12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





І з'явіліся галасы

_____________________
Сучасная украінская паэзія


Вершы Мар'яны Саўкі, Марыяны Кіяноўскай, Андрыя Бондара, Астапа Слівінскага, Дзмітра Лазуткіна, Юрыя Кучаравага, Алега Коцарава з украінскай пераклалі Уладзімер Арлоў, Марыйка Мартысевіч і Андрэй Хадановіч



Мар’яна Саўка

БАБУЛІ СТЭФЕ

1
Ніхто й не ведаў,
што яна непісьменная,
кабета гэтая,
бо ўмела чытаць па тварах
і па планетах
кнігу пакуты й болю,
пісаць жа ўмела
толькі пісанкі долі.
І ў маразы карміла
птушак змерзлых з рукі.
На ляшчыне пасадзіць у голле,
а як сонца прыгрэе:
гыля, гусанькі, гыля... на волю!
А яшчэ мела рукі, як лён,
як галубкі дзве,
накупаныя ў малацэ,
і пярсцёнак на правай руцэ.
Нават гарохавы сок
пачарніць мармуровыя жылкі
не мог.
Проста жыла на свеце
цёплым духам зямлі,
як дзеці.
А калі ў вечны вырай
душа паляцела,
тут пакінуўшы апусцелае цела,
каб не парваць невідочную ніць,
ніхто й не наважыўся
квортку за ёй прычыніць.

2
Яна мне нават не снілася,
не сядала на край
драўлянага ложка,
проста глядзела адтуль,
нібы клала абедзьве рукі
на галоўку,
і спявала нячутна
мядовыя свае калыханкі
пра котку-варкотку,
што на прызбе варкоча...
Яна мне нават не снілася,
проста пакідала
лапік святла
на маёй падушачцы,
каб цямрэча начы
не палохала ўнучку.


* * *

Калі я плачу – размакае свет,
цурчаць струмкамі коміны й парогі,
і дрэвы мокрыя губляюць мокры цвет,
і рэчкамі плывуць мае дарогі.
І я, намоклая ў дажджы і слёзах,
шукаючы акраец сухадолу,
іду па дахах, нібыта па лёзах,
падняўшы фалды мокрага падолу.
Адтуль жа ўсё не сумнае – ане,
і жаль вялікі – смешная драбніца.
Вось толькі з даху зняў бы хто мяне,
як тую кніжку з верхняе паліцы.


* * *

будзь мне анёлам
расчашы мае косы
патрэсканым грабянцом
сваіх пальцаў
прытулі маю голаў
да сваёй кратчастай спадніцы
я дзіця
я святло
я кветка з вузельчыкам завязі
любі мяне да сканчэння свету
мая найдаражэйшая прамама


* * *

Маеш вёслы і човен. І ты з перавознікам — пара.
Паабапал ракі – лес ад сонца руды.
Валасы ў мяккай хвалі – заблытаны мокры гербарый.
І далоні – лісцінкі ў бяздонні вады.

Толькі хто вы і дзе? Перавознік тлумачыць не ў змозе.
І скрозь тоўшчу вады, як скрозь шыбы старога вакна,
Гэты свет адплывае. І хто і каго перавозіць –
Не пытай, бо падымецца бура з пяшчанага дна.


* * *

Там дрэвы ў срэбных зморшчынах кары.
Там цвыркуны ў крыжах жывуць старых.
Траву яшчэ анёлы не касілі,
а далягляд крануў туманец сівы.
...я легла б некалі на гэтым цвінтары...
Як дзень прыляжа, каб заснуць да ранку,
у коўдру загарнуўшыся з барвянку
і зорка божая асвеціць тры
пагоркі з вёскай, тая дагары
падыме твар, каб зноў перажагнаць іх –
усіх, хто ўжо ў зямлі, на небе, або ў хаце –
ці то абліччы, ці то дрэварыты.
Імёны іхнія навек адбіты
у кнізе смутку й радасці, дзе квіты
ўсе ворагі, забойца і забіты,
вядзьмаркі, немаўляты, святары.
...я легла б некалі на гэтым цвінтары...

Пераклаў Уладзімер Арлоў

* * *

Куды ж ён пайшоў, твой каханы,
жанчына, краса, прыгажуня?
Найвышэйшая Песня Саламонава

куды ж ты мой любы?
на нашым сенніку-ложы
галіначкі мяты
і кветкі рамонкаў і руты
на нашым сенніку-ложы
гарыць гарыцвет
і млее шалвея
і млеюць мае далоні

нам сонца шчэ вейкі
праменнем сваім не спаліла
а вецер вільготны
заснуў у маіх валасах
не зможа ніхто
адабраць каханага ў мілай
пяшчотнай і цёплай
як сонны ягнятка з ягняткам

туліся мой любы
да цёплага цела што пахне
як мятая мята
й расцертая ў пальцах шалвея
што ўмее цябе шанаваць
і ўсе ведае сховы
дзе слодыч таіцца
дзе токі гаючага мёду

