12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Вярцінскі

_____________________
"Ой, сад, ты, мой сад...", альбо Колькі ж ворагаў у беларушчыны


Аповед мой пра сад. Так, так, менавіта пра сад. Пра сад як, кажучы мовай слоўніка, “участак зямлі, заса­джаны дрэвамі, кустамі і кветкамі, і самі дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку”. Пра сад як прадмет, як тэму народнай песеннай творчасьці, як фальклорны вобраз (“Ой ты, сад, ты, мой сад...”, “Ой, у садочку цьвіла лілея”, “Цераз сад-вінаград па ваду хадзіла”, “Прыехаў дадому — мой сад не зялён” і г.д.). І пра сад метафарычны, пра сад беларушчыны, пра зялёны сад-вінаград нашай беларускай дзяржаўнасьці.
Словам, пра сад, а дакладней — пра тое, як я спрабаваў стаць садоўнікам — у прамым і пераносным сэнсе гэтых словаў, — што з гэтага выходзіла і якія зьведаў пры гэтым пачуцьці — ад бела-ружовай эйфарыі да засмучэньня, расчараваньня і трывожнага клопату.
Ну ды раскажу ўсё па парадку.
Колькі гадоў таму собіла мне прыдбаць на так званай Лысай гары, што пад Заслаўем, у так званым садова-агародным пісьменьніцка-настаўніцкім кааператыве пад назовам “Узгор’е”, дачу. Той, хто знаёмы са знакамітай паэмай Ведзьмака Лысагорскага, памятае, пэўна, што ў яе разьдзелах “Дзяльба” і “Будаўніцтва” маё прозьвішча не сустракаецца. Гэта тлумачыцца тым простым фактам, што я быў на той час толькі пачынаю­чым пісьменьнікам і ня мог прэтэндаваць на сваю долю ў кааператыве. І толькі ўжо праз шмат гадоў, ці не ў 1977 годзе, купіў гатовую “фазэнду” ў дырэктара адной з менскіх школаў. (Дарэчы, зьдзелка адбылася — прыемна згадаць — без якіх-небудзь чыноўнікаў, натарыусаў і пошлінаў, проста абмяняліся, на ўсялякі выпадак, расьпіскамі і ўсё тут.) І стаў такім чынам дачнікам-“лысагорцам”. Натуральна, не бяз пэўных эмоцыяў, ня без душэўнага ўзрушэньня. Цешыўся, радаваўся. Радаваўся драўлянай, хай сабе і ня рубленай, хаціне з гарышчам, радаваўся рознаму гаспадарчаму, у прыватнасьці, цясьлярскаму рыштунку, радаваўся агародзіку, абсаджанаму па перыметры ягаднымі кустамі. Ды, здаецца, больш за ўсё цешыўся-радаваўся той акалічнасьці, што рабіўся ўласьнікам саду, што на гэтых самых “сотках” расьлі яблыні, сьлівы і грушы. Так, надзвычай хвалявала душу персьпектыва мець собскі, хай і невялічкі, садзік, мець магчымасьць назіраць яго квітненьне ўвесну, а летам сьмела, без аглядкі, зрываць плод проста з галінкі. Я аглядаў-разглядаў дрэвы, знаёміўся, так бы мовіць, вітаўся з кожным паасобку. Тут, мабыць, давала пра сябе знаць тая акалічнасьць, што ў роднай вёсцы было мала садоў, усяго на трох ці чатырох сядзібах, не было саду і каля бацькоўскай хаты. Прыходзілася лазіць у чужыя, рабіць на іх начныя партызанскія налёты...
І вось збывалася блакітная дзіцячая мара — мець свае яблыні.
