12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ева Вежнавец

_____________________
Любоў зла. Апавяданні

Заўжды адна


Я не гляджу на гэта перад сном.

Мар’янка прачнулася ад шорхання дворніцкага дзеркача на двары. За вокнамі дрыжэў слабы помарак.
Трэба вынесці сметніцу, пакуль не прыехаў смеццявоз. Мар’янка не магла выкідваць смецце, не загарнуўшы яго ў газеткі і пакецікі. Асабліва гідкія віды смецця Мар’янка падпісвала: “Скарыстаныя пракладкі”, “Сапсаваны фарш”, “Валасы” і іншае, чаго мы тут згадваць не будзем. Яна ўяўляла небарак у смярдзючых польтах, якія будуць разбіраць яе смецце, і хацела ашчадзіць ім перажыванні. Хаця, можа, яны прывычныя і да горшага – задушаных немаўлят, дохлых катоў і чаго там яшчэ. Але, прынамсі, Мар’янка, неяк спросціць ім жыццё.
Яна з шоргатам кінула мех у высокі кодаўб і завярнула за кут. Дворніца Валя з нервовым імпэтам шуравала сцежку і, як заўсёды, нешта бубніла сама сабе.
Мар’янка паздароўкалася і шмыгнула ў пад’езд белага хрушчоўскага блоку, дзе здымала кватэру.
Была нядзеля, дзень, пра які Мар’янка не хацела памятаць. Яна не ўклю­чала кампутар, тэлевізар, не купляла газет. Нічога не ведала пра нава­кольны свет. Пакружляла па пакоі.
Адкаркавала пляшку чырвонага, выпіла келіх. Перасадзіла кветку. Вымыла ракавіну. Адарвала твар вядзьмарцы Кэт з афішы, каб тая не цікавала зласлівымі, насмешлівымі вачыма. Уздрыгнула: раптам завібравала вялікае навясное люстэрка, пачало біцца аб сцяну. “Хтосьці ўключыў пралку на высокія абароты” – падумала Мар’янка, але страх не праходзіў. Яна выпіла яшчэ келіх.
Адчувала сябе так, быццам яе душу павольна цягнуць праз саломінку, як нейкі цягучы кактэйль.
Заўчора яна пасварылася са сваім хлопцам, які за два дні да любой кампаніі прызвычаіўся хавацца, каб не загрэблі. І вось ужо два дні ад яго не было ніякіх звестак – тэлефон выключаны, у сетках не з’яўляўся. Прычым, гэта паўтаралася штогод – падчас любых выбараў, шаснаццатага чысла кожнага месяца. Плюс ягоныя суды і адседкі.
У Мар’янкі гэта выклікала спачатку стому, а потым лютасць. У іх была “не тая” розніца ва ўзросце – 29 мар’янчыных насупраць 25 ягоных. І калі ён праходзіў прыўкрасны экватар паміж дваццаццю і трыццаццю, то Мар’янка на ўсіх ветразях ляцела на трыццатнік, калі жанчыну бяздзетную, бессямейную і бясхатнюю тут лічаць пустазеллем.
“Хоць бы ты краў”, – з лютасцю думала Мар’янка. Ёй былі добра вядомыя некаторыя таварышы, адданыя байцы, якія пакуплялі сабе кватэры ў Мінску, паставілі залатыя ўнітазы, і маглі спакойна гніць на нарах, пакуль іхнія жонкі і дзеці сядзелі ў сваёй хатцы, дзе, як вядома, можна хоць усрацца. Мар’янка ж заставалася на здымнай кватэры з шышом у кішэні, бо прафесійны рэвалюцыянер часта жыў за яе кошт.
Ён быў няздольны красці, але нічога не меў супраць доўгіх перыядаў безграшоўя, мінімальнай ежы, простай вопраткі ў дзве змены, здымных хат з мэбляю ад памерлых бабулек.
Вось гэтую хату шустры ўнук здаў праз месяц пасля смерці старой. На падлозе ляжалі вязаныя дарожкі. Стары, галаваты, нібы хворы на вадзянку, тэлевізар паказваў нейкае цмянае чорна-шэрае шаленства. Цяпер усе купляюць плоскія тэлевізары, якія вісяць на сцяне, быццам вакно ў свет.
“Можаце выкідваць, што хочаце”, – сказаў маладзён. Аднак навучаная горкім досведам Мар’янка сабрала бабчынае барахло, і, вышараваўшы антрэсолі, спакавала скарб туды, пазашываўшы яго ў старыя наўлечкі і напхаўшы антымолю. Мо нехта некалі знойдзе гэта як антыкварыят, у Мінску пара накопліваць антыкварыят, нават такі ўбогі, па саветчыне. Няма чаго чакаць, што беларусы навучацца любіць сапраўдныя рэчы. Пасляваенная трохкапеечная ўтульнасць – вось іх лёс. Беларусь – танны эрзац Еўропы, павапленая, бы труна, копія Расеі.
Зрэшты, жывучы пад бокам у Расеі і смокчучы яе вымя, на нешта сваё разлічваць цяжка. Пакаленні нічога тут не накопліваюць, бо пустадомкі. А Мар’янка з іх першая.
Мар’янка з анучаю дабралася да шафкі пад вакном, якая служыла бабцы за кладоўку. “А вось закаткі то я павыкідаю” – падумала яна, выцягваючы слоікі й слоічкі з паскуднымі на від рэзанымі патысонамі, чорным сочывам, гуркамі кшталту “галодны жаўнер” і нейкімі расліннымі ірванымі хлапякамі, якія распазнаць не ўдалося.
Выстраіўшы ў шэраг слоікі і слаяняткі, Мар’янка палезла шараваць углыб. У далёкім куце наткнулася на нейкую сашэтку. Выцягнуўшы яе, Мар’янка развязала паўрозікі і ўбачыла пажаўцелы прадаўгаваты прадмет – ліхтарык, але без лямпачкі, ці што? Націснуўшы на кнопку, Мар’янка аж падскочыла. Прадмет загуў і завібраваў у руцэ, і Мар’янка з бясконцым здзівам даперла, што гэта – стары вібратар. Каля крышачкі патрэсканы, але відаць, што ўтрымліваўся ў добрым доглядзе…