глядзі мой каханы
у гэтай маленькай далоні
памесціцца жменя
салодкіх і корсткіх ажынаў
каб ты згаладнеўшы
свой голад мог спаталіць
смакуючы чорнае ягады
мяккае цела

пяць пальцаў усяго на руцэ
ды ў твае валасы
яны маладымі лінамі
нырцуюць гулліва
ўсяго дзве рукі беласнежныя
але як жа
пяшчотна-дзяцінна
цябе абдымаюць у сне

куды ж ты мой любы?
крыху затрымай світанне
не стомлены вусны ад ласкаў
а вочы ад смутку
займаецца ранак лятучы
над сеннікам-ложам
і вецер прачнуўся
што спаў у маіх валасах

устаў мой каханы
і сонца дрыжыць на вейках
устаў мой каханы
і толькі гарыць гарыцвет
і толькі рамонкі й рута
і толькі млее шалвея
і мята расцертая ў пальцах
і корсткая слодыч ажынаў


* * *

гэтыя саркафагі а ў іх кіламетры эмоцый
слёзы і ўсмешкі аднымі толькі вачыма
вуснаў куточкі якія ўсміхаюцца сумна
гэтыя пацалункі ў рамках цэнзуры
Марлен
хто ўціснуў тваю маладосць у згорткі тугія
гэтыя кінастужкі з сэрцам аплаўленым ад тугі
гэтыя кінараманы загойваюць даўнюю старасць
і засыпаюць снягі неабмеценыя прыступкі
да руін кінаклубу
то каго ж пакахала Марлен?
хто апякаў гарачым чалом халодную гэту далонь
і маляваў на аслізлай сцяне бамбасховішча
дасканалы арыйскі профіль
ты чуеш Марлен
гэты салодкі матыў найвышэйшая песня
якая паверне наўпоцяць гады й кіламетры вяртаньня
і на экране старым падпаліны жоўтыя часу
ўсмешка журботы – аднымі толькі вачыма
і хто памятае каго пакахала Марлен?

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Марыяна Кіяноўская

* * *

бывае даведваюся пазалеташнія навіны
страціўшы досвед даведваюся пазалеташнія навіны
якія ад мяне не залежаць якія ўвогуле не залежаць
не належаць якія нікому
ляжаць перад вачыма

калі ты не даеш мне веры калі ты не бачыш лісця
адцення таго мёду таго і таго адцення
цела таго і таго твайго і майго цела
калі ты не бачыш лісця
значыць яшчэ не восень

значыць яшчэ не страшна
спаць у цябе ў абдоймах
значыць яшчэ магчыма

…а бывае заплюшчваю вочы агонь задзьмуваю дыхаю
роўна і ціха дыхаю заплюшчыўшы вочы страціўшы досвед
які ад мяне не залежыць які ўвогуле не залежыць
які не належыць табе ні тады ніколі
патаемны здабыты

і тады прыходзіць і сніцца выбягаю на бераг мора
з таго ці з таго боку з таго ці з таго краю
цела таго ці таго твайго і майго цела
побач нідзе няма ні пошапкі ані згадкі

…я
…ува сне
…здолею
хваляй быць хваляй быць хваляй
быць тут і цяпер набягаць паміраючы адбывацца
паглынаючы захлынаючыся хваляй быць без паўтораў без досведу
які не залежыць ад хвалі які ўвогуле не залежыць
які яе перапаўняе высушвае перабывае
перабівае асушвае распалавіньвае
соллю стаецца потам
потым смакам малекул крыві мяне мінае

значыць яшчэ магчыма
спаць у цябе ў абдоймах
значыць яшчэ не восень
значыць яшчэ не восень


СМЕРЦЬ ПЕРАЛЁТНАЯ

1.
смерць пералётная
кожную зіму асядае
бліжэй да жытла чалавека

свежазашклёных вокнаў
– кры(жы, -жа, -жу, -жах)

з дарогі

дарагія і недарагія
ўбраныя і абраныя

госці

…………………….
пад снегам

2.
смерць пералётная

кожную зіму селіцца
бліжэй да жытла чалавека
дым з комінаў
звычайна грэе

а яшчэ ж сметнікі
мінакі
вуліцы
асветленыя маладымі кабетамі

шыльды на сценах будынкаў
з імёнамі нябожчыкаў

corpus memoriae

corvus corone

бо каму памятаць
як не ім

хто адыходзіць

каму дазволены

невялічкі куфар

не трэба браць шмат
крык і спакой
бруд пад пазногцямі
уласны і чыйсьці

бо як тут паспець
вымыць рукі
ўсе роўныя

ці прынамсі штосьці непрачытанае
недапітае
забытае ў суседзяў
утопленае кацяня

смерць скрыгатам
склікае гасцей

жалоба і бель
гадзіннікі і літаўры

а як лупіцца пазалота
прысутныя на хаўтурах робяцца толькі сваімі

добрая і абачлівая

смерць
узлятае вельмі высока

амаль узносіцца

каб усяго праз хвіліну

упасці

і выдзеўбці

кожнае вока


* * *

а ведаеш
ёсць такая страва халодная вада
гэта калі маеш смагу ці наканаванне
выплываеш са сну і шукаеш сябе для свету
мусіш прыняць яе й вызнаць
яе Бога жывога
Бога жывога
яе

