12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законьнікаў

_____________________
Глядзець у неба.
Вершы



Я хворы табоЙ...

Плыве паабапал дарогі на Вільню
Прастор, каб трывожыць ва ўпор і здаля...
Я хворы табой,
І ўрачы тут бясьсільны,
Мая непрыкметная ў сьвеце
Зямля.

А доля між родных палёў дасталася
Такая, што кругам ідзе галава.
Дасюль не сабрана радня да стала ўся,
Хоць Крывія кліча,
Гукае Літва.

Па карку дубінкай гумоваю — “Кrеsy”,
А пелькаю — “Северо-Западный край”...
Цябе, прыхаванай хлусьлівай завесай,
Мне суджана несьці
Ці ў пекла, ці ў рай...

Бялеюць сьнягі і зара чырванее,
Зьліваюцца ў велічны, радасны сьцяг.
Акрыцца ім хочацца з вечнай надзеяй,
Што будзе ў цябе
Неўміручы працяг.

Мая Беларусь!
Непадзельнай любоўю
Забі,
Толькі выцісьні рабства з крыві.
Адпрэч і чарнобыльскае белакроўе...
Жыві!


Стог

Пластуе век зацята дні і ночы…
Мой стог радкоў расьце,
кранае хмары.
Стаю на ім пад небам,
што прарочыць
Не цішыню,
а грамавыя ўдары.

Як у маленстве на духмяным сене,
Мне хораша ў метафарах куляцца
І проста так усім дарыць імгненьні,
Якія могуць з небыцьця вяртацца…

“Да навальніцы трэба стог завершыць!” —
Падкажа лёс з душою селяніна,
А я і сам даверлівыя вершы
Гніць пад крутой залевай не пакіну…

А покуль сьвет трывожыцца ў чаканьні
Прад бурай,
каб пасьля глынуць азону,
Я мушу рытмы вольныя чаканіць
Для люду,
што дасюль ня выйшаў з зоны.

Косы

У магіле братняй, пад грудком у полі
Сьняцца хлопцам косы, сьніцца хлопцам воля.

Косы, што сьцякалі па плячах каханай,
Косы, што ўзьняліся ў бітве апантанай.

Сьніцца тая воля, што не памірае,
Што народ сагнуты вечна дакарае.

Вестку шлюць нашчадкам з цемры касінеры —
Нельга жыць на сьвеце без надзей і веры.

Іхніх сноў пазбыцца сёньня немагчыма,
Зноў рыхтуюць пастку злыдні для Айчыны…

Беларусаў годных я шчасьліва мрою,
Што за волю выйшлі крэўнай грамадою.

Сьцяг лунае горда над паходам сьмелым,
Колерам найлепшы — бел-чырвона-белы.

Лашчаць промні сонца з маладых нябёсаў
Косы залатыя, баявыя косы…


Яны

Яны працавалі на Сталіна шчыра
Пяром на паперы
і зброяй ля ямаў…
Засыпаны глінай,
падзолам
і жвірам
Мільёны завершаных кулямі драмаў.

Яны шчыравалі амаль без “праколаў”,
І ўсё ж не пазьбеглі агрэхаў таксама.
На выбітай гвалтам
хлусьні пратаколаў
Бурэюць выразна
крывавыя плямы…

Жыцьцё плодзіць гіцляў
бязьлітасна-новых,
Якія няволю вяшчуюць з апломбам,
Пакуль праўда мэнчыцца
ў цёмных сьпецсховах,
Узятая катамі строга пад пломбу.


Мне сьвет цікавы

Цячэ рака,
зіхцяць у росах травы —
Мне гэты белы сьвет яшчэ цікавы.

Я ў ім пакуль дашчэнту не зажыўся,
Хоць па планеце ўволю накружыўся.

У звыклых месцах і за акіянам
Хапае між людзьмі дасюль падману.

Але мяне не падмане ніколі
Сьвятое хараство зямное волі.

Душа мая бяз стомы з ёю ў змове,
Каб занатоўваць тайну ў родным слове...

Мне гэты белы сьвет яшчэ цікавы,
Хоць ведаю,
дзе левы бок,
дзе — правы.


Усё было…

Усё было…
і нудны дождж,
І груганоў крыжы ў нябёсах…
Глядзі,
наперад лёс свой доўж,
Хоць ты галодны, голы, босы.