Мар’янка падскочыла і пабегла мыць рукі. Потым узяла прадаўгаваты прадмецік праз сурвэтку, загарнула, падпісала: “сапсаваны ліхтарык”, паклала ў сметніцу, прыкрыла слоікамі з закаткамі.
Выпіла трэці келіх і памкнулася да кампутара. Серфавала, старанна абмінаючы навінныя сайты, каб не бачыць, каго дзе затрымалі, прыціснулі, аблаялі, ператрэслі, пасадзілі, пакрыўдзілі і выкінулі з працы, што сказаў вярхоўны боўбель, якога Мар’янка не зносіла, маючы ад аднаго голасу пякотку і высыпку.
“Хопіць! Хопіць”, – злосна шаптала Мар’янка, шукаючы віртуальныя сэкс-шопы, якія б дастаўлялі тавар у той жа дзень.
“Вось табе, сволач!” – прашаптала яна, замовіўшы 33-сантыметровы чэлес (грошы тыя ж самыя, што і за 20-сантыметровы, але, прынамсі, возьмеш у рукі, то маеш рэч), універсальную помпу для чэлеса і грудзей (напампую сабе цыцкі да 3-4 памеру і знайду нармальнага мужчыну) і вагінальныя кулькі (самыя дарагія). Выграбшы ўсе грошы, што хавала на гаспадарку, узбуджаная Мар’янка выпіла яшчэ, а потым пабегла мыцца і надрайвацца перад прыходам кур’ера.
Раз нават слоікавая бабка давала сабе рады, то чаму Мар’янка павінна плакаць, нібы тая Яраслаўна пры вакне?
“Калі кур’ер будзе ладны, то сыдзе і кур’ер”, – думала Мар’янка. Яе трэсла і ліхаманіла ад злосці і ўзбуджэння. Яна надзела халацік і панчохі, потым садрала іх, не жадаючы наследаваць танных порнаролікаў. Выцягнула летнюю сукенку і гольфы вышэй за калена. Вось так лепей. Дзяўчына ў летняй сукенцы, гольфіках, з мокрымі валасамі.
У дзверы пазванілі. Мар’янка сцялася, вырашыўшы не адчыняць, але сумленне ўзяло сваё, і яна рашуча падалася да дзвярэй. У вочку было бачна, што на ходнічку топчацца малады мужчына.
“З гэбухі прыйшлі, ці мой кур’ер?” – падумала Мар’янка і дрыготкім галаском праказала: “Хто там?”
“Девушка, из магазина я”, – адказаў мужчынскі голас. І Мар’янка пачала адкрываць бабчыныя дзверы, грунтоўныя, быццам старая хавала тут брыльянты, а не стары чэлес і слоікі.
Хлопец не зводзіў з яе прагных, блізка пасаджаных, драздова-чорных вачэй, з цікаўнасцю акідваючы твар і фігуру. “Думае нябось, навошта гэтай праглотцы 33-сантыметровы член”, – думала Мар’янка. Кур’ер некалькі разоў гучна каўтануў, быццам яму перасела ў горле. На сімпатычным даўгім носе выступіў пот.
“Ну разяў ты рот і скажы: дзевушка, навошта вам гэтая гума, вось я жывы і магу застацца”, – падумала Мар’янка. Але драздок так і не прапхнуў нічога праз горла, і Мар’янка ўзяла тон кліенткі.
– Батарэйкі прыкладаюцца? – строга спытала яна, гледзячы кур’еру ў пераноссе.
– Э-э-э, нет, но их можно купить в любом магазине. Стандартные, – здушана прамовіў той.
– Дзякуй, разбяруся, – суха сказала Мар’янка, сунула маладзёну грошы, закрыла за ім дзверы і абсунулася на падлогу з-за шалёнага тахкання сэрца.
Потым падалася з пакупкамі на кухню – разглядаць. Прамыўшы і запхнуўшы ў сябе металёвыя кулькі, Мар’янка трохі пагойдала клубамі, чуючы як кулькі – ток-ток – пастукваюць адна аб адну. На вуліцу з імі не сходзіш, будзеш баяцца, што людзі пачуюць гэты ціхі металёвы гук. Асаблівага задавальнення кулькі Мар’янцы не давалі, але й надта не заміналі.
Мар’янка разадрала прадаўгаватую каробку і ледзь не затхнулася ад паху латэксу. Аказалася, што 33 см – гэта занадта. Нельга было і думаць запхаць у сябе такую штуку. Мар’янка раскруціла крышку – ну, дакладна, як ліхтарык, толькі сляпы. Наліўшы ў крышачку ад чэлеса віна, яна чокнулася са сваім новым мужам: “Ну, на добры лад!”
Апаласкаўшы яго гарэлкай і працёршы, Мар’янка палезла шукаць батарэйкі. Але ўсе яны былі замалыя для яе гіганцкага сябра.
“Вось бляха. Пайду па віно і батарэйкі”. Стукаючы сталёвымі ўнутранасцямі і палахліва азіраючыся на мінакоў, Мар’янка падалася ў краму з жалязяччам, стараючыся выглядаць цвяроза і годна. Яе мучыў страх, што кулькі як-небудзь вываляцца і гупнуць пад ногі пакупнікам гаспадарчых тавараў. Таму Мар’янка сціскала ногі і з-за таго гойдалася клубамі, нібы падбітая лодка. Дапяўшы да магазіна, Мар’янка разгублена ўгледзелася ў зашклёны прылавак, дзе ляжала безліч батарэек – вялікія, вялізныя і сярэднія, пальчыкі і міні-пальчыкі, квадратныя з правадкамі і круглыя. Ясна, што патрэбныя круглыя, але каторыя?
