12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Тарановіч

_____________________
Галопам па Еўропах. Эсэ

«Без нахабства няма шэдэўраў».
(Ф. Марынэці, ідэолаг італьянскага футурызму)

Стала нарэшце вядома, хто з’яўляецца пакупніком за рэкордную суму карцін сучасных мастакоў на аўкцыёне «Sothebys».
Палатно Л. Фрэйда «Спячая бухгалтарка» сышло за 33 млн фунтаў стэрлінгаў, а трыпціх Ф. Бэкана – за 83 млн. Пакупніком з’яўляецца расійскі мiльярдэр Раман Абрамовіч. Стамiўшыся скупляць, падобна сотням сваіх супляменнікаў, ангельскія палацы і замкі, футбольныя каманды і гіганцкія яхты, ён перайшоў да твораў англійскіх мастакоў. Чаму не расійскіх, паўстае лагічнае пытанне, бо скрадзеныя ім мільярды былі вывезены з Расеі? Пераадрасуем гэтае пытанне самой краіне, дзе разбой аб’яўлены відам спорту, якая спарадзіла абрамовічаў як з’яву. Я ж пішу аб сучасным мастацтве і працэсах, якiя ў ім адбываюцца.
Вернемся да Фрэйда і Бэкана.
У гэтых мастакоў ёсць адна добрая якасць – яны малююць фарбамі на палотнах нешта падобнае да чалавечых постацяў. І гэтым адрозніваюцца ад іншых, якія гэтыя палотны рэжуць, паляць, абліваюць кіслатой або наогул абыходзяцца без іх.
Як, напрыклад, нямецкi мастак Марцін Кiппенбергер.
Вось чым ён праславіўся. Нядаўна ў Дортмундскiм мастацкім музеі “Ostwale” прыбіральшчыца выліла бруд з тазіка. Усё б нічога, але гэты тазік з брудам быў інсталяцыяй Кiппенбергера, ацэненай… у 800 тысячаў еўра. Цяпер вырашаецца пытанне аб кампенсацыі. Нешта падобнае ўжо было ў Германіі i раней.
У 1986 годзе прыбіральшчыца выкінула 5 кг масла, якое мастак Ёзэф Бойс склаў у куце галерэі. Ён судзіўся, ацаніўшы шкоду ў 40 тысяч марак.

***
Дзве публікацыі пра мастацтва я прачытаў у адзін дзень: артыкул аб выставе працаў Ван-Гога ў Вене ў «Вerliner Zeitung» i пра творчасць Джэфа Кунса ў «Der Spiegel».
У першай, густа аздобленыя панегірыкам тыпу «геній алоўка», «фенаменальнае мастацтва», «перфектны малюнак» і г.д., aўтар як бы няўзнак кідае фразу: сума страхоўкі выставы склала 3 мiльярды еўра.
Пра Джэфа Кунса мы даведваемся, што хоць ён і з’яўляецца мастаком кітчу, але на сёння – адным з самых дарагіх у свеце і, што самае галоўнае, выкрываюцца факты, аб якіх звычайна замоўчваецца: у Нью-Ёрку на яго фабрыцы плошчай 1500 кв.м. працуе 87 чалавек, якіх называюць «працоўнымі пчоламі».
Што яны робяць? Карціны і скульптуры Джэфа Кунса.

***
Нью-Ёрк. У кастрычніку 2011 года 36-гадовая мастачка Марне Котак правяла перформанс “The Birth of Beby” – уласныя роды перад наведвальнікамі галерэі. Яна лічыць гэта найвышэйшай формай мастацтва. Да гэтага яна выстаўляла на публіку сваё пазбаўленне дзявоцкасцi.
Там жа ў ЗША адкрылася выстава пяцігадовай мастачкі-абстракцыянiсткi. Велічэзныя палотны былi скупленыя знаўцамі ўжо пад час вернiсажу.

***
Атэлье “Dina 4 Projekte” прадставіла 10 маладых мастакоў з 5 мастацкіх Акадэмій Нямеччыны – Берліна, Мюнхена, Дзюсельдорфа, Франкфурта, Лейпцыга.
Вось водгук на гэтую выставy з берлінскага часопіса «Izium»: «Выставачны шэраг не нясе ў сабе ніводнай думкі, не замінаючы такім чынам успрыманню. На падлозе валяюцца кавалкі поліэтылену i драты. Улічваючы нямецкі канцэптуалізм, якi звыкла «зашкальвае», складана вызначыць, гэта мастацтва ці выпадковае смецце?
Не абцяжарваючы свой розум спробай разгадаць ідэі, закладзеныя ў творах, мы засяродзіліся на людзях, якія заўсёды цешаць сваёй экстрaвагантнaсцю на берлінскіх вернісажах ... »

