», якая выйшла ў 1922 годзе, мела вялікі посьпех у нямецкіх экспрэсiянiстаў. У сёньняшнім мадэрнізме гэты кірунак завецца «Art Brut»—мастацтва псіхічнахворых, аўтсайдэраў.
Мастацтвагэта жыцьцё ідэяў, якія раскрываюцца ўмоўнай мовай мастацкай творчасьці. Пытаньне ў тым, што або хто стаiць за гэтымі ідэямі.
Чаму «шызафрэнiчная мара» асобных варятаў, стала агульнай тэндэнцыяй разьвіцьця сучаснага мастацтва?
Чаму індывідуальна-анархічны бунт і нігілістычнае адмаўленьне грамадскай маралі, прасякнутыя панурым песімізмам і хаосам, прапагандай распаду і цынізму, выстаўляюцца на ўсеагульны агляд?
Мадэрністы нярэдка працуюць на самых небясьпечных і цёмных паваротах чалавечай сьвядомасьці, яны растарможваюць мала вывучаныя стыхіі. Але нават і ў выпадку з адносна здаровай псіхікай, увесь негатыў мадэрнізму ўплывае і на самога творцу. Рана ці позна, усю сілу адмаўленьня ён скіроўвае на свой уласны унутраны сьвет, наўпрост выходзіць на разбурэньне свайго «Я»… За ўсё трэба плаціць.

Але маё пытаньне ня ў тым, ці высокі адсотак псіхічна хворых людзей сярод мадэрністаў. Як такая зьява, як выстава доктара Хагенса стала магчымым у грамадстве, у якім мы жывем?
Калі я быў мадэрністам, у той краіне, адкуль я прыехаў, існавала такое паняцьце як «выстаўком» – камісія па адсеву «шкодных» элементаў, якія спрабуюць пранесьці сваю творчасьць на грамадскі агляд. Туды не дапускаліся карціны нават з намёкам на «фармалізм», не гаворачы ўжо пра чорныя і белыя квадраты.
Чаму ж сёньня грамадства ўзьняло на шчыт сваіх эстэтычных прэрагатываў і каштоўнасьцяў творчасьць тых, хто стагоддзямі знаходзіўся на яго задворках або ў падпольлі? Людзей, якіх разьдзіраюць разнастайныя комплексы, маргіналаў, няўдачнікаў, схільных да абсцэсii і фрустрацыі. І ня проста ўзьняло, а плоціць за іх ашаламляльныя грошы. Да прыкладу, карціна амерыканскага мастака Джэксана Поллака, створаная ў 50-х гадах XX стагоддзя метадам простага напырскваньня на палатно фарбы, як гэта робіць шымпанзэ, каштуе сёньня больш за 100 мільёнаў даляраў. Нашмат даражэй, чым карціны такіх майстроў мінулага, як Веласкес, Тыцыян, Рубенс, Бaцiчэлi.
І ў гэтай «раскрутцы» прымае ўдзел цэлае войска мастацтвазнаўцаў, крытыкаў, калекцыянераў, галерыстаў, кнігавыдаўцоў і г. д. Па тых жа законах «раскручваюцца» сёньня і такія псеўдакультурныя праекты, як «Гары Потэр», якія прыносяць вялізныя прыбыткі многiм дзялкам.

* * *
Як вядома, маральнае здароўе грамадства вызначаецца яго духоўным станам.
А што сабой уяўляе сучаснае еўрапейскае грамадства?
Ужо шмат дзесяцігоддзяў, моладзь усяго сьвету падвяргаецца ўплыву сучаснай музыкі, немалая частка якой уяўляе сабою музыку эстэтычна перайначанага тэрору.
У 60-70-х гадах шматлікія прадстаўнікі гэтай музыкі прапагандавалі наркотыкі і вольны сэкс, у 80-90-хусхвалялi пекла і сатану, і ўсё гэта разам прапагандуюць сёньня.
Яшчэ на пачатку сваёй папулярнасьці, у 1962 годзе ў Гамбургу, Джон Ленан так выказаўся пасьля наведваньня сьпірытычнага сеансу: «Я ведаю, што «Бітлз» будуць мець такі посьпех, якога ня мела ні адна група. Дзеля гэтага посьпеху я прадаў душу дяблу»...
«Хто вінаваты і ў чым сакрэт?» – як сьпяваецца ў адной песьні.
«Хэлоуiн»... Хто і што стаiць за яго прапагандай? Дзяцей ледзь ня сілай прымушаюць апранаць касьцюмы ведзьмаў і пачвараў, купляюць ім цацкі ў выглядзе страшэнных масак і акрываўленых мячоў...
А дзіцячыя кампутарныя гульні, а папулярызацыя ізатэрычных практык у школе.
Ці не зьяўляецца шматлікае з таго, што адбываецца ў сучаснай культуры і мастацтве, вынікам саюза з дяблам? Ці здаровае, наогул, наша грамадства?