Шчасьлівы дар —
цярновы шлях —
Заўжды вядзе праз боль і страты.
А ў тым,
што душы душыць страх,
Тварэц жыцьця не вінаваты.

Віну ня ўтопіш у віне,
Маной ад праўды не прыкрыцца.
Пры мне,
а потым без мяне
Усё міне,
каб паўтарыцца.


Касьцёл сьвятых Сымона і Алены

Шаноўнаму айцу
Уладыславу Завальнюку
У краі тым, які здаўна ня лена
Ва ўсе бакі крыжуюць бальшакі,
Касьцёл сьвятых Сымона і Алены
Стаіць,
як варта веры,
на вякі.

Малітва да Ўсявышняга нятленна,
Тут кожны можа мець прытулак свой.
Касьцёл сьвятых Сымона і Алены
Плыве,
як ветразь духу,
над зямлёй.

Айчына толькі воляй маладзее…
І той, хто пакідае гэты сьвет,
У вечнасьць моўчкі панясе з надзеяй
Адбіты ў небе стромкі сілуэт.

Якія б ні шугалі буры,
зьмены,
Але душа стрывае хіжы злом…
Касьцёл сьвятых Сымона і Алены
Любоў вяшчуе вернасьці сьвятлом.


Еду з кірмашу

Памяці Ул. Караткевіча
Я еду з кірмашу.
На ім было
Завозна хмелем,
Ласкай незабыўна...
Памалу сэрца хакаць пачало,
Як вёрстамі загнаная кабылка.

Там,
Дзе ўладараць продаж і гульба,
Я толькі на хвілінку паказаўся.
На кірмашы нічога не прыдбаў
І прапаноўваць нешта не зьбіраўся.

Няма ў мяне тавару.
Ёсьць душа,
Але яна — запас недатыкальны.
І да таго ж ня варта ні граша
У сьвеце,
Дзе гандлююць маньякальна.

Міргаюць скрозь прывабныя агні,
А я адводжу вочы нелюдзіма,
Хоць гаварыў:
“Карчмы не праміні!”
Мой неўміручы сябра Уладзімір.

Як ён,
Пачуцьцям давяраў найперш,
Таму і зараз прадчуваньню веру,
Бо пішацца ў душы астатні верш —
Вагомей тых,
Што леглі на паперу.

Я еду з кірмашу
На той парог,
Дзе задаюць няпростыя пытаньні...
Мацней віна мяне зьбівае з ног
Касьмічны сум
Апошняга расстаньня.


Застацца дома

Запомніўся дзень у зялёным жыцьці,
Мой выклік ня ясны нікому.
У школу раптоўна рашыў не пайсьці,
Застаўся дома.

Карцела з паперай пабыць сам на сам,
І я прадчуваў падсьвядома,
Што выпырхнуць з сэрца на волю радкам
Найлепей дома…

Пяром пракладаю да роднасьці сьлед,
Дасюль невядома аскома
Ад думкі, што месьціцца ўвесь белы сьвет
У слове — “дома”.

Жыць тут, дзе зямля і нябёсы — твае,
Дзе нават салома ядома.
Хоць здрада табе пельку рабскую ўе,
Застацца дома.

Быць тут, дзе балюе раз’ятраны гвалт,
Дзе дух горды сьціснула кома,
Трымацца, апошні акоп не здаваць —
Застацца дома.

Мой век праляцеў, як імгненьне адно,
Ды вернасьць ня скруціць утома.
Я рана адчуў, што такое яно, —
Застацца дома.

Хачу і фінал непадманлівы мець,
Каб з ласкі гасподняй, вядома,
Прыняць там,
дзе жыў,
непадкупную сьмерць —
Застацца дома.


Умова

Памерлых дзён ірвуцца струны
Пад пальцамі жывога лёсу.
Ляцяць у вечнасьць вершаў руны,
Дзе шмат чаго на пыл зьвялося.

Але ня дзеля славы весьняй
Ці ўдзячнай памяці нашчадкаў
Зноў чарнавік душы я крэсьлю,
Кідаю забыцьцю пальчатку.

У царства сьмерці з горняй кручы
Спускаюся з адной умовай —
Каб мой народ быў неўміручым,
Каб вольна дыхаў родным словам!


Глядзець у неба

У цеснай і няўтульнай дамавіне
Свабодны дух ніколі не загіне.

Бясконцы далягляд ад чалавека
Ня засьціць і труны халоднай века.

