12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыта Тарайкевіч

_____________________
...А ноч працуе і маўчыць. Вершы


ВЕЦЕР МЕНСКІ

Зашпілі мае гузікі,
вецер
менскі,
і злучай пацямнелы асфальт
з небам...
Буду распавядаць,
калі трэба, –
як
у нас
добра жывецца:
“Там лясы і лясы,
і дзікі,
і шматпавярхоўкі,
шэрае-шэрае неба, і больш
мне нічога
не трэба”.
Затульвай твар мой
шалікам,
вецер менскі;
хоць падполле – зусім
не мая стыхія,
але ж трэба яшчэ
працаваць, вучыцца.
Узгадай тыя тангі
і паланэзы
і абцасы шляхецкія,
вецер
менскі.


ДЗЯДЫ
хвоі. крыжы. няроўнасць
зямное паверхні – ямы. гэта месца
дзе падкошваюцца
ногі. і я дайшла да гэтага месца
нарэшце, з усімі
разам. фатаграфавалі
вавёркі з дрэваў, і не казалі, калі
фоткі будуць гатовыя. падшывалі
нашыя душы, нашыя твары ў файлы
захоўвалі.
гэтае месца, гэты горад, гэтую...
я з’ехала б, калі б не была
паэткаю.

* * *
Між астатніх пагроз нетрывалага часу
мне скалечыла лёс “беларуская кляса”,
і збываюцца бела-чырвоныя сны
ў дні вялікай айчыннай ідэйнай вайны.

С. СОКАЛАВУ-ВОЮШУ
Спадар Сяржук! Як вашыя там справы?
Як вашыя сыны-рэспубліканцы?
Ці чуеце, як кліча з дальніх даляў
вас беларускі край? Ліхтар па столі
паўзе бялявай нетутэйшай плямай?
Нагадвае пра Мінск якімсьці чынам,
пра дзіўны сон забытых дзевяностых
(бандыцкіх ды акультных, адраджэнскіх,
ды ўрэшце – з Боскім ветрам пераменаў...)
Спадар Сяржук, як па начох Вам спіцца?
Я слухаю ўсё вашую кружэлку,
яна не горшая за хэві-метал...
Пра гэную палітыку – не трэба,
а лепей пра гісторыю, пра мову,
пра перспектыву... Урэшце – пра рэальнасць!
Спадар Сяржук! Часцей, хаця б на тыдзень
(прашу вас без падтэкстаў) – прыязджайце!


* * *
дождж. майская ноч.
лужыны. ліхтары.
вокны патухлі, апроч
тых, што глядзяць дагары
болем дзіцячых вачэй,
працаю дзёрзкіх сноў,
каб дагарэць ярчэй,
нават калі льле дождж.

* * *
для лірыкі надта многа
крыві. запалала сонца
у жылах. ляціць дарога,
дзе шанец – не абаронца.
абрыўкі начныя вершаў,
запіскі дзяцей-вар’ятаў...
хто ведаў каларыт тутэйшы,
той бачыў у натоўпе брата.

* * *
Я стаўлю чайнік на агонь
у засяроджанай начы,
і небяспека за вакном
ці спіць, ці проста так маўчыць.
Акенцаў жоўтых між гадзін
адной ці дзвюх – усё менш і менш,
але не страшна, што адзін,
без крыку ў цішыні расцеш.
І небяспека за вакном
размазаная між гадоў,
а вецер экстрэмісцкіх сноў
паклаў запалку на далонь.
Але маўчыць, як горад, дом
сярод адмеранай начы.
Я стаўлю чайнік на агонь,
а ноч працуе і маўчыць.