12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Дзевяноста другі дзень лета.
Вершы


каратэіст

сем гадзін на паўднёвы ўсход на старэнькім «ЛАЗе»
і вясна за Кармой, і ты ўсё лета ў Чачэрску
дзе сусед-ветэран, што ведае ўсё аб празе
і смазе з раніцы, лаецца не па-чэшску

дзе нас на летні час пераводзяць крыкамі пеўні
у кінатэатры «Акцябар» піраты і магараджы
а вечарамі з пластмасавай крышкі ўсё больш упэўнена
п’ецца мядзьведжая кроў на развалінах ратушы

шыкоўныя «ГАЗ» і «ЗІЛ» на пляцоўцы ля ДОСААФа
сто дваццаць км на сьпідометры і мы амаль неўміручыя
і хто мог знаць, што мясцовы маёр,
буйнагабарытная шафа
так спрытна бегае й так балюча вушы накручвае

і вечаровыя рамантычныя падарожжы
з мэтай калгасных яблыкаў стырыць у садзе
і першыя траўмы – купаньні старэйшых суседак у Сожы
у таварыстве мальцаў, з якіх кожны чацьвёрты сядзе

і Сож быў глыбокі, і віскат быў гучны, і малец быў хуткі
і пад вадою добра чыталіся ўсе іх рухі
і мы, ня ведаючы, як правільна пішацца ПРАСТЫТУТКІ
на прыбярэжным пясочку пісалі ШЛЮХІ

гэта праз год усё выглядала проста
бусі марусі, танькіны станікі, ленкі каленькі
і нязьменны стандарт 90/60/90
хлопцы ўносілі па 90 капеек, а я 60 як самы маленькі

а пасьля міма касы ў краме – лепей ужо маўчы
слоік з бярозавым сокам – першы сур’ёзны твор мой
і на дзіцячай пляцоўцы недзіцячыя махачы
проста каб разагрэцца ці пахваліцца формай

помню шчарбатага хлопца – пярэднія нехта выбіў
шорты ніжэй за калена і губы ў таматным соўсе
ён замахнуўся двойчы і двойчы схібіў
а на маю нагу потым сам напароўся

думаю, зараз заб’е, а ён хутка залез на плот
і залізвае там баявыя раны
і раптам як закрычыць на ўвесь свой таматны рот
ТЫ ЯШЧЭ ЖЫЗЬНІ НЯ БАЧЫЎ КАРАТЭІСТ ЗАСРАНЫ!

яшчэ памятаю дзьве бойкі ў гонар дзявочай плоці
адна была з дошкамі, іншая з парай лёгкіх гантэляў
але нішто не закрэсьліць байца на чачэрскім плоце
які два разы замахваўся і два разы не пацэліў

і цяпер, калі нехта па п’яні жадае біцца
я адказваю ветліва: «слухай, наконт біцьця
пры ўсёй каласальнай павазе да тваіх мега-біцэпсаў
ніхто з нас – ні я, ні ты – яшчэ ня бачыў жыцьця»


доўгая дарога да гаршка

а здорава было б узяць і напісаць сямейную сагу
пра бацькоў і дзяцей і назваць яе «доўгая дарога да гаршка»
тамоў так на сто пяцьдзясят прывітаньне бальзаку
калі ў друкарцы і ў аўтара хопіць на ўсё парашка

капітальна прадумаць розныя сюжэтныя адгалінаваньні
каб плынь сьвядомасьці бараніла віры свае
каб каханкі ў ложку шкілеты ў шафе тапельцы ў ваньне
і духоўнасьць духоўнасьць духоўнасьць а як без яе

вось скажам філфак універу
да самай спартзалы набіты німфеткамі
з гарадскою прапіскай сurrent мusic:
на мурамскай дарожцы стаялі тры
ён знаёміцца і адразу ж пачынае яе
параўноўваць з рознымі кветкамі
бо ён тут адзіны з вёскі яму сямнаццаць столькі ж александры…

ён з маленства аматар броўкі яна мае пірсінг на броўцы
кажа што кветкі выклікаюць у яе іншы асацыятыўны шэраг
яны нешта п’юць ён прачынаецца зранку на ейнай сяброўцы
яна дарыць яму пацалунак ён згадвае аб людажэрах

яна кажа што ейныя бацька і брат толькі што селі
за групавое забойства яе папярэдняга жаніха
і пакуль яны там трэба хутка згуляць вясельле
як гэта ледзьве знаёмыя?
а каму я тады да раніцы ладзіла вднх?

