12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Пятро Васючэнка

_____________________
Пятрогліфы і філалагемы.
Фрагменты

ПЯТРОГЛІФЫ


ПЯТРОГЛІФ
Пятрогліф: формула – чатыры «З». Звышлаканічнасьць, звыш’ёмістасьць, звышэканомія, звышглыбіня. Камень піша на камені.
Credo: быць каменем пад касой няўмольнае хады часу, што не шкадуе ні жыцьця, ні літаратуры.

2003

ТЭОРЫЯ


ФРАГМЕНТАРНАСЬЦЬ
У дзяцінстве мяне раздражнялі незавершаныя тэкс­ты. Таму я не любіў вывучаць творы па хрэстаматыях.
Няпоўны тэкст, здавалася мне, — усё адно што калечаная істота, у якой не стае аднаго лёгкага або ныркі, нагі.
Хаця Кастусь Цьвірка лічыць, што хрэстаматыя валодае здольнасьцю гіда – правадніка ў сьвет літаратуры incognito.Можа быць, з раздражненьня ад незавершанага тэксту пачынаецца жаданьне запоўніць прагалы ўласнай творчасьцю?
Фрагментарнасьць становіцца, такім чынам, падмуркам новай цэласнасьці.

9.05.1998.

УЛАДА ТЭКСТУ
Ёсьць Эрас тэксту і Улада тэксту. Улада тэксту – гэта «Статут Вялікага княства Літоўскага», «Наша ніва», «Капітал» і «Майн кампф». Гэта грамадзянская лірыка, «агіткі», у пэўнай ступені нават дэтэктыў і маскульт. І, вядома, уся літаратурная дыдактыка.
Эрас тэксту – халоднае хараство «Вянка», постмадэрновыя літаратурныя гульні і тоўстыя, споўненыя водарам друкарскай фарбы фаліянты, якія, Бог вем, ці прачытаеш ты калі...
1998

ТРАГЕДЫЯ – АД КАЛЯДАЎ
Грэцкая трагедыя, як вядома, пайшла ад «казьлінае песьні». Але чаму грэкі пачалі «вадзіць казу»? Бо перанялі гэтую завядзёнку ад беларусаў, якія перш пачалі вадзіць казу – на Каляды, каб сонца «павярнула на вясну».
А грэкі водзяць казу на стрэчаньне, каб сонца павярнула на лета.
Такая можа быць культуралагічная, у духу Ластоўскага, містыфікацыя.
1996

СУТНАСЬЦЬ ДРАМАТУРГІІ
Яна, як мне сёньня бачыцца, ня ў дзеяньні, не ў сцэнічнасьці, не ў тэатральнасьці. Драматургія – самы вербальны з усіх родаў літаратуры. Рухі, мізансцэны – таксама яе «Словы». Інакш кажучы, драматургія – гэта калі аўтару ёсьць што сказаць. Таму й так позна (пасля 30-35) высьпяваюць сапраўдныя драматургі. Усё астатняе – дзіцячы садок.
1997

ТЭАТР ЛІТАРАТУРЫ
Крытыка, эсэістыка, літаратуразнаўства – яны і зьяўляюцца «сцэнай» для літаратурных твораў. У іх працягваецца жыцьцё твору, так, як п’еса працягвае сваё жыцьцё ў тэатры.
09.10.1998

УЗРОСТ ДЗІЦЯЧАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Узрост чалавека, які максімальна ўспрымае так званую дзіцячую літаратуру, — 11. Для гэтага ўзросту і пра яго Кінг пісаў свой лепшы раман «Яно». Чаму менавіта адзінаццаць? За ім пачынаецца сьмерць дзяцінства. Гэта максімум дзіцячага ўспрыняцьця, інтэлектуальны ды эмацыйны. За ім пачынаецца ломка голасу ў юнакоў і першыя месяцовыя ў дзяўчат. Прышчавая даросласьць.
1999

ТЫПАЖЫ КРЫТЫКАЎ
Тып крытыка, які радуецца зьяўленьню ў літаратуры таго, пра што ён марыў. Такіх крытыкаў любяць.
Другі тып – крытык, які ніколі ня знойдзе ў літаратуры таго, пра што ён марыў. Такіх крытыкаў ня любяць, яны не лагодныя, але – сапраўдныя крытыкі. Адно бяда, што часьцяком уцякаюць у прозу, паэзію або драматургію, каб дарабіць тое, чаго ў літаратуры не стае.
10.06.1999

ДЫЯРЫУШ
Дыярыуш як літаратурны жанр – гэта літаратура, прышытая суворай ніткай да цела жыцьця. Потым гэты ласкут аддзіраецца па-жывому, разам са скурай, кавалкамі мяса, кроплямі крыві. Некаму робіцца балюча.
5.06.1996

КАНЦЫ ТВОРАЎ
Добрыя (шчасьлівыя) канцы твораў адпавядаюць літаратурнаму канону.
Дрэнныя (нешчасьлівыя) канцы твораў – прыкмета авангарду.
Літаратурны працэс разышоўся са шляхам цывілізацыі, якая імкнецца так або йнакш усё ж да шчасьлівага канца. Цывілізацыя – канон, літаратура – авангард.
1998

МОВА СУЧАСНАГА МОВАЗНАЎСТВА
Сучасныя мовазнаўцы на падставе мовы стварылі іншую мову, арго, якое яднае іх паміж сабою і адштурхоўвае недасьведчаных. Але па сутнасьці гэтая метамова ня мае нічога агульнага з мовай – жывым арганізмам, ад якога даўно адгалінавалася. Сувязь паміж лінгвістычнай метамовай і мовай фармальная. Яна зьнікне, калі метамова канчаткова фарма­лізуецца і стане аб’ектам самастойнага вывучэньня.
Ліпень, 2003

