12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Тычко

_____________________
Cлова і дзея,
або Літаратурны працэс на Беларусі пасьля распаду савецкай імперыі

Адначасова з падзеньнем берлінскай сьцяны на Беларусі, тады яшчэ частцы Савецкага Саюзу, набірала сілу гарбачоўская перабудова. Разбуралася жалезабетонная сьцяна тата­літарызму з яго партыйна-дзяржаўным дыктатам ды ідэалагічным уціскам. Гэтыя перамены раней і вастрэй за іншых адчулі дзеячы культуры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны і найперш – літаратары, публіцысты, журналісты. І невыпадкова публікацыя З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці” – свое­асаблівы абвінаваўчы акт злачынствам сталіншчыны, які гісторыкі разглядаюць як пачатак палітычнага пералому на Беларусі, – зьявілася на старонках менавіта пісь­меньніцкай газеты “Літаратура і мастацтва”. Публікацыя, дарэчы, суправаджалася прадмовай Васіля Быкава.
Натхнёныя надзеяй на дэмакратычныя пераўтварэньні і нацыянальна-культурнае і палітычнае адраджэньне, беларускія літаратары прынялі непасрэдны ўдзел у масавых мані­фестацыях, мітынгах і шэсьцях, у першых адносна свабодных выбарах, у калектыўных заявах і зваротах (у тым ліку ў пад­трымку галоснасьці і свабоды слова), у такіх прадыктаваных новым часам акцыях, як стварэньне грамадскіх аб’яднаньняў і партый, новых перыядычных выданьняў.
Па-свойму сімвалічна, што менавіта ў знакавым 1989-м годзе – годзе па­дзеньня Берлінскай сьцяны – пры актыўным удзеле творчай інтэлігенцыі зьяўляюцца на палітычнай сцэне Беларускі народны фронт “Адраджэньне” і “Таварыства беларускай мовы”. На гэты ж год прыпадае і шэраг надзвычай актуальных пуб­лічных выступаў Васіля Быкава. Сваю прамову на чарговым пісьменьніцкім зьезьдзе ён пачаў такімі словамі: “Вядома, сёньня хацелася б гаварыць найперш пра чыста літаратурныя справы, пра нашыя тэмы, стыль, ступені нашага літаратурнага майстэрства. Пра нашых герояў-сучасьнікаў. Так, як мы гэта рабілі 5-10 і 20 гадоў таму, калі шчыравалі з трыбун, каб павярнуць літаратуру тварам да зьдзяйсьненьняў сучаснасьці, да нашых герояў-працаўнікоў, да несумненых заслугаў мудрага кіраўніцтва і, вядома ж, “аван­-гард­нае ролі партыі”, якая так пасьпяхова вяла нас “ад перамогі да пера­могі”. Але во настала абуджэньне, хваравітае працьверажэньне пасьля шматгадовай эйфарыі, і сьвет убачыў, што нашы героі – ня болей, як пухіры, надзьмутыя нашай фантазіяй, рай наш – ня што іншае, як галеча на 57-ым месцы ў сьвеце, а наша “ум, честь и совесть” вяла нас туды, куды і сама ня ведала”.
Прадказваючы, што барацьба “за хлеб, за гонар, за праўду” будзе нялёгкай, “зацятай”, В. Быкаў у гэтым і ў наступных, прамоўленых з іншых трыбун, выступах будзе гаварыць пра неабходнасьць быць з тымі, хто адважваецца адкрыта пратэставаць супраць “несправядлівасьці, уціску ці занядбаньня”, будзе спрыяць абуджэньню палітычнай і нацыянальнай сьвядомасьці на­роду.
Слова і дзеяньне. Свабода і адказнасьць. Асабісты ўдзел у грамадскіх ак­­цыях і спробы неадкладнага, аператыўнага, па гарачых сьлядах, асэнсаваньня падзей і фактаў у сродках масавай інфармацыі і ў вусных выступах. І як вынік, як адпаведны творчы плён – прасякнутая жывым дыханьнем рэчаіснасьці публіцыстыка, альбо, кажучы словамі Алеся Адамовіча, “пісьмо дакументальнае, эсэістычнае, публіцыстычнае”.
