12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Вярцінскі

_____________________
Сьвятло любові.
Вершы

Рукапісы не губляюцца...
Прапаную ўвазе чытачоў “Дзеяслова” своеасаблівае невялікае “выбранае” – падборку вершаў, якія аб’ядноўвае адна акалічнасьць: напісаныя ў розныя гады, яны нідзе і ніколі, па розных прычынах, не публікаваліся. Некаторыя з іх, прызнацца, выношу на суд чытачу і не бяз пэўнага сумневу. Але...
Ідэя рашэньня ўзнікла такім чынам. Разьбіраючы нядаўна сваю даволі, на жаль, вялікую і разнастайную архіў­ную гаспадарку, наткнуўся раптам, літаральна нечакана на... зусім забыты блакнот. Ад нечаканасьці нават сумеўся, не паверыў адразу вачам сваім. Бо на зеленаватай, аздобленай пэўным малюнкам вокладцы блакнота (прадукцыя колісь вядомай картанажнай фабрыкі г. Ліепая) выразна значылася: “ Вершы (ІV). 20.08.54 г. А. Вярцінскі”. Нішто сабе знаходка! Адшукаліся, быццам з нябыту зьявіліся вершы, якія, аказваецца, напісаны больш як паўвека таму і напісаны падчас студэнцкіх канікулаў у роднай вёсцы, пад страхою бацькоўскай хаты.
Адгарнуў вокладку і, зноў жа, з цяжкасьцю паверыў сваім вачам. Блакнот адкрываўся не звычайным вершам, а творам алегарычным, байкай пад назовам “Суд над вераб’ём”. Яна заняла цэлых пяць старонак, густазапоўненых сьціслым почыркам – радкамі аповяду пра тое, як “піваварствам захапіўся шэры і – чык-чырык – стаў піва піць бяз меры”. За што і быў выкліканы на так званы вераб’іны таварыскі суд. Зьмешчаная ніжэй другая байка прысьвячалася іншай, на думку пачынаючага паэта-студэнта, надзённай грамадскай зьяве. Яе галоўныя персанажы Салавей і Ластаўка разважаюць – спрачаюцца на тэму,

Чаму майстры пяра для салаўёў
Знаходзяць мноства пранікнёных слоў,
А ластавак увагай абыходзяць,
Для іх слоў добрых не знаходзяць...

Шчыра скажу: толькі вось цяпер, дзякуючы “блакноту №4”, увачавідкі пераконваўся, што меўся колісь, на пачатку творчага шляху, падацца ў байкапісцы, меў схільнасьць да іншасказу, павучаньня, прыпавесьці (гэта ўсё ж, мабыць адметнасьць нашага нацыянальнага менталітэту).
Знайшліся ў “уваскрэслым” блакноце і ўласна вершы. “Вярніся ў Сарэнта” – пра шчасьлівае савецкае студэнцтва, “Два сюрпрызы” – пра менш шчасьлівае, з прычыны таго ж самага “піваварства”, сямейнае жыцьцё і, нарэшце, даўжэзны, каля 150 радкоў ( з цяжкасьцю дачытаў сам) верш-інвектыва “Пісьмо да былога друга”, у якім аўтар ва ўсю выкрывае, выхоўвае, заклікае да здаровага ладу жыцьця нейкага умоўнага, статыстычна-сярэдняга (у сапраўднасьці такога не было) сябра-равесьніка. Пафасна зьвяртаецца да яго:

А ведаеш ты пра тое, скажы,
Што сёньня з надзеяй і марай
Глядзяць на нас з табой з-за мяжы
Кітайцы, палякі, балгары?
На нас як раўняюцца, паглядзі,
Як даражаць нашым словам.
Дык будзем жа мы для іх як адзін
Сапраўдным правафланговым!..

