12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анка Упала

_____________________
Інь-Ян.
Іранічныя аповеды


Пра таго, хто жыве са мной

У маё жыццё ён увайшоў незаўважна. Я пераехала жыць у пакой, які зараз здымаю, – а ён на камодзе стаіць, у вазоне. Звычайны насельнік кватэр клапатлівых гаспадыняў, у якіх такіх, як ён – цэлы гарнізон. Я ж гаспадыня, магчыма, і неблагая, але ў дачыненні да кветак ніколі ў клапатлівых не хадзіла. Калі маці з'язджала на тры месяцы і пакідала мне догляд за кветкамі ў хаце, па вяртанні яе сустракалі толькі самыя трывалыя і непе­раборлівыя гадаванцы. Гэта – недзе палова ўсяго пакінутага кветкавага складу. Але вось я пачала ўжо расказваць пра сябе, а галоўнага не зрабіла.
Калі вырашыла напісаць пра расліну, з якой жыву, значыць атрымліваецца, што гэтая расліна – герой апавядання, і трэба яго апісваць, як належыць.
Колер у яго самы распаўсюджаны, зялёны. Адценне травяное. Лісцем і камлём кветка падобны да лімона. Усе думаюць, што ён – лімон (і я так спачатку падумала), але ён не лімон. Этыкетку, якая была пра ім пры пакупцы, згубілі, адпаведна страчаны і радавод кветкі, і цяпер невядома, адкуль яго карані. Пры мне кветка не цвіў. Вазон у яго літры на паўтары, прыгожы, керамічны з глянцам. На крэмавым тле намаляваныя зялёныя кветачкі.
Алена Пятровіч, якая жыла ў гэтым пакоі да мяне, пакінула расліну тут, бо ў іх з мужам новай кватэры яе пакуль няма куды паставіць. Гэты факт, тым не менш, мала цікавіў Палікарпаўну – суседку Алены, якая пасяліла на гаўбец Алены два залатыя вусы. Таксама часова, (“на сорак восем дзён”, – сказала Палікарпаўна), да тае пары, пакуль не вернецца. Думаю, што калі я завяду ўласную пакаёвую кветку, мне трэба будзе пасяліць яе ў кватэру да Палікарпаўны, каб замкнуць гэтае д’ябальскае кола. Але пакуль з чужымі кветкамі жывем я і Алена Пятровіч.
Жыць з чужой кветкай цалкам этычна, у адрозненне ад таго, напрыклад, каб жыць з чужым мужам. І нават гэта пахвальна, бо я выяўляю сябе як надзейная прыяцелька і дапаможца, што наўрад ці б было запісана ў спіс маіх дабрадзейнасцяў, калі б я жыла з чужым мужам.
Нягледзячы на граматыку, кветка, безумоўна, мужчынскага роду. Я на­­зываю яго Цвет.
Спачатку я не паставілася да кветкі сур’ёзна, а паставілася так, як ставілася да любых іншых пакаёвых кветак, то бок ніяк. Алена даручыла мне яго паліваць, і я палівала, калі ўзгадвала. Паколькі папярэднія палівы цалкам выляталі ў мяне з галавы, то мне падавалася, што я даўно яго не палівала, і кожнага разу я палівала кветку як след, пакуль ён не даў мне зразумець, што з яго хопіць, выпусціўшы з вазона дзве лужыны. Яму прыйшлося выпусціць другую лужыну, бо першую я проста выцерла, не задумваючыся пра прычыны яе ўзнікнення на паліцы камоды, на самым версе якой і жыве кветка.
Другая лужына мяне ўсхвалявала. Памацаўшы пальцам зямлю ў вазоне, я высветліла, што кветка жыве ў балоце. Пасля гэтага прыкрага адкрыцця я вырашыла не паліваць яго, пакуль зямля не высахне, і ўвогуле шчасна забылася на паліў. Узгадала пра яго толькі праз тыдзень, калі адчыніла адзежную шафу і перакуліла бутэльку з вадой для кветкі.
Цяпер вы бачыце, што кветка вельмі рызыкаваў, застаўшыся сам насам з такой гаспадыняй, як я. І вы адначасова бачыце, як пашанцавала з кветкам мне, бо ні разу ён не паспрабаваў адпомсціць мне за кепскае абыходжанне, а наадварот рос сабе і рос. І калі Алена зазірнула да мяне ў госці, то заўважыла, што я добра-ткі яго разгадавала, і што вось гэтых галінак з лісцем не было і вось гэтых.
Перажытыя разам цяжкасці збліжаюць, так здарылася і з намі. Цярпенне і ўзаемаразуменне я лічу прыкметай моцных стасункаў любога рода. Як для расліны кветка паказаў сябе з самага лепшага боку, і я паважаю яго за гэта, таму ў нашых адносінах няма змушанасці. Толькі з тым, каго паважаеш, можна сябраваць. Калі б я раптам даведалася, што кветка мяне не паважае і не цэніць, я, не вагаючыся, выкрэсліла б яго са свайго жыцця, то бок сама завезла б яго да Алены. Але кветка не такі.
Алена Пятровіч збіраецца забраць у мяне кветку. І гэта правільна. Кветкі павінны жыць з тымі, хто іх… ну, хай не нарадзіў, але завёў. Кветку Алене падарыла сяброўка на дзень нараджэння, і таму сумленне не дазволіць мне сказаць, што мяне няма дома, і што Алена не можа забраць кветку. Магчыма я нават буду наведваць кветку, калі ён пераедзе.
Цяпер я ўсур’ёз пачынаю думаць пра тое, каб і сапраўды завесці сваю ўласную пакаёвую кветку, з якой мы будзем жыць доўга і шчасліва.