Тэндэнцыя знаходзіць рэальнае ўвасабленьне і ў тагачаснай выдавецкай справе. Да прыкладу, Мінскае кніжнае выдавецтва “Беларусь” засноўвае ў 1991 годзе серыю пад характэрным назовам “Плошча Свабоды”, у якой выходзяць, адзін за адным, зборнікі публіцыстыкі (артыкулаў, выступаў, эсэ, інтэрв’ю) “Апакаліпсіс па графіку” А. Адамовіча, “На крыжах” В. Быкава, “Трывожны досвітак” А. Вярцінскага, “Выбар” Н. Гілевіча і інш.
Праблема ролі і месца літаратара ва ўмовах пераходнага перыяду, інтэнсіўнай, зьвязанай з цяжкімі маральна-палітычнымі і духоўнымі выдаткамі трансфармацыі грамадства востра паўставала ў дыскусіях, якія праводзіў у сярэдзіне 90-х гадоў нацыянальны ПЭН-цэнтр сумесна з творчымі саюзамі краіны. Пра што красамоўна сьведчаць ужо хаця б назвы асобных выступаў: “Набліжэньне да свабоды слова” (В. Каваленка), “Культура і посттаталітарнае грамадства” (В. Быкаў), “Залог незалежнасьці – сумленнасьць і прынцыповасьць” (А. Вярцінскі), “Літаратура і таталітарызм” (Дз. Бугаёў), “Працэс нацыянальнай дзяржаватворчасьці і сацыяльная актыўнасьць мастака” (В. Рагойша), “Акт творчасьці і беларускае адраджэньне” (М. Тычына), “Ці абавязаны паэт быць грамадзянінам?” (А. Лойка), “Гістарычная культура і адказнасьць літаратара” (А. Грыцкевіч) і інш.
Асэнсоўваліся балючыя кропкі гісторыі і сучаснасьці, удакладняліся ідэйна-эстэтычныя арыенціры. І ў якасьці адной з ідэйных дамінантаў узьнікала, зноў-такі, пытаньне: паэт на Беларусі – больш, чым паэт, пісьменьнік? Адказ напрошваўся станоўчы. Але, з другога боку, згадвалася і даўняя спрэчка наконт ангажаванасьці творцы, наконт антыноміі, выказанай класікам у пазамінулым стагоддзі: “Поэтом можешь ты не быть, а гражданином быть обязан” (Н. Некрасов). Да спрэчкі гэтай вяртаў нас паэт і літаратуразнаўца Алег Лойка ў сваім палемічным выступе на тэму “Ці абавязаны паэт быць грамадзянінам? (Паэт і грамада)”. Ён пераканаўча сфармуляваў вырашэньне, здавалася б, на першы погляд, невырашальнай антыноміі. “У наш посттаталітарны час, – разважаў ён, – як не ўсплываць зноў пытаньню, зьвязанаму з тым, кім быць, кім ня быць паэту? (…) Вядома ж, грамадзянінам быць. Але гэта ня значыць, што паэтам ён можа ня быць, бо яму, каб быць грамадзянінам, трэба быць найперш паэтам. Паэт вышэй грама­дзяніна! (…) Элітарнасьць паэта, яна ад сьпецыфікі паэзіі, ад яе грамадзянскага народна-дэмакратычнага прызначэньня”. І далей: “патрабаваньне да літаратуры былой кіруючай кампартыі быць у яе ў слугах асабліва паказвае сваю антынародную, антымастацкую сутнасьць у час постаталітарны, калі на палітычнай арэне ўжо не адна, а шмат партыяў: плюралізм палітычнай думкі. Дык, каб быць паэту цяпер грамадзянінам, выразьнікам ідэалогіі якой з мноства партыяў, ён павінен быць. (…) Інтрыга, такім чынам, апошнім пытаньнем проста здымаецца: палітычны плюралізм па-свойму разумніць паэта, абавязваючы яго рабіць паэтаву справу, а не якую-небудзь іншую”.
