12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Віталь Воранаў

_____________________
Цётка.
Аповед




1 Аляксей Коршак – нарадзіўся 22 лютага 1920 г. у вёсцы Вуглы Капыльскага раёну. Вучыўся ў Менскім педінстытуце (1938-1941). Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1937 г. У друку пабачыў чатыры свае вершы. Два з іх увайшлі ў анталогію беларускай паэзіі XX стагоддзя «Краса і сіла». Загінуў на фроньце ва Усходняй Прусіі 27 лютага 1945 г.

Аляксею Коршаку1

Ніхто ня ведаў, як яе зваць. У вёсцы казалі проста — Цётка, а якое ў яе імя, ніхто нават і ня памятаў. Жыла яна за рэчкай на высьпе ці паўвысьпе, да якой вёў хісткі масток, складзены жаночымі рукамі. Улетку і ўзімку вакол хаты вада бегла з абодвух бакоў, а ўвосень і вясною — з усіх чатырох. Падчас паводкі вада залівала навакольле, і Цётка жыла тады ў пастаянным страху, што рака прарвецца ў хату і змые яе, нічога не пакіне. Вада аднак ні разу да дому не прабілася…
...Больш чым паўвеку назад прыгожая, бялявая, у кудзеркі дзяўчына зграбна ківала з вакна цягніка расхваляванай маці і дзіўна паспакайнеламу бацьку, што стаялі на пероне, выпраўляючы любімую дачушку ў стольны горад па навуку і шчасьце. Калі цягнік падкаціў да места, яна ўсё яшчэ плакала і ў думках шкадавала аб тым, што на нейкі час давялося пакінуць. Тахканьне чыгуначных колаў і скрыгат старых рэек яшчэ больш абудзілі дзявочае ўяўленьне, і на імгненьне яна нават уздумала вяртацца. Гэтая думка аднак пырхнула, бы тая птушка, калі ўводдалі ёй усьміхнуўся вялікамескі і бурлівы прасьпект. Настрой раптам перамяніў­ся, а ў галаве завіравалі супярэчлівыя думкі. На душы ўадначасьсе зрабілася і хораша, і пагана, але гэта не перашкодзіла дзяўчыне ўтапіцца ў натоўпе і паддацца ягонаму віру.
Пра настаўніцкія курсы яна марыла здаўна. Пачалося з дзіцячай гульні ў школку, дзе клас месьціўся ў самаробным шалашы, дошкай і крэйдай адпаведна былі шырокі дуб і аскепак чырвонай цэглы, а найпаважнейшай паняй вучыцелькай, з употай пазычаным у маці рыдыкюлем пад пахай, была менавіта яна. Магчымасьць стаць сапраўднай настаўніцай зьявілася ў дзень атрыманьня пасьведчаньня аб сканчэньні гімназіі. Пасьля афіцыйнай часткі — уручэньня атэстатаў — спадар дырэктар паклікаў яе і бацькоў убок і сказаў: “А ці ня вывучыць нам вашу здольніцу на настаўніцу? У сталіцы ладзяць сёлета адмысловыя курсы. Людзі для працы патрэбныя цяпер, як ніколі. Вернецца з ведамі – дык ёй тут працы хоць адбаўляй будзе”.
На курсах дзяўчына пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, якія паходзілі з розных куткоў Беларусі, але былі так адзін да аднаго падобнымі, быццам прыехалі з адной вёскі. Хлопцы тут былі культурнейшыя, прапускалі ў дзьвярах, пры вітаньні здымалі капялюш, а некаторыя нават цалавалі руку, што было для яе вельмі нязвычна і нават нейк крыху няём­ка. Дзяўчыны хадзілі ў модных панчохах, дагледжаныя і заўсёды прыхарошаныя ці то памадай, ці то пудраю, што ў вёсцы было б дзівам дзіўным. Выкладчыкі кідалі паважны і ўдумлівы погляд, гаварылі сьцішана і разважна, слухалі пільна і надзвычай ўважліва. На лекцыях была амаль што сямейная атмасфера, усе зьвярталіся адзін да аднога па імені, а да прафесараў, якія былі выдатнымі пісьменьнікамі і мастакамі, славутымі мовазнаўцамі, папулярнымі акторамі і цудоўнымі людзьмі, прос­та “дзядзька”.