Інь-Ян
Пераапрананне ў стэрэатыпы

Лепей надзець шапку-аблавушку: яна мне пасуе, а на вуліцы -10.
— Ян, ты куды?
— На шпацыр.
— Хлопчык мой, а чаму так позна?
— Дзевяць — гэта не позна, тата. Тым больш я з Інай буду. Ты ж ведаеш, яна калі што…
— Добра, Іна і сапраўды волат, прыемна зірнуць на адны мышцы. Толькі глядзіце не піце. А то апошнім часам усё піва ды піва. А чаму Іна не завітала па цябе?
— Яна мяне каля кінатэатра чакае.
— Твая дзяўчына хоць электрычнасць у сябе адрамантавала?
— Адрамантавала!
— Дык, хай бы і нам адрамантавала!
— Та-а-ата!
Насамрэч мы збіраліся не проста на гулі. Бацьку праўду ведаць было не варта, бо Іна запрасіла мяне сустрэць адну паненку пасля трох сутак у камеры. Тры дні таму ейная прыяцелька Маргарына і Алеся Вітальеўна з эканамічнага каледжа вадзілі карагод ў скверы каля помніка Алаізе Пашкевіч. Там да іх прычапіліся супрацоўніцы праваахоўчых органаў. І тое неспадзяванка, бо яны абралі дзіўных ахвяраў: Алеся Вітальеўна — выкладчыца, ніколі не кідае недапалкі на зямлю, носіць акуляры, інтэлігентны вожык на галаве і ні за што («Толькі праз мой труп!» — кажа) не дазваляе сабе ўжыць бруднае слова ў прысутнасці джэнтльмена. А Маргарына, Маргарына Вялікі-Дзякуй — бібліятэкар і мастачка, што тут дадаць? У яе было чатыры персанальныя выставы.
Спадарыням міліцыянткам не спадабалася тое, што ў жанчын на дамскіх валізках не было флікераў: значыкаў ці стужак, якія свецяцца ў цемры. Нядаўна выйшаў чарговы ўказ, які забараняў пасля 21.00 вадзіць карагоды каля помнікаў, не маючы на сабе святлоадбівальных элементаў.
Вядома, што маленькія (змяшчаюцца толькі абавязковыя памада, люстэрка і пісталет) валізкі мянтоў былі аздобленыя гэтымі флікерамі ўздоўж і ўпоперак. Выглядалі яны «як дуры», што Маргарына ім і паведаміла. Слова за слова — і мастачцы надзелі кайданкі, а Алесе Вітальеўне навесілі велізарны штраф. У пастанове суда яшчэ напісалі, што яны п'яныя былі, і Маргарына нібыта хапала зубамі адну з мянтоў за валасы і гумавы дручок…
Разам з маёй прыгажуняй у элегантным клятчастым паліто мы падышлі да турмы на Акрэсціна. Каля брамы ўжо мерзлі дзве маладыя жанчыны. З кожнай з іх Іна па-жаноцку дужа парукалася, потым патлумачыла: «Алесю Вітальеўну ты ведаеш, а гэта Аляксандра».
Сексапільная Алеся Вітальеўна ў пухнатым трусікавым футры паві­талася. Аляксандра, мастачка, з якой Маргарына мела агульную майстэрню, пазяхнула. Па-мойму, я ёй не спадабаўся, але як след падумаць пра гэта я не паспеў, бо брама адчынілася, і на волю выйшла расхлістаная, без шаліка і без шапкі Маргарына Вялікі-Дзякуй з сіняком пад вокам. Божа, няўжо яе там білі? У-у-уу, жывёлы!
Маргарына абнялася з усімі жанчынамі, паляпваючы іх па спінах: «Алеся! Вітальеўна! Ты як, родная? Дзякуй, дзякуй, што прыйшлі! Для мяне найвялікшы гонар, што мяне сустракаюць самая дасціпная паэтка ў краіне…», — Маргарына патэтычна паказала на Іну, — «Аляксандра — самая таленавітая беларуская мастачка. Вядома, пасля мяне»! — Маргарына рагатнула, — «Ну, і, зразумела, мая сяброўка Алеся Вітальеўна!».
Мяне Вялікі-Дзякуй заўважыла, але не адзначыла.
— І яшчэ мужык нейкі, — шапнуў я на вуха Іне.
— Добра, дзяўчаты. Я зараз дадому. Жахліва хочацца ўрэшце прыняць ванну з марской соллю і вымыць галаву шампунню з кандыцыянерам. — Маргарына па чарзе сардэчна паціснула сяброўкам рукі, абмінуўшы мяне, як заснежаны пень, і пабегла да тралейбуса. А я канчаткова адчуў сябе мужчынам у гэтым жаночым свеце.


