12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Івашчанка

_____________________
Плошча Перамогі. Тры аповеды

Гледачы


Декан Свифт нанял актёров,
чтобы те несли людям его мысли.
Но наш губернатор оказался хитрее –
он нанял зрителей.
(З кінафільма “Дом, который построил Свифт”)

У двары патыхала восеньскай цвіллю. Дрэвы стаялі амаль голыя, і, адпаведна, лісця пад імі было па шчыкалатку (каму – дрэвам? – заўв. рэд.).
У неасветленым двары, па выцвілым лісці каталі дзяўчо. У апошнім сказе процьма алегарычных недакладнасцей. Бо насамрэч дзяўчо білі. Моцна. Ёсць у братняй мове слова, якое больш ёміста перадало б сэнс. Нават не адно, але чорт з імі… Дый ці “дзяўчо”? Па ўзросце – так. Але толькі па ўзросце…
Сяржук з жонкаю йшоў па парку. Там, як ні парадаксальна, была гэткая ж карціна, што і ў двары (у сэнсе, лісце). Яны вярталіся дахаты як людзі, для якіх не было, папросту не магло існаваць нічога па-за імі й тым, што ў іх. Гэтае апошняе дэ-факта знаходзілася (то бок рухалася, харчавалася, а калі каго цікавяць дэталі, – выбудоўвала свой косны мозг) у жонцы, але, далібог, Сяржук таксама пачуваўся цяжарным. Прынамсі, жорсткі жончын таксікоз, відаць, часткова перадаўся й яму (як гэта заўжды здараецца з хворасцямі тых, каго любіш)…
Яны зайшлі ў двор, і жонка вымавіла: “Божа…”
“Хадзем, хадзем”, – з ненатуральнай бадзёрасцю вымавіў Сяржук.
Яны ўвайшлі ў пад’езд, падняліся на сямнаццаць прыступак – першы пралёт, дзе вакно – і жонка сказала: “Пачакай. Трэба. Вярнуцца”. “Так”, – адказаў ён, але спярша, з хвіліну, яны глядзелі з вакна на гэты мортал комбат.
(Трэба сказаць, што некалькі жыхароў таксама назіралі за збіццём – са сваіх гаўбцоў. Палілі, глядзелі… Чырвоныя кропачкі іх недапалкаў то раздзьмуваліся, то затухалі)
Дзяўчо каталі па лісці, з кута ў кут, ад сценкі да сценкі гэтага абгароджанага ліпамі двара-пакою, і зразумець тое, якія вялікія адлегласці пераадольвала цела пасля чарговага ўдару, можна было па хрыплых, і кожнага разу ўсё менш упэўненых воклічах ахвяры. Дэталяў у цемры разабраць было нельга. Толькі цені. Удар – храбусценне лісця (ці костак?) – вокліч…
Сяржук з жонкай спусціліся й падыйшлі да бардзюра – мяжы, што раздзяляла пляцоўку й асветленую едкімі пад’ездавымі ліхтарамі частку двара. Біў адзін, астатнія моўчкі стаялі. Той, які біў, часам прамаўляў.
Яны пазналі ахвяру. Найперш па голасе. Гэта была дзяўчынка-падлетак, што часцяком сядзела на лаўцы каля “сіняга” пад’езду, у адной з “сініх” кватэраў якога і жыла разам з маці. Так ужо нейк склалася, што ў гэты пад’езд перабраліся ўрэшце ўсе “сінякі” хрушчоўкі (яны ж алканаўты, булдосы, аматары вадкасці № 2 й гэтак далей). На дзвярах гэтага пад’езду, у адрозненне ад усіх астатніх, не было дамафону – яны былі гасцінна расхінутыя і ўдзень, і ўночы. Як, дарэчы, і большасць паштовых скрыняў, якія ў лепшым разе былі падвязаныя дротам ці падлепленыя скотчам. Нягледзячы на выгоднае размяшчэнне дому, шэраг кватэраў пуставаў, паколькі чалавек, як вядома, смяротны. І не існавала такога, нават “чорнага”, рыэлтара, які б прымусіў кагосьці туды засяліцца. Тыя ж нешматлікія нармальныя (тут пальцамі робіцца дзвюхкоссе ў паветры) людзі, што заставаліся ў пад’ездзе… Зрэшты, цяпер гаворка не пра іх.