Ня з мэтай апраўданьня (у чым тут апраўдвацца?), а дзеля справядлівасьці згадаю, што твор гэты ня толькі не прапаноўваў якой-небудзь рэдакцыі, але, здаецца, нікому нідзе і не чытаў. Тым болей – публічна. Таму, мабыць, так і згубіўся б ён, так і праляжаў , забыты, закінуты, шмат гадоў у доўгай шуфлядзе. Ну ды вось, як высьвятляецца лішні раз, рукапісы ня толькі не гараць, але і не губляюцца. Ва ўсякім разе ў некаторых выпадках.
І тут я вяртаюся да пачатку сваёй прадмовы.
Датаваны жніўнем 1954 году блакнот ня толькі даў мне шчасьлівую мажлі­васьць вярнуцца на нейкі момант у матэрыяльна ўвасобленае мінулае, але са­служыў яшчэ адну добрую службу. Фактам свайго існаваньня ён падказаў мне ідэю паглядзець іншыя свае папяровыя “залежы” (блакноты, сшыткі і г.д) і, не лянуючыся, пашукаць там вершы, якія па той альбо іншай прычыне ня ўбачылі сьвет у свой час ды, можа быць, вартыя таго, каб гэты белы сьвет пабачыць. Я прыслухаўся да гэтай падказкі. Параіўся з рэдактарамі нашага слаўнага “Дзеяслова”. Яны мой намер ухвалілі. Ну і дзякуй Богу.
Кастрычнік, 2006

Вясновы ўспамін
...Я ў доме адпачынку.
Першы, другі заезд.
І вось сустракаю дзяўчынку –
лепшую з нявест.
Нявестай яна ня стала.
Яна – ня жонка мая.
Але больш стройнага стана
ніколі ня бачыў я.
Точаныя ножкі,
вытачаны твар.
Вочы – раскосыя трошкі,
Такія, як у татар.
Мы з ёй – на алеі парка,
Гуляем з ёю ў лато.
«Вы, Оля, хто – татарка?»
«А вы угадайце – хто.
Не угадаеце? Цяжка?
Тады матайце на вус.
Чувашка я, чувашка,
Таварыш, белы рус!
Ня ведаць такой нацыі!
Ведаць пара даўно...»
Мы з Оляй ідзем на танцы,
З Оляй ідзем мы ў кіно.
Што нам трэба болей.
Ёсьць у нас маладосьць,
Ёсьць у Толі — Оля,
А ў Олі — Толя ёсьць.
А ў Олі сэрца ранімае –
Проста бяда адна!
А ў Олі сэрца раўнівае—
Як раўнавала яна!
Якою страшнаю караю
Тады пагражалі мне
З раскосінкай, карыя,
Чувашскія вочы яе!
Калі ж адыходзіў поезд,
Калі раставаліся мы,
Былі ў вачах тых – боязь,
Любоў і боль нямы.
Мы не спаткаліся болей.
Увесь успамін. Амін...
...Дзякуй табе, Оля,
за гэты вось успамін!
Сакавік, 1956

Заводзім...
Ранкам, калі адзьвіняць будзільнікі,
Заводзім наручныя гадзіньнікі.
Заводзім маторы, размовы заводзім,
Заводзім канвеер на заводзе.
Разам з спружынамі і пасамі
Заводзім сябе, заводзімся самі.
Заводзім так свае душы і целы,
Каб іх хапіла на дзень цэлы,
Каб дастаткова было саміх
Для клопатаў дзённых, дзённых шуміх.
А вечарам, зьняўшы з рук гадзіньнікі,
Заводзім стомлена будзільнікі...
1957


чыё здароўе п’ем?
Лірычна-сатырычнае прызнаньне

Вы, мабыць, чулі гэты тост,
Які калісь прыдумаў хтось,
Што абышоў паўсьвета:
«Ну, за здароўе вераб’я!»
Нядаўна здагадаўся я,
Што азначае гэта.
Я галаву ламаў раней:
«Прычым тут шэры верабей?»
Разгадваў я загадку
Наконт здароўя вераб’я.
Нарэшце, здагадаўся я.
Але пачну спачатку...
Нядаўна быў я ў гасьцях.
Пілі і елі – проста жах!
Гарэлкі было мора.
Так. Што займала дых
і слых,
Пілі ўсе за здароўе ўсіх –
Ніхто ня быў, каб хворы.
І я там быў,
і я там піў,
Усё, як іншыя, рабіў,
Чуў тосты зноў і зноў я –
За мір, за шчасьце, за жыцьцё,
А перш за ўсё, а перш за ўсё –
Вядома, за здароўе.
Тры дні балела галава,
Хадзіў, як безгаловы.
Загадка мучыла адна:
«Піў за здароўе я да дна,
Чаму ж я нездаровы?»
Тут аб’явіўся верабей;
«Затое я стаў здаравей,
Стаў весялей чырыкаць!
Як зноў пачуеш «будзь здароў!» –
Мяне і іншых вераб’ёў
Не забывай паклікаць...»

