12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Дзяды.
Драматычная паэма


І. ПРЫВІД

у чорным-чорным лесе
за чорнай-чорнай ракой
і ўсе чачэрскія дзеці штовечар гублялі спакой
на чорнай-чорнай паляне
і зырылі ў рот дзевяцігадовай Ульляне
стаіць чорны-чорны дом
а ў ім чорны-чорны замоўкні, дурань, ніякі ня дзядзя Том
у чорным-чорным пакоі
заткніся, разумнік, чорт ведае, што такое
на чорным-чорным ложку чорная-чорная падушка
не рагачы, Андрушка
у чорнай-чорнай падушцы чорная-чорная голка
цішэй, Міколка
з чорнаю-чорнаю ніткай
хто хоча працягучастуй шакаладнай пліткай

і мы пагаджаліся з гэтай драпежнай палітыкай
бо ў Валеркі бывалі цукеркі
жуйкі ў буржуйкі Валі
і ўсе давалі

дык вось, прынесьлі дадому бохан чырвонага хлеба
іншага ў краме не засталося, а есьці трэба
елі мама і тата, і сын, і сястра ягоная
(а буханка чырвоная!)
толькі заснулі, як у сьцяне адчыняецца дзьверца
АДДАЙ МАЁ СЭРЦА!

міжгародні аўтобус спыняецца на прыпынку
маці выбегла на хвілінку
пакінуўшы ў ім дзяўчынку
праходзіць хвіліна, і дзесяць, а мамы няма і няма
дзяўчынка выходзіць сама
шукае мамударма
мінае восень, зіма
а тата-міліцыянт яе ўсё ня знойдзе
і толькі ўлетку будаўнікі, зламаўшы асфальт, знайшлі валасы і пазногці
на глыбіні два з паловай метры
а ўночы з мамінай шафы зьявіўся прывід у маміным швэдры

і тут найстарэйшы з нашай кампаніі, Коля
абсалютна бясплатна пагнаў гісторыі, што яму ў школе
апавядаў прасунуты прэпад па маляваньні
пра труп, схаваны ў лядоўні, пра кроў нябожчыка ў ваньне
пра тое, як муж сваю жонку замураваў у сьцяне
мы слухалі, нібы ў сьне
як сэрца забітага стукала пад паркетам
настаўнік быў геніем, вучаньтаксама някепскім паэтам
і мы траплялі ў адаптаваныя для райпо
пекла Лаўкрафта і рай По

толькі тут мы заўважылі, што сапраўды ўжо вечар
што згусьцілася цемра і ў доме насупраць
на словах “…Маргарэт Тэтчэр…”
радыё змоўкла раптоўна,
а дом наагул карыстаўся нядобрай вядомасьцю
гаспадары неяк зьніклі з усёй іх маёмасьцю
а бабуля казала, што добрых людзей ніколі ў ім не жыло
часам у вокнах запальвалася, потым гасла сьвятло
часам гучала і раптам змаўкала радыё
вось і цяпер: сядзім мы на ганачку й самі ня радыя
што калі гэты домнасамрэч дом з прывідамі?
прывіды людзі сурёзныя, помняць абразы з крыўдамі
тэрарызуюць жывых злачынствамі даўнімі
нават такімі, як мы, не пагрэбуюць даўнамі

тут усе спалатнелі
Таня і Сьветка, і нават сястра яе Нэлі
біла дрыготка Жэню
што сарамліва хаваў свае пальцы ў кішэню
я ўжо маўчу пра сваё трымценьне

раптам над намі навісьлі два велізарныя цені
зарагатаўшы на два галасы нелюдскія:
ШТО, ГАРАДСКІЯ?!
шчэрачы чорныя зубы й чырвоныя дзясны
Воўка Уздоўскі і Чэчык, граза Калгаснай
з крыкам НЯ ССЫ!
кідалі ў валасы
Сьветцы, якая ляжала са складзенымі на грудзях ручкамі
як і належыць спалоханай прывідам даме
лопухавымі калючкамі
а па-чачэрскуДЗЯДАМІ

ІІ. ОЛІВЭР ТВІСТ

Слухай, навошта агульны сшытак?
Могуць заўважыць, бо тоўсты, а па-другое, які з яго ўжытак?
Выдраць старонкудык прыйдзецца дзьве,
і ў кішэню штаноў не пакласьці.
Ты зразумей, не ў памеры шчасьце!
Лепей блакноты красьці.