Цікавае меркаваньне адносна таго, кім быць і кім ня быць сёньня паэту (мастаку слова), выказаў адзін са старэйшынаў беларускай літаратуры, славуты майстар слова Янка Брыль. Выступаючы ў дыскусіі на тэму “Постаталітарнае грамадства: асоба і нацыя”, ён гаварыў: “Тое, што мне апошнім часам – нашым няпростым, нялёгкім часам – удалося зрабіць, гэта дзьве кнігі дзёньнікавага характару. Мала гэта ці многа – ня мне гаварыць. Я магу сказаць толькі адно: у гарадской ды палітычнай гамонцы, а то часьцей крыклівай мітусьні я не зрабіў бы і гэтага. Не асуджаю нікога з тых, хто можа, умее добрасумленна і плённа спалучаць у сабе мастака слова і відушчага палітыка, – я проста ведаю, што сам на гэта няздольны, і не лічу, што лёс мяне такім чынам пакрыўдзіў. Згадаем англійскую прыказку, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне, дбайна падумаем пра сапраўдны прафесіяналізм, якога цяпер нестае асабліва нам, беларусам”. Думку сваю, што характэрна, Янка Брыль завяршыў усё ж у духу наступнай інтэнцыі: “Нас абавязвае вялікая, нялёгкая праца адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці, пабудовы дэмакратычнага грамадства”.
Працэсы трансфармацыі беларускага грамадства пасьля 1989 года, як бачым, спалучаны найперш з дзейнасьцю пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што духоўны воблік гэтых творцаў сфармавала грамадска-палітычная атмасфера канца 50–пачатку 60-х гадоў. Менавіта той час, які называюць “адлігай” і які супаў з іх маладосьцю, якраз і стаў падмуркам, што ў застойныя гады і пазьней мацаваў іх мастакоўскую і грамадзянска-патрыятычную пазіцыю. Пакаленьне “шасьцідзясятнікаў” стала своеасаблівым арыенцірам дэкларацый і маніфестаў новага літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя”, куды ўвайшлі маладыя творцы, якія пракламавалі пост-мадэрнісцкія тэндэнцыі ў літаратуры. Аднак пакуль “Тутэйшыя” выносілі свае безапеляцыйныя прысуды папярэднікам, шасьцідзясятнікі рабілі канкрэтную справу.
У першую чаргу гэта была дзейнасьць паэта Анатоля Вярцінскага –галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Дзякуючы публі­кацыям У. Казьберука, У. Калесьніка, Б. Сачанкі і інш. прыадчыняецца сьвет літаратуры і грамадска-палітычнай дзейнасьці беларускай эміграцыі, пра што дагэтуль на Беларусі альбо ня згадвалася зусім, альбо гаварылася выключна ў негатыўным плане. У пазітыўных зьменах, якія адбываліся ў беларускім грамадстве, значную ролю адыгрывала публіцыстыка Н. Гілевіча на адну і тую ж балючую тэму – тэму роднай мовы як першаасновы нацыі.
...Англійскі паэт, які наведаў у ліпені 2000 года з так званым Літэкспрэсам «Еўропа–2000» Беларусь, шчыра зьдзіўляўся ня столькі з нашай моўнай сітуацыі і нашых літаратурна-моўных праблем, колькі з таго, чаму яны, гэтыя праблемы, маюць такое вялікае значэньне для пісьменьнікаў. “Моўныя праблемы – гэта толькі праблемы моўныя, але калі ты сапраўдны творца, то што перашкаджае табе ствараць шэдэўры на сваёй роднай мове, нават у варунках яе заняпаду?” – пытаўся ён. І даволі катэгарычна сьцьвярджаў: “А калі цябе не чытаюць па-беларуску, то пішы на расейскай мове”.
Сапраўды, комплекс праблемаў і чыньнікаў выяўленчага плану, з якімі сутыкаўся (і сутыкаецца сёньня) беларускі пісьменьнік, мала зразумелы, відаць, тым, хто не перажыў часоў каланізацыі. Беларусаў могуць зразумець толькі тыя, хто мусіў на працягу стагоддзяў змагацца за сваю самастойнасьць, за сваё этнічнае выжываньне. Духоўны вопыт гэтых народаў, адлюстраваны ў мастацкай літаратуры, сьведчыць адно: пакуль застаецца нявырашанай праблема нацыянальнае вольнасьці і этнічнай тоеснасьці, датуль пісьменьнік, хоча таго ці не, зьяўляецца вязьнем гэтай праблемы, закладнікам і нявольнікам адной-адзінай думкі пра далейшы лёс свайго краю і свайго народу. А лёс Бацькаўшчыны, пэўна ж, – аб’ектыўна і, трэба думаць, паводле ўсьведамленьня творцы, – непарыўна зьвязаны з лёсам роднай мовы. Нездарма ж наступ на этнічную тоеснасьць заўсёды, як паказвае адпаведны гістарычны досьвед, пачынаецца найперш з наступу на мову. І праблема лінгвістычная перарастае ў праблему палітычную.
