12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Івашчанка - Алесь Разанаў

_____________________
Паэзія: "уводзіны ў невымоўнае".
Гутарка

«Страла і мэта»

— У літаратуразнаўстве існуе панятак: «медытатыўная лірыка», які часьцяком прымяняецца і ў дачыненьні да Вашых твораў. Пад ім разумеюцца вершы гэтакзванага філасофскага зьместу, «вершы-роздумы», дзе лірычны герой рэфлексуе з пэўнае нагоды. Ці не падаецца Вам, што гэты панятак не зусім карэктны? Бо вяршыняй медытатыўнае практыкі ёсьць «пусты розум» — стан сьвядомасьці, пры якім разумовая дзейнасьць наогул спыняецца. Блытаніна, мабыць, палягае ад перакладу вытворнага з лаціны: meditatio — роздум, разважаньне.
А. Р.: Азначэньне ідзе ўсьлед за зьявай і кожным разам мусіць фармулявацца нанова ці, па меншай меры, дафармулёўвацца і ўдакладняцца.
У сваёй творчай прасторы я дакладна распазнаю і акрэсьліваю тое, што напісалася ці хоча напісацца: версэты, вершаказы, зномы, пункціры ці традыцыйныя вершы. Калі па-за ёю — тут усё занадта агульна. Прынамсі, з найменьнем «лірыка» я ня звыкся і са сваёй творчасьцю не суадношу.
«Страла і мэта» — калісьці назваў Уладзімір Калесьнік артыкул пра маю творчасьць. Двое — яны адно: і намацаная мэта гэта ўжо і пушчаная страла. Што да медытатыўнай лірыкі, дык гэта страла, пушчаная некуды, — у ноч. Але не ў нікуды, і ноч, у якой усё раствараецца і ўсё прысутнічае, уцягвае яе ў сваё бязьмежжа, а здані распачынаюць з ёю сваю размову. Тут шмат зману, і парадай маглі б быць словы Адама Міцкевіча: «Май сэрца і глядзі ў сэрца».
А тое, што вы называеце «пусты розум», — перш за ўсё розум, вольны ад асабовасьці, і ён застаецца такім, пакуль страла ляціць ад. Але калі яна са здабыткам досьведу (ці, больш дакладна, самім здабыткам досьведу) зварачаецца да, «пусты розум» сублімуецца ў логас і здольны ўкладацца ў словы.
— «Гановерскія пункціры» напісаныя ў іншай культурнай, прасторава-часавай сітуацыі. Магчыма, дзеля таго, каб належным чынам успрыняць іх, трэба прынамсі ўяўляць той кантэкст?
А. Р.: «Гановерскія пункціры» маюць сваю сьпецыфіку і ад айчынных пункціраў адрозьніваюцца тым, што ўзьніклі ў асяродку, які мне давялося асвойваць і засвойваць, і ім абумоўліваюцца. У іх нешта ёсьць і ад нататкі, і ад замалёўкі. Гановер у іх прысутнічае відавочна, а ў прысутным мне важна было заўважыць сутнае. Ці, можа, нават самому заўважыцца ім, і, мабыць, таму, што я быў на гэта настроены, раз-пораз то адзін, то другі гановерскі пункцір кранаў мяне за рукаў.
— Мабыць, самай жанрава нязьменнай формай вершу ў Вашай творчасьці ёсьць версэт. Дастаткова прыгадаць нізку «Заваёўнікі»1 , што складаецца з дваццаці твораў, якія пісаліся цягам дваццаці гадоў. Чым Вы тлумачыце такую статычнасьць версэту?
А. Р.: Той зьмест, што найстойліва падступаўся да сьвядомасьці, ужо не ўкладаўся ў ранейшыя формы. Ён падступаў знутры, як сон, і хацеў урэчаісьніцца. Як? Словаў яшчэ не было, а матрыца ўжо намацалася і займела найменьне.
Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён разьвёў па сьцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле, – сэнсарыфмавацца.
Магчыма, у ім нешта ёсьць ад Ur-мовы (першамовы). Некалькі разоў — у Швецыі і Нямеччыне — слухачы аб’яўлялі: мы зусім не разумеем беларускай мовы, але нам здаецца, што мы разумеем тое, што чуем...
Што да «Заваёўнікаў», яны пісаліся ня цягам гадоў, а наплывамі, і ўсё яшчэ застаюцца дарэшты ня выказанымі, хоць я іх і змусіў прыйсьці да завяршэньня.

