12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Альфрэд Элтан Ван Вог

_____________________
Пацук і зьмяя.
Навэла

Пераклад
з ангельскай –
Алены Танана
і Віктара
Сьцяпанава.

Здымка аўтара
рэдакцыя ня мае.

Карміць пацукамі свайго гадаванца-пітона было найвялікшаю асалодай у жыцьці Марка Грэя. Пітон быў свойскі і жыў у адным з пакояў старога дома, які займаў Марк Грэй. Калі пітону надыходзіў час есьці, гаспадар браў пацука і выпускаў яго ў адмыслова прыстасаваны вузкі тунэль, што выходзіў у пакой з пітонам. Пацук бег па тунэлі да сьвятла наперадзе, дзьверцы за ім аўтаматычна зачыняліся, і ён апынаўся сам-насам з пітонам, ня маючы ніякай магчымасьці ўцячы.
Марк любіў слухаць, як пацук, раптам адчуўшы сьмяротную небясьпеку, пачынаў скавытаць і адчайна кідацца па пакоі, шукаючы паратунку ад неадольнага ворага. Бывала, што гэтую хвалюючую сцэну Марк Грэй назіраў праз вакенца з люстранога шкла, але проста слухаць яму падабалася значна болей, бо тады ён мог бачыць ва ўяўленьні самыя адмысловыя карці­ны таго, што адбывалася, прычым заўсёды вачыма пітона.
Падчас Трэцяй Сусьветнай вайны кошты на пацукоў не былі абмежаваныя. Да таго ж тыя, хто лавіў пацукоў, ня мелі ніякіх перавагаў над іншымі – іх таксама забіралі ў войска. Таму пастаўкі пацукоў адразу ж значна зьменшыліся, і неўзабаве Марку давялося абмяжоўвацца той колькасьцю пацукоў, якую ён мог злавіць сам. Але ж у гэтыя галодныя часы трэба было зарабляць і на ўласнае жыцьцё, таму пітону даводзілася харчавацца нячаста.
Аднойчы падчас штодзённых пошукаў ежы для свайго ўлюбёнца Марк убачыў некалькі белых пацукоў праз вакно нейкага падобнага да крамы будынку. Паводле патрабаваньняў ваеннага часу асьвятленьне ўсярэдзіне было цьмяным, але Марк пасьпеў разгледзець вялікі пакой з сотнямі клетак, у якіх былі — пацукі!
Як ашалелы, Марк ірвануўся да ўваходу ў будынак. Задыхаўшыся, ён спыніўся і ўбачыў на дзьвярах надпіс: «Лабараторыя Кэррана. Аддзел дасьледваньняў».
Ён апынуўся ў паўцёмным калідоры службовага памяшканьня. Усе навокал былі пільна занятыя, і яму каштавала немалых намаганьняў прыцягнуць да сябе ўвагу адной са служачых. Пасьля давялося яшчэ колькі пачакаць, і, калі Марку пачало здавацца, што на яго забыліся, яго, нарэшце, правялі ў кабінет да маленькага чалавечка з непранікальным тварам, які назваўся Эрыкам Плоўдам і выслухаў тлумачэньні і просьбу Марка.

Калі Марк Грэй распавёў яму пра свайго беднага, галоднага пітона, гэты недамерак раптам гучна зарагатаў, але пры гэтым вочы ягоныя засталіся халоднымі. А праз хвіліну ён рэзка адмовіў Марку ў просьбе, адмыслова папярэдзіўшы напрыканцы:
— І ні на што не спадзявайцеся! Трымайцеся лепш падалей ад нашых пацукоў. Бо калі надумаецеся скрасьці хаця б аднаго, адкажаце за ўсё! – пракрычаў ён.
Пакуль не прагучалі апошнія словы, Марку і ў галаву не прыходзіла, што пацукоў можна скрасьці. Бо ён паважаў закон, заўсёды акуратна плаціў падаткі, і ўвогуле, за выключэньнем гэтай своеасаблівай любові да свайго пітона, быў нічым не адметным, простым абывацелем.