Такім чынам, там (на лісці) была дзяўчынка з сіняга пад’езду. Сяржук, стараючыся рабіць гэта гучным нізкім голасам, запытаў у накірунку пляцоўкі: “Что вы делаете?!” Яму адказалі: “А ты че здесь делаешь?” На гэта ў яго не было адказу. Разам з жонкай яны адышлі да лаўкі (дзе лямпачка)… “Трэба выклікаць міліцыю”, – сказала жонка. “Так. Патэлефануй”. Ён не хацеў, каб жонка бачыла, што ў яго падрыгваюць пальцы.
Покуль жонка чакала адказу аператаркі, ён, каб нешта рабіць, вярнуўся да бардзюра. Ахвяра, мабыць, добра ведала таго, хто яе б’е: “Ну всё, бля, – скавытала яна, – теперь я точно в ментовку заявлю”, – і атрымлівала новы ўдар “пырам”. Да Сержука звярнуўся хтосьці з “назіральнікаў”: “Всё нормально. Брат сеструху воспитывает. А хто ты ваще такой?..” Тым часам сямейнае выхаванне працягвалася…
Ён вярнуўся да жонкі. “Выклікала?” “Так, сказалі, нарад выехаў”. “Ну, то хадзем”. Яны падняліся ў кватэру. “Пастаў імбрык. Я пайду выкіну смецце. Дарэчы, ты прозвішча называла?”. “Так”. “Дарма”. “Глядзі там, калі ласка, асцярожна…” – гэта ўжо ў зачыненыя дзверы.
Сяржук паставіў закручаны пакет са смеццем каля лаўкі й прысеў. “А можа й сапраўды нармальна? Можа, хоць мазгі ёй трохі ўправіць”, – не падумаў, а чамусьці прамармытаў ён…
…З дзяцінства яго выхоўвалі абаронцам (радзімы, малодшай сястры, футбольнае брамы… – патрэбнае падкрэсліць). Да пэўнага моманту ён быў перакананы, што гэтак жа і з усімі… Гэты пэўны момант надышоў у другім класе. Тады настаўніца выйшла кудысьці пасярод уроку, пакінуўшы класу колькі хвілінаў на шаленства. Як толькі дзверы за ёй зачыніліся, галоўны двоечнік і хуліган (адкрыць/закрыць дзвюхкоссе) з прозвішчам Садзін, якое цалкам адпавядала яго садысцкай натуры, ускочыў з месца й пачаў корпацца ў торбачцы настаўніцы. Тады Сяржук, як гэта і належыць герою, падышоў да адмарозка й адабраў торбу. Садзін, які быў на галаву вышэйшы й на парадак шырэйшы, з цікавасцю паглядзеў на Сержука й сказаў: “Ну, пойдём. Выйдем”. Яны выйшлі. Садзін адыйшоў у канец пустога калідора, разбегся і з усяе моцы наскочыў на Сержука. Яны ўпалі, і Садзін, вядома ж, апынуўся зверху. Далей, седзячы на грудзёх і прыціснуўшы рукі да паркету, ён распавёў і паказаў, што мог бы зрабіць з ім далей (“бычок”, галавой аб падлогу, вочы й да т. п.). “Ну, што, понял?” – пасля гэтай вучэбнай дэманстрацыі сілы запытаўся хуліган. Сяржук, вядома, “понял” (і дзякуй Богу, што ніхто з класу ўсяго гэтага не бачыў)…
Пасля ён быў сведкам шматлікіх падлеткавых боек – асабліва ў піянерлагерах, дзе рэалізоўваўся прынцып вайсковае дзядухі, які заахвочваўся кіраўніцтвам гэтых установаў. І заўжды, калі кагосьці “апускалі”, з’яўлялася гэтае… так бы мовіць, апраўданне жорсткасці. Не заўсёды нават прамоўленае. Нібыта самамэтай была не бойка альбо доказ уласнае крутасці, а – нейкае сцверджанне вышэйшае праўды… І калі нейкага хлопчыка, які чымсьці вытыркаўся з агульнае масы, змушалі, прыкладам, станавіцца на калені пасярод лагернае палаты на вачох ва ўсяго атраду, хтосьці салодка намармытваў на вушка: “Усё нармальна, усё нармальна…” Хто? Закон самазахавання…
Сяржук назіраў, як пры набліжэнні патрульнае машыны хлопцы нетаропка рушылі прэч, пакінуўшы дзяўчо на лісці. Задаволеныя гледачы вызвалілі гаўбцы. (Гаўбцы! Заслона.)