То была ява, а ня цуд,
Інакш як вытлумачыць
тут.
П’ю дома ці ў сяброў я,
Чым больш я за здароўе п’ю,
Тым больш я ад хвароб цярплю,
Тым менш яго, здароўя?
1957


Начное разьвітаньне
Пакідаў гарадок я рана-рана.
Рана цябе пакідаў, Сьвятлана.
Маўчала ноч,
Сьціснуўшы зубы, —
Як даўшы абет
Маўчаць да згубы.
Я ўбачыў твой дом.
Тваю таполю.
Прашу: «Пачакай!»
«Пасігналь!» – прашу.
І ён зразумеў маю душу.
Побач сігнал выбухае імгненна.
Наўрад ці ёсьць вогненная геенна,
А гукавая геенна ёсьць.
Я ў ёй варуся –
Вось яна, вось!..
Пакідаў гарадок я рана-рана,
Калі ты соладка спала,
Сьвятлана.
Ці ты чула, можа,
праз сон,
Як узвыў пад акном клаксон.
Узвыў на высокай,
трывожнай ноце –
Я пакідаў цябе ў адзіноце.
Трубіў трывожна – мяне самога
Нейдзе чакала
зноў самота.
Трубіў трагічна...
Сьвятлана, Сьвятлана!
Сьпі спакойна да сьвітаньня.
Сьпі, пакуль прыдзе дзень
на зямлю.
Сьпі мілая,
я цябе люблю...
Лістапад, 1958

Сітуацыя
Мне раптам здалося,
што мой візаві
Глядзіць на мяне неяк коса.
Я ўдарыў яго вышэй носа.
Як хочаш, так гэта назаві,
А я ударыў яго да крыві,
Заехаў па твары проста.
«За што?!» – схапілі мяне за руку.
«Ты варвар!» – мне крыкнуў хтосьці. —
«Не давай волі кулаку!»
«Хто цябе зваў у госьці?!»
А мой візаві размахнуўся
і – раз! —
Ударыў мяне па твары.
«Вы бачылі?! –
крыкнуў я у адказ.
— Варвар я ці ня варвар?
Ну, што вы скажыце цяпер?
Значыць, ён меў варожы намер.
Значыць, хацеў задрацца ён,
Значыць, меў я рацыю,
Значыць, правільна я зрабіў,
Што першы морду яму набіў...
Што? Ён ня вінны,
Ён ні прычым?
Мне ўсё гэта здалося?
Што? Не было ніякіх прычын
Біць яго па носе?
Дык ён апраўдваецца ўсяляк!
Ён жа нахабнік проста!..»
І тут я зноў занёс кулак,
Толькі ўжо болей злосна...
1965


Паэма любові
Фрагменты

* * *
Стварыць бы паэму асноўную.
Паэму ня столькі слоўную,
Колькі духоўную, кроўную
Колькі з душы – крыві.
Паэму асноўную, поўную
Любові і дабрыні.

* * *
Любое жывое хоча любові.
Ні болей, ні меней. Ні меней, ні болей.
«Любові, любові! Любасьці сьветлай!» –
Мне чуецца ў подыху весьняга ветру.
«Любові!» – мне чуецца ў песьні радзіннай.
Мне чуецца ў плачы сіраціны
Шмат чаго я нелюбоўю тлумачу.
Было б больш любові – было б іначай.

* * *
Нянавісьць вядзе на расправу,
Нянавісьць вядзе на разбой.
Любоў – на добрую справу,
Любоў – на праведны бой.
Нянавісьць вядзе завулкам
Цёмным, глухім, як зло.
Шляхам прасторным і гулкім
Любоў вядзе на сьвятло.
Нянавісьць вядзе на грані
Сьмерці і забыцьця.
Любоў абуджае ўраньні
Да вечнага жыцьця.