Пра шлях і пошук

— У адным з версэтаў, друкаваных у «Дзеяслове» №17, ізноў зьявіўся архетып шляху. Ці можаце даць дэфініцыю Вашага разуменьня Шляху? Ці зьмяняецца яна цягам жыцьця?
А. Р.: У «Першай паэме шляху» ёсьць радок, які яшчэ не пасьпеў ад мяне адступіцца: «Я той, хто шлях і хто па ім ідзе». Шлях больш чым архетып. Архетыпы ўтвараюцца са сьлядоў і з досьведу, азначанага гэтымі сьлядамі. Яны на шляху, а шлях імкне ва ўсё большую наступнасьць і ў гэтым сваім імкненьні вызваляецца ад усяго, што было, у тым ліку і ад архетыпаў.
— Наколькі ўтульна Вам пачувацца ў сёньняшняй літаратурнай сітуацыі — у параўнаньні з часамі «Крыніцы», да прыкладу?
А. Р.: Уражаньне: айчынная літаратура распалася на паасобныя дзялянкі і латкі, апынулася бяз стрыжня. Ня ведаю, каму ўтульна ў такой сітуацыі, але самой літаратуры — не. Ва ўсе часы яна была Ватыканам у Рыме і ў тым, што пісалася і гаварылася, захоўвала нешта большае за самое тое, што пісалася і гаварылася. Цяпер усё агалілася, таямніцы пазьнікалі, і рэалізм — ня толькі і ня столькі ў нас, але шырэй-шырока — займеў яшчэ адно ўвасабленьне.
— Якое?
А. Р.: Умоўна і не ўсур’ёз гэта мушыны рэалізм, ці, калі скарыстацца назвай навэлы Юрыя Станкевіча, рэалізм «ізумрудна-зялёных мухаў». Альбо яшчэ вельмі-рэалізм.
Мухі ды чарвякі — найпершыя істоты, якіх вабіць тое, што распадаецца, псуец­ца, гніе. Ім гэта падабаецца, у гэтым яны знаходзяць спажытак, і — галоўнае — саміх сябе. Яны вельмі-рэалісты, і самою сваёю актыўнай прысутнасьцю сьведчаць, што з целам рэчаіснасьці нешта ня так.
— Ва ўсходніх вучэньнях адвяргаецца інтэлектуальны пошук, бо, маўляў, усё ўжо ёсьць у самім чалавеку. Як Вы ставіцеся да гэтае тэзы?
А. Р.: О не, на Усходзе пошук, калі ён на самой справе пошук, куды больш самаадданы і мэтанакіраваны, чым на Захадзе. Чалавек мусіць адасобіцца ад сябе-абалонкі і дайсьці да сябе-сутнасьці. Кручы і прорвы, што яго чакаюць на гэтым шляху, сапраўдныя. Але і вынік сапраўдны.

“Паэзія павінна пераўзыходзіць майстэрства”

— Чым розьніцца энергетыка літаратурнага сьвету Нямеччыны й Беларусі?
А. Р.: Нямецкая літаратура забясьпечаная большымі магчымасьцямі і мае большую вагу. У яе полі здаўна сустракаюцца еўрапейскія літаратуры, а яе логас аўтаномны настолькі, каб не залежаць ад узьдзеяньня дыктатаў і ідэялогмаў. Што да ўдзельнай вагі, то ў беларускай літаратуры яна ня меншая.
— Ёсьць меркаваньне, што для сёньняшняй маладой паэзіі зьместавасьць саступае месца відовішчнасьці, што гэтакзваная «кічавая» эстэтыка перамагае «інтэлектуальную». З іншага боку, паэты вучацца прэзентаваць сябе і сваю творчасьць. Цікавіцеся здабыткамі тых, хто пачынае?
А. Р.: Цікаўлюся — былі б здабыткі. Але каб рабіць нейкія высновы, трэба хаця б азнаёміцца з тым, што ёсьць. У тым, што чытаў, угадваюцца патэнцыялы. Магчыма, яны адолеюць спакусу самавыстаўляцца любым коштам, дэманстраваць дэманстрацыю, а здолеюць разьвіцца і выявіцца.
— Ці было такое, каб Вы былі незадаволеныя ад створанага?
А. Р.: Ёсьць вершы-спробы, вершы-эксьперыменты, гэта ўсё натуральна і зразумела, хоць і ня ўсё варта аб’яўляць. Ну і ёсьць проста вершы-няўдачы — яны пішуцца не ад сябе, а за сябе. Я таксама ня вольны ад іх, але іхняй вытворчасьцю не займаўся. Попел — самае лепшае, што застаецца ў такім выпадку ад напісанага.
А калі па вялікім рахунку, то паэзія павінна пераўзыходзіць нават майстэрст­ва — пакідаць яго ззаду. Яны сінонімы адно да пэўнага ўзроўню, далей разасабляюцца: майстэрства рухаецца па пракладзеных рэйках, паэзія ідзе бездарожжам.

