12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Трафімчы

_____________________
“Раз абсеклі Беларуса Маскалі ды Ляхі...”
Падзел Беларусі 1921 г. у паэтычным
асэнсаванні Янкі Купалы


18 сакавіка 1921 г. бальшавіцкая Расія і панская Польшча падпісалі мірны дагавор, падзяліўшы Беларусь на часткі. Сучасны беларускі гісторык Р. Лазько зазначыў, што на працягу 70 гадоў гісторыкі, якія пісалі аб польска-савецкай вайне, былі няздольныя выказаць смелую думку, “што на мірных перагаворах у Рызе, якімі завяршылася польска-савецкая вайна 1919-1920 гг., Беларусь была падзелена аднолькава чужымі ёй суседнімі дзяржавамі. Заўважым, што тэма падзелу Беларусі “чужаніцамі” была самай гучнай у беларускай грамадзянскай паэзіі 1920-х гг. Аднак з канца таго дзесяцігоддзя пісаць аб падзеле стала небяспечна як для паэтаў, так і для навукоўцаў. На працягу дзясяткаў гадоў пасля гэтага гісторыкі гаварылі выключна аб захопе Заходняй Беларусі “буржуазна-памешчыцкай” Польшчай”1. Са свайго боку адзначым, што ў агульных рысах Р. Лазько мае рацыю. Але тэма савецка-польскага па­дзелу ў беларускай паэзіі – шырокая, шматслойная, шматаблічная – застаецца па-ранейшаму слаба даследаванай, нягледзячы на багацце, разнастайнасць і неадназначнасць матэрыялаў. Нават пазіцыя Янкі Купалы дасканала не вывучаная, хаця, як паказала даследаванне, тэма падзелу Беларусі ў паэзіі Прарока мае глыбокі генэзіс і неардынарнае развіццё.
Найбольш канцэптуальна да раскрыцця гэтай тэмы падышоў у сваіх даследаваннях Ант. Адамовіч. Аднак і ў яго навуковых працах яна фігуруе толькі фрагментамі, і тыя фрагменты не складзеныя ў цэласную работу пра адносіны беларускіх паэтаў да падзелу Беларусі ў 1921 г. Да таго ж, эмігранцкі крытык з прычыны, па-першае, недаступнасці многіх неабходных матэрыялаў, а па-другое, тэндэнцыйнасці і суб’ектыўнасці, абумоўленых нянавісцю да бальшавізму, нярэдка рабіў перакосы ў інтэрпрэтацыі сацыяльна-палітычных аспектаў ці дадумваў іх на ўзроўні гіпотэзаў, не заўсёды цвёрда абгрунтаваных. Некаторыя роздумы пра вершаваныя рэфлексіі беларускіх паэтаў на тэму падзелу краіны знаходзім таксама ў працах Н. Гілевіча, А. Каўкі, У. Гніламёдава. Звяртала ўвагу на гэты аспект у паэтычнай творчасці сацыялагізатарская крытыка 1930-х гг. Для аўтара гэтых радкоў азначаная тэма аказалася больш маштабнай, чым спярша ўяўлялася (саміх вершаў па тэме ў Янкі Купалы пры ўважлівым вывучэнні аказалася значна больш).

Прадчуванні паэта да пачатку Першай сусветнай вайны: Прарок

У беларускай літаратуры Янку Купалу небеспадстаўна называюць нацыянальным Прарокам. Абапіраючыся на вопыт гістарычнага развіцця беларускага народа, ён яшчэ да Першай сусветнай вайны, якая надала імклівасці нацыянальным рухам, у прадчуванні, што чакае яго няспелую нацыю, выказваўся – пэўна, ёмка і часам жорстка:

Рынкам жывога тавару няслава
Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
Торг гругановы вядуць між сабой.
(“Над Нёманам”, 1911) [Т. 3, с.14] 2

Просім папросту: кіньце нас мучыць,
Ляхі, маскалі!
(«Папросту», 1912) [Т. 3, с.64]

Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!
Для беларуса цана ім адна,
Усе вы, панове, аднакай натуры:
З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.

Вашу карысць нам і вашы паслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ;
Добра вядомы і путы, і пугі,
Песціў якімі ваш Захад і Ўсход.
(“Годзе...”, 1912) [Т. 3, с.82]

“Агульна кажучы, праблема “Усходу і “Захаду” – пастаянны і адзін з вядучых матываў гісторыка-філасофскай рэфлексіі, мастацкай фантазіі паэта, прыкметная тыпалагічная рыса Купалавай адраджэнцкай легенды, Купалавага вызваленчага нацыяналізму, што пасля доўгіх гадоў маны і знявагі, праз уз’юшаны супраціў далакопаў беларушчыны ўсё ж зноў прамаўляе да слыху і сумлення беларускага чалавека. З гледзішча той жа самай праблемы асэнсоўваецца ім гістарычны, пераважна драматычны шлях краіны, абумоўлены ў многім яе прамежкавым геацывілізацыйным становішчам, канкрэтна — паміж “праваслаўнай” Расіяй і “каталіцкай” Польшчай, у проціборстве і ўзаемадзеянні з якімі Беларусь на працягу стагоддзяў мусіла бараніць сваю этнакультурную індывідуальнасць, уласнае права на суб’ектна дзейсную ролю ў гістарычным працэсе”, – піша А. Каўка3. Прычым той факт, што паэт уздымае тэму каланізацыі сваёй айчыны напярэдадні бурхлівых часоў, калі тая каланізацыя ўзмацніцца, яскрава сведчыць менавіта пра прароцкасць генія. Самыя першыя гады яго ліра наконт “захаду і ўсходу” маўчала. Пракідаліся толькі не заўсёды празрыстыя намёкі накшталт:

Адны ў шар курганы –
Сведкі бітваў – стаяць;
Косці к ім груганы
Прылятаюць збіраць.
(“Над сваёй Айчызнай”, 28.08.1906) [Т. 1, с.90]

Хіба ўпершыню ліра Янкі Купалы загаварыла пра дзяльбу Беларусі ў вершы “Беларушчына” (1908), але пакуль без называння “пайшчыкаў”:

Сотні лет, непрыяцелем-братам прыбітая…
<…>
І круцілі цябе, як каму падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад…
<…>
І дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі… [Т. 2, с.34]

Але ўжо ў 1911 г. з’яўляюцца “людзі з Усходу” і “з Захаду людзі” – яшчэ без ацэначнай канатацыі (“Як спытаюцца нас”) [Т. 3, с.46].
Спакваля тэма не толькі эвалюцыянавала, але і канкрэтней акрэслілася (нават вобразы тых жа груганоў сталі больш контурнымі, іх інтэнцыйная функцыянальнасць больш рацыянальная, а сімвалізм больш чытэльным): 1) паэт загаварыў непасрэдна пра падзел, 2) назваў “хаўруснікаў” дзеі:

Спрачаліся доўга,
Як край наш раскрасці,
Дый спеліся ўрэшце:
Парваць на дзве часці.

Адна часць Варшаве
Лізаць ногі будзе,
Маскве хай другая
Нясе свае грудзі.

Забыліся толькі,
Хаўруснікі ночы,
Спытаць беларуса,
Чым сам ён быць хоча?
(“Хаўруснікам”, 19.10.1913) [Т. 3, с.177]

Як бачна, Янка Купала тут надзвычай дакладна прадказаў галоўныя моманты савецка-польскага падзелу Беларусі.
У іншых вершах дзеля экспрэсіі паэт не грэбуе і грубымі найменнямі заходняга і ўсходняга суседзяў (у дадатак назавём “прыблуднікаў” – верш “Не для вас…” (1911 – 1912), “непрыяцеля-брата” – “Беларушчына” (1908), “чужынцаў” – “Казка аб песні” (1913)):

Раз абсеклі Беларуса
Маскалі ды Ляхі
І давай яму сваяцтва
Тыкаці пад пахі:
- Ты мой ісціны браточак! –
Маскалёк бармоча;
- Ты мой хрэснік, мой сыночак! –
Юда-Лях сакоча.
(“Сваякі”, 1914) [Т. 3, с.219]

Сярод раз’юшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус.
<…>
Над пакаленнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сляпою
Банкет спраўляюць чорны свой.
(“Сярод раз’юшаных сатрапаў…”, 10.06.1914) [Т. 3, с.208]