Курукіца

Як завецца курукіца, я памятаю. Курыкраціца, ага. Зараз апавяданне вам распавяду. Пра гэтую жывёлу.
Каламутная птушка ўзняла на Дзеда цяжкі позірк.
— Дзед?
Дзедавы плечы здрыгануліся ад гукаў яе змрочнага голасу.
— Што? — Незаўважна для іх уладальніка Дзедавы пальцы імкнуліся парваць вышываную насоўку — падарунак Бабы.
— Яйка... — Курыныя вочы, круглыя, бязлітасныя, жоўтыя, свідравалі Дзедаву падсвядомасць. — (З польскім акцэнтам) Дзе тое яйка, што знесла я сёння?
— Яйка?
На апошнім складзе голас у Дзеда сеў. З цьмянай надзеяй ён паглядзеў у куток хаты, дзе са столі маркотна звісала вязка бройлерных мух на карычневым павуцінні.
— Яйка! — цвёрда вымавіла кура. Металёвыя гукі білі Дзеда па галаве.
— Яно э-э-э-э...
— РазБІлася?!! — страшна крыкнула Раба. На барвовым чубе ўспухлі вены. — Яно разбілася, ты хочаш сказаць?!! ТЫ яго біў?!!
Дзед ускінуў рукі і закрыў імі вушы, яшчэ больш уціскаючыся ў спінку крэсла.
— Біў...
Патухлыя вочы Дзеда былі ціха заплюшчаныя.
— І Баба біла?!!
— І Баба... Яна таксама...
— А Мышка?!!
— Мышка хвосцікам...
На Дзеда жудасна было глядзець. Рукі яго бязвольна звісалі. Бялкі вачэй (страшнае слова «бялкі»... і «жаўткі») падаваліся шэрымі. Мокрая насоўка, Бабін падарунак, валялася на падлозе.
— Хвосцікам, значыцца, — задумліва вымавіла кура, раптам перастаўшы крычаць і прыкрыўшы вочы павекамі. — Вось што, Дзед. — Дамашняя ўлюбёнка нахілілася, і яе цяжкія мазолістыя рукі леглі Дзеду на плечы. — Я зараз выйду — у двары сякера...
Дзед зглытнуў.
— ...А я за пуню, — тоўстымі валасатымі пальцамі кура паскрэбла азадак у шэрых пёрках. — Знясу яшчэ адно яйка.
Разагнуўшы шырокую голую спіну і апусціўшы крутыя плечы, што ў руху ўзгорваліся магутнымі мышцамі, Раба пацягнулася прэч.
Канец казкі.
Дзед павольна завальваецца ўбок.