Сёньня я гляджу на сучаснае мастацтва чыстымі, «прамытымі» вачамі.
Гляджу адгэтуль, з Берліну, з iншага боку «мяжы».
Амаль 30 гадоў я быў з імі. З тымі, хто застаўся «там». Дваццаць гадоў я верай і праўдай служыў ідэалам мадэрнізму. Тады мадэрнізм успрымаўся ў нас у кантэксьце агульнага імкненьня пазбавіцца ад эстэтычных догмаў i забабонаў. Нашыя куміры былі для нас амаль багамi... Фiльм «Мадэрнiсты» глядзелi па некалькi разоў...
«Мы былі на пярэднім фронце барацьбы, мы верылі, што нясем грамадству новыя эстэтычныя каштоўнасьці». (М. Эрнст).
«Мы вядзем бітву на мяжы будучыні і бязьмежжа, дык будзьце паблажлівыя да нашых слабасьцяў і памылак». (Г. Апaлiнер).
«Мастакгэта формула найвялікшага розуму». (П. Гаген).
«Мы ўсхваляем нахабны напор, страявы крок, небясьпечны скачок, аплявуху і мардабой... Без нахабства няма шэдэўраў. Няхай жывуць высокія ідэалы зьнішчэньня ўсяго і ўся! Накiруйце ваду з каналаў у музейныя скляпеньні!» (З маніфесту італьянскіх футурыстаў дваццатых гадоў).
«Мы, ультраiсты, перапоўненыя разбуральнага запалу, жадаем усё пераўтва­рыць, ачысьціць і будаваць зноўку ў сьветлым, як сьвітанак, парыве. Мыавангард будучыні!» (З іспанскага ультраманiфесту 20-х гадоў.)
Я належу да пакаленьня сямідзясятнікаў.
Мы ўжо не засьпелі «адлігі», мы засьпелі толькі закрытыя шлюзы. Мы жылі музыкай «Rolling Stones», Чэ Геварам, Сальвадорам Далi, Фрэйдам...
Мы марылі аб камуне мастакоў. Парыжскі «Вулей» часоў Мадэльянi і Пікасо быў нашым ідэалам... нерэальным ідэалам...
Дваццаць гадоў «кватэрных» выстаў, начных дыскусій, спрэчак да хрыпаты з «артадоксамi». Любы прадстаўнік класічнай школы жывапісу быў для нас аўтаматычна прадстаўніком «архаічнага маразму».
І вось прыйшла перабудова, а з ёй і магчымасьць выезду «за мяжу». Абезьдзiлi з выставамі палову Еўропы. «Вулей» стаў рэальнасьцю, толькі знаходзіўся ён у Берліне і называўся «Tacheles».
І тут надышло працьверазеньне, шоры зваліліся з вачэй.
Адбылася сустрэча з Богам.
«І ўбачыў я новую зямлю і новае неба, бо ранейшыя неба і зямля мінулі...»

Нядаўна натыкнуўся на свой маніфест 80-х гадоў: «Мая творчасьць наскрозь працятая метафізікай і пачуцьцём аняменьня. Я ўспамінаю, прадбачу, фатаграфую смуту сваёй падсьвядомасьці і сінтэзую ўсё гэта...» Няўжо то быў я?
Памятаю, як старанна вучылі мы «перлы» мадэрнізму, слоўцы кшталту “environment”, “ready made”...
І я зразумеў, што быў Сізіфам, якi кацiў у гару ...не, ня камень... уласную галаву.
Груз, які яшчэ нікому не атрымлівалася данесьці да надзейнай апоры бяз веры ў Бога.
Чым стала наша «вялікая ідэя
Прагорклай стравай з попелу зьнiклых надзеяў і ілюзіяў.
Сцэнарам, які ў цябе выкралі, прычым 100 гадоў таму.
Заснулым маскітам, які ўвяз у скураных складках канапы.
Попелам вогнішча, згарэлага дашчэнту на досьвітку.
Бясьцелавай гірляндай фантомаў.
Сном розуму.
Голым каралём, якi захутаўся ва ўласны цень.
Паталагічным вырадкам, народжаным шлюбнымі гульнямі невуцтва з гiперпрасторам.
Мазахізмам, памежным з духоўнай кастрацыяй.
Абуджэньнем пасьля цяжкага запою ў лодцы пасярод акіяну, каманда якой зьбегла, прыхапіўшы з сабою вёслы.
Я спаў у абдымках з трупам, мне ў ложак высыпалi вядро са сьмецьцем, мяне паiлi газай i кармiлi ватай, мне сцалi ў вочы, а я думаўбожая раса...
Але магу і карацей.
Сёньня мне гэта не цікава!!!
«Я мастак, — пісаў Рыхард Вагнер. — І ў гэтым мой праклён і маё выратаваньне