Выходзіць, зусім ня так проста, як гэта здалося нашаму заходняму “літэкспрэсаўскаму” госьцю, пэўны пісьменьнік у пэўнай сацыяльнай сітуацыі можа вырашыць праблему, у якой мове яму лепш пісаць, у якой мове ствараць свае шэдэўры. Зусім ня проста, і зусім ня вольны ён у сваім выбары. Выбар у дадзеным выпадку яўна дэтэрмінаваны – не без карысьці для творцы…
Амаль адначасова з Літэкспрэсам “Еўропа–2000” у Менск прыйшоў з Беластоку (Польшча) і чарговы, трэці па ліку, нумар літаратурна-мастацкага і беларусазнаўчага часопіса “Тэрмапілы” (заснавальнік і рэдактар Ян Чыквін, паэт, прафесар, прадстаўнік нацыянальнай беларускай меншасьці ў Поль­шчы). Знаёмячыся з нумарам, нельга было не зьвярнуць увагу на тое, што ў ім таксама ледзь не лейтматывам праходзіць тая самая “моўная праблема”. Цікавае сьведчаньне адносна “псіхалогіі творчасьці” знаходзім у “Лірычных запісах” Янкі Брыля, дзе закранаецца тэма полілінгвізму і даецца адказ на пытаньне: “Ці зьяўляюцца моўныя праблемы толькі моўнымі праблемамі?”.
“Славутыя словы Тургенева пра родную мову ніхто, наколькі мне пом­ніцца, ніколі нацыяналізмам не называў, – піша Янка Брыль. – Яны толькі намі, беларусамі, згадваюцца часамі іранічна, з горкім падтэкстам, з болем даўно ды глыбока пакрыўджанай меншасьці, якую ў гэтым крыўдзяць і цяпер, далей…” Наступныя два запісы таксама на тую ж балючую тэму: “Русіфікацыя пад выглядам другое дзяржаўнае мовы – па праву двухгаловасьці і надалей імперскага арла”; «Белорусский писатель, пишущий на русском языке”. Гэта якраз тое, чаго ня толькі для нашай літаратуры, але і для ўсяго народу дамагаецца сучасная ўлада”.
Такая вось “завочная” палеміка адбылася ў нашага славутага майстра слова з яго брытанскім калегам. Своеасаблівай рэплікай у гэтай палеміцы прагучаў і адзін з надрукаваных у “Тэрмапілах” вершаў Анатоля Вярцінскага – “Крок за крокам, або Ўрокі рускай мовы” (твор напісаны паводле ўспамінаў пра трагічны лёс рэпрэсаваных сяброў Саюзу беларускіх патрыётаў у адметнай форме асацыятыўна-метафарычнага парафраза):

Крок за крокам.
Урок за ўрокам.
Урокі ўсё той жа мовы.
Той мовы, якую класік назваў
«вялікай, праўдзівай і свабоднай»
і пра якую яшчэ сказаў,
што яна была для яго
«падтрымкай і апорай
у дні сумненьняў і цяжкога роздуму
пра лёс радзімы».
Так, мабыць, сапраўды
была для рускага класіка
менавіта такой яна,
сапраўды вялікая, магутная і праўдзівая,
насамрэч цудоўная руская мова.
Але якім бокам паварочвалася,
чым рабілася яна
для нас, беларусаў,
для нас, сяброў
Саюза Беларускіх Патрыётаў,
для нашай Радзімы?
Яна рабілася прыладай гвалту,
мусіла быць на службе
гвалтаўнікоў і катаў.
Крок за крокам.
Урок за ўрокам…

Моўная праблема так ці інакш выяўляецца і ў іншых матэрыялах згаданага часопіса “Тэрмапілы”. У прыватнасьці, у дасьціпнай сатырычнай камедыі Алеся Петрашкевіча “Інтэрнацыянал па-беларуску”, у фрагментах гісторыка-дакументальнага раману Алеся Пашкевіча “Пляц Волі”, у навукова-тэарэтычным эсэ сербскага дасьледчыка Петара Буняка “Славістычныя літаратуразнаўчыя дасьледваньні ў новым тысячагоддзі” (адна з высноў якога наступная: “Нацыянальныя літаратуры будуць існаваць, пакуль будзе жывою мова дадзенай нацыі”).