Кім быць
Нібыта пераклад

Выхавацелька

Ліпень схіляецца да свайго пышнага фіналу. Вольга Францаўна Пакемонава, маладая дваццацідвухгадовая выхавацелька дзіцячага садка № 3 горада N., стомлена выцірае пот з натруджанага ілба. 56 дзяцей малодшай групы паклала яна сёння спаць, а потым вывела на шпацыр. Мы сядзім з ёй пад шатамі старых яблыняў, у прыемнай у такія спякотныя дні прахалодзе. Побач у прасторнай сучаснай пясочніцы дваццаць на дваццаць метраў са светлымі хваёвымі парэнчамі (падарунак мясакамбіната, які мае над садком шэфства) гуляюць у «кашу-малашу» Вользіны выхаванцы.
— Якія планы на будучыню, Вольга? – пытаюся я ў маладой жанчыны, сакратара мясцовай ячэйкі БРСМ, сталай госці дошкі гонару.
— Планы самыя аптымістычныя, — адказвае Вольга, маладымі белымі зубамі разгрызаючы сакавіты яблык, пырскі якога застаюцца ў мяне на твары. Думаю, што гэта не мяжа. Заўтра я планую вывесці на паветра 57, альбо нават 58 дзяцей. Далучым сярэднюю групу.
— То бок ёсць рэзервы?
— Ёсць, — упэўнена сцвярджае Вольга, і яе твар нібыта святлее, — Ёсць, ёсць рэзервы!
Мяккай шырокай далонню яна па-мацярынску заляпляе па азадку аднаму з падапечных. Другая яе далонь дае адкусіць яблыка іншаму выхаванцу.
І верыцца ў тое, што ў Вольгі ўсё атрымаецца.

Цырульнік


Паўлу Мятліцкаму з удзячнасцю за гасціннасць

Пышнавусы цырульнік Сяржук Цярэнцьевіч Кірпыкла хавае сціплую ўсмешку на грудзях у карэспандэнта «Экс-Бэ».
— Не прызвычаіўся я да ўвагі, — тлумачыць рэкардсмен. — А вы яшчэ і з фотаапаратам!
— Што вы, Сяржук Цярэнцьевіч! А ну-ка дзяліцеся, колькі настрыглі за сённяшні дзень?
— Ну, колькі настрыг… Бадай, усю нашую вёску і пастрыг, і ўсіх пад нуль.
— І жанчын?
— І іх, а як жа!
— Дык, ці не занадта радыкальна?
— Не-е-е, нашая вёска — і не вёска ўжо, — Сяржук Цярэнцьевіч глыбока зацягваецца цыгарэтай «Вярблюд» вытворчасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, сусветна вядомай якасцю сваёй прадукцыі. — З мінулага года нашыя Шырокія Вузкі — сучасны аграгарадок, таму і фрызуры мусяць быць модныя, свежыя. Слова «fashion» для мяне — не пусты гук.
І гэта так. Цырульнік Кірпыкла не толькі аказаў сёння, палікмахерскія паслугі сваім аднавяскоўцам, але і бясплатна зрабіў актуальныя тату.
Атрасаючы з рук рэшткі гною (карова трапілася з норавам, на спіне ў працаўніцаў след ад яе капытоў), да нас падыходзяць трактарыстка і даярка ў адной асобе Святланы Кузьмінічны Дрэвапінск.
— Дзякуючы Цярэнцічу, мой імідж змяніўся кардынальна! (Кузьмініч­на хваліцца нашаму фотакору новенькай, з іголачкі, татушкай — гэта вам не «Малабар»!). З наступнага панядзелка я буду працаваць на Першым музычным канале падменшчыцай вядучай Плюсі Плюшчык.
Вось такія моднікі працуюць у аграгарадку Шырокія Вузкі Віцебскай воб­ласці.

Гульні са словамі

Аднойчы я пайшла ў літаратурны заклад з аўтарам дзвюх кніг, які вельмі рэзка выказаўся наконт маёй творчасці ўвогуле і, у прыватнасці, наконт апавядання-таўтаграмы, усе словы ў якім пачыналіся на адну і тую ж літару. Прапанавала, каб ён за месяц сам напісаў вясёлае апавяданне-таўтаграму. Наўзамен я ўзялася напісаць апавяданне на тэму, якую прапануе мне ён. Пры гэтым абавязвалася не выкарыстоўваць гумар. Тэму мне задалі ахавую: «пахаванне, сястра... успаміны (але не сам працэс пахавання)»!
Але заклад я выйграла, і цяпер у мяне ёсць змрочнае апавяданне, і таўта­грамы ў мяне таксама ёсць. А ў аўтара дзвюх кніг таўтаграм так і няма.

