12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Трафімчык

_____________________
Хто чужаніцы?
Якуб Колас пра падзел Беларусі 1921 г.


Радкі, якія сталі першай часткай назвы гэтага артыкула, напісаў Якуб Колас у сувязі з чарговай дзяльбой беларускіх зямель, якія з часу Першай сусветнай і затым савецка-польскай войнаў некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі: 18 сакавіка 1921 года, паводле Рыжскага мірнага дагавора, заходняя частка Беларусі адышла ІІ Рэчы Паспалітай, усходнія землі апынуліся пад уладай бальшавікоў, якія пад сваім пратэктаратам арганізавалі для Беларусі невялікую рэспубліку, пакінуўшы ў складзе Расіі ўсходнебеларускія тэрыторыі з гарадамі Віцебск, Смаленск, Магілёў, Гомель. Нацыянальныя паэты не засталіся ў баку ад гэтай драматычнай падзеі. Яе адназначна асудзіў шматгалосны хор беларускіх лірыкаў. Лідарам, запявалам, тут быў Янка Купала. Пра яго паэтычную рэакцыю “Дзеяслоў” пісаў сёлета ў №2 (57). Не адстаў ад свайго калегі і сябра другі атлант айчыннага мастацкага слова – Якуб Колас, які, тым не менш, мае адметную ад Купалаўскай эвалюцыю ва ўспрыманні падзелу Беларусі.
Генезіс пазіцыі паэта па гэтым пытанні ўзыходзіць да часоў сацыяльных катаклізмаў, калі праз Беларусь перакочваліся раз за разам ваенныя навалы, змяняліся ўлады. Эмігранцкі літаратуразнаўца Ант. Адамовіч адзначае “раптоўны на той час выбух нацыяналізму ў Якуба Коласа, у дарэвалюцыйнай паэзіі якога блізу поўнасьцю адсутнічала нацыянальная ідэялёгія”1. Верагодна, на светапогляд сялянскага паэта (так часцей за ўсё ўспрымаўся Якуб Колас) паўплывала сноўданне па свеце: у якасці мабілізаванага ён прайшоў ваенную падрыхтоўку і нават пабываў на фронце (румынскім), цяжка захварэў, быў камісаваны і асеў у Курскай губерні. Там яго адольваюць глыбокія настальгічныя перажыванні. Да яго прыходзіць яснае ўсведамленне адсутнасці роднасці з расійскім народам. Вось што піша ён сябру Янку Купалу (арыгінал ліста на беларускай мове не выяўлены):
“С позиций пришел в Обоянь, где жила моя семья, больным человеком. Брат[о]к мой милый! Случалось тебе когда-нибудь застрять где-нибудь на железнодорожной станции, ждать поезда? Вот в таком положении чувствую я себя теперь, где бы я не находился. Все жду, когда же наступит возможность оставить эту Московщину и вновь очутиться среди своих людей. Скажу тебе, друже, татарский здесь народ. Болит моя душа по Белоруссии. Чувствуешь ли, братец, как тяжко жить на чужбине?.. Чувствую я, однако, одно: бедный, бедный наш народ! Как несправедлива его доля! И когда только дождется он просветления? Много встречал я наших виленцев, минчан, которые склоняются от востока к западу, ждут избавления ныне от Германии. Я, однако, остаюсь при своем мнении до гроба: немцы не дадут нам счастья. Немцы знают, что делают: им нужно утопить великий народ в братской крови, обессилить и обездолить его. Что же нам делать? Пробуждать в народе самосознание, ориентация должна быть на самого себя”2.
Гэтыя перажыванні трохі пазней, у 1919 г., Якуб Колас занатоўвае ў ХVІІІ раздзеле “Новай зямлі” “Зіма ў Парэччы”:

Далёка я ад межаў родных
Сярод людзей, душой халодных
І сэрцам чэрствых.
<…>
О родны край! О край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты!
Калі ж ты збудзеш тое гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе знішчае
І горкім смуткам авявае?
[Т. 8, с.159-160]3

Ант. Адамовіч слушна заўважае, што пачатак гэтага раздзела дае нам “паэтаву ацэну самое перажыванае ім (Якубам Коласам – А. Т.) тады савецка-польскае акупацыі Беларусі як “нягоды цяжкае”, “гора, што і сягоньня, як і ўчора, як і даўней яе зьнішчае”, “часу вялікага разбурэньня”, “зьдзеку, што чалавек – зьвер чалавеку так чыніць злосна, неўспагадна” – безь якога-небудзь вырозьнення ўва ўсім гэтым акупантаў польскіх ад савецкіх ды абодвух – ад іхных папярэднікаў гістарычных з “учора” й нат аж з “даўней” (калі каго крыху й выдзяляецца, дык якраз людзей савецка-расейскага ізаляцыйнага навакольля аўтара, і гэта – як “людзей, душой халодных і сэрцам чэрствых”…)”4.
Ваенны і курскі перыяд Якуб Колас праз гадоў колькі назаве “паднявольным блуканнем” (падкрэслена намі – А. Т.), напісаўшы ў апошнім раздзеле “Новай зямлі”:

…А там дарога, зноў дарога,
Разлука з краем і трывога
І паднявольнае блуканне
І гэта нуднае змаганне
За інтарэсы жывата
Ды зноў варожая пята…
[Т. 8, с.281-282]

Якраз недзе тады, у 1918 – 1919 гг., (трохі пазней за Купалу) у паэтычнай лексіцы Коласа паяўляецца онім “чужынец” – перадусім адносна “маскалёў”. Ён кажа пра “ярэм’і”, “што ім (“нашаму люду”, “дабрэйшаму ў свеце” – А. Т.) чужынцы з сваякамі / Уздзець маніліся даўно, / І засланялі ім вякамі / Ад свету белага вакно…” (“Я кожан год свой дзень радзінаў…”, 22.10.1918) [Т. 2, с.82]; разважае пра тое, што “час праходзіць, жыццё гіне / Ў талачэчы на чужыне / За кавалак хлеба…” (“На чужыне”, 22.10.1919) [Т. 2, с.84]. Роўна праз год у роздумах на тую ж тэматыку (традыцыйна для таго дня – завяршыўся яшчэ адзін год зямнога шляху чалавека) паэт працягвае метадычна прамаўляць:

Бо сярод чужаніц,
Неўспагадных дурніц,
Сілу марне трачу…
(“Ну, якіх жа прыгод…”, 22.10.1920) [Т. 2, с.87]

У кантэксце такіх перажыванняў, такога ўспрымання рэчаіснасці ўзмацненне грамадзянскіх, нават яскрава палітычных матываў у творчасці Якуба Коласа выглядае арганічным. Найбольш экспрэсіўна яны выплеснуліся ва ўступе да ІІІ раздзела паэмы “Сымон-музыка” (канец 1917 г.). Пачынае паэт з экскурсу ў мінулае:

З двух бакоў айцы дубінай
Заганялі нас у рай.
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
І адразу пераходзіць да паралелей з сучаснасцю:
І цяпер над вамі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор:
І папоўскае закляцце
І ксяндзоўскі нагавор.
[Т. 9, с.269]

Напамінаючы, што “тут схадзілісь ўсе плямёны / спорку сілаю канчаць”, згадваючы шведа, які “набытак наш паліў”, прайшоўшыся па панска-каталіцкай польскай экспансіі, паэт галоўныя эмоцыі адрасуе ў бок усходняга суседа: “маскаль тут самачынна / гвалт над намі ўтварыў, / і без жалю капытамі / конь казацкі тут ступаў”. Ад імя народа паэт заяўляе:

Толькі ж, брацце, край не згінуў,
Не пагнуўся яго стан.
І із нас душы не вынуў
Ні маскаль, ні польскі пан.
[Т. 9, с.270]

Прычым аўтар з самасцвярджэннем народа звяртаецца да канкрэтных аб’ектаў:
Гэй, суседзі, нашы брацце! (NB адзін з рэдкіх выпадкаў для падобных Коласавых кантэкстаў, калі суседзі называюцца не чужакамі ці чужынцамі, а браццямі.)

Не згубілі мы свой шлях,
Не ўламала нас няшчасце,
Не сагнуў нас жыцця гмах.
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы – шлях свой адзначаць?
І сваім уласным краем
Родны край свой называць?..
[Т. 9, с.270]

Такім рытарычным пытаннем, звернутым ужо да свайго народа, яго нацыянальнай годнасці, заканчвае паэт уступ да трэцяй часткі, яшчэ раз падкрэсліваючы нязгоду з існым становішчам Беларусі.
На гэты конт У. Конан піша: “Настаўнік Кастусь Міцкевіч жыў далёка ад роднай Беларусі. Але здалёк бачыў яе драматычнае ўзыходжанне да дзяржаўнай незалежнасці. Беларусь 25 сакавіка 1918 года абвясціла сваю незалежнасць. Пасля перажыла нямецкую, польскую, урэшце — бальшавіцкую акупацыю. Падзеі гэтыя леглі ў аснову сюжэтаў трагікамедыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Заключныя раздзелы першай рэдакцыі паэмы “Сымон Музыка” — гэта рамантычнае, мастацкае ўвасабленне трагічнай незавершанасці дзяржаўнага адраджэння Бацькаўшчыны ад нанесеных ёй цяжкіх ранаў, сімвалічна пазначаных непрытомнасцю і смерцю Ганны, кашмарным сном і адчаем Сымона. Але паэт дае ім шанец на ўваскрэсенне і чарговае прабуджэнне для новага, свабоднага і творчага жыцця”5.
“Увесь гэты згустак квінтэсенцыі нацыянальнага адраджэнства, пададзены на працягу няпоўнае сотні вершаваных радкоў, у высокім і моцным тоне нябывалага лірычнага патасу запраўды ўнікальны ў Коласа, дый наагул няшмат роўнага сабе мае ў цэлай адраджэнскай паэзіі”6. Згаджаючыся з гэтай цытатай Ант. Адамовіча, мусім аспрэчыць меркаванне крытыка, што быццам для нацыянальна-адраджэнскага пасажу Якуба Коласа не было матывацыі, бо, як адзначалася вышэй, папярэднія перажыванні паэта, адкрыццё Расіі як чужыны, а расіян як татараў, маскалёў (але ніяк не братоў-славян), а ў сувязі з гэтым таксама надзвычайнай моцы настальгія, сум па родных краях (гл. вершы “Гусі” (22.09.1916), “Палессе” (1916), “Ой, скажы мне, вецер вольны…” (1917), “Год за годам уцякае…” (22.10.1919) і інш.) спрычыніліся да выспявання Коласа-нацыяналіста, зварот якога да мінулага ў той час не мог не азначаць і надзённай пазіцыі паэта, пазіцыі, што была скіравана супраць гаспадарання суседзяў, чужынцаў на Беларусі. Радзіму хацеў паэт бачыць вольнай.
Савецкая цэнзура сталінскіх, сацыялагізатарскіх часоў мела тоеснае разуменне, таму, як паведамляецца ў каментарыях сучаснага Збору твораў народнага паэта, да большасці з названых тут Коласавых вершаў, яны, як правіла, былі апублікаваныя ў нацыянальнай, небальшавіцкай прэсе, а таксама ў зборніку “Водгулле” (1922), за рэдкім выключэннем у прыжыццёвыя выданні не ўваходзілі і зноў пачалі друкавацца толькі падчас “хрушчоўскай адлігі”.