Мар’янка дастала кардонны ўкладыш ад чэлеса, дзе было кітайскай расейскай моваю выведзена “АА” і пару нейкіх значкоў. Працягваючы дрыготкаю рукою цэтлік, Мар’янка сказала:
– Вось, шукаю такія батарэйкі, як тут напісана.
(Халера, колькі іх лезе ў той калодзеж? Дзве, тры, чатыры, і якіх яны павінны быць памераў?)
Прадавачка няўцямна ўгледзелася ў кардонку, а потым у пакупніцу.
– Ничего я тут не понимаю. Какая-то китайская грамота! А для чего эти батарейки?
“Для х...я!” – падумала Мар’янка і, заліваючыся гарачынёю, панесла лухту пра тое, што яна настаўніца, а муж яе бізнесмэн (навошта, навошта такая падрабязная хлусня???) з’ехаў, пакінуўшы машыну і гараж, а ў гаража рассоўныя дзверы, і яны не адкрываюцца, бо туды трэба вялікія круглыя батарэйкі (Божа, што я нясу?! Усе ведаюць, што гаражы адкрываюцца пультамі, а ў пультах малюсенькія батарэйкі!)
Аднак прадавачка разбіралася ў багацейскіх гаражах не лепш за Мар’янку і прамармытала, што трэба паклікаць менеджара, ён мужчына і разбярэцца.
“Ох, акурат”, – з жахам падумала Мар’янка і прашаптала, што менеджар ёй не патрэбны, а хай вось мілая паненка прадасць ёй па чатыры тоўстыя круглыя батарэйкі кожнага віду.
Абрадаваўшыся такой буйной замове, дзяўчына жвава выклала на прылавак цэлую батарэю батарэек.
– А вось гэтых жоўценькіх толькі дзве. Даваць?
– Давайце.
Заплаціўшы нейкую шалёную суму, Мар’янка папхала здабычу ў торбу і пабегла дахаты. Кулькі стукалі троху гучней, але іх відавочна заглушаў грукат батарэек.
“Вось да чаго ты давёў мяне, сука! Я, як старая лафірында, купляю хрэны і хаджу з імі ганьбіцца перад сцыкухамі з гаспадарчага”, – думала Мар’янка. – “Усе твае, бляха, адседкі, сховы, зборы, выезды, пастаянныя збіцці, уся твая палітыка. Мала табе нос ламалі? Мала табе язвы тваёй? Б’ешся аб гэтую Беларусь, як аб сцяну качаном, аж пырскі лятуць. Я ж казала табе сто разоў, стрыж ты дурны, што гэтая краіна прапала, як бы яе ніколі й не было, як здань, і марыва, і праклён, які нам паломіць усё жыццё.
Казала ж, не ідзі туды сёлета, у боўдзілы ў галаве дрожджы забрадзілі, ён сёлета ўсіх раздушыць на мязгу, аб асфальт размажа, а абываталі праз вас пераступяць і далей пойдуць у кіно з шарыкамі.
Мы павінны зрабіць хату, мне пара мець дзіця. У нас з табой бацькі неяк пражылі пад гэтым і беларусамі засталіся, і нас выхавалі, дык нашто нам з табой чарапок класці? Папомні маё слова, удзяўбуць так, што не пазбіраеш гізундаў.
– Ты мяне тармозіш, вымотваеш. Бывай, мяне доўга не будзе, – толькі і сказаў ён тады, надзеў свой скаўлычаны турэмны швэдар, доўгую куртку, у якой цёпла спаць на памосце – і знік.
Дома Мар’янка спахапілася, што не купіла віна, але выходзіць не хацелася, таму яна зрабіла збан адвёрткі і пачала ўстаўляць у чэлес батарэйкі. Адны не лезлі, другія боўталіся, як таўкач у ступе.
Урэшце дзве жоўценькія падышлі, але іх патрэбна было тры…
Мар’янка заплакала ад злосці, упакавала чэлес у сашэтку ад флейты і схавала ў шафу за бялізнай. Помпу і любрыкат засунула туды ж. Не ўсё адразу.
Тым часам сцямнела. Яе трывога ўсё расла, мацнела, і Мар’янка прыкладвалася да збанка з адвёрткаю. Урэшце ўключыла кампутар і, зноў старанна абмінаючы навінныя сайты, сэрфавала, не бачачы і не разумеючы, што чытае.
Урэшце выйшла ў скайп. Адтуль выскачыў надпіс ад сяброўкі: “Мар’янка! Урод набраў 80 працэнтаў! Нашы бяруць Дом ураду, мне Зміцер знутры ўжо даслаў смс-ку! Ліда Гармошкіна там трасецца як сабачы хвост! ААААААААААААААААААААААААААААА”.
У скайпе скакалі надпісы ад сяброў і знаёмых, супрацоўнікаў і сямейнікаў. Усе аднолькавыя: “АААААААААААААААААААААА”.
На 43 секунды ў той дзень да Мар’янкі вярнулася надзея. За гэта давялося потым дорага заплаціць.
Потым пачала паступаць іншая інфармацыя. Разгром, целы і кроў на снезе, тысячы згубленых шапак, ботаў і пальчатак. Потым Мар’янка не вылазіла з навінных сайтаў, плакала і піла. Потым званіла.
Яго не было на волі, яго не было ні ў воднай турме.
Назаўтра ў дзьверы пазванілі, потым пагрукалі нечым цяжкім.
– Хто там? – спытала Мар’янка, цудоўна ведаючы, хто.
– Откройте, милиция. Здесь проживает гражданин Желнерович? У нас ордер на обыск.
Мар’янка зірнула ў вочка. «Міліцыя» тапталася ўчатырох, убраная ў нейкія свае чорныя плюшаўкі-ватоўкі.
– Ведаю я такую міліцыю! Галаварэзы і бандыты! Вы хочаце мяне абрабаваць, сыходзьце, пакуль я сапраўдную міліцыю не выклікала!
– Девушка, кончайте спектакль, открывайте дверь! Иначе мы её вам выломаем. Кто хозяин квартиры?
– Я тут адна, я вас баюся. Калі вы міліцыя, пакіньце позву. А так не адкрыю.