Пераклала Марыя Мартысевіч


Андрый Бондар

РОБІ ЎІЛЬЯМЗ

“чаму яны ўсе так на мяне глядзяць?
няўжо яны ведаюць што я ўкраінец” – кожны раз думаю я
заходзячы ў чарговы бар
“няўжо гэта так відаць няўжо няўжо аж так
няўжо аж так відаць што я ўкраінец”

я здымаю куртку (імпартную здаецца нямецкую
але тут у такіх ніхто не ходзіць)
я застаюся ў джынсах купленых тут летась
я застаюся ў швэдры вытворчасьці краіны Перу
швэдар – з далікатнай воўны альпака
ён якасны й зручны але тут такіх ніхто не носіць
я застаюся ў амерыканскіх акулярах
што яшчэ?
туфлі хутчэй спартовыя – такія былі модныя гады чатыры таму

я выглядаю безнадзейна
ці можа мне так здаецца?
мой настрой вагаецца між палкім патрыятызмам
і даць камусьці ў морду
хоць гэта з галавою б мяне выдала

“толькі ўкраінцы могуць проста так узяць і даць камусьці ў морду” –
думаюць яны й маюць рацыю
“толькі ўкраінцы так добра ўмеюць спяваць” –
думаюць яны й маюць рацыю
(“так сёння спяваць не буду” – вырашаю я)
“толькі ўкраінцы так умеюць глядзець раздзяваючы”
думаюць яны й не памыляюцца
“толькі ўкраінцы маглі зарэзаць так шмат нашых
за такі кароткі час” –
думаюць яны й не памыляюцца

за такі кароткі час маглі адно ўкраінцы

у мяне ёсць паўгадзіны
на выкананне сваёй гістарычнай місіі

што я паспею зрабіць за паўгадзіны над адным кухлем піва?

падвесці вынікі дня
яшчэ аднаго для ўкраінца ў польшчы
і зрабіць радасную для сябе выснову:

“я ім проста падабаюся як чалавек як мужчына”

і я плачу ім узаемнасцю замаўляючы яшчэ адно піва

а робі ўільямз ужо дзясяты раз апавядае мне
што яму патрэбна ад жыцця

“ай джаст вона філ ріэл лав” – спявае робі ўільямз

нам з ім патрэбна адно й тое ж

сёння я нікому не дам у морду –
раблю я крок да польска-ўкраінскага прымірэння
і ўсміхаюся як ніхто тут не ўмее

ім добра відаць мае зубы роўны шыхт
здаровых белых украінскіх зубоў
тут такіх ніхто не мае


ГЕНЕТЫКА

у мяне вельмі добрая генетыка
мой прапрадзед дажыў да 119 гадоў і з годнасцю памёр
проста зайшоў у хату лёг і памёр
сказаўшы перад тым “ну буду я паміраць” а мая бабця а яго ўнучка
(я калі чую гэту гісторыю сто першы раз
не магу ўтрымацца ад смеху)
яшчэ супакойвае яго: “ды не дзядуля яшчэ рана”)

магчыма мая бабця гаворыць няпраўду
а магчыма гаворыць праўду не да канца
не магу ж я сказаць што яна хлусіць бо пра старэйшых так нельга
але часам мне здаецца што бабця мая трохі прыўкрашвае
119 гадоў зашмат нават для пачатку ХХ стагоддзя
але хто ведае? тых сялянаў усё адно ніхто ніколі не лічыў
пагатоў ніхто ім тады дакументаў не выдаваў

але ўсё адно – у мяне проста фантастычная генетыка
што там ні кажы
у мяне ёсць усе шанцы дацягнуць да васьмідзесяці
а калі геранталогія
пойдзе далей у сваіх навуковых распрацоўках і прыдумаюць
нейкія новыя пігулкі ад старасці дык наогул да дзевяноста
можна дажыць

іншае пытанне – мой сённяшні лад жыцця
і тое як я праё...ваю сваё здароўе
як усе мы праё...ваем прас...раем сваё здароўе
удыхаем тытунёвы дым п’ем хлараваную ваду
не спім начамі ўстаем а 12 гадзіне перажываем стрэсы
нам здраджваюць жонкі мы здраджваем жонкам
штодня мы паміраем ад рэўнасці
пасвім сваю ўласнасць трымаемся ў тралейбусах за пулярэсы
праседжваем гадзінамі перад кампутарамі

з аднаго боку нам рэкламуюць здаровае жыццё
заклікаюць да здаровага сексу і ўсяляк падбадзёрваюць
з іншага боку так цяжка надзець прэзерватыў
ужо ў 29 гадоў так цяжка надзець прэзерватыў
абуць яго было лягчэй бы не я не кажу
што маю праблемы з патэнцыяй
мала хто мае праблемы з патэнцыяй у 29 гадоў
але калі я яшчэ хоць месяц пратрымаю свой лэптоп на яйцах
мяне ўжо не ўратуе ні шпанская мушка ні ёхімбэ ні нават віягра

але я не магу інакш
я й далей буду трымаць свой лэптоп на яйцах і
пісаць свае безнадзейныя вершы якія ўсё часцей называюць апавяданнямі
адна пажылая цётухна – родная сястра аднаго славенскага паэта
які ўжо колькі гадоў стаіць у чарзе па нобель –
так і сказала: “а чаму вы называеце ГЭТА вершамі?”

