12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Вераціла

_____________________
Сержык.
Апавяданне

1. Нараджэнне

Калі Сержык нарэшце пакінуў утульнае матчына ўлонне, то пасля традыцыйнага плескача па чырвоным зморшчаным азадку ён не зайшоўся енкам, як звычайнае дзіця, і не скалануў сусвет смехам, як незвычайнае дзіця, а ціхамірна пасміхнуўся і сваёй матулі, якая нарадзіла яго, і фельчарцы, якая прыняла яго, і ўсяму навакольнаму свету, у якім нападпітку Сержыкаў бацька нецярпліва чакаў сынавага нараджэння. Маці ўбачыла сынаву сінявокую ўсмешку, якая цёплаю хваляй адразу затапіла ейнае сэрца, радасна ўздыхнула і зразумела, што перад ёй менавіта – Сержык і ніхто іншы, бо нікому іншаму не магла належаць такая ўсмешка. Маці так і прамовіла: “Мой Сержык”.
І дзіўна, але з гэтым выбарам ніхто не спрачаўся: ні ейны чалавек, які амаль заўсёды быў нападпітку, ні шмат­лікія сваякі з абодвух бакоў, ні сакратарка ў сельсавеце, якая так і запісала ў метрыку – першы Сержыкаў дакумент – Сержык Ан…віч Л…скі, 1978 г., 25 ІІІ, ну і г.д., што належыць і што ў прынцыпе для нашага тэксту не мае ніякага значэння. І калі б, напрыклад, Сержыкавы бацькі цікавіліся гісторыяй, то ведалі б, што іхні сын нара­дзіўся акурат у чарговы юбілей абвяшчэння адной міфічнай краіны, альбо калі б яны цікавіліся гараскопамі, то ведалі б, што іхні сын – авен паводле задыяку, але яны нічым такім не цікавіліся, а проста радаваліся сынаваму нараджэнню. А той ужо ці не праз два тыдні стаў трымаць галоўку, а на пачатку траўня, калі не толькі вярба распухнаціла свае коцікі, і не толькі клёны звесілі з галінак бляклазялёныя пэндзлікі будучых верталёцікаў, і не толькі бярозы выпетрылі маладыя клейкія лісточкі, а ўжо ўсё-ўсё наогул беспардонна зазелянела і было напагатоў выбухнуць кветнем, нібыта толькі чакаючы якой каманды, Сержык заўважна падрос і даволі ўпэўнена стаяў на пульхных ножках, аберуч трымаючыся за бегі свайго ложка, не забываючы адорваць сусвет мілай сінявокай усмешкай.