СУПРАЦІЎ МЕТАДУ
Метад (стыль) – гэта сістэма правілаў, дагматаў, нормаў.
А індывідуальны стыль гэтай сістэме супраціўляецца.
Тады зьяўляюцца моманты творчай ізаляванасьці, герметызму. На першы план вылучаецца не абгаворанае, не запазычанае, а тыпалагічнае, іманентна выпакутаванае. Аўтар ізаляваны і незалежны ад усяго існага ў літаратуры. Яно будзе нагадваць пра многае, але будзе ўражваць і сваёй унікальнасьцю.
Прыклад: адзіны верш Багрыма. Яго «прасьценькі» твор з цяжкасьцю ідэнтыфікуецца літаратуразнаўцамі, яго ня ўставіш у аніякую са стылёвых каардынатаў. Яго можна ідэнтыфікаваць толькі праз складаную «люстэркавую» сістэму літаратурных супастаўленьняў.
9.11.1997

ПЕРААДОЛЕНЬНЕ
Пераадоленьне – і ёсьць сутнасьць літаратуры. Уся беларуская літаратура – пераадоленьне дыстанцыі паміж чытачом і аўтарам, даказваньне чагось. Гэтак – ад часоў Кірылы Тураўскага.
Прыгадайма імёны прадстаўнікоў новага пісьменства: Чачот, Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч. Усе яны штось даводзілі.
Яны забясьпечвалі літаратурай дафармаваньне нацыі.
На гэта паклаў творчае жыцьцё Максім Гарэцкі.
Толькі ў ХХ стагоддзі літаратурнае патужніцтва і місіянерства часткова пераадольваюцца.
Хаця месіянерамі (і нацыянальнымі месіямі) застаюцца Караткевіч і Быкаў.
Але ўжо бачныя спробы пабудаваць сваю Вежу – не са слановае косткі або чорнага дрэва, а з нейкага, не абазнанага яшчэ беларускага матэрыялу.Калі пабудуюць Вежу – усе разам, місіянеры і самотнікі-эстэты, Літаратура і Народ стануць поруч.
21.12.1997

«І Я ТАК ЗМОГ БЫ...»
Геній марыць пра галавакружную літаратурную кар’еру.
Ён напраўду геній, але са сваёй геніяльнасьцю кінуты на самае дно жыцьця.
Але ён ведае з ранейшага досьведу літаратуры, што так геніі й пачыналіся. Сьпярша боўталіся ў прыніжэньнях і непрызнаньнях, а пасьля ўсплывалі на паверхню жыцьця. І рабіліся вядомымі – хай сабе нават пасьля сваёй сьмерці.
Раптам яго спасьцігае азарэньне: нічога ня будзе! Ён так і застанецца боўтацца ў глеі непрызнаньня. Гісторыя геніяў – гэта гісторыя тых шчась­ліўчыкаў, аднаго на тысячу, якім пашчасьціла прарвацца. Іхнія гісторыі занатаваныя ў гісторыях літаратураў, таму што яны выплылі. Хто напіша гісторыю няспраўджаных геніяў? Ты можаш пісаць геніяльней за іх, але табе не наканавана выплысьці. Такіх, як ты, — сотні і тысячы, і вам ніколі не дапяць да паверхні.
12.01.2002

АПОШНЯЯ ФУНКЦЫЯ ЛІТАРАТУРЫ
Напрыканцы ХХ стагоддзя ўсе вядомыя раней функцыі літаратуры (мастацт­ва) як бачыш вычарпаліся. Засталася хіба што адна – забаўляльная ці, як кажуць, рэлаксацыйная.
Тое, што мела дапаможны, перыферыйны зьмест, выйшла на першы план, а галоўныя функцыі (ідэалагічная, пазнавальная, дыдактычная, эстэтычная) адышлі на задні.
Мастацтва нібыта дэградуе.
Але адна з непрыкметных раней функцыяў мастацтва захоўваецца. Дзіўна, што на яе амаль не зьвярталі ўвагу тэарэтыкі, хаця яна існавала заўжды.
Гэта – функцыя пераўтварэньня, культурнага абжываньня Сусьвету, пераўвасабленьня і афармленьня мёртвай, аморфнай матэрыі. «Узвышэнцы» вызначалі гэта як «дэміургавасьць». Я назваў бы яе «аблітаратурваньне».
Магчымасьці мастацтва ў гэтай сферы напраўду невычэрпныя. Увесь чалавечы сьвет застаецца амаль не культурызаваны, не афілалагічаны. Мадэль сьвету – амаль не крануты літаратурай (мастацтвам) цалік. Хаця былі ўжо Мікелянджэла і Шэксьпір.
Стварэньне эстэтычнай, а не тэхнагеннай сферы існаваньня, выпраўлень­не першароднага граху цывілізацыі – задача мастацтва на ХХІ стагоддзе.
4.08.1996

СУСЬВЕТНАЯ ЛІТАРАТУРА


ІОЎ
Іоў усё ж такі ня выйграў спрэчкі, але быў апраўданы Госпадам і ўзнагаро­джаны.
А што, калі б Іоў не пачаў наракаць на дзень свайго нараджэньня і выявіў бы трываласьць духу?
Магчыма, якраз у гэтым выпадку ён і стаўся б пакараны. Бо ягонае цярпеньне было б самакаштоўным. А ягоная трывушчасьць пайшла б насуперак чалавечай крохкай прыродзе. Прыгадаем, што чалавек быў створаны з праху зямнога, а не з граніту або алмазу.