– Ну что, Толя, будем ломать?
– Ты посмотри, какая дверь. Тут без ножовки не обойдёшься.
– Подожди.
Мент разагнаўся і садануў нагою ў дзверы. Мар’янка ледзь паспела адкочыць. Дзверы глуха вохнулі, але на гэтым і ўсё. Дзякуй, бабулечка, хай табе за такія дзверы прыбудзе ў раі тысячу маладых малайцоў.
Мар’янка падскочыла, пабегла ў ванну і сунула галаву пад халодную ваду, каб працверазець.
Так, колькі ў іх зойме ламанне дзвярэй?
Мінімум хвілінаў пяць, максімум паўгадзіны.
Пара замятаць сляды.
Мар’янка паіла ўнітаз. Бывай, бывай, белагалоўка мая, гарэлачка, бывай, наліўка, бывайце, парэшткі каньяка. Ніхто не скажа, што Жаўняровіч піў як рэзаны.
Яна скубянула пятрушкі і энергічна жавала, носячыся па хаце. Пустыя пляшкі, прыладкі для траўкі яна хуценька запхнула ў мяшок і выбегла на гаўбец. Шусь – мяшок паляцеў у крапіву. Калі псы стаяць і там, тым лепей, хаць аднаму галаву праб’е. Пляшкі дзынкнулі, з форткі паверхам ніжэй панесліся крыкі Валі: “Ах жа ж распра…б вашу маць ізноў нажраліся, пробл…дзі, курвы!”
Над Мар’янкаю жылі маці і дачка Лук’янавы, прытонатрымальніцы раённага значэння. Нападпітку яны сварыліся і выкідалі на вуліцу мэблю, падушкі, пасцялёвае, хусце і ўсё, што яшчэ захавалася ў хаце.
Сёння, пачуўшы грукат і Валін крык, яны аб’ядналіся супраць агуль­нага ворага. Выскачыўшы на гаўбец, Лук’яніхі пачалі паліваць Валю, якая камандавала мясцовым камітэтам жыльцоў і любіла саваць нос у чужыя справы.
Зверху і знізу стаяў імпэтны брэх. Мар’янка адскочыла ў глыб пакоя і зноў ліхаманкава забегала па хаце.
Вось уломяцца скаты ў дзверы. Што яны знойдуць? Што ён пакінуў у шафе? Што ў той ягонай торбе? Няважна, ён не пакінуў бы нічога вартага. А вось я нештачка маю. Чэлес у 33 сантыметры, помпу, любрыкат.
Мар’янка раптам рэзка адчула пах латэксу, які ішоў ад шафы. Яны адразу пойдуць на гэты пах, знойдуць, можа, сфатаграфуюць ці сфіль­муюць, і будзе Жаўняровіч з гэтым прычындаллем ад Бэаты Ухзэ паказаны на БТ, апусціўшы рукі, як той гаротны латвійскі аташэ. Купля гумовых прылад за заходнія гранты? У кватэры Жаўняровіча быў склад гуллівых рэчаў для людзей нетрадыцыйнай арыентацыі?
У дзверы са страшным грукатам валілі прыхадні, а над і пад Мар’янчы­ным балконам разгаралася страшная сварка.
– Ах, …б тваю маць, ты ж мяне, бл…дзюга, чуць не забіла гэтай табурэткай! Галаву рассекла. Ратуйце, міліцыя! Усё, выселю на дваццаць першы кіламетр! Курва, табурэткамі кідацца! Лярва аблавухая!
Мар’янка кінулася да сметніцы, выграбла бабчын “ліхтарык”, кінула ў мех, потым дастала з шафы свой “ліхтарык”, помпу, рыўцом выцягнула з похвы шарыкі (з гэб’ём можна чакаць і асабістага догляду!)
Прысеўшы з мехам за перакрыццём балкона, Мар’янка цікавала за Валяй, якая скакала і бегала ўжо пад вокнамі. Улучыўшы зручны момант, кінула мех уніз. Дабро павылятала ў палёце, дрын, відаць, трэснуў Валю па галаве. Цёмначы не разбярэш.
– Аааа! Што та, што та?! Бляяяяяць…. – заверашчала Валя знізу, – дак ты яшчэ куплёнымі х...мі кідацца???!!!
– Якімі х...мі! Усюды табе х...і мярэшчацца! Відаць, што ты іх гадоў трыццаць не бачыла, – крычыць маладзейшая Лук’яніха, а яе маці хрыпла рагоча.
Мар’янка цікуе далей. Зверху ў сад ляціць вада, відавочна шухнутая з вядра, абедзьве Лук’яніхі рагочуць пад самае неба, потым пралятае нейкая коўдра, і, здаецца, чырвоная ў бобачку каструля, якую Лук’яніхі звычайна адразу беглі падымаць, бо гэта нечы падарунак на 8 сакавіка.
Мар’янка вярнулася ў кватэру, уключыла чайнік, і склаўшы рукі, стала чакаць, калі госці зломяць дзверы.
Але за дзвярыма якраз стаяла ціша. Стаяла яна доўга. Мар’янка два дні баялася высунуцца, толькі мучыла тэлефон.
Ён знайшоўся на Акрэсціна, падобна, са зламанай рукой.
Мар’янка сабрала перадачу і села ў таксоўку. У грудзіне быў груз, які пераліваўся ў жывот, ад чаго здавалася, што ў яе змяніўся цэнтр цяжару, і яна вось-вось ляснецца. У галаве было поўна гарачай чорнай смалы, пяклі вочы. Яна сказала адрас.
Кіроўца, пачуўшы пра Акрэсціна, натапырыўся.
– Ну што, апазіцыя, прасралі выбары? – злосна сказаў ён.
Слёзы паляцелі Мар’янцы па шчоках і па носе, закапалі з падбароддзя. Яна задрала твар угару і пачала мацаць торбу ў пошуку сурвэтак, быццам з носу лінула кроў.
Кіроўца маўчаў, угнуўшыся ў стырно, да самое турмы і грошай не ўзяў.
– Мне ўсё так знялюбела, я ні на грош ламаны ні ў што не веру. Адно што не буду браць расейскіх тавараў ні пры якіх абставінах. Здохну, а не вазьму.

