12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Цемрык Велет

_____________________
Новая вежа.
Вершы

ваўчаняты
розум у зморшчынах і аблезлыя рукі цягнуць
да крыніцаў напоўненых жалем і роспаччу
стае моцы і ботамі Бруд
надараецца выкінуць з гонарам

там дзе бруіцца без аховы вада
і ня ўстаўлены краты і сабакаў забілі
пад ялінамі страшнымі ваўчанятаў сям’я
без бацькоў падрастае а гэтае хвілі

у кожным руху дзіцяткаў –
злосьць і гнеў ад стагоддзяў
і заінела ўжо ад нясьцерпнасьці шкура
лес самлеў і ня можа цярпець больш выродстваў
што прыносіць вятрамі ад халоднага мура

* * *
а вось браты Люмьер твайго жыцьця
сон пра народзіны і сьмерці птушка
адно прыходзіць са сьціпласьцю рызьзя
другое – гуляецца са мной і чэша вушка

але што першым ці другім прыходзіць невядома
цьвіком загнаным пад кару старога Дрэва
я ўмываюся ягонае смалой і зноўку
стуль выпадаю каб змыць усё залевай

сон прамінуў а птушка не ляціць
мне не шкада але чамусьці дзіўным чынам
надарыцца ўсю вастрыню
і колкасьць рэчаіснасьці набыць
і зьнікнуць у склепах
ці то нячыстай ці то боскай сілы


* * *
недзе там глыбока ў нетрах цела майго
чую скрыгат сэрца і ўсхліпы душы
сьлёзаў слоік і прысутнасьць яго
ные больш чым абыякавасьць тлі
кошык зрэшты поўны для ўсіх
дна ўжо ня ўбачыць колькі стагоддзяў
хто назьбіраў усё адно – ксёндз, атэіст?
тут ёсьць кожны і кожны тут нешта знаходзіць
тут няма толькі тых хто застаўся маўчаць
проста ім ачмурэць нецікава
ачмурэлі усе – Вільня, Менск і гараць
на ўзгорках палымяныя дрэвы і мной набрыняюць

тут сьпякота й холад запаветныя рэчы
маёй сьмерці месца пазначана крэйдай
нават калі яе дажджом яго змые яно застанецца
буду цёгацца доўга ці мала яно адгукнецца

на асфальце?на бруку?на сьвятое зямлі?
на касьцёх гандлёвага дому?
дзе яно невядома покуль зырка агні
палымнеюць і чуюць прамову

дрэвы растуць і ў зямлю і ў неба

* * *
я жыву – гэта дождж за акном...
чуеш слабасьць да гэтай стыхіі?
у гэтым доме,у гэтай краіне што з’едлівы гном
я у наймах жыцьця — какаінам

бачыш сонца ў пенцы ад малака?
яго спробы прабіцца праз нетры балота
разьліваецца ў небе бяростай рака
а ўнізе – сьвята боскасьць галота

я ўжо не крычу – досыць зыкаў чужых,
пахаваных без крыжоў на ўскрайку
гэтай стайні для празрыстых зайчых
і кратоў анямелых ад байкаў

я маўчу і гляджу на сябе:
на звыродныя рысы і плямы хлусьні...
падарожжа ня ладзяць па салодкай вясьне,
яго ладзяць калі прыходзяць лісты



ня ўтоўпіш сьвет у сваё нутро
сплываюць прывіды фантанаў, дні
становяцца падобнымі да шоргату на станцыях метро.
свой шчыры сьветлы боль спыні, спыні:
ня ўтоўпіш цэлы сьвет у сваё нутро.

ня ўтоўпіш цэлы сьвет у сваё нутро,свой голаў
не расшчапіць аб пні суцэльнага сыцьця.
пустэча грае ў дурным аркестры сола,
і слухаюць яго і мыш,і кацяня,

і слухаюць яго нават глухія,
нямым часьцей ёсьць што сказаць...
дурнота – о якая ты прывабная жанчына!
утоўпіцца ў табе магчыма,
а цэлы сьвет у сябе ўмясьціць ня выпадзе ніяк.

ня ўтоўпіш цэлы сьвет у сваё нутро,
і не зжарэш, не праглынеш, ня зможаш.
усё вырашае покуль шчыльнасьць грошаў –
у тваёй кішэні ня высахла шчэ кроў.
так сьвет загіне: ня выбух, а ўсхліп.
ня ўтоўпіш сьвет у сваё нутро.
на жалейцы іграе лоўчы, ахрыплы і дурны,
і мы бы дзеці йдзем за ім, сплываючы ў натоўп.


* * *
на твой спрошчаны твар глядзіць пільнае неба –
не таму што зорнае, не таму што глыбокае,
а таму што яно быццам з абпаленай цэглы,
акаймлёнае глебаю брыдкацёмнае вока.

пад наглядам ягоным нехта большы чым ты,
з ледзяшом паўпрымерзлым да сэрца,
што так хоча прыгожай звыроднай любві,
бо яно гэтаксама ж як астатнія б’ецца.

ты накрэсьліш свой верш на сьпіне ўласнай:
так зручней назіраць нябесныя гульні.
абмінаючы дом, і касьцёл, і грамадскую лазьню,
з кожным разам чужая зямля становіцца ўтульней.

да калодзежа заімшэлага прытуліся –
прарасьці ля яго адзінокім глухім журавом,
зразумей, што ізноў ты ва ўсім памыліўся,
нават словам сваім — сваім непрамоўленым сном.


новая вежа
а праз краты зімы прарастае вясна...

сум нясьцерпны іржы анямелых ад сьнегу дарог!
я прачынаўся, а за ложкам стаяў белы сад –
гнёзды птушак чалмелі на сцішаных дрэвах,
я усіх іх у госьці паклікаць ня мог...

я прачынаўся, а за ложкам стаяла Літва –
мая маці ў руінах антычнага сьнегу.
чуеш?
сьветлай ракою яна адплыла
за аблокі, дзе кроў набрыяла чырвоным на белым...

а праз краты зімы прарастае вясна!

сокам л’ецца сьвятло – белых душ незалежнасьць.
соты сэрцаў – цаглінаў жывая сям’я
ў будаўніцтве тваёй і маёй

новай вежы.


дзень народзінаў 6 лістапада 2005 г
мой ціхі дзень пад час хаваньня ў зямлю
туману воўна і сьцягаў нарыхтоўка
цябе ўсе просяць прасіпець люблю
а атрымоўваецца глухое Слова зорка

у кожнага растуць хвасты і рогі
пад мяккаю і мляваю тканінай дабрыні
а я нібы прывязаны душой да пана Бога
раз-пораз забываюся на правілы гульні