ды не – хацелася адказаць ёй – не хвалюйцеся
я не збіраюся складаць канкурэнцыю вашаму брату
я яшчэ занадта малады як на нобелеўскую ўзнагароду
да таго ж у мяне лэптоп на яйцах а яшчэ я асабіста не ведаю джона эшберы
і не маю ангельскіх перакладаў
так што будзьце спок старэнькая не хвалюйцеся за брата
я й далей буду трымаць свой лэптоп на яйцах бо
па-іншаму не магу бо па-іншаму не выходзіць
хочаце называйце гэта апавяданнямі хочаце – га...ном сабачым
але па-іншаму я не магу

я больш не магу сабе дазволіць пісаць метафарамі
фліртаваць з традыцыяй і пісаць пра смоўжыкаў
магчыма вы маеце рацыю і паэзія памерла ўва мне
(Госпадзе зноў метафара) і я ніякі больш не паэт
а тым больш не паэт культуры ці паэт прыроды

я паэт які трымае лэптоп на яйцах
вось так мяне й называйце:
“Андрый Бондар – паэт які трымае лэптоп на яйцах”

лепшага кампліменту вы мне зрабіць не зможаце

патлумачыць вам што такое лэптоп?

Пераклаў Андрэй Хадановіч


Астап Слівінскі

* * *

(памяці Крыстыяна Лойдля)

Свет перапоўнены анёламі –
у закутках цела, дзе канцэнтруецца паўдзённае святло,
у прагалах паміж вагонамі, што пралятаюць, не прыпыняючыся,
паўз горную станцыю ў масіве Таўэрн, яны
дыктуюць свой пачатак, яны ведаюць, як пачынаецца верш,
як у паўцемры круціцца гладзенькая Рэч,
нібы плод, яшчэ не выняты з коласа.
Яны скандуюць бясконцыя пачаткі, чакаючы на апошняй лесвічнай клетцы, а потым – раяць, як скарыстаць паддашныя скавышы
для эканомных лунанняў.
Я ведаю, як ты сядзеў на пероне горнай станцыі
ў масіве Таўэрн, сузіраючы
кароткія й дакладныя віхуры, што запляталі жмуты ваты.
Нават тут, у горле сталёвай крыніцы,
табе не пазбыцца анёлаў з іх казаннямі
пра звышмяккі графіт і споведзь у дзевяць асветленых адтулін.
Ты адмовішся ад драбіны, якую прынясе паслужлівы аптэкар, калі ты будзеш цягнуцца да паліцы, куды даўно не зазіралі. Ты адмовішся
абмакнуць руку ў мармуровую чашу,
якая стаіць каля кожнага парталу.
Так, заўсёды ёсць сотні крыніцаў, што бруяць у паветры, і неадчэпны
сонм
анёлаў, ад якога можна аддаліцца хуткай
куламеснай каметай.

Верш
пачынаецца ў тлене, ненавідны і звонкі,
як сарваная аброцька.


* * *

(Для Cюзі)
Я ўпершыню за доўгі час час здрадзіў зліве,
якая прынесла хаця б невялічкую змену.

Прамінула бяссонная ноч, а я глядзеў, як дзеці гуляюць
у нейкую кароткую гульню,
Па адным выбягаюць, выкрыкваюць некалькі словаў
у дождж і кідаюцца назад
Пад бляшаную паветку, і смяюцца ўжо разам.

Так і ў мяне ўляцеў нейкі смех, як шаравая маланка,
дождж нібы перакуліўся дагары нагамі
Перада мной, і я раптам пачаў рагатаць,
усё закруцілася, як пральная машына, поўная
Белага віна,

І было, як глыбака пад вадой: “Удыхай, але ты застанешся
нашым каралём”, – і я ўсё вагаўся,
Калі гэта магчыма – вагацца і рагатаць адначасова,
А потым я збег уніз, дзе заўжды недарослыя клёны
нібы круціліся паміж кроплямі,

І крычаў, дайце больш пены, адчыніце шлюзы ёгурту з сокам,
і крычаў,
Выключыце свае калонкі, бо будзе замыканне
і вялікі фейерверк, і жаніхі з нявестамі
Будуць згадваць гэты дзень з сорамам,
і глядзеў, як дрэвы ўхіляюцца ад найбуйнейшых
Кропляў, і спрабаваў гэтаксама.

Дзеці збіліся ў купку пад сваёй паветкай, мокрыя і каляровыя,
як адзін экзатычны карал,
А я быў іх каралём і не мог выдыхнуць.