1997

ТРЫ ЛІНІІ ЛЁСУ
Яны праглядаюцца ў антычнай трагедыі.
Паводле Эсхіла, лёс – закон, Зеўсава праўда. Чалавек – трагічны ге­рой – караецца за беззаконьне, сваё або продкаў.
Паводле Сафокла, лёс – боская загадка. Лёс – усьмешка Сфінкса. Пачвара рассыпаецца, усьмешка Сфінкса застаецца. Нарэшце пачвара сьмяецца і з Эдыпа, свайго пераможца.
Лёс чалавека – цярпець, сьцяўшы зубы.
Лёс паводле Эўрыпіда – выпадак, гульня. Гульня або алімпійскіх багоў, або іншага чагось.
Лёс чалавека – прымаць не да канца зразумелыя правілы гульні. Не супрацьстаяць, а гуляць з лёсам.
1997

ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ «ВОСАЎ»
Арыстафан адкрыў спосаб супраць шаленства старых – гарачы суп і начны гаршчок.
І яшчэ сублімацыя рэпрэсіяў (суда) – расправа над катом.
1998

КУЛЬТ ДУРНЯ Ў РАСЕЙСКІМ ФАЛЬКЛОРЫ
Дурань у расейцаў заўжды меншы брат (расеец). Большы – «вумны» – украінец, бо Кіеў жа быў раней за ўсіх. Сярэдні (беларус, Полацак) – і так, і сяк. Заўжды быў і вашым, і нашым. Інакш бы і ня выжыў паміж такімі братамі, вумным ды дурнем. Меншы дурны-дурны, а сала любіць. Выйшаў у пераможцы, скраў пяро Жар-птушкі, царом стаў. А як цар – значыць, старэйшы, у тым ліку і над братамі. Так малодшы брат і стаўся большым братам.
2000, верасень

НЯНАВІСЬЦЬ ДА НАСТАЎНІКА
Паталагічная нянавісьць да адукаваных людзей, да тых, хто вучыць, прая­вілася і ў народнай «Кнізе тысячы і адной ночы». Там ёсьць серыя гісторыяў, у якой высьмейваецца недахоп жыцьцёвае мудрасьці адукаваных людзей, кніжнікаў («Аповяд пра закаханага настаўніка», «Аповяд пра дурнога настаўніка», «Аповяд пра непісьменнага настаўніка», ночы 402-404).
У першай гісторыі высьмейваецца настаўнік, які тры дні і тры ночы смуткуе па памерлай каханай дзяўчыне. «І я пакінуў яго і пайшоў, пера­канаўшыся ў ягонай дурноце», — самазадаволена кажа апавядальнік.
У другой гісторыі апавядальнік штурхае кніжніка на вар’яцкі ўчынак. Настаўнік бярэ брытву і адразае сабе ядры, матывуючы гэта наступным чынам: «Ва ўсім, што стварыў Алах, чалавеку ёсьць карысьць, бо Алах – слава Яму! — стварыў рукі, каб хапаць, ногі, каб хадзіць, вочы, каб бачыць, вушы, каб чуць, і гэтак далей, і толькі ад гэтых ядраў няма карысьці. І я ўзяў брытву, што была ў мяне, і адрэзаў іх, і са мною чынілася такая справа».
Задаволены сваёй мудрасьцю апавядальнік падкрэсьлівае сваю перавагу над дурнаватым настаўнікам праз наступную сентэнцыю: «Мае рацыю той, хто кажа, што ў настаўніка, які вучыць дзяцей, не бывае поўнага розуму, хаця б ён і ведаў усе навукі».
Апошняя гісторыя — пра шарлатана, які ўбіўся ў настаўніцтва й пацярпеў у ім фіяска.У нашым фальклоры ёсьць адпаведнікі тыпажу неразумнага настаўні­ка – батлейкавы студыёзус, шкаляр, які прайграе ў спрэчцы селяніну.
Супраціў цёмнае грамады адчуваюць беларускія інтэлігенты – ад Які­ма Сарокі да Лявона Задумы і Лабановіча.
1997

«МОЛАТ ВЕДЗЬМАЎ»
Кніга двух манахаў, Я.Шпрэнгера і Г.Інстыторыса, напісана з найлепшымі намерамі, але мы ведаем, да чаго прыводзяць найлепшыя намеры.
У Еўропе яны прывялі да вынішчэньня прыгожых жанчын. Дзеля гэтага прыгожыя жанчыны засталіся толькі ў Беларусі ды Украіне.
Кніга напісаная шчырымі ненавісьнікамі жанчын. Сваё пачуцьцё аўтары выказваюць афарыстычна: «Рыса жанчын – гэта плакаць, ткаць і падманваць». Пры­гадаем, як дакладна гэта стасуецца з узорнай гераіняй да­хрысьціянскай літарату­ры – Пенелопай.
25.10.1998

ЧЫТАЮЧЫ ШАПЭНГАЎЭРА
Ён, як і Шоу, у прадмове падрабязна інструктуе, як чытаць ягоныя тварэньні.
Раіць чытаць сябе два разы.
Фолкнер раіў чытаць ягоны «Шум і ярасьць» шэсьць разоў.
Ён лічыць, што мае права ставіць чытачу ўмовы, патрабаваць ад яго нешта.
2.11.1998.