* * *
Любоў, як дрэва, расьце з зямлі,
А цягнецца ў паднябесьсе,
Туды, дзе лебедзі, дзе жураўлі,
Дзе воблакі, дзе песьня...
Верасень1966


Вятлуга
Я Волгу убачыў, убачыў Аку.
А потым – яшчэ адну раку.
Гляджу на яе я, дзіўлюся, слухаю...
Называюць яе Вятлугаю.
Хаця ня Волга яна, не Ака.
Але слаўная ўсё ж рака.
Яна ў тых краях імкне – плыве,
Дзе казка пра горад Кіцеж жыве...
Ці быў той Кіцеж, ці быў, ці ёсьць?
А Вятлуга... Вось яна, вось!
Над Вятлугаю ветры веюць.
Над Вятлугаю вербы сінеюць.
Над Вятлугаю – смуга.
А за Вятлугаю – тайга.
Над Вятлугаю сонца ўзыходзіць.
Нас з табой тут знаходзіць,
Шле нам сьветлы свой прамень,
Кажа ветла: «Добры дзень!»
Над Вятлугаю плыве лета.
Маё сэрца ім сагрэта,
Яшчэ плыньню цёплай рачной
Ды пяшчотаю тваёй.
Над Вятлугай – зара-заранка.
Я вельмі ўдзячны табе, валжанка,
За Вятлугу, што побач плыве,
За блакітныя вочы твае!

...........................
Над Вятлугаю месяц ўзыходзіць,
Нас з табой тут не знаходзіць.
За Вятлугаю – тайга.
А ў душы маёй – туга.
1972
Сон пра дзіўны дом
Сьніўся мне сёньня дзіўны дом.
Былі ў ім зьмешаны верх са дном.
Падлога была ў ім пад страхой,
А столь скрыпела пад нагой.
Было ўсё навыварат, наадварот...
Стаялі вароты – адсутнічаў плот.
Быў комін і засланка была,
Ды печ стаяла без цяпла.
Бо ўсё падбіралі – дзіўная рэч! —
Да засланкі той іншую печ.
Неверагодны быў гэты дом.
Хадзіў я з ключом па ім, нібы гном.
Але да ключа таго, як знарок,
Не падыходзіў ніводзін замок.
Гучала ў тым доме каханай імя.
Ды толькі ня мог сустрэць яе я.
Гучала імя – не было самой.
Я ў доме гэтым быў сам ня свой...
Дзівіўся, убачыўшы дзень у вакне:
«Чаму гэткі дом прысьніўся мне?»
1977


Жартам і ўсур’ёз
Да 30—годдзя Анатоля Сыса

Што сёньня дзеецца ў ЗША?
Там землятрус трасе Сан-Францыска.
А ў нас... у нас юбілей Сыса,
Гудзе паэтавай славы вятрыска.

Трыццаць – узрост яшчэ не Хрыстоў.
Ды гэта ўжо ўзрост аднаго з апосталаў.
Падобна, што юбіляр гатоў
Да апостальскага таго поступу.

Мы сёньня – ў адрозьненьне ад ЗША –
Жывем палітычнымі землятрусамі.
І не бяз чыннага ўдзелу Сыса
Тутэйшыя робяцца беларусамі.

Жадаю табе, дарагі Анатоль,
Былі каб заўжды – ні мала, ні многа, —
Над галавой – высокая столь,
Пад нагой – цвёрдая падлога.
Кастрычнік, 1989

Успамін пра паству

Ах, як не хацелася прачынацца!
Які быў моцны дзіцячы той сон –
На мулкім тым ложку, у цеснай той хатцы...
Мацнейшы за ранішні звон-перазвон.
Але праз сон той, салодкі, дзіцячы,
Даводзіў усё-ткі – нібы здалёк:
«Сынок, уставай! Прачніся! Сынок!
Сёньня ж, Толічка, наша радоўка.
Вунь нейчая ўжо мычыць кароўка.
Пэўна, Грыні павялі сваіх,
Яны выганяюць раней за ўсіх...»
Паспаць бы яшчэ з паўхвілі нейкай.
Вельмі ж цяжка было ўзьнімаць вейкі.
Ды будзіць каровінае «му-му».
Ды чую зноўку матулю саму:
«Сынок, уставай! Прачніся, золатка!»
Ах, як спалася тады соладка!
Ніколі так больш ня спалася мне.
Ні ў роднай, ні ў чужой старане.
Ды і пасьбы ўжо той больш не было.
Зьнікла, пайшла кудысь за сяло...
1993