Пехатою, бездарожжам
Аднаго пайду шукаць,
Што ніколі мець ня можна,
Што ніхто ня можа даць.

Згадваеце радкі з верша Натальлі Арсеньневай?


Персьпектывы, знакі, закулісы

— «Wortdichte» — першы вопыт стварэньня вершаў не па-беларуску? Калі не сакрэт, якая далейшая Вашая кніга маецца выйсьці?
А. Р.: Паўтару тое, што некалі занатаваў: «Адна немагчымасьць — гэта толькі немагчымасьць. Але сума немагчымасьцяў дазваляе ўзьнікнуць новаму стану рэчаў — магчымасьці».
У выпадку з «Wortdichte» сутыкнуліся дзьве немагчымасьці: па-першае, мова, якою я не валодаў, па-другое, самае адмысловае, што можа на мове ўзьнікнуць, — верш.
Я не прыстасоўваўся да нямецкамоўнай паэзіі — гэта бесьперсьпектыўны занятак, а проста загаварыў з нямецкімі словамі, як гавару з беларускімі. Кніга «Wortdichte» напісалася, ці, больш дакладна, намалявалася нямецкімі словамі на Замкавай гары ў Грацы за тры месяцы. Неўзабаве выдаецца новая кніга: у ёй «Wortdichte» займелі свой працяг і разьвіцьцё.
Што да кніг на радзіме, то, спадзяюся, яшчэ сёлета нешта ўбачыць сьвет.
— Як узважваеце шанцы Рыгора Барадуліна на атрыманьне Нобелеўскай прэміі?
А. Р.: Самая вялікая ўзнагарода для творцы — самі творы. Калі яны спраўдж­ваюцца, яны маюць на сабе адзнаку нябеснага багаславеньня.
У прэміяў свае расклады, свае закулісы, але хай творца не турбуецца пра тое, каб ім дагаджаць, бо калі пачне дагаджаць, заблудзіцца і змушаны будзе дапасоў­вацца да ролі.
— За час Вашае адсутнасьці што вонкава зьмянілася тут?
А. Р.: Што зьмянілася? Горад і людзі. У параўнаньні з мінулымі гадамі расклад упарадкаваўся, рэчкі і ручаіны займелі рэчышчы. Куды і як яны цякуць, гэта другая гаворка, але цякуць. Мітынговыя часы адступіліся ў мінулае, персьпектыва — у наступнасьць.
— У чым Вам бачыцца адметнасьць гэтае персьпектывы?
А. Р.: Персьпектыва асаблівая тым, што ў ёй заўсёды ўтрымліваецца метафізічны пачатак, які ніколі ня зводзіцца да пераразьмеркаваньня і пераўпарадкаваньня таго, што ёсьць. Ён бачыць у чалавеку саму сутнасьць — бога і хоча, каб бог уваскрос — у ім, чалавеку.
— Якое стаўленьне да рэлігіі ў Нямеччыне?
А. Р.: У Нямеччыне рэлігія раствораная ў штодзённым жыцьці, у людскіх звычаях і паводзінах. Калі адцяняць кантрасты і абагульняць характарыстыкі, можна сказаць: беларусы больш набожныя, але менш рэлігійныя.
— Апошнія падзеі ў Амерыцы — ці бачыце ў іх нейкі знак?
А. Р.: Для таго, каб распазнаваць знакі, іх трэба суадносіць з пэўнаю сістэмай. Што азначае «амерыканскі» знак, хай скажа той, хто такою сістэмай валодае. Адзінае, у нашым прычынна-выніковым сьвеце нават капрызы прыроды так сабе не здараюцца.