***
У аднаго французскага электрыка «раптам» выявілася 300 невядомых раней твораў Пікаса коштам 80 мiльёнау даляраў (?!).
Слова «раптам» тут гучыць абсурдна, бо падробкі масава вырабляліся яшчэ пры жыцці мастака.
Эксперты-мастацтвазнаўцы са Штутгарта лічаць, што 40-60% твораў мастакоў 1900-1970 гг. – фальшыўкі.
Асабліва шмат падробак Міро, Шагала, Пікаса, Дыкса, Далі i г.д.
***
Прыйшла вестка пра доктара Хагенса.
«Доктар Смерць» хворы. У яго хвароба Паркенсона. Ён завяшчаў сябе прэпараваць і выставіць у сваёй калекцыі.
З 2008 года ягоную выставу “Korpen Welten” наведала 30 млн чалавек...

***
Як часта ў размовах аб мастацтве са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі я чуў:
– Як вызначаецца сабекошт карціны і чаму некаторыя карціны столькі каштуюць?
Ну добра, карціны старых майстроў, гэта агульнапрызнанае, але за «калякі-малякi», напісаныя левай нагой сёння...
Ужо ці не дураць нас спрытныя прайдохі?
Так, вы не памыліліся, дураць!
І дураць не дасканала, як картачныя шулеры і рэвізоры ў Гогаля, Астап Бэндэр, «Рогі і капыты», або шлюбныя аферысты, або iлжэсвятары, або фінансавыя піраміды. Дураць проста.
Дураць! Дураць, прыкрываючыся вялізнымі коштамі, дураць, прыкрываючыся шыкоўнымі каталогамі, напісанымі вёрткім пяром купленага барзапiсца, дураць, праводзячы выставы і акцыі ў лепшых залах свету.
Дураць! Дураць таму і так лёгка, што некалі здолелі пераканаць сусветнае грамадскае меркаванне, маўляў, не спяшайцеся з высновамі, падумайцe, а раптам вы чагосьці не разумееце, а раптам усё значна глыбей, чым вам здаецца, і вы маеце справу з геніем.
Ці можна параўнаць буйных калекцыянераў мінулага, напрыклад, Медычы, або Аўгуста Моцнага, з сённяшнімі? Не. Мэтай першых было сабраць выдатныя творы мастацтва, ад якіх прыходзілі ў захапленне яны самі і іх асяроддзе і, што немалаважна, укладванне грошай з наступным прыбыткам не з’яўлялася самамэтай.
Затое апошняе стаіць на першым месцы ў сённяшніх верхаводаў гэтай «бранжы» бізнэсу. На першым месцы выступаюць не мастацка-пластычныя вартасці твора, а наяўнасць у калекцыі імёнаў.
Або: у цябе ёсць Пікаса, Далі, Хундартвасар? Няма? А ў мяне ёсць!
Няхай гэта будзе адна лінія, праведзеная на аркушы паперы, шмат адтыражаваны асобнік пад № 199, галоўнае, каб унізе стаяў подпіс – «Пікаса» i г. д.

***
Вядомы тэарэтык мастацтва Л. Гiнсбург аднойчы прыкмеціў:
«Ёсць людзі з недыферэнцыяванай таленавітасцю i без вызначанага занятку. Таленавітасць іншых ix раздражняе. У ix няма сaпраўднай працы, алё ёсць завышанае адчуванне самога сябе, якога пазбаўлены звычайны чалавек. Гэтае самаадчуванне патрабуе ўжывання на практыцы, інакш яно становіцца несцiхаючай душэўнай пакутай, i яны практыкуюць яго ў бясплодных адхіленнях ад нормы.
Гэтыя людзі часта звяртаюцца да мадэрнізму, які прыцягвае ix духам пратэсту, навізны. Некаторыя прыстасаваліся дэманстраваць сваю нязгоду i незадаволе­насць з дапамогай не імі адкрытых мастацкіх плыняў i пластычных формаў»...

***
Што такое сённяшнія камуны мастакоў, якія традыцыйна гняздуюць у Парыжы, Мадрыдзе, Рыме, Берліне? Насельніцтва ix уяўляе сабою складаны кангламерат з наркаманаў, алкаголікаў, лебэнскунстлераў i маргіналаў усіх масцей.
Часта тут пераважаюць людзі з парушанай псіхікай. Свайго роду амбулаторная псiхалячэбнiца. Гэта i нядзіўна, бо шматлікія псіхіятры сёння лечаць сваіх пацыентаў з дапамогай жывапісу. Творчасць гарадскіх вар’ятаў стала набыткам грамадскасці.