* * *
Нягледзячы на тое, што беларускі народ на той час заявіў пра сваё існаванне, акрэсліў этнічныя межы, у 1921 годзе краіна была падзеленая. Між тым, палітычныя падзеі вакол і на Беларусі (Савецкай) адбываліся такія, што давалі падставу для аптымістычных заглядванняў у будучыню. У першай палове 1920-х гг. савецкая ўлада бярэ курс на беларусізацыю. Дзякуючы нэпу імкліва аднаўляецца эканоміка. Беларускае сялянства, дагэтуль рабаванае з розных бакоў прыхаднямі, урэшце адчула значную палёгку. І калі яшчэ адразу пасля падзелу беларускія паэты выказваліся вельмі востра супраць брутальнага стасоўна Беларусі акта, то паціху тая вастрыня патухае. Паказальным прыкладам з’яўляецца Коласава творчасць. У адрозненне ад Янкі Купалы, паэта метафізічных і правідэнцыялісцкіх тэндэнцый, Якуб Колас творчасцю ў асноўным адлюстроўваў хранатоп “тут і цяпер”, не ставячы свайго лірычнага героя “перад будучыняй” (назва праграмнага верша Янкі Купалы).
Адразу пасля падзелу Беларусі першая скрыпка ў “сімфоніі гневу” (назва антытаталітарысцкай п’есы В. Шашалевіча) нечакана перайшла да Якуба Коласа, які раней не прэтэндаваў на ролю трыбуна (ва ўсялякім выпадку купалаўскага маштабу). Тэму Коласавай антысавецкасці, у тым ліку ў сувязі з падзелам Беларусі, грунтоўна прааналізаваў Ант. Адамовіч, таму да яго даследаванняў будзем нярэдка звяртацца.
Канстанцін Міцкевіч, вымучаны вайной і напаўгалодным існаваннем на чужацкай Куршчыне, неўзабаве пасля падзелу вяртаецца ў Беларусь – у Мінск. Жыццё паэта наладжваецца. Але не быў бы ён народным Песняром, калі б не жыў інтарэсамі краіны. А яе тады брутальна распалавінілі, навязваючы на абедзвюх частках каланізацыйныя парадкі. І калі датуль антысаветызм Якуба Коласа быў яшчэ дастаткова аморфным (у нечым змешаным з антырасейскасцю, антымаскальскасцю), то ў 1921 годзе ён канкрэтызуецца, дзейсным каталізатарам чаго становіцца менавіта дзяльба Беларусі.
Яшчэ да пераезду на радзіму, адразу па падпісанні Рыжскага мірнага дагавора, – 23 сакавіка 1921 года Якуб Колас піша глыбока алегарычны верш “Дубы”, дзе коратка ў традыцыйным для сябе іншасказальным ключы апісвае, што сталася з дубамі – сімвалам беларускага краю:

Наляцелі ж буры злыя,
Толькі ўжо не з неба:
Дзеі, засевы ліхія
Ўзгадавала глеба,

Глеба цёмная, сляпая,
Глеба злосці, гневу…
<…>
Эх, дубы, дубы! вякамі
Вы збіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы.

Ашальмованы вам чолы,
Ссечаны кароны,
І, пасеўшы на верх голы,
Там крычаць вароны.
[Т. 2, с.89]

Вобраз акупаваўшых дубы варон рэмінісцыруе ранейшых Купалавых груганоў, што прыляцелі з усходу і захаду “на сяло, на чужую шкоду”7. Аднак такая цьмяная вобразнасць робіць складанай расшыфроўку твора (у ім тым не менш сацыялагізатарская цэнзура ўбачыла пэўную непрымальнасць, таму пасля “Водгулля” пры жыцці аўтара твор быў апублікаваны толькі адзін раз і то з купюрамі найбольш вострых момантаў).
У гэтым тэматычным рэчышчы Якуб Колас неўзабаве (20.08.1921) стварае больш ясны верш, твор з грамадзянскім пафасам – “Родныя малюнкі”, у якім матыў шкадавання, эмпатыі, які пераважае ў вершы “Дубы”, набывае ноты абурэння. Акрамя таго, аўтар выяўляе тых, супраць каго тое абурэнне скіравана. Працытуем найбольш яскравыя моманты верша:

Ды ляглі над краем
Хмары-навальніцы,
Рубяжоў няма ім,
Ім няма граніцы!
<…>
Ты ідзеш, бажаеш,
Повен ты надзеі,
Ды не прачуваеш,
Дзе твае зладзеі.

Наплывуць туманы
Горкае нядолі,
І куюць кайданы
Цяжкае няволі.
<…>
Кавалі другія,
А ланцуг той самы –
Песні ўсе старыя
Неаджытай гамы.
[Т. 2, с.95-96]8

«Гэтыя апошнія Коласавы радкі пра “кавалёў другіх” бальшавіцкая крытыка сваім часам асабліва вытыкала як адно з найбольш антысавецкіх выказваньняў у цэлай беларускай літаратуры. Адылі, Колас не абмежыўся адно на гэткім мэлянхалічным агульным канстатаваньні сумнага фактычнага стану рэчаў на сваёй бацькаўшчыне па тым “устанаўленьні пралетарскай дыктатуры” (цытата з работы Л. Бэндэ – А. Т.) над ёй. Ад гэтай мэлянхоліі паэтавай не застаецца й знаку, калі паэта яшчэ ўніклівей углядаецца, учуваецца ды ўдумваецца ў той стан роднага краю, што вытварыўся там у выніку незадоўга перад ягоным зваротам туды праведзенага тымі-ж “кавалямі другімі” Рыскага падзелу Беларусі між Польшчай і Саветамі, які адорваў непраходнай мяжой двух сьветаў самыя родныя Коласавы мясьціны, так мілыя сэрцу ягонаму куткі маленства і юнацтва, бацькаўшчыны ў вузейшым сэньсе, дзе жылі яшчэ бліжэйшыя родзічы, у тым ліку і сама маці паэтава, ды даўныя сябры, паплечнікі й настаўнікі-правадыры ў беларушчыне, зь якімі з усімі цяпер нельга было нат пабачыцца. І тут паэта выбухае вялікім гнеўным абурэньнем … вершу “Беларускаму люду” (1921 – А. Т.). …Ізноў, як раней у “Сымону-музыку”, прыгадвае ён свайму народу пра ягоных гістарычных прыгнятальнікаў, абазначаных тутака, ізноў-ткі, у тых-жа нацыяналістычных тэрмінах, каб за гэтым, заклейнаваўшы новаўчынены імі акт гвалту падзелам, узьняць клічам і ўвесь народ на іх»9.
Сёння некаторыя радкі верша ўжо шырока вядомы нават масаваму чытачу. У сваім творы паэт мінімізаваў вобразнасць, але экспрэсіўнасць толькі павялічыў: за кошт клічных і рытарычных зваротаў, адпаведнага сінтаксісу, эмацыйна афарбаванай лексікі, – сродкаў, якія і раней выкарыстоўваліся Якубам Коласам, а ў гэтым творы набылі найбольшую канцэнтрацыю.

Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі без нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ свежы!
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялілі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!..
Нашы тут гоні, бары!
<…>
Родны вы сэрцу нашаму, гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўшчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў…
[Т. 2, с.104-105]

Фактычна ў гэтым творы Якуб Колас як грамадзянін выяўляе сябе напоўніцу, не хаваючыся за далікатна лірычнымі інтанацыямі алегорый. Прычым тут паэт не абмяжоўваецца, як гэта рабіў уперад, канстатацыяй і ўздыханнямі-нараканнямі на долю беларускага народа, а адкрыта заклікае:

Люд! Праканайся: толькі мы самі –
Долі сваёй кавалі!
Годзі жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!
[Т. 2, с.104]

Гучным заклікам распачынаецца лірычная кампазіцыя верша, ім жа і заканчваецца, што сведчыць пра ідэйную канцэптуальнасць Коласавага закліка, першачарговае акцэнтаванне менавіта на ім, а не на перажываннях за гаротнае жыццё беларусаў:

Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песні спявай!
[Т. 2, с.104]

Нешта дадаваць да наступнай аналітыкі гэтага аспекту верша Ант. Адамовіча, бадай, няма неабходнасці: “Гэтак паэта не прызнае й кліча свой народ не прызнаваць сувэрэнітэту над Беларусяй спраўцаў Рыскага падзелу яе, г. зн. бальшавікоў і Палякоў, ня робячы, як і раней, ніякага вырозьненьня між гэтымі акупантамі, што для яго аднолькава “чужаніцы, цёмных дарог махляры”. Мала таго, ён кліча народ у вабедзьвюх частках падзеленага краю да адкрытага паўстаньня супраць акупантаў за вызваленьне бацькаўшчыны, задзіночаньне яе ды ўстанаўленьне поўнае незалежнасьці, “самастойнага гаспадараньня” на роду на сваёй зямлі. “Доля не прыйдзе сама… Люд, праканайся: толькі мы самі долі свае кавалі”, – выясьняе паэта ўжо не адным толькі “добрым дзецям” народу, а цэламу “люду”, – “люд, вызваляйся, рві свае путы!” – яшчэ раз падчырквае ён асноўны рэвалюцыйны мамэнт свайго закліку на канчатку. Больш зыркага й адкрытага нацыянальна-рэвалюцыйнага й нацыяналістычна-незалежніцкага, а тым-жа часам і антысавецкага ды антыбальшавіцкага выступу годзе шукаць ува ўсёй нашай літаратуры на ўсім папярэднім адрэзку ейнага разьвіцьця”10.
І. Багдановіч верш “Беларускаму люду” лічыць “коласаўскім тагачасным паэтычным маніфестам, дзе ён даў сваё разуменне Беларускага Шляху. Побач з матывам вызвалення ад сацыяльнага ўціску гучыць там матыў геапалітычнай незалежнасці Беларусі як ад Захаду, так і ад Усходу”11.
Антысавецкія матывы, іншы раз з акцэнтам на тэме падзелу Беларусі ворагамі-чужаніцамі, не абмінаў Якуб Колас і пры дапісванні самага славутага свайго (дый усёй беларускай літаратуры) твора – паэмы “Новая зямля”. У перыяд 1921-1923 гг. былі створаны 17 (з усіх 30) раздзелаў “энцыклапедыі беларускага сялянства” (Алесь Адамовіч). І па назіраннях Ант. Адамовіча ў гэтых раздзелах, напісаных ужо ў Савецкай Беларусі, выпады супраць сучаснасці асабліва вострыя (трэба разумець, у параўнанні з ранейшымі, нават астрожнымі, раздзеламі): «Гэтак, у разьдзеле ХVІ (1922) знаходзім абураную філіпіку супраць спраўцаў Рыскага падзелу Беларусі, бяз вырозьненьня сярод іх бальшавікоў ды палякаў, праўда, толькі з крыху меншай вайстрынёй і выразнасьцяй, чымся ў крыху ранейшым лірычным вершы таго-ж Коласа “Беларускаму люду”»12. Паэт, які адчувае сваё перабыванне пад Саветамі, як пад “варожай пятою” (выраз з апошняга раздзела “Новай зямлі”, датуемага 1922 – пачаткам 1923 гг.) [Т. 8, с.282, 328], дэкларуе, што “нявіднымі ніцямі” “моцна-моцна звязан” з “малюнкамі роднае краіны”, хоць і зараслі “пуцявіны / У гэты мілы мой куточак”:
І зараслі не палынамі,
Не крапівой, не драсянамі,
Не чаратом, не лебядою –
А беларускаю бядою.
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно не зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю…
[Т. 8, с.142]

Паэт праклінае “вусны, рукі”, якія на “мілы край адвечнай мукі” “ланцуг кавалі / І ў твар зняважліва плявалі!” (у чым бачыцца пераклічка з кавалямі разгледжаных вышэй “Родных малюнкаў”), разам з тым выражаючы надзею,

Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце!