Яны пілі гарбату, і жонка хітнула ў бок вакна, за якім у выцвілым лісці па шчыкалатку стаялі, пра нешта перамаўляючыся, дрэвы, і запыталася: “І што з гэтым усім рабіць?” Сяржук, хітнуўшы ў бок яе жывата, прамовіў: “Рабіць сваю справу. Каб нас было болей. Чым іх”. “Так. Сваю справу. Але яна, – ізноў кіў у бок двара, дзе на падваконнях курчыліся бычкі, а сярод лістоты – цела трынаццацігадовае істоты, – таксама будзе. Рабіць сваю справу…”
11 верасня 2009 г.

Сын палка

“Ну, не выкідаць жа ўсё гэта”, – звыкла падумаў К., разграбаючы стосы газетаў за год. З большага тое быў, як ён гэта называў, “агітпроп”, які ён раз на год раскідваў па скрынях суседніх дамоў. Без нейкае сістэмы і думкі “а раптам прачытаюць і на іх спусціцца прасвятленне”. Не, ілюзіяў адносна суграмадзянаў К. не меў. Але напраўду рука не падымалася выкідаць “нячэсную” прэсу, якую ён сам, хаця й мог бы цалкам абмежавацца інтэрнэтам, прачытваў даволі падрабязна.
Ён быў падпісаны на два тыднёвікі. Плюс розныя газеткі-ўлёткі, што траплялі да яго падчас “акцыяў апазіцыі”. Агулам каля ста розных нумароў за год асядала пад кампутарным сталом – дзесьці на два пад’езды дзевяціпавярховіка.
Хаця ілюзіяў К. і не меў, але яму ўсё ж цікава было б паназіраць, як адрэагуе які-небудзь дзядок на газету, прыкладам, паўгадовае даўніны, дзе вядзецца пра несанкцыянаваны мітынг ці палітвязняў. І таму адзін адмысловы нумарок ён падкінуў у скрыню да суседа. Нумар цалкам быў прысвечаны шматлюднаму веснавому шэсцю й быў аздоблены вялікай колькасцю дыхтоўных фотаздымкаў.
Назаўтра, на Каляды, да К. меліся прыйсці сябры і ён у кожным разе збіраўся завітаць да суседа па зэдлікі. Сам К. здымаў аднапакаёўку ў цэнтры, навучаючыся на завочным аддзяленні тэхнічнай ВНУ. Зарабляў усталёўкай шафаў-купэ. Не шмат, але на аплату вучобы й кватэры хапала.
Увечары, калі сябры разыйшліся, трошачку нападпітку, ён панёс зэдлікі назад. Сусед быў дзядуля-ўдавец. Сын палка ці нешта ў такім духу. Рэгулярна браў удзел у парадах перамогі, дзе бадзёра выкрочваў у першых шыхтах сярод гэткіх жа бадзёрых сівых франтавікоў.
Разам з зэдлікамі К. захапіў і ладны кавалак торту. Дзядуля, як і чакалася, прапанаваў застацца на гарбату, паколькі «в одиночку такой кусище одолеть уже не в силах». К., паадмаўляўшыся, застаўся. Газетку запрыкмеціў адразу як увайшоў у пакой. Яна ляжала на часопісным століку ў варожым акружэнні святочных выданняў, дзе падводзіліся бліскучыя вынікі чарговага году Свінні. Дзед, падобна, таксама атрымліваў дзве газеты. Вядома, трошкі іншага зместу. Сядаючы, К. намацаў нагой штосьці драўлянае. Зірнуў пад столік – малаток.
Пасядзелі, утыркаючы ў вечаровую шоў-праграму. К. няўзнак пачаў перабіраць газеты. Узяў у рукі свой пакамечаны нумар.
– Интересно, это когда же такое было? – удаючы здзіўленне запытаў К.
Дзед устаў і прыглушыў гук старэнькага “Гарызонта”.
– А-а, как раз хотел спросить. Вот, достал сегодня из ящика. Видать, ошиблись. Может, тебе хотели бросить?
– Да что вы. Я газет вообще не читаю. Интернет же есть. Да тут посмотрите – мартовский номер. Десять месяцев газете.
– Полистал я, – працяжна вымавіў стары. – Занятная газетёнка. Пишут, будто семь тысяч на митинг вышло. На годовщину бэнээфа ихнего. Не, не бэнээфа. Бэнээра. И фотографии. Милиция будто бы в подземном переходе кого-то ногами била. Пишут, что сидит кто-то. «Палитвязьни», кажись. Это, конечно, правильно, что разгоняют. Отморозков… Но вот все равно не понимаю. Семи тысяч там, понятно, не было. Это оппозиция п...дит, как обычно. Ну пусть две тысячи. В новостях, кажись, такую цифру называли и показывали фашистов этих…