* * *
«Спазнаеце ісьціну і ісьціна зробіць вас вольнымі...»
Надышоў час задаць сабе пытаньне: «Хто ты? Які ты? Дзеля чаго ты жывеш? Куды рухаешсяІ, зразумела, пытаньне ўсіх пытаньняў: «Што рабіць?».
Ці прытрымлівацца парады таго ж Г. Маркузэ, што мастацтва ва ўмовах крызісу культуры абавязанае схавацца «за тоўстымі манастырскiмi сьценамі духоўнай абыякавасьці». Трэба цьвяроза даць сабе справаздачу, што ў сучасным сьвеце ўладаром думак і спадзеваў грамадства зьяўляецца не мастак (як зрэшты і не пісьменьнік), а палітык, спартсмен, вайсковец...
Цягнік aдышоў.
Зьмяняюцца ўмовы жыцьця чалавека, зьмяняецца сам чалавек, зьмяняецца мастацтва. Яго сілавое поле стала звужаецца. Але мне чужая думка аб дэградацыі культуры ў XXI стагоддзі. Проста паласа, праз якую мы зараз праходзiмбурная, дынамічная, яркая...
Але ідзе назапашваньне матэрыялу, крышталізацыя новых каштоўнасьцяў. І хто ведае, якія яркія, невядомыя якасьці набудзе выяўленчае мастацтва. Нягледзячы на тое, што сёньня мастацкая каштоўнасьць твору страціла сувязь з унікальным і працаёмкім выкананьнем, але па-ранейшаму яно залежыць ад здольнасьці мастака бачыць навакольную прастору па-свойму і адчыняць у ім новае, невядомае. А гэта, пагадзіцеся, рэдкасьць.
Ці заклікаю я, як савецкія мастацтвазнаўцы брэжнеўскай эпохі, да «праў­дзівага адлюстраваньня людзей працы», або да «фатаграфічнай праўды фіксацыі элементаў натуры», як гэта рабiў мастак Шылаў? Не.
Я быў і застаюся ў душы прыхільнікам мадэрнізму. І авангарду, калі хочаце.
Грамадства і ўсe яго інстытуты стала мадэрнізуюцца. Нават калі хтосьці і супраць.
Гледзячы, што разумець пад гэтым тэрмінам. Бальшавікі, да прыкладу, лічылі, што iдуць у авангардзе мары чалавецтва аб сьветлай будучыні..
Мадэрнізм прыўнёс у сучасную культуру шмат каштоўнасьцяў.
Ня толькі «Машыны для жыльля» Ле Карбюзье, яго безаблічныя будынкi і прасьпекты, дзякуючы якім немагчыма зразумець, дзе ты знаходзішся, – у Берліне, у Варшаве, або Маскве... але і «дамы-цукеркі» Гаудзi і Хундэртвасэра.
Шэдэўры сучаснай скульптуры.
Дзякуючы новаму жывапісу наш сьвет стаў яркім і маляўнічым.
Магутны штуршок атрымалi ўусе напрамкi дэкаратыўнага мастацтва.
І, дзякуючы яму, мы атрымалі дызайн з яго разнастайнымі плынямі і іх інтэрпрэтацыямі.
Нядаўна адзін французскі рэжысёр шчыра прызнаўся: «Мы жывем у эпоху, калі няма ідэяў і няма геніяў. Што рабіць? Трэба проста cумленна рабіць сваю працу, каб захаваць тое асяроддзе, дзе геніі могуць зьявіцца».
Свой шлях мастак выбірае сам, гэтак жа як і сваю пазіцыю ў сучасным сьвеце, якая шмат у чым залежыць ад таго, наколькі правільна ён разумее глабальныя працэсы сучаснасьці. Але розум здаровага чалавека, вольны ад прыстасаваньня да штучна створанай моды ніколі не пагодзіцца з тым, што базавыя духоўныя каштоўнасьці чалавечай цывілізацыі павінны быць перагледжаныя.
У свой час А. Мацiс казаў, зьвяртаючыся да маладых мастакоў: «Не пачынайце з таго, чым скончыў я».
Не пачынайце з традыцыйнага патрабаваньня мадэрнізму: «Спачатку пошук «свайго твару», затымшкола». Наадварот, «школа» — гэта кропка апоры. Яна ня дасьць згiнуць. І калі гэтае правіла не для вас, то лепш зьмяняйце гэтую «бранжу». Пакуль ня позна. Каб ня зьдзейсьніць фальшстарт. Каб не апынуцца ў становішчы засьпетага зьнянацку лунаціка, няздольнага растлумачыць свае паводзіны нават самому сабе. Або чалавека, які ўбачыў надпіс у акенцы банкамату: «Астатак на вашым рахунку мізэрны!»...
Ці магчымы сёньня іншы шлях у мастацтве?
Так. І формула яго ня новая: «Адзінства формы і зьместу + гуманізм + майстэрства. Толькі мастацтва, адлітае ў гарманічныя, філантрапічныя і ўстойлівыя формы, застанецца вечным сьведкам мінулага, што жыве ў сучаснасьці і ў будучыні.
Чаму сёньня так папулярныя лепшыя творы iмпрэсіянiстаў? Людзям імпануюць іх вера ў жыцьцё, апяненьне разнастайнасьцю прыроды, яе пераможным сьвятам, прыгажосьцю колераў і сьвятла, агнём сонца, золатам сланечнікаў, сімфоніяй восеньскіх вінаграднікаў і лугоў, морам кветак і фарбамі мора. З году ў год расьце колькасьць мастакоў кірунку «Fine Arts», людзей, якія бліскуча валодаюць малюнкам і жывапісам, а галоўнаенапаўняючых свае творы захапленьнем і радасьцю перад прыгажосьцю чалавека i прыроды.