У гэтых словах бачыцца і страчванне надзеі – на тое, што сам аўтар некалі ўбачыць “цэльным” родны край, вольным ад вышэй згаданых чужаніцаў-кавалёў. Аднак, як відаць, ступень рэзкасці ў раздзелах, створаных Якубам Коласам апошнімі, ніжэйшая. Верагодна, тут спрычыніўся і той фактар, што пасля лета 1922 г. у Савецкім Саюзе друкаванае слова становіцца падцэнзурным.
У сувязі з вышэй сказаным варта меркаваць, што паэма «Новая зямля» была ўзгадавана на глебе расстання аўтара з родным куточкам: зарадзілася яна ў астрозе, дзе ўзніклі пранізлівыя, глыбока лірычныя радкі, з якіх пачынаецца твор; мела працяг на Куршчыне – «рыжабародым краі» (такі вобраз прыменены ў вершы «Я кожан год свой дзень радзінаў…»); а добрая палова гэтай пярліны беларускага мастацтва слова паўстала ў Савецкай Беларусі, калі паэт быў так блізка ад малой радзімы – як рукою падаць, але наведаць «родны кут», які знаходзіўся за мяжой – у складзе ІІ Рэчы Паспалітай, тады не меў аніякай магчымасці. Такая адлегласцевая блізкасць і разам з тым такая палітычная далёкасць тым больш абвастралі настальгічныя і сыноўскія (на Стаўпеччыне засталася маці, якой паэту ўжо не наканавана было пабачыць) пачуцці лірыка. Усё гэта адпаведна і вылілася ў кангеніяльную паэму. Пры іншых абставінах (без зняволення, доўгай дарогі дадому і душэўнага драматызму па вяртанні на раздзертую радзіму) твора або не было б зусім, або ён быў бы кардынальна іншым.
У далейшым – у страшныя 1930-я – з мэтай перавыдаць паэму аўтар сам пераацэньвае свой твор, кажучы пра дысананснасць яго лейтматыву эпосе [Т. 8, с.332]. Народны паэт відавочна “дыпламатнічаў” дзеля ўлагоджвання кан’юнктуры, у душы не змяняючы адносін да свайго найлепшага твора. Хаця з іншага боку, аўтар і не лгаў: каштоўнасці мастацкага твора і бальшавіцкай аксіялогіі кардынальна разыходзіліся. Але да перапісвання «Новай зямлі» справа не дайшла.
Пацвярджае верагоднасць гіпотэзы лёс паэмы «Сымон-музыка», апошняя, трэцяя рэдакцыя якой – 1925 г. – была канцэптуальна перайначана ў параўнанні з пачатковай. Найперш Якуб Колас прыбірае рэлігійныя матывы і выпады супраць расіян (знікае онім «маскаль»), перароблівае развязку на аптымістычны лад. Адзін з момантаў перапісвання твора, які меў і прамежкавы варыянт – згубленую ці скрадзеную так званую другую рэдакцыю – і сёння застаецца дарэшты нявысветленым. І гэты момант звязаны наўпрост з вяртаннем паэта да тэмы падзелу Беларусі ў 1921 г.
Ужо ў першай рэдакцыі, як падрабязней абгаворана вышэй, Якуб Колас зрабіў экскурс у гісторыю, кажучы пра «споркі сілаю» на беларускай зямлі і прыпісваючы ролю галоўнага гвалтаўніка «маскалям». У моцна змякчонай трэцяй рэдакцыі тым не менш засталіся радкі аб тым, што
З двух бакоў “айцы” дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
І цяпер над вамі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор
І папоўскае закляцце
І ксяндзоўскі нагавор.
[Т. 9, с.81]

У новым сацыяльна-палітычным кантэксце з улікам адносін аўтара да савецка-польскага падзелу яго радзімы і адносін да савецкай улады на той час у цэлым гэты ўрывак атрымлівае інтэпрэтацыю, скіраваную супраць абодвух бакоў падзелу. Прынамсі, да такога прачытання схіляюць падкрэсленыя намі радкі, у якіх аўтар прызнаецца, што ранейшае становішча застаецца “ў сіле”.
Непасрэдна тэма падзелу ўсплывае таксама ў наступных радках паэмы:

Родны край! Ты разарваны
І на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы…
[Т. 9, с.82]

Гэта страфа некаторымі даследчыкамі літаратуры, а таксама малодшым сынам Песняра М. Міцкевічам, бачыцца змененай праз прыбіранне з кантэксту дзяльбы расійскага боку. М. Міцкевіч часта падкрэслівае пазіцыю бацькі стасоўна падзелу, адстойваючы бацькава аўтарства страфы, якая ўпершыню была надрукавана ў мюнхенскім выданні паэмы “Сымон-музыка”. У ім Ант. Адамовіч паведамляе, што ў другой рэдакцыі (1924 г.) Якуб Колас пісаў і пра “ляхаў”, і пра “маскалёў”, кажучы, што “мясьціна гэтая сваім часам сталася ведамай у некаторых менскіх навучальных установах, дзе тады выкладаў сам Колас”13.

Родны край! Ты разарваны,
Паабапал ад мяжы
Лях ліхі, Маскаль паганы
Моцна сьцягваюць гужы...14

Беларуская тэксталагічная навука пакуль не пагаджаецца з меркаваннем М.Міцкевіча. Гэта версія застаецца дакументальна не пацверджай і з гэтай прычыны не ўводзіцца акадэмічнымі тэкстолагамі ў навуковы ўжытак, што пакідае яшчэ адну таямніцу гісторыкам літаратуры. Хаця аб тым, што другая рэдакцыя мела хутчэй за ўсё яўны антысавецкі (ці як мінімум непажаданы для бальшавікоў) змест і, такім чынам, не задавольвала бальшавіцкіх цэнзараў, ускосна сведчыць адсутнасць чарнавікоў і Коласавых каментарыяў (калі не браць пад увагу агульныя словы, сказаныя аўтарам нібы для адчэпнага: маўляў, скралі, перарабіў і да т. п.). Выбітны коласазнавец У. Конан не абвяргае інфармацыі пра скраданне другой рэдакцыі, але і дадае: “Вядомы нам сучасны твор — гэта ўжо другі варыянт савецкай рэдакцыі. Першы варыянт гэтай рэдакцыі (1924) цэнзура вярнула аўтару на дапрацоўку — абавязковую тады самацэнзуру”15. Нягледзячы на вобразнасць крылатага выслоўя, варта нагадаць, што рукапісы не гараць і нейкія сляды павінны былі застацца, – за выключэннем таго выпадку, калі матэрыялы метадычна і татальна зачышчаюцца з мэтай не пакінуць аніякіх слядоў (бальшавікі часта практыкавалі такі падыход і нярэдка дасягалі мэты).
Як бачна, падчас сацыяльна-палітычных навальніц на Беларусі, пачынаючы ад заканчэння Першай сусветнай вайны, калі краіну рвалі на кавалкі з розных бакоў імперыялісты, Якуб Колас ператвараецца з патрыёта (ад пачатку нават даволі лакальнага “роднага кута”) у грамадзяніна з пазіцыямі, якія можна наз­ваць нацыяналістычнымі (бальшавікі так і ўспрынялі іх), у выніку чаго падзел Беларусі, міралюбіва замацаваны ў Рызе 18 сакавіка 1921 г. выклікаў у паэта буру эмоцый, скіраваных супраць абодвух распарадчыкаў доляй беларускага народа і самога Канстанціна Міцкевіча. Тым не менш яшчэ да сярэдзіны 1920-х гг. у вершах Якуба Коласа заўважным становіцца працэс змены поглядаў аўтара ў бок лаяльнасці да савецкай улады, прымірэння з сацыяльна-палітычнай рэчаіснасцю. Тэма падзелу Беларусі таксама патрохі трансфармуецца ў тым жа рэчышчы. Каталізуе знікненне антысавецкіх нотак у паэзіі Песняра падазрэнне яго ў “лістападаўскай справе” (якраз у 1925 г.). Пад прэсінгам ён быў вымушаны апраўдвацца і нават пакаяцца16.