Разьмеркавалі з Адай абавязкі наступным чынам: яна будзе займацца агародам і кветкамі, а я — садам. З энтузіязмам неафіта ўзяўся за новую для сябе справу. Пачаў з таго, што стаў падбіраць адпаведную літаратуру — кнігі, брашуры, календары. На паліцы выстраіліся шэрагам: “Азбука садавода”, “Прысядзібны сад”, “Глеба для саду”, “700 парадаў садаводу-аматару”, “Шкоднікі і хваробы саду і агарода”, “Як абараніць сад ад шкоднікаў і хваробаў” ды іншыя. Не замахваўся, вядома, на лаўры Сікоры, але ж... Хацелася ведаць як мага болей. Ды і статус сябра садова-агароднага таварыства абавязваў. Стаў чытаць-учытвацца... Сьпецыяліс­ты-біёлагі, аўтары аднаго з пералічаных дапаможнікаў тлумачылі, што “да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі толькі эксплуататарскія класы мелі магчымасьць ужываць дастатковую колькасьць пладоў, а на сталах рабочых і сялянаў фрукты зьяўляліся толькі зрэдку”. Што “сад для савецкага чалавека — гэта радасьць і краса, нагляднае выяўленьне росту культуры і дабрабыту гораду і вёскі”, што яны, сады, “упрыгожваюць наш быт, ачышчаюць паветра, паляпшаюць мікраклімат”. “Праца ў садзе, — зазначалі аўтары другой кнігі, — зьяўляецца лепшым відам актыўнага адпачынку, спрыяе ўмацаваньню здароўя, здымае няр­вовае напружаньне, паляпшае настрой (прызнавалася, такім чынам, што і ў савецкага чалавека мог, хоць і зрэдку, псавацца настрой. — А.В.), разьвівае любоў да прыроды, да роднай краіны”.
Словам, аўтары кніг-дапаможнікаў па садоўніцкай справе, даючы карысныя зьвесткі і парады, адукоўвалі, заахвочвалі, натхнялі мяне, пачынаючага садавода. І нават выхоўвалі ў патрыятычным духу. Якраз тады трапілася мне на вочы (на лаўца і зьвер бяжыць) публікацыя майго земляка-віцябляніна, кандыдата сельскагаспадарчых навук Міхаіла Шломы пад інтрыгуючым, вобразным назовам “Але ж у Беларусі наліўны яблычак можа прыносіць гаспадарам залаты сподачак”. З яе я даведваўся, што “рэспубліка Беларусь, асабліва Віцебшчына, здаўна лічыцца краем садоў”, што “біялагічныя ўмовы для разьвіцьця садоўніцтва ў нас створаныя самой прыродай, калі хочаце — Богам, і не карыстацца гэтым да­рам — вялікі грэх”, што — навуковец рабіў экскурс у гістарычнае міну­лае, — “багацейшыя калекцыі пладовых дрэваў з заходняга рэгіёну імператарская Расія адпраўляла праз Пецярбург і Маскву ў Амерыку (чаранкі больш за 400 гатункаў яблыняў), а знакамітая беларуская антонаўка, вырашчаная ў садах Віцебшчыны, высока цанілася на рынках Маск­вы, Пецярбургу, Кіева, Варшавы”. Біёлаг згадваў імёны славутага навукоўца — садавода Івана Сікоры (таксама віцябляніна, як вядома), якім была створаная і апрабаваная калекцыя звыш шасьці тысячаў пладовых дрэваў(!), таленавітага полацкага садавода-аматара Івана Трыпука. Па­дзяліўся і сваім уласным вопытам: здымае з яблыні гатунку “Менскі”, што займае плошчу 15 квадратных метраў, 7 стандартных скрынак яблыкаў. Прытым без асаблівых матэрыяльных і фінансавых затратаў.
Добразычлівыя, мудрыя парады сьпецыялістаў, практычны станоўчы вопыт віцебскіх садаводаў-энтузіястаў, паўтараю, заахвочвалі, прыдавалі імпэту, веры ў посьпех. Пачаў ужо падумваць напрадвесьні пра садовы інвентар. Але... О гэтае фатальнае, ці непазьбежнае “але”!