* * *
Апошнія два-тры дзесяцігоддзі тэхнакратычная цывілізацыя набыла рысы, якія і ў сьне ня бачылiся папярэднім пакаленьням. Але на мастацтве гэта адбілася негатыўна. Тройчы зваряцелы тэхнагенны сьвет імкліва выцясьняе мастацтва з жыцьця чалавека на перыферыю, яго пажыўнае асяроддзе паступова сходзіць на нiшто. На нашых вачах зьмяняюцца параметры існаваньня чалавека ў сьвеце, і адпаведна, мяняецца сам чалавек. Небывалае да гэтага пашырэньне інфармацыйнага поля, спрыяе не ўсталяваньню сувязі паміж людзьмі, а насупраць, іх разьяднаньню. Чалавек жыве сёньня ў сьвеце рэчаў, механізмаў, апаратаў, стандартаў, шаблонаў і мёртвых схемаў, у неcпaсьцiгальным і некіравальным сьвеце рэчаў. Сьвеце, дзе і сам чалавек ператвараецца ў рэч, у манекен, які хтосьці тузае за нітачкі. Вось таму, сёньня ў грамадстве запатрабаваны не мастак, а “Moviа star” або тэлевізійны вядучы цi палiтык. Канадскi культуролаг Ф. Дзюмон наўпрост называе асноўнай крыніцай крызісу індустрыялізацыю і тэхнізацыю культуры, якія з дапамогай масавай камунікацыі ператварылі мастацтва ў мазаiку вiдовішчаў. Кампутар давёў да апагею лозунг поп-арту 60-х гадоў: «Гэта можа кожны!». Да прыкладу, карціны на палатне любога фармату і любога сюжэту кампутар вырабіць iмгненна. Талент мастака тут не iграе ніякай ролі. Як гаварыў А. Твардоўскi аб некаторых пісьменьніках: «Пісаць яны ня ўмеюць, а ім гэта і ня трэба». Патрэбен талент гешэфтмахера. Патрэбна ўменьне, каб знайсьці спонсара і запусьціць механізм па прынцыпе: праект, створаны адным, фінансуецца другiм, раскручваецца трэцім, а адрасуецца ўсім і нікому.
Важны толькі факт правядзеньня акцыі або выставы, бо ён працуе на імідж мастака. Сутнасьць сучаснага мастакаправакацыя. Каштоўнасьцям мадэрнізму загадзя адмоўлена ў цане, аднак яна ўсяму механічна выстаўляецца. З нічога спрабуюць выляпіць штосьці, а гэтая задачадля пісьменьнікаў-фантастаў. Часта ствараецца ўражаньне, што сучаснае мастацтва існуе толькі па схеме: «Show must go on!»