2. Маленства

Усе тады былі шчаслівыя ў тыя перадшкольныя гады: і Сержыкавы бацькі, і сам Сержык. Падчас сямейных застолляў маці любіла прыгад­ваць, як да акна ейнага радзільнага пакоя ў той самы момант, калі Сержык упершыню ашчаслівіў свет сваёй усмешкай, падляцеў вялікі белы матылёк. Усе ўспрымалі гэты расповед як факт, толькі здзіўляліся матыльковаму з’яўленню гэткаю ранняю парой.
А Сержык між тым рос, і маці не мела з ім аніякіх клопатаў, адно – радасць. Чамусьці яна не захацела аддаваць яго ў дзіцячы садок, можа быць, адчувала, што ў ейнага сына занадта пяшчотная душа, а таму хацела затуліць яго ад шкодных уплываў жорсткай рэчаіснасці. Пакідаючы Сержыка дома, яна ставіла побач з ім вялікую місу салодкага малака, скрынку салодкіх кукурузных палачак, а таксама падшыўкі дзіцячых часопісаў. Сержык сыпаў са скрынкі ў міску палачкі і цягаў іх лыжкаю ў рот яшчэ да таго, як яны размокнуць у малацэ на кашу, і мусоліў сваімі пульхнымі пальчыкамі пярэстыя аркушы часопісаў, але больш за ўсё ён любіў назіраць за тым, як падае снег. Маленькія сняжынкі з’яўляюцца, як бы ніадкуль і падаюць, падаюць уніз, хаваючы ад пякучых маразоў і ўтаптаную глебу двара, і кветнік перад хатаю. Дзіўна, але Сержык зусім не баяўся, што снег засыпле хату, і ён застанецца зусім адзін сярод гэтай усясветнае белі, нібыта ведаў, што снег ніколі не наробіць яму шкоды. А яшчэ ён любіў глядзець, як падае дождж, як адзінкавыя, але незлічоныя кроплі глуха грукочуць па шыферным даху, як весела сакочуць па драўляным ганку, як звонка бразгочуць аб перакуленае вядро, як цурчаць, напаўняючы цэбар. А калі над хатаю завісала нудотная марасейка, то нуда ахоплівала і Сержыка. І тады ён ціха румзаў, праўда, ніхто ніколі не бачыў ягоных слёз, калі час ад часу ў хату зазіраў хто з суседзяў, каб пераканацца, што з Сержыкам усё ў парадку, то бачыў заўсёдную сінявокую ўсмешку, якая адначасова і трывожыла і супакойвала сэрца.
А яшчэ лепш было ў цёплую пару года. Пасадзіць маці Сержыка на ганку, дасць яму ў рукі ягоную трэсачку, і ён цэлымі гадзінамі круціць яе ў сваіх пальчыках. Альбо пасадзіць пасярод двара, дасць у рукі савочак і вядзерца, і ён ажно да вечара будзе перасыпаць пясок: з кучкі ў вядзерца, з вядзерца ў кучку. А вакол ходзяць куры, гусі, індыкі і не чапаюць яго, і ён іх не чапае. А ў хляве рохкае цюшка, і Сержык час ад часу адгукаецца на ейнае рохканне сваёй усмешкай. А можа, гэтая ўсмешка прызначалася не цюшцы, а небу, дзе над Сержыкавым падворкам заўсёды трапятаў белы матылёк. А калі ўжо зазірне хто з дарослых, то не ўстрымаецца, каб не пагладзіць Сержыка па галаве, і той абавязкова адкажа на пяшчоту сваёй звычайнай усмешкай, што чалавек бывала і забудзецца куды? Навошта? І па што? Ішоў. Потым ўсё ж успомніць, схамянецца і ўжо пабяжыць па сваіх пільных і неадкладных справах. Але недзе там у глыбінях душы, на самым ускрайчыку сэрца якойсьці небалючаю ранай застанецца дотык сініх ціхамірных вачэй.
А калі маці на агарод хадзіла, то абавязкова брала Сержыка з сабой. Сядзе ён у траву і сочыць за тым, як земляны чарвячок сіліцца прабіць сваім пругкім целам камяк зляжалае гліны, а тады возьме дубчыка, ткне, камяк разваліцца, і чарвяк пругка ўторкне сябе ў мяккія глыбіні. А то яшчэ бывала ўтаропіць позірк у куст лебяды, аблеплены чорнай тлёй, і ўзіраецца, як да яе дзелавіта караскаецца мураш, каб атрымаць салодкую даніну, альбо чырвонаспінная ў чорныя кропачкі божая кароўка, якая зусім не па-божаму паядае гэтую самую тлю. А Сержык і не думае тлі дапамагаць, а толькі глядзіць. І тыя нібыта пра гэта ведаюць: дапаўзе божая кароўка да самага верху і не злятае, а наадварот, доўга-доўга там застаецца і нават паварочваецца то адным, то другім бокам, каб Сержык мог яе разглядзець як мага лепей. І, канечне ж, над Сержыкам – абавязковы белы матыль, а бывае, што і два зараз.
І гэта была сапраўдная ідылія, але ўсё на свеце заканчваецца, а добрае заканчваецца асабліва хутка.

