12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Івашчанка

_____________________
Флейта Дажджу.
Аповед

Некаторыя
супадзеньні
не зьяўляюцца
выпадковымі.
Аўтар.
Выйсьце ня варта шукаць, яго трэба знайсьці.
Ільля Сін

Флейта Дажджу вісела на стракатай аборцы рыначнага шапіку, побач з усемагчымымі кідкімі зва­ночкамі, каралямі, пацеркамі й іншым псеўдаўсход­­нім шалупіньнем, што ратуе ад усіх кепстваў. Стварыў Флейту Дажджу сын дынамаўскай рэалізатаркі са звычайнага нёманскага чароту, лакаванага, прабітага ў пэўных месцах і напоўненага рысам. Але калі пра гэта ня ведаць[…]
Флейце Дажджу сьніўся БГ (што сьнілася апошняму дакладна не вядома). Дакладна вядома, што гуку, які стварала Флейта Дажджу, мог бы пазайздросьціць сам сіньёр Карлас.
(Натуральна, не Сантана.)У гэты дзень у горад ступіў Шатан. Ён ведаў, што самы шчыры й непасрэдны сьмех бывае толькі ў выпадку, калі ты сам-насам з сабой. Пра тое ж здагадваўся Пётар М.
Па нейкім невытлумачальным зьбегу акалічнасьцяў у гэты дзень здарылася няшчасьце…
)ёсьць рэчы – учынкі, зробленыя намі колісь, – праз якія сорамна й горка, да сьцісканьня кулакоў, да паценьня й паколваньня ў па­­душачках пальцаў, пры адной толькі згадцы пра тое. Адзін філфакавец, які цяпер давучваецца ў асьпірантуры й неўзабаве вернецца на філфак у якасьці выкладчыка, да прыкладу, дасюль ня можа без пералічаных вышэй сімптомаў згадваць, як на першым курсе здаваў іспыт па ангельскай, сьпяваючы “My mistress’ eyеs” пад гітару на матыў песьні “Орел, телец и лев”. Але выпадак, які здарыўся са спадарыняй В., яна наўрад ці забудзе да наступнай інкарнацыі. І дзе быў Фёдар М., каб данесьці да сьвету невыказную пакуту людскую? Яго там не было. Таму ня будзем дарма марнаваць смаркатых словаў, каб перадаць горыч успаміну спадарыні В. Гэта настолькі ж бязглузда, як дыскутаваньне на тэму вытокаў суцэльнае прыхільнасьці кіроўцаў маршрутак да шансону. Ці пасьпяваеш, чытачу?(
Зімовым надвячоркам спадарыня В. вярталася дахаты, загружаная ўспамінамі пра дзяцінства й кайстрамі з прадуктамі. У яе якраз склаўся апошні радок няхітрага хоку, калі нехта падбег ззаду й схапіўся за адзін з пакетаў. Далейшае доўжылася паўсекунды: меч сам высьлізнуў з похваў і рука спадарыні В. адчула халодную пяшчоту дзяржальна катаны1 . Калі качан з плячэй глуха плюхнуўся ў сумёт, меч ізноў быў у похвах. Урокі, што давала спадарыні В. целаахоўніца бацькі-амбасадара – гувернантка па сумяшчальніцтву – японская кунаіці2 , не прайшлі дарма...
Калі, мармычучы дэбільную песьню, якую паўсюль круцілі на рынку, спадарыня В. падышла да цела, на словах «вместо, вместо, вместо нее...» яна замоўкла. У сумёце, утаропіўшы вочы ў неба, ляжала галава яе адзінага сына – студэнта, аматара пажартаваць (на жаль, былога), капітана раённай каманды КВЗ…
Сёньня цяжка адказаць, чаму ў той дзень спадарыня В. не набыла Флейту Дажджу (мо прычыну варта шукаць недзе сярод напісанага вышэй?). Апошняя ж правісела на дынамаўскім намёце яшчэ нейкі час – яна ня ведала пэўна, які – заўважаючы скрозь сон, як зьмяняюцца стракатыя суседзі па аборцы, правісела, аж дакуль вясёлы з пахмялухі будаўнік з брыгады, што ўсталёўвала рэкламны шчыт па вул. Някрасава («Суши – вкус ХХІ века»), не абвесьціў, узіраючыся ў расхінутыя абдоймы фіялетавай пустэчы неба: «Сейчас как у-у-п...іць!»
Прыкладана тое ж самае, толькі без весялосьці, сказаў Макс, тэрміт з касты рабочых (тэрміты – вядомы далікатэс для цэсарак). Макс задраў галаву ўгору – й на яго апусьцілася Веданьне. І ён склікаў дзяцей і старых, і павёў іх, каб збудаваць новы горад.