А. Каўка кажа пра “дзёрзкі, не пазбаўлены пэўнага эпатажу паэтычны выклік сумежным краінам Беларусі”, які “паўстае ў якасці своеасаблівага мастацкага сінтэзу адносна ролі “Захаду” і “Усходу”, а дакладней — фактычных наступстваў панавання ў краі іншаземшчыны, пры якім сістэма культурнага ўзаемадзеяння падмяняецца і падмінаецца сістэмай ушчамлення і выцяснення культуры карэннай, беларускай, палітыкай асіміляцыйнага абалваньвання абарыгенаў” . Канечне, Янка Купала абапіраўся на досвед стасункаў беларусаў і названых суседзяў. Але працытаваныя апошнімі яго радкі нездарма прагучалі менавіта ў 1914 г. – годзе, што прынёс вайну, якая разварушыла нават малыя народы, зрабіла значнымі нават палітычна субтыльныя і неаформленыя нацыі: неўзабаве абодва суседы ледзь не паўтарылі следам за беларускім класікам словы пра сваяцтва, прычым менавіта ў прадказаным Прарокам рэчышчы. Так, Я. Пілсудскі 22 красавіка 1919 г. выступіў са зваротам “Да жыхароў былога Вялікага Літоўскага княства”, у якім гаварылася: “Польскае войска, якое я прывёў з сабою, каб знішчыць панаванне гвалту і здзеку, каб скасаваць кіраўніцтва краінай супроць волі народу, – войска нясе Вам усім свабоду і волю. Хачу даць магчымасць вырашыць Вам нацыянальныя, унутраныя і рэлігійныя справы так, як пажадаеце самі, без якога-небудзь гвалту або прымусу з боку Польшчы”5. А бальшавікі, не справіўшыся з планаванай задачай паглынуць, нівеляваць беларускі рух, вымушаны былі прызнаць яго, пагадзіўшыся з прыдуманай самімі ж расіянамі тэзай пра іх старшабрацкасць стасоўна беларусаў і ўкраінцаў.
У некаторых вершах Янкі Купалы пераважае вобразнасць, таму і суседзі ў вачах паэта не ўпершыню паўстаюць сімвалічна змрочнымі птушкамі:

Адзін з захаду груган,
А другі з усходу
Прыляцелі на сяло,
На чужую шкоду.
(“Груганы”, 1914) [Т. 3, с.220]6

А. Каўка прыводзіць прыклад, як Янка Купала спалучаў у палеміцы з «ворагамі беларушчыны» мастацкі вобраз і дакладна адраснае слова публіцыста, указваючы на паказальны ў гэтых адносінах артыкул «А ўсё ж такі мы жывём», змешчаны ў «Нашай Ніве» 10 ліпеня 1914 г.: «І вось між гэтымі двума «культурнымі» народамі ідзе ганебны торг – над няшчасным, абняволеным беларусам. Забываюцца і братняя міласьць, і суседская згода, і роўная воля. (...) Душылі палякі, сягоньня душаць і польскія, і расейскія нацыяналісты, ведучы між сабой нікчэмны спор за славянскую душу беларуса, але ўсё гэта мела і будзе мець свой канец. <…> Не будзе нам страшны гэты пaганы над намі торг нашых нязваных і насланых апекуноў»7.
Варта пагадзіцца з А. Каўкам, што галоўная рыса Купалавай адметнасці ў многім застаецца для нас загадкай: “Маючы прад усім на ўвеце празарлівасьць Купалавай думкі, сэнсавую невычэрпнасьць яго мастацкіх вобразаў, палемічна-публіцыстычных роздумаў. Ва ўмовах дасьпяваньня нацыянальнае ідэі беларусаў, канчатковага ўтрываленьня іхняе дзяржавы, не пазбаўленых валюнтарыстычнага глуму на гэтым адвечным шляху, Купалава слова гучыць вельмі надзённа. У ім ня толькі паказаныя пэўныя беларускія рэаліі з прамінулага, але і прадказаны многія горкія парадоксы ў нацыянальна-грамадзянскім узмужненьні народу”8.
Пасіянарная прароцкасць Янкі Купалы адносна скорага падзелу яго роднай краіны паміж адвечнымі супернікамі на яе зямлі праявілася яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны, а праз некалькі гадоў пачала пацвярджацца.

“Ці доўга будзе нам заломам Варшава панская і царская Масква”

Першая сусветнай вайна прыйшла на Беларусь толькі праз год пасля пачатку – летам 1915 г. Лінія фронту падзяліла “Северо-западный край”, прырэзаўшы яго заходнюю частку нямецкім акупантам. Апошнія, аднак, не сталі аб’ектам такой пільнай паэтычнай увагі беларускіх творцаў, як спрадвечныя суседзі з усходу і захаду. А тым часам, да Янкі Купалы ў распрацоўцы азначанай намі тэмы далучыўся яшчэ шэраг паэтаў: Змітрок Бядуля, Якуб Колас, Казімір Сваяк, І. Дварчанін і інш., каму ўслед за прарокам таксама адкрылася блізкая перспектыва падзелу роднай краіны.
Тым не менш трэба канстатаваць, што без голасу Янкі Купалы тэма падзелу, раздзірання беларускай зямлі гучала б у паэтычным хоры слабей. Чарговая ваенная хваля, якая пракацілася па Беларусі ў выглядзе ўжо непасрэдна савецка-польскага супрацьстаяння, натуральным чынам каталізавала ў публіцыстычнай паэзіі і тэму падзелу беларускай зямлі больш моцнымі суседзямі. У авангардзе стаяў ізноў-такі Янка Купала, які нібыта выйшаў з зацягнутага самнамбулічнага стану. Па-ранейшаму трохі апераджаючы падзеі, калі савецка-польскае змаганне на Беларусі яшчэ не набыло вастрыні, але і нямецкая акупацыя падыходзіла да завяршэння, а БНР так і не здолела замацавацца, ён піша:

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь свежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часці, на кускі.
<…>
Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!
(“Свайму народу”, 29.10.1918) [Т. 4, с.30]

У вершы – увесь Купала: “уваскрашае мінуўшчыну” свайго народа, і “выказвае цяпершчыну”, акрэслівае межы Бацькаўшчыны і падкрэс­­­лівае яе гонар, абуджаючы яго ў калектыўнай памяці, урэшце палымяна заклікае свой народ “строіць” “для будучыны шчасце”, “каб пут не строіў больш сусед” [Т. 4, с.29-31].
Канечне, аднаго такога закліку, нягледзячы на яго сілу, было замала для абуджэння. Таму паэт не спыняецца: амаль кожны верш таго кароткага часавага прамежку так ці інакш паглыбляе і пашырае вызначаную ідэйна-тэматычную парадыгму, у рамках якой праблема падзелу, раздзірання беларускай зямлі і супрацьстаяння гэтай нацыянальнай трагедыі гучыць як адна з канцэптуальнейшых, атрымліваючы розныя сэнсавыя і пачуццёвыя інтэпрэтацыі:

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам
І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і царская Масква.
(“Наша гаспадарка”, 1918) [Т. 4, с.35]
Ідзеш у край, які бязбожна
Жыўцом парэзалі на часці,
А брат проць брата стаў варожна
І памагае край раскрасці.
(Новы год, 1919) [Т. 4, с.76]

Савецкая сацыялагізатарская крытыка ў пазнейшыя часы таксама заўважыла, што «матыў “парэзанай бацькаўшчыны” паўтараецца і ў вершах “На сход”, і ў некаторых іншых. <…> Паэт і на гэтым этапе, як і ў сваіх старых вершах, выступае супроць “чужынцаў” наогул, не аддзяляючы ворагаў працоўных масс Беларусі ад іх саюзнікаў. “Чужынцы суседзі” наогул, без дыферэнцыяцыі – вось хто, па ўяўленні паэта, вораг беларускага народа, яны збіраюць мёд з яго вулляў, яны “запрэглі” яго ў няволю. Паэт упарта не хоча прызнаць, што царская Масква ў выніку Кастрычніцкай рэволюцыі адышла ў мінулае, што пролетарская совецкая Масква нічога агульнага не мае з царскай Масквой. Ён… у сваіх вершах імкнецца паказаць, што ў Расіі і ў выніку соцыялістычнай рэвалюцыі нічога не змянілася, што засталася царская Масква – прыгнятальнік і душыцель нацыянальнасцей»9.
У сваіх паэтычных творах Купала таксама кажа пра чужака, які “ў нашым краі пануе” (“На нашым…”, 1919), чужынца (“Беларускія сыны”, 1919), разбойнага чужаніцу (“Свайму народу”, 1918), ворагаў (“Габруся ў жаўнерку ўзялі…”, 1919), чужых бадзяк (“Паўстань…”, 1919), суседа паганага (“Як цені…, 1918), паганцаў, суседзяў, якія “нябожна паганьбілі нас” (“На біблейныя матывы”, 1920), груганоў, якія “тваіх там продкаў косці рвуць” (“На сход!”, 1918) [Т. 4, с.67, 58, 30, 82, 66, 49, 91, 31] і г.д. – бадай, ніхто і блізка з паэтаў тагачасся не даваў столькі пеяратыўных найменняў усходняму і заходняму суседзям Беларусі, як Янка Купала (гл. таксама вышэй). У якасці прамежкавага падагульнення тэмы паэт публікуе цыкл сваіх вершаў пад загалоўкам “Забраны край” (у часопісе “Чырвоны шлях” (№7-8 1918 г.), які выдаваўся ў Петраградзе Беларускім аддзелам Камісарыята па справах нацыянальнасцей)10.
Разумеючы, што якраз надышоў той час, які ім прадказваўся гадоў колькі таму, паэт спрабуе прадухіліць драматычную падзею раз’яднання народа і пачынае выступаць у публіцыстычным жанры, даступным успрыманню больш шырокаму колу паспалітага люда. Каб не адхіляцца ад лініі аналізу паэтычных твораў, прывядзём толькі найбольш яскравы ўрывак Купалавай публіцыстыкі, датаваны 1919-м годам, калі да падзелу Беларусі заставалася не так і мала часу, каб настолькі тонка прадбачыць гэтую падзею: “Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак – Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.
Для адбудавання вялікай Польшчы “ад мора да мора” трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.
Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наагул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання” (“Незалежнасць”) [Т. 8, с.76].
Болем непапраўнай страты занатавалася ў Купалавым сэрцы старонка БНР, двухгадовую гадавіну абвяшчэння незалежнасці якой паэт сустракае вершам з паказальнай назвай – “25.ІІІ.1918 – 25.ІІІ.1920. Гадаўшчына-памінкі”. Прычына – усё тая ж:

За катам кат на нашы гоні
Прыходзіў, грабіў, зністажаў…
<…>
Край разрываны ўвесь на часці –
Народ аграблены яго… [Т. 4, с.78]

«Становішча працоўных мас Беларусі на совецкіх землях ён (Янка Купала – А. Т.) паказвае такім-жа, як і на землях, акупаваных белапалякамі. І яго жалобная канстатацыя факта, што замест “незалежнасці” – “падняволле”, не вядзе паэта да разрыву з прадажнымі халуямі польскага імперыялізма – беларускімі нацыяналістамі, да вызвалення ад фальшывай, хімернай ідэі Бенеероўскай “незалежнасці”»11, – напісаў у сваім артыкуле-інвектыве сацыялагізатар Л. Бэндэ – і меў рацыю. Сучасны даследчык У. Гніламёдаў блізкай думкі: паэт “асуджае і савецкую, і польскую акупацыю, не шкадуючы фарбаў для праўдзівага паказу карціны нацыянальнай трагедыі”12. І. Навуменка заўважае, што і пераклад “Слова аб палку Ігаравым”13 (спачатку празаічны, а затым і паэтычны) Янка Купала стварае “у цяжкую часіну, калі беларускую зямлю рвалі на кавалкі розныя захопнікі і акупанты”14.
А. Каўка прыходзіць да высновы, што сутнасць і пафас Купалавай думкі ў яе мастацка-вобразнай праяве зводзіцца да наступнага: “Успрыманне “Усходу” і “Захаду”, вузей – суседніх Расеі і Польшчы дэтэрмінавана характарам і наступствамі іх уздзеяння на жыццёвыя лёсы Беларусі і Беларушчыны, уздзеяння ў агульным і гістарычным балансе адмоўнага, з неаблічальнымі стратамі для беларускага нацыянальнага будаўніцтва”15.
Ант. Адамовіч, правёўшы аналіз на досыць шырокім матэрыяле, сцвярджае, “што ўся беларуская літаратура 1919 – 1920 гадоў – пасьлядоўнае выражэньне нацыянальнай апазыцыі чужому панаваньню, апазыцыі, што кіравалася цьвёрда засвоеным усім беларускім рухам прынцыпам нацыянальнай незалежнасьці Беларусі. Дзякуючы гэтаму прынцыпу канкрэтныя формы чужога панаваньня мелі ўжо толькі другараднае значэньне. У выніку гэтага апазыцыя аказалася скіраванай ня толькі супраць бальшавізму – такой яна была спачатку – і ня толькі супраць польскай акупацыі – такой яна аказалася неўзабаве ў сваёй беспасярэдняй скіраванасьці, – а супраць усялякага чужога панаваньня над Беларусьсю наагул”16.
Прадухіліць незайздросны кон беларускі народ не меў сілы. Магутны творчы патэнцыял (перадусім Янкі Купалы), скіраваны супраць драблення Бацькаўшчыны, супраць яе непрыяцеляў, не стаў лёсавызначальным. Эманацыі паэтычнага духу не адбылося.

Сацыяльна-палітычны кантэкст пасля падзелу

18 сакавіка 1921 г. у Рызе бальшавіцкая Расія і панская Польшча “закадыфікавалі” тое, што фактычна ўжо адбывалася дзесяцігоддзямі, калі не сказаць стагоддзямі, а ў Першую сусветную толькі напалілася: яны замацавалі дамовай падзел Беларусі.
Такі марадзёрскі ўчынак выклікаў абурэнне стасоўна абедзвюх дзяржаў у беларускіх паэтаў. Многія сказалі сваё слова пра той трагічны момант нашай гісторыі. У іх вершах асуджаюцца абедзве драпежніцкія дзяржавы. Аднак за савецкім часам беларускі народ вучылі, што гэта Польшча вінаватая ў падзеле Беларусі, якую нібыта хацела абараніць Савецкая Расія. Ніхто не аналізаваў, чаму ж паэты апошнюю таксама асудзілі. Больш за тое, такія творы траплялі пад забарону. Між тым, цяжка сказаць, хто з “пайшчыкаў” выглядаў больш ці менш сімпатычна або больш ці менш пеяратыўна. І калі на гэты конт пра ІІ Рэч Паспалітую наша гістарыяграфія назапасіла шмат матэрыялаў, то роля Савецкай Расіі ў беларускім дыскурсе дагэтуль выкрываецца ў адзінкавых публікацыях17. Хаця паэты з першых дзён падзелу Беларусі голасна выказалі свой пратэст і канкрэтызавалі вобраз абодвух, кажучы па-купалаўску, “хаўруснікаў”.