Заняткі на курсах рыхтавалі іх ня толькі да таго, каб быць добрым педагогам, але і каб жыць адказным за свой край грамадзянінам. Знаёмства з творчымі людзьмі абудзіла ў ёй новае захапленьне, якім стала паэзія. Вершаскладаньне ў гэты час было для яе самой галоўным спосабам выяўленьня сваіх маладых памкненьняў. Яна цэлымі гадзінамі зачытвалася вершамі, паэмамі і байкамі сваіх выкладчыкаў, якіх магла спатыкаць у жыцьці ў зусім празаічных абставінах. Гэтая мяжа паміж сьветам сапраўдным і ўяўленым, нудой і магіяй, шэрасьцю і палітрай найрозных магчымых колераў, якая то вымалёўвалася, то сьціралася ў сьвядомасьці дзяўчыны, сталася для яе галоўнай загадкай і мэтай пазнаньня. Паэзія пераўвасобілася ў каханьне, а каханьне...
Тыдзень перад экзаменамі дзяўчына сядзела ў парку з тоўстай кнігай на пеляне. Па далікатных, ледзь прыкметных дрыжыках скуры на ілбе можна было здагадацца, як пільна яна вучыцца. За дзьве лаўкі далей, таксама з кніжкай, але без найменшай пазнакі якога-колечы навучальнага працэсу, сядзеў Сьцяпан. Яны былі з аднаго курсу, але зналіся адно хіба з пагляду. Дзяўчына даўно заўважыла, што Сьцяпан заўсёдны наведвальнік паэтычных вечарынаў, якія рэгулярна ладзіліся ў інстытуце. Напачатку ён прыходзіў туды, каб хоць некалькі гадзінаў пасядзець побач з ёй ды паўяўляць, быццам яны дамовіліся аб спатканьні тут. Толькі ён і яна. На натхнёнае дэкламаваньне паэтаў-песьняроў ён аніяк не зважаў. Калі яна ўсёй сваёй істотай зануралася ў сьпеўнасьць чароўнай лірыкі, Сьцяпан употай пазіраў на ейнае задумлёнае аблічча, цалкам упэўнены, што пакуль выступоўца чытае свой верш, ейны зрок не зварухнецца. Аднак яна была надта кемлівай, каб не здагадацца пра сапраўдную мэту Сьцяпанавага наведваньня кола сяброў паэзіі. Сапраўды, сьпярша ён хадзіў туды толькі дзеля яе, але пазьней раз-пораз некаторыя радкі пачалі мімаволі западаць у ягоную памяць, трапляць глыбока ў сэрца. Так здаралася ўсё часьцей, а ягоная першапачатковая абыякавасьць да паэтычнага слова пераўвасобілася ў характэрнае для юначай натуры палымянае зачараваньне. І было гэта праявай ня нейкага штучнага захапленьня, а прадыктавана выключна далікатнымі струнамі душы. Пазьней, чарговы раз чакаючы трансцэндэнтнага спатканьня, Сьцяпан ня менш аддана чакаў і літаратурных вячорак. А калі прыходзіла тая хвіля, настрой у хлопца быў ледзь не эйфарычны. Дзяўчына гэта прыкмячала, але загаварыць з ім не наважвалася, хоць і ня раз карцела даведацца, што гэта за дзівак такі сьмешны. Сьцяпан нават цяпер, седзячы непадалёк на лаўцы, бянтэжыўся ад самое думкі пра тое, каб загаманіць з ёй пра штосьці. Ды толькі пра што? Кожны прэтэкст да размовы пасьля хвілёвага аналізу падаваўся настолькі бязглуздым, што ад бясь­сільля ажно хацелася заплакаць. Не дапамагала і ўсьведамленьне, што праз момант гэтая дарагая постаць можа ўстаць і зьнікнуць за ўсыпаным у сьпелы фіялет зацьвілым бэзам…
Сталася ўсё нашмат прасьцей, амаль як у банальным фільме. Подзьмух веснавога бадзёрага ветру падхапіў некалькі лістоў дзявочых нататак, падняў угару, а пасьля імпэтна кінуў на зямлю за некалькі метраў. Калі яна ўскочыла, каб дагнаць скрадзеныя ветрам аркушы, гарэза-вятрыска панёс і раскідаў вакол рэшту лістоў, якую яна непразорна пакінула на лаўцы. Убачыўшы гэты неспадзяваны падарунак лёсу, Сьцяпан, не марудзячы ні секунды, адарваўся з лавы і кінуўся ратаваць каштоўныя аркушы, сьпісаныя дробным, далікатным пісьмом. Чамусьці гэтае здарэньне вымалявала на ягоным твары шырокую ўсьмешку. Раззлаваная на незразумелае падсьмейваньне дзяўчына кінула на яго пранізьлівы, дакорлівы погляд ды забрала з ягоных рук сабраныя нататкі. Праз момант зусім па-іншаму зірнула на Сьцяпана і гучна засьмяялася.