Intro
медытуеш на кончыку алоўка рыхтык выпальваеш масьць на целе Персефоны сьвянцонай іголкай выводзячы тайнапіс. сьляды вядуць да гарышча твайго каханьня дзе прыхаваныя дамкрат і клава. гэта цябе дзіравяць у кампутарных клубах падлеткі гэта твае песьні разносяць па дварох п’яныя гобліны гэта тваю душу клануюць і ампутаванае сэрца але й пратэз ные. Разанаў – разэнкрэйцэр бяз крыжа. белы месіянер блукае па Малінаўцы. два агенты ззаду. памятаеш дзіцячы садок і суворага бацьку. яму не павінна быць сорамна праз цябе. асеньняя кавярня ў цэнтры гораду. каму справа да таго што ты паглынаеш аладкі з кавай. гаспадыня слухае зборку Акварыума ня ведаючы што тое азначае для цябе. за вакном брыдзе напаўп’яны натоўп і ў ім адзін паэт. (галоўнае заўжды пішацца ў дужках) а што азначае жыць інакш. сёньня мы сустрэнемся і ўсё скончыцца. Дзякуй Богу Што ты Ня Здолеў Нарабіць Шкоды


Трусіная нара
Для выпадковага мінака магло б падацца, што яны сядзяць удвох. Дакладней, усялякі, хто праходзіў тым вечарам паўз пустку новабудоўлі, мог заўважыць дзьве рухавыя постаці на лаўцы бяз сьпінкі, невядома для каго пастаўленай акурат перад сьвежавыкапаным катлаванам. Але быў і трэці. (Ці, можа, правільней казаць вербальна прысутнічаў? Прынамсі, да я(Я)го суразмоўнікі зрэдзьчасу зьвярталіся. (Пра чацьвертую гаворка ніжэй) Будзь пільным, чытачу!).
Адзін быў у хатніх пантофлях, старэнькім трыкечку і бруднаватай майцы. Другі – звычайна, за плячыма меў пляцак, з якога перыядычна нешта выцягвалася.
– Нізкавата пайшла, – сказаў е., падносячы да вуснаў толькі адкаркаваную бутэльку з півам.
– Запамінай рухі, – b. дастаў з плецака піва, запальнічкай адкаркаваў-падчапіў накрыўку і пачаў акуратна разьмяшчаць яе на далоні – бліжэй да фалангаў. Затым скурчыў вялікі палец і, упёршыся ў яго ўказальным, мякка пстрыкнуў накрыўку ў чэрава катлавану. Ф-ф-іць.
– Хм-м, – суправёў палёт насавым (нечым падобным да “аўм”) е., – стрэльнута, але, трэба прызнаць, стрэльнута сярэдне...
(далейшы кавалак дыялогу прыводзіцца без пазнакі аўтарства тых ці іншых рэплікаў, бо яны ў роўнай ступені маглі б належаць як е., так і b.)
Чаму ў тэкстах паважаных намі аўтараў, якія б мы прымалі й без таго, абавязкова прысутнічае метафара вар’ятні? Можна назваць колькі заўгодна імёнаў...
Яшчэ адна тэма для дысертацыі.
Скажу болей: зазвычай вобраз вар’ятні, які, відавочна, стаў архетыпавым для ХХ ст....
І пасьпяхова сягае ў ХХІ-е.
...ёсьць фактарам хутчэй дэструктыўна-разбуральным, чымся пазітыўным для, так бы мовіць, эстэтычнай сістэмы тэкстаў празаікаў, што маюцца на ўвазе.
За выняткам, хіба, Пялевіна.
За выняткам Пялевіна.
І Картасара з Гаршыным.
І гэных.
Як на сёньня, не ўвапхнуць у твор алюзіі, зьвязанай з гэтай установай, лічыцца ледзь не маветонам.
[...]
Дарэчы. Ты ўсё яшчэ шукаеш свой... свой гук?
Адчапіся, я ўжо ўсё напісаў пра гэта.
Чакай, мне падавалася, што пра гэта пісаў я.
(абодва – у бок залы): – Не, т(Т)ы гэта бачыў?..