Тым, хто папракае мяне за тэндэнцыйнасць i пафас, я нагадаю, што гэтыя радкі піша былы заўзяты прыхільнік мадэрнізму, які атрымаў прасвятленне пасля Сустрэчы з Бoгам...
Хто ведае, ці не адбудзецца падобнае з вамі…

***
Еўропа даўно ўжо жыве толькі той культурнай спадчынай, што вынесла з мінулага. Каласальны крэатыўны патэнцыял, неабходны для стварэння высокага мастацтва, страчаны. У Еўропе цяпер непрадуктыўная сітуацыя – вялікая драма са светапоглядам i ідэаламі.
Гэта з’яўляецца следствам i, адначасова, вядзе за сабой цэлы шэраг стратаў і паразаў. У тым ліку, iнтэлектуальную, эмацыйную i мастацкую недзеяздольнасць.

***
Хто такі сучасны мастак?
Гэта гібрыд шамана з мэнеджарам, памяшаны на алкагольнай або гераінавай эйфарыі.
І заўсёды маргінал.
Фантом апалітычнай культуры, якая ўсё на свеце палярызуе, падзяляе і абмяжоўвае.
Артыст, схільны праецыраваць дэфармацыю ўласнай свядомасці на гледача.
Шарлатан, якi аперыруе глыбіннымі пластамі чалавечай свядомасці. Які спрабуе сваім асабістым хаосам перамагчы сусветны хаос. А гэта небяспечна.
І збіраючыся стаць на гэты шлях, малады чалавек павінен спытаць сябе сам:
– Ці ёсць у мяне гэтыя якасці? Цi з’яўляюся я такім мастаком? Цi здужаю я такі шлях? Ці не чакае мяне небяспечная сустрэча са сваім alter-ego?

***
Блукаючы па старонках заходняга мастацтвазнаўства, я не раз сустракаў выказванні аб аспрэчванні аўтарства Ван-Гога на некаторыя яго карціны.
Бо вельмi ж адрозніваліся яго вядомыя галерыстам карціны галандскага перыяду ад позніх, кшталту «Касачоў», вытанчаных па колеры і аптымістычных па змесце, зробленых тады, калі крызіс у яго ўзмацніўся. На думку спецыялістаў, некаторыя работы выкананы адразу пасля яго смерці, у перыяд распачатага ажыятажнага попыту.
Нічога дзіўнага ў гэтым няма.
Вядомая гісторыя пра тое, што некаторыя палотны Вермеера апынуліся падробкай. Пра гэта б ніколі не даведаліся, каб не прызнаўся сам аўтар падробак.
У маім выпадку гаворка ідзе аб нечым іншым. Сурагат вырабляў не самотны авантурыст, тут працавала цэлая сістэма вушлых дзялкоў, тая ж, што і сёння пастаўляе на канвеер спевакоў, літаратараў, кіназорак, кінафільмы і г. д.
Ван Гог з’яўляўся ключавой фігурай у гэтай гульні, задуманай таленавітымі гульцамі. Яго ведалі ў Парыжы, у мастацкіх колах, брат ягоны быў паспяховым галерыстам. І нягледзячы на гэта, пры жыцці ён прадаў усяго адну-адзіную карціну.
Усё далейшае – вынік раскруткі дасведчанымі дзялкамі. Яны і здолелі запусціць машыну, як гэта робіць умелы турэцкі гандляр гароднінай, крыкам ствараючы ажыятаж, каб збыць заляжалы тавар...
У тыя ж гады ў Парыжы было прынята рэзка падымаць попыт і кошты пасля смерці аўтара. Ведаючы пра гэта, некаторыя мастакі спецыяльна iмiтавалi сваю смерць.