Дзед тыцнуў пальцам у газетны фатаздымак, дзе маладзёны, захутаныя ў шалікі, неслі вялізную расцяжку:
– Ну вот скажи ты мне – чего они выходят? Неужто у запада бабок столько, что всем заплатили? Мне вот психология их интересна. Молодежи на фото много. Вот ответь мне, ты, молодой: что их не устраивает?
К. чакаў падобнага пытання, але ўсё адно сумеўся. Нават трошкі пачаў хвалявацца. Як тут адказаць?
– Ну, не знаю. Вон пишут, что в Европу хотят. Что БССР надоел. Хотят этих, честных выборов. Студенты против распределения...
– Гаўнюки! – грозна перапыніў дзед. – Президент им возможность учиться дал, стипендию. А они – «у Эўропу»! И, главное, ездят и повсюду трындят, чтобы санкции ужесточили. Хорошенькие патриоты, ага. Или еще беларускамоўные. Видел я как-то на почте одну бабу. Возмущалась, что бланки только на русском. Надменная такая, как будто самая главная, как там па-ихняму – «з пыхай». «Ганьба» – говорит. Ну, и все в таком духе.
Памаўчалі.
– Ну, я, наверно, пойду.
Дзед не чуў.
– Да я в ваши годы фашиста бил, а они готовы за зелёные на ганса вкалывать. Вон внук мой – эмигрант, бля. Живет в этом, как его, слово такое мудацкое... А, в Дортмунде. Звонит: “Дедуль, приезжай. Так хорошо здесь живется”. Тьфу ты! Небось сортиры бюргерам вылизывает, другую работу русским там не доверяют. Сам-то явно, если б возможность дали, за бугор свалил? – дзед сувора паглядзеў на ці, дакладней, скрозь К., бачачы ў ім зборны вобраз моладзі. У галаве ўзнікла фраза з фільму: “Я вообще-то это, Родину люблю”. Але К. прамовіў іншае:
– Меня и здесь устраивает. Зарабатываю нормально. В Европу могу и так, на экскурсию съездить.
Дзед паспакайнеў.
– А давай, сосед, с Новым годом, – падыйшоў да шафы й дастаў спалавіненую пляшку каньяку. Наліў. Выпілі.
– Ну, хорошо. А что они знают о БССР? Только то, что им ихний Поздняк в уши вдул? Да и внук, ну, тот, что в Германии, тоже трындит. Это чтобы перед братишкой двоюродным повыделываться, вторым моим внучком. А тот по митингам не шлялся. Окончил Академию управления. С отличием. Сейчас государство ему квартиру строит. А что там, в Этом Мунде? Че-че-вэ? Человек человеку волк. Ну, давай. С Новым годом, – стары кульнуў кілішак.
У кватэры зверху гучна заенчыла дзіця. Дзед зірнуў на гадзіннік і раптам схапіўся за малаток. З нечаканым спрытам падбег да вакна й сем разоў грукнуў у батарэю. Дзіцё не супакоілася.
– Житья от них нету. Одиннадцатый час. Весь день ляпают, прыгают, топают по голове, так и ночью отдохнуть невозможно.
Дзед падыйшоў да тэлефона й пачаў па памяці круціць дыск. К. цішком рушыў у вітальню. Апранаючы боты, ён чуў, як дзед кляне суседзяў, пагражаючы грамадзянскім кодэксам. Што праўда, тэлефанаваць было не абавязкова: раз’юшаны лямант суседа мусіў быць добра чуцён і так.
К. збягаў па лесвіцы, несвядома намармытваючы грэбеньшчыкоўскае: “Вперед-вперед, плешивые стада, дети полка и внуки саркофага...” З сабой ён аўтаматычна прыхапіў з вітальні зэдлік (рыхтык торбу ці кейс, з якімі прыйшоў). Схамянуўся толькі на вулцы. Паставіў зэдлік, сеў, запаліў. Скрозь каламутнае покрыва змяшанага з туманам снегу перад вачыма К. праходзілі кадры: нарыхтоўка курапацкіх крыжоў, бульдозеры, начоўкі ў намётах – у Курапатах і на асфальце галоўнага пляцу Краіны... Не, сам ён не стаяў ні ў катлаване будаванай МКАД, ні ў ачапленні намётавага мястэчка. Кадры тыя К. ведаў з газетаў ды Нэту.
І яшчэ бачылася К., як заўтра ён ідзе з заплечнікам, бітма начыненым свежымі газетамі, улёткамі ды налепкамі. Гэткі гібрыд шахідскага Дзеда Мароза й тэрарыста Івана Памідорава. Ідзе па сон і спакой невядомых яму сыноў і дачок палка.