трыццаць дзьве незамужнія аднакурсьніцы вялі іх замест канвою
адзінаццаць абкураных дваццаць адна бухая
і толькі пад праваслаўнай былой уніяцкай царквою
ён зразумеў што напраўду кахае

гасьцей панаехала цэлы аўтобус як на экскурсію
апошні раз ён так хваляваўся калі вучыўся браць акорды з барэ
праз дзевяць месяцаў яна мела найпрыгажэйшы жывот на курсе
хлопчыку ў гонар здадзенага іспыту далі імя анарэ

ад крыкаў маленькага генія зранку расколвалася башка
але гэта палова бяды бо нягоднік паставіў мэтаю
з паўгадзінкі паседзеўшы марна пасьля пакакаць міма гаршка
разоў гэтак сто пяцьдзясят каб бацькі чалавечую мелі камедыю

і вось з яго вырас батан-выкладчык пад гучны гоман
ён сочыць як у студэнтак сыходзіць румянец са шчок
покуль ён валіць ім мантру: рамантычны энтузіязм іронія гофман
і залаты гаршчок
залаты гаршчок
залаты гаршчок


старая песьня пра галоўнае

гэтыя шлюбныя гульні апафеоз бязладдзя
як эльфійская песенька ў гоблінскім перакладзе

ён надзімае грудзі кажа словы чужыя
потым каштоўным каменем вісьне ў яе на шыі

і яна яму хоча з верай надзеяй каханьнем
віснуць таксама на шыі каштоўным каменем

сёньня ў кіно: альмадовар фон трыер джармуш
заўтра відэа дома пазаўтра пацягне замуж

новыя строі купляе і нават шые
потым глядзіць а камень на іншай шыі

у найлепшым выпадку за ўсё атрымае кія
што тут паробіш такія ўсе гарадскія

іншая рэч калі пакахае вясковы
ён капітальны грунтоўны абавязковы

скажаш яму што любіш жыць у раскошы
ён парсюка адкорміць і будуць грошы

скажаш каб мінімум тры туалеты: ранішні дзённы
і вечаровы ён скажа о’кей наіўны як усе маладзёны

працавацьме ўвесь дзень і ўначы ў асьвятленьні поўні
і змайструе табе ў агародзе аж тры шпакоўні

потым вясельле й калі да канца мядовага месяца
ты яго не павесіш і ён з табой не павесіцца

будзеце жыць шчасьліва да сканчэньня вякоў
ходзячы ў агарод і слухаючы шпакоў


Жалуды

З дуба падаюць жалуды,
хоць выклікай міліцыю!
Я ж не маленькі і не худы,
значыць, мне не ўхіліцца!

«Што я зрабіў вам?! За што, жалуды?! –
стаўлю пытаньне рубам. –
Можа, я проста сеў не туды,
пад няправільным дубам?

Я ж за жыцьцё ніводзін лісток
не сарваў на гербарый!
Я ж спажываў бярозавы сок
толькі з гарэлкай у бары!

Кожная кветка – мая пратэжэ,
толькі «Грынпісу» веру,
вершы зьмяшчаю толькі ў ЖЖ,
каб эканоміць паперу!»

Мне дубовыя кажуць лісты:
«Што ты скардзішся тупа?
Гэта ня жолуд з дуба, а ты,
мабыць, ляснуўся з дуба!

Гэта ўсё промысел Божай рукі,
вышняя воля Яговы!
Як не баіцеся, чарвякі,
наракаць на Яго вы?

Як ты дайшоў да такога жыцьця?
Як ты паводзішся? Што ты
зноў павёўся на глюк, як дзіця, –
размаўляеш з лістотай?..»

Я апрытомнеў. Глянуў наўкол.
Выпадак нетыповы.
Жарцікі лёсу. Кармы прыкол.
Гумар жыцьця дубовы.

Зрэшты, хто ведае, колькі жыве?
(Вірусы, голад з холадам...)
Дуб з галіны па галаве
стрэліў кантрольным жолудам...


Ад панядзелка да панядзелка…

Міла сустрэліся і пратрындзелі
з вечара пятніцы і да нядзелі.

Зранку – званок, і трывае гаворка
ўвесь панядзелак і частку аўторка.

Думалі скончыць, бо заўтра ж на працу.
Зрэшты, пасьпеем на працу сабрацца!

Шмат тэмаў ззаду, ды шмат яшчэ сьпераду.
Добра пра грошы гаворыцца ў сераду.

Спорт абмяркоўвалі цэлы чацьвер,
потым я тэму зьмяніў: што я – зьвер?

І перайшлі на знаёмыя задніцы:
выйшла якраз да сярэдзіны пятніцы.

Потым пайшло аб адзежы і ботах.
Ну а пра што гаварыць па суботах?

Трэба завязваць, бо ноч панядзелка:
я ж не трындзелка і ты не трындзелка!

Ну й на астачу – пра сьвяты й гасьцей.
Тэма аўторка: звані мне часьцей!..

І разьвіталіся, як назаўжды –
да серады.