Два люстэркі насупраць
Томас скурчыўся каля магілы амаль у позе Радэнаўскага мысліўца, ле­вай далонню вадзіў па траве, адчуваючы, як сціскаецца і крываточыць над страўнікам камяк сораму, жалю, любові. Прыслухоўваўся да сябе, спрабуючы зразумець, змянілася штосьці альбо не, дапамог ягоны план, ці ўсё засталося на сваіх месцах. Травеньскае сонца песцілася ў верхавінах дрэў, промні блыталіся ў лістоце, мяшаліся з сінім небам у аблоках – падавалася, што там, у вецці, схаваныя мільёны аскепкаў зялёнага, блакітнага і малочнага шкла.
На могілках дрэвам не фармуюць кроны, як, напрыклад, ліпам, якім не пашчасціла стаяць на варце ўздоўж цэнтральнага праспекта, і па свабодзе якіх штогод праходзяцца пілой. За дзесяткі год могілкавыя дрэвы паспяваюць расправіць плечы і адчуць сваю годнасць, іх жыццё і сталенне вольнае і натуральнае, як жыццё і сталеньне кожнага з племені піраха.
Ён вырашыў шукаць паратунку менавіта тут, пахаваць памяць пра яе пры гэтых неперадузятых, маўклівых назіральніках, якія, даведаўшыся пра тое, што ён зрабіў, не ўсчыняць вэрхал, і не скажуць грэбліва: «Ты, Томас, перайшоў мяжу, парушыў закон унутры сябе! Ты выродлівы сучын сын! Як зямля пагаджаецца трымаць, такіх, як ты?»
— Трэба толькі пачакаць, каб загаілася, — казаў сабе хлопец, — Нічога не засталося, я буду жыць, як раней, і ніхто ні пра што не даведаецца. Галоўнае, каб бацька не дазнаўся пра тое, што зрабілі яго дзеці, яму нельга хвалявацца.
Няма сведкаў — няма асуджэння, хіба тое, якім ён сам сябе катуе.

***
Восем месяцаў таму ён нават не падазраваў, што ў яго бацькі, былога дырэктара авіякампаніі FlyBaltic, Алджымаса Байла, было яшчэ адно дзіця. Але здарылася так, што бацька цяжка захварэў, лекары не давалі гарантый, што ён перажыве другую аперацыю на сэрцы. Калі Томас прыйшоў яго наведаць, Алджымас папрасіў сына зачыніць дзверы ў палаце і, узяўшы слова, што той не адкрые сакрэт маці, расказаў, што ў Томаса ёсць сястра, старэйшая за яго на паўгады — незадоўга да вяселля Алджымаса, яго выпадковая знаёмка, стасункі з якой доўжыліся не даўжэй за адзін нецвярозы вечар, прыйшла да яго і сказала, што не будзе перашкаджаць ягонаму шлюбу, але чакае ад яго матэрыяльнай падтрымкі, бо на яе зарплату ёй будзе цяжка ўтрымліваць дваіх.
Бацька вырваў з нататніка лісток і напісаў на ім імя і адрас. Сястру звалі Каміле.
На працу яна ездзіла на ровары. Томас пракаціўся за ёй ад шэраговай шматпавярхоўкі ў Антакальнісе, дзе дзяўчына здымала кватэру, да невялікай мастацкай майстэрні на плошчы Яна Паўла Другога.
Ён паклікаў яе па імені, калі пасля працы Каміле выйшла з будынка, весела памахваючы торбай. Яна даволі доўга разглядала твар хлопца, які сцвярджаў, што прыходзіцца ёй братам: калматыя (Томас не часты наведвальнік цырульні) русыя валасы пад фарсунскім капелюхом, шэрыя вочы, далікатны нос у рабацінні, скептычныя вусны. Так, яны былі даволі падобныя, абодва належылі да гэтага распаўсюджанага сярод прыбалтаў і гудаў тыпу.
Нягледзячы на яе просьбы, маці заўжды адмаўлялася называць бацькава прозвішча, бабулі з дзедам яно таксама было невядома, таму Каміле ніколі не спрабавала шукаць бацьку, нават пры дапамозе google. А тут яшчэ брат…