* * *
XX стагоддзе было цікавае тым, што ў ім адбывалася дыскусійная барацьба стыляў і кірункаў: сацрэалізммадэрнізм, прадметнаебеспрадметнае мастацтва i г. д. Сёньня ж, канфлікт у мастацтве адбываецца не паміж ісьцінай і хлусьнёй, прыгажосьцю і бязьладдзем, гармоніяй і хаосам, а паміж уменьнем і прафанацыяй. Гаворка ідзе аб такім паняцьці, як «субкультура».
Субкультура-дзіцё мадэрнізму, яго плоць ад плоцi. Па сутнасьці, 90 адсоткаў сёньняшняга мадэрнізмугэта субкультура.
Прыстаўка «суб» паказвае несамастойнасьць, сурагат. Культура і субкультура па сутнасьці сваёй антаганісты. Субкультура нацэленая на пабудову свайго, сьпе­цыфічнага, адгароджанага ад базавых вечных каштоўнасьцяў, сьвету. Дыяпазон яе існаваньняад музыкі і наркотыкаў (што ўваходзіць таксама сёньня ў паняцьце культуры) праз усё выяўленчае мастацтва, уключаючы графіці, да відэа і кампутарнай графікі.
Прасьцей кажучы „Handwerk” (майстэрства рук) сустрэўся з адкрытай апaлaгетыкaй танных сурагатаў.

* * *
Вось і прыйшло XXI стагоддзе.
З чым сустрэў яго мадэрнізм? Ён стаў агульнай схемай. А такая, на паверку, заўсёды абарочваецца дутасьцю. Жалю вартае мармытаньне ўчарашняга наватарства стала набыткам старых, іх маніфесты сталі Бібліяй невукаў. Айкумена мастацтва, засеяная пустазельлем.
Застаўся толькі помнік эпосе ў выглядзе блазна ў зашмальцаваным адзеньні, якi поўзае па цьвiнтары з працягнутай рукой.
А што калі П. Пікасо меў рацыю: «Я ўсё жыцьцё дурыў снобаў
А што калі і С. Далi гаварыў шчыра: «Вы спрабуеце зразумець сэнс гэтых карцінаў, тады як я, аўтар, іх не разумею
Каралі на праверку аказаліся голымі?

У пачатку гэтага артыкулу я згадаў галерэю «End Art».
У яе кіраўніцтва ёсьць адна рыса, якая адрозьнівае іх ад астатняга «сьвету мастацтва», сьвету падману і самападману.
Сумленнасьць.
Сумленнасьцьгэта тое, што трэба ўсім нам. Ільля Эрэнбург у канцы жыцьця сумленна прызнаўся: «Усё парушаўмастацтва не парушу».
Па сутнасьці сваёй мастацтвавышэйшая форма эстэтычнага засваеньня сьвету.
Барацьба з хаосам.
Гармонія.
Каб сістэма функцыянавала, яна павінна мець падсілкоўваньне хаосам.
Але, мабыць, іншым разам неабходна, на кароткі час, гадоў гэтак на сто, даць волю хаосу, каб ачысьціцца. Каб усьвядоміць усю глыбіню падзеньня, трэба дайсьці да самага краю.
«Будучыня мастацтва залежыць ад таго, ці пад сілу яму будзе прыйсьці да сьветапогляду, здольнаму абгрунтаваць аптымізм, г. з., сьвета-і жыцьцёсьцьвяр­джальнасьць, этыку больш надзейную і ў больш элементарнай форме, чым сьветаадчуваньне папярэдніх эпохаў», — пісаў Альберт Швайцар.
А я б дадаў: «І добра, калі ў аснове гэтага сьветапогляду апынецца Творца».
І яшчэ я веру ў самаачышчальную сілу мастацтва.

Р.S. Адзін немалады ўжо, але ўсё яшчэ фанатык мадэрнізму, прачытаўшы гэтыя радкі, адрэагаваў так: «Цалкам у духу савецкай крытыкі 20-30-х гадоў
Я палічыў гэта кампліментам. Яны тады ўжо гэта прадбачылі...


Слова ад «Дзеяслова»

Мы разумеем, што высновы і думкі, выкладзеныя ў гэтым артыкуле, ня ўсім будуць да спадобы, а шмат у каго выклічуць жорсткае непрыняцьце. Рэдакцыя, як і аўтар, сьвядома ідзе на гэта, каб распачаць дыскусію ня толькі наконт разьвіцьця сучаснага мастацтва, але і літаратуры. Найперш у Беларусі. Спадзяемся, што чытачы і сьпецыялісты не застануцца ўбаку і адгукнуцца на гэты артыкул: паспрачаюцца з аўтарам альбо падтрымаюць яго