12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Івашчанка

_____________________
Незваротнасьць працэсу.
Кнігапіс

Кніга сьмеху і ачышчэньня

Ракам у Еўропу.
Праграмная рада Тыднёвіка “Ніва”. Беласток, 2004

Нягледзячы на моду да складаньня розных анталагічных (ва ўсіх сэнсах – ад “збору кветак” да быційнага) зборнікаў, дасюль няма літаратурнае анталогіі беларускага гумару. Кніга “Ракам у Еўропу” (выдадзеная, між іншым, пры фінансавай дапамозе Мі­ністэрства культуры і мэра Беластоку) сталася спробай такой анталогіі для “ніўцаў”. Хаця ў падназове да зборніку – “Пуцяводная анталогія “Нівы” – няма наўпроставага ўказаньня на гумарыстычную скіраванасьць, затое і назоў, і слова ад укладальніка, старэйшага пісьменьніка і грамадскага дзеяча Беласточчыны Георгія Валкавыцкага, ды, зрэшты, самі тэксты, пераконваюць, што гэта са­праўды так. На сьмеху “трымаецца дэмакратыя” – даводзіць Г. Валкавыцкі. “У кожнай нацыі свой заскок. Наш сьмех ачышчае душу, штурхае на роздумы”. І далей: “Мы на праведным пуці. Праз сьмех і сьлёзы ішлі ў сьветлае будучае. На скрыжаваньні дзьвюх эпох трапілі ў Еўропу. Гуляйма. Еўропа ня любіць маркотных”.
У кнізе па храналагічным прынцыпе разьмешчаныя тэксты, якія стваралі­ся ад самага пачатку беластоцкае “Нівы” (1956) – да канца ХХ ст. На кожнага з 28-мі аўтараў маецца сьціслая біягра­фічная даведка – “Ху ёсьць ху”, – што нагадвае крымінальную характарыстыку (часьцяком з скарыстаньнем “клікухаў”-псеўданімаў), прыкладам: “Сакрат Яновіч. З калыскі ў глыбокім падпольлі. Вынаходца крывіцкага шыфру. Цывілізатар Усходняй сьцяны. Жыве на сваёй планеце. Трымае руку на пульсе еўрапейскага прагрэсу. Жывы класік нашага цырку”.
Цікавыя – лексічна і зьместава – творы сярэдзіны 50-х – 60-х гадоў, што складаюць ладную частку анталогіі: гратэскавыя показкі Дзядзькі Лявоня (Станіслаў Вагурка) з нечаканымі, па-хармсаўску абсурднымі высновамі-маралямі; верш Кораня (Вацік Асіповіч) “Скандал у Беластоку” з апісаньнем спраўленьня лірычным героем малой патрэбы ў цэнтры гораду; сатыра Васіля Баршчэўскага; чароўнае апісаньне інцыдэнту з жыцьця жыхароў вёскі Вялікая Дуля Віктара Рудчыка і інш. Іх калегі з Беларусі савецкай у тыя часы і марыць не маглі пра друкаваньне рэчаў падобнага плану.
Творы знаных Алеся Барскага, Юркі Геніюша, Сакрата Яновіча, Міры Лукшы рэдка выклікаюць прыступы рогату, болей “штурхаючы да роздумаў”. Імё­ны мэтраў і засяленьне імі беластоцкага Парнасу ўсьпетыя ў паэме Алены Ані­шэўскай “Наш Парнас”.
“Скарыстаўшы выпадак”, хочацца разь­віць тэзу пана Складальніка пра заскок на­цыі. Так, наш гумар адметны, ён – артэфакт, што перададзены ад продкаў, і які кожны мусіць адшукаць у сабе і акаляючай рэчаіснасьці. Але хто тыя людзі, чые стомленыя зьнерваваныя твары мы штодня назіраем у грамадскім транспарце, крамах? Асабліва заўважна яно на кантрасьце, па вяртаньні з той жа Польшчы. Настрой ад бачанага добра перадае “N.R.M.” у песьні “Дастала”: “тут не чужына, тут не айчына, тут не мужчына, тут не жанчына... усё стабільна, але ж дэбільна”. Па вечарох people рагоча перад тэлескрынямі з расейскіх блазнаў. На пашлаватых, але такіх нашых дзеях тэатру сатыры й гумару “Хрыс­тафор” людзі сьмяяліся са свайго. Цяпер тэатр у апале. Мы ўжо звыкліся да таго, што за нас вырашаюць, дзе, колькі і з чаго сьмяяцца. Нацыяй, якая сьмяецца, цяжэй маніпуляваць.
У кнізе “Ракам у Еўропу” сьмех са­праўды ачышчальны, бо гэта сьмех – з сябе, той, якога бракуе ў нашай жыцьцёвай прасторы. І, адпаведна, літаратурнай. Таму – усьміхайцеся, спадарове!