Быкаў, залежны ад акалічнасьцяў

— Алесь Сьцяпанавіч, ці мелі Вы нейкія стасункі з Васілём Быкавым у Нямеччыне?
А. Р.: Так, з Васілём Быкавым я калі-нікалі перамаўляўся па тэлефоне: ён у Франкфурце, я ў Гановеры, ён у Празе, я ў аўстрыйскім Грацы (які ён, дарэчы, вызваляў), і яшчэ гаворка ў Гановеры — спачатку разам з арганізатарамі двухдзённага семінару беларускай літаратуры, які там праводзіўся, а потым сам-насам.
— Якія Вашыя ўражаньні ад гэтай сустрэчы?
А. Р.: Ён не хаваў свайго расчараваньня. Той увагі, на якую ён спадзяваўся, ня меў («Ніхто мне ні разу нават не прапанаваў надрукавацца», — яго словы), за­планаваныя нашым ПЭНам сустрэчы зрываліся, задуманая місія не зьдзяйсьнялася. Ён апынаўся без рэчаіснасьці — адным з многіх, занадта залежным ад акалічнасьцяў...
Што, аднак, найбольш уражвала ў ім — яго гатоўнасьць і здольнасьць трымацца да канца, без асаблівай надзеі на тое, што нешта перайначыцца...

«Літара спатыкненьня»

— Васіль Быкаў, як гэта стала магчымым, перайшоў да г. званага «клясычнага» правапісу. Вашыя ж кнігі ўсе выходзілі «наркамаўкай». Якія Вашыя стасункі з мяккім знакам?
А. Р.: Мяккі знак стаўся палітычнай фігурай альбо, паводле біблійнага азначэньня, літарай спатыкненьня.
Пытаньне ўдасканаленьня сістэмы айчыннага правапісу даўно вісіць у паветры, але вырашаць яго трэба ня так, не самаволяй і не хаўрусам, а то недавырашанае, яно спараджае лішнія непаразуменьні і дадае цяжару таму, чаму і так нялёгка, — самой беларускай мове.
«Я за беларускую мову».
«А за якую — тарашкевіцу ці наркамаўку?» — вось вам дыстылят айчыннага дыялогу.
Тое, што мусіла б аб’ядноўваць, ужо здольна і разьядноўваць.
І выдумаў жа нехта мянушку «наркамаўка»!.. Няўжо ён не адчуваў, што гэтым ён зьневажае ўсю мову? Калі ўжо захоўваць набраны гукарад, то ўсё ж прыстойней вымаўляць «нармаванка».
Падаецца, «Дзеяслоў» прапануе гэткі сярэдзінны варыянт — калі сродкамі правапісу перадаецца фанетыка «нармаванкі». Мажліва, каб зусім наблізіцца да нормаў вымаўленьня, варта пазначаць на пісьме і асіміляцыю ў выпадках, кшталту: на рэццы, нарэсьце; прыяжджаць, а таксама — не адмаўляцца ад пазначэньня мяккасьці ў прыназоўніках (зь ім, безь яго і да т. п.).
А. Р.: Мяккі знак — яшчэ ня ўвесь алфавіт, тарашкевіца — ня ўся мова, а моўны рэгіён, на якую яна абапіралася, — ня ўся Беларусь. Астатнія рэгіёны са сваімі моўнымі асаблівасьцямі ня менш, а то ў нечым і больш беларускія.
Мне асабіста з маленства блізкая гаворка з дзеяслоўнымі фанемамі на «са» і «ті»: наеўса, напіўса, наробіўса; жыті, казаті, меті. Для яе нават нармаванка гучыць замякка, што ўжо казаць пра тарашкевіцу. Пры цяперашнім адвольным, а то і ніякім, вырашэньні моўных пытаньняў носьбіты гэтай гаворкі маглі б прэтэндаваць на тое, каб яе асаблівасьці былі ўведзены ў моўную норму — хаця б, для адказу, па той прычыне, што руская мова такімі асаблівасьцямі не валодае.
Не на адной мяккасьці трымаецца мова. Перанасычаць яе дадатковаю мяккасьцю — азначае вяртацца да стадыі дыялектаў.
— У гутарцы, друкаванай у «Дзеяслове» №15, кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі зьвязваў карыстаньне «дарэформавым» варыянтам мовы, акрамя ўсяго, з «піжонствам, элітарнасьцю, беспадстаўным жаданьнем выдаць сябе разумнейшым за іншых». Апалагет жа «тарашкевіцы» апелюе да адраджэнскіх нашаніўскіх традыцыяў.
А. Р.: Калі зьвярнуцца да традыцыі, то нешта ж было і да «Нашай Нівы». Напрыклад, той жа «Статут Вялікага Княства Літоўскага» з яго ўзорнай літаратурнай мовай, чые асаблівасьці, вось жа, збліжаюцца і супадаюць якраз з асаблі­васьцямі згаданай гаворкі.
Урэшце, мяккі знак гэта ніякі ня мяккі знак. Мяккі знак — ён у лацінцы, а ў кірыліцы гэта паўнаважкая літара, якая сваёй паўнаважкасьцю разьбівае здвоеныя зычныя, што, у прынцыпе, пярэчыць арфаграфічным правілам.
Калі ўжо быць пасьлядоўным рэфармістам, то, замест таго, каб зацыклівацца на «літары спатыкненьня», варта было б зьвярнуць увагу і на астатні алфавіт. У беларускай мове ёсьць у-доўгае і, адпаведна, — у-кароткае (ў), і-доўгае і, адпаведна, і-кароткае. Аднак пішацца яно зусім не адпаведна. Калі пісаць адпаведна, яго належала б пісаць вось так: j (моj, галавоj, думаj, працуj, батлеjка, аjчына, Нью-Jорк, Jіўе — ад аднаго тамтэйшага чалавека некалі чуў, што “і” ў “Іўе” вымаўляецца глыбей і даўжэй, чым гэта прапануе напісаньне, магчыма, як “ї” у слове Київ”).
І-кароткае, уведзенае ў айчынны правапіс вышэйпазначанай літарай, пэўна, дадало б яму праўдзівай адметнасьці, а мове вярнула б яшчэ адну рысу беларускасьці.