Праз 15 сутак Мар’янка стаяла пад Акрэсціна сярод натоўпу іншых сустракальнікаў. Але яго не выпусцілі… Яго дагэтуль не выпусцілі, і не выпусцяць. Усё дадаюць і дадаюць: то ён пабіў, маўляў, кагосьці, то мянтам супраціўляўся. А на самой справе гэта яго білі. І па цёмных кутох, і ў лес вывозілі, і ў аўтазаках мяцелілі, і нос у яго зламаны чацвёрачы.
А што яны яго не выпускаюць, то поўная іхняя рацыя. Бо нічога не баіцца і іншым рабакам не роўня. Выйдзе і ўсім пакажа, дзе ракі зімуюць. Толькі выйдзе ён не хутка, бо сафіты не на ім. І цэняць яго па заслугах толькі ворагі ды купка такіх маладзёнаў, як ён.
Казала табе: не высоўвайся, Жаўняровіч. А ты высунуўся.

P. S. Мянты чакалі ля пад’езда. Ад чакання малады паляпваў рукою па сцягне, старэйшы мутузіў свае вусы.
Мар’янка спачатку паддала кроку. Дзіцё захвалявалася, забілася, быццам акварыумная рыбка, што ўгледзела за шклом каціную морду.
– Спакойна, дзіця, спакойна, чаго ты? Зімнакроўней, табе давядзецца часта бачыць мянтоў.
Мар’янка дастала з торбы банан і пачала есці, сцішваючы хаду.
“Ці будуць яны шваркаць цяжарную? Адну жанчыну ўдарылі ў яе ўласным пад’ездзе, хаця малое дзіцё пры ёй было. Адкуль яны? Шкада, што я не цікавілася пагонамі, знакамі, уніформаю і іншай трасцаю, якая хоць паказвае, што за свіны тата перад табой. Можа, афіцэры троху лепшыя? Ці горшыя? Клянуся, я не буду больш наракаць, да старасці буду жыць на 2 капейкі і тры скарынкі і не мяўкну. Стану бабкай, буду расціць бульбу на дачы, даглядаць катоў, вераб’ёў і сабак. Толькі дай дажыць! Толькі дай дзіцяці нарадзіцца!”
– Дзевушка, вы ў какой кварцірэ жывёце?
– У семдзесят другой.
– А не знаеце, гдзе вашы саседзі із сямідзясятай?
– Наташа на працы, малы ў школе, дома адна чарапаха.
– Апяць у ніх сігналізацыя ў воздух сработала. Што-та там не каціт. Можат, чарапаха ўключает? – сказаў маладзейшы. – Ну ізьвініце, дзевушка. А вы наверна, учыцельніца беларускага языка.
– Ага (яшчэ якая ўчыцельніца).
– Ну харашо, дзевушка, будзьце здаровы, патомства вам харошава!
І вам, хлопцы, хай жыццё пад ногі сцелецца.
Міліцыянты зарагаталі і пайшлі. Мар’янка вярнулася дадому, зняла чаравікі і легла на канапу.
Уперылася ў столь і задумалася.
Прынамсі, яна мела справу з мужчынам, а не з абмылкам, абсеўкам, атопкам, канцлагерным псом і бесхрамасомным зомбі.
Чэрвень 2010.