Мужная праца

Дуліна ад Барадуліна.
– Радыё Свабодная Еўропа/
Радыё Свабода, 2004.

На прэзентацыі выданьня “Быкаў на Свабодзе” ў Доме літаратара Рыгор Барадулін сказаў, што кніга гэтая не чытаецца, а слухаецца. Тое ж, бадай, можна сказаць і пра кнігу эпіграмаў “Дулі­на ад Барадуліна”, частка якой чыталася на радыё “Свабода” летам 2004 г. З яе гучыць голас – шчыры, мудры, часам спавядальны і... малады. Многія вялікія на спачынку займаюцца мемуа­рыс­тыкай, корпаюцца ў сабе і прэпаруюць сваю эпоху. Барадулін, падаецца, абраў вельмі сучасную форму, каб зрабіць адбітак часу. Міхаіл Прышвін казаў, што імкненьне да прастаты “является у сложнейших душ”. У вострых, афарыстычных, часам сатырычных і заўжды сьмешных і сьвежых эпіграмах Барадуліна – глыбіня й летапісальнасьць, уласьцівыя запісам Янкі Брыля.
Паводле Леанарда да Вінчы, адшукаць у жыцьці сапраўднае пачварства гэтаксама цяжка, як і сапраўднае хараство. Да гэтае тэзы варта дадаць і талент знаходзіць сьмешнае ў чалавеку. Большую палову кнігі склалі эпіграмы, што ў традыцыях жанру суправаджаюцца гісторыямі-показкамі, на 75 персанажаў, якія, са словаў укладальніка Аляксандра Уліцёнка, падазраюцца ў “вялікім, істотным, хоць зрэдку і неадназначным унёску ў беларускую літаратуру, культуру й мастацтва”. Зусім ня ўсе “дуліны” маюць кампліментарны добразыч­лівы характар: “злымі” эпіграмамі аўтар “уганараваў” Кандрата Крапіву, Лукаша Бэндэ, Пятра Глебку, Ігара Лучанка.
У пасьляслоўі сп. Уліцёнак пытаецца ў чытача, чаму героі показак пада­дзеныя, з першага пагляду, бесьсістэмна, абяцаючы здагадліваму “каштоўны падарунак з аўтографам аўтара”. Адказваем: постаці прыводзяцца ў адваротным алфавітным парадку. Нельга тут не адзначыць арыгінальнае афармленьне кнігі з арнаментальнымі эксьперыментамі пры разьмяшчэньні тэксту і майстэрскай фотасесіяй Сяргея Шапрана.
У разьдзеле “Вясёлыя эсэ для ХХІ ст.” – пяць расповедаў пра тое, як “беларусы паганства пільнуюцца”, “гасьцей прымаюць і ў госьці ходзяць”, “адпачываюць”, “ракаў ловяць” і “сэксам займаюцца”. На апошняе, самае вялікае эсэ, відавочна, варта зьвярнуць асаблівую ўвагу, пра што вядзецца ў анатацыі ад Аляксандра Лукашука: “Шаноўныя чытачкі й іншыя маральна няўстойлівыя асобы! Праявіце ўстойлівасьць і не чытайце ў гэтай кнізе старонкі 178 – 189!” Засьцярога не па­дзейнічала: знаёмая студэнтка філфаку, прачытаўшы (толькі?) гэтыя старонкі прыйшла ў жах ад таго, што яе горача любімы (датуль?) паэт мацюкаецца (хаця і пераважна ў цытатах з “скаромных кры­віцкіх песьняў і папевак”. Іншае пытаньне, наколькі яны крывіцкія, калі там скарыстоўваецца табуяваная расейская лексіка).
У частцы “Бяз дулі ў кішэні” вядомыя людзі мелі мажлівасьць паспаборнічаць з Барадуліным у майстэрстве эпіграмы і... зразумець, якая нялёгкая справа пісаць лёгка, дасьціпна і афарыстычна. Да разьдзелу “Быць з праўдаю ў згодзе – і на свабодзе!”, дзе раздадзеныя “дуліны” яшчэ паўсотні супрацоўнікам “Свабоды”, эпіграфам стаўся радок: “Мужная праца – думак сваіх не баяцца”. Уяўляецца, як, чытаючы такое, паэты скрушліва разводзяць рукамі: “Чаму ня я?!” Для Барадуліна мужная праца – усё жыцьцё, яскравае й міфічнае для назіральнікаў, і сумленнае ў Служэньні паэзіі, гумару і людзям.