У згаданых публікацыях моўнае пытаньне разглядаецца як праблема псі­хаідэалагічная, як праблема існаваньня (выжываньня) нацыянальнага духу і, значыць, існаваньня жывой першаасновы для мастацкай творчасьці беларускага пісьменьніка. Беларускія творцы – кожны паасобку і ўсе разам – пераканаўча паказалі, у чым важнасьць моўнага пытаньня для беларускага пісьменьніка.
Патрыятычная заангажаванасьць беларускіх творцаў не абмяжоўвае іх мас­­такоўскія, эстэтычныя пошукі. Пісьменьніцкі шлях, як вядома, заўсёды самастойны. І не літаратурныя маніфесты ці школы вызначаюць яго, а індывідуальная творчая скіраванасць асобы. Так, да прыкладу, зьяўленьне Юрыя Станкевіча ў беларускай літаратуры было нечаканым, але заканамерным. Паводле сваіх творчых памкненьняў ён належыць да мастакоў, якія выбіраюць цяжкі і няўдзячны шлях пошуку, пракладваньня новых нязьведаных яшчэ накірункаў эстэтычнага засваеньня навакольнага сьвету. Яго першым крокам стала разбурэньне дакладна вызначанай у літаратуразнаўстве і адпаведна ў мастацкай сьвядомасьці чытача мяжы паміж рознымі відавымі фор­мамі літаратуры. Ю. Станкевіч рызыкнуў паяднаць рэалістычную прозу з фантастыкай і містыкай, псіхалагічную аповесьць з жанрам масавай поп-культуры – дэтэктывам. З гэтых рознародных элементаў пісьменьнік стварыў адметную канцэпцыю беларускай нацыянальнай ідэі, беларускага шляху. Займальнасьць сюжэту, нязвыкласьць тэматыкі, стылёвыя эксперыменты ў творах Ю. Станкевіча (аповесьць “Прузі” (1999), раман “Любіць ноч – права пацукоў” (1998) пасьлядоўна і арганічна скіраваныя на выяўленьне жыцьцёва важных, быційных праблемаў беларускага грамадства, беларускага этнасу).
У нейкай ступені канцэпцыя Ю. Станкевіча ўкладваецца ў рамкі распаўсюджаных у сучасным беларускім грамадстве ідэяў уратаваньня чалавецтва шляхам духоўнага ўдасканаленьня. Сутнасьць гэтай гіпотэзы ў наступным: калі ў двухтысячагадовую “мінусовую” фазу быцьця, якая зараз заканчваецца, чалавек мог так-сяк жыць з якасьцямі, што супярэчылі гармоніі Космасу, дык да апагею перыяду, што надыдзе, дойдуць толькі індывіды і грамадствы, якія “ачысьціліся”. Цывілізацыя, заснаваная на заганным антрапацэнт­рызме, ня можа супрацьстаяць комплексу “фактараў помсты”.
Характэрна, што Ю. Станкевіч свае гіпотэзы апрабоўвае на рэальным ма­­тэ­рыяле беларускай рэчаіснасьці, актыўна выкарыстоўваючы замацаваныя ў нацыянальнай самасьвядомасьці архетыпы. Такім спрадвечна-традыцыйным для беларускай ментальнасьці выступае архетып шляху, культываваны беларускімі адраджэнцамі яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя.
Гісторыкі і філосафы, дасьледуючы вытокі беларускіх этналагічных праблемаў, падкрэсьліваюць негатыўны вынік рэпрэсіящ, якія абрынуліся на нескансалідаваную беларускую нацыю ў ХХ стагоддзі, выклікаўшы пачуцьцё страху, якое ўкаранілася ў сьвядомасьці людзей ледзьве не на генетычным узроўні. Ды і ў мастацкай літаратуры апошніх гадоў выявіўся матыў прадвызначанай ахвярнасьці, бессэнсоўнай і бясслаўнай гібелі герояў (апавяданьні “Чырвоныя пятліцы” і “Ваўчыная яма” В. Быкава, “Сьмерць на парозе” В. Адамчыка, “Бацька” А. Кудраўца і інш). Зрэшты, пісьменьнікі ў дадзеным выпадку толькі адлюстроўваюць аб’ектыўную рэальнасьць, а яна дае больш чым дастаткова прыкладаў пасіўнага прыняцьця зла. Ю. Станкевіч ідзе іншым шляхам, ён стварае сваю рэальнасьць, адрозную ад сапраўд­най толькі тым, што тут пераадольваюцца спрадвечныя беларускія пакорлі­васьць і страх, “Беларусі мужыцкай адвечнае гора” (М. Гарэцкі). Ён, як і яго героі, перакананы, што “людзі, якія ня ўмеюць не баяцца, ня здольныя ні на што вартае”.