***
Адзіным выйсцем падавалася знішчэнне.
Не, Томас ніколі б не наважыўся па-сапраўднаму забіць чалавека, але трэба было зрабіць так, каб яна памерла для яго асабіста. Выканаць дзеянне, рытуал, пасля якога з’явіцца адчуванне, што ўсё скончылася.
Праца з пісьмовай мовай уяўлялася яму як вядзьмацкія практыкі з вадой, морам. Томас вызначаў свой узровень валодання словамі, як уменне пстрыкнуць пальцамі, каб з вады ўтварыўся ўстойлівы фантанчык, такі, які ён хацеў бачыць. Ёсць ведзьмакі, якія пстрыкаюць пальцамі — і ўтвараецца вадзяны слуп, такі, які яны хочуць бачыць. Ёсць майстры, якія рухам рукі рассоўваюць мора, каб па дне можна было хадзіць. Існуюць, вядома і тыя, хто проста бязладна лупіць па вадзе рукамі і ўсцешваецца пырскам і шуму, што ўтвараюць.
Некалі Томас прачытаў аповед пра чалавека, які трапляе ў свет літаратурных персанажаў і назірае за іх дзіўным жыццём па-за кнігамі. Нехта з іх апрануты ў гарнітур і капялюш, але не мае ботаў, на кімсьці боты ёсць, але больш няма нічога апроч гальштука — так апісалі сваіх персанажаў іх стваральнікі, не згадалі боты і нагавіцы ў тэксце. Калі можна выклікаць літаратурны персанаж да жыцця, так, каб паверыць у яго, то, магчыма, можна паверыць і ў смерць жывога чалавека, здзейсненую ў тэксце?
Томас вырашыў, што напіша апавяданне пра тое, як Каміле памірае, а потым пахавае яго, як чалавека, — купіць месца на могілках для труны з успамінамі, замовіць надмагільны помнік з яе ініцыяламі. І гэты рытуал, памножаны на тэкст, дапаможа яму паверыць у тое, што Каміле больш не існуе. Гэта будзе сапраўдная хоць і несапраўдная смерць. Бо літаратурны тэкст для яго — гэта сапраўднае, хоць і несапраўднае жыццё.

***
Бацьку ён сказаў, што, не змог знайсці Каміле, бо яна пераехала. Палічыў, што сустрэча з дарослай дачкой — гэта не тое, што можа спрыяць таму, каб хворае сэрца Алджымаса трымала рытм, які адбівала ў там-там жыцця, высільваючыся.
А сам…
Ён памятаў, што лорд Байран трапіў у такую ж пастку. Яна, Каміле, такая… як люстэрка: яе вочы і вусны адначасова знаёмыя яму і чужыя; як яна глядзіць на яго, смяецца… Тое, што яна гаворыць, адгукаецца ў ім — ён і сам мог бы разважаць так; але ў ім няма таго жаночага, мяккага, зменлівага, што ёсць у ёй, і хочацца гэтым валодаць, падпарадкоўваць сабе — у яго кружылася галава. Вопратка ціснула. Падавалася, што цела гуло ад напружання, як трансфарматарная будка. Яны бачыліся сем разоў на тыдзень. Аднойчы ён прыйшоў, а яна абняла яго рукой за талію, каб падцягнуць да кампутара паглядзець відэа-ролік, і яго нібыта працяла электрычным разрадам, ён абхапіў яе, прыціснуў да стала, церся скроняй аб скроню, потым пачаў цалаваць твар, вочы і вусны, шыю, а яна, як адлюстраванне, якое чамусьці на імгненне спазняецца, з паўзаплюшчанымі вачыма адгадвала яго рухі, цалавала яго падбародзе, вусны, заблытвавала пальцы ў ягоных валасах…
Асабліва ні аб чым не размаўлялі, доўга ляжалі, абняўшыся, потым Томас апрануўся і збег у вільготную ноч , пакінуўшы яе ляжаць на ложку з незразумелай усмешкай. Ішоў дадому пешкі праз увесь горад, нягле­дзячы на тое, што самотнаму мінаку некалькі разоў сігналілі машыны з шашачкамі. Ён проста не чакаў ад сябе, што так атрымаецца, думаў, што будзе трымаць сябе ў руках.
Месяц ён хадзіў раз’ятраны, як звер, разрываючыся ад жадання паехаць і паўтарыць усё яшчэ раз. Каміле не тэлефанавала. Сябры і маці не разумелі пераменаў у ім. Трэба было рыхтавацца да абароны дыплома, а ён не знаходзіў у сабе сілаў, каб уключыць ноўтбук і перачытаць свае накіды пра сучасныя медыі.
І потым да яго, як знічка, прыйшло гэтае рашэнне. Яму дапаможа тое, што ён умее рабіць. Томас засеў за кампутар, набіраючы старонку за старонкай, спрабуючы прыгадаць усё да драбніцаў, тое, як яны гулялі ў парку, як ён расказваў пра сваю сям’ю, паказваў здымкі, дзе малады Алджымас трымаў на руках маленькага Томаса, як яна прымервала яго капялюш і ўсміхалася, і як вецер развяваў яе доўгія валасы, колер якіх не розніўся з колерам ягоных… — а потым на яго вачах яе збіла машына на перакрыжаванні Траку і Пілімо, каля кавярні, дзе яны елі марозіва. Яна нават не зразумела, што памірае. Аўтамабіль выштурхнуў з яе жыццё, як кій, што б’е па більярдавым шары. Клапштос. Томас крычаў, абдымаючы яе мёртвую, і нехта спрабаваў яго падняць, а ён нічога не разумеў.