ЧАЙЛЬД ГАРОЛЬД І БЕЛАРУСЬ
Адсутнасьць чайльдгарольдаўскіх рамантычных вобразаў-тыпаў у беларускай літаратуры тлумачыцца спрадвечнай народнай непрыязьзю да абібокаў і дзіндзівіраў.
Чайльд Гарольд і ягоныя расейскія браты – Анегін, Пячорын, Абломаў – «люди праздные».
У нечым падобны да іх наш дзядзька Завальня, аматар страшных показак. Ён не гультай. Але ягоныя землякі з Расоншчыны сёньня так тлумачаць паходжаньне ягонага прозьвішча: «Ляжаў на печы, як завала, толькі казкі слухаў, таму яго й празвалі «Завальня»».
Ільля Мурамец не пралежаў бы на нашай фальклорнай печы і трыццаць тры гадзіны.
Рускі фальклорны тыпаж: Ямеля на печы. Гультай робіцца царскім зяцем, прыгажуном.
Беларускі тыпаж – Хведар Набілкін. Малахольны вясковы Санча ператва­раецца ў рыцара.
12.09.1997

«ЧТО ГУДОК, ЧТО ГУСЛИ»
Расейскія класікі ХІХ стагоддзя лепш разумелі слова «Літва», чым сёньняшнія абываталі з маскоўскага літаратурнага бамонду. Сьведчаньне таму – заўвага Варлаама з пушкінскага «Барыса Гадунова»: «Литва ли, Русь ли, что гудок, что гусли: всё нам равно, было бы вино... да вот и оно!..»
1997

ДАБРАДЗЕЙ НАРОДУ ДАЛЬ
Уладзімір Даль абвяшчаў, што «грамотность развращает людей из народа» і таму шкодная. У гэтым з ім пагаджаўся Л.Талстой. Першы быў фанат фальклорнае аўтэнтыкі, другі – вынаходнік малацілкі.
2000

НЯКРАСАЎ І РАСЕЙСКАЯ ПТУШКА ШЧАСЬЦЯ
Птушачка шчасьця ў някрасаўскай паэме «Каму на Русі жыць добра» атаясамліваецца з Сіняй птушкай Метэрлінка.
Яна прылятае аднойчы на ўсё жыцьцё. Яе ня зловіш і не пасадзіш у клетку.
Сьціплыя бяльгійцы прасілі ў Птушкі выратаваньня хворага дзіцяці. Расейскія мужыкі папрасілі ў яе вядро гарэлкі штодня. Пры гэтым яны не палічылі шчасьлівымі сябе, а – папа, памешчыка, купчыну таўстапузага, сенатара, цара, да якіх ніякая птушачка не прылятала.
Стваральнік паэмы лічыць шчасьліўцам Грышу Дабрасклонава, якога чакае ў персьпектыве «чахотка и Сибирь». Сумнеўнае шчасьце.
Шчасьця на Русі, відаць па ўсім, не было, няма й ня будзе.
Расейцам не прынесла шчасьця ані птушка, ані залатая рыбка (чытай А.Пушкіна).
Люты, 2001

МІФАЛАГЕМЫ ДЫКЕНСА
Усе ягоныя тварэньні ўгрунтаваныя на дзьвюх міфалагемах.
Першая – лёгка здабытае шчасьце, фартуна, якая лагодна ўсьміхаецца тым персанажам, якія вартыя яе ўсьмешкі, якія выпакутавалі яе.
Гэта пераказаная ў віктарыянскую эпоху гісторыя Вітынгтана, тройчы лорд-мэра Лондана.
Другая міфалагема – пакараньне за злачынства, маральную заганнасьць, падступнасьць. Гэта пераказаная гісторыя Гая Фокса, пудзіла якога Дыкенс уласнаручна кідае ў камін віктарыянскае эпохі.
Дыкенс альбо абсалютна шчодры, альбо абсалютна бязьлітасны.
1997

ДЖЭРАМ К. ДЖЭРАМ
Ён вынайшаў новы від фатуму – фатум дыскамфортнасьці. Такі фатум мог вынайсьці хіба што ангелец. Бо ангельцы найбольш шануюць камфорт і хатні агмень. Герояў Джэрам К. Джэрама перасьледуе фатум хатняе энтрапіі.
Джэрам К. Джэрам падвергнуў сумліву ангельскія рэліквіі. У беларускіх наўчыцелькаў такі прыём выклікае жах. Ангельскі пісьменьнік падсьмейваецца й кпіць з піэтэту перад старызнай.
17.05.1999

ІБСЕН. «ДЗІКАЯ КАЧКА»
Падчас вандроўкі па Белавежскай пушчы я пачуў ад гіда пра чорную аўру паляўнічых. Страляючы, паляўнічы разбурае аўры жывёлаў, і яны плямамі кладуцца на ягоны лёс. І таксама на лёс ягоных нашчадкаў. Грэх забойства братоў меншых падае на праўнукаў невядома ў якім калене.
Цяпер мне зразумелая рэпліка старога паляўнічага Экдала з «Дзікай качкі» наконт сьмерці дзяўчынкі: «Лес помсьціць».
Транёў з «Чайкі» страляе ў сябе, каб расплаціцца за тое, што бяздумна зьнішчыў птушку.
27.04.1998
РЭЙМАНТ
Рэймант любіць усіх сваіх персанажаў, нават самых распусных, крывадуш­ных, хлусьлівых. Таму што яны яго тварэньні, ён іх выцягнуў з самога сябе.
23.11.2002

МАЛАЦІЛКА ЛЬВА ТАЛСТОГА
У маладосьці ён марыў рэфармаваць сельскую гаспадарку. Кінуў Казанскі уні­версітэт, не вывучыў ні ўсходніх моваў, ні юрыспрудэнцыі. Паехаў у Ясную Паляну вучыць сялянаў, як трэба хлеб здабываць.
Зрабіў малацілку адмысловай канструкцыі. Малацілка сьвістала ды шыпела, але не малаціла. Мужыкі рагаталі, гледзячы на яе.
Так і некаторыя творы Льва Мікалаевіча – зашмат сьвісту й сыканьня, а малацьбы й зерня – брак.
2000

ПАДПАЛЬВАНЬНЕ КАХАНКАЎ
Падпальваньне каханкаў на сенавале раўнівым мужам – пашыраны ў сусьветнай літаратуры сюжэт. Я сустрэў яго ў славянафільскай п’есе А.Аст­роўскага «На бойкім месцы» і ў рамане «Сяляне» Рэйманта.
01.01.2003

