12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марына Весялуха

_____________________
Жыць у іншым свеце. Нататкі пра кнігу Сяргея Календы
“Іржавы пакой з белымі шпалерамі"


Сяргей Календа. Іржавы пакой з белымі шпалерамі. – Мінск: 2011.

Перад намі – трэцяя кніга прозы маладога мінскага пісьменніка (тут, можна было б сказаць больш абагуль­нена – беларускага – але я скажу менавіта мінскага, потым зразумееце, чаму). Не першая – нясмелая, крыху “кульгавая” па стылі пісьма і падборы апавяданняў: пакажу ўсё, што маю. Не другая, ужо эксперымент з традыцыйным жанрам казак: я і так магу. Трэцяя – больш сталая, грунтоўная, прадуманая і з пункту гледжання структуры кнігі ў цэлым, і з пункту гледжання ўнутранай арганізацыі кожнай з яе частак: я доўга і старанна працаваў, у тым ліку падчас літаратурнай стыпендыі ў нямецкім Веймары.
Кніга складаецца з дзвюх частак – збору апавяданняў “Волкі хлеб” і літаратурнага праекта “Апранутыя апавяданні”. Пачнём з дэсерту, то бок з літаратурнага праекта. Мне нават падаецца, што кнігу лепш пачынаць чытаць з другой часткі, прызнаюся, што з-за цікаўнасці да гэтага самага “праекту” я рабіла менавіта так. І мая цікаўнасць была задаволеная. Праект сапраўды варты ўвагі. У невялічкай прадмове Сяргей зазначае: “Гэта аўтарская інтэрпрэтацыя альбо, калі хочаце, асабісты адказ на раман Пітэра Грынуэя “Золата”, тут адзежа становіцца здольнай на метафару, а чалавек – на перажыванні і пачуцці”. Заўважу, што прадметам увагі Грынуэя ў гэтым рамане з’яўляюцца залатыя рэчы ахвяраў Трэцяга рэйху: фамільныя ўпрыгожанні, зубы, рэдкія манеты, якія ў працэсе назапашвання “агульнага багацця” страчваюць сваю індывідуальнасць, характар і непаўторную аўру і становяцца залатымі зліткамі. Пры гэтым самі героі, уладальнікі золата, намаляваныя рэжысёрам і пісьменнікам досыць пункцірна, яны не выклікаюць шкадавання (менавіта асобаснага), гісторыі доўгага і пакутлівага працэсу развітання з золатам, распаведзеныя досыць адчужана, без аўтарскай эмпатыі, нібыта падгледжаныя праз вакно. Але ў праекце Календы ўсё зусім па-іншаму. Індывідуальнасць “вандроўных рэчаў” захоўваецца, нават больш, кожная з іх мае свой адметны характар, свой лёс, героі ж намаляваныя з дакладнасцю і любоўю, чытач нават часам падсвядома запамінае іх імёны, а калі не імёны, то хаця б гісторыі жыцця. Самі па сабе апавяданні кароткія (дарэчы, як і ў Грынуэя), але чытаюцца як адзін вялікі расповед пра шлях “з варагаў у грэкі”, але не людзей, адзення.
У чым жа сутнасць пераймання і вобразу адзежы, “здольнай на метафары”? А ў тым, што ў кожным апавяданні праекту, расказваецца гісторыя рэчы (шта­ноў, саколкі, паліто, шаліка, сукенкі), якая мае аднаго першапачатковага гас­падара, а потым – праз мінскую пратэстанцкую царкву “Добрая вестка” ці кра­му Second Hand – яна, натуральна, знаходзіць новага ўладальніка, які або чымсьці падобны да першага, або цалкам супрацьлеглы і па характары, і па жыццёвых памкненнях. Усе героі па сутнасці розныя, яны жывуць у розных гарадах, рэальных і прыдуманых, маюць розныя заняткі і лад жыцця, рознае сацыяльнае становішча. З імі адбываюцца часам звычайныя, а часам зусім неверагодныя падзеі (нават у духу магічнага рэалізму). У іх вырастаюць крылы, яны абменьваюцца вопраткай у сне, захапляюцца экзатычнымі раслінамі і самі становяцца да іх падобнымі.
Распавядаючы пра герояў і іх адзенне, Календа абачліва і свядома, а па тэксце нібыта ненаўмысна і ненавязліва, звяртае ўвагу і на больш глабальныя сацыяльныя праблемы: неўладкаванасць у жыцці, жорсткасць да дзяцей, складаныя сямейныя адносіны, вар’яцтва, п’янства, тэрарызм. Не застаецца па-за ўвагай аўтара і тэма графаманіі ў літаратуры. Ён адмыслова стварае вобраз тыповага пісьменніка-пачаткоўца, студэнта філфака, які, аднак, ужо мае рукапіс “Рамана ў двух тамах пра Марціна Лютэра” і, галоўнае, – грошы, за якія можа надрукаваць гэты шэдэўр у выдавецтве такога ж тыповага “прыватнага выдаўца” Алеся Алесіна.