Любоў зла

Увесну 2009 года яна заняла хату свае бабы ў вёсцы, дзе некалі нарадзі­лася. Вырашыла ажыццявіць сваю даўнюю мару – жыць там, дзе жыць немагчыма, але вельмі хочацца. Яна б не даравала сабе, калі б не паспрабавала. І хаця эксперымент гэты не працягнуўся доўга, яна ведае, што паўторыць яго, і будзе паўтараць датуль, пакуль там не атайбуецца на жыццё і смерць.
Гэты аповяд – запіс доўгага дня, нататкі аб паўніні жыцця.

Смерць жукоў

– Дурная-дурная, а патом хітрая, у падполе, кажуць уга-га золата нахавана. За што яна калодзеж сабе вукапала? Два мільёны грошай? Чаго, ву думаеце, яна сюды прыехала? Вучаная, кручаная, чаго ёй у Мінску не сядзеласо?
– З работы праперлі.
– Патом жа яна і нішчасная. Прывукла жыць, а цяпер ні работы ні кварціры з удобствамі. Ходзіць у вядро, муецца ў тазіку!
– Я гляджу, ты ўжо шчаслівая! Твой Сяміпалко ніводнае не прапусціць, а ты маўчыш, як рыба. Сяміпалко, го Сяміпалко! Як цябе баба твая церпіць?
– Бо ведае, хто я...е і корміць!
– Ах жа ж ты, я…ака! На чым і штаны трымаюцца!

Усё, пераключыліся. Паздароўкацца і ісці далей. Трэба купіць атруты для “каралацкіх жукоў”.
Бабы брэшуць, але не кусаюцца. Больш трэба асцерагацца маўклівых п’янтосаў, яны кожную праводзяць намасленым і варожым позіркам апошняга сабакі ў хеўры.
Калі верыць сельсавету, у ваколіцы 52 кавалеры векам ад 35 і да пенсіі – усе зарабляюць горкія капейкі і як адзін заліваюць за каўнер. Злыя бы шэршні. Трэба трымацца здаля, за работу на месцы не наліваць, а даваць з сабой. І так прывыкнуць: яна тут не чужая.
Яна набывае ў краме пакунак з атрутаю для жукоў. Вяртаецца вуліцай, чытаючы надпісы на пачку, дробная чорная сучка – Муха – бяжыць пры самых пятах.
Яна ледзь не натыкаецца на бацьку, што выцягвае з “Масквіча” балон для труцізны жукоў. Ён сам гэтую штуку сабраў з ламачча. Балон, шланг і пырскалка.
Бацька падымае на яе сінія вочы. Яна не хацела б іншага бацькі. Хай будзе гэты, нядобры, бурклівы і насуплены.
– Маці мяне прыслала, каб праверыў, ці твае жукі падохлі. Калі ж ты ўжо ў горад вернешся? Ці дадому пераязджай. Надакучыла ты са сваімі жукамі. У аўторак труціў – а сядзяць хоць бы што.
– Па мне дык хай сядзяць.
– То есцімеш жукоў заміж картоплі.
Пры галадусе можна будзе і лічынкі. Шызыя, мяккія, сыраватыя. Іх можна пячы або сушыць, нанізваючы на нітку. Можа, прыдадуцца зімой.
Яна просіць, каб бацька даў ёй балон, самой патруціць, адпачыў бы з газеткаю. Але бацька заўжды ўсю работу бярэ сабе.
Ён ўзгрувашчвае балон на плечы і са шлангам у руках ідзе на гарод. Правярае, ці падохлі жукі. Тыя сядзяць намёртва, здаецца, яшчэ больш укормленыя. У руцэ дарослыя жукі прыкідваюцца здохлымі, а юныя, недасведчаныя, дрыгаюць нагамі.
Бацька засыпае атруту ў ваду, прычым, прэ ў два разы болей, чым раяць на пакунку. Але і жукі атрутаўстойлівыя. Усе аповеды пра экалагічныя прадукты з уласнага селішча – выдумкі. Сяляне сыплюць атруту па прынцыпе “хай усё падохне, абы бульба ўрадзіла”.
Ён абпырсквае немалы палетак, а яна замятае двор. Сабака залазіць на будку і зверху брэша на курэй, што грабуць пад яблыняю ямы, круглыя, дымныя, як пасля бамбёжкі.
Бацька выходзіць з гародчыка, зачыняе варотцы на зашчапку і мые рукі пад рукамыйнікам-тарканосікам. Гэтак жа моўчкі яны ідуць на вуліцу, ён лаштуе балон у багажнік.

Смерць прайшла па пыльнай сцежцы

Яна прыкідвае, што сказаць на развітанне, каб было дарэчна.
Па пыльнай дарозе здалёку сунецца пара: малое дзіця і цыбаты падлетак.
Зграбнае дзіця: тонкае, даўганогае; галоўка на гонкай шыі прапарцыйная целу, як у дарослага. Гадоў чатырох-пяці. Дзіцё ў чорным, чорная хустка завязаная “на ладачку”. А спёка ж прытым, з-пад ног пыл рвецца.
Бліжэй апынулася, што дзіцё – гэта старая карліца, ладна складзеная, ростам метр дзесяць. З тварыкам, пабітым на зморшчыны, з гнеўнымі, чорнымі, цудоўнымі, бліскучымі, як жук-гнаявік, вачыма.
Як ёй не горача ў чорным?
– Праклінаю, – бубніць карліца, мінаючы іх, – і цябе, і машыну тваю, і хату тваю да апошняга гвазда, і грошы твае, каб праз твае скабы козы траву скублі.
Яе суправаджальніца – дзяўчына ў малінавых трэніках, з бліскучай завесай валасоў на апушчанай галаве, моўчкі ідзе побач.
Бацька, прыкрыўшы адно вока, другім правёў карліцу аж да канца ву­ліцы.
– Чыя ж гэта? – спыталася яна, зачараваная.
– З перасяленцаў, бацька, маці і трое дзяцей. А гэта карліца цётка іхняя, злая як сабака. Ходзіць і кляне ўсіх, каго не сустрэне. Якія людзі крывотлівыя* парабіліся. Так і глядзяць, каб каго праклесці.