Далі шэсць паветаў.
Дзякуй і за гэта!18

рэзюмаваў Купала… Дарэчы, гэтыя словы доўгі час не былі апублікаваны афіцыйна – яны, застаўшыся ў людской памяці, час ад часу ўжываюцца беларускімі гісторыкамі і літаратарамі.
Між тым, палітычныя падзеі вакол і на Беларусі (Савецкай) адбываліся такія, што давалі падставу для аптымістычных заглядванняў у будучыню. У першай палове 1920-х гг. савецкая ўлада бярэ курс на беларусізацыю. Дзякуючы нэпу імкліва аднаўляецца эканоміка. Беларускае сялянства, дагэтуль рабаванае з розных бакоў прыхаднямі, урэшце адчула значную палёгку. І калі яшчэ адразу пасля падзелу беларускія паэты выказваліся вельмі востра супраць брутальнага стасоўна Беларусі акта, то паціху тая вастрыня патухае. Паказальным прыкладам з’яўляецца Коласава творчасць. У адрозненне ад Янкі Купалы, паэта метафізічных і правідэнцыялісцкіх тэндэнцый, Якуб Колас творчасцю ў асноўным адлюстроўваў хранатоп “тут і цяпер”, не ставячы свайго лірычнага героя “перад будучыняй”.
Падсаладзіла гаркоту ад падзелу так званае ўзбуйненне. Досвед гістарыяграфіі сведчыць, што і да сённяшняга часу многія не ведаюць рашаючых чыннікаў павелічэння Савецкае Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гг. У канцы 1920 г. бальшавікі зусім не збіраліся “ўзбуйняць” Беларусь з-за адсутнасці сэнсу19. Народны камісарыят замежных спраў РСФСР, як паведамляецца ў яго цыдулцы ад 6 лістапада 1920 г., лічыў “нежаданым далучэнне да Беларусі якіх бы там ні было частак Віцебскай або Магілёўскай губерняў”20. 17 лістапада 1920 г. кіраўніцтва Расійскае кампартыі на нарадзе адзначала, што вырашэнне пытання пра тэрыторыю Савецкае Беларусі на дадзены момант з’яўляецца нясвоечасовым, бо, як напярэдадні заявіў наркам замежных спраў Р. Чычэрын, было яшчэ невядома, “праз якія перыпетыі можа прайсці лёс Беларусі”21. Па гэтым можна справядліва меркаваць, што планы так званага ўзбуйнення Савецкае Беларусі існавалі ўжо на той час. Сітуацыя на міжнароднай арэне змянялася. Як было сказана ў пункце 3-м сакрэтнага дакумента “В комиссию политбюро ЦК ВКП(б) по вопросу о расширении границ БССР”, “основной решающий аргумент за расширение границ БССР – в ближайшее время – определяется политикой Польши”: меліся звесткі, што там збіраліся правесці шэраг рэформаў адносна нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў22. І ў сувязі з гэтым Крамлю неабходна было прэвентыўна прымаць крокі ў сваю чаргу, і – як паказаў час – “вяртанне ў склад БССР шэрагу ўсходнебеларускіх паветаў мела вялікі рэзананс у Польшчы і Заходняй Беларусі”23.
Дый каранізацыя і беларусізацыя былі толькі прынадай для акумуляцыі, кансалідацыі пад адным дахам беларускіх нацыянальных сілаў розных палітычных поглядаў з мэтай іх далейшай элімінацыі. Як сведчаць сучасныя даследаванні, беларусізацыя – гэта быў усяго толькі крок для выяўлення і элімінацыі яе перадумоў і праваднікоў, гэта быў сродак для вырашэння “шэрага вельмі важных задач унутранай і знешняй палітыкі”, прымяненне якога пасля выкананння яго функцыі было згорнута24. У прыватнасці мелася на мэце не толькі інспіраванне будучага аб’яднання з Заходняй Беларуссю шляхам стварэння лепшых (асабліва знешне, па форме) варункаў і перадумоў для нацыянальнага развіцця ў Савецкай Беларусі, але і імкненне ліквідаваць урад БНР, які і надалей праводзіў актыўную палітычную дзейнасць, што з’яўлялася адным з чыннікаў беларусізацыі і карэнізацыі ў ССРБ. Да таго ж тое імкненне да ліквідацыі ўрада БНР найлепшым чынам сведчыць, па-першае, пра фактычнае прызнанне гэтага суб’екта міжнароднага палітычнага поля, па-другое, пра выніковую дзейснасць таго суб’екта, якая ўплывала на савецкую палітыку – як знешнюю, так і ўнутраную. Бальшавікам удалося арганізаваць спыненне дзейнасці некаторымі чальцамі ўрада БНР ад імя ўсёй рэспублікі. Больш таго, і тут не было забыта пра будучае аб’яднанне Беларусі і падавалася яно ўжо як ментальна сфарміраванае па абодва бакі краіны меркаванне: “У сьвядомасьці таго, што ўлада сялян і работнікаў, замацаваная ў Менску – сталіцы Радавай (Савецкай – А. Т.) Беларусі, запраўдна імкнецца адрадзіць Беларускі Народ культурна, эканамічна і дзяржаўна, што Радавая Беларусь ёсьць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага іга, пастанавілі: спыніць істнаваньне Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі”25.
Пасля роспуску ўрада БНР, арганізаванага Аляксандрам Цвікевічам, нават шчыра прабальшавіцкі паэт Міхась Чарот, сустрэўшыся з ім у Германіі, рэзка папракаў яго за здзейснены акт: “Гэта памылка! Пакуль вы былі тут, за мяжой, нам лягчэй было там весці нацыянальную палітыку…”26. Гэта сапраўды так, бо напярэдадні савецкія палітыкі, распрацоўваючы праграму дачыненняў да беларускага пытання, хацелі высвятліць, што можна зрабіць, каб выклікаць сімпатыі беларускае масы ў Заходняй Беларусі да БССР, і ў прыватнасці ў 1923 г. А. Луцкевіч праз С. Рак-Міхайлоўскага атрымаў просьбу распрацаваць кароткі даклад пра тое, якія мерапрыемствы былі б пажаданы ў БССР з гледзішча заходніх беларусаў, у ліку каторых перадусім ставілася пытанне пра павелічэнне БССР, пра культурную працу, пра амністыю дзеячам БНР27. Бальшавікі мелі канкрэтныя планы па ліквідацыі замежнага нацыянальнага актыву беларусаў, дзеля чаго выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах і выбітных прадстаўнікоў з Савецкае Беларусі. Так, пад канец 1925 г. такую замежную паездку арганізавалі з удзелам Цішкі Гартнага, Янкі Купалы і Міхася Чарота пад прыглядам “дыпламата” ад адпаведных органаў А. Ульянава. Прычым, мяркуючы па ўсім, беларускія літаратары разумелі ў якой якасці яны служаць таталітарнай машыне, якая тады толькі набірала абароты. А. Ульянаў жа потым засведчыў: “Когда меня послали на работу в Польшу, основной момент был раскол… За границей имелся целый ряд белорусских эмигрантских групп… Эти группы противопоставляли себя Советскому правительству, везде выставляя себя как «представителей народа». Наша задача была обезглавить, обезвредить эти группы. Надо было связаться с этими группами, поставить перед ними вопрос, что если они явятся, вернутся сюда и будут честно работать, здесь им будет дана амнистия. Это было проделано”28.
Да таго ж менавіта з падачы Крамля была створана Кампартыя Заходняе Беларусі (1923 г.) – упершыню “крэсы паўночна-ўсходнія” атрымалі (пра)савецкую інтэрпрэтацыю, у якой да таго ж падкрэслівалася этнічная беларускасць зямель. Савецкае кіраўніцтва тады выкрышталізавала сваё разуменне тэрыторыі часткі Беларусі, якая апынулася пад Польшчай, тэрыторыі, якая павінна належаць Беларусі (чытай: Савецкай Беларусі, а значыць СССР). Сэнс стварэння КПЗБ быў у інспіраванні справядлівасці эвентуальнага аб’яднання Беларусі (першапачаткова праз узброенае паўстанне , якое, аднак, не перарасло маштабаў партызанскае барацьбы, ды яго ідэя неўзабаве была адкінута, а барацьба ў 1925г. згорнута). Прычым ёсць гіпотэзы і зусім неверагодныя – накшталт “мангольскага праекту”: “Меркавалася трансфармаваць БССР у тэарэтычна незалежную дзяржаву пад пратэктаратам Савецкага Саюзу накшталт Мангольскай Народнай Рэспублікі. Плянавалася, што пры падтрымцы Саветаў беларускі нацыянальны рух у Польшчы ўзьніме “паўстаньне” за аддзяленьне беларускай тэрыторыі. У той-жа час адбудзецца “паўстаньне” і ў Савецкай Беларусі, якая рэалізуе сваё права на “аддзяленьне”, і дзьве часткі Беларусі аформяць тэарэтычна незалежную дзяржаву, фактычна пад савецкім пратэктаратам, як і Мангольская Народная Рэспубліка. Сам СССР пры гэтым не выглядае агрэсарам, а, наадварот, – такім самым (калі яшчэ й ня больш) “пацярпелым”, як і Польшча”30.
У такім палітычным кантэксце глядзяцца натуральна многія факты літаратурнага працэсу на Савецкай Беларусі. Савецкая ўлада, напрыклад, нягледзячы на існаванне цэнзуры (канешне, яшчэ не такой строгай, як потым), дазваляла рабіць антыбальшавіцкія і антырасійскія выпады творцам, тым больш калі яны былі скіраваны паралельна і супраць заходняга ворага. Многія творы (у прыватнасці “У палескай глушы” Якуба Коласа (1923)) упершыню публікаваліся ў Вільні, г. зн. у самай варожай на той момант дзяржаве, якой была для СССР ІІ Рэч Паспалітая. Трэба было ўзварушваць “дух народны” (М. Багдановіч) супраць свайго ворага (такі метад бальшавікі прымянялі з дарэвалюцыйных часоў: выкарыстоўвалі нацыянальныя сілы супраць агульнага ворага, не даючы ім затым магчымасці свабоднага развіцця). Такім чынам, палітычныя чыннікі ў многім абумоўлівалі і адносіны паэтаў да савецкай улады, і бальшавікоў да тых жа паэтаў. Як ужо было сказана, да 1925 г. паміж абодвума бакамі ўсталяваліся адносіны дастаткова прыязныя. Многія паэты гэтай уладзе даверыліся, хаця і не адразу неадназначныя адносіны творцаў да Саветаў змяніліся на пераважна лаяльныя з перарастаннем у хвалебныя. Падзел Беларусі і яе распалавіненае становішча таксама атрымлівалі пераацэнку. У сваю чаргу ўлада ўшаноўвала творцаў: спрыяла іх адукацыі, публікацыям, развіццю літаратуры, урэшце высока ўганаравала самых выбітных – Янку Купалу і Якуба Коласа – званнямі народных паэтаў. Аднак стасункі з творцамі па-ранейшаму не мелі жаданай для Саветаў гладкасці. Неспакой з прычыны падзеленасці радзімы далёка не заўсёды атрымліваў прымальнае для бальшавіцкай улады вершаванае ўвасабленне.