Справа ў тым, што знаёмячыся са згаданай літаратурай (як айчыннага, так і замежнага паходжаньня), я напачатку неяк ня вельмі ўважліва (давала знаць эйфарыя, ці што!) спыняўся на разьдзеле, дзе размова ішла пра... шкоднікаў і хваробы сада, садовых дрэваў. Потым стаў паступова спатыкацца на гэтай тэме, стаў, што называецца, пры бліжэйшым чытаньні-разглядзе высьвятляць, што... Што адзін з галоўных клопатаў садавода — абарона пладовага саду ад шматлікіх шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хваробаў. Што ў пладовых дрэваў і ягадных кустоў няма такога органа, які б ня мог пашкоджвацца рознымі насякомымі, расьлінаяднымі кляшчамі, а таксама хваробамі, як інфекцыйнымі, так і неінфекцыйнымі. Што ня менш за 150 відаў шкоднікаў і хвароб зьяўляюцца асабліва небясьпечнымі спадарожнікамі нашых садоў. Што найбольш шкоднымі і шырокараспаўсюджанымі сярод іх у апошнія 8-10 гадоў зьяўляюцца пядзенікі, у прыватнасьці пядзенік зімовы і пядзенік-абдзі­рала, яблыневы кветкаед, яблыневая і сьлівовая пладажэркі і ліставёрткі, парэчкавая, яблыневая і іншыя віды моляў, яблыневая молеліставёртка, яблыневая медзяніца, кольчаты шоўкапрад, лістагрызучыя слонікі, а таксама розныя тлі, кляшчы, жукі і г.д. і да т.п. Што з хваробаў найбольшую шкоду прычыняюць саду парша, мучністая раса, розныя гнілі; асабліва парша, якая, як я даведаўся, паўсюдна распаўсюджана ў краіне, надзвычай мабільная, хутка пераносіцца ветрам і ўзбуджальнік якой плодзіцца амаль у геаметрычнай прагрэсіі. Вось так...
“Кожны год, нягледзячы на пагодныя ўмовы, — чытаў я далей, — тысячы шкоднікаў (ішоў доўгі пералік) атакуюць пладовыя дрэвы. Ідуць зьнізу ўверх вясной і зьверху ўніз летам і восеньню. І нібы разбойнікі зьядаюць і нішчаць усю расьліннасьць, лісьце і плады”. “Нішто сабе зьявішча!” — зазначыў паціху. А неўзабаве пераканаўся ў слушнасьці прыведзенага апісаньня наглядна, калі гля­дзеў тэлеперадачу “Наш сад”. Павелічальнае шкло высьветліла раптам на ўвесь блакітны экран стракаты жахлівы малюнак — аблепленае зьнізу да верху лічынкамі, яйкамі і кукалкамі насякомых пладовае дрэва. Вось табе і “сад-вінаград, зялёная вішня”, і “ой, у садочку цьвіла лілея...”.
Ад зьвестак тых, таго малюнку пачынаючаму садаводу-аматару рабілася не па сабе. Тэмпература майго садоўніцкага запалу стала зьніжацца градус за градусам.
Потым яшчэ стала бянтэжыць, нават палохаць афарбоўка, неверагодная гама колераў, уласьцівых гэтым самым лічынкам, вусеням, матылькам, кукалкам і г.д. Пупышкі яшчэ знаходзяцца ў зімовым сьне, а на пладовых галінках можна ўжо разгледзець праз лупу чорныя бліскучыя яйкі тлей, аранжавыя яйкі медзяніц і чырвоныя яйкі кляшчоў. Яблыневая тля — зялёная, чырвонагаловая або шэрая, вусень пядзеніка — зялёны з чырванаватай паласой уздоўж сьпіны (заўважу, забягаючы крыху наперад: амаль афарбоўка сёньняшняга дзяржаўнага сьцягу); вусені молі — брудна-крэмавыя з чорнымі плямамі ці зеленавата-шэрыя з чырванаватым адценьнем (зноў чырвонае з зялёным!), а кукалка — сьветла-карычневая ў белых коканах; кукалка няпарнага шаўкапрада — чырванавата-бурая, а залагузкі — буравата-чорная з чырванаватым адценьнем; сама ілжэшчытоўка — чырванавата-карычневая з цёмнымі папярэчнымі палоскамі, а яе лічынка — шырокаавальная. Ад бледна-жоўтага да аранжава-чырвонага і карычневага колеру (зноў узьнікае асацыяцыя з колерамі пэўных палітычных сілаў); колеры дарослых медзяніц — ад жаўтавата-зялёнага да жаўтаватага з аранжавымі палосамі (зімовая форма) і ад чорна-карычневага да аранжава-чырвонага (летняя форма)... Вось якая тут каляровая гама, якая градацыя фарбы! Чытаў, назіраў, набываючы пэўныя практычныя навыкі садавода, і ў вачах мітусілася, стракацела, а ў душы сьпела сумненьне-пытаньне, наколькі ж пасьпяхова можна змагацца з гэтым ня толькі агрэсіўным і пражэрлівым, але яшчэ ў дадатак і з такім пагражальна расфарбаваным “воінствам”.
