12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Арына Вележ (Вячорка)

_____________________
Стану птушкай... Вершы

Слова пра Маму

Хочацца думаць, што мама не памерла, а выправілася ў бестэрміновы адпачынак. За ўсімі сямейнымі клопатамі, бясконцымі музычнымі праектамі, рэвалюцыямі і акрэсцінамі ёй зусім бракавала часу на маляванне і паэзію, якія яна так любіла і якімі натхнялася.
Толькі ноччу, калі мы, дзеці, – галоўныя яе клопаты – засыналі, выцягвала свой мастацкі набор, алейныя фарбы, сшытак, аловак. Вершы – прысвячала, карціны – адразу даравала. Малявала найчасцей краявіды і нацюрморты, а апошнія гады – супрэматычныя абстракцыі.
Маміна жыццё, як джаз, напоўненае імправізацыяй. Апантаная беларушчынай, гуртавала вакол сябе студэнцкую моладзь, музыкаў, танцораў, рыцараў і навукоўцаў. Ёй удалася стварыць свой невялікі сусвет, напоўнены высакароднымі рыцарамі, сярэднявечнай музыкай і шчырай любоўю.
Сярод сотняў фотаальбомаў я знайшоў невялікі нататнік з вершамі, які мама зусім нядаўна набыла. Апошнія некалькі вершаў – пра смерць. І хаця кажуць, што смерць спасцігае нечакана, але чалавек адчувае. І звярніце ўвагу на верш “Цела цвёрдае, не гнецца…” пра тое, як душа рвецца на волю ад цела. Напэўна, гэта пра апошнія свае дні, якія мама правяла ў коме, змагаючыся за жыццё.
Слушна кажуць, не важна, колькі дзён у тваім жыцці, а важна – колькі жыцця ў тваіх днях. Мама жыла напоўніцу.

Франак Вячорка.

На карціны Клода Манэ

...Я Вас чакаў
Я Вас шукала...

Расстацца лёгка –
сустрэцца цяжка.
Нішто не спыніць
імгненняў важкасць.

Ні вецер з мора,
ні кветак вабнасць.
Пачуццяў кола,
кахання ўпартасць
Праявяць ясна
расстання
марнасць


Mon ami!

Можа быць, я цяпер закаханая
У сонца, неба, траву і вецер.
Фарбы любві беззаганныя
Тонка мастак прыкмеціў.

Думкамі апантаная,
Вонкі не вельмі гожая,
Але заўжды жаданая
Найперш табой, мой дружа.

***

Сарваныя кветкі –
Увядання букет.
Засохлыя сведкі –
Кахання макет.

Сарваныя з саду
Знаёмай рукой –
Фатальная страта
Вяртання дамоў.

Як згаслыя ўзгадкі,
Жыве ўва мне,
Як частка жыцця,
Букет на стале.


***

Дзе твае рукі? Дай мне іх,
Я складу глыбокія прыгаршчы,
Апушчу твар і наплачу даверху слёз,
Што ты зробіш?
Не выпялёхвай. – Схаладзееш.
Не выпівай. – Атруцішся.
Умый вочы. Дзе яны?
Памысныя, добрыя, ясныя.


***

Мы на раздарожжы.
Сваё мае кожны,
Кожны выбірае,
Як далей ісці.
Толькі не ўяўляе,
Што яго чакае –
Цяжка паасобку
Крыж свой пранясці.
Можа, раздарожжа
Ўрэшце дапаможа
Трапіць у пачатак,
А тады наноў
Крочыць асцярожна
Толькі там, дзе можна,
Дзе не загасае
Нашая любоў!



***

Са мною
гарачае сонца!
Са мной
прахалодны цень.
Я знаю такое адное ваконца,
Дзе радасць заўжды жыве!
Хачу ў ім я убачыць,
Таго, з кім я не заплачу,
Таго, з кім буду бясконца
Разам глядзець на сонца!..


***

Цела цвёрдае – не гнецца,
Душа лёгкая – імкнецца.
Цела цісне, наплывае,
Душа мяккая, жывая.
Цела падае ад болю,
Душа просіцца на волю.
Цела, адпусці душу!

Не, – сказала цела, –
Не для гэтага трымцела,
Не для гэтага трывала,
Хачу, каб душа падняла,
Ў рукі ўклала шчыт і меч
Стому, тупасць ўсю пасеч.

Звонку бачна – ідзе бой,
Б’ецца рыцар сам з сабой.
Сонца сядзе, бой ападзе,
Цела злучыцца з душой

Страх у целе – ён ад болю...
Страх душы – ёсць страта волі.


***

Забярыце і скрадзіце,
Занясіце і схавайце
Ад вока людскога.
Прытуліце, адагрэйце,
Прыласкайце, адамкніце
Для сэрца жывога.
Падтрымайце, ухваліце,
Падыміце, узнясіце
Над грэшным светам.
Паспявайце, аб’явіце,
Пахрысціце, абвянчайце
З ясным небам

Стану птушкай...