12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марына Весялуха

_____________________
Узьнясеньне.
Вершы


Паэты

Монарыфм

Паэты павінны жыць паэтычна:
і рэчы раскідваць паўсюль эстэтычна,
радкі рыфмаваць скрозь харызматычна,
а потым іх крэсьліць і правіць крытычна,
дзяўчат спакушаць не заўсёды этычна –
ім вершы на памяць зачытваць лірычна,
са зданямі ў снах ваяваць рамантычна,
ды голад заўжды адчуваць празаічна,
за праўду змагацца патрыятычна,
з няўдач насьміхацца ня надта цынічна,
на творчасьць сваю — глядзець іранічна…
…а скончыць жыцьцё – для ўсіх драматычна…

01.11.2007
Узьнясеньне

На хвалях ветру і завірухі
скрозь ноч лячу.
Вярнуць надзею, пазбавіць скрухі
цябе хачу…
Сагрэю сэрца цяплом далоняў
і мар сваіх,
Душой адчую твой пульс на скронях
яшчэ жывых…
Ты усьміхнешся, абдымеш ціха
сваім крылом –
І ўсё былое, зямное ліха –
згарыць агнём…
З табою разам па Млечным Шляху –
у небавысь.
Жыве надзея, няма больш страху…
Мы узьнясьліся…
10.01.2007


Трыялет

Раздрапаным сэрцам, у шнарах,
Скалечанай болем душой
Твой вобраз малюю у хмарах
Раздрапаным сэрцам, у шнарах.
Зноў клічу цябе я у марах,
Малітвай, сьвітальнай імшой,
Раздрапаным сэрцам, у шнарах,
Скалечанай болем душой.
18.03.2007


Дарую

Дарую ўсё: і горыч, і тугу,
Сьвятло надзеі, боль расчараваньня,
І тое, што бяз песьняў не магу…
Але табе ня трэба дараваньне…

Дарую ўсё: і сум, і боль, і страх,
Нясьцерпную пакуту адзіноты
І крык адчаю, згублены ў начах,
Ды толькі ты пачуць мяне ня хочаш…

Дарую ўсё: і тысячы ахвяр,
І рэўнасьці нястрыманай павевы…
Дарую ўсё табе, о мой Пясьняр!..
За шчасьце толькі слухаць твае сьпевы…

Дарую сэрца стогн у абцугах,
І тое, што чужы, што не са мною,
Што кожная хвіліна – мараў крах,
Што кожны момант мой
напоўнены табою…

Дарую ўсё: мой здратаваны сьвет,
Што стала я навек тваёй рабою…
Дарую ўсё табе, о мой Паэт!..
За шчасьце быць натхнёнаю табою…

15.01.2007