Тырыць блакнот трэба з сэнсам.
Скажам, вось гэты з букетам і сэрцам
пасуе толькі дзяўчынцы
у занядбанай правінцыі.
Узяўся тырыцьдавай нам
з модным сучасным дызайнам.
Добра, хай будзе гэты, з камбайнам.

Спыняць на касесябруй з галавой.
Скажаш, што гэта твой,
што носіш заўсёды з сабой, бо рыхтуешся так да дыктовак.
Дзеля праўдзівасьці можаш стырыць вунь той аловак.

Не расслабляйся, потым яшчэ ў прадуктовы.
Гатовы?

Помні, ня суй пад майку пірожныя заварныя.
Потым ніхто не адмые.
Іншая справакоржык.
Восемпад майку, адзіндля алібі ў кошык.
А заварныя цягні адразу ў пакеце.
Дзесяць ня трэба. Саня цяпер на дыеце.

Шухер! Змывайся! Ды не туды.
З горкі і ў роў, праз дзяды

Увесь у дзядахгэта мінус.
Добра, паказвай, што вынес.
Кніжка? “Олівэр Твіст”?
Мне ў прэзент? Ты садыст?
Што мне рабіць з гэтымДыкенсам?
Мне без патрэбы. Выкінь сам.
Выбраў бы нешта з добраю назвай.
Схавай. Пацанам не паказвай!

ІІІ. ДРАБІНА ДЗЯДЗІ ЯШЫ

Яна ляжала ў гародзе й бабуля казала: “Наша”,
ды ўсе памяталі: драбіну пазычыў нам дзядзя Яша.

Прычым не задармаадносіў яму трохлітровік соку я.
Тады ён спытаў мяне: “Гэта драбінадоўгая ці высокая?”

Я сказаў, што высокая. І тады ён паклаў яе на зямлю.
У гэты момант я ведаў, за што яго не люблю.

Драбіна была жалезная. Дзядзя Яша сам яе зварваў.
Бацька круціў каля скроні пальцам, кажучы: “Варвар!”

А потыміронія лёсумы самі яе папрасілі.
Яша цешыўся болей, чым соку, таму, што прагрэс яшчэ ў сіле.

Драбіна нам прыдалася. Быў акурат пачатак
зьбіраньня вішняў. Ля самага плота ў шэраг стаяў дзясятак

красуняў зь цёмна-вішнёвай жывіцаю на камлі,
і што магло быць тады смачнейшае на зямлі?

Вішні былі старыя. Здаецца, апошні год
было столькі ягад. І кожная для насзабаронены плод.

Першымі ўзьлезьлі на дрэва мае стрыечныя сёстры.
Момант суперніцтва ў нас заўсёды быў вельмі востры,

а тут яшчэ гэтыя вішні. Я лезу, а дзьве сяструхі
косткамі зьверху кідаюцца. Я паскараю рухі.

Абяцаю, што зараз замучае іх аддача!
Я не паводзіўся высакародна, мой шляхетны чытачу!

Паўзу на галіну за імі па прынцыпе трэці лішні
Пяці секунд не мінула, як сёстры адны засталіся на вішні.

Лячу праз плот на рабіну, а потым, гора-садоўнік,
ламаю рабіну і падаю ў найгусьцейшы дзядоўнік.

На крыкі і трэск прыбеглі дзед з бабай, бацька і мама,
і сёстры спусьціліся з вішні палюбавацца таксама.

Пад плотам ляжала доўгая (так, дзядзя Яша!) драбіна,
з іншага бокуя, са мной у абдымкурабіна.

Продкі схіляюцца нада мной, і пытаюся ў продкаў я:
Слухайце, а рабінанізкая ці кароткая?”

---

З таго часу ў мяне ёсьць рахункі з гародамі і садамі,
драбінамі і рабінамі, вішнямі і дзядамі.

Бо для некага дзядыгэта сьвята ў лістападзе,
а для іншага дзядыветэраны на парадзе,
для мяне жабрад атрасаньня калючак
і мой удзел у абрадзе!

ІV. СЬВЯТОЕ

А зараз не пра дзядоўнік. Зусім не пра тое.

На ўскрайку Чачэрску ёсьць возера з назвай Сьвятое.
Бабуля казала, на гэтым месцы калісьці была царква,
вялізная і надзвычайнага хараства,
якая аднойчы з усімі званамі пайшла на дно.
Кажуць, што часам у цішы тыя званы чутно,
а ў найясьнейшыя дні
макаўку можна разгледзець у глыбіні.