3. Гады навучання

Усё пакуль было добра, праблемы пачаліся ў школе, а калі казаць больш дакладна, то з другога класа. У першым ніхто не звярнуў асаблівае ўвагі на тое, што Сержык так і не навучыўся чытаць. Такое не тое што было звычайнаю з’яваю, але і не выклікала асаблівага здзіўлення. А вось у другім класе адставанне заўважылі, а пасля трэцяга Сержыка перавялі ў нейкую спецыяльную школу-інтэрнат. І адразу нібыта ўсе асірацелі, і, зразумела, што ў першую калейку бацькі. І адразу ўсім стала бракаваць сінявокай ціхамірнай усмешкі. Там была глыбіня, і гэтая глыбіня прыцягвала і спакоіла.
Калі ягоная першая настаўніца, Лідзія Пятроўна, добрая і простая жанчына ўмеранага тэмпераменту, запытвалася пра што-небудзь з табліцы множання ці з буквара, то ён адказваў на гэта толькі сваёй прыязнай усмешкай, і тут не толькі ёй, а ўсім-усім адразу рабілася відавочнай не толькі недарэчнасць падобных пытанняў, а і наогул самога існавання табліцы множання і альфабэту.
Але як там ні было, у той таямнічай спецшколе чытаць Сержыка ўсё ж навучылі. Праўда, большасць людзей сцвярджала, што чытаць Сержык навучыўся сам, але якраз пра чын навучання меркаванні кардынальна разы­ходзіліся, бо адна палова сведак казала, што Сержык навучыўся чытаць па абгортках цукерак, якімі яго закармлівалі бацькі, а другая палова сведак казала, што Сержык навучыўся чытаць па вінных этыкетках ад бутэлек, якія ў шматлікай колькасці ягоны бацька выпіваў і адзін, і з прыяцелямі. Абедзве паловы сведкаў дастаткова інфармаваныя і цалкам заслугоўваюць даверу, а таму я схіляюся да таго, што рацыю маюць і тыя, і тыя. На маю думку, вельмі верагодна, што чытаць Сержык сапраўды вывучыўся па цукерачных абгортках, а цукеркі ён купляў на здадзеныя бутэлькі.
А вось пісаць Сержык так і не навучыўся. Як справядліва напісаў адзін сярэдневяковы храніст пра Вялікага Імператара: “Нейкая ўнутраная вы­сакародная нецярплівасць зашкодзіла яму авалодаць гэтым высокім мастацтвам”… Я магу тут засведчыць, што сам працэс навучання не прыносіў Сержыку вялікае радасці, але і не быў фатальна нясцерпным, а таму Сержык ажываў толькі пад час вакацыяў ды ўсялякіх шматлікіх выходных, калі маці забірала яго дадому. І гэта сапраўды былі яго найшчаслівейшыя часы. Тады ён наладзіўся на рыбу хадзіць, бывала, адзін пойдзе, а бывала, з хлопцамі, рака побач была, колькі хвілін ад хаты. Начэпіць на кручок хлебны шарык, плюне на яго, закіне ў ваду і глядзіць ужо і не на паплавок, а на вялікіх зялёных стракозаў, якія пілатуюць то над бацвіннем аеру, каля якога ён сядзіць, то над паплаўком ягонай вуды. У яго клюне, яму ўсе крычаць: “падсякай!”, а ён толькі зірне сваімі яснымі вачыма, так што ўсім неяк адразу няёмка зробіцца, нібыта і яны самі не на рыбу прыйшлі. А бывала, наловіць столькі рыб, што ў вядзерца нат вады не нальеш, і дахаты ідзе пад зайздрослівыя позіркі менш удалых рыбароў, а ён іх і не адчувае, толькі пасміхаецца, нібыта ведае, што на канцы вуды ў яго белы матыль сядзіць. З ім да самага падворка Сержык і дойдзе. Аддасць рыбу маці, а сам сядзе на ганку і дрэмле, пасміхаючыся аблокам. Маці рыбаю распарадзіцца правільна: луску, вантробы і галовы цюшцы аддасць, тушкі на вячэру падсмажыць, толькі Сержык рыбы не еў, ён і мяса не еў, і яек, адно хлеб з малаком ды яшчэ розныя прысмакі любіў: і мёд, і цукеркі, і халву, асабліва шакаладную. А найчасцей абыходзіўся лустаю хлеба, густа пасыпанага цукрам і намочанага вадой. Мусіць, як і большасць тутэйшых дзяцей. З імі Сержык і бавіў час сваіх вакацыяў. Пойдуць у ягады – усе запаўняюць свае слоікі альбо ў ірты піхаюць, а Сержык ходзіць між дрэваў, прыглядаецца, прыслухоўваецца, лашчыць кару рукой, нібыта вітаецца, і гэтак цалюткі дзень. А як ужо час настане вяртацца, і спытаюцца ў яго: а дзе твае ягады?, ён толькі пасміхнецца, а потым выцягне руку, і на яе адразу ж матыль белы сядзе, дык ён так дадому з тым матылём на выцягнутай руцэ і дойдзе. Тое самае і з грыбамі было. І ўсё ж ніхто не прыносіў з лесу столькі грыбоў і ягад, як Сержык, і грыбы ўсе былі адзін да аднаго: маладыя мацачкі. Людзі толькі дзіваваліся: і не заблудзіць жа?!

