12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьміцер Вішнёў

_____________________
Адзінота Напалеона, альбо Рот кашалота.
Вершы

ПІЎНОЕ ДЗІЦЯ

у пене я падобны да Дзеда Мароза
у пене я быццам круасанавы конь
у пене я добры –
нібыта казачнік дзядзя Вова
рассоўваю рукі ў бакі
і махаю чырвонай сухой рыбінай
выпучваю вочы-разынкі
шкарлупіна ломіцца і выпаўзае язык
нацягваю на твар шалёныя чорныя бровы
клацаю па кадыку – сяку дровы
п’ю піва порцыямі для бізона
і паступова –
перад вамі барадаты злосны зомбі

* * *

мае думкі ў гэтых мясьцінах
нагадваюць чысты аэрапорт і плаціну
людзі тут не плююцца словамі
гэтая мякаць плавае пад языком
ромам і волавам
і стварае краявід снабізму
часам я адзінокі да песімізму
а часам не
часам я раблю мазгавую клізму
з цемрыва я вылоўліваю
прывіды сяброў
сотні тысячы зубатых іртоў
і размаўляю пра
гэта безумоўна парад
новых уражаньняў залатое бра
Масква, 4 лістапада

* * *

Восень
дрэвы і апошнія кветкі
а мне здаецца клеткі
дзе сядзяць марыянеткі
пад грукат залатых манетак
і сьпяваюць песьні
пра нешта паэтычна-пяшчотнае

На патэльнях патэтычныя кексы
займаюцца з разынкамі сэксам
17 кастрычніка 2005


* * *

дзяўчына з поступам бусла
лёгкая як вецер
сьветлая як сонца
чароўная нібыта сон
вясёлая і чыстая
як прамень сьвятла
дзяўчына з поступам бусла
я гляджу на цябе быццам сом
быццам слон
я стаю як абарыген з вяслом
у маіх вачах няма
ні думак ні слоў
я зачараваны ад магічнага сьвятла
дзяўчынай з поступам бусла
26 кастрычніка 2005


* * *

белыя цукровыя людзі
размаўляюць на іншай мове
успрымаюць жыцьцё інакш
як лаваш як шалаш
нібыта і няма мяне
апускаю цытрынавыя рукі ў малако
спадзяюся на дзіўнае ракако
але ўсё марна
гэта – мая карма
сакавік 2005


* * *

маленькія пацалункі складаю
ў празрыстыя пакункі
складаю як быццам пакуты хаваю
акампануе аркестр штосьці пахавальнае
стаю на каленях ў халаце
гляджу на галаву ў салаце
і на пурпуровую гільяціну ў халве

хаткі ахоплівае вецер
красавік 2005


* * *

сярод партрэтаў вусякоў
у грукаце гадзіньнікаў
сяджу са смачным касяком
у касцы макасінах
і тварам сінім


* * *

у гэтай краіне няма крана
які будуе дом з трапамі
высьпяваюць толькі вялізныя раны
высьпятка атрымаюць бараны
скарпіёны – паўсюль барабанамі
у бар завітаў белы раб


* * *

Чорныя бяззубыя рты кладуцца
на палотны Аздабляю іх колерам
кітайскай вішні
аздабляю сваёй крывёй
Скручваюся ў экстазе
жоўтымі пальцамі з пазногцямі-рамонкамі
махаю Злыя гномы смаляць марыхуану
ды я кладу на палотны алейныя Альпы
сакавік 2005


* * *

калі ў панядзелак прыйдзе бадун
гэта тады б’юць у бубны
і дзьмуць у дуду
ня ный
апранай фрак і шпацыруй у ЦУМ
бяры потную пляшку шампанскага
і бяры дзяўчыну шаманскую
у дворыку або парку на лаўцы
будуць сексуальныя танцы