Мы там купаліся й проста культурна бавілі час.
Раз на выходных, за пару крокаў ад нас,
на прыбярэжнай траве сядзелі салдаты.
Двоедзядоў” (адзін зьлёгку, другі ўжо ня зьлёгку паддаты).
Трэці салдацік, які выглядаў, якдух”,
апавядаў ім пра возера. Тыя слухалі ўдвух.

Як? Як ты кажаш? Званы зазьвінелі самі?
І патанула? З народам? З папом? З абразамі?
А абразы дарагія былі, як думаеш, Лёша?
Слухай, няхай малады іх дастане, а нам будуць грошы!
Чуеш, што кажуць? Давай! Штонашто”? А на тое!
Правільна, Лёха! Загнацьдухаў возерагэта сьвятое.

Тут Лёха сарваў з яго шыі і кінуў у возера крыжык.

Плыві за ім сьледам!
Пасьля нам раскажаш, дзе быў, чыжык-пыжык!
Хутчэй, а то зараз па галаве!

Духразьдзяецца, заходзіць у возера, потым плыве.
Трохі адплыў, а пасьля пад вадой зьнікае.
І не вынырвае, сволач такая.

А ў тых кісла робіцца ў роце ад думкі, што скажуць у роце.
Крычаць, разьдзяюцца, ныраюць задухам”…
А той незаўважна ўсплывае ў чароце,
хвілінку любуецца іх падводнымі танцамі,
сьмяецца, хапае адзежу й змываецца ў бок аўтастанцыі,
купляе квіток на Карму, а пасьля ўсю дарогу псуе сабе карму,
бо мроіць пра возера, што затапіла б яго казарму.


V. ЯК Я ЎПУСЬЦІЎ ВЯДРО

Раз-два-тры-чатыры-пяць
пачынаю іх зьбіраць.

Нагінаюся за дзедам,
валачу свой посуд сьледам

і сабранае дабро
гучна падае ў вядро.

Гэта вам ня йсьці ў грыбы,
доўга крочыць на абы.

Тут вы на адным кусьце
цэлы слоік зьбераце.

Нецярплівым проста рай:
нахіліўсяі зьбірай.

Па лістах вяду рукою:
Выбачайце, непакою!” –

і ў руках чатыры жмені
застаецца іх, ня меней.

Ах, як радуецца сэрца!
Напаўняецца вядзерца.

А ў вядзерцы не суніцы,
не чарніцы, не клубніцы,

не дурніцы-буякі
каларадскія жукі!

---

Засталася чвэрць вядра,
але дзед сказаў: “Пара.

Зараз мы іх будзем трушчыць.
Толькі помні: жук трывушчы.

Лепей трушчыць, каб ушчэнт,
аб асфальт ці аб цэмент,

ды патроху, па чарзе”.
Дзед гаворыцьжук паўзе

па вядры. Гляджу на вязьня:
Зараз будзе табе лазьня.

Мой суворы дзед такі.
Беражыцеся, жукі!”

Кожны мітусіўся, кожны
быў такі бездапаможны.

Зрэшты, што я ім, ахоўнік?
І ўпусьціў вядро ў дзядоўнік.

А яны як ламанулі!
Выляталі, быццам кулі.

Мне на хвілю зьнесла дах,
а яныужо ў дзядах

Дзед злавіў, але ня ўсіх.
Дзед сказаў мне, што я псіх.

Дзед паскардзіўся бабулі,
абяцаў пазбавіць бульбы.

Але я не шкадаваў,
што жукоў пашкадаваў.


VI. НА КАРОВУ

На ганку, на дзьвюх лавачках за столікам,
сядзелі з Юрам, Славікам і Толікам
і трэці запар дзень гулялі ў карты:
занятак варты,
калі партнёр упарты й сам змагар ты.
А пойдзе картагэта вам ня мапа!
Гулялі ўгаўналяпа”.

На што гуляць, каб сэнс наш меў занятак?
На распрананьне? Дык няма дзяўчатак.
Гуляць сурёзна? Скончыліся грошы.
На інтарэс? Занятак нехарошы.
На пстрычкі? Біць сяброў ніхто ня стане.
Сышліся, што гуляем на жаданьне.

Вядома, хто застаўся гаўналяпам
Каб знаць, што пажадае Толіккляпам
заткнуў бы рот, бо ён са мной дарма так:
я быў павінен заўтра пасьвіць статак!