4. Завод. Дарослае жыццё

Вось так Сержык і жыў, нанізваючы на нітку часу лета за летам, пакуль не скончыліся ягоныя школьныя гады. Маці не захацела афармляць яму пенсію, а замест гэтага ўладкавала Сержыка на завод, у сталярку, падсобным рабочым: з-пад станкоў вымятаць пілавінне і выграбаць абрэзкі. Праца была нескладанаю і не вымагала асаблівых фізічных высілкаў. І хоць начальства прыхільна ставілася да Сержыка, але яно надта не любіла, калі нехта проста так сядзеў ці сноўдаўся без справы. І Сержык гэта адчуў, а можа, яму пра гэта патлумачыў хто са старэйшых рабочых. І вось цэлымі днямі, за выняткам часу на абед, Сержык старанна падмятаў падлогу: на адзін савок прыпадала роўна адна жменя смецця. Гэты сціплы груз Сержык урачыста нёс да кантэйнера, высыпаў і вяртаўся за новай порцыяй. Альбо калі гэта былі абрэзкі, то ён насіў іх па адным у кожнай руцэ ў той жа кантэйнер. Даўгія абрэзкі, як і бракаваныя нарыхтоўкі, ён браў па адным і цягнуў на вуліцу, дзе для іх быў спецыяльны кантэйнер. Калі гэты кантэйнер напаўняўся, то абрэзкі тутэйшыя ўладальнікі катэджаў за нейкія капейкі выкуплялі сабе на дровы для камінаў і печак.
Так у клопатах і працы мінала першая палова працоўнага дня. У абед для Сержыка было крыху інакш. Першыя яшчэ цёплыя месяцы ён ездзіў сілкавацца дадому на сваім ровары, балазе, хата ад заводу была зусім недалёка, але калі насталі халады, і дарога зрабілася небяспечнаю, то Сержык стаў, як усе, браць сабойку ці тармазок. Сядаў звычайна ў кутку на зэдлік з негабляваных дошак і хуценька з’ядаў свой заўсёды сціплы абед, а потым звычайна засяроджваў позірк, найчасцей на брудных фабрычных галубах, альбо размаўляў з Шарыкам, з якім пяць дзён на тыдзень дзяліў і свой абед. Шарык і сапраўды выглядаў на сваё імя, бо пад’ядаў яшчэ і за іншымі рабочымі. А бывала, што Сержык забываўся на Шарыка і спыняў свой позірк на чымсьці даступным толькі ягоным сінім вачам.
А калі зноў настала вясна, то Сержык ужо не толькі прызвычаіўся абедаць у цэху, але і палюбіў яго. Як любіў усё, у чым браў удзел, як любіў хату, лес, рэчку і нават сваю спецшколу, пра якую, па-праўдзе, узгадваў вельмі рэдка. Ён ужо не ездзіў абедаць дадому, і калі надвор’е было прыветным, то пад’еўшы, сядаў на лавачку пад мурам з сілікатнае цэглы і то назіраў за рухам аблокаў, то пасміхаўся сонейку, падстаўляючы шчокі ягоным пацалункам.
Але і людзей Сержык не пазбягаў, асабліва радаваўся, калі хто старонні прыходзіў у цэх. Ён абавязкова вітаўся адным і тым жа чынам, што стаўся звычайным і ўрачыстым як рытуал: нямоцна, але ўпэўнена, паціскаў за руку, зазіраючы ў вочы, і пасміхаўся сінявока і ціхамірна, потым гладзіў чалавека па плячы і распачынаў з ім гутарку. Гутарка зазвычай складалася з пытанняў: як надвор’е, здароўе, сям’я, бульба, кабанчык? Адказаў звычайна не чакаў, казаў “добра”, пасміхаўся яшчэ больш ветліва-цёпла ды ішоў па чарговую порцыю пілавіння. І ніхто на Сержыка не крыўдаваў.
А потым пачалася восеньская непагадзь, і Сержык зноў абедаў у цэху разам з Шарыкам і галубамі. Рабочыя абедзенны перапынак займалі гульнёй у даміно, хацелі яны прывучыць да “казла” і Сержыка, але ён заўсёды ставіў не тыя костачкі, яму ніяк не даваліся тонкасці гульні. А можа быць, ён папросту не жадаў выйграваць, каб не крыўдзіць супернікаў, а таму зусім адмовіўся браць у гульні ўдзел, хаця зацікаўлена сачыў за ёю, аднолькава перажываючы за ўсе каманды. І было відавочна, што яму вельмі падабаюцца самыя даміношныя каменьчыкі, але не іхні аверс, як пабіты белымі кропкамі, а менавіта рэверс з аднолькавым чорным геаметрычным рэльефам арнаменту. І ён заўсёды, не хаваючы радасці, пасля кожнага кону перамешваў каменьчыкі па стале сваімі тонкімі белымі пальцамі, пакуль яго не спыняў хто з найменей цярплівых гульцоў.
Так пакрысе мінаў час. А потым з’явіўся Віцёк.