Смерць і чараўніца

Яна так і не надумалася, як развітацца з бацькам. А той сеў у машыну і паклікаў:
– Маці мне сказала, каб я ўзяў цябе на рыбу.
– Я табе буду замінаць. Я ж не люблю рыбалкі.
– Маці сказала, значыць, паехалі.
Яна закрыла хату, падліла сабаку вады і села ў “Масквіч”. Правесці дзень з бацькам было мулка, але трэба – цяпер яны абодва людзі сярэдняга веку, і ўсё трэба будаваць наноў. Ён павінен дараваць, што вывучыў яе намарна.
Яны ехалі, маўчалі і глядзелі ў шыбы. Абапал дарогі цвілі травы чыр­вонымі, зялёнымі, жаўтлявымі метлюжкамі. Квітненне незаўважнай, бу­дзённай травы кранае больш за ўсё. Кожная былка цягнулася і быццам пяяла. Хто хоць раз перажыў чэрвень, той ужо нездарма нарадзіўся.
– Як усё цвіце, Божа. Больш такога не будзе, – сказала яна.
– Так. Усё паблякне, – адказаў бацька.
– Я не магу жыць без гэтага ўсяго, – сказала яна.
– Нам няма калі на прыроду глядзець, – адрэзаў бацька.
Ён сеў лавіць рыбу, а яна падалася далей. Ёй захацелася назбіраць букет бабе. Калі сарваць па адной былінцы кожнага віду, атрымаецца купальскі снапок.
Прайшоўшы троху па гравейцы, яна ўбачыла дым. У прыдарожным бярэзніку гарэў торф. Агонь не відзён, але гэта ён пад’ядаўся да каранёў бяроз, падкопваўся пад гравейку. Адныя бярозы ўжо ўсохлі, іншыя стаялі яшчэ зялёныя, хаця іх карані ўжо паджэр агонь.
Аднойчы лось уцякаў па такім тарфянішчы, бухнуў уніз, у тлеючы торф. Толькі раўнуў – і выйшла з яго смажаніна для чарцей.
Яна мерылася сысці з гравейкі да канавы, як углыбіні зямлі, пад нагамі, нешта цяжка бухнула, уздыхнула, і дарога правалілася проста перад ёй. Уся кроў кінулася да сэрца, яна асела на дарогу і закрычала.
Бацька бег па гравейцы.
– Спужалася?! От жа ж, сукі, дарога прагарэла, ніхто не хацеў бярэзнік тушыць. Лясніцтва кажа: ваш бярэзнік, а калхоз: нееее, ваш! І ўсе гля­дзяць, колькі хто грошай зарабляе, і каб яму больш было, чым каму. Сукі крывотлівыя! Ой, спаскудзіўся свет, ой, спаскудзіўся.
Не спаскудзіўся. Ён такі і быў.
– Паехалі к бабе, – сказала яна, – я букет набрала. У мяне віно ў сумцы.
З’ездзілі, выпілі з гранёнай шклянкі. Набраную травічку паставілі ў слоік у нагах. Што цяпер бабе тая травічка.
Баба за 90 год ведала толькі сваю вёску на сорак двароў. Баялася паміраць. У летнія дні плакала: “Кожная троўка цвіце, кожная краска, усе жывуць, а мне ў зямлю”. Яны напойвалі яе віном, бо іншага ратунку не ведалі.
– Бацька, я ў бабінай хаце застануся. Я не паеду нікуды.
– Тады хоць да нас вярніся. Каму такі дом застанецца?
– Сястры. Мы ж з табой не ўжывемся, мы сварыцца будзем за пусты мех, за зямлю. Ты маю елку і ядловец выдраў!
– Яліна і ядловец ля хаты – на смерць. Сварыцца ж весялей, чым не сварыцца.
– Ну, тата, мне прастор патрэбен, воля. Ты едзь дадому, а я сама зайду.
Яна пайшла ўзбоч жытняга поля, у чырвонай метлюжковай траве па шыю. Трава гэта, вядомая як “курачка і пеўнік”, казытала і ахоплівала бы чырвоная хмара. Шапацела і гладзіла рукі, твар. Навокал не было ні душы, толькі зумкала ў распаленым паветры жамяра і шумела ў канаве вада. Яна выйшла да канавы і здзівілася: на чорным смаляным шлюзе спінаю да яе сядзела тонкая дзяўчына ў чорным. Вецер слаба павяваў яе чорнымі лахманамі. Яна была як сухая русалка, што круціць віхры на дарогах.
Аднак гэта была не дзяўчына і не русалка. Над кабетаю тырчэла ву­дзільна. Гэта была Сарафінка, шаптуха. Яна ніколі не бачыла Сарафінкі, толькі чула, што тая ловіць рыбу і загаворвае на соль.
Сарафінка павярнулася. Яе твар быў пабіты зморшчынамі, з чорнымі, прыўкраснымі, бліскучымі вачыма.
– Рыбы не тапчы!
Сапраўды, аб дарогу біліся акуні й карасі. Боль іх і страх былі бязмеж­нымі, пік агоніі. Таму яна не любіла лавіць рыбу. Раз у дзяцінстве выпусціла вялізнага бацькавага ляшча і атрымала сеткаю па нагах.
– Баба Сарафінка, ці не маглі б вы мне нагаварыць на соль ці канфеты? Ад спалоху.
– Вазьмі вунь там садок, укінь рыбу і спусці ў ваду, – адказала тая.
Цяжка думаць, як рыбы ўзрадуюцца, патрапіўшы ў ваду, як будуць біцца аб драцяную сетку, як вернуцца да агоніі і будуць вымушаныя прайсці яе да канца.
Яна падняла абсыпаныя пяском, трапёткія цельцы і хвілю раздумвала – кінуць іх у канаву ці ў садок. Кінула ў садок і з’ехала да вады. Прывязала садок за трыснёг.
“А ў казцы іх бы адпусцілі, і яны дасталі б пярсцёнак са дна”.
– Прыходзь заўтра на смажану рыбу, я табе ўсё папраўлю. Будзеш жыць як трэба. Толькі потым не расказвай, што я рабіла, бо згінеш, як сляпы сабака.
Сарафінка вудзіла, яе спадніца і шаль веялі, а яна ішла ўздоўж канавы дадому. Раптам пачула роспачнае мяўканне. З канавы на дарогу выпаўзала мокрае кацяня. Тапілі – не датапілі.
Яна ўзяла трывушчае кацяня ў прыпол, пералезла праз насып, каб скараціць шлях, і ўбачыла за насыпам яр, на ягоным дне – мёртвыя, скасцянелыя і пагрызеныя парэшткі быдла, дзе-нідзе яшчэ пакрытыя чорна-белай плямістай шкурай. Псейкі, рагулі, рабіны, падласкі. Свойскія кароўкі. Былі карміліцы, а потым пайшлі на мяса ці сюды.
Адхон скатамагільніка быў папратыканы, бы голкаю, норкамі ластавак-бераговак. Самі берагоўкі з прарэзлівым енкам лёталі за мошкамі.
Тапленне кацянят. Гарэнне бяроз. Скатамагільнік і берагоўкі. Усё тут падшытае смерцю. І жыццё кароткае, жудаснае і цудоўнае, як тры купаль­скія дні, калі ўсякая трава славіць неба.

