12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Тычко

_____________________
"Сьлед на цэлы век..." Мае сустрэчы з Уладзімірам Калесьнікам



Нас пазнаёміў мой сябра і аднакурсьнік Валодзя Ягоўдзік напрыканцы 1987 году. (Сам ён пасябраваў з Ула­дзімірам Андрэевічам, калі жыў у Брэсьце, прыехаўшы туды на працу пасьля заканчэньня філфаку БДУ). Маё ж знаёмства з Калесьнікам адбылося ў тлумнай лімаўскай рэдакцыі, дзе, дзякуючы дапамозе ўсё таго ж ініцыятыўнага Валодзі, я пачала стала працаваць у аддзеле крытыкі.
Уладзімір Андрэевіч досыць часта прыязджаў тады ў Менск па розных навуковых і творчых справах і заўсёды на гадзінку-другую зазіраў у рэдакцыю, каб перадаць той ці іншы свой матэрыял альбо проста пагаварыць пра літаратурныя ды іншыя жыцьцёвыя справы. У гэтых гутарках я прымала нязначны ўдзел – той прычыны, што і літаратурнае жыцьцё, і саміх пісьменьнікаў ведала слаба, больш з кнігаў, так бы мовіць, тэарэтычна. Славутыя творцы, якія заходзілі ў наш рэдакцыйны пакой і якіх я, нядаўняя студэнтка, ведала толькі са здымкаў у падручніках, выклікалі ў мяне амаль панічны страх. Здавалася, што я скажу абавязкова што-небудзь ня тое, не адпаведнае моманту. Таму я больш маўчала і слухала. А Уладзімір Андрэе­віч, між тым, уважліва прыглядаўся да мяне, усьмешліва сачыў за рэакцыяй новай лімаўскай супрацоўніцы.
Неўзабаве ён падарыў мне сваю кнігу «Тварэньне легенды: Літаратурныя партрэты і нарысы» («Мастацкая літаратура», 1987) з аўтографам:
«Галіне Казі­міраўне Тычко – чыёй бездакорнай шчырасьцю поглядаў на літаратуру і літаратурнае жыцьцё любуюся.
Мінск. 5.01. 1988. Ул. Калеснік».

Потым ён даслаў мне ліст:
«Паважаная Галіна Казіміраўна!
Высылаю Вам дзьве папраўкі ў тэкст артыкула, які знаходзіцца ў Вас і, як мне перадаваў Ул. Ягоўдзік, мае быць надрукаваны ў «ЛіМе». Вельмі буду ўдзячны, калі Вы пакажаце (асабліва ўстаўку да 19 старонкі) і пераканаеце рэдактара, што хоць нешта з гэтай устаўкі варта ўціснуць.
Устаўка да 25-ай старонкі толькі дае больш фактаў і канкрэтызуе сказанае, але асабліва нічога новага ня ўносіць, так што глядзіце, варта з яе ўзяць нешта, ці не.
Загадзя ўдзячны.
9.VІ.1988. г. Брэст Ул. Калеснік.»