5. Ліхадзей

Віцёк таксама быў тутэйшым. А ў цэх ён патрапіў пасля турмы, дзе сядзеў два гады за хуліганства. І адразу з першага дня ён пачаў выказ­ваць сваю няўстрашлівасць, непакорлівасць, незалежнасць і схільнасць да авантураў. Ніхто не захацеў з ім звязвацца, бо той адразу пачынаў брудна лаяцца, напрошвацца на бойку, намякаючы, што можа даць у бок пяром. У пацверджанне сваіх словаў ён усім ахвочым паказваў на целе некалькі шнараў сумніўнага паходжання, а таксама шматлікія татуіроўкі, якія нібыта сведчылі пра яго, як пра кончанага адчаюгу. І хоць быў Віцёк задзірлівым, але ад сур’ёзных канфліктаў устрымліваўся, бо хлопцы са сталяркі былі і самі пужаныя, а асабліва хлопцы з піларамы. А таму ён пачаў шукаць тых, хто за яго слабейшы. Спачатку было ўзяўся за Шарыка, але ў таго знайшоўся абаронца, начны вартаўнік Толік, які адразу надаваў кухталёў Віцьку, якому да таго ж даводзіўся родным дзядзькам. Ну і зразумела, што Віцьку не залюбілі, але былі змушаныя яго трываць, бо ён жа таксама быў тутэйшым, а значыцца, укаранелы і аброслы сваякамі.
Віцёк пасля сутычкі за Шарыка на некаторы час супакоіўся, але ягоная душа, няўрымслівая і неахайная, падпалая пад уплыў ягоных, часам нягеглых жаданняў, а хутчэй інстынктаў, змушала ўсю ягоную паўдзікую натуру ісці насустрач гэтым жаданням. Карацей, праз колькі дзён альбо тыдняў Віцёк прычапіўся да Сержыка. І таму не стала жыцця, як не стае сонца небу ў кароткія, голыя і змрочныя лістападаўскія дні. Зразумела, нічога такога, што магло падпадаць пад крымінальны кодэкс Віцёк не вырабляў, бо быў і так, што называецца, вучаны, а здзекваўся хоць і грубавата, але ўсё больш па дробязях, што ў звычайным жыцці магло ўспрымацца, як спроба жарту: то вады Сержыку ў кішэню налье, то ў чай жменю солі насыпле, то ў валасы крапне салідолам, то за каўнер сыпне пілавіння, то рабочы халат за хлясцік дротам прывяжа. Звычайна падобныя жарты выклікаюць у адказ жарты альбо гучную лаянку. Сержык жа паводле сваёй прыроды не быў здольны ні да першага, ні да другога. Ён толькі адмоўчваўся, неяк вінавата пасміхаючыся.
Калі Віцькавыя здзекі толькі пачаліся, Сержык рабіў выгляд, што нічога не адбылося, нават спрабаваў весяліцца разам з усімі, але неўзабаве ён ужо не быў здатны нават на гэта, і цяпер па начах ён горка плакаў, але слёзы былі сухія, і таму ніхто нічога не чуў. І дзіўна, але ніхто не заўважыў, як пахаладнелі Сержыкавы вочы, і цяпер крывую грымасу на ягоным твары толькі з вялікім перавелічэннем можна было назваць усмешкай. І каб побач быў хтосьці з відушчым сэрцам, то ён, пэўна, змог бы заўважыць некага цёмнага за Сержыкаваю спінаю, і ён бы здолеў адзначыць пагрозу ў тым, што Сержык усё часцей абарочваўся да гэтага за сваёй спінаю, шукаючы вырашэння сваіх праблемаў. Альбо, каб хаця б побач быў хто з сэрцам больш чуллівым, то ён здолеў бы пабачыць Сержыкавыя пакуты і папросту заступіўся б за яго, як вартаўнік за Шарыка. Але, на жаль, побач не апынулася нікога ні з відушчым, ні з чуллівым сэрцам, хоць і з каменным таксама нікога не было, і таму Сержыкава жыццё з кожным днём ўсё болей нагадвала пекла.