Смерць крадзецца ўночы

Яна вынесла крэсла і сядзела ля хаты з кацянём у прыполе. Сядзець на прызбе з непрывычкі цяжка. Хутка стамляецца задніца. У бабы не было мэблі для адпачынку. Ложак з шышкамі? Каб спаць. Крэслы, зэдалі і ўслоны? Каб сядзець за сталом, або рабіць сядзячую работу. З зэдаля і лаўкі не паглядзіш тэлевізар, на “краваці” не пачытаеш кніжку. Беларускае радыё са сцяны бубніць, сее смерць і смутак. Ні крэслаў-гойдалак, ні седакоў-шэзлонгаў, ні канапы, ні тахты з капою падушак. Тут не засядзішся і не заляжышся, мэбля муляе. Тут трэба завіхацца ад нараджэння да смерці.
Між тым цямнела, і над ганкам запаліўся “накапляльны” ліхтар. Мясцовыя думалі, што гэта камера, якую яна ўсталявала, каб пільнаваць сваё міфічнае дабро.
Святло ад ліхтара клалася на бялюткую сцежку ад варотцаў да ганка, а ўзбоч ляжала цемра. Чыясьці котка ганялася ў пляме святла за мятлушкамі. У травах і бульбе чуліся шолахі. Можа, гэта ўрэшце дохлі і ападалі “каралацкія жукі”. І раптам шолах зрабіўся разумным, людскім і нядобрым.
Праз гарод краліся трое “парцізанаў”, адзін за адным, невысокія, прыгорбленыя, з падагнутымі каленямі і выпнутымі кадыкамі, адрынутыя, непатрэбныя, злыя як шэршні. Невядома, ішлі па “бутылку”, “вупіць”, ці па дровы, па брыкет, па сушаную бялізну ці па ўяўнае золата, што свеціць-жарыць з падполу і слепіць іхнія крывотлівыя вочы. Калі па золата – то прыбілі б, як тую бабу, якая з пенсіі назбірала мільёны на пахаванне і пахвалілася ля крамы.
Яна падхапілася і знячэўку закрычала: “Ану, пайшлі вон!”, патрасаю­чы секачом для свінога зелля – добра навостранай S-падобнай штукай, насаджанай на кій. “Парцізаны” падаліся назад, сутыкнуліся, нехта ёўкнуў і вылаяўся, і ўсё сціхла.
Яна выйшла “пад камеру” са сваім секачом і закрычала:
– А ну ўцякайце да чортавай мацеры, я вас пазнала і на камеру запісала, зараз участковы сюды на матацыкле прыедзе.
Зашалахцела бацвінне, грамадка затупацела і рассыпалася. Напэўна, заўтра яна сустрэне іх ля крамы.
Яна счакала, прыслухалася да цішыні і прысела пад яблыняй. За суседскім плотам нехта тупаў і соп, сквапна жор траву разам з раннімі паданцамі. Можа, карова, а можа, чорт.
Хітрыя вы, хітрыя, а патом і дурныя. Чаго я сюды прыехала, вучаная і кручаная? Нашто я “вукапала” калодзеж? Нашто мне быў у хаце сякач, калі няма ў мяне свіней, і лебяды я не таўку з мукою?
Таму што я люблю самоту, зло, крывотлівасць і смерць. Тут я ў раі, тут я дома.
“Восень, прыгаслы прысак, мокрае пер’е птушак.
Прыходзь, прыходзь, калі ласка.
Пазбыцца ўсяго жаданага? Так”.

Чэрвень, 2009.