4:25

З думкай пра Прымажа Чучніка
Што за такая сіла спыняе мяне раз за разам
на лініі невыразна акрэсленага ўзлеску,
сярод сонечных мясцінак і ценяў, нябачнай грыбніцы,
якая цяжарыць і нараджае, як шулякі, у паветры?
Што за сіла выштурхоўвае мне насустрач мяч,
якім, відаць, граюць дзеці на пакуль што нябачнай мне паляне,
і гоніць нізка над зямлёй поўную ветрам шапку, якая, зляцела відаць,
з галавы пакуль што нябачнага мне чалавека,
задранай высока
ў архітэктуру кронаў?
І тады, у адзін з тых нешматлікіх дзён – што за сіла
гнала нас праз застылы горад,
каб напрыканцы мы апынуліся на беразе
з яшчэ кімсьці, хто гэтаксама задраў галаву
і адбіўся ў сярпе святла?
Я таксама ня ведаю, калі лёс праступае
хаця б у сваіх найневыразнейшых абрысах.
Ува сне? Ці пад ранак, калі йдзеш на званок ці грукат,
ловячы знакі, уключаючы святло? Калі выплывае невядомая зямля
поўная танцу і мовы?
Заканчваецца начная змена, усё хутчэй пачынае круціцца рухавік; на сон, як і каханне, можна праектаваць фільмы, можна называць,
трушчыць, пісаць люмінісцэнтнай фарбай,
можна прапускаць скрозь іх
рэнтгенаўскія промні. Можна ўявіць іх лісцем лаўру.
Ёсць усё-кі нешта больш матэрыяльнае – дарога,
якую я праходжу хутка, бяспамятна,
на аброжку ў нейкай блытанай, бязладнай радасці,
няздольны ўмяшацца ў расклад чыгункі, паводле якога цягнік
заўсёды прыбывае сюды а 4:25,
свабодны, такім чынам, ад абвінавачанняў і апраўданняў, напаўпразрысты, нібы набрынялы ветразь,
пусты, як трыснёг,
адкрыты, пагаслы, няўлоўны.

ДВА ВЕРШЫ ДЛЯ Н. К.

1
Яшчэ толькі шостая, а на двары ўжо валадарыла
столькі яскравых каралёў!
Мая Шатанка!
Святло нібы прабівала наскрозь прасціну,
мне стала сорамна, ненадоўга,
там нібы спалі нейкія водарасці, пад коўдрай было
як усярэдзіне празрыстага кіта,
і павер, я пабачыў там цэнтр зямлі,
які круціўся, нібы чырвоная налепка на кружэлцы,
ён смярдзеў, як падпаленая цырата, смярдзеў рыбай, якая не паспела вырвацца з-пад пякучай мантыі –
ведаю, ты ўжо не спала амаль дзве гадзіны і паспела зрабіць сняданак, які цяпер астывае на кухні,
і доўга стаяла каля мяне, адчыніла і зачыніла акно,
і вярнула дзецям мяч,
які выпадкова заляцеў на веранду, але ж ты пабачыла тое самае?
Як скрозь гарачае паветра?
І пачула той гоман глыбіняў, задушлівых і вясёлкавых? Інакш чаму
мы нібы затанчылі, сустрэўшыся поглядамі – праз хвіліну,
калі я канчаткова прачнуўся?

2
Вер мне, яскарка.
Нават калі –
калі са дна падыходзяць цені рыбаў, зіхоткіх на сонцы, – я бачу іх каламутнейшы
бок, блытаюся, палю ўсляпую – нават тады –
вер мне, яскарка.

Зараз, калі, здаецца, цэлы акіян упаў на маленькі горад,
шумяць дрэвы, перакатваючы празрыстую ваду,
і мы нібы бяздомныя, якія напрасіліся пераначаваць у аўтаматычнай пральні,
прыціхлыя і шчаслівыя спаміж паўсюднага плёскату,
у танцы на рэі, у сэрцы каметы,
поўнай старых імёнаў і датаў, што раптам сплавіліся ў адно пякучае ядро,
разагнаных так, як толькі мы можам бегчы ў сваім каханні.

Яскарка, я не магу без твайго дыхання.

Пераклала Марыя Мартысевіч


Дзмітро Лазуткін

АСАБЛІВАСЦІ КАНТРАЦЭПЦЫІ

ужо вырасла і добра што вырасла
ў гэтай краіне пакаленне дзяўчат
якія кажуць: я не буду без прэзерватыва
або так або ніяк разумееш

я думаю што можна тут гаварыць пра
пэўныя пазітыўныя зрухі ў свядомасці
змены менталітэту і ўсё такое

ну вядома ж
я таксама за здаровы лад жыцця
здаровую нацыю
інтэлектуалаў у парламенце
адмарозкаў на плошчы
баксёраў на тэлебачанні
я таксама не буду без прэзерватыва

гэта правільна
ды чамусьці ўсё радзей даводзіцца чуць:
я не буду без кахання
не крыўдуй
але я не буду без кахання
або так або ніяк разумееш…

зрэшты
калі абстрагавацца ад лішняга лірызму
варта адзначыць
што ты маеш рацыю маленькая
ніякай праблемы
невялікі кошт
дарэчы пра кошты
не
не дарэчы
але ты была са мной калі я разрываў сабе грудзі каб дастаць адтуль сэрца
ты дыхала ў мяне калі я ішоў калі я падаў каб падняцца зноў
і нарэшце дайсці да цябе
ты снілася мне
калі я купляў хлеб і калі спазняўся на апошняе метро
такая жывая такая пяшчотная
прыўкрасная й немагчымая
такая юная такая шчырая
такая ўся…
без прэзерватыва

але калі ты настойваеш –
ніякай праблемы…
ну добра
напраўду добра…

а якой табе прачынацца?