Дзевяноста другі дзень лета
Сяргею Прылуцкаму

Дзевяноста другі дзень лета – прывітаньне школе і верасьню!
Упадаю ў дзяцінства, кладуся й сябе яшчэ да ўніверу сьню.

Ані згадкі пра першага верасьня, помню толькі раніцы ўзімку,
калі мама гаворыць «пад’ём»,
а я ў позе Марфея з падушкай ў абдымку.

Душ, сьняданак са смакам зубное пасты і перад дарогай легальная кава…
Аднакласьніцы ногі дастануць з-пад футра:
чым вышэй, тым болей цікава.

І заняткі, дзе нафта – бяз коштаў, а кокс – гэта ўсё яшчэ кокс,
і сябры ў перапынку паказваюць постэр з красуняй Самантаю Фокс…

А назаўтра я зьехаў у вёску, дзе сьнегу да самых стрэх,
і два тыдні вакацыяў сьніў сябе з ёю на постэры –
сьмех і грэх!

Ну, вы толькі ўявіце нас разам, якія мае, блін, шанцы:
яна ў стрынгах і топлес, а я ў палітоне і шапцы-вушанцы!..

Медагляды й прышчэпкі – ня тыя, што ў ваннай,
зусім ня тыя!
Цёця доктар, а з ёй медсястра, і абедзьве яшчэ маладыя.

І адна як на постэры, толькі ў халаце, дарэчы – кароткім.
І са мной адбываюцца дзіўныя рэчы,
заўважныя гэтым цёткам.

І тады я на радасьць фрэйдыстам крычу, што баюся ўколу…
Прачынаюся… шчасьце… мне 34 – і болей ня трэба ў школу!


К. у горадзе К.

...А яшчэ мы ляцелі 200 па трасе
і бачылі ўзыход
над Балтыкам.
Барбара Радзівіл.

Яна шукала там інтэрнэт. Знаходзіла толькі сэкс-шопы.

Ад сваіх скразьнякоў зачыняла вокны прыгарадных цягнікоў.

На ўсе прапановы выпіць адказвала ім: «Ішшо бы!»

І сьніла сябе страказой без бурштыну і чайкай без плаўнікоў.

Закопвала ў пляжны пясок чыгуначныя прасьціны,

адкопвала іншаземцаў у сямейных трусах.

На вечную маладосьць сабе зьбірала гадзіны,

сьпекулюючы на розьніцы ў часавых паясах.

Труцілася, у глінтвейн сабе апускаючы льдзінку.

Спавядалася поўні. Усе мы патроху брэшам.

А яшчэ яна загарала на сонечным гадзіньніку,

спыняючы час над усім балтыйскім узьбярэжжам.


начная чытанка

люблю калі збываюцца прыдумкі
і карабель «хаос» ляціць у космас
паэт зафіксаваў свае лятункі
і песьцячы наяве нечы комплекс
дзяўчынка не вымае з рота гумкі
гартаючы амерыканскі комікс

пачатак траўня першая маланка
забытая вядзьмаркаю спадніца
на гарцы шабаш на алімпе п’янка
і ветраная геба-чараўніца
читатель ждёт уж рифмы «лесбиянка»
паэту сьніцца рыфма «навальніца»

паэт на водах мроіць аб свабодах
з каханкай і яе вучоным мужам
вучоны муж ліе гарбату ў сподак
на злосьць музычным крытыкам і сьцюжам
ласкавы май пяе аб вешніх водах
ружовым вечарам і белым ружам

аўфідэрзэйн свабодная стыхія
хацелі ў прагу пасадзілі ў танкі
адных няма ўдалечыні другія
скуголяць пад каштанамі каштанкі
чытач чакае рыфмы «настальгія»
а слухачы сваёй начной чытанкі

хацелі помнік атрымалі гэткі
што вырасьце калосам кожны колас
нібы агент ангельскае выведкі
жывы журнал захоўвае твой голас
і тчэ рука забыўшыся і кветкі
харошыя і сьвежыя як колісь


Асеньняе лісьце
Памяці Оскара Пітэрсана

быў час калі на ялінкі
мяняюць звыклыя елкі
я вымяняў тры пласьцінкі
на вашыя дзьве кружэлкі
а потым на «караване»
сьлёзы змываў у ваньне

і жоўтае лісьце сумленна
ляцела з пустога скверу
у рытме поля верлена
з вітаньнем жаку прэверу
і восень жазэфа касма
гучала быццам зіма

і восень зіму прысьніла
і зноў калядныя ёлкі
і нат па сьмерці вінілу
жыцьцё на канцы іголкі
і круціць і круціцца час
пакуль ня скончыўся джаз

хай шчокі надзьме гілесьпі
і неба хопіць у лёгкіх
і вашая тэма ўзьлезе
па гуках яго далёкіх
а мы прыслухоўвацца станем
шчасьлівых калядаў астатнім
24-25 сьнежня 2007