28-29 снежня 2007 г.

Save

Ён яшчэ не бачыў, але цудоўна ведаў, што за кутом яго чакае чарговая зграя монстраў. Адчуваў іх смярдзючы ядавіты подых, чуў іхную бесталковую валтузню ў цемры. Ён набраў паветра, ускінуў кулямёт і запаліў ліхтар на касцы. Пачвары беглі проста на яго кулі, на да чырвані разагрэтую рулю кулямёта... Ён змушаны быў прыціснуцца да сцяны, распыляючы монстраў у мяса, у чырвона-зялёныя смаркачы. Цэліў проста ў агідныя пашчы, у вантробы, што расцякаліся па сценах, крывава распырскваліся па жалезнай мэблі й дымлівых маніторах. Самыя дужыя паспявалі драпануць яго па брані, але не болей. Наперадзе, ён ведаў, мусіць быць аптэчка. Сапраўды. Можна перавесці дых. Размяць здранцвелыя ад напружання пальцы і... захавацца.
Звон адстрэленых гільзаў рэхам разыходзіўся па апусцелых калідорах. Разрабы выдатна папрацавалі з гукам.
Амаль поўнае здароўе й браня. Файна. Цяпер у ліфт. Ніжэйшы ярус – апошні на гэтым узроўні. Прайсці яго ён беспаспяхова спрабаваў ужо тыдзень. Нават пачаў з нейкай сярэдзіннай захавалкі, каб трапіць сюды з лепшымі паказнікамі. Па выхадзе з ліфту чакала туева хуча стварэнняў, што пачалі гасіць яго ўсім, здаецца, што толькі было прыдумана ў гэтай гульні. Ды яшчэ на ногі кідаліся нейкая пацукападобная поскудзь...
“Кожнай пары – па твары!” – цадзіў ён, коцячы ў агідную гушчу апошнія гранаты, але паказнік здароўя раставаў на вачах. Усё. “Гейм авёр” – амаль весела канстатаваў ён ці то сам сабе, ці то свайму ноўту і зрабіў некалькі кругавых рухаў плячыма. Моцна балелі запясці й правы біцэпс. Гадзіннік на мікрахвалёўцы паказваў 4:00. Пад’ём на працу а палове на восьмую. “Факін шыт!” – інфантыльна мацюкнуўся ён. Вяртанне, як заўжды, было пакутлівым да самабічавання.
Падсвечваючы сабе шлях мабільным тэлефонам, на непаслухмяных нагах, што вярталі сабе валадарства ў гэтай рэчаіснасці, ён пачаў прабірац­ца па цёмным калідоры ад кухні да спальні, дзе мірна дыхала жонка. З чорных кутоў пазірквалі крыважэрныя вочы. “Севочка!” – паўз сон прамармытала жонка. Апошняе, пра што паспеў падумаць наш герой перш, як патануць у абдоймах Марфея, – падабенства свайго імя з ангельскім словам “save”. І як гэта ён раней не заўважаў?