* * *

гэтыя штармавыя радыёхвалі

гэтыя скразнякі разгубленасці
на адчыненым падворку
нашае больш чым умоўнай еўропы

як шмат сілаў было аддадзена
за гэтае высокае маральнае права
на такое паскуднае зрэшты пачуццё
што мае пах моцнага тытунёвага перагару

і халоднае паветра не можа развеяць яго
і горла баліць нудна
і лімфатычныя вузлы самадастатковасці
відочна пабольшваюцца асабліва ўвечары
калі збіральнікі пустых пляшак і выпадковага тавару
прыкладаюцца да алкаголю
рыхтуючыся страціць свядомасць
да прыходу анёлаў альбо ахоўнікаў правапарадку

штодня мы атрымліваем запрашэнне ў лякарню
добрыя ўмовы памяркоўныя цэны
штотыдня мы атрымліваем запрашэнне ў царкву
зручны час бясплатны паркінг

ты кажаш мне
што найпрыгажэйшымі мужчыны робяцца пасля трыццаці трох
можа і так
але што з таго –
будаўніцтва скончана
нам няма справы да выкарыстаных матэрыялаў
нам няма куды йсці адсюль
на маіх чаравіках пясок
на маіх чаравіках егіпет
але чаму яго занесла так далёка?

магчыма
так гуляюцца сонца й вецер
альбо адпрацоўваюць свае стратэгічныя заданні
магчыма
сапраўдная памяць –
абсалютна ня тое што я думаю

і варта паспяшацца
покуль працуе электрычнасць
покуль не спынілася сэрца
покуль я адчуваю першае і другое
аднолькава востра


ПАМЕЖНАЯ ЭЛЕГІЯ

мокрая гліна
такая мяккая што можна ляпіць з яе рыбіна сэрца

мост якім аўтамабілі
перавозяць сусветную тугу што як сведчаць працаўнікі мытні
напраўду існуе
і за гэта трэба плаціць

колькі кахання памяшчаецца
у кароткую паўзу між сігналамі зумера
у тэлефонным аўтамаце
які доўга шукаў
і нарэшце знайшоў каля начнога мінімаркету
на беразе бензазапраўкі
над якою птушкі робяцца шумлівымі
а нябёсы напаўняюцца ружовым крэмам

ты перасекла мяжу каб вызваліцца

ты выгаварыла ўсе грошы
і я ўпэўнены што наўмысна
і ў цябе няма больш словаў

высокія хваіны
гасяць скавышы
вецер прыціхае

гісторыя не пачыналася
ты чуеш гісторыя не пачыналася

кіроўцы фураў купляюць цыгарэты
ціха перамаўляючыся між сабою
нібы не існуе нічога патаемнейшага
за іх падарожную самоту

у мясцовым гатэлі
ёсць толькі халодная вада
але яе хопіць на ўсіх


* * *

нешта сабе прыгадваеш
ветрам дажджы малюеш
вочы заплюшчыш – падаеш
слухаеш і не чуеш...

што я хачу – не галоўнае...
знаеш, рабі што хочаш
покуль я з дзеяслоўнаю
рыфмай гуляю ўночы

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Юры Кучаравы

СТРЭЛЫ СВЯТОГА СеБАСЦЬЯНА

Ён дажываў свой век дзесьці ў Фракіі
Ператрыманым да празрыстасці парасткам,
Ён пусціў атожылкі ў Італіі, яе жывапіс
Блішчыць на яго жываце Антычным глянцам.

Калісьці стрэлы ўшрубоўваліся яму ў плоць,
Як крылы ветракоў Сервантэса.
Гэта юначыя мроі ападалі яму на голаў,
Як верталёцікі з пладоў клёну,

Якія кожнае дзіця падкідвае, разламаўшы напалам, –
Угору, дзе ўзняты ў нябёсы лоб
адбівае сонечныя промні,
Па лініі цела, выцягнутага ўсцяж ганебнага слупа.

Я кахаю, як ты, калі позірк сягае ў неба.

Калі раптам убачыш, што парэпаная скура –
гэта патрэсканы фон,
Якога мусіш не заўважаць,
як цемру, што некалі баяўся.