6. Зброя

І калі дзе ў свеце можа існаваць абсалютнае ліха, то для Сержыка чымсьці падобным стаўся Віцёк. І Віцёк сам жа падказаў Сержыку шлях барацьбы з ліхам альбо гэты шлях падказаў яму той цёмны, што за спінаю.
Распавядалі так: аднойчы Сержык сядзеў і стругаў сцізорыкам бракаваную з-за шматлікіх сучкоў рэйку, Віцёк, праходзячы міма, з’едліва заўважыў, што Сержык выразае меч, каб адпомсціць яму адразу за ўсе крыўды. Невядома, ці думка пра зброю прыйшла да Сержыка паступова, як прарастае трава, ці мільганула імгненна, як бліскае маланка, але яна заняла Сержыкаву галаву цалкам, нат адсунуўшы на другое месца думкі пра тое, як ухіліцца штодзённых крыўдаў.
Карацей, у Сержыкавых галаве і душы адбыліся пэўныя зрухі, і тут якраз яму на вочы патрапіў дубовы кій. Потым ніхто толкам не мог патлумачыць, як дрын апынуўся ў цэху. Можа, яго прынёс хто са старонніх, каб скарыстаць пад якія гаспадарчыя патрэбы, але ягоная крывасць і вузлаватасць паказвала на ягоную непрыдатнасць, але выкінуць яго ні ў кога не даходзілі рукі, і кій заняў невялікае месца ў адным з куткоў і мірна чакаў, нібыта ведаючы, што яшчэ спатрэбіцца.
І вось у адзін дзень Сержык прыгледзеў дубовы кій сабе пад зброю. Паўтары метры даўжыні, пакрыты карой, у самай сваёй тонкай частцы таўшчынёй з мужчынскае перадплечча, са мностваў спілаў ад сучкоў: гэткая фактура дае мне права падазраваць, што дрын быў стволікам маладога дубка, спілаванага пры каранях і кроне.
Колькі часу Сержык не чапаў дрына, але па некалькі разоў на дзень падыходзіў да яго і глядзеў; глядзеў так зачаравана, што ягоны твар набыў аблічча страчанасці, але праз гэту страчанасць стала прагляднаю жорсткая рашучасць, якую досыць часта блытаюць з мужнасцю. І гэта азначала адно: Сержык, нарэшце, наважыўся.
Спачатку ён адпілаваў ад кія самую тонкую частку – сантыметраў трыццаць – пілаваў доўга, чатыры дні, хаваючыся ад усіх па цёмных кутках, адхопліваючы ад асноўнай працы кавалачкі часу. Пілаваў нажоўкай, каб не прыцягнуць залішняе ўвагі. На цыркулярцы ён зрабіў бы гэта за лічаныя імгненні, але да цыркуляркі быў патрэбны спецыяльны допуск, а яго як і да іншага механічнага рыштунку Сержык не меў, і яму давялося прасіць бы каго, і пачаліся б роспыты, а Сержык інстынктыўна здагадаўся, што павінен дзеля сваёй мэты захаваць працу ў таямніцы, каб неасцярожным рухам не выкрыць сваіх планаў. Потым ён прынёс з дому вялікі крывы садовы нож і два дні вастрыў яго, затое ўсяго за дзень зняў кару з дрына. Яшчэ тры дні пайшло на тое, каб абчасаць дзяржанне нажом і адшліфаваць яго наждачнай скуркай, бо ў дадатак да тонкіх пальцаў Сержык меў маленькія, пульхныя далоні, як у дзіцяці. А потым праца прыпынілася на колькі дзён, бо Сержык не мог пакуль нічога прыдумаць у якасці навершша.
Увесь гэты час Віцёк дапякаў Сержыка, але той у адказ толькі загадкава пасміхаўся і зацята маўчаў, прыбіраючы цэх. І ніхто не заўважыў змены ўсмешкі на крывую і жорсткую. Усе Сержыкавы думкі былі засяроджаныя на тым, як дарабіць зброю і як захаваць таямніцу. І пакуль што яму шанцавала. Аднойчы, шпацыруючы каля чыгункі, Сержык заўважыў на зямлі пад слабым снегам жалезны клін, якім замацоўваюць рэйкі на стыках. Сержык схаваў клін у кішэню, потым адчысціў яго ад іржы, навастрыў, намазаў салідолам і загнаў малатком у канцавую, самую тоўстую частку дрына, так што вонкі выйшаў маленькі кончык. І вось зброя была гатовая – атрымалася нешта сярэдняе паміж мачугай і чаканам – засталося толькі добра схаваць зброю, каб яна ў належны час была пад рукой, і чакаць зручнага моманту. І такі момант надарыўся ў пятніцу.