***
Ён скруціўся на ложку, не зняўшы кашулю, брудныя джынсы і боты, плакаў, як дзіця, шэптам расказваў маці, што прысела побач з ім, пра люстэрка, пра сорам, пра більярдны удар; казаў і казаў блытана, захлынаючыся адчаем — маці моўчкі слухала сына, схіліўшыся над ім, і было незразумела, каго аплаквала яна.

***
Падглядаючы ў манітор, Каміле абвіла мужа рукамі і прыціснулася да яго вуха шчакой — русыя валасы блыталіся з ягонымі, колер зусім аднолькавы, і з твару яны падобныя — можна падумаць, што брат і сястра.
— Пра што будзе тваё новае апавяданне? Ты абяцаў, што напішаш пра мяне!
— М-м-м… Спадзяюся, ты не пакрыўдзішся. Здаецца, яно атрымалася крыху змрочнае…
— Слухай, толькі не кажы, што я ў канцы паміраю, бо я цябе заб’ю!
— Ну, не тое, каб ты сапраўды памірала, але…

22.06.2010

Таўтаграмы

Падробны паэт

Паўсюдна прызнаны пісьменнік Пятро Пятровіч Піхто-Публіцкі, пера­кладнік, першадрукар Псалтыра па-беларуску, пражываў побліз Пухавічаў, пісаў паэму пра патрыятычныя памкненні пралетарыята.
Пасляабедзенным поўднем пад Пухавічы прыехаў пачынаючы пісака. Па пратаколе пачціва прадставіўся:
— Пыжаў, прадстаўнік паазернай плыні, паэт-постмадэрніст.
— Постмадэрніст? — пісьменнік Піхто пабарвовеў, паколькі пры­трымліваўся процілеглых поглядаў. — Падхвоснік, папіхач?
— Паэт, — піскнуў Пыжаў, — плыня паазерная.
— Паглядзім, пацыент, — прабасіў Пятро Пятровіч, паварушыўшы плячыма, — пазней праверым паазернасць паэтычнае плыні. Праходзьце па пакоях. Прысаджвайцеся, пакаштуйце парася, падсмажаных піражкоў, печыва, піце піва, паліце папіросы. Прошу пана перакусваць!
Пісьменнікі прыселі паесці, пагутарыць. Паэт, па-сіроцку прыладзіўшыся пры печы, паглынаў прысмакі.
— Пехам прыйшлі? — пацікавіўся пухавіцкі пісьменнік, пасаліўшы памідор.
— Памыляецеся, — паправіў Пыжаў, перажоўваючы піражок, — прыехаў прыватным паштова-пасажырскім паравозам “Полацк-Пухавічы”. — Паэт прагна пацягнуў пальцы па парася. — Прывёз паперы пану, пасведчанне першадрукара. Пагляджу, пан прыстойна падрыхтаваўся? Партвейну прыкупіў, патоўк пюрэ, падмёў паўсюль…
— Пагаліўся, пасмы паабскубаў, падпілаваў пазногці… падмыўся, — пасміхаецца Пятро Пятровіч.
— Падмыўся?! — Пыжаў папярхнуўся парасём.
— Працёр паўшар’і, — пацвердзіў першадрукар, паляпваючы пачаткоўца па паясніцы,— Пераапылімся? Па-нашаму, па-цяперашняму! Пройдземце, партнёр, пакажу паэтычным парасткам парнаграфічны пакой.
Паэт падскочыў. Перапалохана пырскнуў па-за пабудовы.
— Пачакай, постмадэрніст! — пацяшаецца Пятро Пятровіч, пацэльвае па паэце пуховай падушкай. — Патэнцыял! Патэнцыял паэтычны пакажы, пустадомак прыпадачны!
Пыжаў падае паранены падушкай, потым прыўзнімаецца. Паўсюль прымройваюцца парасяты. — Паперы пад паленам! – пракрычаў паэт, паклыпаў паўз пералесак.
— Постмадэрністы паскудныя, — падумаў Пятро Пятровіч, пачухваючы пад пахамі. — Паказаў паднаготную. Панапрыязджаюць, панапрыкідаюцца паэтамі... Падробкі! Пайду паэму папішу…