—Ларыса, – працягваючы руку хай і знаёмаму, але чужаніцу, сказала дзяўчына.
—Я ведаю, – замест таго, каб прадставіцца, зьбянтэжана кінуў Сцяпан.
Ужо афіцыйныя знаёмцы зарагаталі, быццам найлепшыя сябры.
Тая вясна і тая сесія былі вельмі бурнымі. На экзамены наклалася палымянае пачуцьцё, якое агортвала і ўсё больш паланіла думкі маладых. Ад часу, калі прырода жартаўліва зьвяла іх, яны амаль не расставаліся. Вучыліся, адпачывалі разам.
Удала вытрымаўшы ўсе іспыты, маладыя вырашылі яшчэ на месяц застацца ў горадзе і падзарабіць, каб потым паехаць разам на вакацыі. Сьцяпан дапамагаў на будоўлі жылога дома, а Ларыса працавала ў дзіцячым садку. Між цяжкай працай знаходзіўся час на адпачынак. Далёкія шпацыры па вулках старамесьця, незьлічоныя гадзіны, выседжаныя над рэчкаю, што зграбна працінала места, доўгія вечаровыя размовы, асьветленыя дрыготкім сьвятлом сьвечкі – усё, неад’емнае ў кожным каханьні, было і ў іх.
Аднаго разу, вярнуўшыся дахаты пасьля цяжкога дню, Сьцяпан з неўтаймаваным шчасьцем адкрыў, што некалькі ягоных вершаў і здымак надрукавалі ў літаратурнай газеце. Такой радасьці хлопец яшчэ не адчуваў. Гэта была ягоная першая публікацыя, першы раз ягоныя радкі прачытаюць многія аматары прыгожага слова, першы раз праз ягоныя словы хтосьці задумаецца, а хтосьці палетуценіць разам з ім, упершыню чыёсьці сэрца закране знаёмы ці далёкі абразок, але напэўна, напэўна ніхто не застанецца абыякавы. Гэты эйфарычны настрой не пакідаў яго некалькі дзён. Колькі разоў Сьцяпан перачытваў добра знаёмыя фразы, перабіраў кожны даўно вывучаны на памяць радок. Ён зьбегаў на пошту, паклаў у кабэрту газету і, дадаўшы прывітальнае слова, паслаў сваёй маці.
Каб адсьвяткаваць дэбют, Ларыса прапанавала на выходныя паехаць за горад, пабавіць час на прыродзе. Сабраўшы з сабой посьцілку, напой ды крыху харчоў у кошык, яны выйшлі з інтэрнату і пакрочылі ў адпаведным кірунку. Палову дарогі ідучы, палову пад’ехаўшы на спадарожным возе, Сьцяпан і Ларыса дабраліся да месца.
Забыўшыся на прыхопленыя запасы, маладыя мілаваліся над крутым берагам ціхага возера, аж пакуль зусім не зьвечарэла. Летняя ноч была надзвычай цёплая, вазёрная роўнядзь быццам зьнерухомела.
— Пачакай тут, я зараз, – сказаў Сьцяпан і пацалаваў дзяўчыну.
— Я з табою, – палахліва азвалася Ларыса.
— Ды не, пачакай пакамісь тутака, – настояў хлопец.
Праз некалькі хвілінаў уводдалі, у месяцовым бляску, Ларыса ўгледзела падплываючы да берага човен.