Кніга пустэльніка?

Сяргей Абламейка. Egoізмы.
“Наша Ніва” (Бібліятэка “Вострая Брама”, №6). – Вільня, 2004.

Нельга выціснуць з сябе афарызм.
Да яго трэба дажыць.
Сяргей Абламейка.

Маралістаў ня любяць. Маралізатарства часта ўважаецца за жаданьне ўзвысіцца над чалавечымі заганамі за кошт іх выкрываньня. Чалавек звычайна не жадае ўспрымаць “мудрасьць” у гатовым, сфармуляваным выглядзе. Жыцьцёвая ісьціна карысьней, калі прыходзіш да яе “самастойна”. Таму ад пачатку выданьне ці ня першага ў гісторыі беларускай літаратуры аўтарскага зборніка афарызмаў ёсьць сьмелым крокам.
Паводле знанага французскага мараліста Блеза Паскаля, фармуляваньне максімаў – спосаб прывядзеньня да ладу ўнутранага і акаляючага хаосу. Паводле Сяргея Абламейкі, “аўтары афарызмаў – пустэльнікі”, а сам афарызм – “плён самоты” (цытаты з нізкі “Мараліст і афа­рызм”, дзе вядзецца пра тое, што спараджае маралізатарства і скуль відно, як аўтар да такога жыцьця дайшоў).
Нягледзячы на тое, што ў назове да кожнага разьдзелу кнігі прысутнічае слова “жыцьцё” (“Лад жыцьця”, “Нітка жыцьця”, “Сэнс жыцьця”, “Мастацкае жыцьцё”, “Маўклівае жыцьцё”), С. Абламейка ня “вучыць жыць”. Падаецца, галоўнае, чаго жадае і патрабуе аўтар ад чытача – гібкасьці мысьленьня дзеля “пашырэньня сьвядомасьці”. Праўда, вырашаючы спрадвечныя пытаньні (вось назовы некаторых тэматычных нізак “Дабро і зло”, “Час”, “Праўда і справядлівасьць”, “Каханьне”, “Сьмерць”, “Вера і грэх”, “Свабода і незалежнасьць” etc., балазе, у канцы маецца індэкс паняткаў), аўтар зрэдзьчасу спаўзае-такі ў, відаць, непазьбежны для жанру дыдактызм. Асобныя сентэнцыі выглядаюць банальнымі, калі не прымітыўнымі. Бяз гэтых “канстатацыяў” кніга нічога ня страціла б (адрасуем закід у рэдактарскі агарод). Адметная нізка “Адвольнае” – праца ў кірунку да трапных, часам парадаксальных высноваў-назіраньняў бачыцца найбольш прадуктыўнай: “Зялёная агароджа ўвосень перастае быць зялёнаю, а ўзімку – агароджаю”.
Стан для чытаньня кнігі С. Абламейкі, як і месца, можа быць самы розны – ад прагортваньня ў метро да нетаропкага вывучэньня ва ўтульным фатэлі пад добрую каву ці што мацнейшае.
“Не зважаючы на ўяўную даступнасьць, кнігу трэба чытаць нясьпешна, з роздумам, як бы ўпершыню асэнсоўваючы кожны паварот логікі прапанаванага афарызму”. Цытаванае – словы Васіля Быкава з прадмовы да “Egoізмаў”. Можа падацца, што афарызмы пішуцца перадусім для людзей маладога веку з несфармаванымі жыцьцёвымі прынцыпамі. Гэта ня так. Яны пішуцца найперш для сябе. Цягам жыцьця ў чалавека набіраецца пэўная колькасьць фармулёвак, прыдатных да пэўных сітуацыяў. Калі сентэнцыяў становіцца столькі, што цяжка ўтрымліваць іх у галаве, ён пачынае іх занатоўваць.
Зрэшты, ня варта глядзець на “Egoіз­мы” як на кнігу застылых фармулёвак. Гэта, найхутчэй, дзёньнік чалавека, які маўчаў (гл. “Маўклівае жыцьцё”) – і, “уведаўшы людзей, зразумеўшы іх і зьненавідзеўшы праз гэта”, прыйшоў да высновы, што “не застаецца больш нічога, як іх любіць...” (“Апошні аргумент”). Хаця й мізантрапіі (у дапушчальный колькасьці) кнізе не бракуе. Чаго ж “бракуе” – дык гэта пачуцьця нудоты ад чытанага. Ці ня гэта галоўны паказьнік таго, што кніга ўдалася?