Агульны статактрыццаць тры каровы,
і раз на месяцграфік несуровы,
як на сямю, бо кожная ў чарзе.
(Ухілішсясумленьне загрызе.
А шчэ суседзі! Шмат бы хто з суседзяў
сумленьне ў справегрызьціб апярэдзіў.)
Ды нашая чарга яшчэ праз тыдзень,
а Толікавазаўтра. Толікзлыдзень!

Устаць за чвэрць гадзіны пад два гімны.
На мацюкі і туалет інтымны
згубіць хвілінаў дзевяць або дзесяць,
язык і пугу на плячо павесіць
і можна сьмела шыбаваць на луг
з каровамі і купкай недалуг.

Наперадзе ішоў дзядуля Толіка
хадою ветэрана й алкаголіка:
шмат ведаў пра жанчын і медалі,
каторыя далі і ня далі.
За імягоны сябар і пляменьнік,
мясцовы рыбнагляд і шызафрэнік,
па сумяшчальніцтве паэт-аматар:
паслухай вершдасьць пакатацца катэр.
Наступныбацька Толі, трактарыст,
спартсмен і фан камандыДжудас прыст”.
Ягоная паловацёця Каця,
што працавала ў лодачным пракаце.
Будзь Толік, дык сабралася б сямя.
І ў давяршэньне ўсёй клаўнадыя.

Ідзем і размаўляем зрыбнадзорам”:
Андрэйка, а ты вершы любіш? Сорам!
Як не любіць высокай прыгажосьці?
Вось ты паслухай, пачытаю штосьці:
А над Чачэрскам зор, нібы гароху!..”

Я ўжо таксама вершаваў патроху
і, галяком купнуўшыся ўначы,
мог у адказ метафару сьпячы,
што зор там, як укусаў камароў
на срацы. Параўнаньне будзь здароў?
Ды вернемся з вышыняў да кароў!

Над вухам авадні вясёлай фугай.
Адмахваемсяхто хвастом, хто пугай.
Парнакапытнымхораша на траўцы.
Мужчыны абмяркоўваюць, як знаўцы,
далікатэсы з торбы цёці Каці,
якімі ўчора грэбавалі ў хаце.
Салодка сьпіцца на чачэрскім сонцы
пярэстай халмагорцы і херсонцы,
цялушцы Зорцы і старэнькай Лысцы.
Сьпіць ветэран, як немаўля ў калысцы,
пакінуўшы загадглядзець Чарнушку,
бо гэта можа зладзіць нам вайнушку:
штодня ўцякае з лугу, чорт рагаты,
і іншых за сабой вядзе дахаты.

Рагаты чортхутчэй была бязрогай.
Штодня ўцякала іншаю дарогай,
ня кожны раз трапляючы дадому.
Шукай пасьля й ці знойдзешневядома.
Ну, так і ёсьць. Бяжыць. Забудзь пра стому.

Дарэмна я гуляў у карты ўчора!..
Бягу за ёй, наперадзе Чачора,
фарсірую раку, як быў, у ботах,
лячу ўгару і пераводжу подых
адно каб азірнуцца на пагорку
Чорт! Мужыкі, трымайце Лыску й Зорку!”
Ці дзень такі, ці пасьвілі нягегла,
але палова статку такі зьбегла.

Ганяў яе па пустках і садах.
Вярнуўся, згодна з назвай, у дзядах,
з вялікім гузаком на галаве,
паабстрыкаўшы рукі ў крапіве.
Але злавіў за Замкавай гарой
і потым пачуваўся, як герой.

А цераз тыдзень пасьвіць яшчэ раз
Пасьля крычаў картыжнікам: “я пас!”
А калі хто казаў: “не на карову”,
я пачынаў сьмяяцца нездарова.

VІI. КАМАНДЗІР БАБСКАГА БАТАЛЬЁНУ

Гэты кашмар пачаўся з прычыны бульбы.
Не, не спаймалі нікога з чужою бульбінай, скуль бы!
Проста адна малая паненка
з прозьвішчам рэдкім наенка
(што вельмі важна, пры сімпатычным сьведку)
неяк прасіла сяброўку-суседку
дапамагчы абраць пяць кіло
бульбы, а той было западло.

Першай, вядома ж, крыўдна. Хацела абразіцьсучкай”,
ды выхаваньне ўзяло сваёабмежаваласябеларучкай”.
Гэтая штось недачула, падумала, штобеларускай”,
з намёкам на бульбашоў
і пачалося шоў.
Тую, наенка”, не пачаставала сушкай,
абазвалахахлушкай
і для нагляднасьцідобра агрэла падушкай.