7. Вайна

Тая красавіцкая пятніца прыпала якраз на трынаццатае. Дзень быў пахмурным і паказваў ці то на дождж, ці то на мокры снег. Сонейка зірнула толькі адзін раз на ранку і адразу схавалася. Халодны і пераменлівы вецер круціў на небе аблокі, ніяк не даючы ім збіцца на цяжкія, устойлівыя хмары.
Віцёк на надвор’е не зважаў, яму было кепска па-любому. Учора ён спаткаў зонаўскага карашка і таму на працу прыйшоў з бадуна. У галаву букала толькі адна думка: палячыцца. Але да абеду пра гэта нат і думаць не выпадала, а таму Віцёк злаваўся, і жарты яго з гэтае прычыны былі хоць і нескладаныя, але асабліва жорсткія. Ён нервова чакаў абеду, бо ў шкапчыку яго чакала пляшка “Васілісы”.
Пад абед ветру ўсё ж удалося сагнаць аблокі ў хмары і абтрэсці з іх мокры снег.
Віцёк, каб не дзяліцца лекамі, нават не зняўшы каску, сеў абедаць асобна ад усіх: на лаве, каля расчыненага шкапчыка ён расклаў хлеб, кавалкі каўбасы, два вараныя яйкі, вэнджанае сала, ачышчаную цыбуліну і салёныя гуркі, і адзін толькі выгляд ежы выклікаў у яго дрыжыкі. Ён нервова зрэзаў з рыльца пляшкі пластык, наліў стограмоўку і перакуліў яе ў рот, пагрыз крыху гурок і закурыў, задаволена гмыкнуў і перакуліў яшчэ адну стограмоўку, і праз некалькі хвілінаў кроў спыніла свае ўдары ў скронях, і ўваччу пасвятлела.
Сержык ні на хвіліну не выпускаў з-пад увагі свайго ворага, і калі пераканаўся, што Віцёк яшчэ колькі затрымаецца каля шкапчыкаў, то пайшоў і дастаў сваю зброю з таемнай схованкі і рушыў на Віцька. Віцёк якраз толькі выпіў трэцюю стограмоўку і актыўна заядаў напой яйкам і вэнджаным салам. Яны спаткаліся вачыма, Віцёк не пазнаў Сержыка, страх прыклеіў яго да лавы, крык затохся ў напаўпраглынутай ежы.
Сержык узняў сваю зброю, каб раз і назаўсёды пакараць ліхадзея і знішчыць такое ліха, якога ён не зведаў за ўсё сваё жыццё. Сержык радасна засмяяўся, убачыўшы дзікі жах у сініх вачах свайго ворага.
Мачуга з лёгкасцю раструшчыла каску, так што аскепкі пырснулі ва ўсе бакі. Віцёк нарэшце ці праглынуў, ці вырыгнуў заедкі. Боль апёк ягоны твар, ён церануў па твары рукой. Віно яшчэ не паспела як след разагнаць загуслую з вечара кроў, яна выглядала амаль чорнаю на тыльным баку далоні, і Віцёк заенчыў, нібыта цюшка пад швайкай. У такім выглядзе яго і заспелі аматары даміно.