)лірычнае адступленьне №2

(па-за)
дотыкам і ноччу
сьнегам і ліхтаром
мной і табой
інь ян і
разьдзеленай пароўну яешняй
джапай1 і вусенем
агнямі Кастанэды і
трэцяй крыштальнай нагой
попелам і думкай
лістуюцца
пустэльнікі
зімы(

е. выводзіў кончыкам пантофля іерогліф супакою пад лавай, калі намацаў яшчэ адну накрыўку; нахіліўся, падняў, пачаў прыладжваць яе на далоні і тут заўважыў, што такога піва яны не пілі. Ён схаваў накрыўку ў пляцак і прыціх, нібыта прыслухоўваючыся да чагосьці. Ка­лі загаварыў b., е. прыпаліў, але не зьмяніў насьцярожанай паставы.
– Сустрэў быў знаёмага грузчыка з рынку. Нядаўна ён пачаў вазіць кропку з рознай усходняй байдой, ну, ведаеш, – сьмярдзелкі, зьвінелкі ўсякія. А як прыйшоў час за тыдзень атрымліваць, аказалася, што поўны галяк з баблом – прастаяла яго гаспадыня амаль ухаластую. Хацеў быў на лічыльнік паставіць, але пашкадаваў – адна малога га­дуе. Давялося таварам узяць. Набраў на дзесяць баксаў розных бразготак, а на халеру грузчыку тое барахло?
– На халеру?
– Ну, я ў яго тое-сёе на піва зьмяняў, а адну рэч дык за так атрымаў. Калі б ты з перкусіяй не завязваў...
– Яна ў цябе з сабой?
– Нашто табе?
– Пакажы, калі ласка.
b. дастаў з плецака новую бутэльку й акуратны пакунак, які перадаў е.:
– Дарэчы. Ты ўсё яшчэ шукаеш свой гук?..

е. крочыў паўз кукурузнае поле, раструшчваючы пантофлямі маладыя кіяхі. Ён трымаў курс на самы высокі корпус РКПБ, дзе яго, пэў­на, ужо чакала прыгожая й ветлівая медсястра з табламі (“You take the red pill you stay in Wonderland...”1 ); “братва”, з суседняга пакою што касіла ад войска на дурку, таксама чакала “выязнога”, каб разжыцца на цыгарэты. Чамусьці прыгадалася, як на перадабедавым шпацыры адзін чалавек вучыў яго, як пазьбягаць пагоні: “дастаткова проста напісаць на пачку запалак “prav”.
На мяжы поля й навінкаўскага асфальту е. спыніўся. Ён агледзеў свае рукі (“Адкуль у цябе гэтыя шнары на запясьцях?”) і разгарнуў Флейту Дажджу. е. ведаў, што яе гуку пазайздросьціў бы сам сіньёр Карлас. І ён вымавіў: “Гоўранга” (што ў перакладзе азначала нешта кшталту: “Хопіць наноў будаваць на старых касьцях. Горад пачнецца з сэрца”). Дождж, які, нібы праз цэлафан, дасягаў яго слыху, быў першым, што ён убачыў, калі расплюшчыў вочы.