Можа, усё абышлося б, ды сьведка быў сапраўдны ўкраінец,
на дапамогу пакрыўджанай кінуўся, як марскі пехацінец,
вырваў падушку ў злачынкі,
выцер соплі ў пабітай дзяўчынкі
з выглядам малайчынкі, што добрыя робіць учынкі.

А ні халеры!
Убеларучкісвае кавалеры.
Вечарам ён атрымаў ультыматум на брудным кавалку шпалеры:
Зафтра ля рова
будзе цібе хярова,
бо ты і сам ідыёд і дзефка твая карова”.

Проста існуюць традыцыі
па-за ўладай бацькоў і міліцыі,
як шанаваная тут гадамі
ПЕРАСТРЭЛКА ДЗЯДАМІ.

Першы стрэл прыняў на сябе валасаты Данік,
а другі рыкашэтам трапіў Таньцы за станік.
Трэцім стрэлам Славіку з Гомеля ледзь ня выбілі вока.
Славік крыкнуў, што пойдзе дадому,
бо нешта моцная сьпёка.
Нос разьбілі малому Ваню чацьвертым стрэлам
над камандаю гарадскіх запахла гарэлым,
але ў момант, калі іх войска ўжо страціла трох сяброў,
мой лірычны герой якраз праходзіў паўз роў.

Нашых бюць!” –
пранеслася ў думках, а потым: “Куды б схавацца?”
Але раптам заўважыў тую,
з якой ледзь дамовіўся цалавацца.
Тры дзяўчынкі ў адной камандзе, а хлопцаў ужо няма,
і зьяўляецца шанец дамовіцца з тымі дзьвюма.
Як-ніяк у менскіх вайнушках ён быў падпалкоўнікам
і ён рынуўся ў гушчу падзеяў з вялікім кустом дзядоўніка.

А дзе ж тыя ваяры,
Што дзядоўніку сябры?

А дзе ж тыя іх дзяды,
Што лятуць туды-сюды?

Каб ачысьціць гэты роў
Ад варожых ваяроў!

Скажаце, штокічуха”, скажаце, штобытавуха”,
а ў яго пасьля ад удару з тыдзень гарэла вуха.
Але зараз ён Гойка Міціч і перамогу сьвяткуюць апачы,
і бледнатварыя ворагі дражняцца, адступаючы:
Камандзір бабскага батальёну, камандзір бабскага батальёну!”

А ён у Чачэрскім раёнекароль раёну.

VІІI. ЯК Я ПРАВЁЎ ЛЕТА

Першыя ўрокі. Мусоліш аловак і сьцёрку.
Тэма на дошцыпішы, як праводзіў ты лета.
Пішуць, казлы. Ты таксама хацеў быпяцёрку”,
толькі пра што тут пісаць, як раскажаш пра гэта?

Як ты глядзеў тэлевізар тайком ад бабулі:
над галавою імгненьні сьвішчуць, нібы кулі,
ледзь нашы гол у адказ забіваюць шатландцам
бабця ў адказ прабівае па задніцы сланцам.

Як ты з набітых кашоў выкідаеш лісічкі:
месца няма ўжо, а белых грыбоў усё болей.
Як літаральна за тыдзень мяняюцца звычкі
і геніяльна смакуе партвейн дзядзі Колі.

Як па дарозе дамоў спатыкаўся, бы Чаплін.
Як, пачатковец-нудыст, ледзь ня зьмерз у Сажы
і, каб сагрэцца, – ударыла ў голаў мача, блін! –
сена калгаснага стог падпаліў. Раскажы!

Як ты глядзеў у кіноЧалавека-амфібію”,
рот адкрываючы прагна спайманаю рыбаю.
Ўражаны бацька назаўтра купіў табе ласты.
Славік зайздросьціў: “Тапелец, а не вадалаз ты!”

Як з Засажэўскага лесу дамоў на папутцы
першы твой раз, як сказаў бы цяпер, аўтаспынам.
Як ад дажджу ў тэлефоннай хаваліся будцы
з той, што пасьля назаве цябе сучыным сынам.

---

Дзе гэта ўсё? Аўтастанцыя. Ціша. Бязьлюдна.
Цераз пітомнік (бабуля казалапітоўнік”)
крочыш паволі. Зьмянілася ўсё абсалютна.
Толькі дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік.

Пафарбавалі ў зяленіва дом бабы Валі,
вуліцу неяк бяздарна заасфальтавалі,
роў закапаліі не засталося сьлядоў.
Толькі дзяды, нібы ўнукі тых вашых дзядоў.


Ліпень-жнівень 2009