1922 г. і зацішша “перад будучыняй”

На фоне створанага Якубам Коласам, ад якога хіба не чакалі такога кірунку паэтычных тэндэнцый, тагачасныя “антырыжскія” выпады Янкі Купалы, вядомага сваім грамадзянскім пафасам, глядзяцца не так эфектна, але не менш значна. Чаго вартае толькі адно яго прыведзенае вышэй скрушліва-іранічнае двухрадкоўе, якое стала афарызмам. Пасля прадказання развіцця падзей на беларускай зямлі, якую ў сакавіку 1921 г. без асаблівых спрэчак падзялілі, ці быў сэнс Янку Купалу паўтарацца post factum? Але, абураны, і маўчаць ён доўга не мог. “Купала адмоўна паставіўся да Рыжскага дагавору і разам з Якубам Коласам і іншымі пісьменнікамі асудзіў яго. Яны бачылі, што рэвалюцыя была і застаецца далёкай ад нацыянальных інтарэсаў беларусаў, што яна ператврыла народ з мэты гістарычнага развіцця ў сродак маніпулявання бюракратычных вярхоў – бальшавіцкай алігархіі, якая праследавала свае карыслівыя, эгаістычныя планы”31, – піша на гэты конт акадэмік У. Гніламёдаў.
На пачатку 1922 г., а калі быць больш дакладным – 24 студзеня, яго ліра грымнула ў традыцыйным правідэнцыялісцкім стылі – вершам “Перад будучыняй”. У ім паэт задумваецца над адсутнасцю пасіянарнасці ў беларускага народа. Пры гэтым апісвае актуальнае (для таго часу) становішча, спароджанае чужою барацьбой на беларускай зямлі. Прывядзём найбольш выразныя ўрыўкі:

Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў…
<…>
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

А хтось далёкі, ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
<…>
О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
І слухаем і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, –
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам? [Т. 4, с.106]

Ант. Адамовіч лічыць, што “бальшавікі пачулі сабе пагрозу ў гэтым творы, большую нат, чымся ў гнеўнай філіпіцы Коласа супраць Рыскага падзелу Беларусі ў ягоным вершы “Беларускаму люду” з тым-жа клічам да “вызваленьня з пут”, што зьявіўся ў друку блізу ў тым самым часе (у зборніку “Водгульле”), але ня выклікаў ніякіх канфіскацыйных рэпрэсіяў. Купалаў голас зь нябывалай бадай яшчэ сілаю біў па струнах нацыянальнага сумленьня, і небясьпека магчымасьці абуджэньня адпаведанага рэзанансу гэтых струнаў не магла не жахаць тых, хто “аграбіў з гонару й кашулі” беларускі народ”32. На справядлівую думку эмігранцкага крытыка, верш “Перад будучыняй” стаў свайго роду пралогам да трагікамедыі “Тутэйшыя”, якая па-мастацку адлюстравала гады нядаўніх набегаў чужынцаў на беларускія “загоны” і развіла “асноўныя мэты вершу”. У п’есе ж “Купала зусім адкрыта й выразна разглядае й бальшавікоў, як гэткіх самых акупантаў Беларусі, якімі былі і ўсе іншыя перахаджалыя гаспадары яе ў тых гадох (Немцы, Палякі, а іхную “савецкую ўладу” – як такі самы акупацыйны рэжым”33).
Свайго роду размінкай за некалькі дзён да азначанага верша сталі знойдзеныя ўжо ў наш час прыпеўкі, якія, на думку аўтараў каментарыяў, прызначаліся для п’есы “Тутэйшыя”:

Бах, нашу Айчыну
Без нашае волі,
Як тую аўчыну
Ў шматкі папаролі.

А нам чужы статут
Паднёс пяць паветаў, –
Жыві і ўладай тут!
Ну, дзякуй за гэта!..
Не плюй у карытца –
Прыдасца напіцца.
І «польскі» і «рускі»,
І ўсякі чорт іншы
На сказ беларускі
Плюе, не купіўшы… [Т. 9, кн. 2, с.8, 376]34

Нягледзячы на жанр, А. Каўка называе прыпеўкі пэўнай сінтэзай Купалавай паэтычнай публіцыстыкі35.
Аналізуючы ваганні творчага духу Янкі Купалы першай паловы 1920-х гг., Н. Гілевіч каментуе: “Але жыць без веры паэт не можа. Як сапраўдны сын народа, ад якога ўзяў сабе і нораў, і характар, і светапогляд, Купала, як і сам народ, не траціў веры ў лепшую будучыню, у перамогу праўды і справядлівасці над векавечным злом. Пытанне, якое мучыла яго ў перыяд Кастрычніка і грамадзянскай вайны, – а як будзе з Бацькаўшчынай: “Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?” – іншы раз перарастала ў радасць надзеі, што савецкая ўлада якраз і прынесла разам з сацыяльным разняволеннем і нацыянальнае, даўшы яго “ўбогай старонцы” дзяржаўнасць. І тады нараджаліся акрылёныя, няхай сабе і ілюзорнай верай, паэтычныя радкі – як у вершы “Арлянятам” (1923), у паэме “Безназоўнае” (1924): “Беларусь на куце ў хаце сваёй села, – Чарка мёду ў руцэ, пазірае смела. Сядзіць важна, сама сабе гаспадыня…” Тым больш што і ўнутрыпалітычнае становішча ў краіне пачало нібыта развівацца ў лепшы бок. У рэспубліцы быў узяты курс на беларусізацыю, пачалі вяртаць у склад Беларусі (далёка не ўсе, праўда) адарваныя ў свой час усходнія тэрыторыі, арганізоўваюцца асяродкі пашырэння і развіцця беларускай нацыянальнай асветы, навукі, культуры, літаратуры і мастацтва”36.
Боль ад раны, нанесенай мяжой Рыжскага дагавора, быццам лязом, душам паэтаў, як падаецца знешне, пачаў прытупляцца. У стасунках паэтаў з савецкай уладай наступае прымірэнчасць. На гэты конт Ц. Гартны казаў: “1923 і 1924 гг. канчаткова замацавалі савецкую ідэю наогул ва ўсіх галінах беларускае пасьлярэволюцыйнае культуры і прыватна ў беларускай літаратуры. І старыя і маладыя пісьменнікі спыніліся на аднэй пляцформе і з аднакавай энэргіяй прыняліся за працу. К гэтаму часу не асталося ў беларускай літаратуры ніводнага пісьменніка, які-б шукаў іншых шляхоў да беларускае будучыні”37. У многім, але далёка не ва ўсім, аўтар цытаты меў рацыю. Аднак, напрыклад, у яго не выклікала падазрэння Купалава паэма “Безназоўнае” (2.01.1924), у якой хоць і зводзіцца “краіны стан пагорблены” да “ласкі панскай” – празрыстай алегорыі польскага панавання на заходнебеларускіх землях, але праслізгвае намёк незадаволенасці на тое, што “торг вялі за нас”. Прарок напрыканцы паэмы прадвяшчае фактычна рэвалюцыйныя змены ў ментальнасці беларускага народа і ў долі “бацькоўскага кута”:

Яшчэ пакінулі нам асляпенне,
Пашану да пакут,
А мы пакінем песню вызвалення
І вольны бацькаў кут. [Т. 6, с.128]

Як аказалася, Янка Купала (і не толькі ён) яшчэ не сказаў свайго астатняга шчырага слова.

1926 г.: выбух

Янка Купала не быў бы сам сабою, каб не адчуваў, якая палітычная перспектыва чакае беларускі народ неўзабаве. Пра гэта знаходзім у Н. Гілевіча: “І аднак жа душа Купалы не заспакоілася. Дзіўная гэта рэч – душа паэта-прарока! Незвычайнай, звышчалавечай чуйнасцю надзелена – улоўлівае і самыя тонкія зрухі ў грамадскай атмасферы. Улойлівае – і трывожыцца, і працінаецца болем, і пачынае траціць веру ў ласку дабрадзеяў. І, відушчая, бачыць, што насамрэч толькі вядзецца палітычная гульня з народам у свабоду і суверэннасць, а па сутнасці – як не меў ён правоў на гаспадаранне ў сваёй краіне, так і не мае”38.
Летам 1926 г. народны паэт, “прыгрэты ўвагай дзяржавы”, па словах Н. Гілевіча, “выбухнуў”: “У апошні раз. Выбухнуў такімі вершамі, як “Акоў паломаных жандар”, “За ўсё”, “І прыйдзе”, “Вецер”, “Каб…”, “Ёсць жа яшчэ…”, “Царскія дары”, “Праз гультайства”… Кожны з іх – паэтычная публіцыстыка вышэйшай пробы. І пры гэтым – усе зусім не падобныя адзін да аднаго: у кожнага – свой тон, свой жанр, свая вобразная мова. Гэта – і адкрытая водпаведзь аскаліўшым іклы імпершавіністам”39.
«Паэта зноў займае ранейшую незалежную баявую пазыцыю, горда дэкляруе свабодалюбства й гатоўнасьць сваю й свайго народу да ўзброенага супраціву той пагрозе, якую ён ужо прадчувае ў рэальнасьці. З другога боку, у гэтых прадчуваньнях паэты можна бачыць і адюстраваньне той веры ў блізіню “ўсенароднага паўстаньня” беларусаў па абодвух бакох рыскіх кардонаў згодна з “мангольскім праектам”. (Трэба сказаць, што Ант. Адамовіч у гэтым пасажы недакладны: савецкае кіраўніцтва якраз у 1925 г. на пэўны час згарнула планы «аб’яднання» беларускага народа шляхам збройнага чыну, перайшоўшы да палітычнай барацьбы. Напрыклад, у БССР сталі пераманьваць актывістаў беларускага руху, а тымі, хто застаўся па польскі бок мяжы, імкнуліся кіраваць з Крамля, які ў многім прыклаў руку да арганізацыі самага масавага і сапраўды народнага руху з усіх беларускіх, што былі ў гісторыі, – Беларускай сялянска-работніцкай грамады, спрычыніўшыся і да яе разгрому з-за моцных нацыянальных тэндэнцый у ёй пры згаданай масавасці40. Не выключана, што якраз гэтыя працэсы і адчуў сваёй кангеніяльнай інтуіцыяй Прарок, які, такім чынам, убачыў, што падзел Беларусі не толькі застаецца ў сіле, але і яго наступствы для беларусаў у хуткім часе будуць вельмі драматычнымі і нават трагічнымі. – А. Т.)
Найбольш частай тэмай іншых Купалавых вершаў гэтага году быў падзел Беларусі, тэма, якая блізу не закраналася ім раней або не выклікала такой бурнай рэакцыі, якую мы бачылі ў Зьмітрака Бядулі-Ясакара і Якуба Коласа (мусім і тут не пагадзіцца: верш «Перад будучыняй», адшуканыя ў наш час прыпеўкі да «Тутэйшых» і сама гэта п’еса – творы на тэму дзяльбы Беларусі, якія па мастацкай і грамадзянскай моцы не саступаюць ні Коласавым, ні тым больш Бядулевым – А. Т.). Тэме рыскага падзелу Беларусі 1921 году й прысьвечаныя два вялікія вершы Купалы — „На паграніччы” й „Па Даўгінаўскім гасьцінцы”. Тут пад вонкавай элегічнасьцю кіпіць абурэньне паэты разьдзелам Беларусі, які суправаджаўся расстрэламі і пажарамі, нічым ня сплачанымі крыўдамі, нічым ня вернутымі ахвярамі, разьдзелам, які зрабіў людзей аднаго народу, што былі сваймі у шчасьці, у бедах, а сталі цяпер чужыя чужакі. Як і Колас, Купала ня робіць адрозьненьня паміж адказнымі за падзел — паміж палякамі й бальшавікамі»41.
“Тэма Заходняй Беларусі праходзіць праз усё яго жыццё і творчасць, нагадваючы аб сабе на кожным кроку. Аціх рух на Даўгінаўскім гасцінцы, па якім паэт ездзіў з Мінска ў Акопы да маці: Даўгінава аказалася па той бок мяжы – у Польшчы, – піша У. Гніламёдаў. – Патрыятычныя пачуцці паэта абвастраюцца “разарванасцю” самой прыроды, у жыццё якой бязлітасна ўмяшаліся жорсткія, бяздушна-механічныя сілы зла”42. Хаця верш “Па Даўгінаўскім гасцінцы” (1926) пачынаецца элегічна: лірычны герой едзе далей ад горада на вёску адпачыць. Паездка адбываецца ў суправаджэнні роздуму і пейзажаў. Але вось іх перапляценне, калі браць пад увагу алегарычнасць і падтэкставасць, пачынае насцярожваць:

Гляджу на звалены бярозы, –
Маркотна думкі пацяклі:
Змаглі вы буры і марозы,
Людской сякеры не змаглі. [Т. 4, с.137]

Г. зн. для лірычнага героя нешта не так. Не так, як раней. Магчыма, зусім нядаўна (калі яшчэ вока не замылілася – і на гэта звяртаецца ўвага). Варта заўважыць, што Янка Купала вядзе пераклічку з творчасцю Якуба Коласа, які перад тым пераняў своеасаблівае (але даволі ўмоўнае) лідэрства ў іх тэндэме адносна грамадзянскай плыні ў беларускай паэзіі, толькі сімвалічныя дубы змяняюцца больш лірычным сімвалам – бярозамі (пар.: “Эх, дубы, дубы! вякамі / Вы збіралі сілы, / Не звалодаў віхар з вамі, / Вас здалелі пілы”43).
Далей аказваецца, што насамрэч шмат чаго змянілася. Перадусім тое, што гасцінец абязлюднеў. І каб жа гэта абышлося без драмы. Але ж не:

Ты не спаткаеш стуль суседа,
А мо й матулі з вас які…
Былі сваймі у шчасці, ў бедах, –
Цяпер чужымі чужакі. [Т. 4, с.138]

Піша паэт, выдзяляючы курсівам ключавыя словы, якія сведчаць на падзеленасць аднароднай зямлі. Прычым не ў каго-небудзь, а ў самога паэта (як, дарэчы, і ў Якуба Коласа) “там” засталася маці. Таму ён вельмі перажывае:

Ды ані вестачкі адтуля,
І нібы сам адтуль далей,
Адно пачуеш, як зязюля
Кукуе там, як і даўней. [Т. 4, с.138]

Лірычны герой зайздросціць дзікім птушкам і жывёлам:

Для птушкі вольнай і для звера,
Як і для думкі – ўвесь ім свет!
Для іх не ўпішаш на паперы
Ні меж гранічных, ні пікет. [Т. 4, с.138]

У гэтых радках бачыцца латэнтнае, крыптаграфічнае, падтэкставае параўнанне “птушкі вольнай” і сябе – паднявольнага, хіба толькі ў думках свабоднага. Урэшце з прымяненнем метафары паэт раскрывае прычыну драматычнага становішча:

Калісь мы ў Рыгу збожжа везлі,
Цяпер зямлі завезлі часць… [Т. 4, с.138]

Ды абрывае сваю думку, разумеючы яе крамолу ў святле надыходзячых часоў:

Але ж куды мы, думка, ўлезлі?
Глядзі, наклічама напасць! [Т. 4, с.138]

Аднак і змоўкнуць, асадзіць назад сваю думку паэт не мае сілы. Ужо ў іншым вершы яго ўражваюць карціны “пагранічча”, якім стала тады ўся беларуская старонка. Цяжкая яе доля. Нават сейбіт.

Згадаць не ўмоц, як ні варожа,
Каму ён сее свой палетак:
Ці сам пажне і змеле збожжа,
Ці нехта іншы з’есць хлеб гэты.
(“На паграніччы”, 1926) [Т. 4, с.143]

Аўтар не кажа наўпрост пра падзел, але інтанацыйна выражае свае адносіны да яго і да тых, хто ахоўвае стан рэчаў:

На паграніччы ціха, сонна,
Хоць, як пруты, напяўшы жылы,
Па той і гэты бок нязгонна
Стаяць варожыя дзве сілы. [Т. 4, с.143]

Мяркуючы па інтанацыі, тыя сілы варожыя не толькі паміж сабою, але і для самога аўтара.
“Вонкавая элегічнасьць, ускладненая алегарызацыяй, ахутвае той самы матыў і ў вершы „У лесе”. Але алегорыя тут вельмі празрыстая, і абурэньне паэты выступае яшчэ больш выразна, калі ён успамінае пра лёс дзяўчыны, тутэйшай”44:

…І здарылася з ёй прычына,
Прычына жудкая адна:

Кашульку ёй знялі ў няшчасці —
Суседзі, а не іншы хто —
І падзялілі ўсю на часці,
Як бы дзяліць не мелі што. (1926) [Т. 4, с.146]

Асабліва высокую ступень гневу паэт адрасуе “звяр’ю”, якое “збрылося мяса параскрасці”, г. зн. падзяліць цела маці-Беларусі, накіроўваючы супраць іх “непасрэдны, цалкам вытрыманы ў стылі народнай парэміялогіі, праклён, з уласцівай гэтаму вуснамоўнаму жанру градацыяй”45:

Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І не ўстаў ён болей
Са сваёй пасцелі, —

Хто над Беларусяй
Хоча распрасцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усмерціць.

Каб таго парвала
З сэрцам на тры часці
І звяр’ё збрылося
Мяса параскрасці, —

Хто быў прычыніўся
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
(“Каб…”, 1926) [Т. 4, с.151]

“Публіцыстычны па зместу, ён (верш “Каб…” – А. Т.) увабраў у сябе рэдкасныя па інтанацыі, рытмах, вобразнасці россыпы вуснай народнай творчасці. Купала тут увесь у дзеянні, у дынаміцы, яго вобразнасць мае яскрава вырашаны кантрастны характар”46.
Гэтыя вершы Янкі Купалы сацыялагізатарская крытыка 1930-х гг. назаве вяртаннем “да тых жа нацыянал-дэмакратычных матываў”, ахарактарызуе ўпадніцтвам з глыбокімі слядамі буржуазна-нацыяналістычнай ідэалогіі [паводле: Т. 4, с. 408-409]. Праўда, у выпадку неабходнасці скарыстаць купалаўскую энергетыку, скіраваць яе супраць ворагаў, верш “Каб…” публікуецца ў газетах падчас германа-савецкай вайны.
1926 г. аказаўся апошнім, калі можна так сказаць, выразна антысавецкім годам Янкі Купалы. І стрыжнем у яго паэтычна-палітычным крытыцызме сталі якраз разважанні на тэму распалавіненасці Беларусі, віна за якую паэтам ускладалася на абодвух удзельнікаў дзяльбы.

Пасля 1926 г.: ці змяніўся Купала?