* * *
Якуб Колас, ужо будучы народным паэтам, разумеў, кажучы словамі Купалы, “які павеяў вецер на загоны”, – і “асадзіў назад”. Нельга сказаць, што потым ён зусім не вытыркаўся (усё ж заступаўся за многіх, над кім завіс дамоклаў меч сталінскіх рэпрэсій17). Але ліра Песняра загучала ўжо на іншы – на савецкі – лад. Вернасць рэжыму Якуб Колас у адным з некалькіх пакаяльных лістоў 1930 г. абяцае давесці на справе18. Штопраўда, даводзіць паэт пачаў яшчэ раней, проста ўладзе было ўсё мала ды мала паэтычнай даніны. Яе патрэбна было столькі, каб зацьміць грунтоўны пласт “нацдэмаўскіх” твораў.
Тэма падзелу Беларусі з 1925 г. (калі былі адкінуты савецкія планы аб’яднання Беларусі шляхам нацыянальнага паўстання19) патрабавала адназначна прабальшавіцкіх інтэпрэтацый. Пэўны час на іх Якуб Колас не мог рашыцца (як і ўвогуле не мог адразу прыняць – хаця б на словах – савецкую дактрыну). Заўважны перыяд ваганняў, роздумаў, калі “павесіў паэт сваю музу на плоце” [Т. 2, с.115] (курсіў наш – А. Т., варта звярнуць увагу на лексічную амбівалентнасць выдзеленага слова, якое можа абазначаць павешанне), перыяд двухсэнсоўнасцей і расчараванняў, звароту да перакладаў і твораў для дзяцей. То паэт, якому “свет жорстак і глух”, хавае музу, а сам “спявае з другою” (“Пахаваная муза”, 1925). То яго “трывожыць” “цьма”, і ён задаецца пытаннем:”Калі ж ёй канец?”(“Шорхае варожа”, 1925). То нібыта жартам ўспыхвае надзея,

Што нават цэнзару-зладзею
Я мыслі людскасці навею,
І ён прапусціць мне паэму.
(“Малітва беларускага пісьменніка”, 1925)

А то і выдасць, паводле асабістага азначэння, “трохі пад Крылова” байку “Свінні пад дубамі” (1926) з гучным нацыянальным лейтматывам (у кантэксце беларусізацыі, праўда, ён гучаў не так рэзка, як сёння можа падацца, аднак дысананснасць верша выявілася ўжо праз пару-тройку гадоў, калі наступілі кардынальныя змены ў савецкай унутрыпалітычнай дактрыне, названыя карэнным пераломам).
Нават у верш, прынагоджаны да пятай гадавіны часопіса “Полымя” (1926), паэт укладае свае перажыванні і жаданні адносна “загонаў, што засталіся за кардонам”, заклікаючы агонь (ачышчальны сімвал) шугаць і разгарацца:

Шугні, агонь,
І цемрадзь-сон
Развей, згані ад краю ў край,
Іскрыся іскрамі, палай!
Нясі святло і тым загонам,
Што засталіся за кардонам,
Дзе брат мой стогне пад прыгонам,
І шлях яму ты асвятляй!
(“Полымя”, 1926)

Знешне, як можа падацца, верш цалкам упісваецца ў савецкае ідэалагічнае клішэ, названае потым сацрэалізмам. Аналізуючы датаваны 1937 г. ліст М.Ісакоўскага старшыні Саюза пісьменнікаў СССР У. Стаўскаму з выкрываннем Якуба Коласа як аўтара контррэвалюцыйнага верша “Полымя”, журналісты газеты “Камсамольская праўда” Л. Сяліцкая і Д. Васілеўскі прыходзяць да высновы, што расійскі паэт трапіў у аблуду і “содержание стихов – очень даже идеологически верное: поэт ждет, когда революционное «полымя» осветит путь объединения двум разлученным половинам белорусского народа”20. Мусім пагадзіцца толькі часткова. М. Ісакоўскі падвёў памылковыя абгрунтаванні контррэвалюцыйнасці твора. Іх з лёгкасцю і разбілі журналісты (зрэшты, яшчэ тады данос, перасланы спачатку кіраўніку кампартыі Беларусі В. Шаранговічу і ім аддадзены старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў М. Лынькову не быў пушчаны ў ход: пэўна, прытрымаў ліст новапрызначаны (з чэрвеня 1938 г. – недзе праз год пасля даносу) кіраўнік рэспублікі П. Панамарэнка, – пра што мяркуюць самі журналісты). А вось шматзначнага злучніка “і” ў чацвёртым радку з канца раней не заўважалі даследчыкі – ні сучаснікі Якуба Коласа, ні цяперашнія. Злучнік жа гэты з’яўляецца якраз ключом для прачытання верша. У кантэксце разгляданага твора “і” становіцца сінонімам “таксама” – слова, якое мае на ўвазе яшчэ адзін аднародны член сказа, які не абавязкова называецца, агучваецца ў тым сказе, аднак менавіта яно першаснае, бо на яго арыентуецца той аднародны член сказа, да якога дастасаваны злучнік “і”. У выпадку з вершам Якуба Коласа “Полымя” безумоўна тым першасным аднародным членам сказа з’яўляецца Савецкая Беларусь. Такім чынам, аўтар свой заклік (тоесны Купалаўскаму “з цемры да святла”) распаўсюджвае не толькі на “загоны, што засталіся за кардонам”, але і на тую частку Беларусі, дзе пануе бальшавіцкая ўлада. Дакладней, наадварот: менавіта Савецкая Беларусь шляхам эліпсісу ўказваецца першай, на якой трэба развеяць “цемрадзь-сон … ад краю ў край”. А гэта – ужо несумненна антысавецкія, контррэвалюцыйныя матывы.
Да тэмы падзеленай радзімы Якуб Колас звяртаецца на пачатку 1927 г. у вершы “Братам Заходняй Беларусі”. Яго ўвага, выкліканая разгромам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, абрушваецца гневам на санацыйны рэжым ІІ Рэчы Паспалітай. Напрыканцы паэт прадракае:

Браты! Мінецца ліха-гора,
І панскі шал затхнецца скора,
Бо стукне молат па панах.