***
Сальвадор Далі.
Чалавек, які сцвярджаў, што ён не купіў бы ні адну са сваіх карцін. І што ён усімі сіламі спрыяе крэтынiзацыi чалавецтва.
Але гаворка пойдзе не пра яго дасціпнасць.
Мой калега, берлінскі мастацтвазнаўца Д. Хмяльніцкі, даўно ўжо зрабіў паспяховую спробу развянчання міфа аб геніяльнасці Далі.
Я зайду некалькі далей. Працы Далі 40-50-х гадоў, такія як «Тайная вячэра», «Сант’яга эль Грандэ» і асабліва серыя з распяццем Ісуса, успрымаюцца як дасягненнi сучаснага мастацтва. Сплаў найвышэйшага майстэрства, новай формы і новай думкі. У параўнанні з імі працы яго калег-сучаснікаў глядзяцца як карыкатуры. Але чаму так адрозніваюцца яны ад таго, што зроблена ім раней і пазней?
Адказ на гэта дае сам майстар у сваіх дзённіках: «Хуан старанна працуе над маёй карцінай у суседнім пакоі ...» і г.д. Цi працавала на Далі народу менш, чым на Джэфа Кунса?
Не думаю. Ва ўсякім разе, менавіта ў тыя гады, якімі датуюцца яго шматлікія скульптуры, карціны і графічныя серыі, ён месяцамi не вылазіў з модных салонаў Парыжа і Нью-Ёрка.

***
Пікаса.
Колькасць створаных ім работ вымяраецца многімі тысячамі. Па ўспамінах аднаго французскага махiнатара-капеiста, стварыўшы новы графічны ліст, ён смела ішоў да Пікаса, ведаючы напэўна, што той паставiць свой подпіс «Створана мною», паколькі не ў сілах быў разабрацца ў колькасці належачых яму працаў.
Такія вось справы.
Хто хоча даведацца пра сапраўдную цану мадэрнізму, едзьце ў Барселону.
Паглядзіце Гаўдзі, і вы зразумееце, адкуль узялі сваe iдэi яго землякі – Пікаса, Далі, Міро. Яны – інтэрпрэтатары Гаўдзі, не піяршчыка, а сціплага архітэктара і мастака, якi ўсё жыццё правёў у келлі царквы, якую будаваў...
Я не прарок, але бяруся прадказаць, што праз 100 гадоў аб іх будуць успамінаць мала, як не параўнальная, да прыкладу, папулярнасць Пікаса сёння і 20 гадоў таму, а папулярнасць Гаўдзі расце...
Дабром для мадэрнізму з’яўляецца тое, што ён не падкантрольны нікому, як таталітарная секта, і заўсёды ў модзе ў нуварышаў.
У свой час камуністычная і фашысцкая ідэалогіі спрабавалі расправіцца з ім – безвынікова. Таму што паміж таталітарнай ідэалогіяй і мадэрнізмам ёсць нямала агульнага. І там, і тут у розумах многіх тлеюць вогнішчы інквізіцыі.
Вось што піша той жа Д. Хмяльніцкі:
“Прэтэнзія на існаванне «новага авангарднага мастацтва», неадэкватнага і шалёнага з пункту гледжання звычайнай гісторыі мастацтва, ёсць галоўнай канцэпцыяй руху. Глядач павінен з ёй першапачаткова пагадзіцца, не задаваць лішніх пытанняў і пагрузіцца ў самарэфлексіі. Правілы гульні абавязковыя для ўсіх удзельнікаў – стваральнікаў, спажыўцоў і тэарэтыкаў мастацтва. Гэты прыём уласцівы, дарэчы, усім ідэалогіям, у тым ліку і таталітарным. Ідэалогію дапушчальна правяраць толькі ўнутранымі, самой ідэалогіяй адпрацаванымі крытэрыямі. Пры крытыцы з боку, ідэалогія, як правіла, бурыцца, але сам такі крытык успрымаецца як вораг, абмеркаванне з якім па ўнутраных правілах недапушчальна...”

***
Субкультура выклікае да жыцця такія архетыпы i падсвядомыя прыярытэты, як нялюбасць да працы, да майстэрства, патэрналізм, страх волі, надзею на “авось”, на “дарэмшчыну”, утрыманства i г.д. Прасцей кажучы – усё тое, чаго не было і быць не магло ў мастакоў мінулых стагоддзяў.
Грамадская мараль больш не табуюе гэтыя паводзінныя мадэлі як негатыўныя. Усё гэта – падвойная мараль, якая не можа прайсці бясследна ні для творцаў, ні для грамадства. Шматлікія маральныя i культурныя забароны зняты, змікшаваны, i псіхалагічна людзі да гэтага прызвычаіліся. Інтэлігенцыя пазбаўлена ідэалаў, эстэтычных i паводзінных мадэляў, цягі да гуманiзму i г.д. Субкультура сама закапалася ў гарах сабранага ёю смецця. Няма ні макра-, ні мiкразадач...
Субкультура нарадзіла новую літаратуру ў інтэрнэце.
Сёння там пануe «вылузванне, прыкол, сцёб i хахана».
Блогеры сталі больш папулярныя, чым пісьменнікі. Суцяшае толькі тое, што побач з кучай гною заўсёды ёсць дагледжаны лужок...