– Вар’ят! – весела ўсклікнула Ларыса, калі Сьцяпан ускараскаўся на бераг і, падхапіўшы яе, панёс у “ладдзю”.
Вёслы павольна, далікатна занурвалі ў спакойнае возера, не ўтвараючы аніводнае пырскі.
— Сьцяпан, я... – адрываючы пялёстак рамонка, парушыла цішыню дзяўчына.
— Цс-с-с. Я ведаю, – прашаптаў Сьцяпан і прытуліў да сябе дзяўчыну. – Ты мая Лада, – дадаў, незьмігутна гледзячы ёй у вочы.
Усю доўгую ноч човен нат не зварухнуўся з месца. Ім здавалася, што час засынае разам з імі.
Прачнуліся закаханыя ад страшэннага гулу самалётаў, якія злавесна плылі высока ў небе. Праз час да іхніх вушэй данесьліся выбухі і стрэлы… Дабраўшыся да гораду, яны даведаліся, што пачалася вайна. Гэтае слова тлумачыла ўсё. Планы і мары пра далёкую вандроўку разам, пра наступныя гады навучаньня, пра шмат што іншае палеглі ў друзах вайны. Не было сумневу, што Сьцяпана паклічуць у войска, таму ён вырашыў як мага хутчэй паехаць разьвітацца з маці. Ларыса таксама паехала да бацькоў у вёску.
Разьвітваючыся, маладыя не маглі падабраць патрэбныя словы. Яна, хоць заракалася, што стрымаецца, раптам усхліпнула і расплакалася, як дзіця. Ён, таксама вельмі ўсхваляваны, праглынуў сьліну, каб прагнаць усю жальбу, якая камяком захрасла ў горле, і сказаў:
— Ты ж ведаеш, калі я вярнуся, мы...
— Ведаю, – ужо цалкам разрумзаная, перапыніла яго дзяўчына.
На пероне, сустракаючы яе, бацька падаўся наўзьдзіў занепакоеным, а маці наадварот -- спакойная, трывалая. Аднак спакой гэты быў падманлівы, а трываласьць злавесная…
Увосень, калі на хутар найцяжэй было дабрацца, туды завіталі салдаты. Маці і бацьку бязьлітасна закатавалі. А яе па чарзе згвалцілі амаль усе. Адмовіўся толькі адзін, за што пасьля ня раз быў папікнуты: “Эстэт! Цэлкай пагрэбаваў...” Зьнямоглую і зьбітую, яе пакінулі на двары. Абрабаваўшы склеп, салдаты падпалілі хату, уцягнулі ў сенцы непрытомнае цела дзяўчыны і пасьпешна пакінулі выспу. Праз момант з неба хлынула небывалая зьліва...

Праз гады ўсім вяскоўцам здавалася ўжо, што Цётка заўсёды была дурнаватай і нямой. Мала каго абыходзілі чужыя няшчасьці, у кожнага хапала свайго гора. Тое, што жанчына гэтая выклікала толькі падсьмейваньне старых і выразныя кпіны малых, нікога не турбавала. Так было ў кожнай вёсцы, дзе дзівак ці вар’ят успрымаліся аднолькава. Усе ведалі, што пры сустрэчы Цётка затрымліваецца і яшчэ доўгі час, нібы ў чулым разьвітаньні, меланхалічным позіркам праводзіць мінака. Усе бяз вынятку таксама ведалі, што калі раптоўна да яе дакрануцца, яна пачынае голасна лямантаваць. Быў то жахлівы, роспачны крык, якога ўсе баяліся, таму стараліся Цётку не чапаць.
Большасьць часу Цётка праводзіла ў бажніцы. Была яна тут кожны дзень, на раньняй малітве і вячэрняй, на сьвяты і ў будні. Сядала заўсёды на першай лаве, побач з маладзейшымі і дзецьмі. Але ніхто на адной з ёй лаве ладкавацца не зьбіраўся. Цураліся. Не цураўся адно малады сьвятар, які заўсёды вітаў яе цёплым словам, запытваў пра здароўе, а пасьля запрашаў: “Хадземце, Цётка, пад’ясьцё што-небудзь”. Пабіты цёмнымі шнарамі твар жанчыны крывіўся ў нечым кшталту ўсьмешкі.