МОЎНЫ БУНТ ЛЬВА ТАЛСТОГА
Ён узбунтаваўся супраць засільля французскай мовы і пачаў штудыяваць менш кідкую, але больш практычную ангельскую.
У той жа час сам прызнаваўся, што сьніць сны па-французску.
2000

ШУКАНЬНІ КНЯЗЯ АНДРЭЯ БАЛКОНСКАГА
Пра іх пакаленьні школьнікаў пішуць як пра пошукі ісьціны, а гэта ж дра­ма драбленьня жыцьця, мізарненьня, распыленьня творчых сілаў, няпоўнай самарэалізацыі. Гэта трагедыя памізарненьня чалавека, якую Чэхаў апіша ў п’есах «Платонаў» і «Дзядзька Ваня». Мяркую, што і сам Талстой асудзіў гэты шлях. Усе пачынаньні Балконскага – бессэнсоўныя, нікчэмныя.
Талстой вырашыў яго забіць, каб не расчароўвацца далей у сваім героі, не зрабіць яго другім Курагіным.
2002

СУПЯРЭЧНАСьЦЬ «ЧАЛАВЕЧЫШЧА»
Леў Талстой пракламаваў цэласнасьць, здароўе, цьвярозасьць, натуральнасьць як падмуркі тварэньня жыцьця, творчасьці. Але ва ўласнай творчасьці зацята атамізаваў, мярцьвіў, чляніў.
Улюбёны ягоны прыём – дзяленьне, атамізацыя, дэталізацыя, давядзень­не працэсу да сумы механістычна-бессэнсоўных рухаў. Так ён паказвае оперу ў «Вайне і міры», таямніцу эўхарыстыі ў «Уваскрэсеньні». Царква ня вытрымала і адчляніла яго ад сябе.
24.09.1997

ТАЎСТАМЕР
«Халстамер» Л.Талстога варта было б назваць «Таўстамерам», як і іншыя спавядальныя ягоныя творы накшталт «Споведзі» або «Дзёньніка».
Талстой грашыў, каб пасьля можна было спавядацца.
Пачытайце ягоную навелу «Д’ябал».
2001

КАНЕЦ ЧЭХАЎСКАЙ ДРАМАТУРГІІ
У чэхаўскай «Чайцы» адна з гераіняў раптам кажа: «Становится сыро. Идите наденьте галоши».
З гэтага моманту чэхаўская драматургія скончылася.
27.09.1999

«ДЗЯДЗЬКА ВАНЯ» І РАСЕЙСКАЯ САМОТНАСЬЦЬ
У чэхаўскай п’есе «Дзядзька Ваня» доктар Астраў кажа дзядзьку Ваню: маўляў, ва ўсім павеце было толькі два прыстойныя інтэлігенты – ты ды я.
У гэтых словах вялікае расейскае процістаяньне адзінак і дрымучай аморфнае масы.
Гэта не раскол грамадства, не разлад, а адзінота прыстойных людзей у дрымучым людскім лесе.
Трагедыя расейскага грамадства – самотнасьць, закінутасьць слушных ды разумных людзей.
Жнівень 2000

МАНІЯ ХЛОПЧЫКАЎ У РАСЕЙСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
«А ці быў хлопчык?» – Горкі.
Хлопчык на каляднай елцы – Дастаеўскі. Ягонае замучанае дзіця (сам замучыў).
Крывавыя хлопчыкі Пушкіна («Барыс Гадуноў»).
Маякоўскі, які любіў глядзець, як паміраюць дзеці.
03.11.1999

ПРАЕКТ Л.АНДРЭЕВА
Ён сваё жыцьцё спраектаваў у «Жыцьці Чалавека», якім так захапляўся Я.Купала. Апісаў долю мастака, які зьведаў цяжкое дзяцінства, поўнае спа­дзяваньняў юнацтва, трыумф і славу, але – раньнюю старасьць і чаўрэньне. Ягоная слава была напраўду хуткай ды фенаменальнай, але гэткім жа хуткім стаўся і яе заняпад. Памёр Л.Андрэеў у глухой вёсачцы ў Фінляндыі, забыты ўсімі, і аб ягонай сьмерці пашкадаваў хіба што лепшы сябра Горкі.
Можа, у апошнюю хвілю перад сьмерцю вакол яго таксама зюзюкалі й перасьмейваліся старыя бабы, згадваючы пражытае ім жыцьцё. А пасьля пагасла сьвечка, і Нехта ў шэрым прамовіў: «Цішэй! Леанід Андрэеў памёр!»
2003

МАЛЕВІЧ І ТРЫ СЯСТРЫ
Першая дала яму нараджэньне.
Другая дала яму творчасьць, прызнаньне і славу.
Трэцяя адабрала ягоныя карціны, пахавала яго і разрабавала ягоную магілу.
2003

МАЯКОЎСКІ
Паэта быў апантаны нянавісьцю да ўсяго звычайнага. Шараговага чалавека ён назваў па-расейску «дрянью».Раней прадстаўнікі расейскай «натуральнай школы» ў літаратуры звычайнага ці то бок простага чалавека падхвальвалі. Дастаеўскі свайго «маленькага чалавека» давёў да стану дэмана, а Маякоўскі яго апусьціў да стану «дряни».
1.01.2001

АЛЯКСЕЙ ТАЛСТОЙ. «БЛУКАНьНІ ПА ПАКУТАХ»
Гэта не гісторыя рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, а гісторыя двух мужчынаў і дзьвюх жанчын – дзьвюх сямейных параў, – што ў вайну й ліхалецьце страцілі адно аднаго. Паводле генезісу – антычны сюжэт. Наз­ва – апакрыфічная. Вынік – выйсьце чыстымі з жыцьцёвага бруду й недасканаласьці; спроба катарсісу ў дваццатым стагоддзі.
1998