Марк яшчэ не пасьпеў выйсьці за дзьверы офісу, як Плоўд накіраваў чалавека сачыць за ім. Пасьля, злавесна пасьміхаючыся, ён увайшоў у кабінет, на дзьвярах якога было напісана «ГЕНРЫ КЭРРАН. Прыватна».
— Ну што, Хэнк, — сказаў ён весела, — як мне здаецца, цяпер мы маем тое, што шукалі.
— Добра, калі так. Бо ваеннапалонных нам для гэтага не дадуць.
Гэтыя словы змусілі Плоўда трохі спахмурнець. Ён меў схільнасьць да іроніі, і апошнім часам нярэдка задумваўся: «Літасьцівы Божа! Яны зьбіраюцца выкарыстаць наш метад на мільёнах праціўнікаў, якія ніколі ня бачылі нічога падобнага, але не даюць нам для выпрабаваньняў хаця б аднаго з гэтых небаракаў. І ўсё з-за нейкай канвенцыі аб ваеннапалонных!»
Уголас жа Плоўд самазадаволена зазначыў:
— Я думаю, што з пэўнай доляй фантазіі гэтую істоту можна нават назваць чалавекам.
— Нават так?
Плоўд расказаў пра Марка і ягонае захапленьне, зрабіўшы напрыканцы выснову:
— Мне здаецца, што ўсё залежыць ад пэўнага пункту погляду. Прынамсі, я не буду адчуваць сябе вінаватым. Асабліва, калі ноччу ён залезе сюды з крымінальнымі намерамі ды паспрабуе скрасьці пару-другую нашых пацукоў!
Ён нявесела пасьміхнуўся:
— Ці можаце вы ўявіць сабе нешта больш агіднае, чым злодзей, які крадзе пацукоў?
Гэнры Кэрран вагаўся хіба адно імгненьне. Мільёны людзей ужо загінулі, мільёны гінуць цяпер, і выпрабаваньне «метаду» трэба абавязкова правесьці менавіта на чалавечай істоце. Бо, калі нешта не атрымаецца на полі бою, будзе страчаны эфект нечаканасьці. Хто ведае, якія гэта будзе мець наступствы.
— У адным можна быць упэненым цалкам: супраць нас ня будзе аніякіх доказаў, — пагадзіўся ён. — Таму – займайцеся!

Калі Марк, крадучыся, вяртаўся сюды позна ноччу, яму здавалася, што людзі, якія валодаюць тысячамі пацукоў, ніколі ня зьвернуць увагі на зьнікненьне аднаго пацука – прыкладна раз на тыдзень. І ён быў асабліва задаволены тым, што акно не было зачыненае і пацукі не ахоўваліся:
— Вось жа! — падумаў ён. – У ваенны час нянькі для пацукоў у вялікім дэфіцыце!
А назаўтра ён ізноў затойваў дыханьне, слухаючы знаёмы віскат за сьценкай...

Тэлефонны званок прагучаў надвячоркам.
— Я папярэджваў цябе, — злосна сказаў Эрык Плоўд. — І цяпер ты панясеш пакараньне!
Эрык Плоўд пачуваўся спакойна: ён загадзя папярэдзіў чалавека. «Няхай гэты грэх цяпер цалкам ляжа на ягоную душу!» – думаў ён.
Марк жа з пагардай паклаў слухаўку: няхай яшчэ паспрабуюць што-небудзь даказаць!
У сьне яму падалося, што ён задыхаецца. Ён прачнуўся і ўбачыў, што ляжыць не ў сваім ложку, а на цьвёрдай падлозе. Марк абмацаў сьцены, але выключальніка знайсьці ня змог. Наперадзе, прыкладна ў дваццаці футах ад сябе, ён заўважыў простакутнік сьвятла і накіраваўся туды.
«Бразь!» За ім гучна зачыніліся дзьверы. Ён апынуўся ў вельмі прасторным пакоі, значна большым за ўсе тыя, у якіх яму калі-небудзь даво­дзілася бываць. Тым ня менш, штосьці падалося яму вельмі знаёмым.

Усё, за выключэньнем памераў, нагадвала яму пакой, у якім ён трымаў пітона. Нечакана тое, што ляжала перад ім на падлозе, і што ён спачатку прыняў за нешта накшталт скручанай скураной посьцілкі, паціху заварушылася і пачало пасоўвацца да яго.
Здагадка была раптоўная і жахлівая.
Марк быў памерам з пацука, а насупраць яго знаходзіўся пітон. Ён поўз па падлозе, шырока разявіўшы пашчу.
Марк Грэй дзіка заскавытаў, адчуўшы, як у апошні раз прымусіла сьціснуцца ад жаху ягонае сэрца тая дзіўная забава, якая была галоўнай асалодаю ягонага жыцьця на працягу столькіх гадоў...
У гэты і адзіны раз ён убачыў усё, што адбываецца, вачыма пацука.