Беларуская ідэя

— Другое дзідаламальнае пытаньне апошніх 15 гадоў — «Нацыянальная Ідэя». Колькі фармулёвак напрапаноўвалася... Ці ёсьць у Вас свая?
А. Р.: Яна ня хоча фармулявацца, магчыма, і не павінна… Сфармуляваныя, ідэі аддыстылёўваюцца ад рэчаіснасьці і немінуча ператвараюцца ў схемы, зазвычай ваяўнічыя. Сутнасьць не ў ідэі, а ў прынцыпе — у тым жыцьцёвым пачатку, якім жывіцца ідэя, а паэзія натхняецца.
— Алесь Сьцяпанавіч, што такое паэзія?
А. Р.: Уводзіны ў невымоўнае.

Верасень 2005
Алесь Разанаў
Пункціры

*
Звон зазваніў:
прастора
займела цэнтр.

*
«Цяпер і падужацца можам!..»
На вецер скінуў
аздобу сваю
дзьмухавец.

*
Сьпякота.
Хаваецца цень
у дрэва.

*
Пачакай, не зьнікай,
белая аблачынка:
мы зноў
сустрэцца ня зможам.

*
Круціць на рынку
катрынку васпан:
разглядаюць
наўкольле гукі.

*
Галоўнае — не выстаўляцца!..
Між шпал
разлапушыўся трыпутнік.

*
Апоўдні.
Высокімі галасамі
выкрываюцца на рынку
кошты спаржы.

*
Пад каланадай нязграбна
дзяцюк прымярае шапку
з блішчастай кукардай.
«Пасуе», —
ківае крамнік.

*
Павеяла прахалодаю:
шле
рака прывітаньне.

*
Коціцца і бразгоча
па бруку бляшанка:
вясткуе буру?!.

*
Парожнія сумкі:
шпарка
едзе на ровары
паштавік.

*
Нават старая сасна
падала свой голас:
музыка-дзяцел.

*
Узьняў ганарліва
свае шышакі:
глядзіце —
і ён з ураджаем!..
Лопух.

*
Глянула —
і са мною
схавалася ад мяне
яшчарка ў схову.
Бязлюдны хутар.

*
Наставілі вушкі
за шклом вітрыны
файныя кубачкі:
мо хто возьме?!.

*
Удвух абдымаем
вячысты дуб,
трэцяга не хапае:
каго паклікаць?!.

*
Сонца зірнула —
і ў скрынцы
вулічнага прадаўца
зазалацелі пярсьцёнкі.

*
Дождж:
возера
ў акупунктуры.