Я не магу зараз успомніць, пра якую канкрэтна публікацыю ідзе гаворка. Аднак ліст шмат гаварыў пра тое, з якой адказнасьцю і творчай руплівасьцю працаваў Уладзімір Андрэевіч над кожным сваім артыкулам, як не адзін раз вывяраў ён кожную сваю думку, узважваў кожнае сваё слова.
Гэты ліст стаў пачаткам нашага творчага супрацоўніцтва з Уладзімірам Анд­­рэевічам. Потым усе яго артыкулы, якія друкаваліся ў «ЛіМе», так ці інакш праходзілі праз мае рукі.
Праз пару месяцаў Уладзімір Андрэевіч даслаў мне яшчэ адзін ліст наступнага зьместу:
«Брэст, 29. VІІІ. 88.
Паважаная Галіна Казіміраўна!
Высылаю на Вашае імя кавалак рукапісу манаграфіі пра Брыля, які закранае пытаньне ролі Талстога ў духоўным жыцці Заходняй Беларусі і ў станаўленні пісьменніцкага таленту Я. Брыля. Матэрыял гэты – з вялікім запасам для выбару. Многае з гэтага ў кнігу ня ўвойдзе, скажам, раздзел ад 101 старонкі да 126, а таксама з біяграфічнага раздзелу шэраг тэм, якія тады, калі рукапіс пісаўся, выдаліся або лішне рызыкоўнымі, або не прычасанымі «педагагічна». Калі Вам штосьці выдасца цікавым – друкуйце выбарачна, толькі адзначце ў падзагалоўку («Урыўкі з кнігі пра Я. Брыля»). Прабачце, што завальваю рэдакцыю такім чцівам, дзе многа трэба будзе прачытаць дарэмна. Суцяшаю сябе тым, што прынамсі чытацца павінен матэрыял даволі гладка, без асаблівых зацёкаў(?).
Шчыра ўдзячны Вам за падказку. І не турбуйцеся, калі атрымаецца асечка. Захавайце, калі ласка, толькі рукапіс, асабліва з 100-й старонкі, бо гэтая частка мне будзе патрэбная для афармлення планавай навуковай тэмы (для В. Каваленкі).
Сардэчны прывет Уладзіміру Ягоўдзіку, ад якога я чуў тут на Берасцейшчыне толькі тэлефоннае рэха.
З павагай Ул. Калеснік.»

У гэты час у грамадска-палітычным жыцьці краіны, а таксама і ў нашым рэдакцыйным жыцьці адбываліся вялікія зьмены. Рэдакцыю «ЛіМа» ўзначаліў Анатоль Вярцінскі. І першым ягоным перабудовачным крокам стала арыентацыя рэдакцыі на працу з чытачом, на так званую зваротную сувязь. У штотыднёвіку быў адкрыты новы аддзел, які так і названы: «аддзел пісьмаў і грамадскай думкі». Менавіта публікацыі гэтага аддзелу – ліст віцебскага настаўніка (зараз вядомага пісьменьніка) Франца Сіўко пра стан беларускай мовы і рэдакцыйны артыкул «Закон і вакол закону» як быццам адкрылі шлюз, праз які хлынула цэлая плынь чытацкіх водгукаў, дзе выказвалася абурэньне і спрадвечная крыўда беларусаў за занядбаньне роднай мовы, нашай нацыянальнай годнасьці. Па ініцыятыве галоўнага рэдактара здымаецца з першай лімаўскай паласы трафарэтна абавязковы для ўсіх тагачасных выданьняў дэвіз-лозунг: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Яго месца займаюць славутыя купалаўскія радкі «Людзь­мі звацца» (якіх, на жаль, няма сёньня на старонках «ЛіМа»).
Адраджэнцкая скіраванасьць тагачаснага «ЛіМа» выклікала і цікавасьць да нашай гісторыі, патрэбу перагляду многіх яе старонак. Уладзімір Калесьнік быў адным з тых нешматлікіх аўтараў, якія ня толькі пісалі пра гісторыю беларускага Адраджэньня, але і самі былі гэтай гісторыяй. Таму і галоўны рэдактар, і рэдакцыйныя супрацоўнікі, і чытачы з нецярпеньнем чакалі яго кожнай новай публікацыі, яго ўсхваляванага і разам з тым узважанага слова. Але публічна гаварыць тое, што думаеш, у тыя часы было няпроста. Кожны лімаўскі нумар перад выхадам у сьвет кантралявала палітычная цэнзура, якая выкрэсьлівала няўгодныя імёны, здымала цэлыя абзацы з артыкулаў, а то і ўвогуле цэлы матэрыял. Менавіта пра гэта і ідзе гаворка ў наступным лісьце Уладзіміра Андрэе­віча:
«Паважаная Галіна!
Высылаю на тваё саліднае імя дапрацаваную старонку 7(а) рукапісу «Роздум на пожні». (Можаце назваць «Роздум у бураломе»), выцягні тую, што там ёсць, і ўстаў гэтую, яна больш дакладна характарызуе палітычную сітуацыю пасля разгрому БСДГ у канцы 20 – пачатку 30-ых гг. Для мяне гэта важна. Не хачу, каб прыдзіркі палітычнага характару змазалі маю маральна-філасофскую пазіцыю, якая складае тэму і сэнс артыкула.
Гэта ўсё на выпадак, калі Вярцінскі згодзіцца друкаваць тэкст.
З прывітаннем – Ул. Калеснік.
11. ХІІ. 1988.»