Многа кароткіх апавяданняў, усе героі розныя, не ведаюць адзін аднаго – дзе цэласнасць, запытаецеся вы. І слушна заўважыце. Але цэласнасць усё ж ёсць, і дасягаецца яна некалькімі шляхамі. Па-першае (і тут я дайшла да свайго любімага вобраза), усе гісторыі аб’ядноўвае адзін агульны герой, які, як бог, мае права распараджацца лёсамі рэчаў і, адпаведна, уплываць на жыцці людзей, ну хаця б нязначна. Гэта ўсемагутны пастар Ігнат, што працуе ў царкве “Добрая вестка” і размяркоўвае вопратку – гуманітарную дапамогу. Ён добры, у меру шчыры, як і належыць пастару, цалкам задаволены сабой. Натуральна, часам карыстаецца службовым становішчам і знаходзіць у гурбе рознай вопраткі менавіта яму патрэбныя рэчы. Нейтральная жыццёвая пазіцыя пастара дазваляе яму быць добрым “правадніком”, чаго не скажаш пра ўладальніка крамы Second Hand Валянціна, калегу пастара па размеркавальніцкім абавязку. Валік усё ж рэчы прадае, то бок не можа параўноўвацца ў магутнасці з пастарам Ігнатам, які адзежай (і мінулым, што яна ўжо мае) шчодра адорвае прыхаджан і простых наведвальнікаў царквы.
Ёсць і яшчэ адзін “аб’яднальны” фактар: з усёй шматстайнасці герояў, якія ніколі не сустракаліся і не ведаюць адно аднаго, можна выдзеліць асобную “кааліцыю” мінчукоў (памятаеце, я падкрэслівала “мінскасць” пісьменніка). Яны жывуць прыкладна ў адным раёне – натуральна, побач з царквой “Добрая вестка”. Натуральна, яны не знаёмыя. Ці адбудзецца іх сустрэча? Так, адбудзецца (калі б яе не адбылося, можна было б папракнуць аўтара ў непрадуманасці структуры праекта). Каміла, адна з гераінь, будзе бегчы да сяброўкі Юлі, сутыкнецца з Гіляй (з самага першага апавядання), у Гілі з пакунку выпадзе апельсін, які, як сімвал яднання, дакоціцца да бабулькі Агафіі, яна носіць бірузовы шалік аднаго наркамана і штодзень купляе выпіўку свайму мужу-інваліду. У гэты час на машыне будзе ехаць Валянцін. Каміла прыйдзе ў госці да сяброўкі, дзе ўжо будуць пісьменнік-графаман і некалькі знаёмых герояў. Галоўнае – паспяваць пазнаваць асобаў і ўспамінаць, якая вопратка ім дасталася. Апавяданне “Госці” магло б стаць добрым завяршэннем. Але не стала.
Завяршае праект цыкл апавяданняў пра калядныя падарункі, што атрымлі­ваюць дзеці-насельнікі дома-інтэрната. А вось гэта чытво не з лёгкіх. Тут аўтара можна параўнаць са стаматолагам, які, дабраўшыся да нерва ў зубе, нібыта наўмысна яго ўвесь час кранае інструментамі. Чытаеш і думаеш: хутчэй бы гэта ўсё скончылася… і сканчаецца, але апавяданнем “Кругазварот”, дзе ў цэнтры ўвагі зноў усемагутны пастар Ігнат, і яго справа размеркавання вопраткі.
А цяпер вернемся да першай часткі кнігі – збору апавяданняў “Волкі хлеб”, менш цікавай з пункту гледжання эксперыментальнасці, але не менш значнай па сваім сэнсавым напаўненні. Тут дзейнічае (у большасці апавяданняў, але не ва ўсіх), адзін герой, Гераня Латураў, які “хацеў бы жыць у іншым свеце”, і гэты іншы свет робіцца бліжэйшым, але ж сам Гераня “жыве на адной з суседніх сценак” побач з аўтарам. Тут адчуваецца ўплыў бітнікаў (Керуака і Кізі), Чарльза Букоўскі, тут ёсць развагі пра творчасць і каханне, брутальныя расповеды (якія па духу больш адпавядаюць першай кнізе Календы) пра смерць у стозе сена і пра забойства ў дарозе – зноў жа сімвалічная бітнікаўская дарога.
Ёсць у зборы апавяданняў і вельмі яркі аўтабіяграфічны твор (думаецца, яны ўсе ў нейкай ступені аўтабіяграфічныя), але аўтабіяграфічны не толькі для аднаго Календы, але і для ўсяго пакалення дзяцей, хто рос у 1990-х. Напэўна, таму ён так “чапляе”, бо распавядае пра знаёмыя з дзяцінства рэчы, уласцівыя “генерацыі фанцікаў і фішак”. Усе мы, дзеці гэтага часу, гулялі ў “Тэтрыс” і “Марыё” на прыстаўках, падлучаных да старых чорна-белых тэлевізараў, збіралі фанцікі, з захапленнем глядзелі каляровыя мульцікі Уолта Дыснэя, наведвалі многія гурткі. “Мы імкнуліся кімсьці быць, мы імкнуліся да назапашвання навыкаў і ведаў, якія ў будучыні разаб’юцца аб сцены непаразумення і непатрэбнасці”, – разважае аўтар.
Ці варта чытаць новую кнігу Сяргея Календы? Адназначна, варта. Хаця б для таго, каб зразумець нас, пакаленне “фанцікаў і фішак”, каб убачыць свет вачыма яго прадстаўніка, адукаванага, але да канца не самарэалізаванага. Але вернемся яшчэ раз да “мінскасці” Сяргея. Яна так і прасвечваецца праз усе яго аповеды і развагі, якія ў сваю чаргу выдаюць маладога чалавека з чыста гарадской свядомасцю...