Ну а ці не апошняй кропляй стала адкрыцьцё невядомага мне зусім да гэтага шкодніка — вадзянога пацука. Адбылося гэта наступным чынам. Заўважыў неяк на пачатку лета пагорачкі сьвежай зямлі паміж яблыняй і вішняй. Крот? Падобна, але ўсё ж ня ён: пагорачкі крыху іншыя, меншага памеру, і складаюць суцэльную палоску з уваходам у цэнтры. Капнуў рыдлёўкай і ўбачыў нешта накшталт даволі прасторнай лініі метро. Што за дзіва? Хто б гэта мог быць? Таямніцу ўдалося раскрыць, дзякуючы падслуханай ў электрычцы размове. Цётачка гадоў пяцідзесяці распавядала з болем сваёй суседцы пра тое, што яе любімую яблыньку зьнішчыў... пацук. “Вельмі ж добрая была яблынька, цьвіла хораша, адно заглядзеньне, пладаносіла два гады запар, а гэтай вясной, гляджу, пацямнела, — ледзь не галасіла мая спадарожніца. — Пацук зьнішчыў яе. Каб яго самога згрызла якая халера!” — “Пацук?!” — міжволі вырвалася ў мяне. — “Ну, так, пацук, — адназначна адказала цётка-садаводка. — Спрабавала я яго спаймаць, ды нічога не атрымалася. Ён хітры, хітрэйшы за крата... Гэта ж трэба, раней былі толькі жукі ды кляшчы, а цяпер вось яшчэ і пацук завёўся.” — “Упершыню, ведаеце, чую, каб саду шкодзіў пацук”, — пачаў перапытваць я. — “Я таксама да сёлетняга года ня ведала. Нядаўна даведалася ад нашага агранома, што ёсьць такі, вельмі шкодлівы для саду. Гэта ня мыш-палёўка і не звычайны хатні пацук, а вадзяны, — усё з той жа роспачнай ноткай у голасе распавядала цётка. — Зімой ён жыве ў лесе ці ў якім вадаёме, а летам прыходзіць у сад і корміцца карэньнямі дрэваў...” Яна хацела яшчэ нешта дадаць, але цягнік падышоў да станцыі “Зялёнае” і я, падзякаваўшы за кансультацыю і пажадаўшы посьпеху ў змаганьні з вадзяным пацуком і іншымі грызунамі, падаўся да свайго садова-агароднага “Узгор’я”, да свайго садзіка, які, як высьвятлялася, мала любіць, шанаваць, даглядаць ды яшчэ, можа, апяваць у вершах, але які яшчэ трэба пільна ахоўваць, а то і проста ратаваць ад безьлічы ворагаў і хваробаў. Не хапала яшчэ вадзянога пацука, абураўся я, тупаючы знаёмай сьцяжынай. Пяецца ў песьні, што “у садочку цьвіце лілея”, пяецца ў іншай “А ў садзе рэчанька, а ў садзе быстрая...” Але, каб у садзе ды вадзіўся вадзяны пацук... Выходзіць, што ў песь­ні — адно, а ў жыцьці — іншае.
Ну ды пара пераключыць план, самы час перайсьці ад саду існага, ад некалькіх рэальных садовых дрэваў да ўпамянёнага вышэй саду беларушчыны, да маладых, яшчэ не акрэплых як сьлед дрэваў нашай нацыянальнай дзяржаўнасьці.