*
Бліскае.
Едзе гром
па вогненых рэйках.

*
Перамаўляюцца цераз дарогу
дзьве маладзіцы:
машыны
з размовы выхопліваюць кавалкі.

*
Дажджыцца.
У каласах
зярняты — сьлязіны.

*
Давай паплывем!..
Рака
падмывае бераг.

*
Сонца заходзіць.
Куды-куды
над зжатым палеткам
сьпяшаешся, матылёк?!.
*
Куча пяску:
расьце
углыб і ўгару паверхня.

*
«А вось яшчэ што!..»
Нанова
ўсчынае размову
асеньні дождж.

*
Возера.
У адлюстраваньне
падае ліст.

*
«Дзе мае плёны?»
Точыцца скрозь
у шчыліны восень.

*
Ну хоць бы хто зачапіў!..
Ля сьцежкі
шыпшына ў шыпшынінах
перасьпелых.

*
Дол у жалезе,
у срэбры трава:
навіна
ўсялілася ў навакольле.

*
Дзе яны, ўсклікі?!.
Ляцяць
пад небам сьцямнелым
гусі.

*
Хапаецца за каменьне
бурлівы ручай:
няўжо
я ўжо дабег да мора?!.
*
Лісьцё ападае.
Лес
падаецца ў вырай.

*
Кідаю ў кантэйнеры
слоікі і бутэлькі:
то белы дасьць звон,
то зялёны...

*
Цямнее:
пара
запальваць ліхтары.
Цяжчэе:
пара ўсьміхацца.

*
Нехта павінен прыйсьці?!.
За ноч
аздобіла сьцежку шэрань.

*
Махае за плотам
лістотаю бэз:
адчапіся, сьцюжа!..

*
Ну хто яшчэ здолее так?!.
Па вадзе
бяжыць і сабой ганарыцца
качка.

*
Куды вы?!.
Плывуць аблачыны:
над голым гаем
бухматыя шаты.

*
Выпхнуліся на сушу
і ў сон
уклаліся ніцма:
лодкі.
*
У сьнежным бязьмежжы:
прагалы —
людзі.

*
Шчэміцца ўсьлед за мною
у кірху кляновы ліст:
на вуліцы нецікава.

*
Сьцежкі разсьлізгваюцца:
ідзе
зіма ў адпачынак.

*
Кропка і штрых:
іглічка
трымае кроплю.

*
I гэта ня тое,
і тое ня гэта:
з вядра
выкідвае сьмецьце варона.

*
З дахаў пазьвешваліся ледзяшы:
трохі яшчэ —
і дацягнецеся да долу.

*
I першы промень табе,
і апошні:
мясцовая кірха.

*
Ходзіць і працінае
сваёю дзідай
шматкі каляровыя
і бляшанкі:
сьмяцяр-ваяр.

*
I гэта работа!..
Цалюткі дзень
стаіць манекен каля крамы:
ў кішэнях рукі.

*
Спазьняешся?!.
Без дарогі
сьпяшаецца некуды
леташні ліст.

*
Зацьвіў —
і зрабіўся
усім знаёмы:
бэзавы куст.

*
Між высьветленых вітрын
дзьве негрыцянкі ўзьнёсла
нясуць сваю прыгажосьць.

*
Імклівыя уверцюры!..
Па мосьце
праносяцца цягнікі.

*
Дождж усчынаецца.
Гладзіць матуля
дзіцёнка па галаве.

*
Дорыцца гэтаму і таму
сонечны зайчык:
дзяўчаткі
на школьным ганку.

*
Людна.
Прымерваю на сабе
шматлікія постаці і абліччы.

*
Піша нястомна
ссохлая чараціна
ў паветры свае пісьмёны:
зялёным у павучаньне?!.

*
Які маляўнічы водгук!..
Сасна
на ўзбураным узьбярэжжы.

*
Лёткія ластаўкі:
з гукам гук
зьвязваецца ў ізаглосы.

*
Вясельле ў завулку.
У грыву каню
ўплятаюць дзяўчаты стужку.

*
«Так доўга цябе не было!..»
Сьцяблінка
выжальваецца лістку.

*
Парушаны мур.
Упарта
трымаюцца камяні
за даўнюю веліч.

*
Полымем,
дымам
і попелам,
як і раней,
яднаюцца дуб і бяроза.
Дома.

*
Бліскучае шво!..
Зіхаціць
у хмарах маланка.