“…Зыркая творчая “ўспышка” дваццаць шостага году зьмяняецца малапрадукцыйнымі гадамі завяданьня”, – канстатуе Ант. Адамовіч47. Як і раней здаралася з Прарокам, спустошаны палкімі грамадзянскімі вершамі (на жаль, практычна безвыніковымі ў сэнсе ўздзеяння на сацыяльна-палітычную рэчаіснасць), ён робіць перапынак – паэтычных твораў, пазначаных 1927-м годам у Поўным зборы твораў няма (за выключэннем паэмы “З угодкавых настрояў”). У гэты час узмацняецца ідэалагічная рэгламентацыя, што адчувалася ўжо і ў ранейшых творах Янкі Купалы (зразумела, іншых паэтаў таксама). Нагадаем тэзіс Ант. Адамовіча: «У 1928 годзе пачаў мацней адчувацца ціск ГПУ ў галіне літаратуры»48.
Выйшаўшы з перыяду маўчання напрыканцы 1928 г., Янка Купала ўжо быў схільны прызнаць рацыю за Саветамі, асудзіўшы “панскую Польшчу”, усклаўшы цалкам на яе віну за рыжскі падзел (“Летапіснае” – верш, напісаны да дзесяцігоддзя БССР), за што быў ухвалены сацыялагізатарскім крытыкам Л. Бэндэ. Тым не менш хвалі “энтрапічных” сілаў паэтычнага Купалавага выбуху 1926 г. дакаціліся нават да гэтага, свайго роду згодніцкага верша:

Вораг польскі і рускі
Шчыра множыў курганы, –
Не было Беларусі,
Толькі быў “Край забраны”.

Расіяне, палякі
Ды французы і шведы
Беларускай крывёю
Палівалі край гэты. [Т. 4, с.170-173, 414]

Сама тэма падзеленай Беларусі ў Купалавай творчасці ўсплывае радзей і радзей. А танальнасць увачавідкі змяняецца. У чарговы раз да гэтай тэмы звяртаецца паэт у першым вершы, напісаным пасля спробы самагубства, – “А ў Вісле плавае тапелец…” (1931). “Як і вершы “Памрока над Польшчай завісла…” (1938 – А. Т.), “Суд ідзе” (1932 – А. Т.) і інш., ён накіраваны супроць тэрору ў буржуазнай Польшчы”, але і гэтага, як засведчылі аўтары каментарыяў да Поўнага збору твораў, ідэолагам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі на Беларусі было мала: “Купала можа і павінен даць больш, гэтага патрабуем не толькі мы тут з вамі, але гэтага патрабуюць працоўныя масы і Савецкай і Заходняй Беларусі”, – пісаў у 1931 г. Л. Бэндэ [паводле: Т. 5, с.223-224]. Захоўваючы літаратурны стыль сваёй экспрэсіі, увесь гнеў паэт абрушвае на “панскую Варшаву”:

Балюе панская Варшава,
А для гуманнасці, прагрэса
Ідзе аблава за аблавай
На ўсходніх “вольных” польскіх Крэсах.

Абрабаваных да кашулі
Там беларуса і ўкраінца
Вядуць закованых патрулі
Па акрываўленым гасцінцы.
(“А ў Вісле плавае тапелец…”) [Т. 5, с.10-11]
Апалагетам улады бальшавікоў і Беларусі ў форме савецкай рэспублікі выступае Янка Купала і ў вершаваным апісанні спробы заваяваць Беларусь польскімі войскамі. У адрозненне ад ранейшых твораў на тэму савецка-польскай барацьбы на беларускіх землях, Янка Купала ў дадзеным выпадку не лічыцца з гістарычнымі рэаліямі (яму добра вядомымі, таму ў гэтым бачыцца ці то неахайнасць ад абыякавасці, ці то свядомае ўказанне на непраўдзівасць яго паэтычнай думкі і пачуцця з мэтай зрабіць падказку ўважліваму і ўдумліваму чытачу пра несапраўднасць лейтматыву твора).

Адзінаццаць месяцаў
БССР стагнала
Пад ботам пілсудчыны,
Але не сканала.
(“Адзінаццаць месяцаў…”, 1932) [Т. 5, с.20]

Кажа аўтар пра амаль гадавую акупацыю польскімі войскамі значнай часткі Беларусі ў 1919 – 1920 гг., не зважаючы, што ў той час не было БССР, якую самі ж бальшавікі трансфармавалі ў ЛітБел яшчэ ў лютым 1919 г. Таму ў далейшым і спатрэбілася другое абвяшчэнне Савецкай Беларусі.
Ці не апошні антысавецкі пасаж Янкі Купалы, таксама звязаны з падзеленасцю Беларусі, фіксуе аналітык супраціву саветызацыі ў беларускай літаратуры Ант. Адамовіч, кажучы пра прымяненне беларускімі паэтамі прыёму “пераклічкі” – размяшчэння твораў «такім чынам, каб яны так ці інакш “пераклікаліся” па сэнсу й гэтай “пераклічкай” стваралі нейкі новы сэнс, адсутны ў кожным зь іх, узятым ізалявана. Для дасягненьня такой мэты творы разьмяшчаюцца звычайна побач або насупраць на разгорнутай старонцы або ў суадносных мясьцінах розных старонак. Найбольш зыркі выпадак ужываньня такой “пераклічкі” знаходзім у зборніку Янкі Купалы “1918-1928”, які выйшаў у 1930 годзе. Зборнік гэты адкрываецца Купалавым перакладам вядомага бальшавіцкага “міжнароднага гімна” “Інтэрнацыянал”, усьлед за якім зьмешчаны выразна-нацыяналістычны верш паэты “Паўстань!”, напісаны ў часы белапольскай акупацыі. Абодва вершы “пераклікаюцца” ўжо сваім аднолькавым зачынам — “Паўстань...”, і, ставячы іх побач, паэта як-бы зьмяшчае на аднэй дошцы абодва акупацыйныя рэжымы — чырвоны бальшавіцкі й “белапольскі”. Гэта вельмі выразнае супастаўленьне, “пераклічка”, адрасаваная варожым сілам, што падзялілі між сабою тэрыторыю Беларусі мяжой Рыскага міру 1921 году. Ня менш паказальнае й супрацьстаўленьне: нацыяналізм — інтэрнацыяналізм. Красамоўны камэнтар бальшавіцкай крытыкі: “Такое правакацыі ў 1930 г. мы не чакалі, нават ведаючы ўсё цёмнае мінулае паэты”»49.
Тым не менш суворыя рэаліі савецкай улады 1930-х гг. прымусілі спяваць ліру Прарока пад сваю дудку. І, канешне, так званае ўз’яднанне Беларусі ў верасні 1939 г. Янка Купала вітаў радаснымі вершамі: “Верасень месяц…”, “Сонца свяціла нам аднолькава…”, “Ой, павей, вецер!..”, “Калыханка”, “Накарміліся панскаю ласкай…”, “Расшумеўся лес зялёны”, “З новай думкай”, “Слава табе, Армія…”, “Еду сягоння я ў Вільню…”, “Прамінулі дзянькі…”, “Настаў чарод…”, “Засвяціла ясна зорка…”. Бадай, самымі вядомымі, без нацяжкі афарыстычнымі радкамі на гэты конт стала першая страфа верша “Ты з Заходняй, я з Усходняй…”:

Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся. [Т. 5, с.157]
Наколькі быў шчырым Янка Купала ў гэтым паэтычным цыкле, сказаць немагчыма. З аднаго боку, ён лічыў падзел Беларусі трагедыяй. З іншага – марыў не толькі пра цэласнасць Беларускага Дома, але і пра яго самастойнасць. Апошняга бальшавікі не давалі.

Падзел Беларусі, здзейснены бальшавіцкай Расіяй і панскай Польшчай у 1921 г., стаў вынікам працяглага супрацьстаяння паміж гэтымі дзяржавамі, кожная з якіх мела місіянерскія замашкі. Што для іх была трагедыя невялікага (па іх паняццях) народа! Да таго ж сапраўды, на той час слаба развітага ў нацыянальным сэнсе. Але ўжо тады беларусы заявілі пра сябе. Як нацыя. У вялікай (некаторыя скажуць галоўнай) ступені да гэтага спрычынілася літаратурная дзейнасць падзвіжнікаў беларускага мастацкага слова. Не дзіўна, што паэты – калі не ўсе, то абсалютная большасць – жылі інтарэсамі народа. Іх паэзія была пульсам і нервам нацыянальнага развіцця. Таму і трагедыя падзелу краіны атрымала шырокі паэтычны розгалас. Лідарам беларускага паэтычнага хора быў Янка Купала – геніяльны прарок беларускага адраджэння. Ён першым наблізіўся да тэмы, акрэсліўшы да драбязы, па якіх шляхах рушыць гісторыя. Таму і застаецца ў ёй Прарокам. Янка Купала глядзеў у корань, у глыбіню. Гэта дазваляла яму бачыць будучыню. Сімптаматычна, што ідэйны вектар яго паэзіі на тэму рабавання Беларусі быў скіраваны супраць абодвух суседаў-знявольнікаў – і Польшчы, і Расіі. Прычым незалежна ад улады ў апошняй. Янка Купала пра пагрозу падзелу напісаў больш, чым пасля самога гвалтоўнага акту. Аб прычыннасці такой рэакцыі паэта варта яшчэ падумаць даследчыкам. Хіба ж не выглядае дзіўнай яго імпульсіўнасць 1922 г. (года ўвядзення татальнай савецкай цэнзуры) і 1926 г. – першага года ў рангу народнага паэта (да таго ж года, з якога антысавецкія матывы ў асэнсаванні падзелу Беларусі сталі непажаданымі – з-за змены знешнепалітычнага курсу (перадусім стасоўна Польшчы), які перад гэтым дапускаў пэўныя крытычныя думкі на гэтую тэму)? Менавіта тады ж і былі створаны Прарокам “антырыжскія” вершы.
Пакрысе класікі прыціхлі. Пасля хуліганства 1926 г. астыў і Янка Купала. Менавіта астыў. Аднак не пагадзіўся. І хоць не на поўны голас, але асобныя нонканфармісцкія ноткі стасоўна падзелу роднай краіны ў Янкі Купалы не-не ды прарываліся праз інтанацыі савецкага ладу.
Аб’яднанне Беларусі ў верасні 1939 г. ён, як і, бадай, усе беларускія паэты, сустракаў “як паложана” – апяваючы падзею. Але за адзіным, “раскручаным” уладай выключэннем тыя вершы не мелі такога рэзанансу, як творчасць будучых народных паэтаў – і Янкі Купалы, і Якуба Коласа – да сярэдзіны 1920-х гг.