Пачатак быў прыблізна гэткі ж. Яна, наша новая дзяржаўнасьць, паўставала, адраджалася ў бела-ружовым сьвятле эйфарыі, на хвалі высокага рамантычнага ўздыму. Перабудова. Галоснасьць. Дэмакратызацыя. Прыняцьце Закону аб мовах, згодна з якім занядбаная беларуская мова набывае высокі статус мовы дзяржаўнай. З радаснымі сьлязьмі на вачах віншуем адзін аднаго. Першыя, даволі дэмакратычныя выбары ў Вярхоўны Савет. Прыняцьце Дэкларацыі аб Дзяржаўным суверэнітэце і Пастановы аб аднаўленьні нацыянальных сімвалаў — бел-чырвона-белага сьцягу і герба “Пагоня”. Зноў узаемныя віншаваньні, уздым, узрушэньне. Прыняцьце новага Асноўнага закону, новай Канстытуцыі, дзе чорным па белым запісана, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца “унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай” і “валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку”. Як тут было, зноў-такі, ня радавацца, ня поўніцца пачуцьцём патрыятычнага гонару і гарачай веры ў заўтрашні дзень роднай краіны!
Нас у нашым абуджэньні, у нашым памкненьні быць суверэннай дзяржавай заахвочваў адпаведны вопыт сусьветнай цывілізацыі, набыткі перадавой, гуманнай думкі. Мы згадвалі словы расейскага філосафа і палітыка пра тое, што “ўсякі нацыянальны рух мае на мэце незалежнасьць”, і выснову нямецкага філосафа, што “вышэйшым гонарам для нацыі зьяўляецца стварэньне сваёй дзяржавы”. Мы з цікавасьцю і задавальненьнем прымалі да ведама пасланьне першага прэзідэнта Расіі Федэральнаму сходу, якое называлася “Аб дзейнасьці дзяржаўнай улады” і зьмяшчала наступныя палажэньні: “Мы яшчэ не ўспрымаем дзяржаву як адно з найбольш значных дасягненьняў сусьветнай гісторыі, сацыяльнай культуры. Без яе немагчымае цывілізаванае чалавечае агульнажыцьцё. Дзяржава — ня толькі інстытуты ўлады і занятыя ў ёй іх чыноўнікі. Яна зьяўляецца перш за ўсё палітычнай арганізацыяй усіх грамадзянаў краіны, іх сумесным дасягненьнем і агульнай справай. Таму крайне небясьпечная апазіцыя дзяржаўнасьці як такой”.
Мы, натуральна, зьвярталіся па мудрую параду, па духоўную падтрымку да нашых вялікіх папярэднікаў, да слынных сыноў зямлі беларускай. Напрыклад, перачытвалі нанова нарыс выбітнага гісторыка і этнографа М.Доўнар-Запольскага “Асновы дзяржаўнасьці Беларусі”, у прыватнасьці, наступныя радкі: “Народ, каторы праз колькі сот гадоў самага цяжкога гістарычнага жыцьця, ня­гледзячы на вострую нацыянальную барацьбу і на ўціск урада найдужэйшага на сьвеце гаспадарства (дзяржавы. — А.В.), ня ўтраціў свае нацыянальнае самабытнасьці, — народ, меўшы праз некалькі сталецьцяў сваю гаспадарсьцьвенную незалежнасьць, — народ, каторы мае свае яркія асобеннасьці этнаграфіі і языка, — такі народ мае і цяпер усе правы на гаспадарсьцьвенную незалежнасьць”.