Над шэрай глебай,
над нудой і горам
Ляціць душа да вольных, сьветлых зорак.

І мне,
і ўсім несупакойным людзям
Ратункам толькі спадзяваньне будзе...

Любоўю да зямлі сваёй прыкутым
Заўсёды жыць мілосна і пакутна.

Ды ёсьць яшчэ астатняя патрэба...
Мы паміраем,
каб глядзець у неба.


Першы пацалунак

Ляжаў вялікі белы камень тут —
Каля бруі прыветнае крыніцы.
Як брат з сястрою, у любімы кут
Мы беглі, каб красою наталіцца.

Але ў той дзень загадкавы віхор
Нас выхапіў з зямнога летуценьня,
Дзе конікаў ня моўк бязладны хор,
Мільгалі сьлюдзяных стракозаў цені.

Паўстала тое, што лунала ў снах,
Сатканых з позіркаў і шэптаў кветак.
Маланкавай вясны зялёны шлях
Імкнуўся сьпешна да раскошы лета.

Раптоўна сьвет асьлеп,
Аглух
І сьціх,
Зачараваны сьмеласьцю спакуснай.
Забыўшыся няўзнак на ўсё і ўсіх,
Раскрыліся, нібы пупышкі, вусны.

Дайсьці ў трымценьні не змаглі яны
Да таямніц сьпякотнага каханьня.
Хоць мы былі прад вечнасьцю адны,
Ды толькі сутыкнуліся дыханьні.

Такога пачуцьця ня меў пасьля,
Хоць зьвязана жыцьцё ў апошні клунак.
З-пад ног сплыла і зьнікла дзесь Зямля…
А гэта быў мой першы пацалунак.


Мацней даражу

Нікому жыцьцё паўтарыць немагчыма,
Даецца ашчадна і шчодра — адно.
І як бы зязюлька яго ні лічыла,
А фініш бязьлітасны мае яно.

То з выраю,
то за далёкае мора
Ганцамі свабоды ляцяць жураўлі.
Дні радасьці,
дні непазбыўнага гора
Стагуюцца так,
як прыйшлі, адышлі.

Ня выкінеш і не закрэсьліш ніводны,
Надзеяй узяты ў спакусны палон…
І сам непрыкметна
на ўсё станеш згодным,
Прымаючы вечнай прыроды закон.

Ды ўсё-ткі насуперак долі зласьлівай
Аблічча тваё прасьвятляе імжу…
Наколькі мой час карацее імкліва —
Настолькі каханьнем мацней даражу.


Пальчык

Прыклала свой пальчык да вуснаў: “Маўчы…”,
Вяла па прыступках мілосьці ў нябёсы…
Мне помніцца млосная сьпеўнасьць начы,
Якая сьпяліла сьвітальныя росы.

Люляў нашы душы акрылены сплаў
Бунтоўнай свабоды і радаснай зморы
У ложку з густых,
долам высланых траў,
З адбітых у кропельках сьвежасьці зорах.

Плыве цуд са мной праз жыцьцё і цяпер,
Яго не замгліла расхлістанасьць долі,
Бо пальчык —
да шчасьця ўказальны той перст —
На вуснах ляжыць
і ня зьнікне ніколі.


Дол

Зямля крывічоў гадавала мяне
Ня толькі акрайцам зайчыным.
Вякоў чую пот
і на ўласнай сьпіне,
Сьлязою на вейках — Айчына.

Жыцьцёвы цалік — не азартлівы куш,
Яго не ўзарэш без пакоры.
Узяўся за гуж,
не кажы, што ня дуж,
Вядзі баразну аж да зорак.

Хоць цела няўмольна карэніцца ў дол,
Ёсьць неба над стомленым краем.
Гляджу ў лік касьмічны,
а потым наўкол —
Набожна душа замірае.

Красу не ўтрамбуюць ні сквапны хатуль,
Ні звадных рахункаў забойнасьць.
Углыб працякаю,
зьнікаю адсюль
З адзіным набыткам — любоўю.

Сюды і туды для маўклівых надзей
Спрадвечна расчынены дзьверы.
Хто веру цярпліва сьпяліў між людзей,
Упрочкі ідзе з той жа верай.

Душа не загіне…
На гэтым стаім,
Каб смутак нязводны адолець…
Таму не балючая вестка аб тым,
Што хутка я сам стану долам.