Не ВЕДАЮ

Віславе Шымборскай
Думаю, я заўсёды быў некім ці нечым паміж намі,
Калі заўважаеш, што нехта заместа цябе.
І цяпер нехта ўжо родны, як Луксорскі абеліск у Парыжы.
Я таксама пагаджаюся,
што ўзнёсласць па-над роўняддзю,

Як і фармавання ландшафту Згоды, –
Не зменіш. Нешта назаўжды застаецца паміж намі.
Зірні яшчэ раз – гісторыя не пракаўтнула яго,
як костку ў горле,
Падавілася. Шуканае намі –
толькі падставы для вяртання.

О свеце, твае законы асядаюць на мяне талькам,
Нібы я толькі што нарадзіўся ад кахання,
Хоць каханак не ты й відавочцы кажуць,
Што кахання не было, што гісторыя –
шлюб паводле разліку
і бухгалтэрыя пажады.

Можа й так. Можа й так. Але – прайграўшы, калі на табло
Рахунак пустэчы, заўжды маем магчымасць сказаць –
не ведаю.

І З’ЯВІЛІСЯ ГАЛАСЫ...

Як валошкі ў жыце, як макі ў пшаніцы,
Незавершаныя ўсцехі Песняў Саламонавых ІІ ст. н. э.,
Пад сонцам тваёй бацькаўшчыны,
Мнемазіна –

Ты не сыходзіла ў сутарэнні,
Дзе замкі на таямніцах, дзе маўчанне на рэху,
Зноў, і зноў, і зноў...

Вось вяртаецца месяц, каб перакінуцца ў слова,
Апантанае пакрыёмасцю абалонкі, каханнем да Эрато.

Вось люстра, скала героя, у прадонні
Звялыя кветкі сясцёр, як шаты
Св.Ірэнія, св.Тэртуліяна, св.Аўгустына.

Ты не сеяла на нівах падзямелля,
Звонка разлегліся галасы – не па табе.

Пераклаў Уладзімер Арлоў

Алег Коцараў

БУДНІ ГАРАДЖАНаў ЗВЫШТОНКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ

Як грае раяль?
Ды крыху трымціць аконная шыба,
Зусім крыху, калі прыслухацца,
А за шклом прамінаюць фігуры.
Гэта трэці паверх.
Гэта сярэдзіна году.
Таму і ўверсе, і знізу
Гойдаецца зялёны кляновы хаос.
У двары за бежавымі
Платамі
Ходзіць мужык у сініх штанах
І сплёўвае хлеб на зямлю,
Пасміхнулася бакавая цагляная сцяна,
Чырвоная, пацямнелая,
З адным-адзіным вакенцам:
Кухняю на шостым паверсе.
Дзяўчына са скрыпкай ідзе праз двор,
Дзяўчына баіцца мужыка,
Дзяўчына ўцякае, а мужык у сініх штанах
Гоніцца й не даганяе,
Раяль дае ноту, крыху вышэйшую
За тую, якая патрэбная,
Ды ніхто не ўсхвалюецца, толькі на момант напружыцца
Цягліца левай шчакі.
Так і знаемішся з ім – ідэальным грамадствам
Ці хаця б ідэальным кварталам:
Зверху музыка,
Знізу драбкі,
Нехта вяжа вузлы з дзявочых шнуркоў,
А з далёкай кухні на шостым паверсе
Падае пляшка шампанскага,
Падае,
Падае –
Й не разбіваецца.


ФЕАДАЛЬНАЯ ПАРТЫЯ ЎКРАІНЫ

Згадай сваё неверагоднае дзяцінства,
Так званыя доўгія зімовыя вечары:
Маленькае хатняе святло,
Чорт на што ведае запаленая свечка
Ды суперскі сіні круглага снегу свет,
Згадай бясконцыя рэчку і лес,
Там, дзе ў далечы гуляліся
Ваўкі з каменнымі львянятамі,
І як бясконцымі ранкамі і вечарамі
Можна было наступаць на снег
І слухаць яго гукі.

Хто ўкраў тваё дзяцінства?
І хто пакраў твой вольны час?
Вядома ж, яны:
Шалёныя пралетары,
Фанатычныя офісныя пацукі
І меднавокія гандляркі
Разадралі ў шматкі час, снег, думкі і рэчку.

Таму калі нехта выкіне блакітную кроў, бы сцяг,
Не вагайся і далучайся да бою!
Бізун халупам!
Адкрытыя вокны палацам!
Толькі зірні:
Палаюць аэрапорты, кінатэатры
Ды выпадковы пусты дызель-цягнік,
Добры чалавек хутка гаворыць па тэлефоне,
Кавалькада страляе ў неба,
Гарманіст разбірае японскі джып,
Над кавалькадай новыя сцягі
І паўсюль новыя сцягі, многа-многа новых сцягоў,
Дым малюе батык на плошчы,
А пасівелы герцаг
Адбірае вабных дзяўчатак.

І снег цябе пазнае,
І радасна сядзе табе на далонь,
А ты такі халодны і станісты,
Што ён
Нават
Не растане.


