* * *
Адной Айчынаю й шляхам
на лапіку зямным спалучаны
урослыя ў лёс, намераны аднойчы,
яліны векавыя, а нявечныя,
і я, сьмяротная – да іх тулюся.
Мы разам тут, адзін наш час,
адна дарога на ўсіх – угору.
Кронамі аблокі гушкаюць,
мой жыцьцяпіс кругляе ў іх ствалах.
* * *
Дзьверы шукаць небясьпечна ў сьцяне,
за якою цябе ўжо н я м а.
Рака забыцьця выхоплівае імкліва
і тутэйшае ў віры свае заглынае,
хоць бы і тупаў цень уцялесьнены побач...
Стань на шляху апошняга кроку –
боль, абыякавы плоці ўладар.
Ратунак.
* * *
Ружовыя, белыя хвалі пяшчоты.
У бельскіх гародчыках чэрвень.
Нявесты-півоні – плаўная лінія,
пышная форма барока.
І кожны пялёстак палічаны
з месцам у зграбнай паставе. Сваім.
Вось жа задумана колісь дзівосна
і вядзецца нязьменна дасюль:
хвалі пяшчоты, зямля ў нябёсах.
* * *
Душа ў абалонцы плоці –
сама сабе выпадковасьць,
пакуль не адшукана апірышча –
згода добраахвотная
пакутаваць.
* * *
А можа вось зараз
толькі кволаю просьбай,
адно нясьмелым зваротам
тваім – да Божае ласкі
і трымаецца хтосьці,
над пространьню лёсу...
* * *
Не прапусьціць, ня зблытаць ані з чым
вывераны час дакладна іспыту –
запісана ад нараджэньня быць
праверанай душы на вернасьць
таму, пра што адно здагадваешся тут.
Боль абцяжарыць ці аблегчыць плоць?..
Назад альбо ўперад стыхія панясе
бездапаможнага нявольніка выпрабаваньня?
А пры табе вясло тваё і лодка,
скарб сапраўдны ўвесь з табой.
Апала, што лістота ўвосень,
матэрыя, сабраная быцьцём.
Вяслуй па бурных водах сьмела
альбо ідзі, калі ўжо навучаны хадзіць,
усьлед за Тым, Якому шчыра абяцаў
яшчэ пры беразе народзін,
калі дамоўлена было
й пра гэты міг і час –
заўжды, паўсюль быць верным абяцаў...
Вывераны час дакладна іспыту.
* * *
Адна ў гнязьдзе радзінным
успаміны й магілы беражэ.
Малодшая й старэйшая ўжо.
Ад Раданіцы і да Раданіцы –
чырвоных, белых стужак лёт.
Сіротамі сьвет заселены.
* * *
У чацьвёртую ж стражу ночы
пайшоў да іх Ісус па вадзе.
(Мф.14:25)
Золак, сьвітаньне.
Чацьвёртая стража.
За плячыма ў сьвету
дзьве тысячы год.
І крочыць Хрыстос па вадзе,
бы мерае польны прасьцяг.
Змыкае глыбіні, суцішвае вецер
не ў Галілеі ўжо –
Тыверыадскае мора бурлівае
на кожны падворак увайшло.
І вераю мосьціцца шлях
скрозь пространь адчаю
і страху сьмяротнае плоці.
Чацьвёртае стражы пара.
* * *
Усё, ці ж не ўсё ў прыродзе,
сэнсам адзіным, суцэльным,
з кропкі адной скіравана
і ўвасабляецца, несумяшчальнае бы,
выпадковае на чалавечы розум...
Залева ўскрайкам зімы,
як мусіў бы сівер марозіць.
Грамы па-над графікай крон –
прысадах і паркам зарослым,
што, ведама, грознай прыкметаю.
І раптам скрозь мокрую цемень
да самага сэрца — кліч жураўліны,
адхланьне, сьвятло й перамога.
* * *
Дзесь там – далёка, блізка,
дзесь за паваротам,
за гэтым часам –
абрысы шляху, лёсу,
шкляной смугою незамглелыя.
Ужо не прадчуваньне –
ява, апошняя і праўдзівая,
якую, ці ў змозе я прыняць...
ДА “ФАНТАСТЫЧНАЙ СІМФОНІІ”
ГЕКТАРА БЕРЛІОЗА
Няма тае жанчыны
Сярод прадметаў, рэчаў.
Час паглынуў яе хаду.
Няма ўжо даўно музыкі.
Згарэў ня ў полымі пачуцьцяў,
Хоць бушаваў пажар у ім.
Прыгаршчай гадоў няўмольных
Патушаны касьцёр чупрыны.
А жыцьцё хвалюе, абяцае.
Растулены ў Вечнасьць час.
І кожны раз – наноў.
* * *
У пару, калі сонца й васільковага неба
над зямлёю зялёнай так шмат,
здаецца на могілках нават –
Вечнасьць далонямі сьвет ахінула:
усе ўжо спачылі, хто меў адысьці.
І якое ж зьдзіўленьне, спалох –
рыдлёўкі ў руках далакопаў,
тымчасовая рана зямлі.
У блакітнай царкве адпяваюць кагось.
* * *
Цеханавецкі збанок,
бельская хата,
а верасы – з Дараганава,
што ў Пцічы на плячы
хваёвае прымасьцілася.
Ад жніва да жніва –
мой абярог,
варта нядрэмная,
спадчына дрыгавічоў –
грамнічнае полымя
верасоў.