22.05.2010

Панядзелак пачынаецца... пасля пятніцы
Пачынаўся панядзелак. Паспяховы пінскі прадпрымальнік Павал Патапавіч па прозвішчы Патоцкі па-будзёнаму паліў па-за пяціпавярхоўкай псіханеўралагічнай паліклінікі. Па-над Патоцкім праляталі птушкі, папіск­валі прыемныя песенькі, паветра пахла парфумай: побач працавала пральня. Павал Патапавіч пачуваўся пераможцам. Пасля працяглых праблемаў працэнт падаткаў паменшыўся, продажы паралонавых паліто павялічваліся, пачалі прыносіць Патоцкаму прыбыткі. Працэс пайшоў!
Прайшло паўхвіліны. Праз парослы палыном пясок пакрысе пачала праступаць пратаплазма. «Падалося!» — перш падумаў прадпрымальнік. Потым падышоў паглядзець, памацаў падэшвай. Пляма пачала пашырацца, пратаплазма — пагрозліва пабулькваць. Пакрысе паказалася пуза, потым перапонкі. Павал Патапавіч пазнаў пудзіла: пяцісотпяцідзесяцітонны перапончатакрылы пучавок. Па-лаціне: puchavokis pachvarus. Палеантолаг Пупскі почасту падрабязна пісаў Патоцкаму пра падобных пачвараў. Пражэрлівыя, панцырныя, перасоўваюцца поскакам, пераносчыкі педы­кулёзу.
Прадпрымальнік пракрычаў: «Пайшоў прэч!», падсвядомасць падказвала прыняць проціяддзе. Павал Патапавіч паспеў паслухацца. Потым (палачкай) перацяў пачвару проста праз пераноссе. Прафесійны падыход!
Падчас паядынку пладаножкі пучавока пахіснуліся, пачвара паслізну­лася, правалілася пад падгнілую паверхню. Пераможца помсліва памачыўся па-над пераносчыкам педыкулёзу, плюнуў пад падлогу, потым пачысціў пінжак. Поўная перамога!
— Перапрашаю, Павал Патапавіч?
Прадпрымальнік пабачыў побач прывабную паненку, птвэшніцу: пан­чохі, паўбоцікі, прыгожая прычосачка. Павітаўся. Прыгажуня прыветна падміргнула, падышла, пяшчотна пагладзіла патыліцу прадпрымальніка, пацалавала: падарыла пятнаццаць палкіх пацалункаў. «Пакіньце пурызм пурытанам!» — пераканаўся Павал Патапавіч, пашукаў па портках. Паненка падазронна паглядзела, потым па-драпежніцку пазяхнула. Пахнула похвай! Потым… Псеўда-паненка, паганы перапончатакрылы пучавок-паліморф праглынуў Патоцкага, паменшыў пагалоўе прадпрымальнікаў… Падмануў пярэварацень…

***
Пачынаўся панядзелак. Паспяховы пінскі прадпрымальнік Па­­­вал Па­тапавіч па прозвішчы Патоцкі прачнуўся пад поўдзень. Пера­жагнаўся.
15.06.2007