ЧАТЫРЫ ЖЫЦЬЦІ ВАСІЛЯ ІВАНАВІЧА ЧАПАЕВА І ПЕЦЬКІ
Першае жыцьцё – рэальнае. Кажуць, што быў некалі такі чырвоны партызан. Можа, і быў – гэткі няспраўджаны бацька Махно. А Пецька – можа, быў, а можа і ня быў. Хутчэй за ўсё – ня быў.
Другое жыцьцё – у кнізе «сацрэаліста» Фурманава. Тут Чапаеў дакладна быў. А на другім плане ня Пецька, а партыйны інтэлігент Клычкоў.
Трэцяе жыцьцё: вядомы фільм. Міф: нехта пайшоў на стужку ў семнаццаты раз, паверыўшы, што на гэты раз Чапаеў выплыве.
І ён, згодна з міфам, выплыў.
Чацьвертае жыцьцё: показкі пра Васіля Іванавіча і Пецьку.
Нейкі культуролаг абмовіўся, што народ складае анекдоты «з-за любові да герояў».
Хутчэй інакш: з-за нелюбові да афіцыёзу.
Адсюль і анекдоты пра палітычных лідэраў, пра Пушкіна і пра Штырліца. Бахцін называў гэта карнавальным перакульваньнем, скідваньнем афіцыйнай ідэалагемы ў матэрыяльна-цялесны ніз.
24.10.1998

ЗЬНІЖРЭАЛІЗМ
Сюррэалізм я раіў бы называць не «звышрэалізмам», а «зьніжрэалізмам» або «спадыспадурэалізмам», бо ён апелюе да глыбіняў і долаў індывідуальнай сьвядомасьці.
17.09.2002

ЗАПАВЕТ ГАЎПТМАНА
Ён быў пахаваны, згодна з ягонымі запаветамі, ва Усходняй Нямеччыне, на марскім узьбярэжжы, перад усходам сонца.
28.10.1999

ТОМАС МАН
Мяне крыху дзівіць Томас Ман з ягонай адназначна станоўчай трактоўкай Іосі­фа Прыўкраснага ў рамане «Іосіф і ягоныя браты». Ён трымае Іосіфа за выратавальніка габрэяў ад галадамору, але ж замест голаду фізічнага ён падараваў ім голад духоўны – няволю Ягіпецкую. Яны прабылі ў гэтай няволі колькі стагоддзяў, парабіліся самі нявольнікамі, а пасьля сорак гадоў прабадзяліся па пустэльні, каб зрабіцца наноў вольнымі людзьмі. Вось адваротны бок ратаваньня габрэяў.
1999

ПРАЕКТ ШОУ
У драме «Назад да Мафусаіла» Шоў марыў пра даўгалецьце будучых насельнікаў Зямлі. Ён усімі сіламі імкнуўся дасягнуць зьдзяйсьненьня гэтага праекту і амаль дасягнуў... дажыўшы да 94 гадоў.
1999

ПАЛЯВАНЬНЕ ХЭМІНГУЭЯ
Формула творчасьці і жыцьця Хэмінгуэя, ягоная філалагема – паляваньне і рыбалка.
Ён пачынаў як воін, але гэта ня быў натуральны для яго стан. Забойства чалавека не магло быць ягонай прафесіяй. Імпэт да паляваньня ён узяў у спадчыну ад бацькі.
Паводле індзейскіх перакананьняў, мужчына – або воін, або паляўнічы.
Вайна была для Хэмінгуэя справай ненатуральнай.
Ён паляваў на людзей, на франкістаў, на кулаў. Упаляваў Нобеля за тое, што ягоны Стары не ўпаляваў рыбіну. Калі ён упаляваў усё, што можа ўпаляваць пісьменьнік, ён распачаў апошняе паляваньне – на самога сябе. Яно скончылася пасьпяхова – стрэлам з паляўнічае стрэльбы 2 ліпеня 1961 году ў Кетчуме (штат Айдаха).
7.02.2000

АГАТА КРЫСЬЦІ
Нечаканасьць фіналаў яе твораў мае ня столькі псіхалагічную, колькі літаратурную падставу. Гэта прыём нечаканасьці.
Яе ўнучка на сярэдзіне твору вылічвала забойцу – ёй дапамагала не лагічнае мысьленьне, а падстава нечаканасьці. Забойца – той, каго найменей падазраеш.
Майстэрства Крысьці – майстэрства маскіроўкі забойцы. Для гэтага яна ўжывае цэлую абойму прыёмаў – ад падвойных і патройных кульбі­таў да наўмыснага раньняга выкрыцьця забойцы. Гэта – філалагічныя хітрыкі.
1998

90 РАМАНАЎ АГАТЫ КРЫСЬЦІ
Лічба напраўду ўражвае, але па прачытаньні высьвятляецца, што класных твораў у яе – з тузін. Узровень надта неаднолькавы. У шэрагу рэчаў знаходжу знаёмы прыём – нарошчваньне аб’ёму за кошт вады. Пэўна, змушалі высокія ганарары за колькасьць знакаў. Першыя раманы былі танейшыя, больш насычаныя падзеямі, лапідарныя і, вядома, больш дасканалыя.
1998