* * *

шукаў сярод шатроў паркавых
пісталет як у актора Макарава
шаптаў па-шаманску над травамі
шараваў паветра рукамі-канатамі
выглядаў як лупавокая маркоўная карова
а лістота падала караваямі
я быў да смачнага ахвочы
у далечыні плылі сяброў караваны
чуеш? – шапацеў голас дзявочы
як перапаўзаюць восеньскія гукі ў ваннай?
Кастрычнік 2005


* * *

на гэтым кіліме калісьці ляжаў
чалавек з шырока расплюшчанымі вачыма
ён не міргаў і праз ягоныя
вачніцы выляталі ластаўкі
па белым полі ягонага падбароддзя
беглі чырвоныя сьцяжынкі
ляцелі адзінокія сьняжынкі
а цяпер усярэдзіне пакою стаіць
і ляжыць чатыры дзясяткі бутэлек
чорных шэрых і белых
і самае дзіўнае што вымалёўваюць яны
гэта – контур таго расплюснутага
жыцьцём чалавека
17 лютага 2005


* * *

вусякі тыражуюцца
для ўпрыгожаньня неба
на фоне сіняга бягуць
паласатыя зубатыя калматыя
кволыя і ў цягліцах
з дзясяткамі ножак і вочак
зялёныя чорныя жоўтыя чырвоныя
і зусім не падобныя да колераў
вызначаных чалавекам
можа і няма іх
варта выцягнуць мікраскоп
можна канешне і перыскоп
ніхто ня ведае
але чуе і здагадваецца
як нахіляецца за спінай
галава – дзіва-вусяка
сакавік 2005


* * *

Самае істотнае – гэта птушкі,
Туман гарбаты разам з сушкамі.
А ўсё астатняе – мана.
Я чытаю Пялевіна «Амон Ра».
Сёньня – гэта лупатая тахта.
Шалікам на шыю
накручваецца цішыня.
А вакол – дрэвы, лісьце і сакавітая трава.
Я сядаю ў нерухомы трамвай.
Нехта мяне кранае за плячо –
Празрыстая мара з вачыма-чоўнамі.
Горача, горача чамусьці ў гэтай цішы,
Быццам у руках ня кніга – гашыш.
Пад нагамі – газеты і шышкі.


* * *

кадыком бегае сьвінцовае сонца
разломвае шкло павуціньне
і пыл на мастацкай
сопцы
усьміхаюся чыгуновым люкам рота і
агаляю пустэчу калодзежа і галаву крата
выцягваю формулу натхненьня для тапельцы
замест дыма пух таполі і зялёныя шкельцы
20 сакавіка 2005


* * *

самалёты самалёты
у гэтым слове
чую клёкат
чую грукат
чую гук
я лячу на самалёце!
выпіваю вельмі штосьці
сцюардэсы і пілоты
пасажыры і кампот
выпіваю вельмі штосьці
аблачыны аблачыны
у самалёце
у палёце
сам кампот
чэрвень 2004


* * *

У рыфлёнай разынкавай талерцы
нарадзiлася тваё iмя
якое ператварылася
ў пухкую белую аблачынку
паляцелi сьняжынкi
блiшчастыя крыштальныя
яны падалi на шклянкi талеркi патэфон
кнiгi i цiха зьвiнелi
я глынуў даўкага чырвонага вiна
i мне падалося што я глынуў успамiнаў
бо прыгадаў цябе
я пачаў шукаць тваё iмя
я зазiраў ва ўсе куткi i нават
прачытаў малiтву
а ты схавалася на люстраной шафе
там ля сухiх кракадзiлаў
фотапавелічальнікаў бiнокляў
аленiх рагоў жоўтых камянёў з Каўказу
я ўзяў пэндзаль фарбы
i зафiксаваў тваё iмя на сваiх вуснах
1997

* * *

усе тэмы скончыліся раптоўна
нібыта катвіга трапіла ў рот
кашалота Сонца кранула плечы
самотнага спадарожніка Клятчасты
шлафрок ападаў на халодную зямлю
ён спыняў рух гадзіньнікаў
і любую хаду зубоў праз хурму
3 сакавіка 2005