МУЗЫКА СОРАК ПЯТАГА КАЛІБРУ

Драты за вакном перапляталіся
Тоўстымі сеткамі
Людзі хісталіся і глядзелі адзін на аднога
А вагон хаваўся ў тунелі як музыка ў навушніках
Пакуль раптам яна не перапыніла музыку выкінуўшы яе да другі план
Закрычаўшы: Ты здрадзіў мне псіна!
Ён адказаў: Ну паспрабуй зразумець мяне!
А яна выхапіла Thompson Custom 1911 сорак пятага калібру
Стрэліла
І пацэліла толькі ў надпіс “Не прыхінацца”
Усе маўчалі музыка ўсё гучнела
Ува ўсіх былі вялізныя круглыя вочы і сагнутыя плечы
І ніхто не разумеў
Ні ён ні яна ні яны.

Пераклала Марыя Мартысевіч.

Коратка пра аўтараў:

Мар’яна Саўка – паэт, галоўны рэдактар і сузаснавальніца “Видавництва Старого Лева” ў Львове. Аўтар паэтычных зборнікаў “Аголеныя рэчышчы” (1995), “Малюнкі на камені” (1998), “Горкая мандрагора” (2002), “Каханьне і вайна” (у суаўтарстве з М.Кіяноўскай, 2002), “Кветкі кмену” (2006), “Бостон-джаз” (2008). Удзельніца міжнароднай літаратурнай праграмы Цэнтру Ўільяма Джойнэра (Бостан, 2007). Вершы перакладзеныя на ангельскую (асобным зборнікам: Marjana Savka. “Eight Notes from the Blue Angel” (translated by Askold Melnyczuk), польскую, беларускую, літоўскую мовы.

Марыяна Кіяноўская – паэт, празаік, перакладчык, крытык, эсэіст, літаратуразнаўца. Аўтар паэтычных зборнікаў “Інкарнацыя” (1997), “Вянкі санэтаў” (1999), “Кніга Адама” (2004), “Звычайная мова” (2005), “Штосьці штодзённае” (2008), зборніка апавяданняў “Сцежка ўздоўж ракі” (2008). Вершы перакладаліся на азербайджанскую, ангельскую, армянскую, беларускую, грузінскую, польскую, расейскую, славенскую, сербскую мовы. Перакладае з беларускай, польскай, расійскай, славенскай і інш. моваў.

Андрый Бондар – паэт, перакладчык і публіцыст. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Камянцы-Падольскім. Аўтар паэтычных зборнікаў “Вясновая ерась” (Кіеў: Смолоскип, 1998), “Ісьціна і мёд” (Адэса: Астропринт, 2001) і “Прымітыўныя формы ўласнасьці” (Львоў: Піраміда, 2004). Лаўрэат літаратурнай прэміі выдавецтва “Смолоскип” (1997). Галоўны рэдактар газеты Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменнікаў “Літаратура плюс” (1998-2000), рэдактар і калюмніст “Кніжнай лаўкі” ў тыднёвіку “Дзеркало тижня” (Кіеў). Стыпендыят Міністра культуры Рэспублікі Польшча (стыпендыя Gaude Polonia, 2003) і Homines Urbani (Кракаў, 2004). Жыве ў Варзэлі.

Астап Слівінскі – паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Львове. Аўтар паэтычных зборнікаў “Ахвярапрынашэньне вялікай рыбы” (1998), “Паўдзённая лінія” (2004), “Мяч у цемры” (2008). Вершы перакладаліся на 11 моваў. Перакладае пераважна сучасную польскую і балгарскую літаратуру, быў перакладчыкам і ўкладальнікам Анталогіі сучаснай украінскай і беларускай паэзіі “Зв’язокрозрив/Сувязьразрыў” (2006, супольна з А. Ха­да­новічам і Дз. Маціяш). Жыве ў Львове.

Дзьмітро Лазуткін – паэт. Нарадзіўся ў 1978 годзе. Тэксты друкаваліся ў часопісе “Четвер”, у “Колекціі”, “Вавілоне”. Лаўрэат конкурсаў “Смолоскип” (2004), “Гранослов-2002” і прэміі імя Б.-І. Антоныча “Привітання життя” (2000). Аўтар кніг “Дахі” (2003), “Солодощі для плазунів” (2004), “Паприка грез” (2006), “набиті травою священні корови” (2006). Стыпендыят праграмы “Gaude Polonia” (Польшча, 2004). Жыве ў Кіеве.

Юры Кучаравы – паэт. Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Львове. Па адукацыі – філосаф. Аўтар паэтычных зборнікаў “Видива” і “Рахунок порожнечі”. Лаўрэат прэміі імя Багдана-Ігара Антоныча за 2004 год.

Алег Коцараў – паэт. Аўтар кнігі „Коротке і довге”. Рыхтуецца да выхаду кніга паэзіі „Мій перший ніж” і кніга прозы „Хто кого морочить”. Лаўрэат літаратурных прэміяў: “Смолоскип” імя Підмагільнага, “Маладое віно”. Публікаваўся ва ўкраінскіх і замежных выданьнях, у інтэрнэце. Вершы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, польскую і расійскую мовы.