Нас у нашым памкненьні быць самастойнай нацыяй, мець сваё “гаспадарства”, г.зн. сваю дзяржаву, заняць па праву “свой пасад між народамі”, нас у гэтым новым, яшчэ нязвыклым і для нас саміх статусе вітаў блізкі і далёкі сьвет. У Менску адкрываліся, адно за адным, пасольствы замежных краінаў, у тым ліку такіх вялікіх, як Кітай, ЗША, Індыя. Кітай адным з першых устанаўлівае дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь і прысылае ў якасьці першага амбасадара вопытнага дыпламата — знаўцу славянскіх моваў. З афіцыйным візітам наведвае Беларусь прэзідэнт ЗША Клінтан, схіляе галаву перад Крыжом пакутнікаў у Курапатах, выступае ў Акадэміі навук і з бел-чырвона-белым сьцяжком у руках гутарыць з менчукамі на плошчы Перамогі. З другога боку, нашу ўрадавую дэлегацыю цёпла сустракае Варшава: вуліца Бельведэр, на якой знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта, расквечаная бел-чырвона-белымі і бела-чырвонымі сьцягамі (відовішча незвычайнае!), добразычліва, па-народнаму проста гутарыць з намі, членамі дэлегацыі, Лех Валенса, а прэм’ер-міністр Ян Альшэўскі кажа ў разьвітальным тосьце пра агульнасьць лёсу дзьвюх суседніх краінаў, якія, нарэшце, “праз шмат гадоў гвалту і падзелаў з боку розных заваёўнікаў здабылі свабоду і незалежнасьць і сталі разам на шлях самастойнага дзяржаўнага разьвіцьця”. Са спагадай і разуменьнем разважае пра наша культурнае і нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне прэзідэнт Фінляндыі Мауна Койвіста падчас сустрэчы ў Вярхоўным Савеце рэспублікі. Ён спасылаецца на аналагічны вопыт свайго народу, падрабязна расказвае, у прыватнасьці, якім чынам ішло ўсталяваньне фінскай мовы ў якасьці дзяржаўнай, як адраджалася нацыянальная культура і адукацыя. Наведвае Беларусь таксама старшыня Нацыянальнага Савету Федэральнага сходу Швецыі Ханс-Рудольф Небікер. Выступаючы з трыбуны Вярхоўнага Савету, зацікаўлена гаворыць пра лёс нашай мовы, нашага народу, а потым у газетным інтэрв’ю зазначае: “У вас зьявілася вялікая магчымасьць стварыць новую незалежную дзяржаву, з новай канстытуцыяй, новымі законамі, устанавіць новы дэмакратычны парадак. Гэта будзе нялёгка, на гэтым шляху будуць сустракацца цяжкасьці, але храбрасьці вам не пазычаць. А галоўнае — верце ў вялікую будучыню Беларусі!”
Словам, мы пераконваліся, што сьвет не бяз добрых людзей, што мы не адзі­нокія, што ў новай Беларусі з яе натуральным імкненьнем быць незалежнай, суверэннай дзяржавай ёсьць шмат сяброў і прыхільнікаў. І гэта не магло, вядома ж, не абнадзейваць.

Была ўзрушанасьць парыву,
Была даверлівасьць сьвятла...

Але... Не абышлося бяз гэтага самага злашчаснага “але” і на гэты раз, як у старажытнакітайскай дуалістычнай філасофіі, сьветлы пачатак “інь” не абыхо­дзіцца бяз цёмнага пачатку “ян”. Тут жа, ледзь ні назаўтра пасьля абвяшчэньня Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце заявілі пра сябе і яго (суверэнітэту) ворагі. Напалі, так бы мовіць, на першацьвет. Чаго ўвогуле і трэба было чакаць, што і прадказвалі вопытныя палітычныя “садоўнікі”. Бо... “Появление вредителей и болезней сада, — цытую на мове арыгіналу адзін з названых вышэй дапаможнікаў для садавода-аматара, — совпадает по времени с той или иной фенофазой развития плодового или ягодного растения. Так развитие дерева в период набухания почек сопровождается обильным сокодвижением, и тут же начинают пробуждаться вредители. В период распускания цветковых почек многие вредители (яблонный цветоед, личинки яблонной медяницы и тлей) скапливаются на зеленых кончиках почек и начинают активное питание. Выходят из-под щитков гусеницы яблонной моли. Покидают зимние коконы гусеницы листоверток. Заканчивается созревание аскоспор парши яблони. Появляется спороношение плодовой гнили. В период цветения сада на него налетает вместе с полезными насекомыми масса паразитических перепончатокрылых, и многие из них начинают поедать плодовые цветки. Наблюдается массовый вылет бабочек кармашковой моли…”
Лепшага ў нашым выпадку алегарычнага вобразу не прыдумаеш. Насамрэч, як толькі ў маладога, яшчэ неакрэплага, неўкаранелага належным чынам дрэва беларускай дзяржаўнасьці сталі “набухаць пупышкі”, пачаўся “сокарух”, а затым зьявілася першая “квецень”, тут жа, не марудзячы, далі пра сябе знаць яго шкоднікі, як традыцыйныя, так і новыя. Тут жа аб’явіліся яго ворагі — палітычныя кветкаеды і ліставёрткі, ідэалагічныя молі і тля, абывацельская парша і гнілі. Якой афарбоўкі, колеру якога? Ад чырвонага да рудога, ад рудога да шэрага, да брудна-бляклага.