***
Шмат гадоў мяне не пакідае адчуванне, што над усімі намі ладзіць вiвiсектaрскi эксперымент згуртаваная каманда вызначанага толку. Згуртаваная адной мэтай і задачай.
І калі яны дасягнуць гэтай самай мэты, калі запрацуе правіла “so bad-it’s-good” (так дрэнна, што ўжо добра), калі хаос і разбурэнне падступяцца да чалавека, тады яны адначасова здымуць маскі. Маскі мастацтвазнаўцаў, журналістаў, мецэнатаў і г.д. Тых, хто гадамі змываў з грамадства тонкую ахоўную плёнку культуры. А зняўшы і агаліўшы свой сатанінскі ашчэр, усклікнуць: “Як спрытна мы дурылі гэтых лохаў! Уключайце святло, у пакоі нікога няма!”

***
Вяртаючыся да артыкула пра Ван-Гога ў «Berliner Zeitung».
Для чаго пішуцца такія творы, у тысячны раз разліваючы мёд панегірыкаў?
Гэта – адпрацаваны піяр-ход, стратэгія і тактыка рынку.
Чакаецца продаж на вялiзную суму...

***
«У рэвалюцыянера няма ні сваіх інтарэсаў, ні спраў, ні пачуццяў, ні прыхільнасці, ні сям’і... Усё ў ім паглынута адзінай выключнай цікавасцю, адзінай думкай, запалам – рэвалюцыяй» (М. Бакунін, тэарэтык анархізму).
Наўрад ці хтосьці стане адмаўляць, што мадэрнізм і анархізм – двайняты-браты.
Іх aб’ядноўвае барацьба супраць любой сістэмы, логікі, дух бунтарства, рызыка рэвалюцыі, драйв радыкальнай актывізацыі, поўнае самавыяўленне.
Мадэрністы ва ўсіх краінах часта сыходзілі ў палітыку. Чаго варты адзін толькі прыклад Марынэці, аўтара фразы: «Вайна – гэта вышэйшая эстэтычная каштоўнасць». Ён і яго суполка былі сярод заснавальнікаў італьянскага фашызму...

***
Нарэшце я атрымаў адказ на адно даўняе пытанне.
Як магло здарыцца, што ў Германіі, у краіне найвышэйшага прафесійнага майстэрства ва ўсіх галінах, у галіне выяўленчага мастацтва запанавалі бясталентнасць і авантурызм.
Што і хто стаіць за гэтым?
Уявіць няякасна зроблены “Мерсэдэс” немагчыма. Графаманскую кнігу выдаць тут за шэдэўр не атрымаецца. Пра музыку я наогул маўчу.
Але выставіць кучу смецця з памыйніцы або намаляваць «калякі-малякі» на палатне і выдаць гэта за шэдэўр умудраюцца многія. Універсальным пропускам тут з’яўляецца фраза «мастак так бачыць».
Аказваецца, водападзел адбыўся ў 1968 годзе. Тады, пад уплывам студэнцкіх хваляванняў, у імя свабоды творчасці было вырашана перагледзець сістэму акадэмічнай адукацыі ў мастацкіх ВНУ, прасцей кажучы – разбурыць старую акадэмічную школу. Шмат у чым гэта адбылося пад уплывам анарха-дэкадэнствуючых ідэй Франкфурцкай школы...

***
Памятаю, у пачатку перабудовы да нас у Мінск прыехаў з Германіі «пасланнік волi» – нейкі дзеяч мастацтва, гадоў сарака. Выкладчык адной прыватнай навучальнай установы, якія тады кляпалі як на канвееры, запрасіў нас на яго заняткі.
Студэнты, хлопцы і дзяўчаты гадоў дваццаці, прынеслі свае працы – сярод іх было не мала высокамастацкіх фігуратыўных твораў. Ён усё гэта забракаваў.
Назваў «савецкай архаікай» і стаў паказваць, як трэба маляваць акварэллю абстрактныя карціны. Усе глядзелі адкрыўшы раты, хоць некаторым ён па майстэрству і ў падмёткі не падыходзіў. Тады ўсім нам Захад здаваўся Мекай...
Сёння я бачу, як у Еўропе, мае суайчыннікі-мастакі пакутуюць у бясплённых спробах знайсці сваё месца ў мастацтве, не разумеючы, што цягнік пайшоў.