Севу сніліся зялёныя літаркі. Яны даміношкамі падалі ўніз, пакідаючы па сабе каламутны шлейф. Затым Сева прачнуўся (вядома ж, у сне). Ён сядзеў на кухні, перад выключаным ноўтам, як раптам манітор ажыў, і зялёныя літаркі пасаскоквалі ў фразу: “Тук-тук. Ідзі за белым трусікам”. І тут жа прагучаў званок у дзверы. Па спіне прабегла дрыготка, але Сева рашуча падыйшоў да дзвярэй. Адчыніў іх. Там нікога не было. Тады ён збег уніз. Паўз яго двор беглі людзі. “Наступаем?” – спыніў ён кагосьці ў палітоне. “Адыходзім. Плошча перакрыта. Усе бягуць да Парку”. І Сева таксама пабег.
У Парку калыхаўся немалы шэры натоўп, над якім разносілася: “Ідзі за белым трусам! Ідзі за белым трусам!” Прыслухаўшыся, Сева зразумеў, што насамрэч скандуюць: “Ідзі за Беларуссю!” Раптам з усіх бакоў, бы прусакі, вельмі хутка пачалі выскокваць аднолькавыя чорныя амапаўцы. Людзі кінуліся наўцёкі. Севавы ногі сталіся ватнымі, і ён толькі стаяў і назіраў, як невялічкая купка маладзёнаў голымі рукамі спрабуе аказваць супраціў дручкам ды кірзачам жаўнераў Урфін Джуса. Ён схапіў тронак ад сцягу, што ляжаў на ходніку, й пачаў раскідваць амапаўцаў, бы тыбецкі манах. Амонаўцы адступілі, перагрупаваўшыся ў ланцуг. Сева зароў: “За Беларусь!” і пабег проста на чорны ланцуг. За ім беглі астатнія. На ім была лепшая браня. Плазменны кулямёт распыляў амап у хлам, у чырвона-зялёныя смаркачы...
На ранак усё балела, нібы пасля сапраўднае бітвы, але галава была ясная. З люстэрка ў лазенцы вінавата пазіралі напаўзаплюшчаныя (ці напаўрасплюшчаныя?) вочы з жоўта-чырвонымі бялкамі.
На працы да абеду адчувалася мулкая спустошанасць. Дзесьці на перыферыі свядомасці пазумквала думка: “Ну, добра. Хрэн з ім са здароўем. Хрэн з ёй з бранёй. Хрэн з ім з агнямётам ды поўным боекамплектам. Набыць плазменны кулямёт на ўсе, а там паглядзім...”
Насамрэч Сева не быў геймерам-псіхапатам з тых, што лепшыя гады жыцця бавяць у замацюканых ды прасмярдзелых потам кампутарных клубах. Дарэчы, ён памятаў, як з’яўляліся іх першыя аналагі, што месціліся ў павільёне метрапалітэна. “Байты”, “спектрумы”, “еэскі”... – ад адных гэтых назоваў тады беглі дрыжыкі. Толькі тыднёвых адкладанняў грошай, якія даваліся “на булачку”, ледзь хапала на адну імклівую гульню.
З параметрамі яго цяперашняга компу можна было дазволіць сабе самае свежае ды накручанае, але, паўторымся, маньякам Сева не быў. Яго мала цікавілі пакрокавыя ці рыал-тайм стратэжкі ды іншыя эрпэгэ, за якімі праседжвалі ўвесь магчымы час многія ягоныя калегі-супрацоўнікі. Наогул гуляць на працы ён сабе ніколі не дазваляў, адкрыта пагарджаючы тымі, хто патрапіў “у сістэму”. Вядома ж, і жонка не ведала пра Севаву сла­басць, засынаючы з пэўнасцю, быццам муж па начах дарабляе справаздачы (падчас гульні левая рука заўжды памятала пра спалучэнне альт-таб).
І чаго ж яго настолькі зачапіла звычайная офісная гулька, гэтак званая ізаметрычная стралялка? Ён адчуваў, што за ўсім гэтым стаіць штосьці большае за тупы азарт. Тое была ў пэўным сэнсе разрадка... Трэба было прайсці гульню да канца, завяршыць місію. Пакончыць кібенематары з усім гэтым лайном і – вярнуцца ў жыццё!..
На абедзе Сева дазволіў таварышу ўгаварыць сябе ўзяць па піву, і стала зусім хораша.
“Хочешь, расскажу последний анекдот про Штирлица?” – запытаўся таварыш. “Валяй”, – млява адказаў Сева, не дужа верачы ў тое, што такая показка існуе. “Слушай. Штирлиц шел по лесу с автоматом. Вдруг в ближних кустах что-то зашуршало. Штирлиц выпустил несколько очередей, сделал два шага назад и... сохранился”.
<Shift – F12>