Безумоўна, А. І. Вярцінскі надрукаваў той матэрыял. Варта сказаць увогуле, што дзякуючы яму, яго пашанотнаму стаўленьню да Калесьніка, я магла выконваць просьбы Уладзіміра Андрэевіча аб замене таго ці іншага абзаца ці нават старонкі ва ўжо падрыхтаваным матэрыяле. Такія замены ламалі ўжо зьвярстаны макет нумара, а ў тыя часы, калі камп’ютараў яшчэ не было і ў паміне, гэта прыносіла шмат складанасьцяў тэхнічнага плану. Але ж публікацыі былі вартыя таго…
З Уладзімірам Андрэевічам мы звычайна сустракаліся ў рэдакцыі «ЛіМа», куды ён заходзіў пасьля наведваньня Акадэміі Навук ці якой іншай установы. Аднойчы напрыканцы лета ці на пачатку залатой восені восемдзесят восьмага, здаецца, году ён прыйшоў у «ЛіМ» раней звычайнага. Мяне ў той час турбавалі шматлікія праблемы жыцьцёвага парадку, і, відаць, гэтыя праблемы ды клопаты адбіваліся на маім твары, бо, пасядзеўшы крыху, Уладзімір Андрэе­віч са спачуваньнем спытаўся, ці хутка я скончу працу і ці магу я разьдзяліць з ім яго запозьнены абед перад ад’ездам дадому ў Брэст. Працы пільнай не было, і я пагадзілася.
Мы выйшлі з рэдакцыі і пешшу, размаўляючы, ішлі па цяперашнім прасьпекце Францішка Скарыны ад плошчы Перамогі ў бок вакзала. Палуднавалі мы ў рэстаране гасьцініцы «Менск». Сядзелі каля вакна, пілі сухое белае віно, размаўлялі, паглядаючы на няспынную людскую плынь за вакном. Потым выйшлі на вуліцу, і паколькі да адыходу цягніка заставалася яшчэ досыць шмат часу, пасядзелі ў прывакзальным скверыку.
Ня памятаю ўсяго, пра што мы тады гаварылі. Ён, відаць, заўважыў мой сумны настрой і па-бацькоўску далікатна распытваў пра мае праблемы. Галоўнай маёй бядой тады была адсутнасьць уласнага жыльля. Помню, што ён прапаноўваў мне пераехаць у Брэст, перайсьці на выкладчыцкую працу, абяцаў дапамогу ва ўладкаваньні. Але я адмовілася, і ён не настойваў.
Недзе праз год-паўтары я пакінула працу ў лімаўскай рэдакцыі, бо выйшла замуж, нарадзіла дачку і займалася яе выхаваньнем.
У сакавіку 1991 г. У. Ягоўдзік прывёз мне з Брэста прывітаньне ад Уладзімі­ра Андрэевіча і ягоную кнігу «Янка Брыль: Нарыс жыцьця і творчасьці» («Народная асвета», 1990) з наступным аўтографам:
“Галіне Казіміраўне Тычцы – багіні Гебе на беларускім Парнасе – кніжку пра Зевеса, якога мы шануем.
3.УІ.1991.
Брэст. Ул. Калесьнік»