Такім чынам, паэт бачыць паратунак для “заходнікаў” у дыктатуры пралетарыяту, сімвалам якой з’яўляецца ўжыты ў вершы молат.
У далейшым Якуб Колас працягваў граміць паэтычным словам польскія ўлады, якія прыгнятаюць беларусаў, усё больш пры гэтым апяваючы ўлады савецкія: гэта вершы “Панам” (1927), “А. Луцкевічу” (1927), “Грамадаўцам” (1928), “Беларусі пад Польшчай” (1928), “Панская ласка” (1928), “Краіне Саветаў” (1930), “Да тыдня беларускай культуры” (1931), “Польскім катам” (1931), “Заходняй Беларусі” (1932), “З дарогі” (1936). Інтанацыі твораў самыя розныя: гэта і абвінавачванні, і пракляцці, і пагрозы, і прароцтвы, і ўслаўленні, і заклікі…
Аднак штучная настройка Коласавай ліры часам яшчэ давала збоі (у савецка-сацыялагізатарскім разуменні). Напрыклад, верш “А. Луцкевічу” ў хуткім часе пасля напісання становіцца непрахадным у друк: аб’ект прысвячэння не паддаўся савецкай прапагандзе і заставаўся праціўнікам бальшавікоў. Не дапамаглі і ідэйна “правільныя” радкі:

Налучылі край наш іншыя два лёсы:
Запалілі ўсход наш залатыя косы,

Дзе ратаі вольна падымаюць ролі,
А на захад збегла панская сваволя.

Цікава, што ў 1928 г. (калі «пачаў мацней адчувацца ціск ГПУ ў галіне літаратуры»21) народны паэт яшчэ змог размясціць у двухтомным зборы твораў некаторыя свае антысавецкія вершы, у тым ліку пра падзел радзімы (у першую чаргу трэба назваць “Беларускаму люду”), што варта лічыць таксама свайго роду ідэалагічнай дыверсіяй для тагачаснага кантэксту.
Былі ў Якуба Коласа і больш сур’ёзныя разыходжанні з “генеральнай лініяй партыі”. Так, непадцэнзурны верш “З мінулага”, напісаны 2 чэрвеня 1933 г., апублікаваны ўпершыню толькі ў найсвяжэйшым Зборы твораў. Прынцыповыя разыходжанні з метадам сацыялістычнага рэалізму ў савецкі час пакідалі твор па-за бальшавіцкім друкам.
Лірычны герой верша аддаецца ўспамінам пра лета і родныя краявіды. Знаёмая па колішніх творах Песняра алегарычнасць падказвае, наколькі цяжка і смутна лірычнаму герою.

Ды мінула лета, патускнелі блескі,
Пагубляў стары дуб залатыя фрэскі
І прайшоўся вецер па лугох з касою,
Засталося поле з выцвеўшай красою.

У вачох-зарніцах свеціцца журбота,
Знаць і ёй на сэрцы залягла сумота.
Адлятае птушка ды ў нямілы вырай,
Залягае ў сэрцы жальба мая шырай.

Ці я страту чую роднага чагосьці,
Што так сэрца ные, ные ў горкай млосці.
Тая ж постаць, вочы, а сама не тая.
Чаму гэтак стала? чаму? я пытаю.

Эх, ды не дачуўся водгулля ні разу.
Знаць і не пачую я таго адказу!
Так і застанецца песня недапета…
Ды каго абходзіць смутак, сум паэта?

Знешне пейзажна-філасофская замалёўка ўсё ж мае, як і некаторыя ранейшыя творы Якуба Коласа, палітычны падтэкст. І той факт, што верш не публікаваўся за савецкім часам, з’яўляецца сведчаннем наяўнасці антысавецкіх настрояў аўтара, які пяе аб роднай старонцы. Менавіта яе “страту” “чуе” лірычны герой: “родны кут” знаходзіцца па заходні бок мяжы, пад Польшчай, а ўсходняя частка Беларусі ў рамках савецкай рэспублікі не апраўдала спадзеўнага боку амбівалентных перажыванняў і чаканняў паэта. Ён задаецца пытаннем аб прычыне. Аднак няма адказу – “водгулля”, якое алюзійна адсылае чытача да аднайменнага зборніка 1922г. з антысавецкімі матывамі на тэму падзелу Беларусі, а таксама да аднайменнага верша (20.11.1921) гэтага зборніка. У тым творы аўтар сам сабе кажа адгукацца на падзеі – ці то радасныя, ці наадварот [Т. 2, с.100]. Галоўным матывам для яго выступае шчырасць. Таму, кажучы ў вершы 1933 г. пра адсутнасць водгулля, Якуб Колас падказвае, што ён перастаў быць шчырым.
Пясняр змяніў гучанне сваёй ліры. Змяніў даўно. Прычым усведамляў гэты крок – крок да няшчырасці. Таму напярэдадні змены даў знаць пра гэта: яшчэ ў 1925 г. – згаданым ужо вершам “Пахаваная муза”, у якім сказаў праз прыём перададзенай трыбуны свайму лірычнаму герою – таксама паэту, што муза, з якою “даволі блукалі … па свеце”, “заснула”, “змоўкла” – “і згаслі агні”, а сам паэт “спявае з другою”, знаходзячы дэтэрмінізм і апраўданне ў тым, што “такі ўжо наш свет” [Т. 2, с.116]. Вершам “З мінулага” Якуб Колас проста не стрымаўся. А магчыма, і пастараўся перадаць ключ сваім сучаснікам і нашчадкам для расшыфроўкі яго сапраўдных паэтычных памкненняў і перажыванняў.
Да тэмы падзеленай радзімы Якуб Колас вярнуўся 21 верасня 1939 г., зрэагаваўшы на савецкае “ўз’яднанне” Беларусі вершам “Свайму народу”. Гэты і шэраг іншых вершаў (“Гудзе зямля, дрыжаць лясы…”, “Радасная сустрэча”, “Наперад”, “Вольнаму народу” – як бачна, колькасна менш, чым напісаў Янка Купала) не падвяргаюць сумненням высокую вартасць падзей, у выніку якіх савецкая ўлада прыйшла на Заходнюю Беларусь. Паэт падае розныя тэматычныя аспекты – і ўсюды бачыць змены да лепшага. Галоўнае:

Няма граніц, няма паноў –
Сышло іх панаванне…
(“Гудзе зямля, дрыжаць лясы…”)