ТАЯМНІЦА СІМЯНОНА
Кожнае дасьледаваньне злачынства камісарам Мегрэ – свайго кшталту псіхалагічны й сексапаталагічны досьвед, уваходжаньне ў сьвет інтымнага.
Адзінае, куды не пускае чытача аўтар, — інтымнае жыцьцё цэнтральнага персанажу. Мадам Мегрэ фігуруе ў гэтых творах увесь час, Сімянон з пяшчотаю перадае дэталі сямейнага побыту камісара, са смакам апісвае стравы, што гатуе мужу мадам Мегрэ. Але не далей. Не тлумачыць нават прычыну, паводле якой у сужонцаў Мегрэ няма дзетак. І гэта – ці не адна з самых вялікіх таямніцаў шматтотмнай дэтэктыўнай серыі.
Забойствы расьсьледуюцца, забойцы выкрываюцца, а сьвет інтымных адносінаў мужа й жонкі застаецца таямніцай.
4.07.1998
КАМІСАР МЕГРЭ Й ЯГОНЫЯ ЗВЫЧКІ
Камісар Мегрэ – герой, які вядзе надта нездаровы лад жыцьця. Ён бесьперастанку ўжывае алькагольныя напоі ды трункі, проста не прасыхае, а назаўтра яму галава не баліць.
Ён любіць добра й смачна пад’есьці, асабліва ў кампаніі з мадам Мегрэ ды Пардонамі. Яны могуць утаптаць цэлага пеўня пад вінным соусам. Але за працаю Мегрэ топча тое, што пад руку патрапіцца, — сандвічы, сасіскі, кілбасу, лусьцікі; словам, нажывае сабе гастрыт, язву страўніка або што горшае.
Ён не здаровы – тоўсты, дзябёлы. І ня мае дзяцей.
Гастранамічная частка раманаў пра Мэгрэ складае ці не найважнейшы пасьля крымінальна-псіхалагічнай лініі вобразны пласт.
Мегрэ заражаны комплексам сацыяльнай непаўнавартаснасьці, нелюбоўю да арыстакратыі. У свой час на гэта пакутваў Бальзак і плішчыўся ў арыстакраты. Мегрэ сублімуе інакш. Ён 17 гадзінаў запар дапытвае арыс­такрата, пазбаўляючы яго ежы ды пітва («Ноч на перакрыжаваньні»), — тое самае рабілі ў сталінскіх вязьніцах і ў гестапа.
Сімянон ня грэбуе зьбітымі, зацёртымі матывамі. У рамане «Латыш Петэрс» ён скарыстоўвае матыў братоў-блізьнятак, уведзены ў драматургію яшчэ Тэрэнцыям.
22—30.07.1999

ВАНДЭЙСКІЯ БАЛАТЫ
У Вандэі, з якой калісьці параўноўваў Беларусь А.Адамовіч, таксама безьліч балатоў.
Гэта засьведчыў Ж.Сімянон. Дзеяньне ягонага рамана «Інсьпектар Кадаўр» адбываецца ў мястэчку Сэнт-Абэн, закінутым сярод вандэйскіх балатоў. Тамтэйшыя сяляне негаваркія, панурыя, нелюдзімыя, кансерватыўныя, недаверлівыя дый ксенафабічныя, як і нашыя тутэйшыя людзі.
Вандэя мае ўласны дыялект – «патуа».
Жнівень, 2000

ЧЭЙЗ
Хлопец, дзеўка, любошчы, грошы, мардабой, пісталет – па гэтым беспамылкова пазнаецца Чэйз. І нічога звыш.
17.11.2002

АНТЫГЛАБАЛІСТ КАРЛСАН
Герой трох аповесьцяў Астрыд Ліндгрэн паўстае ў абліччы Дон Кіхота з прапелерам, які абараняе добры стары сьвет – казак, дабрабыту, утульнасьці, у які яшчэ не ўварваліся дэманы тэхнакратыі. Ён змагаецца з пыласосам, гэтым Шэрым Ваўком, які праглынуў Чырвоны Каптурык, зьнішчае паравую машыну, а з тэлевізарам мірыцца толькі таму, што лічыць яго звычайнай скрынкай, у якой сядзіць мілая панна. Карлсан імкнецца павярнуць чалавецтва назад, у сьвет казак, прывідаў і плюшак, але за гэта атрымлівае плескачоў ад дарослых. Толькі Малыш яго разумее, але да таго часу, пакуль ня вырасьце.
03.11.2001

ЧЫТАЮЧЫ ДАРЭЛА
Фрэйд, калі б дасьледаваў ягоную прозу, знайшоў бы ў ёй сублімацыю заа­фільных комплексаў.
А прадстаўнік міфалагічнай школы ідэнтыфікаваў бы яе з татэмізмам.
Дарэл вывучае людзей як рэдкіх жывёлаў, а жывёлаў падае звычайнымі, хаця і надзеленымі індывідуальнасьцю, людзьмі.
03.05.1998

НЕАПРАЎДАНАЯ СЕНСАЦЫЯ
Грэк Н.Казандзакіс (1883 – 1957) усё жыцьцё шукаў Бога, і вынікам богашукальніцтва сталіся некалькі раманаў, у тым ліку «Хрыста ўкрыжоў­ваюць зноў», «Апошняе выпрабаваньне Хрыста». Паводле другога твору амерыканскі рэжысёр Марцін Скарсэзэ зьняў аднайменны фільм.
Аўтар прымерваў да сябе шаты ісламу, будызму, камунізму, пакуль не вярнуўся да хрысьціянства.
Я дзіўлюся праваслаўным артадоксам, якія забаранілі фільм на тэлебачаньні. Я чытаў адно раман. У ім няма блюзьнерства – ёсьць пакуты і балючы досьвед богашукальніка. Выпрабаваньне Хрыста – спакуса ціхамірнага сямейнага жыцьця, зямнога каханьня, якую Богачалавек вытрымлівае і вяртаецца на свой крыж.
Пакуты грэка – ягоныя асабістыя пакуты. Твор ня мае універсальнага інтарэ­су – ані паводле эстэтыкі, ані паводле канцэпцыі. Але ён набывае цікавасьць як інцыдэнт.
16.10.1999