8. Душа

Сержык, гледзячы перад сабою ўтрапёным, невідушчым позіркам, прайшоў цэхам, і ніхто нат і не падумаў яго запыніць. Выйшаў за вароты і, сеўшы на лаву, заплакаў. Снег стаў падаць яшчэ больш густа. Ён ліпнуў да твару, змешваўся са слязьмі і адразу ж раставаў. Неба было такім нізкім і цёмным, што здавалася снегу не будзе канца, як не будзе канца слязам. Але праз некалькі хвілінаў вецер перамяніўся, і неяк умомант хмары рассмакталіся, і адразу на палову неба заблішчэла сонца, і неўзабаве пацяплела, і таксама неўзаважна высахлі слёзы і нават след іхні прапаў. Сержык зірнуў на свае дрыжачыя рукі, потым паглядзеў на неба і спаткаў там у высокай сінечы сонца, потым яшчэ раз зірнуў на рукі і выцягнуў іх перад сабой, звёўшы далоні ў жменю, потым развёў іх і глыбока ўздыхнуў, раптам апусціў правую руку, а левую ўзняў угару. І тут якраз на гэтую руку сеў белы матылёк, раз-пораз трапечучы крыламі. І Сержык, зразумела, не ўбачыў, як зацяплелі трапічным небам ягоныя ўласныя вочы і як на вусны вярнулася заўсёдная ціхамірная ўсмешка.

Эпілог

Віцька завезлі ў паліклініку, там на твар яму наклалі некалькі швоў і адпусцілі, даўшы даведку на тры дні. Але праз тры дні Віцёк у цэх не вярнуўся. Так яму параілі, і Віцёк паслухаўся. А яшчэ яму параілі не помсціць і не ўзбуджаць крымінальнае справы, Віцёк паслухаўся і гэтае парады.
А Сержык застаўся пры сваёй нескладанай працы і дагэтуль прыбірае цэх. І калі заходзіць які новы чалавек, то Сержык адкладае свой савок і абавязкова здароўкаецца, нямоцна, але ўпэўнена паціскаючы руку, потым гладзіць чалавека па плячы і, зазіраючы ў вочы, запытваецца пра сям’ю, пра бульбу, пра цюшку і, не чакаючы адказу, адорвае субяседніка сваёй ціхамірнай усмешкай, і той, гледзячы ў гэтыя таямнічыя сінія глыбіні, бывала, што і забудзецца, навошта сюды прыйшоў, а потым, канечне ж, абавязкова схамянецца і пабяжыць паводле сваіх пільных справаў.

P. S.: У той дзень ніхто чамусьці не звярнуў увагі на Сержыкаву зброю, а пазнейшыя пошукі не далі ніякіх вынікаў. У Сержыка запытваліся таксама, але і гэта нічога не дало. Адбывалася прыкладна так?
– Схаваў?
– Схаваў.
– А дзе?
– Не ведаю.
– А можа, выкінуў?
– Можа, выкінуў.
– А куды?
– Не помню, – і ўсміхаўся сваёй такой сінявокай і ціхамірнай усмешкай, што распытваць далей рабілася няёмка.
І было за цэхам адно месца, дзе заўсёды кружляў вялікі белы матылёк. Час ад часу Сержык туды падыходзіў, глядзеў, пра нешта ўздыхаў, але рукі не выцягваў. І калі б хто чуйны з відушчым сэрцам зазірнуў бы тады Сержыку ў вочы, то заўважыў бы там халодны бляск, а за плячыма здолеў бы заўважыць нейкі цёмны цень, і нават не цень, а толькі смутны намёк на абрыс.