(На самой справе, старую мяжу саветы захавалі, не жадаючы, каб беларусы бачылі, як жывуць па іншы бок гэтай амаль дваццацігадовай мяжы, бо расчараваліся б людзі з абедзвюх частак нядаўна рознадзяржаўнай Беларусі.)
Нічога не дае падставы сумнявацца ў шчырай радасці Якуба Коласа з прычыны аб’яднання Беларусі. Але, як і ў выпадку з Янкам Купалам, гэтыя вершы цалкам кан’юнктурныя, зададзеныя і рэгламентаваныя савецкай дактрынай. Таксама варта характарызаваць колькістаронкавы публіцыстычны артыкул Якуба Коласа 1943г. “Дружба и взаимное уважение – залог свободы и процветания белорусского и польского народов” з наступнымі радкамі: “Обращаясь в недалекое прошлое, мы должны признать, что черной страницей в истории польского государства остается насильственный захват польскими империалистами западной части Белоруссии в 1920-21 гг. Ни один народ мира, в том числе и польский, не оправдывал этот захват и считал его актом насилия. Живое тело белорусского народа польские империалисты раскроили пополам” і да т. п.22
Варта звярнуць увагу, што непасрэдна на тэму падзелу Беларусі ў 1921 г. паводле Рыжскага дагавора Якуб Колас з 1925 г. выказваўся толькі аказіянальна. Паэт асуджаў польскіх прыгнятальнікаў, услаўляючы жыццё той часткі Беларусі, на якой была створана БССР. Ён ужо ніколі не вярнуўся да вершаванага асэнсавання непасрэдна самой падзеі падзелу, хаця быў змушаны адгукацца на яе пазнейшыя вынікі. Прыкладна гэтаксама павёў сябе Янка Купала. Выглядае на тое, што абодва тагачасныя народныя паэты Беларусі не зракліся сваіх ацэнак першай паловы 1920-х гг., не зракліся сваіх колішніх маркіраванняў суб’ектаў падзелу.
Увогуле тэма падзелу Беларусі ў вершах Якуба Коласа з’яўляецца дастатковай, каб прасачыць эвалюцыю нацыянальнай пазіцыі паэта. Яго палітычныя погляды выглядаюць больш празрыстымі, чым у таго ж Янкі Купалы. З патрыёта свайго краю, духам “тутэйшага”, Якуб Колас вырастае ў “дзяржаўніка” з цэласнай нацыянальнай свядомасцю. Спрычыніліся да такіх перамен, як бачыцца, па-першае, перыпетыі ў лёсе самога творцы – яны стварылі эмацыйна-нервовую глебу, а па-другое, трагедыя падзелу роднай краіны (да таго ж, малая радзіма, многія сваякі засталіся па заходні бок мяжы) – яна выклікала хвалю абурэння і без таго неспакойнай душы паэта, стала якраз тым пераломным момантам усведамлення Беларусі як эвентуальнай дзяржавы, а не проста краіны. У выніку родны кут для Якуба Коласа пашырыў свае межы, ахапіўшы ўсю Беларусь. Больш таго, да сацыяльнай паэтычнай іпастасі дадаецца сацыяльна-палітычная грань, што ў ранейшых вершах паэта назіралася даволі замглёна, толькі намацвалася.


1 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры. Мн.: Выдавец ІП Зьміцер Колас, 2005. С. 757.
2 Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы: у 2 кн. Кн. 1. 1909 – 1939 / уклад.: В. Дз. Селяменеў, В. У. Скалабан; рэд. калегія : М. І. Мушынскі (гал. рэд.) [і інш.]. Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2010. С. 19.
3 Спасылкі на творы Якуба Коласа робяцца ў дужках па выданні Збору твораў з указаннем тома і старонкі: Колас Я. Збор твораў. У 20 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. Мн.: Беларус. навука, 2007 – 2012.
4 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 590.
5 Конан У. Першае і савецкае выданне паэмы “Сымон Музыка”: параўнальны аналіз // Тэрмапілы, 2008, №12. С. 336.
6 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 572.
7 Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т 3. Вершы, пераклады 1911 – 1914 / АН Беларусі, Iн-т літ. імя Я. Купалы. Мн.: Маст. літ., 1997. С. 220.
8 У апошняй страфе пасля другога радка намі дастаўлены неабходны працяжнік. Гл.: Колас Я. Водгульле. Менск: Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства “Адраджэньне”, 1922. С. 101.
9 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 595.
10 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 596.
11 Багдановіч І. Э. Паэзія 20-х гадоў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: у 4 т. Т. 2 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук. і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы ; навук. рэд. У.В. Гніладмёдаў, В.А. Каваленка. Мн.: Бел. навука, 1999. С. 17.
12 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры... С. 374.
13 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 542.
14 Колас Я. Сымон-музыка. Мюнхен: Выдавецтва “Бацькаўшчыны”, 1955. С. 80.
15 Конан У. Першае і савецкае выданне паэмы “Сымон Музыка”: параўнальны аналіз… С. 334.
16 Гл. падрабязней: Някляеў У. Праз лес, праз лёс. Папулярны біяграфічны нарыс // Дзеяслоў, 2007, № 4(29). С. 220.
17 Гл. падрабязней: Трафімчык А. “На ростанях лёсу паэта і палітыка…”. Якуб Колас і Панцеляймон Панамарэнка // Дзеяслоў, 2011, №5 (54). С. 249-262.
18 Гл. падрабязней: Някляеў У. Праз лес, праз лёс. Папулярны біяграфічны нарыс // Дзеяслоў, 2007, № 4(29). С. 221-223.
19 Гл. падрабязней: Трафімчык А. Да праблемы дзяржаўнасці распалавіненай Беларусі ў міжваенны перыяд: палітыка Крамля // Białoruskie Zeszyty Historyczne, 2008, № 29. С. 115-129.
20 Селицкая Л., Василевский Д. Поэт Исаковский писал доносы на Якуба Коласа // Комсомольская правда [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу : http://kp.by/daily/24501.3/653647. Дата доступу: 13.01.2012.
21 Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры… С. 898.
22 Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 2. 1939 – 2009. Ч. 1 / уклад. : В. Дз. Селяменеў, В. У. Скалабан ; рэд. калегія : М. І. Мушынскі (гал. рэд.) [і інш.]. Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2011. С. 173-179.