І тут экран радара
Ня боская кара, ня вынік удара...
Проста зьнікаем з экрана радара.
Няясна, праўда, чыя гэта роля –
Ажыцьцяўляць той намер з кантролем?
1988

Лясныя дарожкі
Куды вядуць лясныя дарожкі?
Першая прывяла да старожкі.
Другая вывела на палянку.
А трэцяя, якой гуляў зранку,
Проста вывела раптам з лесу.
Ідзі, маўляў, да свайго прагрэсу
Ды чытай-гартай сваю прэсу...
1997


Пра адну залу
Зала была сапраўды Авальная.
Бачыў на ўласныя вочы яе.
Авальнай цяпер ужо не існуе:
Авальную зрабілі анальнай.
Помніце, сьпікер казаў пры нагодзе:
«Праходзьце, ня стойце ў заднім праходзе».
Прайшлі. Прыйшлі. Дайшлі да кропкі:
Ціснуць ягадзіцамі на кнопкі.
1999


Ці не глабальны цень?
«Цень КДБ над Альпамі»...
З газетнага загалоўка.
Цень КДБ над Альпамі,
Над Андамі, над Апенінамі,
Над горнымі, словам, краінамі...
Дык што ўжо казаць пра край мой –
З ягонымі баравінамі,
З ягонымі раўнінамі,
Сьціплым, наіўным,
З ягонаю пакорай,
Ніжэй за узровень мора.
2000


Памяці Максіма Лужаніна
Жаўтлявай рукой ахапіўшы лоб,
Ён гаварыў ціха, журботна:
«Жыцьцё пакідаць лягчэй было б,
Калі б быў лад у краіне роднай.
Лягчэй было б пакідаць гэты сьвет,
Каб болей шчасьціла народу,
Каб нашыя справы ішлі як сьлед,
А то ўсё неяк праз пень-калоду...»
2001
Жыцьцё прадаўжаецца...
Нешта амаль аптымістычнае

Братове, сябры,
ня будзем адчайвацца.
Жыцьцё ж не канчаецца,
жыцьцё прадаўжаецца.
Вунь голуб буркоча,
вунь носіцца чаіца...
Жыцьцё ж не канчаецца,
жыцьцё прадаўжаецца.
Са звонам трамвай вунь
імчыцца, спяшаецца...
Жыцьцё прадаўжаецца.
Надзея новая нараджаецца.
Жыцьцё прадаўжаецца.
Якое яно і як вырашаецца?
Але ж не канчаецца,
але ж прадаўжаецца.
Лісьцё асьвяжаецца.
Чуцьцё абуджаецца.
Дзіцё нараджаецца...
Жыцьцё прадаўжаецца.
Жыцьцё прадаўжаецца.
Жыцьцё прадаўжаецца!
2001

НЯ ПОМНЮ ТАКОГА ЛЕТА…
Ня помню такога лета,
Каб было столькі квета,
Каб было столькі кветкавай,
Пялёсткавай белізны,
Каб яблыні так квітнелі,
Бялелі, ружавелі, —
Пасьля непагоды – слоты,
Пасьля халоднай вясны.

Ня помню такога лета,
Каб было столькі квета,
Каб яблыні так квітнелі,
Каб так цьвілі сады.
Так хораша, так шчодра!
Каб так краналі пяшчотна
Душы маёй лады!

Нібы казала прырода
Людзям майго народа:
«Ведаю, людзі добрыя,
Што радасьці вам нестае.
Дык вось, мае любыя дзеці,
Глядзіце на гэтую квецень,
Глядзіце і любуйцеся,
І цешцеся, дзеці мае!»

Я глядзеў на яблыні,
На гэты цуд новаяўлены,
Я глядзеў на квецень
І адыходзіў душой.
Такое было адчуваньне.
Такое хваляваньне,
Якое бывае ў храме
З яго ўрачыстай імшой.

Ня помню такога лета,
Каб было столькі квета
І каб быў такім цудам
Ён з сваёй белізной – чысьцінёй,
Быў выклікам яўным гэткім
Нежывым розным кветкам,
Бруду, брыдоце рознай,
Мярзоце ўсялякай зямной.

Не помню такога лета,
Каб было столькі квета
І каб быў такі сьветлы,
Як першы сьнегапад,
Як юначыя мроі,
Як вясельныя строі…
Ня помню такога лета,
Каб квітнеў так мой сад!
Чэрвень 2006