Прыехаў да саду — мой сад не зялён.
Прыехаў дадому — мой двор невясёл.

Прадоўжу з той жа мэтай цытаваньне таго ж дапаможніка. Размова ідзе пра чарговую фенафазу. “...После цветения сада продолжают вредить сосущие и листогрызущие насекомые. Ощутимый ущерб наносят в этот период яблонная плодожерка и разные болезни. В конце мая—первой половине июня появляются первые жуки. Гусеницы моли минирующей минируют и скелетируют листья. Повреждение листьев минерами снижает качество плодов, уменьшает их размеры. Деревья ослабевают. Кроме плодоносящих насаждений, минирующие моли вредят в молодых садах и питомниках, вызывая преждевременную остановку роста побегов…”
Алегорыя, зноў жа, больш чым празрыстая. Аналогія поўная. Хіба ня нешта падобнае стала адбывацца з садам нашай дзяржаўнасьці пасьля прэзідэнцкіх выбараў і сумнавядомага рэферэндуму. Асьмялеўшы, як шматлікія ворагі — “сосущие” і “грызущие”, “минирующие” і “скелетирующие”, “летающие” і “ползающие” — ад вынішчанай імі першай квецені і завязі сталі пераходзіць на “лісьце”, на “кару”, на “карэньне”, накінуліся нават на зусім крохкія “саджанцы” і “парасткі”, г.зн. на будучыню, на заўтрашні дзень саду беларускай дзяржаўнасьці.
Да колераў ранейшай “фенафазы” дадаліся яўныя чырвона-карычневы і чырвона-зялёны. Ды яшчэ жоўты — колер здрады.

Ой ты, сад, ты мой сад,
Сад зялёненькі,
Ты чаму рана цьвіцеш,
Асыпаешся?

Так сьпяваецца ў песьні. Ну а калі б ня рана зацьвітаў-квітнеў, то што — не асыпаўся б? Не нападала б на яго процьма розных шкоднікаў? І потым — чаму рана? Хіба беларусу, якому, як ужо казалася, самой прыродай, Богам самім наканавана любіць і шанаваць пладовае дрэва, быць дбалым садоўнікам, — хіба невядома яму, калі цьвісьці ды пладаносіць ягонаму саду. Вядома спакон веку. Вядома яму здаўна і тое, як змагацца з усялякімі шкоднікамі ягонага саду, з ворагамі ягонай сядзібы. Нездарма ж вялікі класік, карані якога, дарэчы, у прыгожым, багатым на сады палескім сяле Дастоева, напісаў пра беларуса — аратая і садоўніка: “Усякая здаровая і зямная сіла верыць у самую сябе і ў сваю праўду, і гэта найпершая адзнака здароўя народнага. Бяз гэтай веры ў саміх сябе ня выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў сябе ніколі”.
Ёсьць надзея, што і сёньня, і надалей народу нашаму хопіць моцы, каб ратаваць сябе, а гэта значыць — адстойваць і ратаваць сваю ўсеагульную сядзібу — Беларусь і вырашчаны на ёй, на гэтай сядзібе, коштам вялікіх намаганьняў і пакутаў сад сваёй уласнай гаспадаркі, сваёй незалежнай дзяржаўнасьці.