***
“Майстэрства без уяўлення ўласціва рамесніцтву. Уяўленне без майстэрства – сучаснаму мастацтву”.
Так лічыць ангельскі пісьменнік У. Стопард.
Такія мысляры, як В. Лявонцьеў, Г. Гесэ, Г. Маркузэ папярэджвалі пра будучую эру Вялікіх Спрашчальнікаў.
Яна даўно ўжо надышла, гэтая эра. Майстры прафанацыі ўладна i безапеляцыйна ўварваліся ў духоўнае жыццё грамадства i дыктуюць нам, як жыць, як думаць, якое мастацтва ўспрымаць i г.д. Гэтыя людзі здолелі навязаць грамадству іншую мараль, іншыя крытэрыi.
Што ноч – гэта дзень, што хвароба – гэта здароўе, што бруд – гэта чысціня, што д’ябал – гэта Хрыстос...
Яны ператварылі мастацтва ў балота, у якім патанулі абломкі палюсоў, якія страцілі лiнiарныя сувязі. Там ідзе бясконцае перакамбiнаванне гэтых абломкаў, але яно не нараджае нічога новага, акрамя пачвар...
Бо абломкі не могуць выступаць у ролі суб’екта…

***
Мае апаненты ў розных краінах, абвінавачваючы мяне ва ўсіх смяротных грахах, часта зводзяць усё да аднаго агульнага назоўніка: “Ты вялікіх не чапай. Іх прызнаюць ва ўсім свеце!”
З гэтай нагоды прывяду выказванне Г. Пляханава: “Вялікія нам здаюцца такімі таму, што мы самі стаім на каленях”.
І паклаўшы руку на сэрца, прызнаемся сабе – па ўзроўні майстэрства ўся гэтая каманда «мэтраў» не цягне на ўзровень аднаго Паўла Філонава, майстра, амаль невядомага на Захадзе.

***
Абавязковасць, сумленнасць і талент – крытэр любога мастацтва. Першыя два вызначаюць сапраўднасць. Апошні – якасць.
Думаю, што самы пасрэдны ландшафт або нацюрморт ХIХ стагоддзя з любога еўрапейскага музея будзе мець каштоўнасць заўсёды. І не толькі антыкварную. Чалавечая прырода не мяняецца. Як ні працавала напружана некалькі пакаленняў авангардыстаў – вывесці з ужывання гісторыю мастацтваў ім не ўдалося.
Адзін толькі прыклад. На працягу паўгода ў Берліне працавала выстава «Партрэт эпохі Адраджэння». Квіткі на яе дастаць было цяжка...
Падрыхтаваная душа просіць добрае мастацтва. Не падрыхтаваная – просіць прыгожае.
Дэзарэнтыраваная задавальняецца кітчам або мадэрнізмам.

***
Хочам мы гэтага ці не, але мы вымушаныя жыць у прадказанай Г. Маркузэ сітуацыi, калі мадэрнізм змяніў саму гістарычную місію мастацтва. На шчасце, у Беларусі гэтага не было і няма. Натоўпы, якія даследуюць з дапамогай мастацтва свой галюцыйна-шызафрэнічны ўнутраны свет, беларускай культуры не пагражаюць.
Ці ёсць наогул сёння хоць нейкі авангард у Беларусі? Не. І няма ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Апошнім беларускім авангардыстам, які адпавядаў сапраўднаму значэнню гэтага слова, быў Казімір Малевіч. Хвалярэзам, аб які разбiлiся хвалі, гатовыя змыць пласт класічнай культуры ў грамадстве, паслужыла акадэмічная школа. А таксама – здаровая ментальнасць гэтага грамадства.
Уявім, што было б, калі б у беларускім мастацтве перамаглі каштоўнасці мадэрнізму. Прыняцце іх грамадствам было б багата сур’ёзнымі анамаліямі і адчувальнымі стратамі не толькі для мастацтва, але і для сучаснага чалавека наогул. Гаворка ідзе пра канкрэтныя і сацыяльна абумоўленыя прыкметы дэградацыі духу, замяшаныя на адчуваннях бессэнсоўнасцi жыцця і агрэсіўнай абыякавасці да каштоўнасцяў грамадства, сям’і, асобы...