Разам з ёй быў наступны ліст:
«3 сакавіка 1991.
Дарагая Галіна Казіміраўна!
Віншую Цябе са шчасцем мацярынства, са споўненым абавязкам, жадаю светлага, змястоўнага і шчасьлівага жыцця тваёй малечы! Няхай стане тым, кім быць захоча, і будзе ў радасьць ёй і праца, і абавязак, і цяжкасці, без якіх жыццё ня мае паўнаты.
Шчыра рады, што спадарынька выйшла на работу. З прыемнасцю забягу ў рэдакцыю, якая без цябе і без Уладзіка неяк апусцела. Пішы, даражэнькая, пра літаратуру, бо ў «ЛіМе» задужа палітыкі, замала эстэтыкі, як на мой старэчы густ. Рады, што мая пісаніна трапіла ў твае залатыя рукі і пад дотыкам чара­дзейных пальчыкаў ачысціцца ад шурпацін і сукоў. Сам убачыў пасля прыезду дамоў, што канец у другой частцы артыкула зашылены (неразборліва. – Г. Т.) і перарабіў. Пачытай, і калі ён лепшы за той – устаў.
Па недаглядзе выпаў у часе перапісвання на машынцы і адзін абзац са старонкі 4-й (уставіць трэба пасля першага абзаца перад словамі: «Першы этап»).
Быў бы вельмі ўдзячны, каб спадарыня не палічыла за назолістасць і выслала той рукапіс першай часткі – тое, што ня ўвойдзе ў публікацыю – яго чытаў Брыль і Гіль, то, напэўна, зрабілі каштоўныя для мяне паправачкі, а я хачу змясціць гэты матэрыял як працяг «Пражскага эпісталярыя» ў сваю юбілейную кніжку.
З прывітаннем – Ул. Калеснік.»

На жаль, Уладзімір Андрэевіч памыляўся. На працу ў той год я ня выйшла, і ўвогуле больш у лімаўскую рэдакцыю не вярнулася. З красавіка 1993 году стала працаваць рэдактарам аддзелу крытыкі і літаратуразнаўства ў часопісе «Полымя». Але і тут нашае творчае супрацоўніцтва з Уладзімірам Андрэевічам працягвалася. З гэтых часоў у маім архіве захаваўся ўсяго адзін недатаваны ліст У. А. Калесьніка, які, як я цяпер мяркую, быў дасланы разам з тэкстам артыкулу «Паэтаў лёс і воля-вольніца». Гэта быў творчы партрэт Алеся Каско, пра якога і ідзе гаворка ў лісьце. Артыкул надрукаваны ў 12 нумары часопісу «Полымя» за 1994 год. Значыць, ліст пісаўся ў ліпені-жніўні 1994 году.
«Дарагая Галіна Казіміраўна!
Дзякую Табе за клопат пра мой артыкул: вельмі далікатна была зроблена рэдакцыйная праўка. Я сам некалькі разоў, дзякуючы зычлівасці Зосі, перапісваў першапачатковы тэкст, таму макрапаправак у мяне няма. Памяняў некалькі слоў са стылёвых меркаванняў. Алесь высветлены даволі поўна, так што задача, якую я ставіў, цалкам выканана.
Перадай маё слова ўдзячнасці Вашым рэдакцыйным работнікам, якія прычыніліся да паляпшэння матэрыялу.
Жадаю Вам творчых поспехаў і паспяховага выратавання ад прэзідэнцкіх сатрапаў, якія хочуць пусціць літаратурныя выданні на самапас.
З прывітаннем – Ул. Калеснік.»

Гэта быў апошні ліст Уладзіміра Андрэевіча да мяне. Неўзабаве яго ня стала. Я не была на пахаваньні, і не была на яго магіле. Таму мне цяжка ўявіць, што яго ўжо няма на гэтым сьвеце – гэтага высакароднага рамантыка і рыцара Беларушчыны.
Ды ведаю – нашыя сустрэчы з Уладзімірам Андрэевічам не былі выпадковасьцю. Гэта быў падарунак лёсу. Падарунак дзеля майго сталеньня, майго духоўнага росту. Дзеля еднасьці нашых ідэалаў, нашых адраджэнцкіх памкненьняў.