Ліставаньне на мяжы эпохаў

Леонид Дранько-Майсюк,
Юрий Кабанков. Белая вежа.
Владивосток, 2004

Пачынаецца гэтая гісторыя як показка. Прыйшоў неяк да паэта Леаніда Дранько-Майсюка паштар з тэлеграмай і кажа ў разгубленасьці: “Колькі год працую, такіх дзіваў ня бачыў. Што гэта азначае – мо, шыфроўка якая?” У тэлеграме, адасланай з ст. Чэрнь Тульскай вобласьці, было зьмешчана чатыры вершаваныя страфы. Давялося Л. Драньку-Майсюку тлумачыць, што тэлеграма – ад сябра, з якім яны разам вучыліся ў маскоўскім Літінстытуце, і што ў ёй – пераклад верша. Узрушаны паштар запатрабаваў дзеля кампенсацыі маральнае шкоды сто грамаў, якія неадкладна і атрымаў. Ад гэтага слаўнага выпадку бярэ пачатак творчая супраца Л. Дранька-Майсюка і ўладзівастоцкага паэта, крытыка, тэолага й перакладніка Юр’я Кабанкова. Верш той называўся “Ігруша”. Ішоў 1986 год.
Зьяўленьне ва Уладзівастоку кнігі-білінгва “Белая вежа” (вершы Л. Дранька-Майсюка маюць паралельныя пера­клады Ю. Кабанкова) выглядае, як на сёньня, нечым неймаверным. Зьдзіў­леньне з альтруізму сп. Кабанкова, які ўклаў кнігу, дзе ўласна ягонага тэксту ня болей за 10%, саступае месца перадусім захапленьню якасьцю перакладаў. У плане перадачы рытмічна-метрычных момантаў пераклады рыфмаваных вершаў Л. Дранько-Майсюка даволі трапныя і дакладныя. Перастварэньне ж вер­лібраў, якія, можа падацца, перакладаць прасьцей, чым сілаба-тоніку, часта зусім не даслоўнае. Перакладнік дазваляе сабе імправізацыю, дапушчальную дзеля пе­ра­дачы Пачуцьця. Так, пера­кладзены вер­лібр можа атрымацца даўжэйшым за арыгінал. Прыкладам, радкі Л. Дранько-Майсюка: “У гэтым годзе/ Пушкін/ як пра добра вядомае, але зусім звыклае,/ мімаходзь заўважаў.../” – маюць такую версію Ю. Кабанкова: “В конце года,/ Пушкин/ только что переживший болдинскую осень/ (полосатые шлагбаумы карантинов/ еще стояли перед глазами),/ мимоходом – в частном письме –/ обмолвился по-французски...” («1830»). Сярод «вольнасьцяў» пера­кладніка адзначым і тое, што пры перакладзе можа зьмяняцца (альбо прыбі­рацца наогул) нават назва верша.
Надзвычай займальная другая, эпісталярная частка кнігі – «Размова» – дзе зьмешчанае ліставаньне майстраў слова (апошняе ў дадзеным выпадку ня проста клішэ) ў 1985 – 1991 г.г. У гэтых лістах – пульс часу й яго сур’ёзна-іра­нічнае асэнсаваньне. Праз іх, як праз замочную шчыліну, можна зазірнуць у «творчую лабараторыю» пісьменьнікаў. Карысна азнаёміцца з ліставаньнем бу­дзе сёньняшнім маладым творцам, каб пабачыць, чым ёсьць сапраўды адказнасьць да напісанага-перакладзенага. Ці застанецца эпісталярыя літаратурным жанрам у ХХІ ст.? Ліставаньне паэтаў – як прывітаньне з даінтэрнэтавае пары, калі словы пісаліся на паперы і несьлі, кажучы па-сучаснаму, магутны мэсэдж. Праз гады і адлегласьці ён гучыць для нас, прымушаючы спыніцца, заплюшчыць вочы і... адчуць незваротнасьць працэсу.