***
Што ўласна новага з’явілася ў беларускім мастацтве за апошнія дзесяцігод­дзі?
Амаль нічога.
Тая ж інсталяцыя абмежавалася трансферам удалай маркетынгавай ідэi. Не больш.
А пра дасягненні тэхнічных мастацтваў я наогул маўчу. Гэта ўжо iншая сфера.
А што было? Была гульня ў забаронены плод.
Ці надоўга хапіла гэтай гульні, якая стварала загадкава-прыцягальны свет юродзівых, гэтым і цікавы для насельнікаў рэальнага свету? Іх нядоўгi здзек з акадэмічнай школы прайшоў.
Не было чаго даць наўзамен.
Бо не ўспрымаць жа сур’ёзна іх несамакаштоўную пластыку, падпарадкаваную абстрактным ідэям, эфектнаму прыёму, стылізацыі, канцэпцыі... проста жарту. На гэтым страцілася першародства.
Верагодна са мной не пагодзяцца тэарэтыкі, якія пішуць у часопіс «Мас­тацтва».
Калi ласка. Ім і пяро ў рукі...

***
Як выглядае ў параўнанні з заходнім сучаснае беларускае мастацтва?
Яно здаровае.
Не здзіўляйцеся, менавіта гэта з’яўляецца яго галоўным адрозненнем. Асабліва, калі параўноўваць з нямецкім мастацтвам.
Знаходзячыся ў Мінску, я атрымаў моцнае ўражанне ад прагляду экспазіцыі выставы ў новай Нацыянальнай бібліятэцы.
Уявім, што калі б нехта адабраў 20 лепшых карцін і павёз бы гэтую выставу па Еўропе, то тамтэйшыя спецыялісты хадзілі б адкрыўшы рот. Ні ў адной з гэтых краінаў зборная каманда майстроў не выставіла б роўных...
Узровень прафесіяналізму ў Еўропе імкліва падае пад націскам субкультуры і людзей, якія ўмеюць трансфармаваць псіхоз у маркетынгавы ход для ўдалага бізнэсу.
Знаёмыя з Літвы скардзіліся, што там разам са свабодай і дэмакратыяй у выставачныя залы ўварвалася зграя неадэкватных і некiраваных, вечна абкураных і абколатых людзей. Бясплённых, як біблейская масліна.
Яны вывалілі ў гэтыя залы кучы смецця з прыгожай назвай «інсталяцыя», вывесілі палотны, аблітыя смалой і дзярмом (сапраўдным), і святкуюць сваю перамогу. А старых літоўскіх майстроў ўжо не прызнаюць...

***
Ці патрэбныя беларускаму мастацтву сучасныя ўплывы? Патрэбныя.
Было б каму аддзяліць збожжа ад пустазелля. Вось свежы прыклад. У Маскве адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка невядомага паэта-авангардыста-алігарха Б. Сіўко. Кіраўніцтва СП Расіі вужакай вілося вакол «патрэбнага» чалавека ў дарагім гарнітуры. Яго адразу прынялі ў сябры СП, уручылі прэмію імя С. Ясеніна і г.д. А гэта быў жарт-розыгрыш. Вершы навапаказанага авангардыста (сам ён быў нанятым акцёрам) былі складзеныя з дапамогай інтэрнэтаўскай праграмы «Генератар літаратурнага трызнення», сутнасць якой – вышморгванне радкоў, што падыходзяць па сэнсе, з твораў розных паэтаў. А само імя Б. Сiўко перакладалася, як трызненне сівой кабылы (Бред сивой кобылы)...

***
Большасць маладых беларускіх «авангардыстаў» проста не ўяўляюць сабе сапраўдны твар заходняга мастацтва.
Яны робяць авангард салоннага толку, блізкім да Fine Art, каб купілі напэўна. «Добры» авангард, як казаў Маркузэ. У Беларусi ніколі не было такіх носьбітаў трансцэндэнтнага адчаю і эстэтызацыi зла ў мастацтве, што вядзе да аберацыi грамадскай свядомасці, як Шарль Бадлер або доктар Хагенс. Беларуская ментальнасць проста не магла нарадзіць такіх людзей.
Ёсць яшчэ адна істотная прычына, чаму мадэрнізм не затрымаўся ў Беларусі ў 20-х гадах і не пусціў парасткі сёння. Яшчэ Х. Артэга-і-Гасэт сцвярджаў, што мадэрнізм – гэта праява элітарнай, арыстакратычнай амбітнасці. А элітны пласт у Беларусі заўсёды быў тонкі.