Такім чынам, разьяднанасьць, фрагментацыя, пасіўнасьць нацыі, абыякавасьць да свайго лёсу, якія так трывожылі ў свой час вялікіх беларускіх адраджэнцаў, знаходзяць адлюстраваньне ў сучасных творах беларускай літаратуры. Аднак, што характэрна, іх галоўная ўвага скіраваная не на вы­крыцьцё агульнавядомых заганаў нацыянальнага характару, а на тыя, хай сабе і нешматлікія стваральныя сілы, што яшчэ захаваліся ў здэградаваным грамадстве.
Беларуская нацыянальная самасьвядомасьць звыклася з думкаю, што за сьцяною будзе яшчэ адна сьцяна, і таму свабодны шлях за сьцяной – гэта цалкам новая для беларускай ментальнасьці ўстаноўка, якая таксама можа даць свой добры плён. Сучаснае беларускае літаратуразнаўства спрабуе асэн­саваць і сістэматызаваць няпростыя тэндэнцыі сучаснай літаратуры. Адной з такіх спробаў стала кніга Алега Лойкі “Галгофа”. Выданьне ўяўляе сабой зборнік розных у жанравых і тэматычных адносінах матэрыялаў, напі­саных цягам апошніх дзесяці-дванаццаці гадоў. Нягледзячы на вонкавую разнароднасьць матэрыялаў, якія склалі кнігу, яна вызначаецца адметнай цэласнасьцю, унутраным адзінствам. Часам міжволі ўзьнікае адчуваньне, што чытаеш старонкі аднаго і таго ж твору. У пэўнай ступені, можа быць, гэта магія характэрнага лойкаўскага стылю – імпэтна-эмацыянальнага, экспрэсіў­нага, падобнага часам на натхнёную імправізацыю.
У сваім эсе “Быў ён чалавекам Адраджэньня”, прысьвечаным памяці вядомага беларускага крытыка Уладзіміра Калесьніка, Алег Лойка прызнаецца: “Мяне, мае творчыя спробы ён падтрымліваў менавіта як адраджэнец, – падтрымліваў, колькі разоў знаходзячы ў маіх пальцах здольнасьць адчуваць літаратуру як прыгажосьць, як жывую існасьць”. І далей: “Яго адносі­ны да роднай літаратуры, да працы ў ёй – узор усім нам”. Сімптаматычнае прызнаньне, бо кніга “Галгофа” якраз і зьяўляецца яскравым сьведчаньнем таго, што Алег Лойка годна ўспрыняў урокі свайго настаўніка, плённа працягвае і разьвівае, на новым гістарычным вітку, традыцыю яго, Чалавека-Адраджэнца. Кніга гаворыць пра яго нязьменную самааданую гатоўнасьць стаяць на варце беларускага прыгожага пісьменства, роднага мастацкага слова. Яны для А. Лойкі – усё, яны – ягоныя Вера, Надзея і Любоў (гэтая трыяда, дарэчы, вынесена ў падзагаловак адной з публікацый зборніка).
“Ды якімі трагічнымі і драматычнымі ні былі лёсы беларускіх пісьменьнікаў ХХ стагоддзя, лёс самой літаратуры, усе яны, як маглі, спрыялі, і таму гэта сёньня, пры канцы стагоддзя, яны на перавале, можна сказаць, зайздросным. І перш за ўсё зайздросным той вышынёй, якую наша літаратура набыла і з якое так шырока і далёка бачыцца час і прастора. Ёсьць у нас Мінулае, ёсьць у нас Будучыня: ХХ стагоддзе, такім чынам, сапраўды на перавале паміж імі як гарант новага плёну ў разьвіцьці беларускага прыгожага пісьменства”.