***
У офіс Сева падымаўся з намерам дакапацца да сутнасці. Ён набраў у пашукавіку назву гульні й даволі хутка знайшоў форум яе заўзятараў. Той ракавы ўзровень цікавіў не аднаго яго. Усё было проста. Трэба было дабегчы да жоўтага пагрузчыка, што стаяў ля супрацьлеглай сцяны, й прабівацца на ім паўз калатушу монстраў да наступнага ліфта. У гэтай місіі не было ўмовы забіць усіх...
Цікава, што форум, на які ён натрапіў, меў беларускі дамен. Знізу быў прычэплены даўжэзны банер, што заклікаў прыйсці на мітынг. Сева клікнуў па ім. Аказалася, што якраз сёння опы ладзяць святочнае шэсце. Міма праходзіў супрацоўнік з суседняга століка. “Собираешься сходить?” – запытаў ён. “Да ты что. Одному стрёмно. Пойдём вместе?” – сур’ёзным голасам прапанаваў Сева. “Не вижу во всех этих брожениях большого смысла. Народ их все равно не поддержит. Пока хавает. Выходят одни и те же пару тысяч на двухмиллионный город. Не смешно ли?” “В десятимиллионной Москве еще меньше выходит,” – з усмешкай парыраваў Сева. “Ну, в Москве!” – апошняе слова сусед вымавіў працяжна, амаль праспяваў. – “Нам до Москвы-ы-ы. Беражы ныркі, змагар...” – павучальна-спачувальным шматкроп’ем скончыў размову сусед.
Ясна, Сева нікуды не збіраўся. Апошні раз ён хадзіў на падобнае мерапрыемства хіба ў школе, то бок больш за дзесяць гадоў таму, калі не лічыць плошчы ў сакавіку 2006, дзе яны былі разам з гэтым самым супрацоўнікам. Ну, зрэдку праглядаў на ютубе відзюшкі з разгонаў акцыяў ці, каб пасцябацца, навагоднія звароты дамарошчаных лідэраў нацыі да апошняй. Не болей...
<Shift – F12>

***
Сыходзячы з працы, Сева абдумваў гульню. Ад гэтага ў копчыку крыху свярбела. Ён спусціўся ў фае й пабачыў невялічкі натоўп.
“Что такое?” – запытаў ён у жанчыны, што стаяла ля дзвярэй, не рашаючыся іх адчыніць. “Шествие какое-то. Вроде несанкционированное”. Сева адчыніў дзверы. У вялізны праём ўціснулася некалькі супрацоўнікаў у ваганні – ці перачакаць, ці падбегчы сто метраў да метро. Па ходніку праспекту, праз квартал ад будынку яго працы, у бок Плошчы Перамогі, рушыла шэсце. Над ім луналі бел-чырвона-белыя ды блакітныя сцягі. Раптам з-за рогу вуліцы выбег чорны ланцуг з дручкамі. Шалёныя вочы. Іклы. Смярдзючы подых з ядавітых пашчаў. Касманаўт, што бег паперадзе, зароў: “Назад-суки-блядь!” Людзі шаснулі ў будынак. Сева за імі. У скронях крыху стукала.
Ён падняўся ў свой працоўны пакой. З вакна ён бачыў, як у двары чор­ныя даганяюць дэманстрантаў, ламаюць тронкі сцягоў, валяць на зям­лю, б’юць, б’юць, цягнуць у арку, да аўтазакаў... «Грамотно работают. Блакируйце и рассякайце», – без асаблівай інтанацыі вымавіў хтосьці за спінай. Сева ізноў спусціўся ўніз і вызірнуў на вуліцу. Бойка яшчэ працягвалася, але ўжо без сцягоў. Толькі шэры натоўп. Пад’язджалі новыя цёмна-зялёныя аўтазакі – Сева налічыў сем. Нейкі маладзён кінуў у шкло брудны сняжок і адбег у арку.
На ходніку ляжаў сцяг з шасціканцовым крыжам, на якім адбіліся некалькі вялізных чорных слядоў. Доўгая тэлескапічная вуда-тронак была цэлая. Сева ізноў вярнуўся ў будынак. Нетаропка зняў з пляча торбу з ноўтам, паставіў яе за фіранку ля стала вахцёркі й выйшаў вонкі. Калі прыходзіць наканаванасць, страх знікае – прыгадалася яму чыёсьці выслоўе. І яшчэ ўзнікла бязглуздая думка, якая ў той момант падалася амаль дасціпнай: шкада, што ў гэтым месцы нельга захавацца. Ён падыйшоў да вуды, узяў яе, астылую, у далонь і рушыў у бок Плошчы Перамогі, высока падняўшы сцяг.

Сакавік 2009 г.