Калі яна не была ў касьцёле, то хадзіла па вёсцы. Перад кожным вакном, у якім было сьвятло, жанчына затрымлівалася, быццам выглядала штосьці, чакала. Калі на гэтым яе засьпяваў гаспадар, то адразу ж праганяў няпрошаную госьцю. Ейная прысутнасьць каля хаты лічылася ў вёсцы кепскай прыкметай. Па гэтым, амаль як па знаках прыроды, вяскоўцы пазнавалі, каго чакае благое, а каго зло ўсё ж такі абміне.
Найрадзей Цётку можна было пабачыць у ейнай хаце. Нават калі зьмяркалася, яна, каб не сядзець у доме, зьбірала розныя галінкі, трэскі і цягнула іх масьціць кладку. Масток той быў кволы, нагадваў больш гару бязладнага шумавіньня, якая ў кожны момант магла абваліцца ў раку.
У хаце нічога апроч паламанае мэблі не было. Спала Цётка не распранаючыся на падлозе. Прачыналася ў той жа паставе, у якой і засынала, з падкурчанымі нагамі. У сьне твар Цёткі відавочна зьмяняўся, быццам маладзеў на паўстагоддзя. Правая рука сьціскала стары, пакамечаны фотаздымак, які нязьменна, доўгія гады ляжаў на дне глыбокае кішэні.
…Тым вечарам Цётка неспадзявана ахвоча праседзела цэлы дзень у хаце. Першы раз яе не было на сталым месцы ў бажніцы, аднак гэтага нібыта не заўважылі ані дзеці, ані малады сьвятар, ані ўсе астатнія. Яна сядзела дома і кідала застылы позірк у вакно. Вакол хаты колам разьлілася вада. Выспа зьменьшылася і зрабілася зусім маленькай. Аднак у хату вада не прабівалася, нібы чакаючы ветлага запрашэньня гаспадыні. Цётка не баялася. Яна нават пакінула прыадчыненыя дзьверы. Вакно таксама было адчыненае. Жанчына цярпліва кагосьці чакала. Надышоў вечар, але ніхто не прыходзіў. На высьпе была толькі яна, і чакаць чыйгосьці прыходу было недарэчна, але яна насуперак усяму чакала. Калі зусім ссутонела, аб шыбіну раптам нешта стукнула. Цётка нават не міргнула. Гэта быў начны матылёк. Мятлік яшчэ раз даўся аб шыбіну, а пасьля далікатна прысеў на Цётчынай раскрытай далоні. У той жа момант задзьмуў моцны вецер, які з хвіліны на хвіліну мацнеў, ператвараючыся ў віхуру. Неўзабаве ўсчалася сапраўдная навальніца, і аканіцы пачалі ляскаць аб сьцены старое хаты. Вось-вось пасыплецца разьбітае шкло. Цётка аднак не зачыняла вакно. Яна выйшла з хаты і накіравалася ў бок амаль ушчэнт змытага мастка. Дайшоўшы да паловы яго, яна затрымалася і рукой пацягнулася ў кішэню, аднак пальцы скурчыліся ў сутарзе і вярнуліся назад. Ейныя зморшчаныя вусны страпянуліся. Яны нешта шапталі. Праз дрыжыкі вуснаў перакочваліся сьпярша незразумелыя словы, якія пачалі складацца ў выразны ланцужок: “Дрэмле човен на вадзе азёрнай…” — з апошнім словам кабета зрабіла крок наперад і, пацягнуўшы за сабой увесь кволы масток, звалілася ў ваду.

Праз тры дні некранутае рыбамі цела ўсплыло недзе за восем вёрст ад мастка. Яго заўважылі хлапчукі, якія ў поўнай разгубленасьці доўгі час беглі ўздоўж берагу і крычалі: “Глядзіце, дзеўка, дзеўка ўтапілася, глядзіце!” За дзіўна пераўтвораным целам маладой тапельніцы цягнулася доўгая белая палатніна, якая нечым была падобная на дзіцячыя пялюшкі, а хутчэй нагадвала шлюбны вэлюм.