***
Памятаю з’яўленне першых твораў Мікалая Селешчука ў канцы 70-х гадоў на выставах у мінскім Палацы мастацтваў. Для нас, маладых мастакоў, гэта быў шок. Шакаваў узровень яго мастацкага майстэрства і вобраз мыслення. Думаю, аналагаў яму не было тады ва ўсім СССР, былі проста іншыя, не менш таленавітыя.
Тыя часы, як мне сёння бачыцца, наогул былі часам уздыму беларускага мастацтва. Пік «Песняроў», «Сяброў», «Верасоў». «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя беларускія фільмы... А колькі яркіх мастакоў і літаратараў...
Але вернемся да Селешчука. Для нас, маладых, якія не ведалі арыгiналаў, ён стаў нашым Сальвадорам Далі.
Ці быў Селяшчук мадэрністам? І так, i нe. Для Беларусi, тады, у 70-я, праз паўстагоддзі пасля Малевіча і Шагала – безумоўна так. Для еўрапейскага мастацтва – безумоўна нe. Класічны прыклад позняга сюррэалізму...
Дарэчы, на мой погляд, ні Малевіч, ні Кандзінскі, ні Шагал, ні Эль-Лісіцкі і інш. прадстаўнікі віцебскай школы ўплыў на сучаснае беларускае мастацтва не зрабілі.
А Селяшчук зрабіў!
Колькі яго паслядоўнікаў працуе сёння... І як працуюць!

***
А як ідуць справы з мадэрнізмам у суседзяў – у Расіі? А ніяк.
Страціўшы ў 20-я гады пальму першынства, Расія яе зноў не здабыла. Не было сур’ёзных дасягненняў у падпольнага і напаўпадпольнага андэграўнду і нонканфармізму. Няма іх і сёння пры разгуле свабоды і дэмакратыі.
Сучаснае расейскае мастацтва адзначылася толькі тым, што разам з перабудовай на волю вырваўся цэлы натоўп людзей тыпу Алега Куліка і Аляксандра Брэнера, поўзаючых голымі па вуліцах еўрапейскіх гарадоў, накладаючых фeкалii ў галерэях і паказваючых свой чэлес наведвальнікам выставаў.
Такой колькасцi авангардыстаў, якія здзекуюцца з хрысціянства як у Расіі, няма ні ў адной краіне свету.
Сячэ публічна іконы сякерай Аўдзей Цер-Аганян. Алегу Маўромацi па яго просьбе прыбіваюць да крыжа рукі цвікамі, а на спіне выразаюць лязом «Я не сын Божы».
Аляксей Касалапаў выстаўляе іконы, аблепленыя чорнай ікрой, якія ядуць гледачы…
Усiх сённяшнiх расейскiх авангардыстаў разам узятых можна смела назваць імпатэнтамі ў параўнанні з іх папярэднікамі 20-х гадоў. Няма ні аднаго імя, годнага ўвагі. Адзіная сфера, куды яны імкнуцца прыкласці свае намаганні, гэта “аплявуха грамадскаму густу”. Ды і тое гэта ўсё скончылася ў 20-ым стагоддзі. Сёння гэтая шушара старых, азызлых дзядзькоў і цётак, абколатых інсулінам і гераінам, пражывае ў швейцарыях-амерыках, патрапіўшы на радзіме пад артыкул «распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці».
Мабыць, у адну раку не ўступіш двойчы.
І гэта пры вялікай колькасці “грашовых мяхоў”. Адзін з такіх «спецыялістаў» дабраўся нядаўна ў Берлін. У галерэі “Nikolaj” ён адкрыў выставу Каці Мядзведзевай, якую раскручвае па ўсiх правiлах. Шмат гадоў, лічачы яе геніяльнай, ён скупляе ўсе яе працы. Разгарнуўшы мора рэкламы, ён вельмі здзівіўся, што на выставу ніхто не прыйшоў. Даваць характарыстыку творчасці васьмідзесяцігадовай Каці Мядзведзевай я лічу ніжэй за сваю годнасць. Скажу толькі, што яе работы знаходзяцца ў калекцыі галоўных дактароў некалькіх псіхлячэбніц.
Затое у Расii квітнеюць па-ранейшаму традыцыі старой мастацкай школы. Узноўлены «Свет мастацтваў», «Грамадства перадзвіжнікаў» і шмат яшчэ чаго іншага...

***
Арыенціры ёсць i будуць заўсёды для тых, хто хоча іх знайсці.
Каханне, вясна, святло, мара, вечнасць, творчасць, мастацтва як духоўны каталізатар, праца над дасканаласцю формы і зместу... Бог, усё тое, што ўваходзiць у хрысцiянскую этыку.
Менавіта ўсё гэта з’яўляецца супрацьлегласцю пустаце і разбурэнню.
Тым падмуркам, на якім можа ўзрасці новае і пазітыўнае, як на руінах і дахах пачынаюць расці маладыя дрэўцы – пасланцы ўсёпераможнай прыроды.