КАРЛАС КАСТАНЭДА – ПРАРОК РЭВАНШУ
Ён сублімуе неўміручы духоўны досьвед заснулай індзейскай цывілізацыі, і яшчэ шырэй – не скарыстанай чалавецтвам альтэрнатывы магічнай цывілізацыі. Яна прайграла ў спаборніцтве з больш эканомнай і рацыянальнай тэхнакратычнай цывілізацыяй, якая вынайшла порах.
Але заснулая цывілізацыя мае абудзіцца. Кастанэда – першы з прарокаў будучага рэваншу.
Зачараваны сон індзейскай цывілізацыі нагадвае векавечны сон беларускае нацыі, апеты Багдановічам і Купалам.
6—30.07.1999

СУПРАЦЬ ВЕЛЕРА
Мне настойліва рэкамендавалі прозу Міхаіла Велера, эмігранта з Эстоніі ў Заходнюю Еўропу, як эталон прозы, апошні піск. Было расчараваньне.
Паводле літаратурных якасьцяў – гэта на некалькі ўзроўняў ніжэй за Буніна або Кіма. А калі пісаць па-расейску горш за Буніна або Кіма, дык навошта?
Гэта калялітаратура. Бульварная чытанка. Але яна можа выконваць рэлаксацыйную функцыю для тых расейцаў, якія ператварыліся ў абломавых, і іх трэба навучыць штось рабіць.
Твор адлюстроўвае імперскую ментальнасьць. Ментальнасьць – у тым, каб рабіць людзей шчасьлівымі гвалтоўна, насуперак іхняй волі. У адным са ста выпадкаў дабрадзей дасягае мэты. Гэты выпадак апісаны ў творы. У астатніх выпадках падапечнаму робіцца горш. Гэтыя выпадкі не апісваюцца.
Прыёмы маёра Зьвягіна часьцяком нагадваюць звычайную подласьць. Напрыклад, практыка адбіваньня супернікаў у каханьні.
Сама сюжэтная сітуацыя даўным-даўно мела прэцэдэнт у літаратуры. Чытай «Тэафіла Норта» Томаса Уайльдэра, гісторыю сучаснага Дон Кіхота.
1998
ПА ПРАГЛЯДЗЕ «КАШМАРА НА ВУЛІЦЫ ВЯЗАЎ»
Мярзотнік Фрэдзі Кругер носіць швэдар у палоску колеру беларускага дзяржаўнага сьцяга. Варта было б забараніць паказ серыялу па БТ.
25.10.1998

СТЫВЕН КІНГ ДЫ ЯГОНАЕ «ЯНО»
Гэта напраўду вялікі пісьменьнік. Вялікі пісьменьнік, які ніколі не атрымае свайго Нобеля, хаця й атрымлівае звышганарары. Бо – «непаважны пісьменьнік». Дзе мяжа паміж пісьменьніцкай паважнасьцю ды непаважнасьцю?
Стывен Кінг – кароль страху. Мясьцінамі, праўда, з ягонымі страхамі адбываецца так, як з страхамі Леаніда Андрэева. Пра якія Л.Талстой казаў: «Ён палохае, а мне ня страшна».
Ад твораў Кінга ніхто не звар’яцее ды маньякам-забойцам не станецца. Затое ён гадоў на 10—15, што называецца, зачыніць тэму. Страшней ня будзе.
Прыёмы апрабаваныя: скарыстаньне дзіцячых жахаў, сублімацыя садамазахісцкіх комплексаў дарослых.
Кінг пляваць хацеў на гэтыя прыёмы. Ён, здаецца, хацеў бы тварыць паважную літаратуру. І мог бы. Можа. У яго філасофіі, тэасофіі, канцэптуалізму накідана ня менш, чым у Умберта Эка.
Я бачу і прагалы. Ня трэба расьцягваць, «гнаць» тэкст, як атрымалася з раманам «Яно». Калі цягнеш дый інтрыгуеш, чытач чакае большага. Я хацеў бы, каб мэтр зацягнуў (або разьвязаў) некалькі сюжэтных вузлоў. Сёе-тое я сам зрабіў бы йнакш.
«Яно» цяжарнае. Ад каго? Яны пазбавіліся мажлівасьці мець дзяцей. Чаму? Яно нясе яйкі. Бэн іх топча. Стэн Урыс не вытрымлівае другога зьяўленьня Яго – рэжа сабе вены на руках. Чаму? У першай прыгодзе дзеці зьдзяйсьняюць калектыўны полавы акт. Якія наступствы?
Кінг маўчыць. А можна было б гэта «раскруціць». Яны ў першым полавым акце аддаліся Яму. Яны апладнілі Яго. Пасьля ўсю сваю сьперму яны ахвяравалі Яму. Таму й не было, й не магло быць у іх дзяцей. Усе іх дзеці – эмбрыёны Яго. Таму й скончыў самагубствам Урыс – пабачыў ненароджаных сваіх дзяцей у Ягоным чэраве.
15.07.1999

СІНДРОМ КАЭЛЬІ
Яго ўжо абвясьцілі аўтарам бестселераў дваццаць першага стагоддзя. Натуральны вынік кожнага культурнага выбуху. Ён зьмяняецца заняпадам. Антычная культура дэградавала ў эпігонскую. Лацінаамерыканскі цуд трансфармаваўся ў маскульт. Індыйская старадаўняя культура (Каліда­-са) – у меладраму.
2003

МУЛЯВІН
Мулявін, выхадзец з Расеі, зьдзейсьніў для беларускай культуры тое, што Караткевіч для беларускай літаратуры, Вальтэр Скот для ангельскай, Дзюма для французскай, Сянкевіч для польскай.
6.02.2003

Працяг
у наступным нумары.