1 Лазько Р. Польска-савецкія мірныя перагаворы 1920 г. і лёс Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс, 2010, №12. С. 5.
2 Спасылкі на творы Янкі Купалы робяцца ў дужках па выданні Поўнага збору твораў з указаннем тома і старонкі: Купала Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / АН Беларусі, Iн-т літ. імя Я. Купалы. Мінск: Маст. літ., 1995 — 2003.
3 Каўка А. “Усход” і “Захад” у мастацкім светабачанні Янкі Купалы // Беларусіка=Albaruthenika 6. Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. І міжкультур. узаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2. / Рэд. Ул. Конан і інш. Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. С. 186.
4 Каўка А. “Усход” і “Захад” у мастацкім светабачанні Янкі Купалы… С. 186-187.
5 Цыт. па: Платонов Р. В объятиях «начальника державы Польской» // Беларуская думка, 1999, № 4. С. 99.
6 Мусім не пагадзіцца з меркаваннем пра даціроўку верша аўтараў каментарыяў Поўнага збору твораў Янкі Купалы: “Паводле зместу верш можна аднесці да перыяду першай сусветнай вайны” [Т. 3, с.327]. Таму што 1) ваенныя дзеянні на беларускую зямлю прыйшлі толькі праз год, г. зн. “груганы” “на сяло” яшчэ не “прыляцелі”, 2) верш арганічна ўпісваецца ў кантэкст іншых твораў на тэму польска-расійскага ўплыву і супрацьстаяння на тэрыторыі Беларусі (гл. таксама “Я мець ад кагосьці…”, 1914 [Т. 3, с.220]).
7 Каўка А. Свой пачэсны пасад. Янка Купала: Дзяржаватворчая думка паэта // Дзея­слоў, 2007, № 4(29). С. 193.
8 Каўка А. Свой пачэсны пасад… С. 186
9 Бэндэ Л. Творчы шлях Янкі Купалы // Полымя рэвалюцыі, 1935, № 10. С. 123.
10 Шарахоўскі І.З. Пясняр народных дум (Нарыс жыцця і дзейнасці Янкі Купалы. Савецкі перыяд). Рэд. М. Р. Ярош. Мінск: “Навука і тэхніка”, 1976. С. 3-4.
11 Бэндэ Л. Творчы шлях Янкі Купалы // Полымя рэвалюцыі, 1935, № 10. С. 126.
12 Гніламёдаў У. Апантаны беларускім лёсам. Творчасць Янкі Купалы ў паслякастрычніцкія часы // Полымя, 1994, № 7. С. 235.
13 Такая назва ў Купалы. Існуе і трохі іншы пераклад назвы – “Слова пра паход Ігаравы”.
14 Навуменка І.Я Янка Купала // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. 2-е выд. Мінск: Бел. навука, 1999 – 2003. Т. 1: 1901 – 2020, 2001. С. 154.
15 Каўка А. “Усход” і “Захад” у мастацкім светабачанні Янкі Купалы… С. 190.
16 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры. Мн.: Выдавец ІП Зьміцер Колас, 2005. С. 805.
17 Трафімчык А. Да праблемы станаўлення дзяржаўнасці Беларусі (1917 – 1921): палітыка Крамля // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Białystok, 2009, № 31. С. 92-114.
18 А. Сідарэвіч трохі ўдакладняе, колькі літаральна паветаў выдзелілі бальшавікі пад Савецкую Беларусь. Аказваецца, што і паветы, акрамя аднаго, моцна былі абрэзаны. Гл.: Сідарэвіч А. Выбранае... Нататкі чытача // Дзеяслоў, 2010, №3 (46). С. 304-305. Алег Гардзіенка гаворыць пра “фантастычнае меркаваньне, што пад час працы ў Дзяржаўнай бібліятэцы … Мікола Ўлашчык знайшоў купалаўскі аўтограф, водгук на падзелы Беларусі: “Далі шэсьць паветаў, дзякуй і за гэта” — знайшоў і запомніў, бо пасьля купалаўскія рукапісы ў бібліятэцы былі рэвізаваныя, і значна пазьней, ужо пасьля сталінскіх часоў, зноў запусьціў купалаўскую фразу ўва ўжытак”. Гардзіенка А. Гісторык, які перайграў гісторыю // ARCHE Skaryna, 2000, № 4 (9). С. 62.
19 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (1917 – 1922 гг. (Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы). Мн.: БелНДІДАС, 1997. С. 214; Głogowska H. Białoruś 1914 – 1929. Kultura pod presją polityki. Białystok, 1996. S. 76.
20 Цыт. па: Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына, 1994, № 4. С. 55.
21 Ладысеў У.Ф. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 – 1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. Мн.: БДУ, 2003. С. 287.
22 Ладысеў У.Ф. Паміж Усходам і Захадам… С. 296.
23 Хоміч С. Асноўныя этапы фармавання тэрыторыі БССР (1918 – 1926) // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 7. Сш. 2 (13). Менск, 2000. С. 360, 363.
24 Клімаў І. Беларусізацыя ў дакументах // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 8. Сш. 1-2 (14-15). Менск, 2001. С. 273-295.
25 Ліцкевіч А. Беларуская віртуальная рэспубліка. Гісторыя палітычнага банкрутцтва БНР у люстэрку архіўных дакументаў // Беларуская думка, 2008, №3. С. 73.
26 Па: Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння, альбо Эсэ пра Вацлава Ластоўскага // Полымя, 1994, № 5. С. 164.
27 Апостол национального возрождения // Неман, 1995, № 1. С. 156.
28 Па: Някляеў У. Шлях. Папулярны біяграфічны нарыс // Дзеяслоў, 2007, № 3 (28). С. 246-247.
29 Гл., напрыклад: Рапарт Рамуальда Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба ад 26 сакавіка 1923 г. // ARCHE Пачатак, 2005, № 6. С. 234.
30 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 851.
31 Гніламёдаў У. Апантаны беларускім лёсам… С. 238.
32 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры... С. 440-441.
33 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры... С. 439, 441-442.
34 Відавочна, згаданае вышэй двухрадкоў зыходзіць да гэтых прыпевак, апублікаваных упершыню ў выданні, на якое зроблена спасылка.
35 Каўка А. Свой пачэсны пасад... С. 196.
36 Гілевіч Н. Выбраныя творы / уклад., камент. Н. Гілевіча, прадм. У. Конана. Мінск: Кнігазбор, 2009. С. 537-538.
37 Жылуновіч З. Узгоркі і нізіны. Крытычныя нарысы. Менск: Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва, 1928. С. 39.
38 Гілевіч Н. Выбраныя творы… С. 538.
39 Гілевіч Н. Выбраныя творы… 538.
40 Гл. падрабязней: Лазько Р. Хто ж знішчыў “Грамаду”? // Беларуская мінуўшчына, 1994, № 2. С. 46-49. Пра дзейсны ўдзел у разгроме БСРГ саветаў ведалі (ці здагадваліся) і ў тагачассе, пра што сведчаць згаданыя П. Мядзёлкай словы Янкі Купалы на гэтую тэму: Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця // Полымя, 1993, №3. С. 234.
41 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 862-863.
42 Гніламёдаў У. Апантаны беларускім лёсам... С. 238.
43 Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т.2. Вершы (1911 – 1938) / рэд. тома У.В. Гніламёдаў; падрыхт. тэкстаў і камент. С.В. Забродскай, К.А. Казыра ; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. Мінск: Беларус. навука, 2007. С. 89.
44 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 863-864.
45 Гілевіч Н. Выбраныя творы… С. 538.
46 Гніламёдаў У.В. Прарок нацыянальнага адраджэння // Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 1. Вершы, пераклады 1904 – 1907 / Прадм. У. Гніламёдава. Мн.: Маст. літ., 1995. С. 41.
47 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 861.
48 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры... С. 898.
49 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры... С. 741.